Текст книги "Кліч Ктулху (зборнік)"
Автор книги: Говард Філіпс Лаўкрафт
Жанр: Ужасы и Мистика
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 2 (всего у книги 16 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]
Хістаючыся, я выйшаў з грабніцы ў шэрым святле світанку і замкнуў за сабой ланцуг на дзвярах. Мая маладосць скончылася, хоць цела і зведала сцюжу толькі дваццаць адной зімы. Калі я ішоў дадому, уражаныя вяскоўцы, якія ў такі ранні час ужо прачнуліся, праводзілі мяне дзіўнымі позіркамі, бо я выглядаў як той, хто вяртаецца з нейкай вульгарнай вечарынкі. Але ўсе ж ведалі, што я вёў самотнае і стрыманае жыццё. Я не выходзіў да бацькоў, пакуль не асвяжыўся і добра не выспаўся.
З таго часу я штоночы наведваў склеп, дзе бачыў, чуў і рабіў тое, чаго раскрыць не магу. На маю гаворку заўсёды моцна ўплывала наваколле. Яна першай паддалася зменам, і блізкія хутка заўважылі, што ў маім вымаўленні з’явіліся архаізмы. Потым у мае манеры прабралася незразумелая бесцырымоннасць і нядбаласць, і ўрэшце я несвядома пачаў паводзіць сябе як свецкая асоба, хоць усё жыццё прабавіў у адзіноце. Раней маўклівы, цяпер я зрабіўся гаваркі, дэманструючы то рафінаваную лёгкасць Чэстэрфілда,[1]1
Лорд Філіп Дормер Стэнхап Чэстэрфілд (1694–1773) – ангельскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат і пісьменнік, аўтар «Лістоў да сына».
[Закрыть] то бязбожны цынізм Рочэстэра.[2]2
Джон Ўілмат, другі граф Рочэстэр (1647–1680) – ангельскі паэт эпохі Рэстаўрацыі.
[Закрыть] Я выяўляў выключную эрудыцыю, зусім не падобную да таго неверагоднага манаскага вучэння, якому прысвяціў маладосць. Я спісваў форзацы сваіх кніжак імправізаванымі эпіграмкамі, якія выклікалі асацыяцыі з Геем,[3]3
Джон Гей (1685–1732) – ангельскі паэт і драматург, аўтар баек, песняў, пастараляў, камедый.
[Закрыть] Праярам[4]4
Мэцью Праяр (1664–1721) – ангельскі паэт і дыпламат.
[Закрыть] і самымі вясёлымі аўгустоўскімі камедыянтамі ды рыфмаплётамі. Аднае раніцы за сняданкам я аказаўся на валасок ад катастрофы, калі выразна непрыстойным тонам прадэкламаваў узор вакханальнага жарту васямнаццатага стагоддзя, які ніколі і нідзе не друкаваўся.
Хапай сваю кружку, сядай у наш кут,
І вып’ем за сёння, пакуль яно тут.
Ты мяса валі сабе шчодрай рукой,
Бо ежа й пітво – наш адзіны спакой.
Адна, шчэ адна,
А там і труна,
А ў труне ўжо не есці й не піць дап’яна.
Стары Анакрэан[5]5
Анакрэан (ці Анакрэонт, 570/559 – 485/478 год да н. э.) – старажытнагрэцкі лірычны паэт, прадстаўнік манадычнай лірыкі.
[Закрыть] меў нос як бурак,
Затое быў добры піток і спявак,
Бо лепей чырвонаму, трасца бяры,
Чым беламу-беламу й на цвінтары.
Ну, Бэці, смялей,
Цалуй жа часцей —
Бо наўрад ці прыгожыя дочкі ў чарцей.
Трымаецца Гары пакуль што арлом,
Аж хутка і ён захрапе пад сталом.
І хай пад сталом! Налівай ды не стой!
Сумней будзе спаць пад каменнай плітой.
Крычы й рагачы
Ды прагна хлябчы —
Не пахлебчаш у вечнай падземнай начы!
Халера дзяры! На нагах не стаю!
Зусім скаламуціла голаў маю.
Ўсё, Бэці, апошні кілішак наддам —
І дамоў зазірну, покуль жонка не там.
Гэй, руку мне, кажу!
Ці шмяк – ды ляжу,
Але зверху зямлі, а таму не тужу![6]6
Пераклала Алена Хрышчановіч.
[Закрыть]
Дзесьці ў той час у мяне з’явіўся цяперашні страх перад агнём і навальніцамі. Раней я быў абыякавы да такіх з’яваў, а цяпер адчуваў перад імі невымоўны жах і забіраўся ў найглыбейшыя закуткі дома, варта было нябёсам пачаць палохаць людзей электрычнымі разрадамі. Удзень я больш за ўсё любіў наведваць разбураныя сутарэнні згарэлага палаца і ў фантазіях уяўляў сабе, якой гэтая пабудова была ў час свайго росквіту. Аднойчы я напалохаў нейкага вяскоўца тым, што ўпэўнена завёў яго ў ніжнія сутарэнні, пра існаванне якіх быццам бы ведаў, хаця на іх забыліся ўжо шмат пакаленняў таму і з таго часу іх ніхто не бачыў.
Нарэшце прыйшло тое, чаго я даўно баяўся. Мае бацькі, заклапочаныя зменамі ў паводзінах і выглядзе свайго сына, пачалі спакваля шпіёніць за маімі перамяшчэннямі, што пагражала катастрофай. Я нікому не казаў пра візіты да склепа, з дзяцінства з рэлігійнай заўзятасцю ахоўваючы сваю таемную мэту, але цяпер мусіў рабіць намаганні, каб прабрацца праз лабірынты дрыгвяністай лагчыны і адарвацца ад магчымага пераследніка. Ключ да грабніцы я насіў на шнурку на шыі, і пра яго ніхто не ведаў. Я ніколі не выносіў з грабніцы нічога з таго, што знаходзіў у яе сценах.
Аднае раніцы, калі я паказаўся з вільготнага склепа і зашчапіў ланцуг не надта цвёрдай рукой, я ўбачыў у прылеглым гушчары зжаханы твар назіральніка. Канец быў несумненна блізкі, бо маю альтанку сярод дрэваў знайшлі, а мэту маіх начных вандровак выкрылі. Той чалавек не стаў мяне затрымліваць, таму я паспяшаўся дадому, спадзеючыся падслухаць, што ён можа данесці майму знясіленаму турботамі бацьку. Ці хутка ўжо свет пачуе, што я баўлю час за дзвярыма з ланцугом? Уявіце сабе маё радаснае здзіўленне, калі я пачуў, як шпег асцярожным шэптам інфармуе бацьку, што я правёў ноч сярод дрэваў каля склепа, не адводзячы закрытых заслонай сну вачэй ад шчыліны ў прачыненым партале пад навясным замком. Якім цудам назіральнік мог так ашукацца? Цяпер я быў перакананы, што мне дапамагала чыёсьці звышнатуральнае ўмяшанне. Набраўшыся дзякуючы такому ўмяшанню адвагі, я пачаў наведваць грабніцу абсалютна адкрыта, перакананы, што ніхто не зробіцца сведкам таго, як я ўваходжу ўсярэдзіну. Цэлы тыдзень я напоўніцу смакаваў радасці магільнага балявання, пра якое не павінен расказваць, калі здарылася тое, праз што я апынуўся ў гэтым клятым прыстанішчы смутку і аднастайнасці.
Не варта было мне рызыкаваць той ноччу, бо ў хмарах грымела і са смярдзючага балота ў лагчыне ўздымалася пякельнае свячэнне. Кліч мёртвых таксама быў іншы. Вярхоўны д’ябал цягнуў да мяне свае нябачныя пальцы не са склепа ў схіле, а са счарнелых сутарэнняў на вяршыні ўзгорка. Калі я выйшаў з саду на раўніну перад руінамі, я ўгледзеў у туманным месячным святле нешта, чаго заўсёды цьмяна чакаў. Страчаны стагоддзе таму палац зноў узнёс свае велічныя вежы. Выглядаў ён захапляльна. Кожнае акно палымнела раскошай тысячы свечак. Доўгай дарогай каціліся карэты бостанскай эліты, а шматлікія групы напудраных франтаў з суседніх сядзіб падыходзілі пешкі. Я змяшаўся з гэтым натоўпам, хоць і ведаў, што маё месца хутчэй з гаспадарамі, чым з гасцямі. У холе грала музыка, гучаў смех, кожная рука трымала келіх віна. Я пазнаў колькі твараў, хоць лепш ведаў іх высушанымі ці з’едзенымі смерцю і гніеннем. Сярод дзікага і бесклапотнага натоўпу я быў самым дзікім і самым распусным. Вясёлыя блюзнерствы бурлівым патокам ліліся з маіх вуснаў, і ў досціпах я не дбаў пра законы ні Бога, ні чалавека, ні прыроды. Раптам перакат грому, чутны нават праз гоман той свінскай гулянкі, раскалоў дах і змусіў шумную кампанію сціхнуць ад страху. Чырвоныя языкі полымя і пякучыя пошугі цяпла напоўнілі дом. Гулякі, ахопленыя жахам ад раптоўнай катастрофы, якая, здавалася, выйшла за межы неўтаймоўнай Прыроды, з крыкам панесліся ў ноч. Застаўся толькі я, прыкаваны да сядзення ганебным страхам, якога ніколі дагэтуль не адчуваў. А потым маю душу ахапіў іншы кашмар. Спаленае жыўцом да попелу, маё цела разнясуць чатыры ветры, дык, магчыма, я ніколі не буду ляжаць у склепе Хайдаў! Няўжо мой склеп быў падрыхтаваны не для мяне? Няўжо я не маю права спачыць давеку сярод нашчадкаў сэра Джэфры Хайда? Не! Я прад’яўлю сваё права на смяротную спадчыну, нават калі маёй душы стагоддзямі давядзецца шукаць іншае цялеснае прыстанішча, каб прывесці яго да той незанятай пліты ў нішы грабніцы. Джэрвас Хайд ніколі не падзеліць сумны лёс Палінура![7]7
Палінур – персанаж антычнай міфалогіі, сын Іяса, стырнавы Энея. Быў загублены богам сну: заснуўшы, ён упаў у мора, выбраўся на бераг, але загінуў ад рук дзікуноў. Эней сустракае яго ў царстве Аіда.
[Закрыть]
Калі відзежа дома, ахопленага полымем, развеялася, я заўважыў, што крычу і шалёна б’юся ў руках двух чалавек. Адным з іх быў той шпег, што ішоў да склепа следам за мной. Быў лівень, і на паўднёвым гарызонце ўспыхвалі маланкі, якія нядаўна прайшлі над нашымі галовамі. Мой бацька, твар якога спаласавала няшчасце, стаяў побач, а я крыкам патрабаваў, каб мяне паклалі ў склеп, раз-пораз нагадваючы захопнікам, каб паводзілі сябе са мной як мага далікатней. Счарнелы круг на падлозе разбураных сутарэнняў казаў пра магутны ўдар з нябёсаў. І з гэтага месца колькі цікаўных вяскоўцаў з ліхтарамі аглядалі скрыначку старажытнай работы, якую выхапіла з цемры навальніца. Я перастаў марна і бязмэтна адбівацца і назіраў, як гледачы разбіраюць скарб, і мне дазволілі далучыцца. У скрыначцы, замкі якой разбіліся ад удару, што і вырваў яе з-пад зямлі, захоўвалася шмат папер і каштоўнасцяў, але мае вочы спыніліся на адной-адзінай з іх. Гэта была парцалянавая мініяцюра маладога чалавека ў акуратна завітым парыку, і на ёй былі ініцыялы «Дж. Х.». Яго твар выглядаў быццам мой адбітак у люстэрку.
На наступны дзень мяне прывялі ў гэты пакой з закратаванымі вокнамі, але звесткі пра сёе-тое па-ранейшаму даходзяць да мяне ад старога прастадушнага слугі, якога я любіў у дзяцінстве і які падзяляе маю цікавасць да цвінтара. Тое, што я асмельваўся расказаць пра свае прыгоды ў грабніцы, выклікала толькі спачувальныя ўсмешкі. Мой бацька, які часта да мяне заходзіць, сцвярджае, што я ні разу не ступаў за дзверы з ланцугом, і клянецца, што калі ён праверыў іржавы замок, той аказаўся некранутым, як і пяцьдзясят гадоў таму. Ён нават кажа, што ўся вёска ведала пра мае хаджэнні да склепа і што за мной часта назіралі, калі я спаў у альтанцы каля злавеснага фасада з прыадкрытымі вачыма, скіраванымі да шчыліны, якая вядзе ўсярэдзіну. Я не магу знайсці неаспрэчных доказаў супраць гэтых сцверджанняў, бо згубіў свой ключ ад замка, калі біўся ў тую жахлівую ноч. Дзівосы мінулага, пра якія я даведаўся падчас начных сустрэч з мёртвымі, бацька лічыць плёнам маёй заўсёднай прагнай цікаўнасці да старажытных фаліянтаў у сямейнай бібліятэцы. Каб не стары слуга Хайрам, мяне б ужо зусім пераканалі, што я звар’яцеў.
Але Хайрам, адданы да апошняга, верыць у мяне і зрабіў нешта, што змусіла мяне падзяліцца са светам прынамсі часткай сваёй гісторыі. Тыдзень таму ён сарваў замок з ланцуга на прачыненых дзвярах склепа і спусціўся з ліхтаром у яго цёмныя глыбіні. На адной пліце ў нішы ён знайшоў старую, але пустую дамавіну, пацямнелая шыльдачка на якой мае адзінае слова – «Джэрвас». У гэтай самай дамавіне і ў гэтай самай грабніцы мяне паабяцалі пахаваць.
Пераклаў Павел Донаў
Палярыс
У паўночнае акно майго пакоя глядзіць Палярная зорка і праменіцца загадкавым святлом. Яна ззяе ў доўгія жудасныя гадзіны суцэльнай цемры. У восеньскую часіну, калі вятры з поўначы енчаць і лаюцца над зямлёй, а дрэвы над багнай, убраныя барвовай лістотай, перашэптваюцца ў зацішныя хвілі перад світаннем пад рагамі месяца на зыходзе, я саджуся ля акна і гляджу на зорку. Неўзабаве з вышынь сыходзіць зіхатлівая Касіяпея, і Вялікая Мядзведзіца паўстае над балотнымі дрэвамі, якія, патанаючы ў смузе, хістаюцца на начным ветры. Перад самым світанкам Арктур мігціць чырванаватай зрэнкай па-над могільнікам на спадзістым грудзе, і Валасы Веранікі таямніча ззяюць далёка на ўсходзе, а Палярная зорка, нерухомая, усё свеціць з чорных скляпенняў, агідна падміргваючы, як вока вар’ята, і, здаецца, хоча паведаміць мне штосьці. Тады я прыгадваю вестку, якую яна прынесла мне аднойчы. І толькі зрэдку, калі неба зацягнутае аблокамі, я магу заснуць.
Я памятаю тую ноч. Вячэрні золак палымнеў у нябёсах, і над багнішчамі, як здані, шугалі водбліскі нябеснага агню. Потым згаслі апошнія прамяні сонца, неба зацягнула хмарамі, і я заснуў.
І ўбачыў я горад, ахінуты месячным ззяннем. Зацішны і сонны, ляжаў ён на пустынным плато паміж двума самотнымі ўцёсамі. Гарадскія муры і вежы, калоны і купалы былі складзеныя з бледнага мармуру. Над вуліцамі, выбрукаванымі мармуровымі плітамі, узвышаліся мармуровыя стэлы з выразанымі абліччамі доўгабародых старцаў на вяршынях. Паветра было цёплае і нерухомае. А ў вышынях, амаль у самым зеніце, ззяла Палярная зорка, нібы ўсёвідушчае вока. Я доўга стаяў, сузіраючы горад, але світанак так і не надышоў. Калі барвовы Альдэбаран, які зіхацеў нізка над зямлёй, прайшоў чвэрць свайго шляху вакол гарызонту, я ўбачыў, што ў вокнах дамоў пачалі запальвацца агні, і вуліцы горада ажывіліся. Постаці ў дзіўнай адзежы, адначасова недасяжныя і блізкія, рухаліся вуліцамі, ахінутымі месячным ззяннем, і прамаўлялі на мове, якую я разумеў, хаця яна не была падобная ні да адной з вядомых мне. Калі барвовы Альдэбаран прайшоў больш за палову свайго шляху вакол гарызонту, у горадзе зноў запанавалі цішыня і цемра.
Калі я прачнуўся, то зразумеў, што ўжо ніколі не буду ранейшым. Відзежы горада нехта нібыта выгравіяваў у маёй памяці, а ў душы пачыналі абуджацца цьмяныя ўспаміны, чыю прыроду я не мог зразумець. Пазней я часта мроіў наяве пра гэты горад – і хмарнымі начамі, калі не мог заснуць, і нават удзень, калі сонца, усё яшчэ гарачае і яркае, пачынала хіліцца да гарызонту. А яснымі начамі з вышынь пагрозліва, як ніколі раней, глядзела Палярная зорка.
З цягам часу я пачаў разважаць пра ўласную ролю ў гэтым дзіўным горадзе, што ляжыць на пустынным плато паміж самотных уцёсаў. Спачатку я здавольваўся тым, што проста прысутнічаў там усёвідушчым, але бясплотным назіральнікам, але потым захацеў зразумець сваё месца ў ім і адкрыта звярнуцца да паважных мужоў, якія штодня прамаўлялі на гарадскіх плошчах. І я сказаў сабе: «Гэты горад – не мроя, і хіба ёсць у мяне доказы, што дом з каменю і цэглы на ўсходнім баку маркотнай багны, і могілкі на спадзістым грудзе, і гэтая Палярная зорка, якая штоночы глядзіць у маё паўночнае акно, існуюць у рэчаіснасці?».
Аднойчы, калі я слухаў размовы мужоў на адной з гарадскіх плошчаў – прасторнай і аздобленай мноствам статуй, – я адчуў, што нешта змянілася. Я нарэшце атрымаў цялесную форму. Я не быў чужынцам ў Алатаэ, горадзе, што ляжыць на плато Саркія, паміж уцёсамі Нотан і Кадыфонэк. Таго, хто прамаўляў на плошчы, звалі Алас, ён быў маім сябрам, і яго словы цешылі мне сэрца, бо былі словамі чалавека мужнага і адданага радзіме. Гэтай ноччу прыйшлі весткі аб падзенні Дайкаса і наступленні інутаў – нізкарослых жаўтатварых дэманаў, прыхадняў з нязведаных заходніх пустак, якія пяць гадоў таму пачалі браць у аблогу і рабаваць гарады на памежжы нашага каралеўства. Яны захапілі крэпасці ля падножжа гор, і цяпер дарога на плато для іх адкрытая – калі толькі кожны гараджанін не будзе змагацца як дзесяць ваяроў. Жоўтыя дэманы былі спрактыкаваныя ў мастацтве вайны, яны, у адрозненне ад высокіх і шэравокіх сыноў Ломара, не мелі ні кроплі гонару, і нішто не ўтрымлівала іх ад бессэнсоўнага гвалту і рабавання.
Алас, мой сябар, быў правадыром войска, якое абараняла плато, і ў ім была апошняя надзея нашай дзяржавы. А таму ён прамаўляў пра смяротную пагрозу, якую мусяць з гонарам сустрэць сыны Алатаэ, самыя мужныя з ламарыйцаў, і заклікаў ушанаваць традыцыі продкаў, якія падчас уцёкаў з Зобны, калі з поўначы рушылі велічэзныя ледавікі (як і нашым нашчадкам некалі давядзецца бегчы з Ломара), напаткалі на сваім шляху гнофкехаў, калматых даўгарукіх канібалаў, і разграмілі іх арду ў пераможнай бітве. Алас не пажадаў браць мяне ў войска, бо я быў занадта слабы і часта траціў прытомнасць ад душэўнага ўзрушэння альбо стомы. Але ў мяне былі самыя вострыя ў горадзе вочы, хоць я штодня бавіў шмат гадзін над кнігамі, вывучаючы пнакоцкія манускрыпты і працы забнарыянскіх айцоў, і мой сябар, не хочучы выракаць мяне на бяздзейнасць, даручыў мне пасаду ледзь не першаснай важнасці. Ён накіраваў мяне на вартавую вежу Тхапнен, каб мая пільнасць паслужыла на карысць войску. Калі інуты памкнуцца пратачыцца да цытадэлі па вузкай сцежцы пад уцёсам Нотан, каб знянацку напасці на гарнізон, я мушу даць агнявы сігнал, які папярэдзіць нашых жаўнераў, і горад будзе ўратаваны ад згубы.
Я падняўся на вежу ў поўнай адзіноце, бо ўсе мужчыны, здольныя трымаць зброю, былі цяпер у войску. Мой розум затуманіўся ад стомы і ўзрушэння, бо я не спаў ужо некалькі дзён, але ўзнёслая мэта надавала мне сілы, бо я любіў краіну Ломар, у якой нарадзіўся, і мармуровы горад Алатаэ, што ляжыць паміж уцёсамі Нотан і Кадыфонэк.
І я ўзышоў на вяршыню вежы, і ўбачыў над сабой рагаты месяц на зыходзе, барвовы і страшны, які калыхаўся ў зыбкай смузе, што ўздымалася над далінай Банаф удалечыні. І скрозь адтуліну ў даху глядзела Палярная зорка, і трымцела, нібыта жывая, і падміргвала мне, як дэман-спакуснік. І здалося мне, быццам нейкі зламысны прывід нашэптвае словы спакусы, закалыхвае, ахінае здрадлівай дрымотай, паўтараючы зноў і зноў манатонны заклён:
Дарэмна змагаўся я з падступнай аспаласцю, спрабуючы ўвязаць гэтыя дзіўныя словы з нябеснымі паданнямі, якія прачытаў у Пнакоцкіх манускрыптах. Галава мая пацяжэла, нахілілася, упала на грудзі, і наступнае, што я ўбачыў, было ўжо сном, і ў тым сне Палярная зорка глядзела ў маё акно і нібыта хмылілася, ззяючы па-над жудаснымі балотнымі дрэвамі, якія хісталіся на ветры. І я ўсё яшчэ бачу той сон.
У ганьбе сваёй і адчаі я выкрыкваў бязладныя малітвы, і стварэнні з маіх сноў абступалі мяне, і я маліў, каб яны мяне абудзілі, перш чым інуты пройдуць па сцяжыне ля падножжа Нотана і знянацку атакуюць цытадэль, – але стварэнні аказаліся дэманамі і адно смяяліся з мяне, кажучы, што я не сплю. Яны кпяць з мяне, пакуль я сплю, а ў гэты час, магчыма, нізкарослыя жаўтлявыя прыхадні ўпотай падбіраюцца да нашай крэпасці. Я не здолеў выканаць сваю місію, я здрадзіў гораду Алатаэ, здрадзіў Аласу, свайму сябру і правадыру. А здані з маіх сноў здзекліва смяюцца з мяне. Яны кажуць, што краіна Ломар існуе толькі ў маіх снах, а там, дзе ў вышынях Палярная зорка свеціць і плыве наўсцяж гарызонту барвовы Альдэбаран, ззяючы нізка над зямлёй, ужо тысячы і тысячы гадоў няма нічога, апроч снегу і льдоў, і нікога, апроч нізкарослых жаўтатварых істот, абязвечаных смяротным холадам.
Я пішу гэта ў цяжкіх згрызотах, прагнучы ўратаваць свой горад ад смяротнай пагрозы, якая набліжаецца з кожнай хвіляй, і дарэмна імкнуся абудзіцца ад дакучлівага сну – сну пра дом з каменю і цэглы на ўсходнім баку маркотнай багны, і могілкі на спадзістым грудзе, і Палярную зорку, жорсткую і жахлівую, якая глядзіць з чорных скляпенняў, агідна падміргваючы, як вока вар’ята, і, здаецца, хоча паведаміць мне штосьці. І тады я прыгадваю вестку, якую яна прынесла мне аднойчы…
Пераклала Уладзіслава Гурыновіч
Каты Ултара
Кажуць, нібыта ў горадзе Ултар, які ляжыць над ракою Скай, закон сурова забараняе забіваць катоў. Я схільны ў гэта верыць, асабліва калі гляджу на свайго ката, што сядзіць ля каміна і вуркоча. Кот – стварэнне таямнічае і набліжанае да дзіўных існасцяў, якіх чалавечыя вочы не здольныя ўбачыць. Ён – душа сівога Егіпта, захавальнік паўзабытых паданняў з мёртвых гарадоў Мероэ і Афіра. Ён родзіч высакародных валадароў джунгляў, спадкаемца сакрэтаў спрадвечнай лютай Афрыкі. Вялікі сфінкс – яго стрыечны брат, яны гавораць на адной мове, але кот старажытнейшы за сфінкса, ён памятае тое, пра што сфінкс даўно забыў.
У горадзе Ултар, яшчэ да таго як гараджане прынялі закон, што забараняе забіваць катоў, жылі стары арандатар з жонкай. Яны лавілі катоў, што вольна гулялі па вуліцах, і з прыемнасцю забівалі іх. Ніхто не ведаў, навошта яны гэта робяць, – магчыма, ім назаляла гучнае мяўканне ўначы, а магчыма, раздражняла каціная звычка шнырыць употайкі па чужых дварах і кветніках пасля заходу сонца. Але якой бы ні была прычына, стары з жонкаю атрымлівалі нечуваную асалоду, ловячы і забіваючы кожнага ката, што з’яўляўся паблізу іхнай хаціны. Пранізлівыя енкі з іх жытла з надыходам ночы сведчылі пра незвычайны спосаб забойства. Жыхары горада не асмельваліся сказаць старому і яго жонцы нават слова, бо зморшчаныя абліччы тых былі злосныя, а іхная хацінка, схаваная ў цёмным занядбаным дворыку пад разгалістымі дубамі, выглядала вельмі змрочнай. Усе гараджане, што мелі катоў, люта ненавідзелі і яшчэ больш баяліся гэтых дзіўнаватых старых, а таму, замест таго каб пакараць забойцаў, пільна сачылі за сваімі ўлюбёнцамі, каб тыя не набліжаліся да схаванай пад шатамі дрэваў хаціны. Калі ж праз недагляд кот знікаў, а потым уначы чуліся жахлівыя крыкі, гаспадару заставалася адно плакаць над стратай альбо суцяшацца тым, што, дзякуй багам, такі жудасны лёс напаткаў усяго толькі ката, а не кагосьці з дзяцей. Бо жыхары горада Ултар былі людзьмі простымі і не ведалі, з якіх абшараў прыйшлі каты ў наш свет.
Аднойчы на вузкія брукаваныя вулачкі Ултара з поўдня прыйшоў дзіўны караван. Цемнатварыя вандроўцы не былі падобныя да іншых качэўнікаў, якія двойчы на год праязджалі праз горад. Размясціўшыся на рынкавай плошчы, вандроўнікі заняліся варажбой. Яны за срэбныя манеты прадказвалі гараджанам лёс і куплялі пярэстыя каралі ў мясцовых гандляроў. З якой краіны прыйшлі вандроўнікі, ніхто не ведаў, але месцічы бачылі, як яны ладзяць дзіўныя богаслужэнні і малююць на баках сваіх павозак незвычайных істот з целамі людзей і галовамі катоў, сокалаў, бараноў і львоў. Іх галоўны насіў на галаве вычварны ўбор, упрыгожаны двума рагамі, паміж якімі размяшчаўся дыск.
Сярод таямнічых вандроўнікаў быў хлопчык, у якога не было ні маці, ні бацькі, адно толькі маленечкае чорнае кацяня. Усе яго родзічы памерлі ад чумы, і ніхто не мог суцешыць яго ў горы, апроч гэтага маленькага пухнатага стварэння: самотнае дзіця радавалася і забывала пра сваю скруху, назіраючы свавольства гарэзлівага чорнага звярка. Хлопчык, якога цемнатварыя вандроўнікі звалі Менес, часам плакаў, але часцей усміхаўся, гуляючы з кацянём на прыступках маляванай павозкі.
Тры дні прабылі вандроўнікі ў горадзе Ултар, і на трэці дзень чорнае кацяня знікла – Менес шукаў яго ўсю раніцу, але так і не змог знайсці. Чуллівыя гараджане падышлі да хлопчыка, які плакаў на рынкавай плошчы, і расказалі яму пра старога і ягоную жонку, а таксама пра жахлівыя крыкі, якія чуліся гэтай ноччу. Тады хлопчык перастаў плакаць і занурыўся ў думкі, а потым пачаў маліцца. Ён узняў рукі да сонца, прамаўляючы словы малітвы на невядомай мове, якую ніводзін гараджанін не мог зразумець. Зрэшты, яны не надта і імкнуліся, бо ўсю іх увагу забралі неба і аблокі, якія пачалі дзівосна пераўтварацца. Нібыта ў адказ на малітвы хлопчыка, аблокі ў небе змянялі форму, і ў вышынях паўставалі прывідныя, туманныя абрысы загадкавых істот – напалову людзей, напалову звяроў, – увянчаных каронамі ў выглядзе дыскаў з двума рагамі з бакоў. Прырода багатая на невытлумачальныя з’явы, здольныя ўразіць чуллівую душу.
Уначы вандроўнікі з’ехалі з Ултара, і больш іх там ніколі не бачылі. А гараджане занепакоіліся, бо ў тую ж ноч усе каты і коткі зніклі з горада. Вялікія і маленькія, чорныя, шэрыя, паласатыя, рудыя і белыя – усе яны пакінулі сваіх гаспадароў і сышлі невядома куды. Стары Крэнан, бурмістр, сцвярджаў, што цемнатварыя чужынцы забралі ўсіх катоў, каб адпомсціць за забойства кацяняці Менеса, і кляў апошнімі словамі і вандроўнікаў, і хлопчыка. А Ніт, хударлявы натарыус, меркаваў, што гэта хутчэй за ўсё справа рук старога арандатара і ягонай жонкі, чыя нянавісць да катоў была ўсім вядомая і не мела межаў. Аднак ніхто так і не асмеліўся пайсці да жахлівых старых і запатрабаваць ад іх тлумачэнняў, хаця маленькі Атал, сын карчмара, казаў, што напярэдадні вечарам ён бачыў усіх катоў Ултара ў тым праклятым двары пад дрэвамі. Каты акружылі хаціну і павольна набліжаліся да яе, ідучы ўрачыста, па двое ў шэрагу, нібыта падчас нейкай нечуванай цырымоніі. Дарослыя не ведалі, ці многа праўды ў словах маленькага хлопчыка, і хаця зласлівыя старыя цалкам маглі зачараваць катоў, завабіўшы іх у смяротную пастку, гараджане вырашылі ні ў чым іх не абвінавачваць, прынамсі пакуль яны не выйдуць са свайго цёмнага і агіднага жытла.
У тую ноч жыхары Ултара адышлі да сну ў гневе і непакоі, а калі на досвітку прачнуліся, то ўбачылі, што – о цуд! – іх каты і коткі вярнуліся. Вялікія і маленькія, чорныя, шэрыя, паласатыя, рудыя і белыя – усе былі на месцы. Каты зрабіліся надзвычай гладкімі і тлустымі і гучна і задаволена вуркаталі. Гараджане ажыўлена абмяркоўвалі незвычайнае здарэнне. Бурмістр Крэнан упарта паўтараў, што катоў забіралі з сабой цемнатварыя прыхадні, бо ніводзін кот не вярнуўся б з хаціны старога арандатара і ягонай жонкі жывым. Але ўсе сышліся на адным: каты незразумела чаму адмовіліся ад мяса і нават не зірнулі на сподачкі з малаком. Цэлыя два дні тлустыя лянівыя каты Ултара не дакраналіся да ежы, а толькі драмалі каля агню і грэліся на сонцы.
Мінуў тыдзень, перш чым гараджане заўважылі, што ў вокнах змрочнай хаціны пад дрэвамі не мільгае ні агеньчыка. Тады хударлявы Ніт згадаў, што з той ночы, калі з Ултара зніклі каты, на вуліцах больш не бачылі ні старога арандатара, ні ягонай жонкі. Калі мінуў яшчэ тыдзень, бурмістр вырашыў пераадолець страх і знайсці прычыну такой падазронай цішыні, бо гэта, урэшце, яго абавязак. Асцярожны, ён узяў з сабой сведак – каваля Шанга і каменячоса Тхула, і яны ўтрох скіраваліся да хаціны. Узламаўшы хісткія дзверы, мужчыны ўбачылі два дачыста абгрызеныя чалавечыя шкілеты, якія ляжалі на земляной падлозе, і мноства брыдкіх чорных жукоў, што кешкаліся ў цёмных кутах.
Гэтае здарэнне ўскалыхнула ўвесь Ултар. Каранёр Затх горача спрачаўся з хударлявым натарыусам Нітам, а Крэнана, Шанга і Тхула засыпалі пытаннямі. Распыталі таксама маленькага Атала, сына карчмара, узнагародзіўшы яго пасля салодкімі ласункамі. Гараджане яшчэ доўга ўспаміналі старога арандатара, і ягоную жонку, і караван цемнатварых вандроўнікаў, і маленькага Менеса з чорным кацянём, і малітву хлопчыка, і тое, што дзеялася ў небе падчас малітвы, і таемнае знікненне катоў пасля сыходу вандроўнікаў, і таксама тое, што неўзабаве знайшлі ў змрочнай хаціне пад дрэвамі ў глыбіні агіднага двара.
І ўрэшце гараджане прынялі цудоўны закон, пра які цяпер гавораць гандляры з Хатэга і пра які спрачаюцца вандроўнікі ў Ніры, – закон горада Ултар, які сурова забараняе забіваць катоў.
Пераклала Уладзіслава Гурыновіч
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?