Текст книги "Горад мрой (зборнік)"
Автор книги: Яніна Пінчук
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 1 (всего у книги 14 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]
Яніна Пінчук
Горад мрой
Магічна-рэалістычныя апавяданні пра Мінск і не толькі
© Пінчук Я., 2016
© Багдановіч Я., вокладка, 2016
© ПВУП «Галіяфы», 2016
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
1. Спатканне
Аблокі адчайна намагаліся трымаць структуру, але ўсё роўна ператвараліся ў шэрую масу з трывожнай рабізной, якая зеўрала празрыстымі прарэхамі. Ці пойдзе дождж? З-за тварожыстых аблокаў прарывалася прывіднае святло, што сустракаецца на карцінах старых майстроў: па колеры нейкае латуннае і змрочнае. Яно таксама навявала трывогу.
Экспазіцыя выдатная, і настрой – тое, што трэба. Дзіўнае зліццё: эфірны прысмак чакання, рамантычнай тугі – і ўраўнаважаная мэтанакіраванасць. Чаго ж мне хочацца: чытаць, пісаць, маляваць, а калі ісці – то куды? Аднак зараз, насуперак звычаю, я не раздзіралася сумненнямі, як бурыданаў асёл, мне хацелася проста жыць. А імкнулася я, у першую чаргу, на прыпынак тралейбуса.
Усё пачалося з кафэ. Дакладней, з яго згадкі: са старонкі ў інтэрнэце, разгорнутага водгука і стылёвых фотаздымкаў.
– Слухай, я тут набрыла на адну кавярню, ты як наконт гэтага? Ну, не ведаю, была ты там ці не… Карацей, акцэнт на каву – а ты ж вялікая аматарка, вось я і падумала, што табе будзе цікава.
Гэты званок прагучаў днём, калі неба яшчэ не афарбавалася містычнымі тонамі і цадзіла скрозь бялёсую смугу цеплаватае, ветлівае сонечнае святло. Здаецца, свяціць не надта ахвота, але, даражэнькае, гэта ж лета, адмовіць у сваёй прысутнасці не камільфо. Цікава, якія ж думкі сёння займалі сонца…
Я дарэмна задрала галаву: ледзь не ўляцела ў багемнага выгляду дзяўчыну з велізарнай папкай пад пахай – яна з сумессю спалоху і абурэння адскочыла ўлева, учапіўшыся ў руку спадарожніка, юнага хіпстэра ў акулярах а-ля Сальвадор Альендэ. Такі ўжо кантынгент на гэтым прыпынку. Акадэмія мастацтваў, панове, што ж вы хочаце. Вінавата ўздыхнуўшы, я адняла ад вуха нагрэты, мутны тэлефон.
Зараз я ехала на тым самым тралейбусе, які чакала некалькі гадзін таму. Спачатку – ён. Потым метро – хтанічны від транспарту. У мяне ёсць сябры, у якіх падземка ну проста фізічную агіду выклікае, а мяне… так, прыцягвае. Ну й падумаеш, мяне прыцягвае шмат таго, што для сярэднестатыстычных грамадзян проста дзіка.
* * *
Божа, калі я буду палаць у чыстцы, то ў першую чаргу – за спазненні. Выйсці з хаты загадзя проста нерэальна.
Але сёння дзень асаблівы. Вынырнуць з-пад зямлі пасярод праспекта, адразу сутыкнуцца поглядам з прыкметнай сіняй шыльдай рэдакцыі… Там ходзіць трамвай, які так любіць мая Арына (па меркаваннях асацыяцый ды сімвалаў). Менавіта так, не парушаючы завядзёнкі, рытуальнага шляху ад цэнтра да дому – ад трамвайных рэек па звілістай траекторыі, што праз пару гадзін павінна прывесці да філармоніі, але сёння, у парадку выключэння – да кавярні.
– Якое шпіёнскае месца, праўда?
Зусім ля аркі, па прынцыпе засады (хто заўважыць забойцу, які ўціснуўся ў сцяну? – калі праходзяць у дзверы, то глядзяць перад сабою). А сама арка – партал у іншае вымярэнне, гулка пройдзеш пад высокім цёмным скляпеннем і апынешся ў зарослым вербамі, мальвамі, бэзам і чаромхамі сталінскім двары.
– Але ж, – адгукнулася Арына, усміхаючыся, нібы сфінкс. – А яно ж проста ў цэнтры – бліжэй не бывае, але ў мяне дзіўнае прадчуванне: тут заўсёды будуць вольныя месцы.
– Для нас – дакладна!
– Таму што не ўсялякі знойдзе гэтае месца, і не ўсялякаму сюды ўваход дазволены, – з задаволенай усмешкаю падсумавала Арына.
Цудоўна! Вось хто выдатна адчувае правілы гульні. Цікава, ці здагадаецца яна, што я фактычна яе сюды заманіла. Не з вераломнымі намерамі – з самымі што ні ёсць нявіннымі, нават сентыментальнымі.
Ціха мармытала прыемная фонавая музыка. Мяккае белае святло і таксама белыя сцены з шакаладнай драўнінай сталоў і крэслаў (грувасткія на выгляд, яны выявіліся лёгкімі). Навокал лунаў водар кававых зерняў, назаўжды ўплецены ў тканіну тутэйшага паветра, так, што парог рабіўся дэмаркацыйнай лініяй.
– Прачытай што-небудзь з новага, а? – я не знайшлася, што яшчэ сказаць. У той момант мне сапраўды хацелася пачуць новыя вершы – сапраўдныя. Пажадана, падобныя да тых, што так уразілі мяне калісьці і былі зусім непадобныя да маіх – чаканна-звонкіх, узвышаных і прытым – сацрэалістычных, дзе спрэс арлы, сцягі, барацьба, самалёты ды валькірыі.
Мне не адказалі. Зразумела, чалавек у творчым пошуку.
– Глядзі, гэта часам не твой нагваль?[1]1
Нагваль – у міфалогіі індзейцаў Цэнтральнай Амерыкі дух-ахоўнік, двайнік у іпастасі жывёлы (гэта мог быць ягуар, каёт, арол, квезаль і г. д.). Таксама нагвалем мог звацца чалавек, які практыкуе магію (вядзьмак-шаман) і здольны пераўвасабляцца ў татэмную жывёлу. У перакладзе слова “нагуаль” азначае “быць схаваным, утоеным”.
[Закрыть]
– Дзе?
– Вунь пад тым сталом!
– О Божа, ды што яна тут робіць?
З напаўпразрыстай цемры паміж фатэлем і столікам свяціліся крыштальныя каціныя вочы. Дзе-небудзь у піцэрыі пад адкрытым небам жывёла глядзелася б натуральна. Але толькі не ў кавярні, дзе нават пажывіцца няма чым.
– Чаму, ёсць жа вяршкі, – не пагадзілася Арына.
Я нахілілася і пачала адчайна «кіскаць», намагаючыся прыцягнуць увагу жывёлінкі, – і, пажадана, незаўважна для астатніх. Але яна, як цягнік-падманка на станцыі Інстытут Культуры, уцягнулася назад у свой тунэль. І, натуральна, знікла.
– Ну, Франкіта, каб на яе халера! Яна толькі ў цемры да мяне прыходзіць, а каб на вуліцы ці недзе ў горадзе – робіць выгляд, быццам мы незнаёмыя!
Я абурана паціснула плячыма, чым зноў выклікала Арыніну ўсмешку.
Наогул, маю абаронцу звалі Савітры Шакці: вугальна-чорная, з вялізнымі зіхатлівымі вачыма, далікатнымі вусамі і па-змяінаму доўгім гнуткім целам. Я лічыла за лепшае клікаць яе іспанскім імем, якое гучала не менш вычварна, але больш звыкла для еўрапейскага вуха: Франсіска Дамінга дэль Соль. Франкітай яна стала цалкам натуральна і непрыкметна, хоць і гэтае імя было… скажам так, своеасаблівым.
Але ж яе ўпершыню заўважыла Арына. Яна прыйшла да мяне ў госці і сказала: «Такое пачуццё, што ў цябе жыве котка. Рэальна. Здаецца, што яна тут недзе лазіць, а я зараз наступлю на кавалак сухога корму…». Тады ў мяне з’явілася здагадка, хто хадзіў па маім ложку на мяжы паміж сном і явай – і потым уздыхнула з палёгкай, зразумеўшы, што гэты «хтосьці» не вораг.
Не, яна была мілая і чароўная – мая Франкіта, калі ж ты ўвасобішся, калі я нарэшце буду жыць ва ўласнай кватэры? Так, бо толькі тады я змагу правесці рукою па ўсёй тваёй шаўковай спінцы, ласкава паціснуць тваю зграбную лапку… І я ўпэўненая, што ты такая і будзеш: маўклівая і чорная як смоль.
Вершаў мне так і не прачыталі. З-за далікатнасці (трохі баязлівай) я вырашыла не настойваць або паўтарыць просьбу крыху пазней. Затое мне падсунулі плэер. На экране высвяцілася: «Партугальская».
Нет неба, нет солнца без тебя.
Как поле зимой без снега, душа моя.
И где-то бродит вещий сон, мой сон.
Так тревожен он, беспокоен он.
– Песня проста цудоўная…
– Угу, – кіўнула Арына, дапытліва слізгануўшы позіркам па маім застылым, задумлівым твары.
– Я хачу не ў Партугалію, я хачу ў Монтсэрат і Даліну Палеглых! – зноў заныла і залямантавала я. Яна не адрэагавала: занадта звыклася.
– Так, я з глузду з’ехала, – голас, хутчэй, летуценны, а не засмучаны. – Я спрабую перайменаваць станцыі метро, хаджу тут, як чужынец, над río[2]2
Рака (ісп.)
[Закрыть] красуецца Arrabal de Trinidad…[3]3
Траецкае прадмесце (ісп.)
[Закрыть]
Тата ўжо гаворыць на мяне, што я «чалавек чужой культуры», з-за таго, што я не чытаю нашых, постсавецкіх кніг. А ўсё ён, мярзотнік, гэта ўсё ён вінаваты!
«Рашуча заявіла яна», – прамовіла Арына пра сябе – і мысленна запісала.
Нам прынеслі каву і дэсерты. Ірландская з чарнічным тварожнікам мне, капучына з яблычным штрудзелем – ёй. Яшчэ тры хвіліны мы маўчалі: святадзейнічалі маленькімі срэбнымі відэльчыкамі і атрымлівалі асалоду ад духмянага, да ачмурэння смачнага напою.
– Як там маецца генерал?
– Нармалёва.
Арына заспакоена кіўнула. Калі з ім усё ў парадку, то і са мной – адпаведна. Задаволена варкачу, сціскаючы ў руках чарговую кніжку, здабытую ў «замежных калег» самым што ні ёсць астапа-бэндэраўскім шляхам, загадкава і шчасліва ўсміхаюся, штосьці задумваю – не нясуся дзяжурыць каля яго ложка ў шпіталі, не адчуваю, як з сэрца майго кроў сочыцца па кроплі…
– Сёння ён быў сумны, пра штосьці трывожыўся, – уздыхаю.
– Можа, проста засумаваў па табе. Ну вось ці часта ты пра яго думала апошнім часам?
З сорамам прызнаюся:
– Не.
Я была занятая праблемамі творчасці і самакапання. Колеры на маіх карцінах былі не тыя, лініі, радкі, праца, характар, усё было не тое – бадай, гэта лета зойме першае месца па колькасці пралітых слёз і віна, па колькасці засмучэння, сораму, самазнявагі, разладу, хрыплага істэрычнага румзання ў адзіноце – але потым я нязменна буду ўспамінаць гэта лета як вельмі «творчае» і «рамантычнае». Вось ідыёцтва.
– Дык ты не думала пра генерала? У яе голасе дакор.
– Сёння мы бачыліся на Вайсковых. Ну, ты ведаеш. Шкада, што яны такія маленькія, там нават зацішнай адзіноты амаль не адчуваецца. Хоць там жа так хораша, прыгожа.
Мілы мой генерал! Я ішла сёння да цябе. Спачатку перайсці на іншы бок, праз трамвайныя шляхі, потым нырнуць у двор, а там – зачараваны касцёл. Белы, гожы, ён стаіць на ўзвышэнні, як на пастаменце, каменныя сцены якога аплёў дываном дзікі вінаград. І гэта заслужана, таму што ён быццам адважны фрэгат, што выдужаў сярод навальніц і дагэтуль ганарліва ўздымаецца над бруднымі хвалямі савецкага смецця. Беласнежны, як сам папскі строй, пасярод плебейскіх бялізнавых вяровак, задрыпаных пад’ездаў і ўбогіх гаражоў.
Я буду з табой, генерал, не адной крыві – дык аднаго духу, я дамагуся, я выпраўлю гэта дурное непаразуменне і далучуся да цябе і тваёй Царквы на векі вечныя… Ды ў канцы канцоў, я ўжо – з табою, de facto – зараз толькі набыць статус de jure! «Ангельскую ты ўжо ведаеш, не турбуйся!» – «Але ж мне яшчэ трэба здаць экзамен. Кожны, хто едзе вучыцца за мяжу, абавязаны здаць TOEFL. Мне патрэбны сертыфікат». – «Захочаш, так будзе». Так, будзе ў мяне «сертыфікат». І экзамен» здам. І буду як усе нармальныя лацінасы. Амэн.
У двары касцёла растуць ніцыя вербы. Шатры з вострага лісця мудрагеліста прапускаюць святло, малюючы на цёплых дарожках дзіўныя ўзоры. Цяжкія, каньячнага колеру форткі дзвярэй расчынены, у змроку храма мігцяць свечкі – тут таксама адмысловая тэрыторыя, адлучаная ад усяго, што знадворку. Тут і так чароўнае месца, а ўнутры касцёла – як быццам яшчэ адзін узровень, яшчэ большая глыбіня таямніцы. Тут цудоўна. Чаму ж я ніколі не заходзіла туды, што мяне трымае? Ды нічога асаблівага. Аднак цяпер я сыходжу адсюль. Касцёл так і застаецца для мяне загадкай, неразгаданай, але той, што вабіць, як святло далёкага маяка.
Адна вуліца завецца Чырвоназоркавая, другая – Смалячкова; я ведаю, што гэта быў снайпер – наш, беларускі, у гады Другой сусветнай. Я так люблю гэтыя пяціпавярховікі, і ў мяне ёсць аформленая мара – мне б хацелася тут жыць. Мне ўжо здаралася выслухваць ад людзей, што мае жаданні – дробнабуржуазныя, мяшчанскія, што няможна мераць мару грашыма, але… У чым мая загана – у тым, што я дакладна ведаю, чаго хачу? Тым больш, ніхто, апроч мяне і некалькіх пасвячоных, не ведае, якім таемным сэнсам я напаўняю самыя банальныя дзеянні, наколькі метафізіка для мяне важнейшая за фізіку.
Утульныя, ціхія вулачкі пасярод самага цэнтру, бружмель у агародчыку, ізноў бялізнавыя вяроўкі, а вунь наперадзе – хаты пяцідзясятых гадоў на пару сем’яў (і як толькі не абваліцца гэты пакрыўлены балкон?), вунь прабегла котка (не мая, іншая), трыпутнік у расколінцы пад нагамі, вадасцёкавыя трубы, бэзавае лісце, прывіднае святло з-за аблокаў. А вось мой любімы кандыцыянер! Ды Наста мае рацыю: ён выглядае як выдраны кавалак самалёта. Велізарны, ён зачароўвае сваім трывожным, злавесным гудам, які ўздымаецца раптам, нарастаючы, і ад гэтага бягуць мурашкі па спіне, як у дзяцінстве пры выглядзе індустрыяльных збудаванняў на фоне крывавага заходу сонца. Італія… Вось ужо ніколі б не падумала, што Залатая Горка нагадае мне Італію. Проста там мяне таксама інтрыгавала тое, што я цяпер спецыяльна вучылася бачыць наноў: незвычайная форма вадасцёкавай трубы, чорныя лапіны сажы на жаўтлявай хаце – сляды пажару, плюшч на сцяне, жук-насарог на асфальце, васковыя тычачкі ў белых духмяных кветках, смаўжы, што выпаўзаюць ноччу на жвір стаянкі, грозныя вялікія кандыцыянеры.
Шпіталь МУС – прыстойны будынак, аточаны пышнай зелянінай і прыстойнай, з пікамі, агароджай. Тут ён таксама з’яўляецца мне: глядзіць з-за жалезных прутоў, як арыштант, да аднаго прута дакранаючыся рукой – нерашуча, нібы нават узяцца асцерагаецца. Ён не ў бальнічнай адзежы, у поўнай форме, у шэрым кіцелі. Але вочы такія сумныя, нібыта жыць яму засталося два дні, і ён хацеў мяне ўбачыць – а я ў гэты час, вядома, недзе швэндалася, піла, танцавала і рагатала ў голас абы з кім.
Сэрца зашчамляе, і па ўсім целе прабягае разрадам хваля салодка-пакутнага болю, які выбівае слязу. Я пачынаю лаяцца, слаць генерала куды далей, і паскараю крок, адскокваючы ад агароджы – а прыступ пакуты закіпае ўжо ў мяне ў горле – бегам, бегам…
Заходжу на могілкі нясмела, з чорнага ходу, з той вулачкі, дзе двухпавярховыя хаты (мы з Настай сышліся на тым, што было б выдатна купіць такую хату і жыць там). Я ўжо ўвайшла, гляджу на вулачку з-пад махроў галля і ўсміхаюся: проста за Вайсковымі могілкамі амбасада Кубы – вось чорт, гэта гумар такі ці што? Не, не да смеху.
Тут зямля нагадвае мармур, яна такая ж цвёрдая на сцяжынках, і ўся ў яркіх разводах зялёнага моху. Вакол стаяць абеліскі пад шатамі цемнаватых сакавітых крон, праз якія прабіваецца пяшчотнае, свежае сонечнае святло, а цяпер – гэтае цьмянае латуннае ззянне. Ён чакае мяне ля аднаго з помнікаў, аддзяляецца ад яго, быццам доўга так стаяў, абапершыся.
– Мой генерал… Ён абдымае мяне, не можа стрымаць уздыху. Па маёй шчацэ паўзе сляза – гэта ўсё, што засталося ад успышкі болю пару хвілін таму. Ён сумаваў. Божа, якое пяшчотнае сэрца ў гэтага старога ваякі… Ад цяпла яго шчакі вострая, гарачая пяшчота ўсё запаўняе ўсярэдзіне, не пакідаючы вольнага месца. Мы стаім так некалькі хвілін. А маглі б стаяць вечна. Хоць ён разумее, як плыве час у нашым свеце, таму не злоўжывае, сам жа часам выводзіць мяне з трансу. Вось і цяпер: «Ты спознішся».
Я не распавядала, проста сказала, што з ім бачылася.
– А помніш той вечар, калі мы разам там ішлі?
– І бачылі майго нагваля?
– Ага!
Котка тады прабегла проста перад намі, а потым шмыгнула ў кусты – калі падняліся далей на горачку, то зірнулі туды з цікаўнасці, і ў зарасніках яе не было. Ёсць у нагваляў такая манера – растварацца ў прасторы ды імгненна знікаць.
– І мы ніколькі не стаміліся гэтак бадзяцца…
– …і ў нашых жылах усё яшчэ лілася музыка – такая ж святочна-ліловая, ультрамарынавая, салатавая і фіялетавая, як святло на сцэне! Для мяне ў той дзень усе песні былі такога колеру.
– Так, дакладна, здорава! І падсвятленне на хатах таксама было нібы знарок, дзеля выключнага выпадку – і зноў мы абмяркоўвалі нашу савецкую архітэктуру…
– …яна такая прыгожая! І вось мы дайшлі да гэтай дзіўнай трохкутнай плошчы, а кафэ было ўжо зачынена, і нам не наканавана было паспытаць знакамітых пірагоў пад вельмі нямецкай назвай.
– А яшчэ там крама была спартыўная: гэй, дзе тут красоўкі, а дзе прысмакі?!..
– Потым мы перайшлі праз трамвайныя пуці, і я ўбачыла могілкі… Трава так ахайна падстрыжаная. Яна была заліта халодным чыстым ззяннем, і пражэктары асвятлялі надмагіллі, і гэта здалося мне вельмі прыгожым, вабным і таксама святочным, – я захапілася.
– Я сказала, што гэта Насціна ўлюбёнае месца, – задуменна працягвала Арына.
– І я зразумела, што для мяне яно таксама стане такім. Калі мы ішлі міма, я была загіпнатызавана, мяне так і цягнула глядзець за агароджу…
– …і ты абмацвала поглядам чорную траву і спытала мяне: «Гэта што, стакроткі?»
– …так, гэта былі стакроткі. І потым я ўбачыла, што там стаіць мой Аўгуста. Ён усміхаўся радасна і па-змоўніцку.
– Ты зразумела, што ён кліча цябе ў госці.
– Так. Таму што тут яму лягчэй усяго ўвасабляцца. Могілкі. Вайсковыя. Хараство.
Я прыцмокнула, узняўшы брыво. Арына заўсміхалася. Не, прыцмокнула я ад тварожніка, проста так супала.
А потым мы ішлі разам праз гэтыя ціхія, ветлыя цёмныя вуліцы, з пахам начных агародчыкаў, з памяранцавым святлом вокнаў, з шурпатай шэрай цэглай пяціпавярховікаў. І выйшлі на Праспект якраз у гэтую арку, проста да гэтага кафэ.
– Цяпер мне ўсё зразумела! – Арына расплылася ва ўсмешцы. Я не ўтрымалася і таксама пачала хмыліцца, хіхікаючы, як хуліганісты школьнік. І яна прамовіла сваю сакраментальную фразу:
– Я цябе абажаю…
У той вечар мы чакана не селі на метро, як усе нармальныя людзі, а зладзілі марш-кідок па Праспекце. І размаўлялі яшчэ пра кучу розных цікавых рэчаў, якія тут пералічваць залішне. І мне прыйшло да галавы, што мы нагадваем персанажаў картасараўскага рамана «Экзамен» – маладыя, няпростыя, мы шукаем, чагосьці там ствараем, вечна ў стане прадчування. І – так, нас яшчэ чакаюць свае экзамены. Аднак мы, у нашы юныя, але ўжо па-свойму сталыя гады, навучыліся іх не баяцца.
2. Дуэль
Па каву давялося спускацца ў апраметную.
Даўжэзная, крутая лесвіца сыходзіла ў цемру. Толькі справа ў глыбіні віднелася квадратная пляма святла. Я акуратна ступіла на першую з прыступак-клавіш, цьмяна-белых, з цёмнымі сятчастымі кілімкамі, левай рукой узялася за масіўны шэры поручань: спускацца можна было толькі так, павольна, асцярожна – амаль з піетэтам.
Нешта падобнае я і адчувала: сумесь хвалявання і зачаравання, якія паступова нарасталі. Зрабіўшы апошні крок, я падняла галаву і з захапленнем кінула позірк на той шлях, што пераадолела ў цёмна-сінім змроку тунэля. Гэта было дзіцячае пачуццё – усведамленне незвычайнасці.
Чарговая ўстанова ў маім гусце: не банальнае і зацёртае месца на Праспекце, дзе ўсё выстаўлена напаказ – не, тут ёсць інтрыга.
Аднак апошнім часам…
Ах, цёплае паветра, водар шакаладу, выпечкі – у мінус дзесяць самае тое! Што мы сёння будзем дэгуставаць?
…апошнім часам я не ўпэўнена, раздражняе мяне гэтая «інтрыга» ці, наадварот, падабаецца. Так-так. Насіцца па ўсім горадзе, грошы на пыл пераводзіць, трывожна прыслухоўвацца, прынюхвацца, як паляўнічы сабака, скакаць з аўтобуса на аўтобус, з вагона ў вагон, забыўшыся пра падрыхтоўку да экзамену – пайдзі туды, не ведаю куды, знайдзі тое, не ведаю што!
Я замовіла карамельную каву-макіята, аднесла яе да стойкі, залезла на высокае крэсла, кінуўшы торбу і куртку на суседняе. Краі саломінкі мякка прабілі пласт пены з салодкім узорам. Хоць штосьці добрае ў гэтай дзіўнай гульні – магчымасць пабыць гурманкай: я песціла наіўную надзею, што мае паводзіны – гэта ігра паводле Станіслаўскага, якая дапамагае мне выглядаць пераканаўча.
* * *
У той вечар мяне асяніла. І я спасцігла метафізічную існасць трамвая.
Надвор’е стаяла не зімовае – чаканне не выклікала знерваванасці. Больш за тое: я прагнула падставіць разгарачаны твар прахалодзе. Здароўем пачынаеш цешыцца, толькі перахварэўшы, падвышаную стыпендыю і бліскучую рэпутацыю пачынаеш цаніць толькі пад пагрозай іх страты. Але я – здала. Перамагла, справілася, адстралялася!
Гэтая пераздача была неверагоднай. Я перажыла нешта накшталт рытуальна-сімвалічнай смерці. Верагодна, такі вопыт павінен быў яшчэ і прасунуць мяне ў духоўным развіцці – як бы там ні было, адчуванні адмысловыя. Тыдзень быў нібы сціснуты – курчамі кашмару, трывогі і няспыннага вучэння, а цяпер – час спыніўся.
Калі не зусім заціх, то вельмі замарудзіўся: так няспешна падпаўзаў да нас бірузова-зялёны паважны вусень. Я ўстала і плюхнулася на асобнае месца ля акна. Трамвай рушыў з лёгкім рыўком, як кабінка атракцыёна ў парку забавак.
Прыйшла нірвана. Я не проста свавольнічаю з моднымі слоўцамі, а добра ведаю этымалогію, гэта – «адсутнасць жаданняў»: і сапраўды, усе жаданні зніклі, з мяне было даволі і радасці збавення. Наплылі філасофскія думкі: пра тое, як важна дакладна вылічваць свой патэнцыял, пра тое, што немагчыма бясконца жангляваць працай, навукай, вечаровымі курсамі і патугамі самавыяўлення – абавязкова штосьці ўпусціш. Падступіла жаданне раскрыць кніжку – і вось ён тут, мініяцюрны бледна-ружовы томік Святога Францыска Сальскага. Праплывае міма «брама горада» – дзве вежы Прывакзальнага пляца, крэмава-бэжавыя, з зубцамі-рожкамі накшталт тых, што робяць дзеці на сваіх замках пяску і вады; і вось я прасякаюся «Кіраўніцтвам да набожнага жыцця» гэтак жа, як тыдзень таму вывучала біяграфію Марціна Лютэра пяра Івана Габры.
Але потым я з уздыхам адкладаю нават гэтак вытанчана напісаную душакарысную кнігу. Мяне перапаўняе штосьці яшчэ. Штосьці больш аб’ёмнае, шматколернае, настойлівае – не ў крыўду Францыску Сальскаму, але як даніна цяперашняму моманту.
Ульянаўская, потым Першамайская – толькі цяпер разумееш, якія безаблічныя назвы і якія чароўныя вуліцы. Строгая і прывабная архітэктура савецкага часу, потым сціплыя, але сімпатычныя дамкі пачатку дваццатага стагоддзя. А стадыён «Дынама»? Ён лёгка пазнаецца і выглядае прыгожа, чымсьці напамінае не тое каб «урачысты», але смачны торт – маё ўлюбёнае рэтра. Авось справа горад ужо плыўна пераходзіць у сваю індустрыйную частку. Потым парк Горкага, што ўсюды носіць адну назву, але ўспаміны захоўвае зусім розныя (Арына, памятаеш?). Плошча Змітрака Бядулі і сакральнае месца – могілкі. Вуліца Чырвоная (ніяк не ўспрымаю яе рускую назву «Красная», заўжды ў мазгу нейкае абурэнне: «Якая яшчэ «Красная», вы з дуба ляснуліся?»). Потым – на вуліцу Якуба Коласа, гэта зямля запаветная, новая зямля…
Мяне ахапіла замілаванне. Я адназначна зраднілася са сталіцай. Больш за ўсё мне падабаўся менавіта гэты маршрут і тое, што праплывала за акном. Калі прыедуць замежныя госці, самым цудоўным будзе выправіцца з імі катацца на трамваі. Няспешна ўбіраць у сябе стыль горада, узіраючыся за вокны, адчуваць, як вагон пасля кожнага прыпынку кранаецца з лёгкім, але адчувальным высілкам, падрыгвае на заваротках, чуць бразджанне званка – старамоднае, нягледзячы на сучасны дызайн корпуса. А як перад самым паваротам на Коласа пераводзяць стрэлку, гэты рытуал? Не, ну праўда ж непаўторна!
Гэты від транспарту ніколі не быў «маім» – я аддавала перавагу шпаркаму і без-лішніх-цырымоній метро. Трамваі ж заставаліся Арынінай епархіяй; яна казала, што ёсць у іх сваё хараство, з імі звязана маса літаратурных твораў, нават мой любы Картасар. І толькі зараз да мяне дайшло, толькі зараз я прачула! Сапраўды, пасля ўзрушэнняў шмат што бачыцца ў іншым святле. І трамвайная экскурсія з замежнымі калегамі ўжо здаецца мне сапраўднай знаходкай.
А зусім нядаўна ў мяне пачало з’яўляцца больш і больш знаёмых з Лацінскай Амерыкі, у тым ліку нават хлопец, які хацеў паступіць ва ўніверсітэт недзе ва Усходняй Еўропе і вывучаў рускую мову, ды яшчэ адзін з Чылі, нашчадак украінскіх казакоў (на якога я вельмі спадзявалася ў справе здабывання генеральскіх мемуараў). Дзіўныя справы Твае, Пане, і дзіўныя повязі. Усё гэта нездарма, як і перапіска з чылійцамі. Няўжо мой лёс будзе такім жа, як у маёй цёткі Наташы?
Яна ўжо трыццаць гадоў жыве ў Нямеччыне. Ніколі не забудуся на яе аповед: «Я заўсёды ў дзяцінстве любіла казкі братоў Грым. А яшчэ ж была кніжка з малюнкамі – мне так падабаліся гэтыя строі, гэтыя акуратненькія дамкі. І ў дзіцячым пакоі ў мяне над ложкам вісеў дыванок. Не, габелен. І там таксама была ілюстрацыя з казак – быццам бы Гензель і Грэтэль, але што дакладна помню – загадкавы, не наш, яловы лес. І мне тады думалася: а вось выдатна было б жыць там! Увесь час марыла і фантазіравала. Ну вось – намарыла!»
«Глядзі, нафантазіруеш сабе Латамерыку», – сказала Арына. А што? Я б і не супраць. Больш таго – мару. Здзейсніць паломніцтва, як у Святую Зямлю.
– Няўжо табе Вайсковых могілкаў недастаткова?
– Ды гэта зусім не тое! Ты не разумееш.
Мае словы – свядомая хлусня. Усё яна разумела. Але ў адказ магла толькі ўздыхнуць і прамаўчаць.
А зараз на мяне наплыло дзіўнае пачуццё – усведамленне таго, што ўсё гэта – рэальна. Пачынаючы з лета, з пары вечаровых шпацыраў, з позніх званкоў Насці, з адурэння ад перакладаў з гішпанскай, з замірання сэрца на вуліцы Чырваназорнай – з кожным крокам «гэта» рабілася ўсё больш рэальным. Я галасіла і абуралася, біла капытом ці інсцэніравала карціну непрытомнасці ад заняпаду сіл, лаялася і стагнала на фінішнай прамой – але ведала, што нават крывавыя пакуты – лічы, не напраўду, мары ж мае згушчаюцца ў паветры, як чарадзейны туман, прымаюць форму, ушчыльняюцца, і… І тут я ўбачыла чылійскага экс-прэзідэнта. Што я ачмурэла – гэта слаба сказана. Спачатку мне падумалася, што справа ў хваравітай фантазіі, што я ўжо канчаткова з глузду з’ехала на глебе сваёй асабістай утрапёнасці.
Аднак стаяў ён амаль проста перада мною, бліжэй да дзвярэй, рыхтуючыся выходзіць, у кампаніі фарбаванай бландынкі гадоў сарака ў бруснічным берэце і нейкага суровага дзядзькі ў наменклатурным паліто. Сам ён таксама выглядаў да немагчымасці наменклатурна – з партфелем, у куртцы з баранковым каўняром. Дый акуляры а-ля Шурык чамусьці не разбаўлялі вобраз, а нагняталі афіцыёз. Ён не ўсміхаўся. І мяне не заўважаў.
«Прыпынак "Вулiца Дарашэвiча"», – адчаканіў голас БССР-аўскага інтэлігента. Мякка раз’ехаліся створкі дзвярэй, кабета крыху манерным рухам паправіла берэт і выйшла – ён за ёю.
З таго вечара спакою я ўжо не ведала.
* * *
Дзяўчаты падышлі праз некалькі хвілін. Арына была трохі бледная і хмурная: яна была зусім не ў захапленні ад такой інфернальнай лесвіцы. Наста ж захоўвала заўсёдны бесшабашна-незалежны выраз твару, які, мабыць, больш уласцівы хлопцам. Хоць у нашай кампаніі было не прынята абмяркоўваць, што каму «ўласціва», а што не.
– Так а што за ідэя такая прышпільная? – перапытала Наста.
– Тэорыя распаўсюджання «кававых скрынак» у Мінску, – хіхікнула я.
Арына вытрымала паўзу і загаварыла:
– Вы заўважылі? Яны растуць, як грыбы, быццам спорамі плодзяцца – і гэта за нейкіх паўтара гады. З пункту гледжання эканомікі трохі рызыкоўна, згодныя?
– Хм, ну, пэўна што, – хмыкнула Наста.
– Сумняюся, што яны прадаюць пэўны прадукт, – працягвала Арына. – Кава? Падумаеш, ёю, бадай, ужо гадоў трыста нікога не здзівіш, у кожнай установе яе пададуць, – яна абвяла поглядам памяшканне. – Здаецца, яны прасоўваюць ідэю, імідж. Вядома, калі гэта пазіцыянуецца як аналаг Starbucks, то першы, хто прыходзіць да галавы – хіпстары, – усміхнулася Арына.
З цікавасці мы зірнулі сюды-туды, правяраючы яе сцверджанне. Дакладна, справа ад нас за стойкай асталяваліся багемныя франты – прадстаўнікі вышэйзгаданай субкультуры. Але мая цікаўнасць не была бяздзейнай – я цадзіла халодны кававы напой з адыёзнай назвай «трава», не спыняючы стральбу вачыма, бязмэтнае, але дакучлівае высочванне. Вядомая рэч, калі я зірнула на суседзяў, усярэдзіне ў мяне ўсё абарвалася: гэта быў ён.
Невысокі, але добра скроены малады чалавек у клятчастым пінжаку са скуранымі латкамі на локцях і ў доўгім белым шалі. І, натуральна, у характэрных акулярыках. Ён штосьці нягучна, але з захапленнем расказваў усёй кампаніі – можа, пра нейкі фільм, можа, пра здымкі, што зрабіў нованабытым «Зенітам» (фотаапарат тут жа і стаяў, на стойцы). О так, і відавочна не проста выхваляўся, а рабіў экскурс у мастацтва сучаснай фатаграфіі. Да чаго ж усё стэрэатыпна. Мабыць, выдавала менавіта наўмыснасць маскіроўкі. Тым больш, няможна было зблытаць гэты злёгку самаздаволены выраз, хітрыя яскаркі ў поглядзе, і гэтыя густыя, хораша зачэсаныя хвалістыя валасы ні з чыімі іншымі.
– Глядзіце, ды вось жа ён! Так, я не стрымалася.
Напэўна, гэта бязглузда выглядала: ліхаманкава зашаптала, наштось нават прыгнулася і з драматычнай перабольшанасцю пачала касіць вочы ў бок суседняй кампаніі. Адказ: два скептычныя позіркі і ветлівае маўчанне.
Праўда, на хлопца яны ўсё ж паглядзелі. Безумоўна, сяброўкі мае – святыя людзі: дагэтуль голасна не паслалі мяне ў балота з маімі дзівацтвамі.
– У цябе дакучлівая ідэя, – канстатавала Наста. Не, рана я ўзрадавалася: не скандал, дык натацыі. – Лёгкае расстройства на фоне ператомленасці. Блін, прабач, вядома. Але інакш – ні ў якія вароты не лезе!..
Ну так, «прабач»: пры знаёмстве мы траха не пасварыліся з-за псіхааналізу – мне аж цікаўна стала, цяпер палаемся альбо не? Яна прачытала мае думкі:
– Я разумею, ты на… хм, ды на ўсякі погляд адэкватней за вельмі многіх. Але са сваімі асаблівасцямі.
– Гэта нават не мае асабістыя асаблівасці, а маёй рэальнасці, – упарта прашыпела я.
– Але рэальнасць фармуецца ўспрыманнем і свядомасцю, – падхапіла Арына. Наста пстрыкнула пальцамі – дакладная заўвага.
Ну вось! Я ім пра абразы́, а яны мне пра гарбузы. Доўга тлумачыць, але я мела на ўвазе зусім іншае, аб’ектыўныя рэчы: выпадкі і з’явы, а не проста фантазіі!
– Карацей, Скліфасоўскі, – махнула рукой Наста, разганяючы туман цягучых тэрмінаў, – так жыць няможна. Да экзамену трэба рыхтавацца! А ты за зданню ганяешся. Прытым увесь час трэціруеш сябе.
– Ну добра, я зацыклілася на адной тэме. Кожны, хто глядзіць – бачыць тое, пра што думае. Але хіба вам гэты хлопец хоць аддалена яго не нагадвае?
– Так, – пагадзілася Арына, – падобны. Але гэта – усяго толькі хлопец: сучасны, наш, мінская хіпстата! А не той, каго ты шукаеш.
«А вам не здавалася, што вонкавае аблічча зманлівае?»
Гэтую фразу я прамовіла толькі ўяўна – таму што ў роце ў мяне перасохла: яны ўсе сыходзілі. Як бы саслізнуць з крэсла і дагнаць іх; нейкі хлопец наперадзе, ён следам, і дзве дзявулі; якія нязграбныя мае рухі; вось пляснулі дзверы; хутчэй!
Наверсе таксама дзверы, яны мякка грукаюць… угару, збіваючы дыханне…
Вуліца была пустая. Ну хто б сумняваўся. Я выскачыла з двара, ледзь не зачапіўшыся за край шлагбаума, і сарамлівым трушком прабегла да прыпынку. Нікога падобнага. Ды яшчэ трыццаць трэці тралейбус, ужо з зачыненымі дзвярыма, адчаліў ад тратуара. Заставалася паплесціся назад у кафэ, на хаду зашпільваючы абы-як накінутую куртку.
Я села і пачала дапіваць сваю «траву», хоць цяпер лепей прыйшлося б штосьці гарачае. Дзяўчаты ўжо не спрабавалі пераканаць мяне, што я псіх. Наста паглядзела задуменна і сказала:
– Адчапіся ты ад прэзідэнта.
Я не збіралася падпарадкоўвацца. Пра што і заявіла.
– Ну і на што ён табе? Дапусцім, зловіш. І што з ім далей будзеш рабіць?
– Не ведаю, – бездапаможна прызналася я.
І праўда ж не ведала. Але ад намераў сваіх адмаўляцца не збіралася.
* * *
У мяне была бачнасць нармальнага жыцця і рацыянальныя прычыны, па якіх трэба было ездзіць у горад – а вось потым, адначасна з выкананнем пунктаў плана, пачыналася пагоня, і зноў навобмацак, на адчуваннях і намёках.
Прэзідэнт з’явіўся перад мной наўмысна, абодва разы – але найболей дэманстратыўнымі былі яго паводзіны ў кафэ. Я адзначыла дзіўнасць уласнага стаўлення: здаецца, зараз мне хацелася спадабацца яму?! Даўно ўжо я так старанна не фарбавала вусны, не правярала фактуру і гладкасць скуры пры розным асвятленні, не падбірала ўбораў – прытым, што звычайна апраналася па прынцыпе «насунула тое, што выпала з шафы». Але зноў-ткі, навошта? Ён зачараваў мяне. Я разглядала яго фатаграфіі, абрысы і даволі мяккія рысы твару, замілоўвалася таму, як арганічна ён глядзіцца ў нашым савецкім, вінтажным горадзе.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?