Текст книги "Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства"
Автор книги: Лявон Карповіч
Жанр: Хобби и Ремесла, Дом и Семья
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 3 (всего у книги 16 страниц) [доступный отрывок для чтения: 5 страниц]
У гэтым жа 1101, калі памёр Усяслаў Чарадзей, у Полацкім княстве ў сям'і малодшага сына Усяслава Чарадзея Сьвятаслава-Георгія нарадзілася дзяўчынка, якой наканавана было стаць знакавай постацьцю для ўсяго сьвету. Праўда, гісторыкі падаюць розныя даты нараджэньня ўнучкі Чарадзея– і 1104, і 1110, і 1120… Дзяўчынку назвалі крывіцкім імем Прадслава. Калі ёй споўнілася дванаццаць гадоў і сталі сватацца жаніхі, Прадслава таемна ад бацькоў прыйшла ў манастыр і пад імем Эўфрасіньні прыняла пострыг, каб служыць Богу і свайму народу. І ўсё жыцьцё яна выконвала гэтую службу. Вымольвала ў Бога прабачэньне для яе народу, перапісвала Біблію, перакладала кнігі, адчыняла вучэльні, манастыры, храмы, вучыла дзетак… У «Жыціі…» апавядаецца, што ў сьне Эўфрасіньні зьявіўся Анёл, як і за руку прывёў яе ў прадмесьце Сяльцо і сказаў «Тут належыць быць табе». Эўфрасіньня перасялілася ў Сяльцо і заснавала ў ім жаночы Спаса-Эўфрасіньеўскі манастыр.
Тут па даручэньню Эўфрасіньні меркавана паміж 1152 і 1159 гадамі дойлід Іаан за трыццаць тыдняў будуе Спаса-Перамяненскую царкву, якую лічаць вяршыняй дойлідзтва Полаччыны. У кельлі гэтай царквы прайшла значная частка жыцьця Эўфрасіньні Полацкай і яе сястры.
Зьнешні выгляд храма не захаваўся. У 1833 яго перабудавалі да непазнавальнасьці. У 2015 годзе археолягі ўстанавілі, што храм у першапачатковым выглядзе быў значна большы. У свой час да яго былі прыбудаваны галерэі, а з боку ўваходу знаходзіўся крыты ганак – экзанартэкс.
Спаса-Эўфрасіньнеўскі Полацкі манастыр. Сучасны выгляд. Марка пошты Расеі, выдадзеная ў 2004
5 студзеня 2001 выйшаў у абарачэньне паштовы блёк «900 гадоў з дня нараджэньня Эўфрасіньні Полацкай».
Блёк «900 гадоў з дня нараджэньня Эўфрасіньні Полацкай», выдадзены поштай Беларусі ў 2001
На адкрытай старонцы словы з кнігі «Жыціе Эўфрасіньні Полацкай»: «Прыйдзіце ўсе, хто жыве ангельскім жыцьцём у пустэльнях…». Працяг гэтага сказу такі: «і ў гарах: старыя – адкінуўшы немач, маладыя – скачучы, быццам алені, – сыдзіцеся ўсе. Хачу бо даць вам трапэзу з такіх страваў, каб, паеўшы, узьвесялілі вы свае душы. Бо гэтая трапэза ад страваў нятленных – не тая, што дае асалоду гартані і чэрава насычае, але тая, што душу весяліць і розум умацоўвае на добрыя дзеі». «Жыціе Эўфрасіньні Полацкай» узьнікла ў канцы ХІІ ці ў першай палове ХІІІ стагодзьдзя і зьяўляецца асноўнай крыніцай зьвестак пра дзейнасьць і лёс славутай Полацкай асьветніцы, нябеснай заступніцы Беларусі. Аўтар Жыція невядомы. Справа ад партрэту Эўфрасіньні сучасны выгляд Спаса-Перамяненскай царквы.
Белпошта яшчэ двойчы прысьвяціла свае маркі Спаса-Перамяненскай царкве.
Спаса-Перамяненская царква на марках пошты Беларусі, выдадзеных у1992 і 2000
Храм расьпісаны ўнікальнымі фрэскамі, якія на 90 працэнтаў захаваліся. Усе роспісы выкананы ў тэхніцы па сырой вапнавай тынкоўцы, што забяспечыла захаванасць роспісу. Дзякуючы фрэскам вядомы першапачатковы выгляд царквы і верагодны партрэт Эўфрасіньні.
Пошта рэспублікі Беларусь у 2000 сумесна з поштамі Украіны і Расеі выпусьціла блёк «2000-годзьдзе Хрысьціянства». На адной з трох марак блёка (пасярэдзіне) знаходзіцца рэпрадукцыя дэталі фрэскі Спаса-Перамяненскай царквы Дэісус (Дээсіс або Дэізіс) Хрыстос у Велічы або Хрыстос Пантакратар на троне з кнігай.
2000-годзьдзе хрысьціянства. Блёк сумеснага выпуску поштаў Беларусі, Ураіны і Расеі ў 2000
У кастрычніку 2017 года поштай Рэспублікі Беларусь быў выпушчаны марачны блёк у гонар 1025-годзьдзя Полацкай эпархіі, які заняў 6-е месца на сусьветным конкурсе марак у Аўстрыі, а яго ўрачыстая прэзэнтацыя адбылася ў Сафійскім саборы ў Полацку. Блёк уключае тры маркі, на якіх намаляваны тры праваслаўныя храмы – Сафійскі сабор і Спаса-Перамяненская царква ў Полацку і Дабравешчанская царква ў Віцебску.
На полі блёку фрэскі з Спаса—Перамяненскай або Спаса-Эўфрасіньнеўскай царквы ў Полацку, узьведзенай у XII стагодзьдзі. У ніжнім левым куце Апосталы. Дэталь кампазыцыі Уваход Гасподні ў Іерусалім. Уверсе – Дэісус (Дээсіс або Дэізіс, Хрыстос у Велічы або Хрыстос Пантакратар на троне з кнігай і побач Дзева Марыя і Сьвяты Ян Хрысьціцель). Фрэска ў кельлі прападобнай Эўфрасіньні. Правы ніжні кут – Сьвятая Эўхарыстыя, Прычашчэньне хлебам (дэталь).
1025-годзьдзе Полацкай эпархіі. Блёк, выпушчаны поштай Рэспублікі Беларусь у 2017
Для Спаса-Перамяненскай царквы свайго манастыру Эўфрасіньня заказала ў полацкага ювэліра Лазара Богшы Крыж-каўчэг. Крыж быў створаны ў 1161 і стаў ня толькі прыкладам высокага ювэлірнага мастацтва, але сымбалям Сьвятасьці і Дзяржаўнасьці старажытнай Беларусі.
Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Першая паштовая марка Незалежнай Рэспублікі Беларусь, выпушчаная ў абарачэньне 20 сакавіка 1992
АЛягічна, што, калі пачала працаваць пошта Незалежнай Беларусі, першай выдадзенай маркай стала марка з выявай Крыжа Эўфрасіньні Полацкай..
Крыж Эўфрасіньні Полацкай зьяўляецца Крыжом-каўчэгам, бо ў падпісаных гнёздах Крыжа знаходзяцца найкаштоўнейшыя хрысьціянскія рэліквіі: кавалачак Крыжа, на якім быў расьпяты Хрыстос, з кроплямі крыві Ісуса і драбок каменю ад дамавіны Божай Маці.
Падчас знаходжаньня нашай краіны пад Расейскай акупацыяй у 1941 годзе, калі ішла Другая Сьветавая вайна, савецкімі ўладамі быў дадзены загад вывезьці Крыж з Беларусі. У выніку Крыж бясьсьледна зьнік. Да гэтага часу пошукі Крыжа не далі плёну. У 1992 кіраўнікі краін СНД падпісалі пагадненьне аб вяртаньні гістарычных каштоўнасьцяў дзяржавам іх паходжаньня. Гэта абудзіла надзею. Але Расея не прызнала гэтага пагадненьня, а ў 1997 Дзярждума Расеі прыняла Закон аб рэстытуцыях, які адмаўляе вяртаньне ўкрадзеных каштоўнасьцяў іх уладальнікам. Таму ў 1992 па ініцыятыве Згуртаваньня Беларусаў Сьвету (ЗБС) «Бацькаўшчына» прымаецца рашэньне аднавіць Сьвятыню, стварыць матэрыяльны вобраз.
Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Наддрукоўка тэксту «адноўлены і асьвечаны ў верасьні 1997» і новага наміналу «3000» на марцы №1. У звароце з 8 сьнежная 1997
Крыж, узноўлены па вобразу і падабенству ўзьвіжальнага Крыжа Эўфрасіньні Полацкай мастаком – ювэлірам Міколам Кузьмічом, 6 сьнежня 1997 хросным ходам быў унесены на спрадвечнае месца Сьвятыні-у Спасаўскі храм.
«Сьвятыні сыходзяць, калі мы становімся нявартымі іх, і вяртаюцца, калі Душы імкнуцца да навяртаньня, сьвятла і волі…».
21 сакавіка 2011 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэньне два паштовыя блёкі і КПД «850-годзьдзе стварэньня Крыжа Эўфрасіньні Полацкай».
Уверсе блёку малюнак Эўфрасіньні Полацкай з Крыжам у правай руцэ і храмам Спаса – у левай.
850-годдзьдзе стварэньня Крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2011
Беларускі блёк «850-годзьдзе стварэньня крыжа Эўфрасіньні Полацкай» увайшоў у лік дзесяці лепшых марак сьвету на штогадовым міжнародным конкурсе «Вялікі прыз выставы WIPA».
Калі 8 ліпеня 1993 у Менску ў будынку Тэатра опэры і балету пачаў сваю працу Першы зьезд Беларусаў сьвету, то Белпошта адгукнулася на гэту падзею выданьнем паштовай маркі з відарысам эмблемы зьезду з стылізаванай фігурай Эўфрасіньні Полацкай. Акрамя маркі з эмблемай зьезду быў выдадзены канвэрт і картмаксімум з адпаведным штэмпэлем.
Картмаксімум, прысьвечаны Першаму зьезду Беларусаў Сьвету, выдадзены поштай Беларусі ў 1993
Пра дзейнасьць Эўфрасіньні Полацкай, пра яе заслугі перад нашай нацыяй і ўзьдзеяньне на нашы душы лепш, чым напісана ў «Жыціі Эўфрасіньні Полацкай», сказаць нельга: «Была яна дапамогай пакрыўджаным, суцяшэньнем смуткуючым, распранутым – адзеньнем, хворым – наведаньнем ці, проста кажучы, – для ўсіх была ўсім. Эўфрасіньня сэрца сваё паіла Божаю мудрасьцю. Эўфрасіньня – незьвядальны квет райскага саду. Эўфрасіньня – арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду і да ўсходу, як промень сонечны, прасьвятліў зямлю Полацкую».
Полацкае княства ўваходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага (1307)На пачатку XIII стагодзьдзя ў Полацку і Літвы зьявіўся агульны вораг – крыжакі. Крыжакі заснавалі крэпасьць Рыгу (1201), чым перакрылі палачанам гандлёвы шлях да Скандынаўскіх краінаў. Адтуль пачалася экспансія крыжакоў у сфэру ўплыву Полацку. У 1208 крыжакі захапілі Кукенойс, у 1209 разрабавалі і спалілі Герцыке. Ніжняе Падзьвіньне перайшло да крыжакоў. У такіх умовах палачане ўсё часьцей выступалі супраць крыжакоў разам з літоўцамі. У 1262 Полацкае веча запрасіла на княжаньне Літоўскага князя Таўцівіла. Полацк уваходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага.
Вялікі Князь Літоўскі Віцень (1295—1316). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 2023
Датай уваходжаньня лічыцца 1307 год, калі ў Полацку пачаў княжыць брат Віценя Воін.
P.S.
Ваенны паход унука Чынгісхана Батыя на захад пачаўся ў 1235. Русь у першай палове трынаццатага стагодзьдзя не ўяўляла такой ваеннай сілы, як у папярэднія стагодзьдзя. Падзел, зьдзейсьнены Яраславам Мудрым у 1054 годзе, прывёў да поўнага палітычнага распаду рускіх зямель. Адсутнасьць адзінства значна ўскладняла сутыкненьне з пагрозай, якую прадстаўлялі манголы. Прайшоўшыся па Русі, спустошыўшы найбуйнейшыя цэнтры, манголы скрупулёзна зьбіралі зьвесткі аб Заходняй Эўропе: пра эканамічнае, палітычнае, сацыяльнае становішча Эўропы таго часу. Да эўрапейцаў жа даходзілі толькі чуткі пра манголаў, якія распавядаліся бежанцамі.
Заваяваньні манголаў. Блёк пошты Беніну, выдадзены ў 2018
У 1241 манголы захапілі Польшчу, Вэнгрыю. Затым манголы ўварваліся ў землі Букавіны, Малдавіі і Румыніі. Улетку 1241 года Субудай распрацоўваў пляны ўварваньня ў Італію, Аўстрыю і Германію. У канцы сьнежня перадавыя атрады манголаў перайшлі Юлійскіе Альпы і накіраваліся ў Паўночную Італію, а разьведчыкі падышлі па Дунайскай раўніне да Вены.
Правадыром усіх галоўных ваенных заваявальных заходніх паходаў мангола – татараў ва Усходнюю Эўропу быў унук заснавальніка Мангольскай імпэрыі Цемучына (Чынгісхана) хан Батый, заснавальнік велізарнай Залатой Арды, якая распасьціралася ад Іртышу да Дунаю са сталіцай у Сарай-Бату на ўсходнім беразе Волгі.
Хан Батый. Блёк пошты Манголіі, выдадзены ў 2013
Раптам з сталіцы Вялікай Мангольскай імпэрыі з далёкага Каракаруму да Бату-хана прыбыў ганец і прынёс вестку пра тое, што памёр сын і пераемнік Чынгісхана Угэдэй. Закон абвяшчаў, што пасьля сьмерці кіраўніка ўсе нашчадкі роду, дзе б яны ні знаходзіліся, павінны вярнуцца ў Манголію і прыняць удзел у выбарах новага хана. Так, у ваколіцах да сьмерці перапалоханых Вэнэцыі і Вены мангольскія тумены вымушаныя былі разгарнуцца і рушыць назад у Каракарум. Сьмерць Угедэя выратавала Эўропу. Ды перад сіламі манголаў першапачаткова была пастаўлена задача правесьці выведвальны паход (падобна паходу на Русь 1223), а канчатковае заваяваньне меркавалася ажыцьцявіць пазьней.
Тураўскае княства
Паўднёвы камень нашай дзяржаўнасьціТры пранароднасьці – продкі сучасных Беларусаў крывічы, дрыгавічы і радзімічы заснавалі першыя дзяржаўныя ўтварэньні, якія лічацца Беларускімі: Полацкае княства крывічаў, Тураўскае княства дрыгавічоў і Смаленскае княства крывічаў. Радзімічам гэтага зрабіць не ўдалося, бо яны ўвайшлі ў склад Чарнігаўскага (украінскага) княства. Тураўскае і Смаленскае княствы з 10 па 12 стагодзьдзі трапілі ў залежнасьць ад Кіеўскіх князёў. З сярэдзіны ХІІ стагодзьдзя Тураўскае княства становіцца самастойнай зямлёй-дзяржавай. Пры князю Гедыміну Турава-Пінская зямля ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). І Тураўскае і Смаленскае княствы таксама наша спадчына. Ці паштовыя маркі могуць нешта паведаміць пра іх?
Тураў – сталіца княства ўпершыню ўзгаданы ў «Аповесьці мінулых гадоў»: «А Рагвалод прыйшоў калісь з-за мора, і меў уладу сваю ў Полацку, а Туры – у Тураве, ад яго ж і тураўцы празваліся». Да 980 Тураўскае княства яшчэ было самастойным. У яго склад уваходзілі вядомыя па летапісах гарады Пінск, Берасьце, Слуцк, Клецк, Чартарыйск і Дубровіца. У 1005 у Тураве была заснавана эпіскапская катэдра. Аб адкрыцьці катэдры паведамляецца ў артыкуле (Устаўной грамаце), якая зьмяшчаецца ў Кіеўскім Патэрыку 17 стагодзьдзя рэдакцыі архімандрыта Язэпа Трызны пад назвай «Тураўскай эпіскапіі запавет блажэннага Уладзіміра». Сярод гарадоў, якія першапачаткова ўваходзілі ў межы Тураўскай эпархіі, называюцца: Пінск, Берасьце, Гародня, Ваўкавыск, Зьдзітаў, Навагародак, Слуцк…
Але маркі нам апавядаюць толькі пра Кірыла Тураўскага (1110—1182). Менавіта вяршыняй культурнай спадчыны Тураўскай зямлі зьяўляецца шматграннае творчасьць гэтага вялікага кніжніка, паэта і прамоўцы, выбітнага царкоўнага дзеяча, рэлігійнага асьветніка, набожнага прапаведніка, які заслужана названы «Златоустом, просиявшим паче всех на Руси».
Кірыла Тураўскі. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1996
Творы вялікага мысьляра на працягу стагодзьдзяў перапісваліся, уваходзілі ў склад розных зборнікаў і дзякуючы разьвіцьцю кнігадрукаваньня сталі шырока распаўсюджвацца па ўсёй Эўропе ў другой палове XVI стагодзьдзя. Прапаведнік быў дарадцам і настаўнікам многіх выбітных людзей свайго часу. У 1984 годзе выбітны асьветнік, філёзаф, мысьляр быў прылічаны да Сабору Беларускіх Сьвятых і дзень яго памяці адзначаецца штогод 11 траўня.
11 траўня 2013 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў зварот паштовы блёк «Выдатныя асобы Беларусі. Кірыл Тураўскі».
Канвэрт першага дня з блёкам «Выдатныя асобы Беларусі. Кірыл Тураўскі», выдадзены поштай Беларусі ў 2013
На канвэрце: Сьпіс «Слова на Ушэсьце Гасподняе» Кірылы Тураўскага XIII стагодзьдзя, Паўсядзённыя малітвы Кірылы Тураўскага (Вільня, 1596), старонкі з кнігі «Штодзённыя малітвы» з малітвай Кірыла Тураўскага (пачатак XVII стагодзьдзя).
Да 1000 годзьзя Тураўскай эпархіі Белпошта прымеркавала марку. На марцы помнік Кірылу Тураўскаму. Сямімэтровы помнік (Аўтары – скульптар Міхаіл Інькоў, архітэктар – Мікалай Лук'янчык) усталяваны ў 1993 у Тураве. Яго магутны сылюэт, у аснове якога – Крыж бізантыйскай формы, здалёку праглядаецца пры пад'езьдзе да Замкавай гары.
Картмаксімум «1000 год Тураўскай эпархіі». На марцы помнік Кірылу Тураўскаму. Марка выдадзена ў 2005. На паштоўцы карціна Аляксея Марачкіна «Кірыла Тураўскі» (1987)
Помнікі Кірылу Тураўскаму пастаўленыя ў Гомлі, Тураве, Менску. Цэрквы Сьвятога Кірылы Тураўскага знаходзяцца ў Лёндане, Таронта і Нью-Ёрку.
У 2004 Тураў прымаў гасьцей на Дзень Беларускага пісьменства. Белпошта да гэтай даты выпусьціла марачны канвэрт.
Дзень Беларускага пісьменства. Тураў. Канвэрт пошты Беларусі, выдадзены ў 2004
На марцы выгляд прыстані старога Турава на рацэ Прыпяць у XIX стагодзьдзі. На канвэрце: партрэт Кірылы Тураўскага і выява Тураўскага Эвангельля на фоне горада Турава ў XIІ стагодзьдзі.
Амаль нічога не раскажуць маркі пра Смаленскае княства…
Нічога не раскажуць маркі пра Смаленскае княства, бо такіх марак няма… Смаленск належыць Расеі і, ня гледзячы на багатую гісторыю, у філятэліі Расеі гэта гісторыя не адлюстраваная. У ХІІІ стагодзьдзі ў складзе Смаленскага княства знаходзіліся такія месцы сучаснай Беларусі, як Амсьціслаў, Ворша, Копысь, Крычаў і Прапойск. Смаленск – старажытны горад крывічоў і сталіца адной зь першых дзяржаваў на этнічнай тэрыторыі Беларусаў, Магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну, першая сталіца Беларускай ССР (1—5 студзеня 1919).
1150 гадоў г. Смаленску. Марка пошты Расеі, выдадзеная ў 2013
На марцы намаляваная Смаленская крапасная сьцяна (1595—1602) і герб Смаленску. На палях паштовага блёка – кампазыцыя, якая ілюструе асобныя пэрыяды гісторыі Смаленску: залажэньне горада і фрагмэнт драўлянай сьцяны; Смаленская бітва вайны 1812 года і сьцяг пяхотнай дывізіі Невяроўскага; Смаленская бітва 1941 года і сьцяг 630 палку 107 стралковай дывізіі; дзяржаўны сьцяг Расейскай Фэдэрацыі і сьвяточнае шэсьце.
Да нашага часу тут захаваліся цэрквы Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла на Гарадзянцы, Яна Багаслова на Варажках і Сьвірская Сьвятога Міхала Арханёла, помнікі архітэктуры XII ст. з рысамі Полацкай і Смаленскай школаў дойлідзтва, Прачысьценская саборная царква з элемэнтамі магілёўскага барока і некалькі цэркваў XVII—XIX стагодзьдзяў, магутная фартэцыя з Каралеўскім бастыёнам і палац уніяцкага япіскапа, помнікі архітэктуры XVI—XVII стагодзьдзяў.
Смаленск. Агульны выгляд. Картмаксімум пошты Расеі, выдадзены ў 1909
На картмаксімуме вылучаецца Сабор Успеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы – катэдральны шасьціслупавы сабор Смаленскай эпархіі Рускай праваслаўнай царквы. Знаходзіцца ў цэнтральнай частцы горада Смаленску на Саборнай гары. Збудаваны на мяжы XVII і XVIII стагодзьдзяў у памяць аб абароне Смаленску ў 1609—1611 на месцы сабору XII стагодзьдзя ў стылі кіеўскага бароку.
Умелі будаваць, чытаць і пісаць
У 12 стагодзьдзі ў Заходняй Русі назіралася асабліва інтэнсіўнае будаўніцтва праваслаўных храмаў. У Полацку ў паказаны час было ўзьведзена не менш 10-ці манумэнтальных каменных цэркваў. У Гародні – 3 храмы. Царкоўнае каменнае дойлідзтва разьвівалася ў Тураве, Менску, Віцебску, Наваградку, Ваўкавыску. У многіх паселішчах узводзіліся драўляныя цэрквы. З таго часу да нашых дзён уцалелі храмы: Спаса-Перамяненскі ў Полацку, Сьвятых Барыса і Глеба (Калёскі) у Гародні, Благавешчаньня Прасьвятой Багародзіцы ў Віцебску.
Барысаглебская Калоская царква. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1992
Гароднянская паэтка Данута Бічэль так напісала пра Каложу:
Цудны Каложы снапок:
Кветка і Крыж,
Цуд гэты звыш,
Цуд гэты вытварыў Бог,
Так чалавек
Бы ня змог…
У горадзе Камянец Брэсцкай вобласьці знаходзіцца ўнікальны помнік архітэктуры і абарончага дойлідзтва другой палавіны XIII стагодзьдзя – непераможная Камянецкая вежа. Непераможная, бо яе ні разу не захапіў вораг.
Камянецкая вежа. 12—13 стагодзьдзі. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1992
Згодна з летапісамі, Камянецкая вежа ўзьведзена паміж 1276 і 1288 гадамі. Па загаду Галіцка-Валынскага князя Уладзіміра Васількавіча дойлід Алекса знайшоў месца, дзе ў хуткім часе зьявіліся горад з драўляным замкам і пяціярусная Вежа, вышынёй амаль 30 м, дыямэтрам 13,6 м і таўшчынёй сьцен 2,5 м.
Утварэньне княстваў, усталяваньне княжацкай улады, разьвіцьцё гаспадаркі і, асабліва, прыняцьце хрысьціянства выклікалі патрэбу ў ведах і пісьменнасьці. На нашых землях для рэлігійных патрэбаў асвойвацца Кірылічная азбука, складзеная ў 863 Кірылам і Мяфодзіем.
24 мая 2013 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэньне паштовы блёк «1150-годдзе славянскай азбукі Сьвятых братоў Кірыла і Мяфодзія».
«1150-годдзьдзе славянскай азбукі Сьвятых братоў Кірыла і Мяфодзія». Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2013
Адным з самых старажытных сьведчаньняў засваеньня кірылічнага пісьма крывічамі лічыцца надпіс «ГОРОУХША» на керамічным посудзе першай паловы 10 стагодзьдзя. Аб наяўнасьці пісьменнасьці сьведчаць надпісы на Барысавых камянях, знойдзеных у рэчышчы Заходняй Дзьвіны, надпіс на Рагвалодавым камяні каля Оршы. Мэталічныя пісалы для пісаньня на навошчаных дошчачках знойдзены ў Менску, Друцку, Наваградку, Ваўкавыску, Браславе… У Берасьці знойдзены драўляны грэбень з разьмешчанымі на ім літарамі славянскага алфавіту. Аб шырокім распаўсюджваньні пісьменнасьці пасьля прыняцьця хрысьціянства, сьведчаць шматлікія знаходкі пісал і асобных надпісаў, знойдзеных на розных прадметах побытавага характару.
Выключную каштоўнасьць маюць берасьцяныя граматы – бярозавая кара з літарамі, надрапанымі на ёй. Граматы знойдзены ў Віцебску і Мсьціслаўлі. Яны сьведчаць аб тым, што ў гарадах пісьменнай была частка простых гараджан, а іх дзеці навучаліся грамаце.
Берасьцяная пісьмо. Берасьцяныя граматы і піса́лы. Наўгародзкі музэй. Марка выдадзена поштай Беларусі ў 2008
На прывесцы маркі выява Полацкай Сафіі і найбольш раньняя берасьцяная грамата (XI стагодзьдзе), знойдзеная ў Ноўгарадзе. Яе напісаў Жыравіт, жыхар Полацку або Віцебску.
Аўтары спэцыяльных дасьледваньняў сьцьвярджаюць, што ня меней 10% нашых продкаў у 12—13 стагодзьдзях умелі чытаць і пісаць. Папулярнымі сталі кнігі. Найстаражытнейшыя, што дайшлі да нас, Тураўскае Эвангельле і Песьня пра паход Ігараў (арыгінал загінуў у 1812 падчас маскоўскага пажару).
«Слова пра паход Ігараў». Марка пошты СССР, выдадзеная ў 1957
Нашы продкі ня толькі ўмелі чытаць і пісаць, але бавілі час гульнёй у шахматы. Падчас раскопак на нашай тэрыторыі знойдзена 31 шахматная фігурка ў 16 месцах. Самая старажытная з Менску 11 стагодзьдзя.
У 2018 вышлі ў абарачэньне паштовыя маркі з сэрыі «Археалёгія. Шахматныя фігуры».
Археалёгія. Шахматныя фігуры. Маркі пошты Беларусі, выдадзеныя ў 2018
На полі марачнага лістка чытаем: «Шахматныя фігуры XI—XIV стагодзьдзяў – унікальныя знаходкі, якія паказваюць ня толькі тое, што нашы продкі гулялі ў інтэлектуальныя гульні, але і тое, што яны на высокім узроўні валодалі кастарэзным майстэрствам».
P.S.
У 10—13 стагодзьдзях пад уплывам традыцый старажытна-рымскага і бізантыйскага мастацтва ў Эўропе склаўся і быў распаўсюджаны Раманскі (ад лац. romanus – рымскі) стыль сярэднявечнага мастацтва. Архітэктура Раманскага стылю вызначалася дакладнасьцю форм, суровай мужнай прыгажосьцю, унушальнасьцю памераў і ўрачыстай сілай. Найбольш вядомымі помнікамі раманскай архітэктуры былі царква ў Клюні (11 ст.), царква Нотр Дам дзю Пор у Клермон-Феране (12 ст.), саборны ансамбль – Сабор Санта-Марыя Маджорэ, баптыстэрый і званіца (знакамітая Пізанская вежа) у Пізе (12—14 ст.).
У храме ў Клюні ўстаноўлена некалькі скульптур Багародзіцы, у тым ліку статуя Чорнай Мадоны (XVII ст.) – копія бізантыйскай скульптуры.
Царква Нотр Дам дзю Пор у Клермон-Феране (12 ст.). Картмаксімум пошты Францыі, выдадзены ў 1947
Пьяца дэі Міраколі (Плошча цудаў) – на ёй разьмясьціліся чатыры шэдэўры сярэднявечнай архітэктуры: Пізанскі сабор (1063—1118), Пізанская вежа, Баптыстэрый і могілкі Кампа-Санта.
Піза. Картмаксімум пошты Італіі, выдадзены ў 2012
Сэрца Плошчы Цудаў – сярэднявечны катэдральны сабор Санта-Марыя Асунта (Усьпеньня Найсьвяцейшай Панны Марыі).
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?