Электронная библиотека » Зараслава Камінская » » онлайн чтение - страница 2

Текст книги "Русалкі клічуць"


  • Текст добавлен: 2 ноября 2018, 21:40


Автор книги: Зараслава Камінская


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 6 страниц) [доступный отрывок для чтения: 2 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Гэта як зацягне

Прачынацца было складана: цела цяжкое, як чыгун, і гуло, як чыгун, напрацаванае. Мо лепей не хадзіць на возера, а гэтую гадзіну паспаць?

І толькі так падумала, як падхапілася. Гэтага яна баялася больш за ўсё: што аднойчы не зможа падняцца. Як не паднялася маці. Пра яе казалі «надарвалася». І шкадавалі, што мужа во вайна забіла, а яна вайну адужала, ды вось, «надарвалася». Не яе надарвалі, а надарвалася сама. Працавала, працавала, працавала, і ў калгасе, і пасля калгаса, і вось аднойчы яе з працы прынеслі. Хацела Марыля бегчы па Альжбэту, каб дапамагла, але маці забараніла: грэх. Так і памерла, без граху.

Вёска спала. Хаты халодныя, мёртвыя, быццам душы з іх адляцелі. То душы гаспадароў перанесліся ў свет сноў, вернуцца толькі пад раніцу. Кінулі свае хаты, і хто там валадарыць без іх?

Цемра, няма нікога. Няма-няма. Тое, што Марыля любіла гісторыі пра русалак, не значыла, што яна ў іх верыла. Так, казка.

Яна таксама любіла гісторыі пра горад, але ці ёсць ён? Там нібыта каменныя дамы, нібыта крамы з сукенкамі, нібыта крамы з ежай. Але ўсё тое «нібыта», нябачанае, толькі чутае. Вёска – вось яна, чорная, тут. А пра горад – казка. Вёска спіць. А не, Альжбэта не спіць: гарыць за шклом агеньчык. Кажуць, што варожыць. Во, адчыніла акно і нешта выплеснула.

Марыля запаволіла крок, пачакала, каб не трапіцца на вочы. Святло пагасла, штосьці грукнула – і цёмны цень шуснуў з хаты. Марыля прысела і перажагналася: бачыла, як цішком жагнаецца Тоня.

Пацягнула дымам і палыном.

Цень наблізіўся да паркана – да таго месца, дзе хавалася Марыля. Прыслухаўся. Марыля заціснула рот рукою, каб не выдаць сябе.

Цень адчыніў засаўку і выйшаў з падворка.

На дарозе зачапіўся, войкнуў Ядзіным голасам і пакрочыў да Ядзінай хаты.

А Марыля асцярожна пасунулася ўздоўж паркана, падхапілася і хутчэй пабегла адтуль. Бегла і думала: «Ну і дурная».

А на беразе нікога не было: ні на тым, ні на гэтым.

Але на ўсялякі выпадак сарочку пакінула, зняла толькі спадніцу. І пайшла ў возера.

Сарочка імгненна набралася вільгаццю: толькі-толькі яе не было чуваць, а зараз абдымае цела, запавольвае рух, хоча затрымаць, не пушчае далей. Нырнула – і сарочка прыліпла да скуры, бы луска.

Штоноч Марыля прамавала на сярэдзіну возера, бо ведала адну таямніцу, без якой бы не наважылася заплываць так далёка. І толькі ўчора не рызыкнула, праз начнога госця.

Бултых! Нехта скочыў не з супрацьлеглага берага, як раней, а з ейнага. Крыкнуў:

– Добрая вада! Ён.

На сярэдзіне была водмель, пра якую казалі, што гэта ўваход у азёрную вёску. Навокал – глыбока, а на ёй – можна стаяць. Спынілася там, пачакала, пакуль дагоніць.

– Тут во мне вады па шыю, а вунь там, насупраць старой асіны, вір. То вы асцярожна. Пасля вайны чатырох зацягнула. Але тое прыхадні былі, свае туды не соваюцца. А вы да нас надоўга?

– Гэта як зацягне.

Да берага плылі поруч.

З вады ён выйшаў першы, абцёрся ручніком, нацягнуў нагавіцы і адвярнуўся, чакаючы, пакуль апранецца Марыля.

І прапанаваў правесці да вёскі.

Ля першага калодзежа яна амаль наважылася спытаць, дзе яго пасялілі, але не паспела: ён развітаўся і накіраваўся да хаты старой Багданаўны, што каля клуба.

Перад тым, як ісці ў калгас, Марыля занесла Тоні кашы. І старая, зазірнуўшы ёй у вочы і быццам бы нешта там убачыўшы, папярэдзіла:

– Сёння Ілля – вялікае свята. Значыць яно, што лета скончылася. Пасля Іллі вада ў рэках стыне, купацца нельга. Досыць плаваць, Марылечка.

* * *

Скончылася грэчка. Няма больш макаронаў, калісьці быў рыс, ды і яго няма. Ёсць аўсянка, але тое для раніцы. Няма сыру, тварагу няма, нават хлеба няма. Усё скончылася, але хутка пачнецца, бо хутка ў абедзвюх зарплата.

У розныя часы розныя стравы, а вось адсутнасць ежы смакуе аднолькава.

– Будзеш бульбу?

Фатэлі перанеслі ў кухню, і зараз у іх можна залезці з нагамі і глядзець на газ пад рондалем і слухаць, як шыпіць вада.

– А я ўсё чытаю, чытаю, як там жылі ў сорак дзявятым, – Наста гартала старыя газеты.

Бульба варылася дзесяць хвілін, і заставалася яшчэ дзесяць да таго, як будзе гатовая. Тэрмін кожная з іх магла вызначыць і без гадзінніка: ці то дзякуючы досведу, назапашанаму ў генетычнай памяці, ці таму, што ў іх унутры «часікі цікаюць».

– Пакуль чакаем, паслухай і ты пра сівую мінуўшчыну, – і Наста зачытала, імітуючы інтанацыю тэлевізійнай дыктаркі:

«– З першых дзён пасля вызвалення мы ўзяліся наводзіць парадак на палях, пачалі аднаўляць правільныя севазвароты. У калгасе не было грамадскіх будынкаў, не было грамадскай жывёлы. Большасць калгаснікаў не мелі ў сваім карыстанні ні кароў, ні свіней, ні птушкі.

Цяжкасці былі вялікія. Але пад кіраўніцтвам партыі і з дапамогай дзяржавы пераадолены. Ужо ў 1946 годзе мы поўнасцю асвоілі даваенную пасяўную плошчу, увялі правільны палявы севазварот і стварылі базу для развіцця іншых галін калгаснай гаспадаркі».

– Усё адное і тое ж, – Наста выцягнула наступную газету з сярэдзіны стоса, бы карту з калоды. Нібыта гадала на лёс.

Грымела і скакала ў рондалі бульба. Чакаць заставалася яшчэ сем хвілін.

«Уважліва і ўсебакова абмяркоўвалі калгаснікі справаздачу сваіх экскурсантаў у перадавы калгас “Перамога”. “Мы былі ў іх на грамадскім дварэ перад выхадам людзей на працу. Ну, ведаеце, калі-б у нас так выходзілі на працу, то мы даўно-б расквіталіся з сенакашэннем. У іх-жа, як сонца ўзышло, адзін перад другім на працу спяшаюцца”.

Голас калгасніцы Марыі Журык: “А ў нас чакаюць, пакуль не прыйдзе брыгадзір і не пастукае ў акно. Таму ў нас і працадзень нізкі”».

– Чуеш, голас калгасніцы Марыі Журык. Яе няма, а голас застаўся.

Пяць хвілін.

«У заходніх абласцях праведзена велізарная работа па ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці сярод жанчын».

Чатыры.

«Калгасніца Фядора Шруб. Па яе прыкладу ўсе 42 жняі пачалі выконваць дзённыя заданні на 200–250 працэнтаў».

Тры.

«Агітатар звеннявая Алена Палынь. Яна не абмежавалася ўстаноўленым ёю рэкордам, а забяспечыла перавыкананне норм усімі членамі яе звяна».

– Што гэта ты чытаеш? Жаночая проза?

– Дакладна не паэзія.

«Многія сельскагаспадарчыя работы, якія звычайна павінны рабіць мужчыны, выконваюцца жанчынамі. Калгасныя дзяўчаты, напрыклад, косяць сенажаці. Ды і як косяць! Камсамолка Вера Краўчанка паспаборнічае з усякім мужчынам».

– Гатова!

Бульба зварылася. Ліза працяла самую вялікую нажом: прайшоў лёгка, бы праваліўся ў шчыліну. І зліла ваду.

Размеркавала бульбіны – па чатыры кожнай. І некалькі хвілін пачакаць, пакуль пара над талеркамі ападзе.

– Яшчэ я паміж газетамі знайшла нейкі чарнавік, – Наста адкалупнула кавалак, кінула ў рот і – прадказальна апякла язык, захукала, каб астудзіць. – Пахыхай.

Ліза ўзяла жоўтую паперку: дробныя шэрыя, алоўкавыя, словы, унізе – іншым, чырвоным, почыркам: «У друк не пойдзе». І пачала чытаць, заядаючы бульбай:

«У маленькай хаце сабраліся тыя, хто скончыў вялікую працу: убраныя калгасныя палеткі, хлеб перададзены дзяржаве. Можна было-б і адпачыць, але не прывыклі да гэтага калгасніцы:

– Дзеля партыі папрацавалі, а зараз прыйшла чарга і над сабою папрацаваць. Во, я ўзяла ў бібліятэцы «Мёртвыя душы», пачынаю чытаць. Так, цёмна ў хаце, але-ж і мы пакуль цёмныя, а хутка і ў нас электрычнасць правядуць, во тады ўжо ўдосталь начытаемся, – актывістка Ядвіга бадзёрая і пасля доўгага працоўнага дня.

Калгасніцы дамаўляюцца пра хуткі сход, абмяркоўваюць навіны. Ды не толькі свае, калгасныя, але і сусветныя – тут чытаюць і класічныя творы, і перадавіцы. А яшчэ чакаюць госця, і, хоць на двары цёмна, раз-пораз пазіраюць у акно.

– Добры дзень, – адчыняюцца дзверы, і ў хаце з’яўляецца жанчына з абветраным тварам, у пакрытай дарожным пылам вопратцы.

Чаму яе сабралася сустракаць вёска? Бо жанчына гэтая – майстар, а тое ёсць найвялікшы тытул савецкага чалавека: яго неабходна ў нас заслужыць, выпрацаваць потам і крывёю.

Увесь раён ведае яе гісторыю. Сама з бядноты, нарадзілася пры панах, таму не змагла атрымаць адукацыю. Але народнае мастацтва жыве, колькі-б яго ні душылі прыгнятальнікі: талент прабіў сабе шлях.

Жанчына-майстар малюе дываны, якімі калгасніцы ўпрыгожваюць свае дамы. Гэта не буржуазнае мастацтва, схаванае ў музеях, а мастацтва для народа, што заўжды цягнуўся да прыгажосці.

– Я малюю для людзей увесь свой век, – расказвае Алена Кіш, – і сваю працу тут пачну адразу-ж, каб як мага хутчэй паспець выканаць усе запатрабаванні калгасніц.

Жанчыны абступаюць Алену, расказваюць ёй пра свае дасягненні на палях, пра бітву за ўраджай, якую яны выйгралі, нягледзячы на тое, што перамога была цяжкай, пра светлую будучыню, якая ляжыць перад іх калгасам. І вочы майстра пачынаюць свяціцца тым самым запалам, што і вочы калгасніц. Бо, дзякуючы працоўнаму люду, гэтая Будучыня ляжыць і перад ёй».

– Думаеш, тут раней жыла журналістка, як і мы? – Наста чакала, пакуль Ліза дачытае і даесць.

– Магчыма. Табе гэта не патрэбна? Тады я аддам Алесю. Ён казаў, штоадмыслова прыехаў парэдкую энцыклапедыю, дзе ёсць артыкул пра Алену Кіш. Раней я пра яе і не чула, а тут двойчы за апошні тыдзень.

– Пашчасціла яму з табою, – Наста адкрыла ваду, каб мыць посуд, – Там на адваротным баку аркуша пазначаны адрас вёскі.

21 красавіка 2017 года

«Знайшоў нарэшце “Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва” са згадкай пра KISH, YELENA. На будучыню: у артыкулах пра Кіш абавязкова даваць цытату на англійскай, бо англійская надае вагі.

“The works of Yelena Kish were discovered by the Minsk artist

V. Basalyga in the 1970s near Slutsk, a town not far from the Byelorussian capital of Minsk. Executed in oil on canvas in the 1930s and early 1940s, they were shown as rugs. The painting, decorative and naive, served as embellishment.

Like most naive artists, Kish sought to tell a story and display a familiar or fantasised world. Thus lions ramble beneath birch trees on the bank of a stream, in the midst of which floats a boat surrounded by white swans, with people garbed as characters from icons seated in it”.

Для развагі: гісторыя захавала толькі адно імя, а ў нас жа па ўсёй краіне раней жылі наіўныя мастакі, ствараючы “фантазійныя сусветы”. Значыць, тое было патрэбна людзям?

“Though different, all these planes are organically interconnected. The ornamental frame is composed of stylized, brightly coloured two-dimensional flowers. Also in evidence are survivals of aspects of peasant folk-art genres such as painting on chests and on glass they are coupled with expression of semicultured urban aesthetic tastes, with preferences for pictures of moonlit landscapes, ponds with swans and the like. These characteristics features of old-time urban folklore bring to mind the itinerant painters who offered their naive pictures and “rugs” at fairs and market-places”.

Для развагі: апісаць кірмаш, дзе збіраліся такія мастакі.

Параўнаць з кірмашом у наш час.

“All that we know about Kish are a few particulars provided by elderly people to the effect that in the late 1930s and early 1940s she was about fifty and often visited villages to paint on commission. She has not been represented at a single exhibition”.

World Encyclopedia of Naive Art by Oto Bihalji-Merin, 1987

Для развагі: ці можна пагадзіцца з тым, што не было ніводнай выставы, калі маляванкі Алены Кіш віселі на сценах дзясяткаў хат? Развіць думку “народнасці” мастацтва.

Гэты артыкул, канешне, не тая знаходка, якой ад мяне чакаюць, але ўсё будзе, я ўпэўнены».

Дзённік Загорскага А. Я.
З тэчкі № 1/17

Тры малюнкі на выбар

У Тонінай хаце гарэў агеньчык, а яго там не павінна было быць: старая ніколі не паліла святло – калі пачынала цямнець, клалася спаць. А зараз ён гарэў. Невядома, кім запалены, і невядома, для каго.

– Хто там? – запытала Марыля замест прывітання, адчыніўшы дзверы.

Гэтая хата цёплая, родная, вельмі падобная да яе хаты. Печ на ўваходзе, направа – пакой, дзе елі і спалі. Адно адрозненне – цёмны квадрат у куце, які пазначаў месца, дзе раней вісела ікона. У Марылі такога квадрата не было. За сталом, падпёршы шчаку рукою, сядзела Тоня, а побач – незнаёмая жанчына. На стале – хлеб і цыбуля. Тоня ачомалася, падняла галаву:

– Заходзь, дачушка. Пасядзі з намі.

Марыля адчула сябе няёмка, бы парушыла размову. Хаця, здавалася, тут маўчалі даўно: пакой быў напханы цішынёй, як ватай.

– Гэта цётка Алена, яна маіх сваякоў з Грозава сваячка, пажыве ў мяне. Маляваць будзе.

Жанчына стомлена хітнула галавой.

Марыля зрабіла крок да іх і ледзь не ўпала, зачапіўшыся аб нейкую торбу.

– Прабач, кінула пад ногі. Не забілася? – Алена паднялася, каб перакласці мех на лаву. Ён быў брудны і худы, бы сабака, у якога пад поўсцю свецяцца косці. – Там пэндзлі, фарбы.

– То вы мастачка? З Грозава? – Марыля села побач і адшчыкнула хлеба.

– Не чула? То й лепш. Наўрад ці б ты чула добрае, – Алена таксама ўзяла хлеба. – Тонечка, так я стамілася, такі доўгі шлях гэтым разам. Пяцьдзясят год мне, а ўсё іду, іду, з хаты ў хату. Ты кажы, калі назаляць пачну, але каб ты дазволіла, я б у цябе да халадоў засталася. Цяжка мне ў чужых, ды і са сваімі не соладка. Ты шчаслівая, у цябе – хата, а я за ўсё жыццё толькі лаву і мела. Ды й той папракаюць. Няма мне месца.

Марылі зрабілася сорамна, што раней прыходзіла сюды жаліцца на свой лёс. Тады, калі нападала нясцерпная нудота і вымушала па начах кусаць падушку ды скуголіць, бо плакаць не было слёз. А тут вунь і паскуголіць няма дзе.

– Хаты толькі спачатку здаюцца вялікімі. А пасля сціскаюцца, вось да майго куточка. І мяне нібыта да гаспадароў прыціскае, і вось паварушыцца нельга, каб іх не зачапіць. Нават не ўздыхнуць, каб не патурбаваць. І вось так сціскаецца, сціскаецца хата і выпіхвае мяне. Але ты не шкадуй, кажы, калі цябе прыцісне, я звыклая.

Марыля верыла, што хата можа выпхнуць, але праца – тая не адпусціць. Хаты няма, але да працы ты прывязаная, прыкутая. Ды пра тое, ці працавала цётка Алена ў калгасе і як ёй дазволілі кудысьці цягнуцца, пакуль не ўся праца скончаная, яна спытаць не наважылася.

– А я табе за прытулак дыван падару, – Алена развязала клунак і дастала скрутак.

– Ды мне навошта, ты лепей вунь Марылі падары. У яе хата голая, а мне ў труну хутка, там на сцены нічога не павесіш.

Марыля закруціла галавою, адмаўляючыся, а рукі дапамагалі разварочваць палатно.

На дыване была намаляваная дзяўчына над возерам: рассунула чарот і глядзіць на ваду, па якой плывуць два белыя лебедзі. На хвалях – белыя гарлачыкі, бы маленькія аблачынкі. І мо гэта ўсё адбываецца не ў вадзе, а на небе, а тут намаляваны ўваход – вунь ён, праз чарот.

– О, то гэта наша Марыля! Гэты ёй і аддай. Яна ў нас па начах купацца любіць, бы русалка, – засмяялася Тоня. Марыля пачырванела і зрабіла выгляд, што пільна разглядае дыван.

– Не, гэты нельга, бомне ж паказаць трэба, што малюю.

Але будзе тваёй Марылі падарунак.

Тоня прынесла малаток і цвікі, і дыван замацавалі на сцяне – у пакоі з’явілася трэцяе акно, і вяло яно ў іншы, дзівосны свет.

* * *

Наступным вечарам Марыля ішла да Тоні, каб спытаць, ці знайшла Алена працу, і пачула, як яе клічуць:

– Марыля, пачакайце, – крычаў аграном, якога яна паспела прызвычаіцца сустракаць пад сонцам, а не пад месяцам. – Я вас зусім не бачу.

– Я была на далёкім полі, – Марыля спынілася і пачакала, пакуль ён падыдзе. – Я зрабіла норму, Мікіта Іванавіч.

– Ды я не пра тое.

– Працы шмат, сплю па начах, як забітая, – не будзеш жа тлумачыць, што купацца забараніў Ілля.

– А па вечарах што вы робіце?

– Мікіта Іванавіч, – гэта да іх бегла Ядзя. – У нас хутка сход, давайце абмяркуем.

Марыля развіталася і пашыбавала дахаты, адчуваючы на сваёй спіне два позіркі. Тоня сустрэла яе на ганку:

– Ты глядзі, Марылечка, сцеражыся Ядзі. Яна па начах да Альжбэты ходзіць.

– Ну, ходзіць то й ходзіць, ці мала справы. Яна ж камсамолка, у Бога не верыць.

– Так, яны з Богам змагаюцца, а з чортам водзяцца. Ці ты думаеш, што ўсё так і знікла з гэтых зямель, як яму загадалі? Напісалі, што Бога няма, цэрквы закалацілі, папоў пастралялі. А яно жыве, як бы яго ні нішчылі. І дрэннае жыве, і добрае. Яно тут да іх было, і пасля іх застанецца.

– Пра якога вы тутчорта размаўляеце? – на ганак выйшла Алена – рукі перапэцканыя фарбай.

– А я пра Альжбэту кажу. Ведзьма яна, – Тоня перажагналася. – І на смерць можа зрабіць, і на каханне замовіць. І заломак у жыце на бяду пакінуць, і малако ад каровы адабраць.

– У наш час шмат хто на смерць зрабіць можа, – Алена ўздыхнула, – На жыццё зрабіць складаней. Марыля, хадзем паглядзіш, як малюю. Мая першая замова, на дзень нараджэння вашай Хрысціны. Сама яна дзеля сябе замовіла.

Побач з дываном, які вісеў на сцяне, з’явіўся другі, на падлозе. Адзін кут ужо размаляваны: дзяўчына сядзіць на беразе, з лістом у руках. Перад дзяўчынаю – накід: возера, а ў чоўне – мужчына і дзве жанчыны.

– Я звычайна прапаную тры малюнкі на выбар, але гэты дыван у мяне найчасцей замаўляюць, бо ён – пра каханне.

– Якое ж гэта каханне, калі яна на беразе, а ён з іншымі ў чоўне?

– Жаночае.

Алена ўкленчыла перад палатном, а Марыля прысела побач на лаву.

– Жыла-была дзяўчына, – Алена ўзяла пэндзаль, і яе рука пачала лётаць над малюнкам, хутчэйшая за словы. – І быў у яе каханы. І паехаў ён не так і далёка, але яна яго не бачыла. А іншыя бачылі і казалі, што ён знайшоў, кім яе замяніць. Ды яна не верыла, ажно пакуль не прысніла сон. Плывуць яны ў чоўне не ўдваіх, а ўтраіх: з імі яшчэ адна дзяўчына, сядзіць, усміхаецца. «Мой ён, – кажа, – мой». Прачнулася дзяўчына і села ліст пісаць. І ўсё, што ўсэрцы гарэла, на паперу перакінулася. І пра тое расказала, як яна начамі не спіць, і як слязамі раніцою ўмываецца, і што ёй удзень людзі пра яго кажуць. І каб ён ішоў да той, што пра яго казала: «Мой». Дапісала і аднесла на пошту.

А праз тыдзень яго сябар вярнуўся дамоў, у крыві, ледзь жывы. І распавёў, што каханы яе загінуў, а ёй ніколі не здраджваў. А ці паспеў атрымаць ліст ад яе, ён не ведае.

І зразумела дзяўчына, каго яна ў чоўне трэцяю бачыла. То была смерць ягоная: «Мой, – кажа, – мой ён». А дзяўчына ж сама ад яго адраклася, да яе паслала.

І захацелася ёй вярнуць той ліст, а хаця б і той дзень, калі сэрца гарэла, але калі каханы жывы быў. І няхай бы ён вечна доўжыўся, той дзень, але каб каханы жыў.

У хаце стала цёмна, і Алена адклала пэндзаль убок:

– Не варта свечку паліць, заўтра дамалюю, – паднялася і адышла ад дывана, паглядзела на човен з тры ма постацямі. – Тут колькі год смерць галоўная каханка. Жывым жанчынам з-за яе нікога не застаецца, – зірнула на Марылю. – І ты, пэўна, разумееш. Колькі ў вашу вёску вярнулася?

– Разумею.

– А да маёй сястры не вярнуўся. Гэта яна яму ліст пісала. А я працягваю. Колькі я дываноў намалявала, столькі лістоў каханаму напісана, столькі разоў дзень той аднавіўся. А быў гэты дзень у тым годзе, калі нашыя ў Слуцку супраць савецкай улады паўсталі.

– Ціха-ціха, Аленачка, не кажы ёй такога. А ты, Марылечка, глядзі не паўтары нікому, а лепей забудзь, што чула, – гэта Тоня прынесла збан малака.

– А што з мяне возьмуць? Якое паўстанне супраць саветаўу Слуцку? Які зніклы жаніх? Думаеш, не ведаю, што мяне вар’яткай называюць? Магу вярзці, што на язык просіцца.

Тоня зірнула на Марылю:

– Ты не спалохалася?

Алена цёрла анучаю перапэцканыя фарбамі рукі: усе колеры ў цемры здаваліся чорнымі.

– А чаго палохацца? Хіба мне маці пра тое не казала? Цётка Алена, вы і мне такі намалюеце? Пра каханне, якое толькі і засталося, што ў думках? Ці пра дзеву на возеры?

Алена села за стол і падперла шчаку рукою:

– Паглядзім.

11 траўня 2017 года

«Знайшоў чарнавік артыкула, прысвечанага Кіш (?).

Трэба праверыць».

Дзённік Загорскага А. Я. Тэчка № 1/17
* * *

Да вёскі, дзе ў сорак дзявятым годзе адбылася верагодная сустрэча невядомай журналісткі з Кіш, вырашылі дабірацца на аўтобусе. Ліза ўзяла адпачынак, бо захацела паехаць разам з Алесем.

Добра, што паспелі сесці, – народу было бітма. І ўсе рабілі выгляд, быццам не заўважаюць тых, да каго прыціскаюцца спінамі, жыватамі, плячыма. Што туляцца не да жывых, цёплых людзей, а да шэрай халоднай сцяны.

Займаць месца Ліза трэніравалася з дзяцінства: штораніцы яны з сяброўкай чакалі школьны аўтобус і думалі толькі аб тым, як патрапіць у крэслы.

Па-першае, дзеля гэтага неабходна абавязкова прыйсці загадзя – калі спознішся, то не станеш на тым лапіку прыпынку, дзе, якбыло вылічана, адчыняўся самы перспектыўны варыянт – сярэднія дзверы.

Па-другое, ёй трэба было стаць злева таго лапіка, сяброўцы – справа: так агульныя шанцы павышаліся ўдвая. Па-трэцяе, калі аўтобус затармозіць, нельга было губляцца – ззаду штурхаўся натоўп гэткіх жа ахвочых, як і яны. Дарослых у «Школьнік» не пушчалі, таму спаборніцтва было сумленным.

Па-чацвёртае, патрабавалася імгненна пралічыць усе верагоднасці і ацаніць, куды цэліць, а куды не дабяжыш, бо сядзенні зоймуць іншыя.

І калі выканаеш усе пункты, цалкам магчыма, што запаветнае крэсла дастанецца табе.

Гэтыя правілы выпрацаваліся штодзённым досведам і сталі рэфлексам, які пасяліўся ўнутры. І зараз, чакаючы аўтобус, Ліза інстынктыўна напружвала зрок, выглядаючы вольнае месца.

Удзяцінствеянатолькі аднойчыспазнілася, і «Школьнік» з’ехаў без яе. Узгадала – жоўты азадак знікае ўдалечыні – і адчуванне жудаснай адзіноты захліснула яе, як і тады.

Крэслы занятыя, дзверы зачыненыя, і толькі яна засталася па той бок, без месца. Што рабіць?

– Хутка выходзіць, – Алесь крануў яе за плячо, паказваючы мапу. – Пасля прайсці крыху пехам.

Акрамя іх, на прыпынку нікога не было – шлях выпадала выбіраць самім.

– Што мы шукаем? – Ліза закінула ў рот мятную жуйку: праз гайданку і пах бензіну стала млосна.

– Любую згадку.

– Я нават не ведала, што была на Беларусі Алена Кіш.

– Пра яе мала хто ведае. Мастачка-самавук. Яркія фарбы, спрошчаная тэхніка, двухмернае вымярэнне. Я ў вас знайшоў «Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва», міжнароднае выданне. Русо, Пірасмані, а ад нас – Кіш. Уяўляеш, які гонар? Адзіная прадстаўніца сваёй краіны. Калі б не яна, мо Беларусь бы і не згадалі.

– Мабыць, гэта і ёсць сусветная справядлівасць. Мне заўжды было цікава, як гэта. Як не памерла памяць пратаго ж Каліноўскага, хаця згадкі праягохавалі. Ці, наадварот, як выкрывалася, і неаднойчы, пра таго, каго абагаўлялі, што ён кат. Ці вось гэтая Кіш: ты казаў, што пры жыцці яна амаль жабравала, а цяпер застанецца навечна ў памяці. Мо справядлівасць жыве недзе там, насуперак зямному.

– Толькі не параўноўвай Кіш з Ван Гогам, добра? Не люблю гэтага. Яна, у адрозненне ад яго, прадала шмат сваіх прац. За гэта і харчавалася. Дарэчы, мы на месцы.

Маленькая хатка на самым узлеску. Вёска – далей: і там нікога не бачна, толькі раз-пораз забрэша сабака ці закрычыць певень.

Двор з цвёрдаю, утаптанай тысячамі крокаў зямлёй і чорным, як хлебная скарынка, будынкам.

– Добры дзень у хату, – Алесь загаманіў так, як таго, здавалася, вымагалі абставіны: быццам перайшоў на замежную мову. – Ці ёсць хто?

У прахалодным прыцемку на ложку нешта заварушылася, і з-пад покрыўкі з’явілася старая:

– Ай, мае дзетачкі, заснула, што і не чула. Тут я, тут. Ліза павіталася, а Алесь падвысіў голас:

– Мы даследчыкі. Можна задаць вам некалькі пытанняў?

Бабулька хуценька запраўляла валасы пад хустку, нібыта хавала смецце ад гасцей, ды разгладжвала кофту і спадніцу, скамечаныя пасля дзённага сну. Ліза адвярнулася, каб не перашкаджаць, і разглядала хату. На сценах – сямейныя здымкі. Малады салдат. Жаніх з нявестаю. Далей – муж з жонкаю, яшчэдалей – двоедзетак, а вышэй – дзве дарослыя прыгожыя жанчыны. Кароткі змест тутэйшага жыцця.

На другім ложку – стос з трох падушак, зацягнуты, бы павуціннем, пажаўцелымі самаробнымі карункамі.

– То вы прыселі б, нахадзіліся, пэўна. А чым жа вас пачаставаць?

На стале – талерка і шклянка, у пластыкавай хлебніцы – кавалак батона. На паліцах за шклом – пакецікі з грэчкай і рысам, побач з шафай трасецца ад старасці лядоўня.

– Ну што вы, якія пачастункі. Ці жыла тут у вас мастачка Алена Кіш?

– А нашто вам яна?

– Кажу ж, мы даследчыкі. Вывучаем народнае мастацтва. Знайшлі артыкул, дзе згадваецца, што жыла яна ў вашай вёсцы.

– Так, жыла. Не жыла, а прыжывала – сваёй хаты ў яе, гаротнай, не было.

Бабулька ўсё ж паставіла чайнік на старую газавую пліту.

Печ тут, вядома, даўно не палілі.

– Гэта мы ў госці, і без пачастункаў. Скажыце, калі ласка, дзе ў вас крама, я хутка збегаю па салодкае да гарбаты, – Лізе стала няёмка, што патурбавалі старую.

– Няма крамы, зачынілася. Раз на тыдзень прыязджае машына з прадуктамі, але тое паслязаўтра будзе. А ў мяне яблычкі ёсць.

І дала Лізе два падвялыя, мяккія, бы клубочкі.

– Во якія! Не глядзіце, што зморшчаныя. Салодкія!

– Раскажыце пра яе, што памятаеце, – да стала падсеў Алесь.

Бабулька зняла з паліцы тры кубкі – сінія з залатымі ўзорамі, засыпала ў заварнічак чорную гарбату.

– Ды нямашака чаго расказваць. Жыла пасля вайны, малявала для жанок па замове. Толькі мала было замоў. Бо ўсе на крамное глядзець пачалі.

– Калі верыць згадцы, якую мы знайшлі, яна жыла тут якраз перад сваёй смерцю. Памятаеце пра гэта штонебудзь?

– Не хочу пра смерць казаць. Дрэнная смерць, – бабулька падціснула вусны і адвярнулася.

Цішыню перарэзаў посвіст чайніка, і Ліза падхапілася, каб самой хутчэй разліць кіпень. Алесь адкусіў яблык і пахваліў:

– Добры яблык, смачны. Можа, у вас захавалася тое, што Алена малявала? Я б заплаціў грошы. Ці ведаеце, у каго тут захавалася?

– То вы на вёсцы ў старых пашукайце, – старая кінула цукар у кубак. – Магчыма, у каго і ёсць.

– Дзякуй за параду і пачастунак. Сапраўды, прабягуся па хатах. Ліза, ты мяне пачакай, бачу, што стамілася за дарогу, – і бразнуў дзвярыма.

Ліза ўзрадавалася, што яепакінулі тут: сядзець у маленькай драўлянай хаце было ўтульна і спакойна. Увесь клопат свету застаўся недзе далёка.

– Вы першыя, хто ў мяне пра Алену пытае. Хіба яе за мастачку прызналі?

– Алесь пра гэта больш ведае. Казаў, выставы ладзяць.

А як жа вы адна тут жывяце?

– Бач жа, выставы! Як бы яна парадавалася, гаротніца. А я не адна, не адна, унучачка. Мяне суседка даглядае, дапамагае. Дочкі ў горадзе, наведваюць часам, але ў іх свае справы, свае сем’і, навошта я ім перашкаджаць буду. То ты не сумуй, бо бачу, што вочкі мокранькія. Шкадуеш мяне? Кінь дурное.

Ліза ўсміхнулася і адкусіла яблык. І сапраўды, салодкі.

– Не знойдзе твой Алесь там нічога. Бо мода на маляваныя дываны яшчэ тады мінула, іх са сцен паздымалі ды хто ў мяхі, хто ў анучы перарабіў – нашто ж палатну прападаць. А ты сама чаго такая змарнелая? Пэўна, праца ў горадзе душыць. То ты давай да мяне, калі сваёй бабулі няма. У нас тут і лес, і возера. Толькі ў возеры русалкі, да Сёмухі купацца нельга. Вось і засмяялася!

Звонку пачуліся галасы – Ліза выйшла і ўбачыла, як Алесь тлумачыць нешта не старой яшчэ жанчыне.

– А вы ёй хто?

– Мы даследчыкі, з горада. Шукаем інфармацыю пра Алену Кіш.

– Ну, то даведку пакажыце якую, даследчыкі. А то кішміш, шмат хто валандаецца, зямля, бач, ім тут даспадобы. Не чапайце вы старога чалавека, не ездзіце больш.

На ганку з’явілася бабулька:

– Не турбуйся, Жанначка, яны сапраўды па памяць Алены прыехалі. Як тое адбывалася, цябе яшчэ на свеце не было.

– То я пазней зайду, занясу вячэру, – і жанчына знікла на сваім двары.

– Я ж кажу, суседка даглядае. Знайшлося што-небудзь?

– Пакуль не. Я б яшчэ параспытваў, але трэба ў горад вяртацца, спознімся на аўтобус. Ведаеце, калі што-небудзь узгадаеце, ці хто з вёскі ўзгадае, патэлефануйце мне, – дастаў візітоўку і перадаў бабульцы. – Ці няхай суседка патэлефануе, у каго тут у вас тэлефон ёсць. Ліза, паехалі?

Бабулька знянацку абняла Лізу, пацалавала ў шчаку і прашаптала:

– Ты прыязджай, адна прыязджай, адпачнеш тут. Не бянтэжся, не перашкодзіш.

І схавалася ў хату. Ціўкнуў айфон:

Наста: Ты дзе?

Ліза: Яшчэ ў той вёсцы, нічога не знайшлі

Наста: А што шукалі?

Ліза: Маляваныя дываны

Наста: Як наш?

Ліза зірнула на Алеся: той ішоў хутка, унурыўшыся ў тэлефон – побач і адначасова ў іншым свеце.

– Я вось што ўзгадала: у кватэры, дзе мы знайшлі чарнавік артыкула, быў яшчэ і стары дыван.

– І ты маўчала? – Алесь ускінуў галаву, нібыта яму плюхнулі ў твар вадою.

– Прабач, я чамусьці думала, што калі мастачка, то павінны быць карціны.

Алесь спыніўся, і шлях таксама спыніўся, як бегавая дарожка:

– Гэта ты мне прабач, пацягнуў цябе сюды, нічога не патлумачыў, – паглядзеў ёй у вочы. – А я ж вельмі рады, што ты поруч. Дзякуй табе за гэта.

І, быццам бы баючыся працягваць, паскорыў хаду, змяніў тэму:

– А што там намаляванае?

– Я не разгледзела добра – фарбы выцвілі. Кветкі, людзі. Заходзь да нас, паглядзіш.

Яны спяшаліся, але Ліза ўсё ж такі затрымалася на імгненне і азірнулася: на ўскраіне лесу стаяла маленькая хатка, і чамусьці Лізе здалося, што яе месца там.

Внимание! Это не конец книги.

Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации