Текст книги "Святло далёкай зоркі"
Автор книги: Уладзімір Касько
Жанр: Биографии и Мемуары, Публицистика
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 6 (всего у книги 18 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]
Нам здаецца, што гэтыя змены выкліканы ростам палітычнай свядомасці народа, разуменнем казачнікам ролі і значэння народнай творчасці як духоўнай зброі мас у іх барацьбе з класавым ворагам. Стваральнікі казак – выразнікі народных поглядаў – «абнаўлялі» казачны матэрыял, называлі сваіх канкрэтных ворагаў – цара, памешчыкаў, служыцеляў культу, заклікалі народ да барацьбы за лепшую долю. Адсюль і спрашчэнне чарадзейнай казкі, апусканне многіх традыцыйных формул і дэталяў. Гэта ў першую чаргу адносіцца да казак з ярка выражанай сацыяльнай і бытавой афарбоўкай. Больш за тое, скарачэнне аб’ёму твора дазваляла казачніку перадаць яго змест у час кароткага адпачынку сялян на полі, лесапавале і г. д.
Вызначальнай рысай народнай казкі з’яўляецца наяўнасць у ёй маральнага пачатку. Прычым этычнае ў народным паняцці заўсёды суседнічае з эстэтычным.
У казках зборніка Сержпутоўскага звяртае на сябе ўвагу дэталёвае апісанне станоўчага героя. Ён малюецца гордым, працалюбівым, сумленным, гатовым на самаахвяраванне дзеля перамогі справядлівасці. Сын бортніка – герой казкі «Свіное рыла» – не толькі вельмі прыгожы, але і сціплы, працалюбівы, сумленны хлопец. Ён не хоча служыць уцехай для царыц і просіць Бога забраць у яго хараство. Здаровая мараль казкі заключаецца ў самой прыродзе простага працаўніка, які выступае супраць прадажнага кахання. У аснове пачуццяў маладога селяніна – прыгажосць духоўная, любоў, здольная зрабіць шчаслівым іншага. Бортніку прыносіць шчасце праца на пчальніку, чыстае каханне да дзяўчыны-сіраты. Два прыведзеныя вышэй сюжэты ў адным творы – гэта асаблівасць беларускай фантастычнай казкі, што сведчыць аб высокім майстэрстве беларускай казачнай школы.
Расказваючы пра гарачыя пачуцці паміж бортнікам і дзяўчынай-сіратой, казачнік як бы падкрэслівае, што на такую любоў здольныя толькі выхадцы з народа, а не паны і цары.
Думку пра тое, што любоў – гэта сіла, якая дапамагае чалавеку пераадолець усе перашкоды і тварыць цуды, сустракаем мы ў казцы Рэдкага «Любошчы».
Сюжэт, калі малодшая дачка просіць бацьку прывезці ёй у падарунак ружу, якую ахоўваюць мядзведзь, змей ці страшыдла са свіным рылам, якія дабіваюцца кахання дзяўчат-прыгажунь і дзякуючы гэтаму ператвараюцца ў прынцаў, каралевічаў, шырока вядомы ў фальклоры. Ён сустракаецца, у прыватнасці, у зборніках П. П. Чубінскага[88]88
Чубинский П. П. Труды этнографическо-статистической экспедиции в Западно-Русский край // Материалы и исследования, собранные П. П. Чубинским. СПб., 1872. Т. 2. С. 444–445.
[Закрыть], М. Федароўскага[89]89
Federowski M. Lud bialoruski na Rusi Litewskiej. Krakow. 1897. Т. 1. S. 178–180.
[Закрыть], у творчасці пісьменнікаў (Лепрэнса дэ Бамона – «Красавица и чудовище», Сяргея Аксакава – «Аленький цветочек»).
Не ставячы мэтай высветліць, у якой краіне нарадзіўся ўпершыню гэты цудоўны сюжэт, возьмем на сябе смеласць сцвярджаць, што тэкст Рэдкага выгадна вылучаецца сярод названых вышэй. Ужо сам загаловак «Любошчы» – свежы, арыгінальны, непаўторны – сведчыць пра тое, што размова ў казцы пойдзе пра любоў. I сапраўды, кожны радок твора асвечаны, сагрэты любоўю, дабрынёю, ласкай, спагадай. Калі ў «Красавице и чудовище» і «Аленьком цветочке» мы назіраем за пачуццямі бацькі і дачкі, дачкі і зачараванага героя-прынца, то ў Рэдкага значна больш шырокі і глыбокі дыяпазон пяшчотных чалавечых адносін. У першую чаргу – гэта адносіны маці да сына. Вымушаная па волі лёсу аддаць сына на выхаванне ў каралеўскую сям’ю, жанчына на працягу доўгіх трыццаці гадоў думае пра сваё дзіця, дзеля яго выратавання ад чараў ведзьмы гатова пайсці на смерць. Не возьмуць на карабель, які паплыве паўз востраў, дзе, чуе сэрца, жыве яе сын, жанчына паплыве да яго на звычайным плыце. I сабаку не пакіне. Такі ўжо характар – клапоціцца не толькі пра іншага чалавека, але і пра жывёлу. Жанчына суперажывае маладой дзяўчыне, якая жыве ў хаце страшыдлы са свіным лычом. Адганяе прэч думкі дзяўчыны пра ўсё дрэннае, вяртае яе да жыцця, выцягнуўшы з мора, суцяшае, заспакойвае.
Уражвае вобраз дзяўчыны, створаны талентам народа: глыбіня і чысціня яе пачуццяў да бацькоў, сясцёр, разуменне абавязку і цвёрдасць слова, смеласць і рашучасць пераплятаюцца з ранімасцю душы, жаласцю да страшыдлы, глыбокім успрыманнем прыроды, музыкі. Толькі багата адораная ад прыроды душа можа так радавацца прыгожай кветцы, ведаючы, якая цана гэтай радасці.
Як расказаў купец дома пра тое, што малодшая дачка павінна ехаць на востраў да страшыдлы, «дык жонка і большыя дзеўкі пачалі галасіць і ўгаворваць меньшую дзеўку, каб яна не ехала. А тая як зірнула, што ружа так гожа цвіце, быццам толькі што з агародчыка, дык рада, смяецца да ў далоні ляскае. Яна думае сабе, што гэта, мабыць, ужо такая яе доля, што трэба перш пагараваць, панудзіцца, каб потым, як убачыць каралевіча, глядзець яму ў вочы да радавацца».
Глыбокім псіхалагізмам прасякнуты развагі, перажыванні дзяўчыны на востраве. Яна выратавала бацьку ад смерці, прыехаўшы сюды. Тут у яе ўсяго хапае, чаго толькі душа пажадае. Але ж яна сама маладая, ёй хочацца кахаць і быць каханай. А інакш навошта жыць? «…Нічога яна не робіць, толькі гуляе сабе паміж кветак да пляце вянкі. Спляце з ружаў вянок, узложыць яго на галаву, зірне ў люстэрка да й зальецца горкімі слязамі. «Нашто мне, – кажа, – маё хараство, калі некаму яго паказаць, калі тут апроч гэтага пачвары са свіным лычом нікагосенька няма…».
Але гора і роспач адыходзяць на задні план, калі чуе дзяўчына жаласлівыя спевы зачараванага каралевіча, ад якіх «сэрца бы хто кібдзюрамі скрабе»: «I пачаў пачвара са свіным лычом пець песні, пачаў пець так гожа, што от голас лезе аж у самую душу і разам хочацца плакаць і смяяцца. I думаецца дзяўчыне, што от так слухала б усё жыццё і нічога б больш не хацела. От ужэ сцямнела, заблішчалі на небе ясныя зоркі, да толькі мігаюць мілымі вочкамі да быццам шэпчуць: «Гожы свет, добра на ём жыць да любіць. Любі, дак усё адалееш».
Выдатная рыса герояў большасці беларускіх казак – падначальваць уласныя задумы, імкненні, планы інтарэсам іншых людзей, гатоўнасць прыйсці на дапамогу. Хаця і агідны гаспадар вострава, але жаль бярэ верх, калі бачыць дзяўчына, што страшыдла памірае ад любві да яе. Прыпомніла дзяўчына, з якой пяшчотай пачвара ставілася да яе, выконвала любое яе жаданне, нагадала яго песні, і сама не ведае, як схапіла яна страшэннага чалавека за галаву і пацалавала. I тут жа страшыдла ператварылася ў прыгожага каралевіча.
На фоне апісання незвычайнага кахання дачкі купца і зачараванага юнака некалькі прыглушаным здаецца бытавы бок твора, а між іншым ён займае значнае месца ў казцы Рэдкага. Хаця пачвару са свіным лычом казачнік і называе каралевічам, але трэба помніць, што перад намі звычайны сялянскі юнак, які па волі лёсу апынуўся ў каралеўскай сям’і. Простаму палешуку блізкія і зразумелыя матывы, учынкі герояў казкі. Сялянскі хлопец – прыёмны сын караля – пакахаў дачку купца, адмовіўшыся ад шлюбу з заморскімі царэўнамі. Маладая сялянка, якая па-за шлюбам нарадзіла дзіця і баялася, што з яе будуць людзі «смяяцца і здзекавацца», спачатку аддае сына ў чужую сям’ю, а потым робіць усё для таго, каб быць побач з ім. У цяжкую для яго хвіліну маці першая прыходзіць на дапамогу, ласкавым словам, дотыкам рукі вяртае сына да жыцця.
Дабрыня, жаласлівасць, спагада – галоўныя рысы характару каралевіча. Ён вырошчвае на востраве прыгожыя ружы, разумеючы сэрцам, што дастануцца яны яго каханай, хоча зрабіць нешта добрае для жанчыны, якая гадавала яго з дзяцінства ў каралеўскай сям’і, а пазней аказалася роднай маці. У пранікнёных песнях каралевіча адчуваецца журба па родным краі, любоў да купецкай дачкі, роднай маці.
Адметная рыса казак Рэдкага – дасягненне ўзвышанасці праз прыземленасць. Убачыўшы пышную крону дрэва, мы павінны не забываць пра карані, што сілкуюць кожную клетачку, кожны лісточак гэтага дрэва. Такая прыземленасць у казцы «Любошчы» бачыцца нам у апісанні хаты, у якой жыў каралевіч на востраве. У казках Л. дэ Бамона і С. Аксакава мы бачым каралевіча ў цудоўным палацы, аздобленым золатам, срэбрам, дарагімі камянямі. Герой Рэдкага загадвае добраму малайцу пабудаваць яму хатку і паклапаціцца пра абед. «Духам з’явілася хатка, хаць маленькая, але гожая».
У пачатку казкі даецца апісанне прыроды, дзе ёсць месца рэчцы, балоту, лесу – добра знаёмыя для палешука мясціны. Блізкая яму і бытавая атрыбутыка. Будучы каралевіч плавае ў сажалцы ў начоўках, якія бабы прыганяюць да берага ламаччам. Купцу дапамагае выратавацца ў моры звычайная дошка.
На беларускую аснову казкі ўказваюць і такія дэталі: старэйшыя дочкі купца просяць бацьку прывезці ім з заморскіх краін не залаты вянок, аздоблены каштоўнымі камянямі, не дарагі стол з люстрамі і рознымі прыладамі да яго, а адзенне і гуслі-самаграйкі.
Літаратурна адшліфаванай казцы С. Аксакава, якая адпавядае ўсім патрабаванням падобных твораў, Рэдкі, сам таго не ведаючы, супрацьпаставіў варыянт, стылізаваны ў манеры, звыклай для беларуса-палешука. Апавяданне разлічана на малапісьменных і непісьменных слухачоў, а таму кожны сказ тут кароткі, дынамічны. Шырока ўжываецца прамая мова, дзеясловы, параўнанні, эпітэты і метафары: «Спалохаўся купец, дрыжыць бы асіна. “Не лякайся, – кажа пачвара, – толькі скажы, хто ты такі, адкуль узяўся і нашто табе мая ружа?”»
Лепшаму ўспрыманню казкі садзейнічае маляўнічае апісанне пейзажу, што таксама істотна ўплывае на настрой героя: «Пайшла раз купецкая дачка гуляць на бераг мора, зачула, што хтось пяе, да і заслухалася; слухае, плача, а сама не варухнецца, да так і прастаяла, пакуль сонейка зайшло за ваду і зрабілася зусім цёмна. Ужо даўно ад песні па лесе заціх апошні пошчак, а яна стаіць, бы закамянела».
У казцы «Любошчы» і іншых казках зборніка перададзены тонкае эстэтычнае пачуццё беларускага селяніна, глыбокае разуменне ім значэння музыкі, песні, трапнага вобразнага слова.
Музыка не толькі ўплывае на настрой людзей, прымушае забыць усе жыццёвыя нягоды, але і дапамагае герою знішчыць пекла і выратавацца ад пятлі. У казцы «Гуслі» пастух Іваньчык, асуджаны царскім судом да пакарання праз павешанне, зайграў перад смерцю на гуслях. Не было раўнадушных да яго ігры: «Скача кат, абняўшы шыбеніцу, скача суддзя з паперамі ў руках, скача поп з крыжам перад носам, скачуць мужыкі і бабы, аж пот з іх валіць, скача ўсё месца, бы мошкі мак таўкуць…» А Іваньчык у гэты час непрыкметна знікае.
Казка «Гуслі» мае паралелі ва ўсходнеславянскіх казках тыпу «Садко». Аднак сюжэтныя лініі беларускага твора не сустракаюцца ў рускіх і ўкраінскіх казках (рэалістычная канцоўка казкі, указанне на Белага цара, пад музыку якога вымушаны «танцаваць» заморскія цары і вяльможы).
Народ з асаблівай павагай ставіцца да стваральнай працы, высока ацэньвае прыгожае, спалучаючы яго з практычнай дзейнасцю. У казцы «Хараство – сіла» цёпла расказваецца пра сялян – сапраўдных майстроў сваёй справы, якія прадуць ніткі, танчэйшыя за чалавечы волас, ткуць цудоўныя паясы і рушнікі. Нават цар выбірае сабе нявесту не толькі прыгожую, але і добрую майстрыху.
У вёсцы Перавалокі Ганцавіцкага раёна аўтар гэтых радкоў запісаў ад пляменніцы Сержпутоўскага Варвары Сяргееўны Сержпутоўскай казку «Царэўна-майстрыха». У ёй расказваецца пра тое, як цар Пётр пасылаў баярскіх дзяцей у Белую Русь вучыцца майстэрству: «прасці золатам па чорнаму, вышываць узоры хітрыя».
Параўноўваючы казкі з абедзвюх кніг А. К. Сержпутоўскага, лёгка заўважыць, што творы зборніка 1911 г. больш сацыяльна вострыя, у іх адчуваюцца бунтарскія матывы. Гэта можна растлумачыць тым, што казкі запісваліся ў асноўным у гады кульмінацыі народных хваляванняў. Падзеі 1905–1907 гг. узварушылі асновы царызму, з’явіліся прадвесцем будучай рэвалюцыі. Народныя масы ўзнімаліся на барацьбу з царызмам і эксплуататарамі. У той жа час трэба адзначыць, што сялянскі рух на Беларусі яшчэ насіў стыхійны характар, а гэта не магло не адбіцца на вуснай народнай творчасці. У вобразах бунтароў, якія выступалі супраць цёмных сіл прыроды, розных цмокаў, змеяў, прывідаў, народ бачыў сваіх заступнікаў, вызваліцеляў.
Зборнік «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павету» ўбачыў свет пры новым сацыяльным ладзе, які палажыў канец эксплуатацыі чалавека чалавекам. Змянілася палітычная сітуацыя, погляды чалавека на свет, прыроду. Іншымі сталі яго духоўныя запатрабаванні. Паступова страчвалася вера ў старажытныя фантастычныя вобразы, што не магло не адбіцца на трансфармацыі чарадзейнай казкі. Яна стала больш дынамічнай, у яе канву пачалі ўплятацца матывы новага жыцця. Больш месца займалі апісанні прыроды, аўтарскія адступленні, якія адлюстроўвалі адносіны казачніка да ўчынкаў сваіх герояў.
З народнай памяці паступова сціраліся ўспаміны перыяду прыгонніцтва. У зборнік трапіла ўсяго некалькі твораў на гэтую тэму. Самым цікавым з іх з’яўляецца апавяданне «Пан і мужык», якое данесла да нашых дзён страшэнную карціну бяспраўнага жыцця беларускага селяніна. Паразітызм, жорсткасць, чэрствасць – такімі рысамі характарызуецца памешчык-самадур. Аднак якой бы вялікай ні была яго ўлада, апошняе слова часта заставалася за сялянамі. Яны адкрыта насміхаюцца з новага пана, які выдае сябе за вялікага знаўцу земляробчай справы. На вачах сялян ён бярэ ў рот кавалак зямлі і пачынае жаваць яе. Мужыкі яхідна раяць пану замест зямлі пакласці на язык кавалак гною.
Аналагічны сюжэт запісаны на Смаленшчыне[90]90
Сказки Смоленского края / сост. и обраб. В. С. Шуригин. Смоленск, 1950. С. 83.
[Закрыть]. Аднак апавяданне беларускага казачніка Данілы Куляша больш каларытнае, жывое. Сцэна сустрэчы сялян з новым панам пададзена тут па-майстэрску, з уласцівымі гэтаму казачніку камізмам, вобразнасцю.
Зброю смеху ўмела выкарыстоўваюць беларускія казачнікі і ў іншых творах зборніка. Так, у казцы «Недапад» высмейваецца пан, які патрабуе ад свайго повара такіх вытанчаных страў, каб «усё было не па-людску». I мужык стараецца выканаць загад. Вяльможныя госці, што прыехалі па запрашэнні пана на званы абед, прагна ядуць «недапад» – страву, прыгатаваную з памёту каровы.
У вострай гратэскнай форме малюецца сцэна гэтага застолля. Важныя паны, якія вельмі баяліся стаць вядомымі як «простыя» людзі, а таму стараліся гаварыць «па-свойму» – «гугнявілі, шапялявілі, балбаталі ці заікаліся ды цягнулі кожнае слова…», накінуліся на «недапад» «бы сабакі на косці або свінні на мякіну, лопалі, мялі, аж за вушамі трашчала». Сюжэт гэтай казкі ў фальклоры іншых народаў не адзначаецца.
У большасці казак сяляне заўсёды разумнейшыя за паноў, лёгка іх ашукваюць, падманваюць. Герой апавядання «Аўсяная дворня» Нічыпар пераконвае пана ў тым, што яго сяляне ператварыліся ў коней, бо пан корміць іх адным аўсом.
Хаця здаровая сялянская мараль супярэчыць падману, ілжы, ліхадзейству, палешукі з вялікай сімпатыяй ставяцца да герояў казак, якія насміхаюцца з паноў, помсцяць ім, крадуць у іх. «У пана красці не грэх, бо пан багаты. Ён у нас накраў, а мы сваё дабро возьмем назад. Дак гэта ж не грэх», – разважае батрак Сцяпан Штукар у казцы «Іншы сон як у руку дасць». Гэты распаўсюджаны сюжэт у казцы Сержпутоўскага набыў ярка выражаную антыпанскую накіраванасць, адлюстраваў настроі беларускага сялянства напярэдадні першай рускай рэвалюцыі.
Значнае месца ў зборніку займаюць антыклерыкальныя казкі. Падрабязны аналіз твораў гэтай тэматыкі, змешчаных у зборніку А. К. Сержпутоўскага «Сказки и рассказы белорусов-полешуков» 1911 г., зроблены намі вышэй. Усё, што было сказана пры разборы антыклерыкальных казак, можа быць з поўнай падставай аднесена і да ацэнкі новага зборніка. У ім народ таксама бязлітасна высмейвае папоў, ксяндзоў, выкрывае падман і крывадушнасць царкоўнікаў. У казках падкрэслены такія рысы характару боскіх служак, як сквапнасць, абмежаванасць, распуснасць. У казцы «Сабака і грошы», запісанай у 20-я гг. XX ст. ад Лявона Лебедзіка, мужык просіць папа адслужыць малебен па сабаку. Спачатку раз’юшаны поп пагражае селяніну адлучэннем ад царквы і ссылкай у Сібір, але, убачыўшы грошы, адпявае сабаку і шкадуе, што «больш не хаваюць сабак». Поп можа адабраць грошы ў жабрака («Бог ведае, што робіць»), украсці ў пана вала («Іншы сон як у руку дасць»). Поп угаворвае селяніна прадаць сярэбраны крыж, украдзены ў царкве, а грошы падзяліць («Дабро і ліха»).
У многіх творах зборніка адлюстравана класавае расслаенне ў беларускай вёсцы. Запісаныя ў 1890–1923 гг., яны ўвабралі ў сябе рэальныя рысы вясковага жыцця тых далёкіх гадоў. У беларускіх казках эпохі капіталізму з’явіўся створаны народам вобраз эксплуататара-кулака. Адвечны канфлікт паміж беднымі і багатымі перарастае ў вострую класавую барацьбу. Кулак-міраед надзелены ў казках толькі адмоўнымі рысамі. Ён скупы, зайздросны, жорсткі і бессардэчны. Адзіная мэта яго жыцця – яшчэ больш разбагацець, не спыняючыся ні перад чым, нават перад забойствам брата, суседа. На слёзную просьбу селяніна прадаць або пазычыць сена для галоднай жывёлы багацей Нічыпар, персанаж апавядання «Суседская справа», адказвае: «Усяму свету не надаешся». Багатыя людзі глухія да патрэб і просьбаў беднякоў. У казцы «Праўда і Крыўда» старэйшы брат, у якога свірны ломяцца ад зерня, адмаўляецца пазычыць сям’і малодшага брата трохі хлеба да новага ўраджаю. «Нясі залог – тады дам», – кажа ён. У бедняка ў хаце нічога няма, і ён прапануе брату-міраеду свае ўласныя вочы. Той згаджаецца і выколвае брату вочы.
Міраеду-багацею супрацьстаіць у казках бядняк. Ён нічога не мае за душой, але гатовы падзяліцца апошнім кавалкам хлеба, заробленым сумленнай працай. У казцы «Багаты і бедны» расказваецца пра селяніна, які цяжкай працай зарабіў тры гроша. Нягледзячы на сваю беднасць, ён ахвотна аддае адзін з іх жабракам. Багацей просіць бедняка пазычыць яму астатнія грошы. Праз некаторы час бядняк ідзе да суседа па доўг. Багацей здзекліва патрабуе рэшту з дзесяці рублёў, хаця добра ведае, што ў бедняка ніколі не было такіх грошай. Калі праз некалькі дзён бядняк зноў пастукаў у дзверы багацея, той прытварыўся мёртвым. Зразумеўшы падман, бядняк прапануе памыць «пакойніка» і вылівае на яго гаршчок кіпню, а сам усю ноч чытае над ім псалтыр. З-за скупасці і нежадання вярнуць доўг багацей стойка церпіць усе мукі.
Своеасаблівым Плюшкіным паўстае перад намі герой казкі «Хто выдумаў грошы» Мякіннік. У адрозненне ад іншых казак падобнага тыпу ў дадзеным творы значнае месца адведзена псіхалагічнай абмалёўцы адмоўнага героя. Дзякуючы гэтаму ствараецца яркі вобраз багача-скнары.
Мякіннік такі скупы, што шкадуе даць людзям вады са студні. «У яго ўсяго было многа: поўныя хлявы гаўяда, а ён трасецца, як здохне паршывае парасятка; свіран ломіцца ад хлеба, а яму ўсё мала – крукам вісіць над кожным зярняткам і нікому не дасць і панюхаць. Сваё гніе ў засеках, а ён зайздросціць, калі ўбачыць у людзей якую-небудзь слімазарную пшаніцу. Ад хцівасці высах, як ражон, ані што яго не натоліць. От пачаў ён ужо есці толькі адзін раз у дзень да і то бульбу або мякіну. Намесіць з бульбаю, спячэ на вуголлі да есць з халоднаю вадою, а каб смачней было, дык яшчэ пасыпае попелам».
У шэрагу народных твораў праявілася стыхійна-матэрыялістычнае разуменне прычын класавай няроўнасці. Частка сялян абвінавачвае ў сваім жабрацкім становішчы ўласны лёс. Але роздум аб вытоках багацця і беднасці ўсё часцей прыводзіць да думкі, што «з працы рук многа не нажывеш», што «багацце туды ідзе, дзе няма крыжа». У казцы «Хто выдумаў грошы» чорт робіць золата з поту, слёз і крыві людзей, у казцы «Усё ў галаве не змесціцца» сын даведваецца, што яго бацька нажыўся на поце і слязах сваіх аднавяскоўцаў. Народная мараль сцвярджае недаўгавечнасць такога дабрабыту. У выніку ў многіх казках золата зноў ператвараецца ў пот, слёзы і кроў, у якіх патанаюць багацеі. Творы такога зместу мелі велізарнае значэнне для росту самасвядомасці беларуса-палешука. Сяляне вучыліся распазнаваць сваіх класавых ворагаў, прыходзілі да думкі аб неабходнасці барацьбы з імі.
У казках зло заўсёды пакарана, а праўда і справядлівасць перамагаюць. Пасля ўсіх бедстваў да бедняка прыходзіць дастатак. Аднак і ў такіх выпадках селянін не перастае працаваць, не імкнецца памножыць сваё багацце махлярствам і ашуканствам, як робяць гэта багацеі.
Вялікай павагай карыстаўся ў народзе працалюбівы чалавек, які сумленна зарабляў хлеб для сваёй сям’і, і, наадварот, крытыкаваліся гультаі, няўмекі. У казцы «Цесля» высмейваецца малады цясляр, які вучыць майстра, як трэба будаваць дом, хаця сам за сваё жыццё не пабудаваў нават куратніка.
Не выклікалі ў народа сімпатыі і людзі, што не хацелі весці сваю гаспадарку, займаліся справай, якую не паважалі земляробы («Стралец і рыбак», «Валачашчы парабак»). Уменне добра гаспадарыць на сваёй зямлі – асноўная якасць мужчыны, сцвярджае казка.
Адмоўна ставіліся казачнікі і да п’янства, падкрэслівалі ў сваіх творах, што п’яніца – дрэнны гаспадар, які не варты павагі. Яны сцвярджалі, што гарэлку прыдумаў чорт, каб збіць чалавека з правільнай дарогі.
У многіх сатырычных казках зборніка размова ідзе пра п’яніц – выхадцаў з асяроддзя паноў, царкоўнікаў. Так, у казцы «П’яніца» гаворыцца пра тое, як святы евангеліст у раі напаіў гарэлкай п’яніцу.
Светлымі фарбамі малюе казка ўзаемаадносіны паміж хлопцам і дзяўчынай, якія кахаюць адно аднаго. Не заўсёды лёс спрыяе ім. Перашкодай да шчасця часта з’яўляецца сацыяльная няроўнасць. У казцы «Няхай так будзе» бацькі багатай дзяўчыны ўсяляк працівяцца замужжу дачкі з бедным парабкам. I тым не менш казка заканчваецца вяселлем. За дабрату і спагадлівасць маладога работніка, які аддаў жабраку ўсе заробленыя на сплаве грошы, Бог (а гэта ён выступае ў ролі жабрака) дапамагае закаханым. Бацькі дзяўчыны не толькі пасаромлены, але і вымушаны згадзіцца на шлюб дачкі з бедняком.
Казачнік тонка перадае душэўны стан дзяўчыны: яна не можа не паслухацца бацькоў, але гатова лепш пакончыць з сабой, чым расстацца з каханым.
Перажыванні гераіні казкі «Таварышы» складаныя. Яе пакахалі два неразлучныя сябры, але дзяўчына не хоча парушыць іх дружбу, а таму адмаўляе абодвум, прапанаваўшы хлопцам назаўсёды застацца сябрамі. Гэты сюжэт пакладзены ў аснову многіх шырокавядомых песень, апавяданняў.
Чысціня пачуццяў, вернасць любаму, гатоўнасць да самаахвяравання дзеля шчасця блізкага чалавека – такі лейтматыў многіх твораў зборніка А. К. Сержпутоўскага. Жанчына падзяляе з мужам радасць і цяжкасці няпростага сялянскага жыцця, вядзе гаспадарку, выхоўвае дзяцей. Аднак працуючы з раніцы да ночы, яна тым не менш застаецца бяспраўнай, забітай, прыгнечанай не толькі ў грамадстве, але падчас і ў сваёй сям’і.
Аддаючы належнае жанчыне-працаўніцы, клапатлівай гаспадыні, любячай жонцы і маці, стваральнікі фальклору ў той жа час высмейваюць някемлівых, няспрытных і нядбайных жанчын («Упартая жанчына»). Народ асуджае таксама жанчын, якія дрэнна ставяцца да сваіх і асабліва да няродных дзяцей («Дзеўкі і чорт»), пустых і балбатлівых («Цікаўная жонка»), нячыстых на руку («Хітрэй свету не будзеш»). Розныя «выхаваўчыя метады» прапануе казка. Адну жанчыну муж саджае на мурашнік («Упартая жанчына»), другую – на павозку і гоніць каня па дрогкай дарозе («Упартая баба»). Занадта пераборлівая дзяўчына вымушана ўрэшце выйсці замуж за самага незайздроснага хлопца. Аб’ядноўвае ўсе гэтыя казкі здаровы народны гумар. Смех – лепшае лякарства ад многіх чалавечых недахопаў.
Зборнік А. К. Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» ўразіў чытачоў і спецыялістаў навізной, незвычайнасцю матэрыялаў. Вядомы беларускі фалькларыст А. Шлюбскі ў рэцэнзіі на зборнік пісаў: «Не ўмаляючы значэння зборнікаў Бяссонава, Шэйна, Раманава, Нікіфароўскага, Дабравольскага, кніга Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павету»… з’яўляецца першай кнігай, якая падводзіць фундамент пад беларускую этнаграфічную казку. З гэтага пункту гледжання з’яўленне ў друку кнігі ў 252 старонкі з’яўляецца фактам вельмі выдатным у развіцці беларускай этнаграфіі»[91]91
Наш край. 1927. № 4. С. 70.
[Закрыть]. Рэцэнзент высока ацаніў змест казак і апавяданняў зборніка, навуковы характар запісаў, у якіх захаваны асаблівасці мясцовай гаворкі.
Б. Эпімах-Шыпіла ставіў зборнік Сержпутоўскага вышэй за ўсе раней апублікаваныя зборнікі беларускіх казак[92]92
Запіскі аддзела гуманітарных навук: працы класа філалогіі. Мінск, 1928. Кн. 2, ч. 1. С. 377–380.
[Закрыть]. Ён адзначаў асаблівую літаратурную стройнасць твораў, высокую якасць запісаў, што садзейнічала вывучэнню дыялектных уласцівасцей мовы беларусаў-палешукоў.
Станоўча ацаніў зборнік Сержпутоўскага ўкраінскі фалькларыст М. Тарасенка[93]93
Етнографічний вісник. 1930. Кн. 9. С. 228–293.
[Закрыть]. Ён падкрэсліў высокую мастацкую якасць казак, адсутнасць у іх штампаў, цікавую кампазіцыю, наяўнасць адступленняў і разважанняў, не звязаных з асноўным сюжэтам, апісанні прыроды, быту сялян. Канкрэтызацыя дзеянняў казачных персанажаў, прывязка да пэўнай мясцовасці, сацыяльнае асяроддзе надаюць зборніку, па словах рэцэнзента, ярка выражаную сацыяльную накіраванасць.
Вялікую цікавасць выклікаў зборнік А. К. Сержпутоўскага за мяжой – у фалькларыстаў Чэхаславакіі, Польшчы. Рэцэнзія вядомага чэшскага фалькларыста Іржы Поліўкі[94]94
Poliwka J. Kritiky a referaty. Slawia. Praga, 1929. Rocnik 8. Sesit 2. S. 404–416.
[Закрыть] на зборнік перарасла ў спецыяльнае даследаванне беларускай і славянскай казачнай традыцыі. Аўтар падрабязна і ўсебакова прааналізаваў казкі зборніка, адзначыў ідэнтычнасць некаторых беларускіх сюжэтаў з сюжэтамі балгарскіх і польскіх казак, спасылаючыся на крыніцы, у тым ліку на зборнікі Е. Раманава, П. Шэйна, М. Федароўскага. Поліўка падкрэсліў наватарскі падыход А. К. Сержпутоўскага ў выбары казачнікаў, многія творы якіх не маюць аналагаў у сусветным фальклоры.
«Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў». У беларускім фальклоры знайшлі ўвасабленне глыбокія думкі працоўных, меркаванні аб шляхах пазнання чалавекам навакольнага свету. У легендах, казках, прымаўках і прымхах адлюстраваны вопыт, да якога прыходзіў чалавек у працэсе працы, назірання за рознымі з’явамі прыроды. Не заўсёды, вядома, меркаванні пра ўзнікненне Сусвету, жыцця на зямлі былі правільнымі. Прычына таго – няведанне законаў прыроды, непісьменнасць, засілле царквы, якая тлумачыла паходжанне свету, чалавека, усяго жывога на зямлі магутнасцю Бога, палохала людзей байкамі аб сіле і вераломстве чорта, духаў.
Першыя апісанні беларускіх народных вераванняў з’явіліся ў друку ў пачатку XIX ст. Гэта былі артыкулы М. Чарноўскай[95]95
Czornowska M. Zabytki mifologii slawianskiey w Zwyczajach wieyskiego ludu na Bialej Rusi dochowana (gub. Mogilewska) // Dzennik WileiSki. 1817. Т. 6. S. 396–408.
[Закрыть] і В. Быкоўскага[96]96
Быковский В. О празднике Купалы // Памятная книжка Виленского генерал-губернаторства за 1868 год. СПб., 1869.
[Закрыть], кніга Е. Тышкевіча[97]97
Tyaszkiewiez E. Opisanie powiatu Borysowskiego. Wilno, 1847.
[Закрыть].
Светапогляд беларускага народа і яго адносіны да прыроды грунтоўна ахарактарызаваны ў працах А. Я. Багдановіча[98]98
Богданович А. Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов: этногр. очерк. Гродно, 1895. С. 8.
[Закрыть], Е. Р. Раманава[99]99
Романов Е. Р. Белорусский сборник. Вильна, 1912. Вып. 8–9.
[Закрыть], М. Я. Нікіфароўскага[100]100
Никифоровский Н. Я. Простонародные приметы и поверья, суеверные обряды и обычаи, легендарные сказания о лицах и местах. Витебск, 1897; Ён жа. Нечистики: свод простонародных в Витебской Белоруссии сказаний о нечистой силе. Вильна, 1907.
[Закрыть], М. Федароўскага[101]101
Federowski M. Lud bialoruski na Rusi Litewskiej. Krakow, 1897.
[Закрыть].
Гэтыя працы не страцілі свайго значэння і ў нашы дні як крыніца вывучэння старажытных звычаяў, вераванняў, прымхаў, прыкмет, абрадаў.
У галіне вывучэння старажытных вераванняў і светапоглядаў беларусаў асаблівая роля належыць зборніку А. К. Сержпутоўскага «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930). У гэтай кнізе, якая з’яўляецца вынікам шматгадовай збіральніцкай дзейнасці вучонага, змешчаны вялікі фактычны матэрыял – 2275 запісаў легенд, паданняў, прымхаў, апавяданняў, сабраных у паўднёвых раёнах Слуцкага павета. Кніга мае дзве прадмовы і аўтарскі ўступ. Адкрываецца яна кароткім артыкулам прафесара С. Вальфсона, які з пазіцыі прадстаўніка пануючай ідэалогіі дае ацэнку шматгадовай працы А. К. Сержпутоўскага. «Міталёгіяй дзікуноў» называе ён змешчаныя ў зборніку народныя творы, а сам зборнік – яскравым помнікам «праклятага мінулага». На думку Вальфсона, змест кнігі складаюць «сырыя фальклорныя матэрыялы», якія толькі ў руках даследчыка-марксіста могуць даць каштоўныя вынікі. Вучоны-філосаф услаўляе кастрычніцкі трактар, здольны ўзараць глебу, «…на якой узрасталі розныя плады цемнаты, культурнай адсталасці, рэлігійных забабонаў, расавай нянавісці, знахарскай магіі».
Хто даў сацыяльны заказ «марксісцкаму трактарысту» Вальфсону на негатыўную ацэнку народнай творчасці цэлага Палескага рэгіёна, чаму выбар прыпаў менавіта на гэты зборнік, сказаць цяжка.
Але трэба аддаць належнае А. К. Сержпутоўскаму, які не пабаяўся ўступіць у спрэчку з прафесарам-сталіністам, аргументавана адстаяў сваю навуковую канцэпцыю. На думку Аляксандра Казіміравіча, вартасць фальклорных матэрыялаў правяраецца часам. Уключаныя ў яго зборнік прымхі, забабоны, вераванні захаваліся ў народнай памяці і могуць служыць зыходным матэрыялам для вывадаў і абагульненняў адносна высвятлення светапогляду нашых продкаў. Менавіта гэтыя практычныя веды, на думку вучонага, былі «…тым маленькім зярняткам, з якога вырасла вялікае дрэва сучаснай цывілізацыі і культуры». Матэрыялы ж, што адлюстравалі народныя веды і сведчылі аб стыхійна-матэрыялістычным падыходзе беларуса-палешука да з’яў прыроды, павінны былі скласці наступны зборнік.
А. К. Сержпутоўскі быў цвёрда перакананы ў тым, што, каб зразумець сучаснае жыццё людзей, трэба азірнуцца назад, у глыбіню вякоў, паглядзець і паслухаць, як даўней жыў, пра што думаў і ў што верыў чалавек. А гэта куды больш складана, чым пусціць трактар і пераараць беларускую глебу, каб нават не пахла ў тых краях сівой мінуўшчынай, якая так не ўпісвалася ў сацыялістычную канцэпцыю рэцэнзента.
Аналізуючы свае запісы, звяраючы іх з жыццём, Сержпутоўскі падмеціў, што ў многіх народных прымхах (прошках) застылі залацінкі народнай мудрасці, што ёсць «…многа такіх учынкаў, якія маюць разумную аснову. Больш за ўсё гэта можна сказаць пра народную медыцыну, пра ўсякія зеллі, якімі лечаць хваробы, ды пра розныя прыкметы, па якіх адгадваюць надвор’е». Адсюль важнейшая задача, што паставіў перад сабой аўтар зборніка: прасачыць за тым, як трансфармавалася з гадамі свядомасць чалавека, як упісваўся ён у прыроду, пазнаваў яе законы.
«Запісваць пачаў яшчэ 40 гадоў таму назад, – пісаў А.К. Сержпутоўскі ў прадмове, датаванай 1924 г. – Запісваў галоўным чынам ад жанок ды старых, якія яшчэ да самага апошняга часу самі шчыра верылі ў тое, што мне гаварылі». Гэтыя абставіны дазваляюць лепш зразумець светапогляд жыхароў дарэвалюцыйнага Беларускага Палесся, іх уяўленні аб прыродзе, паходжанні чалавека, жывёльнага і расліннага свету.
Зборнік складаецца з пяці частак: прырода, чалавек, заняткі, звычаі, вера.
Першая частка змяшчае запісы пра паходжанне свету, нябесных свяціл, прыродных з’яў, чалавека, жывёл – пытанні, якія з даўніх часоў хвалявалі людзей. Імкнучыся спасцігнуць гэтыя таямніцы, чалавек у працэсе працоўнай дзейнасці, асабістых назіранняў выказваў розныя здагадкі, ствараў міфы. Бяссілле і страх перад непазнаным, перад грознымі сіламі прыроды выклікалі розныя рэлігійныя ўяўленні. Гэта пацвярджаецца і матэрыяламі, прыведзенымі ў зборніку А. К. Сержпутоўскага. Вось як тлумачылі палешукі ўзнікненне Сусвету: «Спачатку нічога не было: ні зямлі, ні неба, ні яснага сонейка, а так сабе было пуста і цёмна, што хоць вока выкалі».
Таямнічымі і загадкавымі бачыліся палешукам нябесныя свяцілы. Чаму бывае сонечнае зацьменне? Чаму сонца свеціць днём і не свеціць ноччу? Не маючы навуковага адказу на свае пытанні, народ зноў звяртаўся да легенды аб стварэнні свету Богам. Ён стварыў сонца, «каб яно свяціла ды грэла». Такім жа чынам тлумачылі змену дня і ночы. Стварыўшы свет, Бог загадаў сонцу свяціць на добрых і дрэнных людзей. Свяціла не захацела служыць дрэнным людзям, і тады Бог загадаў сонцу «свяціць толькі ўдзень, а ўночы, калі гуляюць ліхія, адпачываць». Побач з ідэалістычным апісаннем сонца, створанага па волі Бога, сустракаецца ў зборніку інфармацыя матэрыялістычнага толку. Ад сонца ўсяму на свеце радасна, бо яно свеціць, грэе і дае рост усялякай расліне і жывёліне.
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?