Электронная библиотека » Уладзімір Касько » » онлайн чтение - страница 2


  • Текст добавлен: 25 июля 2016, 15:20


Автор книги: Уладзімір Касько


Жанр: Биографии и Мемуары, Публицистика


сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 18 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Яшчэ больш катэгарычны ён у сваіх ацэнках самадзяржаўнага ладу, пры якім усе законы дыктуюць не сумленне і праўда, а золата і прымус: «Калі ў мінулыя часы рабства параджалася грубай фізічнай сілай, то зараз – капіталам (золатам)». «Золата ад таго блішчыць, што яно пастаянна абмываецца слязамі». «Усялякі захоп ёсць насілле, якое супярэчыць справядлівасці. Зямля, святло, паветра і ўся прырода належаць усім без любых абмежаванняў… Кожны мае права на жыццё. Для жыцця неабходны зямля, сонца, паветра, хлеб, вада, адзенне, жыллё і інш. Калі ж нас пазбаўляюць усяго гэтага, то гэта не права, а насілле»[23]23
  Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 570, с. 2.


[Закрыть]
.

Катаргай, домам для вар’ятаў, пеклам называў ён самадзяржаўны лад, які можа пазбавіць аптымізму любога чалавека. I ўсё ж аўтар афарызмаў цвёрда верыў у будучае свайго народа. «Рана або позна, – пісаў ён, – а людзі ўсвядомяць цягу матэрыяльнай залежнасці ад нікчэмнай меншасці, аб’яднаюцца агульнымі інтарэсамі і пазбавяцца ад рабства».

Вядома, было б памылковым бачыць у маладым Сержпутоўскім сталага рэвалюцыянера. Аднак у тым, што ідэі вызвалення народных мас ад прыгнёту царскага самадзяржаўя былі блізкімі яму, сумнявацца не даводзіцца. Пацвярджэннем таму можа служыць наступны запіс у названым вышэй сшытку афарызмаў. «У маскоўскім тэатры, – піша Сержпутоўскі, – упершыню была пастаўлена “Улада цемры” Л. М. Талстога. Прысутныя, затаіўшы дыханне, сачылі за развіццём падзей на сцэне. I раптам з галёркі пачуўся малады ўсхваляваны голас: “Унізе – улада цемры, наверсе – цемра ўлады”». У зале, па ўспамінах Сержпутоўскага, пачуліся дружныя апладысменты, сярод радоў забегалі паліцэйскія ў пошуках таго, хто пасмеў узняць голас супраць цара і яго памагатых.

У гэтым жа сшытку занатаваны цікавыя думкі пра мастацтва, музыку, эстэтыку, змешчаны прыказкі, прымаўкі, замалёўкі з жыцця беларускіх сялян.

У 1904 г. Сержпутоўскі закончыў археалагічны інстытут. Вольны ад работы час ён праводзіць у бібліятэках, наведвае Рускае геаграфічнае таварыства, якое аб’ядноўвала даследчыкаў культуры і быту народаў Расійскай імперыі, прымае ўдзел у абмеркаванні экспедыцый Е. Р. Раманава, У. М. Дабравольскага, А. М. Харузіна ў цэнтральныя і заходнія раёны Расіі. З’яўляецца гарачае жаданне самому накіравацца ў экспедыцыю ў родныя сэрцу мясціны Беларускага Палесся.

У 1906 г. Сержпутоўскі паступае на работу ў Рускі музей у якасці рэгістратара этнаграфічнага аддзела. Пачынаецца новая старонка ў яго біяграфіі.

Покліч нязведаных дарог

У 1906 г. малады даследчык двойчы выязджаў у экспедыцыі ў Слуцкі і Мазырскі паветы, даследаваў цяжкадаступную палескую частку Беларусі па левым прытоку Прыпяці і сабраў у жыхароў непраходных лясоў і балот багатую этнаграфічную калекцыю. Яе склалі прадметы сялянскага адзення, земляробчыя прылады, прыстасаванні для лоўлі рыбы і палявання, посуд, узоры вышыўкі – усяго звыш 1000 экспанатаў. Пра гэта паведаміў сваім чытачам часопіс «Живая старина» (1907. Вып. 1, отд. 5. С. 9). Акрамя таго, Сержпутоўскі зрабіў мноства фотаздымкаў, малюнкаў прылад і прыстасаванняў, якімі пастаянна карысталіся сяляне. Свае назіранні ён запісваў у асобны сшытак. Азнаямленне з гэтымі запісамі дае ўяўленне аб жыцці палескай вёскі ў пачатку XX ст.

Вось як выглядала, напрыклад, у яго апісанні вёска Круковічы Слуцкага павета.

Пабудавана яна на адкрытым роўным месцы. У цэнтры размясціліся валасное ўпраўленне і народнае вучылішча. Паабапал вуліцы густа выстраіліся сялянскія дамы. Двары ў большасці сваёй не агароджаныя, варот няма. Адна студня на некалькі гаспадарак. Да хаты прымыкаюць сенцы, каморкі, побач – варыўні, павеці, хлявы, свірны, далей – гумны.

Даследчык звяртае ўвагу на беднасць сялянскага побыту. У кожнай хаце можна было ўбачыць самаробныя лаўкі, драўляныя ложкі. Сцены часаныя, без шпалераў і пабелкі. Падлога высцілалася габляванымі дошкамі. Як і сцены, яе мылі лугам (попелам) і гарачай вадой[24]24
  Архіў РЭМ, ф. 2, воп. 2, спр. 572, с. 63.


[Закрыть]
.

У некаторых вёсках Сержпутоўскі сустракаў курныя хаты, якія абаграваліся дымам. Адну з такіх хат у вёсцы Церабілава Рэчыцкага павета этнограф апісаў у сваім дзённіку. Памеры хаты 6×6 аршынаў. Тры невялікія акенцы прапускаюць мала святла, таму ў хаце заўсёды цёмна. Добрую трэць памяшкання займае печ з палацямі. Вусце ў печы нізкае, перад ім адтуліна. Труба адсутнічае, дым выходзіць на вуліцу праз шырокія нізкія дзверы, увайсці праз якія можна толькі сагнуўшыся. Хата награваецца хутка, хутка і астуджваецца. Едкі пах дыму навекі пасяліўся ў лёгкіх чалавека, ва ўсіх порах дрэва, цэглы.

Вокны ў большасці дамоў былі невялікія, усяго ў чатыры шыбы, што тлумачылася беднасцю сялян, якія не мелі магчымасці купіць дарагое шкло. Нягледзячы на беднасць, людзі жылі паміж сабой дружна, дзверы іх хат не ведалі замкоў. У лепшым выпадку іх замянялі кручкі або закруткі.

Сустракаліся вёскі і багацейшыя за Круковічы, напрыклад вёска Дзяніскавічы, якая выцягнулася больш як на дзве вярсты. Дамы тут добрыя, крытыя саломай, вокны з вялікімі шыбамі і аканіцамі. На каньках большасці хат красаваліся выразаныя з дрэва пеўнікі.

А. Сержпутоўскі тлумачыў гэтую заможнасць тым, што акрамя земляробства і жывёлагадоўлі жыхары займаліся яшчэ паляваннем і рамізніцтвам[25]25
  Архіў РЭМ, ф. 2, воп. 2, спр. 562, с. 15.


[Закрыть]
.

Вынікі сваіх першых экспедыцый Сержпутоўскі абагульніў у этнаграфічным нарысе «Белорусы-полешуки (этнографический очерк). Постройки, занятия и поверья крестьян северной половины Мозырского и южной части Слуцкого уездов Минской губернии»[26]26
  Там жа, ф. 1, воп. 2, спр. 574.


[Закрыть]
. Нарыс уключае ўводзіны і тры раздзелы. Ва ўводзінах даецца геаграфічная і гісторыка-бытавая характарыстыка даследаванай часткі Палесся.

У першым раздзеле – «Жилые и служебные постройки (строительство) и другие сооружения» – аўтар працы грунтоўна, з веданнем справы апісвае пасяленні, жылыя і гаспадарчыя пабудовы палешукоў, ілюструе апісанне малюнкамі, чарцяжамі сядзіб, двароў многіх вёсак Мазырскага і Слуцкага паветаў. Расказваючы пра хаты і сядзібы багатых людзей з мноствам дапаможных і гаспадарчых пабудоў, ён кантрасна малюе бедную сялянскую хаціну, якая падслепаватымі вокнамі пазірае на вуліцу.

Падрабязна апісвае Сержпутоўскі планіроўку жылля, гаспадарчых памяшканняў – сянец, катухоў, свірнаў, дае высокую ацэнку майстэрству палешукоў, якія навучыліся будаваць дамы і гаспадарчыя памяшканні так, каб тыя ў дажджлівае лета не заліваліся вадой, каб грызуны не забіраліся ў свірны са збожжам, каб памяшканні добра вентыляваліся.

Гаворачы аб жывучасці старажытнага ўкладу, які захаваўся з-за ізаляванасці многіх палескіх вёсак ад знешняга свету, Сержпутоўскі ў той жа час адзначае пранікненне сюды капіталістычных адносін, што праявілася ў развіцці кааперацыі, таварнага абмену, у ажыўленні гандлю. Яскравым пацвярджэннем гэтага з’яўляецца прыклад арганізацыі кавальскай справы на Беларускім Палессі. Прафесія каваля лічылася на вёсцы адной з самых пачэсных і неабходных. Пагэтаму ўсёй грамадой узводзіўся будынак, дзе павінна была размяшчацца кузня, у складчыну набывалі неабходнае абсталяванне. Такім чынам, кузні з’яўляліся грамадскімі вытворчымі прадпрыемствамі. На сялянскіх сходах абмяркоўваліся кандыдатуры каваля – перавага аддавалася тым, хто валодаў большым майстэрствам, сілай, карыстаўся па вагай у сялян.

У ролі падручных каваля выступалі заказчыкі. Яны падносілі вугаль, жалеза, распальвалі горн, дапамагалі каваць. Расплачваліся за работу хлебам, мясам, соллю, гароднінай або па дамоўленасці працавалі пэўны час у гаспадарцы каваля.

Без дазволу сходу каваль не меў права абслугоўваць заказчыкаў з іншых населеных пунктаў. У адваротным выпадку яго маглі замяніць іншым.

Шмат месца адводзіць аўтар апісанню вырабу цэглы, будавання мастоў, перапраў, ёзаў[27]27
  Ёз – збудаванне з жардзін, вецця, якімі палешукі перагароджвалі рэкі, каб перабірацца з аднаго берага на другі.


[Закрыть]
, што ва ўмовах непраходных балот мела важнае значэнне. «Дарогі тут непраходныя, – адзначае А. К. Сержпутоўскі. – Напрыклад, у Гаўрыльчыцы, Лугі, Гоцк, якія размешчаны на поўдні Слуцкага павета Мінскай губерні, можна праехаць на конях толькі зімой, калі замерзнуць балоты, сярод лета на валах, калі падсохнуць балоты»[28]28
  Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 574, с. 18.


[Закрыть]
. Але ж жыццёвыя абставіны прымушалі сялян карыстацца такімі пераправамі і вясной, і ўвосень, калі былі дажджы. «Страшна глядзець, – пісаў А. Сержпутоўскі, – калі жанчына з люлькай за плячыма, у якой ляжала дзіця, ідзе па такім мосце. Пад нагамі шуміць і бурліць вада, ёз хістаецца, калкі трашчаць, а маці з акамянелым выразам на твары нетаропка рухаецца наперад. Страшна. Міжволі думаецца, што вось адзін няправільны крок або рух і няшчасная жанчына разам з дзіцем апынецца ў віры. Сапраўды, няшчасныя выпадкі тут нярэдкія»[29]29
  Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 574, с. 82–83.


[Закрыть]
.

У другім раздзеле, прысвечаным заняткам і промыслам палешукоў, апісваюцца спосабы і прыёмы земляробства, жывёлагадоўлі, сельскагаспадарчыя прылады працы. Шмат месца ўдзяляецца збіранню лясных дароў, апрацоўцы льну і канапель, ткацтву, роспісу ганчарных вырабаў, бортніцтву, вырабу паясоў, папруг і г. д.

Не мог не спыніцца даследчык і на сацыяльных праблемах, якія хвалявалі сялян. Круглы год ад цямна да цямна працавалі яны на сваёй зямлі, палівалі яе потам, слязамі, але, нягледзячы на гэта, заставаліся беднымі. Неўрадлівая глеба, апрацоўка зямлі прымітыўнымі прыладамі не дазвалялі атрымліваць высокія ўраджаі.

Сяляне амаль ніколі не елі чыстага хлеба, змешвалі муку з дубовай карой, мякінай, пырнікам. Выручалі бульба, грэчка, проса, якія нядрэнна радзілі на мясцовых глебах, а таксама дары лясоў, балот, рэк – грыбы, журавіны, рыба. Праўда, і да гэтых астраўкоў выжывання цягнуліся прагныя рукі маючых уладу. Нягледзячы на адмену прыгоннага права ў Расіі, яшчэ ў пачатку XX ст. на Палессі захоўваліся элементы прыгонніцтва. Памешчыкі, буйныя арандатары, якія сканцэнтравалі ў сваіх руках вялікія надзелы зямлі, лясныя ўгоддзі, дапускалі сялян да карыстання імі па ліцэнзіях за плату, выкарыстоўваючы так званае сервітутнае права. Сяляне ж лічылі землі, лясы, рэкі і вадаёмы «божым дарам», а таму не хацелі мірыцца з такім становішчам. Яны бунтавалі, сілай адбіралі ў эксплуататараў зямельныя і лясныя масівы.

З гневам гаворыць Сержпутоўскі пра безгаспадарчыя адносіны землеўладальнікаў да прыроды, у прыватнасці пра масавае знішчэнне лясоў, якое пачалося ў паслярэформенны час. На Палессе хлынула хваля лесапрамыславікоў, перакупшчыкаў, рабочых з розных куткоў Расіі, Украіны, Прыбалтыкі. Пацягнуліся на заробкі і беларускія сяляне, пакідаючы свае гаспадаркі. За кароткі час дзялкі атрымалі велізарныя прыбыткі, а сяляне страцілі апошняе, асабліва пасля таго, як лясны бум пайшоў на спад. Лес знішчылі, вывезлі. Багацеі падаліся ў вялікія гарады, на адпачынак у заморскія краіны, сяляне ж вярнуліся ў свае запусцелыя гаспадаркі. Жыццё іх стала яшчэ больш цяжкім і невыносным. Выхад з такога становішча вучоны бачыць у карэнным пераўтварэнні гаспадарчага жыцця, хоць па вядомых прычынах не раскрывае шляхоў, якія павінны былі б выратаваць палешукоў ад непазбежнага вымірання.

Апісваючы цяжкае, поўнае гора і нягод жыццё палешукоў, Сержпутоўскі асабліва занепакоены становішчам жанчын. «На вядзенне дамашняй гаспадаркі і прыгатаванне ежы ў жанчын ідзе ўвесь час, – піша аўтар. – …Але гэта яшчэ не ўсё. Ёй трэба вырасціць лён, каноплі, прыгатаваць кудзелю, напрасці, наткаць і пашыць бялізну, прыгатаваць дамашняе сукно для верхняга адзення і г. д. Калі сюды аднесці нараджэнне дзяцей, хваробы і іншыя жыццёвыя нягоды, то трэба толькі здзіўляцца, як палеская жанчына выносіць такое жыццё і як асобныя з іх дажываюць да глыбокай старасці»[30]30
  Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 1, спр. 574, с. 154–155.


[Закрыть]
.

Трэці раздзел нарыса Сержпутоўскі прысвяціў прымхам і забабонам палешукоў. У ім прыводзяцца апісанні «магічных» дзеянняў мясцовых ведзьмакоў, знахароў, шаптух. Многія назіранні лягуць пазней у аснову нарысаў і апавяданняў Аляксандра Казіміравіча.

Поспех першых экспедыцый Сержпутоўскага невыпадковы. У вывучэнні быту і культуры палешукоў дапамагла яму работа ў школе. Ужо тады ён назіраў за жыццём людзей, запісваў вусныя апавяданні, казкі, прымаўкі, заклёны, рабіў накіды чарцяжоў пабудоў, замалёўкі дамашняга побыту, вывучаў вопыт збіральніцкай дзейнасці іншых фалькларыстаў і этнографаў. Так, у 1893 г. на старонках часопіса «Этнографическое обозрение» друкаваліся нарысы аб жыцці сялян Віцебскай губерні М. Я. Нікіфароўскага. Дзякуючы ім шырокая грамадскасць Расіі змагла пазнаёміцца з жыццём і бытам беларускага сялянства, яго звычаямі, традыцыямі, культурай, вусна-паэтычнай творчасцю.

Вялікая цікавасць, якую праяўлялі да культуры, быту, умоў жыцця беларускага народа перадавыя людзі Расіі ў пачатку XX ст., была невыпадковай. Падзеі, звязаныя з развіццём капіталізму, з рэвалюцыяй 1905–1907 гг., знайшлі самы непасрэдны водгук у сэрцах беларусаў, садзейнічалі больш актыўнаму развіццю нацыянальнай культуры. Гэта з асаблівай сілай праявілася ў яго імкненні адстаяць правы на нацыянальную незалежнасць, карыстанне роднай мовай, літаратурай, культурай.

У гэты перыяд шырока разгарнулася работа па збіранні і вывучэнні народнай вусна-паэтычнай творчасці. Паўсюдна ствараюцца таварыствы і гурткі, ставіцца пытанне аб узнаўленні Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства. Побач з таварыствам па вывучэнні Магілёўскай губерні (існавала з 1902 г.) у 1912 г. пачынае работу Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Неўзабаве такія ж таварыствы ствараюцца ў Віцебску, Гомелі, Барысаве.

Значны ўклад у справу вывучэння роднага краю ўнеслі студэнты беларускага зямляцтва Пецярбургскага ўніверсітэта. Яны вывучалі культуру і быт народа, запісвалі вусна-паэтычныя народныя творы, выкарыстоўвалі багаты фактычны матэрыял для паказу паднявольнага жыцця людзей, заклікалі працоўных на барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.

Вялікую дапамогу дзеячам культуры, пачынаючым краязнаўцам аказвалі працы такіх выдатных фалькларыстаў і этнографаў, як Е. Р. Раманаў, Я. Ф. Карскі.

Актыўна працягваў работу па вывучэнні быту, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа А. К. Сержпутоўскі. Летам 1907 г. ён накіроўваецца ў экспедыцыю на Палессе Валынскай, Мінскай і Гродзенскай губерняў. Незадоўга да гэтага этнаграфічны аддзел Рускага музея распрацаваў праграму для збірання этнаграфічных прадметаў і абавязаў сваіх супрацоўнікаў строга кіравацца ёй. Азнаёміўшыся з гэтай праграмай, Сержпутоўскі прыходзіць да вываду, што яна не адлюстроўвае спецыфікі Беларускага Палесся. Ён распрацоўвае ўласную праграму, якую ўмоўна называе «Некалькі агульных заўваг аб збіранні этнаграфічных калекцый у Беларусі»[31]31
  Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 1, спр. 573, с. 43.


[Закрыть]
.

Зыходзячы з рэльефу і прыродных умоў Беларусі Аляксандр Казіміравіч прапаноўвае умоўна раздзяліць яе тэрыторыю на дзве часткі: палявую – Літву і лясную – Палессе. Сержпутоўскі тут чамусьці карыстаецца гістарычным паняццем «Літва». Пры гэтым ён заўважае, што «літвіны», дзякуючы нядрэнным дарогам, раней устанавілі культурныя сувязі з суседнімі народамі.

Расказваючы аб гаротным становішчы палешукоў, Сержпутоўскі адзначае: «Тут, у глыбіні Палесся, мы можам сустрэць такія куткі, такі быт народа і ўсе абставіны яго жыцця, якія напамінаюць нам даўно мінулы час»[32]32
  Там жа, с. 44.


[Закрыть]
. Ён раіць пачынаючым фалькларыстам і этнографам збіраць этнаграфічныя калекцыі, якія характарызуюць быт і творчасць народа, рабіць падрабязнае апісанне мясцовасці, дзе збіраюцца гэтыя экспанаты, з прыкладаннем карт, планаў і фотаздымкаў, запісваць легенды, паданні, фразеалагізмы, даваць характарыстыку заняткаў людзей, прылад працы, сямейнага побыту, звычаяў, традыцый, народнай медыцыны, мастацтва, указваць, чым прадыктаваны выбар месца для будаўніцтва таго ці іншага збудавання, апісваць тэхніку яго ўзвядзення і г. д.

Сержпутоўскі сам строга прытрымліваўся гэтых правіл, выконваў велізарны аб’ём даследчых работ. У час экспедыцыі 1907 г. (чэрвень – жнівень) ён сабраў багатую этнаграфічную калекцыю. Як паведамляла «Живая старина», у яе ўвайшлі адзенне, земляробчыя прылады, прыстасаванні для ткацтва, музычныя, цяслярскія і бондарскія інструменты, амулеты, сродкі народнай медыцыны, прадметы табакакурэння і здабывання агню, сродкі перамяшчэння, цацкі, прылады для палявання, рыбалоўства, пчалярства, посуд, узоры тканін і вышыўкі, прадметы дамашняга ўжытку. Усяго дастаўлена ў музей больш за 800 экспанатаў, а таксама 200 фотаздымкаў пабудоў, тыпаў жыхароў, бытавых сцэн, промыслаў і г. д.[33]33
  Живая старина. 1907. Вып. 3. С. 37.


[Закрыть]

Экспедыцыі патрабавалі ад збіральніка вялікага напружання фізічных сіл, часу. Трэба было адабраць самыя каштоўныя экспанаты, зрабіць падрабязнае апісанне кожнага з іх, знайсці транспарт, адвезці груз на чыгуначную станцыю або адправіць іншым спосабам. Часта для гэтага не хапала адпушчаных на камандзіроўку грошай, даводзілася разлічвацца ўласнымі. Царскія чыноўнікі на месцах не толькі не аказвалі этнографам неабходнай дапамогі, а часам нават перашкаджалі рабоце. Так, падчас экспедыцыі ў Польшчу ў 1909 г. Сержпутоўскі не змог наведаць Радомскую губерню, багатую народнымі рамёствамі і звычаямі. Незадоўга перад гэтым там адбыліся сялянскія хваляванні і для ўезду на тэрыторыю губерні патрабаваўся асабісты дазвол генерал-губернатара Царства Польскага. «Генерал-губернатар, як усходні дэспат, з выпадку масленіцы нікога не прымаў»[34]34
  Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 1, спр. 573, с. 42.


[Закрыть]
, – пісаў Сержпутоўскі галоўнаму захавальніку этнаграфічнага аддзела музея Ф. К. Волкаву.

У горадзе Родзін Сядлецкай губерні ад Сержпутоўскага ні на крок не адставалі жандары, прыстаўленыя да яго губернатарам. У прысутнасці іх людзі баяліся выконваць песні, расказваць казкі, паданні, нават гаварыць. Нягледзячы на гэта, Сержпутоўскі поўнасцю выканаў праграму экспедыцыі, сабраў і адаслаў у музей 676 прадметаў, якія характарызавалі быт, культуру, заняткі мясцовых жыхароў.

Апісанне калекцый вучоны звычайна рабіў на рускай і беларускай мовах, строга захоўваючы мясцовую гаворку.

Паспяховай была паездка А. К. Сержпутоўскага ў Літву ў 1909 г. Тут ён зрабіў звыш 200 фотаздымкаў, запісаў многа песень, прыказак, прымхаў.

Падчас экспедыцый вучоны сустракаецца з мясцовымі краязнаўцамі, этнографамі, дзеячамі культуры і мастацтва, раіцца з імі адносна аб’ектаў даследчай работы, просіць збіраць і прысылаць у музей экспанаты. Падкрэсліваючы высокую самабытную культуру жыхароў заходняй часткі царскай імперыі, ён заўважае, што жыццё простага народа тут яшчэ больш цяжкае і невыноснае, чым у жыхароў цэнтральных губерняў Расіі.

Каўказскі дзённік

Летам 1910 г. А. К. Сержпутоўскі накіроўваецца ў камандзіроўку на Паўночны Каўказ. Нязведаны край, бездарожжа, невядомыя мовы і звычаі плямён і народнасцей не надавалі аптымізму. «Я еду ў такую цяжкую і небяспечную экспедыцыю, дзе кожную хвіліну можна чакаць ад горцаў кулю або кінжал. Але мяне не палохаюць ні цяжкасці, ні небяспека, толькі б дасягнуць пастаўленай мэты», – пісаў Аляксандр Казіміравіч у сваім рабочым дзённіку.

Па дарозе на Каўказ ён спыняецца ў розных гарадах Расіі, падрабязна апісвае славутасці Самары, Саратава, Ноўгарада, Царыцына, Юр’ева. Апошні, па словах Сержпутоўскага, вельмі нагадаў яму беларускі Мазыр. Але прыгожыя пейзажы цудоўнай рускай прыроды, магутнай, апетай у песнях Волгі не засланяюць ад пільнага позірку этнографа жыццё народа. На кожным кроку бачыць ён гора і нястачу, чуе скаргі, плач, праклёны ў адрас царскіх чыноўнікаў. Пасля наведвання Кастрамы даследчык зрабіў наступны запіс у дзённіку: «Тут адчуў я сэрца Расіі і тую коснасць некалі моцнага і магутнага народа, які… сёння пакутуе ад прыгонніцтва і голаду»[35]35
  Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 576, с. 18.


[Закрыть]
. Знаёмячыся з карціннай галерэяй горада, Сержпутоўскі заўважае, што этнаграфія там не прадстаўлена, у музеі пануе хаос.

Поўныя трывог, небяспекі і ўражанняў былі дні, праведзеныя Аляксандрам Казіміравічам на Каўказе. Ён быў вымушаны прабірацца па горных сцяжынках над безданню. На дарогах на праезджых часта нападалі бандыты. I ўсё ж этнограф наведаў самыя маладаступныя аулы, сабраў багатыя калекцыі прадметаў быту, прылад працы, зброі, зрабіў унікальныя запісы народных традыцый і абрадаў, фотаздымкі.

Шмат увагі ўдзяліў Сержпутоўскі апісанню жыцця дзідойцаў, якое мала чым адрознівалася ад жыцця іншых горскіх народаў. Галоўным іх заняткам была жывёлагадоўля. Сяляне разводзілі авечак, кароў, коней, аслоў. На невялічкіх кавалачках зямлі, адваяванай у гор, вырошчвалі азімую пшаніцу, авёс, жыта, кукурузу. Апрацоўвалі зямлю прымітыўным спосабам – матыкай, сахой, што не садзейнічала атрыманню высокіх ураджаяў. Агародніцтвам дзідойцы не займаліся наогул. Асноўная ежа – бараніна, сыр. Той-сёй перабіваўся бортніцтвам, нарыхтоўкай дроў.

Апісваючы жыццё, звычаі, культуру чаркесаў, гінухцаў, А. К. Сержпутоўскі падкрэсліваў, што жывуць яны паміж сабой дружна, заўсёды гатовы прыйсці адзін аднаму на дапамогу, падзяліцца апошнім кавалкам хлеба, жменькай тытуню. Такія ж цёплыя адносіны да сябе адчуваў з боку простых горцаў і наш зямляк.

Знаёмства з народнай творчасцю горцаў дазволіла даследчыку лепш пазнаць душу гэтых народаў, пераканацца ў іх аптымізме, свабодалюбстве, кемлівасці, знаходлівасці.

Галоўным персанажам многіх фальклорных твораў чаркесаў з’яўляецца бедны, востры на розум і язык селянін. У гэтым няцяжка пераканацца, пазнаёміўшыся з прытчай, запісанай Сержпутоўскім[36]36
  Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 576, с. 11.


[Закрыть]
.

Будучы запрошаным у госці да султана, селянін заўважыў, што гаспадар паклаў у яго шклянку мала цукру. У гэты час слуга паведаміў, што прыехаў яшчэ адзін госць. «Вельмі добра, – ажывіўся селянін, – магчыма, гэты чалавек прывёз цукру, бо ў султана яго няма».

Не багацце, а смелы ўчынак, подзвіг цаніліся ў горцаў.

У другой прытчы, запісанай у бжэдухаў А. К. Сержпутоўскім[37]37
  Там жа.


[Закрыть]
, расказваецца пра наступнае.

Аднойчы натоўп горцаў стаяў на крутым беразе Кубані. Гледзячы на імклівае цячэнне ракі, нехта сказаў: «Шкада, што сярод нас няма бжэдуха. Ён бы не пабаяўся пераплыць раку».

Гэтыя словы пачуў пастух з племя бжэдухаў, які праходзіў міма. «Калі сваім учынкам, нават смерцю магу праславіць свой род, я пераплыву раку», – сказаў ён. Прамовіўшы так, пастух скінуў з сябе бурку, падбег да абрыву і кінуўся ўніз.

Сюжэтам для рамантычнай аповесці пра адраджэнне роду бжэдухаў магло б стаць паданне, запісанае Сержпутоўскім[38]38
  Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 576, с. 18.


[Закрыть]
.

Супраць лютага князя бжэдухаў узняўся народ, забіў яго самога і ўсіх яго родзічаў. Жывой засталася толькі маладая жонка князя, якая чакала дзіця. Калі пачалося паўстанне, яна пабегла ў горы і знайшла прытулак у пастухоў. Хутка жанчына нарадзіла сына. Калі той крыху падрос, стаў дапамагаць дарослым даглядаць коней, кароў. Не было роўнага хлопцу ў спрыце, сіле, кемлівасці. Бжэдухі выбралі яго сваім атаманам. Малады князь аб’яднаў разрозненыя плямёны бжэдухаў, якіх вызначалі такія рысы, як стойкасць, храбрасць, захаванне звычаяў продкаў.

У час камандзіроўкі на Каўказ Сержпутоўскі набыў звыш 400 экспанатаў, зрабіў 140 фотаздымкаў асоб розных народнасцей, апісаў шмат бытавых сцэн з жыцця горцаў, выканаў дзясяткі малюнкаў і чарцяжоў дамоў, гаспадарчых пабудоў. Выказваючы падзяку прадстаўнікам афіцыйных улад, якія садзейнічалі поспеху работы экспедыцыі, ён інфармаваў кіраўніцтва савета этнаграфічнага аддзела Рускага музея, што пералічаныя ім асобы абяцалі сабраць сярод мясцовых жыхароў новыя калекцыі і даслаць іх у музей.

Па просьбе старшыні імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства С. Ф. Альдэнбурга А. К. Сержпутоўскі выступіў 10 снежня 1910 г. перад членамі РГТ з паведамленнем аб выніках гэтай экспедыцыі. Вялікую цікавасць у прысутных выклікалі прагляд дыяпазітываў, зробленых Сержпутоўскім, азнаямленне з калекцыямі этнаграфічных прадметаў, прывезеных ім з Каўказа[39]39
  Живая старина. 1910. Вып. 4. С. 357.


[Закрыть]
.

Паспяховай з’явілася экспедыцыя А. К. Сержпутоўскага ў Дагестан у чэрвені 1911 г. Мэтай яе было вывучэнне жыцця, быту, матэрыяльнай і духоўнай культуры дзідойцаў, гінухцаў, капучынцаў.

Наведваючы населеныя пункты, даследчык адзначаў, што жыццё горцаў мала чым адрознівалася ад жыцця рускіх, беларускіх, украінскіх сялян. Галоўнымі заняткамі гэтых смелых, адкрытых, шчырых людзей, па словах вучонага, былі жывёлагадоўля, паляванне, земляробства, хоць зямель, прыгодных для вырошчвання збожжавых, агародніны, было вельмі мала. Невялікія ўчасткі – латкі, як правіла, размяшчаліся на схілах гор. Грунт быў вельмі цвёрды, цяжка паддаваўся не толькі матыцы, але і кірцы. Каб не зваліцца ў бездань, сяляне абвязвалі сябе вяроўкамі, адзін канец якіх мацаваўся на круках, убітых у скалу. Этнографу неаднаразова даводзілася бачыць за работай жанчын, якія апрацоўвалі такім чынам зямлю.

Сержпутоўскі звяртае ўвагу на існаванне ў дзідойцаў нецывілізаваных старажытных звычаяў, напрыклад звычаю выкупу нявесты. Калым часам даходзіў да 100 рублёў, што па тым часе з’яўлялася вельмі вялікай сумай. «I ўсё ж, нягледзячы на гэта, – заўважае вучоны, – большасць маладых людзей жаніліся і выходзілі замуж па каханні». У многіх сем’ях, якія ён наведаў, панавалі любоў і згода. У той жа час назіраліся ў горцаў выпадкі мнагажэнства, пераважна сярод багатых, а таксама кроўная помста.

З гэтай экспедыцыі Сержпутоўскі прывёз 837 экспанатаў – калекцый адзення, галаўных убораў, абутку, упрыгажэнняў, зброі, прадметаў дамашняга і гаспадарчага ўжытку, рэлігійных культаў. Акрамя таго, зрабіў каля 70 фотаздымкаў пабудоў, бытавых сцэн, абследаваў і апісаў шэраг аулаў і пасяленняў. Выступаючы са справаздачай на пасяджэнні аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства аб выніках паездкі ў Нагорны Дагестан, ён паведаміў цікавыя звесткі аб быце горцаў, падзяліўся каштоўнымі думкамі аб паляпшэнні іх становішча.

У лінгвістычнай частцы сваёй справаздачы вучоны выказаў шмат крытычных заўваг па «Краткому дидойско-русскому словарю», выдадзенаму пад рэдакцыяй акадэміка М. Я. Мара. «Для збірання матэрыялаў на месцах гэты слоўнік можа аказаць паслугу, – падкрэсліў ён, – а карыстацца ім у тэарэтычных даследаваннях аб гаворках індадзідойскай групы нельга»[40]40
  Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 580, с. 7.


[Закрыть]
.

Вывучаючы быт і культуру розных народаў або этнічных груп, А. К. Сержпутоўскі імкнуўся прасачыць, які ўплыў яны аказвалі адно на аднаго. У час экспедыцыі 1912 г., абследаваўшы так званую Холмскую Русь, ён адзначыў, што ўкраінскае насельніцтва гэтага краю, захоўваючы свае бытавыя рысы, часткова падверглася ўплыву палякаў і беларусаў. Уплыў палякаў, на думку даследчыка, бачыцца ў адзенні, а беларусаў – у размяшчэнні пабудоў правільнымі радамі ўздоўж вуліц, а таксама ў тыпе пабудоў.

Адзначыў Сержпутоўскі ў сваёй справаздачы і працэс рассялення па хутарах, які пачаўся ў Холмскай Русі. Сяляне разбуралі свае старажытныя пабудовы і ўзводзілі на хутарах новыя. Вучонаму тым не менш удалося зрабіць планы, чарцяжы і малюнкі старажытных пабудоў, сфатаграфаваць іх.

У пісьме сакратару савета этнаграфічнага аддзела Рускага музея ад 9 чэрвеня 1913 г. Сержпутоўскі ўказвае на імклівую змену моды, што прывяло да знікнення ў вёсцы адзення старажытных узораў. «Пабываў я ў трох паветах – Дзмітраўскім, Бронніцкім і Каломенскім, – пісаў ён, – і амаль усюды адно і тое ж: былога адзення няма, у хатнім ужытку ўсе прадметы гарадскога паходжання. Пакуль удалося сабраць каля 200 прадметаў, у тым ліку адзін мужчынскі касцюм з набіўнога льну і тры жаночыя. Паспрабую паспытаць шчасця ў старавераў, хаця кажуць, што яны могуць не пусціць у сваю вёску»[41]41
  Архіў РЭМ, ф. 1, воп. 2, спр. 578, с. 66.


[Закрыть]
.

Цяжка сказаць, чым закончылася паездка Сержпутоўскага да старавераў (пра гэта ў справаздачы не гаворыцца), але калі ацэньваць у цэлым яго экспедыцыі ў Маскоўскую і Пермскую губерні, то можна назваць іх вельмі ўдалымі. Этнограф прывёз адтуль 437 прадметаў хатняга ўжытку, 125 фотаздымкаў, на якіх засведчаны краявіды горада Дзмітрава і Дзмітраўскага павета, у тым ліку Благавешчанскі сабор, вуліцы, дамы, прылады працы.

Рэзультатыўнай была паездка Сержпутоўскага ў Віленскую і Віцебскую губерні. Калекцыя музея папоўнілася ўзорамі сялянскай вопраткі, самаробных тканін, шыцця, вязання, рэчамі гаспадарчага ўжытку. Набыў ён тут 115 назваў керамікі – міскі, гаршкі, сподкі і г. д.

I ўсё ж думка пра тое, што з сялянскага побыту пад уплывам горада знікаюць старажытныя вясковыя прадметы, не давала вучонаму спакою. У ліпені 1915 г., адмовіўшыся ад адпачынку, ён накіроўваецца ў Варонежскую, Разанскую, Белгародскую і Курскую губерні. Нягледзячы на халеру, якая забірала штодзень шмат чалавечых жыццяў, Сержпутоўскі працягваў сваю работу. У пасылках, якія ён рэгулярна пасылаў у адрас Рускага музея, былі такія каштоўныя экспанаты, як адзенне, абутак, рушнікі, хусткі, грабяні, нажы, прадметы рэлігійнага культу.

Як і раней, многія экспанаты этнограф купляў за ўласныя грошы і дарыў іх музею. 7 мая 1916 г. ён падарыў калекцыю старажытнага шклянога посуду, набытую ў вёсцы Асінаўка Аханскага павета Пермскай губерні, а таксама высокай мастацкай вартасці карзіну, сплеценую з лазы, саламяную хлебніцу, гліняныя кубкі, за што атрымаў пісьмовую падзяку ад кіраўніцтва музея.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации