Электронная библиотека » Севярын Квяткоўскі » » онлайн чтение - страница 2


  • Текст добавлен: 4 декабря 2018, 14:40


Автор книги: Севярын Квяткоўскі


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 11 страниц) [доступный отрывок для чтения: 3 страниц]

Шрифт:
- 100% +

11. Быць беларусам

Аднойчы ў менскім офісе радыё «Свабода» ўручалі прыз пераможцу радыйнага конкурса. Прызам быў сучасны прымач. А атрымліваў яго сціплы мужчына сярэдняга веку. Не грамадскі актывіст, не заўзятар палітычных форумаў, не ўдзельнік якіх-кольвек суполак. Проста работнік на пасадзе загадчыка склада.

– Я за пятнаццаць гадоў працы ў фірме ні разу нікому не казаў, што слухаю радыё «Свабода». Я ўвогуле ніколі не выказваў свае погляды. Ну такі я чалавек – ціхі, можа крыху баязлівы, – сарамліва ўсміхаўся наш пераможца. – І вось аднойчы слухаю ў сябе на складзе перадачу, а тут нечакана для мяне заходзіць дырэктар. Я разгубіўся. Але гляджу, што і ён разгубіўся. Дырэктар тады здзіўлена так кажа: «Дык і ты слухаеш «Свабоду», а я думаў, толькі я адзін у нас такі!»

Гісторыя мне нагадала апавяданне аднаго амерыканскага фантаста. У невялікім гарадку ў бацькоў быў хлопчык, які ўмеў лётаць. Бацькі баяліся, што такая «загана» будзе неадэкватна ўспрынятая грамадствам, таму дазвалялі сыну лётаць толькі ўначы ў садзе, каб ніхто не ўбачыў.

Па сюжэце за колькі гадоў перад тым праз мястэчка прайшла бабуся, кармілася ў людзей, і бацькі думалі, што гэта чараўніца так аддзячыла ім за гасціннасць.

Аднойчы хлопец пайшоў на цэнтральны пляц паглядзець, як на царкву ўсталёўваюць новы крыж. І тут раптам рабочы сарваўся з даху…

Хлопец узляцеў, пачаў цягнуць небараку ўгару, але сілаў бракавала. І тады ўсе прысутныя на пляцы падхапіліся, узляцелі і дапамаглі хлопчыку.

Так я бачу і нас – беларусаў. Можам лётаць, але саромеемся. І толькі ў крытычнай сітуацыі яднаемся адзін з адным.

Севярын Квяткоўскі

1. Пратэст

– Выбар беларушчыны для мяне быў яшчэ і пратэстам супраць савецкай ідэалогіі, якая да беларусаў ставілася як да адзінарогаў, нейкіх прыдуманых істотаў. А я не прыдуманы – я ёсць! – У самым канцы васьмідзясятых гадоў у горадзе Менску беларусамі менавіта станавіліся. – Я добра памятаю гэтае пачуццё несправядлівасці і тое адчуванне спраўджанасці, якое даваў мне працэс рэканструкцыі свету. – Мы мелі тады значна большую, чым у цяперашніх чатырнаццаці-пятнаццацігадовых, патрэбу ў пратэсце, і мая дэманстратыўная беларуская мова гэтую патрэбу цалкам задавольвала. На мяне абарочваліся, мне плявалі ўслед, мова шакавала – а мне гэта і было трэба. – Пытанне беларускай ідэнтычнасці, беларускай мовы заўжды было для мяне пытаннем гармоніі з іншымі і з самім сабой. – Быць беларусам – гэта здзяйсняць свае ідэі. – Жаданне быць беларускай – гэта, па-першае, маё жаданне быць сабой. – Гэта былі не раптоўныя змены, а штодзённая праца над сабой. – Чытаў у дзяцінстве беларускія, татарскія, туркменскія народныя казкі, але туркменам не стаў, а стаў беларусам. – Як кожны вясковы хлопец, я адаптаваўся да асяродку: перайшоў на расейскую мову. – Я хацеў быць не як усе. У беларускай мове мяне прывабіла пэўная элітарнасць. – Дыскрымінацыя была шалёная. Нашыя падпітыя хлопцы маглі пабіць проста ля крамы толькі за тое, што нехта не так казаў. – Хацелася актыўнасці, зменаў у жыцці, а таму насуперак шэрай масе і дзякуючы аднадумцам, сярод якіх былі і беларускамоўныя, я сам стаў змяняцца. Беларуская мова была сімвалам гэтых зменаў.

Юры Вінаградаў: Духоўны выбар

– Я прыйшоў атрымліваць пашпарт. Так склалася, што разам з мамай. Быў 1985 год. Чыноўніца пашпартнага стала будзённа задавала пытанні. Калі яна запаўняла графу «нацыянальнасць», я ні секунды не вагаўся і адказаў: «Беларус!»

Адразу ў цішы кабінета прагучаў кінематаграфічны, з добра пастаўленым голасам крык мамы: «Юрачка, падумай, гэта ж на ўсё жыццё!»

* * *

Мой дзед па маці ваяваў у Арміі Краёвай і часам распавядаў мне пра савецкіх партызанаў рэчы, якія не супадалі з афіцыйнай ідэалогіяй.

А бабуля па бацьку была заслужанай бальшавічкай у Маскве. Што праўда, бабуля да рэвалюцыі валодала цэлым гмахам, і яе не рэпрэсавалі толькі таму, што яна была з самых першых бальшавікоў. А вось іншага сваяка па бацьку – стрыечнага дзеда – расстралялі. Нават партбілет не дапамог, бо ён ад 1914 па 1917 год працаваў у Парыжы (кухарам). І дзеда рэпрэсавалі, таму прозвішча Вінаградаў узятае ад аднаго з сваякоў – ад граху падалей.

Майго роднага дзядзьку ўжо ў Менску паставілі на ўлік у КДБ пасля таго, як на пачатку 1980-х у Рускім драматычным тэатры спрабавалі выявіць ультранацыяналістаў.

З іншага боку, мой бацька – прыезджы з Масквы – не ўспрымаў беларускую культуру. Не тое што ненавідзеў, проста яму не хапала ведаў, ставіўся да беларускага як да правінцыйнага.

Я гадаваўся ў горадзе, дзе практычна не было старой інтэлігенцыі. Культурны нацыянальна арыентаваны асяродак быў знішчаны ў Менску ў 1930-я. Фактычна інтэлігенцыя Беларусі фармавалася нанава. І выбар беларускасці для мяне быў не этнічны, а духоўны, светаглядны. Як і шмат для каго з менчукоў, хто меў часткова беларускія карані ці нават зусім іх не меў.

Дзякуючы сваякам і знаёмым, я атрымаў магчымасць наведваць запаснікі музеяў і бачыць там экспанаты не толькі фальклорнай, а і шляхецкай мінуўшчыны Беларусі. Выбар беларушчыны для мяне быў яшчэ і пратэстам супраць савецкай ідэалогіі, якая да беларусаў ставілася як да адзінарогаў, нейкіх прыдуманых істотаў. А я не прыдуманы – я ёсць!

Альгерд Бахарэвіч: У менталітэт і голас крыві я не веру. Я веру ў мову і свядомасць

– Як я стаў беларусам? На пытанне, сфармуляванае такім чынам, адразу ж хочацца запярэчыць: маўляў, беларусамі не становяцца, імі нараджаюцца, дый што гэта за народ такі, прыналежнасць да якога трэба здабываць. Але ж не: у самым канцы васьмідзясятых гадоў у горадзе Менску беларусамі менавіта станавіліся.

Гэта быў час, калі дарослыя фактычна наноў адкрывалі для сябе свет. Знікалі белыя плямы гісторыі – айчыннай, савецкай, сусветнай; на нас абрынулася мора дагэтуль забароненай інфармацыі; старыя аўтарытэты з грукатам падалі нам пад ногі, а новыя падымаліся з магілаў і іх талакою цягнулі на апусцелыя пастаменты. Дарослыя шмат чыталі, штовечар глядзелі тэлевізар і жахаліся: усё было не так, як іх вучылі – высветлілася, што іх падманвалі, як дзяцей, нашых збянтэжаных дарослых.

І калі ты, падлетак, любіў чытаць і ўмеў слухаць – табе было чым заняцца. Мяне ў той час найбольш цікавілі мастацтва, гісторыя і палітыка. Праз іх, паступова, але даволі хутка, я зразумеў, што мы – дзеці людзей, якіх падманулі самым падступным чынам: нашых бацькоў вучылі глядзець на свет чужымі вачыма, гаварыць чужой моваю, думаць чужымі мазгамі – навучылі пачувацца вечнымі гасцямі там, дзе яны былі дома. Я добра памятаю гэтае пачуццё несправядлівасці і тое адчуванне спраўджанасці, якое даваў мне працэс рэканструкцыі свету.

Бацька штодня ездзіў на працу ў Жодзіна, а ў электрычках тады раздавалі бээнэфаўскія газеткі. Адну ён прыцягнуў дамоў. У той час я чытаў усё запар, ад Шапэнгаўэра і Сартра да сумнеўных парнаграфічных брашурак; прачытаў і тую газетку – і быццам плеўку сарвала з вачэй. Я зразумеў, што жыву не ў СССР, а ў Беларусі.

Як і большасць аднагодкаў той пары, я хварэў на рок-музыку: неўзабаве высветлілася, што рок магчымы па-ўкраінску – сапраўдным культурным шокам было для мяне знаёмства з творчасцю «ВВ», «Вопляў Відаплясава». Вось жа, украінцы, літоўцы, латышы свайго не саромеюцца, а мы? Зразумела, што пасля гэтага мне заставаўся адзін крок да «Мроі», якая мяне так уразіла, што я наклеіў на сцяну пакоя іхнае фота і ўсім тлумачыў: існуюць і нашы, беларускія рокеры. Узгадаваныя на Грабеншчыкове сябры слухалі з недаверам… Потым, пазней, былі «Ulis», «Мясцовы час»… Тады я ўжо страшэнна захапляўся літаратурай, папісваў вершыкі – і калі стаў чытаць «Тутэйшых», вырашыў, што пісаць буду толькі па-беларуску.

«Тутэйшыя» не адпавядалі стэрэатыпам пра беларускую літаратуру, іх беларуская мова не была школьнаю, іх цікава было чытаць, іх не любілі настаўнікі – што яшчэ трэба было, каб адчуць да іх сімпатыю? Наогул, мы мелі тады значна большую, чым у цяперашніх чатырнаццаці-пятнаццацігадовых, патрэбу ў пратэсце, і мая дэманстратыўная беларуская мова гэтую патрэбу цалкам задавольвала. На мяне абарочваліся, мне плявалі ўслед, мова шакавала – а мне гэтага і было трэба.

Ужо ў трынаццаць гадоў я быў вельмі палітызаванай асобай і перакананым антысаветчыкам. Я насіў на штрыфлі пінжака бел-чырвона-белы значок. Мой дзённік стракацеў надпісамі «Хай знікне Савецкая імперыя!», «Смерць камуністам!», «Маскалі, дамоў!», «Жыве незалежная Беларусь!». Я пісаў сачыненні тарашкевіцай і ўсю праблематыку твораў белсавецкіх пісьменнікаў зводзіў да таго, што камуністаў чакае Нюрнберг.

Потым я вышыў на пінжаку зялёнымі ніткамі загадкавыя слова «Так нельга» і апранаў яго ў школу. Я адказваў ля дошкі па-беларуску: спачатку на ўроках гісторыі, потым і на іншых. Я нахабна накідваў усім беларусацэнтрычны погляд на свет. У пачатку дзевяностых ужо наведваў палітычныя мітынгі, адкуль прыносіў розныя катэхізісы кшталту «Што трэба ведаць кожнаму беларусу». Са мной у школе праводзілі строгія размовы, стаўленне, аднак, было на дзіва ліберальнае, бо вучыўся я някепска і эпоха была ўжо не тая, лютаваў хіба настаўнік вайсковае падрыхтоўкі. Дарослыя азадкамі адчувалі, што Савецкі Саюз імкліва коціцца да свайго канца. Яны проста не ведалі, што рабіць. Здаецца, яны і цяпер не ведаюць, тыя пастарэлыя дарослыя з майго 1990 года.

У менталітэт і голас крыві я не веру. Я веру ў мову і свядомасць. Пытанне беларускай ідэнтычнасці, беларускай мовы заўжды было для мяне пытаннем гармоніі з іншымі і з самім сабой.

Беларускамоўны беларус – гэта не эфірнае, празрыстае, безаблічнае стварэнне, завіслае паміж небам і зямлёй, якое невядома адкуль узялося і невядома чаму атрымала ўласную дзяржаву і хоча пры гэтым, каб яго прызнавалі за чалавека, за асобу, за роўнага.

Беларускамоўны беларус ведае, хто ён; ведае, што мае такое ж права быць роўным сярод роўных, як і іншыя; ведае, што ён еўрапеец; ведае, адкуль ён і дзе яго дом. Беларускамоўны беларус мае грунт для свайго існавання і здольны яго абараніць. Бо насамрэч «я» – гэта тое, чым я адрозніваюся ад астатніх.

Аліна Радачынская: Жаданне быць беларускай – жаданне быць сабой

– Сям’я мая расейскамоўная, і беларускамоўнага мэтаcкіраванага выхавання ніколі не было. Хутчэй закладаўся нейкі дух пярэчання. Калі б не ён, то, можа, існавала б сабе спакойна і не шукала прыгодаў на сваю псіхіку.

Мы жывем, ставім сабе пытанні, шукаем на іх адказы, спрачаемся з іншымі. Быць беларусам – гэта спрачацца са сваім расейскамоўным наваколлем. Быць беларусам – гэта адольваць свой шлях, які, магчыма, падштурхне іншых людзей рухацца да беларускасці.

Да пэўных рэчаў чалавек даходзіць сам, чытаючы кнігі, школьныя падручнікі. Пазней усе веды гуртуюцца ў нешта адно цэлае, і тады табе трэба вырашаць, хто ты ёсць і навошта? Для мяне апошнім штуршком да беларушчыны стаў пераезд на навучанне ў Менск, дзе з’явіўся беларускамоўны асяродак і з гэтага магчымасць перайсці на родную мову. У Рагачове, маім родным горадзе, гэта было б цяжка.

Жаданне быць беларускай – гэта, па-першае, маё жаданне быць сабой. Запаў у памяць выраз: «Чалавек можа цалкам рэалізаваць свае рэсурсы – інтэлектуальныя, маральныя, духоўныя, – толькі размаўляючы на роднай мове». Гэта былі словы выкладчыцы. Тады, на першым курсе, і пачаўся пераход на беларускую мову. Пры тым, што навучалася на расейскай філалогіі. Група была ў шоку. Першы дзень яны пыталіся, што са мной здарылася, другі дзень пасмейваліся, на трэці сказалі, што гэта ўжо не смешна, а цяпер прымаюць як факт.

Андрэй Саротнік: Супрацьпастаўляць сябе іншым

– Нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, быў узорным піянерам, але ўжо тады ўва мне прабіваўся беларускі нацыяналізм: беларускі сцяг праз яго арнамент я лічыў самым прыгожым са сцягоў СССР. У восем гадоў я ўжо ўспрымаў футбол як спаборніцтва, і калі «Дынама-Менск» гуляла ў фінале з «Дынама-Кіевам» і прайграла, то я плакаў, таму што прайгралі нашыя.

Дома ў нас была добрая бібліятэка. Я чытаў Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча. Вучыўся ў беларускай школе. Таму для мяне не стаяла пытання, ці беларуc я? Між іншым, у дзяцінстве чытаў беларускія, татарскія, туркменскія народныя казкі, але туркменам не стаў, а стаў беларусам.

Мне далі ў школе медаль, і ён з «Пагоняй», як і атэстат. Мусіць, з апошніх запасаў. У 1995 годзе, калі нацыянальную сімволіку змянілі на падобную да савецкай, я прыехаў у Менск вучыцца. Як любы вясковы хлопец, я адаптаваўся да асяродку: перайшоў на расейскую мову. А потым была вясна 1996 году, пачаліся шматтысячныя акцыі пратэсту. Студэнты – яны заўсёды пратэстуюць… Тады я і паспрабаваў вярнуцца да беларускай мовы, але цалкам не атрымалася. Цяпер карыстаюся, бывае, і расейскай.

Быць беларусам – гэта супрацьпастаўляць сябе расейскамоўным не ў тым, дык іншым сэнсе. Беларускасць найбольш заўважна праяўляецца праз мову, хаця гэта і не галоўная адмета.

Глеб Хамутоў: Я хацеў быць не як усе

– Падлеткам я адчуваў сябе большасцю: слухаў тое, што ўсе, глядзеў тое, што ўсе. Я разумеў, што гэта няправільна, што так не павінна быць. З гэтага пачаў шукаць нешта, што б мяне адрознівала ад большасці ў розных сферах жыцця. У беларускай мове найперш прывабіла яе пэўная элітарнасць.

Пошук альтэрнатывы прывёў да беларускамоўных кніг, людзей, музыкі і г. д. Неяк мяне запрасілі ў тусоўку, дзе ўсе размаўлялі на беларускай мове. А я не мог сказаць ані слова! Гэта мяне моцна засмуціла. Недзе ў 2007 годзе пачаў зрэдзьчас размаўляць па-беларуску.

Затым неяк у школе цэлы дзень гаварыў толькі на беларускай мове. У мяне паўжартам спыталі: «Ты цяпер заўсёды будзеш па-беларуску размаўляць?». Я тады падумаў: «А чаму б і не?» Той момант стаў для мяне катарсісам. З той пары і навярнуўся на мову. Для большасці маіх знаёмых гэта быў шок – мой пераход на беларускую.

Я максімаліст, таму не разумею людзей, якія лічаць, што размаўляць з усімі і заўсёды па-беларуску – гэта ўчынак. Разам з тым я ўсведамляю, што найлепей заахвоціць людзей да мовы, беларускай культуры можа толькі ўласны прыклад. Калі ты сам размаўляеш па-беларуску, калі ты паказваеш сваю ўнутраную сілу, людзі ідуць за табой. І тады важнай становіцца не толькі мова. Калі пры гэтым ты якасна робіш сваю працу, то людзі пачынаюць з павагай ставіцца і да беларускай ідэі.

Ксюша Юшына: Я аcэнсавана выйшла з інфармацыйнага вакууму

– У 1995 годзе маці аддала мяне ў беларускамоўны клас. З гэтага і пачалася мая беларускасць. Дома мне ніхто па-беларуску размаўляць не забараняў, усе паставіліся досыць прыязна, за што маім хатнім вялікі дзякуй.

Самае цікавае, што ў сваім выбары маці турбавалася не пра маю мову, а каб я не трапіла да злой класнай. Гэтая настаўніца літаральна «тэрарызавала» клас маёй на год старэйшай сястры, але працавала яна выключна з расейскамоўнымі вучнямі.

Вось так родная мова ўзяла мяне пад ахову ўжо з маленства. Дзіўная выпадковасць. Хаця не, нічога выпадковага не бывае.

Але працэс усведамлення сябе як часткі нацыі адбываўся ўжо ў пару майго сталення. Я аcэнсавана выйшла з расейскага інфармацыйнага вакууму, у якім раней знаходзілася, і беларуская мова пераможна запанавала ў маёй галаве.

Цяпер я ў сферы, вельмі далёкай ад усяго «беларускага», і хто мяне блізка не ведае, дык лічыць, што проста я навучалася на філфаку ці гістфаку. Але гэта ўсё ад стэрэатыпаў, а я вельмі люблю парушаць стэрэатыпы.

Быць беларусам для мяне – гэта ўсведамляць сябе часткай вялізнай сям’і, імя якой – беларусы. І тут нельга не сказаць пра мову.

Кожны сам абірае, на якой мове яму «любіць сваю Радзіму», і я не хачу нікога прымушаць, але ж калі мы жадаем захаваць сябе як нацыю, пагарджаць роднай мовай недапушчальна.

Для мяне тут самае галоўнае тое, што дзякуючы беларускай мове я знайшлася ў гэтым свеце і цяпер па-сапраўднаму адчуваю сябе шчаслівай.

Вераніка Бурак: Быць сабой

– Мае бацькі, прабабулі і прадзядулі паходзяць з Цэнтральнай Беларусі, таму я беларуска паводле паходжання.

Я не патрапіла ў дзіцячы садок, і маім выхаваннем займаліся прабабуля і бацька. Прабабуля нават не ведала рускай мовы, размаўляла на сумесі беларускай і польскай. У дзіцячыя і школьныя гады я шмат часу бавіла ў вёсцы – гэта таксама пакінула свой адбітак. На вёсцы я гаварыла па-беларуску ў знак пратэсту. Бо мясцовыя хлопцы і дзяўчаты перада мной пачыналі размаўляць па-расейску (натуральна, з беларускім гэканнем, дзеканнем, цеканнем). За такую «добрую» звычку я атрымала не вельмі добрую мянушку.

Мая цётка жыве ў Віцебску, і я да яе езджу ў госці. А яе сыну вельмі не падабаецца беларуская мова. Таму раней кожны раз, калі я прыязджала і ён ішоў са мной побач, я пачынала на чысцюткай беларускай мове гучна размаўляць на ўсю вуліцу. Ён уцякаў на іншы бок і крычаў, што не ведае мяне.

А яшчэ праз мову праяўлялася маё падлеткавае жаданне вылучыцца з натоўпу. Тых, хто размаўляе і жыве па-беларуску (думае па-беларуску, праяўляе сябе беларусам), у нас адзінкі, раўнуючы з астатнімі.

Бацькі да маёй беларушчыны ставіліся спакойна. Больш за тое, яны мяне падтрымлівалі і падтрымліваюць.

Але насамрэч усведамленне сябе як беларускі (а не пратэст, не жаданне вылучыцца з натоўпу), пачало фармавацца толькі ў старэйшых класах.

Чалавек павінен трымацца за сваё, бо яно яму роднае.

Алесь Наркевіч: Галоўнае – беларуская мова

– Мая беларуская свядомасць прыйшла да мяне, зразумела, не з дзяцінства. Мае дзяды і бабулі размаўлялі па-беларуску, бацькі на трасянцы, але не па-расейску. У дакументах, якія яны рэгулярна перабіралі і перачытвалі, праскоквала: беларус, выдадзена такому і такому, беларусу.

У час калі я вучыўся ў школе, маладыя людзі з вёскі яшчэ размаўлялі па-беларуску. Нашыя крутыя вілейскія «пацаны і дзіфчонкі» клікалі іх «крэсты». Часцяком былі бойкі. У СПТУ-200 людзі з вёсак прыязджалі вучыцца на камбайнёраў і трактарыстаў. Дыскрымінацыя была шалёная. Нашыя падпітыя хлопцы маглі пабіць іх проста ля крамы толькі за тое, што нехта не так казаў.

Мне не падабалася няроўнасць «крэст – не крэст». Дагэтуль дзіўлюся, чаму так было. Вясковых не паважала не толькі моладзь, але і старэйшыя. Увогуле, мяркую, несправядлівасць не ёсць чымсьці нармальным.

Беларус – чалавек, які ведае, што ён беларус, і яго гэта задавальняе. Але мала проста сказаць: «Я беларус», гэта павінна быць напоўнена сэнсам. Галоўнае для беларуса – гэта мова. Прыйдзе яна – прыйдзе і ўсё астатняе.

Сяргей Яўменаў: Беларуская мова як сімвал зменаў

– Не магу сказаць, каб у дзяцінстве бацькі мне моцна прышчаплялі любоў да беларускасці. У памяці засталіся адно словы маці. Відавочна, што гэтага было мала, каб усвядоміць сябе беларусам.

Беларусам я пачаў рабіцца паступова ўжо ў падлеткавым узросце. Гэтаму паспрыяла знаёмства з творчасцю NRM, а затым і з астатнім беларускім рокам. Пазней у ліцэі ў нас была проста выдатная выкладчыца беларускай мовы. Тады і апякла крыўда – мова найпрыгажэйшая ў свеце, а мы ёй не карыстаемся! Але і гэтага было недастаткова…

Ужо ва ўніверсітэце з’явілася непераадольная прага грамадска-палітычнай дзейнасці. Хацелася актыўнасці, зменаў у жыцці. А беларуская мова ж была сімвалам гэтых зменаў.

І я пачаў размаўляць на роднай мове. Спачатку з сябрамі, потым ва ўніверсітэце, на працы і, нарэшце, дома. З бацькамі было цяжэй за ўсё. Толькі калі яны зразумелі, што гэта маё жыццё, дык толькі тады прынялі маю мову.

Я лічу, што прыгажосць свету – у разнастайнасці, а таму калі ты маеш сваю мову, то і барані сваё!

Быць беларусам – гэта ствараць свой культурны асяродак сваімі ўласнымі сіламі. Я, напрыклад, разам з сябрамі арганізаваў актыўную гарадскую гульню «Пошук».

Гульні адбываюцца па ўсёй Беларусі. Праз беларускамоўныя заданні моладзь знаёміцца з культурай і гісторыяй сваіх гарадоў. Цікава, што пераважная колькасць удзельнікаў «Пошуку» – расейскамоўныя. Але ў гульні некаторыя з іх з часам пераходзяць на беларускую, хаця б у размовах са мной.

Георгій Плашчынскі: Быць беларусам – гэта свядома абраны шлях

– Памятаю, маці ды бабуля спрачаліся ў 95-м годзе, у якую навучальную ўстанову мяне аддаць – расейскамоўную ці беларускамоўную. Выбралі на карысць першай. Таму я вывучаў беларускую мову і літаратуру толькі ў базавай школьнай праграме. Беларусам, якім гонар звацца, усвядоміў сябе, калі пачаў займацца грамадскай дзейнасцю.

Менавіта тады я з захапленнем чытаў «Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча, вершы Купалы і Багдановіча, прозу Быкава. Уразіла мяне ягоная «Аблава». Я зразумеў, як дорага каштавала нашым продкам захоўваць дух свабоды і беларушчыны, і гэта выклікала ў мяне павагу.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации