Электронная библиотека » Уладзімір Арлоў » » онлайн чтение - страница 2

Текст книги "Час чумы (зборнік)"


  • Текст добавлен: 16 ноября 2018, 18:40


Автор книги: Уладзімір Арлоў


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 13 страниц) [доступный отрывок для чтения: 4 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Не з лёгкай душой, а заціснуўшы гонар у кулак, пісаў ён тыя граматы. Ноўгарадцам і пскавічам нямецкія замкі на Дзвіне выгадныя: больш купцоў едзе да мора сухаземным шляхам праз іхнія княствы. Пскоўскія ратнікі нават хадзілі купна з немцамі вайной на эстаў. Праўда, калі пскоўскі князь Уладзімір Мсціславіч апаганіў свой род, выдаўшы дачку за брата рыжскага біскупа, веча выгнала яго з горада разам з дружынай. Чатыры леты таму біскуп узяў швагра на перамовы з палачанамі і пачаў змушаць яго, вялікага князя полацкага, адмовіцца ад ліўскай даніны. I тады, калі ён павёў свае палкі на крыжакоў, Уладзімір Мсціславіч пскоўскі стаў з дружынаю ў нямецкія шыхты. Адзінае, што ён, Валодша, вытаргаваў тады для Полацка, – вольны праезд купцам па Дзвіне.

I ўсё ж склаў ён тыя граматы, а апроч пісанага загадаў Віславусу перадаць суседзям, што нядоўга будуць багацець ад сваіх выгодаў. Рыцары паставяць на калені чудзь і пойдуць на рускія землі. Прыспеў час забыць старыя крыўды і стаяць за свае рубяжы плячо ў плячо. Іначай палягуць паасобку, як дружына князя Ігара ў палавецкім стэпе. А выступаць трэба цяпер, калi рыжскі біскуп Альберт паехаў да папы і кесара разбіраць спрэчкі з мечаносцамі.

Валодша ўсміхнуўся, павесялеў. Ён разумны, біскуп. Кожны раз, як едзе ў Нямеччыну, ён набірае сабе не адных рыцараў, але і майстроў, каб глыбей пусціць карані ў чужую зямлю. Нядаўна ён дазволіў лівам замест дзесяціны плаціць меру збожжа з аднаго каня. Цяпер лівы не паўстануць. Біскуп вельмі разумны, ды здаралася аступацца і рыжскаму пугачу. Відаць, не раз гатовы быў кусаць сябе за локці, што заснаваў ордэн. Войска Альберта служыла яму толькі ад лета да лета, а потым, зарабіўшы адпушчэнне грахоў і ў жадобу парабаваўшы, крыжакі вярталіся на караблях дадому. Ён думаў, ордэн памножыць ягоную моц. Але браты-рыцары, увабраўшыся ў сiлу, зрабіліся не памагатымі, а заклятымі ворагамі. Не першы год біскуп і ордэн грызуцца, як злыя сабакі за смачную костку. Некалі Альберт даваў ім траціну заваяванай зямлі, а цяпер ужо мечаносцы дакляруюць яму гэтую траціну, дый то на словах. Пакуль не замірыліся, пакуль няміласцівы да біскупа папа ў Рыме, і трэба біць псоў.

I аб тым загадаў ён Віславусу сказаць у Ноўгарадзе і Пскове, што не сёння, дык заўтра можа прыйсці на берагі Варажскага мора новы вораг. Вугорскі кароль пусціў на свае землі рыцараў-тэўтонаў, што дагэтуль ваявалі з сарацынамі. Полацкія князі здавён маюць сярод купцоў верных людзей, якім наказана ў падарожжах дбаць не толькі аб добрым гандлі, але мець вушы і вочы дзеля сілы і прышласці роднага гнязда. Летась купец Васіль прывёз вестку, што ляшскія князі просяць у тэўтонаў падмогі супроць прусаў…

Поўня скацілася з неба, дзесьці далёка за лесам пачынала разгарацца вогнішча дзянніцы. Каб адпрэчыць бяссонне, князь паклаў у галовах вялікі, з Барыскаў кулачок, кавалак бурштыну і зноў прылёг. Але сну па-ранейшаму не было ні ў адным воку.

Нібы роднага сына чакаў ён тады Віславуса з адказам, цешыўся надзеяю, што адыдзе ў мінулае задаўненая варажнеча. У смелых думках бачыў, як будзе сватаць за Барыску дачку ноўгарадскага князя. Тады Полацк і Ноўгарад стаялі б на сваіх межах непарушна.

Ваявода вярнуўся праз месяц. Прыехаў сярод ночы, схуднелы, цёмны тварам, з памарожанымі шчокамі.

«Невясёлыя весткі, княжа». – «Кажы! – загадаў ён. – Лепей злое чуці, чым злое мовіцi».

Ноўгарадцы, распавёў Віславус, крычалі на вечы, што пойдуць ваяваць немцаў, калі Полацк прышле назад званы, што Усяслаў Чарадзей з іхняй Сафіі зняў і на сваю павесіў. Пскавічы таксама ўспомнілі, як іх Усяслававы палкі палілі. Як быццам Полацку няма чаго згадаць! Хіба пскоўская дружына не пускала дымам полацкiя воласцi? Хіба не прыходзіў Уладзімір ноўгарадскі з хаўруснікамі сілай браць за сябе Рагнеду? Не мёд на іхнім вяселлі ліўся, а Рагвалодава кроў.

Пасля таго і разгарэлася варажнеча на дзвесце з лішнім летаў. Можа, і папусціўся б ён, адаслаў назад званы, але ж нічога добрага з гэтага не выйдзе. Адно што пасмяюцца ў Ноўгарадзе: маўляў, дазвання растрос Полацк славу сваю і гонар.

Давідна сядзелі яны з Віславусам у тую зімовую ноч за сталом і цяжка маўчалі. Ён піў чару за чарай, і здавалася, п’е не віно, а чорную лютасць. Не стрымаўся – выхапіў меч і, секануўшы па карчазе, распалавініў стол. Віславус спалатнеў, але не зварухнуўся, толькі ціха прамовіў: «Паберажы, княжа, дужасць на лацінцаў…»

Ён, Валодша, ужо даўно зразумеў: каб адолець біскупа, мала адной сілы. Ён стаў асцярожны. Калі маеш справу з Рыгаю, хітрасць – не загана. Ён добра памятае, як колькі гадоў таму нямецкія паслы выведалі ягоныя задумы і таемна паслалі біскупу вестку аб зборах полацкага князя ў паход. Рыцары, што меліся адплываць за мора, засталіся ў Рызе. Ён так і не дазнаўся, каго з полацкіх моцных мужоў падкупілі немцы. Часта думаў пра баярына Іллю, прыкмячаў, як той адводзіць вочы, тоячы нешта сваё. I хоць ніхто не бачыў немцаў на баярынавым двары, неяк на паляванні князеў лоўчы спудлаваў і булатная страла ўпілася не ў загрывак ваўку, а ў Іллёў гарляк.

Пра новы паход ведаюць пяць чалавек, а ўвесь Полацк гаворыць, што князь пойдзе ў набег на бязбожных літоўцаў. Хай мянцяць языкі – літоўскім князям-кунігасам не горай, чым яму, вядома, што гэта будзе за набег. Літоўцы ўмеюць трымаць язык за зубамі.

А да немцаў ён цяпер зычлівы. Летась біскуп не выпусціў з Рыгі палачанаў за тое, што ў Полацку купец Міна прадаў нямчыну тры беркаўцы паганага воску. Быў той воск са смалою ды яшчэ, дзеля большае вагі, стоплены з камянямі. Ён, князь, як і належала па мірнай дамове, судзіў Міну і змусіў вярнуць усю выручку. Сурова пакараў і купца Алексу, што падфарбоўваў ды падстрыгаў футра. Пра ўсё гэта напісаў біскупу і ўадначас прасіў судзіць рыжаніна, які ў Полацку гандляваў соллю напалам з пяском, і рыцара, што набраў у крывіцкіх купцоў тавару на трыццаць залатых, а заплаціў пятнаццаць, нахабна сказаўшы, што замест астатніх грошай пакідае купцам іхнія жыцці. Біскуп адказ прыслаў скора, дзякаваў за суд, аднак пра свайго купца-шылахвоста і пра рыцара маўчаў, нібы тых і на свеце ніколі не было.

Чатыры гады, як у іх вечны мір. Не, рыжскі пугач не верыць, што ён, Валодша, скарыўся. Альберт пэўна ж разумее, што ён проста хоча выйграць час, і таму адкладваць паход не выпадае. Вечны мір… Учора ў Дзвіне ўтапілі двух выведнікаў-нямчынаў. Адзін труціў ваду, якую п’юць палачане. Калі б біскуп мог, ён бы атруціў, відаць, усю Дзвіну каля Полацка. А пра другога нямчына казалі, што той, можа, і не нямчын зусім, бо перад смерцю называў сябе Пятром з Друцка і бажыўся, што невінаваты. Калі так, няхай прыме яго бязвінную душу неба.

Гаслі апошнія, самыя яркія зоркі.

Не па сваёй волі нараджаецца чалавек, лежачы без сну думаў князь. Але, калі прыйшоў ужо на свет, мусіць зразумець свой лёс і заўжды трымацца той невідочнай стралы, што ляціць праз дні і гады, пазначаючы кожнаму ягоны шлях. Ляціць, пакуль не ўпадзе долу. Тады застанецца толькі памяць аб чалавеку. Аб адным – на год, аб другім – на векі вечныя. Але ён згодны адмовіцца ад гэтае памяці, толькі б спраўдзілася задуманае.

Смерду трэба карміць гаспадара. Еўфрасіння жыла, каб сеяць зерне кніжнае навукі. А ён прыйшоў абараніць Полацкую зямлю. Настане парб, і крыжакі зломяць свой хрыбет.

Неўпрыкмет для сябе князь прамовіў астатнія словы ўголас.

Над борам падымаўся пунсовы сонечны шчыт.

4

Нізкія дзверы з рыпеннем павярнуліся на «пятцы» і зачыніліся. Немалады, клышаногі і шырокі ў целе кастапраў Даніла адступіў на два крокі і ў цьмяным святле каганца глядзеў на госця. На шырокім насатым твары была насцярожанасць.

Богуш абвёў позіркам хату. Справа ад дзвярэй стаяла гліняная печ і было заторкнутае валаковае вакенца. За печчу – палаці і нары. Уздоўж другой сцяны цягнулася лава, з якой свяціў зялёнымі вачыма кот. У хаце было цёпла і чыста. Па-ранейшаму нішкам Богуш выцягнуў з запазухі і падаў Данілу нешта загорнутае ў анучку. Гаспадар падышоў да каганца на прыпеку. У анучцы была каменная плітка з выяваю аленя і няроўна адбітым краем.

Таксама моўчкі Даніла скінуў на лаву чорны кажух і пацягнуў за цвік, на якім вісела апранаха. Са сцяны лёгка выйшаў урэзак бервяна. Памацаўшы ў схоўцы рукой, кастапраў зноў наблізіўся да святла. На Данілавай далоні побач з пліткаю ляжаў адбіты вугалок. Ён прысунуў яго ўсутыч, і да аленевай галавы прыраслі галінастыя рогі.

– Gott mit uns![6]6
  З намі Бог! (ням.)


[Закрыть]
– ціха загаварыў Богуш.

– Gott mit uns! – як рэха азваўся гаспадар.

– Наш айцец біскуп Альберт шле табе сваё блаславенне, Дзітрых. У Рызе памятаюць пра цябе. Калі мы прывядзём схізматаў да праўдзівай веры… – На дварэ забрахаў сабака, і госць асекся.

– Я не ведаю твайго імя… – сказаў лекар, калі сабака суняўся.

– Ты не зробіш вялікай памылкі, калі будзеш называць мяне братам Тэадорыхам.

– Я думаю, ты прыйшоў не з пустымі рукамі, брат Тэадорых? – унікліва запытаўся кастапраў.

Госць павесіў на канявы слуп кайстру і зняў світку. Паверх палатнянай кашулі на ім была кальчужная безрукаўка.

– Пагаворым пра гэта пасля, – сказаў ён. – Я галодны.

Лекар паставіў на стол ёмісты збан і спод з вэнджаным вепручыным кумпяком. Госць памаліўся, асушыў вялікую шкляніцу і стаў прагна есці, адкройваючы нажом і адпраўляючы ў рот ніштаватыя кусы вяндліны. Кастапраў не еў, але піў упоравень з госцем, пакідаючы на густой барадзе кроплі піва. Здаволіўшыся, Тэадорых адсунуў спод і павёў гамонку далей.

– Перад ад’ездам у Рым айцец біскуп маліўся за здароўе полацкага караля Вальдэмара. Мы чулі, ты добра лекаваў яго…

Кастапраў закруціўся, нібы сеў на гарачае.

– Увосень кароль быў на ловах, і на яго выскачыў паранены дзік. Кароль пашкодзіў руку. Я ўправіў костку і зашыў рану ядвабнымі ніткамі. Да Калядаў кароль забыўся, што ў яго была рана. Ён шчодра заплаціў. Скажы, брат Тэадорых, я кепска зрабіў, што хутка вылечыў караля?

– Табою кіраваў сам Бог. Цяпер цябе часта клічуць у Бельчыцы?

Супакоены лекар падліў у шкляніцы піва.

– Бельчыцкі зялейнік добра лечыць травамі, але ніхто ў Полацку не ўмее так, як Дзітрых, упраўляць косці, – з гонарам сказаў ён.

– Не забывай, што сваё ўменне ты атрымаў ад Госпада. – Тэадорых крыху памарудзіў і, глянуўшы кастаправу проста ў вочы, дадаў: – I Гасподзь пажадаў, каб ты лекаваў караля зноў.

– Цяпер ён здаровы, як тур. Бог… – лекар папярхнуўся, – д’ябал даў яму сілы столькі, што хопіць на нас дваіх.

Госць засмяяўся.

– Біскуп казаў мне, што ты тугадум. Цяпер ты павінен вылечыць караля назаўсёды.

У цёмных вачах гаспадара мільгануўся спалох.

– Ужо трыццаць гадоў полацкі кароль як бяльмо на нашым воку. – Тэадорых нахіліўся над сталом да лекара. – Ён не толькі добры ваяр. Ён стаў неблагім палітыкам. Сёння на рынку і на вуліцах я чуў, як пра яго гаварылі з бояззю і павагай. Але самае страшнае не гэта. Айцу біскупу ў дзень святога Пятра быў сон. Апостал з’явіўся перад ім і мовіў: «Я адкрыю табе вочы, і ты ўбачыш тое, што ўжо даўно мусіў убачыць». Апостал правёў далоняй па ягоным твары, і святы айцец убачыў, як Вельзевул у абліччы Сына чалавечага кладзе ў руку каралю Вальдэмару меч, і пачуў, як ён грамавым голасам гаворыць: «Я выбраў цябе, каб ты пазбавіў гэтую зямлю ад Хрыстовых слуг». Тады Вальдэмар укленчыў перад ім і сказаў: «Верую ў сілу тваю, Божа».

Госць і гаспадар перажагналіся, адпрэчваючы служак д’ябла, якія маглі быць недзе побач.

– Нашы перамогі не павінны туманіць нам галаву. Вальдэмар паверыў, што яму наканавана не пусціць у Полацкую краіну праўдзівае слова Божае. Ён сам асудзіў сябе на смерць. Я прыйшоў, каб абарваць чорную нітку ягонага жыцця.

З гэтымі словамі Тэадорых узяў сваю кульбу, крутануў яе пасярэдзіне, і кульба разышлася надвое. У руцэ ў госця апынуўся маленькі бутлік з крупчастым белым парашком.

– Адно каліва гэтых лекаў, – ён страсянуў бутлік, – пазбавіць караля ад усіх былых і будучых хваробаў.

Лекар загаварыў пасля цяглага маўчання:

– Дзітрых просты чалавек, але ён бачыць, што Бог сапраўды хоча гэтага. У каралеўскай вязніцы сядзіць баярын Міхайла. Міхайлаў сын выракся бацькі і служыць у Вальдэмара чашнікам. У ягоных руках усе вінныя скляпы і мядушы. У душы Міхайлаў сын ненавідзіць караля і хоча вярнуць бацькаву вотчыну…

Твар госця асвятліла змрочная радасць.

– Вось гэта ўмацуе ягоную нянавісць. – Ён дастаў з кайстры важкую торбачку і высыпаў на стол залатыя манеты.

– Я сказаў не ўсё. Баярскі сын не асмеліцца падняць руку на князя. Але калі б…

– Калі б што? – нецярпліва выгукнуў Тэадорых.

– Калі б ягоны бацька памёр… Дзітрых думае, тады Міхайлаў сын адважыцца.

– Няхай баярын памрэ, – сказаў госць.

– Дзітрых будзе гаварыць з чалавекам, які носіць Міхайлу хлеб і ваду…

– Не шкадуй золата. Ты атрымаеш удвая больш. – Госць кіўнуў на рассыпаныя на стальніцы манеты.

– Я і цяпер сказаў не ўсё.

Тэадорых здзіўлена і зласліва падняў бровы.

– Дзітрых не такі вучоны чалавек, як ты, і не ўмее гаварыць так складна. Але ён думае, што трэба пачакаць. Кароль Вальдэмар збіраецца ваяваць з літоўскімі паганцамі. Мы вылечым караля, калі ён вернецца. Літоўцы таксама ворагі Рыгі.

Вусны ў Тэадорыха скрывіла пагардлівая ўсмешка.

– I ты паверыў у гэтую казку для немаўлятаў? Кароль Вальдэмар таемна пасылаў да літоўцаў сваіх ганцоў. Мо твая галава думае, ён хацеў папярэдзіць, каб чакалі ў госці? Га-га-га… Кароль даўно прагне ісці на Рыгу. Ледзь не кожны дзень ён прымае нейкіх паслоў. Богу дагодна адправіць яго ў пекла цяпер. Адно скажы баярскаму сыну, што атруту трэба даць у дзень выхаду ў паход. Не раней.

Лекар глядзеў на госця прысаромлена, але непаразумела.

– Ты ўпраўляеш косці лепей, чым варушыш сваімі старымі глуздамі. Калі кароль памрэ ў гэты дзень, мы зможам абвясціць усяму свету, што сам Усявышні пакараў яго за злачынства, задуманае супраць царквы. I гэта будзе праўда, бо ўсе мы ў руцэ Гасподняй. Храніст біскупа Генрых пакіне памяць пра гэта людзям, што будуць жыць тут праз стагоддзі, калі ўвесь гэты край даўно будзе нашым.

Вочы ў начнога госця апантана гарэлі.

– А зараз памолімся, каб не забывала нас у нашых клопатах Дзева Марыя.

Тэадорых апусціўся на калені. З бояззю паглядаючы на госця, лекар укленчыў побач.

5

А трэцяй гадзіне ад усходу сонца Валодша і ваявода Віславус прымалі ў княжай палаце паслоў з Герцыкі.

Колькі гадоў таму, здабыўшы бліжэйшы ад Рыгі Куканос, біскуп Альберт на чале вялікага войска падступіў да Герцыкі, дзе сядзеў Усевалад з роду Рагвалодавічаў. Крыжакі прыйшлі помсціць за вернасць Полацку, за тое, што Усеваладава дружына няраз шкуматала Лівонію. У набегі князь хадзіў зазвычай разам з лiтоўцамi, бо іхні магутны кунігас Даўгерут даводзіўся яму цесцем. У Рызе ваяўнічага памежнага князя пабойваліся, а Герцыка ды Полацк любілі яго – не толькі за адвагу ў бітве, але і за часты шанцунак, за тое, што свяціла яму з неба шчаслівая зорка.

То ягоныя ваяры знянацку з’явяцца пад самымі рыжскімі мурамі, захопяць гарадскі статак і двух лацінскіх святароў у прыдачу і беспакарана вернуцца ў свой удзел. То, надзеўшы нямецкія панцыры, без бою ўвойдуць у замак і палоняць тузін рыцараў і самога комтура. То як быццам ні з чога ні з якога загарацца сярод ночы нямецкія караблі ў завані…

Відаць, і тады Усевалад верыў у сваю зорку, бо не зачыніўся ў замку, каб трываць аблогу, а вырашыў біцца ў полі. Аднак людзей у Альберта было болей, а паміж Усеваладавых ваяроў не кожны нават меў кальчугу. Разы са два герцыкскія ратнікі наляцелі на немцаў, ды адпалі, як выжлы ад мядзведзя, і кінуліся бегчы назад да брамы. Услед за імі крыжакі ўварваліся ў горад і пачалі сеяць смерць. Праўда, князь з дружынаю і многімі мужамі прабіўся да стругаў і ўратаваўся за Дзвіной, але жанкі і дзеці трапілі ў палон.

Два дні крыжакі рабавалі Герцыку, выганялі з хлявоў худобу, зносілі да княжага хорама золата, срэбра і пурпур. На трэці дзень, утапіўшы царкоўныя званы і пасекшы мячамі абразы, немцы падпалілі горад і берагам пагналі палон у Рыгу. Прывязаная да калёсаў са скарбам, басанож ішла разам з усімі і проставалосая Усеваладава жонка Альдона з дачкою на руках.

У чоўне-аднадрэўцы пераплыў раку адпушчаны палонны. Усевалад, ашчаперыўшы голаў, сядзеў на краі берагавога ўрвішча і моўчкі гайдаўся з боку ў бок. Пушчанік перадаў словы біскупа Альберта. Калі князь хоча вярнуць жонку з дзіцем і палон, няхай адзін едзе ў Рыгу. Усевалад кінуўся на вестуна з мячом, ледзьве не ўчыніўшы смертазабойства.

Але лютага каня аброць стрымае, а хуткі гнеў розумам утаймуецца. Праз сядміцу князь паехаў у варожае кубло. Перад рыцарамі, клірыкамі і купцамі ён назваў Альберта бацькам і перадаў яму Герцыку з зямлёй і вотчынамі, паабяцаўшы быць верным лацінскай царкве і не хадзіць з літоўцамі ў набегі. Зняважаны Усевалад ішоў адбудоўваць горад не толькі з вернутым палонам, але і з трыма прынятымі ад біскупа чужынскімі сцягамі.

Князь Валодша будзе гэта памятаць давеку. Таму і гаворку з людзьмі з Герцыкі пачаў сувора, хоць у душы і хаваў радасць. Яго цешыла, што не памыліўся, калі не адправіў паслоў да Усевалада. Валодша быў пэўны, што герцыкскі ўладар дачуецца пра паход ад літоўцаў і рана ці позна, наступіўшы на горла ўласнаму гонару, адзавецца сам. Князь ведаў: хай сабе і схіліў Усевалад шыю перад рыжскім пугачом, але ніколі ён не паставіць дружыну ў варожы шыхт, не ўчыніць крывіцкім мячам такой нязбыўнай ганьбы.

У княжую палату, дзе ў вясёлыя вечары збіралася бяседа на сто чараў, зазірала сонца. Яно запальвала агнём медныя бляхі на каваных шчытах, што віселі па сценах, чаргуючыся з раскідзістымі рагамі аленяў і ласёў. Адсюль, з другога паверха, была відаць мураваная царква пад свінцовым крыццём і выцягнутыя ўсцяж частаколу дахі жылых клецяў, на якіх падчас аблогі стаялі абаронцы. Сям-там на дахах зелянеў мох, а на ўгрэве паспела распусціцца залацістая багатка. I ад прыходу паслоў, і ад такой яснай раніцы князь чуў сябе надзіва ўпэўненым і дужым.

– Ну, распавядайце, ці добра жывецца пад нагой у біскупа, – пачаў Валодша. На ім ладна сядзела сіняя світа з чырвонаю аблямоўкай і залатымі закаўрашамі, на нагах былі расшытыя срэбрам боты з чырвонага юхту.

Людзей ад Усевалада прыйшло двое: кульгавы ваявода Збыслаў – невысокі, увесь жылаваты і моцны, як смаловы корч, і старэйшы Усеваладаў сын Васілька, яшчэ падлетак, з дзіцячым румянцам на бязвусым і безбародым твары, але ўжо з шырокімі па-мужчынску плячамі, якім было цеснавата ў зялёным аксамітавым каптане. Разам з імі быў руды веснушкаваты волат – літоўскі ваяр Рудзіс.

Князь чакаў адказу і міжволі параўноўваў свайго старэйшага сына з Васількам. «Такі, калі давядзецца, можа з бацькавых рук меч прыняць», – зайздросцячы Усеваладу, думаў ён.

У палаце запанавала ціша. Было чуваць, як недзе далёка на прыдзвінскім поплаве клякоча бусел.

– Дык чаму не хваліцеся, як вас новы гаспадар шануе? – парушыў гэтае маўчанне Валодша. – Ці смачнейшы стаў ваш хлеб, ці саладзейшы мёд?

Васілька ад пякучай крыўды закусіў губу. На скроні ў ваяводы Збыслава набракла крывёю жыла.

– Не такія мы словы чуць хацелі, – глуха сказаў стары ваяка.

– Не льюць міра духмянае ў паганы посуд. – Сярод кніг, а іх у хораме было шмат, Валодша найбольш гарнуўся да «Пчалы» і «Ізборнікаў», любіў уплесці ў гаворку чытаныя там словы святых айцоў і свецкіх філосафаў. – Можа, гэта не ваш князь рыжскага біскупа за роднага бацьку прызнаў? Можа, не ваш Усевалад прысягаў адкрываць Рызе ўсе намеры і палачан і літоўцаў? Ёсць таму самавідцы.

– Ты, князь, не сядзеў на тым рубяжы. Твае жонка і дзіця не паміралі ад голаду, і немцы не кідалі ім, акі псам, скарынкі на зямлю. Але і ты падпісаў з біскупам вечны мір.

– Які гэта мір, ты, кульгач, ведаеш, – сказаў Віславус, стараючыся патрапіць у лад князю. – На той сядміцы двух нямчынаў-выведнікаў на гасціны да вадзяніка выправілі…

– Дай мне мовіць, – спыніў яго Валодша і падняўся. – Мір мірам, а лацінцаў братамі не зваў і, пакуль жывы, не назаву! – Ён секануў рукою паветра.

Пасланы біскупам клірык і яго схіляў некалі прыняць новую веру. «Асвяці душу і розум ісцінным законам Божым, – пранікнёна казаў красамоўны рыжанін, – і Бог прыспорыць табе і твайму каралеўству велічы і моцы».

Пасля новага хрышчэння, абяцаў клірык, вучоны святар Генрых, што піша Лівонскі летапіс, праславіць імя полацкага караля на ўвесь хрысціянскі свет. Валодша ўспомніў, як адказаў тады. Адказаў гожа: «Ад Адама і Евы да патопу, ад царства Саламонавага да Аўгуста, ад страсці да ўваскрэсення – пра ўсё я ведаю і вучэння ад вас не прыму. Дасць Бог, здабуду славу ад іншага чыну».

Тое мільганула цяпер у памяці, як пошуг бліскавіцы.

– Не лацінец мой бацька! – усхапіўся з лавы Васілька. – Па-старому моліцца! Рымская царква ўпусце стаіць! Вокны каменнем пабілі, а лацінскі поп у Рыгу ўцёк.

– Любіш бацьку, – пахваліў Валодша. – Толькі, княжыч, вокны ў пустой царкве біць – вычын невялікі.

– Дазволь слова сказаць, княжа, – устаў кульгавы Збыслаў.

Валодша ў згодзе нахіліў голаў. Ён ведаў, пра што скажа стары ваявода, і чакаў ягоных слоў, бо час ужо быў пакідаць папрокі і кпіны і прыступацца да галоўнага.

– Як князь Усевалад біскупа слухае, ты чуў. – Кульгач абапёрся на стол звітымі з жылаў рукамі. На дзясніцы не ставала сярэдняга пальца. – Ад той самай пары ў Альберта не быў і на граматкі ягоныя не адпісваў. Ты пра вялікі пажар у Рызе ведаеш. Нашы людзі з літоўцамі чырвонага пеўня пусцілі. Згарэла царква лацінскае Багародзіцы, згарэў дом біскупаў, згарэла царква братоў-рытараў…

– Агню пад вугал пакласці – няхітры чын, – бадай, ужо супраць волі, аднак сарваліся яшчэ з Валодшавых вуснаў насмешлівыя словы.

Але разумны Збыслаў, адчуўшы ў князю перамену, пусціў іх міма вушэй.

– I летась добра паслужыла Герцыка біскупу, калі пабілі рытараў з Куканоса.

Валодша і Віславус заківалі. Сапраўды, летась герцыкскія кметы няблага адмыліся ад ганьбы ў чужынскай крыві, а за дзесяць знаных нямчынаў Рыга пасылала на караблях багаты выкуп.

– Кажы, што князь Усевалад перадаваў! – загадаў Валодша старому ваяводу.

– Перадаваў: жадалі і жадаем быці з Полацкам. А другі раз у Рыгу хочам з табой схадзіць. Ад Герцыкі пойдуць твае стругі купна з нашымі.

– Добра мовіў. – Валодша, зусім адтаяўшы, гладзіў далоняй мякчэйшую і святлейшую, чым валасы на галаве, бараду.

– А пад якімі сцягамі ў паход пойдзеце? – са смехам у сініх вачах запытаўся Віславус. – Пад тымі, што біскуп даў?

– Пад полацкімі! – апярэдзіў кульгавага ваяводу Васілька. На круглявым твары ў падлетка з’явілася першая, трохі вінаватая ўсмешка.

Літоўскі ваяр Рудзіс за ўсю размову не вымавіў ані слова. Але слухаў ён з чуйнаю ўвагай, і, хоць крыўдныя князевы словы абміналі яго, як абмінаюць стрэлы загавораны панцыр, відаць было, што руды волат спагадае сваім спадарожнікам.

– Затчэна[7]7
  Заторкнутая. даўгія рабаціністыя рукі, – летась забралі жыццё сямі рытараў.


[Закрыть]
карчага ды маўклівы чалавек – невядома, што ў іх ёсць, – павярнуўся князь да лiтоўца. – Якія весці прынёс?

– Тры леты мінула, як крыжакі схапілі кунігаса Даўгерута. – Рудзіс някепска гаварыў па-крыўску. – Мы будзем помсціць, пакуль помнім яго імя.

I Усеваладавы паслы, і полацкі князь з ваяводам добра ведалі, як Даўгерут паехаў на перамовы з ноўгарадцамі і на зваротным шляху трапіў у палон да мечаносцаў. Звыклага да лясных разлогаў кунігаса пасадзілі ў каменную цэлю з кратамі заместа столі. Яму днямі не давалі вады, а калі ён засынаў, вартавы калоў яго зверху дзідай. Сам ордэнскі магістр Волквін падпальваў Даўгеруту ў розных месцах валасы і бараду. Вольналюбівы Усеваладаў цесць не стрываў здзекаў і забіў сябе.

– Мы аддаём нябожчыкаў агню, а немцы закапалі нашага князя, як сабаку. – Голас літоўца зазвінеў. – Даўгерут не трапіў на неба і нябачна блукае па нашай зямлі. Ён дае слабым сілу, а моцных робіць яшчэ мацнейшымі. Яны, – Рудзіс выцягнуў перад сабою.

– Летась было, па Дзвіне сплыло. Што ты скажаш цяпер?

– Нашы людзi прыйдуць да нямецкіх замкаў. Мы кінулі дзіду ў раку. Гэта – вайна. Мы дамо столькі сотняў войска, колькі пальцаў на руках у цябе з тваім ваяводам і ў мяне.

– Які знак паслаць вам, калі я пайду ў паход? – таймуючы радаснае хваляванне, спытаўся Валодша.

– Будзем сачыць твае караблі на Дзвіне.

Князь абняў літоўца і, удыхнуўшы кіслявы пах ягонай аўчыннай безрукаўкі, краем вока перахапіў раўнівыя позіркі кульгавага Збыслава і Васількі. Выпусціўшы з абдымкаў Рудзіса, ён гэтаксама моцна абняў Усеваладавых паслоў. Падлетак ажно па-дзіцячаму войкнуў.

– Стольніка з чашнікам сюды! – загрымеў князь.

– Грэх сёння бочку трайняку не разбіць!


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации