Текст книги "Як стаць беларусам. Сто гісторый"
Автор книги: Севярын Квяткоўскі
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 3 (всего у книги 11 страниц) [доступный отрывок для чтения: 3 страниц]
2. Пошук і адкрыццё
– Адкрываючы ў сабе беларуса, я перажыў незабыўнае адчуванне – гэта як выйсці з пакою з штучным святлом у яркі дзень на вуліцу. – Бацька вучыў, што варта шукаць праўду, спазнаваць, ацэньваць рэчаіснасць. – Разуменне таго, што я беларус, прыйшло да мяне раптоўна. Прага напоўніць жыццё родным і знаёмым, тым, што ў мяне адабралі, недадалі, была вельмі моцная. Тым, што адабралі, а я знайшоў! – Гэта было сапраўднае адкрыццё. – Ведаць, што ты не самотны. Ты – частка вялікай сілы. – Гэта было своеасаблівае адкрыццё – цэлы свет з блізкай, але на той момант няроднай мовай.
Сяргей Салаш: Я адкрыў новую планету
– З малых гадоў Беларусь для мяне – гэта Печы (раён вайсковага гарадка ў Барысаве), а таксама вёскі маіх бацькоў, што на Слонімшчыне і Дзятлаўшчыне.
Хаця маё станаўленне адбывалася па-за межамі Беларусі. Сем апошніх школьных гадоў я правёў у ГДР (зямля Мекленбург-Памеранія) і ў Ашхабадзе, дзе і атрымаў дыплом аб сярэдняй адукацыі. Бацька – вайсковец, падпалкоўнік. Таму нам давялося ладна павандраваць.
Але мне больш важнымі падаюцца самыя раннія пробліскі беларускасці. Пачынаючы ад першай кнігі, прачытанай самастойна па-беларуску – «Людзей слухай, а свой розум май» – яшчэ калі я жыў у Пячах, і перачытанай годзе ў 1987-м у Астраўцы, куды наша сям’я з ГДР прыехала на вакацыі да сваякоў. Былі і пошукі кніг пра Беларусь у жаўнерскай бібліятэцы ў вайсковай частцы ГСВГ (Групы савецкіх войскаў у Германіі). Тады я знайшоў кнігу нейкага беларускага пісьменніка. Сёння мне здаецца, што гэта быў Змітрок Бядуля. Былі і размовы з сябрамі-грузінамі, якія міжволі змусілі мяне з прыкрасцю зразумець, што я не ведаю роднай мовы.
Мае бацькі заўсёды імкнуліся вярнуцца на радзіму. Бывала, маці, быццам без дай прычыны, але возьме ды запытае мяне, ці ганаруся я тым, што я беларус? Мабыць, якраз у гэтыя моманты яна моцна сумавала па радзіме.
Дакладна магу сказаць, што ў сярэдзіне 90-х мяне ўжо непакоіў стан беларускай мовы ў грамадстве, і таму я адчуваў глыбокую нацыянальную абразу ад змены дзяржаўнай сімволікі.
Прасвятленне было не раптоўнае: пачыналася ўсё з часопіса «Беларуская мінуўшчына», які на самым пачатку 1994 года чытаў па складах і, можа, нават дзеля прыколу. Гэта як упершыню па-польску чытаць. Быццам зразумела ўсё, толькі ну надта складана. Але зацягнула як магнэсам…
А чытаць пачаў пасля спрэчкі з сябрам, які не мог мне давесці, што ў Беларусі ёсць свая гісторыя, а я якраз хацеў гэтых доказаў. Сам сябар ніякіх «мінуўшчынаў» не чытаў. Яму хапіла ўрокаў гісторыі ў Пячанскай сярэдняй школе. Ён нічога толкам не ведаў, але быў перакананы, што ў Беларусі ўсё сваё было і ёсць. Мяне цяжка было пераканаць без аргументаў, да таго ж я досыць моцна быў абазнаны якраз у імперскай расейскай гісторыі. Вось таму і набыў часопіс па беларускай гісторыі, першы, які патрапіў на вочы. Мабыць, тады і адбылася канчатковая рэвалюцыя ў маёй свядомасці. Я хутка зрабіўся моўным радыкалам – паўсюль і заўжды размаўляў толькі па-беларуску. Сёння стаў спакайнейшы.
Як патлумачыць суайчыннікам, навошта ім нацыянальнасць? Якая ім практычная карысць?
Пытанні няпростыя. Заклінаннямі любіць мову, шанаваць продкаў і слаўную гісторыю не дапаможаш. Заклінаць можна ў дзіцячых садках, а з дарослымі людзьмі такія рэчы не пройдуць.
Адкрываючы ў сабе беларуса, я перажыў незабыўнае адчуванне – гэта як выйсці з пакоя з штучным святлом у яркі дзень на вуліцу ці як адкрыць новую планету. Хіба дрэнна быць першаадкрывальнікам?
Вольга Рудніцкая: Кожная нацыя адрозная ад іншых, але не менш багатая
– Тое, што я люблю Беларусь і што мне не ўсё роўна, што з ёй адбываецца, я зразумела ў школе. Гэта быў цудоўны час адраджэння, калі толькі пачыналі выходзіць нацыянальныя падручнікі па гісторыі, калі мы вышуквалі ў новых часопісах і кніжках дадатковыя матэрыялы пра Гедыміна, Стэфана Баторыя, Бону Сфорца, Льва Сапегу. Гэтыя імёны зачароўвалі, рабіліся асновай тваёй свядомасці, твайго гонару і нават твайго штодзённага існавання.
Шмат у чым на такое стаўленне да гісторыі і на свядомае адчуванне сябе беларускай паўплываў бацька. У яго была моцная нацыянальная самасвядомасць. Таксама ён вучыў, што варта шукаць праўду.
А яшчэ ў нас была цудоўная настаўніца па гісторыі. Мы ведалі пра гісторыю Беларусі ўсё. Менавіта дзякуючы ёй словы «нацыянальная самасвядомасць» сталі аднымі з самых галоўных у маім жыцці. Ды і роднае Маладзечна заўсёды было горадам, у якім моцна адчуваўся дух свабоды і патрыятызму.
Пасля часта падарожнічала, шмат у якіх краінах атрымалася пабываць. Пабачыўшы свет, яшчэ больш запэўнілася, што кожная нацыя адрозная ад іншых, але не менш багатая, і варта ганарыцца тым, што маеш. І мова нашая сапраўды, як казаў Багушэвіч, такая ж людская і панская, як французская, нямецкая ці іншая якая.
Аляксей Валабуеў: На мяне паўплывала пачуццё справядлівасці
– Я вучыўся ў школе па «бел-чырвона-белых» падручніках. Але пасля школы ўвогуле не цікавіўся беларушчынай. Не магу сказаць, што на маё вяртанне ў «бел-чырвона-белы» свет паўплывалі нейкія палітычныя падзеі. Калі казаць папросту, дык нельга было трываць далей несправядлівасць. А «Белоруссия» – гэта несправядлівасць.
На жаль, я не размаўляю ўвесь час па-беларуску. Гэта звязана і з працай, і са старымі знаёмствамі. Комплекс яшчэ да канца не пераадолены:) А моўны комплекс, бадай, самы цяжкі. Ён вымагае ці не найбольшых высілкаў, каб ад яго вызваліцца.
Зрэшты, мова – гэта яшчэ далёка не ўся беларушчына. Натуральна, тут я маю на ўвазе архітэктуру, музыку, жывапіс, скульптуру і шмат чаго яшчэ.
Я не магу сказаць, што асяродак свядомых беларусаў – гэта проста клуб па інтарэсах. Гэта як паралельны свет, які, што праўда, усё часцей перасякаецца са сваёй паралеллю.
Іван Осіпаў: Я знайшоў адабранае
– Я нарадзіўся ў 1985 годзе ў Гомелі, але вырас ў вёсцы Абакумы. У дванаццаць год пачаў захапляцца гісторыяй, археалогіяй. Дарэчы, у школцы беларуская літаратура і мова мне падабаліся больш за расейскую літаратуру і мову. Калі меў пятнаццаць год, у Абакумы прыехалі археолагі і я пайшоў да іх памочнікам. Аднойчы яны пачалі мяне распытваць, што я ведаю не толькі пра блізкія, але і пра аддаленыя ад нас мясціны? Менавіта тады я неяк у адзін момант адчуў, як моцна звязаны з маёй вёскай ды яе наваколлем. І з гэтага адразу заняўся краязнаўствам.
Яшчэ праз два гады я зразумеў, што гісторыя маёй вёскі – гэта частка вялікай гісторыі ўсёй Беларусі, якая настолькі ж мне блізкая, як і мясцовая гісторыя.
Але канчаткова я вырашыў, што я беларус, калі прачытаў кнігу Леаніда Дайнекі «След ваўкалака». І аж спалохаўся, калі зразумеў, колькі ведаў мне бракуе.
Тады я пачаў скупляць беларускія кнігі, беларускую музыку, каб запоўніць пустоцце ўнутры сябе, каб вярнуць тое, што ў мяне адабралі, а я знайшоў!
Алесь Залескі: Паўплывала музыка
– Я нарадзіўся ў Растове-на-Доне, і калі не лічыць двух гадоў, калі гадаваўся ў бабулі ў Рэчыцы, увесь час жыў у Расеі. Бацькі мае расейскамоўныя. Не магу сказаць, што яны неяк паўплывалі на маю беларускасць. Дваццаць пяць гадоў свайго жыцця я адчуваў сябе расейцам і нават ганарыўся гэтым!
У канцы 2005 года я чарговым разам прыехаў з Піцера ў Рэчыцу на адпачынак, падчас якога звярнуўся да сябра-аднакласніка, каб той параіў мне які-небудзь беларускамоўны гурт – хацелася прывезці дадому якойсьці экзотыкі. У выніку набыў два CD гурта «Крама».
Спачатку я здзівіўся існаванню беларусаў, якія размаўляюць на роднай мове не таму, што адказваюць на занятках па беларускай літаратуры, а таму, што любяць яе. Ну і галоўнае – беларускамоўная музыка, бо я і ўявіць не мог, што яна ёсць і што ў яе такія разнастайныя стылі! Гэта было сапраўднае адкрыццё. Дзесьці праз два гады і мая першая песня на беларускай мове пад назвай «Пустэча» (гурт «Люэс») з’явілася ў сеціве.
Быць беларусам, усведамляць сябе беларусам – гэта адчуванне такога велізарнага шчасця, што больш нічога і не трэба, застаецца толькі памерці.
Віктар Казлоў: Мяне ўскалыхнула ідэя беларускай дзяржаўнасці
– У дзяцінстве ў мяне не было асаблівага адчування нейкай нацыянальнай прыналежнасці. Толькі бабуля і дзядуля размаўлялі на беларускай мове. Па-сапраўднаму я адчуў сябе беларусам толькі пасля вяртання з навучання ў Расеі. Гэта было ў 1991 годзе – акурат калі разваліўся Савецкі Саюз.
На радзіме мяне амаль адразу ўскалыхнулі ідэі нацыянальнай дзяржаўнасці, самабытная культура, беларуская мова. Мы разам з жонкай пачалі «ісці» да беларускасці. Я пачаў зноў вывучаць беларускую мову, хоць і вучыў яе ў школе, але як нешта непатрэбнае.
Што праўда, дзякуючы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алене Мікалаеўне тады я палюбіў творы беларускіх літаратараў – Коласа, Купалы, Караткевіча, Крапівы…
Быць беларусам для мяне – гэта адчуваць, што беларусы – адзін з многіх народаў на Зямлі са сваёй самабытнай гісторыяй, традыцыямі і культурай. Ведаць, што шмат беларусаў змаглі запісаць сваё імя ў сусветную гісторыю – і ганарыцца гэтым.
Таня Анікеенка: Ведаць, што ты не самотны
– «Да пабачэння-пячэнне» – тое нешматлікае, што трымае мая галава яшчэ з дзіцячага садка. Відаць, гэтае самае «пячэнне», што так надзейна засела ў маіх звілінах і сталася адным з самых першых (калі не лічыць мамінага захаплення адраджэнскімі ідэямі падчас цяжарнасці мною) штуршкоў для майго пазнейшага ўсведамлення сябе беларускай.
Вядома, гэта жарт, але ж хто ведае, мо і ў ім ёсць частка праўды. Сапраўднае ж усведамленне з’явілася значна пазней. Вядома, і да гэтага было разуменне, што я належу да пэўнай нацыі, быў дзённік з абрысамі Беларусі, «дзяржаўны сцяг» і «дзяржаўны герб» над дошкаю ў класах, але…
Гэта быў дзявяты клас, я перайшла ў новую школу і патрапіла «ў добрыя рукі» да настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алены Іванаўны Чырковай. Пазней у мяне з’явяцца «свядомыя» сябры, адпаведныя памкненні і веды. Але галоўным чалавекам у маім уласным «беларускім адраджэнні» была менавіта Алена Іванаўна, з якой і пасля заканчэння школы засталіся цудоўныя адносіны.
Што ж такое быць беларусам? Гэта значыць – ведаць, што ты не самотны. Ты – частка вялікай сілы са сваёю культурай, сваім менталітэтам, сваёю гісторыяй, якую, зрэшты, ты сам і ствараеш.
Марыя Дуброўская: Гэта было своеасаблівае адкрыццё
– Мы з маці даволі часта вандравалі ў краіны бліжняга замежжа, і там была выразна бачная ментальная розніца паміж беларусамі і расейцамі, палякамі, украінцамі. Нават у нейкіх дробязях можна знайсці адрозненні. Беларусы – рахманыя, спакойныя, больш даверлівыя, шчырыя…
Хаця да канца я ўсвядоміла сябе беларускай значна пазней, на першым курсе журфаку БДУ. Менавіта там я пазнаёмілася з сучаснай беларускай паэзіяй. Гэта было дзіўнае адкрыццё – цэлы свет з блізкай, але на той момант няроднай мовай.
У школе для таго, каб дзеці не любілі беларускую мову і літаратуру, зрабілі ўсё. Пасля яе Янка Купала і Якуб Колас выглядалі братамі-блізнятамі, жанчын у паэзіі не існавала ўвогуле, самым сучасным паэтам быў Рыгор Барадулін, а адзінай тэмай у літаратуры – «сялянская».
І вось журфак. Знаёмства з творамі Валярыны Куставай, Вольгі Гапеевай, Арцёма Кавалеўскага, Насты Кудасавай, Наталлі Кучмель, Анатоля Сыса… «Беларуская паэзія можа быць сучаснай» – год перад тым ніколі б не паверыла ў такія словы.
Пад уплывам літаратараў пачала вывучаць мову і сама пісаць вершы. Моўны запас папаўняўся з кожнай кнігай, я адкрывала для сябе новыя рыфмы, нечаканыя эпітэты, яркія метафары.
А як цяжка спачатку было размаўляць па-беларуску! Калі ў кожны сказ ублытваюцца расейскія словы, выразы ці калі ты не можаш перакласці думкі з расейскай мовы на беларускую.
Цяпер я часцей карыстаюся роднай мовай у размовах з беларускамоўнымі сябрамі, знаёмымі, але працягваю гаварыць і па-расейску. Я не лічу, што для таго, каб быць беларусам, неабходна размаўляць толькі на сваёй мове.
Можна шмат нагаварыць пафасных прамоваў наконт спадчыны, але самае галоўнае – зразумець, што самае каштоўнае для цябе тут, што гісторыя твайго жыцця, летапіс твайго дзяцінства застаецца разам з табой толькі на тваёй радзіме. Яна адзіная суправаджае цябе праз усё тваё жыццё.
3. Гонар і годнасць
– Думаў, што беларускамоўны чалавек не можа быць дрэнным. – Беларусам я менавіта стаў. – Для мяне Беларусь – нібы населеная выспа. – У маёй сям’і ніколі не размаўлялі па-беларуску, але з дзяцінства нас вучылі паважаць родную мову. – Жаданне размаўляць па-беларуску было ў мяне заўсёды. Перашкаджала толькі тое, што «не разумеюць», «не падтрымліваюць», «будуць смяяцца». – Мне падабаюцца людзі, якія ўмеюць думаць.
Юрась Новікаў: Гонар і годнасць
– Малым жыў я з бацькамі ў былой Усходняй Прусіі, на Калінінградчыне, ці, па-нашаму, на Каралявеччыне. Вучыліся ў нашай школе беларусы, расейцы, украінцы, башкіры, азербайджанцы, татары, цыганы ды шмат хто яшчэ.
Але для нас, шкаляроў, рэальна існавалі толькі дзве нацыянальнасці: «рускія» і «нярускія». «Нярускія» – тыя, хто размаўляе сярод іншых сваёй мовай (у нас так рабілі толькі цыганы і літоўцы), а ўсе астатнія – «рускія».
Аднаго лета адпачывалі мы з татам на моры, на Куршскай касе паміж Балтыкай і залівам, куды Нёман упадае. Усё там было добра: і мора, і дзюны, і сонца. Вось толькі кармілі ў сталоўцы той базы адпачынку малавата. А гэта ж памежная зона, транспарту няшмат, па крамах у суседняе мястэчка часта не паездзіш…
Наракалі на гэта ўсе, кожны сняданак, абед ды вячэру наракалі. А мы з татам па абедзе ішлі ў тамтэйшы буфет і куплялі кавалак сала ды да яго цыбулькі ці часнычку, і хлеба бралі.
Таму ў нас праблемы недаядання не было. А вось усе астатнія сварыліся, збіраліся скардзіцца на адміністрацыю, бадзяліся галодныя, злыя, але сала таго не куплялі. Не куплялі ані, хоць бы з голаду пухлі. Вось з таго часу я і зразумеў упершыню, якая ёсць вялікая розніца паміж намі і гэтымі незразумелымі расейцамі.
На маю думку, галоўнае ў чалавеку – гонар і годнасць. Але немагчыма ўявіць годнага чалавека, які не паважае свой народ. Калі хто выракся сваіх каранёў, дык у нейкі момант ён зможа кінуць і бацькоў, і сяброў, і веру.
Галоўнае – любіць, мацаваць і бараніць сваю сям’ю, бо гэта падмурак усяго. Быць гаспадаром у сваёй хаце, сваім горадзе і сваёй краіне, бо калі ў хаце чыста і ладна, дык і з гасцей ніхто на стол брудныя боты не пакладзе. Любіць (ці прынамсі паважаць і шанаваць, калі любоў не склалася) свой край, мову, культуру, веру.
За мяжой я і школу скончыў. Таму калі прыехаў у Беларусь, дык толькі тады зразумеў – вось гэта мой край. Увесь час, і ва ўніверсітэце, і там, дзе працаваў, побач заўсёды былі пераважна людзі разумныя, таму калі хто беларускасць і не падтрымліваў, дык і не ўспрымаў яе варожа.
Алесь Мазанік: Думаў, што беларускамоўны чалавек не можа быць дрэнным
– Я заўсёды вельмі шанаваў людзей, якія размаўлялі па-беларуску, нават да пэўнага часу меркаваў, што беларускамоўны чалавек не можа быць дрэнным. Аднак пакрысе жыццё запэўніла мяне, што сама мова не робіць з чалавека анёла. Хаця мушу зазначыць, што сярод маіх беларускамоўных знаёмцаў куды больш адэкватных, чым сярод носьбітаў іншых моваў.
Калі мы з маці пайшлі ў менскі музей Янкі Купалы, мне было недзе каля дзевяці гадоў, я хадзіў у расейскамоўную школу, а дома мяне выхоўвалі ў духу інтэрнацыяналізму.
Заходзіў я ў музей адным чалавекам, а выйшаў іншым. Менавіта тады, прайшоўшы наскрозь невялікі двухпавярховы дамок, наслухаўшыся таленавітых экскурсаводаў, я адчуў подых беларушчыны, які й зараз мяне падтрымлівае, калі здараюцца «чорныя» дні календара.
Нашыя пісьменнікі, такія як Максім Багдановіч, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Уладзімір Арлоў, Міхась Чарняўскі, Мікола Ермаловіч і, вядома ж, Янка Купала ды Якуб Колас, заўсёды былі, ёсць і будуць для мяне асабіста ды, хочацца спадзявацца, для ўсіх беларусаў прыкладамі адданасці свайму народу.
Жыць у Беларусі й звацца беларусам паводле пашпарту – гэта не мой выбар.
Мой выбар – быць Беларусам з вялікае літары, каб нашыя продкі, тыя людзі, што загінулі дзеля наступных пакаленняў, ганарыліся намі з нябёсаў, каб нашая мова й культура панавалі на айчынных прасторах.
Пры гэтым, як пісаў Уладзімір Арлоў, нашыя госці, прадстаўнікі іншых народаў, мусяць адчуваць сябе ў Беларусі ўтульна, але заўсёды памятаць, хто тут госць, а хто – гаспадар!
«Быць беларусам – што гэта значыць?» – гэты ўрывак з песні Аляксандра Памідорава заўсёды грае ў мабільным, калі мне тэлефануе нехта з тых, хто, на мой погляд, варты «беларусам звацца».
Андрусь Такінданг: Пытанне выбару
– У дзяцінстве мне вельмі падабалася маляваць, і бацькі вырашылі, што будзе слушна, калі я стану вучыцца па мастацкай спецыяльнасці. Так я пачаў займацца культурай у мастацкім каледжы.
Мая маці размаўляе па-беларуску, і, натуральна, гэтая мова для мяне – сродак штодзённых зносін. Потым была Акадэмія мастацтваў, Універсітэт культуры і мастацтваў, а пасля музыка. Паколькі маёй мовай зносін была беларуская, то і песні таксама былі беларускамоўныя.
Па адной лініі мае бабулі-дзядулі беларусы, па другой – паходзяць з Рэспублікі Чад. З гэтага як бы ўзнікае пытанне выбару. Але я выбару ніколі не рабіў, проста я жыву ў гэтай краіне, шаную сваю сям’ю і мне не абыякава, што тут адбываецца. Праблема выбару можа паўстаць, калі ў чалавека ёсць нейкія ваганні, а калі ён арганічна жыве, працуе і цалкам знаходзіць сябе на гэтай зямлі, дык што яму яшчэ выбіраць?
Я не магу ставіць іншым нейкія крытэры беларушчыны, бо кожны чалавек сам мусіць для сябе вырашыць, лічыць ён сябе беларусам ці не.
Ян Маркаў: Быць у гармоніі са сваёй краінай
– Як ні дзіўна, асэнсаванае разуменне, што я беларус, менавіта беларус, а не расеец ці ўкраінец, прыйшло да мяне ў Маскве, падчас навучання ва ўніверсітэце.
Тады я сустрэў прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, перш за ўсё каларытных каўказцаў, якія, нягледзячы на маю правінцыйную ксенафобію, выклікалі цікавасць сваёй натуральнай нацыянальнай адметнасцю і ўпэўненасцю, што іх мова і культура калі не найлепшыя, то, прынамсі, самыя прыгожыя і багатыя.
Пасля было знаёмства з беларускамоўнай моладдзю Масквы. Многія з гэтых людзей потым сталі маімі сябрамі…
Самыя першыя ўспаміны пра беларускасць звязаныя з бабуляй, якая з маленства лучыла мяне праз словы, прымаўкі з тым, што сёння я называю Беларуссю. Потым быў прадмет «Мая Радзіма – Беларусь», які я вывучаў у пачатковай школе і які, як і ўсе, вельмі не любіў, таму што засвойваць яго даводзілася на незразумелай беларускай мове; першы канцэрт канцэрт NRM і першыя кнігі Мележа ды Караткевіча.
Быць беларусам для мяне – гэта перш за ўсё быць у гармоніі са сваёй краінай; быць яе грамадзянінам, паважаць культуру, мову, звычаі свайго народа, ведаць гісторыю… Карацей кажучы, любіць сваю краіну, але менавіта краіну, а не дзяржаву.
Зміцер Кісель: Я быў маладым злодзеем без нацыянальнасці
– «Гэтая беларуская кроў проста мяне дабівае. Ну вось не дае мне гэтая беларускасць падмануць кагосьці, зрабіць камбінацыю. Хаця не, магу надурыць, але не скарыстаюся з гэтага…», – такой была выснова пасля маёй размовы са знаёмым, які да апошняга ўпэўнены, што не беларус я, хоць і іду беларускім шляхам.
Я на яго не крыўдую, бо чую канструктыўную крытыку, а часам і такія выразы, што хоць ты запісвай: «Кісель, калі ты здымаеш акуляры, то ты аферыст з Захаду, калі іх надзяваеш, то сімпатычны аферыст з Захаду, калі маўчыш, я думаю, што ты паляк, а калі гаворыш, разумею: гэта класічны беларус-еўрапеец-аферыст».
Гісторыя майго шляху да таго, як я стаў беларусам, пачыналася з акна са свечкаю і супрацьгаза.
«Рабаванне» музея Якуба Коласа ў Пінкавічах, адкрытага Іванам Іосіфавічам Калошам у лістападзе 1990 года, было добра спланаванай акцыяй з удзелам двух маіх сяброў-родзічаў, свечкі ды дзедаўскіх супрацьгазаў.
Але спачатку нарадзілася ў мяне цяга да гісторыі. І нават да гістарычных каштоўнасцяў. І была яна настолькі моцная, што калі я бачыў нешта каштоўнае, яно неяк адразу ўжо станавілася маім, спачатку ў думках, а пасля ў кішэні.
Сям’я мая – паляшуцка-ўкраінская, таму і гаворкі там не вялося пра штосьці беларускае – дзед штодня распавядаў пра свае погляды на Пінск па-ўкраінску. Мову беларускую я чуў толькі ад дзядзькі Міколы. Ён мне даволі дзіўныя вершы чытаў – мацерныя, і ўсё пытаў: «Ведаеш, хто напісаў?» Ну адкуль мне, дзесяцігадоваму хлопцу, такія вершы ведаць? Але дзядзька Мікола таксама не быў пэўны: «Ці Колас, ці Купала? – не ведаю. Вось там у той хаце музей яму адкрылі – ён і напісаў. Ідзі да дырэктара, хай раскажа, толькі ты яму вершы пра валасы і дзяўчат не чытай, бо тое кепска!» Так дзядзька Мікола адправіў мяне ў музей Якуба Коласа ў вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна, што быў праз дарогу ад нас.
Сам будынак быў новы, хаця яго падмурак застаўся ад першай школы, якую пабудавалі ў 1864 годзе. Цяпер гэта мёртвы музей, а ў маім дзяцінстве ў 1990-х там было жыва – штодня працуе, дзверы адчыненыя, і 70-гадовы Іван Іосіфавіч са сваім шчэ больш старым сябрам Мікалаем Уладзіміравічам разважаюць пра мову, гісторыю, палітыку.
Я ўжо тады ведаў з аповедаў розных мужыкоў, што Мікалай Уладзіміравіч «порох на фронте не нюхал», бо быў афіцэрам НКУС ці штабістам; ну, тое казалі адныя, а ўлады – зусім іншае, хаця ўладам ён у 1994 годзе крэслам у спіну кінуў з крыкам: «Я за Пазняка!».
Уладзіміравіч – дзіўны чалавек, чаго вартыя толькі яго лісты ў райвыканкам пра адсутнасць дэмакратыі ў вёсцы Пінкавічы і патрабаванне дэмакратычнага кандыдата ад вуліцы…
Я быў малы, але галава мая працавала, я думаў, што нешта гэтыя дзяды круцяць. Цяпер бы сказаў «апазіцыйныя дзяды-франтавікі», але галоўнае было не гэта, а тое, што з іх расповедаў у мяне нараджалася цяга да гісторыі. А яшчэ былі дзед, бабуля і прабабуля. Яны захоўвалі ў хаце ўсялякія дзіўныя рэчы: нейкія выявы Леніна, сцягі розных народаў і часоў, медалі, і кожны вечар перад сном мне апавядалі, што гэта за Ленін і дзе яму ў нашым Пінску помнік стаіць.
Апавядалі так цікава, што праз пэўны час недалічыліся медалёў, сцягоў і выяваў Леніна – усё гэта мне спатрэбілася ў «штабіку», які я пабудаваў у балотах. Дарогу туды ведалі толькі двое маіх сяброў – Віця ды Ігар.
Дзед пачаў на мяне крычаць: «Вярні, пірат, хоць сцягі, я імі збіраўся гуркі ды памідоры падвязваць!» Карацей, сцягоў 7–8 вярнуў. Між іншым, яны былі вялізныя, і такая добрая тканіна. Прабабуля трымала іх у руках і казала: «Ой, Дзімку, я ў часы вайны, калі немцы прыйшлі, з такога сцягу спадніцу сябе зрабіла, выразаўшы Леніна з сярэдзіны. Дык пасля судзілі, калі бальшавікі тыя прыйшлі, сусед нагаварыў!» Гэтак мая бабуля выказала свой сум па тым, што я такую тканіну па балоце цягаю… А я слухаў яе і спазнаваў не толькі гісторыю, але і кошт розным рэчам.
То быў нейкі выходны дзень апошняга лета ХХ стагоддзя. Іван Іосіфавіч і Уладзімір Мікалаевіч нават і не запыталі, навошта я завітаў у музей. А я забыўся павітацца, бо вочы адразу пабеглі па экспанатах, а ногі за імі па залах.
Музей меў чатыры вялізныя пакоі. У першым я пабачыў лад жыцця беларуса-палешука, у другім – жыццё Якуба Коласа ў Пінкавічах, трэці знаёміў з сябрамі і калегамі Коласа, а чацвёрты – з яго ліставаннем ды ўсялякім іншым. Мяне зацікавіў першы пакой, дзе розныя лыжкі, сякеры – карацей, тое, што я лёгка магу вынесці на памяць, бо астатняе было за шклом.
Стаю, чытаю сшытак вучня Якуба Коласа, раптам нейкі голас па-беларуску, я азірнуўся і бачу – дырэктар. Але ж ён маўчыць, а голас плыве. Нейкі дзядзька вершы чытае і каментуе. Думаў, радыё, ды тут Іван Іосіфавіч кажа: «Гэта гучыць голас Якуба Коласа, Дзіма!» Ну, тут я ўжо пачаў слухаць, а дакладней, рабіў выгляд, што слухаю, гледзячы на аловак Коласа і ўяўляючы яго ў сваім «штабіку».
Потым мы доўга гутарылі. Я ўжо быў «адукаваны», чытаў Максіма Горкага «Маці» ў 9 (!) гадоў і пра высылку Леніна (усё таго ж аўтара) чытаў. Да таго ж мая прабабуля апавядала мне пра цара, палякаў, катаў-бальшавікоў і немцаў, таму я ведаў шмат чаго. Іван Іосіфавіч гэта заўважыў і сказаў, што сыграе мне на скрыпцы і, самае галоўнае, – на мандаліне пад вершы Коласа. Зноў я рабіў выгляд, што слухаю, а сам трымаў у руках нейкую пляшку польскага часу і ўяўляў, як з яе п’ю ў «штабіку».
Наступным разам я прывёў у музей сваіх родзічаў-сяброў – Віцька ды Ігара. Больш за месяц мы «ашываліся» ў музеі, пакуль у мяне нараджалася ідэя, «як будзем браць музей». (Тут мяне натхняў Мамачка з фільма «Республика ШКИД».) Доўга я выбіраў, у чым маю пільную патрэбу, а што можа пачакаць. Потым яшчэ праверыць трэба было Івана Іосіфавіча на яго чуйнасць, наколькі чалавек уважлівы, таму зрабілі з хлопцамі наступную інтрыгу.
У жніўні ехала экскурсія з Баранавічаў. Я даведаўся і думаю: вось мы і паспытаем пільнасць дырэктара. Знайшоў нейкія акуляры разбітыя, вялізныя такія. Падумаў-падумаў і вырашыў: начаплю іх на вялізны бюст Якуба Коласа, заўважыць Іван Іосіфавіч ці не? Начапіў, змяшаўся з гасцямі з Баранавічаў, і тут вядзе нас гід да бюста, бо менавіта з яго пачынаецца экскурсія. Усе глядзяць і не разумеюць, чаму акуляры на бюсце, але маўчаць. А дырэктар на гэта не звяртае ўвагі і рушыць экскурсію далей. Адсюль і наша выснова: няўважлівы, ды і ўзрост ужо за 70 гадоў.
Наступным выпрабаваннем стаў чарговы прыезд экскурсіі, недзе з-пад Берасця. Тады мы ўтрох – я, Ігар і Віця – залезлі пад печ, і калі натоўп шкаляроў наблізіўся да нас, я пачаў лашчыць нагу дзяўчынкі. Яна маўчала, але адчувалася, што напружылася. Неўзабаве яе адвялі ў аўтобус, адкуль яна ўжо не выходзіла. Добра, што не крычала, інакш маглі нас убачыць. Хаця з-пад печы быў іншы выхад, таму мы б збеглі ў любым выпадку. Але ўсё атрымалася як найлепей, і я пачуваўся героем.
Нарэшце план быў гатовы. Як вядома, усё геніяльнае проста. Для таго каб нашыя твары не распазналі, мы надзенем супрацьгазы, якія мой дзед колькасцю каля сотні забраў у момант развалу СССР з тэхнікума. Як казаў дзед, тады неслі ўсё, ад сцягоў да тэлевізараў. Між іншым, я і па сёння не зразумеў, чаму ж ён вынес менавіта супрацьгазы і бюст Леніна. Ды гэта іншая гісторыя… Таксама мы запланавалі прыхапіць з сабой свечкі, каб усё бачна было. Перад «рабаваннем» Віцёк пакінуў адчыненай фортку ў пакоі, дзе былі выстаўлены прылады жыцця беларуса-палешука.
Вечар настаў. Недзе а 23-й гадзіне мы былі каля акна з адчыненай форткай. Як залез у пакой, дык адразу запаліў свечку. Хлопцы нешта марудзілі, а мне ў супрацьгазе было цяжка дыхаць, і я яго скінуў з галавы. Зазірнуў у пакой сяброў і калегаў Коласа. З нечага ўгледзеўся ў партрэт Змітра Жылуновіча. Сэрца грукоча… Раптам гасне свечка, быццам бы нехта дзьмухнуў на агеньчык. Кінуўшы супрацьгаз і свечку, я з крыкам: «Колас! Хлопцы, Колас, ратуйце!» куляй вылецеў праз акно…
Пасля той прыгоды я, дзевяцігадовы хлопец, ужо без дурных думак кожныя выходныя прыходзіў у музей і дапамагаў Івану Іосіфавічу, а ён мне апавядаў пра былое, даваў паслухаць голас Коласа, граў мне на мандаліне і скрыпцы. Так прамінулі 4 гады, і настала жудаснае лета 2003 года. Я даведаўся, што Івана Іосіфавіча звальняюць з працы. Тады я ўпершыню запытаўся ў яго па-беларуску: «Іван Іосіфавіч, Вам кепска?!»
Ён стаяў каля таго ж бюста Якуба Коласа, абапёршыся на яго плячо.
– Дзіма, а што адчувае маці, калі ў яе забіраюць дзіця? – у сваю чаргу запытаўся ён.
У той момант усё, што апавядаў мне Іван Іосіфавіч пра Каліноўскага-Купалу-Коласа, усё, што расказваў пра Беларускую сацыялістычную грамаду, пра мясцовых дзеячаў, уявілася мне ў зусім іншым святле…
А яшчэ праз нейкі час ён узгадаў: «Думаеш, я не ведаў, хто акуляры на бюст начапіў, хто пад печ лазіў? Я ведаў, але нічога не казаў, бо адчуваў, што ты беларускі хлопец!»
Я сумаваў і нават плакаў. Музей перастаў быць маім. Да таго ж новы дырэктар панішчыў бярозы, якія садзілі вучні Коласа, і зрэзаў вялікую вярбу – сімвал майго дзяцінства. Дарэчы, першыя мае самадрукаваныя ўлёткі былі менавіта пра гэта…
Тады я з горыччу зразумеў, што мой шлях да беларускасці пачынаецца з таго самага, з чаго ён пачынаўся сто год таму для герояў гэтага музею.
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?