Электронная библиотека » Ян Баршчэўскі » » онлайн чтение - страница 1


  • Текст добавлен: 31 октября 2018, 20:01


Автор книги: Ян Баршчэўскі


Жанр: Литература 19 века, Классика


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 1 (всего у книги 21 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Ян Баршчэўскі
Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік)

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Некалькі слоў ад аўтара

Сярод беларускага люду захоўваюцца яшчэ і цяпер асобныя паданні даўніх часоў, якія, пераходзячы ад чалавека да чалавека, зрабіліся такія ж цьмяныя, як і міфалогія старажытных народаў. Жыхары гэтага краю, а менавіта Полацкага, Невельскага і Себежскага паветаў, спрадвеку пакутуючы, зусім змяніліся характарам; на іх тварах заўсёды адбіты нейкі смутак і змрочная задумлівасць. У іх фантазіях увесь час блукаюць нядобрыя духі, якія, аднак, служаць злым панам, чараўнікам і ўсім непрыяцелям простага люду.

Я нарадзіўся там і вырас, іх скаргі і журботныя апавяданні, як гоман дзікіх лясоў, навявалі на мяне заўсёды змрочныя думкі і з дзяцінства былі маёй адзінаю марай.

Асобныя з гэтых родных успамінаў я прыгадаў у баладах;[1]1
  У пяці томіках альманаха «Niezabudka» Я. Баршчэўскі надрукаваў наступныя балады: «Фантазія», «Русалка-спакусніца», «Дзявочая крыніца», «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы», «Прысяга», «Партрэт», «Зарослае возера», «Рыбак», «Ніна».


[Закрыть]
гэта быў мой самотны напеў. Балады былі пачаткам таго, пра што я меў намер сказаць падрабязней. Гэта ў чалавечай натуры – ад песні пераходзім да апавядання пра тое, што нас найбольш займае. Павінны выйсці адзін за адным шэсць[2]2
  Выйшлі чатыры томікі. Відаць, напачатку Я. Баршчэўскі меркаваў уключыць у «Шляхціца Завальню» іншую колькасць раздзелаў, але з-за нейкіх (магчыма, фінансавых) прычынаў пазней давялося скараціць аб’ём; альбо гэтую ж колькасць раздзелаў планавалася раздзяліць на шэсць томікаў. Аднак няма падстаў гаварыць пра незавершанасць кнігі.


[Закрыть]
томікаў гэтых аповесцяў, якія малююць пераважна мясціны паўночнае Беларусі, бо гэты куток зямлі заўсёды выклікае ў мяне наймілейшы ўспамін.

Я не пераймаю формаў, якія ўжывалі пісьменнікі англійскія, нямецкія або французскія; лічу, што чужаземнае не будзе пасаваць негаваркому жыхару Беларусі. Узяў я форму з самое прыроды. Сірата штодзённа наракае на сваю нядолю, апавядае пра розныя пакуты, якія ён мусіў трываць на гэтым свеце, і яго скаргі на працягу ўсяго жыцця зліваюцца ў адну аповесць, хоць ён і не думаў сёння пра тое, што будзе апавядаць заўтра.

Пецярбург,

1844, 8 верасня[3]3
  Цікава, што гэтую ж дату Рамуальд Падбярэскі паставіў пад уступным артыкулам да кнігі Я. Баршчэўскага, а цэнзар Ігнат Іваноўскі 9 верасня 1844 г. падпісаў у друк першы томік «Шляхціца Завальні».


[Закрыть]

Ян Баршчэўскі

Нарыс паўночнае Беларусі

Той, хто падарожнічае з поўначы ў бок Беларусі, бачыць перад сабою велізарныя вёскі накшталт мястэчак, белыя мураваныя цэрквы і камяніцы двароў,[4]4
  Гэтак тамтэйшы люд называе мураваныя дамы маёнткаў. (Тут i далей заўвагi Я. Баршчэўскага).


[Закрыть]
шырокія засеяныя палі, сям-там невялічкія хваёвыя пушчы або бярозавыя гаі, чуе няраз працяглы і гучны спеў селяніна, які далёка, наколькі сягае вока, разносіцца па палях або пералятае горы і даліны з мелодыяй пастухоўскага ражка. У нядзелю, калі сонца набліжаецца да захаду, сустракае ён вясковых дзяўчат у святочных паркалёвых, а часам і ў ядвабных сарафанах у атачэнні юнакоў-залётнікаў; водзяць яны карагоды, спяваючы народныя песні, а старыя, седзячы на прызбах, разважаюць пра мінулыя і сённяшнія часы…

Аднак калі ён набліжаецца да межаў Себежскага і Невельскага паветаў, то бачыць перад сабою разлеглыя цёмныя пушчы, якія, быццам хмары, навісаюць на даляглядзе, паміж лясоў – саламяныя стрэхі бедных жыхароў; дзе-нідзе позірк сустракае вытырклы паміж хвоямі жалезны крыж пакрытае мохам каплічкі, перад дзвярыма якой на двух хваёвых слупах вісяць або два, або тры званы; па ваколіцах раскіданы магільныя крыжы і камяні. Рэдка натрапіш там на прыстойна збудаваны панскі дом; няшмат і касцёлаў такіх, дзе можна было б бачыць густ архітэктара або выдаткі багатага фундатара; і гэты выгляд зямлі, змрочны і дзікі, пачынаючыся ад ракі Ловаць, распасціраецца да берагоў Дзвіны, дзе канчаюцца Палата і Дрыса.

На ўсім гэтым абшары вузкія камяністыя дарогі, пераразаючы гарыстыя мясціны і мінаючы дзікія берагі азёраў, хаваюцца ў пушчах. У бедных вёсках у святочныя і будзённыя дні заўсёды пануе нейкая панурая цішыня; рэдка адгукнецца песня жняца або ратая, і па гэтым спеве можна лёгка зразумець яго заклапочаныя думкі, бо няўрод часта ашуквае тут надзеі працавітага земляроба…

У гэтых краях прайшлі дзіцячыя мае гады. Тут я пасля таго, як разлучыўся з маладымі сваімі таварышамі па Полацкай акадэміі,[5]5
  Полацкая езуіцкая акадэмія адкрыта 29.05 (10.06) 1812 г. на базе Полацкай езуіцкай калегіі. Мела правы універсітэта. Студэнты займаліся на тэалагічным, філасофскім, вольных навук і старажытных ды сучасных моў факультэтах. Закрыта 1.(13).03. 1820 г. у сувязі з выгнаннем езуітаў з Расіі.


[Закрыть]
не могучы мець пры сабе іншых кніг, апрача некалькіх лацінскіх і грэцкіх класікаў, блукаў у прыемных марах дзе-небудзь у цёмнай пушчы або па бязлюдным беразе возера; любіў чытаць у кнізе прыроды, калі вечаровай парою адкрыецца старонка, на якой мільёнамі зіхоткіх угары зорак напісана Божая Ўсемагутнасць. На зямлі, пакрытай безліччу раслін і жывёл, я чытаў аб Міласэрнасці і Волі Творцы. Гэтая кніга прыроды вучыла мяне сапраўднай паэзіі, сапраўдным пачуццям лепей, чым сённяшнія гаваркія крытыкі, якія чужыя пачуцці і розныя здольнасці, дадзеныя чалавеку ад Бога, хочуць, быццам фрак, перашыць на сваю фігуру.

Апавяданні старых пра розныя здарэнні ў іх народных аповесцях, якія перайшлі ад чалавека да чалавека са старадаўніх часоў, былі для мяне гісторыяй гэтае зямлі, характару і пачуццяў беларусаў.

Пасля таго як лёс закінуў мяне ў далёкія мясціны, як жа часта самотныя думкі мае з берагоў Нявы вяртаюцца ў гэты край, дзе прайшлі лепшыя гады майго жыцця, дзе столькі мілых успамінаў малюе мне памяць! Успамінаю недалёкія ад Невеля ваколіцы Рабшчызны,[6]6
  Блізу маёнтка Гаўдэнтыя Шапялевіча Рудня, куды штолета наведваўся з Пецярбурга Я. Баршчэўскі.


[Закрыть]
дзе прырода ўзняла высокія горы, быццам паверхі велізарных гмахаў, якія стагоддзі пакрылі ценем лясоў, а некаторыя пад пагодлівым сонцам ззяюць залатым пяском. Якія там разнастайныя краявіды, якія цудоўныя малюнкі! Калі хто, будучы ў гэтым краі, узышоў на вяршыню Пачаноўскае гары[7]7
  Верш пад гэтай назвай змешчаны ў «Незабудцы» на 1841 г.


[Закрыть]
і глядзеў на дзікія ваколіцы, што ляжаць навокал, дык бачыў, як азёры тут і там, нібы люстэркі, адбіваюць дзённы прамень, а над іх берагамі дрэмлюць густыя лясы, як дзе-нідзе па схілах чарнеюць бедныя сялянскія хаціны; але не ўбачыш тут нідзе ні гарадскіх муроў, ні вежаў старога замка. Там чалавек забывае пра свет. Не гучаць там спрэчкі французскае палаты ў справе Егіпта і Турцыі,[8]8
  Маюцца на ўвазе войны Егіпта з Турцыяй 1831–1833 і 1839–1840;гг. Францыя ў гэтых сутыкненнях падтрымлівала Егіпет.


[Закрыть]
пра вайну з кітайцамі,[9]9
  Размова ідзе пра першую «опіумную» англа-кітайскую вайну 1840–1842;гг.


[Закрыть]
не гамоняць там ні пра чыгункі,[10]10
  У 1837 г. з’явілася першая чыгунка ў Расіі (Пецярбург – Царскае Сяло). У гэты час інтэнсіўна вялося будаўніцтва чыгунак на Захадзе.


[Закрыть]
ні пра дзівосную вынаходку Дагера.[11]11
  У 1839 г. французскі мастак Луі Дагер (1789–1851) вынайшаў фатаграфію (дагератыпію).


[Закрыть]
І толькі голас пастушка, стрэл паляўнічага ў лесе або вецер, што гойсае ў вяршалінах пушчы, парушаюць на хвіліну цішыню ваколіцы…

Бліжэй да Полацка возера Нешчарда на некалькі міль залівае абшар, падмывае хвалямі ўзбярэжныя пясчаныя горы, на поўдзень – шырокія паплавы, усеяныя купамі лазняку, сям-там рэчкі, бегучы здалёк сярод чароту, хаваюцца ў разліве азёрнае вады. Там вясна – рай; самыя розныя птушкі, здаецца, збіраюцца з усіх канцоў свету, тысячы розных меладычных, дзікіх і чуллівых галасоў адгукаюцца над вадою па лугах і лясах: енк зязюлі, пошчак салаўёў, голас бугая ў чароце, рэзкія крыкі качак… Гэтая дзівосная суладнасць і гэты канцэрт прыроды пераносілі мае ўяўленні ў нейкі чарадзейны край.

І цяпер гэтыя мясціны, дзе ў маленстве я бачыў столькі цудаў прыроды, гэтыя гаі, гэтыя зялёныя берагі Нешчарды памяць малюе мне, нібы прыснёны сад. Прыпамінаю народныя апавяданні пра паданні гэтага краю, пра горы, дрэвы, Нешчарду, якія ходзяць сярод люду; і хоць у яго апавяданнях цяжка знайсці поўную праўду, аднак можна бачыць нейкі след мінуўшчыны гэтага краю, бо яшчэ дагэтуль у некаторых мясцінах можна назіраць валы, узнятыя чалавечаю рукою; гэта, бясспрэчна, сляды войнаў, пра якія не ўспомніў аніводзін гісторык. Часам пагляд сустракае курганы, пакрытыя лесам. Можа, у ценю шумлівых хвояў спачывае там які-небудзь ваяўнік, імя якога даўно забытае. Я няраз чуў аповяды простага народа пра даўнія войны, але да іх столькі дамешана казак і цудаў, што застаўся толькі слабы след мінуўшчыны, без імёнаў дзейных асоб. Раскажу адно простанароднае паданне гэтае ваколіцы.

На паўднёвым баку возера Нешчарды ёсць гара, якую з трох бакоў амывае вада, на той гары – драўляны маленькі касцёлак і некалькі хвояў. Там часта знаходзяць у пяску сцёртыя вякамі срэбныя манеты, шкляныя прадметы, якія выкарыстоўваліся як упрыгожанні, іржавыя рэшткі разнастайнае старасвецкае зброі. Кажуць, на той паўвыспе быў некалі горад. Аднак чый горад, хто ў ім уладарыў, невядома. Тамтэйшы люд, які жыве ў аддаленых лясістых ваколіцах, доўга не ведаў нападаў розных плямёнаў, што блукалі ў гэтым краі дзеля рабунку. Праз некаторы час страшны волат, якога звалі Княжа,[12]12
  Беларускiя словы, сказы i песні, напiсаныя Я. Баршчэўскiм лацiнкаю, выдзелены ў нашым выданнi курсiвам.


[Закрыть]
прываблены да берагоў Нешчарды надзеяй на багаты рабунак, аблажыў з велізарнай хеўраю разбойнікаў гэты горад, адужаў слабую абарону, абрабаваў дамы, пазабіваў жыхароў, у касцёлах паабдзіраў абразы і спляжыў ахвяравальны посуд, нават касцёл зруйнаваў, а званы ўтапіў у возеры і з натоўпам сяброў атабарыўся ў спустошаным горадзе. Аднак Бог дзівосным чынам абвясціў сваю кару блюзнерцам. Званы, затопленыя на дне возера, штодзень на захадзе і ўсходзе сонца абуджалі глухое маўчанне на дзікіх берагах Нешчарды так, што птушкі, напалоханыя енкам гэтага звону, уцяклі паветранымі шляхамі, а сарны і ласі, дрыжучы ад страху, пахаваліся ў далёкіх пушчах. Апоўначы лятала чума, падобная да чорнага шара, і дзе яна дакранулася да сцяны, з гэтага дому ўжо ніхто не выходзіў жывы, і такім чынам вымерла ўся дружына Княжа; сам ён, перапалоханы, пакінуўшы ўсе багацці, закапаныя ў гары, уцёк з некалькімі сябрукамі, але недалёка за возерам яго напаткала смерць. Народ і зараз паказвае аграмадны курган, які называецца Магілай Княжа.[13]13
  У кнізе «Россия: Полное георграфическое описание нашего Отечества» (Спб., 1905. Т. 9. С. 450), дзе пададзена гэтае ж паданне, курган называецца «Княжая Магіла».


[Закрыть]

Шмат і іншых паданняў у тым краі кружыць сярод простага люду; у многіх з іх згадваюцца гістарычныя выпадкі, іншыя ж – болей плён фантазіі ды меланхалічнага духу, што вызначае жыхара гэтых дзікіх і лясістых ваколіц; ад прыроды ён здольны да жвавае думкі, уяўленне яго стварае дзіўныя карціны. Асобныя з тамтэйшых простанародных паданняў я перадаў у баладах, змешчаных у трох томіках альманаха «Nіezabudka»,[14]14
  Да верасня 1844 г. Я. Баршчэўскі выдаў пяць томікаў альманаха «Niezabudka». Калі пісьменнік кажа пра тры томікі, дык, відавочна, што напісаны ў 1842 г. артыкул без змен быў уключаны ў першы томік «Шляхціца Завальні».


[Закрыть]
а менавіта: «Дзявочая крыніца»,[15]15
  Змешчана ў «Niezabudce» на 1841 г.


[Закрыть]
якая знаходзіцца на поўнач ад горада Полацка, схаваная ў ценю адвечных лясоў; «Дзве бярозы»,[16]16
  Змешчана ў «Niezabudce» на 1842 г.


[Закрыть]
якія і цяпер люд паказвае непадалёку ад берагоў возера Шэвіна; «Курганы»;[17]17
  Змешчана ў «Niezabudce» на 1842 г.


[Закрыть]
«Русалка»,[18]18
  Гаворка пра баладу «Русалка-спакусніца», змешчаную ў «Niezabudce» на 1841 г.


[Закрыть]
ўзятая з песні чараўніцы, якая, сумуючы па сваім каханым, спявае:

 
Гусанькі, лябёдэнькі,
Скіньця мне па пёрэчку,
Я з вамі полечу.
 

Бываюць тут часамі ў нядзелю кірмашы; людзі збіраюцца з бліжэйшых вёсак у касцёл. Там на могілках можна бачыць сцэны, якія наводзяць на душу смутак. Вось удава з малымі дзецьмі ля драўлянага крыжа, які стаіць над магілаю яе мужа, а там сіраты над магілаю бацькоў выказваюць сваю журбу голасам, які раздзірае сэрца; калі хто наблізіцца да іх і падслухае іхнія словы, – яны зайздросцяць мёртвым, і гэтыя слёзныя скаргі, здаецца, працялі б і каменныя грудзі. Пасля набажэнства ўсе збіраюцца ў адным месцы, дзе-небудзь паблізу карчмы; тут з’яўляецца некалькі жыдкоў[19]19
  Слова «жыд» не мела ў той час зневажальнага значэння.


[Закрыть]
са стужкамі, іголкамі і рознымі блішчастымі аздобамі для адзення; падае голас адмысловая беларуская дуда.[20]20
  Дуда – духавы інструмент са скураным мехам, маленькай трубачкай для напаўнення яго паветрам і некалькімі ігравымі трубкамі з язычкамі (пішчыкамі).


[Закрыть]
Распачынаецца музыка[21]21
  Музыка, музыкі – гэтак даўней называліся ў беларускіх вёсках танцы.


[Закрыть]
пад адкрытым небам; малады хлопец, і сівы дзед, падхмеленыя гарэлкаю, скачуць да поту, іх радасць часта пераходзіць межы прыстойнасці. А журботныя плачкі, якія нядаўна заліваліся слязьмі над магілаю мужа і бацькі, скачуць пад мелодыю дуды:

 
Слава тобе, Хрыстэ цару,
Што мой муж на цмэнтару,
І бяды позбылася,
І гарэлкі напілася.
 

Або таксама:

 
Калі ж тая серада прашла,
Як ня еўшы на прыгон пашла,
Весь дзень жала, ня лянілася,
Злому войту пакланілася;
А цяпер жа ні а чом тужыць,
І войт п’яный у карчме ляжыць.
 

У большасці песень гэтага простага люду, як у словах, так і ў мелодыі, ёсць нешта меланхалічнае, і нават вясельныя песні, дзе маладым зычаць шчаслівага супольнага жыцця, маюць у сабе нейкае пачуццё смутку, як быццам яны не давяраюць будучаму лёсу ў гэтай юдолі плачу… Але вясельныя абрады адметныя рыцарскім запалам; малады, перш чым стаць ля парога бацькоў нарачонае, прывучае свайго каня не баяцца агню і кідацца ў полымя, апасля такое падрыхтоўкі, сабраўшыся ехаць да свае нарачонае, ён і яго дружына надзяваюць чырвоныя шапкі, звешваюць на грудзі чырвоныя хусткі ды імчацца праз горы да дому, дзе іх чакаюць нявеста і госці. Перад варотамі яны спыняюцца; салома шугае полымем, ён і дружына пераскокваюць яе наўскач на ўдалых конях, але і тут яшчэ запаленыя пучкі саломы, якія кідаюць коням у вочы, не дазваляюць заехаць у адчыненыя вароты; яны адольваюць усе перашкоды; малады са схіленай галавою ўваходзіць у хату, сядае за сталом, чуецца песня «Баслоў Бог вяселле іграць»,[22]22
  Блаславi, Божа, сватанне, бяседу вясельную.


[Закрыть]
і тут пачынаецца блаславенне маладых і вясельны баль. Але ў часе таго балю здараюцца розныя незвычайныя выпадкі.

Беларусь, як і іншыя народы, памятае яшчэ некаторых сваіх міфалагічных бажкоў. Русалкі, калі жыта красуе ў полі, з распушчанымі доўгімі валасамі гушкаюцца на бярозах і спяваюць песні; іхні смех адгукаецца ў глыбіні лясоў і трывогай працінае тых, хто збірае грыбы або ягады. Лясны бог – пан дзікіх пустэльняў; каб чалавечны зрок не мог яго ўгледзець, ён пад размаітымі выглядамі хаваецца ў сваіх уладаннях; мінаючы лугі, так змяншаецца, што яго нельга ўбачыць у густой траве; ідучы праз пушчы, раўняецца з самымі высокімі хваінамі. Ён апякун звяроў і лясных птушак. Кажуць, што бачылі велізарныя чароды вавёрак, якіх лясны бажок перапраўляў з аднае пушчы ў другую; ён рабіў гэта, каб выратаваць іх ад агню, бо прадбачыў, у якім баку выбухне пажар.

Урачыстасць Купалы вядома амаль усім славянскім народам. На Беларусі 23 чэрвеня,[23]23
  Дзень летняга сонцастаяння паводле новага стылю.


[Закрыть]
пасля захаду сонца, адбываецца Купальня, або Свята Купалы; уначы шукаюць скарбаў; самы шчаслівы той, каму пашанцуе сарваць кветку папараці; яго зрок прыкмячае закапаныя ў глыбіні зямлі скарбы, і ён столькі можа мець золата, колькі сам захоча. Кабеты разам з юнакамі і дзяўчатамі каля вогнішчаў са смаловага палення чакаюць усходу сонца, спяваючы песні:

 
Іван да Марія,
На гарэ купальня,
Гдзе Іван купаўся,
Бераг калыхаўся;
Гдзе Марія купалась,
Трава разсьцілалась.
 

Ды іншыя падобныя песні гучаць у полі, аж пакуль сонца не зайграе на небе.

Ноч Купалы ў тым баку Беларусі поўная незвычайных здарэнняў. На думку простага люду, уся прырода ў гэтую ноч весяліцца. Рыбакі бачаць паверхню возера, пакрытую часам белым, нібы месячным бляскам, і хоць неба яснае і паветра спакойнае, бліскучыя хвалі, удараючы ў берагі, разбіваюцца на кроплі, якія, нібы зоркі, свецяцца ў паветры. І гэтае цудоўнае відовішча на зарослых чаротам берагах абуджае дзікіх качак ды іншых вадзяных птушак, якія, прывабленыя дзівосным свячэннем вады, уздымаюцца тут і там над ясным возерам.

Дрэвы ў лесе таксама могуць пераходзіць з аднаго месца на другое; шумам сваіх галін яны размаўляюць паміж сабою; апавядаюць, што нехта, блукаючы гэтай ноччу ў лесе, знайшоў кветку папараці і бачыў не толькі скарбы, схаваныя ў зямлі, але і незвычайныя дзівы ў прыродзе; разумеў гаворку кожнага стварэння; чуў, як дубы сыходзяцца з розных мясцін і, зрабіўшы кола, гамоняць шолахам галін, прыгадваючы, быццам старыя ваяры, свае гераічныя ўчынкі і даўнія заслугі. Ліпы і бярозы, збіраючыся там, хваліліся сваёй прыгажосцю; сярод іх былі некаторыя, нібыта госці з суседніх садоў, класічна падстрыжаныя і выпрастаныя; тыя гаманілі пра залётнасць дваровых дзяўчат і свавольства панічоў, сведкамі якога яны няраз былі; а гэтыя крыўдныя размовы з пагардаю слухалі задуменныя хвоі і яліны. Ён бачыў вербы, якія, стоячы над рэчкай і ўглядаючыся ў вадзяное люстэрка, пыталіся адна ў аднае, што якой з іх пасуе, – і гэтыя цуды дзеюцца ажно да ўсходу сонца.

Усход сонца пасля гэтае бяссоннае, урачыстае ночы таксама бывае крыху асаблівы. Натоўп люду, што весяліцца ў полі, канчае песні ды танцы і моўчкі скіроўвае вочы да неба, нібы паглядае на сцэну, дзе ўверсе, на палаючай прасторы далягляду, павінна з’явіцца штосьці незвычайнае. Узыходзіць сонца, уздымаецца над гарамі ды лясамі і на вачах усяго люду рассыпаецца ў небе на дробныя зіхатлівыя зорачкі, зноў збягаецца ў адзін агністы шар; яго акружае безліч вясёлкавых кругоў, і ён мігціць, кружачыся вакол свае восі. Гэтая праява паўтараецца некалькі разоў, і такім чынам сонца грае штогод 24 чэрвеня.

Апрача згаданых цудаў, ёсць яшчэ, як мяркуюць жыхары таго краю, чароўныя зёлкі. Разрыў-трава можа дзівосна ўздзейнічаць на жалеза, разрывае нібыта замкі і кайданы ў вязняў; калі каса натрапіць на яе на лузе ў час сенакосу, дык расколецца на некалькі частак. Пералёт-трава, або лятучае зёлка; расказваюць пра яе, што яна мае здольнасць пераносіцца з месца на месца, яе вясёлкавая кветка надзвычай жывая і прыгожая, а ў сваім палёце часам блішчыць, быццам зорачка. Шчаслівы, хто яе сарве, бо не зазнае ён перашкодаў у сваім жыцці, усе яго жаданні неадкладна здзейсняцца, і гэтая зёлка – зёлка шчасця. Людзі, марачы пра шчасце на гэтай зямлі, малююць яго ў розных вобразах; грэкі і рымляне верылі ў сляпую Фартуну, што, круцячы вечнае кола, уздымае людзей пад аблокі і зноў апускае ў бяздонне. Беларускі народ уявіў сабе нейкае лятучае зёлка, гонячыся за якім не адзін збіўся з дарогі і не вярнуўся да свае роднае хаты. І я, шукаючы яе далёка, пакінуў гэтую родную старонку, дзе прайшлі самыя прыемныя дні майго жыцця, і цяпер у паўночнай сталіцы,[24]24
  У Пецярбурзе Я. Баршчэўскі жыў з 1817 да 1847 г.


[Закрыть]
паглядаючы на тэатр вялікага свету, чытаю кнігу, што часам смешыць, часам прымушае ліць слёзы, і гэта – кніга чалавечых сэрцаў і характараў.[25]25
  Гэты нарыс друкаваўся таксама асобна ў альманаху «Rocznik Literacki» (Т. І. 1843 г.) і ў перакладзе Л. Кавеліна на рускую мову ў газеце «Иллюстрация» (Т. ІІ. 1846 г. №;10).


[Закрыть]

 
Край мой, дзе горы паўсталі узнёсла,
Край сініх вод, чаратамі зарослых,
Пушчаў, дзе ў голлі хаваецца сонца,
Колькі прыгадак ты будзіш штодзённа,
Ў промнях вясновых, у барвах зялёных
Ты мне з’яўляешся казкай бясконцай.
Згадваю сумную песню ратая
Ці пастуха, што па-простаму грае,
Часам, калі у лясах ля азёраў
З кобзаю рэха гамоніць паўторам
Ці калі люд пасля дзённае працы
Гучна спяшае ля хаты сабрацца,
Чуючы мяккі палон прахалоды,
Слухаць ад старца сівога прыгоды
Прашчураў слынных, асілкаў, герояў.
Слава і дзіва паданне старое,
Што аж ад продкаў па бацькавым краі
З вёскі да вёскі вандруе, блукае![26]26
  Тут i далей у «Шляхцiцы Завальнi» вершы даюцца ў перакладзе Сяржука Сокалава-Воюша.


[Закрыть]

 

Шляхціц Завальня

Дзядзька мой пан Завальня, досыць заможны шляхціц на загродзе,[27]27
  Шляхціц на загродзе – дробны шляхціц, які меў невялікі маёнтак з абгароджанай сядзібаю.


[Закрыть]
жыў у паўночным і дзікім баку Беларусі. Яго сядзіба стаяла ў чароўнай мясціне. На поўнач паблізу жылля – Нешчарда, велізарнае возера накшталт марское затокі. Калі ўсходзіцца вецер, ад возера плыве роўны шум і відаць праз вакно, як пакрытыя пенаю хвалі падымаюць угору і зноў кідаюць уніз рыбацкія лодкі. На поўдзень ад дому нізіны зелянеюць кустамі лазы, дзе-нідзе ўзгоркі, парослыя бярозамі і ліпамі, на захад – разлогія лугавіны, і рака бяжыць з усходу – пераразаючы гэтыя ваколіцы, уліваецца ў Нешчарду. Вясна там надзвычай прыгожая, калі па лугах разальецца вада, і ў паветры над возерам і ў лясах зазвіняць галасы птушак, што вяртаюцца з выраю.

Пан Завальня любіў прыроду, найбольшай прыемнасцю для яго было садзіць дрэвы, і таму, хоць дом яго стаяў на гары, за паўвярсты нельга яго ўбачыць, бо быў з усіх бакоў прыкрыты лесам. Толькі рыбакам, што плавалі па возеры, адкрывалася ўся пабудова. Ён таксама меў прыроджаную душу паэта і хоць сам не пісаў ні прозай, ні вершам, але кожнае апавяданне пра разбойнікаў, герояў, пра чары і цуды надзвычай яго займала, і кожную ноч ён засынаў не іначай, як слухаючы чарадзейныя гісторыі. Таму ўжо было звычайным, што, пакуль ён не засне, хто-небудзь з чэлядзі мусіў апавядаць яму якую простанародную аповесць, і ён слухаў цярпліва, хоць бы адна і тая ж гісторыя паўтаралася некалькі дзесяткаў разоў. Калі хто прыязджаў да яго, маючы якую патрэбу, які-небудзь падарожны ці квестар,[28]28
  Квестар – манах, які збірае ахвяраванні на кляштар.


[Закрыть]
ён найласкавей яго прымаў, частаваў, пакідаў начаваць і выконваў усе жадункі, узнагароджваў, абы толькі той расказаў яму якую казку. А асабліва ўвосень, калі ночы доўгія. Той госць быў для яго наймілейшы, які меў у запасе найбольш гісторый, розных здарэнняў і показак.

Калі я прыехаў да яго, ён быў вельмі мне рады, распытваў пра шаноўных людзей, у якіх я праслужыў столькі гадоў,[29]29
  Колькі гадоў служыў Я. Баршчэўскі ў «шаноўных людзей» сёння нам невядома.


[Закрыть]
расказваў пра сваю гаспадарку, пра бярозы, ліпы і клёны, якія шырока распрасцёрлі свае галіны над дахам. Некаторых суседзяў хваліў, іншых жа ганіў, што яны займаліся толькі сабакамі і паляваннем. Нарэшце, пасля доўгае размовы пра сёе ды тое, кажа мне:

– Ты чалавек вучоны, хадзіў у езуіцкую школу[30]30
  Відавочна, Завальня мае на ўвазе і Полацкі езуіцкі калегіум, і Полацкую езуіцкую акадэмію. Полацкі езуіцкі калегіум заснаваны ў 1580 г. паводле загаду Стэфана Баторыя. У 1812 г. пераўтвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію.


[Закрыть]
], чытаў многа кніжак, гутарыў з вучонымі людзьмі, павінен ведаць шмат разнастайных гісторый, сёння ўвечары раскажы мне што-небудзь цікавае.

Дык я пачаў прыпамінаць, чым бы пахваліцца. Я нічога не чытаў, апрача гісторыкаў і класікаў. Гісторыя народаў – не займальная рэч для таго, каго не цікавяць тэатр свету і асобы, што іграюць розныя сцэны. Для майго дзядзькі адзінай гісторыяй былі Біблія, са свецкіх жа паданняў ён дзесьці вычытаў, што Аляксандар Македонскі, прагнучы даведацца пра вышыню неба і глыбіню мора, лятаў на грыфах і апускаўся на дно акіяна[31]31
  Відавочна, маецца на ўвазе перакладная старабеларуская аповесць «Александрына» («Похождение царя Александра Македонского»)


[Закрыть]
і такая чалавечая смеласць яго, дзядзьку, здзіўляла і займала. Трэба было і мне расказаць што-небудзь падобнае, таму вырашыў пачаць з «Адысеі» Гамера, бо ў гэтай паэме поўна чараў і дзіваў, як і ў нашых асобных простанародных аповесцях.

Блізу дзесятае гадзіны вечара, калі вясковыя жыхары канчаюць сваю працу, мой дзядзька пасля малітвы ідзе спачываць. Ужо сабралася ўся чэлядзь паслухаць новыя аповесці, а ён сказаў так:

– Ну, Янка, раскажы ж нам што цікавага, я буду пільна слухаць, бо сёння адчуваю, што не хутка засну.

Тады я, каб мае аповесці былі лепш зразумелыя для слухачоў, расказаў коратка пра самых галоўных грэцкіх багоў, багінь і герояў, пасля пра залаты яблык, пра суд Парыса, пра аблогу Троі. Усе слухалі з цікавасцю і здзіўленнем. Я чуў, як некаторыя з чэлядзі гаварылі:

– Гэтай басні прыпомніць не можна, дужа цяжкая.

– А ці было калі ў сапраўднасці тое, што ты расказваеш? – пасля доўгага маўчання перапыніў дзядзька.

– Так некалі верылі паганцы, бо гэта было да нараджэння Хрыстовага.

Вядома з гісторыі пра гэты народ, вядома таксама і пра яго рэлігію.

– І такому вас вучаць езуіты ў школах, нашто ж гэта прыдасца?

– Хто вучыцца, – адказаў я, – той павінен пра ўсё ведаць.

– Ну, то кажы далей.

І далей я апавядаў без перапынку. Ужо было пасля паўночы. Чэлядзь, разыходзячыся, паціху паўтарала паміж сабой:

– Нам гэтай басні ня выўчыцца, усё што-то ні па-нашэму, тут нічаго ні прыпомніш.

Праз пэўны час я пачуў моцны храп майго дзядзькі і, усцешаны з гэтае прычыны, перажагнаўся і заснуў.

На другі дзень ён як вясковы гаспадар устаў вельмі рана, агледзеў увесь свой маленькі маёнтачак, вярнуўся ў дом і, набліжаючыся да мяне, калі я яшчэ драмаў, загукаў:

– О, як бачу, вашэць любіць спаць па-панску; уставай, у простых людзей гэта грэх, і цябе назавуць гультаём! Але твая ўчарашняя гісторыя вельмі вучоная, хоць забі, не помню аніводнага імя тых паганскіх багоў. Дый гэта не апошні раз, пагасцюеш у мяне да вясны і за доўгія зімовыя ночы шмат мне раскажаш пра сёе і пра тое.

У час майго побыту ў дзядзькавым доме мусіў я амаль пяць тыдняў кожную ноч усыпляць яго пераказам славутых паэм грэцкіх або лацінскіх класікаў, аднак найбольш яму падабалася з «Адысеі» мудрасць Уліса[32]32
  Уліс – Адысей, галоўны герой паэмы Гамера «Адысея».


[Закрыть]
на берагах Цырцэі і на востраве цыклопаў. Паўтараў мне няраз:

– А можа, некалі даўно і бывалі такія агромністыя веліканы, толькі дзіўна, што з адным вокам на ілбе. Але ж і хітрун гэты Уліс – напаіў, выкалаў вока і выехаў на баране.

Не мог таксама ён забыць шостае песні з Вергілія,[33]33
  Маецца на ўвазе паэма Вергілія «Энеіда».


[Закрыть]
дзе Эней увайшоў у пекла. Паўтараў некалькі разоў такія словы:

– Хоць ён быў і паганін, ды якое шляхетнае пачуццё і любасць да бацькі – ісці ў такое небяспечнае месца. Але якая ў іх дзіўная вера, у нас душачкі збавёныя ідуць у неба, а яны сабе прыдумалі нябеснае валадарства так глыбока пад зямлёй. Дзіўная рэч!

Аднаго разу, размаўляючы са мною, запытаўся ён, ці даўно я быў у Полацку.

– Амаль год не меў нагоды быць у гэтым горадзе.

– Калі надарыцца там быць, добра было б даведацца ад ксяндзоў езуітаў, як вучацца мае Стась і Юзік. О, не кепска быць чалавекам вучоным! От, як вашэць апавядаеш з розных кніжак, таго невук і ў сне не ўбачыць! Добра ўсё ведаць. Я, будучы ў Полацку, і мая нябожчыца жонка, вечная ёй памяць, прасілі ксяндза-прэфекта,[34]34
  Прэфект (ад лац. praefectus начальнік);– загадчык, інспектар або настаўнік рэлігіі ў школе.


[Закрыть]
каб не шкадавалі розгаў.

 
Розгаю дух святы дзетак біць радзіць,
Розга аніяк здароўю не вадзіць.[35]35
  Пачатак беларускае «Каляды для малых дзетак», папулярнага твора XVIII ст., які гучаў так:
Розкаю дух святы дзетачкі біць радзіт,Розкаю бінамне здоров не завадзіт;Розка папужае розум да галовы;Учыт пісьма; а бароніт злой мовы;Розка родзічам паслушнымі чыніт;Розка выпушчает а учыт латыні;Розкаю хоць б’е, не паломіт косці;Дзетак гамует ат ўсякай злосці…На малых добра розка беразовая,А старым карбач, або насека дубовая.Звязда дзеткам тую каляду дае,Прето ж ей за нюю нех жадзен не лае.

[Закрыть]

 

О, гэта цудоўныя вершы – розга вучыць розуму і веры. Сёй-той з нашых панічоў, якіх песцяць у бацькоў, толькі і бавіцца з коньмі і сабакамі, а прыйдзе які ў касцёл, дык нават не перажагнаецца. Якая ўцеха бацькам – толькі кара Божая!

Ужо былі першыя дні лістапада. Самотны, седзячы ля вакна, я слухаў завыванне асенніх вятроў і пошум бяроз і клёнаў, якія густа ўздымаліся над дахам. Віхор круціў па двары жоўтае лісце і ўзнімаў яго ўгору. Усюды глуха, толькі зрэдку забрэша сабака, калі мінае прахожы або пакажацца з лесу звер. Думкі мае былі занятыя нейкімі тужлівымі марамі. Тут уваходзіць кабета, што за гаспадыню ў майго дзядзькі. Гэта сястра яго жонкі-нябожчыцы, ужо ў сталых гадах. Убачыўшы, што я задумаўся, сказала:

– Нудзішся ты ў нас, пане Янка. Ты малады чалавек, а адпаведнае кампаніі не маеш, а можа, ужо і гэтыя начныя апавяданні апрыкралі. Крышку патрывай, – як толькі замерзне Нешчарда, паўз гэты фальварак праз возера будзе вялікая дарога. О! Тады пан Завальня запросіць да сябе шмат гасцей, каб расказвалі, што каму заманецца.

Прайшло колькі дзён. Яснымі і пагодлівымі начамі заіскрыліся маразы. Заснула возера пад тоўстай лядовай глыбай, пасыпаўся снег з аблокаў – і ўжо зіма. Уздоўж Нешчарды з’явілася шырокая дарога, праходзяць падарожныя і цягнуцца ў Рыгу вазы, гружаныя лёнам і пянькою, паказаўся гурт рыбаловаў на лёдзе. Мы з дзядзькам любілі часта наведваць тоні і глядзець на багаты ўлоў, а тут яшчэ і тая была карысць, што ён, прабыўшы цэлы дзень на марозе, хутка засынаў, і я вечарамі быў вольны. Да таго ж мы часцей мелі і заезджых гасцей, перад якімі дзядзька вельмі хваліў мяне і езуіцкія навукі, расказваючы, што чуў ад мяне шмат новых і такіх разумных аповесцей, што і запомніць цяжка. Быў і я рады гасцям, бо сёй-той з іх заступаў маё месца, і мне ўжо было прыемней слухаць, чым гаварыць.

Вечар быў цёмны, неба пакрыта хмарамі, нідзе аніводнае зоркі, падаў густы снег. Раптам пачынае дзьмуць паўночны вецер, навокал страшная бура і завіруха, вокны засыпала снегам, за сцяною завылі сумным голасам віхуры, быццам над магілаю самое прыроды, за адзін крок вока нічога не бачыць, і сабакі на падворку брэшуць: кідаюцца, быццам напалі на нейкага звера. Выходжу з дому, слухаю, ці не падышла зграя ваўкоў, бо ў такую завіруху гэтыя драпежныя звяры найчасцей шукаюць сабе здабычу, гойсаючы тут і там каля вёсак. Узяў набітую стрэльбу, каб хоць папужаць іх, калі здолею заўважыць зіхатлівыя воўчыя вочы. Раптам пачуў крык на возеры, там і тут пераклікаліся паміж сабою мноства адчайных галасоў, быццам не могучы даць рады ў страшнай небяспецы. Я вяртаюся ў хату і кажу пра гэта дзядзьку.

– Гэта падарожныя, – адказаў ён, – дуйка снегам замяла дарогу, і яны, блукаючы па возеры, не ведаюць, у які бок падацца.

Гаворачы гэта, ён узяў запаленую свечку і паставіў яе на падваконні.

Пан Завальня меў звычай рабіць гэта кожную завейную ноч ужо таму, што жыла ў ягоным хрысціянскім сэрцы любоў да бліжняга, і ён рады быў заўсёды гасцям, каб з імі пагаварыць і паслухаць іхнія гісторыі. Падарожныя, што заблудзіліся, заўважыўшы з возера агонь у вакне, цешыліся, як мараходы, змучаныя марскімі хвалямі, калі ўгледзяць здалёк сярод начное цямрэчы святло партовага ліхтара, цешыліся і з’язджаліся ўсе да сядзібы майго дзядзькі, быццам да прыдарожнае карчмы, каб пагрэцца і даць адпачынак коням.

Вецер не сціхаў, і дом, быццам высокія валы, акружалі снежныя сумёты; сярод шуму буры чуваць рыпенне снегу пад нагружанымі вазамі, стукаюць у зачыненыя вароты і крычаць:

– Рандар! рандар! Адчыні вароты; ахці, якая мяцеліца, саўсём перазяблі, і коні прысталі, чуць цягнуць. Рандар! Рандар! Адчыні вароты!

На гэты крык выходзіць парабак, незадаволены, што ўваліўся ў глыбокі снег:

– Пагадзіця, адчыню, чаго вы крычыця, тут не рандар жывець, а пан Завальня.

– Ах, паночык (думалі, што гэта сам гаспадар), пусці нас піраначаваць, ноч цёмная, нічаго не відна, і дарогу так замяло, што і найці няможна.

– А ці ўмеіце сказкі да прыкаскі?

– Да ўжо ш як-нібуць скажым, калі толька будзе ласка панская.

Адчыняюцца вароты, на падворак заязджае некалькі вазоў, насустрач выходзіць дзядзька і кажа:

– Ну, добра, будзеце мець вячэру і сена для коней, толькі з умовай, што хто-небудзь з вас павінен расказаць мне цікавую казку.

– Добрэ, паночык, – адказваюць сяляне, здымаючы шапкі і кланяючыся.

Вось выпраглі яны і прывязалі да вазоў сваіх коней, паклалі ім сена, зайшлі ў пакой для чэлядзі, абтрэслі снег, там далі ім вячэру; пасля яе сёй-той з іх прыйшоў у пакой да майго дзядзькі, ён даў ім яшчэ па кілішку гарэлкі, пасадзіў падарожных каля сябе і ўлёгся ў пасцель з намерам, аднак, слухаць казкі. Сабраліся сямейнікі, і я сеў паблізу, з вялікай цікавасцю жадаючы пачуць новыя яшчэ для мяне простанародныя аповесці.


Страницы книги >> 1 2 3 4 5 | Следующая
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации