Текст книги "Горад мрой (зборнік)"
Автор книги: Яніна Пінчук
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 5 (всего у книги 14 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]
Трохі паспешлівым рухам яна вывудзіла з глыбокай торбы слоік чорнай альгінавай ікры, купленай спехам у падземнай крамцы, сарвала накрыўку і вытрасла вугальна-слізкую жыжку на прэлае лісце.
– Гэта вантробы жабяняці, – з ухмылкай растлумачыла яна. – Хай іх раз’есць і перакруціць. З балота вылез – у балота і вернецца.
Потым яна дастала з цэлафану тонкі кавалак вяндліны і паклала наверх.
– Гэта яго плоць – хай яна гніе жыўцом і гарыць агнём. Пан і Пані ўхвальна пераглянуліся: ведае чалавек навуку.
Ды прытым кемлівая.
Улада паглядзела на брыдкую кучку ў сябе пад нагамі, счакала секунду і прыпячатала яе абцасам – растоўкшы ікру, пратыкнуўшы вяндліну, усадзіла яго глыбей у лісцяную прэль і тлустую рыхлую зямлю, пасовала яго і толькі потым выдрала. Яна нагнулася і згрэбла лісце паўзверх прынашэння, потым дастала з торбы некалькі шакаладных цукерак і кавалачак сыру, паклала пад лісце паблізу.
– Спадзяюся, вам спадабаецца, – сціпла прамовіла Улада.
Потым яна выцягнула з унутранай кішэні запалкі, запаліла свечку і паклала паўзверх раздушанай ікры і вяндліны.
– Спачывай з мірам, крэтын, – здзекліва ўсміхнулася яна.
– Цяпер вырашана, – мядовым галаском праспявала Пані. Улада са змрачнаватай іроніяй кіўнула.
– Абяцаем, што возьмем на сябе частку адводу, – прамовіў Пан, – але справа ваша сур’ёзная, паненка, ці не заклапаціліся вы заклікаць некага з сяброў сваіх?
Так, Улада і пра гэта паклапацілася. Валасы ўсталі б дубка, пералічы яна сваіх хаўруснікаў: чацвёра найвядомых дыктатараў, два еўрапейскія і два заакіянскія, выклікаліся дапамагчы ёй у карнай аперацыі. І зараз яны па клічы яе выступілі са змроку, з нябыту, і стаялі вакол, такія розныя, сярод магіл – дзіка было бачыць іх разам. Улада прамовіла заклён, і яны ўсе, а таксама Пан і Пані, паўтарылі за ёй – перад дзяўчынай ізноў устаў твар Вадзіма, перакрэслены рунным ставам, твар, што пажыраецца полымем. Яна, вядома, прытрымлівалася правілаў супрацьпажарнай бяспекі і выканала дзеянне над кухоннай ракавінай.
Здань пацьмянела – прывідныя дыктатары здаволена пераглядаліся. Улада шчасліва ўсміхнулася і ад душы ўсім падзякавала, ветліва развітваючыся. «Ачмурэць, – думала яна, прабіраючыся вузкімі дарожкамі да выйсця, – хаця што тут такога? Гэта сучыны дзеці – але мае сучыны дзеці».
Каля выхаду яны з Панам і Пані шчыра развіталіся: тыя ўжо лічылі Уладу сваёй сяброўкай і недвухсэнсоўна намякалі на магчымасць заступніцтва, а ўжо калі хто пакрыўдзіць…
– Дарэчы, панове, – нязмушана сказала Улада, – паручнік Субоцін з Вайсковых могілкаў і жонка яго Настасся Мікіцічна перадаюць вам прывітанне і запэўніваюць у найшчырэйшай прыхільнасці.
Пан і Пані былі вельмі ўзрадаваны, усцешаны і загадалі таксама перадаць прывітанне ад сябе.
Улада выйшла з Кальварыйскіх могілкаў у цудоўным настроі, надзіва прамяніста ўсміхаючыся. Яна са здзіўленнем заўважыла, што нейкі груз зваліўся з яе плячэй, шчыльны цёмны згустак усярэдзіне рассеяўся – той, што засеў у самым нутры ўжо глыбока і вечна цягнуў уніз, прыбіваў да зямлі, знішчаў упэўненасць і душэўнае святло. Улада ўключыла ў плэеры вясёлую музыку і ішла, крыху прыскокваючы ў такт.
Выявілася, што асфальт яшчэ раз асвяжыўся дробненькай празрыстай імжой, што звычайна гарэзна паколвае твар – проста дзяўчына не адчула яе пад шатрамі могілкавых дрэў. Уся вуліца, усе агародчыкі выглядалі нейкімі радасна ўзбударажанымі, кусты і травы выпростваліся і нібы спаборнічалі ў вытанчанасці водараў – але асабліва каштаны, дачасна ўпрыгожаныя барочнымі кандэлябрамі, напаўнялі паветра густой дажджавой, вострай духмянасцю. Было нават шкада пакідаць вуліцу і ўваходзіць у памяшканне.
– Ну вось, – дакорліва працягнула Оля, – нарэшце з’явілася! Хоць паясі зараз што-небудзь, вунь я сунула ў духоўку амлет з парэем, як мы любім…
– Ды што ты, – засмяялася Улада, – я ўсяго за гадзіну ўправілася! Як у тым вершыку: «быстро справилась с пожаром». Так што ўсё, хопіць наракаць.
– Добра-добра, – прабурчала Мураўская, – ідзі рукі мый, дзелавая жанчына.
І Улада паслухмяна адправілася ў ванную. Рукі яна мыліла доўга і старанна. Ахоўныя знакі на запясцях трошачку расплыліся, праз крывава-чырвоныя абрысы птушыных лапак руны Альгіз прасвечвалі мініяцюрныя поры і зморшчынкі скуры. Але знакі яна змываць не стала – няхай выліняюць самі.
* * *
У яе атрымлівалася літаральна ўсё, а твар прамянеў спакойнай упэўненасцю. Ва ўніверсітэце ўсё было добра, за экзамены можна было не хвалявацца, залікі ёй галоўным чынам паставілі аўтаматам. На працы, дакладней, у інтэрнатуры ёю зноў-ткі былі задаволеныя, нягледзячы на юны век і неспрактыкаванасць: Улада з усяе сілы імкнулася пакрыць гэта стараннасцю і адказнасцю. Але казала ж яна ў дзявятым класе, што хацела б працаваць у ААН? Казала. І – вось, калі ласка. Абавязкі былі самыя розныя, галоўным чынам невялікія, але тэрміновыя, злучаныя з арганізацыйнымі пытаннямі. І ёй гэта было цалкам па душы: абзваніць амбасады і консульствы, запрасіць людзей на мерапрыемства, усё ўдакладніць і ўзгадніць, сустрэць некага ў аэрапорце – урэшце, часцяком, перакласці нейкі дакумент… Ды шмат чаго. Вось зараз яны працавалі з французскім і італьянскім пасламі, займаючыся арганізацыяй культурнай імпрэзы з выставай і серыяй лекцый.
Вядома, няможна было сказаць, ці возьмуць яе сюды на пастаянную працу – але на любыя пытанні Улада толькі загадкава ўсміхалася.
З Юрасём яны яшчэ больш зблізіліся. Здольнасці да бачання і да самога рамяства былі ва Улады выбітнымі. Прынамсі, так сцвярджаў Юрась, хоць яна па-ранейшаму захоўвала напышліва-скептычны і нудны выгляд – нават калі вырабляла непасрэдныя дзеянні, што прыводзілі да большага альбо меншага, але практычна заўсёды – да поспеху.
Скончылася сесія, паляцела лета, мільгацелі старонкі рамана і прачытаных кніг, змяняліся фарбы новых уражанняў, паказаліся разамлелыя хвалі колеру марэнга, белы галькавы пляж і велічныя абрысы Кара-Дага.
Улада пайшла з мора раней за бацькоў і брата і зараз сядзела на балконе. Проста перад ёю калыхалася на лёгкім ветры жывая фіранка вярбовых галін, з-за якой аднатонная плітка пад нагамі здавалася пярэстай абстракцыяй – дый ступні і галёнкі апынуліся ўплецены ў танец гэтага ўзору водсветаў. Яна пацягвала праз саломку сок і ад няма чаго рабіць тыцкала ў планшэт.
Нядаўна яе выпадкова перакінула на старонку Вадзіма – Улада выявіла, што, першае, ён наштось заляпаў сабе ўсю старонку спасылкамі з каталіцкіх супольнасцяў («здрасце вам, у рэлігію ўдарыўся? – ну дакладна башкой паехаў»), другое, даўно не заходзіў («можа, нарэшце знайшоў чым заняцца?»).
Улада здрыганулася ад рэзкага гуку: завібраваў тэлефон. Нумар быў незнаёмым, але яна чамусьці вырашыла падняць – хоць і чула пра тэлефонныя ашуканствы, гутаркі, якія потым улятаюць у капейчыну. Аднак рука яе пацягнулася да трубкі.
Улада траха не кінула яе назад на стол, а тое і за балконныя парэнчы: ля вуха выбуховай хваляй грымнула нечая мокрая, захлынальная істэрыка. Голас жаночы (хаця істэрыкі, увогуле, шмат хто чамусьці лічыць жаночай прэрагатывай). Незнаёмы. Не зусім адэкватны, як быццам п’яны.
Прыкладна праз паўхвіліны выслухвання чужых сопляў яна зразумела, што гаворка пра Вадзіма, а гэтая вісклівая дзяўчына кімсьці яму даводзіцца, ці той самай «вечнай музай», ці чарговай «гярлой» (сказаць нават «каханка» было б неяк занадта пафасна). Ці тое сястрой, аб’ектам «д’ябальскага жадання». Адно было ясна: з ім штосьці здарылася.
Уладзін палец стаў павольна вадзіць і прыстукваць па экране: яго старонка, па чарзе ўсе асобіны жаночага полу, з шостай спробы пападанне – профіль з яшчэ не зачыненымі каментарамі, сцяна, закіданая спантаннымі спачуваннямі… Яна ўлавіла, што гэта быў няшчасны выпадак, стала дрэнна з сэрцам (хвароба ад нараджэння), хлопец зваліўся на рэйкі метро, цягнік ужо ўварваўся на станцыю, было занадта позна. Крывавыя шматкі, чорна-чырвоны, мяса з тканінай, фарш, пераламаныя канцавіны; прадчуванне смерці цягам апошняга тыдня, згадванні пра яе, Уладу – «ты не ўяўляеш, што гэта за стварэнне», «мярзотная варажбітка», «яна забівае мяне кожную ноч», «калі ж яна знікне», «калі ж яна здаволіцца» і гэтак далей.
Рыданні ўжо амаль вычарпаліся, словы не зліваліся ў кашападобную масу. Улада выслухвала і ветліва падтаквала, пару разоў нават выказала спагаду. Але ўжо стоячы, таму што на сярэдзіне аповеда ад лішку пачуццяў яна падхапілася з крэсла, ды так, што яно штурханула і хіснула столік з планшэтам і самотнай попельніцай. Улада слухала. І дзяўчына на тым канцы проваду спытала:
– …скажы, ну я не магу паверыць, што ты магла такога жадаць, я нават па сацсетках глядзела, так, «шпіёніла», але ж проста ўпэўніцца, упэўніцца! Якая там «варажбітка», не, я не веру, ты зусім не падобная, ну калі ласка, скажы, што гэта няпраўда! Ён проста пачаў вар’яцець, а ты ж – не магла такога хацець?! Калі ласка, скажы, што ты яго прабачыла!
Павісла паўза. Улада ціха ўсміхнулася. Ціха – але рассунуўшы вусны ва ўсе трыццаць два. І адказала:
– Не.
Яна націснула кнопку і адключыла тэлефон. Сатысфакцыю яна атрымала.
8. Вучаніца
Віта свабоднай рашучай хадой пракрочыў міма людзей ля стужкі з валізкамі. Расцягнуўшыся каля чорнай пласціністай паласы, што марудна паўзла міма, яны застыглі з выразам яўнага чакання і затоенай боязі. Сам ён багажу ўжо некалькі гадоў з сабой не браў і падарожнічаў улегцы. Вельмі ж было непрыемна, калі той раз у Бразіліі знік чамадан – ці то згубіўся, ці то скралі. Аэрапорт быў нейкі дзіўны: цёмны, з занізкімі столямі – не надта ветлы. Пабудаваны ў духу хрушчоўскага мінімалізму, ён замацоўваў самыя стэрэатыпныя думкі пра краіну, якую Віта, расхрабрыўшыся, вырашыў наведаць.
Яна сказала, што іх сталіца – насамрэч вельмі савецкая, што тут нават фільмы здымаюць, знарок прыязджаючы з Масквы, таму што нават там не адшукаць такой экспазіцыі і не дамагчыся настолькі суцэльнага ўражання. А яму было цікаўна, экзотыка ж для ўсіх розная. Ён нават папросту мог бы павесіць у сябе на сценку сцяг СССР – не як вернік абраз, але як паляўнічы шкуру забітага мядзведзя.
З гэтай нагоды Віта меў змяшаныя пачуцці, як і з нагоды свайго двухдзённага знаходжання ў гэтай непрыкметнай усходнееўрапейскай краіне. Яго турызм быў зусім не настолькі экстрэмальным. Паліцыя на вуліцах ні на каго не кідалася, у паветры не лунаў дух прыгнёту, людзі спакойна ішлі па сваіх справах па чыстым, вымеценым тратуары. Сярод іх траплялася шмат ладных прыгожанькіх дзяўчат. Было відаць, што яны любяць падхарашыцца – у іх жа ў Чылі народ часцяком апранаўся прасцей. І ў гэтым горадзе насамрэч штосьці было. Тое, што яго прыяцелька так намагалася перадаць у сваіх аповедах і любоўна сабраных удалых фота – нарэшце Віта гэта адчуў.
Каб злавіць гэтае адчуванне, ён вырашыў пабываць у розных месцах. Таму і намерыўся схадзіць у Верхні горад, альбо Barrio alto, як яна з хваляваннем паспрабавала перакласці на іспанскую – з яго нядаўна адрэстаўраванымі цацачнымі дамкамі і пакручастымі вулачкамі, быццам у Вальпараіса, з брукам і маленькімі кавярнямі ў таямнічых зачыненых дворыках.
Вось акурат там ён і знік.
* * *
Гэта было ўсё, што я ведала – то-бок, тое, што магла лагічна аднавіць. Нядобра кідаць гасцей на волю лёсу, але ў гэтыя два дні насамрэч было не выдрацца: фармальнасці, нерваванне, дзень як два… Натуральна, цяпер я не прызнавала ніякіх форс-мажорных апраўданняў і пакутавала па сваёй дурной звычцы – рэтраспектыўна. У стылі «не здарылася б бяды, каб конь не быў худы».
Але зараз галоўнае было – знайсці сябра.
Не хацелася ісці адной, і я вырашыла паклікаць некага са сваіх – з тых, хто верыў. Мне няпроста. Мяне называюць «адарванай ад жыцця», прытым нават самыя блізкія людзі. Але я ўжо перастала лічыць гэта здрадай і ўдарам з іх боку – шчыра кажучы, проста стамілася. Па-першае, калі чалавек не гатовы ўспрымаць, то застанецца глухім да любых довадаў.
Па-другое, гэта мая справа: аддавацца едкай крыўдзе альбо не жывіць гэтае пачуцце. Я перамкнулася на пошук хаўруснікаў і, да вялікага майго здзіўлення, дасягнула ў гэтым поспеху значна большага, чым магла чакаць.
Каця ўжо стаяла на выхадзе са станцыі Няміга. Больш за ўсё яна напамінала вераб’я ў кедах – яшчэ адна птушачка сярод тых, якіх тут, каля зялёнага ўзгорка з кафедральным саборам, бывае мноства. Мы павіталі адна адну і накіраваліся ўгару па лесвічцы: да сабора, да ратушы і бронзавай брычкі, у якой так любяць фатаграфавацца турысты.
Мы не спяшаліся – у кожным разе, гэта не мела сэнсу. Я ўжо паспела абмаляваць сітуацыю, а на слушнае пытанне: «І што нам рабіць?» шчыра адказала:
– Не ведаю. Але мы адчуем, што менавіта. Кажучы мовай джэдаяў, «дазволім Сіле весці нас».
Мяне не паслалі лесам, не сказалі, што я дурнаватая і мне пара ў Навінкі, не абурыліся. Пэўна, на маім твары вельмі яўна выступілі палёгка і падзяка, таму што Каця адказала мне гарэзліай, заахвочвальнай усмешкай і коратка сказала: «Расслабся». Некаторы час мы проста блукалі па вулачках, палюбаваліся на шыкоўную фрэску, якая адлюстроўвала карту Мінска канца XVIII стагоддзя, знайшлі, што вывешаныя ў вазончыках петуніі выглядаюць вельмі па-іспанску. Потым Каця азартна ўсміхнулася, выцягнула з заплечніка фотакамеру і адправіла мяне прымаць позу да драўлянай хаткі з разьбянымі ліштвамі. Я не ўтрымалася ад спакусы – люблю фатаграфавацца, – але мяне кальнула запозненае раскаянне:
– Паслухай, мы ж пайшлі чалавека шукаць, а не проста фоткацца і шпацыраваць.
– Але ты ж не адчуваеш ніякага сігналу і знаку, так?
Вось і я не, значыць, пакуль што рана саромецца, – рашуча страсянула грыўкай сяброўка.
Мы яшчэ пахадзілі па прадмесці ў знаёмым мне чаканні няясна чаго, але каб не спудзіць знак пераходу, проста балбаталі, дзяліліся планамі, пускаючы словы па ветры, як самалёцікі, і спадзеючыся, што пажаданні даляцяць да мэты. Урэшце мы апынуліся на задах установы пад назвай «Гарышча» і ўзлезлі на самы верх драўлянага збудавання накшталт малюсенькай трыбуны, пастаўленага за кафэ. Сядзець там было зручна. Адкрываўся выгляд на чарапічныя дахі, брукаваныя панадворкі, закінутую, пустую ўсярэдзіне 2-ю бальніцу, а недзе за вуліцай Янкі Купалы вісеў у лісцевым марыве Оперны тэатр.
– Я ўжо пачуваюся вінаватай. Так, я мяркую, што не адна вяду такое жыццё, але мне здаецца, што сваімі «прарывамі» і вандраваннямі я магла справакаваць прабой прасторы, і Віта выпадкова ў яго праваліўся.
– Механізм зразумелы, толькі не трэба самаедства, – запярэчыла Каця. – Лепш скажы: часавая розніца пры вяртанні – вялікая, калі што?
– Не, не вельмі. У мяне атрымліваецца выцягваць з максімальнай хібнасцю ў гадзіну-паўтары, – адказала я, не ўтрымаўшыся ад выхвальнай усмешкі.
– Вось і цудоўна. Значыць, зараз наша заданне – знайсці грамадзяніна Чылі да таго, як з’явяцца нататкі ў газетах і ў інтэрнэце.
Нарэшце, трошкі нехаця, мы злезлі з цёплага хваёвага насцілу і працягнулі шлях. Мы мінулі кавярню «Ферзь», я з настальгіяй адзначыла адсутнасць шведскага сцяга (у гэтай хаце раней месцілася амбасада – цяпер яе перанеслі), забегшы наперад, пакруцілася на скрыжаванні, разгублена аглядаючы наваколле.
– Ну што?
Няпэўна паціснуўшы плячамі, я задуменна збочыла ў арку. Пачуццё было знаёмае: бязважкая лёгкасць, адсутнасць яркіх эмоцый і адначасна – яўная цяга, як у парушынкі, якую нясе ветрам.
У двары стаялі столікі пад парасонамі, зверху белы дом апярэзвала з унутранага боку галерэя з цёмнымі масіўнымі балясамі – гэта зноў выклікала ў памяці асацыяцыі з Міжземнамор’ем, пад парэнчамі акуратна красаваліся ўсё тыя ж даўгаватыя паддоны з фіялетавымі і ярка-ружовымі петуніямі. Наверсе стаялі двое хлопцаў і дзве дзяўчыны, пра штось гаманілі, я мінула клуб ментолавага дыму, робячы выгляд, што іх не заўважаю. Каця за мной; пытанняў яна не задавала, пэўна што адчула тое ж, што і я. Дрэва ледзь паскрыпвала пад нагамі, мы ўжо павярнулі пад простым вуглом і ішлі па галерэі. Пакуль не ўтыкнуліся ў кут – кут з дубовымі дзвярыма: яны нагадвалі пра XVII-е стагоддзе і вылучаліся стараннай стылізацыяй, як і ўсе адрэстаўраваныя будынкі ў гэтым квартале.
– Па-мойму, усё вельмі банальна, як звычайна, – пракаментавала Каця.
– Ну так, як заўсёды ў жыцці. Нічога не папішаш, песень шмат, а нот усяго сем. І матываў таксама небагата. Пачытаеш штосьці па культуралогіі – адразу бачыш, што галоўным чынам усе сюжэты круцяцца вакол адной і той жа Традыцыі.
– Ды гэта ўсё ясна, – усміхнулася яна. Каця рашуча ступіла да дзвярэй і тузанула іх на сябе. Не замкнёна, як і трэба было чакаць. Мы задаволена пераглянуліся. Усё складаецца ўдала – пераход пачаўся.
* * *
На дзіва, патыхнула на нас не волкасцю, а сенам і хвояй. Па той бок дзвярэй усё было аздоблена жоўтай вагонкай, як лецішчы ўсялякіх рыбакоў і паляўнічых. Мы спусціліся па драўлянай вітай лесвіцы і апынуліся ў памяшканні накшталт тамбура ці пярэдняга пакоя. Зразумець можна было мала, злева было відаць трое нейкіх драўляных дзвярэй, накшталт тых, што вядуць у падсобкі, сцены былі беленыя і пустыя, адзінае, што чапляла вока, – фіранкі на акне ля ўсходаў – крухмальныя, у палову акна, як у цягніках, і букецікі сушаных васількоў, вывешаныя ў радок пад столлю.
– Чамусьці мне здаецца, што ў астатняй хаце інтэр’ер будзе, як у сядзібе Валенція Ваньковіча, – мармытнула Каця. – Хоць зусім невядома, дзе мы.
Я прамаўчала. Дзе б мы ні апынуліся, я шкадавала пра задуму з дзвярыма. Ужо лепш бы гэта былі нейкая арка ці вулічны закутак – а цяпер нам давядзецца або па-шпіёнску хавацца ад жыхароў гэтай хаты, або праходзіць міма іх са штучным спакоем, быццам так і трэба (што, канешне ж, абсурд).
За аднымі дзвярамі была прыбіральня. Другія былі зачынены. Трэція паддаліся.
Зусім такія ж белыя сцены, грубыя дубовыя бэлькі, падлога з шліфаванай хваёвай дошкі засланая старым, але ахайным тканым дываном. Наўскос ад нас быў відаць вялікі камін з бела-сінімі, як саксонскі сервіз, кафлямі. Мэблі было мала, хоць, хутчэй, зала была вельмі прасторнай: мы з нашымі кватэрамі да такога не прывыклі – як у сапраўднай сядзібе. Справа ўздоўж сцен стэлажы з кнігамі, злева ля акна велізарны, штабных памераў, стол, некалькі крэслаў, два фатэліка. Хата рабіла ўражанне нежылой, але не закінутай: хутчэй, у ёй, як у музеі, падтрымвалі парадак з нейкай мэтай.
Ізноў жа, у паветры не распаўзалася прытхласць – не, ноздры адразу ж казытаў роўны, складаны водар лекавых раслін і траў.
Насупраць нас амаль уся сцяна была занята чымсьці накшталт бібліятэчнага каталога, мы з Кацяй падышлі і ўбачылі лацінскія назвы, акуратна выведзеныя пёравай ручкай. Яна акуратна пацягнула адну скрыначку. Так і ёсць: у кожным з іх ляжалі невядомыя для нас травы. Гэтак жа асцярожна мы ўсунулі скрыначкі на ранейшае месца і вызірнулі ў калідор, хоць вакол не даносілася ні гуку. Хата сапраўды здавалася незаселенай. А быць можа – яна замерла, кагосьці падпільноўваючы. Ці не нас?
Крадком мы праслізнулі ў наступны пакой. Ён нагадваў папярэдні, таксама кнігі і расліны, хоць у меншай колькасці. На адной са сцен красаваўся зашклёны стэнд з мінераламі, на стале былі расстаўлены колбы, прабіркі, зусім прыстойны мікраскоп, спіртоўка – гэта дзіўнавата канстраставала з піяніна, якое стаяла ля процілеглай сцяны. Усё роўна, тут нехта жыў і, хоць і на аматарскім узроўні, захапляўся навукай.
Я здрыганулася: пачулася рэзкая сухая пстрычка.
– Ды што ж ты робіш?!
– Што-што, здымаю, – шэптам адгукнулася Каця, – цікава ж.
Я прабурчала штосьці пра шпіёнаў-самавукаў і адразу ж змоўкла: аднекуль з суседніх пакояў данесліся галасы і пачуўся рух. Зараз мы зразумелі, як усё адбываецца на вайне: не змаўляючыся, на дыпачках кінуліся да выйсця, зацерліся ў цень, прыхіліліся, рынуліся да адной з дзвярэй і па чарзе туды шаснулі – хутка і нячутна: было дзіка назіраць, як Каця тузанула за сабой дзверы, бы хацела храснуць з усёй сілы, а ў апошнія паўсекунды затрымала і зачыніла бязгучна.
Зараз мы рэзка павярнуліся, каб зразумець, куды трапілі. Хваля адрэналіну адышла, потым яшчэ разок плюхнулася, потым ізноў адступіла: мы апынуліся ў далёкім куце нейкай крамы – ніхто не звярнуў на нас увагі, але наведнікі там усё ж былі. Мы з Кацяй стаялі ў цені пад лесвіцай, выглядала так, быццам мы выйшлі са службовага памяшкання. Яна вырашыла зноў падбадзёрыць мяне і згадала ўніверсітэцкія прыколы:
– Успомні галоўнае, што павінен рабіць дыпламат?
– «Морду кирпичом», – па-руску адказала я. Так, мне падабаўся гэты выраз. Толькі практычна атрымліваўся вельмі рэдка.
– Слушна. Пайшлі.
Яна выступіла з ценю, мы абмінулі прылавак і пакрочылі проста праз залу, перакідваючыся рэплікамі, а пра што мы балакалі, ужо не памятаю. Але выглядала так, быццам мы супрацоўніцы крамы, што абмяркоўваюць нейкія дзелавыя пытанні. Ніхто не кінуў на нас косага позірку.
Але ўсё ж лепш бы мы выбраліся праз завулак ці пад’езд. Так, я сарамлівая і ненавіджу трапляць у недарэчнае становішча. Я зусім гэта не адмаўляю. І справы свае лічу за лепшае рабіць з максімальнай падстрахоўкай, як мага незаўважней, нягледзячы на тое, што спецыфіка маёй працы час ад часу ўсё роўна падкідае неспадзяванкі.
Інтэр’ер быў у стылі рэтра, стрымана-пампезны, як у дамах канца саракавых гадоў у цэнтры сталіцы, аднак наводзіў на думку пра ранейшыя часы, як і тыя пакоі, у якіх мы ўжо пабывалі. Становішча напамінала сумесь старадаўняй аптэкі і кнігарні: у адным канцы залы стэлажы, у іншым – раней бачаныя расліны і прэпараты з іх, ужо старанна пафасаваныя і выстаўленыя на вітрыны і паліцы. Суседняя зала, паменш, па асартыменце была падобная да «Кірмаша», магазіна з народнымі сувенірамі, дзе прадаюцца ручнікі, нацыянальныя строі, лялькі з саломкі і лён. Але то сям, то там трапляліся і свечкі, і дэкаратыўныя венічкі з травак і кветак. І выглядала ўсё неяк… не так стэрэатыпна, ці што.
Дзверы з каванай ручкай былі расчынены, на масніцы лёг прастакутнік яркага сонца. Пышная герань на акне ружова рдзела ў промнях. Тут нікога не было, апроч юнай паненкі, якая прымярала кароткія чырвоныя каралі каля стэнда з упрыгажэннямі. На ёй была цёмна-карычневая спадніца-аловак, простая белая блузка, цёмна-русыя валасы былі не вельмі па-маладзёжнаму, строга скручаны на патыліцы. Дзяўчына расчапіла зашпільку і павесіла каралі на месца з задуменным уздыхам, не ўпэўненая, браць ці не браць. Яшчэ са спіны яна здалася мне знаёмай, а тут у люстэрку мільгануў яе твар – і сэрца падскочыла ад радасці. Я не ўтрымалася і закрычала з дурным акцэнтам:
– Heeeey, Andryushka!
Дзяўчына павярнулася і бездакорна пастаўленым голасам парыравала:
– I would prefer you to comply with the protocol, sir.[8]8
Я б аддаў перавагу выкананню вамі пратаколу, сэр (англ).
[Закрыть]
Але рот у яе пры гэтым заціснуўся так, што было ясна: фыркне і разрагочацца.
Ну, і калі яна нарэшце сказала фразу да канца, мы ўжо маглі ржаць, скакаць і абдымацца колькі заўгодна. Я не чакала ўбачыць тут Уладу Кунец – але як жа ж прыемна сустрэць калегу! Каця назірала за намі з усмешкай. Я іх раззнаёміла. Потым мы яшчэ хвілінку ўспаміналі той самы тэкст на пары, з якога была запазычана мая рэпліка і які Улада ўрачыста звала няйнакш, як «ангельскі пратакольны трындзец часоў халоднай вайны».
Потым яна падабрала з падлогі пакет са шчыльнай карычневай паперы.
– Я сюды часам прыязджаю па пакупкі.
Я ўсміхнулася. Здаецца, цяпер я пачала здагадвацца пра спецыялізацыю крамы, а яшчэ з павагай падзівілася, як сур’ёзна Улада ўзялася за засваенне прафесіі і павышэнне кваліфікацыі. Яна таксама нібы прачытала мае думкі і прамовіла:
– Ведаеце, дзяўчаты, мяне адпусцілі са службы, і я сёння ўвесь дзень швэндаюся па горадзе. Вельмі захапілася і не заўважыла, як прагаладалася.
– Ды мы таксама захапіліся нечым і не заўважылі, – заклапочана прамовіла Каця. – Ёсць тут недзе паблізу нармальнае месца?
– Так, якраз у пары кварталаў адсюль. Хадзем, – махнула рукой Улада. – Заадно прагуляемся.
Выходзячы вонкі, я звярнула ўвагу на шыльду. На ёй было выведзена – «Васількі», без тлумачэння, што за крама. У нашай рэальнасці так звалася сетка рэстаранаў.
Мы выйшлі на вулачку, па-сярэднявечнаму вузкую, з брукам, як у Верхнім горадзе, праз які мы сюды выбраліся, архітэктура таксама не выбівалася са знаёмага стылю. Як у Брэмене, тут суседнічалі зіхатлівыя новенькія вітрыны і пацямнелы цагляны мур з напаўсцёртымі мемарыяльнымі дошкамі і гербамі, на вокнах верхніх паверхаў стаялі модныя экзатычныя расліны, а па сценах узбягаў плюшч. Тут і там чулася беларуская гаворка – часцей, чым у нас.
– Мне падаецца, або…
– Сардэчна запрашаем у Вялікае Княства Літоўскае, – весела сказала Улада.
Справа раптам навіс глухі мур з жаўтлявага каменя, а злева адкрыўся выгляд на надзіва знаёмыя завулкі, што так напамінаюць барселонскі Раваль.
– Ну і месца, – павольна прамовіла я. – Здаецца, тут проста-ткі «тэктанічная актыўнасць». Гэта ж накшталт Сан-Марціна. Так. Варта толькі павярнуць, і… Але я не ўпэўнена, што ён там.
– Значыць, нам туды не трэба, – лагічна разважыла Каця.
– А пра што вы? – спытала Улада.
– Не пра што, а пра каго. Праблема з адным чалавекам, і сур’ёзная. Я, увогуле, спадзяюся на тваю дапамогу, раз мы ўжо сустрэліся.
– Канешне, канешне, – заінтрыгавана прамовіла мая аднакурсніца.
Каця зноў дастала сваю баявую зброю – фотаапарат, і час ад часу ім пстрыкала. Я яе цудоўна разумела: тут было што здымаць. Тым больш, спакуса была занадта вялікая. Толькі б фатаграфіі не засвяціліся пры зваротным пераходзе: я так процьму сапсавала. Затое астатнія былі маім скарбам. На пытанні я хлусіла, што гэта Іспанія, Швецыя ці проста Горадня.
– Паслухай, як здорава. Ты таксама арганізавала прарыў.
– Так, – адгукнулася Улада, – я не спадзявалася, што нават у эфемерным плане штосьці атрымаецца. Асабліва пасля здарэння з тым гнюсам. Ты ж… разумееш, што такое зрабіць чалавека творчым імпатэнтам? Фактычна кастрыраваць?
Мы з Кацяй абедзве нешта разумелі ў мастацтве. Мы змрочна, спачувальна кіўнулі. Па нашых панятках, цяжка было ўявіць штосьці ніжэйшае і больш паскуднае. Дзякуй Богу, што ўсё было ў мінулым.
– Насамрэч я натхнілася тваімі лацінаамерыканскімі даследаваннямі, – трошкі нясмела ўсміхнулася Улада.
А я, без усялякай сарамлівасці, расплылася ва ўсмешцы да вушэй. Мне прыемна было ўсведамляць, што чалавек, якому галоўным чынам былі цікавыя толькі ЗША і Еўропа (ды яшчэ, можа, Кітай з улікам апошніх трэндаў), з маёй падачы зразумеў, што ў Чылі ў плане палітычнай культуры таксама шмат чаго цікавага, і наогул пачаў успрымаць лацінаамерыканскую эстэтыку.
Праходзячы па маляўнічых старасвецкіх кварталах, мы бачылі нямала каларытных крамак і з сувенірамі, і з адзеннем, я не ўтрымалася і некалькі разоў зацягвала ўсіх за сабой. Я намагалася нікога не затрымліваць, але дзяўчаты быццам бы не мелі нічога супраць. Каця купіла сабе са зніжкай сімпатычную сукенку накшталт таго, што была на ёй, калі яна працавала перакладчыцай для кітайскай дэлегацыі, я ж, заміраючы ад весялосці знаходкі, адхапіла сабе жакет, галіфэ і боты. Улада ж, смеючыся, перабірала гальштукі і запанкі – яна прызналася, што ёй падабаюцца трукі ў стылі Марлен Дытрых: хуліганства з мужчынскімі гарнітурамі і жаноцкімі атрыбутамі.
Нарэшце мы зайшлі ў невялікую кавярню, цемнаватую з-за аздобы дрэвам – праўда, з ім прыемна кантраставалі белыя абрусы і букецікі рамонкаў на сталах. Найлепшае месца знайшлося ў куце. Чакаючы заказаных страў, мы загаварылі пра тое, што нас ад пачатку хвалявала. Каця дастала планшэт і паказала Уладзе фатаграфію Віта, зробленую пару месяцаў назад у Рыме.
– Гэты чалавек згінуў без весткі. Учора. Пайшоў прагуляцца ў раёне Нямігі і знік. На званкі, зразумела, не адказваў. І я адразу ўбачыла, што ён праваліўся сюды, на іншы план быцця, у прасторавую дзіру. А вось далей след губляецца, хоць забі, не магу яго засекчы. Можна, вядома, засяродзіцца і паглядзець… Зірнеш? – папрасіла я Уладу.
– А калі зноў патэлефанаваць? – няўпэўнена прамовіла яна.
– Ды я спрабавала гэта зрабіць, калі мы ішлі сюды, гэта ж элементарна, – адказала я з лёгкім раздражненнем. – Лепш паглядзі.
Мы сядзелі побач, сінхронна ўтаропіўшыся ў планшэт, што з боку магло падацца даволі дурнаватым. У мяне ўсярэдзіне нічога не кранулася, не загучала ніякая струна.
– Ну што?
Яна адвяла пагляд, пабарабаніла пальцамі па стале, ізноў паглядзела на фота.
– Нуль падсечкі, – панура мармытнула Улада, прызнаючы паразу.
– Вось-вось, я нават не магу вызначыць прыблізнае геаграфічнае становішча. Хоць бачу, што ён не пацярпеў.
– І тое хлеб.
– Ну быццам так…
Надзея гублялася – прынамсі, надзея вырашыць пытанне з наскоку. Рабілася ясна: застаюцца яшчэ шляхі, але каб дакапацца да выйсця з сітуацыі, запатрабуецца час, можа, значны, так што выявіцца: мае словы наконт часовага разрыву ў «гадзіну-паўтары» – пустая пахвальба. Гэта думка наведала адначасна нас траіх. Есці мы пачалі ў маўчанні, ужо ліхаманкава пракручваючы ў галовах розныя варыянты. Можна пашукаць іншага спецыяліста… можна засесці ў бібліятэку і весці скрупулёзнае расследаванне…
– Пачакайце, – ціха прамовіла Улада. – У мяне ёсць адна думка. Вядома, нічога за нас цалкам не зробяць і… можа, гэта злоўжыванне службовым становішчам… але я ведаю, у каго можна спытаць парады. Так, дарэчы! Гэта ж тоіць у сабе міжнародныя наступствы – хто ён там у вас, юрыст жа, так? Ну, як бы там ні было, эх, хай будзе, што будзе! Якая розніца…
– Паслухай, мы ўяўлення не маем, пра што ты, – заўважыла Каця. Я толькі кіўнула. А то Улада сапраўды ўтаропілася ў прастору з выразам твару святога, на якога сышло азарэнне, а толкам нічога не вытлумачыла. Каціна заўвага вырвала яе з гэтага хвіліннага забыцця. Са злёгку нацягнутай усмешкай, як чалавек, які не звыкся абмяркоўваць падобныя тэмы, Улада сказала:
– Ведаеце, гэта злучана з родам маёй дзейнасці. Я працую па спецыяльнасці, у самым поўным сэнсе слова. Пры гэтым маю справу з вельмі значным чалавекам.
– З якім?
– З міністрам замежных спраў – святым апекуном нашага факультэта, можна сказаць, – прагаварыла яна, усміхаючыся жарту, закліканаму адцягнуць увагу ад румянцу, які выступіў на шчоках.
Мы з Кацяй толькі пераглянуліся. Пэўна, з вельмі ачмурэлым і зачараваным выглядам, таму што Улада зноў загаварыла:
– Ну так, я сама была ў шоку. Але гэта не настолькі экстраардынарна! Вунь у цябе ажно цэлы прэзідэнт. Паміж намі больш агульнага, чым здаецца, нават функцыі нашы часам падобныя. Але ты больш працуеш з вайскоўцамі і пад прыкрыццём. Так, і больш за тое, у вас адносіны, – панізіўшы голас, прамовіла яна, як мне здалося, нават з ноткай салодкай зайздрасці.
Каця толькі шматзначна падняла бровы. Я ўсміхнулася. Так, Уладзе было ў агульных рысах вядома пра тое, што ў нас з генералам. Яна яшчэ з глыбокай пашанай выпытвала, як гэта – уваходзіць у кантакт з гістарычнай асобай, а потым мы неяк, крочачы па вуліцы, абмяркоўвалі этналагічныя даследаванні Мірчы Эліядэ і Марыэлы Басігалупа (тут галоўным чынам чытала лекцыю я), і ўвогуле як гэта, быць шаманам і мець духа-апекуна. А потым мы яшчэ хіхікалі, калі я сказанула, што шаман – гэта тыпу аташэ па сувязях са звышнатуральным.
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?