Текст книги "Прыгоды Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата"
Автор книги: Людміла Рублеўская
Жанр: Зарубежные приключения, Приключения
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 6 (всего у книги 18 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]
Раздзел пяты. Як Пранціш Лёдніка з-за двух акіянаў вярнуў
Этрускі рабілі пахавальныя урны ў выглядзе домікаў. З вострым дахам, акенцамі, дзвярыма… А што ж – нябожчык, лічы, вярнуўся дахаты разам з дымам апошняга свайго вогнішча.
А ці мала на свеце дамоў, багатых, вялікіх і тлумных, але насамрэч мёртвых, дзе адно попел ды цвіль граху? На мармуровы ганак ніколі не прыпаўзе да сподачка з малаком вужака, да місы з непасоленай яешняй у падпеччы не прыкульгае дамавік… А калі такі дом апусцее – у ім абавязкова паселяцца прывіды. Напрыклад, закатаваных у сутарэннях ахвяр бязбожных эксперыментаў.
Нізавошта не хацеў бы Пранціш Вырвіч атрымаць ва ўладанне шыкоўны дом дэ Варда, каб прачынацца па начах ад прывідных скаргаў ды стогнаў… І ўвогуле блізка б да таго дому смерці не падышоў бы.
Але давялося. А менавіта ў той дзень, калі ў Таварыстве прагрэсіўнай медыцыны мусіў прагучаць скрадзены ў Баўтрамея Лёдніка публічны даклад пра новыя спосабы ўжывання аканіту.
Папраўдзе, большасці шаноўнай публікі было начхаць і на нейкі там аканіт, і на спосабы яго ўжывання, ну, акрамя купкі апантаных кнігагрызаў.
Але нават ускрыцці трупаў у анатамічных тэатрах у слаўную эпоху Асветніцтва ператварыліся ў прыемныя свецкія асамблеі. Так і тут – чакалася шампанскае, безэ і лепшая садавіна з лангедокскіх аранжарэй. Дамам можна было памерацца вышынёй прычосак, у напудраных хвалях якіх луналі цацачныя караблікі і ружавелі птушкі з пер’ямі сапраўдных калібры… Можна было з прыемнасцю абгаварыць апошнія куртуазныя прыгоды Людовіка Пятнаццатага, і што ў мадам Дзюбары з’явіліся зморшчыны ад злоўжывання шпанскімі мушкамі і эмаліроўкай твару, і пра яе змаганне з герцагам Шуазёлем, які хоча падкласці каралю ў ложак уласную пляменніцу… Ну і, вядома, паказаць сваю прагрэсіўнасць і дасведчанасць тым, што пакруціўся ў салоне праслаўленага ў Парыжы барона дэ Варда, сярод наймудрых, найвучоных мужоў. А можа, удасца якое слоўца новае вывучыць – напрыклад, “трэ-па-на-цыя”. Што такое, няважна, а пакрасавацца можна: “Як, вашамосць не ведае, што такое трэпанацыя? Ды ў Парыжы кожны дзіцёнак без яе нават спаць не кладзецца!”
Гэта быў першы раз, калі барон запрасіў на сход Таварыства старонніх – відаць, у цвёрдым спадзеве залучыць новых прыхільнікаў. Таму што ўваход на сённяшні вечар быў па білетах, а білет каштаваў столькі, што можна на гэтыя грошы самому банкет учыніць. Так што стрыгчы залатое руно тут было з каго. Нават некалькі арыстакратаў-эмігрантаў з Рэчы Паспалітай білеты выкупілі, прыехаўшы адмыслова з Ліёна і Парыжа. Тым больш надвор’е спрыяла: ужо тыдзень сонца бязлітасна падсмажвала вераснёвы Лангедок, як на Купалле.
Мадам Серафіна Мішэль у суправаджэнні двух сарацынаў не магла не з’явіцца паслухаць доктара, які яе так паспяхова лечыць. Вось з’яўленне маладога прафесара Жана Эмануэля Жылібера, вальтар’янца і масона, выклікала незадаволенае перашэптванне. Праўда, асабліва не здзівіліся: ну не вытрымаў вядомы батанік, ляснуў сто ліўраў, абы паслухаць канкурэнта на навуковай глебе. Але і Жылібер не застаўся на самоце, і зараз, пагардліва крывячы вусны, пра нешта перагаворваўся з двума вучонымі панамі. Гэткімі ж скептычнымі, з дэманстратыўна не напудранымі галовамі – французскія патрыёты лічылі ганьбай пераводзіць муку, калі народ галадае, і вакол тройцы імкліва ўтваралася Сінайская пустка.
А вось і дакладчык. Альфонс Бяскоўскі нікому не даверыў каштоўны тэкст. Прамаўляе, як салавей з зязюляй. Самы час сарацынам з асабістай аховы каралеўскай фаварыткі ціхенька адысці ў куток залы з бліскучай, як вада ў сонечны дзень, падлогай і калонамі з ружовага мармуру, у цёмны калідор, далей, далей…
У канцы калідора двое венгерцаў перагарадзілі шлях да лесвіцы, сярдзіта замахалі рукамі: няма чаго тут швэндаць… Вырвіч перазірнуўся з напарнікам – сённяшні сарацын нумар два быў шляхціцам, харунжым у войску Радзівіла Пане Каханку і старым знаёмцам. Таму праз колькі імгненняў венгерцы ўселіся на прыступкі лесвіцы, міла прыхіліўшыся адзін да аднаго, без лішняга шуму і без прытомнасці.
Праўда, жывыя.
Амаль.
Ну не пераняў Пранціш у свайго настаўніка Баўтрамея ва ўсіх тонкасцях навуку, як абяззбройваць суперніка, не наносячы яму шкоды. Дый не дужа хацелася.
Сарацыны кінуліся на другі паверх. Пранціш нецярпліва вышукваў жалезныя дзверы… І ледзь не збіў з ног дзяўчыну ў нейкай дужа лёгенькай сукенцы, якая высунулася з пакоя ў калідор, паглядзець, хто гэта тупоча, заміж каб слухаць у зале вучоны даклад пра выкарыстанне нейкай гадасці.
Ашыйнік! На дзеўцы жалезны ашыйнік! Ці не тая, што доктару ежу носіць?
Пранціш адной рукой прыціснуў грэшнае стварэнне спінай да сябе, другой закрыў дзеўцы рот. Але ў небаракі і так мову адняло, відаць, бо ейны твар люстраваўся ў лязе шаблі другога сарацына.
– Не будзеш крычаць – не заб’ем, згода?
Паненка ледзь заўважна хітнула галавой. Пранціш трохі прыняў руку – дзеўка нагадвала яму кацяня, якое дзеці так заціскалі, замучылі, што яно ўжо развучылася і вырывацца, толькі пакорліва абвісае ў руках.
– Доктар дзе? Гавары, ну? Той, якога за жалезнымі дзвярыма трымаюць…
Раптам грэшніца неяк спрытна вылузалася з няветлых абдоймаў, павярнулася да Пранціша, не зважаючы на пагрозную шаблю, і ўтаропілася ў закрытую да вачэй чорнай тканінай фізіяномію нападніка з адчайнай надзеяй:
– Вы па Скарамуша? Вы ягоныя сябры?
Трохі пукатыя шэрыя вочы, падведзеныя чорнай фарбай, глядзелі трывожна, вялікія пухльныя, ярка нафарбаваныя вусны – праўда, цалаваць іх нізавошта не хацелася – уздрыгвалі… Пранціш суха пацвердзіў:
– Мы яго сябры. Дзе ён?
– Пайшлі, пакажу! Толькі ў мяне ключоў няма… Ён жа мяне вылечыў, з таго свету выцягнуў!
Дзеўка ў белых шаўковых туфліках бегла па зялёнай дывановай дарожцы, нібыта слізгала, толькі пазвоньвалі тонкія бранзалеты. І Пранціш намагаўся адляпіць погляд ад пышных формаў, абцягнутых паўпразрыстай тканінай, усыпанай залатымі блішчынкамі. Ну і кліенткі тут у доктара…
У канцы калідора, дзе паміж дзвюма тумбамі з кітайскімі вазамі вісела карціна, на якой лупавокі барадаты цар Давыд спакушаўся вабнасцямі чужой жонкі Вірсавіі, дзеўка падала знак спыніцца:
– Тут, адразу за рагом… Але там ахова.
Грэшнае стварэнне не падманула: былі і жалезныя дзверы, і ахова… Дакладней, адзін вусаты гардыян у кунтушы з залатымі галунамі, прысеўшы ў сцянной нішы на банкетку, меланхалічна еў мандарыны з бронзавага блюда. На маленькім мармуровым століку пісталет, графін з чырвоным віном і збан з вадой спрачаліся за ўвагу гаспадара, патрапаную калоду карт прыціскаў стылет… Сур’ёзны пост, са зручнасцямі, разлічаны на ўвесьчаснае карыстанне, тым больш ахоўнік не адводзіў вачэй ад дзвярэй. Мусіць, Лёдніка так баяцца, што думаюць, быццам жалезныя лісты прагрызе…
Між тым нават у гэты дальні калідор раптам данёсся вэрхал з залы, дзе адбываўся даклад. Заверашчалі абураныя галасы, перабіваючы адно аднаго – відаць, Жылібер, як намерваўся, учыніў скандал, што адкрыццё крадзенае. Пад гэты шум самае то акураценька ўкласці на дыван яшчэ аднаго фальшывага венгерца. Дзеўку пакуль трымалі пры сабе, але пільнавалі – раптам трывогу падыме…
Калі Пранціш справіўся з вялікім ангельскім замком, высветлілася, што за першымі дзвярыма – яшчэ адны, таксама жалезныя, са спецыяльным акенцам унізе – падобна, каб ежу прасоўваць.
– Хутчэй! – прасіпеў другі сарацын, трывожна азіраючы пусты калідор, бо дзесь непадалёк чуліся галасы, крокі… Вырвіч скінуў са змакрэлага твару абрыдлую хустку, абцёр пот рукавом і ўважлівей зашурудзіў дзвюма шпількамі ў замку… Нарэшце пачуўся ціхі шчаўчок, і дзверы ў скарбніцу прагрэсіўных дактароў адчыніліся…
Чорны Доктар, апрануты ў зрэбныя нагавіцы і кашулю, сядзеў проста на падлозе, на худым сенніку – а больш у маленькім квадратным пакойчыку з голымі беленымі сценамі нічога і не было, нават збана з вадой. Прыхінуўся спінай да сцяны, абняў калені, галава нізка апушчаная, твар завешваюць чорныя пасмы з нітамі сівізны… Дзве пасмы над правай скронню чамусьці заплеценыя ў тонкія, з пруток, косы.
– Бутрым!
Толькі тады галаву падняў, але ў цёмных вачах бліснула не радасць, а трывога.
– Вырвіч! Зараз жа ўцякай, я не магу…
Голас хрыплы, вусны перасохлі…
Раптам да полацкага алхіміка кінулася дзеўка, затрэсла яго за плечы, залапатала:
– Скарамуш, апамятайся, бяжы! Цябе тут замучаюць…
Вырвіч варухнуцца не паспеў – красунька падскочыла да стала ахоўніка, схапіла збан з вадой і сунула Чорнаму Доктару.
На шчасце, там сапраўды аказалася вада, а не якісь моцны напой – надта горача сёння, без вады доўга не праседзіш… А мяркуючы па тым, як Лёднік прагна піў, яму й давялося пасядзець. Дзеўка прысела каля вязня, які, захлынаючыся, спатольваў смагу, і спачувальна гладзіла па валасах.
Вырвіч між тым дастаў з-за пазухі скрутак чорнай бліскучай тканіны і кінуў зняволенаму:
– Апранай, хопіць камедыю круціць. Саламея з дзецьмі на караблі, у бяспецы, цябе чакаюць…
Калі хто бачыў, як распростваецца колас, з якога стрэслі цяжкую расу, можа ўявіць, як ускінуўся з месца полацкі алхімік – адным звярыным рухам, і ягоныя вочы загарэліся знаёмым агнём.
– Ну вось, адразу б так… – зазначыў другі сарацын, прыадкрываючы твар, і Лёднік, які з дапамогай сваёй падазронай кліенткі ліхаманкава нацягваў на сябе сарацынскую вопратку, здзівіўся.
– Пан Рысь? Вы? Якім чынам?
Стары знаёмец усміхнуўся.
– Ну, павінен жа я аддаць вашай мосці свой доўг яшчэ за Вільню!
Калісьці Лёднік змог выратаваць ад арышту студэнтаў Віленскай акадэміі, што меліся далучыцца да войска Пане Каханку, галоўнага апанента караля, але для гэтага давялося падставіцца самому ды трапіць у катавальню. Пан Рысь, прыбліжаны Пане Каханку, тады выводзіў таемным ходам студэнтаў, пакінуўшы Лёдніка затрымліваць жаўнераў.
Пранціш сунуў у рукі трэцяму сарацыну запасную шаблю… А Лёдніку нават вочы дурнап’янам падцямняць не трэба, чорныя і бліскучыя ад гневу.
– Усё, рушылі!
Але Бутрым схіліўся да губастай дзеўкі і адрывіста папытаўся:
– Каламбіна, дзе яны паставілі прыладу, над якой я працаваў?
Падобна, усіх рабоў у гэтым доме называлі як персанажаў камедыі масак. Каламбіна разгублена лыпнула шэрымі вачыма:
– Скрынка з жалязякамі? У сутарэннях, мусіць.
Пранціш ашалела ірвануў Бутрыма за рукаў:
– Здурэў? Куды сабраўся? Уцякаць з дому трэба!
Палачанін упарта прымружыў вочы і прарычэў:
– Не раней, чым выпраўлю ўсё, што тут нарабіў!
І ірвануўся, як чорны віхор – немагчыма было ўявіць, што пару хвіль таму ён сядзеў такі няшчасны і бязвольны… Вырвіч і пан Рысь ледзь паспявалі следам, лаючыся на незразумелай тутэйшым чысцюткай беларускай мове зусім нягжэчна – ды што ж за чалавек такі Полацкі Фаўст, выцягні са смалы – у дзёгаць уваліцца. Ды яшчэ дзеўка ў ашыйніку прыляпілася, бы ліст да абцаса, грудзі ледзь з сукенкі не вывальваюцца, сарамацішча.
Лёднік, падобна, быў яшчэ больш раззлаваны, чым сарацыны, і так наляцеў на венгерцаў, якія паспрабавалі былі перапыніць дзікуноў у чорных балахонах, што тыя паваліліся, як алавяныя салдацікі.
– Прэч!
Пранціш перастаў штосьці кеміць, план, такі ясны і просты, распаўзаўся, як паедзены моллю кілім. Лёднік нёсся наперадзе, як гетман.
– Дык што, пане-браце, усіх па дарозе сячы? – задыхліва, але весела папытаўся на бягу пан Рысь, якому баявое шаленства заўсёды было больш даспадобы, чым вывераная стратэгія.
– Сячы, пане-браце! – скрозь зубы прасіпеў раз’ятраны Лёднік, але паспешліва дадаў: – Толькі не насмерць!
Гуманіст! Каб быў час, Вырвіч пасмяяўся б. А Бутрым, падскочыўшы, так даў нагой па дзвярах, на гэты раз драўляных, з разьбой ды пазалотай, што адчыніліся з першага разу, лісліва рыпнуўшы. За імі заверашчалі дзве дзеўкі ў такіх жа бессаромных уборах і ў ашыйніках, як сарацынская спадарожніца. Вялікая верагоднасць, што дзевак звалі Смеральдзіна ды Ф’ямета, згодна камедыі дэль артэ.
– Хто не баіцца – можаце паспрабаваць уцячы з намі!
Дзеўкі зашапталіся: “Скарамуш! Скарамуш!”, але з пакоя не выйшлі, і нават так званая Каламбіна засталася з сяброўкамі, на развітанне дзюбнуўшы нафарбаванымі вуснамі Чорнага Доктара ў шчаку. Дзякуй богу, не хапала яшчэ ўвесь баронскі сераль скрасці, то ж пані Саламея радавацца будзе.
А вось і знаёмыя прыступкі ў сутарэнне…. Пранціш мімаволі прымарудзіў крок. У галаве зашумела, як ад Лёднікавага дурману, ледзь расчуў выратавальную прапанову пастаяць на варце. Не, усё-ткі дактары – куды больш жорсткія стварэнні, чым нават вайскоўцы!
Унізе залязгалі шаблі і жалезныя засовы, але Чорны Доктар не забавіўся, узбег па прыступках, прыціскаючы да сябе левым локцем нейкую скрыню. На лязе ягонай шаблі барвавела кроў.
Пан Рысь, які падняўся следам з лабараторыі прагрэсіўных дактароў, змушаны быў прыхінуцца да сценкі і трохі счакаць, каб не званітавала. І яго прабрала відовішча!
А ў зале жарсці кіпелі… Ад уласцівасцей аканіту там перайшлі да складаных медыцынскіх праблемаў. Магчыма, сарацынам, чыя колькасць павялічылася, і ўдалося б прашчаміцца ўздоўж сценачкі да выхаду, але да барона падбег ахоўнік і горача зашаптаў на вуха. Барон стаўся аднаго колеру са сваім парыком і адрывіста штось прамовіў… Заўважылі, халера! Некалькі чалавек пачало праштурхоўвацца праз натоўп да сарацынаў, нейкая дама праліла з-за іх шампанскае і гучна абуралася.
Вось цяпер было не да жартаў, прыпячэ, як блыху на блясе. Трэба паспець скарыстацца з таго, што большасць усё ж не цяміла, якая халера адбываецца. Краем вока Вырвіч бачыў светлую сукенку Раіны…
Раптам нізкі голас былога віленскага прафесара, які звык заклікаць да дысцыпліны наравістых студыёзусаў, перакрыў усе галасы:
– А зараз ягоная мосць барон дэ Вард пакажа нам галоўны сюрпрыз! Усе павінны паглядзець на навуковыя дзівосы, што захоўваюцца ў сутарэнні гэтага дома! Гэта лепей, чым звярынец альбо анатамічны тэатр, панове!
Людзі прыціхлі, заазіраліся. Раіна зараз жа звонка падхапіла:
– Барон, вы неверагодны гаспадар! Неадкладна адпраўляемся ў вашы таемныя сховы! Мне дык проста не церпіцца пабачыць вынікі выдатных эксперыментаў.
Натуральна, у тых, хто бываў у сутарэнні, твары збялелі ды скрывіліся, а іншая публіка ажывілася – бо атракцыён з бойкай паміж дактарамі пачаў ужо надакучваць. Сыплюць сабе вучонымі тэрмінамі, хай бы хоць парыкі адзін з аднаго пасцягвалі… Адзін з чужаземцаў загарлаў, што ў яго ў Літве такі звярынец, якога ніводзін французскі барон не мае, і ён хоча параўнаць яго з баронскім. Другі заявіў, што ўсё роўна тых дзівосаў, якія меў у Нясвіжы князь Радзівіл, ніхто не пераплюне, і таксама горача зажадаў зверыць іх з баронавымі… Дарэмна дэ Вард спрабаваў перакрычаць гармідар, сто разоў шкадуючы, што ўпусціў сюды, паквапіўшыся на вялікія грошы, усіх, хто зажадаў. А людзі ж уплывовыя, не выштурхаеш!
– Калі ласка, панства! Сюды, да канца калідора, і ўніз, па лесвіцы! Уваход вольны!
Нізкі гучны голас рослага сарацына ў трохі прадзіраўленых чорных адзежах гучаў амаль здзекліва. У адной руцэ дзіця пусткі трымала шаблю, другой прыціскала да сябе скрынку…
– У яго шлем!
Бяскоўскі з-за калоны паказваў пальцам на Скарамуша.
Самы час быў пакінуць негасцінны дом.
Дэ Вард, раскінуўшы рукі, спрабаваў затрымаць натоўп, але падпітыя госці, падзуджаныя чужаземнымі шляхцюкамі, павалілі глядзець на абяцаныя дзівы…
Нечакана перад Лёднікам вырасла гіганцкая постаць, абшчаперыла, не зважаючы на ўдары: Гарганцюа! Галем, які не ведае болю і спачування… Вырвіч з жахам зразумеў, што Бутрым нізавошта не стане сячы шабляй скалечанага волата, і гэта самазабойства… Але Лёднік раптам гучна прагаварыў-прасіпеў, гледзячы ў каламутныя вочы гіганта: – Ёсць два віды законаў: адзін – безумоўнай справядлівасці і ўсеагульнага значэння…
Рукі Гарганцюа расціснуліся і ён, застылы, як слуп, механічна прамовіў, мяркуючы па ўсім, працяг пачутага:
– Другія ж – недарэчныя, абавязаныя сваім прызнаннем адно слепаце людзей або сіле абставінаў.
Зразумела, уцекачы не сталі выслухоўваць мудрыя словы – як пасля патлумачыць Бутрым, яны належалі блюзнеру Дзідро, чыім гарачым прыхільнікам у мінулым сваім жыцці быў Гарганцюа…
Польскія арыстакраты, што з’явіліся на вечарынку, дружненька перашкаджалі пераследнікам. А калі павыхоплівалі шаблі, гарлаючы пра ўрон для гонару, як на якім Рэчыцкім сейміку, а з сутарэння данеслася верашчанне ўражаных відовішчам няпрошаных гасцей, дэ Вард нарэшце зразумеў, што вельмі дарэмна злавіў у сваё сіло аднаго ганарыстага доктара.
Карэта імчала да порта Латэ, наладаваная збеглымі ліцвінамі. Першае, што зрабіў Пранціш, калі ўсеўся побач з Лёднікам – кінуўся здымаць з яго ашыйнік. Не мог бачыць на прафесары сведчанне рабства. Калі з дапамогай той жа шпількі замок быў адчынены, а ашыйнік зняты, пад ім выявіўся крывавы пісяг – відаць, полацкі Фаўст быў не самым паслухмяным рабом.
Лёднік пацёр шыю і стамлёна абсунуўся на сядзенні. Вырвіч паглядзеў на ягоны драпежны профіль і мімаволі ціха папытаўся: – Моцна білі?
Вусны нядаўняга вязня падціснуліся, ён памаўчаў, адказаў, не падымаючы вачэй:
– Зусім не білі, пан Вырвіч. Барон дэ Вард лічыць гэты спосаб утаймавання брутальным і не вартым разумнага чалавека. У іх ёсць… больш дасканалыя і тонкія спосабы ламаць асобу.
Цвёрда зірнуў на колішняга гаспадара:
– Выканайце маю просьбу, пан Вырвіч: не распытвайце мяне, што было ў доме гэтага тлустага гнюса, ніколі.
Перавёў позірк на акторку, якая ўсміхалася са светлым сумам: – Я здагадаўся, што аглядаў вас, Раіна… Бяскоўскі… зманіў вам.
Раіна раптам падалася наперад, на імгненне ўзяла далоні доктара ў свае: – Я ведаю, дарагі пан Лёднік… Усё ведаю. Не трэба…
І адкінулася назад, мройна гледзячы ў вакно, за якім, аднак, нічога не адбывалася, толькі ляцелі ў прыцемку дрэвы, як вядзьмаркі з ускудлачанымі, зблытанымі валасамі. Бутрым уздыхнуў і зноў панурыўся – і Вырвіч мог прысягнуць, што чуе ягоныя думкі: перажывае, як там жонка і дзеці, і якога дурня зваляў, звязаўшыся з дэ Вардам, і як замаліць грахі, і куды яму цяпер падзецца… Ні грошай, ні працы… А пан Рысь, ваяўніча тапырачы чорныя вусы, бадзёра ляснуў вызваленага па плячы:
– Ну што, вашамосць, віншую з чынам падхаружага ў канфедэрацкім войску, якое сабраў ягоная мосць Караль Радзівіл!
У Лёдніка ажно худы твар яшчэ больш выцягнуўся ад ашаламлення. Пранціш з няёмкасцю перхануў і прашаптаў на вуха Чорнаму Доктару:
– Ну а як мне было яшчэ здабыць вояў у дапамогу ды карабель? Так што мы з табой цяпер – канфедэраты, Бутрым!
Той толькі вочы заплюшчыў, пасядзеў трохі, пераварваючы навіну, і здушаным голасам прамовіў:
– Ну, напэўна, дзякуй.
Раздзел шосты. Як Лёднік у партрэтысты падаўся
Былі ў кёльтаў чатыры багіні, якія любілі кружляць над полем бойкі: Немаін, Бадб, Марыган ды Маха. І добра, каб кружлялі ў абліччы прыўкрасных дзевак, а то пераўвасабляліся ў варонаў, чорных ды брахлівых. Кружлялі ды выбіралі, хто сёння загіне.
У скандынаваў валькірыі рабілі тое самае ў абліччы бялюткіх лебедзяў. Але тут, на Беларусі, паміж нізкім шэрым небам і полем у лапінах пабітага воспай сакавіцкага снегу, ніхто не лётаў. Праўда, сядзела на худым дрэўцы сарока, якая ў засмажаным выглядзе, згодна трактату Арнольда з Вілановы, ратуе ад чараў.
Але людзі, што абдымалі апошнімі абдымкамі халодную, вільготную зямліцу, памёрлі не ад счаравання ды сурокаў, а былі сумленна пасечаныя шляхецкімі шаблямі ды падстрэленыя кулямі – перад смерцю пастараўшыся ўчыніць такое ж вечнае шчасце іншым…
Вырвіч прыўзняўся ў страмянах, углядаючыся ў смугу, што зацягвала патроху панылыя краявіды і рабілася адзіным саванам загінулым… Канфедэраты, расейцы, жаўнеры кароннага войска – якая цяпер ім, застылым, розніца? А вось ці ёсць хто жывы? Наводаль, ля цёмнага падлеску, хадзіў белы конь, нервова ўскідваючы галаву, нібыта не мог уцяміць, чаму ягонае сядло пакінуў вершнік. У скураных ольстрах – кабурах пры сядле – усё яшчэ тырчэлі два пісталеты, якімі гаспадар не паспеў скарыстацца. Вунь ляжыць перавернуты вазок… Дзе ягоны гаспадар? А вось улан у белым мундзіры з чырвонымі вылогамі абдымае зямлю, самую памяркоўную каханку, і паспеў аддаць ужо ёй усё цяпло свайго цела і ўсю кроў…
Панесла ж невялічкі аддзел падхаружага Лёдніка менавіта ў гэты бок. Няўжо Полацкага Фауста, які здаваўся трывушчым, як загартаваны клінок, дастала ўсё-ткі нейкая недабразычлівая валькірыя?
Харунжы Вырвіч выцер рукавом лоб. І ён сам вінаваты… Адпусціў падначаленага – так, трэба разведаць, ці праўда ў Капанічах спыніўся расейскі атрад, і куды кіруецца далей… А калі данеслі, што туды мусіў выправіцца не атрад, а цэлы полк, і пасланыя на выведку не вярнуліся, Пранціш, заміж таго, каб ехаць са сваімі жаўнерамі да месца збору канфедэрацкага войска, узяў двух добраахвотнікаў ды чуйдух сюды. З якога боку ні глядзі – злачынны для камандзіра ўчынак… За здраду могуць палічыць.
Але менавіта такія ўчынкі дазваляюць застацца чалавекам у самай азвярэлай, крывавай калатнечы.
Пранцысь не павярнуў назад, нават калі застаўся адзін – падстрэленага драгуна адправіў з таварышам… Так, кепскі з яго камандзір. Але як жыць, калі толькі і застанецца ўспамінаць буркатанне Лёдніка, маўляў, колькі можна забіваць падсвечнікам цвікі, укладаць шаблю ў рукі таму, хто прызначаны лекаваць?
Апошнія месяцы заміж пераможнай кампаніі ператварыліся ў суцэльны панылы жах. Свавольны гетман Шыман Касакоўскі, пасвараны з Генеральнасцю канфедэрацыі, дзейнічаў сам па сабе, збіраючы войска, з каго прыдзецца. Шляхта, мешчукі, сяляне… Усе, хто не хацеў панавання маскоўцаў і быў злы на Панятоўскага. Але й поспехі стракатага войска былі няпэўнымі. То прарвуцца ажно да Смаленску – то адкінуцца назад… А што хацець? Шляхта, хто пабагацей, з’яўлялася са сваймі жаўнерамі, хто мог узброіць дзесяць, хто – трыццаць, хто й з сотняй панцырных баяр прыходзіў. І ўжо такі пан – сам сабе галава… Як на любой вайне, пакутвалі перш за ўсё бязвінныя. То маскоўцы вёску спаляць, то каронныя, то канфедэраты… Краіна паціху канала. Лёднік з кожным днём усё больш змрачнеў – і Вырвіч баяўся, што аднойчы наравісты Чорны Доктар проста адмовіцца выконваць якісь жорсткі загад. Дый глядзелі на доктара-канфедэрата скоса: праваслаўны, а барцы абараняюць жа каталіцкую веру, не шляхцюк – а зрабілі камандзірам, сармацкіх звычаяў не пільнуецца, вусоў не адпусціў, нават слівавіцы не адсёрбне пасля бойкі… Праўда, б’ецца так, што й нападпітку ніхто задзірацца з клісцірнікам не палезе. Кажуць, можа забіць, не датыкаючыся, агонь на адлегласці гасіць. Вядзьмак, адно слова. Зноў жа, каго параняць – зацыруе, нават з чыстца сваім мастацтвам дастане, модлы схізмацкія пад нос марчычучы.
Больш за ўсё Бутрым нудзіўся па сям’і. Адправіў Саламею з дзецьмі ды Хвэлькай у Полацак… Толькі й паспелі пабыць разам, як на караблі плылі, ды пасля ў дармезе па восеньскіх дарогах трэсліся праз усю Еўропу. Саламея шчаслівых вачэй ад вінаватага мужа не адводзіла. А вось Раіна нават у моры адгарадзілася ад былога жаніха, у каюце замкнулася. Толькі Лёднік час ад часу ёй нейкія адвары насіў – калі сам на нагах стаяў, бо марскую хваробу мікстуры, клапатліва назапашаныя Саламеяй, не надта лекавалі. А ўжыць правераны сродак – ром з перцам, каб з ног зваліцца, – доктар на вачах у дзяцей нізавошта не згаджаўся. Як гэта дрэнны прыклад сыну падаць? І так хапае шляхцюкоў, якія лічаць кепскім тонам на сваіх нагах з-за сяброўскага стала выходзіць.
І як толькі даплылі да першага ж порту, яшчэ ў Італіі – Раіна адправілася прагуляцца дый не вярнулася. Пакінуўшы па сабе памяць, быццам трымаў у руках птушку, слухаў, як калоціцца яе сэрцайка, а яна цябе – цоп за палец нечакана моцнай дзюбай, да крыві, дый паляцела… І як яе дакараць?
Вядома, доўг раззлаванаму Тызенгаўзу за нявыкананае Лёднікам даручэнне аказаўся выплачаны. Егіпецкая прынцэса працягвала нябачна ахоўваць дарагіх ёй людзей. Каб яшчэ ведаць, за якія шышы?
Вырвіч яшчэ раз з тугою агледзеў панылыя краявіды. Здаецца, вунь там нешта варушыцца… Здушыўшы раптоўную надзею, каб пасля не расчароўвацца горка, прыспешыў каня.
Баўтрамей Лёднік стаяў на каленях у брудным снезе і перавязваў раны расейскаму жаўнеру. Галава бялявага прыхадня бездапаможна ляжала на каленях ліцвінскага лекара. Побач, на бела-ружовым снезе, перавязаны ўжо, канфедэрат – твар і валасы ягоныя былі так упэцканыя крывёй, што не разабраць па абліччы, малады ці стары. Пранціш саскочыў з каня:
– Бутрым! Жывы!
Лёднік, не ўстаючы з кален, цяжка сплюнуў таксама крывёй:
– Падобна, пан Вырвіч, смерць на мяне пакрыўдзілася ды ўнікае маёй кампаніі.
Голас Чорнага Доктара гучаў так ціха і хрыпла, так што харужы спалохаўся:
– Ты сам як?
– Нічога… – але спробы ўстаць не зрабіў. —Каня майго падстрэлілі, дык гахнуўся, за стрэмя зачапіўшыся, так, што ўвесь бок адбіў аб нейкія карчы. Але скабы, здаецца, на гэты раз цэлыя…
– А дзе твае жаўнеры?
– Адзін – вось… – Бутрым кіўнуў на параненага. – Двое – там… – махнуў вяла рукой у поле. – Хай Гасподзь дасць ім месца спакойнае ў сваіх паселішчах… Астатнія з’ехалі з маскоўцамі за плячыма, спадзяюся, ацалеюць. Я… паспеў чалавек шэсць укласці, перш чым зваліўся ды самлеў.
Лёднік марудна адкінуў чорныя зліплыя пасмы, што завешвалі твар, і перарывіста ўздыхнуў, падобна, яму і дыхаць было балюча. Вырвіч падскочыў, падхапіў пад руку:
– Уставай, паехалі!
Бутрым з цяжкасцю падняўся, патрос галавой, як бы скідаючы слабасць.
– Гэтыя двое могуць выжыць… Іх нельга пакідаць на халоднай зямлі.
Пранціш раздражнёна выдыхнуў скрозь зубы. Можна й не пачынаць спрачацца – бескарысна. Доктар не рабіў розніцы паміж пацыентамі, свайго патэнцыйнага забойцу лекаваў гэтак жа, як і сябра. Ну і калі мог адратаваць камусьці жыццё – не адступіцца. Драгун бездапаможна азірнуўся.
– Хіба той вазок скарыстаць, калі колы цэлыя…
Перакуліць на месца экіпаж дапамог той жа Лёднік – даклыпаў ды ўпёрся ў вазок побач з Пранцішам, сціснуўшы зубы… Колы цэлыя. У вазку нават засталіся нейкія транты. Вырвіч зазірнуў у прыадчынены дарожны куфар: каштоўнае, вядома, забралі, пакінулі пацёрты камзол з недарагога сіняга мультану, яшчэ нейкія стракатыя анучы, не самыя чыстыя кашулі з карункамі, парык валяецца, быццам гняздо прывіднай птушкі, альбом тырчыць з белай шчыльнай паперы, такі недарэчны на вайне…
Вырвіч так-сяк запрог у чужы экіпаж свайго каня, які злосна касавурыўся цёмным вокам, нібыта быў глыбока абражаны, што яго, арыстакрата конскага, ваяра, змушаюць да сялянскай працы. Той самотны белы конь, што хадзіў каля лясочку, збег, можна было падумаць, спалохаўся, што і яго зараз завабяць ды таксама слугаваць змусяць.
Удваіх з Лёднікам узвалілі на вазок параненых – тыя так і не апрытомнелі. Бутрым схадзіў яшчэ за сваёй паходнай сумкай, што засталася ля забітага каня… Вырвіч ледзь не сплюнуў: так і ёсць, клятую скрынку нават сюды з сабою ўзяў Чорны Доктар! Можа, ён і ў прыбіральню з ёю ходзіць?
З таямнічай скрынкай, якую доктар вынес на злом галавы з дома барона дэ Варда, нешта незразумелае атрымалася. Пранцішу, вядома, карцела даведацца, дзеля чаго ж рызыкавалі. Быў бы шкаляром – сам бы цішком падгледзеў. Але Лёднік скарб свой хаваў, размаўляць пра яго не жадаў. Падобна, і з пані Саламеяй адмоўчваўся. Толькі перад ад’ездам у войска паклікаў у кабінет былога студыёзуса ды й вываліў таямніцу на стол… Хай бы ўжо з золата яна была! А то некалькі саржавелых абручоў, з’яднаных у падабенства шлема, ды з усялякімі колцамі, шасцярэнькамі, дыскамі, пакрытымі лічбамі, арабскімі літарамі ды незразумелымі знакамі, усё вельмі падобнае да астралябіі. Але зусім разламанай. Частка дэталяў увогуле ляжала купкай, нібыта жалезнае зерне для казачнай птушкі Рох.
– Гэта шлем Альбукасіса.
Гледзячы ў недаўменны твар Вырвіча, Лёднік раздражнёна забурчэў пра нядбайных студыёзусаў, якія гулялі ў карты на ягоных лекцыях. Але ўсё-ткі патлумачыў: жыў вялікі маўрытанскі лекар сямсот год таму, хірург такі, што й сёння роўных яму няма. Былы прафесар умудрыўся нават не спатыкнуўшыся вымавіць поўнае імя таго араба: “Абул-Касім Халаф ібн аль-Абас аль-Захраві”, і з захапленнем дадаў, што той напісаў трыццаць тамоў мудрасці пра хірургію… Вырвіч здрыгануўся і паспачуваў сабе, студыёзусу… Які, здаецца, шчасліва ўнікнуў знаёмства з тым Абу-як-там-яго ды ягонымі тамінамі.
Альбукасіс служыў пры двары халіфа Аль-Хакама, дзе хапала інтрыгаў, так што ўрэшце месца халіфа заняла ягоная ж блакітнавокая рабыня, якую называлі Субх. Кажуць, што ў той рабыні, што стала царыцай, з’явілася адмысловая гвардыя. Воі не ведалі болю і страху і былі паслухмяныя сваёй гаспадыні, як лялькі – батлеечніку, і менавіта дзякуючы ім Субх утрымала ўладу. Іх баяліся, як вупыроў ці дэманаў. А самае застрашлівае – яны і не былі цалкам людзямі. Бо нібыта Альбукасіс падарыў сваёй прыгажуні-гаспадыні адмысловы шлем. Варта было ўздзець яго на чалавека і загадаць “Служы мне” – і той ператвараўся ў пакорлівы механізм… Ну і нарабілі з дапамогай д’ябальскага шлема, як збаноў на мануфактуры, напэўна, цэлы полк.
Пранціш успомніў няшчаснага Гарганцюа… І Лёднік пацвердзіў: – Так, методыку Бяскоўскі запазычыў. Альбукасіс – адзін з лічаных хірургаў свету, якім удаваліся аперацыі на мозгу. Ён мог усё зрабіць з чалавечым целам і трымаць пры ім душу даўжэй, чым дазваляе Гасподзь.
– Ты што, Скарамуш, зноў хочаш ужо з дапамогай гэтага шлему людзям у мазгі лезці? – гідліва папытаўся Вырвіч. Лёднік, тузануўшыся ад сваёй рабскай мянушкі, бліснуў чорнымі вачыма.
– Ды не буду я галовы нікому прабіваць! Супакойся… Проста… Памятаеш, я ў Гданьску купіў карту зорнага неба Гельвецыя? – Яшчэ б… Заміж таго, каб залатую гарэліцу на тыя грошы піць, – незадаволена прамовіў Пранціш.
– Дык вось, гэты шлем – такая ж карта, толькі мозгу. І калі яго сабраць, як быў, ды адладзіць, мы будзем ведаць, у якой кропцы хаваецца, скажам, парушэнне мовы, альбо зроку, альбо дзе прычына эпілепсіі… Разумееш?
Вырвіч хмыкнуў, але механізм падаўся яму яшчэ больш гідкім, як саржавелы ад крыві ахвяраў інструмент ката. Лёднік пакаянна ўздыхнуў.
– Ну так, з дапамогай гэтага шлему можна шмат бяды нарабіць, нават не раскрыўшы сакрэт стварэння рабоў. Мы страцілі шмат ведаў, цяпер з сотні пацыентаў пасля аперацыі на мозгу можа адзін выжыве. Я ж і забраў гэтую штуку, каб яны… тыя… не выкарысталі. Але… не змог яго знішчыць. Пакуль плылі, шмат разоў парываўся кінуць клятую скрынку за борт… Не выкінуў. Усё – атрута, і ўсё—лекі…
Памаўчаў, круцячы ў руках круглую дэталь з выгравіраванымі рысачкамі.
– Ведаш, Вырвіч… Можаш мною пагарджаць… Але… я не шкадую. Я заплаціў дорага за сваю цікаўнасць – але тыя веды, тая практыка, якія я набыў у Манпелье… Яны вартыя, каб за іх нават памерці. Проста карыслівыя гнюсы ператварылі тое, што мусіць лячыць, у сродак катавання і забойства. У Бяскоўскага, аказваецца, меліся трактаты Альбукасіса, тыя часткі, якіх ніхто больш не бачыў. А што за эксперыменты ў Таварыстве прагрэсіўнай медыцыны мы рабілі! Я б такое нідзе не спазнаў. Я кажу, вядома, не пра жахі ў сутарэннях…
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?