Текст книги "Прыгоды Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата"
Автор книги: Людміла Рублеўская
Жанр: Зарубежные приключения, Приключения
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 1 (всего у книги 18 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]
Людміла Рублеўская
Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата
Раман прыгодніцкі і фантасмагарычны
© Людміла Рублеўская, 2015
© ІП Янушкевіч А.М., 2015
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2015
Пралог
Мора ля прычалу смярдзела, як быццам русалкі пераквасілі капусту. Марскую, вядома.
Крываносыя чаіцы брыдка лаяліся хрыпатымі галасамі, забыўшыся, што калісьці карміліся з рук ангельскага святога Баўтрамея і вядуць свой род ад грэцкага князя Кеіка, ператворанага ў птушку. За што ператворанага? А не трэба было параўноўваць сябе са старым раўніўцам Зеўсам, а сваю жоначку – з фанабэрыстай Герай.
Пад бокам каржакаватага партовага маяка матросы ў чырвоных шапках і матросы ў белых шапках лупілі адзін аднаго ў славу родных караблёў, што гайдаліся непадалёк на далоні Ліёнскага заліва, падкурчыўшы ветразі, як вялізныя кажаны-альбіносы – крылы. Нешматлікія гледачы лена спрачаліся, чыя банда пераможа.
Нават Адысей, які дваццаць гадоў плыў да гэтага берага, завагаўся б – ці прычальваць?
Але Адысей быў усё-ткі царом, хоць і дробненькім. А простым людцам і тут было хлебна і рыбна. Порт Латэ гуў, нібыта павятовы сеймік у далёкай ліцвінскай Рэчыцы альбо Наваградку. Мінакі з мястэчка Манпелье, што знаходзілася непадалёк ад порта, у гарах, штурхаліся гэтак жа, як шляхцюкі ў дзвярах менскай ратушы.
Праўда, жанчыну з дзіцем на руках, якая стаяла, кагосьці чакаючы, на прасоленай морам брукаванцы ўзбярэжнай, ніхто штурхануць не насмеліўся б.
І не таму, што матрасня, загарэлая да чарнаты, докеры з аршыннымі плячыма ды партовыя гандляры, увішныя, як вугры, у слаўнай правінцыі Лангедок раптам пачалі шанаваць высакародных дам. Ну хаця б з нагоды нядаўняга вяселля шаснаццацігадовага дафіна з аўстрыяцкай прынцэсачкай Марыяй Антуанэтай. Не, наконт прынцэсачкі і ейнага нядошлага сужонца яны маглі толькі шчодра адсыпаць слоўцаў, салёных і вохкіх, як мора.
Проста тую жанчыну, што стаяла, трымаючы дзіця, на ўзбярэжнай порта Латэ, немагчыма было штурхануць – столькі годнасці і трывожнага чакання ў паставе. Не юная, але стройная і вытанчаная, як шахматная фігура. Скура бялюткая без пудры – дый увогуле пані пагарджала бяліламі, чырваніламі ды іншымі неабходнымі даме галантнымі рэчамі. Вялізныя сінія вочы праніклівыя і нават уладныя… А раптам якая герцагіня альбо прынцэса, вымушаная таемна, пад чужым імем, адужваць дарогу? Дый вопратка на ёй вунь якая дарагая… Сукенка з аксаміту колеру спелага каштана, вышытая срэбрам, модны капялюш з заломленымі брылямі і белым пухнатым пёркам, як маленькі карабель з ветразем, пальчаткі з шэрага ліёнскага шоўку, каралі з буйных перлінаў… У белых акуратных кудзерках парыка, як расінкі, таксама паблісквалі перліны. Так старанна прыбіраюцца, калі рыхтуюцца да спаткання з дарагім чалавекам, якога даўно не бачылі, калі так хочацца, каб захапіўся, каб не расчараваўся…
Але дзе ж ён? Пэўне, не варты такой кабеты. Бо толькі апошні бэйбус ды лабідуда мог пакрыўдзіць яе няўвагай. За такіх б’юцца да Пятровых ключыкаў, а не змушаюць чакаць.
Дружны роў засведчыў, што матросы ў белых шапках перамаглі чырванашапачных, і гэтую падзею належала як след адзначыць ромам, джынам, к’янці… Ці што тут яшчэ п’юць, у слаўнай правінцыі Лангедок, пад абсыпанымі ружовай квеценню атрутнымі алеандрамі і дрэўцамі граната з такімі зыркімі чырвонымі кветкамі, што хацелася прымружыць вочы, як ад бляску напоўненага добрым віном крышталёвага келіха.
Дама мацней прыціснула да сябе чарнавокую дзяўчынку гадоў двух, прыбраную як на баль, у карункавай сукеначцы і пышным каптуры з ружовымі бантамі. І чаму, цікава, такая радавітая мадам не мае нянькі? Хіба справа арыстакраткі – важдацца з дзецьмі, што могуць упэцкаць убор, за які можна купіць некалькі коней?
Гледачы яшчэ больш здзівіліся б, калі б уведалі, што пані ніколі не наймала для свайго дзіцяці не толькі нянькі, але і карміліцы. На такое маглі наважыцца адно паслядоўніцы блюзнера Жан Жака Русо, які заклікаў французскіх дам не баяцца сапсуць фігуру, не зацягвацца ў гарсэты падчас цяжарнасці, самім карміць немаўлятаў грудзямі і не аддаваць іх на выхаванне наймічкам…
Але паколькі сінявокая дама ў вышытай срэбрам сукенцы была прыезджай, чужынкай – вунь ейны таўсманы слуга разгублена топчацца каля нагрувашчаных куфраў, быццам п’яны цюлень, – дык ёй можна паблажліва дараваць парушэнне традыцый. Выправіцца ў далёкае падарожжа, ды яшчэ на караблі, з такім малым дзіцем, ды ў суправаджэнні аднаго нягеглага слугі! Напэўна, мадам адчайна смелая, нібы індыянская царэўна Пакахонтас.
Але ў гожых сініх вачах усё выразней можна было заўважыць разгубленасць. Дама нават дзіця да сябе туліла, змінаючы неверагодна пышныя карункавыя спаднічкі, быццам хацела за яго схавацца. І зноў і зноў аглядала стракаты пейзаж порта Латэ, не зважаючы на цікаўна-прагныя позіркі мінакоў. Той-сёй з цёмнай партовай публікі нават затрымаўся непадалёк, прыкідваючы, ці не ўдасца скарыстацца з бядотнага становішча прыгажуні, у якое яна відавочна патрапіла. Шчэ трохі – і міжвольная павага да заезджай гожасці знікне, і на даму накінуцца з прапановамі завезці ў самы лепшы гатэль слаўнага мястэчка Манпелье пад назвай “Лунарэ”, паднесці куфры, прадаць ёй…
Ну, прадаць тут маглі нават тоўчаны рог адзінарога, а не толькі цюльпаны – кроў французскага траўня, ці круасаны з вішнёвай накрыпкай або знакамітыя лангедокскія каўбаскі – іх прадавалі гарачымі, падсмажанымі тут жа, на невялічкіх пячурках… Гэтак жа, як і рыбу – срэбныя, як талер, сардзінкі, пляскатую, нібыта патрапіла пад капыты Няптунавых коней, камбалу, злосна-чырвонага марскога акуня…
Герцагіня не пагрэбавала б такой рыбкай!
Пані, аднак, не была ні герцагіняй, ні прынцэсай, і нават нарадзілася не ў шляхецкай сям’і. Яна ўздыхнула і зноў кранула дасканала акрэсленымі вуснамі шчочку дачушкі, якая зацята круцілася на руках у маці, ажно белы атласны чаравічак ледзь з ножкі не саслізнуў, павіс на развязанай стужцы.
– Сафійка, родненькая, пацярпі… – прагаварыла жанчына і зноў абвяла трывожным позіркам порт.
Магчыма, каб быў тут выпускнік мясцовага ўніверсітэта Мішэль Настрадамус, прадказаў бы ён даме, якія мітрэнгі прарокуюць ёй зоры.
А калі ведаеш, што прарокуюць зоры, чаго тузацца – плыві сабе, як зорная парушынка ў эфірах…
А каб быў тут іншы выпуснік медычнага факультэта старажытнага ўніверсітэта Манпелье Франсуа Рабле, дык пажартаваў бы весела і груба, або нагадаў, што “ўсе скарбы, над якімі раскінуўся нябесны звод і якія тоіць у сабе зямля, не вартыя таго, каб з-за іх хвалявалася наша сэрца, узбурваліся нашы пачуцці і розум”.
Але пані размінулася ў часе з абодвума тутэйшымі геніямі на пару стагоддзяў. Таму ёй заставалася чакаць і спадзявацца.
– Мама, на ножкі хацу! Пусці! – запатрабавала малая Сафійка.
– Вой, пані Саламея, патрапілі мы ў нерат! – заныў слуга, абціраючы шапкай спацелы круглы твар, які так лёгка было ўявіць за карчомным сталом. – Ці не пераблытаў штось наш пан Баўтрамей? Ці не забыўся ён на няшчасных, што дзеля яго ледзь вытрывалі гэтае клятае падарожжа? Абдзяруць нас зараз бусурманы як лазу на лапці…
Жанчына нервова азірнулася на слугу, кароткі вэлюм, які быў накінуты на яе капялюш, узмахнуў празрыстым крылом.
– Памаўчы, Хвэлька! Не кажы глупства. Бутрым ніколі б не…
– Пані Саламея!
Пані страпянулася, заазіралася, яе ўсхваляваны твар асвяціўся надзеяй. Расштурхоўваючы натоўп, да госці набліжаўся малады пан – з тых, пра каго кажуць, падэшвы на хаду адарве. Ладная пастава, блакітныя вочы, пшанічны чуб, светлыя вусы, шабля пры баку драпежна паблісквае каменнямі на дзяржальне – укусіць увобмірг, як што. Гарэзная ўсмешка часам рабіла пана падобным да васямнаццацігадовага шкаляра, які напускае ў пакой злога прафесара налоўленых на могілках варон. А часам вусны іранічна крывіліся, і іх уладальнік здаваўся зусім сталым, быццам выпіў не адну чару воцату з рук Фартуны. Жанчыне ў вышытай срэбрам сукенцы пан усміхаўся радасна, але й трохі вінавата. Яго абагнаў чарнавокі хударлявы хлопчык гадоў дзесяці, апрануты ў акуратны камзол з залатымі галунамі і таксама з шабляй пры баку. Хлопчык намагаўся паводзіцца годна, паважна, каб адразу казалі – “во, які дарослы!”, але не вытрымаў, працягнуў рукі і кінуўся да кабеты.
– Мама! Сястрычка!
– Алесік! Родненькі! Пан Вырвіч! Пранціш!
Светлачубы пан Вырвіч паспеў трапна даць выспятка нейкаму падшыванцу, які цэліў да пакінутых без прыгляду куфраў, прыабняў жанчыну з дзіцем, потым паляпаў па плячы расчуленага Хвэльку, што паўтараў, як узмужнелі шаноўны пан Пранціш ды паніч Аляксандр… Нават партовыя чайкі пачалі крычаць нешта больш лагоднае.
– А вось яна якая, наша паненка Сафійка! Ліцвіначка-красачка!
Малады пан падхапіў на рукі дзяўчынку ў карункавых спаднічках, каб даць магчымасць пані Саламеі расцалаваць сына. Падняў малечу перад сабой:
– Вочы дакладна таткавы!
Сафійка сярдзіта ўтаропілася ў аблічча незнаёмага дзядзькі і трапна пацэліла далонькай яму ў лоб.
– Пусці!
Атласны туфлік нарэшце зваліўся на брукаванку, пакрытую рыбінай лускою і сухімі водарасцямі.
– І характар таткавы! Зерне ад каласка!
Дзяўчо, гатовае зараўці, забраў Хвэлька, прыгаворваючы, што вось жа, якая дактароўна Баўтрамеева Лёднічанка не гжэчная паненка расце, жаніхоў усіх у свой час распалохае, калі гэтак жа, як дзядзьку Вырвіча, біць па лбе будзе.
– А дзе Бутрым?
Пытанне прагучала са збялелых вуснаў жанчыны ціха, нібыта яна баялася пачуць адказ. У сініх вачах плёскалася такая трывога, што праўдзівы рыцар адразу ж заазіраўся б – каго выклікаць на двубой?
– Не хвалюйцеся, пані Саламея, з Баўтрамеем усё добра, – паспяшаўся запэўніць кабету пан Вырвіч, адводзячы вочы. – Жывы, здаровы… З ніякімі Пандорамі не закруціў. Заняты навукай.
– Пан бацька ў лабараторыі! Доследы робіць! – з гонарам выкрыкнуў чарнавокі Алесь, рука якога так учапілася за рукаў матчынай сукенкі, нібыта баяўся – выпусціць, і адразу ж зноў застанецца адзін.
Саламея спахмурнела, расчараванне ценем лягло на вытанчаныя рысы.
– Чакай… Я адчуваю, нешта тут не тое. Што ж у Бутрыма за доследы, якія не далі сустрэць жонку і дачку, з якімі амаль два гады не бачыўся? Такім ён быў толькі ў маладосці, калі здабываў у Полацку філасофскі камень, свету не бачачы, пакуль дзверы не ўзламалі ды самога за даўгі не прадалі. У што Бутрым зноў улез?
Вочы пані бліснулі небяспечна, як каштоўныя камяні на дзяржальне вострай зброі. А такую кабету не надта штурханеш, нават калі ведаеш, што яна – не герцагіня.
Мора абыякава плёхалася пад палямі прычалу, гайдаючы накіданае смецце.
– Ды праўда ўсё добра! – запэўніў Вырвіч, адвярнуўся, махнуў камусьці рукой. – Зараз карэта бліжэй пад’едзе, загрузімся… Нам яшчэ да Ліёна трэсціся семдзесят з гакам лье.
– Не адгаворвайся! – угневаная Саламея ўхапіла Пранціша за рукаў. – Што там з нашым Фаўстам? Чаму не прыехаў сустрэць? А можа… можа, яшчэ прыедзе, калі пачакаем?
Надзея гучала ў голасе гожай пані так адчайна, што Вырвіч з прыкрасцю апусціў вочы, бо адказваць не хацелася.
– Наўрад ён прыедзе, – неахвотна прызнаўся Пранціш. – Я ж і затрымаўся, бо ў лабараторыю ягоную ламіўся… Пра вас нагадваў… Дзверы пацалаваў, карацей. На, дурню, печанай рэдзькі, разумны будзеш.
Вырвіч злосна сплюнуў, але змусіў сябе супакоіцца і не палохаць далей пані.
– Не пераймайцеся, Саламея. Вы ж ведаеце – заяц у моркву, прафесар – у рэторты. Доктар Баўтрамей Лёднік – чалавек у Манпелье і Ліёне вядомы. Проста… – Пранціш нібы завагаўся, ці распавядаць далей. – Паўгода таму прыехаў у Манпелье з Парыжа такі барон дэ Вард, у яго тут уладанні. З ім – доктар, носьбіт ісцінаў медычных. Утварылі Таварыства прагрэсіўнай медыцыны, да якога адразу прыляпілася кіраўніцтва ўніверсітэцкае ды мясцовыя багацеі. Праводзяць нейкія сакрэтныя даследаванні, грошай у іх як у цмокаў з-пад гары, ёсць магутныя апекуны… А Лёдніка яны самі да сябе завабілі. Сакрэтныя веды! А тут не трэба баяцца, што лабараторыю раскалашмацяць, як у Вільні, ды абвінавацяць у блюзнерстве. Лёднік жа ўвесь час марыў, каб вольна навукай займацца. Вось і даў нырца ў яе. З галавой. Манпелье ды Ліён – цэнтр навукі лекарскай! Сюды стагоддзямі з усяго свету хворых вязуць, як да святой крыніцы.
Голас Пранціша гучаў роўна, халаднавата.
– Апошнім часам татка і дамоў не прыязджае, – вінавата прашаптаў Алесь, зазіраючы матулі ў вочы, і Саламея здрыганулася.
– Добра, паехалі… А то дзеці стаміліся….
Голас жанчыны гучаў амаль безнадзейна. Яна раздражнёна кранула рукой капялюш, нібыта карцела яго сцягнуць разам з парыком… Дарэмныя былі яе жаноцкія старанні – прыбрацца яшчэ ў цеснаце каюты як найлепей, як звычайна не ходзіць, прыхаваць дарожную стому… Некалькі калматых партовых хлапчукоў – як кажуць на Палессі, нарадзіла маці, ды не аблізала – ужо ўзяліся цягаць куфры засмучанай чужаземкі да сціплай дарожнай карэты без гербаў.
Раптам люд зашумеў, рассыпаўся ўбакі – да прычала віхрам ляцеў вершнік на арабскім танканогім кані, пан сярэдніх гадоў у чорным камзоле і капелюшы, з-пад якога звісалі цёмныя з сівізной валасы. Хударлявае аблічча пана было суровым, як у старога воя альбо хутчэй алхіміка, што зацугляў усіх стыхійных духаў разам ды змусіў іх, як праштрафленых студыёзусаў, нашмароўваць воскам паркет у сваім кабінеце. Драпежны нос, цёмныя вочы, шабля пры баку… А вузкія далоні, што моцна трымалі цуглі, – са шнарамі пасярэдзіне, нібыта калісьці былі прабітыя. Лепей адысціся ды скрыжаваць за спінай пальцы.
– Le Docteur Noir… Le Docteur Noir…[1]1
Чорны Доктар (франц.).
[Закрыть]
Мінакі не тое каб сапраўды паўцякалі ад страху, паглядалі з належнай павагай, але баязліва. А вось жанчына, якую называлі Саламеяй, заўважыўшы вершніка з драпежным носам, расцвіла ад шчасця, плесканулася сіняе-сіняе мора ў вялікіх вачох, патануць бы ў такіх – але ўладальніца не пусціць, бо ўся сінеча, уся любасць – аднаму. Вось гэтаму пахмураму, небяспечнаму, дзюбаносаму…
– Саламея!
Вершнік саскочыў з каня і схапіў жанчыну ў абдоймы… Пранціш Вырвіч з палёгкай уздыхнуў.
Ну, далей ясна што. Назіраць, як сустракаюцца сем’і пасля доўгага расстання, заўсёднікам порта Латэ даводзілася дзясяткі разоў на дзень. Што тут асаблівага падгледзіш… Адысеі і Пенелопы з усяго свету перабывалі тут за тысячы гадоў, спрабуючы ў абрывістых, нехлямяжых ад хвалявання фразах адразу адно аднаму патлумачыць усё, што назапасілася за гады… Вось і тут – бацька сямейства сустрэў жонку, якая прыехала з малодшым дзіцем з нейкай далёкай барбарскай краіны, тут жа – іх старэйшы сын ды светлавалосы сваяк, можа, брат, можа, пляменнік…
Не пажывішся ад гэтай кампаніі.
Праўда, каб ведаў хто падбіўку сцэны, дык вырашыў бы, што знаходзіцца ў сентыментальным рамане не лепшай якасці. Малады пан быў не сваяком Чорнаму Доктару, а ягоным колішнім уладальнікам, жонка доктара не даводзілася роднай маці чарнавокаму хлопчыку Алесю – Лёднік прыжыў яго з адной арыстакраткай, што выратавала ад смерці вучонага раба, выпускніка аж двух універсітэтаў, Пражскага ды Лейпцыгскага… І прыблукала ўся гэтая неверагодная кампанія з земляў ліцвінскіх, з Беларусі, што паміж Дняпром, Немнам ды Вяллёй пазірае ў неба сінімі вачыма азёр… Не, хутчэй, цёмнымі бяздоннымі вачыма дрыгвы.
Малая Сафійка ўсё-ткі разраўлася – на руках у расчуленага татулькі, якога, натуральна ж, не памятала.
Перад тым, як сесці ў карэту, Пранціш хапануў доктара за плячо і прасіпеў на вуха:
– Ведаеш, Бутрым, часам я дужа шкадую, што ты больш не мой слуга, і я не магу добра адлупцаваць цябе калацінай, як мне твой першы гаспадар раіў.
– Я ж усё-ткі прыехаў… – прабуркатаў доктар, хаваючы вочы, толькі на худых шчоках загарэліся чырвоныя плямы сораму.
Ужо седзячы ў карэце, што паціху каціла з порта ў бок гор, па старажытнай дарозе, якой ад часоў кесараў і друідаў карысталіся вандроўнікі з Іспаніі ў Італію, жанчына прагаварыла няроўным ад шчаслівых слёз голасам:
– Ну чаму зноў “чорны доктар”, а, Бутрым? Здаецца, тут не Вільня, не Полацак і не Слуцак, а мянушкі ў цябе ўзнікаюць падазрона падобныя.
Дзюбаносы доктар, які дамогся, каб Сафійка ўтульна ўселася яму на калені, фыркнуў, як пракудлівы шкаляр на апошняй лаве, і прабуркатаў:
– Я ж не вінаваты, што ўспадчынніў ад продкаў цёмныя патлы.
Саламея, каля якой, як прыклеены, сядзеў шчаслівы Алесік, дакорліва хітнула галавой, усміхнулася іранічна – калі пані ўсміхалася, ямінка ўтваралася чамусьці толькі на левай шчацэ.
– Ды хай бы ты і маўрам быў, Баўтрамей Лёднік – не гэта людзей палохае. Спадзяюся, ты не забыўся, што князь Антоні Тызенгаўз адправіў цябе сюды да пана Жылібера дзеля пэўнай справы, каб пераняў досвед, як зладзіць на Беларусі медычную школу ды шпіталь? У мяне, дарэчы, ліст да цябе ад князя.
Бутрым, чый твар зараз быў зусім не суровы, а шчасліва-разгублены, пацалаваў улагоджаную шаптаннем на вушка ліцвінскіх пацешак дачку ў макаўку, прыкрытую карункавым каптуром.
– І медычнай школы план склалі, і шпіталя, і батанічнага саду, і школы павітух… У містыку не падаўся, бязбожнымі эксперыментамі мне таксама калісьці адбілі ахвоту займацца, – Бутрым зірнуў на сваю даланю са шнарам.
Пранціш памятаў, як у старэйшага сябра з’явіліся гэтыя шнары. Калі іх кампанія хавалася ад чумы ў мястэчку Тамашова, Лёднік сустрэў там біскупа, пад чыім кіраўніцтвам у Празе ўдзельнічаў у страшных эксперыментах над людзямі і іх душамі. Тады “чорнага доктара” ледзь удалося выцягнуць са спакусы зноў падобным заняцца, а выкупіць волю ўсёй кампаніі яму давялося, скарыстаўшы мясцовы звычай – набыць прылюдна стыгматы.
– Лекцыі, доследы, хворыя на прыём шчэмяцца… Матаюся матавілам паміж медычнай школай Ліёна ды ўніверсітэтам Манпелье… – нязграбна апраўдваўся перад жонкай доктар. – Паверыш, месяц за шаблю ўсур’ёз не браўся.
Для доктара, які спавядаў трэнінг фізічнага цела неаддзельным ад духоўнага развіцця і быў выбітным фехтавальшчыкам, гэта была нежартоўная ахвяра.
– Мяне пан Вырвіч біцца вучыць! – пахваліўся Алесь. – На шаблях, шпагах, эспадронах… Ён увесь наш клас трэніруе!
Саламея Лёднік зацікаўлена зірнула на блакітнавокага шляхціца.
– А вы, пан Вырвіч, хіба не студэнт?
Вырвіч трохі замяўся, кінуў спадылба позірк на Лёдніка, які іранічна скрывіўся.
– Ну, павучыў трохі паэтыку, але – куды мне ўжо на студэнцкую лаўку… Я на ёй столькі наседзеўся – не ўсе ж, як Лёднік, да здабыцця ведаў ласыя, як карасі да гразі. А мне пасля таго, як вайсковым камандзірам тры гады адтрубіў, ды паваяваў, з рознымі смаркачамі фіглі строіць… Ну а тут пасля аднаго двубою графчык мясцовы застаўся ўражаны маім баявым майстэрствам, папрасіў даваць урокі ягонаму старэйшаму сыну… Потым іншыя захацелі… Дэкларавалі месца выкладчыка баявых майстэрстваў у Ліёнскай вайсковай школе. Да мяне ім адзін збяднелы маркіз быў, так што ўрону гонару няма.
– Натрэніраваў на сваю галаву… Пашанцавала прафесарам філалагічным, што ад такога вучня ў час пазбавіліся! – з’едліва выказаўся Лёднік. – Я дык і цярпеў бы яго па звычцы – але пра медыцыну ягамосць Вырвіч і слухаць не хоча. Затое ў бойкі лезе, як машката ў свежую смаліцу. Пляменніка ліёнскага біскупа праткнуў так, што я ледзь зацыраваў!
– Я найменшага ўрону гонару не пацярплю, – цвёрда прамовіў Вырвіч. – Я – апошні з роду, з Вырвічаў герба Гіпацэнтаўр. На мне доўг перад продкамі і вернасць сармацкім звычаям, твае павучэнні недарэчы, Лёднік!
– Правільна, пан Вырвіч! – радасна азваўся натхнёны паніч Аляксандр. – Я таксама – за свой гонар… Любога… Шабляй!
– Твой дзед, Алесь, скуры ў полацкай гарбарні вырабляў, – строга прамовіў сыну Лёднік. – Я гэтага не саромлюся – і ты не павінен. Я шляхецтва на полі бойкі заслужыў. Але ты ўжо досыць вялікі, каб усведамляць, што наша галоўная годнасць – веды і духоўныя цноты! Сам Госпад у зямным жыцці быў сынам цеслі…
– У хлапцу цячэ і шляхецкая кроў, Лёднік, не забывайся! – сурова абарваў былога слугу Пранціш Вырвіч. Доктар стрымаў крыўдлівыя словы, што ўжо рваліся з вуснаў, і неяк сумеўся. Саламея збянтэжана пераводзіла позірк з аднаго суразмоўцы на другога – раней спрэчак наконт паходжання малодшага Лёдніка між імі не вялося… А як жа сам малы? Няўжо ведае пра свой складаны радавод? Яны ж дамаўляліся – захаваць таямніцу! Але пра гэта варта падумаць пасля. Гэта занадта… дзіўна і страшна. Што здарылася з дарагімі ёй людзьмі за гэтыя паўтара гады ў вінаградна-сырным, сонечна-марскім Лангедоку?
– А вершы пішуцца, пан Вырвіч?
Пранціш крыху сумеўся, правёў пальцам па светлых вусіках, што нарэшце самавіта прыкрасілі ягоную верхнюю губу.
– Віюцца, як слепні, спакою не даюць… Але каму мне іх…
І Саламея зразумела, што сардэчныя раны пана Вырвіча смыляць і крывавяць, і ў чарговы раз успомнілася з дакорам адна егіпецкая прынцэса Серафіна, яна ж – слуцкая прыгонная актрыса Раіна Міхалішыўна, што збегла ад свайго нарачонага, зухаватага драгуна Вырвіча, з самых лепшых меркаванняў – каб не псаваць радавод пана, не замінаць ягонай бліскучай кар’еры.
То ж ён спраўдзіў гэтую кар’еру, падрабляючы настаўнікам фехтавання ў французскіх недаросткаў…
Самыя страшныя справы чалавецтва ўтвараліся з самых лепшых меркаванняў.
– Піць хацу! – заявіла маленькая ліцвінка Сафійка, і Атлант асцярожна паставіў край нябеснага купала на траву, тры чарапахі прымарудзілі і без таго марудлівы свой ход у сусвеце, па якім яны валаклі пляскатую, як жорнаў, цвердзь зямную, а Чорны Доктар, растраціўшы рэшткі фанабэрыі, пачаў устрывожана раіцца з рамізнікам, дзе найлепш спыніцца, каб найхутчэй набраць самай празрыстай і свежай вады…
Хаця самая смачная, празрыстая і свежая была далёка – у крыніцах радзімы.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?