Текст книги "Забойца анёла (зборнік)"
Автор книги: Вінцэсь Мудроў
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 5 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]
ІІ
Зялёная ад твані, спрэс залепленая куклянкамі камлыга не паспела як след прасохнуць, як на яе ўзбіўся гурт мясцовых падшыванцаў. Падшыванцы пры гэтым бязладна гарлалі, спіхвалі адно другога з бетоннай камлыжыны, а неўзабаве пачалі стукаць па ёй нечым жалезным.
– Во йоп… – вылаяўся Мікола, пачуўшы скрозь ранішні сон гучны бразгат. Сёрбнуўшы на хаду збружэлага квасу, ён выйшаў да весніц.
– Ану, малеча, прэч адсюль! – пагрозліва гукнуў Мікола, але голас пасля купання дарэшты асіп, і падшыванцы працягвалі валтузіцца на помніку.
– Каму сказаў… – Мікола выдзер з паркана збуцвелую штыкеціну, і гэта дапамагло: дзятва сыпанула ўбокі, але далёка не адбегла.
– А гэта што – помнік? – запытаўся адзін з падшыванцаў – малец грыз няспелы яблык і пры гэтым гучна чвякаў.
– Помнік… помнік, йоп вашу… – буркнуў Мікола, перакрывіўся і сплюнуў пракіслую сліну.
Ад недасыпу і выпітай гарэлкі галава Міколава балела, настрой быў паганы, а таму з языка зляталі мацюкі і глотку вярэдзілі глухія ўздыхі. Аднак, абышоўшы помнік, Мікола пажвавеў і, маракуючы пра штосьці сваё, павадзіў рукамі ў паветры, нібыта ён – у думках – укараноўваў снежную бабу важкай галавою.
– Ну і што ты будзеш рабіць з гэтай халерай? – гукнуў, перабіваючы думкі, дзед Трахім: дзед стаяў ля весніц і пыхкаў беламорынай.
– Як што? Адрэстаўруем. Выставім на продаж, – унук выцяў бетоннага балвана мыском чаравіка. – Думаю, пару тысяч баксаў возьмем.
– Эгэ-э, Міколка… Каму ён патрэбны? – стары папярхнуўся дымам, здушана закашляў. – Вунь і нос адбіты… і ў дзірах увесь…
– Каверны замажам, нос прылепім… пафарбуем. Карацей, будзе правадыр як навюткі… Ты вось што, дзеду… – унук азірнуўся, увабраў галаву у плечы, – трэба хлопцам… з пільні… пару пляшак паставіць… Пазыч да вечара… Гасюта прыедзе – аддасць.
Стары нічога не сказаў і толькі зварухнуў пальцамі, рахуючы – колькі яшчэ дзён унук прабудзе на пагасцінах.
Па абедзе Трахім прылёг на тапчан, адразу ж заснуў і неўзабаве быў абуджаны лескатаннем Гасютавага трактара. Трактар ехаў па вуліцы, і ззаду за ім, уздымаючы пылюку, валачылася на тросе таўшчэзная калода.
– Божухна, і калі гэта ўсё скончыцца? – прашаптаў стары і з вохканнем выйшаў на ганак.
Ля Трахімавай хаты тым часам ужо збіраўся народ.
– Чаго вылупіліся? – гыркаў Гасюта на цётак, што ішлі да крамы, ды спыніліся паглядзець – што мальцы будуць рабіць з цурбаном ды бетоннай камлыгай. Цёткі паправілі хусткі на галовах, стоена зашапталіся, а Гасюта падхапіў з-пад плота доўгую жардзіну, загнаў тонкі канец пад цурбан, і яны на пару з Міколам пакацілі яловы кругляк да весніц. Усё было б нішто, ды надарылася неспадзеўка: жардзіна з трэскам абламалася, стукнула Міколу па карку, і кампаньён, пачуўшы смех грамады, злосна выдыхнуў:
– Г’анд-доны…
Працаваць у атачэнні натоўпу не выпадала, а таму, падкаціўшы калоду да весніц, Гасюта абабіў перапэцканыя ў яловую жывіцу рукі і голасна, каб чула грамада, абвясціў:
– На сёння ўсё!
«І тузанулі ж мяне за язык, – падумаў Трахім, правёўшы далонню па няголеным падбароддзі, – ляжаў бы сабе на дне, пакуль не спрах, дык не… выцягнулі нячысціка…» – стары уздыхнуў, падаўся ў хату, і следам за ім, заглушыўшы трактар і абмацюкаўшы грамаду, рушылі Мікола з Гасютам.
– Ну што за людзі! З усяго пасёлка збеглася. Нібыта ніхто калоды не бачыў… – ад парога гукнуў знерваваны ўнук, а дзед, пазяхнуўшы ў далонь, лёг на тапчан, змучана перавёў дых.
На кухні рыпнула падлога, і Гасюта – з воклічам «Обана!» – грукнуў аб стол чымсьці цвёрдым.
– Ай, малайца-а! – акрыялым голасам азваўся Мікола.
– Хопіць ім і адной… Летась пілавінне грузіў – ні хера не праставілі…– растлумачыў Гасюта, а Мікола ўдарыў у ладкі і кінуўся ў сені, дзе стаяла газавая пліта.
– Зараз, бляха, яечню згламэздаем.
Пакуль Мікола завіхаўся з патэльняй, Гасюта, падобна, адкаркоўваў пляшку, потым бразнуў шклянкамі і нягучна прамовіў:
– Яму выкапаеш… Сантыметраў на семдзесят, глыбей не трэба. Заўтра ад ранку калоду паставім, а ў абед Сівоха кран падгоніць.
У шклянцы – стоена, але разам з тым упэўнена – зацурчэла гарэлка, і пад тыя чароўныя гукі Трахім заплюшчыў павекі.
На наступны дзень, ад самага ранку, у Трахімавай хаце грукалі дзверы, звінелі шклянкі і лілася п’яная гамонка. Першымі завіталі два хлопцы з піларамы, і Мікола пабег да тутэйшых цыганоў па самагонку. Бліжэй да абеду ў хату ўваліліся Гасюта з вадзілам аўтакрана, усе разам дапілі цыганскую акавіту і, трымаючы пад пахі аднаго з пільшчыкаў, пайшлі ўздымаць правадыра на «п’едэстал».
Дзед Трахім зроду не хрысціўся, а тут, пабачыўшы, як п’яны ўнук убіўся пад бетонную камлыгу, што завісла, як той вісельнік, у паветры, тыцнуў самлелымі пальцамі ў лоб, жывот і ў левае плячо. Схоплены за шыю сталёвай зашмаргай, правадыр крутнуўся спачатку ў адзін бок, потым у другі, нарэшце спыніўся, Мікола абхапіў правадыра ўладнымі рукамі, і той паволі асунуўся на калоду.
Хвілін праз дзесяць, пабачыўшы ў дзвярах унука – цэлага і жывога, стары яшчэ раз перахрысціўся і без шкадавання аддаў Міколу пяцьдзясят тысяч адной паперкай – апошнія грошы, якія былі ў хаце.
Вечарам у хату завітаў яшчэ адзін госць – Данік Крываблоцкі. Данік той, немалады ўжо, сівагаловы мужчына, працаваў у цэху шырспажыву. Вырабляў помнікі з мармуровай крошкі, ляпіў барэльефы памерлых персанальных пенсіянераў і, вядома ж, убачыўшы бюст з адбітым носам, тут жа зайшоў у хату, каб прапанаваць свае паслугі.
…За вокнамі ўжо святлела, а на кухні ўсё яшчэ гаманілі і здушана мацюкаліся.
– Калян… ты хоць ведаеш… з кім маеш справу? – п’яным голасам пытаўся Данік Крываблоцкі і, пасля страшэнна працяглай паўзы, адказваў: – Ты маеш справу з прафесійным скульптарам.
Калян доўга і неразборліва мыкаў, потым чхнуў – ды так гучна, што абудзіў Гасюту; Гасюта, у сваю чаргу, таксама мыкнуў, але тут жа суняўся, і на кухні чарговым разам зазвінелі шклянкі.
– У Гасюты, небаракі, ужо і галава не трымаецца… на стол падае, – прабубніў Крываблоцкі і зычнейшым голасам працягваў: – Карабейнікаву помнік бачыў?.. За дзень зляпіў!.. Зяць Карабейнікаў прыехаў, паглядзеў – даў пяцьсот «зялёных»… Казаў: «Кідай усё, прыязджай да нас у Піцер – табе цаны не будзе…» – на кухні зацурчэла гарэлка, і Мікола прасіпеў: – А но-ос?
– Алебастравы прыляплю… Будзе лепшы за твой… – выгукнуў Крываблоцкі, хлопцы чокнуліся, і ў гэты момант штосьці масіўнае і важкае абрынулася на падлогу.
Дзед Трахім адсунуў фіранку. На падлозе, нязграбна раскінуўшы рукі, ляжаў упіты Гасюта.
– Каб вас парвала ад той гарэлкі, – азваўся стары і з вохканнем кульнуўся на левую бачыну.
Пад самую раніцу хата напоўнілася нялюдскім храпам. На кухні, падклаўшы пад галаву палена, хроп Гасюта, а ў святліцы дзерлі тхара Мікола з Крываблоцкім. Данік з Міколам спалі на канапе ніжнікам, пры гэтым дзедаў унук часцяком падбрыкваў правай нагой, біў Крываблоцкаму пяткай у лоб; скульптар на кароткі міг аціхаў, мыляў вуснамі і пачынаў храпці з яшчэ большай сілай. І вось, калі Данік схрапянуў ужо зусім ашалела, і дзед Трахім апусціў руку пад тапчан, шукаючы – чым кінуць у храпуна, на падворку пачуліся крокі, і нехта дробна пастукаў у шыбу.
– Ці ў вас мой апівуда? – крыкнула Гасютава жонка, і ад таго крыку забрахаў суседскі сабака, а Данік з унукам перасталі храпці і зморана застагналі.
Падняла мужа Гасюціха даволі хутка: плюснула з вядра халоднай вады, а потым, мацюкнуўшыся, агрэла небараку паленам. Удар атрымаўся глухім, але трапным. Дзед Трахім, лежачы за фіранкай, уражана залыпаў вачыма, а Данік з Міколам стаілі дых і з жаласлівым гукам выпусцілі паветра.
Гасючысіны праклёны заціхлі на другім канцы вуліцы, навакольныя сабакі збрахаліся да сіпу, залезлі ў будкі, і змучаную дзедаву душу падхапіў і панёс па сваіх цёмных лабірынтах доўгачаканы, а таму цяжкі сон.
І прыснілася дзеду пахаванне Сталіна. Спачатку ў свядомасці нарадзіліся гукі: гул золкага ветру ў разбітых вокнах дэпо, лясканне жалобных сцягоў над галавою, галасісты, з засопленым прыдыханнем плач начальніцкай жонкі. Трахім страсянуў ува сне галавой і тут жа ўбачыў стрыжаныя патыліцы, чорную зеўру гучнагаварыльніка і заплаканую начальніцкую жонку.
– Міканор… як жа мы цяпер… без яго?.. – здушана галасіла кабеціна, уткнуўшыся лобам у пагон мужавага шыняля.
– Капа, нам усім цяжка… – мармытаў начальнік дэпо, неадрыўна пазіраючы ўгору – туды, дзе завіхаліся ўвішныя вераб’і і дзе вісеў бляшаны рупар гучнагаварыльніка.
Трахім агледзеў краем вока натоўп і знерухомеў ад нечаканасці. Праваруч, у атачэнні паравознікаў, стаялі Мікола з Гасютам. Абодва былі на ладным падпітку, абодва смалілі папяросы і задаволена пасміхаліся, падставіўшы золкаму ветру свае – Мікола малочна-белыя, а Гасюта пракурана-пажоўклыя – зубы.
«Божухна, забяруць!» – мільганула падспудная думка, і ў гэты момант бляшаны рупар крактануў, вераб’і разам узняліся ў паветра, і наваколле напоўніў хрыпучы левітанаўскі голас:
– Пайшоў з жыцця прадаўжальнік вялікай справы Леніна, друг і настаўнік працоўных усяго свету… – Левітан зрабіў паўзу, за спінай раней часу загуў ды асекся паравозны гудок, і чыйсьці знаёмы голас пакутліва выдыхнуў: – Фу, бл…ь, як цяжка…
Стары размежыў павекі. Уваччу паплыло, а потым замёрла на месцы квяцістая фіранка.
– Ой, бля, як цяжка! – застагнаў Данік Крываблоцкі, і Трахім адхінуў фіранку.
Гадзіннік на кухні паказваў палову на дзясятую.
– Паміраю… сэрца спыняецца… – чародным разам выдыхнуў Данік і з вохканнем раскінуў убокі рукі і ногі.
Мікола тым часам ужо ляжаў на падлозе. Сэрца ў скульптара, відаць, і сапраўды спынялася, бо Данік быў белы, як палатно, а ніжняя сківіца безупынку калацілася.
«Каб жа не памёр, халера на яго», – падумаў стары і, апанаваны трывожнымі думкамі, палез пад тапчан, дзе яшчэ з Калядаў была прыхаваная пляшка «чарніла».
…Данік піў «Водар мяты» нагбом, з рыльца, а выпіўшы паўбутэлькі, задаволена адрыгнуў і гукнуў праз плячук: – Гасюта!
– Сышоў… яшчэ зранку, – азваўся дзед Трахім і, сцішыўшы голас, дадаў: – П’юць, пакуль на падлогу не зваляцца.
ІІІ
Неўзабаве Данік пайшоў з хаты, але праз гадзіну вярнуўся.
– Дай… – неакрэслена выдыхнуў скульптар, з нецярплівасцю страсянуўшы рукамі.
– Чаго табе даць? – не зразумеў Трахім.
– Ну гэты, як яго?.. – Крываблоцкі скрывіўся, крутнуў пальцамі – гэткім рухам звычайна ўкручваюць лямпачкі – і з шумам увабраў паветра, згадваючы, як называецца тое, што яму трэба. – Ну гэты… во, – госць тыцнуў пальцам у кут, і дзед Трахім крутнуў галавою.
– Услон табе трэба, ці што?
– А во-во… услон, – прасвятлеў з твару Крываблоцкі.
Данік падхапіў услон, зірнуў на Міколу, які ляжаў на падлозе і пакутаваў з пахмелля, і падаўся на двор.
– Зусім мазгі прапіў, – уздыхнуў стары.
Не ведаючы, чым заняць рукі, Трахім спачатку схапіўся за дзяркач, потым запіхнуў у торбу пустыя бутэлькі, нарэшце адчыніў акно і ўпусціў у пракураную хату свежага паветра.
На двары цвыркалі вераб’і, на суседняй вуліцы гарлалі пеўні, непадалёку ляскатаў трактар – няйначай, Гасютаў, – і да ўсіх тых суладных зыкаў далучалася звонкае і разам з тым непрыемнае шаргаценне. Гэта Данік, узбіўшыся на ўслон, раскеўзваў кельняй па камлызе нейкую шэрую гліну.
«І што з усяго гэтага будзе?»– падумаў Трахім, вынес у сенцы торбу з бутэлькамі, а калі ізноў зірнуў у акно, дык убачыў нейкага дарэшты апухлага мальца, які стаяў за Данікавай спінай і паціраў далонню пляшывую макаўку.
– Хто гэта цябе так? – запытаўся Крываблоцкі, і стары пазнаў у апухлым мальцы свайго суседа Гасюту.
– Ваўчыца… хто ж яшчэ… – Гасюта ўздыхнуў, зацкавана паглядзеў на камлыгу: – Алебастрам мажаш, ці як?
– Алебастрам, – незадаволена выгукнуў Крываблоцкі, а замазаўшы чарговую дзірку, прамармытаў: – Ідзі… пакінулі там табе… на пахмелку.
Стары адышоў ад акна, соладка пазяхнуў наастачу і падаўся на тапчан.
– Калян! Ты там жывы? – грымнуў праз пару хвілін сіпаты Гасютаў голас, але стары не пачуў тых слоў – ён соладка спаў, і квяцістая фіранка ледзь прыкметна варушылася ў такт ягонаму дыханню.
У суботу дзед Трахім напаліў лазню. Мыўся цэлую гадзіну, да змору схвастаў сябе дубовым венікам і, відаць, схвастаў бы да смерці, калі б у прымыльніку не загрукацеў вёдрамі ўнук Мікола.
– Нітрафарба… і ацэтон не бярэ, – крыкнуў унук, шухнуў вады на камні і, сеўшы на палок, стаў шараваць кавалкам пемзы свае перапэцканыя белай фарбай далоні.
З лазні дзед выкуліўся на ватных нагах і, перш чым ісці да хаты, доўга збіраўся з сіламі, трымаючыся за дзвярны вушак. Сэрца парывіста тахкала, слых поўніўся звонам, а ў нос лез нейкі незнаёмы пах, які нагадваў водар чаромхі. Ён, гэты пах, хаця і не быў рэзкім, але вярнуў да жыцця. Трахім удыхнуў праз нос п’янкога паветра, і ў той жа міг галава прасвятлела, звон увушшу суціх і знямелыя ногі наліліся гарачай крывёю. Пакуль ішоў гародам, увесь час маракаваў: чым гэта пахне? – і ўжо ля самай хаты, згадаўшы перапэцканыя Міколавы рукі, задыхана прашаптаў: – Фарбай засмярдзела.
Толькі што сэрца хваравіта замірала і гатовае было спыніцца, а тут ёкнула і спужанай птушкай забілася ў грудзіне. Стары ўбачыў СТАЛІНА!
У першае імгненне нават здалося, што правадыр жывы – стаіць, бялюсенькі, краем вока зазіраючы ў ягоны, Трахімаў, агарод. Трахім і так быў мокры пасля лазні, а тут увесь твар заліло потам. Стары падхапіў дрыжачай рукой прыпол кашулі, хацеў выцерці твар, ды пачуў раптам ломкі хлапечы голас:
– Дзядуля, а хто гэта такі?
Падшыванцы, як заўсёды, сядзелі на плоце і хрумкалі недаспелыя яблыкі.
– Гэта, мальцы, Сталін! – крэкнуў Трахім, выціраючы мокры лоб.
– А хто ён такі? – падаў голас светлавалосы малец. Трахім уважліва паглядзеў на падшыванца: ці не пасмейваецца пракуда са старога чалавека? Але вочы хлапечыя свяціліся непадкупнай цікавасцю, і стары кашлянуў у далонь.
– Ну, гэта… – сказаўшы так, Трахім задумаўся, засяроджана пачухаў гарляк: – Ну, карацей, яго ўсе баяліся. Пры ім парадак быў – о-го-го! У нас у дэпо адзін на працу спазніўся, дык два гады далі… з правам перапіскі.
– А вы, дзядуля, таксама Сталіна баяліся?
– Анягож… і я баяўся.
– А ён кім быў? Тэрмінатарам? – русявы падшыванец з такой асалодай куснуў яблык, што нават сок пацёк па падбародку.
– Цябе як завуць? – запытаўся Трахім, пазіраючы то на падшыванца, то на бацьку-Сталіна.
– Пецькам, – адказаў малец і з невядомай прычыны пакутліва ўздыхнуў.
«І чым толькі ў іх галовы забітыя?» – падумаў дзед Трахім, ідучы да хаты, і, пакуль дайшоў да ганка, тры разы азірнуўся, каб паглядзець на правадыра.
Увесь вечар ля бюста тоўпіліся людзі.
«Як жывы, як жывы…»– наўзахваткі шапталі старыя цёткі, і ўнук Мікола, слухаючы праз адчыненае акно людскую гаману, задаволена паціраў рукі і раз-пораз гукаў:
– Чуеш, дзеду?! Здаю бюст за пяць тысяч баксаў! І ні цэнта меней…
– Эгэ-э… Міколка… Каму ён патрэбны? – азываўся з тапчана стары Трахім, – у людзей грошай на хлеб не стае, а яны табе будуць нейкія бюсты купляць.
– Гэта ў цябе не стае, а ў «крутых» грошай як гразі…– Мікола ўкінуў у рот цыгарэціну, пстрыкнуў запальнічкай і прыслухаўся: нападворку хтосьці зусім па-дурному загарлаў:
– Сталин – наша слава боевая-а… Сталин – нашей юности полё-от…
Трахім падхапіўся з ляжанкі, падышоў да акна і незадаволена вылаяўся: на падворку, узяўшы пад руку Юстына Капітонавіча Дуба, былога ваенкама, стаяла і гарлала на ўсе застаўкі Аўгіння Міканораўна Кароткая – актывістка раённага савета ветэранаў вайны і працы.
– Прынёс нячысцік, – буркнуў Трахім і, прычакаўшы, калі Аўгіння праспявае апошні радок: – Наш народ за Сталиным идио-от! – зачыніў акно адразу на дзве аканіцы.
Аўгіння Кароткая ў час вайны мыла порткі партызанскаму камандзіру, а цяпер, начапіўшы медальку, цягалася па горадзе і, сустрэўшы Трахіма, кожны раз апавядала – як яны адбіваліся ад карнікаў, як яе ледзь не забіла асколкам гранаты і, уздыхнуўшы, абавязкова прамаўляла:
– Вам хоць добра было, вы ў тыле сядзелі.
– Пасядзела б ты, карга лупатая, у тыле… пад нямецкімі бомбамі, – суцішна казаў услед актывістцы Трахім і доўга потым хадзіў не ў гуморы.
…Дзве галавы – сівая ваенкамаўская ды чарнявая Аўгінніна – праплылі міма вокнаў, і Трахім, пятым разам згадаўшы нячысціка, патупаў да дзвярэй.
Ён сустрэў гасцей на ганку. Выставіў чэрава, абапёрся рукой на вушак і тым самым даў зразумець, што ў хату нікога не запрашае.
– Ну, Трафім Пятровіч, не ведаю, як табе і дзячыць! – прамовіў былы ваенкам, ціснучы Трахімаву руку. – Гэта, скажу табе, вялікі патрыятычны ўчынак.
– Я нават праслязілася, як Іосіфа Вісарыёнавіча пабачыла, – уставіла слова Аўгіння Кароткая, плаксіва шморгнула носам і палезла ў кішэнь па насоўку.
– Сёння ж патэлефаную ў цэка партыі і пашлю ліст Генадзю Андрэевічу Зюганаву. Пра такую падзею павінен ведаць увесь свет, – Юстын Капітонавіч кашлянуў у жменю, крыху прыцішыў голас. – Вось толькі месца для помніка няўдалае. Трэба яго ў цэнтр перанесці – туды, дзе стаяў…
– Каб дзятва нос адбіла? – весела крыкнуў з кухні Мікола. Юстына Капітонавіча такая заўвага прыкметна азадачыла. Ён ускудлаціў сівыя валасы на патыліцы, з разважнасцю ў голасе прамармытаў:
– У савеце паставім. А там пабачым.
– Мы, як яго выцягвалі, дзесяць літраў саляркі спалілі, дзве бляшанкі нітрафарбы скарысталі і скульптару за працу трыццаць даляраў заплацілі. Так што задарма не аддамо! – крыкнуў Мікола, і госць, выцягнуўшы шыю, запытаўся:
– Дык колькі вы хочаце?
– Дзве скрыні гарэлкі! – гаркнуў Мікола.
Госць пасля такіх слоў нават хістануўся – задужа высокай падалася цана. Цётка Аўгіння падхапіла яго пад руку, павяла да весніц і на развітанне крыкнула праз плячо:
– Мы ў савеце падумаем.
– Падумайце… добра падумайце… – прасіпеў услед гасцям Трахім і з грукатам – аж парахня пасыпалася са столі – зачыніў дзверы.
– Дык што ж ты… То пяць тысяч хацеў, то на дзве скрыні пагадзіўся, – прамовіў Трахім, забіраючыся на тапчан.
– Ды пажартаваў я… – адказаў унук, стомлена зяхнуўшы ў далонь, – у гэтых сталінскіх пацукоў грошай і на бутэльку не знойдзецца.
Мікола пстрыкнуў выключальнікам і потым доўга мармытаў у цемры, услых прыкідваючы, колькі «бабак» давядзецца даць Гасюту і колькі «кінуць» дзеду.
ІV
Наступнага дня, ад самай раніцы, пачаў сеяць дакучлівы дождж. Трахім, запаліўшы ў печы, з ціхай радасцю падумаў, што гасцей такім часам не будзе, і тут жа ўгледзеў, як у змакрэлым акне мільгануў пакамечаны капялюш. Праз імгненне ў сенях затупалі, і на парозе паўстаў карэспандэнт раённай газеты Аркадзь Нічыпарук. Карэспандэнт зняў капялюш, страсянуў, збіваючы дажджавыя кроплі, і мутнаватымі, яшчэ дарэшты не працверазелымі вачыма агледзеў хату.
Аркашка Нічыпарук даводзіўся Трахіму сваяком: быў жанаты з дзедавай пляменніцай, і хаця пасля таго змяніў яшчэ дзвюх жонак, сваяцкіх сувязяў не цураўся – зрэдзьчасу забягаў у хату, куляў чарку і раз на год – звычайна на Вялікдзень – прывозіў на рэдакцыйным «Масквічы» мех крадзенага камбікорму.
Кіўнуўшы сваяку, Аркашка зазірнуў у святліцу, а ўбачыўшы брудныя Міколавы пяткі, што тырчалі з-пад коўдры, скамандаваў:
– Гвардыя, падйо-ом!
– Інтэрв’ю прыйшоў узяць, – патлумачыў Аркашка, выцягваючы з нутраной кішэні плашча пляшку «чарніла» і зашмальцаваны блакнот.
Хвілін праз пяць, глынуўшы віна, Нічыпарук стаў распытваць Міколу – з якіх віроў быў выцягнуты сталінскі бюст, – а дзед Трахім, якому да млосці абрыдлі п’янкі, ціхенька выслізнуў з хаты. Стары сеў на ганку і стаў слухаць – як падаюць з капяжу рэдкія кроплі, як квохча ў хляве, наракаючы на дождж, стары певень і як на кухні, наракаючы на зладзюгу-рэдактара, бубніць Аркашка Нічыпарук:
– Немагчыма стала працаваць – рэжа ўсё пад корань. Пры камуністах і то лягчэй было…
Пазяхнуўшы, стары налёг спінай на дзверы, заплюшчыў вочы, і калі – праз паўгадзіны – сваяк выходзіў з хаты, кульнуўся таму пад ногі. Сваяк ад нечаканасці падскочыў, выпусціў з рота папяросіну і, дапамагаючы Трахіму падняцца, прамармытаў:
– Ну, Пятровіч, у цябе і жарцікі…
Потым карэспандэнт доўга шнарыў рукой па падлозе, шукаючы згубленую папяросіну, нарэшце знайшоў, прыпаліў ад падстаўленай Міколам запальнічкі:
– Карацей, даю два матэрыялы – адзін у сваю газету, другі ў «Праўду». У Маскве такія рэчы любяць.
– І аб’яву… – нясмела заўважыў Мікола.
– За аб’яву не хвалюйся. Сёння ж патэлефаную Хаміцкаму. Надрукуюць у лепшым камерцыйным выданні. Як там напісаць? «Прадаецца бацька-Сталін»?
Сваяк з Міколам яшчэ трохі пагаманілі – Мікола ўсё бедаваў, што помнік надта цяжкі і гэта можа адпудзіць пакупнікоў, – дзед Трахім той парой прыбраў на стале, сасмажыў яечню і з палёгкай уздыхнуў, калі пакамечаны капялюш таргатліва праплыў міма вокнаў. Ля весніц, аднак, капялюш крутнуўся вакол сваёй восі, і Аркашка, увабраўшы галаву ў плечы, пабег у адваротным кірунку.
«Ці не ў прыбіральню пабег?» – падумалася Трахіму; у гэты момант да помніка падкаціла шэрая «Волга», і з яе вылез, цяжка аддзімаючыся, старшыня райвыканкама Ганчарук і яшчэ нейкі, вайсковай выпраўкі чалавек, на носе якога віселі цёмныя акуляры. Агледзеўшы помнік, Ганчарук пачухаў патыліцу, сказаў штосьці напарніку, тыцнуўшы пры гэтым пальцам угору, пасля чаго абодва пайшлі да машыны.
Наступныя два дні выдаліся спакойнымі: у хату ніхто не завітваў, да весніц ніхто не пад’язджаў, і ўзрадаваныя дзедавы куры ізноў пачалі поркацца ў зямлі на сваім улюбёным месцы – пад помнікам правадыру. Але на трэці дзень да хаты пад’ехаў даўжэзны белы фургон, з яго выскачылі маладыя хлопцы ў рознакаляровых кепурках; хлопцы тут жа пачалі раскручваць нейкія шнуры, і ўнук Мікола, зірнуўшы ў акно, каротка патлумачыў:
– Тэлебачанне.
І дзед, і ўнук злёгку захваляваліся – а раптам паклічуць штосьці сказаць на камеру. Але хваляванне было дарэмным. У хату ніхто не заходзіў, а неўзабаве да весніц падруліў «казялок», у запыленай шыбе якога мільгануў азызлы твар Юстына Капітонавіча Дуба.
– А гэты чаго тут? – уразіўся дзед Трахім.
– Эх, дзядуля… На тэлебачанні слова даюць толькі надзейным людзям, – унук адсунуў непадатныя аканіцы, расчыніў акно. – Пазнаеш, дзед, вунь тую стрыжаную сучку?
«Панараму» вядзе.
Кабеціна, пра якую казаў Мікола, падвяла былога ваенкама да помніка, махнула нейкаму хлопцу і лагодным голасам праспявала:
– Вы, Юстын Капітонавіч, толькі не хвалюйцеся. І глядзіце не на мяне, а ў аб’ектыў тэлекамеры.
Кабета ізноў махнула рукой, састроіла лагодную ўсмешку, натхнёна загаварыла ў мікрафон на чысцюткай беларускай мове:
– Гісторыя не бывае добрай ці дрэннай. Гісторыя такая, якая яна ёсць – з яе ўзлётамі і падзеннямі, радасцямі і трагедыямі. І як бы ні сілілася сённяшняя апазіцыя даказаць адваротнае, гісторыя нашага народа заўсёды з намі, яна вяртаецца да нас, і яскравы таму прыклад – вось гэты помнік, які стаіць за маёю спінай. Імя Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна і дагэтуль выклікае шмат спрэчак. Але спытаем – як ставяцца да гэтага імя тыя, хто праліваў кроў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, хто з імем Сталіна на вуснах ішоў у смяротны бой…
– У які бой?! – вырвалася з Трахімавай грудзіны. – Знайшлі ваяку… у сорак шостым румынаў вартаваў, а потым нагавіцы ў ваенкамаце праседжваў, – Трахім сказаў яшчэ пару слоў на адрас Дуба, а ўнук, з адчаем зірнуўшы на сонца, чхнуў, ды так гучна, што кабеціна азірнулася і ўжо на чыстай расейшчыне гукнула хлопцу з тэлекамерай:
– Лёша, давай сначала…
Рэшту дня, аж да самага вечара, Трахім праседзеў у Сяргейчыка – аднаногага інваліда, які жыў па суседству. Сяргейчык з-за хваробы ўжо год як не выходзіў з хаты, а таму страшэнна ўзрадаваўся, пабачыўшы суседа. З гэткай нагоды інвалід нават дастаў пляшку самаробнай наліўкі, і хаця Трахім быў чалавекам непітушчым, але гэтым разам прапусціў чарку. Балазе і нагода была адпаведная: гэтым днём, пяцьдзясят пяць гадоў таму, Сяргейчык застаўся без нагі.
– Ляжалі ў кукурузе, а тут ён як джвагне з мінамёта, дык мяне нават з акопа выкінула, – слухаў Трахім суседаў аповед і з уздыхам прыгадваў, як і яго аднойчы, у час бамбёжкі, выкінула з паравоза. І ўваччу на кароткае імгненне паўстаў развернуты бомбаю тэндар, ахопленыя полымем цяплушкі санітарнага цягніка і перакошаная шыльда з надпісам «Вязьма» на будынку вакзала. Трахім спахмурнеў, кульнуў чарку, закашляўся – наліўка патрапіла ў нос – і Сяргейчык задаволена паляпаў яго па спіне.
Калі стары вярнуўся дахаты, тэлевізійнікаў пад вокнамі ўжо не было, але затое ўпоперак вуліцы – адзнака таго, што кіроўца быў не ў гуморы, – стаяў Гасютаў «Беларус».
Зрэшты, не ў гуморы быў і ўнук Мікола: з адчыненай форткі вырываўся на прасцяг ягоны гарачлівы голас:
– Цэлы месяц важдаліся… і дасталі… выспятка пад зад… Адчыніўшы дзверы і пабачыўшы прымлелы Міколаў твар і панылага Гасюту, стары зразумеў: нешта здарылася.
– А можа, дадуць якую кампенсацыю? – нясмела перапытаў Гасюта: трактарыст сядзеў за кухонным сталом, утаропіўшы вочы ў нейкую паперчыну.
– Як жа… дадуць! Дручком спаміж вушэй, – азваўся са святліцы ўнук і вылаяўся.
Трахім моўчкі кіўнуў Гасюту, і той, у сваю чаргу, кіўнуў на паперчыну, што трымаў у руках.
– Во… прыслалі заказным лістом… «Бюст І. В. Сталіна работы скульптара Леапольда Кангалевіча з’яўляецца ўласнасцю дзяржавы і мусіць быць перададзены ў фонд Дзяржаўнага мастацкага музея…»
– Не, ну якія казлы… Сорак гадоў у рацэ адваляўся… – выгукнуў Мікола, але фразы не скончыў – выбег на кухню і зацкавана прамармытаў:
– Юстын Пітонавіч…
– Што – Пітонавіч? – не зразумеў Гасюта.
– Што-што… Сплавім ветэранам за дзве скрыні гарэлкі, а там хай разбіраюцца, чыя гэта ўласнасць.
Яшчэ імгненне – і Гасюта з Міколам, нібыта падхопленыя віхурай, кінуліся да дзвярэй і, піхаючы адзін аднаго, вылецелі на падворак.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?