Текст книги "Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства"
Автор книги: Лявон Карповіч
Жанр: Хобби и Ремесла, Дом и Семья
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 2 (всего у книги 16 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]
Бізантыйская цывілізацыя (Усходняя Рымская) паўстала не з Рымскай, ні ў якасьці яе адшчэпку, ні як супрацьлегласьць. Радавод яе на Ўсходзе і паходжаньне ў Эліністычнай цывілізацыі. Можна сустрэць нават меркаваньне, што яна проста працяг Эліністычнай, уціснутай у хрысьціянства. Бізантыйская цывілізацыя ўтварылася ў выніку распаду Рымскай імпэрыі ў 395 і праіснавала каля тысячы гадоў да заваяваньня сталіцы горада Канстантынопаля туркамі ў 1453. Назва цывілізацыі паходзіць ад назвы заснаванага грэчаскімі каляністамі месца Бізантыя, які пазьней быў названы ў гонар імпэратара Канстанціна Канстантынопалем. Бізантыйцы называлі сябе рамеямі (рымлянамі), а краіну Імпэрыяй рамеяў. У эпоху сярэдневякоўя Бізантыйская цывілізацыя адагравала разам з Кітайскай вядучую ролю ў сусьветным культурным разьвіцьці. Асновай Бізантыйскай культуры было хрысьціянства ўсходняга веравызнаньня.
Бізантыйская цывілізацыя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012
У 313 імпэратар Канстанцін выдаў Эдыкт (указ) аб наданьні хрысьціянам роўных правоў з усімі іншымі рэлігіямі, а ў 324 афіцыйна абвясьціў хрысьціянства дзяржаўнай рэлігіяй Рымскай імпэрыі. Дзень Божага Нараджэньня ад IV веку, часу ўстанаўленьня гэтага сьвята, стаў днём асабліва ўрачыстым у сьвеце хрысьціянскім.
Найбольш знакаміты помнік Бізантыйскай архітэктуры – храм Сьвятой Сафіі ў Канстантынопалі (532—537).
Заварожваючая цывілізацыяМайя зьявіліся ў Мезаамерыцы каля 1200 да Р.Х. на тэрыторыі сучасных Мэксыкі, Гандурасу, Гватэмалы, Сальвадору. Да нашых дзён захаваліся рэшткі звыш ста гарадоў Майя. Прыблізна на мяжы Новай эры Майя стварылі герагліфічную пісьменнасьць. Народы Майя пакінулі пасьля сябе надзвычай багатую спадчыну ў выглядзе ўражлівых будаўнічых аб'ектаў і археалягічных артэфактаў. Найбольш вядомы Храм Сонца ў Паленке (другая палова 7 стагодзьдзя). Няма адзінай думкі, па якой прычыне зьнікла цывілізацыя Майя. Найчасьцей згадваюцца кліматычныя катастрофы і гішпанскія заваяваньні. Зьмярканьне гэтай цывілізацыі наступіла ў 1546 ад Р.Х. пасьля заваяваньня гішпанцамі паўночнай часткі паўвыспы Юкатан.
Цывілізацыя Майя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012
Пасьля гэтага незалежнымі засталіся толькі майянскія царствы Петэнскага басэйна. У 1697 Марцін дэ Урсуа ўзяў штурмам сталіцу мая – Таясаль, апошні незалежны майянскі горад.
Цывілізацыя АцтэкаўАцтэкамі называюць індзейскі народ цэнтральнай Мэксыкі, які здолеў стварыць адну з найбуйнейшых імпэрый у дакалюмбавай Амэрыцы. Яны прыбылі ў даліну Мэксыкі ў XIII стагодзьдзі і заснавалі там горад Тэначтытлан, які з часам стаў сталіцай. Цывілізацыя Ацтэкаў здолела стварыць велізарную імпэрыю, канец якой наступіў толькі з прыходам канкістадораў.
Ацтэкі былі вельмі паэтычным народам. Філязофскімі разважаньнямі аб прыгажосьці чалавечага жыцьця і каханьня насычаная народная паэзія ў жанры «песьняў – кветак». Разам з гэтым Ацтэкі прыносілі чалавечыя ахвяры сваім багам і менавіта ацтэкская цывілізацыя ўвайшла ў гісторыю як самая крывавая. Для мужчынскага насельніцтва школьная вучоба была абавязковым заняткам. Гэты народ распрацаваў зорную карту неба.
Паміж 1519 і 1524 гадамі Эрнан Картэс з атрадам у 500 салдат заваяваў і авалодаў тэрыторыяй дзяржавы ацтэкаў. Гэта яму ўдалося таму што, яго прынялі за бога Кецалькоатля, які вярнуўся. Кецалькоатль – богастваральнік Сусьвету, чалавека і культуры, уладар прыродных стыхій, заступнік жрацоў, ведаў і рамёстваў. У 1545 і 1576 гадах успыхнулі дзьве эпідэміі меркаванага тыфу, які прывёў да сьмерці 80% Ацтэкаў.
У цяперашні час, у выніку канкіста, ад вялікай імпэрыі ацтэкаў засталіся толькі руіны, але ў Мэксыцы да гэтага часу жывуць нашчадкі Ацтэкаў, якія гавораць на старажытнай мове наўатль.
Цывілізацыя Ацтэкаў. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012
Цывілізацыя «Дзяцей Сонца»Інкі каля сярэдзіны XII стагодзьдзя стварылі дзяржаву, якая называлася Тавантінсую – Дзяржава пчол, на тэрыторыі сучаснага Перу. Найбольшае разьвіцьцё імпэрыі адбылося пасьля 1438, калі ўладу атрымаў Інка Пачакуці. Заняпад адной з самых магутных дакалюмбавых цывілізацый адбыўся менш чым праз 100 гадоў.
Крэпасьць Саксайуамана ў Куска. Блёк пошты Мазамбіку, выдадзены ў 2010
На полі блёку горад Мачу-Пікчу – таямнічы горад інкаў, пабудаваны ў сярэдзіне XV стагодзьдзя. У 2007 годзе 100 мільёнаў чалавек прагаласавалі, каб уключыць Мачу-Пікчу ў сьпіс 7 новых цудаў сьвету.
Інкі лічылі сонца сваім галоўным бажаством. Кіраўнік у інкаў лічыўся увасабленьнем бога Сонца на зямлі, таму ўсё, да чаго ён дакранаўся, спальвалася. У сувязі з сонечным культам былі вельмі распаўсюджаныя розныя вырабы з золата. Сам тэрмін «Інка» паходзіць ад слова «Сонца», таму інкаў называюць «Дзеці Сонца». Інкі не ведалі пісьменства, таму не існуе запісаў пра іх культуру. Амаль усё, што вядома, зьяўляецца заслугай працы археолягаў. Жыхары імпэрыі, якіх на піку разьвіцьця было каля 12 млн, займаліся ў першую чаргу сельскай гаспадаркай. Яны вырошчвалі бульбу, кукурузу, бавоўну, коку ў вельмі складаных кліматычных умовах: высокія горы, джунглі, пустэчы. Таксама займаліся разьвядзеньнем жывёл – марскіх сьвінак, лам і альпака – від маленькіх вярблюдаў. Найбольшай павагай у грамадзтве карысталіся сьвятары, паэты і філёзафы. Інкі былі вельмі добрымі будаўнікамі. Галоўны храм Сонца ў сталіцы Куска ўпрыгожвалі залатыя і срэбныя пласьціны, а ў сьвяшчэнным садзе пры ім знаходзіліся зробленыя з золата і срэбра жывёлы і птушкі ў натуральную велічыню.
Падзеньне гэтай магутнай цывілізацыі было вынікам трох фактараў: уварваньня канкістадораў, эпідэміі воспы і грамадзянскай вайны. У 1533 гішпанцы занялі сталіцу імпэрыі горад Куска. У 1572 ад рук канкістадораў загінуў апошні правіцель інкаў. Самая магутная імпэрыя ў Амэрыцы перастала існаваць.
Узьнікненьне дзяржаўнасьці. Полацкая гісторыя
Гістарычная дата нараджэньняАрхеалягіныя знаходкі пацьвярджаюць, што пасяленьне людзей на месцы Полацкага гарадзішча існавала ў VII стагодзьдзі да Р. Х. Датай жа першага ўпаміну Полацку можна лічыць 447 год. Пад гэтым годам ангельская беларусістка Вера Рыч выявіла ў скандынаўскіх сагах упамін пра аблогу Полацку гунамі Атылы: «І прыйшоў конунг Атыла з усім сваім войскам да горада, які завецца Полацкам (Pallteskiu у Сазе). Горад гэты так умацаваны, што яны не ведаюць, як яго ўзяць. Была там моцная каменная сьцяна, вялікія вежы і шырокія і глыбокія равы, а ў горадзе было вялікае войска для яго абароны, і тыя, хто ахоўваў горад, мала баяліся войска конунга Атылы».
900 років «Повісті минулих літ». Блёк пошты Украіны, выдадзены ў 2013
На марцы намаляваны Нестар Летапісец (аўтар Аповесьці) за працай, на палях блёку – падзеі, апісаныя ў Аповесьці.
У славянскіх летапісах упершыню Полацак згадваецца ў «Аповесьці мінулых часоў» пад 862 годам: «Пачаў Рурык раздаваць сваім людзям гарады: таму – Полацк, таму – Растоў, а таму – Белавозера».
Трагічны лёс Полацкага князя Рагвалода і яго дачкі РагнедыУ «Аповесьці мінулых гадоў» яшчэ многа зьвестак зьмешчана пра Полацк і наступная пра нялюдзкую і трагічную падзею пра першага вядомага Полацкага князя Рагвалода і яго дачку Рагнеду, якая атрымала назву «Крывавае вясельле» Ўладзіміра з Рагнедай.
Рагвалод – князь Полацкі. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1993
Трывалы хаўрус з маладой Полацкай дзяржаваю быў выгадны як Ноўгараду, так і Кіеву. Шлюб быў добрай падставай для гэтага. Першым заслаў сватоў Кіеўскі князь Яраполк. Рагвалод аддаў сваю прыхільнасьць мацнейшаму, на ягоную думку, Кіеву. Па бацькавай волі дванаццацігадовая Рагнеда (у такім веку дзяўчынка ўжо лічылася тады нявестаю) дала Яраполкавым сватам згоду і пачала рыхтавацца да вясельля.
Рагнеда – князёўна Полацкая. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1993
І тут заявіліся сваты з Ноўгараду ад Уладзіміра. Вось што апавядае пра гэта летапіс: «Запытаўся ў дачкі Рагвалод: «Ці хочаш за Ўладзіміра?» Яна ж адказала: «Не хачу разуці рабыніча, а Яраполка хачу». «Не хачу разуці» – бо існаваў звычай, што маладая жонка перад першай шлюбнаю ноччу здымала з мужавых ног абутак. Аднак тут не проста адмова, але і зьнявага, бо Полацкая князёўна гучна абвясьціла: жаніх – сын рабыні, а такі бязродны ёй не трэба. Гэта паслужыла падставай для варварскага нападу войскаў Уладзіміра на Полацк, разбурэньня горада, забойства княжацкай сям’і Рагвалодаў, згвалтаваньня і паланеньня Рагнеды, якая ў выніку мусіла стаць жонкай Уладзіміра, Наўгародзкага, а потым Кіеўскага князя.
Князь Уладзімір Вялікі. Блёк пошты Украіны, выдадзены ў 2000
У 2000 годзе Белпошта выпусьціла сэрыю «Беларускі балет», аформленую мастаком Андрэем Гапіенка, якая складаецца з маркі і паштовага блёка. На блёку намаляваная сцэна з балету «Страсьці» («Рагнеда») Андрэя Мдывані, выкананая па фатаграфіі, на якой адлюстраваны акцёры Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру оперы і балету Рэспублікі Беларусь.
Страсьці Рагнеды. Беларускі балет. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2000
Рагнеда нарадзіла ад Уладзіміра сыноў Ізяслава, Яраслава (яго потым назавуць Мудрым), Мсьціслава і дачок Прадславу і Праміславу. «Аднаго разу, – сьведчыць летапіс, – калі Ўладзімір прыйшоў да яе і заснуў, яна наважылася зарэзаць яго. І надарылася яму ў тую хвілю прачнуцца, і схапіў ён яе за руку. І сказала яна з жалем: „Ты бацьку майго забіў і зямлю ягоную паланіў дзеля мяне, а цяпер не любіш мяне з гэтым дзіцем“. І загадаў ёй прыбрацца па-царску, як перад шлюбам, і сесьці ў хораме на белым ложы, а ён прыйдзе і заб'е яе. Яна па словах мужавых і зрабіла. І дала ў рукі сыну свайму Ізяславу аголены меч і навучыла: „Як зойдзе твой бацька, скажы яму: не думай, што ты адзін тут“. І ўчыніў так Ізяслаў. Уладзімір жа прамовіў: „А хто ведаў, што ты тут“. І апусьціў ён меч і, склікаўшы баяраў, расказаў ім усё. Яны ж парадзілі: „Не забівай яе дзеля гэтага дзіцяці, а аднаві яе бацькаўшчыну і дай ёй з сынам сваім“. І пабудаваў Уладзімір горад, аддаў яго ім і назваў горад гэты Ізяслаўлем. І з таго часу ўзьнімаюць меч Рагвалодавы ўнукі супраць унукаў Яраслававых».
На марцы, прысьвечанай Заслаўю, у левым ніжнім куце адлюстраваны помнік Ізяславу і Рагнедзе. Маленькі Ізяслаў мужна бароніць маці ад разьюшанага Ўладзіміра, засланяючы яе сабой.
Заслаўе. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2014
Марка насычана інфармацыяй. Фон левай часткі – гэта мініяцюры Радзівілаўскага летапісу: замах Рагнеды на Вялікага князя Кіеўскага Уладзіміра і Уладзімір хоча пакараць Рагнеду, але на яе абарону паўстае Ізяслаў. Фон правай часткі – старажытнае гарадзішча «Замэчак» з памятным крыжам. Паверх фонаў знаходзяцца відарысы: помнік Ізяславу і Рагнедзе, касьцёл Найсьвяцейшай Дзевы Марыі, Герб Заслаўя, Кальвінскі Збор і руіны Замкавай брамы з шыльдай.
Прамень хрысьціянстваІзяслаў (980—1001), не гледзячы на кароткае жыцьцё, вельмі многа зрабіў для Полаччыны. Менавіта яго летапісцы называюць кніжнікам, бо ён увёў у Полацку пісьменства і навучаньне грамаце. Пячатка з ягоным імем лічыцца сама даўнім помнікам беларускага пісьменства і другім па часе ва ўсіх усходніх Славянаў. Пачынаючы зь яго, усе нашчадкі Рагвалода нязьменна называлі сябе Рагвалодавічамі. У 992 князь Ізяслаў заснаваў у Полацку эпархію (вялікую царкоўную акругу), чым засьведчыў самастойнасьць Полацкага княства. Рагнеда і Ізяслаў сталі першымі хрысьціянамі ў Полацкім княстве. З часам Рагнеда вырашыла прысьвяціць сябе Хрысту і стала першаю на ўсходнеславянскіх землях манашкаю, прыняўшы імя Анастасіі.
Асабістым знакам Ізяслава быў трызуб з крыжападобнай вяршыняй сярэдняга зубца. У сучаснай геральдыцы трызуб Ізяслава ўвасоблены ў гербе горада Заслаўя (Мінскі раён, Мінская вобласьць, Беларусь).
Герб Заслаўя. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2004
Існуе легенда, што Торвальд Вандроўнік (950, Ісьляндыя – 1002, Полацк, Беларусь) – легендарны хрысьціянскі місіянэр, падарожнік, чые паходы апісваюцца ў Ісьляндзкай «Сазе аб хрышчэньні», у 986 разам са сваім паплечнікам Стэўнірам Таргільсанам, рухаючыся праз Кенугард (Кіеў) па Непры (Дняпры), прыбыў у Полацк. Ім была пабудавана царква і адкрыты манастыр Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў Полацку, дзе Торвальд памёр, як мяркуецца, пасьля 1002. («Þorvaldr andaðist í Rússía, skammt frá Palteskju. Þar er hann grafinn í fjalli einu, at kirkju Jóhannis baptistæ, ok kalla þeir hann helgan». Торвальд памёр у Русі, непадалёк ад Палтэск'я. Там ён пахаваны ў адной гары, пры царкве Яна Прадцечы, і называюць яго Сьвятым).
25 верасьня 1992 года поштай Рэспублікі Беларусь быў выпушчаны марачны блёк і канвэрт першага дня (КПД) у гонар 1000-годзьдзя Полацкай эпархіі і Праваслаўнай царквы на Беларусі. Варта заўважыць, што падзел хрысьціянства або Вялікі раскол – распад да таго часу адзінай хрысьціянскай царквы на дзьве часткі адбыўся ў 1054.
На канвэрце малюнак пляну Полацку, складзены па карце 1579 сакратаром Стэфана Баторыя Станіславам Паховічам. На фоне пляну рэканструкцыя Полацкай Сафіі. На полі блёку фрэска з Спаса-Перамяненскай царквы «Сьвяты, які моліцца», і выява Спаса-Перамяненскай царквы. На марцы – Крыж Эўфрасіньні Полацкай.
Канвэрт першага дня з блёкам ў гонар 1000-годзьдзя Полацкай эпархіі, выдадзены ў 1992
Легендарны Усяслаў ЧарадзейПасьля нечаканай і таямнічай сьмерці Ізяслава ў 1001 Полацкі пасад заняў трынаццацігадовы Брачыслаў Ізяславіч (990-я – 1044) – князь Полацкі (1001—1044), сын Ізяслава, унук Рагнеды. Яго княжаньне адзначылася бітвай на Судоме з родным дзядзькам Кіеўскім князем Яраславам, які атрымаў прозьвішча «Мудры». Вынікі бітвы супярэчліва перадаюцца ў летапісах, але Яраслаў прызнаў самастойнасьць Полацку. У Ісландзкай «Сазе пра Эймунда» распавядаецца, што конунг Эймунд, які ўдзельнічаў у бітве, захапіў у палон жонку Яраслава Інгегерду. У якасьці выкупу Полацк атрымаў у валоданьне Віцебск і Усьвят, атрымаўшы магчымасьць кантраляваць валокі. Фактычна гэта была перамога.
Яраслаў Мудры на блёку, выдадзеным поштай Украіны ў 1999
Існуе меркаваньне, што Брачыслаў заснаваў горад Браслаў, хоць археолягі лічаць, што Браслаў існаваў задоўга да гэтай даты.
Браслаў. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2002
Браслаў упершыню згадваецца пад 1065 у «Хроніцы» Мацея Стрыйкоўскага.
З 1001 да 1044 у Полацку валадарыў Брачыслаў, а пасьля ягонай сьмерці да 1101 найслаўнейшы з Полацкіх князёў сын Брачыслава Усяслаў, якога назвалі Чарадзеем.
Выкарыстаўшы мірныя часы, Усяслаў узводзіць храм Сьвятой Сафіі, каб аддаць пашану Богу і паказаць роўнасьць Полацку з Ноўгарадам і Кіевам. На малюнку канвэрта паказаны выгляд Сафіі ў тыя часы.
У Полацкай Сафii, пабудаванай у 1044 – 1066, увасобленая моц i ўплывовасьць Полацкага княства. Сабор Сьвятой Сафіі быў галоўным грамадзкім будынкам у горадзе. Шмат разоў перабудоўваўся i дайшоў да нас у выглядзе, набытым у ХVІІІ стагодзьдзі.
Усяслаў Чарадзей. Марачны канвэрт, выдадзены поштай Беларусі ў 2001
На паштовым блёку Рэспублікі Беларусь на левай марцы адлюстраваны сучасны выгляд Полацкай Сафіі. На полі блёку зьлева выгляд Полацкай Сафіі ў часы Усяслава Чарадзея; каменны абразок 12 стагодзьдзя з Сьвятымі Канстанцінам і Аленай, знойдзены археолягамі ў Полацку; плян Полацкай Сафіі.
Архітэктура Беларусі. Праваслаўныя храмы. У абарачэньні з 22 лютага 2012
Белпошта зьдзейсьніла некалькі выданьняў паштовых марак з выяваю Полацкай Сафіі. У тым ліку маляўнічы блёк, выдадзены ў 2016.
Сафійскі Сабор у Полацку. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2016
У 1065 мірнае жыцьцё закончылася. Князь з дружынаю зьдзейсьніў паходы на Пскоў і Ноўгарад, вёў шматлікія бітвы з Кіеўскім княствам. 3 сакавіка 1067 адбылася Бітва на Нямізе, адна з самых крывавых у нашай старажытнасьці. З гэтым зьвязана першае ўпамінаньне пра Менск, як пра горад Полацкага княства. Летапісны збор «Русь» і «Аповесьць мінулых гадоў» апавядаюць пра разгром горада падчас ваеннага паходу трох Кіеўскіх князёў Яраславічаў на землі Полацкага князя Усяслава і пра Бітву на рацэ Нямізе паміж Кіеўскімі і Полацкімі дружынамі.
3 сакавіка 2017 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусьціла ў абарачэньне паштовы блёк «950 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінаньня Менску». У аснове маркі – мініяцюра Радзівілаўскага летапісу «Бітва на рацэ Нямізе». У аснове спэцштэмпэля – пячатка першага Менскага князя Глеба Усяславіча.
Нямігская бітва глыбока ўразіла не толькі сваіх суайчыньнікаў. Рэха яе праз 120 гадоў адбілася ў «Слове пра паход Ігараў» вобразам жудаснай крывавай малацьбы:
«На Нямізе голавы сьцелюць снапамі,
харалужнымі малоцяць цапамі,
жыцьцё кладуць на таку зьлюцела,
веюць галаву ад цела.
Нямігі крывавыя берагі
не збожжам былі засеяны зноў —
засеяны косьцьмі рускіх сыноў» (Пераклад Рыгора Барадуліна).
950 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінаньня Менску. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2017
Ілюстрацыяй да радкоў з «Слова пра паход Ігараў» добра адпавядае карціна Міхася Філіповіча «Бітва на Нямізе».
Бітва на Нямізе (1922). Міхась Філіповіч (1920—29). Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2002
Вераломна захоплены ў палон Усяслаў Чарадзей цудоўным чынам становіцца на чале Кіеўскага княства, але пакідае высокую пасаду і вяртаецца ў родны Полацк. Але і ў родным Полацку спакою князь не знайшоў. У тым жа годзе Ізяслаў прымусіў яго зьбегчы з гораду. Толькі ў 1071 вярнуў ён сваё княжаньне ў Полацку і зноў стаў гаспадаром Полаччыны. Кіеўскія князі не пакідалі і далей Усяслава Чарадзея ў спакоі, але сіл вярнуць Полацкія землі ў іх не хапала, а Усяслаў на Кіеўскі прастол не прэтэндаваў. Да самай сьмерці ўладарыў ён у родным княстве. Дзякуючы вайсковаму майстэрству і мудраму кіраўніцтву Ўсяслава з 1084 да самай яго сьмерці (1101) Полацкае княства існавала бяз войнаў. Доўгае, больш чым паўвекавое, валадарства гэтага князя было пэрыядам эканамічнага і палітычнага росквіту Полацкіх зямель. Акрамя сталіцы Полацкая зямля налічвала паўтара дзясятка гарадоў: Віцебск, Менск, Орша, Заслаўе, Барысаў… Улада Усяслава і яго наступнікаў, а ён пакінуў пасьля сябе 6 сыноў, пашырылася ад Ніжняга Падзьвіньня да Балтыйскага мора.
У сярэднявечнай гісторыі Ўсходняй Эўропы цяжка адшукаць больш велічную, загадкавую і таямнічую постаць, чым Полацкі князь Усяслаў Брачыславіч. Таму дата яго сьмерці зафіксавана ў «Слове (Песьні) пра паход Ігаравы»:
«У год 6609 (1101) памёр Усяслаў, князь Полацкі, месяца красавіка ў 14 дзень, у 9 гадзін дня ў сераду. Сумна стала на нашай зямлі. У гэты дзень яна разьвіталася з адным са сваіх лепшых сыноў». («В лето 6609 преставися Всеслав, Полоцкий князь, месяца априля, в 14 день, в 9 час дне, в среду»).
Сотню гадоў пазьней з захапленьнем пісаў аўтар «Слова пра паход Ігараў» пра Ўсяслава Чарадзея:
«Усяслаў-князь людзям чыніў суды.
радзіў князям гарады,
а сам уночы ваўком рыскаў,
З Кіева пасьпяваў да пеўняў да Тмутараканя,
Хорсу вялікаму шлях перацінаў.
Яму ў Полацку пазвоняць ютрань рана
ў званы сьвятое Сафіі.
а ён той звон чуе ў Кіеве.
Хоць і вешчую меў душу ў дзёрзкім целе,
Ды часта ад бедаў цярпеў ён».
(Пераклад Рыгора Барадуліна).
800-годзьдзе Слова пра паход Ігараў. Марка пошты СССР, выдадзеная ў1985
1 верасьня 2007 адбылося ўрачыстае адкрыцьцё першай коннай статуі ў Беларусі – помніка Усяславу Брачыслававічу (Чарадзею). Аўтары кампазыцыі – скульптары Аляксандр Прохараў, Сяргей Ігнацьеў, Леанід Мінкевіч і архітэктар Андрэй Сакалоў.
Скульптура ўяўляе сабой воіна на кані са скурай ваўка на сядле, а побач зь ім ляціць паляўнічы сокал. Гэтыя атрыбуты сымбалізуюць старажытную легенду пра тое, што Усяслаў Брачыслававіч мог пераўвасабляцца то ў ваўка, то ў сокала, то ў аленя. Адліты помнік з бронзы, а яго вышыня каля 3,5 мэтраў.
7 мая 2012 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусьціла ў абарачэньне канвэрт з арыгінальнай маркай «1150-годзьдзе першага летапіснага ўпамінаньня Полацку».
Канвэрт з арыгінальнай маркай «1150-годзьдзе першага летапіснага ўпамінаньня Полацку», выдадзены ў 2012
На марцы Крыжаўзьдвіжанскі Сабор Сьвятога-Эўфрасіньнеўскага манастыру. На канвэрце: помнікі Усяславу Чарадзею, Эўфрасіньні Полацкай, крывічам; герб гораду, выгляд Сафійскага Сабору ў XI стагодзьдзі, фрагмэнт гравюры сярэднявечнага Полацку.
Змаганьне з Кіеўскім княствамПасьля сьмерці Усяслава Чарадзея Полацкае княства было падзелена на шэраг удзельных княстваў. У шасьці зь іх княжылі сыны Усяслава, якія вялі паміж сабой барацьбу. Пасад у Полацку ачоліў старэйшы сын Чарадзея Барыс Рагвалод.
У 2002 Пошта Рэспублікі Беларусь выпусьціла ў абарачэньне марачны канвэрт «900 год. Барысаў». На марцы відарыс князя Барыса Усяславіча і год 1102, калі Полацкім князем быў заснаваны горад Барысаў. На полю маркі знаходзіцца малюнак Рагвалодавага каменя, які цяпер ляжыць ля Полацкай Сафіі. На камені каля шасьціканцовага крыжа высечаны словы: «ХС. Ніка. Гі (Госпадзі) помозі рабю своему Борісу».
«900 год. Барысаў». Марачны канвэрт пошты Беларусі, выдадзены ў 2002
Паступова на ролю лідэра на нашых землях пачало вылучацца Менскае княства. Менскі князь Глеб, паставіўшы мэту пашырэньня межаў сваіх зямель, уступае ў супрацьстаяньне з Кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам.
Уладзімір Манамах (1053—1125). Блёк пошты Украіны, выдадзены ў 2003
Падчас паходу на нашы землі ў 1119 Манамах захапіў Менск. У выніку гэтага горад быў далучаны да Кіеўскіх уладаньняў ажно да сярэдзіны ХІІ – пачатку ХІІІ стагодзьдзяў. Глеб Усяславіч, трапіўшы ў палон, быў вывезены ў Кіеў, дзе ў палоне памёр.
Пасьля сьмерці Манамаха ў 1125 на Кіеўскі пасад заступіў старэйшы сын Мсьціслаў Уладзіміравіч (1076—1132). Змаганьне з Кіеўскім княствам працягвалася. Асабліва вызначыўся 1127 год, калі Кіеўскі князь з хаўрусьнікамі вялі наступ з чатырох бакоў. Палачане прызналі вяршэнства Кіева. Але гэты акт замірэньня і падпарадкаваньня так і не вырашыў дынастычных супярэчнасьцяў. Калі ў 1229 Мсьціслаў намерыўся выступіць супраць полаўцаў, то зьвярнуўся да палачанаў супольна выступіць у паход. Насуперак чаканага, Полацкія князі «з лаянкай» адмовіліся. У адказ пасьля пасьпяховага паходу супраць качэўнікаў, Мсьціслаў накіраваў на Полаччыну сваіх ваяроў. У гэты крытычны пэрыяд Полацкае веча не стала бараніць сваіх князёў і пагадзілася на мірнае вырашэньне канфлікту. Практычна ўвесь род Полацкіх князёў быў вывезены ў Кіеў, дзе адбыўся сымбалічны суд Рускіх князёў над Полацкімі Ізяславічамі. Паводле выраку, усе прадстаўнікі дынастыі разам з сем'ямі, былі сасланыя ў Бізантыю, дзе былі прызначаныя на службу ў войску.
Сьвятая Сафія. Марка пошты Турцыі, выдадзеная ў 2007
Пакараўшы Полацкіх князёў, Мсьціслаў атрымаў магчымасьць падпарадкаваць Полацкае княства. Але яго сьмерць у 1132 зноў зьмяніла палітычную сытуацыю на карысьць Полацку.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?