Автор книги: Ян Баршчэўскі
Жанр: Литература 19 века, Классика
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 5 (всего у книги 21 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]
Калі гэтак апавядаў Якуш, певень заспяваў ужо другі раз. Пан Марагоўскі выняў з кішэні старасвецкі гадзіннік, падобны да сплюснутага шара.
– Ого, – кажа, – мінула гадзіна пасля паўночы. А што, пане гаспадар, ці не час ужо адпачываць? Усіх прыгод ад Якуша не выслухаеш; у яго іх на цэлы месяц, а да таго ж яшчэ любіць пагаманіць і гатовы не спаць да самага світання.
– Вялікі дзякуй, пане асэсар, што зрабіў мне гэтую прыемнасць. Скажу пану шчыра: такія апавяданні заўсёды мне да душы, асабліва калі ўмее хто іх добра расказваць. Якуш, мусіць чалавек кемлівы: і якую мае памяць незвычайную; ніводнае драбніцы з жыцця таго гаротнага Маркі не прапусціў. Але ж пан асэсар заўтра ад мяне не паедзе рана, бо як сам пан чуе, яшчэ вые вецер за сцяною, і хто ведае, можа, і заўтра будзе завіруха.
– Удзень бура не страшная, як-небудзь знойдзем дарогу. Дабранач, пане гаспадар!
Якуш пайшоў у пакой для чэлядзі; Марагоўскі – у сваю пасцелю, што даўно ўжо яму падрыхтавалі. Я, пажадаўшы дзядзьку і госцю добрае ночы, пайшоў у свой пакой. Патушылі свечкі; усюды ціха; толькі выў вецер за сцяною і цвыркун абзываўся пад печчу…
Успаміны пра наведанне роднага краю
Край, дзе чалавек жыў у шчаслівую пару свае маладосці, дзе ў размовах і забавах сустракаў сапраўдную шчырасць і даверлівасць душы зычлівых і добрых сяброў, настаўнікаў і маладых прыяцеляў, – гэты край у памяці таго, хто жыве на чужыне заўсёды паўстае ў найпрыгажэйшых колерах; там, здаецца, яшчэ не скончыўся той залаты век, калі чалавек не разумеў, што такое нядоля і пакуты; і рэчкі там з малака і мёду. Хто ж з краёў далёкіх не сумуе па сваіх ваколіцах? Там нашыя жаданні і думкі жывуць; туды хацеў бы ляцець я на крылах!..
Калісьці і я спяшаў з поўначы на берагі Дзвіны, каб пабачыць тыя ваколіцы, малюнкі якіх заўсёды хаваў я ў глыбіні свае душы. Ледзь набліжуся да радзімай старонкі, здавалася мне, што дубы і хвоі кланяліся, вітаючы даўно знаёмага госця. Горы і азёры, свецячыся здалёк, нагадвалі мне розныя памяткі мінуўшчыны. Вось шуміць хуткаплынная рэчка Дрыса, бяжыць да Дзвіны праз густыя лясы і пясчаныя гаі, абуджаючы шмат згадак. На гэтым беразе было некалі папялішча.
Даўно ўжо яно ўтравела; час знішчыў на зямлі тую памятку, але яна засталася ў маёй душы, яна нагадвае мне той год, калі жыхары гэтага краю хаваліся ў лясах ад віхураў памятнае напалеонаўскай вайны.[66]66
Гаворка пра вайну Францыі і Расіі ў 1812 г.
[Закрыть]
Вечар быў пагодлівы; на захадзе румяніліся воблакі; на пясчаным беразе Дрысы гатавалі вячэру; гарэлі сухія хваёвыя дровы; у ціхай вадзе адбівалася полымя; знаёмыя і суседзі, сабраўшыся ў кола, сядзелі ля вогнішча; яны размаўлялі пра ўваход французскага войска ў Полацак,[67]67
26 ліпеня 1812 г. войскі маршала Ш. Ундзіно ўвайшлі ў Полацак.
[Закрыть] пра сутычкі і баі на Белай Русі; і спагада, і смутак, і надзея чуліся ў іх гаворцы. Мяне тым часам займалі срэбраная рыбка, якая падскоквала над чыстай вадою, птушыныя крыкі ў пушчы і вавёрка, што, забегшы на дрэва і пераскокваючы з галінкі на галінку, вабіла мяне ў лясны гушчар. Калі я пагнаўся за гэтым звярком, дык нечакана нібыта гром абазваўся далёка за борам – там, дзе румяніліся на захадзе сонца воблакі. Грымела без супынку, як бы з-пад зямлі. Здзіўлены, я бягу да грамады і пытаюся:
– Што гэта? Пэўна, насоўваецца навальніца?
Мой бацька парушыў маўчанне і мовіў:
– Гэта бура ў Клясціцах,[68]68
Мястэчка за 26 вёрст ад Полацка. Тут адбылася вядомая бiтва на Белай Русi з французамi, у якой загiнуў генерал Кульнеў.
Клясціцкія баі адбыліся 30 ліпеня – 1 жніўня 1812 г. каля вёскі Клясціцы і на шляху Полацак – Себеж паміж расійскім 1-м пяхотным корпусам П. Х. Вітгенштэйна і французскім 2-м корпусам Ш. Ундзіно.
Генерал-маёр Я. П. Кульнеў (1763–1812) быў смяротна паранены 1 жніўня 1812 г. каля вёскі Сівошна (цяпер в. Лісуны Полацкага раёна).
[Закрыть] на Пецярбургскім гасцінцы; з далёкіх краёў прыйшла яна сюды, сеючы свінцовым градам; дарэмна імкне на поўнач: і там моцныя вятры і маразы спаткаюць яе.
На тварах ва ўсіх відаць была трывога; палахлівыя кабеты са слязьмі на вачах шапталі пацеры: ім думалася, што там кожны стрэл разлучае з жыццём некалькі дзесяткаў чалавек. Яны дрыжалі, нібы перад Страшным Судом, і тая бяссонная ноч прайшла ў размовах. Старыя ўспаміналі мінулае, загадвалі пра будучае; нейкая надзея кволілася ў іх думках. Я ж на крылах хацеў бы ляцець туды, каб убачыць той тэатр вайны і смелых вояў.
А вось непадалёку і тыя цудоўныя малюнкі зарослых гор і лугоў, дзе зіхацяць на сонцы срэбныя струмені і люстэркі рэчак і азёраў. Атоне! Ты цяпер далёка ў чужых краях. Ці ўспамінаеш калі пра хараство роднае зямлі, ці прыходзяць табе ў думкі тыя нашыя вандроўкі, мары, размовы? Тут, захопленыя прыгажосцю прыроды, мы знаходзілі ў кожным месцы багоў старажытных рымлян і грэкаў; тут была наша Новая Аркадыя.[69]69
Гістарычная вобласць у цэнтральнай частцы Пелапанеса ў Грэцыі. У антычнай літаратуры і ідыліях XVI–XVIII;ст. апісвалася як шчаслівая райская краіна пастухоў і пастушак.
[Закрыть] Ля тых ручаёў наяды[70]70
Наяды – у грэцкай міфалогіі німфы крыніц і ручаёў. Лічыліся ахоўнікамі водаў.
[Закрыть] ўпрыгожвалі свае скроні вадзянымі лілеямі, скакалі па лугах німфы,[71]71
Німфы – у грэцкай міфалогіі багіні прыроды, яе пладаносных сілаў. Адрозніваюць німфаў рэчак, мораў, азёр, гор, дрэваў, лясоў і г. д.
[Закрыть] а казланогія сатыры[72]72
Сатыры – у грэцкай міфалогіі дэманы пладароднасці. Уваходзілі ў почт Дыяніса.
[Закрыть] блукалі ў гушчарах. О, шчаслівыя лятункі цудоўнага юнацтва. Калі малады, зямля – рай, усюды дзівосы. Вобраз Старажытнае Грэцыі і ўся мінуласць адрадзіліся ў нашых марах і размовах. Памятаеш, гэтая гара была Алімпам,[73]73
Алімп – у грэцкай міфалогіі гара ў Фесаліі, на якой жывуць багі.
[Закрыть] прыстанкам Муз[74]74
Музы – у грэцкай міфалогіі дзевяць сёстраў, багіні паэзіі, мастацтва і навукі.
[Закрыть] і Апалона;[75]75
Апалон – у грэцкай міфалогіі бог сонца, святла, мудрасці, апякун мастацтваў.
[Закрыть] той расквечаны краскамі разлог мы назвалі Тампейскаю далінаю;[76]76
Тампейская даліна – мясцовасць у Фесаліі (Грэцыя), якая аддзяляе гару Алімп ад горнага масіву Оса (Кісавос). Славілася сваёй прыгожай прыродай; сімвал зямнога раю.
[Закрыть] там – Фермапілы,[77]77
Фермапілы – вузкі праход паміж Фесаліяй і Лакрыдай, які служыў ў антычнасці варотамі з паўночнай Грэцыі ў цэнтральную частку краіны. Тут у 480 г. да н. э. цар Спарты Леанід з трыма сотнямі воінаў чатыры дні супрацьстаяў аграмаднаму войску персаў.
[Закрыть] дзе загінуў з невялічкаю жменькаю воінаў Леанід, цар Спарты, што змагаўся з велізарным войскам персаў.
У гэты куток зямлі мы хацелі перанесці ўсе дзівосы свету.
Ці памятаеш той дзіўны захад сонца, які бачылі мы колісь, наведваючы гэтыя ваколіцы? Якое цудоўнае было неба! Пасмы густых хмараў расцягнуліся над даляглядам, а іх распаленыя краі гарэлі рубінавым агнём; з воблака лілося, накшталт вадаспаду, чырвонае святло, і, быццам на абразах, залатыя промні, падзеленыя ценямі, стралялі ўгору. Нас захапляў гэты пекны малюнак, а хмары ўсё больш і больш гусцелі, і ўрэшце знікла святло; агонь бліскавіцы прабег па небе, і безупынна грымела на захадзе. Пастух, гледзячы на неба, сказаў: «Будзе рабінавая[78]78
Рабінавая ноч – назва навальнічнай ночы напрыканцы лета, калі неба скаланаюць грымоты, бліскаюць маланкі, ідзе праліўны дождж, дзьме моцны вецер.
[Закрыть] ноч!» – і са сваім статкам паспяшаўся да вёскі. І мы схаваліся ад навальніцы ў хату, якая там славілася дабрынёю і ветлівасцю гаспадара.
О, які страх наводзіць такая рабінавая ноч на люд беларускі! У тую пару, калі на палетках даспявае ўраджай, яна, як найстрашнейшы непрыяцель, пагражае знішчыць усе надзеі земляробаў. Сустракае яе селянін, узносячы вочы да неба, з пацерамі на вуснах і з благаннем касцельных званоў.
Трывожна ў хаце ў нашага гаспадара: катоў і сабак выганяюць, бо уцякаючы ад перуноў, злы дух – паводле веры тутэйшых жыхароў – хаваецца звычайна ў целе гэтых жывёлін; кідаюць на жар свянцоныя зёлкі і пасля кожнае бліскавіцы дрыготкім голасам паўтараюць малітвы.
Змрок навокал: хмары зацьмілі неба і зямлю; перуны, як вогненныя вужакі, снавалі адзін за адным сярод чорных воблакаў; грымоты скаланалі будынак, дождж з градам сек у вокны, вецер выў за сцяною. Мінула поўнач, а пра сон ніхто і не думаў; уся сям’я, сабраўшыся разам, пасылала небу малітвы. Аліна стаяла ля маці, твар яе быў белы, як лілея; з надзеяю і спакоем душы, як анёл-суцяшальнік, казала дзяўчына бацькам пра волю і міласэрнасць Божую.
Атоне! Ты памятаеш тую ноч?! Ты ў той час не чуў ні выцця вятроў, ні навальнічных грымотаў; твае вочы і думкі былі занятыя Алінаю; у душы было найяснейшае надвор’е, бо прамень Алініных вачэй сустракаў твой позірк і пранікаў у сэрца. Гэтая ноч была для цябе светлай мараю. Цяпер, удалечыні ад бацькоўскае зямлі, ці бачыш яшчэ калі-небудзь гэтыя пекныя вочы ў смутным задуменні ці ў сне? Але час усё руйнуе!
Колькі зорак з’явілася на небе; вецер пагнаў на лясы і горы рэшткі хмар; заранка румяніла неба. Узышло сонца; відаць пазрываныя стрэхі некаторых будынкаў; на полі набрынялае вадою калоссе ўпала на зямлю; лугі, пакрытыя пяском, які ручаі нанеслі з пагоркаў; высокія хвоі і вязы ляжалі на зямлі, нібы грэцкія героі пасля слаўнае бітвы пры Фермапілах. Усюды страшныя сляды пакінула навальніца.
Сустракаю стогадовы дуб. Ён вытрываў, перамог непагадзь і віхуры, рабінавыя ночы не адолелі старога героя! Яшчэ раскіне зялёныя шаты, запрашаючы пілігрыма адпачыць у прахалодзе засені. Ён сведка даўняе мінуўшчыны, памятае прадзедаў, і праўнукаў нашых абароніць ад летняе спёкі.
Тут у святочныя дні збіраюцца сяляне з усёй ваколіцы. Я бачыў іх забавы. Яны выносяць з дамоў сталы, і старыя, сеўшы пры гарэлцы, гавораць пра мінулае жыццё, пра суседзяў, паноў і пра палітую потам зямлю, што скупа дзячыць за мазольную працу. Дудар у халадку пад дубам надзімае скураны мех; моладзь пачынае свае залёты, кружыцца кола танцораў. Тут сустрэнеш жаўнера, які, крануты іх гасціннасцю, забудзе пра сваю далёкую радзіну, захоча паскакаць, возьме на вока якую прыгажуню – і ў гэты час ён найшчаслівейшы з людзей.
Недалёка ад гэтых мясцін, над рэчкай Дрысаю, стаіць маёнтак Краснаполь,[79]79
Уласнасць паноў Снарскiх.
[Закрыть] акружаны з усіх бакоў лесам. Там ёсць месца, дзе, кажуць, жыў калісьці – яшчэ за паганскімі часамі – князь Бой,[80]80
Бой – міфічны беларускі князь.
[Закрыть] што выславіўся на Белай Русі як магутны асілак. Ён княжыў над усім людам з гэтых дзікіх краёў на берагах Дрысы. Яго звычайнай забаваю было паляванне з лукам і стрэламі ў пушчах на ласёў і іншых дзікіх звяроў. Меў ён пару адданых ганчакоў; адзін з іх зваўся Стаўры, другі – Гаўры. Былі яны надзвычай дужыя і кемныя; найстрашнейшы мядзведзь у сутычцы з імі не мог вытрываць; яго адразу ж разрывалі, як харты зайца.
Калі Бой на ловах адыходзіў ад сяброў і акружалі яго ліхадзеі, дык ён разганяў і забіваў іх, пускаючы сваіх дужых сабак. Няраз, калі заблукае ў далёкіх лясах, сабакі, ідучы наперад, выводзілі яго на дарогу і да самага дому.
Шмат разоў гэтыя сабакі ратавалі гаспадара ад небяспекі і былі найпрыемнейшаю забаваю ў яго жыцці. Загадаў ён падданым сваім, каб шанавалі сабак і віталі іх як найважнейшых асобаў з ягонага почту. А калі ад старасці сабакі адзін за адным памерлі, дык за заслугі прызначаны былі ім святыя дні.
Люд збіраўся на тое месца, дзе закапалі іх косці, прыносіў пітво і ежу. Гулялі да позняе ночы. Рэшткі пачастунку і косці кідалі ў вогнішча, паўтараючы імёны двух ганчакоў – «Стаўры! Гаўры!» і выклікалі іх цені з таго свету.
І цяпер яшчэ паміж людам у асобных вясковых хатах патаемна спраўляюць тое свята раз на год – перад Сёмухаю.[81]81
Сёмуха – Тройца, Зялёныя святкі – старажытнае земляробчае свята, якое адзначалася на сёмы тыдзень пасля Вялікадня.
[Закрыть] Гаспадар бярэ які ласы кавалак, нахіляецца пад стол і тройчы паўтарае:
– Стаўры, Гаўры, гам, пріхадзіце к нам!
Я чуў, што на кліч некаторых з’яўляліся велізарныя чорныя сабакі і адразу знікалі. Можа, гэта камусьці здалося; можа, гэта справа злых духаў, а можа, проста фантазія люду беларускага, якому заўсёды мрояцца чары і духі ў размаітых постацях, і ў кожнай з гэтых істотаў свой абавязак: духі водныя,[82]82
Вадзянiк.
[Закрыть] духі зямныя[83]83
Хляўнiк, што мучыць жывёлу.
[Закрыть]], хатнія[84]84
Дамавiк.
[Закрыть]], вартаўнікі лясоў[85]85
Лясун.
[Закрыть] і скарбаў[86]86
Сатана, Праклятый – ад заклiнання скарбаў.
[Закрыть].[87]87
Гэты нарыс (з прысвячэннем маршалку Станіславу Грабніцкаму) друкаваўся таксама асобна ў альманаху «Rocznik Literacki» (Т. IІ. 1844 г.) з прыпіскаю выдаўца Р. Падбярэскага: «Гэта ўрывак з вялікага твора, які малюе Беларусь: «Шляхціц Завальня, або Фантастычныя апавяданні беларускага люду»».
[Закрыть]
Полацак
Мінаю пушчы і вось на шырокай раўніне бачу горад Полацак. Вежы касцёла св. Стафана,[88]88
Калiсьцi езуiцкiя.
Касцёл св. Стафана пабудаваны напачатку XVII;ст. У 1738–1748;гг. на месцы драўлянага пастаўлены мураваны касцёл (паводле асобных крыніц яго называлі касцёлам Звеставання Прачыстае Дзевы Марыі). Перад касцёлам – галоўная плошча горада – Парадная. У 1830 г. перададзены праваслаўным, перабудаваны і перайменаваны ў Мікалаеўскі сабор. У 1964 г. разбураны, на яго месцы ўзведзены жылы дом.
[Закрыть] на замкавай гары – царква св. Сафіі,[89]89
Калiсьцi базыльянская, што была фундавана старажытным родам Грабнiцкiх, герба Астоя.
Полацкі Сафійскі сабор пабудаваны ў сярэдзіне ХІ;ст. пры князі Усяславе. Быў кафедральным саборам Полацкае праваслаўнае епархіі. З XVI;ст. – кафедральны сабор Полацкай уніяцкай архіепархіі. Базыльянскі ордэн (брацтва св. Васіля Вялікага) быў уніяцкім. Пасля скасавання царскімі ўладамі Уніі на тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага (1839) ордэн быў распушчаны, а Сафійскі сабор перадалі Рускай праваслаўнай царкве. Гаворка пра апошнюю адбудову (1738–1750) Сафійскага сабора пасля яго разбурэння ў час Паўночнай вайны (1710) расійскім войскам. Сродкі ахвяраваў Фларыян Грабніцкі (1664(?)–1762), полацкі уніяцкі архіепіскап.
[Закрыть] якія, стоячы ў тумане, здаецца, імкнуцца да воблакаў; іх постаці-веліканы пануюць над горадам і над усёй ваколіцай. Гледзячы на ўсю гэтую мінуўшчыну, я ў думках стварыў яе вобраз; да сэрца падступіў смутак, і са слязьмі на вачах сустракаў я гэтыя высокія муры.
Акунуўшыся ў журботныя ўспаміны, падыходжу да горада; сады Спаса[90]90
Гаворка пра Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр (Спаскі манастыр), помнік ХІІ;ст. Заснаваны Ефрасінняй Полацкай як паўночны абарончы фарпост Полацка на правым беразе Палаты. З часоў Стафана Баторыя – рэзідэнцыя езуітаў. У 1832 г. перададзены ўладамі праваслаўным. У ансамбль манастыра ў першай палове ХІХ;ст. уваходзілі: Спаса-Праабражэнская царква (касцёл), пабудаваная ў 1152–1161;гг. дойлідам Іаанам па замове Ефрасінні Полацкай; жылы корпус, пабудаваны напачатку XVIII;ст., пазней – рэзідэнцыя генерала езуіцкага ордэна; уязная брама, сад.
[Закрыть] нагадваюць мне травеньскія праходкі, тэатр сярод густых ліпаў на вольным паветры; там юначае ўяўленне пад клапатлівым вокам настаўнікаў найперш вучылася пазнаваць Творцу гэтага свету, Яго апеку над кожным стварэннем і захапляцца прыгажосцю неба і зямлі.
Недалёка ад Палаты стаіць мураваны касцёл св. Ксаверыя;[91]91
Не збярогся. Знаходзіўся на Ксавер’еўскіх могілках.
[Закрыть] тут магілы, дзе спачывае прах цноталюбівых манахаў езуіцкага ордэна, свецкае моладзі і старых, з якімі я некалі быў знаёмы і сябраваў; невыказнае пачуццё навеяў на мяне гэты малюнак; душа пазірала на іх, як на анёлаў, што ляцяць на неба; старанна змовіў я малітвы і доўга стаяў задуменны, гледзячы на гэтае святое месца. Даўнейшыя часы, даўнейшае жыццё, даўнейшыя звычаі і набажэнства выразна маляваліся ў маіх успамінах. О, шчаслівыя! Яны бачылі лепшыя часы, спяць у роднай зямлі, а я да якіх прыплыву берагоў, дзе знайду спачын пасля гэтага бурлівага плавання? За Палатою, на шырокай раўніне, як люстэрка, адбівае сонечнае святло невялічкая плямка вады, якая завецца Валовае возерца. Кажуць, што калісьці яна была ў самім горадзе і да хрышчэння стаялі ля гэтае азярыны святыні[92]92
Гаворка пра капішча Пяруна ля Валовага возера (сёння ў межах Полацка).
[Закрыть] Перуна і Бабы Ягі,[93]93
У народзе дасюль яшчэ паўтараецца страфа пра тую Бабу Ягу:
Баба Яга,Косьцяная нага,На ступе едзець,Тоўкачом поганяець,Мятлой ьсляды замятаець.
[Закрыть] але цяпер не засталося аніякіх слядоў ад тае старажытнасці.
У ваколіцах Полацка кожная мясціна ў апавяданнях тутэйшых жыхароў мае нейкую гістарычную памятку; на другім беразе Дзвіны за некалькі вёрст адсюль стаіць невялічкі касцёл св. Казіміра;[94]94
Не захаваўся.
[Закрыть] тут апавядаюць, з’явіўся Казімір перад войскам сваіх суайчыннікаў і перавёў іх праз імклівую рачную плынь; і сёння паказваюць у тым месцы пад Струнем пясчаны падводны вал, па якім пераходзіла войска; царква Барыса і Глеба,[95]95
Пабудаваная ў сярэдзіне ХІІ;ст. у Бельчыцах, рэзідэнцыі полацкіх князёў. Не захавалася.
[Закрыть] нібыта пабудаваная цудоўным чынам самімі святымі; Экіманія – маёнтак паноў Беліковічаў[96]96
Людвік Беліковіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці краю ў 30–40-я;гг. ХІХ;ст. Я. Баршчэўскі няраз наведваў яго ў Экіманіі.
[Закрыть] ля самае Дзвіны на стромым беразе ў прыгожай мясціне; увесь горад Полацак відаць адтуль як бы ў чароўнай панараме, а вясною, у паводку, ля падножжа гары чуваць музыка і песні са стругаў, што плывуць у Рыгу; шмат таксама старажытных паданняў захоўвае гэтая мясцовасць у народных апавяданнях.
Якія перамены сустрэў я ў горадзе пасля васемнаццацігадовай адсутнасці! Толькі старажытныя валы, як і раней, зелянеліся травою, і дзве ракі, якія тут зліваюцца, плылі ў тых самых берагах; сям-там на асобных вуліцах закураныя мураванкі і папялішчы нагадвалі пра пажары, што няраз спусташалі гэты горад. Аддаўшыся думкам, я хадзіў па вуліцах, нібыта нікому не знаёмы іншаземец; прабіў гадзіннік на вежы – колісь езуіцкага – касцёла,[97]97
Касцёл св. Стафана.
[Закрыть] і гэты голас, як прывітанне адданага сябра, крануў маю душу. Ён знаёмы мне з дзяцінства: калісьці адлічваў час вучобы і адпачынку, будзіў на світанні да новае працы, але цяпер, здаецца, паўтараў сваім гучаннем: fugіt іrreparabіle tempus[98]98
Час незваротны (лац.).
[Закрыть]].
Голас касцельных званоў таксама крануў маю душу, узнавіў у памяці ўсё мінулае. Атоне, ты памятаеш той гучны званок, што збіраў нас калісьці на заняткі навукамі свецкімі ды рэлігійнымі і на штодзённую малітву ў святыні Божай; ён замоўк назаўсёды; адзываецца толькі ў сэрцы і ў памяці нашай.
Найпрыемнейшы ў жыцці чалавека час – вясна маладосці, калі, раскрываючы кветку свайго розуму, ён дае волю лятункам, песціць у сэрцы вялікія надзеі, не думаючы пра тое, што ёсць на свеце віхуры і страшныя буры, якія часта нішчаць усе чалавечыя намеры; гэтая шчасная пара мае дзіўную прывабнасць, дорыць чалавеку адчуванне нейкіх незвычайных райскіх уцех, і гэта бывае менавіта тады, калі вольныя ад працы юнакі вяртаюцца дамоў, разважаюць пра навукі, настаўнікаў і таварышаў.
Набліжаецца Вялікдзень; з якім пачуццём, з якой вераю выконваюць усе рэлігійныя абавязкі! Рэкалекцыі,[99]99
Пост, гавенне.
[Закрыть] падрыхтоўка да споведзі на Вялікдзень – якую асалоду і спакой прыносяць яны душы! У Чысты Чацвер кожны клас са сваім настаўнікам наведвае астрогі, шпіталі, раздаючы ўсюды, па магчымасці, грошы і міласціну ўбогім. Каменны той чалавек, якога гэты прыклад не навучыць любові да бліжняга!
У езуіцкіх школах вакацыі звычайна пачыналіся з першага жніўня; вучняў пасля экзаменаў пераводзілі ў вышэйшыя класы; імёны выдатнікаў друкавалі ў кніжачках дзеля заахвочвання да далейшых поспехаў у вучобе.
У той дзень горад Полацак мог быць сталіцаю ўсёй Белай Русі; шум і грукат вазоў адзываўся па ўсім горадзе; з’язджаліся абывацелі; адны – на ўрачыстасці ў дзень св. Ігнацыя Лаёлы;[100]100
Лаёла Ігнацы (1491–1556), дробны іспанскі шляхціц, заснаваў у 1534 г. для барацьбы з Рэфармацыяй ордэн езуітаў. У 1541 г. быў выбраны пажыццёва генералам ордэна.
[Закрыть] другія – каб падзякаваць за клопаты тым, хто вучыў і выхоўваў іхніх дзяцей; іншыя – каб пабыць у тэатры, бо вучні Полацкае акадэміі звычайна да гэтых дзён рыхтавалі пастаноўку; з’язджаліся гандляры з усіх бакоў і найвыгадней збывалі свае тавары.
Перад Калядамі таксама былі экзамены і спаборніцтвы між вучнямі пачатковых класаў, калі яны на вачах бацькоў, апекуноў і настаўнікаў задавалі адзін аднаму пытанні па граматыцы лацінскае мовы, перад імі на стале былі раскладзены ўзнагароды для пераможцаў, і гэтае іх саперніцтва заўсёды пачыналася такімі памятнымі словамі:
– Domіnі emule a quo іncіpіemus?
– A sіgno Sanctі Crucіs?
– Quіd est sіgnum Sanctі Crucіs?
– Est munіmentum corporіs et anіmae.
– Facіamus sіgnum Sanctі Crucіs:
– Facіamus.[101]101
– Божа, з чаго ж мы пачнём?
– Са знаку святога крыжа.
– Што ёсць знак святога крыжа?
– Ёсць абарона цела і душы.
– Дык зробім знак святога крыжа!
– Дык зробім! (лац.)
[Закрыть]
Тут усе кленчаць, а пасля малітвы пачынаюцца дыспуты і дэманстрацыя ведаў.[102]102
У гэты самы час у канвікце выхаванцы таксама ставiлi камедыi па-французску, а сяды-тады i на лацiне – з твораў ксяндза Порэ. (Заўвага выдаўца).
Канвікт – пансіён пры Полацкай езуіцкай акадэміі, дзе выхоўваліся дзеці заможных бацькоў. Плата складала 600 рублёў срэбрам у год. Высокі ўзровень адукацыі, якую давалі езуіты, заахвоціў і расійскіх саноўнікаў аддаваць сваіх дзяцей у гэты канвікт.
Выдаўцом першых трох томікаў «Шляхціца Завальні» быў Ян (Іван Фёдаравіч) Эйнерлінг – літаратар, педагог, выдавец. Вучыўся ў Полацкай езуіцкай акадэміі ў канвікце. У 30-я;гг. ХІХ;ст. напісаў і выдаў шэраг падручнікаў па францускай мове і геаграфіі. У 1842–1843;гг. «по высочайшему повелению» выдаў у трох кнігах дванаццацітомную «Историю государства Российского» М. М. Карамзіна, ахвяруючы свой уласны капітал (больш за 100; тыс. руб.). Пэўна, за свой кошт выдаваў і «Шляхціца Завальню».
[Закрыть]
Атоне! Успомні тыя шчаслівыя часы, успомні сяброў свае маладосці, таварышаў, настаўнікаў, якія столькі гаварылі нам пра веру, пра Бога, пра абавязкі хрысціяніна і пра навуку; свет у той час здаваўся нам раем, бо ў людзях, што былі побач, мы бачылі толькі зычлівых, шчырых і адданых сяброў. Цяпер мы прачыталі кнігу пра вандраванне па даліне няшчасцяў; прыйшла восень, і паспеў плод горычы!.. Часта паўтараю сам сабе гэты верш:
Я прыгадваю: спевам кляшторны званочак
Сябрукоў маладых заклікаў у грамады.
Калі сэрца не чула ні мораку ночы,
Ні святла, ані лёсу завілага здрады.
Ды, на жаль, час усё ў жыцці перайначыць.
Знікла шчырая радасць, як сон мой шчаслівы,
І кляшторны званочак аціхнуў, а значыць,
Толькі ў згадках чутно, як гучыць ён тужліва.
Я ж па моры нясталага гэтага свету
Не па скарбы паплыў, што ў нязнаных прасторах,
Не па славу, каб вечна быць ёю сагрэтым,
А таму, што ўсе плысці мусяць тым морам.[103]103
Строфы з верша Я. Баршчэўскага «Да Юлі», цалкам змешчанага ў альманаху «Niezabudka» на 1840 г.
[Закрыть]
«Калі я выпраўляў карэктуру гэтага аркуша, міжволі апанавалі мяне пачуцці. Думкі мае, акрыленыя ўспамінамі, імчаць да празрыстых вод Палаты. Памятаю цудоўныя вежы горада, які магу назваць родным; сціплую дахоўку святога для мяне будынка, яго доўгія калідоры і прыцемак свечак у вялікім касцёле, і хваласпевы пад яго стракатым скляпеннем, і працяжны гук арганаў, што ўлівае пабожнасць у сэрца. Памятаю пляц, запоўнены людам у час чуллівае працэсіі з абразом Святога Немаўляці, і знаёмае гучанне прыемнае музыкі трубаў з касцельнага ганка; памятаю нашых добрых настаўнікаў і адданых сяброў, высокі вал і мост над ціхаплыннаю рэчкаю, і ля самотнага слупа сярод залатога калосся роўны пясчаны гасцінец да Спаса, і нявінныя гульні на зялёным выгане, і спякоту прамяністага сонца, і халадок густога бору, і блакітнае неба, і чысціню душы, нявопытнай, бясхмарнай, – шчаслівай! Там, там калыска мае маладосці!»[104]104
Заўвага выдаўца.
[Закрыть]
Рыбак Родзька
У ціхым балоце чэрці родзюцца.
Прыказка беларускага люду
Мой дзядзька зірнуў праз вакно на возера і сказаў мне:
– Што гэта такое, што Родзька дасюль не прывозіць рыбы; хутка і калядная куцця. Вяртаючыся з Полацка, пан Марагоўскі, можа, застанецца ў мяне на свята, а можа, і яшчэ хто-небудзь з суседзяў наведаецца.
– Пэўна, яму не пашанцавала, бо памятаю, рыбакі скардзіліся, што гэтымі днямі не было ўлову, дык і яго надзеі не спраўдзіліся.
– О, не, Янка! Ты ведаеш гэтага рыбака, ён у сваім рамястве чалавек незвычайны, ніколі не вяртаецца дадому з пустымі рукамі, ведае ўсе падводныя сховы; здаецца, што пад лёдам бачыць, дзе хаваюцца ляшчы, шчупакі ды іншая рыба. Увосень, калі неба закрываюць чорныя хмары і вые вецер, я з трывогаю паглядаю ў вакно, як ён закідвае нерат на возеры, бура ўздымае пакрытыя пенаю хвалі, а ён, нібы нырок,[105]105
Нырок – вадаплаўная птушка з сямейства качыных.
[Закрыть] то з’явіцца на паверхні ў рыбацкай лодцы, то знікае сярод шумлівых хваляў, а над ім лётаюць толькі белыя крачкі;[106]106
Крачкі – сямейства птушак атрада сеўцападобных.
[Закрыть] і ў такую буру ён няраз прывозіў мне рыбу і вяртаўся дадому, хоць жыве на востраве, які адсюль так далёка, што ў ясны дзень ледзь згледзіш.
– Надта смелы, а ці не зазнаў калі няшчасця?
– Сам ніколі не паспытаў бяды, а неспрактыкаваных у гэтым рамястве яшчэ і ратаваў, калі гінулі ў буру. Пра яго такія цуды апавядаюць, што цяжка даць веры. Быццам Родзька, ведаючы, што адна рыба лепш ловіцца ў непагадзь, другая – у ціхі ясны дзень, выклікае вецер на возеры, бунтуе ваду, а калі гэта не трэба – вецер адсылае прэч, вяртае ясны дзень і па спакойнай вадзе, напоўніўшы лодку рыбаю, з песняю вяртаецца дадому. З гэтае прычыны некаторыя думаюць, што ён чараўнік.
– А можа, і служаць яму злыя духі? Ты ж, дзядзька, і сам верыш, што ёсць чараўнікі.
– Веру. Але Родзька – чалавек добры, так людзям здаецца. Чараўнікі ж, што знаюцца са злымі духамі, шкодзяць людзям, а я не чуў, каб ён каго пакрыўдзіў, у нядзелю ходзіць у касцёл і старанна моліцца; дарэчы, ён падданы езуітаў.
Калі мы так размаўлялі, загаўкаў сабака на панадворку, Завальня глянуў у вакно.
– Вось, – кажа, – пра пана памоўка, а пан на парог; дачакаўся я нарэшце: вязе Родзька рыбу.
Заходзіць Родзька, у руках зроблены са старога нерата залубянелы на марозе мех (здавалася, што сплецены ён з дроту); з мяха прасвечвалася срэбная луска свежае рыбы. Росту ён быў малога, твар бледны і сухі, жарыя вільготныя валасы неахайна падалі на плечы: у маіх вачах быў ён падобны ў гэты момант да Трытона,[107]107
Трытон, у грэцкай міфалогіі марскі бог, сын Пасейдона і аднае з нерэід Амфітрыты. Трытонамі таксама называюць марскія істоты, што трубяць у ракавіны, суправаджаючы Амфітрыту і Пасейдона.
[Закрыть] які, усплыўшы з марскога дна, трубіў у ракавіну ў кампаніі Нептуна або Амфітрыты.[108]108
Нептун – бог мора ў старажытнарымскай міфалогіі; у старажытнагрэцкай міфалогіі – Пасейдон. Амфітрыта, у грэцкай міфалогіі адна з нерэід, багіня мора, дачка Нерэя і Дарыды, жонка Пасейдона.
[Закрыть] Рыбак пакланіўся і высыпаў рыбу на падлогу.
– Даўно чакаў, – сказаў Завальня. – Усё пазіраў у вакно, пачаў ужо хвалявацца, думаючы, што і цябе вось няшчасце напаткала.
– Дзякуй Богу, і сёння яшчэ мая праца не марная. Але ж цяпер час такі: усюды патрабуюць рыбы, мусіў і туды і сюды даставіць добрым панам і суседзям.
– А ўзімку, – сказаў я, – ці клічаш у памагатыя вецер, каб лепей лавілася? Кажуць, нібы вадзяніка,[109]109
Вадзянiк – злы дух, што жыве ў вадзе.
[Закрыть] слухаюць цябе вецер і хвалі.
Ён, гледзячы на мяне з усмешкаю, кажа:
– Мае паслы – белыя крачкі – наводзяць вецер і буру, але цяпер іх няма; адляцелі ў вырай. Не, паніч, не давай веры ўсяму, што людзі кажуць, езуіты не таму нас вучаць, каб мы выклікалі злых духаў на дапамогу; хто працуе, таму і Бог дапамагае, аніякіх не хачу я ведаць таямніц, ад якіх душы цяжка.
Мой дзядзька, перапыняючы гаворку, прамовіў:
– Янка – чалавек яшчэ малады, цяперашняга свету, не верыць ні ў якія чары, а толькі жартуе з цябе.
Пасля Завальня загадаў пазбіраць рыбу з падлогі, заплаціў Родзьку колькі належала, пасадзіў на лаве, прынёс гарэлкі і хлеба на прыкуску.
Выпіўшы і закусіўшы, Родзька, пазіраючы на мяне, сказаў:
– Маладыя людзі не бачылі і не чулі, што дзеецца на свеце, таму і не вераць. Я шмат расказаў бы пра гэта, але час позні; сонца нізка: трэба ехаць дадому.
Мой дзядзька рады – рыбак можа нешта цікавае расказаць – налівае госцю яшчэ кілішак гарэлкі і кажа:
– Раскажы нам якую цікавую гісторыю, што зазнаў сам або чуў ад старых людзей, дарэчы, цяпер неба яснае і ветру няма: не будзеш блукаць. Але хоць бы і завея дарогу замяла, табе кожная купіна лазы ці трыснягу густога пакажа шлях, бо ты з дзяцінства ведаеш на гэтым возеры кожны куток.
Родзька ўжо крыху захмялеў; твар ягоны палагаднеў і заружавеўся.
– Добра. Раскажу пану, як у нашых краях праз чары і праз шкодлівых людзей распладзіліся злыя духі.
– Ці ж злыя духі, – сказаў я, – могуць пладзіцца, як звяры?
– Могуць, бо людская злосць ім – найлепшая паша. У нашых ваколіцах старыя памятаюць шчаслівейшае жыццё, калі было яшчэ шмат пачцівых, старанных і працавітых людзей; у той час, кажуць, кожны гаспадар меў у дастатку зямлі, і радзіла зямля заўсёды добра, хапала хлеба і корму жывёле. У азёрах і рэчках было столькі рыбы, што моладзь, бавячыся ля вады з першай-лепшаю прыладаю, лавіла столькі рыбы, што ледзь магла забраць з сабою дадому. Паноў было не шмат, ды і тыя пабожныя, і жылі яны дзесьці далёка за Дзвіною. Цяпер жа кожны паўпанак, маючы колькі ўбогіх хацін, дорага плаціць за карэты і багатыя строі, вымудраецца, каб здабыць грошы: прадае жывёлу і апошні хлеб, даводзіць бедны люд да таго, што той мусіць кожную вясну карміцца горкім бабоўнікам. А каб мець большы прыбытак з азёраў, наводзяць штогод зімою асташоў,[110]110
Асташы – гэта рыбакi з ваколiц горада Асташкава.
[Закрыть] кажуць, што гэтыя рыбакі нібыта пасылаюць пад лёд злога духа і той заганяе рыбу ў нерат; дык яны спустошылі ў нас усе азёры, навучылі нашу моладзь бязбожным учынкам, чарам, бессаромным песням; намарна пайшлі засцярогі ксяндзоў ды старых людзей. І ў нас развялося злых духаў столькі, што колькі разоў з’яўляліся яны перад мноствам люду, чаго раней у нас ніколі не бывала.
Раскажу пану пра дзіва, якое бачылі на возеры Расоны, гэта не вельмі далёка ад нашае Нешчарды, як вядома пану, не больш за трыццаць вёрст. Дык вось, расказаў мне пра гэта адзін з тамтэйшых жыхароў, таксама падданы езуітаў.
Калісьці вясною вярталіся сяляне з прыгону, сонца яшчэ не села, але перад нядзеляю аканом адпусціў іх дахаты раней, чым зазвычай. Вечар быў ціхі, неба яснае, на высокіх бярозах сумна кукавалі зязюлі, у небе спявалі жаваранкі, цёхкалі салаўі ў кустоўі. Маладыя, едучы конна, гаварылі пра свае прыгоды, а старыя – пра гаспадарку. І тут нечакана пачулі музыку: нехта за лесам граў на дудзе і спяваў так гучна, што па ўсёй ваколіцы неслася рэха, а песню гэтую ўсе яны ведалі.
Паціраў я дуду, іх-вох,
На паповым лугу, іх-вох,
А ня дудка была, іх-вох,
Вісялуха была, іх-вох,
Вісяліла мяне, іх-вох,
На чужой старане, іх-вох.
Мінулі лес, падыходзяць да возера Расоны. Вада ціхая і чыстая, як крышталь, такая, што ўсе дрэвы відаць на ёй нібыта намаляваныя. Але – цуд нечуваны – на спакойнай вадзе д’ябал, чорны, як вугаль, рукі надта доўгія, галава велізарная, сядзіць на самай сярэдзіне возера, падкурчыўшы ногі, грае на дудзе і спявае страшэнным голасам; спалохаліся ўсе, мовячы пацеры, берагам заспяшаліся дамоў; сонца ўжо схавалася, а яны яшчэ доўгі час чулі за сабою голас дуды і страшны спеў шатанаў.
І ў нас па-суседску, ля вёскі Галубова, пан часта бачыць невялічкую, акружаную з усіх бакоў дрыгвою, азярынку; да яе шмат смелых людзей хацелі падысці ўлетку: ідзе, як па разасланым палатне, і знікае раптам у прорве, што хаваецца пад імшыстай абалонкаю. Са шкадаваннем пазірае здалёк на гэтую мясціну паляўнічы; чуе, як крычыць качыная сціжма, а падысці туды немагчыма. Пра тую азярынку між людзей такое ходзіць паданне.
Калісьці гэта было велізарнае і рыбнае возера. Непадалёку на пагорку стаяла вёска з карчмою ля дарогі. Кожную зіму ў возеры лавілі рыбу асташы. Здарылася так, што аднаго году ўладальнік таго маёнтка адмовіў ім і дазволіў лавіць сваім сялянам; нашы рыбакі, працуючы колькі дзён, толькі дарэмна час трацілі, бо кожны раз знаходзілі ў нераце толькі па некалькі рыбак. Параіліся і вырашылі: у самую поўнач закінуць невад, а можа, пераменіцца ўсё на лепшае.
Было гэта на Каляды, калі сяляне – жыхары блізкіх ваколіц – сабраліся ў карчму на ігрышча, бо ў нашых краях гэтыя забавы адбываліся даўней, у шчаслівейшыя часы, як я яшчэ памятаю, штовечар аж да свята Трох каралёў.[111]111
6 студзеня.
[Закрыть]
Дык вось, калі была ўжо самая поўнач, неба зацягнула хмарамі і вецер павяваў з поля, у карчме грала музыка, моладзь спявала ды скакала, а старыя пры кілішку за сталом апавядалі пра розныя здарэнні: каму што ўспаміналася. Тут заходзіць рыбак, увесь зацярушаны снегам, а крыссё і рукавы зусім уледзянелі.
– Браточкі, кідайма скокі і спевы, – кажа, – гайда на возера, гэтулькі ляшчоў трапіла ў невад, што выцягнуць не дамо рады. Усім, як дапаможаце, аддзячым.
Ледзь ён гэта сказаў, як нехта на печы ў цёмным кутку заенчыў вусцішным голасам:
– Ах! Ах! Як шкада!
І тут страшная пачвара вылецела за дзверы; спалохаліся ўсе бяседнікі; адны, молячыся, пайшлі купкамі ў адну дарогу па хатах, іншыя ж з рыбаком выправіліся хутка на возера. Але прыйшлі позна, бо шатан ужо зрабіў сваё; выцягнулі невад, як нажом парэзаны, а рыбы – ані кату.
Стаяць задумаўшыся: усё зразумела. У гэтую хвіліну нехта кажа:
– Не выйграе злы дух. Паслухайце мяне. Заўтра, адрапаруем як след сеці, папросім ксяндза, каб пасвянціў ваду і невад, а паслязаўтра з Божай дапамогаю закінем у тонь, і д’яблу не ўдасца вычварыць такую штуку, як сёння.
Недалёка ад гэтага возера, на пагорку, стаяла пад саламянаю страхою рыбакова хата; уначы, калі ўся сям’я яго спала, рабіў рыбак нерат і, шчыруючы, думаў пра жахлівае здарэнне на возеры.
Блізка ад яго хаціны шумеў лес, за сцяною выў вецер, а хутка лютая бура намяла вакол хаты высокія гурбы і вокны пазасыпала снегам. Чорны сабака, што ляжаў ля гаспадаровых ног, гырчаў, нібыта бачыў перад сабою злога духа, і рыбака апанавала нейкая няўцямная трывога. Чуе: нехта стукае ў вакно і крычыць:
– Сусед! Сусед! Злітуйся! Дай мне свой вазок, бяда ў маёй хаце, мушу дзяцей сваіх завезці недалёка, толькі да сватавае хаты.
– У такую буру, – сказаў рыбак, – калі і сабаку шкада за дзверы выгнаць, ты хочаш кудысьці з дзецьмі ехаць? Заходзь у хату, пагрэйся, пераначуй, заўтра гэта ўсё зробіш.
– Не магу я на заўтра адкласці, бура мне не страшная. Толькі ты злітуйся, не адмаўляй. Вярну твой вазок да ўзыходу сонца і аддзячу як змагу.
– Ну, то бяры, калі ўжо такая пільная патрэба.
Адчыніў рыбак вакно, глянуў на панадворак, але ўжо не ўбачыў ані суседа, ані вазка, толькі вецер, гудучы, разносіў снежную замець. Здзівіўся, што той так хутка запрог каня і знік з вачэй.
Седзячы на лаве, нейкі час думаў, якое няшчасце прычынілася ў суседа, што ён у самую поўнач і ў такую лютую буру мусіў выехаць са сваімі дзецьмі, і дзівіўся, што той хутчэй з’ехаў з вазком, чым ён паспеў адчыніць вакно. Так разважаючы, патушыў агонь, лёг на лаве і заснуў.
Кароткі быў сон у рыбака, бо яму і ў сне мроілася, што бачыць багаты ўлоў, які ў міг вока знікае з парванага нерата ў глыбіні возера. Усхапіўшыся з лавы, разбудзіў жонку, загадаў пагрэць яму сняданак, каб хутчэй выправіцца да сваіх таварышаў, а разам з імі – на возера.
Выходзіць на панадворак, бычыць свой вазок, увесь уледзянелы, а ўсярэдзіне ляжыць велізарны лешч; глядзіць уражаны рыбак і не разумее: што за праява? Кліча жонку, сямейнікаў і апавядае ім, як апоўначы сусед выпрасіў гэты вазок, каб перавезці ў ім дзяцей да свата. Дзівіліся ўсе, але ніхто не разгадаў таямніцы.
Як узышло сонца, сабраліся ўсе рыбакі, прыехаў ксёндз-плябан,[112]112
Старшы ксёндз у парафіі. Тое самае, што і пробашч, парох.
[Закрыть] пакрапіў свянцонаю вадою нерат і возера. Сабраліся цікаўныя з блізкіх вёсак, усе чакалі, што з гэтага будзе. Занялі велізарную прастору пад лёдам, цягнуць нерат, і ўжо ўся сець наверсе, ды ніводнае рыбіны няма. Стаяць усе разгублена і маўчаць. І тут адзін рыбак з гэтага гурту расказаў, як нячысцік падмануў яго і пазычаў вазок, на якім, працуючы ўсю ноч, пэўна, перавёз усю рыбу ў нейкае іншае месца. Дык рыбакі забралі невад і разышліся па сваіх хатах.
З таго часу ніводзін рыбак не закідаў сеці на гэтым возеры. Знядбанае людзьмі, зарасло яно ўсё багавіннем, пакрылася навекі зялёным імхом, і толькі свеціцца здалёк невялічкае вадзяное вакенца.
– А ці не чуў ты чаго-небудзь, – кажа Завальня, – пра Глухое возера,[113]113
Беларускія паданні пра гэтае возера выкарыстаў Аляксандр Гроза ў паэме «Глухое возера».
[Закрыть] акружанае з усіх бакоў цёмным лесам, яно непадалёку ад тае рэчкі, што выцякае з Нешчарды і ўліваецца ў Дрысу? Кажуць, нават у самае добрае надвор’е ў тым возеры ніколі не бачаць ані сонца, ані воблакаў на небе, ані зорак, ані месяца. Там заўсёды вада каламутная, а ноччу можна пабачыць страшныя відмы. Расказваў мне адзін паляўнічы, што, палюючы на глушцоў, там заначаваў. Нібыта бачыў, як соўгаліся па берагах нейкія пачвары, бамбэлькі водныя ператвараліся ў доўгія постаці, накшталт велізарных стрэлак, і на вогненных крылах лёталі над вадою, а калі заспяваў певень у далёкай вёсцы, дык усе дзівы сталі туманам.
– О! Добра ведаю гэтае возера, – сказаў Родзька, – і чуў я пра яго дзівосы, там і цяпер вусцішна; кабеты, часам збіраючы гуртам блізка ля тых берагоў грыбы ці ягады, стараюцца як найраней вяртацца дахаты, каб не спаткаў іх вечар у лесе, бо пасля захаду сонца смяецца там і енчыць нейкае страхоцце.
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?