Электронная библиотека » Яніна Пінчук » » онлайн чтение - страница 4

Текст книги "Горад мрой (зборнік)"


  • Текст добавлен: 17 декабря 2018, 14:40


Автор книги: Яніна Пінчук


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 4 (всего у книги 14 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Так Вадзім і зацягнуў яе ў пасцелю. Была Страсная пятніца (з-за гэтага Улада сябе потым і грызла).

Асобнай млоснасцю адклікалася тое, як яна прыкідвалася, стагнала і ўздыхала. А насамрэч амаль нічога не адчувала.

Адзінае што – пагарду. Здзіўленую пагарду пры выглядзе гэтай стараннасці, гэтых прагных і мітуслівых сабачых рухаў, такога ж сабачага, беглага спадылба пагляду.

Улада проста ляжала, дазваляла рабіць штосьці са сваім целам, назірала і дзівілася, як можна так нізка ўпасці. Як можна за пару хвілін з чалавека ператварыцца вось у такога юрлівага сабаку.

Яшчэ ў яго была нейкая грубая скура, на ёй нават былі бачны гэтыя прышчынкі, адкуль волас расце. Улада зусім не разбіралася ў тым, якая ў мужчын бывае скура, але ў выпадку з Вадзімам ёй на розум прыйшло чамусьці слова «свінячая».

Увогуле, тады яна так і не пазбавілася цнатлівасці. Калі ён падрыхтаваў свой прычындал, з вуснаў Улады і прагучала гэта цяжкое, бы абкатаны галыш: «Не».

Гэта было адзінае, што яна прамовіла. Потым адапхнула кавалера і стала спешна апранацца, імкнучыся, каб рухі былі дакладнейшымі і не выдавалі хвалявання. Адначасна яна прыкідвала, ці дацягнецца да цяжкай крыштальнай вазы, калі ён уздумае браць яе сілай.

Але гэтага не адбылося. Яна пайшла.

Потым праз паўгода ён ізноў узнік, і ўсё паўтарылася па новай, аж да недарэчных прэлюдый у яго дома (зараз на іншай здымнай кватэры). Улада тупа спадзявалася на сваю «паўднёвую кроў», думала, штосьці «разгуляецца» – але чаго не было, таго і не з’явілася. Потым яны, як раней, палаяліся, і Вадзім, здзекліва расцягнуўшы рот, прабурчэў:

– Вось ты пачуваешся гэтакай кагалеўнай, валькігыяй… Якая велічна ляжыць і пгымае мілошчы – і можа ў кожны момант царскім жэстам усё гэта спыніць. А не пгыходзіла табе да галавы, што цябе, пгыгожа ўсё гэта абставіўшы, пгоста… – ён зрабіў драматычную паўзу. – …скагысталі.

Гэта было занадта.

Менавіта тады Улада зразумела, што хопіць: яе нявіннасць, дурасць і цярплівасць у адным флаконе зайшлі занадта далёка. Вадзім беззваротна трапіў у спіс асабістых ворагаў. З ім былі разарваныя ўсе кантакты.

Зрэшты, ён раз-пораз ствараў новыя профілі ў сацыяльных сетках і набіваўся на гутарку – канчалася новай сваркай і засмучэннем з-за страты раўнавагі.

Прайшло два гады. І вось тры тыдні таму ён ізноў напісаў.

– І ты наступіла на тыя ж граблі? – дакорліва пакруціла галавой Надзя.

– Я не хацела ні на што наступаць, якраз наадварот, – запярэчыла Улада. – Я ўспрыняла гэта як заданне. Місію па захаванні спакою. Я хацела пераканацца, што пасталела, стала разумнейшай, знайшла раўнавагу, разабралася са зданямі мінулага, так бы мовіць. І што магу падтрымаць гутарку, якая ні да чаго не абавязвае, з чалавекам, які няхай нават быў мне непрыемны.

– Не вельмі атрымалася, як пагляджу.

– Проста не разлічыла хады, – сказаў Юрась, адстаўляючы кубак. – Пусціла занадта далёка на сваё поле.

Ён ведаў, у чым справа, цяпер яна паўтарала ўсю гісторыю больш для яго сястры.

– Гэта дакладна, – уздыхнула Улада. – Калі б не вершы і не раман…

Наўрад ці яна свядома спрабавала яго прамацаць і падвабіць. Нават рашэнне пра агрэсію не з’яўлялася першапачатковым. Зусім не. У нейкі момант яна сапраўды паверыла, што ўсё абыдзецца, што суразмоўца «адэкватны».

Яна проста ўзрадавалася і на хвалі ідэалізму падзялілася самым запаветным, святым: сваёй творчасцю.

Гэта быў самы грандыёзны дар. Самы безумоўны акт даверу, які можна было ўявіць.

Увогуле, яна давала чытаць свае вершы і прозу ўжо адносна многім. Але праз нявопытнасць проста не магла выказаць здагадку, што з Вадзімам звязаны надта складаныя перажыванні – рэагаваць спакойна яна не здолее.

Ад водгука ў яе ўсярэдзіне ўсё перавярнулася і… ператварылася ў кашу.

Вадзім захапляўся тым, які яна стварыла свет. А тут Улада сапраўды дала волю фантазіі – яна апісала альтэрнатыўную рэальнасць, якая амаль нічым не адрознівалася ад нашай, але дзе Вялікае Княства Літоўскае было рэальна існуючай (і рэальна вялікай) дзяржавай, а ў тканіну штодзённай рэальнасці і афіцыёзных навін закрадаліся загадкавыя з’явы і анамаліі. На гэтым фоне яна са смакам выпісвала палітычныя і прыдворныя інтрыгі, шчодра перасыпаючы аповед іроніяй і размаітымі алюзіямі, а таксама з асалодай прыпраўляючы «спецыфікай», якую пачарпнула ва ўніверсітэце – ізноў жа, з доляй іроніі.

Каму-каму, а ўжо ёй падабалася – прынамсі, Улада атрымлівала задавальненне ад працэсу тварэння. Сябры таксама знаходзілі гэту выдумку незвычайнай і нават раілі друкавацца (яна ўжо нават амаль пагадзілася з іх меркаваннем).

Але на пахвалах арыгінальнасці ўсё і скончылася. Далей пайшла цягучая, дазіраванай атрутай прасякнутая крытыка – у такой да болю знаёмай манеры. Вадзім пісаў: «Рэальнасць, сама канструкцыя гэтай рэальнасці – проста шыкоўная, але вось мова… Жудасна старамодная, нязграбная. Такое пачуццё, што ты выцягнула яе з куфра з нафталінам. Так не пішуць. Так – цяпер – не пішуць». Уладу гэта абразіла, яна запярэчыла наконт адсутнасці моды на стыль – ён можа быць дрэнным і добрым, і толькі. Ёй запярэчылі ў адказ: «Ты не маеш рацыі. Пісьменнікі з цягам часу сталі лепш пісаць. Так, цяперашнія значна лепш пішуць – чым у тым жа XIX стагоддзі, я зусім не разумею, як можна так насіцца з тымі, старымі творамі. Тады пісьменнікі вечна рабілі нейкія абмылы: у іх вечна было дрэва з таблічкай «дрэва», ненатуральныя дыялогі…» Іншымі словамі, ён верыў у прагрэс. Ужо гэтага хапала, каб яе пачало падванітоўваць. Ды яшчэ зноў гэты паблажлівы, ментарскі тон.

Улада запярэчыла ва ўмерана рэзкіх выразах – проста каб выказаць нязгоду і адстаяць сваю пазіцыю. Але пры выглядзе яе раздражнення Вадзім узбудзіўся, як піранья, якая ўчула кроў.

Ён пачаў адкрыта здзекавацца: «Ты ніколькі не змянілася, і ўсе твае комплексы засталіся ранейшымі. Ты ўсё цягнешся назад, спрабуючы знайсці апору, а там толькі гнілата – так і твая гэтая «класічная літаратурная мова». І твая гэта апантанасць заходнімі пісьменнікамі – там няма нічога жывога, але ты імі зачытваешся, таму што табе дрэнна ў рэальнасці, што цябе атачае, ты спрабуеш уцячы. І вось калі мы чытаем і бачым такую мову, гэта ўсё абмылы перакладчыкаў, а ты – ты першапачаткова так пішаш. Убога, бездапаможна. А твае персанажы кажуць так, як хочаш ты – а не так, як жывыя людзі. Яны як марыянеткі, якіх тузаюць за нітачкі. А ўсё таму, што ты не разумееш людзей. І, горш таго, не хочаш разумець. І гэтыя дыялогі такія ж ненатуральныя, як твае паводзіны і ўвогуле ўсё тваё жыццё».

Гэта, ізноў-ткі, было занадта.

Яе ж вершы ён назваў «імітацыяй імітацыі», нават не маючы намеру канкрэтызаваць.

Можна і не казаць, што адчувала Улада. Не, ёй не плюнулі ў душу – яе душу проста абасцалі. З гэтага агіднага карычневатага адростка, што яна бачыла ў яго праміж ног.

Яна адчула сябе пабітай. Тое, што яна стварала, дакладней, тое, чым яна жыла апошнія два з паловай гады, сталася проста купкай смецця. Выходзіць, яна насілася з нейкім лайном і думала, што гэта золата. Колькі сіл, колькі перажыванняў можна было перабіць адным смачным пляўком.

Вядома, гэта было ненармальна, Улада разумела, што гэты часовы настрой, што ёй трэба б умацоўваць упэўненасць у сабе, што Вадзім ізноў выявіў сваю існасць, хоць і не магла ўзяць да галавы, чаго ён так на яе настроіўся. А яшчэ было крыўдна, што яна даверлівая дурніца. Ізноў.

Але на рэзкасці не пайшла, трымалася. Карэктным тонам пачала прасіць парады. І тут мэтр разгарнуўся на ўсю – ён пачаў прыводзіць у прыклад свае апавяданні, у тым ліку як шэдэўр прыводзіў у прыклад той, дзе апісвалася заганная страсць да сястры, і «вучыў, як жыць». І яўна быў усцешаны яе пакорлівымі, зняважанымі паводзінамі.

Але яна расказала пра ўсё Юрасю. Тот ведаў і ўсю перадгісторыю і рашуча заявіў, што трэба адплаціць. Разам яны склалі вялікае камюніке і адправілі крыўдзіцелю. Улада яго помніла амаль на памяць і абыякавым тонам працытавала асабліва смачныя месцы.

– І што ж вы напісалі турэцкаму султану? – пацікавілася Надзя.

– Зараз, – кіўнула Улада.

Яна на словах пляжыла і яго ўласную творчасць, і комплексы, і, урэшце, вытанчана падводзіла тэарэтычную базу наконт таго, што ён «блакітны, як неба над Багамамі», і таму яна, маўляў, і не змагла будаваць з ім ніякія адносіны. Натуральна, яна скарыстала ўсё, што да гэтага моманту пра яго ведала, што ён сам неабдумана расказаў ёй у парывах шчырасці – тады, калі яна сама амаль верыла, што гэтыя зносіны і размовы ўсё-ткі могуць быць нармальнымі.

«…Можа, у гэтым вінаватыя жорсткая, уладная мама і старэйшая сястра, яны занадта дамінавалі над табой і выхоўвалі цябе як падабцасніка, як дзяўчынку, у выніку чаго ты стаў такім. Твая прыналежнасць да мужчынскага полу чыста фармальная і ўмоўная. Ты не ў сваім целе. Ты псіхалагічная кабета.

Ты хваравіта перажываеш тое, што ты не мужчына ні душэўна, ні па паводзінах.

Усё сваё жыццё ты спрабуеш давесці зваротнае. Што ты мужчына. Гэта ў цябе асацыюецца з сэксам – «стаць сапраўдным мужчынам». Сястра цябе душыць – сястры трэба давесці, што ты мужык, адпярдоліць яе…»

– Вось чорт, – вылаялася Надзя са смяшком. – Высокая дыпламатыя, называецца. Моцна ж ён цябе дастаў. Калі ты – так.

– Але ты ж помніш мае пісьменніцкія пакуты, нашу гутарку на падваконніку і яго аповед «Пакой», які ты чытала з планшэта? – падняла бровы Улада.

– Помню-помню. Што б ты ні «ўрэзала», але апяванне сэксоўнасці старэйшай сястры мне тады таксама… неяк… увогуле, штосьці там не тое…

– Ну вось, – здзеклівым тонам з ноткай суровасці мовіла Улада.

«…Таму што мужыкі заўсёды ўсіх пярдоляць. І ўсе твае сувязі са старэйшымі кабетамі адсюль – так ты на пэўны час даводзіш сабе, што ты ўсё ж мужчынскага полу. Можа, і маці сваю ўсё ж улагодзіш у выніку, я помню па фотках, што яна вельмі сэксі – грудзі, як вымя ў каровы, зусім як ты любіш (ах, гэта перабольшанае захапленне жаночымі атрыбутамі!). Шмат што ты робіш знарочыста і дэманстратыўна – каб паказаць усім, што ты не збачэнец. Але твае спробы адпавядаць свайму целу непераканаўчыя нават для цябе самога.

Адсюль і тваё раздваенне – таму што табе хочацца сэксу з самцом-актывам, у якім ты б быў пасіўным бокам, які з мазахісцкай юрлівасцю прымаў бы ўсе зневажэнні. Ты і ў дзяцінстве паводзіў сябе як дзяўчынка, не ўмеючы біцца. Разумею, што кожная адмова для цябе – катастрофа, што пацвярджае тое, што ты сам і так ведаеш, але ўціхамірся, у цябе ніколі нічога не выйдзе з нармальнай дзяўчынай, таму што ты – гомасэксуаліст, і сапраўднае тваё жаданне – быць адпярдоленым у дупу іншым гомасэксуалістам, ты ж не мужчына і ніколі ім не быў, таму ў нас з табой нічога і не склалася. І твае адносіны з Ліліяй-Ліліт – ты ёй даеш парады, дапамагаеш і падтрымліваеш, то-бок, маеш ролю сяброўкі-жанчыны, якая разумее і спачувае. Вы ж разам абмяркоўваеце яе мужчыну. Таму вы з ёй і несумяшчальныя ў фізічным плане. Як і са мной – мяне ж да жанчын не цягне.

Цалкам чаканае адштурхванне. Ты з дзяцінства выклікаеш у людзей жаданне адрынуць цябе менавіта дзякуючы неадпаведнасці твайго полу і тваёй існасці. Твае крыўднікі проста ўчулі тады дзіцячым нюхам, што ты – нейкі не такі. У цябе тыповая збачэнская зацыкленасць на ўласным целе, мяккасць, уразлівасць, выкрутлівасць, ілжывасць і ныццё. І песні ты любіш крыкліва-пафасныя, занадта вычварныя і крыху саладжавыя. Калі спрабуеш казаць пра «пачуцці», аж на ваніты прабівае ад прыкрасці. У тваёй гаворцы шмат штампаў, барадатых анекдотаў, якія старэйшыя за мяне, занудных прымавак і чужых клішаваных досціпаў. Ты непісьменны. Твой правапіс – гэта жах. А замежныя кнігі не можаш чытаць таму, што яны разлічаны на чытача з больш высокім узроўнем інтэлекту, чым у цябе. Твая доля – папса. Дарэчы, таму ты і напісаць нічога толкам не можаш. Так смешна было, калі я табе хлусіла, быццам бы твае опусы нешта з сябе ўяўляюць, а ты купіўся… Карацей, мне цябе шкада, але не настолькі, каб з табой кешкацца».

Надзя памаўчала і прамовіла:

– Так-так. Літаратары эпісталярнага жанру, блін.

– Ну а што, – паціснуў плячамі Тур-старэйшы.

Улада сербанула чаю, як стомлены лектар пад канец пары і ўжо павольней дараспавяла:

– Хацела кінуць яго па ліставанні. Але ён мне такі шле СМС: «Сонейка, але ты забылася, што ў цябе мая флэшка, так што сёння табе ўсё ж давядзецца паглядзець мне ў вочы». Ну добра. Такім чынам, спачатку ў нас былі СМС-спрэчкі з нагоды таго, калі аддаваць флэшку (выявілася, што ён яшчэ не ў Мінску). Ну нічога – я пагадзілася, даўшы зразумець, што не баюся з ім сустракацца і гаварыць проста. А то ж ён, ізноў уключыўшы свой галімы пафас, сказаў: «…да вечара запал пройдзе – застанецца страх». Страх? Ха. Насамрэч, вядома, я ўвесь дзень была праўда на ўзводзе, таму што зараз ужо цвёрда вырашыла ўчыніць рукапашныя разборкі.

А калі я яшчэ была на працы, то вырашыла з ім высветліць гэтыя акалічнасці (дзе, калі і як) вусна, кажучы: «Калі да цябе не даходзіць, то гэта адзіны твой шанец атрымаць гэту тваю каштоўную флэшку, хоць мог бы ўжо не драбязніцца ды падарыць мне яе, ці што, чаго ты як жыд». Тады ён і сказаў, маўляў, я ў Нясвіжы. Ну акей. Тады ж прагучала і пра «страх», тады ж і вось гэта: «Але ў мяне крык тваёй душы. Скажу проста, твой раман шчыра нудны, чытаць яго нецікава. Персанажы не прапісаны, характары ніякія, мова жудасная, а герой – проста ануча, таму што ён баіцца рабіць памылкі, а значыць, проста як ты, баіцца жыць. Так што мне ні захоўваць гэта на памяць, ні чытаць не цікава – а вось каму трэба перадаць ці выкласці ў інтэрнэт…» Тут я і ўмацавалася ў намеры з’ездзіць яму па фізіяноміі. Абавязкова. Думала, павалю, а там па яйцах, а там і па твары ботам… Уяўляла сабе маляўнічыя карціны, проста-ткі завялася. А цяпер расчараваная, мала ён атрымаў.

– А Мураўская кажа, што было шыкоўна! – запярэчыла Надзя. – Кажа, ты напамінала раз’юшанага каршуна. Ці італьянскую каханку – ізноў-ткі раз’юшаную.

Улада змрачнавата і горка ўсміхнулася. Насамрэч ёй здавалася, што яна схібіла. Уласныя рухі тады здаваліся ей нейкімі мяккімі, ватовымі і недарэчнымі. Адна справа выгляд, іншая – эфект.

* * *

Учора яны з Оляй цудоўна бавілі час.

Спачатку, вынырнуўшы з метро, яны пакрочылі да ўвагнутага фасада басейна, кожная са свайго боку. Дзяўчаты сцепануліся ад вільготнасці вясновага паветра і весела, узбуджана балбочучы, паспяшаліся ўнутр, прадчуваючы і цёплы душ, і свежасць вады, і мяккую нагрузку, якая спачатку амаль не адчуваецца, але потым разліваецца па ўсім целе лёгкай, шчаслівай стомай. Улада невыпадкова аблюбавала гэты басейн: толькі там, плаваючы на спіне, можна было сузіраць савецкія фрэскі і ляпніну на столі.

Яна ж наогул была вядомай аматаркай вінтажу і рэтра, і дагэтуль, бывала, хадзіла па Праспекце, захоплена задраўшы галаву і цалкам пагрузіўшыся ў разгляданне розных медальёнаў, рэльефаў, карнізаў, статуй, порцікаў. Строгія «таталітарныя» лініі цяжкіх сталінак не душылі яе, а зачароўвалі, элементы дэкору, што састарэлі і страцілі сур’ёзнасць разам з мінулай эпохай, здаваліся ёй не недарэчнымі, а кранальнымі. Улада ведала, што многіх раздражняе гэтая пампезнасць, але была ўпэўнена: давядзіся ёй працаваць у такім адміністрацыйным будынку, яна б пачувалася як рыба ў вадзе. Яе няможна было назваць прыхільніцай савецкай улады – але яна была гарачай прыхільніцай савецкага стылю.

Мураўская з яе трошкі паджартоўвала, але ставілася да гэтага захаплення зычліва. Пасля басейна яна прапанавала схадзіць у кафэ і стала горача расхвальваць сваю любую ўстанову ў цэнтры:

– Я ведаю, што ты больш за ўсё любіш – атмасфернасць! Так? Так! Я цябе запэўніваю, Уладушка, там проста шыкоўна, як кавалачак Англіі, вось убачыш, і персанал – спрэс лэдзі і джэнтльмены, ну хіба ў якой-небудзь, скажам, звычайнай кавярні гэта сустрэнеш? Мы ўчора атрымалі стыпендыю, давай гуляць!

Улада засмяялася:

– Ну калі гулянкай можна назваць кубак капучына і пірожнае…

Праўда, пагуляць у іх не атрымалася: кафэ было перапоўнена, афіцыянты насіліся як шалёныя, слізгаючы па цёмным паркеце, над дубовымі столікамі стаяў несціханы гоман, усё заслаў густы тытунёвы дым – на розум адразу ж прыходзілі думкі пра люлькі, не пра цыгарэты. Абсалютна не знерваваўшыся, Оля прапанавала неадкладна ехаць да яе ў госці на Спартыўную.

– Ой, ужо позна, – заўважыла Улада. – Мае дзяўчаты не вельмі любяць, калі нехта вяртаецца ноччу: ключамі дрынкае, на рэчы натыкаецца.

– Ну так у чым праблема? У мяне заначуеш! Тым больш, нікога з маіх няма, усе з’ехалі: дзядуля з бабуляй на лецішча, а бацькі па справах у Вільню, – заявіла Мураўская.

Улада не стала выяўляць ілжывую сарамлівасць і з задавальненнем пагадзілася. Здымная кватэра на вуліцы Якуба Коласа, дзе апроч яе жылі яшчэ дзве дзяўчынкі, таксама валодала адмысловым флёрам. Але, вядома, ні ў якое параўнанне не ішла з палацам юнай княгіні Вольгі. Насамрэч гэта былі дзве кватэры, перапланаваныя і злучаныя ў адну – у гэтай рэзідэнцыі жыло ўсё сямейства.

Ідэю наконт гулянкі яны вырашылі не адкідаць і зайшлі ў краму па венскі фруктовы пірог, бельгійскае какосавае печыва і пудынг. Дзяўчаты вырашылі, што пасля нагрузкі можна сябе і папесціць. Тым больш, «неабавязкова ж з’ядаць усё за раз», – заўважыла Мураўская такім павучальным тонам, што Улада пырснула ад смеху.

На кухні яны заварылі гарбату і ўключылі серыял «Джыўс і Вустэр», бо вырашылі самастойна стварыць ангельскую атмасферу.

– Дарэчы, а дзе твая малая? – спытала Улада.

– Танечка? Ды таксама на лецішча напрасілася. Яна кожны год туды прагне трапіць, о-о, ты што, гэта для яе зямля запаветная! Вось і просіць, каб яе ўзялі, нават калі там загараць няможна і на гародзе здабыць няма чаго – кажа, я з вамі садзіць буду.

– Ну, дзіцё гарадское, ёй, пэўна што, усё ў навіну, вось і просіцца.

Потым яны плаўна перайшлі да тэмы вёскі, Улада нарасказвала кучу пацешных выпадкаў і вакацыйных уражанняў з сельскага жыцця. Оля лічыла, што і ў ёй самой было нешта «рустыкальнае і букалічнае»; «Калгаснае, ці што?» – грубавата перапытала Улада. «Што ты, я зусім не гэта мела на ўвазе!» – запярэчыла Оля, але яе сяброўка разумела, што такое: па-руску размаўляла яна не на трасянцы, але з заўважным акцэнтам. Аднойчы яна паехала ў госці да стрыечнай сястры ў Маскву, яны гулялі па разамлелай ад спёкі набярэжнай ля вады, што зіхацела блікамі, ужо бліжэй да вечара і пачулі ззаду сябе развясёлую кампанію: хлопцы гаманілі, жартавалі, рагаталі і адпускалі голасныя каментары.

– Ну вот, твои соотечественники, – прамовіла Святлана. Яны гутарылі між сабой па-руску – так гістарычна склалася.

– Чего это они «мои»? – злёгку натапырылася Улада. Ёй не хацелася мець нічога агульнага з гэтай хмельнай кампаніяй з голымі торсамі.

– Послушай, как они разговаривают.

Улада прымоўкла хвіліны на паўтары, намагаючыся зразумець, у чым соль. Не зразумела – і збянтэжана маўчала яшчэ гэтулькі ж, так што стрыечка не вытрымала:

– Ну?

– Нормально они разговаривают, – паціснула плячамі Улада.

– Нетушки, – павучальна заўважыла Святлана, – у них акцент слышен! Они «дзекают», «цекают» и «акают». Вот у тебя это тоже есть. Но ничего, просто надо слегка поработать.

І яна пачала распавядаць, куды ставіць язык, як яго там утрымліваць і прымусіла Уладу прамаўляць словы накшталт «день», «тень» і «плетень». Тая з ветлівасці паспрабавала, але потым адразу ж кінула гэты бескарысны занятак.

Бо што патрабаваць дакладнага вымаўлення ад чалавека, які і рускія словы часам насілу знаходзіць.

– Чэсна, не смейся, хоць у нас у сям’і не толькі па-беларуску гавораць, але часам я заміж «меткий» кажу «трапны», а заміж «вывеска» – «шыльда», – усміхнулася Улада.

– Ды гэта ўжо ўсе ведаюць, – падхапіла Мураўская, – успомніць хоць бы шпаргалкі па гісторыі міжнародных адносін: усё адразу зразумелі, хто іх рабіў!

– О так, я і там умудрылася нейкае слоўца кудысьці ўсунуць! А мне проста падабаюцца аўтэнтычныя выразы. Часам здаецца, што ні на якой іншай мове так не скажаш. Вось была ў мяне ў дзяцінстве кніжка з казкамі графіні дэ Сэгюр, вельмі таленавіта перакладзеная. Там была казка пра прынцэсу, на лёс якой выпала шмат пакутаў і ворагам у якой была «мярзотная варажбітка». Я дагэтуль помню, – усміхнулася Улада.

– Ды гэта так, каларытны выраз! – пагадзілася Оля. Яшчэ яны папляткарылі пра дэкана, выкладчыкаў, аднакурснікаў і складаную сістэму стасункаў.

– Пра цябе ўжо кажуць, што ты набліжана да гасудара, – млява працягнула Мураўская.

– Ага, ну гэта ты мяне ўвяла ў кола прыдворных! – парыравала Кунец.

– Але за той прамежак перад экзаменамі табе дзякуй, а то ўсе проста на вушах стаялі, немагчыма ж вывучыць за два дні.

Улада сціпла апусціла вочы. Ну так, гэта дзякуючы адной прыватнай гутарцы ім выкраілі пару дзён звыш належнага і невядома якім манерам ссунулі сесійны графік. Улада яшчэ не паспела знахабіцца, але асаблівыя адносіны адчула – цяпер яна магла проста спыніцца ў калідоры пабалакаць з дэканам «за жыццё» і нават у кабінет да яго ўваходзіць амаль папросту, хоць сакратарка заўжды злавалася. Праўда, становішчам Улада не злоўжывала. Ну, калі не лічыць таго падарожжа ў Талін і Стакгольм, куды яны з Оляй уціснуліся разам з выкладачамі, якія ехалі абмяркоўваць нейкія свае навуковыя праблемы. Апроч іх там быў, натуральна, Бухвостаў і яшчэ некалькі чалавек з ліку «эліты».

Потым яны яшчэ каля гадзіны прабалакалі пра ўсё на свеце, Мураўская расказвала пра свайго дзядулю, як той быў паслом у Іране, Улада ўзгадвала нейкія кнігі і мемуары, чапляючыся за розныя дэталі, што згадвала сяброўка. Нарэшце дзяўчаты вырашылі, што час класціся спаць, хоць заўтра і была субота.

– Оля, у цябе ж прынтар ёсць? – паўпытальна звярнулася да сяброўкі Улада ўжо сонным голасам.

– Ну так, вядома, – з позехам адказала Мураўская. – А што, табе эсэ надрукаваць трэба?

– Ага.

– Правільна, не ідзі ты нікуды, на такое і грошай шкада, калі шчыра. Лепш у сталоўцы печыўца купіць.

Спалі яны выдатна. Праўда, Улада памкнулася кудысьці з цёмнага рана, нават не паснедаўшы. На пратэсты сяброўкі яна адказала:

– Нічога, я торбу пакуль у цябе пакіну, а сама праз хвілін сорак буду, у крайнім выпадку праз гадзінку. Мне проста трэба тэрмінова з адным чалавекам сустрэцца.

Оля з разуменнем кіўнула і зачыніла за ёю дзверы. Яна пайшла мыць запарнік; у глыбокай металічнай ракавіне струмень вады скрануў дзве-тры дзіўныя шэрыя лускавінкі, падобныя на цвіль, але Оля не паспела разглядзець, іх засмактала ў сцёк – і яна не стала надаваць гэтаму ніякага значэння.

* * *

Надышла вясна, і яна здавалася такой жа неверагоднай, як мінулая снежная зіма: настолькі зацягнуўся гэты маркотны пераходны перыяд з золкай шэрасцю. Уначы прайшоў дробны дождж, асфальт вільготна і цёмна пабліскваў, здавалася, увесь свет змяніўся, пакінуўшы толькі два колеры: антрацытава-чорны і буяны, нахабісты салатава-зялёны. Выразы і пошугі галін і кустоў прымушалі карціну скакаць перад вачыма, хоць Улада насамрэч ляцела, то адно, то другое крысо яе плашча лопала, як крыло маладога крумкача.

Раней яна ніяк не магла адшукаць гэта месца, а апынулася – элементарна, проста ўвесь час не магла зарыентавацца і глядзела ў іншы бок. Але гэты цагляны плот з арачкамі і пікамі, праз якія пераможна лезла насычаная, кучаравая зеляніна, не пакідаў сумневаў: яна прыйшла па адрасе, вось толькі ўваход павінен быць з іншага боку.

Нарэшце яна пазнае, што ж хаваецца за такім прыгожым, такім старажытным словам: Кальварыя.

І тут яна вырашыла загадзя настроіцца на хвалю і адчуць яе наяўнасць. Яе сігнал не застаўся без адказу – перад Уладай паўсталі двое: высокі, мажны немалады шляхціч і таксама даволі высокая, худая, уся нейкая вастракутная пані. У яго былі доўгія рудаватыя вусы, кплівы пагляд з-пад густых броваў і грубы, каменны падбародак. Па ўсім бачна: такі чалавек – або найлепшы сябар, або найстрашэнны вораг: хаця з блізкімі і велікадушны, але нораву крутога і жорсткага. Яго спадарожніца была апранута ў парчовую бледна-пурпурную сукенку са старамодным гарсэтам і галандскім карункавым каўняром. Яе попельна-русыя валасы былі ад прыроды не вельмі густыя, але былі прыбраныя ў складаную фрызуру, твар, ужо таксама не першай маладосці, захоўваў свецка-пачцівы выраз, але ці тое склад яе рота, ці тое рэзкасць рыс навявалі думкі пра інтрыганства.

Улада не чакала такога хуткага водгуку і злёгку спалохалася:

– Вітаю вас, Яснавяльможны Пан і Яснавяльможная Пані! Прыміце паклон мой да зямлі і знакі найвышэйшай да вас павагі!

Яна прамовіла гэта шэптам і злёгку пакланілася – гэтак, каб мінакі не заўважылі і не падумалі, быццам яна збрэндзіла.

– Вітаем і вас, гжэчная паненка, – басам прамовіў даўгавусы шляхціц, – радыя бачыць у нашых уладаннях.

– Але ж хіба вы проста так на шпацыр у такіх слаўных мясцінах выправіліся, альбо, мо, з нейкаю справай прыйшлі? – запыталася Пані, грацыёзна схіліўшы галаву набок і, нягледзячы на фасон сукенкі, быццам бы выгнулася, нібы змяя.

Ну натуральна, нічога ад іх не схаваеш – зараз толькі б атрымаць санкцыю. І, напэўна, ім падабаецца, што Улада выбрала для размовы беларускую: вядома, немагчыма гаварыць з імі на іхняй састарэлай, невядомай для яе мове – але, мабыць, гэта самы блізкі варыянт.

– О так, – сціпла прызнала Улада, – маеце рацыю, бо Яснавяльможныя Пан і Яснавяльможная Пані бачаць не толькі на зямлі, але і пад зямлёй, не толькі на твары, але і ў душы чалавечай.

Тыя задаволена пераглянуліся: прыемна мець справу з выхаваным чалавекам, не без свецкага глянцу, так бы мовіць. Яны трохі ўхіліліся ад асноўнага пытання і яшчэ колькі хвілін, пакуль Улада не дайшла да варот, гутарылі на агульныя тэмы. Потым Пані ўсё ж спытала:

– Так што ж прывяло вас сюды? Няшчаснае каханне? Здрада? Можа, якая страта?

– Справа ў тым, – лісліва прамовіла Улада, – што ў мяне ёсць вораг.

На хвіліну яна рэзка затармазіла, як чалавек, які ўспомніў пра нявыключаную пліту. Яе ахапілі сумневы.

Прытым быццам бы нават не ў слушнасці таго, што яна рабіла: у галаве замільгалі аргументы – так, прыкладам, у Вадзіма не толькі з ёй былі праблемы. Аднойчы яна рэзка адказала яму ў ліставанні – а дакладней, не хаваючы расказала пра сваю крыўду. І ён пачаў меланхалічна разважаць: «Ну няўжо я насамрэч такая сволач? Я за ўчора і сёння палаяўся з чатырма людзьмі. Дакладней, яны са мной. Усе – на мяне пакрыўдзіліся. Усе завуць мяне нейкім катам і распісваюць, на што пэўна пакрыўдзіліся. Ну што са мной не так?»

Ён аб’ектыўна не ўпрыгожвае гэты свет.

Былі сумневы ў тым, што гэта прынясе ёй перамогу.

«Назіраю за табою і ўспамінаю сябе ў шаснаццаць год – а зараз падаюся сабе такім старым, цынічным у параўнанні з табой», – сказаў Вадзім спачатку. А калі яна ўжо выбухнула, напісаў (пэўна, з тым выразам на твары, калі ледзь заўважна крывяць рот і прыплюшчваюць вочы): «Якое ж ты ўсё-ткі дзіцё. Гэтыя абвостраныя рэакцыі, крыкі, істэрыка. Гэта проста прыкмета няспеласці і слабасці – хоць ніхто не збіраецца цябе літаваць! Ты хочаш, каб табе ўсё жыццё ліслівілі, трымалі цябе ў цяплічных умовах?» О Божа, ён і тут прымудрыўся нацягнуць на сябе маску дабрадзея. Ён «дапамагае ёй сталець».

Яна не чакала, што можа так курчыцца і заходзіцца болем з-за абражанага самалюбства. Улада не заўсёды бывала стрыманай, але каб так…

Хто яна? Па ўсеагульным прызнанні – самародак, «перспектыўная дзяўчына». Не проста выдатніца, а чалавек дапытлівы і амбіцыйны, які прагне дастасаваць свае якасці і дамагчыся поспеху. Яна мысліць буйнымі катэгорыямі. Выстаўляе да сябе жорсткія патрабаванні. Рэдка ўсміхаецца. І знемагае пад цяжарам сур’ёзнасці.

Улада ўздыхнула: праклятая прага дасканаласці. Пракляты жорсткі суд, які чыніш над сабой кожную секунду і зрываешся, калі да гэтай непасільнай ношы дадаецца яшчэ хоць грам чужой крытыкі. Яны думаюць, што гэта наравістасць і самалюбства – хаця насамрэч гэта саманянавісць. І яны проста не бачаць таго цяжару, што ўжо навалены на плечы.

Так, яна крыўдлівае дзіцё. Але гэта не яе – чуеце? – зараз ужо зусім не яе праблемы…

Дрэвы любоўна апусцілі свае кроны над уваходам, нібы вабячы ў гэта царства спакою, задуменнай безуважнасці і даўніны. Каля варот сядзела бабуля ў светла-карычневым паліто і прадавала штучныя кветкі; магчыма, яе клікалі Агнешка ці Ядвіга, ці Ганка.

Улада з заміраннем і ціхім захапленнем рушыла ўслед за Гаспадарамі. Тыя ж не прыспешвалі яе і разумелі, што новай госці хочацца ўсё разглядзець, і вялі яе па самых цікавых месцах, паказвалі самыя незвычайныя помнікі. З боку здавалася, што Уладзіслава шукае магілу сваяка. На самай жа справе гэта была экскурсія, сукенка Пані мякка шамацела, чапаючы то асфальт, то траву, то вузенькую дарожку.

Ёй спадабаўся лаканічны прыгожы касцёл, па стылі ў чымсь роднасны Мірскаму замку. Уразіў і рэльеф над варотамі, на белай атынкаванай сцяне: труна, асененая штандарамі, а над імі чэрап – гэта вельмі нагадвала эстэтыку Браўншвейгскіх гусараў. Пры ўваходзе Уладу зацікавіла арыгінальнае надмагілле: на Вайсковых могілках у вочы кідаліся каменныя дрэвы, калоды з абсечанымі галінамі, а тут – помнік, годны капітана, а можа, і адмірала: крыж, нібы збудаваны з адломкаў мачтаў, змацаваны грубымі марскімі лінамі. Яна ўбачыла імя, што аддавала цёмнай іроніяй: Вячаслаў Чараповіч. Але што б мог значыць такі дызайн? Старасвецкія скляпы глядзелі важна і стрымана, і нібы праводзілі паглядам. Яны ўражвалі, дарма што многія знаходзіліся ў жаласным стане. Аднак вынікала спяшацца ўслед за Панам і Пані.

Толькі б не было чужых. Хоць на гэта разлічваць не даводзілася, набліжалася Радаўніца, там і сям мільгалі людзі, адны стала прахаджаліся па прысадах з пачуццём выкананага абавязку і нягучна гутарылі, іншыя дзелавіта церабілі зажухлыя кветкі і вазоны, што ўжо згубілі свежасць, шоргалі дзеркачамі, тлумачылі сваякам, што прыехалі з імі, куды лепш высадзіць барвенак… «Толькі гэтага яшчэ не хапала», – падумала Улада і адчула сябе ніякавата.

– Нічога не саромейцеся, вы ж з намі, – адказаў Пан, адгадаўшы яе думкі. Улада ўдзячна ўсміхнулася, у той жа час інстынктыўна косячыся на дымчаты «опель», які праязджаў міма.

Сапраўды, дзе найлепей згубіцца? – у натоўпе! Ніхто не заўважыць, што яна штосьці робіць – таму што ўсе нечым занятыя.

Справа адкрывалася панарама: сарамліва выглядваючы з-пад далікатных салатавых махроў галін, позірку адкрываўся спуск – зялёныя ўзгоркі, абтыканыя крыжамі і плітамі. За імі нахабна маляваліся недарэчныя ў гэтай экспазіцыі чысценькія дамы з новым тынкам і тэрмафутрам.

– Сюды, – паказала Пані, выцягнуўшы руку з бледнымі музычнымі пальцамі.

Улада засяроджаным грачанём рушыла ўслед за ёй, папраўляючы пояс плашча і асцярожна ступаючы нагамі ў старамодных туфлях са скрыжаванымі раменьчыкамі. Унізе на схіле таксама нехта кешкаўся, яна заціхла, прыслухоўваючыся і прыглядаючыся, а потым пралезла да паказанай магілы – даволі закінутай, затое з прыгожым крыжам на надмагіллі.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации