Электронная библиотека » Уладзімір Арлоў » » онлайн чтение - страница 3

Текст книги "Час чумы (зборнік)"


  • Текст добавлен: 16 ноября 2018, 18:40


Автор книги: Уладзімір Арлоў


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 3 (всего у книги 13 страниц) [доступный отрывок для чтения: 4 страниц]

Шрифт:
- 100% +
6

Лекар вярнуўся ў Запалоцце, калі вадзянік ужо расклаў сваё халоднае вогнішча і над ракою папоўз туман. Дзітрых насвістваў крывіцкую песеньку.

Пастаялец чакаў на старым бервяне пад тынам, там, дзе падворак апускаўся да Палаты. Чалавека, што сядзеў тут, нельга было згледзець з вуліцы. Убачыўшы лекара, Тэадорых, не тоячы нецярплівасці, ускочыў на ногі.

– Gott mit uns! – прывітаўся кастапраў. Ад яго пахла брагай.

Яны зайшлі ў хату, і Тэадорых зачыніў дзверы.

– Бачу, ты вясёлы. Напэўна, не толькі ад віна? Лекар, муркаючы пад нос сваю песню, адсунуў засаўку і прыцягнуў з клеці збан хмельнага мёду.

– Калі Міхайла памёр, кароль Вальдэмар раззлаваўся і шукаў вінаватых, – сказаў ён, наліваючы ў шкляніцы цёмна-бурштынавы трунак. – Але баярскі сын паверыў, што бацьку звялі са свету па каралеўскай волі. Га-га-га… Цяпер ён зробіць тое, чаго мы хочам.

– Ты навучыў яго, калі трэба даць нашы лекі? Гаспадар кіўнуў.

– Праўда, баярскі сын казаў, што кароль стаў падазроным. Ён часта здымае з пальца і кідае ў чару пярсцёнак, што прывезлі яму полацкія купцы. Камень з таго пярсцёнка забівае атруту.[8]8
  Гаворка ідзе найверагодней пра так званы безаарны камень, які ўтвараецца ў страўніку некаторых жывёл. Прадстаўнікі вышэйшых слаёў грамадства сярэднявечнай Еўропы, баючыся, што іх атруцяць, пад час застоліцы нярэдка кідалі ў келіх пярсцёнак з безаарным каменем або высыпалі туды загадзя натоўчаны парашок. Лічылася, што ад гэтага любая атрута, асабліва найбольш пашыраны тады мыш’як, траціць сваю сілу. Доследы сучасных біяхімікаў пацвердзілі, што безаарны камень у выніку хімічнай рэакцыі сапраўды робіць няшкоднымі мыш’як і арсеніды.


[Закрыть]

– Мае лекі з краіны жаўтатварых людзей, якая ляжыць за гарамі і пустэльнямі. Дапасці той краіны можа адзін падарожнік з пяці, а вярнуліся толькі двое ці трое. Ад гэтых лекаў не ўратуе ніякі пярсцёнак, нават калі яго даў каралю сам Вельзевул.

– З намі Бог. – Кастапраў зноў напоўніў шкляніцы. – Выпі, брат Тэадорых, і даставай сваё золата. Не, яно ўжо маё. Га-га-га… Дзе маё золата, брат Тэадорых?

На стол з глухім стукам упаў цяжкі палатняны мяшэчак. Перакуліўшы шкляніцу ў рот, лекар выцягнуў з мяшэчка залаты і праверыў яго на зуб. Ужо не надта ўпэўнена трымаючыся на нагах, ён схаваў золата недзе за печчу.

– Адну манету Дзітрых дасць удаве Агафіі з Млынавага завулка. Не, ён дасць ёй дзве манеты. За тое, што яна любіць старога кастаправа Данілу. I за тое, што цела ў яе белае, як пшанічная мука. А трэці залаты ён дасць ёй за тое, што… Га-га-га… Брат Тэадорых, ты любіш… га-га-га… – ён зрабіў непрыстойны жэст.

Альбертаў пасланец глядзеў на лекара рысінымі вачыма. Ён падышоў да дзвярэй і зноў зачыніў іх на засаўку.

– Ты шмат п’еш, Дзітрых, а калі чалавек вып’е, ён робіцца балбатлівы, як жанчына.

Рухі ў лекара запаволіліся. Ён важка апусціўся на лаву і паківаў перад носам у Тэадорыха кароткім мясістым пальцам.

– Скажы біскупу, што Дзітрых ведае, што робіць. У яго не развяжацца язык нават пад агнём. Дзітрых не будзе карміць рыбу ў Дзвіне, як недарэка Зігфрыд, хоць ён і прыхапіў з сабой на той свет аднаго з гэтых схізматаў. Га-га-га…

У гожым твары Тэадорыха нешта зыначылася.

– Табе я веру, як самому сабе. Ты не выдасі.

– Вось гэта праўда, – цяжка варочаючы языком, азваўся лекар. Збан не слухаўся ягоных рук, і мёд ліўся на стол, расплываючыся цёмнымі плямамі.

Неўзабаве лекар апусціў голаў на рукі і, здавалася, заснуў. Тэадорых уважліва паглядзеў на яго. Але раптам кастапраў прахапіўся, павёў вакол асавелымі вачыма і, аберуч прыціскаючы да жывата парожні збан, пабрыў да дзвярэй. Каля печы ён пахіснуўся і, выпусціўшы пасудзіну з рук, ухапіўся за канявы слуп. Паспрабаваў ускараскацца на палаткі, ды не змог – забурыўся проста на чарапкі і імгненна захроп.

Даволі доўга ў хаце быў чуваць адно густы храп з прысвістам.

– Кароль Вальдэмар памрэ, – напаўголаса загаварыў пасланец біскупа. – Бог выбраў мяне, свайго слабога слугу, і даў мне сілы, каб я ўчыніў суд. – У ягоных вачах загарэўся ліхаманкавы бляск. – Кароль памрэ, і яго забудуць, бо тут будуць наша вера і наша ўлада. А слава пра нас, Божых слуг, дойдзе да нашчадкаў. Дзеля гэтага я пакінуў сваю радзіму, дзеля гэтага жыў сярод ворагаў і гаварыў на іхняй мове.

Перахрысціўшыся, ён наблізіўся да лекара і некалькі імгненняў глядзеў на насаты твар з адкрытым ротам. Па шчацэ ў Дзітрыха паўзла муха.

Недзе паблізу вылі сабакі.

7

У першую нядзелю па Вялікадні на полацкім кірмашы ўдава рыбака Агафія, кінуўшы на прылаўку рашоты з пячыстамі, як каршун наляцела на рослага сухарлявага чалавека з дарожнаю кайстраю на плячы. Той спрабаваў бараніцца кульбай, ды раз’ятраная баба прыціснула яго да зямлі сваім мажным целам і не адпусціла, пакуль не падбеглі пасаднікавы цівуны. Спярша людзі рагаталі з неспадзяванае пацехі і пад’юджвалі ўдаву, але яна на паў-Полацка ўсчала лямант, што гэты чалавек зарэзаў запалоцкага каста права Данілу. Удава бажылася, што праз шчыліну ў плоце бачыла ліхадзея на Данілавым падворку перад той самай ноччу, калі душа лекара адляцела ў рай.

Сёй-той з кірмашнікаў пазнаў у злоўленым чалавеку аршанскага майстра Богуша. На роспыце аршанец лаяўся і крычаў, што ў Агафію ўсяліўся чорт. Калі ў роспытнай хаце на дзядзінцы кат прыпаліў Богушу ступакі, той усё роўна стаяў на сваім. Раззлаваны кат адцяў аршанцу мезенік на левай руцэ. Богуш адно стаў яшчэ страшней лаяцца, праклінаючы ўдаву самымі вусцішнымі праклёнамі. Тады пасаднік загадаў распаліць і прыкласці Богушу да лоба каменную плітку з аленем, якую знайшлі ў аршанца ў кайстры. Пачуўшы гэта, Богуш увесь закалаціўся і, не стрываўшы страху перад новым катаваннем, прызнаў сябе нямчынам з Рыгі.

Каб не смярдзела паленым, нямчына абкурылі на двары сухой мятай, і цяпер ён, прываліўшыся да сцяны, сядзеў на падлозе ў шырокіх і светлых княжых сенях. У дзвярах застылі два лучнікі, гатовыя па першым знаку выпусціць стралу.

Валодша кагадзе вярнуўся з ратнае забавы і быў у кальчузе і з мячом на поясе. Апроч нязменнага Віславуса ў сенях сядзелі таксама пасаднік і пяць старэйшых баяраў. Тырчала тут і казліная ігуменава барада. Лука прыладзіўся з краю, як найдалей ад немца.

Князь сабраўся загаварыць, але Тэадорых апярэдзіў яго.

– Калі хочаш насыціць злосць свайго сэрца, забі мяне! – выгукнуў ён.

– Не спяшайся памерці, нямчын, – спакойна азваўся Валодша. – Не забіваць хачу, а гутарыць з табой. Скажы нам, як здароўе нашага сябра біскупа Альберта.

– Я адкажу табе, хоць ты і гаворыш, як Іуда, – вуснамі, а не сэрцам. – Тэадорых, чапляючыся за сцяну, намогся падняцца на ногі, аднак не патрапіў. – Святы айцец на страх шматлікім ворагам нашай царквы ў добрым здароўі.

– Хто многім страшны, той будзе многіх баяцца, – прамовіў князь, і па сенях праляцеў ухвальны шум.

– Хай скажа, ці паладзіў біскуп з братамі-рытарамі, – падаў голас Віславус.

– Сяброўства ордэна з Альбертам стала яшчэ мацнейшае, – гучна адказаў немец.

Ягоныя словы патанулі ў рогаце. Дробненька смяяўся, закідваючы галаву ў клабуку, нават ігумен Лука.

– Палюбіў воўк кабылу… – скрозь смех вымавіў пасаднік.

Твар у Тэадорыха пабялеў, вочы наліваліся шалам.

– Якія яшчэ навіны пачуем мы з тваіх праўдзівых вуснаў? – адсмяяўшыся, запытаў князь. – Можа, раскажаш, як любяць біскупа і крыжакоў тыя, у каго вы адабралі зямлю?

– Гэта зямля святой Дзевы Марыі. Яна апякуецца над усімі, хто нясе сюды слова сапраўднай веры. Нядаўна ў няроўнай бітве з эстамі загінуў пілігрым Іардан. Браты, што спяшаліся на падмогу, за сем міляў убачылі, як ягоную душу неслі анёлы.

– Ці не чорныя былі тыя анёлы? – спытаў Віславус.

Немец адказаў яму позіркам, поўным бяссілай злосці і пагарды.

– У Полацк уцякло шмат людзей з земіголы. – Князь Валодша ўсміхнуўся ў бараду. – Яны расказваюць, што іхні біскуп Бернард на радзіме быў не святым чалавекам, а ўчыняў тацьбу, паліў і забіваў сваіх суседзяў. Калі ваша Дзева Марыя абараняе яго, мы не верым, што гэта сапраўдная Маці Божая.

– Ты блюзнерыш, кароль, а табе трэба маліцца. Уладарка свету карае ўсіх, хто ідзе супраць славы яе сына. – Жыццё яшчэ моцна сядзела ў Тэадорыху, і, перасмыкнуўшыся ад болю, ён здолеў узграбціся на ногі. – Хіба яна не скарыла князя Герцыкі? Хіба нямецкі меч не адсек галаву падступнаму князю гольмскіх ліваў? Хіба не загінуў у сваім замку мяцежны старэйшына летаў Русін? Бойся міласэрнай Дзевы Марыі, кароль!

– Не мне трэба баяцца, а табе, бо Прыснадзевая Багародзіца аддала твой жывот у мае рукі, – сказаў Валодша, але ягоную душу на імгненне крануў нейкі цень, як быццам над ім праляцела вялікая злая птушка.

На памяць яму ўзбегла ўчарашняя размова з княгіняй. Увечары ён прынёс у пачывальню купленыя ў Полацку перлавыя каралі. Каб лепей разгледзець дарунак, Звеніслава падышла да вакна і раптам, ускрыкнуўшы, выпусціла каралі з рук.

«Ой, княжа, самая буйная перліна пацямнела, – шаптала яна, тулячыся да мужавых грудзей. – Благі знак. Пільнуе цябе хвароба, а можа…» Звеніслава не дагаварыла. «Не трэба мніці пра такое. Загадай, каб чырвонаму пеўню праглынуць далі, і зноў пабялее», – гладзячы цёмную княгініну касу, адказаў ён.

Князь даўно прывучыў сябе не надта верыць у благія прыкметы, бо ведаў, што гэтак можна загубіць любую справу. Цяпер, калі да паходу заставаліся лічаныя дні, даваць волю такім думкам нельга было і пагатоў. I ўчора, з жонкаю, і цяпер ён адразу нібы мячом адсек іх ад душы і адкінуў прэч. I ўсё ж немец нешта адчуў і ўзвысіў свой голас:

– Неба адкрыла нам тваю вераломнасць! Мы ведаем, на каго ты сабраўся ўзняць меч. Ты думаеш, твой хлуслівы бог выбраў цябе, каб спыніць мой народ? Не, кароль, гэта мяне абраў Госпад і паслаў са мною свой праклён!

Князевым людзям здалося, што ў цёплыя сені ўварваўся вецер.

– Загадай яго забіць! – не вытрымаў Віславус. – Загадай, бо ён накліча бяду!

Кметы на парозе нацягнулі лукі. Усе глядзелі на Валодшу. Ігумен двума пярстамі клаў на сябе крыжы.

Князь устаў і ўладна падняў руку.

– Як ад аскоміны пакасць зубам і ад дыму – вачам, так і ад беззаконня – тым, што чыняць яго. – Здавалася, ад зычнага князевага голасу затрымцелі цяцівы ў луках. – Ты прыйшоў у мой горад, акі нань, назваўшыся чужым імем! Ты хацеў вызнаць, што думаюць і робяць палачане. Ты забіў кастаправа Данілу, які лекаваў мяне і маіх людзей. Ты заслужыў смерць, але не цяпер я буду судзіць цябе. Я буду судзіць цябе, калі вярнуся з паходу.

– Забі мяне зараз! – утрапёна закрычаў біскупаў пасланец. Ягоны белы, як сала, твар скрывіла нялюдская грымаса. – Забі мяне зараз! Ты нікуды не пойдзеш і ніколі не вернешся! Ты пойдзеш туды, адкуль не вяртаюцца.

– Забі яго, князь! – Усе паўскоквалі з лаваў.

– Не! – перакрыў гблас Валодша. – Вы бачыце, страх зацямніў яму розум. Кіньце нямчына ў поруб! – загадаў ён кметам.

Калі тыя, накінуўшы на шыю Тэадорыху скураную пятлю, выцягнулі яго з сяней, князь абвясціў:

– Заўтра падыдуць першыя палкі з удзелаў. Пешыя ратнікі, прашчнікі і лучнікі паплывуць далей на плытах і стругах. Конная дружына пойдзе сухазем’ем. Каля Герцыкі прымем дружыну князя Усевалада і літоўцаў. Прыспела пара пастаяць за зямлю і веру!

8

Дзень выхаду ў паход выпаў сонечны і цёплы. У пасадах цвілі сады, і па ўсім горадзе бруіў тонкі вясновы пах квецені.

Адстаяўшы з дружынаю ютрань у Сафіі, вялікі князь Валодша першы ўзбег па сходах на княжы струг і павярнуўся тварам да Полацка. Бераг быў чырвоны ад шчытоў. Травеньскае сонца грала на шаломах у ваяроў, што стаялі пад шматкалёрнымі сцягамі і белымі харугвамі. Князеву душу прасвятліла радасць. Чужынцы з крыжамі на плашчах ніколі не будуць гаспадарамі гэтай зямлі.

«Слава князю Валодшу!» – крычаў бераг. Але не паспела аціхнуць над Дзвіною водгулле, як полацкі валадар на вачах у Звеніславы з сынамі і ўсяго горада схапіўся аберуч за слямгу і пачаў асядаць на памост. Усё жыццё пранеслася ў князя перад вачыма, і ў астатнюю хвілю ён убачыў Барыску, да балючага выяўна ўбачыў, як сын водзіць пальчыкам па старонцы старой кнігі…

Віславус стралой узвіўся на княжы струг і паспеў пачуць апошнія, вымаўленыя ўжо неслухмянымі вуснамі словы: «…не аддайце…»

Так абарвалася жыццё князя Валодшы, але імя ягонае не згубілася ў стагоддзях.

Летапісец рыжскага біскупа Генрых не насмеліўся запісаць у сваёй хроніцы, што полацкага караля пакарала неба. Відаць, біскуп сам страшыўся кары за грахі і не хацеў, каб згадка пра іх дайшла да будучых пакаленняў.

У лета 6724 крыжакі дамагліся свайго. Абезгалоўленае войска ў паход не пайшло. Дарэмна ў вотчыне за Барысавым каменем грузілі на караблі грозныя балiсты. Дарэмна чакаў Збыслаў з герцыкскай дружынаю. Марна ўглядаліся з наддзвінскіх хвояў у рачную далячынь лiтоўскiя дазорцы…

Ужо ў год смерці полацкага князя вялікі атрад мечаносцаў і рыцараў біскупа Альберта напаў на Ноўгарадскую зямлю. Каб ударыць раптоўна, крыжакі пачалі набег у калядныя святы, а вялікі магістр перад гэтым адпусціў з дарамі дахаты палонных ноўгарадцаў.

Збыліся і іншыя Валодшавы прадгаданні. Праз дваццаць гадоў пасля бяссоннай ночы ў Бельчыцах прыйшла новая варожая сіла. Князь Конрад Мазавецкі падпісаў з Тэўтонскім ордэнам дамову аб скарэнні прусаў.

Аднак збылося не толькі благое. Спраўдзіліся і князевы надзеі. Не ўзяў сабе Барыска жонкі з Ноўгарада, але ноўгарадскі князь Аляксандр Яраславіч вянчаўся з Параскеваю, дачкой полацкага Брачыслава.

Цяпер два княствы радніліся не так, як у часы Рагвалода і Рагнеды, не пад звон мячоў, а пад радасныя званы храмаў. Разам з пасагам везла княгіня абраз Багародзіцы Эфескай, што прыслаў некалі ігуменні Еўфрасінні яе сваяк візантыйскі кесар Мануіл, унук кесара Аляксея Камніна, жанатага з дачкою вялікага князя полацкага Усяслава Чарадзея.

Пра гэты абраз казалі, што напісаў яго нібыта сам апостал Лука. Але Аляксандр Яраславіч, якога яшчэ не звалі Неўскім, відаць, больш разлічваў не на цудадзейны абраз, а на сілу полацкіх палкоў, што няраз хадзілі на рыцараў.

Апантанага немца Тэадорыха смерць знайшла ў той самы дзень, калі памёр Валодша. А ваявода Віславус жыў яшчэ доўга. На неўскіх берагах ён секся поруч з лоўчым князя Аляксандра палачанінам Якавам. На ягоных вачах паваліўся долу залатагаловы шацёр свейскага ярла Біргера.

Мінулася яшчэ два гады, і побач з ноўгарадцамі і пскавічамі полацкія ваяры насмерць стаялі каля Варонінага Каменя на Чудскім возеры. Пасля Лядовага пабоішча яны супольна гналі палонных тэўтонаў да Пскова, а адтуль павярнулі на радзіму, у Полацк.

У той дарозе, каля вясёлых вечаровых вогнішчаў, старэйшыя векам дружыннікі неаднойчы згадвалі любамудрага князя і прастадушна верылі, што князь бачыў перамогу з захмарных высяў і радуецца цяпер разам з імі.

1985
Час чумы

Мы пад сякерай, дык хай жа пачуецца ў свеце Гусаўца голас…

«Песня пра зубра»

Рым, 1521I

– Гэта праўда, што вы нарадзіліся ў самым сэрцы варварства?

Жанчына хацела здавацца абыякавай, але ў трошкі прымружаных агатавых вачах пад негустымі цёмнымі бровамі свяцілася цікаўнасць.

Вясновы вецер варушыў празрыстыя запавесы, разпораз напаўняючы іх і робячы падобнымі да ветразяў. Са спічастага прачыненага вакна, што глядзела на кветнік, плыў водар размарыну. Удалечы жаўцелі тэрмы імператара Каракалы.

Мужчына маўчаў. Пытанне было не з тых, на якія можна адказаць адным ці двума словамі, і ён задумаўся.

Ён быў непаглядны, прынамсі, паводле канонаў гэтай краіны і свету, да якога належала жанчына. Невысокі і шырокі ў плячах, з выцягнутым тварам, адзінаю вартасцю якога знаўцы законаў прыгажосці назвалі б грубаватую правільнасць ліній, з доўгімі дужымі рукамі, ён быў падобны да просталюдзіна, але гэтаму ўражанню пярэчыла ўнутранае святло, што адбівалася ў шырока пасаджаных вачах, выдаючы чалавека не толькі разумнага, але і асвечанага. Пра гэта казала і адзенне: белая кужэльная кашуля і строгі глухі каптан з квадратным выразам, такі, што носяць бакалаўры або іншыя людзі, якіх кормяць вольныя мастацтвы. Незвычайныя ў італьянцаў звіслыя вусы, густыя валасы колеру жытняй саломы і нетутэйшы халаднаваты блакіт вачэй сведчылі, што чалавек гэты з далёкіх паўночных краёў. Мужчыну было блізу сарака, і ён пражыў на свеце ўдвая болей за сваю суразмоўніцу.

– Вы прымушаеце даму чакаць, – незадаволена сказала жанчына, папраўляючы залацістыя, з масянжовым адлівам валасы.

– Я не хацеў бы пакрыўдзіць вас сваім адказам. – Мужчына гаварыў па-італьянску, крыху расцягваючы словы. – Мне таксама даводзілася чытаць кнігі, якія сцвярджаюць, што ў маёй краіне зоркі свецяць удзень і ўначы, што золата ў нас нязмерна больш, чым жалеза, а людзі, не раўнуючы як цыклопы, маюць па адным воку пасярод ілба. Магу вас запэўніць, што гэтыя звесткі настолькі ж праўдзівыя, як і тыя, што па Рыме ходзяць мядзведзі і што ў Вечным горадзе ляжыць вечны снег. Зрэшты, пра колькасць вачэй у маіх адназемцаў вы можаце меркаваць і самі, варта толькі ўважлівей зірнуць на аднаго з іх…

Ён, відавочна непакоячыся, што апошнія словы прагучалі занадта рэзка, кінуў на жанчыну хуткі позірк, але тая сядзела, не мяняючы паставы, і, як і раней, ленавата абмахвалася прастакутным ядвабным вахлікам з жоўта-зялёнай выяваю заморскай птушкі.

– Але я схільны вінаваціць не аўтараў гэтых кніг і тым больш не чытачоў, якія мусяць верыць у бязглуздыя прыдумкі, – гаварыў далей мужчына. – Мы вінаватыя самі, бо яшчэ не здолелі сказаць свету слова праўды пра сваю зямлю.

– Няўжо ў вас няма дзівосаў, пра якія столькі гавораць? – расчаравана і недаверна спыталася жанчына.

– Дыму без агню не бывае. Ніхто не мае такіх бязмежных, як нашы, лясоў. Царства нашых звяроў і птушак найбагацейшае ў свеце. Толькі ў нас жывуць зубры, якіх ахоўвае княжая грамата. Мы і самі пакуль што не зведалі ўсіх таямніц сваіх пушчаў.

– Я чула, у юнацтве вы былі простым паляўнічым…

– Гэта праўда.

– Раскажыце. – Яе просьба прагучала амаль як загад.

Яна паднялася з лёгкага трохногага крэсла і наблізілася да вакна. На нізкім століку перад крэслам засталася ляжаць кніга. Гэта быў трактат Катарыны Сфорца «Як стаць прыгожай», які вывучалі цяпер знатныя дамы ўсёй Еўропы, і мужчыну захацелася сказаць, што донне Франчэсцы няма аніякай патрэбы чытаць гэтую кнігу, напісаную сваячкай вялікай княгіні літоўскай і каралевы польскай.

– Паляўнічымі былі мой бацька, і мой дзед, і дзед майго бацькі. Першы раз мяне ўзялі на ловы, калі мне споўнілася сем гадоў. Тыя ловы запомніліся мне назаўсёды. Калі праз два тыдні мы вярнуліся, маці не сустрэла нас, а на месцы сялібы мы ўбачылі пажарышча. Ускрай пушчы прайшлі татары… – Ён на хвілю замоўк. – Пушча была маёй першай школай. Я і цяпер часта чую яе музыку…

Ён падышоў да крэсла, дзе толькі што сядзела жанчына, і паклаў на прыслон свае шырокія далоні.

– У нашых лясах няма такога звера, на якога мне не давялося б паляваць. Але гэта могуць сказаць пра сябе многія. У нас кожны – паляўнічы…

Мужчына непрытоена любаваўся доннай Франчэскай. З таго цьмянага і настылага зімовага дня, калі ён убачыў яе ля калоны ў саборы святога Паўла і яна здалася яму ўвасабленнем самой маладосці, ён упершыню быў з ёю з вока на вока…

Ён лічыў за шчасце так блізка бачыць гэты пяшчотны авальны твар з бездакорнымі прапорцыямі, чысты і высокі ад прыроды лоб, над якім не трэба было, як рабілі рымскія красуні, на два пальцы галіць валасы, гэтае лёгкае золата, перахопленае ніткаю жомчугу, яе вялікія, крыху пукатыя вочы, яе круглявы падбародак з трыма пацеркамі маленькіх радзімак…

У донне Франчэсцы ўсё здавалася яму суладным: пашытая з цяжкога ядвабу бэзавая сукенка з гранатавым узорам дзіўным чынам адпавядала яе імю, а буйны смарагд у авянечніку не толькі надаваў бляск вачам, але і падкрэсліваў чырвань вузкіх, аднак жывых і паўнакроўных вуснаў. Нават абцягнутыя саф’янам чаравікі-цаколі на высокай, ледзьве не на локаць драўлянай падэшве, мода на якія прыйшла летась з Венецыі і якія ён, сустракаючы ненатуральна высокіх модніц, пагардліва ахрысціў дыбамі, – нават гэтыя чаравікі на яе нагах выдавалі дарэчнымі.

Ён глядзеў на яе і апавядаў, як яшчэ дзіцем пераносіў па цаліку суліцы, як пераплываў побач з канём рэкі і месяцамі блукаў пушчаю. Яму хацелася, каб Франчэска ўвачавідкі ўбачыла, як стралец, злажыўшыся з лука, зразае жораву крыло, як ляціць па зямлі імклівы птушыны цень і, палохаючыся яго, маланкава зрываецца з месца зубр. Яму праглася, каб яна пачула, як разлягаецца ў прыцемку рэзкае «гох! гох!» і як, пазнаўшы саміцу, адгукаецца магутным працяжным ровам і напралом, абдзіраючы бакі, нясецца на здрадлівы голас паляўнічага вабіка падмануты лось…

Мужчына гаварыў і бачыў, што яе вялікія вочы расплюшчваюцца яшчэ шырэй і з твару знікае ўдаваная абыякавасць. Ён чуў радасць ад улады сваіх слоў, але раптам у вачах у Франчэскі плескануўся спалох і тонкія белыя пальцы – нібы яна хацела ад нечага абараніцца – моцна сціснулі тронак вахліка.

– Хопіць, – холадна прагучаў яе голас, і мужчына з горкім непаразуменнем замаўчаў.

– Я хачу пачуць, як гучыць на вашай мове вашае імя, – без усякай сувязі з папярэднiм сказала яна.

Мужчына падумаў, што для яе гэта проста прыхамаць, не болей. Кароткай пярэрвы было дастаткова, каб Франчэска з нейкай палёгкаю засмяялася.

– Ён забыў сваё імя, – узмахнуўшы вахлікам, прамовіла яна скрозь смех. – Памятае ўсіх сваіх звяроў, а імя – забыў.

Мужчына таксама ўсміхнуўся – стрымана, але ветліва – і са здзіўленнем адзначыў, што ўжо не адчувае аніякае крыўды.

– На мове майго народа мяне завуць Мікола. Мікола Гусоўскі.

Ён сказаў усю фразу па-свойму, і Франчэска, услухаўшыся ў нязвыклае гучанне чужых слоў, на момант утаймавала весялосць. Аднак хутка ўжо зноў смяялася – без дай прычыны, як быццам проста дзеля таго, каб пахваліцца прыгожымі зубамі.

– Мі-ко-ла… – паўтарыла яна. – Як жа вы сталі паэтам?

– Вы ўмееце выбіраць цяжкія пытанні, донна Франчэска. Баюся, гэтае з тых, на якія адказаць наогул немагчыма.

Гусоўскага ўсё больш хвалявала думка, ці прачытала яна ліст, што два тыдні таму ён перадаў праз слугу разам з кошыкам першых аксамітна-пунсовых ружаў.

У лісце не было нічога, апрача некалькіх новых эпіграм і вершаў, якія ён перапісаў сваім буйным каліграфічным почыркам на добрай паперы з зялёным водценем. Перапісваючы, з нечаканай сумотаю ўспомніў задаўнены выпадак з часоў вучэння ў калегіуме. Аднаго разу ён напаткаў у нейкай інкунабуле глыбакадумнае назіранне, што ўсе каліграфы – дурні, і цэлы месяц старанна псаваў почырк, пакуль не зразумеў, што калі не спыніцца, дык адно пацвердзіць адкапаную ў інкунабуле мудрасць.

Відаць, гэтая смешная драбніца згадалася невыпадкова. Паміж юначымі практыкаваннямі з почыркам і лістом да маладой рымлянкі са знанай радзіны, несумненна, была сувязь. Мінулася столькі гадоў, а ты застаўся такі самы наіўны, думаў ён над лістом. Да таго ж пачаў верыць не толькі кнігам…

Маўчанне здоўжылася, але донна Франчэска яшчэ не збіралася канчаць гэтую дзіўнаватую размову, якая нагадвала іспыт, дзе настаўнік і вучань памяняліся месцамі.

– Вялікі Петрарка, – завучаным рухам адставіўшы вахлік, прамовіла яна, – пытаўся: паэзія – грэх ці святое прызванне?

– Паэзія – радасць, – пераканана сказаў Гусоўскі. – Паэт творыць з хаосу свой свет.

– О-о! – Франчэска відавочна здзівілася. – Я ведаю вашыя вершы. Некаторыя гавораць пра іх з захапленнем, але ад аднаго прыдворнага паэта я чула, што натхненне даюць вам копіі Грацыя[9]9
  Паэт, сучаснік Авідзія.


[Закрыть]
і Марка Немезіяна,[10]10
  Лацінскі паэт III ст.


[Закрыть]
якія вы хаваеце ў сваім стале. Няўжо гэта праўда?

Ён успыхнуў і міжволі зрабіў крок да Франчэскі.

– Такая ж праўда, як тое, што Строццы, які распускае гэтыя нізкія чуткі, роўны боскім паэтам старажытнасці, – гнеўна сказаў Гусоўскі. – Такія, як ён, не ствараючы, умеюць пісаць, як Вергілій, ды бляск іхніх вершаў – бляск фальшывага золата.

На матавым твары Франчэскі з’явілася задаволеная ўсмешка: яна непрыхавана цешылася тым, што вывела суразмоўніка з раўнавагі.

– Дзе ж тады сапраўдная крыніца вашага натхнення?

Яна застыла ў прыгожай паставе, упэўненая, што ведае ягоны адказ.

– Дзе? – Гэтая ўпэўненасць не схавалася ад паэта. – Аднойчы я чуў, як пяюць пад звон кайданоў палонныя татары. Яны ворагі маёй краіны, але калі я пачуў, як яны плачуць па радзіме і па сваіх пустых тулах, у мяне зашчымела сэрца. Тут, у Рыме, я разумею іхнюю песню яшчэ лепей.

У агатавых вачах Франчэскі было расчараванне, аднак яна не пакідала сваёй гульні.

– Хіба вы палонны? Хто ж у такім разе паланіў вас? – Яна закрылася вахлікам і зірнула на паэта паўзверх жоўта-зялёнай птушкі.

Пісаныя і няпісаныя правілы галантнасці вымагалі ад яго толькі аднаго адказу, якога прагнула юная капрызніца. Здаецца, зусім проста – сказаць некалькі зазвычаеных слоў. Але ён ведаў, што не зможа.

– Хто ж паланіў вас? – настойліва паўтарыла яна.

– Туга па радзіме, – адказаў ён, заўважаючы, як у яе ў вачах прачынаецца зласлівасць.

– Я хачу паслухаць вашыя вершы, – уладна сказала Франчэска.

Яна стаяла, напалову павярнуўшыся да вакна, і ветрык перабіраў яе валасы. Злёгку ўскінуўшы голаў, Гусоўскі пачаў:

Што толькі ёсць на зямлі, гэта створана ўсё дзеля шчасця. Зоркі ў цямноце мігцяць, асвятляюць слабенькім зіхценнем, Моцай таемнаю; пыл залацісты ў крынічным паветры Шчасна згадаеш. Прыроды дарункі – імклівыя птушкі, Рыбы, звяры, і пладоў, і металаў бясконцыя скарбы…

Гэтыя радкі ён таксама перапісаў два тыдні таму на зеленкаватую паперу, але на твары Франчэскі нельга было прачытаць: знаёмы ёй гэты верш ці яна чуе яго ўпершыню.

Радуе ніва ратая сваім ураджаем аквітным…[11]11
  Пераклад з лацінскай Сяргея Сокалава-Воюша.


[Закрыть]

Краем вока Гусоўскі змеціў, што з дзвярэй робіць гаспадыні нейкія знакі чорнавалосая пакаёўка. Франчэска кіўнула ёй і рухам рукі загадала паэту спыніцца.

– Я атрымала ваш ліст, – сказала яна, пазіраючы ў вакно. – Цяжка ўявіць сабе ўчынак больш легкадумны, чым ваш. Вы забыліся, хто вы. Мне вядома, што ў спісах каралеўскага пасольства нават няма вашага імя. Толькі вашы паэтычныя здольнасці не дазваляюць мне неадкладна паведаміць пра ўсё маім бацьку і брату. Калі вы не спыніцеся, яны змогуць абараніць мяне ад вашых дамаганняў.

Гусоўскі адчуў, як усю ягоную істоту залівае задушлівая гарачыня. Ён хацеў нешта сказаць, ды гэтая ліпучая гарачыня ўжо запоўніла горла і грудзі. Высілкам волі ён здолеў пакланіцца і імкліва выйшаў у дзверы, несучы на сабе насмешліва-цікаўны позірк чарнявай пакаёўкі.

Ён ішоў, не заўважаючы нікога, сам-насам са сваім болем і сваёй крыўдай. Насустрач яму трапіўся струплявы ў каўпаку, які належала насіць усім, каго зачапіла гэтая немач. Таксама як вакол хворага на праказу нават на самых людных вуліцах утваралася пустата, вакол Гусоўскага была вязкая ціша, якую не маглі змагчы ні грукат жалезных брусоў па ваканіцах – гандляры ўжо зачынялі крамы, ні крыкі вулічных прадаўцоў вады, ні страшная ляскотка струплявага, які ў апошні момант сам адхіснуўся ад чалавека, што ішоў проста на яго.

Паэт не чуў лаянкі, якою ўзнагародзіў яго струплявы. У звонкай цішыні, што нябачным шчытным вопраднем абкружыла Гусоўскага, гучала адно і тое ж. Вы забыліся, хто вы. У спісах пасольства нават няма вашага імя…

Намагаючыся ўцячы ад наслання, ён прыспешваў хаду, але абразлівыя словы ўсё адно даганялі і смяяліся яму проста ў вочы.

Вы забыліся, хто вы…


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации