Электронная библиотека » Уладзімір Арлоў » » онлайн чтение - страница 4

Текст книги "Час чумы (зборнік)"


  • Текст добавлен: 16 ноября 2018, 18:40


Автор книги: Уладзімір Арлоў


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 4 (всего у книги 13 страниц) [доступный отрывок для чтения: 4 страниц]

Шрифт:
- 100% +
II

У гэтыя хвіліны пасол вялікага князя літоўскага i караля польскага Жыгімонта І пры папскім двары ў Рыме біскуп Эразм Вітэліус узрушана хадзіў па даўгой галерэі, што з трох бакоў аблямоўвала пасольскую рэзідэнцыю. Эразм кагадзе вярнуўся дадому, і на ім яшчэ было адзенне для конных прагулянак – кароткі лёгкі плашч, скураныя нагавіцы да каленяў і высокія боты са светлага юхту.

Каралеўскаму паслу наўрад хто-небудзь даў бы ягоныя сорак з гакам – так лёгка нёс ён сваё паўнаватае, але падабрана-спружыністае цела, так маладжава выглядаў ягоны голены загарэлы твар. Маладосці дадаваў яму і высокі рост. Праўда, уражанне крыху псавалі зрадзелыя чорныя валасы, затое на буйной і круглай, як кавун, галаве іх заставалася акурат столькі, каб біскуп Вітэліус мог, нічым не рызыкуючы, не галіць танзуры.

Раз-пораз па ягоным твары прабягала лёгкая ўсмешка чалавека, якому раптам вельмі пашанцавала. Сёння ў яго сапраўды быў адзін з тых дзён, якія Катул меў звычку адзначаць белым каменьчыкам, адзін з нячастых за тры пасольскія гады ў Рыме дзён, калі Эразм быў задаволены і сабой, і хадою падзей.

Сёння ён мог шчыра дараваць пбпу і празмернае захапленне ловамі, і вясёлыя начныя балюшкі ды іншыя чалавечыя слабасці, што не надта пасавалі яго святасці Лявону X. Сёння, хай сабе толькі на некалькі гадзін, але Вітэліуса пакінулі ўсе непамыслоты апошніх месяцаў. Забыліся нагаворы ордэнскіх паслоў, якія зацята змагаліся з ягонай прапановаю перавесці Тэўтонскі ордэн на мяжу з татарамі, дзе рыцары маглі б сапраўды бараніць веру, а не рабаваць суседзяў-хрысціян. Да часу адышлі некуды ўбок інтрыгі ў Польшчы, дзе прымас Ласкі з падбрэхічамі нястомна пляце сваё павуцінне, дзень пры дні ўводзячы каралю ў вушы, што ён, Эразм Вітэліус, – няздатны выскачка, народжаны ў абозе лютніст-самавук, які выпадкова ўбіўся ў міласць да былога вялікага князя Аляксандра.

Надзейныя людзі паведамляюць з Кракава, што Ласкі ўжо ўголас называе яго нявартым каралеўскае пашаны плебеем. Але хутка ён змусіць ворагаў прыкусіць свае подлыя языкі. Пурпур кардынальскае мантыі станецца для караля найлепшым доказам таго, на якіх людзей павінна багацець дзяржава. А калі Эразм Вітэліус зробіцца кардыналам Вітэліусам, лепей пойдуць і пасольскія справы. Можа, менавіта тады яму пашчасціць схіліць папу да аб’яднання хрысціянскіх краін супроць Порты. Туркі ды іхнія васалы – крымскiя татары ўжо навіслі над Еўропай, нібы градавая хмара над спелаю нівай. I Карона, і Вялікае княства зазналі сілу і лютасць магаметанаў, а кароль і магнаты, як і раней, бавяць час у злачынным спакоі.

Колькі гадоў таму папа ўжо спрабаваў сабраць крыжовы паход на асманцаў. У рымскіх саборах адпраўлялі імшу за поспех вайны, а сам папа, босы і з непакрытаю галавою, на каленях маліўся ў царкве Святых Апосталаў. На пляцах і ў храмах па ўсёй Еўропе стаялі жалезныя скрыні пад трыма замкамі, і беднякі кідалі туды свае астатнія дробныя манеты. Латэранскі царкоўны сабор быў узбунтаваны лістом імператара Максіміліяна, які дакляраваў вызваліць грэкаў. Але, здалёк пагражаючы мусульманам, імператар не спыняў войнаў з еўрапейскімі манархамі. Таму ніхто з іх не даў на крыжовы паход аніводнага ваяра, і пра той час нагадвалі цяпер адно сотні пашытых загадзя харугваў з партрэтамі папы і імператара ды страхалюднымі туркамі з чырвонымі ад хрысціянскай крыві шаблямі ў руках. Адна з тых харугваў вярэдлівым напамінкам пра адвечную нязгоду валадароў гэтага свету вісела навідавоку і ў пасольскіх апартаментах.

Але сёння Эразму верылася ў лепшае. Дыпламатычныя перамогі ўжо блізка. Іхняй зарукаю будзе кардынальская мантыя, якую дапаможа атрымаць паэтычная ліра Гусоўскага.

Вітэліус адчуў у душы няўтульнасць. У пасла з’явілася пачуццё вінаватасці перад сакратаром, аднак ён заспакоіў сумленне тым, што ўзвышэнне мецэната не можа не спрыяць славе паэта, якім ён апякуецца. I сапраўды, хіба сённяшняя просьба папы – не цудоўны дарунак лёсу для іх абодвух і найперш, магчыма, якраз для Гусоўскага? Менавіта просьба, а не прыхамаць, бо яна будзе мець далёкія вынікі. Пісаць на заказ самога Лявона X! Вядома, папа – чалавек са сваімі вбдамі, але мала хто так тонка ведае і адчувае паэзію. Хіба не ён меўся перанесці з Равены ў Фларэнцыю прах Дантэ, што раней хацелі спаліць як прах ерэтыка? I, бясспрэчна, перанёс бы, калі б – дзіўныя і вусцішныя твае справы, Божа! – калі б пахавальня ў царкве Сан Петра Маджорэ не аказалася пустой. Не, нездарма папа выславіўся як шчыры прыхільнік музаў і магутны мецэнат. Колькі паэтаў не пашкадавалі б і добрай часткі ўласнага жыцця, каб апынуцца цяпер на месцы Гусоўскага!

А маё сэрца яшчэ ўмее радавацца за бліжняга, думаў Вітэліус, назіраючы за ластаўкамі, якія ўжо вывелі птушанят і цяпер ад ранку да вечара напаўнялі прастору двара сваім імклівым лётаннем і шчабятаннем.

Пасол і ягоны сакратар былі аднагодкі, але наймацней іх лучылі не аднолькавы век і адукаванасць, не агульнасць поглядаў, а штосьці больш трывалае. У Эразмавай памяці ніколі не паміраў той цыбаты, апрануты ў бацькавы неданоскі кракаўскі падлетак з беднай мяшчанскай сям’і, які лічыў за найвялікшае шчасце пад’есці так, каб не смактала ў вечна галодным чэраве. Славуты дыпламат дагэтуль памятаў вінаватыя матчыны вочы, калі тая ставіла на стол місу паранай рэпы і клала перад кожным з дзяцей лусцік хлеба, трохі таўсцейшы ад аркуша грубай паперы, на якой шкаляр Эразмус старанна выводзіў першыя лацінскія словы ў касцельнай школцы.

З гэтага заўсёднага галадавання ён выбіўся, бадай, толькі ў Вільні, пасля магістарскага экзамену, пасля таго як разам з іншымі здольнымі маладзёнамі яго ўзяў на вока і пасадзіў у сваю канцылярыю вялікі князь Аляксандр. З тае пары ў польскую кроў Эразма і ўвайшло няўзнакі пачуццё, што па часе не высілілася, а адно ўзмацнела, асабліва цяпер, калі на радзіме, у саміх каралеўскіх пакоях, ганьбуюць і зневажаюць ягонае імя. Эразму даўно ўжо больш лёгка і прыемна мець за бацькаўшчыну Вялікае Княства, дзе пачаўся ягоны шлях угору – ад непрыкметнага канцылярыста да біскупа і спрактыкаванага дыпламата, якога ведаюць пры ўсіх еўрапейскіх дварах. Ён не крывіў душой, называючы сакратара сваім адназемцам, а почасту, адпрэчыўшы лаціну і пальшчызну, з дзіўным для самога сябе смакам любіў пагутарыць з Гусоўскім па-беларусінску, на мове Вялікага Княства.

У вечаровым зацішку галерэі яму наўздзіў выяўна, нібыта ў памяці расхінулася нейкая заслона, згадалася іх першая сустрэча, якая магла стаць і апошняю, бо выправіцца з таго палявання прамютка да Абрама на піва Гусоўскаму было нашмат прасцей, чым вярнуцца дахаты жывым.

Гэта здарылася ў гады ўладарання караля і вялікага князя Аляксандра, у шчаслівую для Эразма пару, калі ён і Гусоўскі яшчэ не ведалі, што іхнія пуцявіны не толькі перакрыжуюцца, але і непарыўна заплятуцца, як дзве ссуканыя суравыя ніткі.

Хоць пушча таксама належыць каралю, не след блытаць яе з каралеўскім палацам, бо старавечныя яліны і хвоі – не месца для забавак гуллівых купідонаў. Але ў тыя дні ў Налібоках Аляксандр нібыта забыўся на гэта і легкадумна папусціўся каралеве Алене, якой заманулася наладзіць паляванне з пацехаю. Прыдворныя шапталіся, што кароль замольвае перад жонкаю свае любошчы з маладой удавою менскага старасты Адэляй.

Дзень палявання выпаў сонечны і сляпучы ад першага снегу. Ускрай балацявіны з купкамі мерзлай асакі арцель цесляроў збудавала памост на пяці магутных, як калоны, дубовых слупах, спрэс высланы звярынымі шкурамі і кілімамі. Сама каралева і вялікая княгіня Алена – дачка князя маскоўскага Івана III, а за ёй і ўсе прыдворныя дамы выстраіліся, быццам на Каляды; ад чырвані, золата і блакіту жаночых убораў, ад крамянай марознай ружовасці шчок, ад усёй гэтай стракатасці на зіхоткай снежнай асноведзі ўмомант стамляліся і пачыналі слязіцца вочы.

За тры сотні крокаў ад памоста расцягнуўся ланцуг паляўнічых з дзiдамi і цяжкімі рушніцамі. Сярод тых, хто ўсё больш наструнена прыслухоўваўся да пушчанскіх зыкаў і на ўсялякі выпадак яшчэ раз правяраў сошкі рушніцаў, Эразм убачыў самога сябе, маладзейшага на дваццаць гадоў. Ён у гэтай пушчы пяты ці шосты раз, ужо ўпаляваў зубра і трох ласёў, ды хвіліны чакання, напэўна, заўсёды аднолькавыя: сэрца ў грудзях усё роўна як вырастае, кроў робіцца гарачэйшая, але адначасна ў ёй чуецца і нейкі халадок, што дае галаве спакойную яснасць і рашучасць.

Аднекуль здаля далятае слабы сабачы ўзбрэх, потым яшчэ і яшчэ. У марозным паветры ўжо выяўна чуюцца чалавечыя крыкі і конскае гігатанне. Гблас хутка набліжаецца, і кроў бяжыць па жылах кароткімі моцнымі штуршкамі.

Зубр паказаўся на краі галявіны знянацку. Прабегшы з паўсотні крокаў, ён на хвілю спыніўся, нібы акурат дзеля таго, каб даць сябе разгледзець – ахутаны белым воблакам пары, агромністы, як капа старога рудаватага сена, з трыма суліцамі ў загрыўку. З-за дрэў, адразу раздзяляючыся надвое, каб узяць ляснога волата ў кальцо, вылецела на ўспененых конях пагоня. Нейкі зухаваты вершнік на буланым кані вымкнуўся наперад і, наставіўшы дзіду, адважна рынуўся на звера. Кароль і астатнія коннікі прыпыніліся, стамлёны зубр ленавата павярнуўся, прымаючы выклік. I тут прычынілася непрадбачанае: буланы пакаўзнуўся на прыцярушаным сняжком лёдзе і, спудзіўшыся, скінуў гаспадара на дол. Лоўчыя кінуліся на падмогу, але было позна – раз’ятраны зубр двума скачкамі дапяў няшчаснага паляўнічага і кароткім страшным ударам рагоў выпусціў з чалавека дух.

З сотні жаночых грудзей вырваўся і разлёгся панад галявінаю лямант, у якім змяшаліся жах і захапленне. Адно цяпер зубр угледзеў нешта дагэтуль нябачанае: высокі памост са стракатым натоўпам якіхсьці крыклівых істотаў. Звер ажно здрыгануўся ад лютасці. Не зважаючы на баханне рушніц, нагнуў кашлатую галаву і, падкідваючы цяжкі азадак, моўчкі памчаў проста на памост. Ён, як віхор, пранёсся непадалёку ад Эразма, пакінуўшы за сабою стаптанага паляўнічага і раструшчаную капытамі зброю.

Першы дубовы слуп зляцеў з падваліны, быццам тонкі бярозавы калок. Пераможна рыкнуўшы, звер завярнуўся і, прабегшы пад памостам, гэтаксама лёгка збіў асяродную палю. Край памоста пахіліўся, і некалькі прыдворных дам, анямеўшы ад жаху, апынуліся на снезе.

Зубр зноў развярнуўся. У ягоных крутых баках трымцела ўжо з дзесятак дзідаў, але магут не здаваўся. Пакуль стральцы падбягалі і ліхаманкава наводзілі свае рушніцы, зубр апусціў мокрую ад юхі галаву і зноў пайшоў на памост. I тады паляванне не дало веры вачам: паміж ашалелым ад дзідаў і куль мсціўцам і ягонымі ахвярамі, што безабаронна бэрсаліся на снезе ў сваіх цяжкіх футрах, скочыў малады лоўчы з рацішчам.

Зубр здзіўлена ўскінуў голаў і ўтаропіў на чалавека каламутны позірк, поўны невыказнай пакуты і нянавісці. Тым часам каржакаваты лоўчы, прытанцоўваючы, зрабіў насустрач зверу яшчэ тры крокі і знерухомеў. Выцягнуўшы руку, ён мог дастаць рацішчам да скрываўленых рагоў. Зубр падабраўся, каб зрабіць апошні скачок, але ў той самы момант, калі ён скрануўся з месца, лоўчы ў міг вока адскочыў убок і схаваўся за стаўбуром вячыстай яліны.

Пачаўся вусцішны танец чалавека і параненага звера. Яны кружлялі вакол таўшчэзнага стаўбура, і разам з імі, невідочная, скакала ў цішыні сама смерць. Даўмеўшыся, што зваліць яліну немагчыма, зубр намагаўся злавіць чалавека сваім доўгім, як вужака, языком. Кожны з паляўнічых, якія абсталі месца двубою, ведаў, што такое зубрыны язык. Развар’яваным зубрам няраз шэнціла схапіць лаўца языком і, падцягнуўшы, накалоць небараку на рогі. Кожны ведаў пра гэта, але ніхто не мог дапамагчы маладому паляўнічаму. Кружлянне вакол яліны было такое імклівае, што сам гаспадар Аляксандр, які меў славу найтрапнейшага стральца ва ўсім Вялікім Княстве, бездапаможна адышоў ад рушніцы.

Пушчанскі магут пакрысе знемагаў. Вось ягонае тулава працяла дрыготка, вось ён пахіснуўся, вось у сляпым шале, ужо чуючы непазбежнае, зачапіў рогам яліну, пакінуўшы на стаўбуры шырокую белую паску. Усе ўжо ведалі, хто пераможа ў гэтым двубоі, і калі шырокае лязо рацішча ўвайшло зубру проста пад сэрца, галявіна зараўла ад захаплення, угору ўзляцелі магеркі і аблавушкі, і ніхто не пачуў перадсмяротнага звярынага хрыпу.

Зубр яшчэ не сканаў, яшчэ стаяў на каленях, хапаючы пашчаю снег, а адчайнага лоўчага ўжо абдымалі, мацалі рукамі, нібыта не верачы, што жывы, і фарсісты пасыльны перадаваў яму ўжо запрашэнне да стала яго каралеўскае мосці. Жанчыны і сама каралева глядзелі на маладога паляўнічага з непрыхаванай цікавасцю.

Эразм не спяшаўся падыходзіць: аднекуль у ягонай свядомасці з’явілася вострае адчуванне значнасці гэтай хвіліны. «Хто гэта?» – спытаўся ён у суседашляхціча, і той адказаў: «Сын баярскі[12]12
  У Вялікім Княстве Літоўскім баяры займалі сярэдняе становішча паміж шляхтай і народнымі нізамі.


[Закрыть]
Мікола. З Гусава родам».

Калі Вітэліус нарэшце наблізіўся, лоўчага ўжо атачылі дамы. Яны нешта ўзахапы шчабяталі свайму ратавальніку, і Эразм пачуў, як той смела сказаў камусьці на добрай лаціне: «Аut Саеsаr, аut nihil».[13]13
  Ці пан, ці прапаў (лац.).


[Закрыть]

Такое было іхняе знаёмства, і цяпер, шпацыруючы па галерэі, пасол яшчэ раз падзякаваў небу, што звяло іх. Ён скажа Гусоўскаму, каб не забыўся на тое паляванне ў сваёй будучай паэме.

Вітэліус падумаў пра сакратара з нечаканаю цеплынёй. Колькі перажылі ўдвух! Разам былі і на кані, і пад канём. I цяпер таксама разам, у дні, ад якіх залежыць усё іх далейшае жыццё.

Блаславёны той, чый лёс уплывае на лёс Айчыны, з гонарам думаў пасол. Яму хацелася хутчэй даць адпаведныя загады кухару і стольчым і паслаць па Гусоўскага. Вітэліус пашкадаваў, што некалі згадзіўся з паэтавай просьбай і Мікола жыве цяпер не ў пасольскай рэзідэнцыі, а на самоце, за колькі кварталаў адсюль. Ён паспрабаваў уявіць, як той сустрэне навіну: як зазвычай прытоіць пачуцці ці дасць ім волю?

А ці здолее сёння ўтаймаваць свае пачуцці ён сам? Так, іх з Гусоўскім можна назваць сябрамі, але пры ўсім пры тым ён – каралеўскі пасол пры двары яго святасці, а Мікола – усяго толькі ягоны сакратар, які не развітваецца са сваёй музай адно дзякуючы яму, Вітэліусу. Таму паміж імі паводле падпісанага дзесьці ў душах маўклівага пагаднення заўсёды пралягае неадольная мяжа, якую нельга парушаць і цяпер. Магчыма, цяпер – асабліва.

Пасол чуйна прыслухаўся да самога сябе і, не знайшоўшы ў сэрцы патрэбнага спакою, адклаў размову з паэтам на заўтра.

На Вечны горад апускалася мяккае вясновае сутонне.

III

Ён не любіў гэтай амаль разбуранай спаруды, што нагадвала яму страхотлівы вулей, куды час сабраў са свае бязмежнае лугавіны тое, што некалі было жыццём з ягонымі марамі і спадзяваннямі. Ён не любіў заходзіць сюды, але антычны калумбарый меў над ім нейкую ўладу, і час ад часу, вось як цяпер, па дарозе да Вітэліуса, у Гусоўскага ўзнікала неадольнае жаданне пабыць тут некалькі хвілін сам-насам з сабою.

Прыстояўшы пад выгбаю, ён ступіў у рэдкі халаднаваты прыцемак першай залы, і па засціле тонкага пяску, што ўкрываў каменныя пліты падлогі, пацягнуўся за ім ланцужок вырбзных слядоў.

Нязвычныя і трывожныя пачуцці агортвалі душу сярод гэтых сцен з сотнямі цёмных паўкруглых нішаў, якія глядзелі вачыма самой Вечнасці. Большасць нішаў ужо даўно былі пустыя, толькі пад нізам кожнае бялеўся мармуровы прастакутнік з лацінскім надпісам. Ацалела ўсяго дзесяткі два урнаў з прахам і столькі ж бюстаў на нізкіх пастаментах: паблажлівыя твары эпікурэйцаў, твары вясёлыя і хіжыя, змрочныя і засяроджана-журботныя…

Гусоўскі чытаў імёны людзей, што жылі на пятнаццаць стагоддзяў раней ад яго. Ён чытаў гэтыя імёны з пільнаю ўвагай, быццам спадзяваўся сустрэць між іх знаёмае, ды белыя прастакутнікі казалі розуму толькі пра марнасць чалавечага жыцця.

Гусоўскі прысеў на ўломак калоны. Ён уявіў чалавека, што некалі будзе разбіраць на замшэлым камені ягонае імя…

Дні і месяцы сыплюцца, як жвірынкі ў пясочным гадзінніку, і ты не ведаеш, колькі іх у цябе засталося, затое ведаеш, што ніхто не пераверне твой гадзіннік назад. Спяшайся, пакуль гэты танюткі струменьчык пяску яшчэ не высіліўся ў сваім імклівым бегу.

Ад уваходу цягнуў скавыш, і Гусоўскі бачыў, як ягоныя сляды на пяску ўвачавідкі губляюць свае абрысы.

Доктар Скарына ўжо выдаў у Празе чэшскай Біблію на мове свайго народа. Ужо адспявала журботнае сэрца Вісліцкага,[14]14
  Беларускі паэт-лацініст XVI ст., аўтар выдадзенай у 1516 г. у Кракаве гістарычнай паэмы «Пруская вайна».


[Закрыть]
але той паспеў сказаць свету пра герояў Грунвальда. А ён, Гусоўскі, яшчэ здабывае танную славу эпіграмамі і вершыкамі на патрэбу мецэнату і сяму-таму з рымскіх вяльможаў. Ці вартае такое жыццё чалавека, што прысягнуў аддаць свой дар роднай зямлі, каб уславіць яе багацце і мужнасць і аплакаць яе пакуты? Ён судзіў сябе сурова і жорстка. Тут, перад прахам сотняў людзей, якія не пакінулі па сабе нічога, акрамя жменькі попелу, іначай ён не мог.

Ён зноў пачуў учарашнія халодна-зняважлівыя словы Франчэскі. Так, ягонага імя няма ў геральдычных кнігах, няма ў спісах пасольства, але зараз, у гэтым храме нябыту, ён быў, як ніколі раней, перакананы, што сапраўдны гонар чалавек здабывае не праз шляхецкую кроў.

Мінулай зімой на адным з рымскіх мастоў ён спаткаў жабрака, які гінуў ад голаду і холаду. Гэта быў беглы янычар. Гусоўскі хацеў уратаваць чалавечую істоту, што вырвалася з крывавай няпамяці, ды былы султанскі ваяр вырашыў памерці. Пачуўшы ягоную гісторыю, Гусоўскі зразумеў, што іншага выйсця ў чалавека не было.

Ён не мог прамаўчаць пра гэты лёс і цяпер узгадаў дні і ночы, калі пісаў тую паэму. Усё пачалося, бадай, не з самой сустрэчы, а са сну, што стаў мучыць яго пазней.

Ён сніў сябе янычарам. Гэта яго навекі забралі людзі султана, гэта па ім, надзеўшы жалобны ўбор, галасіла маці, а бацька пасыпаў попелам галаву. Гэта яго разам з тысячамі іншых хрысціянскіх хлопчыкаў змушалі забыць сваё імя і вучылі чужым мове, веры і майстэрству забіваць людзей. Гэта ён пасля вечаровай малітвы валіўся на смуродную лямцавую посцілку ў вялізнай кашары і не мог заснуць ад страшэннае стомы. Гэта ён утаймоўваў голад толькі пасля сечы, калі жывому належаў і чарпак плову, што застаўся ад забітага.

Сны перапляталіся з яваю, і часам яму здавалася, што ён таксама ўмее за сорак крокаў прыкалоць чалавека да сцяны ятаганам або адным ударам выпусціць з жаночага чэрава ненароджанае дзіця. Няўжо, шмат разоў пытаўся ён у самога сябе, няўжо прыйдзе час, калі падатак крыві будзе плаціць і ягоная зямля, калі яе Базылёў і Янаў будуць называць Ібрагімамі і Мехмедамі і пасылаць па душы родных мацярок?

Паэма пра янычара забрала ў яго кавалак сэрца, ды ён ведаў, што галоўнае і самае запаветнае, тое, што наканавана зрабіць толькі яму, – наперадзе. Яго будучую кнігу яшчэ ахутвала смуга, але ён ужо даўно жыў прадчуваннем дня, калі вецер развее засмуж і мара стане такою ж выяўнаю, як наднёманскія далягляды ў ясны восеньскі дзень. Ён прыехаў у Рым з надзеяю паслужыць Айчыне і разам з тугою па ёй, разам з пакутлівымі сумневамі, у хвіліны паняверкі і хвіліны радасці чуў у душы веру, што здолее сказаць сваё слова пра свой народ і сваю краіну. Сказаць так, каб потым нястрашна было і памерці.

Сляды на падлозе ўжо дазвання зніклі. Гусоўскі падняўся і рушыў да выхаду. Пад выгбаю ён азірнуўся, і свежыя сляды на момант здаліся яму літарамі на чыстым аркушы паперы.

IV

Эразм чакаў за сталом у кабінеце. Ён быў у новым каптане з вышыванымі залатымі ўзорамі, што прыгожа вылучаліся на цёмным аксаміце.

Пастава пасла нагадала Гусоўскаму прарока Іерэмію з роспісаў Сіксцінскай капліцы. Той самы глыбокі одум на твары, скіраваныя ўдалеч вочы. Правая рука моцна і разам з тым неяк журботна падпірае падбароддзе. Толькі ў левай – зусім зямны ліст са зламанымі пячаткамі.

Вітэліус страпянуўся і, адклаўшы ліст, скінуў з сябе тужлівую задуменнасць. Паэт адчуў, што прычынілася нешта благое. Нібыта прачытаўшы ў душы ў Гусоўскага гэтыя здагадкі і жадаючы развесці іх, пасол адразу пасля вітанняў завёў гаворку пра набытую днямі карціну, што заняла ганаровае месца побач з палотнамі Карэджа.

– Зірні на Хрыста і грэшніцу. Быў час, калі гэты мастак дапісваў карціны Джарджоне, але, павер мне, ён перасягне настаўніка. Яго завуць Тыцыян. Я хачу, каб ягоныя палотны трапілі да нас на радзіму. Калі пасольства будзе вяртацца…

Эразм чамусьці не скончыў і адвёў прыцьмелыя раптам вочы.

– Я прачытаў «Янычара», – загаварыў ён пра іншае. – Твая ліра зноў падаравала мне асалоду, а талент нагадаў спелую вінаградную гронку. Наш зласлівец Строццы хутка праглыне свой брудны язык. Я зраблю, каб паэма патрапіла ў рукі папы. Тым больш цяпер. А тая сцэна, дзе янычар забівае маці… Тваё пачуццё, талент і фантазія твораць там сапраўднае дзіва.

– На жаль, мансеньёр, там няма ні каліва фантазіі. Я сустрэў гэтага чалавека на мосце Фабрыцыя. Ён блізкі нам па крыві, балгарын. У пяць гадоў асманцы ўзялі яго па падатку крыві. Астатняе мансеньёр ведае з паэмы.

– I гэта была ягоная маці?

– У маленстве ён зваліўся з дрэва і параніўся. Паміраючы, яна пазнала яго па меціне на шчацэ.

– О Божа, у які жорсткі век прыслаў ты нас на зямлю!

Абодва на нейкі час замаўчалі.

– Султан Сулейман выступіў на Бялград, – звязваючы нітку размовы, сказаў пасол. – З Балгарыі паведамляюць, што загадана сабраць дзесяць тысяч вазоў правіянту для султанскага войска. Туркі ўвялі новы падатак – за працу, якую іхнія зубы зробяць, перажоўваючы хрысціянскі харч. А татары тым часам спусташаюць памежныя абшары Княства і Кароны.

– I Ватыкан па-ранейшаму маўчыць…

Гусоўскі разумеў, што пасол паклікаў яго не дзеля таго, каб паведаміць пра новы паход султана. За доўгія гады іхняга своеасаблівага сяброўства ён навучыўся выдатна адчуваць унутраны стан мецэната і цяпер быў пэўны, што апрача паходу, апрача татарскіх набегаў і беспаспяховых пакуль што намаганняў пасольства Эразма гняце сёння і штосьці іншае. Вітэліус часта казаў, што поруч з ім не чуе на чужыне адзіноты. Ён, Гусоўскі, не мог бы шчыра паўтарыць тое ж самае. Аднак ён па-свойму любіў Эразма, і ў ягоным сэрцы таксама пасяліўся неспакой.

Ён быў шмат за што ўдзячны Вітэліусу. Пасля дабрадзейкі Соф’і, чацвёртай жонкі караля Ягайлы, краіна, бадай, не ведала мецэната больш слыннага. Біскуп Вітэліус апекаваўся паэтамі і дойлідамі, на ягоны пасольскі двор у Рыме зляталіся лісты з пячаткамі знакамітых вучоных мужоў усёй Еўропы. Італьянец Кларэці нядаўна прысвяціў яму пераклад з Лукіяна, а немец Барэальд з Кёльна – трактат пра землятрусы. I ўсяго гэтага ён дасягнуў у зацятай барацьбе з зайздроснікамі і радавітымі няздарамі.

Ды найперш Гусоўскі любіў Эразма за вернасць дадзенай у маладыя гады прысязе верай і праўдаю служыць Княству. Польскія арыстакраты не маглі дараваць яму не толькі ўзлёту, але перадусім гэтага сумленнага служэння. Яны не маглі дараваць Вітэліусу прамоў у Рыме і ў Аўгсбургу, дзе ён услаўляў Вялікае Княства, яго былых валадароў і нават ягоную мову. Апрача таго нейкі спрытны рымскі друкар выдаў прамовы асобнаю кніжкай. Супроць пасла ўжо гучалі галасы на польскім сейме, і можна ўявіць, якая бура падымецца цяпер, калі ў Ватыкане пачалі гаварыць пра Вітэліуса як пра будучага кардынала. Відаць, нічога добрага не абяцаюць і каралеўскія пячаткі на лісце, які мецэнат чытаў перад ягоным прыходам.

Паэт рыхтаваўся пачуць благое і таму быў уражаны, калі Эразм абняў яго за плечы і загаварыў пра добрыя весткі з папскага палаца.

– Няхай узрадуецца тваё сэрца, як напоўнілася радасцю маё. Папа зацікавіўся паляваннем у нас на поўначы і выказаў жаданне мець у сваіх пакоях выяву зубра. Неба нарэшце пачула нашы малітвы. Табе давядзецца адкласці ўбок эпіграмы.

– Няўжо мансеньёр хоча паслаць мяне на паляванне? – спытаўся Гусоўскі са стрыманаю ўсмешкай і нейкім няясным, але ўсцешлівым прадчуваннем.

– Пра зубрыную шкуру няхай дбае Радзівіл, а мы з табою, Nicolaus, павінны ўпаляваць штосьці больш важнае. Папа пажадаў мець не толькі звера – яшчэ і праўдзівае паэтычнае слова пра ягоныя звычкі і лясы, што даюць яму прытулак. Ты няраз гаварыў, што твой човен застаяўся ў завані ціхіх азёраў. Выводзь яго ў мора і не бойся буры!

Гусоўскі маўчаў, таймуючы хваляванне, а пасол казаў далей:

– Памятай, што пасля Грунвальда пра нас даведаліся ва ўсім свеце. Кожны італьянскі вяльможа хацеў бы мець кнігу пра нашу краіну. Я ўжо стаміўся ад бясконцых роспытаў пра волатаў з вачыма на патыліцы ды іншую бязглуздзіцу, народжаную хворым уяўленнем несумленных пісакаў. Дакуль яны будуць пашыраць чуткі пра варварства і дзікасць ліцвінскіх земляў? Мы даўно адкрылі для сябе Захад, і ўжо прыспела пара паказацца на людзях самім. Наша мінуласць мусіць належаць да гісторыі ўсёй Еўропы.

– Я хачу, – пасля пярэрвы сказаў Эразм, – каб ты памятаў і словы боскага Дантэ:

О, voi, ch’avete gl’intelletti sani Mirate la dottrina, che s’asconde. Sott’il velame degli versi strani.[15]15
  О вы, разумныя, зірніце самі, I кожны зразумее настаўленне, За дзіўнымі схаванае радкамі.


[Закрыть]

Мара трох апошніх гадоў пачынала збывацца, аднак Гусоўскі не мог даастатку аддацца радасным пачуццям, бо чуў у мецэнатавых словах недагаворанасць.

– Сённяшні дзень з тых, што могуць перавярнуць усё жыццё, – прамовіў ён. – Але чаму радасць у вачах у мансеньёра патанае ў смутку?

Позіркі паэта і мецэната сустрэліся. Яны ўбачылі адзін у аднаго падзеленыя напалам удзячнасць і трывогу і ўадначас збянтэжана апусцілі вочы.

– Сёння я атрымаў ліст з Кракава. – У Эразмавым голасе з’явілася расколінка. – Інтрыганы дамагліся свайго. Кароль загадвае нам вярнуцца. Я ўжо не пасол.

Вітэліус сеў. Ягоныя плечы бяссіла апусціліся, маска ўпэўненага ў сабе дыпламата ўпала з твару, як сарваны ветрам ліст. Перад Гусоўскім быў разгублены няшчасны чалавек з пагаслымі вачыма.

– Я ўжо не пасол… – паўтарыў ён.

– Няхай мансеньёр скажа, каго з вялікіх не грызла ненажэрная пашча зласліўцаў. Але ж у пакутах гартуюцца дух і воля. Для Кракава мансеньёр не пасол, але для Рыма і Еўропы ён застаецца знакамітым дыпламатам і не менш знакамітым апекуном музаў.

– Пасол без дзяржавы… – са слабаю ўсмешкаю азваўся Вітэліус.

– Кароль і двор – яшчэ не ўся дзяржава. У той час калі Сулейманавы сланы топчуць няшчасных сербаў, калі турэцкая чума распаўзаецца ўсё шырэй і шырэй…

– Sapienti sat. Разумнаму дастаткова. Я ведаю, пра што ты хочаш сказаць, – перапыніў мецэнат. – Статак сапраўды не вінаваты, што ягоныя пастыры больш падобныя да ваўкоў. – Ён зноў уладна браў нітку гаворкі ў свае рукі, і Гусоўскі здзіўлена ўбачыў, што за сталом сядзіць заўсёдны, рашучы і гатовы да любых паваротаў лёсу біскуп Вітэліус.

Мікола заўжды зайздросціў волі апекуна, але такое хуткае вяртанне разгубленага і зламанага Эразма да звычайнай іпастасі нарадзіла акрамя зайздрасці і крыўду: паэт зразумеў, што шчырасць у паводзінах мецэната зараз добра-такі разбаўленая падступствам. Ён ведаў, што Эразм разлічвае на ягоную дапамогу, але разумеў, што хвілінная біскупава слабасць таксама была маскаю. Той і цяпер заставаўся дыпламатам, вёў сваю гульню, і ад немагчымасці прабіцца нават да гэтай блізкай душы, ад усведамлення мяжы, што пралегла паміж імі, як пралягае паміж дзвюма рэкамі ўзвышша водападзелу, не дазваляючы ім сустрэцца ў адным моры, ад гэтых думак, хоць Гусоўскі і разумеў, што замова папы ўсё адно ў сіле, яму зрабілася непрытульна і самотна.

– У нас няма выбару, – прамовіў Эразм. – З гэтага дня мы – ізгоі. Табе не трэба тлумачыць, колькі залежыць цяпер ад тваёй музы. I для цябе, і для мяне, і для мільёнаў суайчыннікаў.

Гусоўскі задуменна пазіраў на новую карціну. Востры сонечны прамень крануў чало Збавіцеля і слізгануў па малітоўна складзеных руках грэшніцы.

– Няхай умацуе мае слабыя сілы Усявышні.

Паэту хацелася пабыць на адзіноце, каб паўтарыць прамоўленыя словы таму, каму належала іх пачуць, але Вітэліус яшчэ не адпускаў яго.

– Дарагі Nicolaus, прызнаюся, што сярод трывог апошніх дзён у маім сэрцы знайшло свой куток і тое, пра што мы абодва пакуль што маўчалі. Мяне турбуюць твае сардэчныя справы.

– Я… – з выклікам пачаў Гусоўскі.

– Паслу ех officio[16]16
  Паводле пасады (лац.).


[Закрыть]
належыць ведаць усё, што чыніцца з ягоным сакратаром, – паспешліва сказаў Эразм, каб дапамагчы ці то паэту, ці то самому сабе. – А я не толькі пасол і мецэнат. Я сябра. Я ведаю імя тваёй абранніцы. Гэтая жанчына ніколі не пераступіць цераз забабоны, з якімі мы змагаемся ўсё жыццё…

– Яе няма ў Рыме. Я ўбачу яе не раней як праз паўгода, – сказаў Гусоўскі, каб хутчэй скончыць цяжкую тэму, і мецэнату не ўдалося схаваць ад яго радасць.

– Я ведаю, што ты пісаў да яе, і здагадваюся, шту яна табе адказала. Няхай расстанне будзе бальсанам на раны. Памятай, у цябе ў руках не толькі твой лёс.

Вітэліус падышоў, каб развітацца, і калі ён злёгку сціснуў Гусоўскаму плячо, той насупор зусім нядаўнім пачуццям адчуў да мецэната спагаду. Знячэўку ён на ўсю поўніцу зразумеў, наколькі знітаваліся іхнія лёсы, і зноў убачыў ланцужок слядоў на плітах калумбарыя.

Внимание! Это не конец книги.

Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации