Текст книги "Прыгоды Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата"
Автор книги: Людміла Рублеўская
Жанр: Зарубежные приключения, Приключения
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 5 (всего у книги 18 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]
А далей зноў карцінка перад вачыма драгуна знікла, і пачалася выратавальная цемра, нігрэда, якое здаецца бясконцым, у якім толькі горыч ды гніенне.
Раздзел чацвёрты. Як Пранціш сарацынам зрабіўся
Кажуць, што язмін прынесла на зямлю багіня Афіна… І надае ён мудрасці. Праўда, калі герцаг Тасканы, якому належаў адзіны ў Італіі куст язміну, забараніў прадаваць яго парасткі, садоўнік закахаўся і… куды тая мудрасць ды асцярога дзяюцца, калі закахаешся? І ззяюць цяпер сузор’і белых кветачак па ўсіх гародчыках свету…
Пранціш Вырвіч, аднак, адчуваў, што больш язмінавы куст з вохкімі кветкамі не выкліча ў яго рамантычных пачуццяў. Пранціша Вырвіча ванітавала.
Ці ад зелля з язмінавым пахам, ці ад таго, што ўспомніў.
Саламея клапатліва абцерла драгуну, які ледзь прыўзняўся з падлогі, твар мокрай анучкай і падхапіла пад руку.
– Паспрабуйце ўстаць, пан Вырвіч… Што, так кепска вам?
– Кепска? Мне? – Пранціш сплюнуў на падлогу і горка, страшна засмяяўся. – У параўнанні з нашым мудрым Бутрымам – я проста ўладальнік папараць-кветкі! На зоры, халера, ён глядзіць з палубы… Па джунглях гуляе…
Арыстоцеля звычайная гетэра змусіла вазіць яе на спіне – мудрасць бяссільная перад чалавечымі слабасцямі. Пранціш, хапаючыся за збалелую галаву, хадзіў туды-сюды перад уражанымі слухачамі.
– Так што ўсе гэтыя цуд-аперацыі за Бяскоўскага робіць Лёднік. На ўсялякі выпадак – раптам пацыент ачомаецца – змушаюць яго захутвацца да вачэй… А вось колер яго воч не памяняеш. Упэўнены, што й тое вынаходніцтва з падкаленнай анеўрызмай ён сваім гаспадарам аддаў.
– А я думаў, чаго гэта раптоўныя пробліскі генія ва ўсялякіх няздараў! – з горыччу прамовіў Жылібер. – На тым тыдні яшчэ адзін, гэткі доктар Баландзоне з камедыі масак, парадаваў дакладам пра асаблівасці крывацёку. Таксама з Таварыства прагрэсіўных нягоднікаў…
– І ў нас дэкан факультэта хваліўся, што ў Таварыстве прагрэсіўнай медыцыны пра новае ўжыванне аканіту даклад будуць рабіць, і яго запрасілі паслухаць, – ціха дадаў будучы фармацэўт Давыд Ляйбовіч, бледны прыгорблены юнак з вечна здзіўленымі цёмнымі вачыма – ён увогуле гаварыў усё ціха, нібыта ўслухоўваўся ва ўласныя словы. – А я ведаю, што доктар Лёднік яшчэ ў Полацку пра аканіт артыкул напісаў.
Саламея ўскочыла, ламаючы рукі:
– Мы тут сядзім, а яго, магчыма, катуюць! Забіваюць! Калечаць!
Палачанка была здатная і на штурм палаца пайсці. Давыд скасавурыўся і нават трохі адсунуўся ад ваяўнічай кабеты. Пранціш пастараўся супакоіць пераляканую саламяную ўдаву:
– Нічога з ім не зробяць. Бутрым – курка, якая нясе залатыя яйкі. Дэ Вард сам жа адразу сказаў, што добрых рабоў належыць берагчы. Яны ж ведаюць – Бутрым нізавошта не нашкодзіць пацыенту, нават дзеля ворага са скуры вылузаецца, абы вылечыць… І дурман ім трэба, каб нехта варыў, ён жа не захоўваецца доўга, не назапасіш. І ідэі Бутрымавы, колькі красці будуць – у яго новыя з’явяцца. І пра нейкі паламаны механізм згадвалі… Ён ім дужа, дужа патрэбны! Настолькі, што, думаю, яны самі пастараліся загнаць яго ў такую пастку, каб згадзіўся ім слугаваць.
Пранціш у адчаі стукнуў кулаком па цяжкой шафе, так што слоікі ў ёй спалохана зазвінелі.
– Вы думаеце, яны адразу планавалі менавіта такі сыход? – трывожна папытаўся Жылібер. Вырвіч змрочна хітнуў галавою.
– Вельмі верагодна. Наўрад паны спадзяваліся, ведаючы Лёднікавы погляды, яго захапленне вашымі Русо-Вальтэрамі, што ён рынецца на абарону ўлады арыстакратыі з малатком наперавес. Пралічылі, што чужынец, бязродны, ніхто не заступіцца, з самымі ўплывовымі землякамі ў Францыі пасварыўся… За сям’ю будзе баяцца… А тут яшчэ і я ім патрапіўся.
– Божа ж мой… – схапіўся за галаву Жылібер. – А ці не было данясенне Агюста часткай іхняга плана? Каб у дом вас заманіць…
Абодва прыгнечана замаўчалі. Канешне, пэўнасці не мелася – але раптам развялі драгуна ды батаніка, як шчаўлікаў? Затое хапіла ім розуму не пайсці ў абдоймы прагрэсістаў, а Чорны Доктар…
– І вось жа здаецца, сталы чалавек ваш Лёднік – а злавіць яго проста, як бяскрылага матылька… – з прыкрасцю прамовіў Жылібер.
– Не першы раз, – паныла засведчыў Пранціш. – Да апошняга будзе сябе падманваць, потым як раскаецца – і ўсё… Валі, меч, маю галаву. Ніякіх пагадненняў.
За вокнамі дома з зялёнымі аканіцамі сеяўся дробны дождж праз жоўтыя далані каштанаў, занадта нішчымная міласціна, каб паспрабаваць яе ўхапіць. Саламея бліснула сінімі вачыма:
– Я не буду чакаць! Пайду ў суд! Бутрым жа ліёнскага пракурора ад смерці выратаваў…
– Які суд, Саламея? – сумна спыніў яе Вырвіч. – Той пракурор з прагрэсістамі шампанскае піў, калі яны змушалі Лёдніка мяне калечыць. Закон на іх баку. Ні пра якія ператрусы ў палацы й не рэкнеш. Палезем – прыстрэляць, як злодзеяў. А самае горшае – калі зразумеюць, што шукаем Бутрыма, перахаваюць яго так, што ніколі не знойдзем. Не спыняцца ні перад чым. Помніце, я распавядаў пра жанглёра з адрэзанымі рукамі?
Пані Саламея, уявіўшы, відаць, скалечанага мужа, захлынулася ад жаху і выбегла з пакоя, сутаргава рыдаючы. Пранціш з няёмкасцю пачухаў у патыліцы… Але пані тут жа вярнулася ўпэўненай хуткай хадой.
– Я пайду туды! Дэ Вард абавязкова мяне прыме. Прыдумаю штось… Папрашу, напрыклад, каб мяне да Бутрыма на Яву адправіў…
– Ён і адправіць! – злосна запярэчыў Пранціш. – Будзеш сядзець з мужам цераз сценку, ён на ланцугу, ты на ланцугу. Дзяцей сіротамі пакінеш!
За акном заскуголіў вецер, зашаргатала лістота, нібыта хтосьці падкрадаўся да дому, у якім ужо чатыры месяцы не было гаспадара. Жылібер задумліва прамовіў:
– Даведацца б, ці праўда Барталам’ю ў доме барона, і дзе яго трымаюць. Але абы да каго таемнага генія не прывядуць. Тут трэба асабліва важны кліент з асабліва складанай хваробай, каб яны баяліся памыліцца. А месье Лёднік – выдатны дыягност, qui bene dignoscit – bene curat.[13]13
Добры дыягност – добры лекар (лац.).
[Закрыть]
Вырвіч нахмурыўся, успамінаючы расповеды апытаных пацыентаў: – Адзін маркіз расказваў, што пасля некалькіх няўдалых візітаў – ніяк не маглі падабраць лячэнне, Бяскоўскі змусіў яго на пару хвілін надзець “сляпую” маску – маўляў, хай засяродзіцца на адчуваннях, дзе яму баліць. Тады ў пакой яшчэ нехта ўвайшоў, маркіза хуценька і даволі груба – ён нават трохі абураўся такой непавагай, – абмацалі. Потым доктар з некім раіўся, а калі з маркіза знялі маску, пра ягоныя болі доктар усё і распавёў, як гадалка. Цалкам магчыма, што да кліента, пакуль той не бачыў, і падводзілі Лёдніка.
Жылібер пацёр упартае падбароддзе.
– Верагодна. Але дзе ўзяць маркіза ці якуюсь каралеўскую пасію, якія згодзяцца нам дапамагчы? Можа, вы, пан Вырвіч, пагаворыце з якім земляком, з кола Радзівіла ці Багінскага?
Пранціш пачаў ліхаманкава перабіраць у галаве радавітых знаёмцаў – гэты занадта невысокага палёту для прагрэсістаў, той дзеля здрадніка-доктара і пальцам не варухне… Доктар жа лічыўся ў колах канфедэратаў наёмнікам Тызенгаўза, і, адпаведна, Панятоўскага, якога французскія ўлады з падачы эмігрантаў абвесцілі дыктатарам.
Раптам пачуўся з вітальні спалоханы голас Хвэлькі, і нечыя хуткія абцасікі застукалі па наваскаванай падлозе, як быццам падалі ігральныя косткі, паказваючы “венеру”, і глыбокі, усхваляваны жаночы голас вымавіў:
– Магчыма, я вам дапамагу, вашымосці?
У вітальні пераляканы Хвэлька прыціскаў да сябе няўважна скінуты яму на рукі мокры плашч з дарагога чорнага аксаміту. А ў пакой уваходзіла страчанае шчасце, падступная прыгажосць, птушка Сірын… У яе былі вялікія светла-зялёныя вочы, як у русалкі, велікаватыя вусны з горкай усмешкай, гнуткая постаць і здольнасць завалодваць увагай усіх прысутных – быццам яна стаяла на ярка асветленай сцэне і выконвала трагічную ролю.
Яна і жыла на сцэне… Былая егіпецкая прынцэса Серафіна – асістэнтка вандроўнага мага, былая прыгонная актрыса Слуцкага тэатра, былая нявеста каралеўскага драгуна Пранціша Вырвіча…
– Дзень добры, вашамосць Вырвіч!
Яна глядзела толькі на яго, быццам нікога больш у пакоі. І каб выяўлялася ў гэтым поглядзе насмешка ці халоднасць, дык і Пранціш змог бы падыграць. Але ў светла-зялёных вачах свяціліся ўсё тая ж адданасць, усё тая ж безнадзейная, сумная пяшчота. Калі сусвет перастаў звінець, як нацягнутая цеціва, Вырвіч агледзеў госцю ўважлівей. У шыкоўнай серабрыстай сукенцы, расшытай перлінамі, з брабанцкімі карункамі, у самым модным капелюшы… Маністы, пярсцёнкі, бранзалеты – усё нібыта з куфэрка інфанты. Танклявая постаць са звыкла ганарыстай паставай. Ніхто б не ўсумніўся, што пані – найменш графіня.
Першай апамяталася Саламея, якая з радасным “Раіна!” кінулася абдымаць пані. – За вашым домам, магчыма, сочаць, дык я пад’ехала ў карэце да суседняга, там мадыстка жыве, а потым – цераз агароджу, яна якраз са зручных каменняў складзена, і бэз у вас пад вокнамі вельмі ўтульны… Пакуль лісце не абляцела, – весела тлумачыла госця, але Пранціш чуў дрыготку ў яе голасе. І праўда, да срабрыстай спадніцы прычапіліся сухія травінкі, і шчыгрэневыя светлыя пальчаткі, якія пані сцягнула, упэцканыя бязлітасна і нягжэчна. Дзе яшчэ ў Францыі знойдзецца пані, каб у такой сукенцы – ды цераз агароджу?
– Падслухоўвала, значыць, – змрочна сказаў драгун, намагаючыся, каб хоць у самога голас не дрыжэў, бо ў грудзях заварочаліся жаронцы застарэлага болю і крыўды так, што паміж імі мог хутка сцерціся на муку адзіна варты шляхціца і мужчыны спакой.
– Я ж абяцала, што буду побач. Каб дапамагаць вам, пан Вырвіч! – ціха прамовіла Раіна, і зноў – гэты ж адданы позірк, ад якога паціху шалееш, бо нічога гэтая адданасць не вырашыць, не выправіць.
– Ты што, у Францыю паехала за мной? – недаверліва папытаўся Вырвіч. Раіна нясмела ўсміхнулася, раптам перастаўшы быць падобнай да графіні, а нагадала тое худзенькае спрытнае дзяўчо, што ў адной шаўковай кашулі прабіралася да маладога драгуна ў пакой цераз фортку, у самую залеву ды холад, абы папярэдзіць аб небяспецы.
– Я ж абяцала вас ахоўваць…
– Чакай… – Пранціш пачаў не жартам гневацца – гнеў як найлепш прыглушае боль і безнадзейнасць. – Дык гэта ты за дом Лёднікаў заплаціла? І за навучанне Алеся?
Раіна нават вачэй не апусціла.
– Пан Лёднік з рабства мяне выкупіў, куды болей грошай аддаўшы, і не лішніх, заступаўся за мяне, я павек з ягонай мосцю не расплачуся за ўсё.
Драбнюткі французскі дождж зашаргацеў у парудзелай лістоце.
– А год таму, калі я пляменніка біскупа параніў на двубоі, ты пастаралася, каб мяне з турмы адразу ж выпусцілі? А я яшчэ, дурань, гадаў, з чаго б то суддзі раптоўна перамяніліся, намякалі, што хтось за мяне слоўца замовіў…
– І з вамі, пан Вырвіч, мне павек не расплаціцца, – гэтак жа ціха, з пяшчотным сумам у голасе, прамовіла Раіна. Вырвічу хацелася ажно зараўці ды страсянуць дурную кабету за плечы – анёла-ахоўніка з сябе выяўляе, хаваецца, п’есу на хаду сачыняе… Нявартая яна… У той час, як магла проста заставацца побач і не кроіць драгуну сэрца.
– І як жа цябе цяпер называць? – з горкай насмешкай спытаў Пранціш. – А то й не ведаю, як паспалітай грамадзе прадставіць. Зноў Семпенсетра, прынцэса егіпецкая?
Але Вырвіч забыўся, што Раіну, прыгонную акторку, якая зведала з жорсткімі гаспадарамі не адно кола пекла, збянтэжыць не проста. Яна прысела ў прыдворным рэверансе і з годнасцю прадставілася:
– Мадам Серафіна Мішэль, вашамосць. Артыстка каралеўскага тэатра.
І позірк такі хітручы…
Саламея перапыніла допыт, змусіўшы змерзлую госцю ўсесціся, ды яшчэ абхінула яе футрам – мяркуючы па пасінелых вуснах артысткі, гэта было не лішнім.
– Мадам уваходзіць у блізкае кола караля? – без усялякіх нюансаў нецярпліва спытаўся негалантны Жылібер. – Дэ Вард ведае, хто вы?
Па сэрцы Пранціша правяла вострымі кіпцюрамі лапа пачвары з найменнем рэўнасць, а яшчэ загарчыла расчараванне. Калісьці ж і Станіслаў Панятоўскі за чароўнай артыстачкай упадаў… Няўжо яна такім вось чынам працягнула кар’еру, каралеўскай фаварыткай стала? Стары Людовік перабраў усіх гожанькіх тэатральных кабетаў. Адкуль жа яшчэ такія ўборы ды куча грошай? Але Раіна толькі лёгка і сумна ўсміхнулася, і збліснулі перліны, як слёзы – вось-вось сцякуць.
– Яго вялікасць мяне бачыў, але не надта надае ўвагі майму існаванню. Я на ягоны густ занадта хударлявая, і ў Аленнім парку Версаля мяне не пасялілі. З дэ Вардам, дзякуй богу, таксама сустракацца не даводзілася… Я не зарабляю паслугамі ў ложку, не пераймайцеся, пан Вырвіч.
Вось жа, здагадалася, пра што былы жаніх думае… У Аленнім парку зладзілі цэлае пасяленне для каралеўскіх палюбоўніц – частку пастаўляла афіцыйная фаварытка караля мадам Дзюбары, кагось самі бацькі прысылалі – вой, якая дачушачка ў нас міленькая, зрабіце ласку, ваша вялікасць, пазбаўце яе цнатлівасці… Цьфу! Ды Станіслаў Панятоўскі на гэтым фоне мніхам выглядае. Тут не дзейнічае раздзел дзевятнаццаты, артыкул трыццаць шосты Статута Вялікага Княства Літоўскага: «Зводнікі i зводніцы дзеля ўтаймавання разбэшчанасці i падбухторвання жанчын да распусты не могуць быць цярпімымі, такім людзям трэба адразаць нос i вушы, калі ж яны будуць працягваць займацца тым самым i пасля гэтай кары, то пазбаўляць ix жыцця».
– Але ў мяне ёсць сяброўкі са спамянутага Аленняга парку, – запэўніла Раіна. – Тая самая Мары Бушэ, мы з ёй у адной трупе былі, прыехала сюды падлячыцца – баіцца, што кароль прагоніць хворую. Так што я вазьму ў яе рэкамендацыю да доктара Бяскоўскага, ну а сыграць сур’ёзна прыхварэлую фаварытку караля я змагу! Пан Вырвіч пацвердзіць, на што я здатная…
Раіна задзірыста засмяялася, адкінуўшы галаву з высокай прычоскай – у напудраных валасах, як слёзы, блішчэлі перліны, быццам нехта зверху аплакваў загінулую душу. А яна ж і сапраўды схуднела… Так, што аж свеціцца. Вочы вялікія, і цёмныя кругі пад імі запудраныя. А рукі ж як галіначкі… Пранціш здушыў жаданне прытуліць да сябе, адагрэць гэтыя худзенькія да сінізны рукі… Бо ведаў – ён пажадае, і яна дазволіць усё, каб пасля зноў збегчы, не ганьбіць высакароднага Вырвіча сувяззю з “нізкай жанчынай”.
– Што ж, у гэтым ёсць шанец, – вынес вердыкт Жылібер, ацэньваюча абмераўшы вачыма страйнюткую постаць госці.
– Яна не павінна ісці адна, – заявіў Пранціш. – Трэба пасвечаны назіральнік ды ахоўнік, каб разнюхаць што, пакуль усе будуць пацыенткай занятыя…
– Вы пра сябе, пан Вырвіч? – напружана папыталася Саламея. – Нават не думайце! Вы пабывалі ўжо ў доме дэ Варда… Нагадаць, чым скончылася?
Та-ак, паслалі сабаку па табаку – ані табакі, ані сабакі. Пранціш міжволі пацёр лоб, нібыта зноў адчуўшы, як галаву сціскаюць жалезныя абручы.
– Значыць, трэба прыдумаць якую маскіроўку! Як у Санкт-Пецярбургу… Памятаеш, Раіна, ты пераапранула мяне ў егіпцяніна, і я змяюку за табой у клетцы насіў?
Жылібер пачаў штось абурана звягаць – пра легкадумнасць ды балаган, але Раіна сур’ёзна задумалася. – Што ж, скарыстаем, што зараз у Парыжы модна трымаць незвычайных прыслужнікаў. Кітайцаў, маўраў, індусаў, чаркесаў, казакаў, туркаў… У Мары ёсць слуга-сарацын. Ходзіць такі ў чорным, у шальварах ды шырокай кашулі, за поясам дзве крывыя шаблі ды кінжал, на галаве чалма, фізіяномія да вачэй чорнай хусткай закрытая, толькі вачыма бліскае ды рычыць, як звер… Страх глядзець! Праўда, ніхто не ведае, што Мары загадала яму твар захінаць, бо ніякі ён не сарацынскі ваяр, а лёкай родам з Сардзініі, і аблічча, як ні рычыць, недастаткова жудаснае на густ гаспадыні. Так што пазычу ў Мары ейнага гардыяна, ну і вы яму да пары якраз будзеце.
– Гэта ў туарэгаў мужчыны твар захінаюць… – не вытрымаў па-навуковаму дакладны Жылібер, але сам махнуў рукой, разумеючы, што ў свеце маскарадаў на такія адпаведнасці ўсім начхаць. Сарацыны дык сарацыны.
– Я магу намяшаць рашчыння, каб скура смуглявая стала, – раптам падаў голас Давыд. – Вочы таксама можна цёмнымі зрабіць хаця б з дапамогай Hyoscyamus niger…[14]14
Блёкат (расліна, лац.).
[Закрыть]
– Лепш Atropa belladonna,.[15]15
Беладона (расліна, лац.)
[Закрыть] – хуценька ўмяшаўся Жылібер. – Эфект устойлівейшы.
– Ну так, – меланхалічна пагадзіўся Давыд. – А мяне можна проста лёкаем. Я не асабліва прыкметны, падумаеш, студыёзус… Ніхто не пазнае.
Пранціш са здзіўленнем павярнуўся да пляменніка полацкага аптэкара, які сядзеў, выцягнуўшы доўгія ногі, у фатэлі, накрытым пухнатай белай посцілкай.
– Гэта небяспечна, Давыдзе.
Фармацэўт гэтак жа меланхалічна паціснуў плячыма.
– Без волі Госпада і волас з галавы не ўпадзе, Майсей вунь па дне мора народ правалок… Хаця, ведаючы, што давядзецца пасля сорак год блукаць у пустцы і пясок жаваць, многія б назад павярнулі, не чакаючы манны нябёснай.
Давыд відавочна ўспадчынніў ад дзядзькі Лейбы вясёлае блюзнерства, якое за адсланёна-журботнай мінай цяжка было западозрыць.
– Небяспечна, небяспечна… – працягваў буркатаць юнак, і ў ягоных цёмных задумлівых вачах скакалі дзёрзкія жарынкі. – Як зелле варыць – дык Давыд згодзіцца… А дзядзьку Баўтрамея выручаць – дык Давыд баязлівец, Давыд слабы. І, канешне, не памятае, як дзядзька Баўтрамей аптэцы нашай зачыніцца не даў, сям’ю выручыў, мяне на вучэнне ўладзіў…
Вырвіч сумніўна агледзеў хударлявую постаць юнага фармацэўта:
– Магчыма, там біцца трэба будзе.
– На ўсё воля Госпада. Мой славуты цёзка Галіяфа каменьчыкам зваліў.
Раптам расчыніліся дзверы ў другі пакой. Паніч Аляксандр Лёднік, трымаючы за руку малую сястрычку, глядзеў упартымі цёмнымі вачыма, задраўшы падбароддзе, і відавочна збіраўся патрабаваць, каб яго далучылі да вызвалення бацькі. І гэты падслухоўваў, значыць. Саламея ўсхліпнула, кінулася, абняла дзяцей і зашаптала тое, што шэпчуць маці ўсяго свету падчас войнаў, што ўсё будзе добра, і татка вернецца…
Але дабрацца да таго таткі, які зноў нашукаў прыгодаў на сваю вучоную галаву, было не прасцей, чым здабыць дзіду святога Маўрыкія ў полацкіх сутарэннях. Дом дэ Варда ахоўваўся, як важная фартэцыя. У тым крыле, якое барон адвёў пад медыцынскае таварыства, варту неслі венгерцы. Дакладней, французы, швейцарцы, італьянцы ды хто там яшчэ наняўся, у модных венгерскіх касцюмах, з мехавымі шапкамі, упрыгожанымі двума фазанавымі пёрамі, у юлёвых кунтушах з залатымі галунамі.
Але грашавіты кліент – залаты ключык, які любую браму адамкне, нават калі яе ахоўваюць цэрберы, гаргоны і цвярозыя стральцы Пяцігорскага палка.
Пранціш скасавурыўся на свайго напарніка: яны з ім не менш застрашліва выглядаюць! Шаблі за паясамі крывыя і небяспечныя, як зубы ў цмока. Шырачэзныя кашулі ды нагавіцы, плашчы, чалмы – усё з чорнага шоўку, фізіяноміі да вачэй прыкрываюць чорныя хусткі… Галоўнае, вочы, закапаныя блёкатам, пажахлівей лупіць. Не тое, што Давыд у кароценькай лёкайскай куртачцы, жоўтых штанах да калена ды белых панчохах: сунецца прыгорблена за ўрачыстай акторкай Серафінай, нібыта век слугаваў, нясе куфэрак з грашыма.
А Серафіну Мішэль сустракаюць, як каралеву! Яшчэ б… Столькі грошай уваліць за адзін візіт! А паводзіцца як, а пастава ганарыстая! Каралеўская фаварытка, ясна… Даўгалыгі Бяскоўскі (Пранціш так бы і даў кулаком па ягоных пудраных патлах) ручку цалуе, ветлівы, як малінавае сочыва.
Сузіраць таемства лекарскага агляду Бяскоўскі ахоўнікам дазваляць не хацеў. Але Серафіна запэўніла капрызліва, што ахоўнікі яе людзі дзікія і адданыя, як сабакі, нават пад дзвярыма яе спачывальні начуюць – бо так ім загадаў сам яго вялікасць кароль. Не мусяць выпускаць яе, суцеху каралеўскага сэрца, з-пад нагляду й на хвілю.
Абмежаваліся тым, што паставілі кітайскую шырму, распісаную белымі, як сырадой, лотасамі, і абодва сарацыны, паклаўшы рукі на дзяржальны шабляў, пагрозна сталі за ёй з боку дзвярэй. Пранціш, шпег спрактыкаваны, тут жа прарэзаў у шчыльнай тканіне з лотасамі дзірку для назірання. Напарнік незадаволена скасавурыўся: ды што з яго ўзяць, цельпука: чужы, калі што – не дапаможа.
Між тым Бяскоўскі пачаў агляд пацыенткі. Змушаў глыбей дыхаць, паварочвацца, згінацца, распытваў ціха пра нешта… Раіна ў нейкі момант гэтак натуральна заперхалася – аж страшна, каб не ведаць, што прыкідваецца, дык і паверыў бы ў хваробу. Відаць, Міхалішыўна нездарма запэўнівала – зможа напалохаць лекара, бо Бяскоўскі не на жарт задумаўся. Потым адышоўся, паклікаў свайго лёкая ды штось прашаптаў, Пранцішу пачулася слова “Скарамуш”. Сэрца ажно зайшлося ад хвалявання. Няўжо ўдасца?
І праўда… Вось ужо Бяскоўскі нясе бязвокую маску з белага аксаміту, расшытую срэбрам ды каменьчыкамі. Угаворвае багатую кліентку прылегчы ў шыкоўным фатэлі з гэтай маскай на твары, засяродзіцца на сваім болю – так дакладней можна дыягностыку правесці.
Бяскоўскі не паленаваўся падысці і зазірнуць за шырму – стаяць абодва жыхары пусткі, як слупы, лупяцца дзікімі адсутнымі вачыма ў сцяну…
А потым бязгучна адчыніліся непрыкметныя дзверцы, якія прыкрываў габелен паміж шафамі, і ў пакой увайшла знаёмая постаць. Высокі хударлявы мужчына ў белым балахоне, захутаны аж да вачэй не горш, чым абодва “сарацыны”, з бязглуздай белай шапачкай на галаве, падобнай да тых, што носяць пекары. Нават здалёк, праз шчыліну, Пранціш пабачыў, што вочы ў прыхадня цёмныя, і глядзяць засяроджана, пільна… І немагчыма было не пазнаць гэтыя ўпэўненыя, адрывістыя рухі, тую ўчэпістасць, з якой доктар Лёднік заўсёды аглядаў пацыентаў, няважна, ці кароль перад ім, ці смяццяр.
Дзякуй богу, Бутрым на нагах, пры памяці…
А яго баяцца, нават у ашыйніку – двое гардыянаў сталі побач, каб сачыць за кожным рухам.
Між тым новы лекар давай выстукваць нешта па грудзях, па скабах пацыенткі – ага, ужывае тую саму пяркусію, якую ўся еўрапейская медыцына высмеяла. Каралеўская фаварытка зноў зайшлася ў сухім, пакутлівым кашлі. Цікава, Лёднік выкрые падман? А можа, пазнае Раіну нават з закрытым абліччам – ён жа назіральны, ды падыграе?
Бяскоўскі папрасіў кліентку яшчэ трохі паляжаць і адышоўся з Лёднікам у самы дальні кут. Бутрым нешта доўга і горача шаптаў, Бяскоўскі, здаецца, незадаволена спрачаўся. Чорны Доктар угневаўся, аж страсянуў свайго ўладальніка за каўнер, але зараз жа быў схоплены за рукі ахоўнікамі і выштурханы за таемныя дзверы.
Пранціш мімаволі схапіўся за шаблю: гэх, зараз кінуцца б, пакуль Бутрым тут, пасячы гадаў… У юнацтве не стрымаўся б – нават ведаючы, што з дому нізавошта не выбрацца.
Між тым Бяскоўскі наблізіўся да пацыенткі і акуратна зняў з яе маску. Запэўніў, што прагнозы самыя лепшыя, трэба толькі піць адмысловыя лекі. А сама лепей звярнуцца да маладога пана Месмера, які пераехаў з Вены ў Парыж і ўсё больш паспяхова практыкуе свой магнетызм.
Пранціш здзівіўся: няўжо Месмер, якога лічылі шалберам, а Лёднік – таленавітым чалавекам, што ўпустую растрачвае свой талент, забаўляючы багацеяў, у хаўрусе з прагрэсіўнымі дактарамі? Такую кліентку перасылаюць!
Ужо на ганку да каралеўскай фаварыткі ды ейных сарацынаў далучыўся Давыд, на хаду з кімсьці раскланьваючыся. Можа, хоць гэты прыемна час прабавіў у д’ябальскім доме?
Калі карэта ад’ехалася ад развалін амфітэатра, Раіна падняла на Вырвіча ўсхваляваныя вочы:
– Гэта быў ён… Пан Лёднік… – Я ведаю. Бачыў, – коратка пагадзіўся Пранціш. – Вось толькі куды яго павялі?
– А ў правую вежу, на другі паверх, – проста прагаварыў Давыд, разглядаючы незнаёмы герб на гузіку лёкайскай формы. І патлумачыў на здзіўленыя воклічы:
– Ну я ж лёкай, гэткі малады прасцяк, як жа мне не звесці знаёмства з такімі ж лёкаямі ды служаначкамі, не пажаліцца на капрызлівую гаспадыню ды пра іхніх гаспадароў не паслухаць? – будучы полацкі аптэкар пасміхнуўся. – Хочаш таямніцаў – пасядзі на варыўні. Арыстакраты, прабачце, пан Вырвіч, скрозь фанабэрыю мыш ва ўласнай талерцы не ўбачаць. Яны шчыра лічаць, што прыслуга – штосьці кшталту мэблі, нават калі бачыць і чуе, усведамляе не больш за якога цюцьку. Ды слугі разумеюць усё лепш, чым гаспадары, прыкмячаюць да драбніцаў. Лішняга, вядома, тут не скажуць, напалоханыя лёсам вашага Агюста – ніхто не паверыў, што ён сам па сабе з дому знік. Дапамагаць нам ніхто не возьмецца, выклічы на суд за сведкаў – ад усяго адхрысцяцца. Але калі я сказаў, што не супраць папрасіцца да барона слугаваць, бо абрыдла ў гаспадыні, парадаў надавалі. Асабліва раілі да сутарэнняў блізка не падыходзіць – “калі не хочаш, браце, сам у іх знікнуць”. Дэ Варда лічаць гнюсным і разбэшчаным. Адна панечка намякнула, што ў доме час ад часу таемна збіраюцца кампаніі кшталту тых, што ладзіць мадам Дзюбары для караля. Там, дзе закусваюць віно шпанскімі мушкамі для абуджэння юру, а нараніцу прыслуга дастае з-пад сталоў голыя п’яныя целы. Два лёкаі – тыя, што перабраліся з баронам з Парыжа і трымаюцца ад іншай прыслугі асобна – нават бяруць у тым Садоме ды Гаморы ўдзел.
Давыд скрывіўся, як у пеўня грэбень. Былая егіпецкая прынцэса стоена ўздыхнула – цалкам магчыма, давялося на ўсялякіх застоллях пасядзець… Фармацэўт працягваў расповед:
– Дэ Вард насамрэч цяпер не такі багаты, як удае – у Парыжы распусціў усе свае багацці, апошняе аддаў, каб адкупіцца ад суддзяў. Таму й згуртавалася гэтае Таварыства. Грошы з багатых кліентаў цягнуць хаўрусам, і вялікі працэнт асядае ў барона.
– Відаць, каб выцягваць грошы з арыстакратаў, барон і прыдумаў на пару з Бяскоўскім гэты ідыёцкі план па выратаванні манархіі аперацыямі на мозгу! – усклікнуў Вырвіч. Шкельцы ў вітражы, здзекліва пазвоньваючы, станавіліся на месца. – А я ж дапяць не мог, няўжо ён сам у гэта верыць, прайдзісвет!
Давыд прыўзняў бровы – маўляў, усё на свеце, васпан, шалберства, акрамя цагліны ў лоб, і працягваў:
– Ёсць у доме людзі ў ашыйніках. Гэта мурын, карузлік і некалькі красунек – адну я нават пабачыў, прыбегла за збанам віна, у паўпразрыстай адзежы, валасы распушчаныя да пояса, цьфу… Рабы, гэта значыць, каторыя ў ашыйніках, з дому не выходзяць увогуле ніколі, і астатнія слугі робяць выгляд, што іх не існуе.
– А пра Лёдніка, пра Лёдніка што кажуць? – нецярпліва перапытаў Пранціш.
– In brevi.,[16]16
Па-праўдзе (лац.)
[Закрыть] пра таемнага Скарамуша, якога трымаюць пад замком, ведаюць мала, – прызнаўся Давыд. – У твар дык ніхто з непасвечанай прыслугі яго не бачыў. Расказваюць усялякія байкі: вупыра для эксперыментаў злавілі, дэмана ўтаймавалі. Адзін гардэробшчык шапнуў, што Скарамуш – скрадзены сын арабскага шэйха, вялікі чараўнік. Трымаюць яго ў пакоі за жалезнымі дзвярыма. Есці носіць толькі тая панечка ў ашыйніку. Ну і ўсе расповеды перарываліся змрочным “Лепей табе таго не ведаць”.
Карэта перастала трэсціся па брукаванцы. Змоўшчыкі выехалі на дарогу, што вяла з Манпелье ў Ліён, і колы пачалі правальвацца ў калюжыны, быццам з пасажыраў карэты нехта хацеў збіць масла. Вырвіч трохі злаваў – вось жа нягеглы Давыд столькі змог разведаць! А ён яго нават браць не хацеў. Сам жа Вырвіч так і не навучыўся па-французску чысценька прамаўляць, ну няма ў яго здольнасці да моў, хоць і вершаплёцтвам займаецца. А юны Ляйбовіч – калі ласка, як бы й адсюль родам.
Але цяпер хоць нешта пэўнае: доктар у доме, і нават вядома, дзе трымаюць.
Праўда, ілбом мур не праб’еш. Давялося шукаць спосабы і сродкі. Гэта заняло яшчэ два тыдні, за якія Саламея зусім змэнчылася. Французская восень аказалася такой жа паганай, як і беларуская, дажджы сабе лілі, вецер дзьмуў, мора ўздыхала, быццам зняволены волат, што вось-вось абудзіцца. Адзіны спадзеў, каб не пачаўся шторм, які скасаваў бы план. Пранціш з’ездзіў у Парыж, дзе давялося ўжыць усе свае дыпламатычныя здольнасці, але вярнуўся не адзін.
І гэтыя клопаты адцягвалі ад тужлівай няёмкасці – як паводзіцца з былой нявестай? Што вынікае з яе новага з’яўлення ў жыцці каралеўскага драгуна? Ці мусіць шляхціц герба Гіпацэнтаўр, які вядзе род ад Палямона, упрошваць былую прыгонную акторку застацца з ім у якасці законнай жонкі? Дый ці магчыма ўсё склеіць наноў? Раіна нічога пра сябе не расказвала, плыткая, як паверхня дрыгвы… Пранціш не ведаў, чаго адчувае болей пры паглядзе на ейную схуднелую постаць – шкадобу, тугу, крыўду, каханне? У зносінах з магнаткай Паланэяй Багінскай усё было прасцей. Вырвіч кахаў і марыў дабіцца, князёўна какетнічала ды пагарджала…
Бізантыйскія пярсцёнкі абвіваюць яе пальцы,
І з карункаў чорных вэлюм яе вочы захінае.
У вушах – жамчужын гронкі, а спадніцы – як палацы.
А вачэй яе – не помню, голас не прыпамінаю.
Помню толькі – бранзалеты са смарагдавай аздобай,
Дыямент на дыядэме, дыяменты на абцасах,
Дыяменты на манжэтах – быццам дажджавыя кроплі.
І высокую прычоску, і апошнюю абразу…
Што ж кахаў я? Што я бачыў за завесаю бліскучай?
Толькі рэчы, толькі тое, што за грошы прадаецца…
А спадніцы шаргаталі – і было душы балюча.
А звінелі бранзалеты – і чамусь палала сэрца…
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?