Текст книги "Чужая бацькаўшчына"
Автор книги: Вячаслаў Адамчык
Жанр: Литература 20 века, Классика
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 4 (всего у книги 25 страниц) [доступный отрывок для чтения: 8 страниц]
VI
Нанач выяснiлася неба. Халоднымi, ледзянымi iскрамi мiгцелi, пырскалi першыя зоркi. Замаразак сцягваў перакрыжаванымi iголкамi тонкага лядку плыткiя лужыны, падсушваў i каваў зямлю.
Лёгкаю была сцежка. На грывах рудаватай травы, на стрэхах з карычняватым мохам, на счарнелым, пазганяным да плота лiсцi шэрх сiвы мароз. Качанелi пруткiя дрэвы з натапыраным вострым галлём. Стаяў сiнi, працяты холадам вечар.
Корсакi першымi запалiлi лямпу, i тонкi, нашэрхлы на вокнах лёд знадворку, напроцi агню, пералiваўся залацiстай слюдою.
Выцягваючы шыю i зазiраючы ў хату паверх гэтай жоўтай блiшчастай намаразi, Бронiк Лiтавар прайшоў цвёрдым, як ток, надворкам i адчынiў дзверы ў цёмную прорву сяней.
– Ой, хтотака? – азвалася з цемнаты Хрысця.
– Не бойся, гэта я, – сказаў Лiтавар i, распасцёршы рукi, пачаў шукаць яе ў сляпой цемнаце. Жоўтаю палосаю толькi свяцiлася ў непрычыненых дзвярах тонкая шчылiна.
– Цьфу, каб на цябе, – перапалохаў, – загаварыла яна недзе саўсiм блiзка, i рукi яго злавiлi яе, цёплую, у лёгкай паркалёвай блузцы.
– Ой, не чапайся, – яна пачала разрываць яго сашчэмленыя рукi.
– Мякенькая, дальбог, як булка, – зарагатаў ён, знайшоўшы i сцiснуўшы яе за мяккiя купiнкi грудзей.
– Чад, каб ты выкацiўся! Пусцi! – закрычала яна, пхнуўшы плячмi Лiтавара на дзверы. Тыя грукнулi жалезнаю клямкаю аб прабой.
– Што гэта там робiцца? – спытаў з хаты, з-за дзвярэй, стары Корсак i адчынiў iх.
– Во, прычапiўся… – Хрысця схавалася далей у цемнату.
Корсак, жмурачыся, паўзiраўся на Лiтавара, адняў ад клямкi руку, каб пусцiць яго ў хату, i сказаў да Хрысцi:
– А ты чаго зачыняешся?
– Гэта ж дзверы самi, – сказала яна, несучы перад сабою ў хату вялiкi чыгун.
Лiтавар, у карычневай доўгай бурцы з башлыком на зялёнай сацiнавай падшэўцы, у валёнках з новымi блiшчастымi галёшамi, пайшоў на сярэдзiну хаты, заглянуў за плiту.
– Ты, мусiць, шукаеш Мiцю? – дагадаўся стары Корсак.
– Ага… Дзе ж та ён?
– Недзе, пэўна, да Алесi пайшоў. А ты гэта куды выправiўся?
– На начлег збiраюся, дзядзька. Можа, Мiця паехаў бы разам?
– Зноў на лезнявiцкае жыта? – Корсак задам адступiўся да лавы, узяўся за край абедзвюма рукамi i сеў. – Ой, глядзiце, хлопцы.
У Лезнявiчах, што былi вярсты за тры на ўсход сонца ад Верасава, яшчэ не скасавалi шнуры, вялiкi палетак жыта межаваў з верасаўскiмi дзялкамi, i на яго верасаўскiя дзецi пускалi ўкрадкам свае авечкi, а мужчыны вадзiлi на начлег коней.
Летась лезнявiцкi паплаўнiчы, якога агулам наймала вёска пiльнаваць поле, абязвечыў верасаўскага пастушка: секануў цераз галаву бiзуном i выбiў вока. Пасля гэтага верасаўцы асцерагалiся паплаўнiчага. Але ўвосень, калi на лезнявiцкiм полi паднiмалася рунь, яны зноў пачыналi пускаць на яе кароў i авечак.
– Вы думаеце, паплаўнiчы наскочыць? Цi ён галавы свае не шкадуе? – спытаў Лiтавар, няўзнак зiркаючы на Хрысцю – яна мыла ў чыгуне картоплi, яе закасаныя аж да локцяў рукi зачырванелiся ад халоднае вады.
– Што мне думаць – рабеце, як самыя знаеце, але каб потым патылiцу не чухалi, – угнуўшы галаву, сказаў Корсак.
Лiтавар падышоў да дзвярэй, паставiў на парог чорны, з блiшчастым галёшам валёнак i папрасiў Хрысцю:
– Падбяжы, Хрысцечка, клiкнi Мiцю.
– Ага, схадзi, – падняў галаву Корсак.
Хрысця выцерла рукi аб шары, зношаны фартух i, расшморгваючы яго з-заду, на паяснiцы, пайшла акрывацца.
Путаючыся ў доўгай бурцы, Лiтавар выйшаў з хаты. Пастаяў на надворку, слухаючы, цi не адчыняе дзверы Хрысця, але не дачакаўся. Папхнуў веснiкi i ўжо з вулiцы ўбачыў, як каля сцяны заварушылася нешта чорнае, i дагадаўся, што гэта яна.
– Хрысця, пачакай, пойдзем разам! – крыкнуў ён, памкнуўшыся зноў на надворак.
– I адна не заблуджуся, – азвалася яна, завярнуўшы ў другi канец надворка i гiнучы ў невiдушчай, як каламутная вада, цемнаце.
У Лiтавара заварушылася злосць, што Хрысця, мусiць, не помнячы сябе, бяжыць да Алесi, каб пакруцiцца перад маладым малацьбiтом, якога ён убачыў першы раз на вячорках у Корсакаў i аж знiякавеў тады – хлопец быў высокi, харошы з твару: бралi завiдкi, што перад такiм не ўстаiць нi адна дзеўка.
Душачыся ад злосцi i зайздрасцi да гэтага новага хлопца, што ўзяўся невядома адкуль у Верасаве, Бронiк Лiтавар пасунуўся глухою вулiцай. Слепата адбiрала вочы. Жоўтаю пустатою свяцiлiся, гарэлi ў хатах вокны. У некага на надворку тупа бухалi ў зямлю – секлi дровы. Бразгалi дзверы, i нехта гаварыў у цемнаце.
На другой вулiцы, ужо недзе ў Мондрых, тонкiм маладым смехам засмяялася Хрысця.
Лiтавар, дайшоўшы да свае хаты, пастаяў каля вугла, слухаючы гэты тонкi смех, потым адчынiў цёплы парны хлеў, абмацаў на кастылi вобруць i вывеў каня. Узяўся рукою за грыву i лёг на яго жыватом, перакiдваючы ўжо на хаду нагу. Выехаў на дарогу, спынiўся каля нахiленага ад старасцi крыжа, каб прыждаць астатнiх начлежнiкаў.
За блiзкiм, вымытым паводкаю раўком у адну чарнату злiвалася вёска. Дрыжалi нiзкiя агнi ў хатах. Лiтавар узiраўся ў белую дарогу, што раставала ў цемнаце каля першых хатаў. Раптам там нехта моцна свiснуў, мусiць, заклаўшы ў рот пальцы. Заядлым брэхам зайшлася Алесiна сучачка.
– Гэ-эй-й! – крыкнуў туды Лiтавар, турзаючы за повад свайго неспакойнага, устрывожанага каня.
У чарнаце, каля першых будынкаў, заварушылася белая пляма – нехта ехаў на белым канi.
Было чуваць, як гупалi цяжкiмi падковамi па ўкамянелай зямлi капыты. Ехала чалавек пяць.
– Збiраецеся, як на заўтра, – сказаў Лiтавар, прыглядаючыся на начлежнiкаў: на белым канi ехаў нехта чужы – на галаве сядзела вялiкая, як варонiна гняздо, шапка.
«Хто ж гэта?» – падумаў Лiтавар, паварочваючы i падганяючы валёнкамi пад жывот свайго каня.
– Не цiкуй вельмi, бо не пазнаеш, – даганяючы Лiтавара, сказаў Мiця Корсак.
– Чаму? Няхай паглядзiць, – пракураным немаладым голасам азваўся чалавек у авечай шапцы. – Кажуць, купляць – не купiш, а памацаць можна.
– Гэта дзядзька Ладзiмер, што малоцiць у Алесi, – едучы поруч з Лiтаварам, сказаў Мiця.
– А я сабе думаю, у каго ж гэта, як не ў Алесi, ёсцека белы конь.
Пераехалi сухую, белаватую ў нiзкiм змроку шашу, за ёю ў белых слупках высланы дошкамi пераезд на вузкай калейцы. Тонкiм, як шкляны, гудам празвiнелi над галавою тэлефонныя правады. Перамешаная з цiшшу глухая ноч абняла начлежнiкаў. Вастраваты сiверны вецер чуўся ў полi, граў у вушах. Пахла ветранiнаю, гноем i едкiм потам ад коней. Па небе сунулiся нiзкiя, набрынялыя снегам хмары, сцiраючы, як мокрай анучай, перад сабою зоркi. На грудах, напроцi жаўтлявага каламутнага неба, чорным гарбом уставаў, падымаўся хвойнiк – яшчэ верасаўскi, – за iм ужо хавалася ў iмгле ночы лезнявiцкае поле.
Начлежнiкi ехалi цiха. Толькi фыркалi – знак, што будзе добрая дарога, – ды ўразнабой тупалi конi, часам дзе цюкнуўшы падковай аб камень. Збоку дарогi воўчым вокам блiшчала на хутары акно, прысадзiстымi копамi чарнелi гумно i хата.
Збоку белаватай, падсушанай марозам дарогi стаялi, як папы ў доўгiх расах, два ялаўцовыя кусты.
– Хлопцы, дальбуг, нехта стаiць! – не то смеючыся, не то з перапалоху паказаў рукою малады хлопец у скамечанай кепцы, што ехаў наперадзе.
– Не бойся, гэта ялавец, – азваўся нехта з начлежнiкаў.
– Здаецца, кустоў тут нiколi i не было, – паспакайнеўшы ўжо, загаварыў хлопец.
– Уночы ўсё iначай бачыш, – сказаў Алесiн малацьбiт.
Дарога разышлася вiламi: адзiн канец iх упiраўся ў хвойнiк, другi роўненька пашыўся полем.
Начлежнiкi звярнулi ў лес. Перагонамi па густых прысадзiстых хвойках хадзiў вецер, лес шумеў, як шумiць, падаючы з заставак, вада. Гэты мяккi шум лашчыў душу, але недзе за плечы краўся страх. Церлася, як хто скрыгатаў зубамi, лапа аб лапу. Лускала, нiбы ў пераспелым гаросе струкi, сухое галлё. У гушчары хвоек каламутнасцю асядаў, хаваўся, як што жывое, поцемак. Пахла зялёнаю маладою смалiною, ельнiкам, як на хаўтурах.
Конi насцярожылiся i застрыглi вушмi – яны ўжо, мусiць, чулi ваўкоў. Тут, недалёка за лезнявiцкiм жытам, у глыбокiх, пазарастаных старым ялаўцом равах, каля пясчаных выдмаў, дзе былi конскiя магiлкi, вялiся ваўкi.
Начлежнiкi спынiлiся на папярочнай дарозе, што iшла мiж верасаўскiм лесам i лезнявiцкiм полем, i пачалi саскокваць з коней.
– Ну, стой! Чаго баiшся? Тарапкi ўжо ў вачах стаяць? – злаваў нехта, прысядаючы каля пярэднiх канёвых ног, i, закруцiўшы пута, ляпаў каню па лапатцы, гнаў яго на рунь. Конь, махаючы галавою i паднiмаючы абедзве нагi разам, скакаў па рунi. Чуваць было, як правальвалася яшчэ не ўмёрзлая скарынка зямлi.
Трывожная, перамешаная з ветрам цiш ляжала над цёмным ад рунi полем. На маладым разгалiстым дубку з краю дарогi шапацела сухое, скручанае ў трубку лiсце – па iм, здавалася, як сек дробны дождж. Працiнаў холад. У жаўтаватых, разарваных хмарках за хвойнiкам задрыжала вялiкая чырванаватая зорка. Сышоўшыся ў купку, начлежнiкi маўчалi, узiралiся на коней, што, не датыкаючыся да рунi i спуджана задзiраючы галовы, задамi цiснулiся адзiн да аднаго.
– Недзе ж круцяцца тут, – сказаў Алесiн малацьбiт у авечай шапцы i, паўзiраўшыся ў шарую, нiзкую цемнату ночы, турзануў Мiцю за рукаво: – А вунь, вуньдзека яны!
– Дзе? Дзе? – задыхнулiся начлежнiкi, прыгнуўшыся i цiкуючы туды, куды паказваў Алесiн малацьбiт.
Збоку ад коней, перад грудком, варушылiся дзве калматыя плямы. Яны то злiвалiся з чарнатою рунi, то паказвалiся на белаватай каламутнасцi неба. I толькi калi выбеглi на самы грудок, было добра вiдаць, што гэта ваўкi. Iх было два – роўныя, адзiн пад аднаго. Яны беглi ўпоравень, трасучы вострымi спiнамi i порстка перабiраючы цыбатымi нагамi.
Конi, збiваючыся адзiн на аднаго, захраплi.
– Велькiя, ядры тваю палку, – густа дыхнуў Бронiк Лiтавар.
– Коньскiя, пэўна, – азваўся нехта, разгiнаючыся. Абышоўшы коней, ваўкi спынiлiся на мiг, востра блiснулi жоўтымi пякучымi вачмi i завярнулi з рунi на дарогу, што церлася каля хвойнiку. I гэтак трушком, падтрасаючы худыя азадкi, адзiн блiзка каля аднаго, як спрэжаныя, пасунулiся дарогаю, злiваючыся з хвойнiкам.
– Садзецеся, хлопцы, чаго стаяцьмем, – вясёла сказаў Алесiн малацьбiт, разагнуўшыся i падышоўшы да прысадзiстых хвоек. – Чаго ўжо цiкаваць? У iх свая дарога.
Начлежнiкi прымошчвалiся каля старога Ладзiмера, звонячы цуглямi i ломячы плячыма нiзкiя, што пазвiсалi i шоргалiся па зямлi, хваёвыя лапы. Стаяў толькi адзiн Мiця Корсак.
Белаватая ноч цiснулася да зямлi. Па хвойнiку перагонамi хадзiў вецер: шум быў мяккi, ад яго хiлiла на сон. З сiверу паўзлi, сунулiся жаўтлявыя хмары – паказвала, што пойдзе снег. Шапацела лiсце на дубку, i выдавала, што па iм сячэ дробны дождж.
– Хочаце, хлопцы, я раскажу вам пра адважнага чалавека, – затрашчаў лапкамi, сунучыся далей пад хвойку, Алесiн малацьбiт.
– Садзiся, – турзануў Мiцю Лiтавар. – Ды паслухай, во… Лезнявiчы сёння спяць. Нiхто не прыйдзе.
– Ат, пастаю, – падняў Мiця пруткi ў новым кажусе каўнер.
Лiтавар лёг на локаць i пачаў слухаць, што расказвае гэты чужы чалавек у вялiкай, як варонiна гняздо, авечай шапцы.
– Можа, хто быў у тым боку? Гэта як ехаць з Дварчан у Наваградак. Акраз праз Шайбакова. Там быў некалi татарскi двор, а потым манаполька, карчма была. Карчму трымаў Кузюк. Вядзьмар, казалi. Балаголы, што вазiлi яўрэям соль, з Дварчан у Наваградак, заязджалi да яго пагрэцца. Раз заехаў да яго дварчанскi каваль Мазура. Плячысты, вялiкi мужчына быў – у даўнейшую хату, пэўна, i не ўлез бы. Гэта ж цяпер столь пачалi рабiць вышай, а даўней i вокны меншыя пускалi, каб цяплей у хаце было.
– Ды i цяпер як у каго, – падсунуўся на локцi Бронiк Лiтавар.
– Дзiва што, – упапад яму сказаў Алесiн малацьбiт, каб не перапыняць гутаркi. – Выпiў той Мазура гарэлкi, i яна такi, мусiць, яму добра па лобе дала. Адшчыкнуў ад хлеба мякiшу, сцiснуў у жменi, паклаў абедзве рукi на стол i клiча Кузюка: «Хадзi сюды! Раз ты вядзьмар, то ўгадай, у якой руцэ хлеб». Кузюк i так i сяк адгаворваецца. «Адгадвай, бо бiць буду, – кажа Мазура. – Толькi помнi: не ўгадаеш – кварту гарэлкi паставiш». Дзе ж дзенешся, кулакi ў Мазуры былi, не раўнуючы, як карчы. Паказаў Кузюк, ды не на тую руку – не ўгадаў. Расшчамiў Мазура кулак, а мякiшу там няма.
– Такi, мусiць, i вядзьмар быў, раз не ўгадаў, – перабiў нехта Алесiнага малацьбiта.
– Ого, не быў!.. – заварушыў авечаю шапкаю малацьбiт. – Вот паслухай!.. Паставiў Кузюк яшчэ кварту гарэлкi, а што зробiш – не ўгадаў. Мазура дабавiў у чубе i паехаў дадому.
Прайшло, можа, гадоў дзесяць цi болей. Памёр той стары вядзьмар. Карчму нехта спалiў, там i знаку ўжо не асталося. Варочаўся Мазура з кiрмашу дадому. Шарэць яшчэ ў горадзе пачало. Покуль даехаў да Шайбакова – ноч нахапiлася. Цёмна – хоць на воўка ўзлезь. Пад’язджае да крыжавое дарогi, якраз там, дзе карчма была. Бачыць – нябожчык Кузюк стаiць. У Мазуры аж валасы зашавялiлiся. Ён шлёг па канi, а Кузюк уздагон, учапiўся за драбiну i бяжыць каля воза. Толькi каля першых дварчанскiх хат згiнуў… Прыехаў Мазура дадому, распрог каня, прыйшоў у хату i бачыць – за акном зноў стаiць Кузюк.
Мазура схапiў нейкi млён i за iм. Кузюк у возера, уплаў. I Мазура за iм. То пэўна ўтапiўся б, каб сын не пераняў. То мне ж сам Мазура расказваў…
Усе маўчалi. Нехта густа соп у нос.
– Можа, п’яны быў, сп’яна i падалося, – услых падумаў Бронiк Лiтавар.
– Вядома ж, не цвярозы, з кiрмашу едучы. Да п’янага больш прыстае нячыстая сiла, – падняўся на коленкi Алесiн малацьбiт.
Глухая ноч мякка асядала на зямлю. З жаўтлявага, заваленага хмарамi неба дзьмуў сiберны вецер. На прысадзiстым дубку шапацела, як шапацiць, блiзячыся, дождж, i дрыжала цвёрдае лiсце. У густым шуме лесу востра лускала сухое галлё.
Начлежнiкi паднялi галовы, настаўляючы вушы ў той бок, дзе быў чуваць гэты сухi нудны скрып.
Конi адышлiся пад самы грудок. На чарнаце рунi бялеўся нiзенькi Мондраў конь.
– Хлопцы, дальбог, вунь Кузюк iдзе, – раптам не то засмяяўся, не то здзiвiўся Бронiк Лiтавар.
– Ты так не смейся, дурны, цi што? – зашалпатаўся пад хвойкаю Алесiн малацьбiт.
– Цiха! – зашыкаў Мiця Корсак, выцягваючы голаў i гледзячы на грудок, дзе паслiся конi.
– Вунь i праўда нехта блiзiцца. Каб не цыганы часам, – шастаючы доўгiмi кажухамi i буркамi, паўсхоплiвалiся начлежнiкi.
– Двое iх, – сказаў Мiця, усё цiкуючы на грудок: там, прыгнуўшыся i падтрасаючы нейкiя мяшкi на плячах, наўскасяк да лесу спяшалiся невядомыя людзi. Меншы з iх, падбiўшыся ў хадзе, пачаў трохi адставаць.
– Ага, двое…
– Так чаго стаiмо? Чакаем, покуль коней не пабяруць? – засоп носам Бронiк Лiтавар i пабег, цяжка зашоргаўшы валёнкамi. Начлежнiкi, не ўспяваючы, пусцiлiся за iм. Дзе ў разорах пад нагамi правальвалася яшчэ не ўмёрзлая скарынка зямлi.
Тыя двое раптам завярнулiся ўбок i падбавiлi ходу.
– А можа, ваўкі? – Алесiн малацьбiт высока паднiмаў ногi, каб не зачапiцца за ўмёрзлую груду i не ўпасцi.
– Не, людзi!.. Вуньдзека добра вiдаць…
Глухi тупат ног адазваўся ў намерзлай зямлi. Начлежнiкi апярэджвалi адзiн аднаго. У некага звiнелi цуглi.
Два ценi, што варушылiся ў нiзкiм поцемку, мусiць, учуўшы мiтусянiну i блiзкi тупат ног, заварочвалi да коней.
– Стой! – крыкнуў Лiтавар, спатыкаючыся ў разоры, i недзе далёка ў лагчыне леса азваўся яго водгаласак: «Ой-ой». Спуджаныя людскiм тупатам i крыкам, конi задзiралi галовы, збiвалiся ў купу, бакамi церлiся адзiн аб аднаго.
Згледзеўшы, што iх пяроймуць, чужыя спынiлiся, падтраслi на плячах мяшкi i пусцiлiся бегма назад. Але нiжэйшы пачаў адставаць. Лiтавар ужо насцiгаў яго, чуў, як ён цяжка дыхае, сапе, нiбы ўдушлiвы, прысядаючы пад цяжкiм мяшком.
– Стой!.. – Лiтавар затрос вобруццю, мусiць, пабойваючыся падыходзiць блiжай да чужога чалавека.
Той зноў прыпынiўся, рукою спаднiзу паддаў на спiну мяшок i захiстаўся пад яго цяжарам.
Той, большы, ужо спускаўся з грудка ў лагчыну, мяркуючы даскочыць да нiзкiх, як кучкi гною, ялаўцовых кустоў, што расселiся ў лагчыне перад самым лесам. Гэты, меншы, самлеў ушчэнт i ледзьве ўжо iшоў подбегам. Каля яго круцiўся, як круцiцца каля раз’ятранага воўка баязлiвы сабака, Бронiк Лiтавар.
– Цуглямi яму!.. Цуглямi!
– Глядзi – уцячэ!..
– Во, ядры тваю палку!..
З крыкам сюды ўжо збягалiся ўсе начлежнiкi.
Спатыкнуўшыся ў разоры, чужы чалавек упаў на каленi, i цераз голаў яму пераляцеў цяжкi салявы мяшок. Чалавек лёгка, як спуджаны заяц, падхапiўся i, кiдаючыся ўбок, пабег даганяць таго, што схаваўся каля нiзкага маладога ялаўцу. Аддыхваючыся, цiкаваў адтуль, што будзе далей.
Першы да мяшка даскочыў Бронiк Лiтавар, цяў яго нагою, а потым пачаў абмацваць, як на торгу япрука.
– Што гэта? – сюды падаспелi ўжо ўсе начлежнiкi.
– Цi не палатно, бо куфрам пахне, – Лiтавар падняў за раз’еханую жычку мяшок, паважыў у руцэ. – Ого, з такiм ценжарам далёка не ўцячэш, – i пачаў яго развязваць.
Начлежнiкi збiлiся ў грамаду, нехта чыркнуў запалкай, зашыпеў палахлiвы агонь, затрапятаўся жоўтаясным водсветам на тварах у людзей, што стаялi, сагнуўшыся, над мяшком. I праўда, у iм было палатно – мо з дзесяць туга скручаных i выгладжаных пранiкам сувояў. Ад яго пахла затхласцю i нафталiнам.
– Гэ, патушы! – цвёрда сказаў Лiтавар ужо ў густую цемнату, што замiгцела перад вачмi, бо вецер здзьмухнуў з запалкi агонь.
Начлежнiкi жмурылiся ад раптоўнае цемнаты, церлi рукамi вочы, збiтыя з панталыку i гэтымi зладзеямi, што знянацку прыйшлi сюды, i гэтым палатном, што было ў мяшку.
– Так што, хлопцы, будзем дзялiць? – спытаў Лiтавар. Вочы яго прывыклi да цемнаты, i ён ужо бачыў белаватыя твары начлежнiкаў.
– Нягож панясём i аддамо iм, – голас у Алесiнага малацьбiта быў нейкi сухаваты i чужы – чалавека яшчэ, мусiць, калацiў страх.
Начлежнiкi пiльна азiралiся за плечы, прыглядаючыся да нiзкiх, як накiданы з воза кучамi гной, ялаўцовых кустоў. Там як нехта варушыўся. Нейкая трывога iшла з таго боку, брала холадам за сэрца. Чорны лес, далёкiя боханы грудоў гiнулi ў цёмным пачассi ночы. Пайдзi – i, здаецца, гэтая ноч будзе бэрсацца табе за ногi.
– А хто гэта быў? – спытаў нiжэйшы за ўсiх, той самы хлопец у пляскатай кепцы.
– Хто ж, як не Катэ, – капаючыся ў мяшку, азваўся Лiтавар.
– Няўжо? I ты пазнаў?
– Чорта яго ўночы пазнае. Але ж гэтакi самы дробны, як Кот.
– Хто нi ўкраў, а бабе адна бяда, – сказаў Алесiн малацьбiт, прысаджваючыся на кукiшкi i памагаючы Лiтавару выцягваць з мяшка тоўстыя белыя скруткi. – Збiрала не адзiн год, пэўна, дачцэ на пасаг…
– Няма чаго ёй бога гнявiць. Гэта агонь, кажуць, усё забярэ, а злодзей хоць вуглэ пакiне. Так што i бабе нешта асталося, – Лiтавар выбраў з мяшка i склаў бярэмем на руку тоўстыя сувоi.
– Сколяка ж тут? – спытаў Алесiн малацьбiт, сцiскаючы пад пахаю ўжо свой скрутак.
– Шэсць, – падняў Лiтавар. – Бяры, хлопцы, па кавалку.
Начлежнiкi, маўчучы, пачалi браць тоўстае, згорнутае ў дзве столкi i цвёрда скачанае на качалку палатно – кожны па сувоi.
– Бяры, Мiця, два… Табе ж на сарочку нiхто не вытча, – Лiтавар зняў з рукi i кiнуў Мiцю яшчэ адзiн скрутак.
– I цякайма, хлопцы, – Алесiн малацьбiт подбегам пусцiўся да свайго белага ўпоцемку каня, што хадзiў тут, каля начлежнiкаў.
– Конi ж не наелiся.
– Здыхата iх не возьме…
– Будуць шукаць зладзеяў, а патрапяць на нас, – закiдваючы на плечы мяшок i iдучы каля маладога, не вельмi рослага, у пляскатай кепцы, хлопца, гаварыў Лiтавар. – Яны ж, вiдзiш, не дурныя, знарок сюды iшлi, каб след спутаць. Каб на нас хто падумаў.
– А-а, – памахаў пляскатаю кепачкаю хлопец. Конi разышлiся па жыце, скублi рунь, адвярнуўшыся ад ветру. Было толькi чуваць, як яны гупалi капытамi па гузах мёрзлае зямлi, паднiмаючы пярэднiя спутаныя ногi i махаючы галавою. Вецер падварушваў у iх доўгiя, непадстрыжаныя хвасты i грывы.
Ноч апускалася нiжай – сцямнела яшчэ больш. Замiльгаў рэдкi сухi снег. Яго не было вiдаць, толькi чутно, як ён калючым холадам апякае твар, як садзiцца i растае прэснаю, нiшчымнаю вадою на губах.
Начлежнiкi пачалi распутваць коней: нехта мацюкнуўся, выпусцiўшы з-пад пахi палатно.
Падсаджваючы за ногi, Мiця Корсакаў памагаў сесцi Алесiнаму малацьбiту.
– Скарэй, скарэй! – падганяў усiх Бронiк Лiтавар, кiруючы каня з рунi ў цёмны нiзкi хвойнiк, на дарогу.
Начлежнiкi азiралiся на ялаўцовыя кусты, але нiчога не бачылi – усё завалок шары поцемак ночы, перамешаны з гэтым сухiм снегам.
– Ляжа зiма, – азваўся Алесiн малацьбiт, аб’язджаючы разгалiсты нiзкi дубок, што звiнеў цвёрдым лiсцем. – Снег пасыпаўся на ўмёрзлую зямлю.
Уехалi ў зацiшны маладнiк. Конi ўгiналi галовы, каб не секла галлём па вачах, прыгiналiся i адварочвалiся начлежнiкi.
Дарога ў лесе зрабiлася белаю ад снегу. Белым, як абмешанае мукою цеста, было i поле за лесам. Абапал дарогi ляжала стракатая ралля. Дужэў на голым грудзе вецер, падганяў у спiну, качанелi ад холаду рукi. Конi iшлi ўнурыўшыся. Маўчалi начлежнiкi, думалi пра сённяшнюю ноч, пра зладзеяў, якiх невядома чаго прынясло сюды, пра мяшок з палатном i, мацней сцiскаючы пад пахаю цвёрдыя скруткi, падганялi коней.
У палахлiвым поцемку стаiлася вёска, адна за адну хавалiся хаты. Вялiкiмi каўпакамi выглядалi з-за iх прыцярушаныя снегам гумны. Нiдзе ў вокнах не было агню.
Толькi за вёскаю, на Прылуцкiх хутарах, у нечым акне тлеў жоўты агонь. Там гаўкаў, недзе рвучы ланцуг, тоўстым, прастуджаным голасам сабака. Нехта блiскаў каля вугла батарэйкай.
– Хлопцы, гэта палiцыянты, – расцяжна сказаў Мiця Корсак.
Усе страпянулiся i сталi падганяць коней. Учуўшы начлежнiкаў, зайшлася i выбегла на вулiцу Алесiна сучачка.
– Пайшла вон! – прыкрыкнуў на сучачку Алесiн малацьбiт, i яна, цяўкнуўшы, нiбы яе схапiў воўк, раптоўна сцiхла.
Астаўшыся адзiн, Мiця праехаў пустою вулiцаю, чуючы, як аддаецца грукат конскiх капытоў у чужых надворках, скiраваў дадому.
Востра зацюкаў па бруку яшчэ не збiтымi падковамi конь. Пад’ехаўшы да хлява, Мiця саскочыў з каня. З-пад пахi выслiзнула i мякка гупнула палатно. Не падымаючы яго, Мiця зняў з каня вобруць i за грыву завёў яго ў цёмны i парны ад гною хлеў. Разбуджаная грукатам, паднялася, цяжка ўздыхнула карова, затупалi, тручыся бокам аб сцяну i шастаючы гарахавiннем, авечкi.
Высунуўшыся з хлява, Мiця навастрыў слых туды, на Прылуцкiя хутары. Вецер iрваў, адносiў тоўсты голас сабакi. Гнулася i шастала доўгiм галлём над хатаю пры вулiцы вiлаватая бярэзiна. Снег зрадзеў саўсiм.
Мiця падняў скруткi палатна, падышоў да парога i затрос дзвярыма – яны былi прысунутыя.
– Хто тама? – трохi счакаўшы, азвалася з сяней Хрысця.
– Гэта я, Мiця.
– Ай, божачка, – сказала яна, грукнуўшы са звонам жалезнай засаўкай. – А мне падалося, што зноў палiцыянты. – Яе белая сарочка мiльганула ў шараватую цемнату хаты. – З гадзiну як пайшлi…
– Няўжо? – У Мiцi нешта халоднае перавярнулася ў грудзях.
– А гэта што? – яна дыхнула цяплом, ложкам, калi ён увайшоў у хату.
– Палатно… У зладзеяў адабралi.
– Мала табе аднаго вобыску! – закрычаў з-за белаватага ў цемнаце комiна стары Корсак. – Так яшчэ на палатно пайшоў! Шукае твая галава гуза…
Мiця стаяў пасярод хаты, глядзеў у каламутнае акно з белаю ватаю за дубэльтамi, у якую, навыразаўшы, Хрысця паўтыкала папяровых кветак, i не ведаў, што рабiць з гэтым палатном.
Чырвоныя папяровыя кветкi на белай ваце цяпер, уночы, выдавалi чорнымi.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?