Электронная библиотека » Уладзімір Касько » » онлайн чтение - страница 3


  • Текст добавлен: 25 июля 2016, 15:20


Автор книги: Уладзімір Касько


Жанр: Биографии и Мемуары, Публицистика


сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 3 (всего у книги 18 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Шлях у навуку

У сваёй навуковай дзейнасці А. К. Сержпутоўскі ўдзяляў шмат увагі ўнутрысямейным адносінам беларусаў. «Калі за сталом знаходзіліся госці, – пісаў ён, – жанчыны звычайна не садзіліся за стол. Выключэнне складалі вяселле, хрысціны, памінкі, Дзяды і іншыя адметныя рэлігійныя святы». Прычыну гэтага вучоны бачыць не ў нейкай няроўнасці паміж мужам і жонкай, а ў гасціннасці беларускай жанчыны, яе імкненні лепш абслужыць гасцей.

У розных месцах Беларусі ўзаемаадносіны паміж дарослымі і дзецьмі былі рознымі. У шэрагу вёсак Слуцкага павета дарослыя не здароваліся з дзецьмі, не звярталі на іх увагі. Рэдка нехта заўважаў, што дзеці выраслі. Калі ў хаце былі госці, дзяцей стараліся выправадзіць на вуліцу. Рабілася гэта, на думку Сержпутоўскага, для таго, каб дзеці выпадкова не прагаварыліся пра тое, як адзываюцца пра гасцей іх бацькі за вочы.

У вёсках Чудзін, Вялікі Рожан, Малы Рожан, другіх населеных пунктах Слуцкага павета даследчык назіраў іншую карціну. Пры дзецях дарослыя гаварылі літаральна на ўсе тэмы без выключэння, у тым ліку і пра любоўныя прыгоды, роды, добрыя і кепскія ўчынкі.

Праўда, такія прыклады былі хутчэй выключэннем, чым правілам. У большасці сялянскіх сем’яў беларусаў дзеці раслі чулымі, паслухмянымі, працавітымі, дапамагалі бацькам выхоўваць малодшых дзяцей, весці гаспадарку. Ветліва адносіліся дзеці да суседзяў, асабліва старэйшых за сябе.

Наяўнасць у беларускіх сялян такіх высокіх маральных якасцей, як пачуцці калектывізму, таварыскасці, узаемадапамогі, яскрава пацвярджаюць нарысы А. К. Сержпутоўскага, якія на працягу многіх гадоў друкаваліся на старонках «Живой старины», іншых навуковых выданняў Расіі пад рубрыкай «Очерки Белоруссии». Цікавая дэталь: усе гэтыя нарысы напісаны на рускай мове, а загалоўкі асобных з іх Сержпутоўскі дае на беларускай мове. Вучоны не тлумачыць, чым выклікана гэтая акалічнасць. Думаецца, што ён зыходзіў з таго, што беларуская мова на пачатку XX ст. ужо заявіла аб сабе ў поўны голас, заваявала сабе права стаяць поруч з рускай мовай, хоць афіцыйныя колы царскай Расіі ўсяляк перашкаджалі гэтаму.

«Сябрына». Гэта першы нарыс[42]42
  Живая старина. 1907. Вып. 3. С. 149–151.


[Закрыть]
з названай серыі. Ён прысвечаны апісанню старажытных народных традыцый беларусаў-палешукоў Слуцкага павета Мінскай губерні. Адзначаючы, што сябрына сустракаецца толькі ў беларусаў, у пераважнасці палешукоў, Сержпутоўскі тлумачыць значэнне гэтага слова. Ён не пагаджаецца з трактоўкай слова «сябрына» ў слоўніку I. I. Насовіча, які сцвярджаў, што слова «сябрук» нічым не адрозніваецца ад слова «сябар». Па перакананні вучонага, «сябар» – гэта не «саўдзельнік» у справе ці рабоце, не проста таварыш, а чалавек, родны па духу, часта бліжэйшы за родзіча.

Па назіраннях Сержпутоўскага, сябрына ў Беларусі ў многім абапіралася на сумеснае вядзенне гаспадаркі, у прыватнасці пчалярства, бо пчолы часта пераляталі раямі ад аднаго селяніна да другога. Палешукі лічылі гэта праяўленнем Боскай волі. Ды і пчалу называлі свяшчэннай істотай, якая дае воск для царкоўных свечак. Таму сябрына, заснаваная на сумесным бортніцтве, лічылася самай моцнай.

Існаваў на Палессі выдатны звычай – абдорваць маладых пчалінымі вуллямі. Такім чынам госці і маладыя гаспадары станавіліся сябрамі.

Сябрына ўстанаўлівалася і ў выпадках, калі ад падораных на вяселлі каровы, авечкі ці кабылы атрымліваўся прыплод, у такім разе гаварылі: «Ідзе ў руку».

«Хаця пры ўстанаўленні сябрыны ніякіх спецыяльных абрадавых дзеянняў не праводзяць, – зазначаў Сержпутоўскі, – але з моманту яе з’яўлення сябры звяртаюцца адзін да другога на “вы”, а не на “ты”, як прынята гэта паміж чужымі людзьмі». З такой павагай звярталіся палешукі толькі да бацькоў, старэйшых па ўзросце, родзічаў і самых блізкіх сяброў і таварышаў.

Кожны чалавек лічыў для сябе свяшчэнным абавязкам дапамагчы сябру ў бядзе. Вялікім грахом было пакрыўдзіць сябра, прычыніць яму зло. Сварка паміж сябрамі – ганьба для абодвух.

У час урачыстасцей сяброў саджалі на самае ганаровае месца, удзялялі ім шмат увагі. Сябры часта выступалі ў ролі дарадцаў, абаронцаў перад грамадскімі і дзяржаўнымі інстанцыямі. Нездарма гаварылі, што часам ад сябра хутчэй атрымаеш дапамогу, чым ад родзіча. Адсюль з’яўленне прыказак і прымавак: «Многа сваіх, ды чорт на іх, а сябар – божы сваяк», «Часам ад свайго помачы не чакай, хіба ў сябра папытай».

Кожны прадбачлівы беларус пры ўсякім зручным выпадку стараўся займець як мага больш сяброў у сваёй і суседніх вёсках. Ведалі: сябар дапаможа ў цяжкую хвіліну жыцця, пусціць пераначаваць і прыме як самага дарагога госця. «Не май асьмакоў, а май многа сяброў – век пражывеш і з голаду не памрэш», – гаварылі старыя.

«Бонда». Старажытны звычай беларусаў дзяліцца з суседзямі здабыткамі сваёй працы – мясам, рыбай, мёдам, садавінай, гароднінай – знайшоў адлюстраванне ў нарысе А. К. Сержпутоўскага «Бонда»[43]43
  Живая старина. 1907. Вып. 3. С. 151–152.


[Закрыть]
. Згодна з народнымі ўяўленнямі, таго, хто не падзеліцца з іншымі бондай або бондачкай, будуць праследаваць няшчасці.

Гэты звычай распаўсюджваўся і на жывёлу. Заўважыўшы бадзячага сабаку або каня, карову, якія адбіліся ад статку, сяляне лічылі неабходным накарміць іх. Пры гэтым яны гаварылі: «Бог дае на ўсіх долю. I сабаку давай кавалак хлеба – можа, не праз чыю ласку жывем».

Звычай даваць бонду, на думку Сержпутоўскага, ішоў ад сівой даўніны, калі была агульная маёмасць цэлай абшчыны або роду.

У запісах вучонага адзначаецца, што ва ўспамінах старых людзей, ад якіх калісьці ён запісваў свае фальклорныя творы, ёсць шмат прыкладаў таго, як сяляне, што мелі коней, валоў, дапамагалі суседзям-беднякам бясплатна апрацоўваць зямлю, звозіць з поля ўраджай, нарыхтоўваць дровы на зіму. Нават калі ўласнага хлеба не хапала да новага ўраджаю, палешукі не пакідалі ў бядзе суседзяў, у якіх па нейкай прычыне загінуў ураджай.

«Талака». Цікавае тлумачэнне старажытных народных традыцый знаходзім у нарысе А. К. Сержпутоўскага «Талака»[44]44
  Там жа. Вып. 4. С. 210–214.


[Закрыть]
. Аўтар адвяргае сцвярджэнне У. I. Даля, які пісаў, што «талака – работа грамадой за пачастунак». Сяляне бескарысна прыходзілі, па словах этнографа, на дапамогу аднавяскоўцу, прыносілі нават будаўнічы матэрыял. Гуртам выконваліся работы, плёнам якіх карысталіся ўсе аднавяскоўцы. Размова ідзе аб узвядзенні плацін і ёзаў, капанні студняў, будаўніцтве лазняў і г. д.

Талака часта мела і іншы сэнс. Яна давала магчымасць чалавеку паказаць сябе ў рабоце, служыла своеасаблівым спаборніцтвам у спрыце, сіле, уменні. «Лёс беларускай дзяўчыны, – пісаў Сержпутоўскі, – у большасці выпадкаў залежыць ад таго поспеху ў працы, якім яна (дзяўчына) зарэкамендавала сябе ў час талакі».

Гаворачы аб «прыгажосці і высакароднасці» талакі, Сержпутоўскі з гневам піша, што гэты старажытны народны звычай часта выкарыстоўвалі ў сваіх карыслівых мэтах памешчыкі, кулакі. Разумеючы, што талака праводзіцца бясплатна, яны збіралі народ на выкананне асабліва працаёмкіх работ і пасля іх заканчэння частавалі людзей гарэлкай. Вучоны бачыў у гэтым псаванне панамі выдатнага народнага звычаю.

«О завитках в Белоруссии». У 1907 г. на старонках часопіса «Живая старина» быў апублікаваны нарыс А. К. Сержпутоўскага «О завитках в Белоруссии (очерк из жизни крестьян южной части Слуцкого уезда Минской губернии)»[45]45
  Живая старина. 1907. Вып. 1. С. 33–23.


[Закрыть]
, прысвечаны раскрыццю светапогляду палешукоў. Значнае месца адводзілася ў ім прымхам і забабонам.

«Пачынаючы з моманту нараджэння і амаль да самой смерці, – піша аўтар, – беларуса, на яго думку, праследуе «нячыстая сіла», а каб яе прадухіліць або прымусіць працаваць на карысць чалавека, трэба строга прытрымлівацца выпрацаваных народнай мудрасцю прымхаў і забабонаў – правіл, як трэба рабіць у тым ці іншым выпадку». Вобразна параўноўваючы гэтыя правілы з правіламі гігіены, накіраванымі на падтрыманне здароўя чалавека, Сержпутоўскі зазначае, што ў аснове прымхаў і забабонаў ляжаць уяўленні неадукаванага цёмнага чалавека і рэкамендаваныя дзеянні для перасцярогі ад нейкай бяды. Яны не маюць ніякай прычыннай сувязі. Так, каб на працягу года быць здаровым, на думку палешукоў, трэба было падчас першага грому патрэсці дуб. Адпраўляючыся ў дарогу, сяляне зачынялі засланкай вусце печы, а да прыпечка прыстаўлялі вілкі і качаргу. У такім разе прымхі абяцалі ім паспяховую паездку.

Сярод мноства розных прымхаў і забабонаў у жыцці беларуса-палешука выключнае месца займалі заломкі, завіткі, або куклы. Рабіліся яны на хлебных палях і мелі мэту пашкодзіць здароўю чалавека, яго гаспадарцы. На думку сялян, рабілі заломкі ліхія людзі, ведзьмакі, якія знасіліся з нячыстай сілай, валодалі чарамі, праклёнамі, заклёнамі.

Знішчыць заломку, зняць праклёны мог вядзьмак, які валодаў яшчэ большай магічнай сілай, чым той, хто ўчыніў ліхадзейства.

Звычайна заломкі рабіліся так: сцяблінкі жыта, пшаніцы, ячменю або іншых хлебных злакаў збіраліся ў пучок, перавязваліся валасамі, ніткамі, чырвонымі стужкамі і заломваліся ў пэўны бок.

Рабіліся заломкі і ў выглядзе вяночкаў. Выбар таго ці іншага віду заломак і атрыбутыкі, звязанай з ім, залежыў ад многіх абставін. Заломкі, звязаныя валасамі, на думку ведзьмака, пагражалі жыццю людзей ці жывёлы. Зламаныя або скручаныя сцяблінкі ўказвалі на тое, што праклён накіраваны супраць здароўя ці нават жыцця чалавека.

Заломкі звычайна завівалі ў канцы мая – пачатку чэрвеня, калі зацвіталі збожжавыя. На досвітку вядзьмак распранаўся дагала і, стараючыся быць нікім не заўважаным, прабіраўся ў поле. На думку сялян, там вядзьмак сустракаўся з нячыстай сілай, якая не толькі не перашкаджала яму чыніць чорную справу, але і спрыяла ў гэтым, адпужвала выпадковых людзей. Па словах Сержпутоўскага, вядомы на Случчыне вядзьмак Іван Санюк, які меў мянушку Порца, пры завіванні заломак вымаўляў такія замовы і закляцці, скіраваныя ў адрас гаспадара поля:

 
З сухога бору, нетры, гушчэчы,
З багны, тхлані, балота,
З цёмнага лесу, з лысых гор,
З ракі, з віру глыбокага,
З возера, з плёсу шырокага,
З віхру, з ветру вялікага —
Адусюль збірайся, сіла ліхая, нячыстая,
Сатры, зламі (у гэтым месцы вымаўлялася імя чалавека, супраць якога задумвалася чорная справа) косці жоўтыя,
Разлі кроў гарачую, засушы яго цела.
Як засохнуць і запетраюць гэтыя калівы,
Каб ён так засох і запетраў.
 

Апошнія словы Порца паўтараў тройчы, а затым працягваў:

Ліхія, куцыя, бясхвостыя і вы ўсе кахатыя, прыступайце і мне памажыце майго ворага зламаць, скруціць, сцерці, каб ён сонейка яснага не бачыў, грому не чуў, сцежкі не таптаў, смаку не меў. Як каласкі сохнуць, каб ён так ссох, прапаў і згінуў.

У арсенале ведзьмакоў меліся закляцці і на жывёлу, і на людзей, якія захочуць знішчыць заломку. Для апошніх у Порцы былі свае праклёны:

Бяру чыстыя каласкі, у коску заплятаю. Як каліўкі пагнуліся, паламаліся, каб так таго немач сагнула, зламала рукі і ногі, хто гэту завітку зачэпіць. Як каласкі сохнуць-пятраюць, каб так ён ссох-спятраў. Як зямля і неба не мінаюцца, каб так маё слова не мінулася[46]46
  Живая старина. 1907. Вып. 1. С. 34.


[Закрыть]
.

Убачыўшы заломкі на сваім полі, селянін, каб адвесці бяду ад сваёй сям’і, вымушаны быў звяртацца па дапамогу да ведзьмака. Той спачатку доўга адмаўляўся, набіваючы сабе цану, і толькі пасля настойлівых просьбаў наліваў з бутэлькі ў шклянку ваду, узятую з «сямі калодзежаў», уважліва ўглядаўся ў яе, як бы імкнучыся ўбачыць разгадку няшчасцяў чалавека. Нарэшце ён ставіў шклянку на стол і шматзначна гаварыў: «Вельмі моцна ўздзеяна.

Не ведаю, як і адрабіць». I рабіў выгляд, што хоча пакінуць хату селяніна. Гаспадар і ўся сям’я слёзна прасілі ведзьмака не пакідаць іх у бядзе, абяцалі павысіць ганарар.

Вядзьмак працягваў адмаўляцца, але ўрэшце ўступаў просьбам гаспадара, які вёў яго ў поле, дзе знаходзілася заломка. За імі крочылі родзічы селяніна, цікаўныя суседзі.

Наблізіўшыся да заломкі, вядзьмак вымаўляў закляцці, жэстыкуляваў, а затым праводзіў вакол яе круг, быццам заганяючы туды нячыстую сілу. Наступаў самы адказны момант – знішчэнне заломкі. Вядзьмак станавіўся на карачкі і пачынаў асцярожна падпаўзаць да яе. Нейкая нябачная сіла быццам бы не давала яму лёгка дабрацца да пучка каласкоў, адкідвала назад. Вядзьмак мармытаў закляцці і пачынаў падпаўзаць з другога боку.

Такія маніпуляцыі паўтараліся некалькі разоў. Здаралася, што вядзьмак распранаўся дагала, доўга поўзаў на пацеху прысутным па іржышчы, пакуль нарэшце не вырываў заломку з карэннем. Усім станавілася ясна: вядзьмак перамог нячыстую сілу.

Цяпер пачынаўся другі этап спектакля. Трэба было ўсё зло, заключанае ў заломцы, скіраваць супраць таго, хто яе завіў. Вядзьмак урачыста ўносіў заломку ў хату гаспадара, клаў яе ў гаршчок, напоўнены вадой з «сямі калодзежаў», і ставіў яго на агонь. Калі вада закіпала, вядзьмак браў асінавы пруцік і, памешваючы варыва, шаптаў розныя закляцці. Затым выцягваў гаршчок з печы, даставаў заломку і прымацоўваў яе ў коміне. Ад такой аперацыі чалавек, які завіў заломку, спачатку быццам бы будзе гарэць у агні, а потым сохнуць, як заломка ў коміне.

Пасля паспяховага завяршэння справы па знішчэнні заломкі гаспадар шчодра частаваў свайго збавіцеля, аддзячваў грашыма, харчам.

Расказваючы пра традыцыю завівання заломак у асобных населеных пунктах дарэвалюцыйнай Беларусі, А. К. Сержпутоўскі быў далёкі ад таго, каб тлумачыць яе толькі цемнатой і адсталасцю беларусаў-палешукоў. У заключнай частцы свайго нарыса ён гаворыць пра тое, што пад уплывам школ, народных вучылішчаў у апошнія гады павысілася свядомасць не толькі дзяцей, але і дарослых, знікла сляпая вера ў ведзьмакоў і шаптух, ніхто ўсур’ёз не ўспрымае заломкі. Убачыўшы іх, моладзь спальвала заломкі або для пацехі прывязвала да хвастоў сабак, і тыя вырывалі іх з карэннем. У абрадах знішчэння заломкі вучонага цікавіў этнаграфічны бок, высокая паэтыка заклінанняў, здаровы народны гумар.

«Добывание огня». Спосаб здабывання і захоўвання агню шырока апісаны ў шматлікай навуковай і навукова-папулярнай літаратуры. Не абышоў гэты факт увагай і А. К. Сержпутоўскі, прысвяціўшы яму этнаграфічны нарыс «Добывание огня»[47]47
  Живая старина. 1909. Вып. 1. С. 40–25.


[Закрыть]
. Даследуючы быт жыхароў цяжкадаступных населеных пунктаў Беларускага Палесся, ён адзначаў, што большасць сялянскіх сем’яў не карысталіся запалкамі і здабывалі агонь старажытным дзедаўскім спосабам: з дапамогай крэсіва, крэменю і кнота або цэры – высушанага грыба, што расце на гнілой частцы ствала хвоі. Рабілася гэта па некалькіх прычынах. Запалкі каштавалі даволі дорага і былі не па кішэні многім палешукам. Да таго ж яны тухлі ад ветру. Таму кожны мужчына насіў у маленькай торбачцы, якую называлі вогневіцай, магалейкай або калітой, нескладаныя прыстасаванні для атрымання агню. Умелі разводзіць агонь у сваіх дамах і палескія жанчыны, калі мужчын не было ў сядзібе.

Ва ўрачыстых выпадках свяшчэнны агонь здабывалі шляхам трэння ці з дапамогай шкельцаў і сонечных промняў. Гэта рабілі звычайна пры пераходзе ў новы дом. У прысутнасці ўсёй сям’і, гасцей гаспадар распальваў свяшчэнны агонь у старой хаце і пераносіў яго ў новую хату, дзе рыхтавалася застолле. На думку палешукоў, у такім выпадку заступнікі продкаў разам з агнём пераселяцца на новае месца і будуць ахоўваць навасёлаў ад няшчасцяў і бядот.

У час эпідэмій з дапамогай свяшчэннага агню запальвалі кастры на ўскраінах вёсак. Яны павінны былі ўберагчы людзей ад хвароб.

У многіх палескіх вёсках існаваў звычай распальваць з дапамогай свяшчэннага агню купальскія кастры. Яшчэ задоўга да свята на месца, дзе ў ноч з 22 на 23 чэрвеня шугане ў неба купальскі агонь, моладзь пачынала зносіць «май» – галінкі бярозы, ліпы, якімі на Тройцу сяляне ўпрыгожвалі дамы і двары, а таксама старыя рэчы, дошкі, салому, зношаныя лапці.

У дзень свята хлопцы ўкопвалі ў зямлю высокую жардзіну, насаджвалі на яе старое кола ад павозкі. Дзяўчаты вешалі на жардзіну вянкі, упрыгожвалі яе рознакаляровымі стужкамі, зялёнымі галінкамі. Затым вакол жардзіны складвалі ўсё, што гарыць.

Вечарам, калі сонца хавалася за гарызонтам, і малыя і старыя ішлі сустракаць свята. Пакуль хлопцы і дзяўчаты спявалі песні, ладзілі розныя гульні, а старыя вялі нетаропкія размовы пра жыццё-быццё, маладыя дужыя мужчыны раскладвалі купальскае вогнішча, тручы кавалкі сухога дрэва адзін аб адзін. I вось ён – доўгачаканы момант: на волю вырваўся агеньчык. Ён перакідваўся на сухую салому, вецце. Адступала цемра. Пад радасныя крыкі і воклічы прысутных пачыналася адно з самых любімых народных свят.

«Каўтун». У нарысе А. К. Сержпутоўскага «Каўтун»[48]48
  Живая старина. 1908. Вып. 1. С. 25–26.


[Закрыть]
адсутнічаюць апісанні абрадаў і рытуалаў беларусаў-палешукоў, і тым не менш ён з’яўляецца своеасаблівым лагічным працягам разгледжаных вышэй нарысаў у сацыяльным плане. «Каму даводзілася бываць у балоцістых месцах Беларускага Палесся, размешчанага па прытоках ракі Прыпяць, – піша Сержпутоўскі, – той, думаецца, звярнуў увагу на тое, што ў многіх жыхароў гэтага краю валасы на галаве збіты ў нейкія лямцападобныя косы або ўтвараюць адзін вялізны каўтун». Па словах аўтара, адны даследчыкі тлумачылі гэта мікраарганізмам, які трапіў з балота ў кроў чалавека, іншыя – неахайнасцю мясцовых жыхароў. А. К. Сержпутоўскі справядліва тлумачыць узнікненне гэтай і іншых хвароб цяжкімі ўмовамі жыцця народа, адсутнасцю на Палессі медыцынскіх устаноў. У пацвярджэнне гэтай думкі ён прыводзіў наступныя факты. На Палессі жывёлу пасуць пераважна на багністых месцах, мохавых балотах. Пасьба пачынаецца з ранняй вясны і працягваецца да позняй восені. Балота ўвесь час пакрыта гнілой стаячай вадой. Пастухі цэлымі днямі стаяць па калена ў вадзе або гразі. I як вынік – балотная ліхаманка, рэўматызм, незажыўныя раны на нагах пастухоў, той жа каўтун. Лячыцца гэтым людзям няма калі і няма дзе, бо на Палессі да рэвалюцыі амаль што адсутнічалі бальніцы, лячэбніцы. Сваёй публікацыяй вучоны імкнуўся звярнуць увагу шырокай грамадскасці на поўнае драматызму жыццё беларускага селяніна.

«Запасванне гаўяда». Добрае веданне жыцця і быту палескіх сялян прадэманстраваў А. К. Сержпутоўскі і ў нарысе «Запасванне гаўяда»[49]49
  Живая старина. 1908. Вып. 1. C. 29–32.


[Закрыть]
. Цеплынёй і святлом напоўнены радкі аб першым пасля зімы выгане жывёлы на пашу. Радавую на першы погляд падзею ён паказаў як сапраўднае свята, падчас якога асабліва поўна раскрываецца душа чалавека.

На сямейным савеце абмяркоўвалася, пара выганяць скаціну на пашу ці не. Прымаліся пад увагу дзень тыдня, фаза месяца. Панядзелак і пятніцу звычайна лічылі днямі, якія не падыходзяць для запасвання. Звычайна час выгану прымяркоўвалі да поўні, «каб усё было поўна».

Не апошнюю ролю адыгрывалі тут і прыкметы. На думку палешукоў, скінутая на падлогу лыжка, разбіты посуд маглі прывесці да бяды. Яшчэ горш, калі ў дзень запасвання жывёлы на загнеце тух агонь. У гэты дзень не пазычалі суседзям агню, розных рэчаў, бо згодна з існуючымі прымхамі ліхі чалавек мог нанесці вялікую шкоду.

Але вось усё гатова для выгану жывёлы. Сям’я выходзіць на двор, каб прысутнічаць пры ўрачыстым моманце. Наперадзе гаспадар, апрануты ва ўсё чыстае і белае. На ім новыя лапці з белымі анучамі. У торбе, якая вісіць на баку, – акраец хлеба, соль, «хрэшчык» (крыж, выпечаны з мукі на Хрэсцы – у сераду на чацвёртым тыдні вялікага посту), тры невялічкія каменьчыкі, нож, замок, бязмен, сякера, курынае яйка, грамнічная свечка.

Няспешна, з непакрытай галавой ідзе гаспадар у бок хлява, каб выгнаць жывёлу. Там ён бярэ тры пукі саломы, потым выцягвае са студні поўнае вядро вады, строга па сонцу абносіць яго вакол жывёлы, перакідвае праз статак каменьчык і аблівае вадой жывёлу. Гэты абрад паўтараецца тройчы.

Пасля гаспадар закопвае ў зямлю каля варот замок, бязмен, сякеру, яйка і разводзіць на гэтым месцы невялікае вогнішча, у якое кідае салому, выцягнутую са страхі хлява. Толькі пасля гэтай цырымоніі ён аддае торбу пастуху, і той праз агонь выганяе жывёлу з двара на вуліцу. Уся сям’я ідзе за пастухом за ваколіцу. Урачыста сустракалі жывёлу і з пашы.

У нарысе падрабязна тлумачыцца кожны атрыбут, які суправаджаў запасванне жывёлы. Праганялі яе праз агонь з мэтай уберагчы ад нячыстай сілы і ліхіх людзей. Калі выкапанае яйка аказвалася цэлым – гэта было добрай прыкметай: на працягу лета ўся жывёла будзе цэлай і здаровай. Замок закопвалі для таго, каб замкнуць пашчы ваўкам і мядзведзям, бязмен – каб жывёла хутка набірала вагу.

Рытуальнай сілай валодала і вада, якой аблівалі жывёлу. Сяляне лічылі, што скура іх «гаўяда» будзе чыстай, а коні і каровы не будуць баяцца мошак, камароў, а таксама розных сурокаў. Салома, выцягнутая са страхі, павінна была клікаць жывёлу дадому, перакінутыя праз статак каменьчыкі – адганяць ад яго звяроў і нячыстую сілу.

Гэты нарыс, як, дарэчы, і ўсе астатнія, засведчыў расійскаму чытачу новыя грані характару палескага селяніна, пазнаёміў з жыццём і бытам беларусаў.

«Ловля вьюнов». Глыбокае веданне жыцця палескіх сялян, іх звычаяў і традыцый мы назіраем у нарысе А. К. Сержпутоўскага «Ловля вьюнов»[50]50
  Живая старина. 1907. Вып. 4. С. 207–209.


[Закрыть]
. Як і ў іншых нарысах, тут апісваецца гаротнае жыццё палешукоў. «Нялёгкая гэта работа, – піша аўтар, – цэлы дзень стаяць на адной назе ў глыбокім чоўне, рызыкуючы кожную хвіліну зваліцца ў ціну. Харчуецца рыбак аднымі ўюнамі, спіць на голай зямлі пад адкрытым небам у любое надвор’е, а тут мноства камароў і мошак ссуць кроў, забіраюцца ў нос, вушы і прыносяць невыносныя мукі». Але цяжкасці гэтыя пераносіць паляшук стойка, разумее, што ад яго рыбацкага шчасця залежыць лёс сям’і. Буйная рыба пойдзе на рынак, меншую засоляць, засушаць і будуць харчавацца ёй на працягу доўгай зімы.

Здаралася, што ў выніку зацяжных дажджоў балоты, па якіх працякалі рэчкі, станавіліся непраходнымі. Сялянам даводзілася галадаць у поўным сэнсе гэтага слова. Яны харчаваліся дзікімі яблыкамі, грушамі, жалудамі і нават пырнікам.

З-за адсутнасці сена ўсю зіму жывёлу пасвілі ў лясах.

«Бортничество в Белоруссии». Важнай крыніцай здабывання сродкаў да існавання з’яўлялася для беларуса-палешука лясное пчалярства – бортніцтва. У сваёй рабоце «Бортничество в Белоруссии»[51]51
  Материалы по этнографии России. СПб., 1914. Т. 2. С. 13–34.


[Закрыть]
А. К. Сержпутоўскі падрабязна спыняецца на гэтым нялёгкім промысле, прыводзіць цікавыя звесткі з гісторыі яго ўзнікнення, пралівае святло на сацыяльныя рысы сялянскіх узаемаадносін, якія яскрава праяўляліся пры сумесным здабыванні мёду.

З даўніх часоў палешукі па тых ці іншых прычынах (адкрыта гаварыць, што гэта былі за прычыны, аўтар, вядома, не мог) забіраліся ў глухія лясы, за непраходныя балоты і засноўвалі там новыя паселішчы. У той час у лясах вадзілася многа пчол і бортніцтва прыносіла нядрэнны даход.

Сяляне ставілі на борцях свае знакі, тым самым аб’яўлялі сябе ўласнікамі пчаліных сем’яў. Гэтыя няпісаныя законы строга выконваліся палешукамі. Забраць мёд з борці суседа лічылася вялікім злачынствам. Вінаватага сяляне маглі пакараць фізічна, але самым ганебным з’яўлялася мянушка Пчаладзёр, якая пераходзіла і на яго дзяцей.

На думку беларусаў, пчолы добра водзяцца толькі ў самых сумленных людзей, таму кожны пчаляр у час работы каля борцяў лічыў за правіла памірыцца з суседам, не думаць пра яго дрэнна.

У ролі прымірыцеляў часта выступалі пчолы. Варта было рою аднаго суседа пасяліцца ў вуллі другога, як тыя з ворагаў ператвараліся ў сябрукоў, лічылі ўчынак пчол боскай воляй.

Часта борцямі карысталіся некалькі чалавек разам.

Збор мёду з’яўляўся святам для ўсяго паселішча.

Памешчыкі нейкім чынам даведваліся пра такія паселішчы і сілай ператваралі сялян у сваіх падданых. Уласнасць палешукоў, у тым ліку і борці, пераходзіла ва ўласнасць памешчыкаў. Па гэтай прычыне бортніцтва на Палессі паступова выраджалася. Другой прычынай выраджэння бортніцтва было знішчэнне лясоў для прамысловага выкарыстання.

Умоўныя знакі ўласнасці ставілі палешукі і на іншых прадметах, якія не з’яўляліся агульнай уласнасцю. Убачыць селянін свабодны кавалачак сенакосу, дрэва, якое можа спатрэбіцца яму для пэўнай справы, і адразу ж убівае побач калок, абвязвае яго вяхоткай з травы. З гэтага моманту тут не можа гаспадарыць ніхто іншы.

Асяніны. У архіве даследчыка ёсць цікавае апісанне асянін – дня памінання продкаў, асенніх Дзядоў. Адзначалася гэтае свята праз тры тыдні пасля Пакроваў. Да гэтага часу асноўныя сельскагаспадарчыя работы былі выкананы, можна было крыху адпачыць.

Напярэдадні свята мужчыны наводзілі парадак у дварах, забівалі кабаноў, цялят, авечак, гусей. Жанчыны завіхаліся на кухні, думалі, як лепш сустрэць гасцей, чым парадаваць дамашніх.

Перад тым як сесці за святочныя сталы, палешукі ішлі ў лазню, апраналіся ў чыстае адзенне. У гэты дзень нават у бедных сялян падавалася не менш як сем абрадавых страў. У больш заможных сялян рыхтавалі да адзінаццаці страў. Абавязковымі былі тут куцця, кіслая капуста з ялавічынай, юшка, верашчака, посныя стравы.

Не забывалі, вядома, і пра памерлых продкаў. Успаміналі іх цёплым словам, ставілі на падаконнік талерку, у якую клалі па лыжцы кожнай стравы: няхай душы блізкіх таксама далучацца да застолля. Гаспадар запальваў свечку ад агню перад абразамі, звяртаўся да памерлых са словамі: «Прыходзьце да нас на асяніны ўсе тыя, што займалі гэту сядзібу». Каб не патрывожыць спакой продкаў, гаворкі за сталом вяліся нягучныя. Прыпаміналіся розныя выпадкі, што адбываліся некалі з тымі, у гонар каго наладжваліся асяніны, прыводзіліся іх парады, настаўленні жывым. А потым пераходзілі да надзённага, набалелага, разважалі пра будучы ўраджай, жывёлу, пра дзяцей і ўнукаў.

У рытуале асянін бачыцца высакароднасць беларускага селяніна, яго павага да блізкіх, старэйшых, пераемнасць пакаленняў, чаго так не хапае нам сёння ў жыцці.

У 1916 г. у Мазырскім павеце А. К. Сержпутоўскі быў сведкай таго, як на асяніны ў адну з вёсак прыйшлі прадстаўнікі мясцовых улад, пісары, папы, іх жонкі. Яны выпрошвалі ў сялян яйкі, збожжа, грэчку, лубін, грыбы, нават лапці і валёнкі. Адзін поп звалок з сядзібы вялізную ступу.

* * *

Шырокая эрудыцыя А. К. Сержпутоўскага, веданне матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа праявіліся ў яго шматлікіх працах па беларускай этнаграфіі. У рэцэнзіі на кнігу А. М. Харузіна «Славянское жилище в Северо-Западном крае», якая выйшла ў 1907 г. у Вільні, ён адзначае не толькі моцныя, але і слабыя яе бакі. Адным з галоўных недахопаў, на думку вучонага, з’яўляецца выбар аб’екта даследавання. Замест тыповых для карэннага беларускага насельніцтва пабудоў Харузін вылучыў толькі тую частку, у якой прыкметны ўплыў іншых народнасцей – палякаў, літоўцаў. Па Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях аўтар кнігі выкарыстаў зусім нязначны матэрыял, хаця менавіта тут найбольш поўна захаваліся старажытныя пабудовы. Рэцэнзент выказвае здзіўленне, што ў аналізуемай ім кнізе адсутнічаюць звесткі аб такіх распаўсюджаных у палескай частцы Беларусі па цячэнні ракі Проні збудаваннях, як свіронкі, клеці, палаткі на дрэвах (для начлегу і засад пры паляванні на звяроў), адонкі або сцяжары (аснова для стагоў). Аўтар ні словам не абмовіўся і пра культавыя збудаванні – крыжы, капліцы, цэрквы, касцёлы, надмагільныя помнікі і г. д.

Не згаджаецца Сержпутоўскі і са сцверджаннем Харузіна, што беларуская сялянская хата бярэ свой пачатак ад клеці. Ён раіць аўтару кнігі пазнаёміцца з вынікамі этнаграфічных экспедыцый, якія рэгулярна друкуюцца на старонках газет і часопісаў, а таксама ў навуковых зборніках Рускага геаграфічнага таварыства.

Глыбокае веданне гісторыі, права, звычаяў народа знаходзім у рэцэнзіі А. К. Сержпутоўскага на працу К. Т. Анікіевіча «Сенненский уезд Могилевской губ.: Опыт описания в географическом, этнографическом, бытовом, промышленном и историческом отношениях, с картою уезда, схемою двух озер и рисунков в тексте»[52]52
  Живая старина. 1908. Вып. 4. С. 511–513.


[Закрыть]
.

Адзначаючы вялікую работу аўтара па грунтоўным апісанні меж павета і валасцей, збіранні легенд і паданняў пра камяні, азёры, якія ў народзе называюцца святымі, Сержпутоўскі ў той жа час крытыкуе Анікіевіча за тое, што пры апісанні раслін і жывёл ён абмяжоўваецца толькі мясцовымі назвамі, што зніжае навуковую каштоўнасць працы. Рэцэнзент раіць аўтару кнігі больш крытычна адносіцца да афіцыйных статыстычных справаздач, у якіх значна завышаецца доля абшчыннага ўладання зямлёй.

Крытыкуючы Анікіевіча за тое, што ў яго кнізе мала новых звестак пра Сенненскі павет, Сержпутоўскі высмейвае заяву генерал-губернатара князя Хаванскага, які тлумачыў прычыны пагаршэння народнага дабрабыту нізкімі цэнамі на віно і пражываннем яўрэяў на тэрыторыі павета. «Як гэта нагадвае сучасную бюракратычную панацэю ад усіх няшчасцяў», – іранізуе рэцэнзент.

У рэцэнзіі ўказваюцца і іншыя недахопы работы Анікіевіча. У прыватнасці, на думку Сержпутоўскага, аўтар удзяліў вельмі мала месца высвятленню складу насельніцтва, яго этнаграфічным асаблівасцям, быту, духоўнай і матэрыяльнай культуры, на скажонай рускай мове друкуе тэксты песень, змяшчае малюнкі нізкай якасці.

А. К. Сержпутоўскі ўмеў у кароткай рэцэнзіі выкласці сутнасць пытання, звярнуць увагу чытача на асноўныя праблемы, закранутыя ў рэцэнзаваным творы. Так, у рэцэнзіі на кнігу В. І. Сергіевіча «Крестьянское право и общинное землевладение в Архангельской губернии первой половины XVIII века»[53]53
  Живая старина. 1907. Вып. 2. С. 25.


[Закрыть]
ён правільна падмячае, што, распрацоўваючы сялянскую рэформу, Кацярына II і сенат клапаціліся не пра тое, каб сялянам стала жыць лягчэй, а пра тое, якім чынам памножыць свае багацці праз павелічэнне падушных падаткаў. На канкрэтных прыкладах вучоны пераканаўча даказвае, што, хоць зямля выдзялялася абшчыне, на самай справе ёй на правах уласнасці валодалі канкрэтныя сяляне – члены абшчыны. Абшчына не мела права адабраць у іх гэтыя надзелы нават тады, калі сяляне пераязджалі на жыхарства ў іншае месца.

«Земледельческие орудия Белорусского Полесья». Вывучэнне духоўнага жыцця, маральнага аблічча беларускіх сялян А. К. Сержпутоўскі цесна ўвязваў з вывучэннем іх матэрыяльнай культуры, быту, заняткаў. У 1910 г. ён апублікаваў сваю новую працу «Земледельческие орудия Белорусского Полесья: к этнографии белорусов-полешуков южной части Слуцкого и северной половины Мозырского уездов Минской губернии»[54]54
  Материалы по этнографии России. СПб., 1910. Т. 1. С. 45–49.


[Закрыть]
. У аснову яе пакладзены назіранні і запісы, зробленыя вучоным падчас яго шматлікіх навуковых экспедыцый на Беларускае Палессе па даручэнні Рускага музея ў 1906–1907 гг.

Ва ўступнай частцы працы даецца кароткая характарыстыка быту і заняткаў палешукоў. Па словах аўтара, жылі яны пераважна ў малых вёсках, размешчаных на вялікай адлегласці адна ад адной, сярод непраходных лясоў і балот. Да апошняга часу сюды слаба пранікала гарадская культура. Па гэтай прычыне, заўважаў Сержпутоўскі, быт і ўклад дамашняга гаспадарчага жыцця сельскага насельніцтва гэтага забытага Богам і людзьмі кутка Беларусі мала чым адрозніваліся ад жыцця продкаў. Апісанне і малюнкі прымітыўных землеапрацоўчых прылад, якімі карысталіся беларускія сяляне, пацвярджалі словы вучонага.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации