Текст книги "Забойца анёла (зборнік)"
Автор книги: Вінцэсь Мудроў
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 1 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]
Вінцэсь Мудроў
Забойца анёла
Аповесці і апавяданні
© Мудроў В., 2017
© ПУП «Кнігазбор», 2017
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
У лазні
Сакавіцкай парой прыемна пахнуць бярозавыя венікі. Высахлыя на ветры, яны струменяць даўкі водар, шамацяць, калі іх злёгку патрэсці, і гэтым сваім шамаценнем выказваюць гатовасць зараз жа апусціцца ў кіпень і хвацка прыкласціся да распаранага азадка…
Перадаўшы прадавачцы дваццаць тысяч, Макар схаваў твар у выпетранае лісце, хапануў ноздрамі паветра, і ад гаркавадурманлівага паху ў яго закружылася галава.
«Як добра пахнуць венікі ля лазні гарадcкой…» – нарадзіліся ў душы паэтычныя радкі. Макар спыніўся, задзёр галаву, шукаючы рыфму слову «венікі», але ў галаве круціліся толькі «варэнікі», і паэт, плюнуўшы пад ногі, борзда ўзбег па прыступках.
Звычайна на дзённыя сеансы народу ў лазню прыходзіла няшмат, сёння ж каля касы стаяла вялізная чарга.
Макар утрапёна агледзеў натоўп, маракуючы – ці варта займаць чаргу, бо квіткоў магло і не хапіць, – ды, павагаўшыся, голасна запытаў:
– Хто апошні?
Апошнім стаяў недаростак з чырвонай, усё адно як варам апаранай галавой, на макаўцы якой злавесна стаўбурыліся рэдкія валасы.
Не паспеў Макар прыліпнуць да хваста чаргі, як за спінай ягонай прымасцілася яшчэ некалькі чалавек.
– Адкуль столькі людзей? – сіпата дыхнулі яму ў патыліцу. Ззаду стаяў кучаравы мацак у камуфляжным бушлаце і ў аграмадных вайсковых чаравіках.
– Квіты ад ранку не прадавалі, – азвалася на тое вірлавокая цыба, што стаяла паперадзе недаростка. – Вунь, бачыце, – цыба кіўнула ў бок разнасцежанага цеплавузла, – штосьці ў іх там зламалася. Кагадзе адрамантавалі.
З цёмнай проймы цеплавузла выпаўзаў, прычым задам наперад, здаравіла-слесар.
Пабачыўшы важкі мужчынскі азадак, цыба знянацку замітусілася, выбегла з натоўпу і, запусціўшы руку між грудзей, выцягнула зумклівы «мабільнік».
– Клава, я ў лазні… – засакатала кабета, ціснучы да вуха слухаўку і пазіраючы на слесара, які збіраў інструмент. – Мінулым разам пасля парыльні цэлы кілаграм скінула, цяпер вось думаю яшчэ пару кіло скінуць.
– Куды табе скідваць… і так худая, як вобла, – пачуўся за спінай знаёмы голас.
– Ды гэта проста вада выходзіць потам, а тлушч застаецца, – прамовіў Макар, і недаростак, азірнуўшыся, працяў яго дапытліва-суровым позіркам.
– Ты што, бандэра?
Макар напачатку не зразумеў пытання. Стаяў зніякавелы, і толькі потым уцяміў, што меў неасцярожнасць выдаць фразу па-беларуску. Яшчэ ніколі яго, беларускага паэта, аўтара трох паэтычных зборнікаў, так не абражалі. Паэту – у кароткае імгненне – стала холадна, потым горача, а пальцы правай рукі міжволі сціснуліся ў кулак.
– Лёха, чаму так далёка ад касы? – крыкнулі ад уваходных дзвярэй, і да недаростка валюхастай хадой падышоў зладзеяватага выгляду бамбіза. Гэта быў мужчына сярэдняга веку, з нахабнай тыднёвай шчэццю і з арыгінальнай лысінай: яна ў яго пукацілася што тая балканская феска, прычым у атачэнні густых чорна-гудронных валасоў.
– Куды плішчыцеся? Чаргу займайце, – незадаволена бухнуў за Макаравай спінай усё той жа сіпаты голас, і недаростак з інтанацыяй пераможцы працадзіў: – Яшчэ адзін бандэра.
На міг усе сціхлі. Макар адчуў, як людзі ў натоўпе разам згорбіліся, наструніліся, прыціснуліся адно да аднаго. У гнятлівай цішыні злавесна шэрхнулі падэшвы вайсковых чаравікаў. Кучаравы мацак наблізіўся да недаростка, схапіў таго за каршэнь.
– Яшчэ адно слова, абгрыздыш, і заляціш вунь туды, – мацак тузануў падбароддзем, паказваючы на цеплавузел.
Макар адсунуўся ўбок і спалохана назіраў, як лысы бамбіза, ляснуўшы кулаком правай рукі аб далонь левай, разважліва прамармытаў:
– Ну што, хахляра, цябе зараз замачыць ці пасля таго, як памыешся? – пудовы кулак быў пазначаны наколкай крыжа і зламанай ружы.
Натоўп загаманіў на ўсе галасы. Цыба, паправіўшы збіты набакір капялюш, з гатовай радасцю ўсклікнула: «Мужчыны… знайшлі месца, дзе біцца!» – а перапэцканы ржою слесар, махнуўшы дзеля саліднасці развадным ключом, загадна выдыхнуў: «Усё, мальцы… разышліся».
Мальцы разышліся, паабяцаўшы сустрэцца пасля лазні. Макар паглядзеў на ўваходныя дзверы.
«А можа, пайсці дахаты? А то ўліпну ў якую гісторыю… Пляшак, падобна, з зоны адкінуўся. Пырне фінкай – і не скрывеліцца», – апанаваны такімі думкамі, Макар уздыхнуў, але потым згадаў, што мыўся месяц назад, а тут яшчэ новы венік набыў… што ж яго цяпер – сухім дахаты несці? Прыціснуўшы венік локцем, паэт палез у кішэнь па грошы. Чарга рухалася надзіва хутка, і ён ужо быў недалёка ад касы.
Квіткоў прадалі больш, чым трэба, і шафак усім не хапіла. Макар вырашыў трымацца бліжэй да кучаравага хлопца, таму і прапанаваў павесіць вопратку ў адну шафку. Пляшак з недаросткам распраналіся непадалёку.
– Лёха, як толькі хто рыпнецца – кліч мяне. Ты ж мяне ведаеш – я б’ю два разы: адзін раз па кумпалу, другі – па веку дамавіны, – грымеў знявечаны шумам дожджыку і раскацістым рэхам плешаковы голас. – Аднойчы, яшчэ да зоны, пайшоў у лазню, і там адзін, такі ж вось фраер, пачаў залупацца. Дык я яго на распаленыя камні пасадзіў. Так і спёк яйцы. А з бандэраю ў мяне ўвогуле размова кароткая…
Слухаючы такое, Макар нават упрэў, а зыркнуўшы на плешака, зусім заняпаў духам. Торс былога зэка быў скрозь у наколках, а ад шыі і да самай пахвіны сінеў завілы пісяг.
– А ты што, з Ільвова? – запытаўся тым часам кучаравы хлопец, сцягваючы з нагі нехлямяжы чаравік.
– Ды я там ніколі не быў, – пралепятаў Макар. Хацеў яшчэ сказаць, што ён беларускі паэт, але змаўчаў, бо невядома было, як на тое зрэагуе суразмоўнік.
Балей таксама ўсім не хапіла, але лазеншчык, кульгавы дзядзька ў белым халаце, голасна паведаміў, што неўзабаве прынясуць спісаныя медніцы са склада.
Кучаравы хлопец стаў пад дожджык, а Макар вырашыў перш-наперш наведаць сухую парыльню, а потым нырцануць у басейн.
Ён адчыніў дзверы саўны, удыхнуў гарачага паветра і тут жа ўгледзеў плешака, які з крэканнем залазіў на паліцу. Макар згадаў вусцішны аповед пра печаныя яйцы, пастаяў хвілю ў нерашучасці і пад незадаволены вокліч: «Зачыняй, дух выходзіць!» – грукнуў дзвярыма, так і не наведаўшы парыльню. Абяцаныя медніцы дагэтуль не прынеслі, і тыя, каму не хапіла балей, з зайздрасцю паглядалі на недаростка, які, не раўнуючы герой Зошчанкі, прысабечыў аж тры балеі – у адной адмочваў ступакі, у другой мыўся, а на трэцюю, перакуліўшы дагары дном, паклаў мыла і вяхотку. Невядома, колькі б доўжылася такое мыццё, каб да Лёхі не падышоў Макараў «кампаньён». Макар быў далёка і не чуў іхнай размовы, але недаростак, відаць, сказаў штосьці крыўднае, бо кучаравы хлопец на міг сумеўся, а потым, узняўшы балею з вадой, абрынуў на Лёхаву галаву, ды так, што праламаў пластмасавае днішча. Недаростак войкнуў, паспрабаваў устаць, але тут жа плюхнуўся ўпоперак лавы, наставіўшы ўгору куртаты, з невядомай прычыны ўзбуджаны чэлес.
Акурат той хвіляй лазеншчык прынёс стос бляшаных медніц. Макар падхапіў самую верхнюю, сеў на крайнюю лаўку і здаля стаў пазіраць на Лёху, якога палівалі вадой і рабілі штучнае дыханне. Пазіраў з трывогаю, чакаючы таго моманту калі Лёхаў карыфан выкуліцца з парыльні. Той, аднак, не выкульваўся, і Макар, набраўшы вады ў медніцу, намыліў галаву.
– У нас у аддзеле таксама ўчора завяліся. Адны за Пуціна, другія за ўкраінцаў, – гугнявіў хтосьці праваруч, завіхаючыся з вяхоткай.
– Хахлы ў тую вайну Гітлеру прадаліся, цяпер вось пад Амерыку падбіваюцца, – азваліся леваруч.
– Пасля Сталіна не тое што Гітлеру – самому чорту душу закладзеш, – рэзюмаваў гугняк і нечакана, з інтанацыяй панікі, загарлаў: – Б’юцца!
Змахнуўшы з вачэй мыльныя хлапякі, Макар убачыў, як кучаравы хлопец заехаў плешаку кулаком у грудзіну, але той, як Фантамас, толькі злёгку хістануўся. Мыла выядала вочы. Макар плюхнуў вады на твар, слёзы засцілі свет, і ён толькі пачуў тупат босых ног, сіплую лаянку і бурлівы плёскат у лазенным басейне.
Калі падбег да басейна, кучаравы пускаў ужо бурбалкі. Пляшак, сядзеў на ім, прыціснуўшы да дна, і не даваў хапануць паветра.
– Ратуйце! Патопіць чалавека! – гаркнулі адразу некалькі глотак, і Макар, разагнаўшыся, скокнуў на лысую галаву.
Ужо ў вадзе пляшак даў яму каленам у жывот, Макар глынуў смярдзючай хлёркі, усплыў, у два грабкі даплыў да нікеляванай лесвіцы, і галёнка ягоная знямела ад жалезнай сутаргі. Віснучы на парэнчах, Макар заехаў плешаку пяткай у нос і кінуўся ў прымыльнік. Думаў узяць у абярэмак апранахі і падацца да выхаду, але шафка была зачынена, а за спінай ужо грымелі здушаныя мацюкі – пляшак, падобна, бег, прыціскаючы далонь да разбітай нюхаўкі.
Фае, на шчасце, было пустое, каса зачыненая, і Макар непрыкметным ценем праслізнуў у цеплавузел. Тут, у цёмным катуху, не хапала паветра, і ён адчуў лёгкую млосць. Сэрца парывіста білася, трапятала ля горла, замарачным шумам адбівалася ў барабанных перапонках. У фае штосьці бразнула, пакацілася па падлозе, і замарачны шум увушшу пакрыў пранізлівы жаночы віскат. Лысы, няйначай, памкнуўся шукаць «бандэру» ў жаночым аддзяленні. Макар з адчаем падумаў, што вось зараз дзверы адчыняцца, лысы бандос выцягне яго, голага і мокрага, са спрату і пачне душыць сваімі страшнымі лапамі, але за дзвярыма запанавала ціша, якую праз нейкі час парушыла бразганне дзвярэй і тупаценне.
Цэментавая падлога была халоднай, таму паэт увесь час пераступаў, як той смаргонскі мядзведзь, з нагі на нагу, адчуўшы раптам, што яму не проста млосна ў гэтым цёмным катуху, але і млосна жыць на белым свеце. І невясёлыя думкі віравалі ў галаве.
«Вось уліп дык уліп. Добра яшчэ, калі Лёха ачомаецца. А як памрэ? Завядуць крымінальную справу, пачнуць выклікаць на допыты. І добра яшчэ, каб у якасці сведкі. Не-э, пара завязваць з той паэзіяй, бо хутка за беларускую мову пачнуць збіваць нагамі. Гэта раней мы, беларусы, былі бэнээфаўцамі, цяпер вось ператварыліся ў бандэраўцаў. А з бандэрай, казаў той пляшак, размова кароткая – могуць і на той свет выправіць». Фае ізноў абудзілася. Пачуліся кароткія воклічы, катаржны шоргат падэшваў. Ні жывы ні ўмерлы Макар прачыніў дзверы, зірнуў у вузкую пройму і ўбачыў двух міліцыянтаў, якія вялі пад рукі кучаравага маладзёна. Маладзён пры гэтым зацкавана азіраўся і, наглытаўшыся вады з хлёркай, голасна ікаў. На дне душы Макаравай абудзілася і пачало дымна тлець адчуванне віны перад хлопцам, і дрыготкія вусны з няўклюдным спачуваннем прашапталі:
– Згарэў ні за што.
Макар чакаў, што зараз з прымыльніка вывядуць лысага ды вынесуць Лёху, але нікога больш не выводзілі і не выносілі. Замест таго лазню скалануў жаночы лямант:
– Іх чацвёра было!..
Голас падаўся Макару знаёмым, і ён прыпаў да шчыліны. Ну вядома, гэта вірлавокая балбатуха выкулілася з жаночага аддзялення. Кабеціна была спавіта ў прасціну, а на галаве быў накручаны турбан з махровага ручніка.
– Адзін невялічкага расточку… за мной стаяў. Потым яшчэ падышоў… здаровы такі, лысы… і выгляд бандзюкаваты. І завяліся з двума другімі. Адзін быў у вайсковай адзежыне, а другі ў сіняй куртцы, і венік трымаў пад пахай… Мне яшчэ падалося, што ў яго крыху не хапае…
– Балаболка лупатая, – уголас прашаптаў Макар, спужаўшыся ўласнага голасу.
– Ну а за што яны завяліся? – запытаўся міліцыянт, які стаяў поруч і штосьці пісаў у нататніку.
– Ды той, дурнаваты, крыкнуў штосьці па-хахляцку, а маленькаму… ну, задрыпу таму, што за мной стаяў, гэта не спадабалася…
– А што ён крыкнуў? Пастарайцеся згадаць. Гэта вельмі важна. Можа, што пра майдан ці пра выбары?
– Ды не… я якраз з сястрой размаўляла, і сказала, што пасля парыльні кілаграм вагі скінула. А той хахол загарлаў, што гэта пот з арганізму выйшаў.
– Усё абшукаў – нідзе няма, – гукнулі знянацку з прымыльніка.
– Аббяжы вакол лазні, можа, дзе, голыя, у кустах сядзяць, – загадаў міліцыянт, піхнуўшы ў кішэнь нататнік, – і ў «хуткую» патэлефануй. Хай прыедуць, паглядзяць таго… кантужанага.
Макар вылез са спрату і на цырлах, сабраўшы ў прыгаршчы машонку, заляцеў у прымыльнік. Недаростак, дзякаваць богу, ачуняў: сядзеў на лаве, а перад ім, прыпаўшы на калена, завіхаўся лазеншчык з медычнай пляшачкай у руках. У паветры да свербу ў носе пахла нашатырам.
Шафка была расчынена, і вопратка валялася на падлозе. Няйначай, кучаравы небарака раскідаў, як збіраўся ў пастарунак.
Макар з цяжкасцю нацягнуў штаны, нахіліўся, каб падняць кашулю, ды так і замёр нерухомы. За тры метры ад яго стаяў пляшак і дрогкімі рукамі спрабаваў надзець трусы. На плешака было страшна глядзець: ён быў мокры ад макаўкі да пятак, дарэшты ссінелы, і яго ўсяго калаціла. І дрыжыкі былі нейкія дзіўныя: лыткі, чэрава, лысая галава і ліловы азадак тузаліся, дрыжэлі, пульсавалі ў нейкім дзікім разнабоі, а з расквашанага носа і пабітай макаўкі ценькімі струменьчыкамі збягала юха. Пляшак, відаць, хаваўся ў кантраснай ванне. Вада там ледзяная, таму і скарчанеў, як цуцык.
Макар падышоў да акалелага небаракі, дапамог насунуць кашулю. Кроў з пабітай макаўкі пайшла як мае быць, таму давялося адарваць кавалак газеты, што ляжала, прыціснутая мокрымі нагамі, на падлозе, прыляпіць да раны.
… Міліцэйскай машыны каля лазні ўжо не было. Зірнуўшы на «хуткую дапамогу», што калывалася на выбоінах, Макар паляпаў па сцёгнах, шукаючы цыгарэты, і толькі тады заўважыў, што надзеў чужыя порткі. Ён дастаў пачак, працягнуў скалеламу гаротніку. Той памкнуўся вылушчыць цыгарэту, але пальцы зусім не гнуліся, і Макар сам уставіў цыгарэціну ў пасінелыя вусны, пстрыкнуў перад разбітым носам запальнічкай. Змагаючыся з дрыжыкамі, гаротнік зацягнуўся цыгарэтным дымам, і на змарнелым твары ягоным нарадзілася журботная ўсмешка.
Тузік і Кузік
Прадказанне, як вядома, справа рызыкоўная. Вось і матухна Пелагея штогоду кажа: «На габрэйскую Пасху халадэча, а на нашу – Божая цяплынь». А што маем? Чысты чацвер падаспеў, а ў паветры белыя мухі кружляюць, і Тузік з Кузікам – два ўвішныя, невядомай пароды, дварнякі, – не могуць угрэцца і сядзяць у сваёй будцы.
Дварнякі вартуюць будматэрыялы – дзесяць кубоў адфугаваных дошак, гару сілікатнай цэглы ды тузін мяхоў з вапнаю. Учора, поруч з будкай, ляжалі таксама лісты дэкаратыўнай фанеры, але з ночы цесляры, што тут завіхаюцца, занеслі іх у царкву і цяпер безупынна лупяць малаткамі, збіваючы «царскія брамы».
Тузік і Кузік яшчэ зусім маладыя псіны. На мінулыя Пакровы іх, гарэзлівых шчанюкоў, падкінулі ў двор айца Антонія, і матухна Пелагея – жанчына дарэшты чуллівая, – прытуліла гарэзаў у хлеўчыку, кінуўшы ў кут старую ватоўку і наліўшы ў бляшанку цёплага казінага малака. Завітаўшы наступнага ранку ў хлеўчык і пабачыўшы, як руды, з белымі«гамашамі» на пярэдніх лапах шчанюк тузае за вушы чарнявага, з белай «манішкай» на грудзіне сябрука, матухна Пелагея ахрысціла аднаго з іх Тузікам, а другога – Атлантавым. Надта ж падобны быў чарнявы шчанюк з «манішкай» на опернага спевака, якога колісь паказвалі па тэлевізіі і якога матухна любіла за густы бас і мужнае аблічча. Айцец Антоні, аднак, з другім імем не пагадзіўся. «Не варта псінам даваць чалавечых імёнаў», – мовіў, спехам перахрысціўшыся, і прапанаваў назваць шчанюка Кузікам.
На тлустых святарскіх харчах сабакі хуценька раслі і, што дзіўна, амаль не брахалі. І толькі адранку, пачуўшы, як гаспадар спрабуе непракерханы голас, з адчайным дзяўканнем кідаліся да парога гаспадаравай хаты. Блазнюкам здавалася, што гаспадара нехта душыць і ён лямантуе аб дапамозе.
– М-митропол-литу М-минском-му и Сл-луцком-му-у… – зычна цягнуў айцец Антоні, гэтак жа зычна керхаў, і матухна Пелагея, ступіўшы на ганак, дакорліва прамаўляла:
– Ну чаго, чаго ўсхадзіліся?..
У руках матухна несла слоік з малаком, і шчанюкі задаволена вілялі хвастамі – малако ім падабалася і дзяўкаць такою хвіляю нават самаму зласліваму сабаку не выпадала.
Тры месяцы гойсалі Тузік і Кузік па двары, а неўзабаве ім знайшлася праца: вартаваць недабудаваную царкву, дакладней, атачоны дашчаным плотам цвінтар, на якім ляжалі піламатэрыялы ды розны будаўнічы хломазд. Напачатку сабак пасадзілі на доўгія ланцугі, але ў першы ж вечар Тузік з Кузікам так у іх заблыталіся, што адзін з ланцугоў давялося перапілоўваць, а Тузіку яшчэ і прыпякаць ёдам да крыві намуляную лапу. Ад той пары сабакі вартавалі цвінтар без ланцуга і ставіліся да сваёй працы з усёй адказнасцю. Вось і мінулай суботы давялося Тузіку хапануць за калашынне прапара Патрыкеева. Прапар той прымачыць у хаце загадчыцы мясцовай крамы і трэці год запар будуе ля хаты лазню. «Ну што, гвардзейцы віславухія… службу несяце?» – стоена гукнуў Патрыкееў, завітаўшы а дванаццатай гадзіне ночы на цвінтар. Сабакам такі жарт не надта спадабаўся. Яны пацягнулі насамі, а ўнюхаўшы агідны пах вермута, якім быў працяты кадравы вайсковец, пакінулі віляць хвастамі і наструніліся. «Брус які ўзяць, ці што?» – прамармытаў, загаворваючы сабачыя зубы, начны госць, і не паспеў ускінуць на плячук даўжэзны брус, як Тузік схапіў яго за калашынне форменных штаноў. Сабакі заліліся брэхам, іх падтрымалі спакрэвічы з усяго пасёлка, і прапар паўпрысядкам, з мацюкамі на вуснах, пабег упрочкі, галавой адчыніўшы непадатныя весніцы.
Весніцы, дарэчы, на цвінтары адмысловыя: да іх прыбітыя спружыны, таму яны адчыняюцца з цяжкасцю. Зрабілі гэта, каб сабакі не давалі рады выскачыць на вуліцу. Ды тыя, з разгону, іх лёгка адчыняюць.
А яшчэ Тузік з Кузікам любяць ганяцца за жоўта-блакітнымі «жыгулямі», на якіх ездзіць даішнік Вазняк. Міліцыянт штодня прыязджае на абед да маці, старой Вазнячыхі, і сабакі, яшчэ здаля пабачыўшы міліцэйскую «канарэйку», бягуць ёй насустрач, а потым аж да самай Вазнячысінай хаты зацята брэшуць у выхлапную трубу.
З усімі астатнімі жыхарамі пасёлка сабакі жывуць дружна. Нават з Вазнячысіным катом, які часцяком завітвае на цвінтар і грэецца на дошках, пазіраючы на свет круглявымі, не раўнуючы як працяты сонцам агрэст, зіркадламі. Тузік гыркае на ката толькі тады, калі вусаты свавольнік пнецца, на паўсагнутых лапах, да бляшанак, у якія матухна Пелагея налівае малако.
Дзесьці на другім канцы псёлка гудзе машына. Кузік, чыя галава тырчыць з будкі, прыўзнімае правае вуха, слухае – ці не Вазняк едзе? – і салодка, на поўную губу, пазяхае. Звычайна ад самага ранку на цвінтар забягае матухна Пелагея. Прыносіць малака, яшчэ якога едзіва… Сёння ж гаспадыня затрымліваецца, і Кузік раз-пораз наструньвае слых і з нецярплівасцю пазірае на весніцы.
Тым часам ляскатанне малаткоў на імгненне аціхае, і з царквы выкульваецца каржакаваты дзядзька ў шэрай бейсболцы – брыгадзір цесляроў.
– Ой, бля-а… – зморана выдыхае брыгадзір і абедзвюма далонямі абабівае з нагавіцаў пілавінне. Потым нахіляе галаву ды лезе рукой за каршэнь – пілавінне ўбілася і туды.
– Ну, дзе твой… айцец Ануфры? – пытаецца за брыгадзіравай спінай чарнявы дзяцюк, таксама абабіваючы нагавіцы і засяроджана міргаючы прыцярушанымі вачыма.
– Антоні… – папраўляе брыгадзір, дастаючы з пакамечанага пачка напаўпустую цыгарэту.
– Калі не прынясе – далібог памру, – гукае чарнявы і, мружачы прыцярушанае вока, цягне руку да брыгадзіравага пачка.
Мужчыны ўдыхаюць едкі дым, засяроджана сплёўваюць тытунёвыя крошкі.
– Цешча ўжо агуркі пасадзіла, а тут такая халадэча. Сабакі і тыя не ўгрэюцца, – чарнявы каротка свішча, крычыць: – Гэй, харэ спаць! – і Кузік з неахвотаю вылазіць з будкі.
Следам за ім на свет божы выбіваецца Тузік і задаволена, узняўшы ўгору хвост і выцягнуўшы наперад лапы, пацягваецца.
– Ну як вам тут, на папоўскіх харчах? – пытаецца чарнявы, і брыгадзір, пусціўшы струмень шызага дыму, з вясёлым смяшком адказвае:
– Пасціцца не прымушае. Зірні на іх – аж поўсць гарыць. Тузік і Кузік, праўда, гэтага не чуюць, бо навыперадкі бягуць да весніц. Весніцы натужліва рыпаюць, і ў пройме паўстае мажная постаць айца Антонія.
– Фу! Фу! – загадзя крычыць айцец Антоні, падбіраючы крысо даўгой святарскай апранахі – дварнякі пры стрэчы спрабуюць узбіцца лапамі на калені – так яны аднойчы падралі айцу спартовыя штаны, а надоечы завэдзгалі святочную расу.
– Наце вам… скароміны, – святар кідае кавалкі лівернай каўбасы, і Тузік з Кузікам лятуць да пачастунку.
Дварнякі, падазрона зыркаючы адно на аднога – ці не дастаўся каму большы кавалак? – глытаюць пачастунак і бягуць за гаспадаром.
Айцец Антоні прылашчвае кужэлістую бараду, папраўляе збітую набакір камілаўку, хрысціцца на кагадзе ўсталяваны царкоўны крыж.
– Ну, як… усю ноч працавалі?
– Усю! – адказвае брыгадзір, парукаўшыся з айцом Антоніем. – Шкуркай зараз пройдземся – і можна вешаць абразы.
– Малайцы… а я думаў – не паспееце, – айцец Антоні паварочваецца да сабак, сурова, як Мікола-ўгоднік, трасе пальцам: – Сядзець тут… у храм не заходзіць!
Але Тузік з Кузікам і без таго ведаюць – у царкву ім уваход забаронены. А так цікава прабегчыся па свежых габлюшках, пашукаць мышэй у цёмных закутках. Дварнякі цягнуць шыі, круцяць насамі, спрабуючы ўнюхаць мышэй, а ўдыхнуўшы драўлянага пылу, разам чхаюць.
– А што… у старавераў, як сабака ў царкву забяжыць, дык яе па-новай асвячаюць? – пытаецца брыгадзір, айцец Антоні штосьці адказвае, але словаў не чуваць з-за шоргату ног.
Тузік з Кузікам пазяхаюць, панылымі вачыма аглядаюць цвінтар. Вятрыска гоніць па сцяжыне шэры пыл… на кучу сілікатнай цэглы прымасцілася і тут жа ўзнялася ў паветра натапыраная варона. Відаць, чагосьці спужалася. Ага! За крушняй сілікатнай цэглы мігнуў кудлаты каціны хвост. Кот падыходзіць да таго месца, дзе ляжала каўбаса, нюхае зямлю і, бязгучна вякнуўшы, ускоквае на плот. Вусаты прайдзісвет ступае па няроўных канцах дошак, і Тузік з Кузікам з зайздрасцю глядзяць на ката, дзівуючыся – як гэта можна хадзіць па такіх тонкіх, ды яшчэ і няроўна абрэзаных дошках?
Хвілін пятнаццаць сабакі ляжаць каля царкоўнага парога – Кузік пры гэтым грызе галінку з шэрымі катахамі – засталася ад Вербніцы, – і прыслухоўваюцца да гулкіх галасоў з царквы.
– Не пераблытайце: «Звеставанне» павесіце на гары, астатнія знізу…
– Не хвалюйцеся, не пераблытаем… Як скончым – усё лішняе вынесем, і габлюшкі прыбярэм…
– Я па абедзе жанчын прышлю, каб памылі…
– А што, у Бычках усё згарэла? Нічога не ўратавалі?
– Усё! – голас айца Антонія мацнее, і сабакі падхопліваюцца.
На Вербніцу, з-за ліхенькай электраправодкі, у суседніх Бычках згарэла драўляная царква. Таму і вырашылі сустракаць Вялікдзень у недабудаваным храме: на ўсяночную прыдуць бычкоўцы, а ў малой, перабудаванай з трансфарматарнай будкі капліцы, дзе служыць айцец Антоні, можа змясціцца чалавек дзесяць, не болей.
– Матухна з кулічамі завіхаецца. Як вызваліцца – прынясе вам падсілкавацца. Толькі ж глядзіце… – айцец Антоні хрысціцца на ўваходныя дзверы, – не ў царкве…
– Ну… няўжо не ведаем! – гамузам адзываюцца цеслі, і брыгадзір, закаціўшы вочы, ледзь чутна шапоча: «“Звеставанне” – угары, апосталы – на зямлі».
Па абедзе мужчыны прымасціліся на лаўжы сухога галля за царквой і прагна, у восем рук, пачалі разбіраць прынесеныя матухнай Пелагеяй пачастункі. Пачастункі былі посныя, і мужчыны з тае нагоды ўголас абураліся («Нават сабакам няма чаго кінуць!»), але, дастаўшы са дна бяздоннай кайстры дзве пляшкі гарэлкі, ураз павесялелі.
– Ну, з богам! – выдыхнуў праз пару хвілінаў брыгадзір, куляючы чарку.
У торбе знайшлася толькі адна шклянка, таму пілі па чарзе, піхаючы закарузлыя пальцы ў слоік з кіслай капустай.
Тузік і Кузік сядзелі поруч, шоргалі па траве хвастамі, варушылі азадкамі, а ўчуўшы пах гарэлкі ды перакіслай капусты, разам пырхнулі.
– Што, не смакуе? – гукнуў чарнявы маладзён: ён разліваў гарэлку. – Звыкайцеся… з трапезай нашай, – пасля такіх словаў мужчыны стрымана рагатнулі, а маладзён, адкаркоўваючы другую бутэльку, кіўнуў у бок царквы: – Відаць, Бог усё ж такі ёсць.
– Ёсць, ды не такі, якім яго малююць, – азваўся на тое брыгадзір і, хукнуўшы ў жменю, глынуў другую чарку.
– Усё гэта жыдоўскія штучкі, – падтрымаў размову трэці мужчына – таксама чарнявы і кучаравы, за што атрымаў мянушку Турак. Турак у свой час скончыў педінстытут і на ўсе выпадкі жыцця меў уласную думку. – Мы што, славяне, дурнейшыя за жыдоў? Ды наш фальклор куды больш красамоўны. Казку «Лёгкі хлеб» чыталі? Сапраўдная філасофская прыпавесць! – Турак глынуў гарэліцы, выцер далонню вільготныя вусны. – Адно што жыды пісаць маглі, усё гэта занатавалі. А мы, славяне… – выпускнік педінстытута махнуў рукой і куснуў салёнага гурка.
– Бязбожнік ты, Турак, – убіўся ў размову маладзён, – гарэць табе ў пекле. І габрэяў дарма крыўдзіш. Што яны табе кепскага зрабілі?
Гуркі былі пераспелыя, і хлопцы сплюнулі пад ногі семкі.
– Які ж бязбожнік, калі я перакананы, што Бог ёсць і ён валадарыць светам. Адно што мадэль боскай сутнасці, якую прапануюць папы… – Турак на хвілю задумаўся, маракуючы, як скончыць фразу, і ў гэты момант з-за царквы выйшлі, несучы ў поліэтыленавых мяхах габлюшкі, дзве старыя жанчыны.
– Хаця б далей адышлі… п’янтосы няшчасныя! – гукнула адна з кабет, цеслі нязлосна мацюкнуліся і трэцюю чарку кулялі моўчкі.
Калі, праз гадзіну, падпітыя мужчыны рушылі да хаты, чарнявы маладзён кінуў Тузіку скарынку хлеба і, не да каго не звяртаючыся, запытаў:
– А ці ёсць гэта душа ў сабак? – і Тузік, нават не нюхнуўшы пачастунку, каротка брахнуў:
– Ёсць!
Адвячоркам нібыта бралася на дождж, на даляглядзе пару разоў раскаціста грымнула, але потым усё сціхла, і ўскудлачаная, серабрыстая з краёў хмара няспешна прыхавалася за Бычкоўскім лесам. Наўзамен ёй над лесам паўстала Мілавіца, і ў паветры пранізліва запахла таполевымі пупышкамі.
Адну з таполяў, што расла на цвінтары, учора ссеклі, а галлё ды пацурбалкі – па недаглядзе – склалі тут жа, ля пня. Цяпер вось брыгадзір цесляроў з чарнявым напарнікам спехам цягаюць цурбакі да плота, аслабаняючы дарогу для хроснага ходу.
– Галіны ў зямлю ўторкніце, каб дошак не было бачна, – камандуе айцец Антоні, выкопваючы з нетраў святарскіх строяў кішэнны гадзіннік. Ляпнуўшы гадзіннікавым вечкам, бацюхна ўздыхае – час ісці ў царкву пераапранацца, а тут яшчэ нічога не гатова.
Тузік з Кузікам круцяцца ля гаспадаравых ног, задаволена вішчаць, а неўзабаве, выцягнуўшы з лаўжа доўгія пруты, пачынаюць іх шкуматаць.
– Матухна, сабак прыбяры! – гукае айцец Антоні, але матухна не чуе – у яе сваіх спраў па горла: жанчына махае камусьці рукой, а потым бяжыць пераймаць пажарніка, які нясе вогнетушыльнікі.
Праз хвілю, забыўшыся на кудлатых свавольнікаў, бацюхна крычыць штосьці падпітаму электрыку, які ўзлез на слуп, а Тузік з Кузікам кідаюцца да весніц, адкуль чуваць лямант:
– Госпадзі Ісусе Хрысце, Сыне Божыю-у… – спявае дзядок у заношаным палітоне, раз-пораз цалуючы кардонны абразок, які вісіць на грудзіне.
Людзі, што раз за разам уваходзяць на цвінтар, кідаюць дзядку грошы. Тузік тыцкае мокрым носам у шапку з грашыма, дзядок незадаволена сыкае:
– Прэч, паскуда! – і, настроіўшы голас на патрэбны тон, ізноў гугнявіць: – Го-оспадзі Ісусе-э…
Тым часам весніцы з рыпам адчыняюцца, і ў пройме з’яўляецца старая Вазнячыха. Трымаючы магутным азадкам фортку, старая перакідвае з рукі на руку вузел з кулічамі, хрысціцца і тут жа падхопліваецца, прыціскаючы кулічы да грудзіны.
– Куды лезеце… халера на вас… – Тузік з Кузікам унюхалі салодкі пах печыва, лезуць лапамі цётцы на грудзіну, і старая, успёршы кулічы на галаву, нема галосіць: – А людцы мае добрыя-а…
– Тузік! Фу! – чуецца з натоўпу, і сабакі, пачуўшы родны голас, круцяць ад захаплення не толькі хвастамі, але і галовамі. Матухна Пелагея з вясёлым дакорам тузае Кузіка за віслае вуха, выпускае сабак на вуліцу.
Сабакі радасна брэшуць, скачуць вакол гаспадыні. Радасць іх зразумелая: столькі народу наўкола, і светла, як днём, бо на слупе, на якім кагадзе завіхаўся электрык, запаліўся пражэктар і навылёт працяў густое, настоенае на паху таполі і велікодных кулічоў паветра.
Гаспадыня дробненька тупае па сцяжыне, сюд-туд глядзіць на гадзіннік, махае рукой, заклікаючы гадунцоў не марнаваць час, ды дзе там! Тузік раскапаў кратовую кучку, уважліва нюхае нару, а ягоны сябрук наогул знік з вачэй – забег, відаць, у чужы двор, бо непадалёку бразнуў ланцуг і надрыўна забрахаў чужы сабака.
Матухна ўся знервавалася, пакуль загнала гадунцоў у хлеўчык, а кінуўшы ім два кусы надоечы купленай крывянкі, крутнула засаўку.
– Пасядзіце тут… да раніцы. Ратунку ад вас няма.
Сядзець у цёмным хлеўчыку, поруч з курамі, якія сонна квахталі за сценкай, сабакам ніяк не выпадала. Тузік з Кузікам здушана скавыталі, торкалі насы ў дзвярную шчыліну, спрабавалі грызці шула, нарэшце суняліся і, брахнуўшы, леглі на ватоўку – на тое месца, дзе колісь спалі шчанюкамі. Ляжалі з узнятымі галовамі, зацята глядзелі на зоркі – Тузік на белую, Кузік на чырванаватую, – зоркі тыя цьмяна блішчэлі ў дзвярной шчыліне, – і голасна ўздыхалі.
На гарышчы поркалася ў струхлелай саломе мыш, гаспадараў кот мякка ступаў па даху, за сценкаю прыспана варушыліся куры, і аднекуль здалёк начны ветрык прыносіў невядомыя і незразумелыя зыкі. Там, удалечыні, штосьці няўцямна гуло, мармытала, прыглушана спявала; Тузік з Кузікам нюхалі паветра, трэслі вушамі – каб лепей чуць і ўадначас каб адбіцца ад сянных скочак, – пару разоў падхопліваліся на ногі, нарэшце, змораныя, паклалі галовы – Кузік на край ватоўкі, Тузік на спіну свайму сябруку – і прымкнулі вочы.
Пад раніцу яны разам ускочылі і падбеглі да дзвярэй. Сабакам выразна пачуўся гаспадаравы голас. Голас абрываўся, згасаў, зноў абуджаўся і клікаў, клікаў да сябе! Якраз гэтым часам у царкве адчынілі ўсе вокны, і сціснуты чатырма сценамі густы бас айца Антонія вырваўся на волю.
«Гаспадар! Яго душаць… тыя сволачы, што сабраліся на цвінтары! Ён кліча на дапамогу!» Відаць, такія думкі апанавалі той хвіляй Тузіка і Кузіка, якія гучна забрахалі, забегалі з канца ў канец сваёй вязніцы, і неўзабаве Кузік пачаў рабіць падкоп пад дзвярыма, а Тузік стаў вадзіць лапаю па дзвярной шчыліне. Сабачы кіпцюр крануў драўляную засаўку – раз, потым другі, – засаўка адышла, і сабакі, наваліўшыся грудзінамі на дзверы, разам выкуліліся на двор.
У царкве было не прадыхнуць, старой Вазнячысе нават стала млосна ад задухі, і з правага боку – асцярожна, каб не замінаць службе, – выставілі рамы з вокнаў. Пяюны царкоўнага хору, адчуўшы, што галасы іх пры адчыненых вокнах пацішэлі, заспявалі на поўныя грудзі.
«И Слове, и Душе, треми соединяемое во ипостасех естество, пресущественне, и пребожественне, в Тя крестихомся-а…» Заспявалі так зладжана і пранікнёна, што ў айца Антонія нават навярнуліся няпрошаныя слёзы; ён скасіў вока на матухну, але тая, як ні дзіўна, глядзела ў іншы бок – на ўваходныя дзверы.
«…И Тя благославим во вся веки-и…»
Матухна прыўзнялася на дыбачках, паправіла хустку на галаве, стала прабівацца да выхаду.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?