Электронная библиотека » Аляксандар Бацкель » » онлайн чтение - страница 3

Текст книги "Мімікрыя"


  • Текст добавлен: 19 ноября 2018, 16:40


Автор книги: Аляксандар Бацкель


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 3 (всего у книги 10 страниц) [доступный отрывок для чтения: 3 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Інэса. Я заўважыла, што стала шмат кніг, дзе апавядаецца вайна вачыма дзяцей. Гэтая тэма балюча б’е нават тых, хто не занадта сэнтымэнтальны. Два хатнія хлопчыкіблізьнюкі прыяжджаюць да бабулі, якую раней ніколі ня бачылі, каб удалечыні ад вялікага горада перажыць вайну. Дакладней, іх прывозіць і пакідае маці. Нялёгка прыходзіцца дзецям ва ўмовах жорсткасьці і татальнай антыгігіены. Але пра што тут я?! Вайна, глыбінка… Хлопчыкі ня проста хлопчыкі, яны вельмі разумныя, таму трэніруюць цела й душу, каб навучыцца перажываць усе нягоды. Толькі вось да чаго прывядуць гэтыя практыкаваньні? Кніга сапраўды ад першых старонак зьдзіўляе сваёй шчырасьцю й праўдзівасьцю. Мова лёгкая, крыху нібыта дзіцячая, што дапамагае чытачу канчаткова паверыць у рэальнасьць існаваньня дзёньніка блізьнят. Спачатку ўсё даволі бяскрыўдна й нават на дзіва добра. Але паступова ўсё заблытваецца ў жахліва дарослым і дрэнным сьвеце, дзе даводзіцца выжываць гэтым дзецям, іх зусім не шкада, вусьцішна, што вайна робіць іх такімі. Мне толькі падалася некалькі залішняю наяўнасьць столькіх сэксуальных сцэн.

Нават ня ведаю, што лепш: каб гэта была толькі фантазія аўтара ці каб гэта была рэчаіснасьць. Вось чытаеш сучасную літаратуру – і ствараецца ўражаньне, што маньякі ўсюды і ў залішняй колькасьці! Так, стыль, манера пісьма – крыху адстароненая, безэмацыйная, але пранізьлівая дашчэнту… Непрывабны побыт і чалавечыя адносіны, якія цягнуць вас на дно, брыдка й прыгожа, часам усё выклікае нейкую гідлівасьць, а часам эратычнае ўзбуджэньне, часам пачуцьцё глыбокай тугі і, адначасова, для мяне гэтая кніга сталася новым узроўнем разуменьня свайго жыцьця!

Ян. Сапраўды, новае разуменьне… Я люблю менавіта такія кнігі, якія ствараюць новае для цябе асабіста, кнігі, празь якія вучысься ня толькі жыцьцю, але й пісьму! Калі я быў малым, недзе так чатырнаццацігадовым, я вельмі любіў гэтую кнігу, нават марыў нарадзіцца з такім жа братам-блізьнюком, і каб яго звалі Лукас, а мяне Клаўс, і мы былі б неверагодна бліскучымі садыстамі, мне моцна падабалася гэтая кніга, але, здаецца, на той час я яе ня надта добра разумеў, альбо наадварот, бачыў празь яе сьвет інакш… Не істотна! Мне ў кніжцы заўсёды падабаліся гэтыя пераходы – калі апошняя фраза папярэдняй часткі суадносіцца з першай фразай наступнай. Гэта ўсяго адна фраза, але кожны раз яна вельмі выразна дае зразумець, што цяпер будзе інакш – колькі будзе герояў, хто будзе галоўным, і чаго чакаць у бліжэйшай будучыні, але акрамя таго, што гэтая кніга неверагодна прыгожая сваімі рэзкімі разваротамі сюжэту, мне яна заўсёды падабалася яшчэ й як проста тэкст, чысты, празрысты тэкст. Тое, як гэты небагаты сінтаксіс дае фантастычны эфэкт… м-м-м… Смаката! Гэта выдатна! Але самае цудоўнае, дык гэта тое, што як толькі ты пачынаеш верыць у тое, што распавёў аўтар, разумець, асуджаць, шкадаваць – раз, і пачынаецца новая частка кнігі, якая пераварочвае ўсё з ног на галаву. І так некалькі разоў, да тых часоў, пакуль ты не пачынаеш блытаць праўду з выдумкай. А пад канец, калі адрозьніць блізьнюкоў адзін ад аднаго практычна немагчыма, аўтар нарэшце спускаецца да чытача й расквітваецца зь ім, як забойца, як садыст, ён адразу пераразае ўсе ніткі апавяданьня, пакідаючы цябе паміраць…

Гэня. Годная кніга, здаецца лепшай па выкананьні за папярэднюю… Рэалістычная, жорсткая, гідкая, злосная, але ж неверагодна мяккая, спакойная й родная, танюткая й бязважкая… побач з гэтай кнігай не стаялі ані Голдынг, ані Сэлінджэр. Гэтыя дзеці чымсьці нагадваюць Оскара, чымсьці знакамітага Курдупеля Цахеса. Як на мяне, мова скупая, пазбаўленая мэтафар, параўнаньняў, мастацкіх апісаньняў, але ў наш час гэта часта лічыцца плюсам, прыкметай мадэрновасьці ці чагосьці такога кшталту, калі тэкст ёсьць інфармацыяй, ня болей. Які час, такая і мова. Кніга складаецца з трох твораў, кожны твор перакульвае зьмест папярэдняга, як бы перакрэслівае некаторыя падзеі, зьмяняе іх сэнс і зьмест. Жорсткі стыль, шмат гвалту, сэксу, злосьці чалавечай, вельмі мала любові, але менавіта чалавечнасьць у гэтай кнізе вымалявана найбольш яскрава, у кантэксьце вайны, таталітарызму, усеагульнай недаверлівасьці й зласьлівасьці. Дзеці выдумляюць сабе жыцьці, яны проста выжываюць, у адрозьненьне ад падобных герояў у таго ж Коба Абэ, Макса Фрыша альбо Ўільяма Голдынга… І яшчэ мне, хм, падабаецца, што тут не да канца зразумела, што да чаго з гэтымі блізьнятамі… а пэрсанажы якія ў рамане(!): бабуля, Заечая Губа, кюрэ, Лукас, Клаўс, Маціяс… Калі праглядзець зрэз апошніх раманаў пра “дзяцей”, можна ўбачыць, што героі становяцца больш гострымі, не такімі гладкімі, як каменьчыкі, якія кінуў – і яны запляскалі жабкамі па паверхні тэкста, весела, бесклапотна… Мы можам бачыць, што дзеці робяцца складанымі, злымі, шалёнымі, і нашая сучаснасьць да канца яшчэ не спарадзіла таго апошняга, галоўнага літаратурнага дзіцёнка, які, стаўшы правадыром усёй гэтай недарослай зграі жудасных стварэньняў, павядзе іх вайною на нашых будучых дзяцей і зьнішчыць іх. Як бы мы ні імкнуліся забараняць гэтыя кнігі, кляйміць іх “чорнымі сьпісамі”, для нас, як вядома: “Рукапісы не гараць!”, спадарства. Амэн.

Ян. Усе, хто чытаў кнігу, зразумеюць мяне, што напісаць альбо патлумачыць, выказаць нешта пасьля яе прачытаньня досыць складана. Ты як быццам апынаесься ў вакууме. Складана апісаць свае адчуваньні. Я зразумеў, што сьмерць у кнізе набывае зусім іншы кантэкст, яна пададзеная як выратаваньне, і мне гэта даспадобы… У кнізе няма месца слабасьцям. Канец кнігі сьцвярджае ісьціну пра тое, што калі ты застаесься адзін, то ты прайграў у гэтым жыцьці. Амэн. І так, пасьля гэтага раману я доўгі час баяўся пісаць сваю прозу, бо баяўся сутыкнуцца з тым недарослым пісьмом, з сорамам.

Вітаўт. Ня ведаю, мяне прасьцей было б прымусіць паесьці гаўна, чым дазволіць апынуцца ў гэтых жудасных вычварэнскіх падзеях між нейкімі дзецьмі. Я не дачытаў, але стараўся, вельмі, паверце! Гэтая жорсткасьць, ваенны цынізм, брудныя людзі і такія ж словы, гутаркі, падзеі, учынкі… Я скочваўся да шызафрэніі… Было адчуваньне, быццам бы з кожнай старонкаю мяне па патыліцы білі нейкім ваенным рэменем… Немагчыма было чытаць гісторыі, у якіх прысутнічала Заечая губа! Я прайшоў свайго кшталту літаратурную лябатамію…

Вераніка. Я не чытала гэтую кнігу, і мне гэта неяк фіялетава!

Вітаўт. А цябе ніхто не пытаў!

Вечар падыходзіў да свайго дзівоснага мэдыюму, ежа была ўжо не цікавая, гутаркі ліліся хутка, спрэчкі ня надта выходзілі, сёньня Гэня й Ян былі на дзіва лагодныя і спакойныя, і ўсе ведалі, што калі так, то ніхто асабліва спрачацца ня будзе. Усе ведалі, што калі ёсьць пэўная колькасьць вадкасьці, гэта выратуе сітуацыю, выратуе вечар, надасьць яму рахманасьці… але гэта мусіць быць сапраўды пэўная колькасьць, адмераная грамамі, міліграмамі, адмераная самім жыцьцём, страўнікам, крывацёкам, дбайным падыходам да справы, няўлоўнымі рухамі, вачыма ў цёмных вачніцах, дрыготкімі вуснамі, белымі павекамі.

Вераніка. Зараз, напэўна, мусіць пачынаць Гэня, але пачну я, бо гэтыя шэсьцьсот старонак, якія радок за радком сплятаюцца ў адзінае маштабнае палатно, я прачытала яшчэ колькі год таму, але не магу ніяк пазбавіцца адчуваньня, што ў пісьменьніка нейкая вельмі “нямецкая” проза: шчыльная, насычаная, няхуткая, важкая. Сам працэс чытаньня чамусьці нагадаў вязаньне, быццам бы як вяжаш, колькі радкоў зрабіў, і перапынак, а потым ізноў за справу, доўга, месцамі марудна, але багата, шыкоўна… а калі давязваеш, скажам, швэдар, яго карціць працягваць вязаць далей, не спыняцца, таму шукаеш іншыя кнігі гэтага пісьменьніка. Не хацелася таксама запісваць нейкія цытаты, бо тэкст не паддаецца на тое, каб штосьці вырываць з кантэкста, але вельмі хацелася самой запісваць свае ўласныя думкі, мары, сьненьні, трызьненьні. Калі пісьменьнік прымушае цябе самога бачыць, разважаць, прыдумляць, гэта я цаню нашмат вышэй за сакавітасьць мовы альбо сюжэтныя незвычайныя павароты. Колькі культурных, літаратурны алюзій выклікае хаця б галоўны герой Оскар, ён як адзін вялікі мэтатэкст! Гэткі сучасны бажавоўк, Пітэр Пэн у новым выглядзе! Оскар – гэта своеасаблівы пацукалоў, які замест традыцыйнай дудкі ўзброены сваім барабанам, пад які прымушае скакаць шаноўную публіку. Нарэшце, Оскар – Ісус, новы мэсія, якому закарцела абвясьціць новы набор вучняў. Але, ладна, нешта я крыху зьбіваюся… Я лепей выпью. Дзякуй.

Інэса. А я магу сказаць, што маё падарожжа па такой колькасьці старонак гэтай кнігі роўнае каханьню, я не магла адцягнуцца й замест вязаньня параўнаю свой працэс з паглыбеньнем, быццам ныраеш і плывеш, плывеш на дно, але не захлынаесься, толькі плывеш і ўсё, і нават калі кранаесься дна рукамі, выплываць не зьбіраесься… Гэткая Адысэя, вандроўка ў адзін бок, рамантычная й жаданая, каштоўная й сэксуальная… Разьвесялілі гісторыія пра чатыры спадніцы бабулі Ганны, якія мелі бульбяны колер, пра дзядулю Каляйчэка й ягоную гераічную сьмерць пад плытом, але, вядома, літаральнай вясёласьці там няшмат, хутчэй іронія, гратэск. Цяжка зразумець, дзе зьнікае Оскар-апавядальнік, дзе выяўляецца Оскар-герой. Ён разумны не па гадах, разважае як дарослы або нават у некалькі разоў лепей за любога дарослага. З дапамогай свайго барабана ён мае зносіны зь людзьмі, выстуквае на ім усё, што адчувае, жадае, назірае. Дзіўна ўсё, сьмешна, неверагодна, але мае права на існаваньне. Оскар – карлік, які наўмысна вырашыў ім стаць, пазьней, калі крыху пасталее, ён ужо гарбун. Па мне, ён нясе толькі неразуменьне, скажэньне, злосьць. Ён ламае стэрэатыпы і вывальвае ў сьвет як свае заганы, так і заганы іншых людзей, падбіваючы іх на гэта, дамагаючыся ад іх страшэнных прызнаньняў і дзеяньняў. Ён нясе сьмерць. Оскар – гэта адлюстраваньне таго грамадства, тых людзей, якія атачалі яго. Оскар – гэта адлюстраваньне вайны і тых заган, якія людзі так старанна ў сабе хаваюць. Оскар – гэта недачалавек, які ўвабраў у сябе ўсё зло сьвету, усё зло людзей.

Гэня. Нямецкая літаратура часта бывае нуднай, сапраўды зануднаю, цягучаю, як карамэль… Напышліваю, шматзначнаю, пукатаю, але па-сутнасьці пустою, і такую літаратуру трывае маладосьць, якая ўсім цікавіцца… Я любові да такой літаратуры не адчуваю, таму зварот да гэтай кнігі лічыў глупствам… але… Неверагодны твор! Як ён па-майстэрску ўплятае чытача ў павуціньне апавяданьня, жах проста. І з такой буйной кнігі не выдаліш ані слова, не прагартаеш яе хутка. Яна як адзіны вялікі будынак зь лесьвіцаю безь ліфта, і ты караскаешся наверх, караскаесься. Спачатку было цяжка наладзіцца на патрэбную хвалю, але чым даўжэй чытаеш, тым радзей хочацца адрывацца ад рамана. Праз мову, праз гэтую ажурнасьць чытаецца, як п’ецца ў сьпякотны дзень, наталяешся й адначасова ніяк ня можаш наталіцца, гэта майстэрства вышэйшага гатунку, гэта тое, што было б для мяне ўзорам, калі б я хацеў стаць пісьменьнікам…

Вітаўт. Якпамне, тыповыпрыкладпостмадэрнісцкага дыскурсу: знак на знак і сымбаль на сымбаль, цытата на цытаце, форма і ёсьць зьмест, аўтар і ёсьць тое, што апавядаецца. Сапраўды, хутка раман не прачытаеш, асабліва калі няма звычкі да такіх тэкстаў. Затое пасьля двух тыдняў удумлівага чытаньня застаецца задавальненьне ад праведзенага інтэлектуальна-пазнавальнага працэсу, адчуваецца насычэньне, якога часта не стае ў творчасьці. Гэта своеасаблівы кайф ад адчуваньня, што ўсе дэталі і падрабязнасьці ў канчатковым выніку працуюць на цэласнасьць агульнай карціны. Гэта як разглядаць накіды да гістарычных палотнаў.

Ян. Я падсьвядома параўнаў гэту кнігу з раманам “Гульня шкляных пэрлаў” Германа Гесэ. Абедзьве кнігі – гэта квінтэсэнцыя мастацкай дзейнасьці, гэта сумесь гармоніі й галаваломкі, гэта калі аўтар настолькі ведае сваю тэму, што проста атрымлівае неверагодную асалоду, гуляючы з тэкстам, як са сваім дзіцёнкам, падсоўвае яму розныя цацкі, лялькі, цукеркі, гэта ёсьць шчасьце, сябры, я мару напісаць штосьці такое. Мару!

Кожная хвіліна бегла наперад, шалёна зьбягала ад вечара да ночы, непрыкметна захінала, скрадала моц, цалавала ў патыліцу й правісала на падваконьні, да таго як зьляцець праз фортку. Кожная хвіліна не магла заставацца адвечна ў гэтым пакоі, напоўненым пахам тытуню й алькаголю, хвіліны напаўзалі адна адну, яны ляцелі й высковалі з форткі наўпрост у сьнежныя гурбы…

Вітаўт. Здаецца, больш ніколі ня будзем браць столькі кніг за раз! Але слухайце апошнюю гісторыю: раман, напісаны дзякуючы Другой сусьветнай вайне і інцыдэнту, які адбыўся зь цяжарнай жонкай пісьменьніка – яна была згвалтаваная чатырма амэрыканскімі вайскоўцамі й страціла дзіця. Раман, напісаны дзякуючы ўпэўненасьці аўтара ў тым, што ён сьмяротна хворы і яму трэба неяк забясьпечыць сям’ю, і пісьменьнік кожны дзень пісаў па пяць-дзесяць старонак, каб за год пасьпець напісаць дзесяць раманаў… Гэты раман стаўся пятым. Наскрозь прасякнуты болем ён імгненна атрымаў статус культавага і быў уведзены ў школьную праграму, затым атрымаў статус забароненага і са школьнай праграмы, адпаведна, выкрэсьлены. Яшчэ крыху гісторыі… Нягледзячы на ўсе пратэсты аўтара, выдавецтва ў ЗША выпусьціла раман без заключнай, дваццаць першай часткі, лічачы, што ў happy end ніхто не паверыць. І гэта пры тым, што колькасьць частак невыпадковая, гэта сымбаль паўналецьця! А я ж думаў, што толькі ў нашай краіне існуе непрадказальны, містычны дэбілізм у выдаўцоў!.. Асноўным пасылам гэтага твора зьяўляецца, па словах Энтані, “хрысьціянская свабода волі і сіла прабачэньня”. Гэта адна з маіх любімых кніг, шмат у чым дзякуючы сваёй моўнай эстэтыцы… лінгвістыка тут проста заліхвацкая, сапраўднае мастацтва, як па мне, мастаку…

Ян. Так… Алекс… яго можна ўспрымаць па-рознаму: ненавідзець, любіць, жадаць, ганьбіць, але нэўтральных пачуцьцяў дакладна ня будзе… У Алекса была сапраўдная свабода, адзіная сапраўдная свабода! Да якой ён ставіўся з усім сваім юнацкім максыімалізмам! Можна вельмі доўга аналізаваць сам сюжэт гэтага геніяльнага твора, і кожны знойдзе сабе свой уласны адказ, які можа быць і апраўданьнем, і судом, гэта такая ж двухбаковая кніга, як і першая, якую сёньня разьбіралі, гэта жудасна й прыкра, але прыцягальна й сьвята… When a man cannot choose, he ceases to be a man – чалавек гэта нешта большае, чым проста кавалак мяса. Вы ня можаце разрэзаць яго на часткі й напхаць у яго мэханізмы, а потым узяць дыстанцыйны пульт, націснуць на якую хочаце кнопку і ўсё гатова, ён харошы, вясёлы й умее любіць, чалавек – гэта ў першую чаргу шалёныя думкі, гэта вычварэньне, гэта аборт, а ўжо потым анёл, матыль ці птушка, чалавек-мясаед – гэта норма быцьця для нас.

Інэса. Рана ці позна чалавека перастае задавальняць нават абсалютная свобода, бо гэта сумна, прыкра, не цікава, таму, напэўна, нам так дзіўна жывецца тут, без памкненьняў, жаданьняў штосьці мяняць, бо мы ня ведаем, што будзем рабіць, атрымаўшы свабоду, можа быць пойдзем і трахнем суседку, а потым разрэжам ёй жывот, напхаем туды саломы й зробім нашай хатняй лялькай… Я думаю, кніга менавіта пра гэта.

Гэня. Тэхніка, з дапамогай якой зьмяняюць Алекса, яго стаўленьне да рэчаіснасьці, не прыносіць карысьці. Доказам таму зьяўляецца боль, які суправаджае героя… э-э-э… і гэтая “Ода радасьці”… Блін, няма ў мяне настрою пра гэта гутарыць, я б памаўчаў…

Ян. Ладна, я проста раю гэтую кнігу чытаць у арыгінале! Усе гэтыя “horror show” замест “добра” і “razdrazh” ствараюць ашаламляльны стылістычны эфект. Кніга, вядома, поўная сцэнаў неапраўданага гвалту, але гэта толькі надае страве смак… Люблю гэтую кнігу, і даўно парваў яе ў ушчэнт на цытаты.

І на сёньня: Amen. And all that cal.

Як толькі Ян скончыў, Гэня, нажлукціўшыся да адурэньня, пачаў мармытаць штосьці пра лайно й сусьветны армагедон, ён варочаў галавою і зьнешне ня быў настроены на адказы й камунікацыю.

Ян у сваім фатэлі адразу стаў заняты Нэляю, якая, пачаўшы сумаваць яшчэ на пачатку вечара, толькі й рабіла, што жлукціла, глядзела ў столь, паліла й чакала, калі яе мужчына займецца сапраўднымі справамі…

Вераніка, седзячы ўжо ў адным станіку й майтках, скасабочана спрабавала “строіць вочкі” Вітаўту, які зусім не зважаў на яе і быў паглыблены ў разважаньні… За вокнамі гучна дзьмула, сьцюдзёна дзьмула, абуджаючы ў галовах людзей старажытныя жахі й прымушаючы ўздымацца першабытным павер’ям і вераваньням у багоў сьцюжы, багоў усеўладных, вялікіх, непаўторных, багоў усіх стыхіяў і Космасу…

– Ну добра, што сёньня да канца атрымалася, але штосьці зашмат кніг, наступным разам будзем адну-дзьве рваць!.. – прамовіў Вітаўт, і раптам Гэня апантана ўстаў і ў адных шкарпэтках, саколцы й джынсах пабег да ўваходных дзьвярэй, рэзка іх адчыніў і схаваўся ў цемры калідора, у якім ужо пасьпелі ўвечары выкруціць лямпачку.

Вітаўт выбег на гаўбец, расчыніў вакно й пачаў крычаць Гэню, каб той вяртаўся, а то ж прыдумаў у такую сьцюжу бегаць!

Вераніка спакойна засталася чакаць Вітаўта ў пакоі, папраўляючы грудзі ў станіку, да яе прысела Інэса й упілася сваімі вуснамі да ейных вуснаў, з жарсьцю ўкусіўшы.

Ян, які сядзеў на фатэлі, трымаючы цела Нэлі, выказваў сваю абыякавасьць да ўсяго наогул і красамоўна лапаў дзяўчынцы жопу, запускаў руку праз калготы да яе вільготных майткоў.

А Гэня тым часам бег… бег ад свайго лёсу й ад сяброў, ад каханьняў і ад дапамогі, ад думак і ад самога сябе. Ён бег, як бяжыць ад драпежніка заяц, з розьніцай толькі ў тым, што Гэня наўмысна нацэліўся драпежніку роўна ў пастку.

Бяжы, Гэня, бяжы! Бяжы шпарка, як раней ніколі ня бег! Бяжы ў першую чаргу ад самога сябе!

Інтэрмэццо. Паветра

Паветра – натуральная сумесь газаў, галоўным чынам азоту й кіслароду, якая складае зямную атмасфэру. Паветра неабходнае для нармальнага існаваньня ўсіх наземных жывых арганізмаў: кісларод, які зьмяшчаецца ў паветры, у працэсе дыханьня паступае ў клеткі арганізма й выкарыстоўваецца ў працэсе акісьленьня, у выніку якога адбываецца вылучэньне неабходнай для жыцьця энэргіі. Паветрам дыхаюць, паветраным шарам лётаюць, у паветры жывуць, “паветрыям” даюць веры, але гэта ўсё ня мае ніякага значэньня, калі ты стаіш перад расчыненай наросхрыст форткаю і спрабуеш прызнацца сабе, што табе паветра больш не патрэбнае, паветра больш не існуе як твой адмысловы сьвет, паветра цяпер замянілі на пылцу, на кветкі, якія ствараюць сваю, ўласную экасыстэму… У прамысловасьці і ў побыце кісларод выкарыстоўваецца для спальваньня рэчываў з мэтай атрыманьня цеплыні й мэханічнай энэргіі ў рухавіках унутранага згараньня. З паветра мэтадам звадкаваньня атрымліваюць інэртныя газы. А яе бацька любіў выпускаць газы, асабліва калі маці ляжала разам зь ім пад коўдраю, ён гучна пярдзеў і потым нагамі й рукамі падымаў і апускаў коўдру, праветрываў, пакуль да яе з зусім яшчэ малою сястрою й братам не даходзіў гэты сьмярдзючы пах напаўперавараных сасісак і піва, пяльменяў і гарэлкі… грэбаныя газы… У 1754 годзе Джозэф Блэк эксперымэнтальна даказаў, што паветра ўяўляе сабою сумесь газаў, а не аднастайнае рэчыва. Склад паветра можа зьмяняцца: у буйных гарадах утрыманьне вуглякіслага газу будзе вышэй, чым у лясах: у гарах паніжанае ўтрыманьне кіслароду з прычыны таго, што кісларод цяжэй азоту. Кожным разам, як яна заводзіла машыну й раніцою ехала на працу альбо па іншых справах, яна ехала ў любое надвор’е з зачыненымі вокнамі, дыхала толькі тым, што дае кандыцыянэр, бо раніца ў горадзе – гэта атручанае жыцьцё, заторы, машыны выдаюць неверагодную колькасьць смуроду, а калі яшчэ паліш, атрымліваецца бэнзынава-цыгарэтная раніца, якую зьверху застаецца толькі прыглушыць моцнай каваю, і пасьля, яшчэ да абеду, да цябе прыходзіць шалёная пякотка… Паветра заўсёды зьмяшчае пары вады. Так, пры тэмпературы 0 °C 1 м³ паветра можа ўтрымліваць максымальна пяць грамаў вады, а пры тэмпературы 10 °C – ужо дзесяць грамаў. Яна шалёна дыхала паветрам, яна дыхала сасновым паветрам, яе не было нідзе, акрамя як тут, у паветры, яна абагаўляла паветра, а паветра ў сваю чаргу варушыла яе спадніцу й нахабна лашчыла павекі… Дынамізм, рухомасьць, плястычнасьць паветранай стыхіі, нягледзячы на відавочную цяжкасьць малюнка, зрабілі паветра й сьвятло любімымі тэмамі мастакоў стылю барока. У жывапісе й скульптуры паветраную стыхію малявалі залатымі прамянямі сьвятла. Ніцшэ пісаў пра паветра, што гэта найвышэйшая й самая тонкая з матэрый. З паветра выткана свабода чалавека. Таму сымбаль паветра – ў першую чаргу гэта сымбаль свабоды. Гэта свабода, для якой няма ніякіх перашкод, бо паветра нельга абмежаваць, нельга злавіць і надаць яму форму. Яна разумела, што губляе свабоду, што яе воля цяпер залежыць ад ветру, гэтая грэбаная пухліна, пекла гэтых невыносных працэсаў маруднага паміраньня. Гэта сымбаль ня толькі фізычнай, але й духоўнай свабоды, свабоды думкі. Таму прысутнасьць знакаў паветра на якойнебудзь паверхні кажа аб лёгкасьці мысьленьня, свабодзе й непрадказальнасьці. Яе лёгкія насычаліся кіслародам, яны сутаргава паддаваліся пад паветраным ціскам і потым выпускалі паветра вонкі, лёгкія падводзілі, яны падводзілі пэўную мяжу. Лёгкія – органы паветранага дыханьня ў чалавека, усіх млекакормячых, птушак, паўзуноў, большасьці земнаводных, а таксама ў некаторых рыб. У ейнай краіне толькі паветра засталося вольным. У лёгкіх ажыцьцяўляеца газаабмен паміж паветрам, якое знаходзіцца ў парэнхіме лёгкіх, і крывёю, якая працякае па лёгачных капілярах. Лёгкія зьяўляюцца парнымі органамі: звонку пакрытыя сярознай абалонкай – плеўрай, якая ў сысуноў і ў чалавека высьцілае таксама грудную паражніну й пярэднюю (у чалавека – верхнюю) паверхні грудной клеткі. Плеўра… ад юнацтва асацыявалася ў яе толькі з жанчынаю, як цяжка ўявіць, што ў цябе ў лёгкіх існуе плеўра, як і там, унізе, таксама свая плеўка… быццам бы жанчына ў квадраце, вось толькі лёгкія немагчыма згвалціць, немагчыма заняцца сэксам зь імі, ну пакуль жывы, дакладна, але хто яго ведае… Паветраная анэмія – дыханьне жыцьця, творчы пачатак прыроды. Спусташальны вецер, гром і маланка, залева, зьвязаныя разам ад стварэньня пачатку жыцьця… У антычным мастацтве паветра ўвасабляла німфа Аўра, яе малявалі юнай дзевай, якая сядзела на лебедзі, узмахі крылаў якога стваралі аўру – подых, ветрык. Яна больш ня бегала, яна толькі дыхала, нават не хадзіла, не перасоўвалася, толькі дыхала, гэта займала ўсё яе жыцьцё. Дыханьне – працэс, які забясьпечвае мэтабалізм жывых арганізмаў кіслародам з навакольнага асяродзьдзя і адводзіць ў навакольнае асяроддзе ў газападобным стане некаторую частку прадуктаў мэтабалізму арганізма (СО2, H2O і інш). Дыханьне – асноўная форма дысыміляцыі ў чалавека, жывёл, расьлін і шматлікіх мікраарганізмаў. Пры дыханьні багатыя хімічнай энэргіяй рэчывы, якія належаць арганізму, акісляюцца да бедных энергіяй канчатковых прадуктаў (дыяксіду вугляроду й вады), выкарыстоўваючы для гэтага малекулярны кісларод. Яна мела ўсе неабходныя прылады для кантролю за лёгкімі, яна сталася прымусовай фанаткай сваіх лёгкіх, яна цяпер не магла ў пэўным сэнсе жыць без усюдыісных думак пра ІХ, яна прачыналася й заўважала, што дыхае, так як і ўчора, значыцца, новы дзень настаў, значыцца, яшчэ адзін новы дзень… яшчэ адзін дзень… Капнограф – прыбор для вымярэньня й графічнага адлюстраваньня колькасьці вуглекіслаты ў паветры, выдыханым пацыентам на працягу пэўнага перыяду часу. Пнэўмограф – прыбор для вымярэньня й графічнага адлюстраваньня частаты, амплітуды й формы дыхальных рухаў на працягу пэўнага перыяду часу. Сьпіртограф – прыбор для вымярэньня й графічнага адлюстраваньня дынамічных характарыстак дыханьня. Сьпіртамэтар – прыбор для вымярэньня жыцьцёвай ёмістасьці лёгкіх. У Сярэднявеччы духамі паветра лічыліся сыльф і сыльфіда. У мастацтве акадэмічнага клясіцызму паветраная стыхія пэрсаніфікавалася алегарычнымі фігурамі з атрыбутамі – цацачнымі ветранымі млынамі ў руках. Млыны ў руках, цацачныя млыны ў руках, як жа гэта цудоўна, давайце крыху пакінем тут месца, каб замілавацца, каб лёгка гэта ўявіць… м-м-м… паветра… млыны… паветра. Яна ад самага дзяцінства памятае несупынную барацьбу з паветрам… спачатку апранаешся, каб цябе не прасквазіла, потым на вуліцы змагаешся з тым, каб цябе ня зьнесла ад ветру. Паветра надавала ейнаму жыцьцю сьмешны сэнс барацьбы, паветра зьдзекавалася, калі ўсе ў школе бегалі па чатыры кілямэтры ўздоўж лесапаласы, яно прадзіралася пад скуру, студзіла потныя сьпіны, але толькі паветра кранала яе ласкава, калі хацела таго, паветра высейвала зёлкі, паветра дапамагала кветкам апыляцца… Паветра паводзіла сябе па-рознаму, як і чалавек.

Внимание! Это не конец книги.

Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации