Электронная библиотека » Ян Баршчэўскі » » онлайн чтение - страница 3


  • Текст добавлен: 31 октября 2018, 20:01


Автор книги: Ян Баршчэўскі


Жанр: Литература 19 века, Классика


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 3 (всего у книги 21 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]

Шрифт:
- 100% +

– Няхай ён будзе тваім абаронцам, – сказала і надзела на шыю дачцэ.

Калі набожная кабета вымавіла гэтыя словы, дробныя, як град, каменьчыкі, вылятаючы з цёмных куткоў, адскоквалі ад сцен; і камяні па некалькі фунтаў выляталі з-за печы, аднак бацькі і дачка, заклікаючы на дапамогу Прачыстую Маці, цэлымі выбеглі за дзверы.

Сабралася ўся чэлядзь ды са страхам і здзіўленнем паглядалі на хату. З вокан і ад сцен ляцелі камяні рознай велічыні; ніхто туды і наблізіцца не адважваўся. Усе, стоячы, пазіралі на гэтую праяву і не ведалі, што рабіць.

Мінулася поўнач, заспяваў певень. Тая страляніна крыху супакоілася. Аднак ніхто не адважваўся ўвайсці ў хату. Чэлядзь чакала ўзыходу сонца на падворку, а Агапка пайшла з бацькамі да іхняга жытла.

Калі сонца было ўжо высока (выгналі ў поле жывёлу, і парабкі, адны з косамі, іншыя з сохамі, выйшлі на работу), прыязджае Карпа. Дом пусты. Сустрэў адну толькі кабету, якая прыйшла з поля, убачыўшы, што вяртаецца гаспадар. Пытаецца ў яе:

– Што тут чыніцца і дзе жонка?

Кабета апавядае яму, як усё было. Карпа перапалохаўся, змяніўся з твару.

– Яна мяне загубіла, – закрычаў ён і адразу пайшоў да чараўніка Парамона.

Вестка пра здарэнне ў той самы дзень разышлася па ўсёй ваколіцы. У панскім маёнтку адны паверылі, што ўсё гэта ад сілы шатанскае, іншыя ж смяяліся, кажучы, што тут проста нейкае свавольства. Гарасім паведаміў пра ўсё пробашчу, просячы, каб ён гэтага ж дня прыехаў да Карпавае сядзібы і пасвянціў небяспечны дом, у якім завёўся шатан.

Адвячоркам цікаўны люд папрыходзіў з усяе воласці, каб пабачыць тыя дзівы. Прыйшоў аканом і з ім шмат маладых ды смелых хлопцаў з маёнтка, якія, не верачы ў моц шатанскую, спадзяваліся, што зловяць якога-небудзь свавольніка. Колькі з іх, не зважаючы ні на што, нават адчынілі дзверы і хацелі ўвайсці ў хату, але не паспелі стаць на парозе, як усе з крыкам кінуліся назад, бо камень выцяў аднаго з іх так, што хлопец ледзьве апрытомнеў. Люд, паглядаючы на гэтыя дзівы, стаяў здалёк ад дома, а камяні штораз гусцей сыпалі адтуль.

Карпа ад роспачы змяніўся ўвесь і, быццам непрытомны, праклінаючы жонку, суседзяў і лёкаяў, хацеў уварвацца ў хату, але яму не дазволілі. Парамон, што стаяў побач, шаптаў нешта, але сваімі чарамі ўжо не мог дапамагчы. Пан К. Г., апанаваны цікаўнасцю, таксама прыехаў і, не адважваючыся наблізіцца да хаты, загадаў акружыць сядзібу і чакаў, які канец будзе гэтым жахам.

А вось і ксёндз у капеланскім уборы прыехаў. Учыніў ён святы абрад і, калі са свянцонай вадою хацеў наблізіцца да сцен, – імгненна ўвесь дом ахапіла полымя, і хутка будынак рухнуў.

Здзіўлены люд, гледзячы на гэткую помсту злога духа, паціскаў плячыма. І кожны з тых, хто быў тут пры поўнай свядомасці, з трывогаю пакідаў на месцы, дзе стаяў дом, ужо толькі вуголле і дымныя галавешкі. Ксёндз вяртаўся дадому ўзрушаны, шкадуючы аб неразумнасці свае паствы. Калі адыходзіў Парамон, дык лаяў, трасучы галавою, нешчаслівага Карпу: «Добра дурню: як паслаў, так і выспаўся». Па ўсёй ваколіцы, у простай хаце і ў панскім палацы, доўгі час гаварылі пра гэтае здарэнне.

Карпа невядома дзе падзеўся пасля таго страшнага пажару. Знік і ўжо больш не наведваў ні сваіх прыяцеляў, ні цесця, ні жонкі. Рознае пра яго думалі. Адны меркавалі, што ён злыгаўся з ліхадзеямі, якія пераганялі крадзеных коней з Беларусі пад Пскоў ці да Вялікіх Лук. Дык пан паслаў арандара Хаіма на зведы. Іншыя сяляне казалі, што сустракалі Карпу ў роспачы, і ад іхняга голасу ён, як дзікі, уцякаў у лес.

Прайшло колькі тыдняў. Шукаючы качак, нейкі паляўнічы з выжлам ішоў ля берага возера. Дзень быў нейкі хмарны, хвалі біліся аб бераг. На пяску ля самае вады здалёк убачыў ён чараду груганоў. Стрэліў. Груганы паляцелі і схаваліся ў пушчы. Падышоў бліжэй – і бачыць выкінуты вадою труп, які хваля яшчэ пакрывала пенаю. Адразу ж ён паведаміў у маёнтак. Далі знаць у суд. Цяжка было пазнаць, чыё гэта цела, але вопратка і пярсцёнак на руцэ далі магчымасць апазнаць Карпу.

Так няшчасны скончыў сваё жыццё. Без малітваў і без ксяндза там жа на беразе труп закапалі.

Тут падарожны змоўк.

– Скажы ж, – просіць пан Завальня, – а што сталася з Агапкаю?

– Агапка колькі гадоў жыла пры бацьках, ад смутку і спалоху ўвесь час хварэла. Пасля смерці бацькоў і яна згасла, як свечка. Няхай пануе на небе. У сваім дабрачынным і цнатлівым жыцці была яна прыкладам усім кабетам нашае ваколіцы. Хоць было гэта даўно, аднак і цяпер там, дзе яна са слязьмі палівала кветкі, зелянеюць вішні і яблыні, і краскі тыя кожную вясну найпрыгажэй цвітуць, дзяўчаты ў святочныя дні плятуць з іх вянкі і аздабляюць абраз Прачыстае Маці.

– Чаму ж ты не ажаніўся з ёю, калі яна была ўжо ўдавою? – спытаўся пан Завальня. – Ты ж яшчэ раней кахаў яе. Меў бы найлепшую жонку. А добрая жонка – скарб найдаражэйшы, бо дзе ў хаце каханне і згода, там і блаславенне Божае. Вось і я жыву сяк-так, дзякуючы Богу, а ўвесь гэты лад у гаспадарцы зрабілі разам з маёю нябожчыцай.

– Пасля таго смутнага вяселля я прасіў пана, каб дазволіў мне пайсці ў чужую старонку, дзе лягчэй набыць грошы дзеля гаспадаркі ды на падаткі. А яшчэ меркаваў, што, як буду далёка, хутчэй забуду на ўсё тое, што доўга стаяла ў мяне перад вачыма і наводзіла смутак. Я блукаў колькі гадоў па Расіі, ля Ноўгарада і Старое Русы, і быў нават пад самым Пецярбургам, увесь час робячы самую цяжкую работу там, дзе вялі дарогі праз багны і дзікія лясы; капаў глыбокія канавы, часам увесь дзень стоячы ў вадзе. Усё гэта, дзякуй Богу, вытрываў, не падарваў здароўя і вярнуўся дадому з грашыма, і тут мне расказалі пра тое страшнае здарэнне з Карпай і пра смерць нешчаслівае Агапкі.

– А ці жыве Парамон?

– Памёр без споведзі, і магіла яго ў полі без крыжа.

– А што, Янка, ці падабаюцца табе нашы простыя апавяданні? Яны праўдзівыя, і іх лягчэй зразумець, чым гісторыі пра даўніх паганскіх багінь і бажкоў, пра якіх ты мне апавядаў. Такую байку ніхто не запомніць, хіба толькі чалавек вучоны.

– Я люблю падобныя апавяданні. Шмат у гэтай народнай фантазіі Божае праўды.

Калі пан Завальня размаўляў са мною, дык між чэлядзі чуваць былі такія словы: «Вот добры так добры, усю ноч бы ня спаў да слухаў».

– Ну, будзем жа зараз слухаць, – сказаў Завальня, – што нам раскажа твой таварыш. Але здарэнні з твайго жыцця. страшныя і цікавыя.[54]54
  Гэтае апавяданне пад тытулам «Шляхціц Завальня. Апавяданне першае» друкавалася ў часопісе Ю.І. Крашэўскага «Athenaeum» (1844. T. 1).


[Закрыть]

Апавяданне другое. Зухаватыя ўчынкі

– Ведаў і я ў сваім жыцці такога чалавека, што быў падобны да Карпы, і за тое ж мусіў ён пакутаваць. Цяпер свет сапсаваны, шмат людзей зухаватых ды лайдакоў, гатовых на ўсё злое, а хто ім што добрае кажа – і слухаць не хочуць.

– І я памятаю, – сказаў пан Завальня, – лепшыя часы. Колькі паноў было добрых у гэтых краях! Люба было глянуць, якая сціпласць і ціхамірнасць панавала ў святыні Божай, кожны меў у руцэ венчык і ксёнжачку, пашана была старэйшым і любоў братэрская. А цяпер у касцёле чуеш адны шэпты ды смех; здаецца, для таго толькі й прыйшлі, каб паказаць свае модныя ўборы. Мода і фармазонія іх загубіла, а праз іх і іншыя пакутуюць.

– Мне здаецца, дзядзечка, што людзі заўсёды аднолькавыя: і даўней, як і цяпер, былі злыя і добрыя, былі шчаслівыя і нешчаслівыя.

– О не, Янка! Табе не ўбачыць, што старэйшыя бачылі. Не вернуцца даўнія часы, а будзе яшчэ, можа, і горш. Ну, кажы ж нам сваё апавяданне, – сказаў ён да падарожнага.

– Калі быў я яшчэ зусім малады, памятаю, жыў у нашай вёсцы селянін Антон. Меў ён добрую гаспадарку, беднасці не ведаў, а што быў бяздзетны, дык узяў дзіця невядома ад якіх бацькоў. Яго ахрысцілі і далі імя Васіль. Гадаваў яго, як сваё роднае. Калі хлопец вырас, дык пачаў ганяць гавяду на пашу, але быў вялікі гультай і свавольнік. Заўсёды скардзіліся на яго: то каровы пусціць на засеянае поле, то аблае каго брыдкімі словамі, то ў каго каменем кіне. Ідуць скардзіцца Антону, але Антон любіў яго, і калі казалі яму што, ён быццам і не чуў, патураў яму ва ўсім, а той рос і рабіўся ўсё горшы і задзірлівейшы. Сабраліся аднаго разу на паншчыну. Было тое пасля св. Пятра,[55]55
  Г. зн. пасля 12 ліпеня паводле новага стылю.


[Закрыть]
і Васіля таксама паслалі з хаты на працу. Ён, як звычайна, з кожным задзіраўся, ні пра аднаго чалавека добрага слова не сказаў. Быў тады дзень надта спякотны. Войт загадаў пакласці косы і перакусіць чым хто мае, бо надышоў ужо час папалуднаваць і адпачыць. Усеўшыся на лужку ў кола, гаварылі мы пра тое ды пра сёе. Раптам бачым, як адзін селянін, што быў аддаліўся нечага ад нас, стоячы ля гаю, махае рукою і кліча да сябе:

– Хутчэй, хутчэй, хадзіце сюды, пакажу вам дзіва!

Бяжым усе туды. Селянін паказвае рукою на недалёкія бары:

– Паглядзіце, што дзеецца.

Бачым перад сабою дзівосы нечуваныя. Лясун ідзе па бары, галава вышэй за хвоі, а перад ім выбягаюць на поле велізарныя чароды вавёрак, зайцоў ды іншых звяроў; у небе засцяць сонца, адлятаючы прэч, цецерукі, курапаткі ды іншае птаства. Лясун выходзіць з лесу, ператвараецца ў карузліка, і адразу ж з поля і лугоў падняліся матылі і іншая жамяра, і як бы цёмная хмара закрыла нашу ваколіцу.

Зухаваты Васіль падхапіў камень на полі, падбягае туды, дзе Лясун, бачыць яго сярод травы, кідае ў яго каменем і крычыць:

– Згінь, прападзі!

Лясун закрычаў страшным голасам, што аж лістота пасыпалася з дрэваў, падняўся з травы, нібы велізарны чорны птах і, падымаючы крыламі шум, схаваўся за лесам. Нас ахапіў неспакой. Глядзім усе на Васіля, дзівячыся яго адвазе. А ён, ад гордасці за свой учынак, смяяўся да слёз. Быў між намі адзін дасведчаны чалавек, які сказаў:

– Чуў я ад старых людзей, што такая зухаватасць наводзіць няшчасце. Выгараць тут лясы і пушчы, будзе паморак на жывёлу, але і табе, Васіль, не пройдзе гэта беспакарана.

– Што мне да таго, – адказаў Васіль. – Я рады, што ў кадука добра каменем пацэліў, няхай не выганяе з нашых лясоў птушак і звяроў.

Чуткі пра гэта разышліся па ўсёй ваколіцы; такія хлопцы, як Васіль, хвалілі ягоную адвагу, і ён усюды ганарыўся сваім учынкам. Але дасведчаныя людзі, якія лепш усё гэта разумелі, з пагардаю слухалі тыя выхвалянні. І Антон, ціхі чалавек, засмуціўся, калі пачуў пра тое.

Другі выпадак быў яшчэ страшнейшы; калі ўспомню – аж валасы на галаве падымаюцца. Аднаго разу (таксама на паншчыне) складалі мы сена. Дзень быў ясны і спакойны; на ўсходзе паказалася воблака, і далёка, быццам бы пад зямлёю, абазваўся гром. Тут бачым: ідзе накшталт слупа, віхор, падымаючы ўгору пясок і ўсё, што яму трапляецца па дарозе. Круцячыся вірам, праходзіць па полі недалёка ад нашае сенажаці. Са здзіўленнем пазіраем мы на гэта. Але вось Васіль кідае граблі, бяжыць на поле, спатыкае слуп віхору і, працягваючы яму руку, крычыць:

– Як маешся, браце!

А з клубоў пылу падае яму нехта чорную, як вугаль, руку. Слуп, круцячыся, пайшоў далей па полі. Страх агарнуў усіх нас. Вярнуўся Васіль, але ніхто яму слова не пасмеў сказаць. Зразумелі ўсе, што ён запанібрата з духам праклятым.

З таго часу ніхто з ім размаўляць не хацеў; усе яго баяліся, і нават тыя пачалі ад яго ўцякаць, з кім раней сябраваў.

Уся воласць пра гэта ўведала, дайшла чутка і да вушэй пана ды аканома. Яны не хацелі гэтаму даваць веры, і калі неяк пан у маёнтку запытаўся самога Васіля ці праўда тое, што кажуць, ён, лаючы ўсіх, адказаў:

– Тым дурным заўсёды нешта трызніцца, абы разносіць хлусню і плёткі.

І пан яго не чапаў.

Антон, добры чалавек, заўсёды Васілю ўнушаў страх перад Богам, імкнуўся выправіць, змушаў хадзіць у касцёл і маліцца. Ён жа смяяўся з усяго, усім пагарджаў ды ішоў заместа імшы ў карчму.

Нарэшце вырашыў ажаніцца. Антон меркаваў, што добрая жонка і перамена ў жыцці выправяць яго. Пасылаў сватоў не толькі ў сваю, але і ў чужую воласць. Ды ўсюду адмаўлялі, бо слава пра Васілёвы прыгоды і пра злосць ягоную разышлася далёка.

Васіль пагарджаў усімі і кпіў з усяго, кажучы, што ён даўно ўжо сам сабе нагледзеў нявесту, якая яму найбольш даспадобы. Не хацеў спачатку пра гэта нікому казаць, але цяпер аб’яўляе ўсім, што закаханы ў Арыніну дачку Алюту,[56]56
  Галена.


[Закрыть]
што прызнаўся ёй ужо і атрымаў ад яе прызнанне.

Пачуўшы гэта, Антон вельмі засмуціўся і раіў яму адмовіцца ад гэтага намеру, бо пра Арыну ходзяць чуткі, што яна кабета злая і чараўніца, а яблык ад яблыні недалёка падае, дык, можа, і дачка будзе такою. Аднак усе парады былі дарэмныя, і Васіль яшчэ часцей пачаў наведвацца ў Арыніну хату.

Гледзячы на гэтую яго прыхільнасць да Алюты, адны суседзі са смехам казалі:

– Пазнаў роўны роўнага, будзе пара поўная.

Іншыя хвалілі: Алюта будзе добраю жонкаю і не пойдзе па матчыных слядах. Былі і такія, што казалі, быццам ягонае каханне не сапраўднае, быццам яму паднеслі нешта ў пітве і хоць ён і запанібрата з д’яблам, – трапіў на лепшую і сам быў зачараваны.

Шчыра стараўся Антон змусіць яго адмовіцца ад свайго намеру. Нарэшце прыгразіў, што вырачацца яго, такую нявестку не прыме ў хату і маладым на гаспадарку нічога не дасць.

– Я і не прашу ні ў кога нічога, – адказаў Васіль. – Знайду ўсё сам, здабуду і грошы. І апякун такі, як ты, можа, сам прыйдзе калі да мяне ў пазыкі.

Антон пайшоў да кума Марціна. Быў гэта чалавек пачцівы і гаваркі, рады кожнаму параіць і дапамагчы, таму і любіла яго ўся воласць. Марцін ахвотна паабяцаў прыгледзецца да гэтае справы і адлучыць маладзёна ад тае прывязанасці. Даў нават слова, што будзе сябраваць з ім і кожны раз адгаворваць ад тае жаніцьбы.

Калі Васіль пачуў ад апекуна, што не будзе мець ніякае дапамогі, вырашыў шукаць скарбы, нават калі б і былі яны заклятыя ці моц шатанскую мелі. За дзве вярсты ад нашае вёскі быў ля дарогі пагорак, акружаны з двух бакоў яловым лесам. А на пагорку ляжаў велізарны камень, які людзі называлі «Цмокаў Камень». Старыя людзі так пра яго апавядалі.

Аднаго разу ўлетку ў ціхую, пагодлівую ноч з поўначы на поўдзень ляцеў, палаючы агнём, цмок, нёс нібыта з сабою шмат золата і срэбра грэшніку, які прадаў д’яблу душу. Бачылі гэта падарожныя і людзі, што вярталіся з паншчыны. Раптам раскалоўся блакіт неба, разлілося вялікае святло, людзі, молячыся, кленчаць, а цмок, выцяты промнем нябеснага святла, дранцвее ўвесь, валіцца на пагорку і ператвараецца ў камень. Скарбы ж, золата і срэбра, якія ён нёс з сабою, на тым самым месцы самі закапаліся ў зямлю, і з таго часу з’яўляліся ўначы ў розных канцах пагорка ў розных постацях. Адны бачылі на камені Плачку, якая выцірала сабе слёзы агнёваю насоўкаю; другія, ідучы позняй парою па дарозе, сустракалі карузлікаў, чорных і тоўстых, як дзежачкі, што скакалі на пагорку; іншым мроіліся чорныя казлы, што скакалі з зямлі на камень, а з каменя на дол, і шмат іншых дзівосаў.

Казалі яшчэ, што калі хто асмеліцца ля гэтага каменя начаваць, таму тыя скарбы і здабыць наканавана. Васіль быў смелы, не баяўся нічога, бо ўжо раз з шатанам, што ехаў на віхоры, вітаўся, як з братам.

Пасля захаду сонца, калі вечаровы змрок ахутаў палеткі, ідзе ён на пагорак і сядае на камень. Хмары закрылі неба, цямнее ў полі, усюды глуха, у лесе, што чарнеўся перад ім, абзываецца сава; Васіль бачыць, як снуюцца перад ім здані, паўзуць з-пад каменя, сыкаючы, вужы, скачуць у скрутах вакол страшыдлы з сабачымі галовамі і казлінымі нагамі. Васіль смела паглядаў на гэта, мяркуючы, што зараз яму пакажуцца скарбы. Раптам бачыць, як хтось зварочвае з дарогі і набліжаецца да яго. Гэта быў Марцін.

– Што ты тут робіш? – запытаўся ён з усмешкаю. – Пэўна, скарбы шукаеш?



– Шукаю, але чаго ты прыйшоў? Ты затрымаў мяне на парозе багацця, вырваў з рук маіх шчасце, варта, каб я табе галаву каменем раскроіў.

– Не гневайся. Я раскажу пра лепшыя скарбы. – І, сеўшы ля яго на камені, кажа: – Слухай, Васіль, лепей ідзі дадому. Здароўе, пачцівая праца – гэта найдаражэйшы скарб для добрага чалавека. Дрэнна, калі хто шукае дапамогі ад нячысціка. Ты яшчэ малады, працуй, Бог дапаможа. Антон, апякун твой, бяздзетны; калі будзеш паслухмяны, дык усё, што мае, табе перакажа.

Угневаны Васіль плюнуў і, мармычучы штосьці, адышоў.

З таго часу ён не прыходзіў дадому. Антон, бачачы ўсё большую яго зацятасць, супакоіўся і чакаў, што з гэтага выйдзе. Знаёмыя прыносілі розныя весткі пра Васіля. Адны казалі, што знайшоў ён нейкую гультайскую хеўру, крадзе з сябрукамі, а набытыя грошы прапівае ў карчме. Іншыя – што жыве ў Арыны, вучыцца чарам, і нават бачылі, як з Алютай і Арынаю хадзіў па лесе і балоце каля азёраў, збіраючы зёлкі, на якіх ніколі раса не высыхае.[57]57
  Трава росiчка, якая расце на купiнах i ўжываецца супраць чараў.
  Расічка – вельмі рэдкая і нізкая расліна. «Яе адметнасць, па словах простага люду, заключаецца ў тым, што пакуль на ёй ёсць раса, то яе можна знайсці; але як толькі раса прападзе, то расліна хаваецца ў зямлю і адшукаць яе немагчыма. Расічка мае прыемны пах і ўжываецца як лекавая зёлка». – «Собрала росічкі на посвяцаніе» (І. Насовіч. «Словарь белорусскаго наречія»).


[Закрыть]
Трэція сцвярджалі, што з-за куста нават чулі, як Арына, вырваўшы з зямлі нейкую расліну, апавядала пра страшную яе моц.

Марцін, настойлівы ў сваіх задумах, імкнуўся дзе-небудзь сустрэцца з ім, але не выпадала. Не асмельваўся ісці да Арынінае хаты, баяўся гасціннасці чараўніцы.

Аднаго разу ў нядзелю пад вечар хто са знаёмым, хто з кумам ідуць у карчму, каб там пры гарэлцы пагаманіць, параіцца пра тое ды пра сёе і весела час прабавіць. З надзеяю, што, можа, спаткаецца з Васілём, ідзе туды і Марцін.

Сядаюць за стол. Жыд Ёсель рады гасцям, налівае гарэлку, ставіць на стол і крэйдаю запісвае на сцяне, умаўляючыся, што калі ўвосень будзе новы хлеб, дык прыедзе да іх, пачастуе гаспадара і гаспадыню гарэлкаю, а тыя сустрэнуць яго ветліва і аддзячаць розным збожжам.

Заходзіць Марцін. Сёй-той рады, што яго ўбачыў. Просяць госця за стол, частуюць гарэлкаю. Пачалася гаворка пра Васіля і яго каханую; адны хвалілі Алюту, што добрая дзяўчына і была б добраю жонкаю, калі б выйшла замуж за добрага чалавека, а не за Васіля, які пабратаўся з д’яблам; было колькі п’яных, што і Васіля хвалілі; іншыя ж Васіля, Алюту і Арыну называлі найнягоднейшымі людзьмі.

Калі гэтая спрэчка і шум зацягнуліся, Ёсель, што стаяў у канцы стала, кажа:

– Паслухайце, вы несправядліва гаворыце пра Васіля. Васіль – чалавек добры і акуратны; калі прыйдзе з таварышамі да мяне, дык заўсёды плаціць гатоўкаю, заўсёды мае грошы. А Алюта, ай да Алюта, добрая дзяўчына, апранаецца добра, як паненка, ды і ў Арыны я нічога дрэннага не бачу. Ну і што, калі яна чаруе? Яна чаруе, каб мець грошы, а грошы вельмі патрэбныя кожнаму; яна і дапамагае: лечыць зёлкамі людзей.

Калі ішла гэтая размова, імкліва і са стукам адчыняюцца дзверы, заходзіць Васіль з узнятай галавою, шапка ссунута набакір, і з ім некалькі сябрукоў; агледзеўся, убачыў Марціна і насупіў бровы.

– Як маешся, Васіль? – кажа Ёсель. – Даўно цябе не бачыў, ужо дні тры. Я і мая Сора думалі, што з ім такое, а цяпер вось толькі што гаманіў з людзьмі пра цябе.

– Я ведаю, што людзі пра мяне кажуць: сабакі брэшуць, а вецер носіць. Мне ўсё адно. – Ён сеў на лаве, узлокціўся на стол, закрычаў: – Дай нам гарэлкі, але добрае.

– А можа, Васіль просіць гарэлкі салодкае? Я прывёз з горада, хоць яна і каштуе дорага.

– Дай дарагое. – І кідае колькі грывеннікаў[58]58
  Грывеннік або грыўна – расійская срэбраная манета, роўная 10 капейкам, якую білі манетныя двары Расіі ў ХVIII стагоддзі.


[Закрыть]
на стол.

Жыд у міг вока падае кілішак і бутэльку гарэлкі.

Людзі за другім сталом глядзелі на гэта здзіўлена, некаторыя пазіралі спадылба, шэпчучыся між сабою і здзекліва ўсміхаючыся. Максім, які раней за іншых прыйшоў у карчму і быў ужо добра падвяселены, гучна засмяяўся і закрычаў:

– Ого! Як бачу, ты, брат Васіль, мусіш быць багаты не па-нашаму, ужо п’еш панскую гарэлку. Пэўна, начаваў пры Цмокавым Камені і знайшоў грошы або, можа, Арына, што мае быць тваёй цешчаю, нейкімі чарамі насыпала табе срэбра поўныя кішэні. Ну й зух!

Васіль паглядзеў са злосцю.

– З табою, – кажа, – ніхто з нашае сябрыны не гаворыць і ніхто да размовы не просіць, дык не ўмешвайся, а то так завяжу табе вусны, што другі раз ніколі не адважышся лухту вярзці.

– Завяжаш мне вусны? Вой, Вой! Глядзіце, вывучыўся ўжо чараваць ад Арыны, умее вусны завязваць! Вой, вой! Глядзі, каб не быў кульгавы, як твая будучая цешча. А ці ведаеш, чаму яна на левую нагу трохі кульгавая?

– Маўчы, калі з табою ніхто не хоча гаварыць.

– Ніхто не хоча гаварыць, дык будуць слухаць. А я раскажу ўсім – паслухайце! – раскажу вам, чаму Арына кульгавая. Гэта ў яе Грышкаў падарунак. Сам апавядаў мне пад сакрэтам.

Аднаго разу ўвечары, як сонца села, вяртаўся ён з касою з поля дамоў і пачуў голас чараўніцы, якая выклікала каровы, называючы кожную паводле масці. У вечаровай цішы чуваць было, як па вёсках адзываліся рыкам каровы; зарыкалі таксама і ў ягонай аборы. Ён перапалохаўся, што застанецца без малака, бяжыць туды, адкуль чуўся голас, каб даведацца, хто тая чараўніца, падкрадваецца аселіцаю і што ж бачыць? Арына, седзячы на плоце з ускудлачанымі валасамі, дзікім спевам спраўляла чары.

«Будзе дрэнна, – падумаў сабе. – Трэба ёй як-небудзь перашкодзіць». Дык бяжыць дадому і кладзе над дзвярамі ў аборы свянцоныя зёлкі і васковую свечку. Ледзь адышоў колькі крокаў, бачыць, прылятае сарока, разграбае зёлкі і дзяўбе свечку. Грышка бяжыць у хату, хапае стрэльбу, набітую дробным шротам. Стрэліў – пасыпаліся пёркі, аднак сарока паляцела прэч.

На другі дзень пачуў, што Арына параненая ў левую нагу і хворая ляжыць у ложку. Зразумеў усё і думае сабе: «Мае памятку». Аднак баяўся помсты, бо хутка завязала на яго залом у жыце. Але залом ён спаліў на асінавых дрывах, і чараўніца сама ледзь не загінула.

Васіль у гневе схапіў бутэльку, кінуў яе ў Максіма – трапіў у самыя грудзі. Падскочылі адзін да аднаго, і ўсчалася бойка.

На шчасце, з блізкага маёнтка ехаў конна аканом і, чуючы пранізлівы крык арандара, павярнуў да карчмы. Ёсель бяжыць насустрач аканому.

– Ай, дабрадзею, забойства ў карчме, гвалт, што тыя п’яніцы шкоды мне нарабілі!

Саскочыў аканом з каня, умешваецца ў мітусню, пагражае, што заўтра за п’янства ўсіх сурова пакараюць і кожны з іх заплаціць за ўчыненую шкоду. Умомант угаманіліся.

Аканом выганяе іх з карчмы і загадвае ўсім ісці па сваіх хатах. Гэтак і разышліся ў розныя бакі, пагражаючы адзін аднаму адпомсціць.

Ёсель расказаў аканому, як усё было, пра ўсе прычыны звады, не вінавацячы, аднак, Васіля.

– Трэба пра гэта пагаварыць з панамі. Плятуць дурні немаведама што; дарэмна крыўдзяць бедную ўдаву і дзяўчыну, якая ні ў чым не вінаватая. Балбочуць пра нейкія Арыніны чары, я раней гэта не высвятляў, ды толькі ведаю, што яна зёлкамі многім людзям дапамагае. Вось нядаўна сам бачыў, як у маёнтку паненцы Тарэзе вылечыла лішай на твары. Праўда, кладучы ў халодную ваду нейкія каменьчыкі, яна пашаптала, і халодная вада кіпець пачала, як бы на агні; казала мыць гэтай вадою твар, і пані Тарэза хутка ачуняла. Такія чары не толькі нікому не шкодзяць, але, наадварот, карысныя людзям.

– Як пан аканом шчырую праўду кажа, няхай пан так і паведаміць ягамосцю і імосці,[59]59
  Пану і пані. «Подовай перші егомосцю, а потым імосці» (І. Насовіч. «Словарь белорусскаго наречія»).


[Закрыть]
бо аж балюча слухаць, калі так людзей крыўдзяць. Ай, была ў мяне добрая салодкая гарэлка, ды бутэльку разбілі жлукты і гарэлку выпілі. Сора, падай – там яшчэ ёсць крыху салодкае гарэлкі, – падай яе пану аканому і прынясі марынаду на закуску. Маю выдатнага марынаванага шчупака.

Аканом выпіў гарэлкі, закусіў, супакоіў арандара, што яму за ўсё заплацяць, сеў і паехаў.

Назаўтра ў маёнтак прыходзіць заплаканая Арына і апавядае панам, што незычлівыя людзі паўсюль гавораць пра яе, быццам яна напускае чары, каб шкодзіць іншым, завязвае заломы і адбірае малако ў кароў. Клялася, што ніколі нічога падобнага не чыніла. Вядома, старалася людзям дапамагчы ў хваробах і ў розных прыпадках, лекуючы іх зёлкамі, моц якіх толькі ёй вядомая. І гэтая незычлівасць да яе пануе ва ўсёй ваколіцы. Пра Васіля, якога выгадаваў Антон, таксама кажуць, быццам і ён пабратаўся з д’яблам. Але ж і гэта злая прыдумка. Сапраўды, Васіль – чалавек малады, зухаваты, бо яшчэ не паспытаў у жыцці няшчасця, але з часам пераменіцца і будзе лепшы і больш увішны. Ён заляцаецца да ейнае дачкі, але і гэтую сірату людзі крыўдзяць, злое пра яе кажуць.

– Чуў я пра Васіля, што ён, бывае, і не слухае свайго апекуна, і быццам бы страчаўся з віхорам і вітаўся з ім, нібы са сваім братам. Гэта ўсё не варта рабіць, лепей трэба жыць з Богам. Скажы Васілю, няхай не займаецца глупствам, ходзіць у касцёл і працуе. Ну, ідзі ж дадому і будзь спакойнаю, я тваёй дачцы спраўлю вяселле ў маёнтку, бо казала мне пра яе аканомка і ад іншых чуў, што дзяўчына яна добрая і працавітая.

Таго ж дня пан загадаў паклікаць Антона і каб Васіль перапрасіў свайго апекуна. Антону ж наказаў, каб не забараняў Васілю жаніцца з Алютаю, але дапамагаў ім, бо яны абое сіроты. І сам абяцаў выдзеліць яму найлепшае зямлі і даць жывёлы на развод.

– Але ж, пэўна, і пан чуў пра тое, што людзі кажуць. Быццам Арына чараўніца, і скардзяцца некаторыя, што кароў выдойвае і робіць іншыя шкоды, часам перакідаецца ў сароку і лятае паўсюль, і гэта нават бачылі.

– Не слухай плётак. Арына добрая кабета, і Алюта, дачка яе, будзе добраю жонкаю і добраю гаспадыняю. Няхай табе гэта не рупіць, я ручаюся, што будзеш задаволены.

– Панская воля, – кажа Антон. Ён згорбіўся і, чухаючы патыліцу, пайшоў дахаты.

Праз колькі дзён далі пробашчу[60]60
  Пробашч – ксёндз, кіраўнік парафіі.


[Закрыть]
на запаведзь. А хутка і вяселле. Сабралася ў маёнтку цэлая воласць. Відаць, не таму, што былі зычлівыя да маладых, а ведалі, што будзе добрая пачостка і гарэлкі ўволю. Не было там вясковых вясельных абрадаў, як звычайна робіцца ў вёсках, але перад шлюбам, просячы блаславення, маладыя ўпалі ў ногі спярша сваім панам, потым Антону і Арыне. І пасля шлюбу гэтае самае ўчынілі. Алюта была пекна ўбраная. Пані падаравала ёй нейкія завушніцы, якія перад агнём як бы іскры кідалі; чырвоная шнуроўка з залатымі гафткамі, чырвоныя стужкі, і калі села за стол і расплялі ёй чорную касу – з чорных воч па белым твары паплылі-пакаціліся слёзы. Усе расчулена глядзелі на яе. А пасля заспявалі кабеты вясельную песню, якую спяваюць звычайна сіротам, што ідуць замуж. Усе плакалі, нават тыя, што раней пра яе злое казалі. Гэтую песню так я ўпадабаў, што і цяпер яе памятаю.

Вясельная песня сіраціне

 
Ах, знаць, знаць, па вяселіку,
Што ня бацюшка аддаець,
Двор вялікій, а збор не вялікій:
Нет у мяне радзінушкі,
Ой, зашлю, пашлю серу зязюльку
Па радзінушку.
Зязюлька ляціць,
Радзіна едзець.
Ах, паслала б я саловеньку,
Ды салавушка атказываець.
Ах, паслала б я зязюльку
Па своего татульку:
Да за родненькім бацьком
Серая зязюлька не прылятаець,
А татулька адмаўляець:
«Рад бы я ўстаці
К своему дзіцяці
Ды парадушку даці;
Грабавыя доскі
Сціснулі ножкі,
Да не магу я ўстаці».
Сырая зямля
Дзверцы залегла
І акошачка засланіла;
Майго бацюшку
На вяселіка не пусціла.[61]61
  «Вясельную песню сіраціне» выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці Валер’ян і Юльян Грымалоўскія («Вершаваныя творы», Пецярбург, 1837), а таксама Аляксандр Гроза (паэма «Марына»). Р. Падбярэскі цытуе яе ў сваім артыкуле «Беларускае вяселле» ў газеце «Иллюстрация» (1848. Т. 6. №;1).


[Закрыть]

 

Прызнаюся, што і я не мог стрымаць слёз, бачачы перад сабою Алюту і слухаючы гэтую песню. Яна была сапраўднаю сіратою, бо, апрача старое маткі, не мела іншых сваякоў. Гэтую сям’ю пан прывёз з-за свету. Раней жылі яны дзесьці далёка за Дзвіною, і бацька Алюцін памёр адразу ж, як прыехалі ў наш край.

Госці гулялі, пілі адзін з адным, добра падвесяліліся, дуда зайграла песні, і танцы не спыняліся ўсю ноч. Але ўсё было прыстойна, бо паны і аканом часта наведвалі вясёлае ігрышча.

Пасля вяселля пан і Антон добра дапамаглі маладым. З самага пачатку гаспадарання Васіль ужо меў колькі коней, кароў ды іншае жывёлы; новыя забудовы ды колькі дзесяцін урадлівае зямлі.

– Але цікава, – сказаў пан Завальня, – ці перавыхавала яго Алюта, бо ёсць прыказка: хто ажэніцца, той пераменіцца.

– Не, паночку, кажуць людзі, што калі родзіцца жарабя з лысінкай, дык з той самай лысінкай і ваўкі з’ядуць.

– Дзіўныя рэчы на свеце! Кажы ж далей.

– На сваёй гаспадарцы Васіль быў надта ж нешчаслівы, хоць нейкі час, здавалася, і перамяніўся на лепшае. Дзіўна, што страчала яго адна бяда за другою. Выганяць пастухі чараду за вёску ў поле, выбежыць з лесу воўк, схопіць барана; калі разгледзяцца, дык бачаць, што той баран быў Васілёў. Здаралася гэта некалькі разоў, і заўсёды воўк нібы выбіраў толькі Васілёвае. Ходзяць гусі па полі, ускочыць ліса і падушыць іх – гусі былі Васілёвы. Карова ягоная раз заблудзілася каля возера, убілася ў балота, пакуль прыбеглі на дапамогу, ужо ўтапілася. І гэтыя несканчоныя страты давялі яго амаль да галечы.

Неяк загарэўся бор, збеглася ўся воласць; не далі рады, полымя, як хваля на возеры, разышлося па ўсім бары. Шугаючы ўгары, яно ахоплівала густыя лапы ялін і хвояў, а дым, як страшны туман, закрыў усё неба і зямлю так, што ледзь можна было дыхаць. Бегаючы па лесе і збіваючы веццем полымя, папалілі мы на сабе вопратку. Але ўжо не было ратунку. Блізка быў Васілёў дом, іскрынка заляцела ў гумно, і згарэла збожжа.

У тыя дні вяскоўцы паўсюль казалі, што гэта адпомсціў Васілю Лясун, якога ён некалі выцяў каменем, калі той звяроў і птушак пераганяў з аднаго лесу ў другі; а стары чалавек прадказваў яму пажары і паморак на жывёлу.

Васіль ад гора яшчэ часцей пачаў завітваць у карчму. Яго жонка і цешча працавалі дзень і ноч і стараліся адвярнуць яго ад благога.

Ён зноў вярнуўся да зухаватых і бязбожных сваіх учынкаў. Аднаго разу Антон, Марцін ды іншыя, хто яму шчыра спрыяў, прыйшлі да яго ўвечары і нагадалі, каб цярпліва прымаў свае бядоты: мо калі-небудзь Бог усё пераменіць на лепшае? У гэты час насунулася хмара і пачалася навальніца. Ён, задумлівы, сядзеў ля вакна; вецер завыў за сцяною, а ён, як непрытомны, паведаміў:

– Мой брат выючы праімчаў паўз маю хату і паляцеў гуляць па шырокіх палях і густых лясах. Хутка і я за ім туды падамся.

Чуючы гэтыя ягоныя словы, перапалохаліся ўсе, і жонка пачала плакаць. А калі Антон сказаў Васілю, што ён зноў вяртаецца да бязбожных учынкаў, – той грукнуў са злосцю дзвярыма і выйшаў з хаты.

Аднаго дня пад вечар ідзе ён у карчму і там сустракае старых сваіх сябрукоў, з якімі колісь гуляў, і зноў пачынаюць яны банкетаваць. Васіль, калі ўжо добра падпіў, кажа ім:

– Згалеў я зусім, але хутка буду багаты. Прыйшла мне ў галаву добрая думка: пайду начаваць да Цмокавага Каменя, пакланюся д’яблам, мо не пашкадуюць яны мне грошай?

Калі ж пачалі з яго смяяцца, што ён ніколі не адважыцца там пераначаваць (а быў ужо, дарэчы, позні час), ён схапіў шапку:

– Вось дакажу, што не баюся прывідаў! – Кінуў у карчме таварышаў і пайшоў на пагорак да Цмокавага Каменя. І адтуль ужо не вярнуўся дадому.

Мінаюць дні, тыдні, месяцы… Васіля няма. Шкадуюць яго знаёмыя, плачуць жонка з цешчаю. Няма вестак, ці жыве ён, ці памёр.

Розныя былі думкі і чуткі між людзьмі; адны казалі, што недалёка ад Вялікіх Лукаў і Пскова хаваўся ён у пушчах з хеўраю ліхадзеяў; другія сцвярджалі, што Лясун завабіў яго ў свае нетры; сёй-той у грыбах чуў Васілёў голас і Лесуноў смех. Рознае гаварылі. Васіль жа згінуў назаўсёды.

Старая Арына, дзень пры дні гледзячы на слёзы сваёй Алюты, страціла здароўе і заручылася з зямлёю. Алюта і цяпер яшчэ жыве ў панскім маёнтку – ні ўдава, ні замужніца.

– Вось да чаго даводзіць п’янства і зухаватасць, – сказаў пан Завальня. – Меў добрага апекуна і паноў добрых, што яму дапамагалі, – жыў бы спакойна сабе.

Трэба было заводзіць звады з Лесуном, шукаць заклятых скарбаў, вітацца на полі з віхорам, называць яго братам. Бачыш, Янка, які асцярожны мусіць быць маладзён. Заўсёды, перш чым што рабіць, трэба падумаць.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 | Следующая
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации