Электронная библиотека » Вячаслаў Адамчык » » онлайн чтение - страница 3

Текст книги "Чужая бацькаўшчына"


  • Текст добавлен: 13 ноября 2018, 15:20


Автор книги: Вячаслаў Адамчык


Жанр: Литература 20 века, Классика


Возрастные ограничения: +12

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 3 (всего у книги 25 страниц) [доступный отрывок для чтения: 8 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Вечар быў ясны – высока на полуднi стаяў белы месяц з сiняватым у сярэдзiне i бурым па краях кругам. На нечым шчыце ў аконцы блiшчаў асколак шкла. Пахла вострым марозам i чэрствым гаркаватым лiсцем. На звялай i шэрай, як ссыпанай соллю, траве пералiваўся, цьмяна мiгцеў iней. Каля чарнаты плота белым паскам ззяў малады ўчарашнi снег, што не растаў за дзень. Дужэў прымаразак – камянела зямля. Усё выдавала пустым, голым, i звон стаяў, як у парожняй дубовай бочцы. Так бывае позна ўвосень у сухi мароз. Толькi недзе ў хляве бляяла, акацiўшыся, авечка – там нехта свяцiў лiхтаром: у адчыненых дзвярах мiльгаў скупы жоўты агонь. У канцы вулiцы чуўся злы, здушаны голас:

– I яе, гадзiну, трэба правучыць…

Гаварылi, мусiць, пра Хрысцю. Падыходзячы блiжай i заварочваючы да Мондрых у двор, Iмполь прыслухаўся, але нiчога болей не распазнаў. З-за хлевушка высунулася i загаўкала, кiдаючыся да ног, аблавухая сучачка – яна яшчэ не асвойталася з чужымi ў хаце людзьмi. У вокнах раптам палахлiва затрапятаўся i патух агонь – гаспадыня, гатуючыся, пэўна, спаць, баялася, цi не падглядае хто.

Iмполь пастукаў у цёмнае, што адлiвала месячным бляскам, прадпечнае акно. За глухою шыбаю паказалася Алеся. Распушчаныя валасы падалi на плечы, глыбокi выраз сарочкi адкрываў цеплату грудзей.

V

Бацьку свайго Iмполь не помнiў. Расказвала мацi, што бацька быў рослы, кучаравы – ён, Iмполь, i крошкi па iм падабраў. Толькi бацька ганьбу невялiкую меў: на правай руцэ не хватала двух пальцаў – аджавала трыбаю сячкарнi. Праз гэтае калецтва яго i ў войска не ўзялi, таму жанiлiся яны з мацераю ў той год, як пачалася вайна. Людзi якраз у бежанства ўцякалi, спярша здалёк, недзе з-пад Сувалак, – мазуры ўсё. А на другi год, калi фронт падышоў блiжай, ускораўшы пажаць толькi жыта, выправiлася ў дарогу iхняя вёска.

Але за вёрст дваццаць ад дому, ужо ў лесе, бежанцаў насцiг фронт: з-заду стралялi з гарматаў, нiбы хто грукаў вялiкiмi дзвярмi, аж дрыжала i прыгiналася ўсё. Звар’яцелыя ад страху людзi сталi падганяць коней, фурманкi збiлiся, заторыўшы дарогу. Ламалiся наладаваныя збожжам ды розным пажыткам вазы, iрвучы гужы, наравiлiся спуджаныя конi. Падняўся гвалт, крык. Рыкалi напрывязваныя да драбiнак каровы, выскачыўшы з вазоў, ляцелi на злом галавы авечкi, плакалi, адбiўшыся ад мацярок, дзецi.

Засцiгнутыя гэтай нечаканай стралянiнай, не ведаючы, куды дзецца, людзi пачалi варочацца дадому – найболей з малымi дзецьмi i старыя.

А маладзейшых страх гнаў далей, у гэтую невядомую прорву свету: гаварылi ўсе, што немцы гвалцяць дзяўчат, адразаюць iм грудзi.

Выбраўшыся з лесу i апярэджваючы адзiн аднаго, бежанцы ехалi полем, дратуючы няспелы, яшчэ сiвы авёс, лапушыстыя картоплi i белую, звiнючую ад пчол грэчку. Над дарогаю вiсеў, асядаючы ў збожжы, едкi, сухi пыл.

Быў канец жнiўня – стаяла пякучая, астатняя перад восенню гарачыня. Не ўставала, падбiўшыся хадою, быдла. Дух забiваў саладжавы смурод. Яго нясло ад спруцянелай, раздутай, як горы, скацiны. Яе нiхто не закопваў. Укiнуўся мор, памiралi людзi – пры дарогах аставалiся свежыя капцы магiлак з тонкiмi, высечанымi наспех сырымi крыжыкамi. Змучаныя, знэнджаныя дарогаю людзi сцякалiся ў Мiнск – тут iх ужо садзiлi на поезд. У вагоне i разрашылася Iмполева мацi – нарадзiўся Платон, старэйшы Iмполеў брат.

Бежанцаў прывязлi за Самару, у нейкi чужы, якога яны дагэтуль не чулi, горад Бугуруслан. Усё там было нязвыклае – людзi, iхняя гутарка i нават адзежа: кабеты насiлi сплеценыя ў поясе з доўгiх, у розны колер, аборак спаднiцы.

Iмполеў бацька рабiў на чыгунцы, «лячыў», перавязваючы дротам, старыя, патрэсканыя шпалы. Новых не хватала – iшла вайна, потым пачалася рэвалюцыя. Iмполеў бацька ўсё гэтаксама «лячыў» шпалы – чыгунка патрэбна была ўсiм.

Тут, якраз у гэту калатэчу, i знайшоўся Iмполь. Праз год-два ўсё ўляглося, але настаў голад. Дажджу не было з самае вясны. Першы раз захмурылася на Iлью, але дождж толькi папырскаў зямлю, запахла горкiм пылам, як пахне жалеза, i з хмары пасыпалiся чэрвi – сiвыя, з чорнымi галоўкамi, валаснi. Яны кiшэлi, скручваючыся ў клубок i прытка паднiмаючы свае чорныя галоўкi.

Трэскалася зямля – уваткнеш у шчылiну кiёк, i ён iдзе – як на той свет. На дрэвах, скручваючыся ў трубку, сохла зялёнае лiсце. Як у напаленай печы, яно не паспявала зжоўкнуць.

Бежанцы хлынулi назад, дадому – у той год якраз скончылася вайна i каля Мiнска ўстала новая гранiца.

Iмполю быдта ў сне помнiцца вагон, шырокiя дашчаныя нары – iхняя сям’я варочалася дадому. Яму тады браўся трэцi год. Далей ужо ведаў з таго, што расказвала мацi, калi ён падрос.

Ехалi доўга – поезд гадзiнамi стаяў сярод поля з чорнымi, выгаранымi адхонамi каля чыгункi, там, дзе на сухую, як порах, траву ўпала з паравоза iскра. У жаўтаватым высокiм дыме, нiбы ў хмарах, хавалася слепаватае сонца – гарэлi лясы. Расцягнуўшыся бясконцым шнуром, ляцела чырвоная кабылка – саранча.

З вагонаў на доўгiх, мусiць, знарок зробленых дзеля гэтага, насiлках выносiлi нябожчыкаў – бежанцы пухлi i памiралi ад голаду.

Перад самаю гранiцаю, ужо ў Мiнску, вынеслi з поезда Iмполевага бацьку – ён захварэў на гiшпанку, у яго была гарачка.

Ужо адсюль, з Польшчы, мацi падавала на розыск. З-за гранiцы ў Дубатоўкi прыходзiла папера, што весцяў пра бацьку няма. Але ёй не верылася. Завязаўшы ў белую, выцвiлую хустку паўкапы яец, яна хадзiла за блiзкi свет у нейкую вёску да варажбiткi, i колькi тая нi варажыла – каля чырвонага караля заўсёды стаяла чорная карта – смерць.

Бацька так i не знайшоўся.

Мацi, выплакаўшы сваё гора, асталася з iмi двума.

Але адною бяда не ходзiць: старэйшы бацькаў брат не аддаваў зямлю – ён з бацькам быў не аднае мацеры. Толькi пасталеўшы, Iмполь разабраўся, што да чаго. Iмполеў дзед быў прымак – прыйшоў ён у Дубатоўкi на чужое. Кiнуўшы пры грудзях дзiця, без пары памерла першая дзедава жонка – жанiўся ён другi раз, браў таксама ўдаву. Ад яе i быў Iмполеў бацька. Права на спадчыну ён не меў.

Мацi, выбiўшыся са здароўя, усё ж адсудзiла два гектары нiшчымнага пяску.

Але хiба з iх пражывеш? I мацi хадзiла прызарабляць – летам жала ў асаднiка-ўдаўца, што мо знарок наймаў збедаваную па мужчыну маладзiцу, восенню бегала ў сушню, што была пры тартаку ў мястэчку, лупiць машынкаю яблыкi i выкручваць з iх костачкi. З сушнi варочалася, прыносячы карове поўную радзюжку гэтых лупiн, карычневых костачак i гнiлых, мяккiх, як порхаўкi, яблыкаў з драбнюткiмi бародаўкамi сiвое плеснi.

Аднае ночы, перад усiмi святымi, ужо маразы бралiся, яе нехта пераняў каля рэчкi на балотцы, выскачыўшы з сiняватай ад месяца смугi, з-за голых вербаў. Абамлеўшы ад страху, яна кiнулася на другi бок, на гразкае, што блiскала iнеем, балота, уляцела ў крынiчныя лёхi – выкупаўшыся па пахi, ледзьве выбралася адтуль.

Вярнулася дахаты, калоцячыся ад холаду i страху. Расказвала i плакала.

Да мацеры прыкiнулася нейкая абложная хвароба. I яна ўжо не ачуняла. Губы ў яе пасiнелi, яна звяла i была лёгкаю, як дзiця, калi Iмполь памагаў ёй легчы вышэй на падушку. На трэцiм тыднi, неяк у нядзелю, калi ёй трохi адпусцiла, яна папрасiла прынесцi пад голаў сена; покуль Iмполь вярнуўся з гумна – мацi ўжо нерухома ляжала, гледзячы недзе ў столь; на жаўтлявай шчацэ стыла, выкацiўшыся, сляза. Iмполь, схаладзеўшы ад страху, пачаў тузаць мацi, а потым нема заенчыў, але яна ўжо не чула…

Яны асталiся ўдвух – Iмполю iшоў трынаццаты, Платону – васемнаццаты год. Платон ужо хадзiў на работу – грузiў на чыгуначнай станцыi папяроўку – караткаватыя, на паўтара метра, яловыя круглякi. Ён уружыўся пiць i разбэсцiўся саўсiм. Прыходзiў дадому п’яны i соваўся да Iмполя бiцца. Iмполь перабыў зiму дома, а вясною перад Юр’ем да iх прыехаў багатыр Радзюк, што купiў у Вясёлым Двары, ужо растрэсеным панскiм маёнтку, дваццаць гектараў зямлi, згоджваць Iмполя ў пастухi.

«Што тут будзеш вошай кармiць, – сказаў Платон, якi збiраўся жанiцца i хацеў выправiць з хаты меншага брата. – Iдзi, людзi хоць абмыюць ды адзенуць».

Iмполь, не хочучы, згадзiўся. Пасвiў пяцёра чужых кароў, а прыгнаўшы на полудзень – бегаў iрваць свiнням свiрэпу. Дыхнуць Радзюк не даваў.

На другi год Платон ажанiўся, узяў старэйшую за сябе, худую, з тонкiмi жылаватымi рукамi i вострым, як цвiчок, носам дзеўку – пагнаўся на пасаг. Знайшлося дзiця, там у Дубатоўках была другая сям’я – Iмполя цяпер дадому не цягнула.

Радзюк, апытаўшы новага пастуха, пакiнуў Iмполя за парабка.

Радзюкоў сын, хворы на сухоты Ладак, рабiць нiчога не мог. Трымаў усю гаспадарку Iмполь, памагала яму хiба толькi Радзюкова нявестка – круглая, як бонда, бялявая, заўсёды расхрыстаная i з босымi, ад снегу да снегу, пляскатымi нагамi Ваця. Дужая, спраўная да работы, яна нiколi не хварэла.

З кожным годам сталеючы, Iмполь неяк i панаравiў яе. Да маладых дзяўчат яго не цягнула: саромеўся каму-небудзь сказаць, што падабалiся маладзiцы, налiтыя сокам, шырокiя ў крыжах, тыя, што ўжо радзiлi дзяцей i ведалi смак мужчыны. Ён, як ад салодкага чаду, п’янеў, няўзнак цiкуючы, калi Ваця раздзявалася, астаючыся ў караткаватай, без рукавоў, палатнянай сарочцы, калi яна нязграбна сядзела i было вiдаць яе белае, тоўстае, як бручка, калена.

А раз нават снiлася яму тое, пра што ён думаў, гледзячы на яе.

Снiцца яна пачала пасля таго, як вадзiлi мыць авечак. Узяўшыся за тоўсты закручаны рог, Ваця выцягнула з хлява чорнага з шырокаю, як лава, спiною барана, што раскарачыўся i, упiраючыся нагамi, нiяк не хацеў iсцi на двор. Потым адною рукою схапiла за абедзве столкi спаднiцу, падцягнула высока ўгору, перакiнула нагу цераз барана i паехала на iм, свецячы белаю мякаццю сытых сцёгнаў. Баран, угiнаючыся i круцячы галавою, ляцеў што ёсць моцы. Iмполь, каб не астацца, стаў падганяць трапятлiвую авечку. Уперадзе ўсё бялела гэтая мякаць сытых сцёгнаў i стаяў рогат:

– Ха-ха!.. Во нясе, во дужы!

Яна паднiмала, выцягваючы, ногi, каб не датыкацца iмi да зямлi. Баран угiнаўся, але бег, хiстаючыся пад цяжарам яе гладкага маладога цела.

– Ха-ха… – яна азiралася, трасучы галавою, каб адкiнуць з вачэй кароткiя, падстрыжаныя нiжэй вуха валасы, з якiх, мусiць, вывалiлася шпiлька.

З грудка спускалася пад рэчку на балотца, дзе на маладой, засыпанай вербнымi таўкачыкамi траве ў некалькi радоў сохла там-сям скручанае ветрам палатно. Бабы, што сядзелi тут са сваёю работаю, найболей з шытвом, чакаючы, покуль палатно не высахне, каб сцягнуць у гармонiк i зноў утаптаць у рэчку, убачыўшы Вацю, пачыналi гукаць:

– Ваця, вышай паднiмi спаднiцу, вышай, а то, дальбуг, нiчога не вiдаць!

– А каб вам засляпiла, як вы ўбачыце, – адбрэхвалася яна i кiравала барана да рэчкi.

Iмполь, апярэдзiўшы яе, ужо стаяў каля берага. Стромаю сцежкаю Ваця спускалася да зялёнага, аблепленага бадзягай карча. Злазiла з барана i, трымаючы яго за рогi, скакала ў ваду, крыкнуўшы ад холаду i жаху.

Кругом яе белых, кароткiх у вадзе ног, падняўшыся сухiм пухiром, плавала спаднiца. Баран, блiскаючы чорна-лiловым вокам на ваду, круцiў галавою i, адступаючыся назад, жалосна бляяў. Яна што было моцы тузанула яго за рогi, i ён, высока падскочыўшы, плюхнуўся ў рэчку, апырскваючы Вацi твар i грудзi. Яна, зноў усеўшыся яму на спiну i ўтапiўшы аж па самае горла, пачынала яго мыць – скубла i аджымала жменяю паскручваную ў струкi воўну. Нарэшце, скупануўшы ў глыбшым, выганяла на бераг, папiхаючы яго за худы ад мокрае, злiплае воўны азадак. Баран, выскачыўшы з рэчкi i цвёрда паставiўшы растапыраныя ногi, абтрасаўся, густа пырскаў кругом сябе вадою.

Iмполь, трымаючы за воўну, падводзiў на край берага спуджаную, што дрыжала, iрвучыся з рук, авечку.

Ваця, гэтаксама пагушкаўшы ў вадзе, памыла яе i выгнала на бераг. Ссунуўшы локцем з вачэй рассыпаныя валасы, падала Iмполю руку:

– Памажы, Iмполька, дальбуг, змучылася.

Ён браў Вацю за мокрую, трошкi слiзкую руку, чуючы нялёгкую вагу, памагаў вылезцi з рэчкi. Мокрая паркалёвая спаднiца гладка абцягвала яе ногi. Яна, адвярнуўшыся спiною, збiрала ў вузел перад спаднiцы, выкручвала на калене. Ён, нават не гледзячы ў яе бок, бачыў тыя гладкiя белыя сцёгны. I нешта дурное з’юшчвала яго азiрнуцца, але брыдкасць i сорам не давалi.

А яна, як ведала, што яго разбiрае гэтая дурнаватая салодкая сiла, знарок дзеразавалася з iм, зманвалася, украдкам заглядваючы яму ў вочы, калi яны часам аставалiся адны ў гумне цi даставалi з ямы картоплi – у Радзюка iх аж да новых, – i ён падаваў ёй кошык, зiркаючы на гэтыя белыя кароткiя ногi.

Свайго мужыка, худога, з паўпадалымi шчокамi Ладака, што хадзiў, як сугнет, i заўсёды не голены, з рыжаю, чырванаватаю шчацiнаю, яна, пэўна, не любiла. Iшла пагалоска, што некалi дзеўкаю Ваця круцiлася з хлопцамi, скiнула дзiця i ўжо не спадзявалася на лепшага кавалера, а Ладак быў багаты… Звыкшыся, мусiць, i жыла. Знайшлiся дзецi – усё дзяўчаткi – гэткiя даўгавiдыя, непрыгожыя, як бацька, i гэткiя нездароўчыя.

Як чуючы што, на нявестку скоса паглядалi старыя Радзюкi – вельмi ўжо свякроў: яе ад злосцi аж гнула ў крук. Звесiўшы доўгiя, паскручваныя ў пальцах рукi, яна хадзiла ў сваёй жоўтай, мусiць, падпаленай на гарачым чаране, камiзэльцы i, парадкуючы ўсё, крычала: «Вот не дагледзь, i не так зробяць». Унаравiць ёй было цяжка: ступiў не так – бяда, недаступiў – яшчэ горш.

Старыя Радзюкi не любiлi нявестку ад зайздрасцi, што яна здароўчая, дужая, непераборлiвая да яды, што на яе i зносу не будзе, i яшчэ больш шкадавалi свайго хворага на сухоты сына, чуючы яго блiзкi канец. Душылiся ад злосцi, ведаючы, што i iм бог адпусцiў няшмат дзён i ўсё тое, што збiралася па саломiнцы, усё багацце, зямля, якую купiў стары Радзюк, прарабiўшы пяць гадоў у капальнях у Францыi i пакiнуўшы там здароўе, увесь iхнi труд астанецца, лiчы, гэтай сытай, што толькi, мусiць, дбае пра сябе, маладзiцы i яна будзе толькi займаць мужчын.

– Гультай, несусветны гультай – таму i мяса на сцёгнах столькi нарасло, – пад’юшчвала сына свякроў.

А сын – худы, з паўпадалымi шчокамi Ладак – маўчаў. Ён ужо не толькi бiцца, але звязаць воза, уцiснуць рубля не мог – яго мучыла задышка. Усю цяжэйшую работу рабiў Iмполь. Астатнi год ён стаў выглядаць на мужчыну – зраслiся яго чорныя бровы, верхняя губа, раздвоены падбародак i шчокi каля вушэй засiнелi ад густой шчацiны, не сходзiлiся ўжо на карку неданошаныя Радзюком рубашкi, патаўсцелi, зрабiлiся шырокiя, як карчы, яго рукi. I Ваця ўчула свежую моц маладога грыбка, што, падняўшы кастрыцу, вылез на самай дарозе, – i ёй захацелася сарваць яго, як iрвуць гэты малады, цвёрды грыбок, а ў душы недзе трапечацца аж да бяспамяцтва радасць.

У той год рана жалi авёс, яшчэ стаяла звялая, сухая гарачыня. Iмполь прынёс на поле збанок свежае вады i пад пахаю пук скручаных з жытняе саломы i змочаных у вадзе перавяслаў. Ваця была ў гэтай самай караткаватай, без рукавоў, з шырокiм выразам на грудзях, палатнянай сарочцы – млела ад гарачынi. Яна разагнулася, палажыла на жменю серп, узяла збан i, разлiваючы сабе на загарэлую шыю ваду, пачала пiць – вада лiлася ў шырокi разрэз сарочкi, недзе вострым холадам бегла ў ямку мiж грудзей. Iмполь глядзеў на рудаватыя валаскi пад белымi пахамi… I нейкай жаночай цеплатою, распараным малаком дыхнула на яго ад гэтых грудзей, мяккiх белых рук. Нейкая салодкая гарачыня аблiла яго. Ваця села на выцвiлую радзюжку, што была разаслана тут, у разоры, каля аўсяных кароткiх снапоў, i ўзяла яго за руку, цягнучы да сябе. Галава яе хiлiлася на адзежу, якую яна кiнула, распранаючыся, калi прыйшла зажынаць загон.

– Сядзь, аддыхнi, Iмполь… – вочы ў яе зажмурылiся не то ад сораму, не то ад сонца.

I ён, трымаючы мяккую самлелую руку, пачуў, што яго калоцiць, як ад холаду, ад нейкага звар’яцелага страху…

Ён счах, апомнiўся першым. Перад вачыма ў яго раптам паяснеў свет, як паяснее, ачысцiцца ён, калi пройдзе навальнiца.

– Ой, божа, якое ты яшчэ дзiця, – сказала яна з нейкай пякучаю крыўдай. Голас у яе як асiп – ёй, мусiць, сушыла ў роце. Яна адвярнулася, закрываючы локцямi твар.

Недзе блiзка, з’язджаючы з дарогi на поле, ляскаталi калёсы.

– Едуць!.. – сказаў ён, адчуваючы брыдкасць перад ёю, перад самiм сабою, што зрабiлася з iм. Падняўшыся, убачыў, што да жытнiх пашаркаў ехаў стары Радзюк – была вiдаць яго палатняная, рудая, забруджаная сарочка i чорная, з кароткiм лакiраваным брыльком, яшчэ царская шапка. Радзюк пад’ехаў да мэндляў i, злазячы з воза, гукнуў:

– Iмполь, iдзi сюды! Iмполь…

– Клiча ж во, iдзi, – Ваця спешна абцягнула караткаватую сарочку i села, паставiўшы на каленi палiваны збан.

Iмполь пайшоў, слухаючы, як шастае, трашчыць жоўтае аўсянiшча; за iм ужо было жытняе, зеленаватае ад маладое сырадэлi ржышча.

Падыходзячы да воза, азiрнуўся: з другога боку поля, карычняватаю ад пераспелага быльнiку мяжою, сюды iшоў Ладак. У Iмполя ад брыдкасцi, ад страху нешта адарвалася ў грудзях – падумаў, што гэты з мяжы, з грудка, пэўна бачыў усё. Ваця жала авёс – сагнуўшыся, махала локцем, потым нясла, прытрымлiваючы сярпом, i клала «жменю.

– Чаго стаiш, скiдай рубаль! – стары асцярожна сцягнуў з дзесяткi лёгкую растапыраную «шапку» i панёс да воза.

Ладак, злы, раз’юшаны, падышоў да каня, тузануў за цуглi, адрываючы ад сiвенькае маладое сырадэлi, што ўжо рэдзенькiмi калiвамi паднiмалася з iржышча.

– Здыхата на цябе – не наеўся!

Стары скоса зiрнуў на сына, але нiчога не сказаў, палез на воз укладваць снапы.

Ладак памахаў кулаком, але не выцяў каня, мусiць, пашкадаваў.

Носячы шапаткiя, з сухiмi каласамi, снапы, Iмполь стрэўся вачыма з Ладакам – i адвёў свае: яму здалося, што гэтыя паўпаданыя i пустыя, як у старых, вочы, мусiць, бачаць усё.

I Ладак, вядома, бачыў, як жонка занадта лагодна ходзiць каля Iмполя, як падае яму есцi, як сцеле пасцель, чуў, як яна рагоча, астаўшыся з iм самнасам у прычыненых сенях, як чэпiцца да яго i строiць нейкiя жартачкi. Але ён маўчаў, покуль аднойчы не напiўся, покуль не асмялеў, здурнелы ад гарэлкi.

Было гэта на Ларывона, на свята коней, што прыпадае ўвосень. Ён вярнуўся з кiрмашу з вянком абаранкаў на шыi, распрог каня, але вёў яго ўжо не ў хлеў, а ў хату – тут якраз сядзелi Ваця з Iмполем.

– Ах, божачка, ды што ж гэта ён робiць?! – яна пляснула рукамi, убачыўшы ў адчыненых сенях белую конскую галаву. – Здурэў чалавек.

Ён пераступiў парог, трымаючы адною рукою каня, другою здымаючы з шыi абаранкi.

– Ужо залiў сабе вочы, – яна паднялася з лавы i, злая, пайшла да парога. – Куды ж гэта каня вядзеш? Засляпiла, цi што? – яна турзанула яго за руку, каб адарваць ад конскае грывы.

Ён кiнуў аж адтуль, ад парога, мецячы на стол, вянок абаранкаў, але недакiнуў – храснуўшыся аб падлогу i б’ючыся на кавалачкi, абаранкi паляцелi пад стол. I цяпер толькi, мусiць, убачыў Iмполя. Доўга думаў, што да чаго, i нарэшце змiкiцiў, што яна тут з iм.

– Пусцi, кажу, каня, – Ваця, ужо чырванеючы ад натугi, вырывала ў яго з рук павады.

– Не руш, – сказаў ён цвёрда, i раптам яго худы, з паўпаданымi шчокамi твар перакасiўся. – Адыдзiся, гавару! – Ён растапыранаю рукою пхнуў яе ў грудзi.

– Ды што ж гэта з iм? – азiрнулася яна на Iмполя, абапёршыся аб вушак, каб не ўпасцi.

– Яна пытае што?! Што?.. А ты думаеш, я не бачу, што з iм скруцiлася? Не бачу, га?! – ён скрыгануў зубамi, раптам зняўшы руку з канёвае грывы; конь адвярнуў галаву, грукаючы i круцячыся там, у незачыненых сенях, каб выйсцi на двор.

– Я з iм буду жыць, з iм, – махнуў Ладак галавою на адчыненыя i з хаты, i з надворка сенi – каня ўжо там не было. – Скацiна не прадасць…

– Ды i праўда, то ўжо лепш са скацiнай, – яна выпрасталася, адступаючы да акна, да палiцы, дзе вiселi драўляныя счарнелыя лыжкi, – чым во з такiм слiнкатым страшыдлам.

– А чаго iшла? Чаго? На дабро пагналася? Думаеш, я не знаю, што чакаеш мае смерцi. Але не дачакаешся. Я цябе першаю… Першаю на той свет заганю, – ён схапiў яе за белую батыставую блузку з круглаю фаралiнаю i банцiкам i турзануў да сябе.

– Пусцi, злыдух, пусцi, кажу, – яна хацела адапхнуць яго ў грудзi, але не здужала. Ён яшчэ прутка стаяў на нагах. Рука яго за спiною абмацвала чорны прыпек з чырвонаю сточанаю цэглаю, на якой вастрылi нож. Там ён i ляжаў – тонкi, шчарбаты, з драўлянымi тронкамi. Ладак яго згледзеў раней.

– Iмполька, ратуй, Iмполька! – збялеўшы, закрычала Ваця, ловячы Ладакаву руку з гэтым шчарбатым зрэзаным нажом.

Iмполя працяў гэты прыдушаны, самлелы ад страху крык i запёкся нейкаю злосцю ў грудзях. Ён абедзвюма рукамi пхнуў ад сябе стол i, прыгнуўшыся, сiгануў туды, да печы. Ладак, пусцiўшы жонку, неяк перагнуўся трохi назад, адставiў адну руку, а другую высока падняў над галавою – вострым халадком блiшчаў у ёй тонкi вышчарблены нож.

Зiрнуўшы ў мiг вока на гэты нож, Iмполь учуў, як каля сэрца перавярнуўся страх. Не падступаючы блiжай, з усяе моцы цяў нагою Ладаку нiжэй жывата – Ладак застагнаў, нiбы мучачыся ў цяжкiм сне, скурчыўся ад болю i задам паехаў у памялешнiк – на яго пасыпалiся вiлы i качэргi.

Iмполь пашукаў вачыма, каб што схапiць у руку, убачыўшы на лаве каля печы пусты чыгун, узяў яго за шурпаты бераг.

– А Iмполька, а божа мой, перахрысцiся – заб’еш, – Ваця падскочыла да яго i абвiла накрыж рукамi, прыцiснуўшыся мякаццю сваiх грудзей, дыхнуўшы той самаю знаёмаю, як каля аўсяных снапоў, цеплатою.

Iмполь бачыў, як з памялешнiка выграбся спацелы, распараны, з прылiплымi да лысiны мокрымi валасамi Ладак – на сiняватых губах нiткаю накарэла, запяклася слiна.

Iмполь, не выпускаючы з самлелае рукi чыгун, крутнуў плячыма Вацю, але не скiнуў – недзе ў яго за спiною кляшчом сашчамiлiся яе рукi.

– Пусцi, – крыкнуў ён, бачачы, як да iх, сагнуўшыся, трымаючы ў руцэ той самы шчарбаты нож, падступаецца Ладак. – Пусцi. – Iмполь павярнуў плячом, каб як выслабадзiць руку. Але размахнуцца ён ужо добра не мог i неяк наводмаш пусцiў гэты цяжкi чорны чыгун. Глуха зазвiнеўшы, чыгун гахнуўся аб сцяну каля печы i разляцеўся ў памялешнiку на вострыя зломкi.

Ладак, прыскалiўшы вока i перакасiўшы рот, ступiў яшчэ крок. Iмполь толькi паспеў адхiлiць Вацю – i тонкi шчарбаты нож упiўся, аж нешта там заскрыпела, Iмполю ў левае плячо, выгнуўся дугою, тоненька зазвiнеўшы, як звiнiць сагнутая пiла, луснуў напалам.

Ваця расшчапiла ў Iмполя за спiною рукi, падняла iх, заенчыла:

– Людзi, ратуйце, а божа мой, – i, спатыкнуўшыся на парозе, наляцела ў сенi. Закрычала, ужо зноў, на вулiцы.

Ладак захроп, як храпе япрук, калi яму ўваб’юць швайку, i замахаў гэтым зломкам нажа. Iмполь злавiў яго руку i, узяўшы яшчэ Ладака за горла i чуючы пад пальцамi цвёрды кадык, на якiм слiзгала калючая ад шчацiны скура, пхнуў ад сябе. Ладак цяўся галавою аб кант лавы, нiцма паляцеў на падлогу. Плюхнуўшы вадою, на лаве зазвiнела вядро.

– Ты гэта за што, га? – з сяней высунуўся стары Радзюк, загроб рукамi ў памялешнiку, каб выбраць якi млён.

Пераскокваючы цераз Ладака i збiваючы з ног старога Радзюка, Iмполь выскачыў у сенi, адтуль ужо на двор. Над галавою зафуркала кароткае тоўстае палена, трэснула ў перастоены яловы плот. Апомнiўшыся, кiдаў, пэўна, стары Радзюк, але Iмполь не азiраўся. Пхнуў, аж закалываўся гнiлы слупок, веснiкi i выйшаў на вулiцу.

– Iмполь, Iмполь, пачакай, – задыханая, з чужога надворка бегла Ваця. Iмполь абярнуўся – там стаялi купкаю бабы, мусiць, збеглiся паглядзець на чужое дзiва. I яму зрабiлася брыдка i за цяперашнюю бiтву з Ладакам, i за тое здарэнне на полi каля аўсяных снапоў, што ён, як злодзей, крадзе чужое i ўсе бачаць.

Ваця даганяла яго, дыхала недзе збоку:

– Ой, у цябе кроў! Няхай крые бог, як ён цябе пабiў. Во кроў.

Iмполь пацягнуў рукою па падбародку i ўчуў, як лiпнуць пальцы. Пякла рассаджаная зломкам нажа рана. Шчымела, аблiваючыся гарачынёю, плячо, дзеравянела ўся рука.

– Дык куды ж ты, Iмполь? – спытала яна, не паспяваючы за iм.

Ён маўчаў – не хацелася гаварыць, было брыдка перад ёю, перад самiм сабою, перад цэлым светам. Ён прыбавiў крок i ўчуў, як сцiхае шоргат яе босых па пяску ног.

Iмполь вярнуўся ў Дубатоўкi, а ўслед за iм, вырасшы з казла на быка, прыпаўзла чутка: гаварыла вёска, што, сышоўшыся з Вацяю, ён хацеў забiць Радзюковага сына Ладака. Iмполь не паказваўся на чужыя вочы, сядзеў удома, покуль не загаiлася, зацягнуўшыся маладою ружоваю скураю, рана на плячы i не звалiўся, пакiнуўшы на барадзе косую нарасць, карычняваты струп.

Акрыяўшы, Iмполь хадзiў у мястэчка шукаць падзённую работу: наймаўся да яўрэяў рэзаць i калоць дровы. Вацю з таго дня не бачыў, але яна ўсё стаяла ў вачах, з памяцi не сходзiлi i тая разора, i аўсяныя снапы.

Да Радзюкоў спаганяць плату не пайшоў, падмовiў Платона: не хацелася страчацца з Ладакам – не счахла яшчэ злосць, хоць неяк i шкада было яго, хворага, i брыдка, што вiнаваты перад iм. I Iмполь нiяк не мог разабрацца, чаму ў жыццi ўсё гэтак зблыталася, сплялося, зашмаргнулася, як у збэрсаным матку нiтак.

Вацю ён стрэцiў на другi год увесну, калi рабiў на шашы – брукаром. Неяк i дзень яму запомнiўся той – сухi, ветраны. У канаве, прабiўшыся праз сухi леташнi бруд, трапяталася вострая маладая трава. Вецер падварушваў сатлелае леташняе лiсце i сцiшна шумеў у сухiм палыне i счарнелым пры сцежцы быльнiку. У сiнюткiм, здаецца, настылым ад холаду небе дрыжаў жаваранак.

Iмполь якраз палуднаваў разам з усiмi, седзячы на ўтоптанай сцежцы, што бегла на другi бок канавы каля шашы. Фурман, малады хлопец, пад’ехаўшы да таго месца, дзе стаяў белы калочак з нацягнутаю вяровачкай, дзе канчаўся акуратна падагнаны, утрамбаваны брук, зняў з воза закарэлую сухiм гноем дранiцу i пачаў скiдаць на жоўты пясок каменнi – яны востра цюкалi адзiн аб адзiн. Iмполь бачыў, як нейкая маладзiца ў чорным плюшавым палiто, суконнай хустцы з кутасамi старалася абысцi фурманку, асцярожна пераступала цераз вяровачку, нацягнутую на калочкi. I зiркнула на брукароў – цi не крычаць яны. Iмполь убачыў бялявы твар i задыхнуўся ад раптоўнае гарачынi – пазнаў Вацю.

Нiжэйшаю, чужою здалася яна цяпер.

– Ваця! – паднiмаючыся з зямлi, паклiкаў ён. Яна збiлася з хады, прыпынiлася на мiг, як прыпынiцца чалавек, калi раптам стрэлiць пярун.

– Ваця! – гукнуў ён яшчэ раз, не верачы ўжо, што гэта яна.

Кабета спынiлася, неяк спiною адчуваючы, што клiчуць яе, i цяжка, у гэтай суконнай хустцы, абярнулася.

– Ах, божа, Iмполь! – сказала яна, расслабляючы пад падбародкам хустку.

Чырвань залiла ёй шчокi, i сполах, перамешаны з радасцю, затрапятаўся на твары.

– Куды ты выправiлася?

– У мястэчка, у аптэку iду, – губы ў яе перасохлi, на iх, як на звялым яблыку, сцягнулася скура. – Ладак злёг – другi ўжо месяц не ўстае з пасцелi. – Гэтыя сухiя, звялыя губы яе задрыжалi. Яна знайшла ў закарвашы хустачку з малiнавым беражком i выцерла вочы.

– А ты як? – спытаўся ён.

– А што я – старэю, – усмiхнулася яна пачырванелымi не то ад ветру, не то ад плачу вачмi, яшчэ болып пабрыдчэла.

Яму падумалася, што летась, каля аўсяных снапоў, яна была другою – харашэйшаю.

– Сам мо ажанiўся цi гэткiм дзiцем астаўся? – апусцiўшы галаву i краем вока цiкуючы на яго, спытала яна.

– Не, дзе там… Вось шашу брукую… Швэндаюся па свеце.

– Чаго ж так?

Яна падцяла сухiя, звялыя губы i павярнулася да яго спiною, мусiць, чуючы, што ён глядзiць услед. I яму зрабiлася шкода яе, i брала дзiва, што ён наравiў яе некалi.

Пасля гэтага ў яго памяцi стаялi яны дзве – дужая, маладая целам там, на аўсянiшчы, i другая – пабрыдчэлая, чужая, якую ён стрэў тут, на шашы.

Гэтакаю дваякаю яна помнiлася i цяпер, калi ён са старым Ладзiмерам, з якiм сышоўся, брукуючы шашу, наняўся да Алесi малацiць.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации