Текст книги "Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік)"
Автор книги: Генадзь Аўласенка
Жанр: Социальная фантастика, Фантастика
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 16 (всего у книги 17 страниц) [доступный отрывок для чтения: 4 страниц]
Таму, можа, што старажытная гэтая гульня спадабалася мне куды больш, чым усе ранейшыя мае захапленні і дасягненні…
Якія таксама давялося потым выпраўляць невялікімі, маленькімі нават, імпульснымі хвалямі…
Касмічная багіня палявання
1
– Да вас наведвальнік! – весела аб’явіла мне маладзенькая санітарка (ці, можа, сястра міласэрнасці… я ўвесь час іх блытаю), зазірнуўшы ў палату. – Пусціць?
– Ні ў якім разе! – прасіпела я, марна спрабуючы надаць скалечанаму свайму голасу хоць нейкі элемент уладнасці.– Не хачу нікога бачыць!
– Як скажаце! – трохі разгублена прашаптала санітарка (ці ўсё ж сястра?), асцярожна зачыняючы за сабой дзверы.
– І не ўздумай усё ж пускаць! – сабраўшы апошнія сілы, гыркнула я наўздагон. – Ачуняю – заб’ю!
Я ўжо здагадвалася, што гэта за наведвальнік, а праз імгненне ўпэўнілася, што ні на ёту не памылілася, бо ён ужо ўваходзіў у палату.
Той, бачыць каго мне хацелася зараз менш за ўсё.
Мой глыбокапаважаны шэф.
Выглядаў ён на дзіва бадзёра і элегантна. Зрэшты, ён заўжды так выглядаў. А яшчэ ён быў страшэнна абаяльны.
Не прывабны, а менавіта абаяльны. Ад яго так і несла абаяннем, ён літаральна зачароўваў д’ябальскім сваім абаяннем усіх дурненькіх і наіўных асобін супрацьлеглага полу, і зачароўваў да такой ступені, што дурненькія гэтыя прасцячкі (а як іх яшчэ назваць?!) проста страчвалі галовы. Я сама ў свой час прайшла праз усё гэта і таму літасціва раздумала забіваць маладзенькую санітарку (ці ўсё ж сястру?), якая асмелілася, нягледзячы на катэгарычную маю забарону, упусціць у палату гэтага гнюснага тыпа.
– Салют! – данёсся да маіх вушэй такі знаёмы сакавіты барытон (зрэшты, у дадзены канкрэтны момант я аддала б перавагу злавеснаму змяінаму сыканню). – Слухай, а ты малайцом!
Стараючыся трымаць сябе ў руках (што далося мне вой як не проста!), я адразу ж выказала ўладальніку сакавітага барытона ўсё, што я пра яго ў дадзены канкрэтны момант думаю. У думках выказала, не ўголас…
Зрэшты, я зусім забылася, што мой шэф, калі верыць усім тым чуткам і плёткам, якія пра яго ходзяць, здольны чытаць думкі. Не ведаю, праўда гэта ці чарговы міф, але мае думкі пра ўласную сваю персону шэф і насамрэч змог «прачытаць» выдатна.
– Скадзі, Скадзі! – уздыхнуў ён, падыходзячы бліжэй да ложка. – Ты такая ж прыгожая, як Фрэя, але ж чаму ў цябе няма яе здольнасці да самаахвярнай усёдаравальнай любові?
Наш шэф – вялікі знаўца і гарачы прыхільнік скандынаўскай міфалогіі. Але ягоны любімы герой – не Одзін і не Тор, а хітрамудры і падступны Локі. Што, дарэчы, нікога і не здзіўляе…
А яшчэ шэфу вельмі падабаецца Фрэя, багіня кахання і прыгажосці.
Але я не Фрэя, я – Скадзі! Так, між іншым, называлі скандынаўскую багіню палявання…
– Успомні, як Фрэя аднойчы, каб атрымаць каралі Брысінгамен, правяла чатыры ночы кахання з брыдкімі карлікамі,– працягваў развіваць улюбёную сваю тэму шэф. – А я, здаецца, і няблага выглядаю, і прапанаваць табе магу куды больш, чым нейкія там старажытныя пацеркі! Гэта не тое каб намёк, але…
– Ты лепш успомні, што зрабіла сапраўдная Скадзі з тваім улюбёным Локі, калі ён яе канчаткова дастаў! – перапыніла я шэфа. – Гэта таксама не тое каб намёк…
– Добра, не будзем пра сумнае! – адразу ж змяніў тэму шэф. – Магчыма табе будзе цікава даведацца, што толькі за сённяшні дзень да нас, у Цэнтр, паступіла не менш як дзесяць тысяч электронных паштовак з віншаваннямі і пажаданнямі на твой адрас. У першую чаргу, каб ты хутчэй пайшла на папраўку…
– А не пайшоў бы ты сам куды далей! – прасіпела я, адкінуўшы ўбок усялякую дыпламатыю. – Думаў я куплюся на гэта?!
– З чаго ты ўзяла? – выраз шэфавага твару стаў крыху разгублены (ці, што хутчэй за ўсё, шэф проста па-майстэрску разыграў гэтую сваю разгубленасць). – Проста я лічыў, што табе будзе прыемна чуць, як ты патрэбна людзям і як усе яны шчыра жадаюць хутчэйшага твайго вяртання ў строй…
– Ніякага вяртання! – з самых апошніх сіл гыркнула (а дакладней, прасіпела) я, і адразу ж ледзь не страціла прытомнасць ад страшэннага болю ў скронях і патыліцы. – Так што можаш тэпаць адсюль на ўсе чатыры бакі!
Але шэф тэпаць (тым больш на ўсе чатыры бакі) пакуль не спяшаўся. Ён нетаропка прайшоўся па палаце, уважліва вывучаючы ўсё больш-менш вартае ўвагі (у тым ліку і нікеліраваны посуд пад ложкам), павярнуўся ў мой бок.
– Якія яшчэ будуць пажаданні? – весела пацікавіўся ён. – Акрамя таго, каб я тэпаў адсюль на ўсе чатыры бакі адначасова?
– Пацалуй мяне ў адно месца! – адразу ж прапанавала я. Падумаўшы крыху, дадала, куды канкрэтна…
– Мая даўняя і, на жаль, пакуль што неажыццяўляльная мара! – уздыхнуў шэф, акідваючы крытычным позіркам бясформеннае нагрувашчванне гіпсу, бінтоў і ваты, якое я з сябе ў гэты момант і ўяўляла. – Тым больш зараз, у дадзенай канкрэтнай сітуацыі… Дарэчы, а табе не хацелася б максімальна паскорыць працэс свайго выздараўлення?
– Ні ў якім разе! – зларадна ўхмыльнулася я (хоць наўрад ці шэф мог разгледзець маю ўхмылку пад тоўстым слоем бінта). – Хачу загадзя папярэдзіць, што лячыцца збіраюся павольным традыцыйным спосабам! І адразу ж пасля гэтага назаўсёды змываюся з вашай паршывай канторы! І не ўздумай мяне адгаворваць!
– І не збіраюся нават! – сказаў шэф, паціскаючы плячыма. – Незаменных у нас няма!
Вось у гэтым ён глыбока памыляўся!
Я – адна з тых, каго цяжка замяніць, бо такія трапляюцца надзвычай рэдка. Дзесьці адзін шанц на дзесяць мільёнаў. Прытым не ўсе з патэнцыйных кандыдатаў здольныя на гэтую д’ябальскую работу. І не ўсе з тых, хто здольны, на яе згаджаюцца…
Так што я – адна з незаменных!
Але што зробіш, калі я зламалася!
Не толькі фізічна, хоць адных пераломаў на маім целе ўрачы налічылі больш за два дзясяткі, але і маральна. Маральна – у першую чаргу!
Гэты апошні паядынак… ён мяне даканаў!
– Ну што ж! – сказаў шэф прымірэнча. – Не дык не! Ён засунуў руку ў бакавую кішэню курткі, доўга корпаўся і нарэшце выцягнуў плоскую шкляную бутэльку з такім знаёмым іскрыстым змесцівам.
Кактэйль «Зорны пыл»… улюбёны мой кактэйль!
– Прабач, што не прапаную! – Шэф зрабіў першы глыток. – Але за тваё будучае здароўе не грэх і выпіць!
Я горда прамаўчала, адчуваючы, як засмяглы мой рот павольна напаўняецца слінай.
– І вось яшчэ, ледзь не забыўся! – Шэф зноў прыклаўся да бутэлькі.– Твая малодшая сястрычка, я чуў, падала заяву аб пераводзе на другую лінію…
– Навошта ты мне гэта кажаш? – прасіпела я, насцярожыўшыся.
Сапраўдная размова пачыналася толькі цяпер – гэта я выдатна разумела. А ўсё, што было да гэтага – так, размінка. Прэлюдыя, як кажуць музыкі…
– На якую канкрэтна?
– На якую?
Шэф задумаўся. Ці, хутчэй, зрабіў выгляд, што задумаўся.
– Канкрэтна не ведаю, але, здаецца, на адну са знешніх. «Зямля – Тытан» ці «Зямля – Ганімед»…
Менавіта на трасе «Зямля – Ганімед» і адбылася тая, фатальная для мяне, сустрэча з касмазаўрам. І касмазаўр, як гэта не сумна, ледзь не выйшаў з яе пераможцам…
– Вы гэта наўмысна падстроілі?! Вам проста неабходна ў мінімальна сціслыя тэрміны вярнуць мяне ў строй, а для гэтага ўсе сродкі добрыя, так?!334
Замест адказу шэф толькі моўчкі прыклаўся да «Зорнага пылу». Здаецца, перад гэтым ён самазадаволена ўсміхнуўся, што канчаткова вывела мяне з сябе.
– Майце на ўвазе, – прасіпела я з пагрозай, – калі з маёй сястрычкай хоць што-небудзь здарыцца…
– А калі гэта здарыцца з якой-небудзь іншай сцюардэсай?! – з нечаканай злосцю выгукнуў шэф. – Тады ўсё ў парадку, так?! Дачка маёй сястры – другі пілот на трасе «Зямля – Тытан»! А мой унук праходзіць стажыроўку на адным з патрульных караблёў у поясе астэроідаў! І хачу, каб ты ведала: сястра твая сама захацела перавесціся на знешнія лініі, нягледзячы на тое, што яе ўсяляк спрабавалі ад гэтага адгаварыць…
Я марна спрабавала зразумець, што гэта было. Чарговы шахматны ход… ці ўсё ж…
Часам мне вельмі цяжка зразумець свайго шэфа…
– Добра! – сказала (дакладней, прасіпела) я на дзіва спакойна. – Твая зноў узяла! Даю згоду на паскораную тэрапію! Але сястрычку маю вы вернеце на лінію «Зямля – Венера»!
– Сёння ж вернем, як бы яна не брыкалася, тым больш, што іх лайнер пакуль яшчэ на перазагрузцы! – паабяцаў шэф, імгненна выхопліваючы з кішэні і падносячы да самага майго знявечанага носа партатыўны прыбор пад сціплай назвай «Натарыус-аўтамат». – А ты, калі ласка, зноў паўтары сваю згоду на паскораную тэрапію! Толькі выразна і зразумела!
– Як умею! – агрызнулася я і сіплым голасам пачала паўтараць сваю згоду…
Згоду на яшчэ адзін год таго вар’яцкага жыцця, з якога я, здаецца, так ніколі і не вырвуся!
Да самай сваёй пагібелі…
2
Спрытна манеўруючы сярод касмічных лайнераў і фрэгатаў, мой маленькі караблік павольна набліжаўся да аднаго з галоўных выхадаў з арбітальнага дока. Вядома ж, гэта быў зусім іншы караблік, бо ад яго папярэдніка застаўся толькі варты жалю камяк касмічнага смецця…335 І ў той жа час галоўная частка карабля захавалася ранейшай, і гэтая частка…
Гэтая частка – я!
Я – гэта карабель, карабель – гэта я! Мы з ім – адзінае цэлае!
А яшчэ мы – самая магутная і самая дасканалая зброя з усяго, створанага хоць калі-небудзь чалавечым розумам.
Да прыкладу, я магу знішчыць любы з гэтых лайнераў альбо фрэгатаў усяго за некалькі кароткіх імгненняў. А за некалькі хвілін – звышмагутны баявы крэйсер. Нават эскадру, калі толькі пастаўлю перад сабой такую мэту…
Вось толькі мэты ў мяне зусім іншыя, бо я…
Я – касмічны паляўнічы на касмазаўраў!
Праўда, гэта не зусім звычайнае паляванне, бо ў той час, калі паляўнічы спрабуе высачыць чарговага касмазаўра, касмазаўр, у сваю чаргу, актыўна высочвае самога паляўнічага. І, на жаль, даволі паспяхова…
У сярэднім касмічны паляўнічы паспявае за сваё нядоўгае жыццё знішчыць двух-трох касмазаўраў, перш чым чарговы касмазаўр застане яго знянацку.
Але гэта «ў сярэднім»…
З пяці стажораў пасля першага ж палявання (часцей за ўсё беспаспяховага) жывымі застаюцца толькі трое. Радзей – чацвёра… І толькі пасля гэтага ім урачыста прысвойваецца званне «касмічнага паляўнічага»… І двое з кожных трох, якія выжылі, катэгарычна адмаўляюцца і ад ганаровага гэтага звання і ад усіх тых прывілеяў, што непасрэдна з ім звязаныя…
Але затое застаюцца жыць!
Тыя ж, хто ўсё ж адважваюцца працягнуць паляванне, паспяваюць за нядоўгае сваё касмічнае жыццё знішчыць аднаго ці двух (радзей – трох) касмазаўраў.
Такая вось невясёлая статыстыка!
Але няма правілаў без выключэнняў.
На маім баявым рахунку, напрыклад, ужо сямнаццаць касмічных монстраў, а я ўсё яшчэ…
Усё яшчэ жывая…
Апошні з касмазаўраў зрабіў, здавалася б, усё магчымае, каб выправіць абуральную супярэчнасць паміж мной і статыстыкай, але…
Але я ўсё адно засталася жывой, а ён… Ён стаў сямнаццатым маім трафеем…
Бо я – Скадзі, багіня палявання ў старажытных вікінгаў! А таксама – пагроза для ўсіх касмазаўраў і апошняя надзея чалавецтва…
Упершыню пра касмазаўраў людзі даведаліся гадоў трыццаць таму (яшчэ да майго нараджэння), калі на лініях знешніх планет пачалі раптам бясследна знікаць касмічныя караблі. Дакладней, не зусім бясследна, бо экіпажы некаторых з іх у самы апошні момант паспявалі ўсё ж перадаць у эфір панічныя паведамленні пра нейкіх гіганцкіх агнядышных монстраў, якія іх раптоўна атакавалі. На гэтым пераважна паведамленні і абрываліся…
Не ведаючы, што і думаць, на Зямлі спачатку вырашылі, што гэта чарговы (пасля працяглага спаду) усплёск пірацкай экспансіі. Уражвала толькі незвычайная бязлітаснасць піратаў, якія не проста рабавалі (як было і раней), але і цалкам знішчалі караблі разам з людзьмі. Але праз пэўны час на Зямлю прыляцелі, каб здацца ўладам, адразу некалькі дзясяткаў пірацкіх фрэгатаў з экіпажамі, перапалоханымі да паўсмерці…
Менавіта ад іх на Зямлі і даведаліся, з якой новай навалай давялося сутыкнуцца чалавецтву…
Вучоныя так да гэтага часу і не высветлілі, адкуль, з якіх такіх таямнічых касмічных глыбінь прыйшлі да нас гэтыя монстры, але аблюбавалі яны для свайго жыхарства пояс астэроідаў, што размяшчаецца, як вядома, паміж арбітамі Марса і Юпітэра. Тут, сярод тысяч і тысяч каменных астэроідаў, ёсць і жалезна-нікелевыя… а менавіта гэтыя два металы, як высветлілася, і прывабліваюць касмазаўраў. Менавіта з-за іх касмазаўры на нас і нападаюць… Іх цікавяць не самі людзі, а толькі метал іх караблёў. Праўда, людзям ад гэтага не лягчэй…
Хто такія (або што такое) касмазаўры – сярод вучоных у гэтым пытанні да сёння няма адзінага меркавання. Адны з іх лічаць касмазаўраў гіганцкімі робатамі нейкай далёкай і пакуль невядомай нам цывілізацыі і дадаюць пры гэтым, што касмазаўры не харчуюцца металам, а ўсяго толькі яго… перапрацоўваюць. А потым нейкім загадкавым чынам перапраўляюць звышчыстыя зліткі таго ці іншага металу сваім непасрэдным гаспадарам.
Яшчэ гэтыя вучоныя ўпэўненыя ў тым, што гаспадары, адпраўляючы робатаў-металургаў у наш сектар Галактыкі для пошуку і распрацоўкі металічных астэроідаў, зусім не хацелі нанесці хоць нейкую шкоду людзям. І калі ўстанавіць сувязь з сапраўднымі гаспадарамі касмазаўраў і ўсё ім як мае быць растлумачыць…
Гэтыя вучоныя літаральна са скуры вылузваюцца, толькі б даказаць правільнасць свайго пункту гледжання.
На жаль, жывога (ці, як яны лічаць, спраўнага) касмазаўра вывучаць даволі праблематычна (ва ўсялякім разе добраахвотнікаў для гэтай справы пакуль не знайшлося). Таму вучоныя мужы рупліва збіраюць усё тое, што застаецца ад чарговага касмазаўра пасля паспяховай сустрэчы з ім таго ці іншага касмічнага паляўнічага, а потым старанна вывучаюць гэтыя мізэрныя рэшткі ў сваіх лабараторыях. Без асаблівых вынікаў, дарэчы…
Вось чаму мне больш даспадобы пункт гледжання тых вучоных, якія лічаць касмазаўраў нейкай своеасаблівай касмічнай формай жыцця. Небялковай і неразумнай, вядома ж, але ніяк не менш ад гэтага небяспечнай…
Гэтым, дарэчы, тлумачыцца і вялікая разбежка ў памерах паміж касмазаўрамі, бо сустракаюцца сярод іх і асобіны амаль кіламетровай даўжыні, і куды больш сціплыя па памерах экзэмпляры. Я асабіста знішчыла трох кіламетровых гігантаў (уключаючы і таго апошняга, які ледзьве не атрымаў вікторыю у нашым з ім паядынку), яшчэ пяць «трафеяў» крыху не дацягвалі да гэтых памераў. А самы «мініяцюрны» мой касмазаўр і на паўкіламетра не цягнуў…
Колькі наагул касмазаўраў знаходзіцца ў раёне пояса астэроідаў – гэта, як той казаў, пытанне з пытанняў, і адказу на яго не існуе. Ва ўсялякім разе, пакуль не існуе. Вядома толькі, што касмазаўра, які знаходзіцца ў стане здранцвення (гэта значыць, скруціўшыся ў шчыльны клубок і не падаючы ў такім стане аніякіх прыкмет жыцця) немагчыма адрозніць ад звычайнага астэроіда нават на мінімальна блізкай адлегласці.
Дарэчы, менавіта дзякуючы гэтай іх асаблівасці і ўзнікла яшчэ адна (даволі незвычайная) тэорыя (ці, хутчэй, гіпотэза) раптоўнага з’яўлення мноства касмазаўраў на знешніх касмічных трасах. Маўляў, гэтыя касмічныя монстры доўгія мільёны (а магчыма, і мільярды) гадоў знаходзіліся ў глыбокай спячцы сярод пояса астэроідаў, пакуль людзі сваім безразважным выхадам у космас іх ад гэтай спячкі не абудзілі. Тэорыя, што і казаць, цікавая і, вядома ж, мае сваіх гарачых прыхільнікаў (даволі нешматлікіх), але на галоўнае пытанне – робаты гэта ці ўсё ж своеасаблівыя жывыя істоты – тэорыя гэтая таксама адказу не дае…
3
У адкрытым космасе мой караблік можа перамяшчацца доўгімі імклівымі «скачкамі», а можа і павольна (паводле касмічных мерак, зразумела) баражыраваць па нейкім канкрэтным, загадзя вызначаным маршруце. Вось і зараз, здзейсніўшы перад гэтым цэлую серыю «скачкоў», я дабралася нарэшце да зыходнай пазіцыі, аб чым адразу ж і паведаміла на Цэнтральную станцыю навядзення. У адказ мне параілі набрацца цярпення і, рухаючыся з мінімальна дапушчальнай хуткасцю, чакаць напарніка, а таксама далейшых указанняў.
Выказаўшы Цэнтру ўсё, што я думаю пра напарнікаў і ўказанні, я ўсё ж пад парадкавалася і пачала цярпліва чакаць, скінуўшы хуткасць свайго карабліка да няшчасных пяці кіламетраў за секунду. Паблізу зямной арбіты хуткасць гэтая лічыцца больш чым значнай, тут жа, сярод касмічнай пустэчы – не болей, чым занудлівае таптанне на месцы…
За больш чым трыццаць гадоў барацьбы з касмазаўрамі людзі шмат чаго пераспрабавалі і шмат чаму навучыліся. Пры дапамозе шматлікіх сродкаў касмічнага высочвання (як стацыянарных, так і тых, што знаходзяцца ў свабодным палёце) мы навучыліся даволі дакладна засякаць месцазнаходжанне любога касмазаўра, які актыўна перамяшчаецца ў касмічнай прасторы. І не проста засякаць, а адразу ж перадаваць ягоныя каардынаты, прыблізную хуткасць і напрамак руху на экраны найбліжэйшым паляўнічым. Вось толькі вучоныя, на жаль, так і не змаглі зразумець і растлумачыць дзіўную здольнасць гэтых 340 касмічных монстраў раптоўна знікаць у адным месцы прасторы і амаль імгненна з’яўляцца зусім у іншым, часам адлеглым ад першага на сотні тысяч і нават мільёны кіламетраў.
Нашы караблікі таксама могуць пранізваць прастору (на касмічным слэнгу гэта азначае: «здзейсніць скачок»), але ў «скачках» касмазаўраў выкарыстоўваецца нейкі зусім іншы прынцып, пакуль нам невядомы…
Здольнасць касмазаўраў раптоўна выкідваць з пашчы доўгія (часам на некалькі кіламетраў) языкі распаленай плазмы, небяспечнай нават для звыштрывалай карабельнай брані – гэта таксама пакуль што ніяк не тлумачыцца нашымі вучонымі мужамі…
У барацьбе з новай касмічнай навалай даволі добра праявілі сябе аўтаматычныя караблікі-прынады, здольныя прыцягнуць да сябе ўвагу касмазаўра і тым самым значна аблегчыць паляўнічым іх пошук. Вось толькі ўсе спробы начыніць гэтыя «прынады» тым ці іншым відам выбуховых рэчываў (у тым ліку і ядзерных) пацярпелі фіяска. Пасля першага (і адзінага) поспеху, з вялікай помпай адзначанага ў Цэнтры, гэтыя «нафаршаваныя» караблікі пачалі самаадвольна ўзрывацца, як толькі да іх набліжаўся чарговы касмазаўр.
З гэтай жа прычыны тэрмінова адмянілі практыку «фаршавання» выбуховымі рэчывамі саміх паляўнічых караблікаў…
Паглыбіўшыся ў гэтакі невясёлы роздум, я не адразу заўважыла, як яшчэ адзін паляўнічы караблік вырваўся з апошняга «скачка» і завіс нерухома зусім непадалёку ад мяне (нейкая тысяча зямных кіламетраў). На левым ніжнім маніторы адразу ж высвецілася ягоная павялічаная выява і нумарны знак.
Мяркуючы па нумары, маім сённяшнім напарнікам быў той самы хлопчык, з якім я пазнаёмілася тыдзень таму, у першы ж вечар свайго вяртання на базу. Тады маё вяртанне адзначылі з нечуваным размахам: спачатку грандыёзны банкет, потым шыкоўны танцавальны вечар… вось тады хлопчык гэты і асмеліўся запрасіць мяне на танец…
Якраз перад гэтым, вярнуўшыся з першага свайго палёту, хлопчык не толькі застаўся жывы, але і адчувальна дапамог свайму больш дасведчанаму напарніку ў знішчэнні мацёрага касмазаўра, і вельмі тым ганарыўся. І толькі таму, напэўна, асмеліўся на гэтае запрашэнне…
Рэч у тым, што я была для хлопчыка не проста кумірам або аб’ектам для пераймання. Я і на самай справе была ягоным бажаством, і ў паляўнічыя ён пайшоў не ў апошнюю чаргу для таго толькі, каб хоць зрэдку, хоць здалёк назіраць мяне, як кажуць, ужывую. Калі б не банкет, дзе самыя разнастайныя напоі ліліся ракой, і калі б не той факт, што я (паводле слоў самога хлопчыка) аказалася нават прыгажэйшай, чым на ўсіх сваіх стэрэавыявах, – наўрад ці ён адважыўся б нават проста наблізіцца да мяне, не тое каб…
Пра ўсё гэта я даведалася ад самога хлопчыка ўжо ноччу, калі мы ляжалі, цесна абняўшыся, у ложку. У маёй уласнай спальні, вытанчаная раскоша якой уразіла беднага хлопчыка нават больш, чым мая (сумнеўная, як мне здаецца) прыгажосць.
Але ўсё гэта было потым, ноччу, а тады, запрашаючы мяне на танец, наваспечаны «касмічны паляўнічы» выглядаў такім перапалоханым уласнай сваёй смеласцю, што я проста не змагла яму адмовіць. Ну а правесці сумесную ноч – гэта была ўжо мая ўласная ініцыятыва… наўрад ці беднаму хлопчыку хапіла б духу на такую прапанову. Я нават баялася, што ён з’едзе з глузду ад шчасця, пачуўшы такое ад свайго бажаства…
Ноч прайшла проста цудоўна… але наступнай жа раніцай я рассталася з хлопчыкам без усялякага шкадавання. Гэта маё цвёрдае правіла: расставацца з чарговым партнёрам пасля першай жа сумеснай ночы, і я гэтага правіла ніколі яшчэ не парушыла… І вось цяпер мне навязваюць гэтага жаўтароціка ў напарнікі! Мне, касмічнай багіні палявання! Падазраю, што без інтрыг майго глыбокапаважанага шэфа тут не абышлося.
Я не вельмі люблю напарнікаў, я іх, калі шчыра, цярпець не магу, бо з самага першага свайго палёту прызвычаілася дзейнічаць самастойна, ні за кога, акрамя сябе самой не адказваючы, і ні на кога (зноў-такі, акрамя сябе) асабліва не спадзеючыся. І калі большасць (і пераважная нават большасць) паляўнічых лічыць за лепшае лётаць парамі – гэта іх асабістая справа. Многія нашы і ўвогуле цэлымі эскадрыльямі лёталі б, але, на вялікі іх жаль, нават тры сумесныя баявыя караблікі безнадзейна адпужваюць касмазаўраў (на транспарты і лайнеры гэтае правіла, на жаль, ніякім чынам не распаўсюджваецца).
Так што лётаць паляўнічымі эскадрыльямі тэарэтычна магчыма, але здабыць хоць аднаго нават самага нягеглага касмазаўра такім чынам вельмі праблематычна.
Я не люблю напарнікаў, але калі мне іх усё ж навязваюць (а такое здараецца не так і часта), я не пратэстую. Проста цалкам іх ігнарую… і, разумеючы гэта, у апошні час мне (адзінай з усіх) літасціва дазваляюць выходзіць у свабодны пошук у гордай, так бы мовіць, адзіноце.
Таму я не стала ні злавацца, ні пратэставаць. Проста паслала выклік шэфу.
– Прывітанне, Скадзі! – вельмі ж хутка адазваўся ён, з’яўляючыся на цэнтральным экране і шырока мне ўсміхаючыся. – Адразу ж спяшаюся адказаць на тваё маўклівае пытанне: я тут ні пры чым! Ён сам напрасіўся. Са слязьмі на вачах, паміж іншым! Але калі табе гэта так непрыемна – можаш адразу ж паслаць яго куды далей!
У думках я паслала куды далей самога шэфа і адключыла лінію. Крыху павагаўшыся, звязалася з караблікам напарніка.
– Касмічны паляўнічы К-22 на сувязі! – пачуўся ў дынаміку дрыжачы ад хвалявання голас хлопчыка (ніяк не атрымлівалася ў мяне ўспомніць ягонае імя, хоць хлопчык і называў яго тады, ноччу). – Чакаю загаду!
Адказаць я так і не паспела. Імгненна засвяціліся, ажылі ўсе без выключэння экраны, фіксуючы з’яўленне касмазаўра. Зусім побач, на адлегласці не больш як трохсот тысяч кіламетраў.
На такой адлегласці касмазаўр ужо здольны адчуць такую металічную «дробязь», як паляўнічы караблік. Тым больш, што іх тут ажно два!
– А-3, я – К-22! – зноў пачулася з дынаміка. – Да бою гатовы! Якія будуць указанні?
– Заставацца на месцы і не рыпацца! – працэдзіла я праз зубы. – І, галоўнае, не перашкаджаць мне!
Я таксама рыхтавалася да бою. Чыста псіхалагічна, ва ўсім астатнім мой караблік быў у поўным парадку.
Вось толькі забыцца б, з якім жудасным хрустам ламаюцца косці ўласных ног пад сплюшчаным у гармоніку металам. І як непрыемна 343 захлынацца ўласнай крывёю ў той час, калі карабельныя сцены пачынаюць прапальваць знадворку плазмай у тры мільёны градусаў… І гэта цуд, што ў самы апошні момант я паспела-такі задзейнічаць лазерны меч левай рукі! Амаль адзіную сваю зброю, якая яшчэ заставалася непашкоджанай…
Я рыхтавалася да бою, а касмазаўр па нейкай невядомай мне прычыне нападаць пакуль не спяшаўся. Больш за тое, карабельныя прыборы раптам зафіксавалі несумненнае павелічэнне адлегласці паміж ім і маім караблікам.
Гэта было неверагодна, але касмазаўр (па ўсім відаць было) вырашыў пазбегнуць паядынка. І чамусьці павольна аддаляўся, замест таго, каб імгненна перамясціцца на бяспечную адлегласць адным добрым «скачком»…
– А-3, я – К-22! Прыкрый, атакую!
Гэта было яшчэ больш неверагодна! Пакуль я вагалася і раздумвала, падазраючы з боку касмічнага монстра нейкі падвох альбо каверзу, гэты наваспечаны знішчальнік касмазаўраў (я ўжо амаль і забылася на саму ягоную тут прысутнасць!) рынуўся ў атаку!
Было ўжо занадта позна яго спыняць і я, вылаяўшыся праз зубы, накіравалася следам. Хлопчык рухаўся даволі ўпэўнена, хуткімі кароткімі «скачкамі»… і, магчыма, быў здольны самастойна расправіцца з касмічным монстрам. Таму я вырашыла даць хлопчыку такую магчымасць, тым больш, што адчувала сябе перад ім крышачку вінаватай…
Як я ўжо адзначала, тая наша ноч прайшла проста цудоўна, але калі я раніцай растлумачыла хлопчыку адзіную прычыну, чаму мы не павінны больш сустракацца, – ён у гэтую прычыну ні кропелькі не паверыў. І ўцямяшыў сабе ў галаву, што проста не апраўдаў у чымсьці маіх спадзяванняў, расчараваў мяне ў чымсьці ў час гэтай першай і адзінай нашай ночы. І як я не спрабавала пераканаць яго ў адваротным, хлопчык так і застаўся пры сваім памылковым меркаванні… І вось зараз, атакуючы ў адзіночку касмазаўра, ён, дурненькі, разлічваў такім вось рызыкоўным спосабам хоць крыху аднавіць у маіх вачах падмочанае сваё рэнамэ.
Ніколі яшчэ ніводны касмазаўр не ўхіляўся ад схваткі з паляўнічым. Інакш, улічваючы дзіўную здольнасць гэтых гіганцкіх стварэнняў да мгненнага перамяшчэння ў прасторы, паляванне на іх ператварылася б для нас у банальнае марнаванне часу. Але гэты касмазаўр быў нейкі асаблівы. Ён з усяе сілы спрабаваў адарвацца ад паляўнічага карабліка, хоць шанцаў на гэта ў касмічнага монстра не было ніякіх. Яшчэ крыху – і касмазаўр апынецца ўжо ў зоне дасягальнасці дальнабойных плазменных установак карабля…
Не майго, зразумела ж… карабля хлопчыка. К-22… І ў гэты самы час проста ніадкуль, з вугальна-чорнай касмічнай пустэчы ўзнік другі касмазаўр. І ўзнік ён зусім недалёка ад карабля хлопчыка, які толькі завяршыў чарговы «скачок».
Гэта быў сапраўдны гігант, і даўжыня ягоная была значна большая за кіламетр. З такімі велізарнымі касмазаўрамі ні мне, ні камусьці іншаму з нашай паляўнічай браціі яшчэ не даводзілася сутыкацца…
Гэта само па сабе кепска, але яшчэ горш было тое, што касмазаўр заспеў караблік у момант завяршэння «скачка», гэта значыць, у самым бездапаможным ягоным стане!
Не дзіўна, што хлопчык запанікаваў. Напэўна, я і сама захвалявалася б на ягоным месцы, але пры ўсім гэтым наступныя мае дзеянні былі б чыста аўтаматычныя, адпрацаваныя да дробязі і ў баях, і на шматлікіх трэнажорах…
Але хлопчыку бракавала досведу. А таму ў ягоных дзеяннях было так шмат лішняга і непатрэбнага.
Хлопчык ударыў у касмазаўра адразу ж з чатырох бліжніх плазменных установак (рабіць чаго нельга было ні ў якім разе!). Зразумела ж, дастань ён свайго праціўніка хоць адным з гэтых залпаў – яшчэ мелася б магчымасць (і галоўнае, час) увесці ў дзеянне астатнюю зброю. Але касмазаўр яму такой магчымасці, на жаль, не даў…
Той, хто ніколі не назіраў касмазаўра ў момант атакі, нават уявіць сабе не ў стане, з якой хуткасцю і нават грацыяй можа перамяшчацца ў прасторы гэтая агромністая і на першы погляд такая няўклюдная махіна!
Мудрагеліста выгнуўшы сваё доўгае змеепадобнае цела, касмазаўр без усялякага намагання змог ухіліцца ад усіх чатырох плазменных залпаў. І ўдарыў сам… раз… потым яшчэ раз…
Усе падрабязнасці няроўнага паядынку я магла назіраць, вядома ж, толькі праз свае шматлікія экраны. Я імчалася на дапамогу хлопчыку, але адлегласць паміж намі была, на жаль, вельмі значнай і я спазнялася. Безнадзейна спазнялася!
К-22, караблік няшчаснага майго напарніка, скамечаны і пашкоджаны, бездапаможна куляўся ў касмічнай пустэчы, а касмазаўр, нават не выкарыстоўваючы смяротнага свайго полымя, усё працягваў і працягваў дабіваць яго магутнымі ўдарамі хваста. І я ўяўляла сабе стан хлопчыка там, знутры гэтай металічнай скрынкі… дакладней, я проста старалася не думаць пра гэта…
Найлепшым для хлопчыка ў дадзены момант было б проста страціць прытомнасць, і, магчыма, так яно і адбылося…
Але тут здарылася нечаканае!
Зламаны, скалечаны караблік К-22 раптам выкінуў з сябе лазерныя мячы. Адразу абодва!
Здараюцца ў жыцці моманты неверагодных удач, асабліва ў навічкоў…
Хлопчык, прыводзячы ў дзеянне лазерныя мячы, дзейнічаў усляпую, бо (я была проста ўпэўнена ў гэтым) экраны ягонага карабліка выйшлі са строю ў выніку бязлітасных касмазаўравых удараў. І, тым не менш, адчайны ўзмах аднаго з мячоў усё ж дасягнуў мэты.
Лазерны прамень прайшоўся якраз па хвасце касмазаўра. Я была ўжо блізка і магла назіраць, як шарахнуўся кудысьці ў бок скалечаны касмазаўр. І як зусім у процілеглым напрамку паплыў ягоны стометровы хвост, які ўсё яшчэ адчайна звіваўся…
Вядома ж, гэта была яшчэ не перамога, бо як толькі касмазаўр і ягоны хвост зблізяцца ўшчыльную – яны зноў зліюцца ў ранейшае адзінае цэлае.
Але я была ўжо зусім побач…
Перш-наперш я ўдарыла з дальнабойнай плазменнай устаноўкі па хвасце, які ў гэты момант скруціўся ў нейкі неверагодны клубок. Ударыла адразу ж чаргой з некалькі дзясяткаў зарадаў, імгненна ператварыўшы небяспечны клубок у распаленае газавае воблака. А потым, заклаўшы круты віраж, кінулася ў атаку на самога касмазаўра, 346 па чарзе выпускаючы па ім залпы з усіх чатырох плазменных установак бліжэйшага бою…
Страціўшы хвост і як вынік значную долю ранейшай сваёй хуткасці і спрыту, касмазаўр, тым не менш, заставаўся грозным праціўнікам. Вузкія языкі полымя, якія вырываліся з ягонай разяўленай пашчы, літаральна паласавалі прастору вакол майго карабліка… а я, паспяхова ад іх ухіляючыся, усё ўсаджвала і ўсаджавала зарад за зарадам у гузаватае цела монстра. Праўда, адлегласць паміж намі была яшчэ даволі значнай, і большая частка плазменных зарадаў проста расцякалася па звыштрывалай каменнай брані гэтага касмічнага гіганта, але варта было мне толькі падабрацца яшчэ крыху бліжэй і задзейнічаць уласныя лазерныя мячы… І, нібыта зразумеўшы гэта, касмазаўр кінуўся наўцёкі. Не знік, імгненна перамясціўшыся дзесьці ў прасторы, а проста задаў лататы, нібыта перапалоханы заяц.
Я кінулася была наўздагон, але своечасова ўспомніла пра хлопчыка, які сцякаў крывёю ў разбітым сваім карабліку. Нічым дапамагчы яму я не магла, акрамя, як выклікаць дапамогу, але і ў гэтым не было ніякай неабходнасці…
Увесь наш паядынак, вядома ж, фіксаваўся на шматлікіх экранах Цэнтра і тэхнічны крэйсер ужо спяшаўся сюды, пранізваючы прастору… пра што мне адразу ж ветліва і паведамілі…
А потым яшчэ больш ветліва выказалі пажаданне, каб я ўсё ж узнавіла пагоню за падбітым касмазаўрам. З мэтай канчатковай ягонай ліквідацыі… «А пайшлі б вы! – агрызнулася я ў думках. – Самі б хоць раз паспрабавалі!»
Але гэта ў думках…
– Вас зразумела! – сказала я ўголас, але, перад тым як пачаць выконваць загад (дакладней, пажаданне), пераключылася на бліжэйшую сувязь. – К-22, я – А-3! Ты мяне чуеш?
Я не чакала хоць штосьці пачуць, але адказ усё ж прыйшоў. Слабы, перарывісты… але тым не менш хлопчык мне адказаў.
– А-3, я – К-22! – прашаптаў ён. – У час бою атрымаў значныя пашкоджанні і часова выбыў са строю!