Электронная библиотека » Уладзімір Касько » » онлайн чтение - страница 5


  • Текст добавлен: 25 июля 2016, 15:20


Автор книги: Уладзімір Касько


Жанр: Биографии и Мемуары, Публицистика


сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 5 (всего у книги 18 страниц) [доступный отрывок для чтения: 6 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Вострай сацыяльнай скіраванасцю, тонкім гумарам, трапнымі характарыстыкамі, сакавітай народнай мовай вызначаецца казка «Мужык і пан». Пабудаваная на дыялогу паміж памешчыкам-самадурам і селянінам Стопакам, казка ўяўляе сабой бязлітасную сатыру на прыгнятальнікаў. Селянін не баіцца злога памешчыка-прыгонніка, які мяняў людзей на сабак, забіваў іх да смерці. Больш за тое, Стопак здзекуецца з яго, помсцячы за гора, знявагу сваіх аднавяскоўцаў, якіх люты пан і за людзей не лічыў ніколі. Мужыцкая «дыпламатыя» Стопака раскрывае дасціпнасць і мудрасць селяніна, паказвае свету мярзотнае аблічча ганарлівага і дурнога пана.

Народ выказваў свае адмоўныя адносіны не толькі да царскай улады і памешчыкаў, але і да іх паслугачоў – лакеяў, пісараў, аканомаў, якія са скуры лезлі, каб дагадзіць сваім гаспадарам і па іх загадзе чынілі суд і расправу над людзьмі.

У казцы «Дваранін» вастрыё сатыры накіравана супраць ганарлівага шляхціца, які «сам не меў ні двара, ні падданых, а так сабе валачыўся ад аднаго пана да другога». Нягледзячы на сваю беднасць, шляхціц ненавідзіць просты народ, успрымае людзей як жывёлу. Народная сатыра бязлітасна высмейвае яго. Шляхціца ў казцы параўноўваюць з сабакам, які брэша на людзей і пры гэтым лічыць, што сцеражэ дабро. Нікчэмным і смешным выглядае падпанак у сцэне, калі на каленях выпрошвае ў Бога «300 рублёў і ніводным рублём менш». Калі ж ксёндз вырашыў пераканацца, наколькі моцнае слова ў польскага двараніна, і апусціў на нітцы 299 рублёў, шляхціц імгненна схапіў грошы і схаваў іх у кішэні.

Асабліва камічна праявіўся шляхецкі гонар у канцы казкі. Ксёндз, якому стала шкада грошай, абазваў шляхціца кепам, дурнем. Падумаўшы, што словы гэтыя належаць Богу, шляхціц са злосцю напамінае пану Езусу, што ён «з ласкі боскай… пан Пятроўскі, радавіты шляхціц да патопу да прытым і двожанін герольдэм утвердзоны», і ў сваю чаргу ганьбіць Бога.

Падобныя сюжэты сустракаюцца ў запісах іншых беларускіх фалькларыстаў, а таксама ў зборніках казак іншых народаў. Аднак у зборніку А. К. Сержпутоўскага сатыра на шляхціца асабліва вострая і бязлітасная.

Ілгуном, несумленным чалавекам малюецца пісар у аднайменнай казцы. За напісанне прашэння ён патрабуе ад сялян гарэлку, ежу, грошы, а атрымаўшы ўсё гэта, падманвае беднякоў. Сяляне са здзіўленнем даведваюцца, што ў іх петыцыі змяшчаецца не просьба да пана аблегчыць іх жыццё, а, наадварот, абяцанне даць яму «з дому па валу, па капе лёну і па капе аўса». Калі людзі слухалі такія казкі, яны яшчэ раз пераконваліся ў тым, чые інтарэсы абараняюць панскія лакеі, пісары, аканомы.

Казкі і апавяданні зборніка А. К. Сержпутоўскага сведчаць аб росце самасвядомасці беларуса-палешука, з’яўленні крытычнага падыходу ў ацэнцы грамадскіх з’яў, рэлігіі. Асабліва вылучаюцца тут творы, якія адлюстроўваюць працэс класавага расслаення ў беларускай дарэвалюцыйнай вёсцы, асуджаюць уладу грошай, несправядлівасць, вераломства. У казцы «Багатыр» размова ідзе пра багача і бедняка. У багача ўсяго ўдосталь, але яму хочацца мець яшчэ больш багацця. Ад гэтага ён сохне, не спіць, не есць. Бядняк, наадварот, не мае за душой ні капейкі, але вясёлы і шчаслівы. Задавальненне ў жыцці даюць яму праца, надзея на лепшыя часы. У гэтым пераконвае ён свайго заможнага суседа. У час хвіліннага прасвятлення той вырашае аддаць частку сваіх грошай бедняку. Аднак скупасць бярэ сваё. Кароткая палёгка змянілася ў багача новым прыступам адчаю. Цяпер ён наогул перастаў піць і есці, не спіць доўгімі начамі. Так схуднеў, што ледзь ногі перастаўляе.

Па-майстэрску паказаны ў казцы псіхалагічны стан персанажаў: багачу шкада кожнай патрачанай капейкі, бедняку ж грошы прыносяць адны непрыемнасці. Ён вырашае вярнуць суседу яго грошы. Аднак апошні, усвядоміўшы, хоць і з вялікім спазненнем, што яго багацце нажыта на поце і крыві людзей, уцякае з вёскі і памірае.

Сэнс казкі – багацце, нажытае на падмане і эксплуатацыі іншых, не прыносіць шчасця. У творы выказана даўняя мара народа аб перамозе людзей працы над сваімі прыгнятальнікамі.

Антыгуманная мараль грамадства, у якім пануюць несправядлівасць, недавер, улада над слабым, адлюстравана ў казцы «За добрае злым заплата». Мужык, пашкадаваўшы ваўка, які трапіў у пастку, вызваляе яго. Няўдзячны звер хоча з’есці свайго збавіцеля. На дапамогу чалавеку прыходзіць ліс. Хітрасцю ён заманьвае шэрага разбойніка ў пастку. Мужык забівае ваўка, а разам з ім і ліса. Аўтар казкі асуджае ўчынак мужыка, воўчыя законы, дзе няма месца пачуццям дружбы, удзячнасці.

Казка цікавая і незвычайнасцю сюжэтных ліній. Сюжэты: ліс дапамагае чалавеку; чалавек забівае свайго выратавальніка – не адзначаны ні ў адной казцы іншых народаў.

Значнае месца ў творах зборніка займае тэма працы. Сімпатыі народа заўсёды на баку працалюбівых, сумленных майстроў сваёй справы. Аб гэтай рысе характару простага чалавека М. А. Дабралюбаў пісаў: «Яму звычайна нават і ў галаву не прыходзіць, каб можна было жыць на свеце, нічога не робячы: так ён далёка ад гэтага на практыцы»[69]69
  Добролюбов Н. А. Собр. соч. М.; Л., 1963. Т. 6. С. 245.


[Закрыть]
.

У той жа час у многіх казках высмейваюцца гультаі, дрэнныя гаспадары, зайздросныя і скупыя людзі. Герой казкі «Няхай» Алёкса не толькі не дбае аб уласнай гаспадарцы, але нават не задумваецца і аб уласным лёсе. У яго хаце цячэ страха, праз паламаны плот у агарод лазяць чужыя свінні. Суседзі гавораць яму пра гэта, але Алёкса толькі пасмейваецца ў вусы: «Страха цячэ? Ну і няхай цячэ. Свінні лазяць? Няхай сабе лазяць». Такая абыякавасць прывяла Алёксу да бяды. Стражнік злавіў Алёксу ў панскім лесе, калі той драў лыка на лапці. Замест таго каб пакаяцца і папрасіць прабачэння, Алёкса пачаў рознымі словамі лаяць стражніка. Узлаваўшыся, той адлупцаваў мужыка, прывязаў яго да дрэва і параіў гаварыць усім, каго ўбачыць, што яго прывязаў Няхай.

Лянота розуму і тут не дазволіла Алёксу крытычна паглядзець на свой лёс, задумацца, чаму суседзі і стражнік называюць яго пагардлівай мянушкай, а не імем, не прозвішчам. На крык Алёксы прыбеглі мужыкі, пытаюць, хто прывязаў яго да дрэва, а той у адказ гаворыць: «Няхай прывязаў». Падумалі дзецюкі, што Алёкса жартуе, і пайшлі сабе далей. А той да самага вечара крыкам зыходзіўся, пакуль не натрапілі на яго пастухі і не вызвалілі з бяды.

Не карысталіся сімпатыяй беларусаў і людзі, якія не мелі сваёй уласнай думкі, лёгка мянялі свае перакананні. Смяецца казачнік з мужыка, героя казкі «Не вер ачом», бо жартаўнікі пераканалі яго ў тым, што ён прадае не пеўня, а зайца. Адштурхнуўшыся ад прыватнага выпадку – апавядання пра шалапутнага чалавека, якога можна лёгка ашукаць, з якога можна ўдосталь пасмяяцца, казка робіць шырокае абагульненне, звяртаючыся да праверанага сродку – увядзення ў тэкст прыказкі: «Людзей слухай, а свой розум май». У гэтым заключаецца адна з асаблівасцей беларускай сатырычнай казкі.

У зборніку крытыкуюцца і іншыя людскія недахопы: непавага да бацькоў, старэйшых, а таксама высмейваюцца гультаяватыя жанчыны, якія замест таго, каб увіхацца па гаспадарцы, наглядаць за дзецьмі, днямі лузгаюць семкі на прызбах і абгаворваюць суседак, сварацца з імі.

Хто з нас не чуў прыказку «На свеце ўсяго нажывеш і Кузьму бацькам назавеш»? Але мала хто ведае, што набыла яна крылы з лёгкай рукі А.К. Сержпутоўскага, які запісаў казку «Кузьма» ад вядомага беларускага казачніка Івана Азёмшы. Нялёгкі лёс выпаў на долю селяніна Кузьмы. Спачатку жонка зневажала, як магла, а калі падрос сын, мужыку наогул жыцця не стала. Маці з дзяцінства прывучала малога пагардліва ставіцца да бацькі, называць яго Кузьмой. Суседзі смяяліся з мужыка, раілі ўзяць папругу і заняцца выхаваннем жонкі і сына. Урэшце лопнула цярпенне ў Кузьмы. Везлі неяк бацька з сынам зімой з балота сена. Воз, на якім ехаў сын, перакуліўся і падмяў пад сябе хлопца.

– Кузьма, – крычыць сын, – падымі воз, а то жыў не буду.

Маўчыць бацька. Дастаў люльку, выняў з кішэні капшук з тытунём і давай сабе курыць. «Ляжы, – думае, – калі не хочаш назваць мяне бацькам».

Зваў-зваў сын Кузьму на дапамогу, а той ні слова ў адказ.

– Бацька, падымі воз, – узмаліўся нарэшце сын.

Відаць, мароз пакрапчаў, воз яшчэ цяжэйшым паказаўся, а мо сумленне загаварыла ў хлопца. Рад мужык, што першы раз у жыцці сын назваў яго бацькам. Устаў з пянька, на якім сядзеў, упёрся плячом і падняў цяжкі воз…

З той пары пайшла прыказка, што на свеце ўсяго нажывеш і Кузьму бацькам назавеш.

У адрозненне ад казак, накіраваных супраць прыгнятальнікаў, прыведзеныя вышэй казкі і апавяданні вызначаюцца больш стрыманай крытыкай, дабрадушным гумарам, накіраваным не супраць канкрэтных людзей, а супраць тых недахопаў, ад якіх чалавеку неабходна пазбавіцца.

А. К. Сержпутоўскі не лічыў сябе веруючым, але, пастаянна знаходзячыся ў гушчы сялян, рабочых, інтэлігенцыі, многія сярод якіх наведвалі царкву, касцёл, спраўлялі рэлігійныя абрады, вёў сябе вельмі тактоўна. Больш за тое, ён імкнуўся сам спасцігнуць многія царкоўныя пастулаты, дакапацца да каранёў рэлігіі.

У той жа час Аляксандр Казіміравіч вельмі крытычна адносіўся да тых царкоўнікаў, якія, карыстаючыся цемрай і непісьменнасцю сялян, падманвалі іх. Ён не раз пераконваўся, што не кожны з іх быў чалавекам высокіх маральных прынцыпаў, што сярод папоў, ксяндзоў шмат людзей выпадковых, недалёкіх, якія могуць адабраць апошні грош у беднага селяніна. Гэтую думку пацвярджалі і шматлікія народныя творы, запісаныя этнографам у час яго камандзіровак.

Сюжэт пра тое, як поп адмаўляецца адпець дзіця бедняка, бо ў апошняга няма грошай, шырока вядомы ўсходнім славянам. Але найбольш ярка выпісаны вобраз скупога царкоўніка ў казцы «Завідны поп», запісанай Сержпутоўскім ад Івана Азёмшы. Ні слёзы, ні просьбы селяніна адпець памерлае дзіця не кранаюць скнару папа. Аднак варта было яму даведацца, што ў бедняка завяліся залатыя манеты, як ён тут жа прыйшоў на памінкі ды яшчэ і пападдзю з сабой прыхапіў. Ноччу, напяліўшы на сябе шкуру забітага казла, поп пад выглядам чорта прыходзіць да селяніна па грошы. Яму ўдаецца забраць гаршчок з грашыма, але выкарыстаць украдзенае ён не змог: шкура казла прырасла да цела. Прыйшлося вярнуць грошы мужыку. Але і на гэтым няшчасці папа не заканчваюцца. Замест казлінай шкуры з яго злазіць уласная. У гэтым сюжэце выказана мара народа аб пакаранні зла, аб сацыяльнай расплаце.

Махляром малюецца поп у казцы «Прошча». Каб паправіць свае грашовыя справы, прыцягнуць як мага больш прыхаджан у царкву, ён вырашае здзейсніць цуд. Аднойчы вечарам жыхары вёскі ўбачылі, што па рацэ плыве дошка, а на ёй стаіць ікона і гараць свечкі. Прачуўшы пра цуд, жыхары навакольных вёсак павалілі ў царкву. Поп хутка разбагацеў, пагардліва пазіраў на беднякоў, якія адрывалі ад сябе апошнія грошы і неслі іх у царкоўную касу. Праўда, як гэта часта бывае ў жыцці, падман раскрыўся. Аднак поп і не падумаў вяртаць прыхаджанам грошы.

На людской цемры і горы нажываецца боскі служка і ў казцы «Поп і пустэльнік». Сюжэт твора просты. Адна сялянка сустракае ў лесе жанчыну і прымае яе за Божую Маці. Тая прарочыць вялікія няшчасці, якія хутка пасыплюцца на людзей, і раіць ім з раніцы да вечара маліцца. Гэтую параду поп выкарыстоўвае ў сваіх мэтах. Склікаючы народ на талаку, ён не толькі не частуе іх, як прынята, але і прымушае за малебен несці яму лён, воск, мёд, сала, масла, сыры, палатно, збожжа, палохае людзей канцом свету. Сяляне, закінуўшы ўласныя гаспадаркі, сталі яшчэ бяднейшымі, а поп разбагацеў.

У казках зборніка А. К. Сержпутоўскага папы не толькі не выконваюць царкоўных догматаў, але і забываюць пра прыстойнасць, чалавечнасць, мараль. У казцы «Новы чорт» размова ідзе пра папа, які ў адсутнасць селяніна зачасціў да яго жонкі, пагражаў ёй адлучэннем ад царквы, калі яна не адкажа на яго заляцанні. Але нечакана вяртаецца дадому муж, і поп хаваецца ў бочцы з птушыным пер’ем. Выслухаўшы прызнанне жонкі, мужык накрывае бочку коўдрай, абвязвае вяроўкай і, прыехаўшы на кірмаш, паведамляе, што прадае чорта.

Сярод іншых падобных па сюжэце казак гэты тэкст выгадна вылучаецца падрабязнасцямі, жывой мовай, што надае казцы асаблівую вастрыню, цікавасць. Цесным кругам абступілі сяляне воз з бочкай, затаіўшы дыханне, прыслухоўваліся да нейкага мармытання і войкання, што даносілася з-пад коўдры. «Нарэшце з бочкі паказалася якоесь страшыдла: высокі, худы, з доўгімі кудламі ды з вялізнаю барадою, цыглаты, у вадной сарочцы без парток, ды так умазаўся і ўкачаўся ў пер’е, што рыхтык чорт».

Для выкрыцця сапраўднай сутнасці нядобрасумленных служыцеляў культу народ не шкадуе трапных параўнанняў, эпітэтаў. У казцы «Поп і пустэльнік» так апісваецца прагнасць і абжорства папа: «I давай ён перці мёд за абедзве шчакі, толькі барада трасецца, бы ў казла».

Як тут не ўспомніць словы В. Р. Бялінскага пра тое, што пад сатырай трэба разумець не зубаскальства вясёлых вастрасловаў, а громы абурэнняў, навальніцу духу[70]70
  Белинский В. Г. Полн. собр. соч. М.; Л., 1954. Т. 4. С. 522.


[Закрыть]
. Большасць казак зборніка А. К. Сержпутоўскага пранізана менавіта такой сатырай.

Стрэлы народнай сатыры накіраваны не толькі супраць папоў, ксяндзоў, але і самога Бога і святых. Бог у казках малюецца зусім не такім, якім падае яго Свяшчэннае Пісанне. У большасці твораў нябесны цар выглядае бездапаможным, раўнадушным да людскога гора. Не можа ён навесці парадку на небе, паставіць на месца святых Пятра і Ілью. Замест таго каб клапаціцца аб людскіх патрэбах, гэтыя святыя пастаянна спрачаюцца. У адсутнасць Ільі па загадзе Пятра цэлы дзень паліць сонца. Сохнуць пасевы, сенажаці. Вярнуўшыся дадому, Ілья пасылае на зямлю дажджы, палохае перунамі і маланкамі. А ў выніку спрэчак святых пакутуе мужык. Ураджай то сонца спаліць, то дождж вымачыць.

У казцы «Ілья і Пятро» святы Ілья малюецца фанабэрыстым самадурам, які ўсё робіць на злосць глухому Пятру і людзям. Ён грубы, зайздросны, нявыхаваны. Ездзіць па небе на вогненных конях і крычыць на ўсё горла: «Так, так, так! Го-го-го! Лупі, лупі яго, гада! От так… Трэсні яго па затылку. Го-го-го! У патыліцу! У патыліцу лупі яго, гада!»

Адступіўся Бог ад людзей, даў права панам чыніць суд на зямлі («З чаго ліха на свеце»). Мацнейшым за Бога аказаўся чорт, якога, нягледзячы на загады Усявышняга, не можа перамагчы Ілья. Больш за тое, Бог не можа нават знішчыць лазу, якую пасадзіў на балоце чорт («Чортава балота»).

Аляксандр Казіміравіч не толькі запісваў казкі, апавяданні, былічкі, якія выкрывалі недахопы служыцеляў культу, але і імкнуўся раскрыць вытокі ўзнікнення рэлігіі на Беларусі, прасачыць ролю царквы ў жыцці беларусапалешука. У архіве Рускага геаграфічнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу аўтар гэтых радкоў адшукаў рукапісны тэкст паведамлення супрацоўніка Археалагічнага інстытута А. К. Сержпутоўскага на тэму «Движение и задачи мариавитизма»[71]71
  Архіў РГТ, разрад 50, воп. 1, спр. 15.


[Закрыть]
. Вось канспектыўны агляд гэтага паведамлення, якое акрамя чыста навуковага мае і вялікае пазнавальнае значэнне.

Рэлігійна-маральнае вучэнне, накіраванае супраць разбэшчанасці духавенства, заснавала ігумення жаночага манастыра ў польскім горадзе Плоцку Францішка Казлоўская. Сваёй духоўнай апякуншай ігумення і яе паслядоўнікі абралі Прасвятую Дзеву Марыю, звязаўшы з яе імем самыя высакародныя ідэалы ў жыцці. Вучэнне набыло назву «марыявітызм», а людзі, якія прапаведвалі яго, сталі называцца марыявітамі. Яны выступалі з заклікам будаваць манастыры і касцёлы, «ахронкі» (своеасаблівыя дзіцячыя сады), школы для дзяцей беднякоў. Імкнучыся падтрымаць у народзе веру ў каталіцкую царкву, Папа Рымскі спачатку благаславіў марыявітызм, але, убачыўшы, што праграма марыявітызму адпавядае рэлігійна-маральнаму стану простага народа, неўзабаве забараніў гэтае вучэнне. Марыявіты былі адлучаны ад царквы. Францішка Казлоўская і яе паслядоўнікі падвергліся ганенням.

А. К. Сержпутоўскі назваў сваё паведамленне праграмай марыявітызму, падкрэсліваючы тым самым, што ў ім выкладзены толькі асноўны напрамак гэтага руху, які патрабуе далейшага вывучэння і высноў. На жаль, высветліць, ці вяртаўся ён пазней да гэтай праблемы, не ўдалося. Аднак нават кароткае знаёмства з сутнасцю марыявітызму з’яўляецца значнай заслугай вучонага. Ён звярнуў увагу грамадскасці на тыя непаразуменні, якія адбываліся ў лоне царквы. З гэтага факта народ мог зразумець, на чыім баку царква і яе служкі, як на самай справе дбаюць яны аб сваёй пастве.

У сатырычных казках пра паноў, святых, папоў героем выступае разумны, спрытны, хітры мужык, які абводзіць вакол пальца сваіх ворагаў, ставіць іх у смешнае і зняважлівае становішча. У той жа час станоўчы герой не заўсёды выражае ідэі народа. Іншы раз ён надзелены шэрагам адмоўных рыс. Так, герой казкі «Поп» Сёмка нічога лепшага не прыдумаў, каб адпомсціць папу, які спакусіў яго жонку, – ён зрабіў тое ж.

Усе думкі салдата ў казцы «Неба і пекла» скіраваны на тое, каб добра выпіць і пакурыць. Нават герой такой вядомай казкі, як «Мужык і пан», накіроўваецца да пана не дзеля таго, каб адпомсціць яму за жорсткасць і бессардэчнасць, а за абяцанай аканомам узнагародай. I ўсё ж, нягледзячы на гэта, вобраз казачнага героя блізкі людзям, бо ён на баку народа ў барацьбе з панамі, праяўляе розум, вынаходлівасць, хітрасць, перамагае ворага.

Даследчыца рускай казкі А. Ф. Тарасенкава адзначала, што ў рускіх казках пра дурня казачнікі не ўпускалі магчымасці закрануць і класавага праціўніка[72]72
  Тарасенкова А. Ф. Жанровое своеобразие русских сатирических сказок // Русский фольклор: материалы и исследования. М.; Л., 1957. Т. 2. С. 62–84.


[Закрыть]
.

У беларускай народнай дэманалогіі, вераваннях, казках значнае месца займае вобраз чорта. Аднак народнае ўяўленне пра яго рэзка разыходзіцца з тымі ўяўленнямі, якія прапагандавала царква. Намаганні царкоўнікаў пасеяць у народзе страх перад гэтай міфічнай істотай не мелі асаблівага поспеху. П. В. Шэйн пісаў, што беларусы чорта не баяцца, нічога асаблівага яму не прыпісваюць, хіба толькі, калі які-небудзь чалавек заблудзіць у лесе ці ў полі, гавораць, што яго «нячысцікі вадзілі»[73]73
  Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. СПб., 1902. Т. 3. С. 13.


[Закрыть]
.

Пра тое, што беларусы-палешукі не верылі ва ўсемагутнасць чорта, не баяліся яго, сведчаць многія творы са зборніка А. К. Сержпутоўскага. У казцы «Музыка і чэрці» селянін, трапіўшы да нячысцікаў, не толькі не спужаўся іх, але і сілай сваёй музыкі знішчыў пекла: «От зайграў ён, да так, што ўсё пекла разляцелася ў шчэпкі, а чэрці разбегліся па ўсяму свету. От з тае пары чэрці і баяцца Музыкі і больш яго не чапаюць». Гэты казачны сюжэт не мае сабе падобных у фальклоры іншых народаў.

Чорта можна перахітрыць, падмануць. У казцы «Чорт і баба» нячысціка перахітрыла звычайная вясковая жанчына. Чорт жа малюецца істотай дурной, смешнай, бездапаможнай.

У тых казках, дзе чорт надзелены звышнатуральнай сілай, апошняя выкарыстоўваецца чалавекам на сваю карысць. У казцы «Паляшук і чорт» селянін прымушае нячысціка ачышчаць палі ад велізарных камянёў і пнёў. Развенчваючы міф аб магутнасці чорта, народ як бы сцвярджае, што чалавеку ўсё падуладна на зямлі, што яго розум і здольнасці могуць пераўтварыць свет.

Варта адзначыць, што ў той час, калі рабіў свае запісы Сержпутоўскі, вера ў знахароў, ведзьмакоў, шаптуноў, у замовы і закляцці была вельмі жывучай на Палессі. Гэтая вера мела свае сацыяльныя карані, яе захаванню садзейнічалі амаль поўная неадукаванасць сельскага насельніцтва, адсутнасць медыцынскай дапамогі, цяжкія ўмовы жыцця. Спекулюючы на невуцтве, забітасці сялян, знахары нажывалі сабе багацце. Беларускі этнограф А. А. Шлюбскі пісаў: «Жывуць звычайна ведзьмары, знахары багата, маюць добрыя пабудовы, добры інвентар, добрых коней. Усё гэта ў большасці з’яўляецца вынікам заробку ад іх прафесіі»[74]74
  Шлюбскі А. Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны. Мінск, 1927. Ч. 1. С. 24–25.


[Закрыть]
.

Агідны вобраз ведзьмара сустракаем мы ў апавяданні «Атрабляне». Тут ён не проста падманшчык і авантурыст, а злачынца. Нічыпар за пэўную плату бярэцца правучыць вінаватых у падзяжы жывёлы. Але на самай справе гэта ён па начах забіраецца ў хлявы сялян і забівае кароў і валоў. У фінале апавядання ведзьмара выяўляюць і пры народзе лупцуюць.

Сюжэт выкрыцця невукаў-знахароў ляжыць у аснове казкі-анекдота «Шаптуха». Пан навучыў бедную бабку знахарскаму «рамяству»: дзеля пацехі пераказаў з дзясятак бязглуздых, камічных заклінанняў-загавораў, якімі бабка стала «вылечваць» сваіх пацыентаў. Бумерангам вярнуўся да жартаўніка гэты розыгрыш беднай жанчыны. Да паміраючага пана прыводзяць знаёмую яму знахарку, і тая пачынае талдычыць прыдуманую ім жа самім абракадабру. Пан пазнаў старую, зарагатаў ва ўвесь голас. Пухір у яго горле лопнуў, і пан ачуняў.

Зборнік А. К. Сержпутоўскага «Сказки и рассказы белорусов-полешуков» займае асобнае месца сярод публікацый беларускага фальклору. Каштоўнасць яго перш за ўсё ў тым, што творы, змешчаныя ў ім, былі запісаны ў аддаленых, глухіх кутках Беларускага Палесся ў 18901907 гг. ад таленавітых народных казачнікаў і сведчылі аб высокай культуры беларускага народа. Тым самым адмяталіся сцверджанні буржуазных вучоных аб беспрасветнай цемнаце і адсталасці беларусаў Палесся. Казкі і апавяданні зборніка ўражвалі сваёй адкрытай антыпрыгонніцкай і антыклерыкальнай накіраванасцю, вострым класавым чуццём у ацэнцы рэчаіснасці напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905–1907 гг.

Вядомы фалькларыст С. У. Саўчанка ў водзыве на зборнік А. К. Сержпутоўскага адзначаў, што ён рэзка адрозніваецца ад усіх вядомых зборнікаў беларускіх казак, бо ў ім змешчаны шэраг твораў, якія закранаюць маральныя і сацыяльныя пытанні сучаснасці[75]75
  Савченко С.В. Русская народная сказка. Киев, 1914.


[Закрыть]
. Высока ацаніў ён мастацка-эстэтычны бок казак, адзначыў каштоўнасць зборніка ў лінгвістычных адносінах (дакладнасць запісаў, захаванне фанетычных асаблівасцей мовы казачнікаў, наяўнасць націску ў словах і г.д.). У той жа час рэцэнзент выказаў шкадаванне, што Сержпутоўскі не ўключыў у сваю працу паказальнік казачных сюжэтаў.

Акадэмік Я. Ф. Карскі пісаў, што ў зборніку ўпершыню змешчаны «апавяданні з яўна палітычнай афарбоўкай»[76]76
  Русский филологический вестник. Варшава, 1912. Т. 68. № 3–4. С. 267.


[Закрыть]
.

Больш грунтоўна спыніўся вучоны на пытаннях мовы зборніка, адзначыў вялікае значэнне запісаў Сержпутоўскага для вывучэння гаворак Паўднёвай Беларусі. Звярнуўшы ўвагу на адсутнасць у кніжцы сямі старонак (26–32), Я. Ф. Карскі выказаў меркаванне адносна таго, што яны маглі быць зняты перад друкаваннем зборніка з-за нізкай якасці твораў. На наш погляд, больш блізкае да ісціны меркаванне былой супрацоўніцы этнаграфічнага музея ў Пецярбургу Л. А. Драмлюк, якая доўгія гады працавала разам з Сержпутоўскім. Яна выказала думку, што адсутныя старонкі – на сумленні царскай цэнзуры. Па яе словах, у аддзеле этнаграфіі з рук у рукі перадавалі шмат твораў, запісаных Сержпутоўскім на Беларускім Палессі, у якіх рэзка крытыкаваўся цар і яго акружэнне.

Станоўчую ацэнку зборніку А. К. Сержпутоўскага даў і вядомы рускі фалькларыст акадэмік Д. К. Зяленін. У той жа час ён лічыў, што кніга ў многім выйграла б, калі б у ёй былі змешчаны толькі творы на традыцыйныя казачныя сюжэты. Мы не можам пагадзіцца з такой думкай. Змясціўшы побач з казкамі апавяданні, былічкі, паданні, запісаныя ад таленавітых казачнікаў Беларускага Палесся (дарэчы, так рабілі А. Гільфердзінг, М. Я. Анчукоў, Б. і Ю. Сакаловы і іншыя вядомыя фалькларысты), Сержпутоўскі абагаціў сваю кнігу новымі жанрамі, тэмамі, дапамог скласці больш поўнае ўяўленне аб творчай лабараторыі захавальнікаў бясцэнных народных вусна-паэтычных скарбаў.

Зяленін чамусьці засяродзіў сваю ўвагу на адносна слабых у мастацкім і сацыяльна-палітычным сэнсе творах зборніка («Жонка», «Гання», «Знаходка», «Калатня») і не заўважыў шэраг такіх выдатных твораў, як казкі «Мужык і пан», «Пану навука», «Дурань», «Асілак», «Музыка і чэрці», «Бортнік». Ён памылкова лічыў, што зборнік Сержпутоўскага больш карысці можа прынесці дыялектолагу і гісторыку літаратуры, чым фалькларысту.

Высока быў ацэнены зборнік Сержпутоўскага ў часопісе «Исторический вестник» (рэцэнзент А. Ф-ов)[77]77
  Исторический вестник. 1911. № 9. С. 1159–1160.


[Закрыть]
. Пагаджаючыся з думкай Сержпутоўскага аб тым, што патрэбнасць знайсці адказы на жыццёва важныя запытанні выпрацавала ў народзе любоў да казак, рэцэнзент адзначаў вялікую цікавасць людзей да казак з вострым сацыяльным канфліктам, а таксама да твораў, у якіх крытыкуюцца царкоўныя легенды аб усемагутнасці Бога, святых. Каштоўнасць зборніка бачылася рэцэнзенту і ў тым, што героі большасці казак і апавяданняў перамагаюць зло і несправядлівасць не гераізмам, не высакароднымі ўчынкамі, а спрытам, хітрасцю, кемлівасцю, знаходлівасцю.

На востры гумар, трапнае слова ў казках зборніка ўказваў Д. Бачкоў[78]78
  Записки Северо-Западного отдела РГО. Вильна, 1912. Кн. 3. С. 356.


[Закрыть]
.

Цікавасць да зборніка казак А. К. Сержпутоўскага відавочна і сёння. На вялікае значэнне казак указвалі В. К. Бандарчык і А. С. Фядосік[79]79
  Бондарчик В., Федосик А. А. К. Сержпутовский. Минск, 1966. С. 65–79.


[Закрыть]
, высока ацанілі зборнік даследчыкі беларускай казкі Л. Р. Бараг[80]80
  Бараг Л. Выдатная старонка беларускай фалькларыстыкі // Полымя. 1967. № 7. С. 246–248.


[Закрыть]
, К. П. Кабашнікаў[81]81
  Кабашнікаў К. З любоўю да свайго народа // ЛіМ. 1962. 19 чэрв.


[Закрыть]
і інш.

«Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павету». Беларуская фалькларыстыка пачатку XX ст. шырока выкарыстоўвала дасягненні навукі аб вуснай народнай творчасці мінулага стагоддзя. Вялікая цікавасць праявілася ў народзе да казак, легенд, паданняў. З’явіліся спробы растлумачыць з’явы прыроды, спасцігнуць тайны будовы свету. Значнае месца займалі ў народнай творчасці жыццё і барацьба працоўных мас. Гэта знайшло сваё адлюстраванне і ў літаратуры, якая шчодра чэрпала тэмы і сюжэты з паўнаводных крыніц народнай мудрасці. Такія крыніцы жывілі творчасць Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, З. Бядулі. «Беларуская народная творчасць, – пісаў Змітрок Бядуля, – гэта зачараванае люстэрка сялянскага жыцця, якое адлюстроўвае жывы малюнак не толькі за пэўны перыяд, за невялікі час, але адлюстроўвае быт ад самага пачатку гістарычнага існавання да апошніх дзён»[82]82
  Бядуля З. Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных песнях і казках. Мінск, 1924. С. 99.


[Закрыть]
. Гэтыя словы можна з поўнай падставай аднесці і да твораў, што склалі зборнік А. К. Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета», які выйшаў у свет у 1926 г. у Ленінградзе. У яго ўвайшлі запісы, зробленыя збіральнікам у 1890–1923 гг. на Беларускім Палессі.

Ва ўступе да зборніка Аляксандр Казіміравіч прыводзіць даныя аб стане і развіцці народнай творчасці ў Слуцкім павеце, сцісла характарызуе казачнікаў, ад якіх запісваў народныя творы. Па словах збіральніка, за апошнія 20 гадоў – з часу першых яго запісаў казак і апавяданняў – назіралася інтэнсіўнае развіццё вуснай народнай прозы. Побач з казкамі, якія ўбачылі свет у першым зборніку, казачнікі расказвалі вучонаму ўсё новыя і новыя творы.

У адрозненне ад першага зборніка, у якім творы былі размешчаны бессістэмна, у новай кнізе А. К. Сержпутоўскага запісы сістэматызаваны па казачніках. I ўсё ж гаварыць аб навуковай класіфікацыі матэрыялу і тут нельга, бо, па словах складальніка, творы, запісаныя ад аднаго і таго ж казачніка, ён прыводзіў у тым парадку, у якім яны расказваліся. Таму часта старажытным сюжэтам у кнізе папярэднічаюць творы, тэмы якіх навеяны рэвалюцыяй 19051907 гг., працэсам класавага расслаення беларускай дарэвалюцыйнай вёскі.

Як і ў папярэднім зборніку, у кнізе «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» чарадзейных казак нямнога. Са ста твораў да гэтага жанру можна аднесці ўсяго адзінаццаць. Да таго ж многія з іх можна назваць чарадзейнымі толькі з агаворкай, бо ў іх адсутнічаюць традыцыйныя для чарадзейнай казкі элементы – зачыны, канцоўкі, цудоўныя пераўтварэнні, фантастычныя персанажы, разгорнутыя апісанні дзеянняў, учынкаў герояў і, наадварот, на кожным кроку сустракаюцца эпізоды, дэталі, якія сведчаць аб класавай барацьбе ў вёсцы ў перыяд развіцця капіталізму. Станоўчым можна лічыць частыя спасылкі на меркаванні і адносіны казачнікаў да падзей, аб якіх гаворыцца ў іх творах.

Характэрная ў гэтым сэнсе казка «Дурань». На першы погляд яна з’яўляецца казкай чарадзейнай. У ёй прысутнічаюць чэрці, Змей, які выкрадае царскую дачку, тры браты, сярод якіх малодшы – традыцыйны «дурань», цудоўныя памочнікі. Дурань размаўляе з памерлым бацькам, атрымлівае ад яго чарадзейныя прадметы, накіроўваецца вызваляць з палону прыгажуню царэўну.

У той жа час мы даведваемся са слоў галоўнага персанажа казкі, што ў апісанай краіне паны прыгнятаюць сялян, а цар крывадушны падманшчык: «Ведамо, як утапае, то сакерку абяцае, а як вылезе, та й тапарышча адбірае. От так і цар хутка змяніў сваё слова, а мужыкоў зноў аддалі панам. I стала людзям яшчэ гарэй, як было».

Лютымі сваімі ворагамі лічылі сяляне не толькі цара, памешчыкаў, але і кулакоў. Антыкулацкай накіраванасцю вызначаецца казка «Праўда і Крыўда». Малюючы поўнае гора і здзекаў жыццё беднякоў, казачнік падкрэслівае, што ў грамадстве, пабудаваным на падмане, сіле і золаце, сумленнаму чалавеку не даводзіцца спадзявацца на шчаслівае жыццё. Як ні стараўся Праўда, як ні працаваў, а жыў у вялікай беднасці. Нягледзячы на шчаслівы канец казкі (бядняк знайшоў клад і разбагацеў, а багача разарвалі чэрці), твор не дае адказу на пытанне, як дабіцца народу добрага жыцця. На думку казачніка, указаць шлях да заможнага жыцця можа смелы, знаходлівы чалавек, у якога ясны розум спалучаецца з гарачым сэрцам.

Герой казкі «Агонь у сэрцы, а розум у галаве», запісанай А. К. Сержпутоўскім ад Матруны Бохмачыхі, у пошуках праўды накіроўваецца да сонейка. Ні доўгая цяжкая дарога, ні розныя небяспечныя для жыцця выпрабаванні не спыняюць праўдашукальніка. Нябеснае свяціла аддзячыла чалавека за яго настойлівасць, падказала доўгачаканае выйсце: «I бліснула яму сонейка ў голаў, – от і пачуў ён, што многа знае…»

Варыянты казкі «Агонь у сэрцы, а розум у галаве» сустракаюцца ў запісах Е. Раманава[83]83
  Романов Е. Белорусский сборник. Витебск, 1887. Вып. 3. С. 232–238; Витебск, 1891. Вып. 4. С. 276–297.


[Закрыть]
, М. Федароўскага[84]84
  Federowski M. Lud bialoruski na Rusi Litewskiej. Krakow, 1897. Т. 1. S. 290–295.


[Закрыть]
, Д. Балашова[85]85
  Балашов Д. Сказки Терского берега Белого моря. Л., 1970. № 45.


[Закрыть]
, ва ўкраінскіх казках[86]86
  Етнографічний збірник. Львів, 1896. Т. 1. № 1, 21; Казки Буковини. Ужгород, 1968. С. 132–136.


[Закрыть]
. Аднак казка, запісаная Сержпутоўскім, больш поўная, сацыяльна завостраная. Думаецца, гэтым тлумачыцца яе жывучасць. У Ганцавіцкім раёне аўтару гэтай кнігі ўдалося запісаць ад жыхара вёскі Чудзін Васіля Васільевіча Цалагуза варыянт твора, які казачнік назваў «Як паляшук праўду шукаў». У пошуках адказу на пытанні, якія яго хвалююць, мужык накіроўваецца «ў белы свет». На сваім шляху ён сустракае Сонца і пытаецца ў яго, чаму адзін чалавек нараджаецца бедным, а другі – багатым, просіць яго дапамагчы знайсці кветку шчасця. Сонца раіць селяніну спытаць пра гэта ў пана, папа і цара. Быццам згаварыўшыся, тыя ў адзін голас адказваюць, што «так на раду наканавана чалавеку – працаваць як валу чорнаму або панаваць». Кветка шчасця, па іх словах, схавана далёка ад чалавечага вока. Завалодаць ёю можа толькі той, хто самааддана працуе на цара, пана, рэгулярна наведвае царкву, робіць ёй багатыя прынашэнні. Палешукі ж ад нараджэння людзі лянівыя, непаслухмяныя, не баяцца паноў, стражнікаў, пазбягаюць святых месц, а таму не бачыць ім цудадзейнай кветкі. Пан пагражае мужыку розгамі, поп – адлучэннем ад царквы, а цар – ссылкай у такія месцы, «куды гадамі ідуць, а назад рэдка хто вяртаецца». Твор адлюстраваў настрой сялян напярэдадні рэвалюцыі 1905–1907 гг., іх надзеі і мары.

У дадзенай казцы апушчаны многія дэталі, зменены некаторыя персанажы. I. Карнавухава тлумачыць змены і скарачэнні чарадзейнай казкі паскарэннем тэмпу жыцця ў вёсцы і, адпаведна, імкненнем апавядальніка хутчэй прывесці казку да лагічнай развязкі, а таксама тым, што засталося мала казачнікаў, якія даражаць кампазіцыйнай цэласнасцю казкі і таму дазваляюць сабе змяняць толькі асобныя дэталі[87]87
  Карнаухова И. Сказочники и сказка в Заонежье // Искусство Севера. Л., 1927. С. 117.


[Закрыть]
.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации