Электронная библиотека » Яўген Аснарэўскі » » онлайн чтение - страница 2


  • Текст добавлен: 30 октября 2023, 10:20


Автор книги: Яўген Аснарэўскі


Жанр: История, Наука и Образование


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 5 страниц)

Шрифт:
- 100% +
Аб тым, ці быў Навагародак сталіцай ВКЛ і месцам каранацыі Міндоўга

Літоўскія даследнікі справядліва кажуць на тое, што фактаў, якія даказваюць сталічнасць Навагародка, у сучасных Міндоўгу, вядомых летапісах, такіх як ГВЛ, не выяўлена.

Пры гэтым няма сумневаў, што Навагародак быў буйным і значным горадам у землях падуладных князю і належаў яму асабіста, пра што сведчыць названы ў ГВЛ факт перадачы горада Раману Данілавічу, ад самога Міндоўга, тады як Ваўкавыск і Слонім перадаюцца ад Войшалка.

Спробы літоўскіх гісторыкаў абвясціць Кернаў сталіцай дзяржавы, якая працягвала фармавацца, выглядаюць яшчэ менш пераканаўчымі, чым гіпотэзы аб сталічным статусе беларускага горада, бо літоўскае паселішча, у адрозненне ад Навагародка, нават нельга пераканаўча, на падставе прамога ўказання дакладных летапісных крыніц, «прывязаць» да Міндоўга, то бок даказаць, што князь хаця б валодаў Кернавам, калі, вядома, не лічыць, што сцвярджэнне аб уладзе Міндоўга над усёй Літвой павінна аўтаматычна азначаць уладу князя і над Кернаўскім паселішчам. Пры гэтым адзін з элементаў Кернаўскага гарадзішча называюць «Тронам Міндоўга», што, без усялякага сумнення, з'яўляецца яскравым прыкладам гістарычнай фантазіі, у якой літоўскія даследчыкі нярэдка абвінавачваюць беларускіх калег.

Тут аўтар можа агучыць гіпотэзу аб тым, што прынцып пражывання ў невялікім, адасобленым месцы, дзе князя атачалі толькі самыя блізкія і давераныя людзі, мог быць пераняты Войшалкам ад бацькі, для якога такім месцам, у тэорыі, з'яўлялася летапісная Рута (Варута), якую часцяком бачаць нейкай сталіцай Міндоўга. Па звестках ГВЛ, Войшалк жыў у манастыры «на рацэ Нёман, паміж Літвой і Навагародкам». Лічыцца, што гаворка тут пра Лаўрышаўскі манастыр.

Зразумела, схільнасць Міндоўга і Войшалка да выкарыстання невялікай асабістай рэзідэнцыі ў якасці своеасаблівай сталіцы з'яўляецца толькі здагадкай.

Сцвярджэнне аб каранацыі Міндоўга ў Навагародку, як можна зразумець з вышэйпададзенага, небеспадстаўна аспрэчваецца, таму што сучасныя падзеям, вядомыя дакументы, не пацвярджаюць гэтую версію.

Акрамя таго, сама па сабе каранацыя ў нейкім горадзе зусім не азначала сталічнасці гэтага населенага пункта.

З ГВЛ вядома, што Данііл Галіцкі, які атрымаў каралеўскі тытул у той жа перыяд, што і ўладар Літвы, быў каранаваны ў Дарагічыне, важным горадзе Галіцка-Валынскага княства, які, аднак, не мог лічыцца сталіцай краіны.


Пасол Папы Рымскага падносіць Даніілу каралеўскую карону. Выява XIX стагоддзя.


Можна агучыць альтэрнатыўную і нават, на думку аўтара, больш абгрунтаваную версію сталічнасці Навагародка.

Вядома, што ў Навагародку бываў Шварн Данілавіч, падчас свайго сумеснага з Войшалкам праўлення ў Літве. Менавіта ў гэтым горадзе яго заспелі паслы польскага караля Баляслава Сарамлівага. Аднак факт знаходжання Шварна ў Навагародку, вядома ж, не ўказвае на сталічнасць горада.

Больш за тое, пасля ваенных сутыкненняў з палякамі Шварн, паводле паведамлення ГВЛ, вярнуўся «да сябе», у горад Холм.

Аднак жа Навагародак сапраўды з'яўляецца верагоднай рэзідэнцыяй Шварна, падчас яго праўленняў Літвой, пасля смерці Войшалка, хаця прамога ўказання на гэта няма.

Аб тым, ці было ВКЛ вялікай дзяржавай

У перыяд праўлення Вітаўта ВКЛ дасягнула, як вядома, сваіх найбольшых памераў, і ў тыя часы з'яўлялася адной з найбольш буйных еўрапейскіх дзяржаў, ды валодала значнай вайсковай сілай.

Аднак мала хто з беларускіх аматараў гісторыі ведае пра тое, што і тады, пры Вітаўце, якога не без падстаў звалi Вялікім, вярхоўным уладаром ВКЛ фармальна заставаўся польскі кароль Ягайла.

Вітаўт так і не здолеў прыняць каралеўскую карону, і тым самым падняць сябе да статусу свайго брата і валадара Польшчы.


Вітаўт. Графіці ў Гродне. На галаве валадара каралеўская, а не вялікакняская карона. Фота аўтара.


Намечаны Уладзіславам Ягайлам вектар далучэння ВКЛ да Польскага каралеўства павольна, але няўхільна вёў да паглынання Польшчай земляў літоўскіх уладцаў, якое, зрэшты, так і не стала поўным, і Княства захавала сваю фармальную палітычную суб'ектнасць да самага знішчэння Першай Рэчы Паспалітай.

Тут варта заўважыць, што аб'яднанне ВКЛ і Польшчы не было, па сутнасці, выключна валюнтарысцкім рашэннем Ягайлы, адназначна шкодным для Княства, хаця той, відавочна, кіраваўся жаданнем умацаваць і пашырыць сваю асабiстую ўладу.


Дакладная скульптурная выява Ягайлы. Вавель, XV стагоддзе.


Гэты саюз наспяваў на падставе ваеннага ціску, як з захаду, так і з усходу, а з гэтым ціскам, як кажуць факты, Княства спраўлялася не зусім.

У плане мастацтва і навук ВКЛ, не лічачы рэдкіх выключэнняў, не магло пахваліцца высокімі дасягненнямі, як, зрэшты, і іншыя дзяржавы рэгіёна, які відавочна саступаў краінам Заходняй Еўропы ў гэтых сферах чалавечай дзейнасці.

Аднак характэрная для ВКЛ верацярпімасць, якая, як можна меркаваць, ішла сваімі каранямі ў раннія перыяды станаўлення дзяржавы, а таксама даволі высокі ўзровень сацыяльнай свабоды, фармавалі перадумовы для з'яўлення прагрэсіўнага заканадаўства, у выніку чаго з'явіліся знакамітыя Статуты ВКЛ – выбітныя па мерках усёй Еўропы помнікі юрыдычнай думкі.

Усёўладдзе шляхты, якое паступова ўзмацнялася, было адным з ключавых фактараў, якія прыводзілі ВКЛ да глыбокага эканамічнага крызісу і адсталасці.

Гарады краіны яўлялі сабой даволі сумнае для большасці вандроўцаў з Заходняй Еўропы відовішча.

У краіне так і не пачалося актыўнае будаўніцтва каменнага гарадскога жылля, хаця Вільня, Гродна і Коўна маглі пахваліцца больш-менш значнай колькасцю падобных будынкаў.

Драўляныя гарады перыяду Сярэднявечча і ранняга Новага часу, вядома ж, не маглі дайсці да XXI стагоддзя, таму вандруючы па Беларусі вы не ўбачыце такой колькасці старадаўніх камяніц, якую можна назіраць у больш эканамічна развітой частцы Рэчы Паспалітай – Польшчы.

Дзеля справядлівасці варта заўважыць, што ў Маскоўскім царстве або Шведскім і Нарвежскім каралеўствах таксама квітнела характэрнае для рэгіёна драўлянае дойлідства.


Вільня ў XVI стагоддзі.


Добрым індыкатарам тэхналагічнага развіцця той ці іншай сярэднявечнай краіны можна лічыць фартыфікацыйныя пабудовы, бо пры збудаванні гэтых найважнейшых аб'ектаў выкарыстоўваліся самыя розныя тэхналогіі.

З замкамі ВКЛ, якія засталіся на тэрыторыі РБ, звязаны своеасаблівы «міф-брэнд», так званая «краіна замкаў». Цяпер падобнае найменне можа здацца іранічным, бо нават у выпадку ўключэння ў спіс беларускіх замкаў, усіх абарончых храмаў і неагатычных палацаў з выразна замкавай архітэктурай, колькасць аб'ектаў у пераліку будзе меншай, чым у суседняй Польшчы.

Зрэшты, і з існуючай колькасцю замкаў Беларусь можа канкурыраваць з краінамі Прыбалтыкі і Нарвегіяй.

Акрамя таго, пералiк усіх замкаў, у тым ліку знішчаных, без усялякага сумнення змяшчае больш за сотню пазіцый.

Большасць замкаў ВКЛ былі дрэва-землянымі, што пакідала ім мала шанцаў захавацца да ХХІ стагоддзя.

Вядома, у гэтай сферы Княства не магло канкураваць з такімі флагманамі фартыфікацыйнай справы як Італія ці Францыя, хаця асобныя замкі краіны, былі выкананы на высокім еўрапейскім узроўні.

Сістэма адукацыі ВКЛ таксама не магла канкурыраваць з развітой сістэмай краін Заходняй Еўропы, але па мерках рэгіёна была наладжана нядрэнна. Галоўным дыяментам гэтых караляў розных школ па-за ўсякім сумневам быў знакаміты Віленскі ўніверсітэт, заснаваны Стэфанам Баторыем у XVI стагоддзі.

Другой найстарэйшай ВНУ краіны стала Гродзенская каралеўская медыцынская акадэмія.

Значны ўклад у адукацыю ўносілі школы розных каталіцкіх і праваслаўных абшчын, у прыватнасці, максімальна блізкiя да ўзроўню тагачасных ВНУ, езуіцкія калегіумы Полацка і Гродна, а таксама гродзенская школа дамініканаў.

На падставе гэтых сцісла апісаных сцэн з жыцця Вялікага княства Літоўскага, чытачы могуць самастойна зрабіць высновы аб велічы той дзяржавы, але якой бы ні была тая, размешчаная ў вельмі неспакойным рэгіёне, дзяржава, яна была сваёй для многіх пакаленняў продкаў беларусаў.

Аб тым, ці існавала насамрэч старабеларуская мова

У рускай вікіпедыі раздзел прысвечаны старабеларускай мове называецца «Западрорусский язык». Ангельская версія папулярнай інтэрнэт-энцыклапедыі прапануе зваць яго «рутэнскім», у арыгінале «Ruthenian language». Польскі артыкул называе мову «Język ruski», аналагічна літоўскі: «Rusėnų kalba». Аўтары ўкраінскай версіі азагаловілі артыкул «Руська мова», хоць ва ўкраінскай гістарыяграфіі гэта мова называецца таксама «стараўкраінскай». Ва ўкраінскім артыкуле, акрамя таго, дадзеная мова называецца мовай русінаў, якія, па меркаванні аўтараў, з'яўляюцца продкамі беларусаў і ўкраінцаў.

У падобнай сітуацыі варта звярнуцца да запісаў грамадзян ВКЛ, якія выкарыстоўвалі старабеларускую мову. Для знакамітага вяльможы Льва Сапегі мова статутаў ВКЛ – руская.


Старонка Статута ВКЛ 1588 года.


Дык чыёй «стара» з'яўляецца гэта мова вялікакняскай канцылярыі? На думку аўтара, у большасці тэкстаў выяўляюцца як рысы сучаснай беларускай мовы, так і ўкраінскай. Прычым іх прыкладна пароўну. Можна знайсці відавочныя паланізмы, ды і добра знаёмыя сучасным расейцам словы – не рэдкасць. Акрамя таго, розныя дакументы напісаны па-рознаму, недзе беларускія рысы выяўлены менш, а недзе больш.

Аўтар гэтай кнігі не з'яўляецца прафесійным лінгвістам. Зразумела, многія прафесійныя мовазнаўцы прысвячалі мове афіцыйных дакументаў ВКЛ сур'ёзныя даследаванні. Пры гэтым беларускія спецыялісты часта даказваюць, што мову канцылярыі ВКЛ усё ж правільней называць «старабеларускай», а іх украінскія калегі, адпаведна, нярэдка настойваюць на «стараўкраінскай». Літоўскія гісторыкі ў гэты час называюць мову статутаў канцылярскай, не жадаючы зваць яе дзяржаўнай, як гэта робяць беларусы.

Варта асобна заўважыць, што папулярныя ў пэўным асяроддзі сцвярджэнні аб «штучнасці і навязанасці» беларускай мовы, а таксама аб тым, што гэта нібыта нейкая «скажоная руская», не вытрымліваюць крытыкі.

Першаасновай сучаснай беларускай мовы сапраўды можна лічыць рускую мову Старажытнай Русі, якая, як можна меркаваць, займела рэгіянальныя адрозненні яшчэ ў перыяд існавання дзяржавы Рурыкавічаў. Але атаясамляць мову Старажытнай Русі з сучасным «русским языком» памылкова.

Ад мовы Русi паходзяць сучасныя мовы ўсходніх славян, то бок сучасная руская, украінская і беларуская. Ніводная з гэтых сучасных моў ніколі не была «скажоным варыянтам» іншай. Кожная з іх мае агульнага «моўнага продка» і iшла сваім шляхам, і, хоць спецыялісты і дыскутуюць наконт узаемнага ўплыву гэтых моў у працэсе іх развіцця, тым не менш відавочна, што ні адна з іх не з'яўляецца першаасновай для другой.

Вяртаючыся да пытання «рускай мовы» ВКЛ, можна заўважыць, што праваднікамі так званай старабеларускай у вышэйшых эшалонах улады ВКЛ былі перш за ўсё продкі беларусаў, а яе высокі статус, за які выступаў усё той жа Леў Сапега, у тыя гады быў бясспрэчны.

Нездарма ж паэт з ВКЛ Ян Казімір, які носіць выразна беларускае прозвішча Пашкевіч, напісаў:


Полска квитне лациною,

Литва квитне русчизною,

Без той в Полсце не пребудзеш,

Без сей в Литве блазном будзеш.


У канцы дадзенай главы аўтар жадае паказаць яшчэ адну цытату, на гэты раз з тэксту, створанага прадстаўніком шляхетнага балцкага роду, які асеў на землях былога Пінскага княства, што калісьці актыўна падтрымлівала другога вялікага князя Літвы Войшалка.

У першай палове ХХ стагоддзя, у часы, калі перыяд утварэння ВКЛ застаўся ў далёкім мінулым, ды і само ВКЛ не існавала ўжо больш за сотню год, Раман Скірмунт, у адным са сваіх лістоў, выклаў наступныя думкі:

«Я сам ураджэнец беларускага Палесся, нашчадак літоўскай сям'і, са старажытных часоў, са спрадвеку, асеўшай у гэтым краі, і мае продкі да 17-га стагоддзя карысталіся беларускай мовай, як хатняй. Я заўсёды быў і буду горача адданы сваёй радзіме і свайму народу – іх месцазнаходжанне не за Нёманам і Бугам, і не на Волзе, а тут, у Беларусіi».

Беларускі нацыянальны міф

Аб тым, хто такія русіны і літвіны

Спрэчка пра тое, хто ж быў продкамі беларусаў, русіны (рускія) ВКЛ ці ўсё ж літвіны, перыядычна ўспыхвае ў інтэрнэт-прасторы і нават кабінетах вучоных, таму варта пачаць расповед пра нацыянальную гістарычную міфалогію менавіта з гэтых двух імёнаў.

Кажучы коратка, гэта вельмі розныя людзі, у тым сэнсе, што падобныя назвы маглі выкарыстоўваць у розным значэнні. Такая зменлівасць сэнсу збівае з панталыку аўтараў маргінальных гістарычных тэорый, якія не здольныя, чамусьці, уразумець, што адны і тыя ж назвы, у залежнасці ад кантэксту, могуць мець рознае значэнне. Нічога ўнікальнага ў гэтым, аднак, няма, больш за тое, нават у сучасным свеце лёгка знайсці ўзоры падобнай «гульні сэнсаў».

Аўтар асабіста меў магчымасць сутыкацца з ужываннем у сучасным горадзе Гродна слова «паляк» у значэнні канфесіёніма: «Ён паляк, бярэ шлюб у касцёле». У дадзеным выпадку паляк па сутнасці азначала каталік.

Зразумела, нярэдка паляк з'яўляецца этнонімам, гэта значыць указвае на прыналежнасць чалавека да польскага этнасу.

Лёгка знайсці і прыклад ужывання дадзенага слова ў значэнні палітоніма, то бок паляк, у гэтым выпадку, будзе азначаць «польскі грамадзянін», «чалавек з польскім пашпартам», нават калі пашпарт гэты выдадзены ўкраінцу ці беларусу.

Добра вядома падобная сітуацыя і жыхарам РФ, дзе адзін і той жа чалавек можа быць расейцам па пашпарце і, да прыкладу, татарынам у этнічным сэнсе.

Менавіта так выглядалі справы і ў старажытных літвінаў, для якіх гэта найменне магло быць, у асобных выпадках, указаннем на веру чалавека, альбо, часта, яго грамадзянства, знаходжанне ў падданстве вялікага князя ВКЛ.

Такім чынам, літвінамі, у пэўных сэнсах, з'яўляліся продкі часткі сучасных літоўцаў, беларусаў, расіян, палякаў і ўкраінцаў, адпаведна, у беларусаў няма нейкіх выключных правоў на гэта найменне ў значэнні палітоніма і ўжо тым больш этноніма, але як будзе паказана ніжэй, гэтыя выключныя правы і не патрэбны.

Русінамі ж часта называліся праваслаўныя жыхары ВКЛ, хаця ёсць эпізоды, якія паказваюць і на прымяненне падобнага наймення ў якасці чыстага этноніма, то бок у якасцi ўказаня на прыналежнасць чалавека да рускага этнасу ВКЛ, нашчадкаў жыхароў рускіх княстваў, якія ўвайшлі ў склад літоўскай дзяржавы.

Аб тым, хто такія інцэптабеларусы

Інцэптабеларусы – аўтарскі тэрмін. Ад ангельскага inceptive – пачатковы, што ўзводзяць да лацінскага incipio (я пачаў), аўтар гэтай кнігі ўтварае назву для продкаў сучасных беларусаў.

Зразумела, дзеля прастаты і барацьбы з вычварнасцю, продкаў карэннага насельніцтва РБ, якія належаць да беларускага этнасу, можна менавіта так і называць, гэта значыць «продкі сучасных беларусаў» альбо, пры жаданні, «прабеларусы».

Многія тэрміны, да таго, як добра прыжыліся ў навуковым асяроддзі і выйшлі за яго межы, гучалі некалькі незвычайна, таму, не баючыся некаторай мудрагелістасці, аўтар усё ж рушыць услед традыцыі ўвядзення навуковых назваў і паспрабуе ўжываць прыведзенае вышэй слова.

У рамках гэтай кароткай, напісанай дастаткова даступнай мовай і арыентаванай на масавага чытача, кніжкі, няма патрэбы падрабязна спыняцца на розных тэорыях этнагенезу беларусаў. Варта, аднак, удакладніць, што паходжанне беларусаў ад крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў і летапісных літоўскіх плямёнаў аўтар лічыць бясспрэчным фактам, бо названыя вышэй агульнасці старажытных жыхароў тэрыторыі Беларусі, вядома ж, не растварыліся ў паветры і павінны былі, кажучы вобразна, стаць інгрэдыентамі ў катле беларускага этнасу.

Канешне, у гэтым катле варыліся і іншыя «дадаткі», пра якія можна дыскутаваць.

На дапамогу гісторыку, у пытаннях вызначэння даўніх вытокаў таго ці іншага народа, прыходзяць і генетыкі, са сваімі гаплагрупамі і іншымі складанымі для простых абывацеляў тэрмінамі.

Аўтар лічыць «генетычную гісторыю» перспектыўным напрамкам, аднак варта заўважыць, што да інтэрпрэтацыі гісторыка-генетычных даследаванняў (тут размова менавіта аб дапамозе гісторыкам з боку генетыкаў, а не гісторыка-генетычным метадзе) трэба ставіцца з асцярожнасцю.

На момант напісання гэтай кнігі існуюць даследаванні генафонду беларусаў, праведзеныя рознымі і, наколькі можна ацаніць, прыблізна роўнымі ў аўтарытэце спецыялістамі, аднак, навукоўцы атрымалі розныя вынікі, бо ў некаторых выпадках беларусы абвяшчаюцца балтамі і блізкімі, у генетычным плане, сучасным літоўцам, а ў іншых – этнасам вельмі падобным на цяперашніх заходніх рускіх і вельмі далёкім ад балтаў.

Аналіз вынікаў вышэйзгаданных даследаванняў наводзіць на думку аб некаторай, скажам так, небесстароннасці аўтараў, абумоўленай, у прыватнасці, іх нацыянальнасцю і цывілізацыйным выбарам.

Для мэтаў гэтай кнігі важней, аднак, указаць на продкаў сучаснага насельніцтва краіны без глубокага апускання ў іх храмасомы, то бок неяк назваць умоўна сваіх, для цяперашніх беларусаў, людзей мінулага, у рамках стварэння прымальнай для масавага спажыўца, на дадзеным этапе развіцця цывілізацыі, гістарычнай парадыгмы, якая тлумачыць хто такія беларусы, адкуль яны ўзяліся, і хто іх героі.

Таму інцэптабеларусамі будуць названы ўсе вядомыя па гістарычных дакументах XI – XVIII стагоддзяў людзі, якія паходзяць з тэрыторый, што былi занятыя ў перыяд Старажытнай Русі полацка-смаленскімі крывічамі, дрыгавічамі і разнастайным, у плане этнічнай прыналежнасці, насельніцтвам беларускага Панямоння.

Маркерам сваіх стануць у гэтай няхітрай сістэме, распаўсюджаныя ў славян дадзенага рэгіёна імёны і прозвішчы, ці ж паходжанне ад носьбітаў такiх iмёнаў.

У XIX стагоддзі, а дакладней, у другой палове гэтага стогадовага перыяду, назва «беларусы» ужо была дастаткова шырока распаўсюджана і адносілася менавіта да продкаў сучасных беларусаў.

Прозвішчы з вiдавочна балцкай асновай, такія, напрыклад, як Бутаўтовіч, у выпадку ВКЛ могуць быць надзелены як бы «змешаным статусам», гэта значыць іх носьбіты могуць быць аднесены як да продкаў беларусаў, так і сучасных літоўцаў.

Аўтар таксама лічыць патрэбным удакладніць, што паняцце этнасу, у кантэксце гэтай кнігі, трэба разумець перш за ўсё ў ключы прымардыялізму, то бок як нейкую групу людзей, звязаных агульным «крэўным паходжаннем». У гэтым сэнсе культурныя асаблівасці, у прыватнасці мова, могуць, у асобных выпадках, адыходзіць на другі план, з'яўляючыся толькі адным з індыкатараў этнасу, але не абсалютна вызначаючым этнас фактарам.

Прасцей кажучы, беларус, які размаўляе на шведскай, у дадзенай парадыгме, застаецца беларусам, як і швед, які размаўляе на беларускай, зразумела, не перастае быць шведам, хоць, без усялякага сумнення, становіцца бліжэй да беларускага народа, чым яго субраты, якiя нічога не ведаюць аб краіне зуброў.

Варта заўважыць, што інцэптабеларусам з'яўляецца і чалавек, які лічыць сябе літвінам, прычым у дадзеным выпадку не вельмi важна ў якім значэнні, этноніма, канфесіёніма ці палітоніма ўжытая гэтая назва (аб шматзначнасці дадзенага наймення было сказана ў папярэднім раздзеле…), і чалавек, які пазначаў сябе русінам, а роўна і ўсе іншыя, якія адпавядаюць паказаным вышэй крытэрам, людзі.

Тут аўтар хоча «падміргнуць» кой-каму з прафесійных гісторыкаў. Калега, прачытаўшы прапанаваныя вышэй тэзісы, можа скептычна ўсміхнуцца і, паціснуўшы плячыма, заўважыць, што ўсе гэтыя спробы дзялення грамадзян ВКЛ на сваіх і чужых толькі адцягваюць ад навуковага працэсу і з'яўляюцца спробамі адаптацыі гістарычных канструктаў да сучаснай ідэалагічнай кан'юнктуры. Аўтар можа лёгка пагадзіцца з дадзеным меркаваннем, але заўважыць, пры гэтым, што ў грамадстве ўсё яшчэ ёсць запыт на такі просты і ясны падзел, і нават нейтральны тэкст гэтай кнігі, у якім рэчы завуцца сваімі імёнамі, можа здацца некаторым чытачам недастаткова канкрэтным, без  жаданых  адказаў на простыя пытанні, накшталт такога «Так хто тамака ткі захапіў каго, а?»

Такім чынам, інцэптабеларусы гэта, перш за ўсё, жыхары ВКЛ, якія паходзяць з Полацкага, Смаленскага, Тураўскага, Гродзенскага і іншых старажытнарускіх княстваў, якія размяшчаліся на тэрыторыі будучай РБ, і носяць славянскія імёны, і прозвішчы, асабліва выразна беларускія, такія, напрыклад, як Багдановіч.

Можна, з некаторымі агаворкамі, прымяняць дадзены тэрмін і да персон, якія жылі да адрэзка XI – XVIII стагоддзяў, а таксама да тых, хто засяляў гэтыя землі ўжо пасля знішчэння ВКЛ, то бок у перыяд улады Расійскай імперыі.

Галоўнае тут імёны, як важныя, у кантэксце, маркеры этнічнага і культурнага кода.

У гэтым заключаецца хараство падобнай вельмі простай сістэмы дзялення на сваіх і чужых, бо большасці сучасных беларусаў лёгка запісаць якога-небудзь ваўкавыскага мешчаніна XVI стагоддзя, што носіць імя Багдан Хадкевіч, у свае продкі, таксама імёны полацкіх Рурыкавічаў або сялян мсціслаўшчыны ў XIX стагоддзі лёгка ўспрымаюцца сучаснымі беларусамі як свае.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации