Электронная библиотека » Яўген Аснарэўскі » » онлайн чтение - страница 4


  • Текст добавлен: 30 октября 2023, 10:44


Автор книги: Яўген Аснарэўскі


Жанр: Документальная литература, Публицистика


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 4 (всего у книги 13 страниц) [доступный отрывок для чтения: 4 страниц]

Шрифт:
- 100% +
Паўсядзённае жыццё
Рэлігійны светапогляд і вучоба

Як ужо было сказана раней, рэлігійны светапогляд вызначаў канву жыцця сярэднестатыстычнага шляхціча ВКЛ у перыяд XVI – XVIII стагоддзяў. Гарадзенскія дваране не былі выключэннем.

Шляхта жыла ў сістэме царкоўных святаў і рэгулярна наведвала храмы. Напрыклад, гетман вялікі літоўскі Міхаіл Масальскі, любіў падоўгу маліцца ў гарадзенскім езуіцкім касцёле.

Жонка віцебскага ваяводы Яна Храпавіцкага неяк адправілася на богаслужэнне ў Гродна, з найбліжэйшага маёнтка. Яна ішла пешшу і прыхапіла з сабой дзяцей. Зроблена гэта было, відаць, дзеля дэманстрацыі асаблівай рэлігійнай стараннасці, аналагічнай той, што дэманструюць пешыя паломнікі XXI стагоддзя.

Рэлігійны складнік прывіваўся дамашнімі настаўнікамі, а таксама ў езуіцкіх калегіумах і Віленскім універсітэце, які заснаваў Стэфан Баторый, пераўтварыўшы ў езуіцкую акадэмію віленскі калегіум.

Важкі ўклад у развіццё мясцовай адукацыі ўнеслі і іншыя каталіцкія ордэны, у прыватнасці, дамініканцы: іх гродзенская навучальная ўстанова была адной з найлепшых у краіне і магла пахваліцца адной з самых вялікіх бібліятэк у ВКЛ.

Канешне, багатая шляхта нярэдка выязджала вучыцца за мяжу.

Паляванне і рыбалка

Адным з базавых заняткаў гродзенскіх шляхцічаў, самых розных узростаў, з'яўлялася паляванне. Падобнае баўленне часу дапамагала (аўтар тут не пасаромеецца каламбура) забіць адразу некалькіх трусаў.


Паляванне на аленя. Стэфана дэла Бэла. XVII стагоддзе. Нацыянальная бібліятэка Польшчы.


Паляванне служыла забавай, разнавіднасцю ваеннай трэніроўкі, а трафеі, безумоўна, былі карысныя і маглі выкарыстоўвацца для прыгатавання страў з дзічыны, а, акрамя таго, у шляхецкай гаспадарцы не былі лішнімі і шкуры здабытых жывёл.

Гарадзенскія лясы славіліся як выдатнае месца для пераследу дзічыны, і нездарма пакоі Стэфана Баторыя, у яго замку, былі запоўнены шматлікімі паляўнічымі трафеямі, а на гербе горада красуецца алень святога Губерта (альбо Яўстафія) гэта значыць, нябеснага заступніка палявання.

Не цураліся шляхцічы і рыбалкі. У 1699 годзе, Кшыштаф Завіша лавіў рыбу ў вельмі элітнай кампаніі, і напісаў пра гэта так:

«Я адправіўся ў Гродна, разам з чашнікам ВКЛ Тарло, дзе ён ладзіў сваім слугам вяселле. Падчас знаходжання ў Гродне, мы ўвесь час вялі гутаркі на розных вячэрах і паседжаннях. Калі мы выязджалі з Гродна, нас запрасілі на рыбалку да пана Язерскага, дзе былі пан гетман, пан чашнік і іншыя».

Тут варта заўважыць, што рыбакі тых гадоў, гэтак жа як паляўнічыя, мелі магчымасць здабываць значна больш шматлікія і разнастайныя трафеі. Гарадзенскі рыбак мог злавіць цудоўнага ласося, стронгу ці нават вялізнага асятра, і шляхта, варта заўважыць, з задавальненнем смакавала рыбныя стравы.

Транспарт і сувязь

Больш-менш буйныя саноўнікі шмат ездзілі па краіне, удзельнічая ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай.

Перамяшчацца паміж гарадамі, або па вуліцах аднаго населенага пункта, можна было на кані, або ў экіпажы.

Вядома, што Марцін Матушэвіч ехаў у карэце гетмана Масальскага ад гродзенскага езуіцкага касцёла да замка.

Часам выкарыстоўваўся і рачны транспарт.

Суднаходства на гродзенскай зямлі было развіта з даўніх часоў, і ў басейне Нёмана нават будавалі асаблівыя судны, якія лічыліся характэрнымі менавіта для гродзенскага карабельства. Гаворка пра вялізныя віцiны, даўжыня якіх, паводле некаторых звестак, перавальвала за 40 метраў. У 60-х гадах XVII стагоддзя, шляхціц Міланоўскі, слуга Яна Храпавіцкага, плыў на такім судне па Нёмане, але п'яны рулявы не справіўся са сваёй справай і лёс «Тытаніка» віціна не паўтарыла, паводле Храпавіцкага, дзякуючы таму, што «Цудоўным чынам яе Бог выратаваў».


Шляхціцы едуць на сеймік. Міхал Ключэўскі. XIX стагоддзе. Нацыянальны музей у Кракаве.


Акрамя важных палітычных сходаў, мэтай паездак нярэдка быў манастыр, які наведвалі з рэлігійных памкненняў, або сядзіба іншага шляхціца, які запрашаў знаёмых дваран на вяселлі, хрэсціны, пахаванні, рэлігійныя святы ці проста сяброўскія пасядзелкі.

Пры гэтым адсутнасць тэлефонаў і інтэрнэту не перашкаджала падтрымліваць сувязь з патрэбнымі асобамі. Шляхціц мог напісаць у дзень некалькі лістоў. Вядома, што Ян Храпавіцкі, знаходзячыся на занёманскім прадмесці Гродна, пісаў ліст на правы бераг, не маючы для зносін патрэбы ў асабістай сустрэчы з адрасатам – гетманам ВКЛ, Міхаілам Казімірам Пацам, які кватараваў паблізу. Храпавіцкі мог сабе дазволіць карыстацца кур'ерамі, у якасцi лёгкадаступнай сістэмы сувязі, прыкладна так, як калі б ён тэлефанаваў свайму суседу ў XXI стагоддзі.

Кухня і посуд

Асабліва прыемнымi зносіны маглі быць падчас сяброўскіх пасядзелак.

Вядома, што застоллі былі звычайнай справай для мясцовых дваран. Падчас баляванняў госці і гаспадары банкетаў, канешне ж, часцяком ужывалі гарачыльныя напоі.

У Гродне былі даўнія традыцыі піваварства, многія бровары размяшчаліся, да прыкладу, у даліне Гараднічанкі.

Карысталіся папулярнасцю і імпартныя віны, сярод іншых, венгерскія. Шляхцічы ведалі таксама гарэлку, якая нават была ходкiм напоем.

Як і людзі ХХІ стагоддзя, шляхта часоў Рэчы Паспалітай далёка не заўсёды прытрымлівалася ўмеранасці.

Напрыклад, апiсана тыднёвая гарадзенская папойка знакамітага Караля Радзівіла па мянушцы «Пане Каханку», які купіў у Гродне венгерскага віна на велізарную суму, а затым паехаў, з гэтым віном, далей, працягваючы сваволiць у мястэчках, якія трапляліся па дарозе.

Рацыён шляхціца, як не цяжка здагадацца, моцна залежаў ад яго фінансавых магчымасцей.

Вышэйшая праслойка арыстакратаў магла дазволіць сабе атрымліваць асалоду ад самых дзіўных прысмакаў.

Напрыклад, на дне нараджэння караля Аўгуста III, калі манарх святкаваў у Гродне, у 1752 годзе, на дэсерт, як паведамляе Вільгельм Шлемюлер, былі прынесены асаблівыя прысмакі:


«Тры гадзіны доўжылася бяседа. У канцы ўнеслі дэсерты, а яны былі такія цудоўныя, што сапраўды вартыя каралеўскага стала. Перш за ўсё звярталі на сябе ўвагу дзве святыні, вельмі ўмела зробленыя: усіх добрых якасцяў і славы, як пра гэта казалі надпісы. А ў сярэдзіне трыўмфальная арка, на якой уяўная Постаць Славы. У адной руцэ яна трымала трубу, а ў другой надпіс наступнага зместу: [Аўгуст II кароль, народжаны ў 1696 годзе.] Ну а далей вялікія, па-майстэрску выкананыя, сады, лаўкi, і ўсё гэта дзіўна прыгожае і вельмі каштоўнае».

Беззямельны шляхціц мог толькі памарыць пра такія рэчы, бо яго рацыён больш-менш адпавядаў рацыёну сялян і звычайна ўключаў розныя злакi, гарох і саланіну.

Сярэдняя і багатая шляхта ела шмат мясных страваў: ялавічыну, свініну, розную дзічыну.

Станіслаў Панятоўскі, будучы ўладар ВКЛ, назіраў у гродзенскім палацы Міхаіла Радзівіла Рыбанькі, у 1752 годзе, страву з мясам і шпінатам, якая, зрэшты, не здалася госцю апетытнай.

У модзе былі заправы, напрыклад, перац ды шафран, якія часта выкарыстоўвалі ў вялікіх колькасцях.

Траплялася на столе і рыба, бо, як сказана вышэй, нават магнаты не цураліся рыбалкі.

У вялікай пашане быў бігас, гэта значыць, страва з капусты і мяса.

Кашы, салаты і супы, а таксама садавіна і гародніна, былі жаданымі гасцямі на сталах дваран.

Ва ўжытку XVI—XVII стагоддзяў за сталом часцяком выкарыстоўвалі практычны посуд з металу.


Сярэбраная лыжка XVI – XVII стагоддзяў, з польскім рыфмаваным надпісам «Ты запомні чалавек, у цябе нядоўгі век» (пераклад Я.А.). Нацыянальны музей у Кракаве.


Ужывалi таксама гліняны, шкляны і драўляны.

Зразумела, забяспечаная шляхта магла сабе дазволіць сярэбраныя вырабы, а вось бяднейшая, часам абыходзілася посудам з некаштоўных металаў.

У Стэфана Баторыя, які жыў у гродзенскім замку, меліся нават залатыя сталовыя прыборы.

У другой палове XVIII стагоддзя, дастаткова шырокае распаўсюджанне атрымалі фарфор і крышталь, прычым апошні выдатна рабілі і ў гродзенскім рэгіёне, напрыклад, у Налібоцкай мануфактуры. Падобная вытворчасць шкла мелася і ў самім Гродне.

Імпарт, вядома ж, быў прадстаўлены вырабамі з усяго свету.

Ян Ахоцкі назіраў, у 1793 годзе, у сваіх сяброў у Гродне, не толькі еўрапейскі, але і японскі, і кітайскі фарфор.

Зроблены на замову посуд багатай шляхты і манархаў нярэдка ўпрыгожваўся радавымі гербамі.


Келіх з гербавым арлом Радзівілаў, які, як мяркуецца, належаў Міхалу Радзівілу Рыбаньку. Нацыянальны музей у Кракаве.


Пасля застолляў надыходзіла пара танцаў і розных азартных гульняў. Хоць, часам шляхціцы абмяжоўваліся душэўнай гутаркай.

Суды

У многіх выпадках, амаль паўсядзённай справай для мясцовых дваран былі суды, прычым нярэдка судзілася нават з самымі блізкімі сваякамі. Тут шляхце, вядома ж, была прыдатнай разгалінаваная, хоць і не самая лепшая, судовая сістэма Рэчы Паспалітай, пра якую была гаворка вышэй.

У якасці прыкладу тут можна назваць жыццёвыя перыпетыі гродзенскага войта Андрэя Станіслава Сапегі, сына аднаго з найлепшых палкаводцаў ВКЛ, Яна Пятра Сапегі.

Андрэй доўга судзіўся са сваімі роднымі братамі, у тым ліку яшчэ адным таленавітым палкаводцам Паўлам Янам. У выніку, Андрэй сабраў немалую маёмасць. Яго жонкай была Ганна Гейдэнштэйн, дачка сакратара Стэфана Баторыя, якой Сапега, у рамках махінацый з маёмасцю, фармальна прадаў адзін з маёнткаў.

Актыўна шукалі справядлівасць у судзе не толькі мужчыны, але і высакародныя шляхцянкі, у якіх, варта сказаць, былі даволі шырокія, па мерках тагачаснай Еўропы, правы.

Жыллё

Жылі гарадзенскія шляхцічы ў драўляных і каменных гарадскіх асабняках.

Дамы нават вельмі вялікіх паноў, у перыяд XVI—XVIII стагоддзяў, уяўлялi сабой драўляныя дворыкі-сядзібы, аналагічныя тым, што знаходзіліся ў сельскай мясцовасці. Галоўны дом такіх комплексаў атачалі дадатковыя пабудовы для слуг і стайні.


Драўляны дом у Гродне. Н. Орда, 1867 год. Нацыянальны музей, Кракаў.


У XVIII стагоддзі, у сувязі з атрыманнем статусу сеймавай сталіцы Рэчы Паспалітай, у Гродне было ўзведзена мноства буйных магнацкіх палацаў, многія з якіх, як напрыклад палацы Чартарыйскіх і Браніцкіх, будаваліся з дрэва.

Некаторыя шляхцічы валодалі каменнымі рэзідэнцыямі ў Гродне, у тым ліку буйнымі палацавымі комплексамі. Прыкладам тут можа служыць рэзідэнцыя князёў Масальскіх на вуліцы Замкавай, і палацы Радзівілаў, і Казіміра Яна Сапегі, на галоўнай плошчы.

Акрамя таго, дваране жылі ў сваіх маёнтках, размешчаных непадалёк ад горада.

У драўляных гродзенскіх дамах былі печы, у тым ліку для выпечкі хлеба, і коміны, а ежу маглі захоўваць у спецыяльных кладоўках, размешчаных у саміх будынках, і ў падвалах, якія былі каменнымі.


Палац Валіцкага (Дзяконскага), адна з мураваных шляхецкіх рэзідэнцый Гродна, XVIII стагоддзе. Фота аўтара.


Здаўна папулярнае ў рэгіёне мастацтва вырабу багатай кафлі, у некаторых выпадках, ператварала печы ў дамах гродзенскай эліты ў пышна дэкараваныя эстэтычныя дамінанты інтэр'ераў. Вырабленыя для арыстакратаў керамічныя пліткі нярэдка былі ўпрыгожаны гербамі заказчыкаў, а ў замку Стэфана Баторыя на кафлі красаваліся нават партрэты старажытнарымскіх імператараў.


Фрагмент кафлянай пліткі, меркавана, XVIII стагоддзя. Знойдзены аўтарам у Гараднічанцы.


Рэзідэнцыі шляхты, вядома, мелі ў сабе і некаторыя дэталi раскошы.

Напрыклад, паводле звестак гісторыка Юрыя Гардзеева, у гродзенскім доме шляхціча Рукевіча, які жыў у XVII стагоддзі, была зроблена спецыяльная сцэна для музыкаў. Мабыць, размяшчалася яна на некаторай вышыні, з апорай на драўляныя слупы, гэта значыць, была аналагічная хорам у касцёле.

У 1752 годзе, будучы кароль Станіслаў Панятоўскі, паводле яго ўспамінаў, адзначыў дзіўнаваты гродзенскі звычай, а менавіта, моду на вялізныя і пышна ўпрыгожаныя ложкі. Акрамя таго, з запісаў Станіслава вынікае, што сцены дамоў часцяком былі голыя. Панятоўскі піша, што будынкі «адрозніваліся ўсё ж своеасаблівай раскошнасцю, тым больш дзіўнай, што яна спалучалася з вялікай неабчэсанасцю і ўбоствам».

Сваю нерухомасць гродзенская шляхта магла здаваць у наём. Падобны заробак, вядома ж, не быў лішнім нават для забяспечаных дваран. Прычым, здавалася нерухомасць не толькі іншым шляхціцам. Арандатарамі былі, напрыклад, багатыя габрэйскія прадпрымальнікі.

Да асабістай гігіены ў Рэчы Паспалітай XVI—XVII стагоддзяў адносіліся больш цёпла, чым у Заходняй Еўропе.

Вядома, да прыкладу, што ў Стэфана Баторыя меліся ў гарадзенскім замку ёмістасці для мыцця.

А вось адмысловыя памяшканні, прызначаныя для задавальнення простых чалавечых патрэб, усё ж не заўсёды ўладкоўваліся ў дамах, і часам нават не самыя бедныя шляхцічы хадзілі, у сувязі з такімі патрэбнымі справамі, за які-небудзь хлеў або выкарыстоўвалі начныя гаршкi, а часам, адпраўляліся ў асобныя пабудовы на двары.

Па дадзеных Юрыя Гардзеева, туалет размяшчаўся ў доме вышэйзгаданага Рукевіча, непадалёк ад спальні, як, дарэчы, і ў гродзенскім замку Баторыя. Лічыцца, што прыбіральняй караля быў невялікі выступ у цэнтральнай частцы ўсходняга фасада замкавага палаца. Аднак каралеўскія выгоды, вядома ж, былі даступныя далёка не ўсім.

Мовы

На працягу ўсяго перыяду XVI—XVIII стагоддзяў мясцовая шляхта жыла ў мульцiмоўным свеце. Галоўнымі мовамі з'яўляліся польская і беларуская.

У XVI стагоддзі ўплывовы магнат Леў Сапега стараўся ўсяляк падтрымліваць высокі статус так званай старабеларускай мовы, аднак у сярэдзіне XVII стагоддзя польская мова ўжо амаль поўнасцю выцесніла старабеларускую з афіцыйных дакументаў.

У той момант на старабеларускай ужо быў створаны вялізны масіў тэкстаў.

На гэтай мове вялося справаводства і ў гродзенскіх судах XVI стагоддзя, прычым людзі, якія працавалі з дакументамі, маглі сабе дазволіць адхіліцца ад афіцыйнага тону, то бок, намаляваць смешныя малюначкі, адзiн з якіх паходзіць на маску з галівудскага трылера «Піла», або, да прыкладу, прывесці яркi выраз тых гадоў, які аўтар, паўжартам, называе: «старадаўняя гарадзенская прымаўка», запісаны ён так: «обецал як пан салгалъ як пес».


Малюнак з акта гродзенскага земскага суда. XVI стагоддзе. НГАБ.


Абумоўленая палітычным становішчам паланізацыя, асабліва хутка набірала абароты пасля Люблінскай уніі, аднак, нягледзячы на шырокае афіцыйнае выкарыстанне польскай і яе высокі статус, сяляне і дробная шляхта не пакідалі беларускую мову ў сваім ужытку нават у XVIII стагоддзі.

Надзвычайную ўстойлівасць беларускай мовы, польскі этнограф Казімір Машынскі называў «дзіўнай і працяглай».


Феліцыян Масальскі дзеліць маёмасць з братам. Тэкст на старабеларускай, але подпіс на польскай. 1601 год, Гродна. Нацыянальны музей у Кракаве.


Акрамя таго, пры такім цесным узаемадзеянні, лексіка моў, зразумела, змешваліся. Тут дарэчы згадка аднаго з моцна «падпраўленых» беларускім уплывам польскіх дыялектаў ВКЛ, які называўся «віленская польшчызна», або па-польску: «polszczyzna wileńska».

Такім чынам, на думку спецыялістаў, літвінскія дваране XVI—XVIII стагоддзяў, разумелі як польскую мову, неабходную ў вышэйшых колах грамадства, так і беларускую, на якой у жыцці размаўлялі мясцовыя сяляне і дробныя шляхцічы.

Разам з тым, добрым тонам у асяроддзі адукаванай шляхты лічылася, асабліва ў перыяд XVI—XVII стагоддзяў, выкарыстанне лацінскай мовы, якую можна было ўплятаць у жывыя размовы і ў перапіску, а ў другой палове XVIII стагоддзя падобны высокi статус мела французская мова, на якой, дарэчы, нават было напісана адрачэнне ад прастола апошняга ўладара Рэчы Паспалітай.

Вялізныя яўрэйскія абшчыны гарадоў ВКЛ, і ў тым ліку Гродна, вядома ж, карысталіся, сярод іншага, роднымі для сябе ідышам і іўрытам. Менш шматлікая татарская абшчына выкарыстоўвала татарскі. Дастаткова шмат было ў Гродне выхадцаў з Заходняй Еўропы, у прыватнасці, германскіх княстваў і Галандыі, а ў часы саксонскіх каралёў нямецкая мова, канешне, мела сваё месца пры двары. Жылі ў горадзе і перасяленцы з расійскіх земляў, а таксама, малая група людзей, выкарыстоўваючых літоўскую мову.

Гэты своеасаблівы «Вавілон на Нёмане», вядома ж, фармаваў асаблівае моўнае асяроддзе.

Аднак для мясцовых дваран найбольш важнымі для перапіскі і жывых зносін, як ужо было паказана вышэй, з'яўляліся польская, беларуская, а таксама «іміджывыя» мовы, гэта значыць латынь, а пазней французская.

Медыцына

Медыцынская гісторыя Гродна поўная займальных фактаў, і менавіта горад над Нёманам быў адной з галоўных брамаў для розных урачэбных навінак, на землях ВКЛ.

Гродзенскай павятовай эліце XVI—XVIII стагоддзяў пашанцавала жыць там, дзе была добра, па мерках рэгіёну, развіта такая важная для абывацеляў рэч, як сістэма ўрачэбнай практыкі.

Яшчэ ў XVI стагоддзі каралева Бона заснавала тут «шпіталь» Св. Духа, прызначаны для аказання медыцынскай дапамогі ўсім жадаючым.

У XVII стагоддзі, пры гарадзенскім езуіцкім калегіуме, з'явілася аптэка, будынак якой, дарэчы, з'яўляецца найстарэйшым, спецыяльным аптэчным будынкам у краіне.

У XVIII стагоддзі горад прымаў здольных фрацузскіх медыкаў: Ю. Вірыёна і Э. Жылібера. Апошні кіраваў першай вышэйшай медыцынскай установай ВКЛ – Каралеўскай медыцынскай акадэміяй, як называў гэтую школу англійскі падарожнік Уільям Кокс. У яе спрабавалі заклікаць для навучання і мясцовых шляхцічаў, якія, зрэшты, не вельмi жадалi станавіцца лекарамі.


Аптэчны посуд. XVIII стагоддзе. Аптэка-музей у Гродне.


У XVIII стагоддзі гродзенскую медыцыну падтрымлівалі і манахі баніфраты, якія пасяліліся ў сваім манастыры, непадалёк ад касцёла бернардынцаў.

Агульны ўзровень гарадской медыцыны, на які аказвала ўплыў, сярод іншых фактараў, ужо згаданая езуіцкая аптэка, меў значэнне і для прывілеяваных саслоўяў, хоць, забяспечаная шляхта і манархі часцяком карысталіся паслугамі прыдворных дактароў.

Звычайна, запатрабаваныя арыстакратамі мясцовыя спецыялісты, маглі пахваліцца адукацыяй, атрыманай за мяжой. У многіх выпадках багатыя шляхціцы звярталіся да паслуг замежнікаў.

Яркім эпізодам, датычным да тагачаснай медыцынскай практыкі, з'яўляецца сцэна з дзённіка Яна Храпавіцкага. Агулам вельмі стрыманы ў сваіх мемуарах шляхціц, пакінуў, пад датай 4 красавіка (1688 года), наступны запіс:

«Мая жонка сёння ледзь не памерла пасля лекаў доктара пані падкаморыны кароннай. О галеністы! (Ад імя старажытнарымскага лекара, грэцкага паходжання, Галена. Заўв. Я.А.). О блазны! Каб вас саміх забіла з такімі лекамі!»

Доктар мецэнаткі брыгіцкага манастыра, кароннай падкаморыны Канстанцыі Бутлер, з якой Храпавіцкі быў у добрых адносінах, як можна бачыць, не надта парадаваў пана Яна, і яго жонку. Назву лекаў «галеніста» Храпавіцкі не піша, але лічыцца, што нават дасведчаныя каралеўскія лекары Яна Сабескага лячылі манарха сродкам, які выклікае жах у сучасных медыкаў, а менавіта, ртуццю.

Мяркуецца, што ўладар пакутаваў ад пранцаў, атрыманых ад жонкі, Марыі Казіміры. I калі лекі з прыгожых кветак марозніка і ласінага капыта, якімі лекары частавалі Баторыя, падчас яго хваробы ў Гродне, наўрад ці аказвалі магутны негатыўны ўплыў на паміраючага манарха, то смяротна небяспечная ртуць дакладна не магла пайсці на карысць каралю Сабескаму, які памёр у 1696 годзе.

Такі быў узровень медыцыны XVII стагоддзя. І, мабыць, прыкладна такой жа недасканалай будзе здавацца медыцына XXI стагоддзя, гадоў праз 300.

З запiсаў Яна Храпавіцкага вядома, что важнага гарадзенскага ўрадніка Андрэя Катовіча неяк разбіў параліч, які, верагодна, з'яўляўся наступствам інсульту.

Ян наведаў у Гродне Катовiча. Сустрэўшы, падчас візіту, нейкага доктара Конрада, Храпавіцкі пракансультаваўся з ім наконт сваіх недамаганняў, а менавiта, боляў у руцэ. Аб выніку кансультацыі Храпавіцкі не паведамляе. Але вядома, што сам гаспадар дома, Андрэй Катовіч, усё ж здолеў падняцца на ногі і прадоўжыць сваю бліскучую кар'еру.

Прыдворныя лекары магутных людзей краіны, карысталіся немалымі дабротамі. Да прыкладу, Нікола Бучэла, доктар Стэфана Баторыя, валодаў нейкім маёнткам, непадалёк ад Гродна, а доктар Станіслава Аўгуста Панятоўскага, Юзаф Вірыён, атрымаў у дар прыгожы, каменны дом у горадзе над Нёманам, па-варварску разбураны ўжо ў савецкую эпоху.

Зразумела, высакакласныя, па мерках таго часу, медыцынскія паслугі замежных спецыялістаў, не маглі быць лёгкадаступнымі для бедных шляхцічаў.

Як і сяляне, дробнае дваранства атрымлівала медыцынскую дапамогу ад знахараў, у аптэчкі якіх уваходзілі перш за ўсё розныя травы.

Тэатр і некаторыя іншыя забавы

Музычныя інструменты згадваюцца ў ліку іншых прадметаў, якія засталіся пасля смерці Стэфана Баторыя. Гэта дае падставу ўявіць сабе ўзвышаную, рэнесансную музыку, якая гучала ў залах абноўленага каралеўскага жылля.

Музыка суправаджала і хатнія забавы шляхты, у дамах якой, часам, былі ўладкованыя нават спецыяльныя месцы для музыкаў.

Пра публічнае выкананне музыкі ў 1752 годзе, згадвае Вільгельм Шлемюлер:

«У другой палове дня мы з цікавасцю гулялі па горадзе і чулі музыку янычараў вялікага польнага гетмана Радзівіла, на рынку перад ягоным палацам. Род музыкі зусім варварскі і жудасны, гучнасцю раздзіраючы вушы. Абапал б'юць у пяць велізарных барабанаў, а іншыя, вялікія латунёвыя прыборы б'юць і трасуць з велізарнай сілай».

Больш мілагучная музыка, у параўнанні з рэпертуарам янычарскай капэлы Радзівілаў, безумоўна, чакала шляхту ў касцёлах, дзе былі ўсталяваныя арганы. У прыватнасці, у францысканскім касцёле Гродна знаходзіцца, паводле некаторых звестак, найстарэйшы арган на тэрыторыі Беларусі, стварэнне якога аплаціла шчодрая мясцовая мецэнатка Канстанцыя Лазавая.

Трымаў прыдворных музыкантаў і граф Антоній Тызенгаўз.

Акрамя таго, розныя інструменталісты былі ў шэрагах езуіцкай капэлы.

Досыць даўняя гісторыя і ў гродзенскага тэатра.

Аматарскія прадстаўленні былі нармальнай з'явай у шляхецкім асяроддзі. Напрыклад, Кшыштаф Завіша згадвае пра калядныя сцэнкі, якія ён, разам з гродзенскімі дваранамі, назіраў у размешчанай непадалёк ад Гродна Індуры, у 1694 годзе. Артыстамі выступалі слугі князёў Масальскіх – дробныя шляхцічы.

Паводле паўлегендарных звестак польскіх гісторыкаў, рускі цар Пётр I глядзеў у Гродне прадстаўленні езуіцкага тэатра, які дзейнічаў пры мясцовым калегіуме.

Працаваў у Гродне і «бацька польскага тэатра» Войцэх Багуслаўскі, які даваў прадстаўленні ў манежы палаца на Гарадніцы. Ён пісаў аб Гродне, куды адправіўся падчас сейма 1784:

«Яшчэ мала брукаваныя ў той час вуліцы Гродна былі залітыя брудам, ды так, што нават з цяжкасцю можна было экіпажам дабрацца да тэатра, размешчанага за горадам, але мае намаганні паслужылі, прынамсі, для новага збору, няхай і нешматлікіх, артыстаў, і для ўваскрашэння айчыннай сцэны».

Канешне, любое апавяданне пра тэатральнае жыццё Гродна было б няпоўным без згадкі тэатра Тызенгаўза, куды граф ўладкаваў прыстойных італьянскіх артыстаў. Сам магнат, зрэшты, не будаваў тэатр у парку Жылібера. Гэты будынак узвёў пляменнік караля Станіслава Аўгуста, таксама Станіслаў. Мабыць, у гэтым будынку прадстаўленнi глядзелі мемуарыст Ян Ахоцкі і яго прыяцелька Франуся, якiя знаходзiлiся ў Гродне, падчас сейма 1793 года, калі гродзенскі тэатр карыстаўся папулярнасцю, а краіна дажывала свае апошнія «прадстаўленнi».


Гродзенскі тэатр у першай палове XIX стагоддзі. РДГА. Верагодна, так ён выглядаў і ў часы С. Панятоўскага.


Пасля сваіх застолляў, добра развесяліўшыся, шляхта ладзiла танцы, прычым рэпертуар быў досыць разнастайны.

Паводле запісаў Уільяма Кокса, на гарадзенскім прыёме ў графа Антонія Тызенгаўза, у палацы на Гарадніцы, танчылі паланэз і нейкія ангельскія народныя танцы.

Папулярнай забавай былі картачныя гульні. Гульнёй у карты забаўляліся кароль Ян Сабескі і яго жонка, вядомая як «каралева Марысенька», пакуль з імі гутарыў, у гродзенскім замку, Ян Хрызастом Пасек, які апісаў гэтую падзею.

Вядома ж, у рамках азартных партый часам прайграваліся вялізныя сумы.

Існуе, да прыкладу, легенда аб тым, што адзін з прадстаўнікоў шляхетнага роду Валовічаў прайграў у карты буйны радавы палац, які знаходзіцца ў Свяцку, каля Гродна.

Вільгельм Шлемюлер пісаў пра гульні, якія ён назіраў у гарадзенскім Новым замку, у 1752 годзе.

«Чатыры пакоі былі выдзелены для забавы. У адной кароль, каралева і лепшыя жанчыны заставаліся, але і астатнім уваход не быў забаронены. У двух іншых пакоях гулялі ў карты і праходжваліся. Картачныя гульні надзвычай азартныя. Можна ўбачыць горы золата, назапашаныя тут, з-за чаго ўзнікаюць і спрэчкi. А восьмай гадзіне жанчыны вяртаюцца дадому і сход заканчваецца».

У XVIII стагоддзі папулярнасць набыў більярд. Кароль Станіслаў Аўгуст любіў праводзіць час за гэтай гульнёй, пакуль быў палонным Кацярыны II і жыў у гродзенскім Новым замку.

Жанчыны (і не толькі) забаўляліся рознымі варожбамі.

Мемуарыстка Уршуля Тарноўская, якая наведала Гродна ў 1796 годзе, успамінае пра такія заняткі. Спачатку ёй зрабiў візіт князь Мікалай Рапнін, якому, відавочна, падабалася крыху падлашчвацца да Тарноўскай, а пасля яго сыходу, шляхцянку наведалі і дамы вышэйшага свету.

«Праз гадзіну пасля, да мяне прыехалі дамы: князёўна Валконская, Паніна і маладая Мараўская. Я варажыла ім на картах з іерогліфамі, якія засталіся на століку. Іх гэта вельмі пацешыла. Ваўконская смяялася, Паніна плакала, у яе нейкі смутак. Першая жудасна вясёлая, але непрыгожая, другая прыгожая і сумная, і поўная талентаў. Гэтыя дамы вельмі пакахалі мяне за гэтую варажбу. Паніна сказала, што будзе мне карысная ў Пецярбургу, калі я туды прыеду. Яна з дому Арлова, унучка таго слаўнага махляра Арлова».

Внимание! Это не конец книги.

Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации