Текст книги "Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства"
Автор книги: Лявон Карповіч
Жанр: Хобби и Ремесла, Дом и Семья
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 1 (всего у книги 16 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]
Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства
Лявон Карповіч
© Лявон Карповіч, 2023
ISBN 978-5-0060-6209-2
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Незвычайнае акно ў Гісторыю
Для незаангажаванага чалавека паштовая марка-гэта маленькі кавалачак паперы, які служыць для выкананьня паштовай аплаты, а для філятэліста марка – гэта ня толькі прадмет для калекцыянаваньня, але крыніца ведаў. Маркі могуць ня толькі выклікаць цікаўнасьць, але быць нават мастацкімі цудамі.
Паштовыя маркі адлюстроўваюць ня толькі развіцьцё сістэм пісьмовай пошты за апошнія два стагодзьдзі, але яны таксама адлюстроўваюць увесь спэктр гісторыі, мастацтва і культуры, пачынаючы з пачатку нашай глябальнай цывілізацыі, погляды і стылістыку свайго часу.
Гэты маленькі кавалачак паперу – паштовая марка – ня толькі ўводзіць краіну ў каталёгі цэлага сьвету, робіць яе больш вядомай, але становіцца сымбалем трываласьці народу, сьведчаньнем яго існаваньня.
25 гадоў першай Беларускай паштовай марцы. Канвэрт пошты Беларусі, выдадзены ў 2017
У гэтых апавяданьнях маркі становяцца незвычайным вакном у гісторыю краіны, у якой мы жывем, запрашаюць нас паслухаць паданьні пра таямнічае і чароўнае Вялікае Княства… Яны раскажуць пра багатую, шматслаёвую, захапляльную Гісторыю праз займальныя, часта прыгожыя, а часам і эксцэнтрычныя знакі паштовай аплаты. У той жа час трэба ўлічыць, што паштовая марка не адлюстроўвае ўвесь спэктр жыцьця. Яе зьмест залежыць найперш ад дзяржаўнага ладу краіны, ад самасьвядомасьці яе грамадзян, бо праект маркі ствараецца чалавекам і друкуюць марку ў дзяржаўных выдавецтвах. Таму тут дадзена слова ня толькі Беларускім маркам, як было задумана, але і маркам іншых краін, якія апавядаюць пра Вялікае Княства, бо адпаведных Беларускіх мрак няма… Паштовыя маркі Беларусі маюць вельмі кароткую гісторыю і колькасьць выдадзеных паштовых марак малая, недастатковая, каб адлюстраваць усю гісторыю Вялікага Княства. У кнізе ёсьць апавяданьні пра малазначные падзеі і адсутнічаюць некаторые вельмі значныя, бо ўсё залежыць ад таго, ці былі гэтыя падзеі адлюстраваныя на паштовых марках ці не…
Яшчэ асаблівасьць гэтых апавяданьняў такая, што яны бясконцыя, бо Гісторыя Вялікага Княства жывая, папаўняецца новымі зьвесткамі, новымі адкрыцьцямі, новымі выданьнямі марак… І новыя маркі будуць апавядаць новыя гісторыі ці дапаўняць ужо расказаныя. І гэта будзе матэрыял для наступнай кнігі апавяданьняў паштовых марак…
Папараць-кветка Гісторыі Народу
Далёка тое, што ёсьць, і глыбока-глыбока: хто дастане яго?
(Эклезіяст 7:23)
Вялікае Княства… Вялікае Княства нарадзілася на нашай зямлі ў выніку многавекавога падарожжа нашых продкаў па пакручастаму шляху Гісторыі, дасягнула найвышэйшага росквіту, стаўшы ўзорам для іншых, заняпала і зьнікла, разадраная кіпцюрамі зайздросных і драпежных суседзяў. Але ня зьнікла бясьсьледна, на што разьлічвалі ворагі, а стала для сваіх нашчадкаў таямнічай папараць-кветкай Гісторыі Народу… І хто знаходзіць гэтую папараць-кветку, пачынае разумець мову сваіх продкаў, перад ім раскрываецца ўся прыгажосьць роднай зямлі і сэрца напаўняецца любоў да Радзімы…
Любоўю да Радзімы напісаны Палянэз Агінскага Ля-мінор…
Палянэз «Разьвітаньне з Радзімай». Блёк пошты Беніну, выдадзены ў 2015
У картушы надпіс на францускай мове: 250-годзьдзе з дня нараджэньня Міхала Клеафаса Агінскага, кампазытара, пісьменьніка і дыплямата (1765—1833). На полі блёку ўверсе слова POLONEZ, ніжэй – ноты і фрагмэнт Рацлавіцкай панарамы (Бітва пад Рацлавіцамі 4 красавіка 1794).
Словы да Палянэзу напісаў Сокалаў-Воюш. Там ёсьць такія радкі:
Сонца праменьне стужкай вузкай
Ператкала помны вечар.
Край бацькоўскі, край мой Беларускі,
Я табе кажу на разьвітаньне:
«Да спатканьня, да сустрэчы».
Постаць на ростанях краiны.
Ранiць думкi шлях абраны.
Прагне сэрца ў родныя мясьціны
I Радзiмы вобраз ажывае
Растрывожанаю ранай.
Волi прагнуць волi,
Воля сьвет i доля.
Бронi звон ды конi,
Конi – клiч «Пагонi».
Крочым з багны ночы,
З ночы шлях прарочы.
Зноў залунае наш штандар,
Палыхне ўначы пажар,
I паходнаю трубой
Зноў пакліча нас з табой
на мужны бой
Мая Радзiма
край адзіны.
Да яго з выгнаньня
Шлях вяртаньня шлях змаганьня.
Вясна. Зараджэньне, нараджэньне, дзяцінства, юнацтва (ад пачатку па XIV стагодзьдзе)
Спачатку былі… шляхі-дарогі
Шляx – тaкcaмa вялiкaя дapoгa, aлe мae знaчэньне бoлeй шыpoкae i ўжывaeццa ў caмым paзнacтaйным cэнce. Мoжa пpaлягaць нe тoлькi пa зямлi, a i пa вaдзe – вoдны шляx, нaвaт пa нeбe – Млeчны Шляx, шляx дa iншыx плянeт – зopны шляx. Ёcць яшчэ жыцьцёвы шляx, бaявы шляx, гicтapычны шляx, a тaкcaмa – шляx як нaпpaмaк дзeйнacьцi, cпocaб i cpoдaк, якiмi дacягaeццa мэтa. Васіль Вітка
Сонечны Падарунак з Глыбіні Стагодзьдзяў
Звычайна гісторыя краіны ў кнігах пачынаецца з датаў і падзеяў. Я пачну Гісторыю нашай краіны з сонечнага каменя – Сонечнага Падарунку з Глыбіні Стагодзьдзяў. Так называе бурштын старажытнарымскі вучоны Пліні Старэйшы ў сваёй «Натуральнай гісторыі» згодна з легендай аб тым, што бурштын нараджаецца з сонечных прамянёў. Пра бурштын існуе мноства легендаў у многіх народаў. Грэкі называлі бурштын электронам – па назве зоркі Электра з сям'і Плеяд ў Сузор'і Цяляці. У старажытных грэкаў бурштын выклікаў асаблівую цікавасьць сваёй здольнасьцю электрызацыі.
Самае раньняе пісьмовае ўпамінаньне пра бурштын – клінапіс на абеліску Х стагодзьдзя да Р.Х., які знаходзіцца ў Брытанскім музэі.
Бурштын – адзін з першых каштоўных камянёў, што здабывалі і выкарыстоўвалі як упрыгожваньне і як лекавы сродак нашы продкі яшчэ ў часы палеаліту (450—12 тыс. да Р.Х.).
Бурштын. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2009. Марка Латвіі, выдадзеная ў 2020
У легендах бурштын найчасьцей узгадваецца як сьлёзы ці то з нагоды гора, ці то з нагоды радасьці. Але насамрэч вучоныя кажуць, што бурштын – гэта сьлёзы дрэў у выглядзе смалы, што «плакалі» мільёны гадоў таму і якія застылі, утварыўшы сонечны камень.
Бурштын называлі золатам Поўначы, золатам Славянскім або золатам Прыбалтыкі за яго лекавыя ўласьцівасьці, за яго прыгажосьць і лёгкасьць у апрацоўцы і за легендарныя магічныя ўласьцівасьці. І з гэтай нагоды бурштын набыў яшчэ і уласьцівасьць тавару.
Бурштынавы шлях упершыню згадвае «бацька гісторыі» Герадот (484 – 425 да Р.Х.), хаця шлях дзейнічаў за тысячагодзьдзі да яго нараджэньня: вырабы з балтыйскага бурштыну былі знойдзены ў грабніцы Тутанхамона. Напрыканцы I тысячагодзьдзя да Р.Х. з пашырэньнем гегемоніі Рыма ў Міжземнамор’і найбольш важным стаў вываз бурштыну па Вісьле – Бурштынавы шлях, які меў адгалінаваньне на Заходні Буг, а з II стагодзьдзя да Р.Х. пралягаў гандлёвы Бурштынавы шлях або Вялікі сонечны шлях і па Дзьвіне і па Нёмне, аб чым піша Кулакоў Уладзімір у кнізе «Нёманскі Бурштынавы шлях у эпоху вікінгаў». Заходняя Дзьвіна была добра вядомая старажытным грэкам і рымлянам і называлася Эрыдан, Рубон, Дуна або Дзіна.
Бурштынавы шлях паводле Абрагама Артэліуcа з XVI стагодзьдзя. Блёк пошты Польшчы, выдадзены ў 1993
Гісторыкі выказваюць думку, што гэта Рымскі імпэратар Нэрон (37—68) -неўтаймаваны тыран і неабмежаваны марнатраўца – загадаў нейкаму свайму цэнтурыёну наладзіць пастаўкі бурштыну з Балтыкі ў Рым…
Камень з агнём у жылахБурштын і вырабы з бурштыну насельніцтва нашых земляў атрымоўвала з Прыбалтыкі ў абмен на крэмневыя прылады працы.
Першыя крэмневыя прылады працы. Марка пошты Джэрсі, выдадзеная ў 2010
Крэмневыя прылады працы ў вялікай колькасьці і высокай якасьці варабляліся, пачынаючы з ІІІ тысячагодзьдзя да Р.Х. у Краснасельскім комплексе (цяпер Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласьці) па здабычы і вырабу крэмневых вырабаў.
Крэмень. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2009
Па падліках археолягаў тут было выкапана да некалькі тысяч шахтаў. Шахты захаваліся да цяперашняга часу і ў пасёлку Краснасельскім створаны музэй пра жыцьцё нашых далёкіх продкаў. Ca здабытага з кожнай выпрацоўкі можна было змайстраваць да сотні сякер і іншых прылад. Яны ў асноўным прызначаліся для абмену.
Крэмневая шахта. Марка пошты Вялікабрытаніі, выдадзеная ў 2017
Бурштынавы скарб у сонечнае Міжземнамор'е перавозілі спачатку на лодках, а цягам стагодзьдзяў па нашым рэкам ужэ плылі гандлёвыя снеккары і кнорры, часам ваенныя суровыя драккары скандынаваў з галовамі цмокаў на носе карабля ды рымскія анерарыі, астаўляючы сьляды на шляху свайго падарожжа.
Драккар вікінгаў. Марка пошты Сьера Леонэ, выдадзеная ў 2019
Многа такіх «сьлядоў» засталося ў выглядзе манэт. Найбольш раньнія знаходкі належаць да часоў Аляксандра Македонскага і яго нашчадкаў. На Ашмяншчыне вядомая нават знаходка тэтрадрахмы Піліпа Другога – бацькі Аляксандра. Гэта срэбраная манэта, адбітая ў IV стагодзьдзі да Р. Х. Трапляецца і Пталямееўскі Егіпет ІІІ стагодзьдзя да Р.Х., а таксама манэты рэспубліканскага Рыму ІІ стагодзьдзя, яшчэ да Цэзара. Зрэдку – манэты грэцкіх калоніяў на Чорным моры: Ольвіі, Пантыкапею.
Тетрадрахм Піліпа Другога з галавой Зеўса. 359 – 336 да Р. Х. Марка пошты Грэцыі, выдадзеная ў 1956
Бурштынавы шлях заняпаў толькі ў сярэднявечча, калі зменшыўся попыт на бурштын і Прычэрнамор'е было захоплена мусульманскай Турцыяй. Але гандаль таварамі не прыпыняўся і на зьмену Бурштынаваму шляху прыйшоў Шлях «з варагаў у грэкі», які праіснаваў па XII стагодзьдьдзе. На тэрыторыю нашай краіны прыпадала важная частка гэтага шляху праз балтыйска-чарнаморскі водападзел, які трэба было пераадольваць па сушы. Караблі перацявалі, валаклі па напрамку, які злучаў Дзьвіну з Дняпром. Валокі бралі пад кантроль ураднікі, якія займаліся зборам «валочнага» падатку-мыта. У такіх месцах ўзьніклі першыя гарады і дзяржавы на нашых землях: Полацкае княства на Заходняй Дзьвіне, Смаленскае-на Дняпры і Тураўскае-на Прыпяці.
Старажытныя гандлёвыя шляхі. Счэпка «Шлях з варагаў у грэкі». Высадка скандынаўскіх маракоў. Славяне на баявой ладзьдзі. Сумесны выпуск Украіны і Эстоніі ў 2003
На верхняй марцы манэта дацкага караля Свэнда Эстрыдсена, а ў нізе маркі надпіс «Полоцьк». На ніжняй марцы срэбная манэта князя Уладзіміра Сьвятаслававіча.
Апісаньне маршруту ёсьць у «Аповесьці часовых гадоў» і ў творы бізантыйскага імпэратара Канстанціна VII Чырвонага «De administrando imperio» («Аб кіраваньні імпэрыяй»; складзена ў 943—953). Узьнік у канцы IX – пачатку X стагодзьдзяў, заняпаў у 1204, пасьля разбурэньня крыжакамі Канстантынопалю, у выніку чаго цэнтар сьветавога гандлю перамясьціўся ў Вэнэцыянскую рэспубліку, што вядзе да яе росквіту і страты Кіевам і Полацкам свайго стратэгічнага значэньня. Купцы, якія дабіраліся ў Канстантынопаль за 40—50 дзён, везьлі ў Бізантыю хлеб, рамёствы, срэбра ў манэтах, рабоў, футра, мёд, воск, а таксама тавары са Скандынавіі і Прыбалтыкі (зброю, бурштын). З поўдня па Дняпры везьлі віно, спэцыі, садавіну, дарагія тканіны, ювэлірныя вырабы, шкляны посуд. Дарэчы, нашы продкі пісалі і на васковых таблічках.
Байдак. Казацкая «Чайка». Маркі пошты Украіны, выдадзеныя ў 1999
Бізантыйскі імпэратар Канстанцін Багрянародны (905—959) расказвае: «Славяне, падуладныя Русі, імёны крывічы і лучаны, а іншыя славяне сякуць дрэвы на лодкі ў зімовы пэрыяд, апрацоўваюць іх, а калі надыходзіць час, калі растане лёд, апускаюць у бліжэйшыя азёры. І як толькі іх спускаюць у Дняпро, яны ідуць па гэтай рацэ, прыходзяць у Кіеў…».
Цікава, ці могуць маркі расказаць, што адбывалася вакол нас ў сьветавой гісторыі?
P.S. Падарожжа ў сьветавую гісторыю
Мэсапатамія – калыска чалавецтваУжо з пачатку 4 тысячагодзьдзя да Р.Х. на землях Мэсапатаміі (Міжрэчча) узьнікла калыска, асяродак найбольш старажытнай цывілізацыі. Культура Мэсапатаміі прынесла чалавецтву пісьменнасьць, заканадаўства, эпічную паэзію, кола… Тут у Мэсапатаміі магчыма быў райскі сад Эдэм, у якім жылі першыя створаныя Богам людзі Адам і Ева, а каля 1850—1750 гадоў перад нараджэньнем Хрыста, ці каля 4000 тысяч гадоў таму, жыў Біблейскі Абрам. Роднай мясьцінай Абрама быў Ур на паграніччы паміж сучаснымі Іракам і Кувэйтам на поўнач ад Пэрсідзкай затокі. Адлюстравана гэта месца на марцы Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, прысьвечанай Мэсапатамскай цывілізацыі, дзе кругам вылучаны Ур.
Мэсапатамская цывілізацыя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012
Мэсапатамская цывілізацыя праіснавала па 12 кастрычніка 539 да Р.Х., калі Пэрсідзкае войска захапіла Бабілён і настаў канец гісторыі Старажытнай Мэсапатаміі, як палітычна самастойнага рэгіёну.
Перад стваральнікамі падобных марак паўстала вельмі складанае заданьне, што адлюстраваць на марцы, каб найдасканалей перадаць сутнасьць цывілізацыі… Як у іх атрымалася, вырашайце самі.
Цывілізацыя фараонаў і пірамідСтаражытны Егіпет займаў тэрыторыю ў даліне і дэльце Нілу ў Паўночна-Усходняй Афрыцы. Праіснавала Эгіпецкая цывілізацыя з канца 4 тысячагодзьдзя да Р.Х. да 332 да Р.Х., калі Егіпет заваяваў Аляксандр Македонскі.
Эгіпецкая цывілізацыя. Блёк пошты Сан-Тамэ і Прынсіпі, выдадзены ў 2008 і блёк пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзены ў 2012
Культура Эгіпецкай цывілізацыі застаецца адной з самых загадкавых і таямнічых у сьвеце. У 1280 да Р. Х. Маісей выводзіць свой народ з Эгіпту і каля 1280—1240 атрымлівае Дзесяць Божых Запаведзей на гары Сінай.
У 1995 у рамках 100-годзьдзя кіно ў Танзаніі была апублікаваная сэрыя паштовых марак і блёк, які паказвае амэрыканскага акцёра Тэадора Робертса ў вобразе Майсея ў фільме «Дзесяць Запаведзяў», які дэманстраваўся ў 1923. Майсей назірае, як Бог піша Запаведзі на каменных плітах.
Дзесяць Запаведзяў. Кадар з фільму. Блёк пошты Танзаніі, выдадзены ў 1995
Краіна АрыяўУ наш час працягваюць сваё існаваньне дзьве старажытныя цывілізацыі – індыйская і кітайская. Індыйская цывілізацыя ўзьнікла прыблізна ў 3 тысячагодзьдзі да Р.Х. і разьвівалася ў даліне рэк Інд і Ганг. Ужо ў старажытнасьці аб Індыі ведалі як пра «краіну мудрацоў». Яе жыхары першымі ў сьвеце навучыліся вырошчваць рыс, бавоўнік, цукровы трысьнёг, першымі пачалі разводзіць хатнюю птушку. Індыя падаравала сьвету лічбы, вядомыя як «арабскія», таму што перайшлі праз пасярэдніцтва арабаў, дзесятковую сыстэму рахунку, а таксама такую вялікую гульню, як шахматы. Каставая сыстэма забясьпечвала захаваньне рэлігіі індуізму і на працягу стагодзьдзяў забясьпечвала стабільнасьць індыйскай цывілізацыі. Незвычайна важная асаблівасьць Індыйскай цывілізацыі – відавочная зьвернутасьць да Сусьвету і адначасова да ўнутранага сьвету чалавека, надзвычайную «прасякнутасьць» пачуцьцём каханьня…
На блёках адлюстравана Цывілізацыя даліны Інда, або Харапская цывілізацыя, названая ў гонар старажытнага горада Харапа, – цывілізацыя бронзавага веку, тэрыторыя якой распасьціралася вакол даліны ракі Інд (сучасны Пакістан і яго навакольлі) прыкладна з 2600 да Р.Х. да 1900 да Р.Х.– першы пэрыяд Індыйскай цывілізацыі.
Цывілізацыя даліны Інда, або Харапская цывілізацыя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012
Паднябесная цывілізацыяЦывілізацыя ў Старажытным Кітаі склалася прыблізна на мяжы 3—2 тысячагодзьдзяў да Р.Х. і, захаваўшы пераемнасьць традыцый, адметных рыс духоўнай і матэрыяльнай культуры, працягвае існаваць у сучасны пэрыяд. Кітайскае грамадзтва сфарміравалася ў басэйне ракі Хуанхэ (Жоўтай ракі). Найстаражытнейшым знойдзеным формам кітайскага пісьма 1600 гадоў. Падчас праўленьня першага імпэратара ў III стагодзьдзі да нашай эры пачалося будаўніцтва Вялікай сьцяны (фартыфікацыйная сыстэма), якая праіснавала да 16 стагодзьдзя, асноўнай яе функцыяй была абарона дзяржавы ад набегаў іншых народаў. Кітайцы лічылі, што іх краіна знаходзіцца ў цэнтры сьвету. Улада імпэратара была рэлігійна санкцыянаваная, а яго называлі сынам неба.
Кітайская цывілізацыя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012
Прадаючы паперу, шоўк і фарфор, Кітай праславіўся на ўвесь старажытны сьвет. Для гандлю кітайцы выкарыстоўвалі Шаўковы шлях, заснаваны ў II стагодзьдзі да Р. Х. Найважнейшым філязофска – этычным вучэньнем, якое стала пануючай рэлігіяй у Старажытным Кітаі, было канфуцыянства, стваральнікам якога на мяжы VI і V стагодзьдзяў да Р.Х. быў мысьляр Канфуцый. Па глыбіні эстэтычнага і паэтычнага пранікненьня ў быцьцё прыроды Кітайская цывілізацыя, бадай, ня мае сабе роўных. Мае вялізныя дасягненьні ў навуцы і тэхніцы. Кнігі ў Кітаі пачалі друкаваць у ІІ стагодзьдзі, а ў Эўропе – у XV. Сучасны Кітай займае 1-е месца ў сьвеце паводле колькасьці насельніцтва (1,404 млрд) і па абсягу замежнага гандлю. Краіна характарызуецца і як патэнцыйная звышдзяржава.
Аснова Эўрапейскай культурыКультура Старажытнай Грэцыі і старажытнага Рыму традыцыйна называецца «антычнай культурай», бо яна была самай старажытнай з усіх вядомых культур у Эўропе ў эпоху Адраджэньня (15—16 стагодзьдзі).
Легендарная гісторыя Старажытнагрэцкай цывілізацыі налічвае амаль 30 стагодзьдзяў, пачынаючы з раньняй Мінойскай цывілізацыі, якая ўзьнікла на Крыце 2800—1100 да Р.Х., заканчваючы Эліністычным пэрыядам (323—146 да Р.Х.), калі Грэцыя становіцца лёгкай здабычай для Рымлян, якія цалкам заваявалі дзяржаву ў 147—146 да Р.Х.
Эгейская цывілізацыя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012
Антычная Грэчаская культура стала асновай усёй Эўрапейскай культуры. Менавіта ў старажытнагрэчаскай культуры сфарміраваліся адносіны да чалавека як да «меры ўсяго існага», вышэйшай каштоўнасьці. Першы пераклад Бібліі Старога Запавету быў зроблены з габрэйскай мовы на грэчаскую. Гэты пераклад вядомы як Сэптуагінта (ад лацінскага «семдзесят», па легендзе пераклад выконвалі семдзесят вучоных) быў зроблены ў Эгіпце для казачнай Александрыйскай бібліятэкі.
Блёкі прысьвечаныя першаму пэрыяду Старажытнагрэцкай цывілізацыі – Эгейскай цывілізацыі бронзавага веку ў 3000—1000 да Р.Х. на астравах Эгейскага мора, Крыце, у мацерыковай Грэцыі і Малой Азіі (Анатолія).
Рымская цывілізацыя«Наўрад ці знойдзецца чалавек, настолькі легкадумны і абыякавы да навакольнага жыцьця, які б не зацікавіўся пытаньнем аб тым, якімі сродкамі, якімі прыёмамі палітыкі рымляне ў прамежак меншы 53 гадоў перамаглі амаль усе краіны населенага сьвету і падпарадкавалі іх сваёй адзінай уладзе, – факт у гісторыі бяспрыкладны», – адзначаў старажытнагрэцкі гісторык Палібій і меў рацыю.
З невялікага паселішча на Тыбры за некалькі стагодзьдзяў вырас магутны горад, які затым пабудаваў магутную і велізарную імпэрыю.
Рымляне былі выдатнымі будаўнікамі і інжынэрамі. Яны вынайшлі бэтон, дзякуючы якому маглі ўзводзіць у сваіх гарадах велізарныя будынкі – храмы, тэрмы, амфітэатры або базылікі. Ваду з крыніц у бліжэйшых гарах прыносілі ў гарады каменныя аквэдукі. Рымскае права стала ўзорам ці правобразам прававых сыстэм многіх іншых дзяржаў.
Антычная Рымская цывілізацыя аказала надзвычайнае ўзьдзеяньне на культурнае разьвіцьцё чалавецтва. Праіснавала яна каля 12 стагодзьдзяў – прыблізна з 8 стагодзьдзя да Р.Х. да 476 па Р.Х., да заваяваньня варварамі. Старажытнарымская культура многае пераняла з культуры суседніх народаў, найбольш у Грэкаў. Галоўнымі ідэаламі Рымскай цывілізацыі былі патрыятызм, вернасьць грамадзянскаму абавязку, ушанаваньне багоў, павага да продкаў, выкананьне законаў, перакананьне ў богавыбранасьці рымскага народу і што Рым цэнтар сьвету.
Рымская цывілізацыя. Блёкі пошты Гвінэі-Бісаў, выдадзеныя ў 2003
За сотні гадоў да нараджэньня Хрыста ў Бібліі былі запісаныя словы прарокаў Ізраіля, якія прадказвалі Яго прышэсьце. У Старым Запавеце, які пісаўся многімі людзьмі на працягу 1500 гадоў, зьмешчана больш за 300 прароцтваў гэтай падзеі. Першае зь іх выказана з вуснаў Бога ў прысудзе зьмею. Гэта быў плян выратаваньня грэшнага чалавека і вяртаньня яму бесьсьмяротнасьці: «І варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе: яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту». (Быцьцё 3:15). Прароцтва збылося ў Рымскай імпэрыі. Калі Марыя была ўжо цяжарнай, выйшаў загад Рымскага кесара Аўгуста. Дзе хто не жыў, дзеля перапісу павінен прыйсьці ў тое месца, дзе жылі яго продкі. Язэп і Марыя паходзілі з роду цара Давіда, таму павінны былі ісьці ў Віфлеем. Пакуль цяжарная Марыя змагла дабрацца да месца, усе дамы былі запоўнены прыйшоўшымі людзьмі. Свабоднай была толькі пячора, куды заганялі авечак у час непагоды. Тут у пячоры, уся мэбля якой складалася зь ясьляў з саломай, нараджаецца Збаўца.
Слова становіцца целам і пасяляецца між намі, Бог становіцца чалавекам. Многа разоў у розныя спосабы Бог прамаўляў да чалавека. Цяпер прамовіў да нас праз Свайго Сына!
Божае Нараджэньне з алтара Бад-Вільдунгена. Конрад фон Зост (1370 – 1422). Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1971
У 386 вучоны Еранім пасяліўся ў Віфлееме і пачаў перакладаць Біблію на лацінскую мову. Праз 23 гады ён закончыў працу. Вульгата ці «народная» вэрсія Бібліі Ераніма была адзінай Бібліяй да 1609, якой карысталася Рыма-каталіцкая царква.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?