Автор книги: Ян Баршчэўскі
Жанр: Литература 19 века, Классика
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 4 (всего у книги 21 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]
– Не ведаю, дзядзечка, у чым ён тут правініўся, калі назваў братам віхор? І цяпер у завейную ноч вецер вые, сячэ снегам па вокнах, калі б я сказаў яму: «Ляці, браце, на поўнач, можа, і я за табою хутка падамся», – які ў гэтым грэх?
– Называй братам толькі такога, як сам. А пра віхор просты люд кажа, што гэта д’ябал ездзіць па полі і часам шкоду робіць.
Калі так гаварыў пан Завальня, падарожны глядзеў на Янку і ківаў галавою: не верыш, бо сам не паспытаў такога.
– Ну, цяпер нам трэці раскажа, што бывала калісьці на свеце. Слухайма.
Апавяданне трэцяе. Вужовая карона
– У маіх паноў быў лоўчы, зваўся Сямён; дом яго стаяў недалёка ад маёнтка, паншчыны ён не служыў, а ўвесь яго абавязак быў – вартаваць лес, хадзіць на паляванне з панам ды прыносіць дзічыну, калі, чакаючы гасцей або перад якім вялікім святам, накажуць з маёнтка.
Аднаго дня прыходзіць да яго аканом і крычыць, стукаючы ў акно:
– Сямён, пан казаў, каб ты што там ні было прынёс да нядзелі пару глушцоў, дзве пары цецерукоў і колькі курапатак, дык не лянуйся, бяры стрэльбу, майго выжла ды ідзі на ловы.
Заспяшаўся Сямён, бо была ўжо серада. Бярэ стрэльбу, зайшоў у маёнтак і з выжлам ідзе блукаць па лесе. У нешчаслівы час выйшаў на паляванне; хадзіў дзень навылёт, а бачыў толькі дзятлаў, што дзяўблі сабе на сухіх хваінах. Начаваў у лесе, замёрз, бо была ўжо восень. На другі дзень да ўзыходу сонца туляўся па пушчы. Але дарма: нават здалёку не бачыў тых птушак, якіх шукаў, толькі вецер шумеў у дрэвах. Згаладалы сабака ўцёк да свайго гаспадара, і Сямён, змардаваны, хмурны, вяртаўся дадому, не ведаючы, што рабіць.
Сеў ён на калоду і думае сабе: «Кепска будзе; пан не дасць веры, што я шчыраваў на ўсю поўніцу; пэўна, западозрыць мяне ў гультайстве; пакланіўся б і нячысціку, абы толькі паспрыяў мне сёння».
Ледзь гэтак падумаў – выбег аднекуль велізарны чорны сабака, сеў перад лоўчым і страшнымі вачыма ўтаропіўся на чалавека. Сямён кліча яго да сябе, але сабака не рушыць з месца, а толькі глядзіць як шалёны; ахінуў лоўчага неспакой, і дрыжыкі пабеглі па целе. І тут бачыць: выходзіць з гушчару пажылы чалавек, валасы зблытаныя ў каўтун, бровы густыя, змарнелы, як быццам ад сонца і ветру, твар, вопратка да пят. Сядае на пень ля паляўнічага і гаворыць такія словы:
– Бачу, што торба твая пустая і твар хмурны; пэўна, паляванне няўдалае.
– Хадзіў два дні па лесе, змарыўся сам, і сабака, згаладаўшыся, уцёк ад мяне; не ўдалося аніводнага разу стрэліць. Дзе ж падзелася тое птаства? Загадалі мне да нядзелі прынесці дзічыны, ды адкуль яе ўзяць? Бяда будзе!
– Не журыся, – кажа незнаёмы, – паслухай мае рады. Я дапамагу табе. Заўтра 14 верасня,[62]62
14 верасня па народным календары – Узвіжанне. Лічылася, што з гэтага дня восень рухаецца насустрач зіме, птушкі адлятаюць у вырай, усякія гады хаваюцца ў свае сховы. Забаранялася хадзіць у гэты дзень у лес, бо ўкус гадзюкі быў самы небяспечны. Апрача таго, лесавік у гэты дзень робіць агляд усіх падначаленых яму істот.
[Закрыть] дык увечары ідзі на Ласіную гару, на цэлую ноч будзе табе дарогі, бо сам ведаеш, што гэтая гара адсюль няблізка; стаіць яна сярод цёмных лясоў; падыдзеш да яе акурат на світанні і ўбачыш, што схілы яе пакрытыя вужамі; не палохайся, яны чапаць цябе не будуць; між іх сустрэнеш Вужовага караля. Пасцялі перад ім белую хустку, укленч і пакланіся; ён кіне табе на хустку сваю Залатую Карону і з грамадою сваіх вужоў пойдзе ў зімовыя сховы. Слухай яшчэ, дам табе перасцярогу: ідучы ўначы на Ласіную гару, не палохайся нічога і нічому не дзівіся, іначай дарэмны будзе твой клопат.
Калі будзеш мець у сябе Вужовую Карону, дык гэты чорны сабака, які цяпер перад табою, заўсёды, як толькі пойдзеш на ловы, стрэне цябе і павядзе па лясных сцежках, і кожны раз настраляеш столькі, колькі захочаш. Але ніколі не палохайся нічога і не дзівіся нічому, бо калі пахіснешся сэрцам або духам – будзеш нешчаслівы; не пускай у душу такія пачуцці.
Сказаўшы гэта, ён схаваўся ў гушчары, і сабака пайшоў за ім. Сямён правёў поглядам незнаёмага, доўга стаяў задумаўшыся, пайшоў дахаты, узяў белую хустку і са стрэльбаю за плячыма скіраваў да Ласінае гары. Калі зайшоў у дзікую пушчу, дык ужо сутоньвалася, цямней і цямней рабілася сярод густых хвояў і ялін. А ён далей і далей ідзе ў глыб лесу. Усё вечарэла. Вось ужо і ноч. Глянуў угору – ледзь некалькі зорак на небе ўбачыў праз галіны. Адзін ён з людзей быў у той час у лясной пустэльні, вакол чуў толькі крыкі соваў і пугачоў ды ў гушчары тупат перапалоханага звера. Не першы раз выпала яму блукаць уначы па лесе, і дарога гэтая не страшыла яго.
Апоўначы лютыя пачвары акружылі лоўчага. Бачыць, як набліжаецца велізарны мядзведзь на задніх лапах, рыкае і ўжо хоча напасці; зграя ваўкоў, натапырыўшыся і свецячы вачыма, пагражае крывавымі пашчамі. Сямён адважна ідзе сярод хіжацкае зграі. Заступіў яму дарогу вышэйшы за лес Волат, які вырваў вялікую хваіну і гразіўся, нібы пярун. Аднак лоўчы смела мінае ўсё гэта.
Месячык паказаўся з-за воблака. Здаецца Сямёну, што выходзіць ён з лесу і бачыць удалечыні палац, які свеціцца золатам і срэбрам; падыходзіць да тае пекнае пабудовы праз чароўны сад, дзе як быццам вясна і лета сышліся разам: найпрыгажэйшыя кветкі і даспявае найвыдатнейшая садавіна. Зязюля сумным голасам абзывалася на дрэве; зацёхкаў салавей у хмызняку; чуваць дзіўныя галасы драздоў і шпакоў, і разумее Сямён іх вясёлыя спевы. Спаткалі яго дзяўчаты з вянкамі на галовах, танцуючы, вабілі да сябе. Ён мінуў усе гэтыя цуды не здзіўляючыся і не зважаючы на іх.
Зніклі чароўныя здані; падзьмуў восеньскі вецер; і Сямён убачыў на ўсходзе чырвонае неба. Хутка ўзыдзе сонца – спяшае ён да Ласінае гары.
Калі прыйшоў на прызначанае месца, убачыў чараду вужакаў. Яны, сыкаючы, саступалі з ягонае дарогі. А ўжо і сонца падымаецца. Страчае Сямён такога велізарнага вужа, якога ніколі не бачыў. Той смела паўзе, а на ягонай галаве зіхаціць золата. Сямён раскінуў белую хустку перад ім і ўкленчыў. Вуж скінуў з галавы Карону на хустку і папоўз далей, а за ім і іншыя вужы хутка схаваліся за гарою. З радасцю разглядаў Сямён залаты скарб, падобны на два бліскучыя лісцікі, што зрасліся канцамі.
Ледзь пакінуў гару, як яго спатыкае велізарны чорны сабака, які ўчора пабег за незнаёмым; пазірае ў вочы і, здаецца, кажа, каб ішоў за ім. Ідзе лоўчы за сабакам. Той спыняецца і позіркам паказвае на дрэве глушцоў. Разоў колькі стрэліў ён у тым месцы і некалькі штук забіў. Ужо нёс дадому глушцоў, цецерукоў і курапатак, а як падышоў бліжэй да хаты, сабака застаўся стаяць на полі: глядзеў услед паляўнічаму, а пасля знік з вачэй.
Паны хвалілі лоўчага, яго спрыт на паляванні, а чэлядзь і аканом дзівіліся з яго шчасця, з таго, як ён, не маючы сабакі, столькі змог упаляваць дзічыны.
З таго часу Сямён стаў найслаўнейшым паляўнічым. Той чорны сабака кожны раз сустракаў яго ў лесе, і Сямён столькі біў рознае дзічыны, што не толькі хапала панам у маёнтку, але і сялянам на продаж.
Па ўсёй ваколіцы разнеслася пагалоска, што Сямён – чараўнік, быццам некаторыя секлі дровы ў лесе ды бачылі, што ходзіць з ім нейкі чорны сабака, які ў лесе і застаецца. Акім, што некалі сябраваў з лоўчым, раз ціха падышоў пад вакно ягонае хаты, каб даведацца, што той робіць; пачуў, нібыта з кімсьці размаўляе; зірнуў у вакно: Сямён лашчыць чорнага сабаку, таго самага, што заўсёды сустракаў яго ў лесе. Сабака глянуў у вакно крывавым вокам і знік, а Акім уцёк ад страху.
Ужо колькі гадоў уся воласць гаворыць, што Сямёну дапамагае на ловах сам нячысцік, якога трымае ён за пахолка, але паны адно смяяліся з гэтага і не давалі веры. Хоць пан, будучы неяк з лоўчым на паляванні, не бачыў чорнага сабаку, аднак змеціў, што дзікае птаства само ляціць да Сямёна і той ніколі не схібіў.
Жыла ў вёсцы непадалёку Марыся, прыгожая і маладая дзяўчына, дачка набожных бацькоў. Шмат каму яна падабалася, і Сямён меў на яе вока; спадзеючыся на сваё багацце ды на панскую ласку, меў надзею, што Марыся будзе ягонай.
Аднаго дня, калі ішоў на паляванне, убачыў ён Марысю. Тая мела вянок на галаве, і кветкі так ёй пасавалі, што выглядала яна надзвычай прыгожаю. Ходзячы непадалёку ад свае нівы, збірала суніцы. Падыходзіць Сямён, просіць ягад; не адмаўляе яму дзяўчына; пытае лоўчы, ці падабаецца ён Марысі.
– Людзі кажуць, што ты чаруеш, – адказала тая, – а я баюся чараўнікоў.
– О, не, Марысю, нікога я не чараваў і не ведаю гэтага ганебства.
– Калі праўду кажаш, – я нашу на шыі пасвянцоны ў час Юбілею крыжык, які можа грахі адпускаць, – пацалуй мой крыжык.
– Ахвотна, – адказаў Сямён.
І ледзь пацалаваў крыжык, як тут з травы падняў галаву велізарны вуж, нібыта хацеў зірнуць на Марысю. Перапалоханая дзяўчына закрычала. Сямён схапіў камень і выцяў вужа. Той, сыкаючы, схаваўся ў траве. А пасля раптам з’явіўся чорны сабака, загаўкаў і знік. Марыся ад страху дрыжыць ледзь жывая.
Сямён правёў яе дадому і адтуль зноў ідзе на паляванне. Толькі ўжо не сустрэў яго ў лесе чорны сабака.
Убачыў цецерука; стрэліў, але заместа птушкі – пень гнілы ўпаў на зямлю. Спалохаўся Сямён, вяртаецца дахаты, аж там безліч вужоў, сыкаючы, паўзуць пад лаву і пад печ. Адчыніў скрыню, выняў Вужовую Карону, а яна ўжо не залатая: два пажоўклыя бярозавыя лісточкі. Стаіць, як слуп, і не ведае, што чыніць.
Доўга яшчэ дакучалі вужы небараку Сямёну. Не давалі спакою не толькі дома, але і на гасцінах. Калі завітваў да суседзяў, няраз, не баючыся людзей, з’яўляўся перад ім немаведама адкуль вуж.
У гэты момант нехта загрукаў у браму, і сабакі забрахалі. Выбег парабак і, вярнуўшыся, паведамляе: прыехаў пан Марагоўскі.[63]63
У творы па-рознаму (Мрагоўскі, Марагоўскі) даецца напісанне гэтага прозвішча, але, бясспрэчна, паходзіць яно ад вёскі Марогі (сённяшнія Мурагі), малое радзімы Я. Баршчэўскага.
[Закрыть] Пан Завальня саскочыў з ложка, хуценька апранаецца, каб павітаць госця.
– Ці не дазволіш мне пераначаваць, пане Завальня, – сказаў Марагоўскі. – У такую завіруху твой дом – адзіны прытулак. І гэтыя таксама (зірнуўшы на падарожных) схаваліся ад буры і, пэўна, баюць пану казкі.
Сяляне і парабкі адзін за адным падаліся ў пакой для чэлядзі.
– Я перашкодзіў, але маю чалавека, які заменіць усіх. Мой фурман Якуш любіць расказваць прыгоды хоць бы і цэлую ноч; няхай толькі коней выпража. Ах, як я замёрз!
Пан Завальня адразу загадаў сваёй сваячніцы прыгатаваць што-небудзь на вячэру.
– А што, пане асэсар,[64]64
Асэсар – судовая пасада ў Вялікім княстве Літоўскім. У расійскай імперыі асэсары ўтваралі земскую паліцыю павета.
[Закрыть] можа, кроплю гарэлачкі? Яна крыху адагрэе. Пан, пэўна, едзе ў Полацак забраць сына, бо ўжо хутка Каляды; гэта добра, няхай адпачне ад вучэння і перабачыцца з роднымі.
– А пан дзетак сваіх – Стася і Юзіка – будзе забіраць дадому?
– Трэба, трэба. Паслязаўтра мушу пасылаць.
– Даручы мне, я забяру.
– Вельмі буду ўдзячны, калі пан такі ласкавы.
Пасля пан Марагоўскі, загаварыўшы да мяне, прасіў, каб на Каляды прыехаў і пабыў колькі дзён у яго: паклікаў, маўляў, ён шмат маладых гасцей, з якімі прыемна мне будзе прабавіць час.
Хутка прынеслі вячэру. Мой дзядзька, размаўляючы з госцем, усё мяне нахвальваў:
– Нябож мой, Янка, відаць, часу ў езуітаў не марнаваў: шмат цікавага з розных ксёнжак ведае.
– А ці любіць нашы беларускія казкі?
– Калі тут нядаўна колькі падарожных сялян апавядалі, што выпала ім бачыць або чуць у жыцці, дык я запрыкмеціў, што Янка толькі іх і слухаў. Ён любіць такія гісторыі, але ж, праўда, і гісторыі былі цікавыя: пра чары ды пра людзей, што пабраталіся са злым духам.
– Вось і мой фурман Якуш шмат бачыў і чуў у сваім жыцці. Пачне апавядаць – Бог ведае адкуль у яго бярэцца, а ўжо што да ваўкалакаў, дык з першага позірку іх пазнае. Вось акурат перад гэтаю бураю сустракаем мы двух ваўкоў, што спыніліся паблізу ад дарогі. Я бяру стрэльбу і хачу стрэліць. Якуш павярнуўся да мяне і закрычаў: «Не страляй, пане, бо ў іх душы чалавечыя. Калі заб’еш якога, дык душа ягоная пойдзе ў пекла, не адпакутаваўшы за грахі. А за гэта і пан адкажа перад Богам». Не скончыў ён яшчэ гаварыць, а ваўкі ўцяклі.
Пасля вячэры паклікалі Якуша.
– Ну, Якуш, – сказаў Марагоўскі, – за тое, што гаспадар быў ласкавы пусціць нас на начлег у гэтую лютую буру, раскажы што-небудзь пра ваўкалакаў, толькі глядзі, кажы праўду.
Апавяданне чацвёртае. Ваўкалак
– Не ўсё нам у жыцці выпадае бачыць, але раскажу тое, што пачуў ад свайго суседа: пра гаротніка, якога чараўнік перавярнуў у ваўка і які шмат гадоў пакутаваў, блукаючы па лясах.
У адной мясцовасці, недалёка ад горада Невеля жыў селянін; ведалі яго суседзі, і іншыя яго памятаюць; зваўся ён Марка; дзіўнае было ягонае жыццё; ніколі не бачылі яго вясёлым, заўсёды маркоціўся, быў неспакойны, быццам штосьці страціў; любая грамада была яму не да душы. Калі людзі ідуць на кірмаш, пагуляць, паскакаць або збіраюцца ў вольны дзень на ігрышча ля карчмы, дык ён, самотны, заўсёды ці то ў хаце, ці то блукае дзе-небудзь у полі – задумлівы і журботны.
Сёй-той пытаўся ў яго, чаму ён такі, і заўсёды Марка адказваў:
– Шмат я пакутаваў. Нішто мяне ўжо на свеце не займае. Памёр я для свету.
Мой сусед сябраваў з ім, і Марка яму так аднаго разу апавядаў пра сваё жыццё:
– Былі часы, калі я быў вясёлы; аніводная забава, аніводзін кірмаш не абыходзіліся без мяне; гулі і скокі былі ў мяне ў галаве; але гэта не доўга трывала.
Пазнаёміўся я з Алёнаю. Гожая была дзяўчына, дачка заможных бацькоў. Упадабаў яе больш за ўсіх іншых дзяўчат, якіх ведаў; стараўся часцей яе бачыць, бываць у хаце ў яе бацькоў, паказваючы кожны раз маю прыхільнасць. Прыгарнулася і яна да мяне. Праз гэта маё няшчасце і прычынілася.
Багата хто да Алёны заляцаўся ды хацеў за жонку ўзяць, а найпершы быў Ілля. Выведваў ён пра ўсё і дакладваў пану, за што і меў ад яго ласку. Пан яму ва ўсім больш дазваляў, чым іншым; у любую пару меў права лавіць рыбу ў панскіх азёрах, танна купляў жывёлу і выгадна прадаваў; часта пасылалі яго ў горад купіць што-кольвек для двара, і кожны раз ён нешта клаў у сваю кішэню. І гэтак, ашукваючы ў гандлі і абкрадваючы пана, зрабіўся Ілля багатыром; меў шмат прыяцеляў і ласку ад пана, бо той меў яго за самага надзейнага лёкая, любіў і верыў яму больш, чым каму іншаму.
Дык вось пасылае гэты пыхлівы Ілля сватоў да Алёны, але атрымалі сваты гарбуза, бо яна прызналася бацькам, што не любы ёй гэты залётнік.
Ілля, пачуўшы пра гэта, кажа:
– Не Алёніна воля, а панская. Што не схацела рабіць па-добраму, зробіць па ўказу.
Пайшоў ён у маёнтак і дабіўся свайго: загадалі Алёне ісці за яго замуж.
Суседзі, ведаючы пра маю прыхільнасць да Алёны, смяяліся з мяне здзекліва, кпілі з мае някемнасці, з безразважнае любасці ды з адвагі, з якою хацеў я ўсіх, нават багатыроў, змагчы і Алёну павесці да шлюбу. І няраз, раззлаваны такімі з’едлівымі жартамі, адказваў я, што нядоўга Ілля мецьме панскую ласку, а грошы, сабраныя ашуканствам і крадзяжом, шчасця не дадуць, і Алёна была б шчаслівейшая, каб выйшла за чалавека хоць беднага, але пачцівага.
Дачуўся Ілля, што так пра яго кажуць, і паабяцаў помсціць, як толькі выпадзе нагода.
Надыходзіў дзень вяселля; Алёніны бацькі, ведаючы пра маё каханне да іх дачкі, сказалі мне, што волю панскую не пераменіш, хоць яна і несправядлівая і без усякае літасці; прасілі, каб пагадзіўся з лёсам, быў іх прыяцелем і прыйшоў на вяселле. Хоць і неахвота, але згадзіўся я на тое.
Вяселле было шумнае, гасцей болей, чым на кірмашы: маладыя – абое багатыры. Сабраўся люд з усяе ваколіцы, у некалькіх месцах на вольным паветры спявалі і пад музыку скакалі. Алёна была ў шыкоўным строі, усе яе віншавалі, зычачы шчасця і радасці. Сам пан прыехаў на вясельную бяседу. Ілля яго частаваў; пан размаўляў з ім, пахаджваючы між вясельнікамі. Малады прыкмеціў мяне сярод гасцей (я стаяў сумны, бо мяне не толькі нішто тут не займала, а наадварот, уся гэтая весялосць наводзіла нудоту); ён глянуў на мяне са здзеклівай усмешкаю і пайшоў з панам далей.
Праз нейкі час падыходзіць да мяне дудар Арцём, пажылы чалавек, і кажа:
– Чаго сумуеш? Выпі са мною гарэлкі і будзеш весяліцца, як і іншыя, – бярэ мяне за руку і цягне да стала з поўнымі бутэлькамі і закускаю. Не адмовіўся я ад запрашэння. Мы выпілі па два кілішкі гарэлкі. Тут нехта незнаёмы, гледзячы на мяне збоку, сказаў з усмешкаю:
– Ну цяпер ён паскача!
Арцём раптоўна мяне пакінуў, узяў сваю дуду і пачаў іграць, а на мяне напаў яшчэ большы смутак.
Не шмат прайшло часу, як падыходзіць да мяне мой сусед і, гледзячы мне ў вочы, кажа:
– Што з табою? Чаму твой позірк такі страшны, нібы ў звера якога?
Нехта яшчэ абазваўся:
– Ага, сапраўды, у яго вочы, як у ваўка, свецяцца.
І іншыя, што побач стаялі, таксама паўтарылі гэта і палахліва глядзелі на мяне.
Не ведаю, што рабілася са мною, але я ўвесь дрыжэў. Здавалася, што гэтыя людзі зычылі мне чагосьці найгоршага.
Алёна, стоячы непадалёк, размаўляла з маці; зірнула на мяне і ад спалоху закрычала:
– Ах, што дзеецца з ім! Глянь, мама, якія страшныя ягоныя вочы, няхай бы ішоў сабе адсюль.
Пачуў я гэтыя Алёніны словы, і мяне бы пярун ляснуў: памутнела ў вачах, прытомнасць страціў; пакідаю бяседу і, не ведаючы куды ісці, бягу па дарозе, сустракаю кабету, што вяла за руку маленькае дзіця.
– Ах, не глядзі на маё дзіця, – крычыць яна мне. – Ты заб’еш яго сваім страшным позіркам.
Уцякаю ад перапалоханае кабеты і бягу дадому. Падбег да свае хаты – сабака мой не пазнаў мяне. Дарэмна голасам хачу яго супакоіць: ужо слова сказаць не магу: толькі енк, падобны да выцця, выходзіў з маіх грудзей. Лютая трывога апанавала мяне. Парабак майго суседа паглядзеў на мяне і ўразіўся.
– Чаму гэта, – кажа, – твой твар і рукі абраслі поўсцю?
Глянуў на сябе – і як непрытомны пакідаю свой дом і бягу ў поле. Жывёла, што пасвілася там, уцякае ад мяне, сабакі кідаюцца, і я хуценька хаваюся ў лесе.
Бягу праз пушчы і дзікія пустэльні, падаю ў засені густых ялін; тут, зірнуўшы на сябе, убачыў, што рукі і ногі мае ўжо перамяніліся ў воўчыя лапы; хацеў заплакаць над сваім няшчасцем – і жахлівае выццё вырвалася з маіх грудзей.
Блукаў я па гарах і лясах у абліччы страшнага звера. Думкі і пачуцці ў мяне засталіся чалавечыя, памятаў мінулае і, задумваючыся пра сваё цяперашняе жыццё, мучыў сябе лютай роспаччу, не ведаючы, ці будзе калі канец гэтаму няшчасцю. У хмызняку шукаў птушыныя гнёзды, лавіў зайцоў і іншую дробную зверыну. Гэта была мая ежа. Не падыходзіў да чалавечага жытла, бо ведаў, што ўсе людзі – мае ворагі, што яны заўсёды будуць рады забіць мяне. Аднак чыніць ім шкоду не хацеў.
Няраз у нядзелю я чуў голас касцельных званоў і выццём прасіў Бога, каб злітаваўся над маім лёсам. Шмат разоў хацеў падысці цёмнай ноччу да касцёла, але сабакі, выбягаючы з вёскі, адганялі мяне, а часам чуў людскія крыкі і стрэлы. Тады бег колькі змогі да лесу, каб толькі схавацца ад напасці. Кожную раніцу выў я, вітаючы сонца, ды прасіў у неба спажытку на новы дзень.
Увосень, зімовымі начамі, у залевы хаваўся я, дрыжучы, дзе-небудзь пад густой ялінаю; шум вятроў акунаў мяне ў сумныя ўспаміны мінулага. Узімку почасту па некалькі дзён я быў галодны, знясілены, блукаў у страшнейшыя марозы па полі, каб толькі ўпаляваць што-кольвек. Мой спачын заўсёды быў кароткі, і нязменна снілася мінулае: бацькоўскі дом, сябры мае маладосці, прыязныя суседзі; тыя хвіліны, калі прыйшло каханне да Алёны, забавы, нашыя размовы, яе вясёлыя вочы, яе зграбная постаць у шыкоўным строі, з вянком на галаве, – усё гэта прыходзіла да мяне ў сне, але здавалася яваю. Часам я бачыў яе неспакойнаю; уцякала ад мяне або, перапалоханая, гнала мяне прэч ад сябе, як колісь на вяселлі, калі мяне падгавораны Арцём напаіў зачараванаю гарэлкаю. І пасля такога жахлівага сну, я, дрыжучы ўвесь, усхопліваўся. Некалькі гадоў прабыў я ў такім жахлівым стане.
Расла мая нянавісць да людзей, калі я думаў пра іхнія блуд, несправядлівасць, незычлівасць да роўных сабе. Вырашыў я шкодзіць ім ва ўсім, як яны шкодзяць адзін аднаму пры зручным выпадку, абы толькі мець сабе карысць. Дык нападаў, калі толькі можна было, на іх жывёлу і свойскіх птушак; нішчыў дашчэнту.
Аднаго разу (памятаю як сёння: была вясна, зелянеў лес, дні стаялі ясныя і цёплыя) я краўся ўзлескам да вёскі, дзе жыў Арцём. Бачу: на пагорку ходзяць пастухі ля жывёлы, Арцём арэ поле, а непадалёку ад хмызоў маленькая дзяўчынка пасе гусі. Ён кліча яе да сябе, называючы Ганкаю, і пасылае дахаты. Ды дзяўчынка хутка вярнулася і зноў падышла да гусей.
Я зразумеў, што гэта яго дачка. Калі з гушчару пазіраў на яе і бацьку, запалаў ува мне гнеў помсты. Арцём – нягодны чалавек – давёў мяне да такога стану, што жыву, гнаны адсюль, у абліччы страшнага ваўка. Няхай жа і ён паенчыць над стратаю свайго дзіцяці! Выскокваю з лесу і хапаю дзяўчынку. На доччын голас бяжыць бацька і ў роспачы кліча на дапамогу. Чую крыкі пастухоў, сабакі на мяне напалі, скусалі да крыві. Але нішто не магло мяне стрымаць. Хутка хаваюся ў пушчы, нясу сваю здабычу ўсё далей і далей у глыб лясоў; там, адкуль малая ўжо не вернецца сама дахаты, кідаю яе. Яна доўга ляжала непрытомная, а калі ачулася, крычала, блукаючы па лесе, роспачным голасам. Яе лямант і плач гінулі марна сярод густых хвояў і ялін, і я, цешачыся помстаю, пакінуў яе ў лясной пустэльні. Аддаліўся ад таго месца, дзе блукала гэтая няшчасная ахвяра мае злосці. Толькі не доўга цешыла мяне тая помста. Калі мінуўся запал гневу, прыйшла думка, што Ганка, беднае дзіцё, пакутуе без віны. Вярнуўся я назад, але нідзе яе знайсці не мог; глуха было ў лесе, і голас яе ўжо не чуўся.
Напаў на мяне нязносны смутак: я зразумеў, што помстаю не супакоіш пакуты. Дзе б ні быў – усюды не даюць мне спакою бацькава роспач, лямант пакінутае ў лесе дачкі і сабакі, што, гонячыся за мною, раняць зубамі да крыві. Здавалася, што яны ўсюды нападаюць на мяне. Перабягаў я з аднаго лесу ў другі, ды нідзе не мог знайсці спакою; прапаў сон, бо і ў час адпачынку заўсёды гучаў у маіх вушах роспачны голас бацькі, лямант дачкі, і сабакі рвалі маё цела.
Аднаго дня ўбачыў я знаёмых сялян. Схаваўшыся ад паўдзённае спёкі, сядзелі яны ў засені дрэваў, а непадалёку хадзілі выпражаныя з вазоў коні. Падкраўся да іх, і затаіўшыся за хмызамі, слухаў, пра што яны размаўлялі між сабою. Пачуў, як адзін з іх гаварыў пра мяне:
– Дзе ж блукае цяпер у воўчай шкуры Марка? Шкада гэтага чалавека. Вось ужо колькі год пакутуе, гаротнік. Эх, каб ён трапіў як да чараўніцы Аксіні! Кажуць, яна лёгка ператварае людзей у звяроў і зноў вяртае ім чалавечае аблічча. Не ведаю, дзе яна жыве, аднак чуў, што недалёка ад гэтых гор і лясоў.
Усцешыла мяне такая навіна: вырашыў абысці ўсе горы і лясы гэтага краю, абы толькі знайсці Аксініна жыллё. Некалькі дзён і начэй блукаў я без адпачынку па дзікіх пушчах. З вяршынь высокіх гор аглядаў бязлюдныя мясціны, спадзеючыся, што дзесьці там хаваецца яе самотная хаціна.
Выбягаю з лесу ў лог. Ранак быў ясны і ціхі. Бачу: котка на траве: шыя і лапкі – белыя, спінка – у паскі, светлыя і цёмна-папяловыя, шустрыя вочкі; скача котка, імкліва ловіць лапкамі матылёў на кветках. Доўга глядзеў з хмызняку на яе вясёлыя падскокі і гульні. Урэшце захацелася схапіць яе, кідаюся… але лёгка, як вецер, адскочыла яна і бяжыць на пагорак. Даганяю, і вось-вось хацеў ужо схапіць – аж яна ператвараецца ў сароку і ляціць над зямлёй. Гонячыся далей, убачыў самотную хаціну. Сарока села на страху і зноў перакінулася ў котку. Бачу: усюды поўна катоў размаітае масці: каты на даху, каты на вокнах, каты на панадворку. Усюды каты.
Я зразумеў, што тут жыве чараўніца Аксіня. Доўга стаяў і думаў: ці ісці да яе? Яна мяне не прыме ў воўчым абліччы, трэба з ёю дзе-небудзь на праходцы спаткацца, пакорліва ўпасці да яе ног і прасіць злітвацца над маім лёсам. Схаваўся я ў лаўжы і чакаў тае шчаслівае хвіліны.
Сонца схавалася за лясы і горы; узлескі ўжо пакрыў вечаровы змрок, а недалёкае возера, акружанае густою лазою, яшчэ свяцілася. Бачу: усе каты – з хаты, з даху, з падворка бягуць на луг, зрываюць зубамі нейкую траву і ў міг вока ператвараюцца ў дзяўчат, рассыпаюцца між кустоў, спяваюць песні, скачуць; іншыя зрываюць кветкі і ўюць вянкі. Бягу і я на лугавіну. Убачыў тую траву з дробненькімі блакітнымі кветачкамі; як толькі яе сарваў і праглынуў, адразу ж прымаю чалавечае аблічча. З невыказнай радасцю бягу ў гурт легкадумных русалак, скачу з імі, бегаю, весялюся, зусім забываю пра сваё няшчасце.
Гэтыя гульні і радасць доўжыліся да позняе ночы. Змоўклі ўсе птушкі ў лесе, толькі крычалі няясыці. Прыляцела сава і, седзячы на чараўніцынай страсе, свяціла вачыма, і рагатала, і енчыла, нібы немаўля. Тут нечакана зашумеў лес і вада ў возеры пачала плёскаць аб бераг.[65]65
Жыве сярод беларусаў (асаблiва ў паўночных паветах) вера, што апоўначы заўсёды шумяць лясы i вада ў азёрах адначасова з крыкам пеўня робiцца неспакойнаю.
[Закрыть] Русалкі закрычалі: «Поўнач! Поўнач!» – і адразу ўсе перамяніліся ў котак і пабеглі на Аксінін падворак; адны караскаліся на дах, другія праз вакно хаваліся ў хату. А я – зноў зрабіўшыся ваўком – пабег у лес, лёг пад густой ялінаю і разважаў пра гэтае здарэнне, шкадуючы, што нядоўга пабыў чалавекам; вырашыў застацца тут і хоць на кароткі час забыць пра сваё няшчасце.
Назаўтра прычакаў вечара, і гэтаксама коткі паператвараліся ў дзяўчат, а да мяне вярнулася чалавечае аблічча. Я бавіўся з імі, весела і непрыкметна бег час.
Тут адна з зачараваных дзяўчат, гледзячы на мяне з нейкай пагардаю, сказала:
– Мне ён не падабаецца.
– Чаму не падабаюся? – пытаюся, падыходзячы да яе.
– Таму што бачыла, як ты ператвараешся ў ваўка, а я ваўкоў ненавіджу, бо праз ваўка я няшчасная.
– Як гэта?
– Калі я жыла яшчэ з бацькамі, пасвіла гусі ў полі, воўк схапіў мяне і занёс у лясныя нетры, кінуў там, а сам знік. Блукала я па пушчы, плакала і крычала, не ведаючы, у які бок падацца. Раптам на мой голас прыляцела ў вобліку чорнае птушкі Аксіня, перамянілася ў кабету і, узяўшы мяне за руку, сказала:
– Ты не выйдзеш з гэтае лясное пустэльні. Нападуць на цябе дзікія звяры і разарвуць. Ідзі лепш у маю хату, у мяне жыць весела, штовечар скокі і песні. Ты ж маладая дзяўчына і, відаць, любіш паскакаць?
Не хацела спачатку яе слухаць, але, падумаўшы, што ў гэтых дзікіх лясах ніхто мне не дапаможа, згадзілася ўрэшце з яе прапановаю. Не ведаю, як я апынулася ў хаце ў гэтае чараўніцы. О, пракляты ваўкалак! Чаму ж ты мяне не разарваў ў лесе? Лепш памерці, чым быць цэлы дзень зверанём і толькі на хвіліну забываць пакуты.
Слухаючы Ганчыны нараканні, задрыжаў я ўвесь, імгненна ператварыўся ў ваўка. І адазваліся ў памяці: бацькава роспач, лямант няшчаснае дзяўчынкі, і сабакі пачалі рваць маё цела. Кідаюся ў лес, бягу ўсю ноч без спачынку – нідзе не магу схавацца ад жахлівага ўспаміну і пагоні тых страшных сабак.
Нясцерпнае зрабілася жыццё, нідзе не знаходжу спакою, бегаю ў роспачы па гарах і лясах; страціў ужо і надзею, што калі-небудзь хоць на хвіліну пакінуць мяне пакуты.
Блукаючы без адпачынку, прабягаў неяк ля палетка, дзе ў засені бярозы палуднавалі аратыя. Бачу: едзе па дарозе ксёндз, спыняецца, падыходзіць да сваіх парафіянаў. Пачалася доўгая размова пра розныя духоўныя рэчы: ксёндз іх павучаў, каб жылі між сабою ў згодзе і сяброўстве, даравалі адзін аднаму крыўды і не думалі ніколі пра помсту, бо помста найболей супярэчыць рэлігіі і агідная Богу. Яна прыніжае чалавечую годнасць да стану жывёлы, а дабрачыннасць і лагоднасць улагоджвае міласэрнасць Божую.
Схаваўшыся ў густым кустоўі, я чуў усе словы ксяндза і адразу вырашыў не толькі не шкодзіць людзям, але нават старацца ім служыць і дапамагаць у чым толькі змагу: а можа, і нада мною Бог злітуецца, душа ж мая несмяротная. З гэтымі думкамі і пакінуў ксяндза і аратых.
Прайшло некалькі дзён. Блукаючы, думаў сам сабе: што я магу зрабіць добрага ў такім пагарджаным усімі воўчым абліччы? Ледзь падыду да чалавечага жытла, як усе крычаць на мяне і сабакамі цкуюць, дык мушу як найхутчэй уцякаць у лес. Аднак жа не адмовіўся ад свайго намеру. Колькі разоў адганяў лісіцу, што падкрадалася да гусей ці індыкоў, якіх неабачліва пакідалі ў полі. Калі заўважыў непадалёку ад гавяды мядзведзя, дык выбег першы з лесу, каб адагнаць статак з небяспечнага месца і папярэдзіць пастухоў. Няраз адбіраў барана, якога воўк выхапіў з чарады якой-небудзь беднае ўдавы. Так жывучы, я крыху супакоіў свае думкі, мог ужо заснуць, хоць і ненадоўга; у сне мілыя мроі нагадвалі мне мінулае, калі быў яшчэ чалавекам.
Было гэта ў жніўні ў добрае надвор’е. Я блукаў у родных ваколіцах, калі на палетках даспела збажына. Недалёка ад сябе бачу Алёну. Яна жала на сваёй ніве, а на мяжы, лежачы на снапах, спаў маленькі хлопчык. З прыемнасцю глядзеў я на гэты малюнак, цешыўся, што Алёна шчаслівая, спакойна жыве са сваёю сям’ёю. Бог блаславіў іх гаспадарку, і жыта добра ўрадзіла на іх ніве. Пакуль я любаваўся на ўсё гэта, выскоквае з лесу воўк, хапае хлопчыка. На крык дзіцяці кідаецца матка.
– Ратуйце дзіцятка маё! – крычыць яна і падае непрытомная.
Я даганяю ваўка, адбіраю не пакусанае яшчэ дзіця, адношу да маткі. Суседзі, што прыбеглі на ратунак, дзіваваліся з усяго гэтага, а я ўцёк у лес.
Нейкае прыемнае пачуццё і ціхамірнасць ахінулі мяне пасля гэтага здарэння. Я лёг пад дрэвам і заснуў у салодкіх мроях. Вярнуўся ў сне ў сваю шчаслівую маладосць, і так мне было лёгка, што, як птах, пералятаў з месца на месца. Бачу перад сабою такі прыгожы сад, якога ніколі ў жыцці не сустракаў; гай, поўны птушынага шчабятання, а пёры на іх лепшыя і прыгажэйшыя, чым нашы вясновыя краскі; чыстыя крынічныя воды струменіліся тут і там; некаторыя дрэвы былі ў пахучай квецені, а на іншых даспявалі плады. Заўважыў на пагорку келіхі велізарных лілей, якія разлівалі прыемны водар. Толькі хацеў сарваць колькі кветак – з’явілася перада мною Ганка (сукенка на ёй белая, як лілея) і кажа мне:
– Не рві маіх кветак. Я садзіла гэтыя лілеі на сваёй магіле, палівала слязьмі сваімі.
І, сказаўшы так, знікла.
З саду пералятаю зноў у нейкую дзікую пустэчу; блукаю сярод стогадовых хвояў, ледзьве знаходжу сцяжынку, якая выводзіць мяне да нейкае велізарнае гары; хачу залезці на вяршыню, агледзець ваколіцы, убачыць адтуль вёску, дзе колісь была хата маіх бацькоў, але з усіх бакоў гары – бездань, якая не дазваляе ісці далей. Тут сустракаю нейкага Волата. Ён бярэ мяне за руку, загадвае ісці за ім, выводзіць з лесу на нейкае велізарнае поле, дзе крыжуюцца дарогі, і мноства там падарожных, што едуць або ідуць пеша. Узыходзім на пагорак, дзе была магіла. На ёй стаяў драўляны крыж, а непадалёку тырчала ўбітая ў зямлю рыдлёўка. Волат загадвае мне адкапаць магілу і дастаць адтуль мерцвяка.
Ахоплены страхам, выконваю ўсе Волатавы загады, дастаю з зямлі велізарны шкілет.
– Гэта будзе тваё цела, – гаворыць мне велікан. – Мусіш плакаць у ім, пакуль не паклічуць цябе да новага жыцця…
Я дрыжаў увесь ад страху, прасіў, каб даў мне спакой, але Волат моцна штурхнуў мяне, і я ўпаў на велізарныя грудзі шкілета, а разам з ім – у яму. Барукаючыся са смерцю, я прачнуўся.
Бачу: я – чалавек. Вопратка тая самая. Якую я надзеў колісь, ідучы на Алёніна вяселле. Не верыў, што гэта было наяве. Баяўся скрануцца з месца, абы толькі не зніклі такія салодкія мроі. Доўга быў я ў задуменні, падняў вочы да неба і дзякаваў Богу, што ўратаваў мяне ад таго жаху.
Падняўся я з долу з невыказнаю радасцю. Здавалася мне, што ўсе дрэвы і птушкі віншавалі мяне з новым жыццём. О, як соладка спазнаць міласэрнасць Божую! Жахлівы лёс чалавека можа зраўняцца са звярыным.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?