Электронная библиотека » Людміла Рублеўская » » онлайн чтение - страница 4


  • Текст добавлен: 20 декабря 2018, 10:40


Автор книги: Людміла Рублеўская


Жанр: Зарубежные приключения, Приключения


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 4 (всего у книги 18 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Пранціш бяссільна адкінуўся на сядзенне. Пачуццё віны, злосць на ўпартага Лёдніка… Давёў алхімік усім, што вольны! Зараз, відаць, ужо шкадуе – кінуў жонку, дзяцей… А куды з карабля сярод мора падзенешся? Наступны раз зойдуць у порт, добра калі ў Танжэры. Хіба што Лёднік дадумаецца на першым жа прыпынку сысці ды вернецца да сям’і?

Гэта Пранціш ужо меркаваў перад пані Саламеяй. Хадзіў туды-сюды, прамаўляў, як Станіслаў Аўгуст на сойме, пераконваючы шляхцюкоў адмовіцца ад права ліберум вета… Доктарава сядзела, сціскала тонкія пальцы так, што збялелі. У лісце, перададзеным ад Бутрыма Хвэлькай, было ўсяго некалькі спехам напісаных радкоў. Даруце, маўляў, не хвалюйцеся, вярнуся, але не магу ўпусціць такі шанец – пабачыць надзвычайныя медыцынскія здольнасці тубыльцаў Інданезіі.

Каб тым тубыльцам шашаль пяты патачыў з іхнімі медычнымі цудамі…

– Як жа ён… Праз два акіяны… У яго ж марская хвароба… Напакутуецца. І лекаў з сабой не ўзяў… – нейкім змярцвелым голасам прагаварыла пані. І Пранцішу – як нажом па сэрцы. Трэба ж, не пра сваю крыўду – а пра здароўе збеглага мужа думае.

Вось Алесік крыўды не хаваў. Здавалася, ён цяжэй за ўсіх перанёс раптоўны ад’езд бацькі. Прагаварыў толькі адно:

– Ён слова даў скончыць са мной дослед. Шляхціц не мусіць слова парушаць! Гэта ганьба!

І больш пра татку не гаварыў, зацяўся ды слёзы крадма выціраў. Аднойчы толькі слоікі свае з нечым жывым і незразумелым паразбіваў.

Лета штурхала перад сабой па пыльнай дарозе сонечны вазок. А Саламея і Пранціш вынайшлі тужлівую гульню: усё разважалі, чым зараз мог бы займацца Баўтрамей Лёднік… Вось ён на караблі, разглядае ў падзорную трубу паўднёвыя зоры. Лечыць прыхварэлага матроса. А можа, зашыўся ў кут каюты, і яго самога ванітуе – не пераносіў полацкі алхімік марской гайданкі. А цяпер ён, напэўна, ужо бачыць бераг Афрыкі. Карабель прычаліў, набегла мурынаў, прынеслі мяняць нешта цікавае – слановыя біўні, каралы, какосавыя арэхі на шкляныя пацеркі, самыя надзейныя грошы ў экзатычных падарожжах. А цяпер павінен быў і да Явы даплысці…

Ці шчаслівы там доктар, ці знайшоў, што хацеў? Пранціш уяўляў апантаных пілігрымаў, што не данеслі да свае мэты галоўнага – чыстага сэрца, і таму не ўбачылі Грааля.

 
…Між камянёў змяя слізгае,
Вільготны след – нібыта смерць.
А мы шукалі браму рая,
Адкуль не поўзаць – а ляцець.
А мы так доўга твань мясілі,
Ламалі голле ўздоўж дарог.
Прыйшлі – а нам не далі крылляў,
Глядзім – а нас не бачыць Бог…
 

Ліст прынеслі толькі аднойчы. Скамечаны, пажаўцелы… Пані Саламея, калі думала, што ніхто не бачыць, прыціскала паперу да твару, быццам хацела надыхацца аднымі пахамі з мужам, адчуць дотык рукі, што выводзіла літары… Бо з самога ліста нічога нельга было толкам даведацца: тыя ж “не хвалюйцеся” ды “прабачце”.

А справы ішлі ўсё горш… Пан Жылібер, падобна, расцаніў ад’езд Лёдніка як здраду, і з Пранцішам вітаўся вельмі холадна. Можа, не паверыў і ў тое, што Вырвічу нічога разведаць не ўдалося. Тым больш Агюст знік, як сабака на кірмашы: слугі распавялі, сабраў клунак ды падаўся да нейкай далёкай радзіны ў Праванс. Што было цалкам зразумела.

Пацыенты, кінутыя ліцвінскім доктарам, абураліся і, вядома, іх кашалькі і здароўе патраплялі ва ўладанне іншых эскулапаў.

Праўда, тыя хворыя, што не мелі напханых кашалькоў, – ткачы, вугальшчыкі, ды проста жабракі, па-ранейшаму цягнуліся да дзвярэй Чорнага Доктара ў спадзеве на бясплатны ратунак, і маглі задаволіцца лекарскімі ўменнямі ягонай жонкі. Але ж ясна – даходу ад гэтага было не больш, чым зерня ад сурэпкі, хіба хтось з пацыентаў аддзячыць кошыкам яблыкаў ці мяшком вугалю.

Затое Альфонс Бяскоўскі працвітаў. На голую галіну знойдзецца крумкач. Нават у Ліёне, дзе сваіх дактароў як кіем набіта, расказвалі казкі пра цуд-аперацыі, якія пан дасканала ўмее рабіць, нават лепей, чым мог зніклы Чорны Доктар. Да Бяскоўскага і кардынал прыязджаў на кансультацыі, і яшчэ – дзве фаварыткі караля! Праўда, у старога Людовіка Пятнаццатага, асабліва пасля смерці мадам дэ Пампадур, гэтых фаварытак цэлае паселішча адмысловае распладзілася ў Версалі, як у якогась усходняга султана. Любая шылахвостка магла прыстроіцца туды паўлінам хвасты круціць, і нават калі кароль толькі аднойчы хіба ўшчыкнуў яе за дупу, строіла з сябе ледзь не каралеву. Нездарма людзі бунтаваліся – арыстакраты ўбівалі шалёныя грошы ў шаўкі-пудраныя парыкі, адзін капялюх мог каштаваць даражэй за дом простага француза… А той француз яшчэ кучу дурных падаткаў плаціў. Прыкладам, на соль. Кожны мусіў закупляць на год сто фунтаў солі, але забаранялася карыстацца ёй, скажам, каб назапасіць мяса ці гуркі… Хоць прыгаршчамі, але толькі еш! А забарона гандляваць хлебам паміж правінцыямі – нават калі дзесь галадаюць, а праз пару міль булкі чарсцвеюць… Вальтар’янец Жылібер неяк наспяваў горка-жартоўную песеньку, у якой пералічваліся розныя падаткі: “Пяаж, бараж, куцюм, эталаж, лэд, афараж, анаж, шаблаж, гурметаж, танлье, руаж, бушэры, эталанаж, шэ-мінаж, курбаж, ванажы бюісанаж”… Не менш, чым у Рэчы Паспалітай: падымнае, падарожнае, чынш, дзякла, рэйтаршчына, стацыя, жарнавое, лясное, чапавое і гэтак далей. Як любіў бурчэць сын гарбара Лёднік: “Дагуляюцца пудраныя парыкі, прыйдзе на іх мясцовы Вашчыла з віламі!”

Як гэта ў яго сумяшчалася з сяброўствам з “пудраным парыком”, баронам дэ Вардам?

Адзначылі дзень народзінаў Сафіі Баўтрамеевай Лёднік – два годзікі прыгажуньцы. Атрымала ў падарунак парцалянавую ляльку, зараз жа прырабіла ёй крылцы з марлі. І кінула дзеля цікавейшага: старэйшы брат падарыў жывую чарапаху, і Сафійка цягала яе паўсюль і цалавала ў гідкую маршчыністую пыску.

Краем вуха Вырвіч чуў, што адзін з дактароў-прагрэсістаў, які выкладаў ва ўніверсітэце, зрабіў цікавы даклад: вынайшаў новы спосаб лячэння падкаленнай анеўрызмы. Вось бы полацкі доктар у дыскусіі паўдзельнічаў – сам жа калісь гэтай тэмай займаўся.

А пад канец лета прыйшоў ліст з Варшавы, ад князя Антонія Тызенгаўза. Той пісаў, што раз доктар Баўтрамей Лёднік адмовіўся ад даручанага яму задання і не збіраецца вяртацца ў Гародню, яму перастаюць выплачваць пенсію. А ўжо выплачаныя грошы належыць вярнуць, а гэта дзве сотні талераў.

Даклалі добразычліўцы пра ўцёкі Чорнага Доктара.

Вось гэта была параза, як у туркаў пад Хоцінам. Франсуа Рабле, вядома, сказануў неяк, што няма такога багацея, які б ніколі не пазычаўся, і такога бедняка, у якога ніколі нельга пазычыць. А гонар дурны ліцвінскі куды падзенеш? Такія змардуюцца – не папросяць. На зберажэнні, якія пакінуў Лёднік, доўга не працягнеш… Пранціш лічыў, што лепей Саламеі з дзецьмі і Хвэлькай пераехаць да яго – здымаў кватэру каля вайсковай школы, дзе выкладаў, не харомы – але два пакоі маюцца. Ну і на ягоны заробак з голаду не памруць. Узяць яшчэ некалькі радавітых цюхцяяў у вучні, паабяцаўшы зрабіць з іх геніяў фехтавання… Дзякуй Лёдніку – натрэніраваў у свой час.

А вось што далей? Забраць з сабой пані Саламею, калі канфедэраты адправяцца на радзіму? Але доктарава пакуль пра гэта і слухаць не хацела… Бутрым жа павінен вярнуцца! Дый на радзіме паўставала пытанне пра доўг у дзве сотні талераў!

Калі пані Саламея пакавала куфры, каб перабрацца да Вырвіча, з’явіўся сам дэ Вард, з лёкаем ды цяжкой кульбачкай, упрыгожанай дыяментамі. Выпіў нетаропка гарбаты. Распавёў пра дзівосныя расліны Інданезіі. Прапанаваў заплаціць за дом, ну і ўвогуле прызначыць жонцы шаноўнага доктара Лёдніка прыстойнае грашовае ўтрыманне. Вочы барона льсніліся так непрыемна, што й гадаць не трэба было, якой удзячнасці хоча. Саламея, ясна, ганарліва адмовілася. А барону што? Толькі ўсміхнуўся: паскачы, пасвішчы, птушачка, цябе ўжо накрылі сілом.

Праўда, і ў дзіравы нерат можа патрапіцца шчупак. Раптам да мадам Лёднік заявіўся сам банкір з выбачэннямі: аказваецца, на яе імя зроблены вялікі ўклад, і за дом на год наперад заплачана, і за навучанне малодшага Лёдніка ў школе. І не, барон дэ Вард тут ні пры чым.

Пранціш толькі рукамі развёў: няўжо Бутрым расстараўся? Не падазраваў за ім такой дзелавой жылкі. І наставалі часы, якія апісваў Скарына-Палачанін, астролаг не горшы, чым у свой час Лёднік: «Сего году не будеть гібелі солнца ані месеца, но будет соітіе всех седмі звезд, блудящих во знамені небесном, в Рібах, месеца февраля. Оні же напотом, естлі господь бог допустіть, велікое премененіе царств, законов, людей і всех на землі і во водах родящіхся быті знаменують, яковое ж прежде тым не бывало».

Раздзел трэці. Пастка для Чорнага Доктара

Алхімікі ведаюць, што перад атрыманнем філасофскага каменя ёсць стадыя нігрэда. Чорны воран яе ўвасабляе, дзюбаты ды пахмуры.

Не дужа прыемная стадыя, трэба прызнацца. Усе рэчывы распадаюцца, змешваюцца ў штось чорнае, як дзёгаць. Калі майстар умелы, з гэтай неапетытнай кашы атрымае малы эліксір, здольны ператвараць нізкія металы ў срэбра ды золата.

А можна і застацца са сваім дзёгцем… Загразнуць у ім, марачы ўжо не пра золата, а пра чыстую лапінку, каб хоць нагу паставіць.

Чорны воран, Чорны Доктар, спрэс нігрэда ў сэрцы Лангедока. Лістота каштанаў даўно страціла яркі зялёны колер, пагрубела, пацямнела і нават пачала ржавець на самых краёчках…

Ні калівам не падобны да ворана новы вучань настаўніка фехтавання з Манпелье пана Вырвіча, немалады жыццярадасны купчына Жак, які набыў патэнт на дваранства і з гэтае прычыны вырашыў навучыцца высакароднаму мастацтву фехтавання, сцягнуў з круглага твару маску з дроту.

– Вох, месье, не хацеў бы я сустрэцца з вамі на полі бойкі! Ну вы ж і спрытны!

Вырвіч трохі скрывіўся. Раней нізавошта не згадзіўся б вучыць такога плебея. Але зараз трэба было пракарміць чатырох чалавек, носам не пакруціш. А купчына ўсё радасна тарахцеў:

– А я ж дагэтуль увогуле зброі ў руках не трымаў. Толькі марыў. Мяне ж у дзяцінстве яшчэ скалечыла – у лаўцы бацькі сунуў руку пад вагі, на якіх мяхі з цукрам узважвалі… Косткі зрасліся, але ўся даланя была скручаная, як сухая курыная лапа. А цяпер – вось! – новаспечаны шэвалье Жак дэ Сягюр махнуў направа-налева шпагай, як быццам перакрэсліваў сумнае прасталюднае мінулае. – Віват доктару Альфонсу Бяскоўскаму!

Пранціш ледзь утрымаўся, каб не сказаць якую гадасць: носяцца з лупавокім Альфонсам, як чорт з бубнам.

– І як ён вам руку вылечыў? Масаж? Мазь?

– Аперацыя! – пахваліўся купчына. – Грошы шалёныя аддаў, два месяцы з заматанай рукой хадзіў, затое цяпер – як новую прырабілі! А дагэтуль жа ніводзін доктар ні за якія грошы не браўся маё калецтва выправіць! Раілі, вядома, пайсці да Барталам’ю Лёдніка з Ліёна – але патрапіць да яго амаль немагчыма было, ён толькі цяжка хворых зрэдзь прымаў. А я – што, не паміраў жа…

Дэ Сягюр надзьмуўся, як індык, відаць, успамінаючы старую крыўду.

– Смеццяра з нашай вуліцы дык без чаргі той доктар прыняў, бясплатна нагу з кавалачкаў склаў гэтаму смердзюку, якога карэта шаноўнага маркіза пераехала. Ткачы да яго хадзілі з мануфактур, абадранцы. А я столькі грошай прапаноўваў, але… Дый да лепшага, што не патрапіў на прыём. Прызнацца, – купчына няёмка хмыкнуў, – дужа мы з жонкай Чорнага Доктара баяліся. Я яго толькі на вуліцы здалёк пабачу – і сэрца ў пяты…

Пранціш з цікавасці пасунуўся паглядзець на ацалёную канечнасць: усё-ткі Лёднік у свой час і Вырвіча спрабаваў далучыць да лекарскага майстэрства і за падобныя аперацыі браўся з цікавасцю. Любіў, як казаў, “тонкую працу”… І ў былога каралеўскага драгуна пераняло дыханне. Ён мімаволі ўхапіў караткапалую руку шэвалье, наблізіў да вачэй: гэткі спосаб сшываць раны, каб заставалася менш шнараў, вынайшаў сам Лёднік. А вось так замацоўваць сухажыллі – гэта ўвогуле адмысловы штрых Бутрыма. Ён сам Пранцішу гэты прыёмчык паказваў, а той так і не засвоіў.

Няўжо Бяскоўскага навучыў?

Вырвіч пастараўся вярнуць твару бесклапотны выраз і ўчапіўся ў купчыну, як дзядоўнік за сабачы хвост. Язык у драгуна быў падвешаны добра, за жарцікамі ды цікавымі гісторыямі пра шляхецкія бойкі ды сваркі шэвалье дэ Сягюр і не заўважыў, як апынуўся ў карчомцы з двума кубкамі віна на стале і вясёлым настаўнікам фехтавання насупраць. І вось ужо яны п’юць за здароўе цудадзейнага доктара Бяскоўскага! І як жа гэты доктар шаноўнага шэвалье лекаваў?

Новаспечаны арыстакрат распавядаў з задавальненнем. Напачатку нечага выпіць далі, пякучае і язмінам пахне – далібог, вашамосць, рыхтых той язмін у маладосці, у траўні, калі вечарам у кустах з красачкай сваёй цалуешся! І галава гэтак жа закруцілася, у вачох сцямнела. Але нешта самлелы Жак кеміў. Прынамсі, пабачыў, як доктар Альфонс Бяскоўскі апрануў белы балахон і шапачку, і твар укруціў хусткай ажно да вачэй, бы сарацын – гэта ад заразы перасцераганне, як патлумачылі купчыне пасля. Потым доктар выйшаў з пакоя, а калі вярнуўся, адразу давай шэвалье мацаць, галаву яму туды-сюды круціць, ды прасіпеў, што мала абязбольваючага далі, пацыент пры памяці. І сам у яго новую порцыю атруты язмінавай уліў, ад якой усялякае пачало мсціцца. Напрыклад, што вочы месье Альфонса пачарнелі. Як? Ну, цёмнымі такімі сталі, аж страшна. А потым перад свядомасцю небаракі Жака як заслонку апусцілі, адплюшчыў вочы – ужо рука закручаная ў марлю, доктар Бяскоўскі ўсміхаецца, і вочы ў яго, як і былі, вадзяніста-зялёныя.

Жак, падумаўшы, дадаў, што ўсё добра, але час ад часу галава пачынае балець – як малаточкамі ў скроні калоціць, ды перад вачыма пчолы залатыя лётаюць. Доктар сказаў – пройдзе, гэта ад лекаў наступствы.

Купчына прыкончыў яшчэ адзін келіх вінца, а Пранціш моцна задумаўся. Было над чым.

Вырвіч разведаў, якія самыя складаныя аперацыі адбыліся за апошнія тры месяцы ў доме дэ Варда стараннямі Бяскоўскага. Большасць шчасліва ацалённых памяталі пра лячэнне не больш, чым заяц пра подзвігі князя Вітаўта – добрае абязбольваючае ім давалі. Пранціш не сумняваўся, менавіта тое самае, што Лёднік вынайшаў – драгун, калі заходзіўся да старэйшага сябра, дастаткова нанюхаўся язмінавага паху, што даносіўся з лабараторыі. Мусіць, пакінуў Бяскоўскаму рэцэпт.

Затое яшчэ два пацыенты, стары адвакат з такімі злымі вачыма, што адразу хацелася ў нечым прызнацца, і жонка чальца магістрату, кабета задыхлівая і балбатлівая, не адразу заснулі ад Лёднікава зелля і заўважылі падазронае пацямненне вачэй у захутанага доктара Бяскоўскага, а кабета яшчэ і сцвярджала, што бачыла на руках у доктара шнары, як быццам ад стыгматаў, якія пасля зніклі.

І таксама жаліліся, што галовы баляць.

І гэта Пранцішу дужа не падабалася – бо і ў яго пасля няўдалага шпегавання ў доме дэ Варда падобныя прыступы пачаліся. Ці не падлілі Вырвічу на застоллі, якое ён, дарэчы, зусім не памятае, таго дурману, каб супакоіць ды адправіць прэч?

– Ну што ж ты, Бутрым… Філасофскі камень знайшоў, а тынктуру сваю славутую да ладу давесці не змог, – бурчэў Вырвіч, шукаючы на паліцах лабараторыі, што страціла гаспадара, добры сродак ад болю. – Пабочныя эфекты, пабочныя эфекты, каб іх распрындзіла…

– А шкляніц тут з рознакаляровымі расчыннямі, а колбаў, а слоікаў – як журавін на купінах… Толькі і глядзі, каб не пабіць. – Пан бацька ўсё высветліў наконт пабочных эфектаў усыпляльнай тынктуры, – сярдзіта заявіў малодшы Лёднік, які з прычыны нядзельнага дня быў не ў пансіёне. – І даведаўся, як памяць вяртаць! Толькі не паспеў нікому распавесці.

Пранціш ледзь не паваліўся на ўсе гэтыя рознакаляровыя шкляніцы, чым выклікаў паблажлівы погляд свайго вучня, які ў бацькавым кабінеце, падобна, адчуваў сябе гаспадаром-пераемнікам.

– А што з памяццю не тое?

– Ну як жа! Пан бацька ўстанавіў, што пасля прыняцця пэўнай дозы тынктуры здараецца амнезія – пацыент не памятае некалькіх гадзінаў да таго, як прыняў прэпарат.

Алесік гаварыў вельмі важна, старанна выгаворваючы словы, відавочна пераймаючы татку.

– Я сам яму дапамагаў – калі ён эксперыменты на сабе ставіў. Толькі ён пра гэта… што на сабе выпрабоўвае, забараніў мне гаварыць. Ну… я таксама выпадкова далучыўся… – апусціў вочы чарнавалосы хударлявы хлопчык, высокі як на свой узрост, Вырвіча, відаць, хутка перарасце. – Пачуў, як татка стогне ды лаецца, а сам – то ў запісы, то на гадзіннік глядзіць…

Пранціш ад радасці ажно абняў малога: вось яна, разгадка забыўлівасці! Не набраўся каралеўскі драгун віна, а быў падступна апоены зеллем! А што паху язміну не ўчуў – дык у яго ж, мусіць, пасля для маскіроўкі цэлую бутэльку віна ўлілі, а зверху гарэліцы самай смярдзючай.

Вось толькі як жа вярнуць цяпер успаміны?

Аказалася, з дапамогай таго ж зелля клятага, у якое трэба дадаць тое-сёе… Рэцэпт дапамог знайсці Алесь у бацькавых нататках. Вось цяпер можна было далучыць Саламею Рэніч, дачку полацкага кнігара, якая з маленства дапамагала вучню свайго бацькі Баўтрамею ў змешванні пігментаў.

Пані Саламея адразу перамянілася, ажыла, сінім вачам вярнуўся бляск… Каб здабыць рэдкія інгрэдыенты, давялося кланяцца пану Жыліберу.

Праўда, той, калі зразумеў, што Вырвіч можа штось паганае пра дэ Варда з памагатымі ўспомніць, ажывіўся, даў усіх травак, грыбочкаў і нават уласнаручна выкапаў зялёны лысы кактус у аранжарэі.

А вось каб падрыхтаваць зелле, уменняў Вырвіча і пані Саламеі не хапіла, звярнуліся да пляменніка дзядзькі Лейбы Давыда. Па хлапцы было відно, з кім у сваяцтве: можа не заўважыць, што аднакурснікі яму на капялюш які-небудзь саламяны жмут прычапілі, затое падручнікі ды даведнікі на памяць цытуе. Дзядзька Лейба такім і быў – мудры дзівак з Полацка. Тынктуру з пахам язміну – хоць язміну там зусім і не было – Давыд спрабаваў зрабіць цэлы тыдзень. Пранціш увесь змэнчыўся, як ваявода абложнага горада, які ўсё чакае саюзнае войска.

І вось у той дзень, калі на пляцы Бялькур ткач разбіў нос надта паскуднаму судзейскаму, ва ўніверсітэце Манпелье пракудлівы студэнт выйграў у карты права адзінаасобна заляцацца да міленькай дачкі прафесара рыторыкі, а ў далёкай Рэчы Паспалітай баявыя канфедэраты Шымона Касакоўскага пад Бераставіцай перамаглі войска расейцаў, былы каралеўскі драгун Пранціш Вырвіч смела асушыў шклянку з каламутным напоем.

І вось перад вачыма знаёмыя дзверы ў сутарэнні дома дэ Варда. Марудна расчыняюцца… Рыпяць… Пранціш падымае ліхтар і крочыць наперад, у цемру, у якой адчуваецца нешта жывое, злавеснае, мсцяцца хрыплыя подыхі…

І сапраўды – жывое… Клеткі, як у звярынцы, а ў іх – людзі. І лепей бы яны былі мёртвымі. Голыя, звязаныя, прыкручаныя ланцугамі так, што не могуць варушыцца, з вачыма, што глядзяць у розныя бакі. А самае застрашлівае – з уздзетымі на паголеныя чарапы шлемамі з жалезных абручоў, з адтулінаў якіх тырчаць засаджаныя ў галовы бліскучыя іголкі… А вось знаёмая фізіяномія – гэта жанглёр з рынку, за хуткімі рухамі якога часцяком назіраў Пранціш, калі ішоў у госці да Лёдніка. Небарака яшчэ пры памяці, касавурыцца вокам, набрынялым крывёй, нешта сіпіць – а рукі па локці адцятыя, кульці заматаныя бінтамі – спрытныя, мабыць, занадта былі ў жанглёра рукі, небяспечныя для катаў…

Пранціш сам бы прыплаціў, каб яму не вярталі памяць наконт пабачанага ў сутарэннях… Але доўга разглядацца не давялося, таму што – цяпер Вырвіч гэта ясна разумеў – далі шпегу добранька па галаве.

Наступная пасля зацямнення карцінка бачылася толькі краем вока, бо асноўную дзею захінала белая тканіна, якой Вырвіч быў накрыты, бы нябожчык… Ды і ляжаў ён нерухома, як навец, бо прыкручаны. І не загарлаць абурана на такое парушэнне правоў шляхціца – рот надзейна заторкнуты скураным кляпам, а галаву моцна трымаюць жалезныя абручы. Вось карону ты зарабіў сабе, адважны драгун…

А зусім побач – галасы вучонага дыспута. І гэта здавалася дзікім – ён тут ляжыць снапом, а вучоныя спадары – Пранціш бачыў, як часам нетаропка пераступаюць іх ногі ў нашараваных чаравіках, – вядуць такімі спакойнымі, занудлівымі галасамі дыспут, сыплючы незразумелымі тэрмінамі, як гарохам. Вырвіч распазнаў уладны голас дэ Варда, звяглівы – Бяскоўскага. А вось і нізкі голас Лёдніка… Як на лекцыі. Вырвіч скалануўся, закруціўся, як вужака, вылузваючыся са скуры… Дзе там!

Чорны Доктар пачаў рабіць даклад, дэманструючы намаляваную ім схему мозга і з’едліва ўдакладняючы «Tractatus de Fractura Calve sive Cranei a Carpo editus».[9]9
  Трактат па чэрапава-мазгавой траўме (лац.).


[Закрыть]
Берэнгарыа да Капры і «Cerebri Anatomie».[10]10
  Анатомія мозгу (лац.).


[Закрыть]
Вілізія. Закончыў пасажам пра скокі святога Віта і іх ацаленне з дапамогай трэпанацыі, і задаволена прыняў дружнае плясканне ў ладкі.

А потым загаварыў дэ Вард:

– Думаю, вы ўсе ўпэўніліся, што наш калега варты самай высокай ступені пасвячэння. Час гуртаваць усе сілы! Таму што пара выпраўляць хваробу, якая раз’ядае наша грамадства. А менавіта – папярэджваць бунтаўніцтва чэрні і вальнадумства адукаваных нуворышаў!

У зале ўхвальна загулі, узяў слова хтосьці гарласты, з пранізлівым голасам, здаецца, асоба духоўнага звання, бо да яго звярталіся “мансеньер”… І Пранціш, каб мог, зарагатаў бы. Бо персоны, што сабраліся ў гэтай зале – іх было чалавек пятнаццаць, усур’ёз намерваліся з дапамогай свярдзёлка і дзірак у чарапах перавыхоўваць французскіх рэвалюцыянераў, лібералаў, атэістаў, філосафаў ды іншых небяспечных асобаў!

А ў якасці дэманстрацыі паклікалі волата Гарганцюа. У шчыліну, праз якую глядзеў Вырвіч, якраз быў відаць нерухомы твар з чорнай барадой.

– Гэты чалавек стварыў у сваім горадзе камуну! Распаўсюджваў д’ябальскую філасофію! А цяпер – няма вярнейшага нам слугі.

– Наспявае вогненная бура! – гарлаў нехта. – Выратуем манархію!

Лёднік, падобна, ашалеў ад пачутага, бо не вытрымаў і выказаўся рэзка і гнеўна:

– Ці не лепей, панове, каб выратаваць грамадства, проста зменшыць дурныя падаткі і надаць правы простым саслоўям? Чалавек мае права на сваё меркаванне, на волю, і калечыць яго з-за гэтага – грэх і злачынства, і я адмаўляюся гэтым займацца. Вы што, мільёнам беднякоў чарапы папрабіваеце? У любым выпадку, хіба вы не зразумелі, што мы такімі аперацыямі яшчэ не авалодалі? Гэта будуць не аперацыі, а забойства!

Вогненную буру, што пачала абрыньвацца на доктара, спыніў дэ Вард. Ён проста нагадаў шаноўнаму Барталам’ю, што той не немаўля, ведаў, што ідзе да сур’ёзных людзей, не да прасталюдцаў кшталту Жылібера. І гаворка не пра мільёны пацыентаў – а пра дзясяткі. Пра завадатараў непарадкаў, тое джала, якое варта вырваць у гадзюкі. Арыштаваць, павесіць чарговага Вальтэра – зрабіць з яго пакутніка, тысячы бунтаўнікоў узбурыць. А вось калі аднойчы раніцай гэты правадыр рэвалюцыі пачне вярзці абы-што, альбо зробіцца спакойным, як келіх, з якога выпілі шампанскае, і абыякавым да таго, з-за чаго яшчэ ўчора заклікаў на смерць, – людзі расчаруюцца і суцішацца, як перастоенае цеста.

На гнеўныя словы доктара толькі пасміхаліся. Месье Лёднік ужо добра паслужыў іх справе, няма чаго выяўляць цнатліўку… Ён жа не быў яшчэ ў сутарэннях, дзе ўтрымліваюцца паддоследныя? А сярод іх ёсць і ягоныя два пацыенты. Што? Пана падманулі, пан не ведаў, што лезе ў мазгі здаровых людзей? А якая доктару розніца? Ён думаў, прадастаўленыя яму ўнікальныя звесткі наконт структуры мозга з неба зваліліся? І чаго верашчаць? Veni! Audi! Maledicti!.[11]11
  Прыйшоў! Паслухаў! Асудзіў! (лац.).


[Закрыть]
Усё, што ад яго патрабуецца – займацца навуковымі даследаваннямі і аперыраваць.

Бутрым скрозь сціснутыя зубы даходліва выказаўся, як яго ад падобных праектаў ванітуе. Барон хмыкнуў.

– Хочаце сысці? Але толькі пасля чарговага доследу – еxperimentum in anima vili.[12]12
  Эксперымент на малакаштоўным арганізме (лац.).


[Закрыть]
Не сумняюся, што вас ён зацікавіць. Давайце, Барталам’ю, бярыце інструменты, бярыце! Пацыент зачакаўся!

І з Вырвіча сцягнулі прасціну.

Дзеля таго, каб пабачыць збялелае, агаломшанае аблічча Лёдніка і паніку ў ягоных чорных вачах, варта было лезці ў клятае сутарэнне. Праўда, трохі крыўдзіла, што абазвалі малакаштоўным арганізмам.

Доктар кінуў на падлогу малаток і штосьці вострае і бліскучае.

– Вы ўсур’ёз думалі, што я скалечу свайго блізкага сябра?

Апамятаўся, Фаўст…

– Ну, у такім разе вы, пан Лёднік, будзеце назіраць, як гэта зробіць пан Альфонс Бяскоўскі! – ветліва прамовіў дэ Вард.

Бяскоўскі падскочыў тут жа, падняў малаток… Пранціш пракаўтнуў сліну.

Бутрым напяўся, як спружына… Ягоныя цёмныя вочы зрабіліся яшчэ цямнейшымі, пранізлівымі, страшнымі, рукі сціснуліся ў кулакі… Вырвіч памятаў, на што здатны ягоны былы слуга і настаўнік: не аднойчы цэлы натоўп разганяў. Вось толькі паны ў зале таксама ведалі, што можа гэты хударлявы, але жылісты чарнавокі чужаземец, бо раптам паміж вучонай публікі з’явіліся гардыяны, якія наставілі на бунтаўніка пісталеты і стрэльбы. А дэ Вард устаў з крэсла, падобнага да трона, з высокай разной спінкай, і павольна, абапіраючыся на кульбачку з дыяментамі, падышоў да доктара – і пагляд у яго быў страшны, як у змяі… Вакол барона нібыта разыходзіліся нябачныя хвалі, ад якіх падымаліся валаскі на скуры і ламіла ў скронях.

– Ні вашыя фехтавальныя здольнасці, ні вашы магнетычныя штукарствы тут не спрацуюць, пан Барталам’ю. Тут ёсць ажно некалькі чалавек, якія валодаюць падобным у яшчэ большай ступені, чым вы.

Светлыя вочы французскага барона і цёмныя ліцвіна сутыкнуліся, як шаблі. На лбе доктара праступіў пот, на шыі напружыліся жылы, быццам вытрымліваў на сабе страшэнны цяжар. І Пранціш, хоць абодва сапернікі заставаліся нерухомымі, выразна адчуў, што яны вядуць цяжкую, смяротную бойку… Якую Лёднік, магчыма, і выйграў бы – каб быў сам-насам з ворагам, бо дэ Вард нават захістаўся, абапёрся цяжка на кульбачку… Але двое другіх, з бязлітаснымі тварамі і страшнымі вачыма, сталі побач з баронам, і Лёднік толькі зарычэў, як звер, які патрапіў у яму з коллем.

Тое, што ён пасля зрабіў, было бессэнсоўным і адчайным – але Вырвіч таксама так учыніў бы, проста каб не шкадаваць, што не біўся да апошняга. Двое ахоўнікаў паляцелі на падлогу, але да горла Пранціша шчыльненька прыціснулася лязо, і доктар, шчака якога прыкрасілася чарговай драпінай, моўчкі выпусціў на падлогу адабраную ў кагосьці шпагу.

– Ну, месье Лёднік, вы самі зробіце аперацыю свайму сябру? – трохі асіплым голасам прамовіў дэ Вард, ужо не насмешна, а злосна гледзячы на доктара, відаць, умарыўся з ім магнетычнымі поглядамі мерацца. – Мы ж у любым выпадку не зможам яго адпусціць – сунуў нос, куды не варта. Малады чалавек, усе ведаюць, гарачы, учыніў чарговый двубой – атрымаў раненне, ад якога пашкодзіўся розумам… Сведкаў будзе дастаткова.

– Гэта залішняе! – адрывіста прамовіў Лёднік, кінуўшы трывожны позірк на Пранціша, які зацята намагаўся выпхнуць языком абрыдлы скураны кляп. – У майго абязбольваючага трывалы пабочны эфект, які нам дасюль удавалася добра маскіраваць, зацягваючы час аперацый. Дасцё яму павялічаную дозу, я магу сам дакладна разлічыць, колькі, унцыя на гадзіну – і пан тых гадзін не ўспомніць.

– А што ўзамен? – Бяскоўскі зухавата круціў у руках малаток, як гусар – кінжал.

– Я магу дапамагаць вам лячыць пацыентаў. Толькі не калечыць! Лекі рыхтаваць… – глуха прамовіў Лёднік. Дэ Вард зрабіў выгляд, што задумаўся.

– Дарагі месье Барталам’ю! Людзі, якім пашанцавала займець розум, талент і смеласць, самі выбіраюць, ці яны ваўкарэзы, што пасвяць статак, ці баранчыкі, якіх гаспадар можа стрыгчы ці зарэзаць. Вы сталі на бок баранчыкаў і выбралі сабе лёс раба. Альбо вы адзін з нас – альбо адзін з іх!

Дэ Вард паказаў рукой, знізанай пярсцёнкамі, на Гарганцюа.

– Я – не адзін з вас, – цвёрда прамовіў Лёднік. – Я моцна памыліўся, лічачы, што вы шчыра апякуецеся навукай. І рабіць аперацыі на мозгу больш не буду. Але даводзіць мяне да стану гэтага небаракі, – кіўнуў ён у бок нерухомага волата, – вам няма ніякай карысці.

Дэ Вард варухнуў густымі бровамі.

– Сапраўды, нішчыць такі розум і ўменні, як у вас, марнатраўства. Разумных рабоў варта добра карміць і прыстасоўваць да справы.

Барон прайшоўся вакол Лёдніка, аглядаючы, як купец – тавар.

– Расказвалі мне, як некалькі год таму нейкі містэр Айсман, хударлявы, чарнавалосы ды спрытны, выйграў турнір у Лонданскім байцоўскім клубе і на выручаныя грошы выкупіў таемную лабараторыю доктара Дзі… А яе мог знайсці толькі майстар, які адладзіць створаны доктарам Дзі механічны аўтамат у выглядзе лялькі. Пасля містара Айсмана расшуквалі за забойства ягонай каханкі лэдзі Кларэнс, а ён бясследна знік. А шкада, нам якраз дужа патрэбны добры механік, адладзіць старажытны механізм. Але, магчыма, Айсман і Лёднік – не такія ўжо розныя людзі…

Вось гад, здзекуецца – ведае дакладна, што Лёднік і быў тым Айсманам, і сапраўды адрамантаваў ляльку па імені Пандора, атрыманую ў спадчыну ад вялікага гетмана Міхала Казіміра Рыбанькі… Вось толькі лэдзі Кларэнс забілі зусім іншыя людзі… І ці не тыя, ад каго ў паскудніка дэ Варда гэтыя звесткі? І ці не прысутнічае Пранціш у якасці міжвольнага памагатага пры тым, як зашчоўкваецца хітра і доўга ладжаная пастка на адмысловага, але надта натурыстага майстра, лекара ды знаўцы навук таемных Баўтрамея Лёдніка? Барон не хаваў задавальнення:

– Што ж, месье Лёднік, не хочаце заставацца на баку гаспадароў – калі ласка, у рабы! Напішаце жонцы ліст, што адпраўляецеся заўтра на Яву… Шэвалье дэ Перэс, пацвердзіце пасля гэта.

Чарнявы шчуплы пан у вялізным парыку – галава як дзьмухавец – коратка пакланіўся. Пранціш успомніў, што нейкі доктар Перэс сапраўды мусіў раніцай адплываць у экспедыцыю.

– Вы знікнеце для ўсяго свету. Страціце імя і аблічча. Мы будзем называць вас… Як?

– Ды ён да Скарамуша падобны! – выгукнуў пагардліва шчакасты пан у раскошна вышытым камзоле – здаецца, банкір з Манпелье?

Вырвіч, каб у другіх абставінах, хіхікнуў бы – сапраўды, персанаж мясцовага тэатра масак Скарамуш, худзючы, насаты, чарнявы, задзірысты ваяка, на якога сыпаліся бясконцыя кухталі ды палачныя ўдары, страшэнна нагадваў полацкага Фаўста.

– Ну вось, месье Лёднік, як Скарамуш, вы назаўсёды застанецеся ў гэтым доме. А ваша сям’я, разам з нахабным маладым чалавекам, будзе мірна вас чакаць, потым забудзецца на збеглага мужа і бацьку… Затое шаноўны доктар захавае свае прынцыпы.

Лёднік упарта сціснуў вусны. Пранціш памятаў, як калісьці, калі доктар адмовіўся ад магіі, алхіміі і астралогіі, ягоны крэдытор пан Агалінскі цэлы год не мог ніякімі бізунамі і кухталямі змусіць неслухмянага раба складаць гараскопы.

– Я згодны. Толькі адпусціце хлапца і не чапайце маю сям’ю.

– Тады вы павінны самі вырашыць свой лёс. Здзелка мусіць быць сумленнай!

Па знаку барона звераваты слуга ў чорным балахоне з нашытымі залатымі змеямі з галовамі пеўняў паднёс Баўтрамею просты драўляны куфэрак. – Ну, смялей, Скарамуш! – весяліўся барон, людзі ў зале ажно выцягнулі шыі, назіраючы драматычнае відовішча, як у тэатры.

Лёднік адкінуў накрыўку і на імгненне застыў. У куфэрку ляжаў разамкнуты жалезны ашыйнік.

– Можа, усё-ткі лепей – вялікія грошы, слава, тытул баранета, цікавыя навуковыя доследы, шыкоўныя ўборы для гожай жонкі і бліскучая адукацыя для дзетак? – мякка папытаўся дэ Вард. Пранціш замыкаў, як мог, заварушыўся, хоць сам не ведаў, што ў такой сітуацыі падказаць. У цёмных вачах Лёдніка мільгануў жах – Вырвіч ведаў, наколькі доктар, пабыўшы ўжо рабом, цаніў волю, – але рукі ягоныя не дрыжэлі, калі ён узяў з куфэрка ашыйнік і зашчоўкнуў яго на сваёй шыі.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 | Следующая
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации