Электронная библиотека » Аляксандар Бацкель » » онлайн чтение - страница 2

Текст книги "Мімікрыя"


  • Текст добавлен: 19 ноября 2018, 16:40


Автор книги: Аляксандар Бацкель


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 10 страниц) [доступный отрывок для чтения: 3 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Вітаўт быў алегорыяй агню, ён штохвілінна гарэў думкамі, ідэямі, і тым, каб іх найхутчэй зьдзейсьніць. Ягоны твар быў парослым рудым шчаціньнем, і сам ён быў падобны да старажытнага паганскага бога. І калі Інэса ўяўляла сабою ветраную стыхію, стыхію, якая часта праз свае рухі й перамяшчэньні здольная мяняць ня толькі сваё жыцьцё, але й асяродзьдзе, істотна ўплываючы на лёс сваіх сяброў, то яна часам у спрэчках магла разьдзьмуць Вітаўтаў агонь настолькі, што той сам першым згараў, не пераканаўшы апанэнта, застаючыся змакрэлым, з чырвоным тварам, цяжкім подыхам, але спапялюшаным, перагарэлым.

Інэса, калі заставалася з Вітаўтам сам-насам, адчувала сябе няёмка, бо Вітаўт адразу ўспыхваў нейкай незвычайнай гарачынёй, якая хутчэй была падобнай да полымя каханьня, але Інэса заклікала паветра, і полымя згасала.

Вітаўт, каб пазбавіцца самоты й нейкім чынам пачаць жыць новым жыцьцём, ажаніўся з Валяй, зь якой быў у блізкіх стасунках ужо амаль тры месяцы, што для творцы часта значыцца подзьвігам. Ажаніўся ён, напэўна, з тае прычыны, што Інэса была яму недасяжнаю, не разумела ягонай гарачыні і глядзела ў бок Яна, які ўяўляў сабою стыхію вады, і гэта выглядала цалкам гарманічна, бо лёгкі вецер па вадзе пускае неверагодна прыгожыя маленькія грабеньчыкі…

Паветра

Чакаць каханьня цягам усяго жыцьця Інэса не зьбіралася. Прайшло больш за тры гады, Ян не рабіў аніякіх крокаў на збліжэньне больш як сяброўскае, Інэса паступова аддалілася ад сваіх мараў.

Інэса пачала шукаць сама.

Так атрымалася, што ў яе зламаліся хатнія старыя гадзіньнікі, якія былі зробленыя на мэханічным заводзе: увесь гадзіньнікавы апарат быў уманціраваны ў пяцісотграмовы граніт, які звонку меў мэталічны каркас – складаны апарат, невядомая канструкцыя. Гадзіньнікі дасталіся ёй яшчэ ад прабабулі і ані разу не ламаліся… Да гэтага часу.

Інэса завярнула гадзіньнікі ў хустку, яны былі нязграбныя й адцягвалі дно торбы, і выправілася ў суседні дом, на рагу якога вісела маленькая аблупленая шыльда “Рамонт гадзіньнікаў”.

Аказалася так, што гадзіньнікі рамантаваў мужчына сярэдніх гадоў, прыгожы, чарнавалосы, з вострымі сківіцамі, шырокаю ўсьмешкаю й сумнымі вачыма. Ён займаўся прыватным бізнэсам адразу ў сябе на кватэры: у калідоры, перад уваходнымі дзьвярыма, была чакальня для кліентаў, першы пакой пасьля чакальні – майстэрня, другі – месца адпачынку. Майстра гадзіньнікаў звалі Валодзя, ён не хадзіў і перасоўваўся па прасторы пры дапамозе вазку.

Валодзя яшчэ ў падлеткавым узросьце, калі даваў нырца на дамбе Менскага мора, зламаў пазваночнік.

Валодзя, як пра гэта сьведчыць адна са сьценак у пакоімайстэрні, чэмпіён Беларусі, краінаў СНД і Эўропы па гонках у вазках, а таксама бронзавы чэмпіён Параалімпійскіх гульняў.

Адзінае, што замінае Валодзю, – алькаголь. Ён п’е, як адданы каханак кахаецца, – шалёна й усёй душою.

Інэса, якая адразу ўпадабала гэтыя рамантычна сумныя вочы й неверагодна накачаныя рукі, пасьля таго, як атрымала свае адрамантаваныя вінтажныя гадзіньнікі, выявіла, што ў ейнай здымнай кватэры пачалі ламацца ўсе гадзіньнікі запар: наручныя, будзільнікі, гаспадарскія зь зязюляй.

Інэса закахалася мэнтальна, плятанічна. Яна аніводнага разу, як прыходзіла да майстра гадзіньнікаў, – а завітваць яна пачала нават без гадзіньнікаў, – не запыталася пра яго мужчынскую здольнасьць, да якога ўзроўню ён спаралюшаны, ці ёсьць у яго сям’я, дзеці, жонка, каханка.

Валодзя адразу сьцяміў, што да чаго, і нават зрабіў вялікі перапынак зь пітвом, бо прыгожая дзяўчына магла лёгка замяніць любыя стымулятары й наркотыкі. Ён пачаў стараньней галіцца, выязжджаць на сьвежае паветра, катацца зь Інэсай вакол дома й па мясцовым парку. Ён ізноў адчуў сябе маладым, тым самым шалёным юнаком у інвалідным вазку, які ганяе па сьвеце й заваёўвае мэдалі на спаборніцтвах, але сум у вачах… ён не выліваўся са сьлязьмі і нават не зьнікаў з усьмешкамі, ён не высыхаў пад промнямі сонца і не вымываўся дажджамі, сум нікуды не сыходзіў, нават калі Інэса зазірала ў вочы, нават калі аднойчы яны пацалаваліся.

Неяк Інэса здолела ўгаварыць Валодзю на тое, каб звазіць яго на сьвята Дня Перамогі да Стэлы паглядзець на салют.

Гэты дзень магчыма назваць кульмінацыяй іх адносін, калі закаханы майстар, з шырокай усьмешкаю, задраўшы голаў уверх, лічыў залпы, а ягоны твар асьвятляўся чырвонымі, зялёнымі, блакітнымі, белымі й ружовымі колерамі.

Інэса не магла адвесьці позірку. Яна была ўзбуджаная, навакольле падавалася ня толькі сьвяточным, але іх прыватным сьвятам, сьвятлом, прыватным салютам, яна адчувала жарсьць да гэтага грубага мужчыны, яна, доўга не разважаючы, села яму на калені ў крэсла-каталку й пачала з жарам яго цалаваць, гладзячы па галаве, ускудлачваючы яму валасы, кусаючы за вусны. Валодзя кранаўся ейных смочак пад станікам, залазіў у вільготныя майткі пад плясыраванай сукенкаю…

Вакол не было людзей, яны назіралі салют падалей ад агульнага натоўпу. Абодва былі распаленыя жарсьцю, абодва кахалі… Інэса, нябачна намацаўшы чэлес, была ўзрадаваная, выявіўшы яго напружаным, і няёмкае пытаньне, якое яна ўсё ніяк не магла запытаць, само па сабе зьнікла… яна, седзячы зьверху на Валодзі, пасунуўшы ў бок свае майткі й непрыкметна пад сукенкаю дастаўшы чэлес з прарэхі, накіравала ўнутр.

Вакол раздаваліся выбухі, ноч асьвятлялася маланкамі, людзі вакол крычалі “Салют! Ура!”

Людзі вакол уголас лічылі выбухі: “Раз, два, тры, чатыры…!” Але насамрэч, людзі вакол крычалі “Ўра” не Перамозе й не Салюту… Людзі крычалі “Ўра” каханьню Інэсы й Валодзі й лічылі рухі палюбоўнікаў, якія, бессаромна разьлічваючы на цёмную ноч й нябесныя водблескі, кахаліся самааддана і шалёна.

Паветра

Аднойчы, калі ў Інэсы захварэў старэйшы сын, яна на два тыдні захрасла на бальнічным. У сына была вятранка. Дома быў лязарэт, малодшы, Глебушка, таксама ад брата падхапіў хваробу, але тэмпература была крыху ніжэйшая.

Валодзя назвоньваў Інэсе, ён, што той шалёны сабака, які сядзеў на ланцугу, ірваўся да яе, але адначасова ня быў здольным парушыць адлегласьць, бо баяўся дзяцей, ён баяўся таго, як яны будуць глядзець на яго, у вазку, у гэтым паскудным вазку, ён баяўся хваробы, дакладней, Інэса баялася, што ён захварэе, бо невядома, ці хварэў ён на вятранку ў дзяцінстве. Валодзя, у сваю чаргу, разумеў, як добра ён ведае гэты дзіцячы позірк, гэтыя дзіўныя круглыя вочы – гэтая нібыта спалоханасьць, грэблівасьць, а потым вочкі ўбок, і не глядзець на яго, не запамінаць гэтае ўвасабленьне інваліднасьці.

Інэса казала яму, каб ён ня ехаў, дарослы арганізм гэтага не перанясе. Гэта было адзіным, што магла казаць Валодзю Інэса, бо ўсе яе думкі былі зь дзецьмі, якія, здавалася, ляжалі маленечкімі хворымі анёльчыкамі і нават не варушыліся…

Інэса суткамі не адпачывала.

Валодзя запіў, узяў сабе колькі выходных з тэхнічных прычынаў і запіў так, як чалавек, які ўсе справы, за якія бярэцца, даводзіць да канца.

Паветра

Валодзя адарваў Інэсу ад сяброў на добрыя паўгады, яна зь імі толькі сазвоньвалася й некалькі разоў бачылася на агульных выходных літаратурных сустрэчах, калі ўсе зьбіраліся разам са сваімі каханьнямі альбо выпадковымі сябрамі й выпівалі, гутарылі на розныя літаратурныя й мастацкія рэчы, а таксама не забываліся на калялітаратурныя… Інэса аднойчы ўгаварыла Валодзю паехаць зь ёю на такую вечарыну, дзе Валодзя, хто яго ведае праз што, ці то праз рэўнасьць, ці то праз нейкія комплекы й фобіі, нажлукціўся і пачаў скандаліць, сварыцца з усімі, потым плакаць, потым распавядаць, які ён быў выдатны спартсмэн, і скончылася ўсё няўцямнымі скаргамі на лёс, на жыцьцё й на тое, што ён сапраўдны мужчына, але ніхто яго ня хоча і ня любіць. Інэса памятае, як на тым вечары адзіным спакойным, нібыта пітон, быў Гэня, якога яна ніколі цалкам не магла спасьцігнуць і ня надта добра разумела, нават калі ён выказваў нейкія думкі.

Гэня – сама глеба, нерухомы, шалёны, варя’цкі, статычны, непрадказальны… Ніколі не было вядома, што зараз вырасьце зь ягонай галавы: ці то лебяда, ці то ружа, ці то бяроза, падобная да лёгкага шапаценьня страйнюткай, бела-чорнай думкі пра жыцьцё альбо пра тую ці іншую прачытаную кнігу. Ён заўсёды выглядаў сьвяжэйшым і маладзейшым за астатніх, але тое, што адбывалася пад гэтай вонкавай абалонкай, было невядома нават яму. Гэня называў сябе Дарыянам Грэем, з тым намёкам, што падгніваў знутры, але звонку гной быў нябачны, ён нідзе не прасочваўся, хіба толькі зрэдзьчас зь ягоных вуснаў выпаўзалі сьмярдзючыя і варожыя словы, якія ня мелі адрасату. Час ад часу ад яго струменілася нейкая невядомая хворая энэргія, якая яскрава сьведчыла пра тое, што жыцьцё яго амаль перажавала, і вось яшчэ колькі кавалачкаў ад Гэні – і ўсё, баста, ён будзе зьедзены. Гэня з кожным днём усё глыбей закопваўся ў самім сабе, адрываўся ад рэальнасьці, набліжаўся да сваіх, уласных зацікаўленасьцяў, фобій і заняткаў, усё болей замыкаўся ў сабе, і ад яго ўжо патыхала сырою, волкаю глебаю, сапраўдным мокрым пяском.

Гэня пераходзіў межы існаваньня, ён, як Гаўтама, праходзіў этапы спасьціжэньня, але ягонае спасьціжэньне прыносіла яму толькі вусьцішны неспакой, толькі жудасны страх шматлюдскасьці ў сьвеце. Гэня завабліваў у свае сеткі і, калі хацеў, сам мог перажоўваць чужыя косткі, хрумкаючы, праходзячыся ад асалоды языком па нёбе, але Гэня быў інтравертам…

Паветра

Гэта быў звычайны дзень, клясычна звычайны, такі ж звычайны, як і ўчорашні. Нічога не прадказвала нічога. Усё было. Усё было тут і цяпер. І была раніца, і быў пакой у лякарні. І быў халодны, сьветлы, бледны мужчына ў белым халаце, які сядзеў за сталом, таксама белым і халодным.

Стол перад Інэсаю быў карычневы, але ад яго таксама ішоў зімовы холад… Сьцюдзёнасьць, унутраны страх, мітычны жах, дрыготка, спапялюшаныя рукі… Тая самая вусьціш, якая ёсьць перашапачатковай, старажытнай, глыбіннай.

– Э-э-э. Аналізы гатовыя, але я нават ня ведаю, як на гэта рэагаваць. Тое, што ў вас балела пад пахаю й намацвалася невялічкім каменьчыкам у правай грудзі, – гэта, як паказвае рэнтген, мамаграфія й пункцыя, ёсьць цыбулінкі глядыёлуюсаў.

– Прабачце, доктар Віян! Што гэта? Кветкі?!

– Дакладна ня рак, але кветкі. Мы пакуль ня ведаем, як гэта лячыць, але прапішам вам хіміятэрапіяю альбо гармоны, паглядзім… Можа быць, калі пагодзіцеся, пачнем экспэрымэнтальнае лячэньне радыяактыўнымі пігулкамі, прашыўкамі… – Чакайце, калі гэта кветкі, можа быць, дастаткова іх выдзерці, альбо там, ня ведаю, як з градкі – выкарчаваць?

– Разумееце, тут справа такая… Дзьве вялікія цыбулінкі ўжо пусьцілі дзіцячыя парасткі па суседніх ворганах, таму ніякая апэрацыя й праполка тут не дапаможа… Інэса вярнулася дамоў, пайшла на гаўбец, зачынілася й горка заплакала. Глебушка й Міхаська, прытуліўшыся насамі да шкла, убачыўшы, як мама плача, таксама заплакалі, пакрываючы вакно з боку пакоя доўгімі струменьчыкамі салёнай вадкасьці, пакідаючы адбіткі сваіх пальчыкаў, пакідаючы празрыстыя сопелькі, якія, павольна сьцякаючы, аб’ядноўваючыся, стваралі сапраўдныя міні-рачулкі.

У целе Інэсы знутры пачалі расьці кветкі, і ніхто – ні дактары, ні сябры, ні знаёмыя ня ведалі, што рабіць: плакаць, сьмяяцца, піць, сьвяткаваць альбо верыць у цуд.

Паветра

Праз колькі месяцаў Інэса моцна схуднела й стала такой лёгкай, што часам мусіла трымацца за каго-небудзь, каб яе ня зьнёс вецер. Яна пачала атачаць вакол сябе кветкавы водар, і побач зь ёю назаўсёды пасяліліся матылі, пчолы й маленькія, хуткія, амаль незаўважныя птушачкі.

Яе лёгкія, сэрца, грудзі парасьлі знутры ня толькі глядыёлусамі, але й колкімі маленечкімі ружамі, хрызантэмамі й памаранчавымі календуламі. І кожным разам, як яна штосьці прамаўляла, зь яе рота вылятаў пылок.

Інэса жыла, і была, як вецер, і была, як поле кветак, і вакол сябе насіла сонца, водар і адвечную вясну. Інэса жыла, і была сапраўдным кветкавым садам. Сыноў гэта забаўляла, яны любілі новую маму, якая з кожным днём нагадвала салодкі кветнік, нагадвала казку, магію, нагадвала пра тое, што сьвет можа дзівіць і прыносіць асалоду ў любым выпадку, у любым стане, у любой дамоўленасьці з жыцьцём, Богам, д’яблам, Быцьцём.

Паветра

З усіх сваіх пражытых гадоў Інэса асобна вылучала першыя, калі яна прыехала ў Менск другім разам, пазнаёміўшыся зь Янам, Вітаўтам і Гэнем. І асобна ў яе гэтыя ня надта далёкія, але ўжо аддаленыя гады, памятаюцца празь Яна, які на той час быў ёй як старэйшы брат, але Інэса марыла пра большае. Ян быў вельмі ўважлівы да яе, ён выконваў усе яе просьбы, загады, падтрымліваў яе пачынаньні з фатаграфаваньнем. Ян, як потым Інэса высьветліла, заўсёды быў да яе звышуважлівы, калі заставаўся адзін, калі ў яго не было аніякіх каханьняў і дзяўчын. Толькі ў тыя часы самоты, ягонай уласнай свабоды, ён часта бачыўся зь ёю, часта наведваўю Гэню, сазвоньваўся зь Вітаўтам. Менавіта гэтая рыса ягонага характару спачатку заблытала, а потым пачала моцна раздражняць ня толькі Інэсу, але й усіх астатніх, бо гэта расцэньвалася як зьнявага, як легкадумнасьць, як тое, што сярод мужчын лічыцца “жанчыназалежнасьцю”, быццам бы Ян станавіўся рабом і, акрамя свайго новага каханьня, захапленьня, больш нічога й нікога ня бачыў, забываючыся на сваіх сяброў.

Ян быў як вада, ён перацякаў і струменіўся праз жыцьцё, праз прадметы жыцьця, празь сяброў і праз здымныя кватэры, і для яго ўласнай дамбаю апыналіся жаночыя целы, жаночыя похвы, заляцаньні й каханьні. Гэта было ў яго стыхійна, як быццам шторм на моры, які руйнуе навокал караблі і можа апантана сьціхнуць, так і Ян, спачатку штурмаваў аб’ект каханьня, а потым раптоўна прачынаўся і бачыў, што вакол яго штыль і яму да ўсяго абыякава, тады ён успамінаў сяброў.

Ян… Трэба аддаць яму належнае – менавіта Ян прыдумаў зьбірацца па выходных на вечары літаратуры й мастацтва. Паглынаў кнігі стосамі, тапіў раманы ў сваіх рэках, у сваіх струменях жыцьця… Ён зь дзяцінства на гэта хварэў і зь дзяцінства апантана захапляўся пісьмом, ён пісаў апавяданьні, казкі, і пісаў іх так жа захоплена, як і кахаў, але ў літаратуры гэта часта не ішло на карысьць, яго вільготныя тэксты мусілі пасьпець абсохнуць, але ён не даваў ім сохнуць, бо празь яго цела праходзіў буйны струмень думак, вобразаў, сюжэтаў.

Інэса хацела жыць зь Янам, хацела кахаць яго ўсім сэрцам, але, калі паветра дзьме на ваду, вада толькі цячэ хутчэй.

Паветра

Інэсу пачало нястрымна цягнуць у лес, на прыроду, да возера, да рэк, да сасновых бароў, яна ўпершыню за колькі год успомніла, што даўно не была ў сваёй вёсцы, ня бачыла сваю маці, ёй было цікава, як там Юрка, які, напэўна, ўсё-ткі сьпіўся канчаткова… Інэса паехала зь дзецьмі. Узяла ў Яна машыну й выправілася. Але пасьпела даехаць да леса свайго дзяцінства, калі дзеці пачалі прасіцца ў туалет. Інэса спынілася й вырашыла зрабіць перапынак з гарбатаю ў тэрмасе й бутэрбродамі.

Інэса стаяла, паглыбленая ў свае думкі, вецер лашчыў яе залатыя валасы, яна адчувала ўнутраную гармонію, кветкі яе мякка казыталі.

Раптам дзеці знайшлі гняздо, дакладней, кавалак ад яго, напэўна, перапёлкі ці яшчэ якой птушкі. Малодшы, Глебушка, кліча: “Мама, мама! Мы гняздо знайшлі, і тут нават шалупінка ад яйка!”. Старэйшы, Міхаська, тыцкае ў гняздо ўказальным пальчыкам. На дваіх ейным дзецям адзінаццаць год – шэсьць аднаму, пяць другому. Інэса глядзіць на рэшткі гнязда.

– Гэта старое раскіданае гняздо, кіньце яго! – кажа Інэса й прысядае долу да кошыка. Спачатку яна дастае тэрмас, потым сваю любімую кнігу, пацёртую й зашмальцаваную, з такімі тлустымі старонкамі, што іх можна лёгка нашынкаваць і зварыць бульлён – Інэса ў дарогу ўзяла “Вясну ў Фіяльце, і іншыя аповесьці й апавяданьні”.

Адпачынак, сьвежае паветра, вецер, прадчуваньне роднай хаты…

Паветра

Дома яе чакала маці, сястра й брат, якія ўжо сталі дарослымі й мелі сваё, прыватнае жыцьцё. Брат быў падлеткам і вожыўся ад усяго: ад абдымкаў, гутарак, дотыкаў, ён амаль адразу зьбег з хлопцамі гуляць у футбол. Сястра ж, якая толькі-толькі пераступіла мяжу юнацтва, пільна разглядал Інэсу, цікавілася яе сукенкаю, яе рэчамі, пыталася пра гарадзкое жыцьцё… Вечар яны правялі добра, адчуваючы яднаньне, нават маці не асабліва жалілася на жыцьцё.

І здавалася б, што нічога дрэннага здарыцца ня можа… бо ўсе ўжо пасьпелі заўважыць, як моцна Інэса схуднела, пасварыцца на яе за гэта, павойкаць з нагоды й суцішыцца, як Інэсу рана ранкам, сярод цішы й спакою, пабудзіў тэлефонны званок, званіла Валя, жонка Вітаўта… Яна ня плакала, але гаварыла не сваім голасам.

Інэса толькі слухала Валю і праз усхліпы цьмяна разумела, што менавіта адбылося.

Як толькі яны скончылі размову, Інэса ўключыла сьвятло ў пакоі й адразу набрала дрыжачымі рукамі Яна.

– Божа, які жах! З кім з нас Вітаўт размаўляў апошні раз, не з табою?

– Не, Інэса, не са мною.

– Я ў сваёй вёсцы… Пакіну дзяцей тут і адразу паеду ў Менск… Наведаю Гэню, і тады да Валі, каб дапамагчы з арганізацыяй пахаваньня… Мо Гэня нарэсьце пакіне кватэру, яны ўсё-ткі зь Вітаўтам блізкія сябры, вучыліся разам… – Наконт Гэні ня ўпэўнены, ён не выходзіў з дому, ты ж ведаеш, недзе ўжо два гады… Ладна, я сёньня не пайду на працу, застануся дома, трэба падумаць… Заўтра пабачымся, займіся там з Валяю справамі, а я ўжо падтрымаю… Здаецца, мяне проста пакінулі ўсе сілы сёньня штосьці рабіць… Паспрабуй Гэню выцягнуць з кватэры. Пакуль.

– Пакуль.

Кніжныя паліцы

Вітаўт жыў у раёне, які быў адным з самых старых у горадзе і адным з самых шалёных на бойкі сярод мясцовых.

Усе дамы вакол былі пяціпавярховымі і ня мелі ліфтаў, як ня мелі й пад’язных дарожак для інвалідаў і парковачных месцаў для машын. А ўладальнікі кватэраў славіліся адсутнасьцю адукацыі. Гэты раён ад самага пачатку, ад першай пакладзенай цагліны быў ахвяраваны тым грамадзянам, якім была “прапісаная” хімія ў савецкія часы. Цяпер ужо іх дзеці праходзілі хімію й прапівалі свае арганізмы. Аднак кватэры тут каштавалі танна, што й тлумачыла Вітаўтаў выбар.

Пазаўчора ў суседнім доме п’яны госьць нанёс свайму сябру трыццаць нажавых раненьняў, дапіў гарэлку й заснуў, а прачнуўся, калі перад ім стаяла міліцыя й заплаканая сьвежасьпечаная ўдава, якая вярнулася з начной зьмены.

Разгублены сабутэльнік так і ня здолеў аднавіць у памяці храналёгію падзеяў мінулага вечара.

Сёньня сьнег ля пад’ездаў быў прыбраны ў высокія гурбы, і дзеці з казыркоў ныралі ў ягосьнег, ім было весела – да дарослых турботаў яшчэ далёка. Вітаўт зьняў кватэру амаль тыдзень таму, на вуліцы імя нейкага камунякі, невядомага нікому з новага пакаленьня. Якраз пайшлі ўгору справы з мастацкімі замовамі, і ён зьбіраў сяброў, каб адсьвяткаваць навасельле й успомніць добрую кніжную традыцыю.

Першаю прыйшла Інэса, яна пакінула дзяцей на нянечку, якая зьнешне выглядала так, быццам бы ёй самой патрэбны быў дагляд, але дзеці яе слухаліся й любілі.

Другім на парозе зьявіўся Гэня, увесь спатнелы, вочы чырвоныя, ён першаю справаю скінуў зь сябе кажух і пачаў здымаць праз галаву швэдар, пад якім быў яшчэ адзін… Змакрэлы, спужаны, ён толькі скасабочана пасьміхаўся, трымаючы ў руках пакет з суседняй крамы, у якім месьціліся бутэлька каньяку, дзьве бутэлькі віна й тры невялічкія шклянкі “Глікадзіну” з аптэчнага кіёску. Гэня заставаўся самім сабою пры любых абстваінах: зімою, стужаю, летам, сьпякотаю, у гасьцях, дома, за працаю…

За Гэнем амаль адразу пазваніў у дзьверы Ян, які прывёў з сабою паўнаватую дзяўчыну зь імем Нэля, якая гучна жавала жуйку, крыху прыадкрываючы намазаныя барвоваю памадаю вусны. Ян адразу перадаў заплечнік Вітаўту, каб той дастаў зь яго тры плястыкавыя пляшкі разьліўнога піва й адну бутэльку ўіскі і паклаў усё ў лядоўню – якаснае піва варта піць халодным, але зь цёплымі рукамі, так быццам бы любяць казаць у цяперашнім сьвеце.

Здавалася, Вітаўт больш нікога не чакаў, але празь дзесяць хвілін, калі ўсе сябры, разьмясьціўшыся на кухні, разьлівалі піва й палілі, у дзьверы пагрукалі, Вітаўт адчыніў і ўбачыў Вераніку, дзяўчыну, зь якой ён разышоўся колькі год таму.

– Ну прывіт, мой смачны мужчына! Хаваесься ад мяне? – Вераніка, прымружыўшы вочы, абхапіла Вітаўта за шыю і падаравала яму доўгі пацалунак.

Вітаўт зь сілаю адарваў ад сябе дзяўчо.

– Слухай, як ты даведалася маю адрэсу?!

– Не скажу, даражэнькі, а то пасвару цябе зь сябрам! – Вераніка ўсьміхнулася й зьняла паліто, з-пад якога на сьвет выглянула вязаная кофта з глыбокім выразам, што адкрываў неверагодны від на пульхныя грудзі, паднятыя станікам.

– Ладна, ты гэта, заходзь, вядома, але сёньня ў нас вечар занядбана-вар’яцкага дзяцінства!

– Ой, ну ведаю я, я прачытала Граса, так што ня парся, я маю колькі пытаньняў і адказаў! – Вераніка накіравалася ў пакой, па дарозе раскідаўшы ў розныя бакі свой абутак, і не пасьпела яна як сьлед агледзецца, як раптам яе позірк спыніўся на сьценцы, і – Вераніка закрычала праз калідор у кухню, куды выправіўся Вітаўт: – Знатныя ў цябе паліцы, Вітаўт! Сам ці ня сам?!

– Сам-сам! Учора толькі скончыў! Гэта мой гонар, я палічыў, што нашмат эканомней будзе самому сканструяваць і павесіць кніжныя паліцы. Тут даўжыня – 250 сантымэтраў і вышыня 200, і вісіць цяпер недзе пад 500 кіляграмаў кніг, усе з маёй уласнай калекцыі… – Вітаўт пачаў з крыку, але скончыў звычайным гоманам, калі дайшоў з кухні да Веранікі, трымаючы ў руках шклянку нефільтраванага піва.

– Блін, вусьцішна неяк на гэта глядзець, але сапраўды ўражвае. Такія паліцы павесіць!

– Так, уражвае! – дадае Інэса, выходзячы з кухні й ладкуючы агульны стол у пакоі, каб нарэсьце пачаць тое, дзеля чаго яны й сабраліся.

З кухні вярнуліся й астатнія: Гэня і Ян са сваёй спадарожніцай Нэляй. Сёньняшні вечар быў не такі й просты, кожны па дамове мусіў прачытаць адну з кніг: Іен Бэнкс “Асіная Фабрыка”, Агота Крыстоф “Тоўсты сшытак”, Гюнтар Грас “Бляшаны барабан”, Энтані Бёрджэс “Завадны апеяльсін” і ўсе сябры рыхтаваліся гутарыць на тэму сапсаванага дзяцінства, вар’яцтва, вычварэньняў.

Яшчэ колькі хвілін перасоўваньняў і ўладкоўваньняў сваіхцелаўваколсталайпітва, – іможнапачынацьлітаратурны вечар, які далей будзе зафіксаваны па-канцылярску суха й амаль безэмацыйна, бо запісвалася ўсё ад самага пачатку, як і запаміналася – неайхайна, навобмацак, праз прызму алькаголю й невядома чаго яшчэ, што пакідала пасьля сябе толькі даўжэзныя, нікому непатрэбныя маналёгі, перапыненыя й разьбітыя кароткімі паўзамі, каб мець магчымасьць глынуць сьвежага паветра, хай сабе і разам з тытунёвым дымам:

Ян. Трэба сказаць, што я якраз люблю такіой дыямэтральны дуалізм. Калі адныя абліваюцца сьлязьмі шчасьця й замілаваньня, а ў цябе кніга выкліквае зьдзіўленьне й раздражненьне, і ты знаходзіш сабе іншых, тых, хто кажа, што гэтая кніга проста сьмецьце. Здаецца, “Асіная Фабрыка” мае ўсе падставы для існаваньня… Месцамі жудасная, месцамі непрыемная, і, нягледзячы на агульную маруднасьць апавяданьня, адарвацца ад рамана складана, хочацца ведаць, што ж далей. У мяне раней было як, Шатляндыя – гэта краіна пустэльных выспаў з чэзлаю расьліннасьцю, якую раз-пораз ядуць дурныя авечкі, але тут усё інакш, вядома, тут ёсьць усё гэта – расьліннасьць, авечкі… але тут яшчэ ёсьць міні-выспа й дом, дзе склеп забіты мяхамі з порахам і жыве дзіўная сямейка: бацька, які захоўвае Вялікую таямніцу ў сваім габінэце й спрабуе падарваць грамадзскасьць сваімі сакрамэнтальнымі адкрыцьцямі, напрыклад, манаграфіяй пра тое, што Зямля ня круглая, а ўяўляе сабою стужку Мёбіюса, або як па пердзежу даведацца, што чалавек еў і які ў яго настрой, характар; Фрэнк, які ня можа вырасьці зь дзяцінства, будуе запруды, плаціны, ладзіць вайнушкі з плястмасавымі салдацікамі, але ня толькі зь імі, часьцяком у расход ідзе й жывы матэрыял, яшчэ ў Фрэнка ёсьць Асіная Фабрыка, Ахвярныя Слупы, Бункер і шмат іншых зразумелых і цікавых толькі яму мястэчак, і Фрэнк захоўвае тры самыя жудасныя таямніцы свайго шаснаццацігадовага жыцьця: яго старэйшы брат Эрык зьехаў з глузду падчас працы ў бальніцы па даглядзе за слабавумнымі дзецьмі й цяпер падпальвае сабак і есьць дажджавых чарвякоў, маці… яна кінула іх, потым праз тры гады прыехала на дзявятым месяцы цяжарнасьці на байку, па-хуткаму нарадзіла й праз два дні пасьля родаў зьехала ў невядомым кірунку, сам Фрэнк ужо тройчы пасьпеў забіць, прычым ягоны падыход да забойстваў уражвае. І, напэўна, самае галоўнае ў кнізе, што пралівае цьмянае сьвятло на ўсё гэта дзікунства й шалёнае дзяцінства – яму сабака, яшчэ калі ён быў малым, адгрыз пісюн зь яйцамі, так, што ён ня толькі ня здольны мець нейкія полавыя зносіны, але й ссыць, як баба… Па-мойму – выдатна! Аўтар рэжа па жывому без наркоза, ломіць сваю праўду, гвалціць мозг.

Гэня. Дзякуй, Ян, за кароткі зьмест, але я вось што скажу. Кніга мяне не спалохала і не зьдзівіла. Усё, што тут апісана, – гэта, вядома, брыдка, агідна, але ня вусьцішна, таму што хваравіта, таму што па-дурному, таму што самі героі не разумеюць, хто яны такія ёсьць на самой справе.

Тут няма гэтага погляду назад, у мінулае, няма раскаяньня! Калі б было раскаяньне, тады было б вусьцішна ад усьведамленьня таго, што нарабіў. Але аповед вядзецца пра ненармальныя рэчы цалкам нармальнай мовай, быццам бы так і трэба. А галоўны герой не ўсьведамляе сваю… ненармальнасьць… Ён лічыць сябе ў параўнаньні са сваім братам, Эрыкам, цалкам нармальным. І ён жахаецца таго, што Эрык падпальвае сабак, але ён сам ня так даўно сапраўды гэтак жа падпальваў зайцаў ды наогул забіў трох дзяцей. Але гэта для яго цалкам нармальна, гэта як мае быць, і ён зусім не дакарае сябе, і нават у фінале, калі адчыняецца таямніца Фрэнка, ён знаходзіць “рацыянальнае тлумачэньне” сваім забойствам і нічога не адчувае да тых трох дзяцей, якіх ён забіў, хоць па ягоным жа “рацыянальным тлумачэньні” ўсё гэта было дарэмна. Ён проста перакладае віну за ўсё на свайго бацьку. Але сябе вінаватым не адчувае. Гэта вельмі проста – перакласьці ўсё на бацькоў, абвінаваціць іх…

Нэля. Ой ну мля, што-та ў вас тут неяк інтэлектуальненька… А вы будзеце ўвесь вечар так? Га? А то мне ўжо спаць хочацца.

Вераніка. Ты лепш пі, даражэнькая, і маўчы, усім вядома навошта Ян цябе прывёў… Ладна, да кнігі… Вінаваціць бацькоў – гэта клясыка, гэта самае лёгкае… Я лічу гэтую кнігу бяздушным стварэньем. Я не магу чытаць кнігі, дзе апісваецца зло дзеля самога зла, бруд дзеля бруду, дзе няма катарсісу, дзе няма адчаю аўтара, дзе няма нейкага тлумачэньня, філязофіі! У мяне паўстае пытаньне: “Навошта?” У нашым сьвеце і так шмат розных паганых і жудасных рэчаў. Навошта запаўняць гэты сьвет яшчэ большым дзярмом? Адна справа пісаць пра зло, каб паказаць, якім яно можа быць, і каб людзі ўбачылі, да чаго той ці іншы дрэнны ўчынак можа прывесьці, каб даць зразумець, што так нельга, ня варта, ня трэба! Але цалкам іншая справа – пісаць пра жахі проста таму, што гэта вусьцішна ці, лепей сказаць, эпатажна. Бэнкс на гэта й разьлічваў? Малайца! Правільна разьлічыў – ён прыўнёс з сабою супярэчлівае ўражаньне. Можна яму папляскаць! Гэтая кніга пабудаваная на чалавечай тупасьці, якая ніяк не ўсьведамляецца, якая проста замоўчваецца, на гэтым чортавым экспэрымэнтатары з хваравітым розумам. Я да канца не чытала, проста прагартала, дрэнь!

Вітаўт. Ой, Вераніка, што ты лезеш са сваімі “не спадабалася”… Тут проста гульня з таямніцаю, якая на працягу ўсяго раману трымае чытача. Мала цяпер такіх пісьменьнікаў, здольных трымаць сюжэт на адной падзеі, на адной галоўнай рэчы. А потым усё адразу раскрываецца, і ўсе шматлікія дзівацтвы й намёкі складаюцца ў адну карцінку, становяцца зразумелымі й маніякальнасьць апавядальніка, і шматлікае іншае. Мне падабаецца, што тут ёсьць тлумачэньне. Бацька Энгус не рэгіструе ўласнае дзіця, не пускае яго ў свой габінэт ні ў якім разе, кульгае ад таго, што ягоная жонака зь вельмі свабодалюбным характарам адразу пасьля родаў пакаціла на матацыкле ды зламала яму нагу. Ён, акрамя таго, пра што казаў Ян, склаў энцыкляпэдыю вымярэньняў уласнага дома, куды крапатліва занесена ўсё: ад даўжыні ножак стала й тэлефоннага дроту да ёмістасьці лыжкі, ён прымусіў сына вывучыць усё гэта на памяць, рэгулярна правярае. Гэта ж неверагодна сакавіта, гэта цудоўны раман… Мяне ўласна ў некаторых момантах ён узбудзіў! Усе мусяць даўно зразумець, мужчына без жанчыны ператвараецца ў лайно, у падабенства, у маньяка, у шалёнага маньяка! Усе мужчыны такім чынам губляюць чалавечае аблічча, а калі вам яшчэ адрэзаць хуй! Тут увогуле адбудзецца дзікае, шалёнае ператварэньне ў невядома каго ці што!

Усе пакрысе пьюць ўіскі, разьліўное нефільтраванае піва, набытае ў суседняй міні-піўнуншцы на рагу дома… каньяк… хтосьці ўжо перайшоў на мянтолава-мятны Глікадзін… кураць цыгарэты, сігарылы, лёгкую траўку… закусваюць сырам, памідорамі, белым, чорным хлебам, цытрынаю, памэлаю, аліўкамі, ядуць вэнджанае мяса, рвуць зубамі вэнджаны сыр… запіваюць усё зялёнай халоднай гарбатай, кока-колай, фантай, цытрынавым сокам, ананасавым сокам, яблычным сокам, вадою з распушчаным парэчкавым варэньнем, пьюць каву, дзьмухаюць на гарачае, мружацца ад халоднага, патнеюць ад сьпякотнага…

Інэса. Яшчэ ў дзяцінстве я не магла спакойна назіраць за тым, як хлапчукі з маёй вёскі, зьбіраючыся на футбольным стадыёне, прэпаруюць безабаронных лялячак, жабак, кузурак, жукоў-насарогаў, як яны ловяць мышэй і галубоў і бьюць іх камянямі з рагатак… Ва ўсім гэтым было столькі першабытнага зьверства, глупства, непатрэбнасьці й неабгрунтаванай жорсткасьці, што я проста згубіла падлік аплакваньням няшчасных кузурак і ўласную няздольнасьць неяк паўплываць на малалетніх садыстаў. Я проста назірала, часам заплюшчвала вочы ад вычварэнстваў, але ніколі іх не спыняла, я таксама была часткаю гэтага… Калі нехта зь іх у больш сталым узросьце пераключыўся на кацянят, шчанюкоў, а потым і на бамжоў – я ўжо не зьдзіўлюся… Дзіўная кніга, так, але для мяне яна нішто. Дзіўная сямейка, дзіўныя людзі, дзіўныя падзеі, дзіўная Фабрыка. Шчыра кажучы, на пачатку ўсё здавалася мне такім неверагодным трызьненьнем. Усё апісана цынічна й холадна, што нехаця пранікаесься гэткім жа настроем, у такім выпадку пісьменьнік фантастычна з гэтым справіўся. Зь іншага боку, ніякага напружаньня й ніякага катарсісу… Напружаньне не нарастае на працягу ўсёй кнігі, а толькі ўзрастае хвалямі мэдычная зацікаўленасьць да таго, як менавіта герой дасьць рады таму ці іншаму чалавеку… Напэўна, я маньячка, але толькі так і зацікавіла.

Ян. Ладна, уласна кажучы, хопіць з гэтай кнігай…

Ян кідае на стол кнігу, за якую ён дамовіўся адказваць… Кніга была ў мяккім пераплёце, сэрыі покет-букаў, яна адразу разгарнулася недзе на пачатку рамана й так і засталася ляжаць самотніцаю сярод кілішкаў, кубкаў і талерак…


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации