Электронная библиотека » Уладзімір Арлоў » » онлайн чтение - страница 4


  • Текст добавлен: 16 ноября 2018, 18:40


Автор книги: Уладзімір Арлоў


Жанр: История, Наука и Образование


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 4 (всего у книги 31 страниц) [доступный отрывок для чтения: 10 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Малады полацкі валадар у суседскія звады не ўвязваўся, рыхтаваўся да іншага. А тут як быццам само неба паспрыяла палачанам: у горад прыйшла з Кіева варажская дружына Эймунда. Яраслаў не заплаціў ёй за службу, і пакрыўджаныя варагі выбралі сабе новага гаспадара – Брачыслава, што было прызнаннем яго сілы.

Эймунд прывёз крывіцкаму князю важную навіну: яго кіеўскі дзядзька рыхтуецца да паходу ў Прыдзвінне. Полацк вырашыў не шкадаваць варагам грошай. Пагатоў Эймундава папярэджанне хутка пацвердзілася: Яраслаў прыслаў ганцоў вымагаючы памежныя з яго ўладаннямі полацкія гарады. Правадыр варагаў за бяседным сталом сказаў Брачыславу: «Падобна, уладар, што будзе бойка з хіжым ваўком. Саступім цяпер – захоча ўрваць яшчэ болей».

Параіўшыся з вечам, Брачыслаў Ізяславіч вырашыў не чакаць нападу, а самому ўдарыць на спадчыннае Яраславава ўладанне – Ноўгарад. У 1021 годзе палачане быццам з-пад зямлі выраслі перад магутнымі ноўгарадскімі сценамі і ўзялі горад прыступам. Сярэднявечны польскі гісторык Ян Длугаш піша, што ўслед за сталіцаю Брачыслаў завалодаў усім суседнім княствам. У захопленых гарадах ён паставіў намеснікаў і з багатым палонам вырушыў дадому. Часам даводзіцца чытаць, што такім чынам Полацк адпомсціў за Рагвалода і Рагнеду. Не трэба блытаць помсту з палітыкай. Палачане не помсцілі, а імкнуліся далучыць Ноўгарадскую зямлю, каб болып паспяхова змагацца з Кіевам.

На сёмы дзень вяртання з паходу крывіцкае войска ўбачыла перад сабою баявыя харугвы Яраслававай дружыны. Сеча адбылася на рацэ Судоме, і, калі верыць летапісам, разбіты Брачыслаў збег адтуль у родны горад. Аднак дзіўная гэта была перамога, бо кіеўскі князь не толькі не пайшоў ваяваць Полацкую зямлю, а яшчэ і аддаў Брачыславу Віцебск і Усвят – менавіта тыя гарады, якіх Полацку не хапала для моцных пазіцый на шляху «з варагаў у грэкі». Зноў мусім шкадаваць, што загінуў Полацкі летапіс: ён мог бы сказаць аб той бітве праўду.

Старажытнаісландская «Сага пра Эймунда» падае іншую версію падзей на Судоме. Сечы нібыта наогул не было. Кіяне з палачанамі стаялі насупроць адзін аднаго сем дзён, і Яраслаў чакаў пакуль ваяўнічы палачанін прышле паслоў з паклонам. Брачыслаў ірваўся ў бой, ды хітрамудры Эймунд прапанаваў яму таксама вырашыць спрэчку без крыві: выкрасці Яраслававу жонку, каб міру папрасілі самі кіяне.

Варагава задума прыйшлася Брачыславу даспадобы. Эймунд зрабіў у лесе за баявым кіеўскім станам засаду і ўрэшце захапіў княгіню ў палон, што і дапамагло атрымаць Віцебск і Усвят.

Як бы ні разгортваліся падзеі, Яраслаў Мудры прызнаў незалежнасць Полацка і з Рагвалодавічамі болей не ваяваў.

Пасля сустрэчы на Судоме полацкі і кіеўскі князі дамовіліся быць «братанічамі». Абодва мелі на кіеўскую зямлю роўныя правы, і таму адзін сядзеў у Полацку, другі – у Ноўгарадзе, а Кіевам кіравалі праз намеснікаў Летапісы кажуць пра існаванне там «Ярославля» і «Брячиславля» двароў «Будзь са мною заадно («за един»), – было сказана ў дамове пасля Судомы, – і ваявалі Брачыслаў з Яраславам разам усе дні жыцця свайго».

Як яны ваявалі разам, нічога невядома. Пасля 1021 года Брачыславава дружына найчасцей выпраўлялася ў той бок, куды сядае сонца. Пра паспяховасць тых паходаў гавораць сёння ўтвораныя ад імя полацкага князя геаграфічныя назвы.

На возеры Дрывяты стаіць горад Браслаў, што ў летапісах зваўся па імені заснавальніка – Брачыслаўль. За пару дзесяткаў кіламетраў ад Краславы, на беларуска-латышскім памежжы, ёсць на возеры Сівер вёска Браслаў са старажытным гарадзішчам. Паселішча з такой назваю існуе і трохі на поўнач ад Оршы, якая разам з Копысем і часткаю Прыдняпроўя трапіла пад уладу Полацка зноў-такі за часам Брачыслава Ізяславіча.

Супастаўленне летапісных сведчанняў з «Эймундавай сагай» і археалагічнымі матэрыяламі даюць падставы казаць, што ў 1024 годзе паміж Брачыславам і Яраславам была заключаная новая дамова, паводле якой да Полацкага княства адышла Менская воласць.

У часы Брачыслава Полацкая дзяржава не зведала варожых нашэсцяў Гэта быў рэдкі ў нашай гісторыі перыяд міру і спакою.

Пра тое, што сучаснікі разглядалі Полацкую зямлю як незалежную дзяржаву, красамоўна кажа і наступны прыклад. Калі ў 1015 годзе, пасля смерці вялікага князя кіеўскага Упадзіміра Святаславіча, паміж яго сынамі разгарнулася жорсткае змаганне за вярхоўную ўладу (сямёра з дзесяці жывых на той час Уладзіміравых сыноў у гэтых усобіцах загінулі разам з нашчадкамі), ніхто з іх не выявіў варожасці да Брачыслава Ізяславіча, ніхто не паквапіўся на яго ўладанні. Ужо тады кіеўскі княжацкі дом не лічыў Полацкую зямлю часткаю Кіеўскай Русі.

Калі б я быў мастаком, дык намаляваў бы два партрэты князёў якіх нашыя жывапісцы пакуль што не надта песцяць увагаю. Асветнік Ізяслаў схіляўся б над кнігаю, расчытваючы выведзеныя на пергамене пісьмёны, а Брачыслаў гуляў бы з Эймундам у шахматы, абдумваючы паход на ноўгарадцаў

Час Чарадзея

Паспрабуем знайсці ў ранняй гісторыі ўсходніх славян прыклад, каб два князі – бацька і сын – трымалі дзяржаву цэлае стагоддзе. Нехта скажа, што такога і быць не магло: часам князь на пасадзе і году не сядзеў – каго браты зарэжуць, каго пляменнікі ў магілу звядуць. А вось жа і магло.

3 1003 да 1044 года ў Полацку валадарыў Брачыслаў, а пасля яго смерці, да 1101-га, – найславуцейшы з полацкіх князёў Усяслаў Брачыславіч, празваны Чарадзеем. Празваны, заўважым, нездарма.

Таямніца ахутвае ўжо яго прыход на свет. Як занатавана ў летапісе, маці нарадзіла Усяслава «от волхвования», гэта значыць, пры ўдзеле паганскіх чараўнікоў На галаве немаўля мела загадкавае «язвено», што вешчуны наказалі маці завязаць, каб сын насіў яго да смерці. Можа, гэта была нейкая язва, а мо – вялікі радзімы знак, якім пазначае сваіх абраннікаў неба? Альбо прыкметная ад нараджэння «ваўчыная поўсць», што азначала магічную здольнасць па ўласнай волі перакідвацца ў ваўка?

Сучаснікі і нашчадкі верылі, што гэтага князя нябесныя сілы надзялілі вешчай душою, што ён умеў перакінуцца не толькі ў шэрага ваўка, але і ў яснага сокала ці ў тура з залатымі рагамі. Ужо пры жыцці пра яго складалі паданні. Ва ўсіх усходнеславянскіх землях з пакалення ў пакаленне перадаваліся быліны пра Волха Усяславіча – мудрага ўладара, смелага воіна, сына князёўны і лютага Змея, пераможцу індыйскага цара. Правобраз Волха – полацкі князь-валхвец. Так лічаць і знаўцы славянскае даўніны акадэмікі Дзмітрый Ліхачоў і Барыс Рыбакоў.

Быліна пра Волха Усяславіча апавядае:

 
Пачаў сабе Волх дружыну збіраць,
Дружыну збіраў ён сабе тры гады.
Ён набраў дружыну сем тысячаў,
Сам ён, Волх, меў пятнаццаць год.
 

У такім вяку, можна лічыць, Усяслаў стаў князем. Тады атрымаецца, што полацкія вешчуны трымалі на руках немаўлятка з язвенам на галаве ў 1029 годзе. Даю гэты разлік, спадзеючыся, што ў 2029-м Полацк і ўся Беларусь адзначаць 1000-гадовы юбілей свайго славутага сына.

Захоплена пісаў пра Усяслава Брачыславіча праз сто гадоў пасля яго гераічных дзеяў аўтар «Слова пра паход Ігаравы». У полацкім князі, удачлівым суперніку самога бога Хорса, ён бачыў дзяржаўнага мужа, якога так не ставала славянскім землям перад пагрозаю нашэсця з Усходу.

 
Усяслаў-князь людзям чыніў суды,
радзіў князям гарады,
а сам уночы ваўком рыскаў.
3 Кіева паспяваў да пеўняў да Тмутараканя,
Хорсу вялікаму шлях перацінаў.
Яму ў Полацку пазвоняць ютрань рана
ў званы святое Сафіі,
а ён той звон чуе ў Кіеве.[2]2
  Урыўкі са «Слова» падаюцца ў перакладзе Рыгора Барадуліна.


[Закрыть]

 

Праўда, як кажа далей «Слова»: «Хоць і вешчую душу меў у дзёрзкім целе, ды часта ад бедаў цярпеў ён». Крамністы шлях князя як бы пацвярджаецца яго партрэтам з мініяцюры Радзівілаўскага летапісу. Худы, амаль іканапісны твар з вялікімі запалымі вачыма. Пакутніцкі пагляд скіраваны ў сябе, а княжы вянец на галаве надта ж падобны на вянец церневы.

Летапісы паведамляюць, што, выконваючы волю вешчуноў, князь усё жыццё так і насіў на галаве перавязь. Схаванаму пад ёю таямнічаму язвену прыпісвалі «нялітасцівасць Усяслава на кроў». Чарадзей сапраўды праліў нямала крыві, але болыпая частка яго доўгага княжання была ўсё ж прысвечаная мірным клопатам. Дзесяць гадоў ён жыў у згодзе з Яраславам Мудрым, потым яшчэ дзесяць з яго сынам, кіеўскім князем Ізяславам, якому палачане дапамагалі ваяваць з качэўнікамі-торкамі. Якраз з тых мірных часоў з паловы XI стагоддзя, плыве над Дзвіною велічны карабель Сафійскага сабора.


Так выглядала найстаражытнейшая Сафія Полацкая.


Усяслаў узводзіў храм у гонар святой Сафіі, чым, паводле прыкладу Візантыйскай імперыі, падкрэсліваў незалежнасць дзяржавы, паведамляў свету пра роўнасць Полацка з Ноўгарадам і Кіевам, дзе такія саборы з’явіліся трохі раней. Дагэтуль мураваных храмаў палачане не ставілі, таму князь запрасіў у горад візантыйскіх дойлідаў Да іх, на хаду асвойваючы будаўнічыя сакрэты, далучыліся мясцовыя муляры: нельга ж было, каб галоўны сабор Полацкай зямлі падымалі ў неба рукі адных чужынцаў.

Грэцкае слова «сафія» ў перакладзе значыць «мудрасць», «майстэрства». Продкі тлумачылі яго шырэй – як чалавечую супольнасць, з’яднаную агульнымі клопатамі і памкненнямі. Сабор мусіў стаць сімвалам адзінства і аднадумства ўсіх жыхароў княства. Яго будавалі ўсёй грамадой. На пакладзеным у парозе Сафіі вялізным камені-вапняку, што праз дзевяць стагоддзяў ператворыцца ў музейны экспанат, старажытныя полацкія майстры пакінулі нам свае імёны: Давыд, Тума, Мікула, Копысь, Варышка…

Шырыня падмуркаў амаль адпавядала таўшчыні будучых сцен – да двух з паловаю метраў Сабор муравалі з плінфы – тонкай ды шырокай тагачаснай цэглы – і з неапрацаваных камянёў Кожны другі рад плінфы быў прыхаваны ці, дакладней кажучы, патоплены ў глыбіню сцяны і зверху зацёрты вапнавай рошчынай. Знадворку храмы тады не атынкоўвалі, і тая Сафія мела нязвычны нашаму воку «паласаты» выгляд: вузкія чырвоныя слаі плінфы чаргаваліся з ружовымі ад дамешку тоўчанай цэглы слаямі рошчыны.

Услед за мулярамі прыйшлі тынкоўшчыкі. Іх змянілі жывапісцы, і сцены загучалі казачнымі колерамі: залаціста-вохрыстым, кармінавым, смарагдава-зялёным… На зямных людзей глядзелі святыя ва ўрачыстым адзенні з цяжкімі складкамі. Яны павучалі, схіляліся ў малітве, углядаліся ў душы вернікаў Уражанне ад фрэсак дапаўняла выкладзеная жоўтымі, зялёнымі і брунатнымі паліванымі пліткамі падлога, падобная да дзівоснага кіліма.

Храм атрымаўся на той час грандыёзны: 31,5 метра ўдоўжкі і блізу 26 – ушыркі. План найстаражытнейшай полацкай Сафіі і яе ўнутраная прастора прасцейшыя, чым у кіеўскім ды ноўгарадскім саборах, але ў гэтым ёсць свая прыгажосць і выразнасць. Магутнасць сцен падкрэслівалі вузкія выцягнутыя вокны. Пад купаламі і ў алтары яны былі болыпыя, і праз іх у храм падалі залатыя снапы сонечных промняў Дах з сямю купаламі пакрывалі алавяныя лісты. Са скляпення галоўнага купала на вернікаў пазіраў Хрыстос Пантакратар.

Усяслаў не пазнаў бы нашага сённяшняга белакаменнага сабора ні звонку, ні ў сярэдзіне. Дзе шаснаццаць слупоў што падтрымлівалі скляпенні? Дзе фрэскі, якія нагадвалі размалёўкі Сафіі кіеўскай? Дзе сем «вярхоў» з пазалачонымі крыжамі? Да нашых дзён ацалелі адно падмуркі таго храма, частка сцен ды невялікія фрагменты фрэсак. У лёсе Сафй адбілася ўся драматычная мінуўшчына горада з яе войнамі, захопамі, пажарамі і разбурэннямі.

Але вернемся да муроў храма, што быў сэрцам Полацкае дзяржавы.

Тут не толькі маліліся: князь з сям’ёй і прыдворнымі ўверсе, на хорах, астатнія – унізе. У Сафіі прымалі паслоў абвяшчалі вайну і падпісвалі мір, захоўвалі княжы скарб і заснаваную Ізяславам бібліятэку, узаконьвалі пячаткаю сталічнага горада гандлёвыя дамовы. Нездарма яна мела надпіс: «Печать Полоцьская і святоі Софьі». У час варожай аблогі храм ператвараўся ў магутную фартэцу. Ужо ў іншыя часы, у XV стагоддзі, у полацкай грамаце будзе запісана: «А се мы, полочане, вси добрыи люди и малыя надзеючись на Бога святого, Софея милость и князя Великого Витовта здоровья».

Недзе ля вузкага вакенца Сафіі вучоны манах выводзіў радкі Полацкага летапісу (урыўкі з яго ў XVIII стагоддзі чытаў расійскі гісторык Васіль Тацішчаў). Гады ў час Усяслава і яшчэ колькі стагоддзяў потым лічылі не ад Хрыстовага нараджэння, як мы цяпер, а ад стварэння свету. Перавесці летапісную дату ў наша сучаснае летазлічэнне вельмі проста: трэба адняць ад яе 5508, калі падзея адбывалася ад 1 студзеня да 1 верасня, і 5509 – калі пасля 1 верасня, бо ў гэты дзень пачынаўся тады новы год.

Відаць, мы ўжо ніколі не даведаемся, што занатавалі полацкія манахі пад 6574 (6574–5508 = 1066) годам. Кіеўскі ж летапісец пакінуў такія словы: «Прыйшоў Усяслаў і ўзяў Ноўгарад з жанчынамі і з дзецьмі, і званы зняў са святой Сафіі». За год да гэтага полацкая дружына ўжо хадзіла на Пскоў авалодаць якім, праўда, не ўдалося. Мірнае жыццё крывіцкага князя з суседзямі скончылася.

3 рашучасці ды імклівасці дзеянняў Усяслава-ваяра можна толькі дзівіцца. Не паспеў праехаць пераможцам, як некалі яго бацька Брачыслаў, па ноўгарадскіх вуліцах, не паспеў нацешыцца галасамі прывезеных з багатаю здабычаю званоў як на пачатку 1067 года вырушыў на Новагародак (сённяшні Наваградак). Гэты горад некалі пабудаваў Яраслаў Мудры, каб завалодаць населеным літвою наваколлем і адтуль пагражаць Полацкаму княству.

Палачанаў зноў вяла зорка ўдачы. Яны выбілі з Новагародка кіеўскую дружыну і заявілі пра свае правы на літоўскія землі. Другая перамога запар страшэнна ўстрывожыла трох сыноў Яраслава Мудрага на чале з кіеўскім князем Ізяславам. У лютым таго самага года, аб’яднаўшы сілы, яны наважылі пераняць Чарадзея на шляху дадому.

Яраславічы правільна разлічылі, што вяртацца полацкія дружыны будуць праз Менск – умацаваны горад на паўднёвай мяжы свайго княства, – і вырашылі апярэдзіць Усяслава. Убачыўшы са сцен вялізнае варожае войска, менчукі пастанавілі ўсё ж бараніцца, бо чакалі, што вось-вось падыдзе дапамога. Як кажа летапіс, яны «затворишася в граде», але адбіцца ад злучаных сіл паўднёвых княстваў не здолелі. Абаронцаў напаткала лютая расправа: усіх мужчын пасеклі, а жанчын і дзяцей узялі «на шчыт», значыцца, у палон.

Гэта найстаражытнейшая згадка ў летапісе пра Мінск, ад якой традыцыйна адлічваецца яго гісторыя. Як мы бачым, 1067-ы – дата не заснавання нашай цяперашняй сталіцы, а яе знішчэння.

Усяслаў не мог дазволіць ворагу прарвацца ў глыбіню свае краіны. 3 сакавіка войскі полацкага князя і Яраславічаў сышліся паблізу спаленага Менска на рацэ Нямізе. Тыдзень пагрозліва ашчаціньваліся дзідамі, стоячы ў глыбокім снезе, а потым «бысть сеча зла і мнози падеша с обе стороны». Дзякуючы «Слову пра паход Ігаравы» пра тую сечу ведаюць ва ўсім свеце.

 
Ha Нямізе галовы сцелюць снапамі,
харалужнымі малоцяць цапамі,
жыццё кладуць на таку злюцела,
веюць галаву ад цела.
Нямігі крывавыя берагі
не збожжам былі засеяны зноў —
засеяны косцьмі рускіх сыноў.
 

Пераважна з паэтычных радкоў «Слова» і можна сёння ўявіць бітву: адрывістыя загады ваяводаў смяротныя ўдары дзідаў звон мячоў кіпенне крыві на здратаваным снезе і салодкае забыццё параненых, якіх мароз хутка выпраўляў у невараць. Летапісы дадаюць усяго некалькі слоў, праўда, істотных – пра тое, што сечу пачаў Усяслаў і што ён «бишася крепко».

Кіеўскі летапіс зусім лаканічны: Яраславічы, маўляў перамаглі, а полацкі князь уцёк. Пакінем гэта на сумленні летапісца. Відаць, ён шчыра хацеў той перамогі. Дзіўна, аднак, што насуперак відавочным фактам кіяніну вераць паважныя сучасныя гісторыкі. Вераць, не зважаючы на тое, што войска Яраславічаў не рушыла на Полацк, а замацавала «перамогу» адыходам на свае землі. Паводле ж тагачаснай традыцыі лічылася: хто застаўся «стаяць на касцях» (на полі бітвы), той і пераможца.

Усяслаў, хоць і дарагой цаною, абараніў крывіцкую дзяржаву. Ён пачуваўся ўпэўнена: за ім апрача збройнае сілы была глыбокая народная вера ў яго чарадзейныя здольнасці.

У Радзівілаўскім летапісе ёсць мініяцюра, што засведчыла стасункі паміж вешчунамі і ноўгарадскім князем. Злева стаіць князь з бердышом, епіскап з крыжам і дружыннікі, справа – безбароды вяшчун у доўгай белай апранасе і яго прыхільнікі, простыя людзі. У Полацку такога варожага супрацьстаяння не існавала. Вешчунам тут не секлі галоў не кідалі паганскіх святароў на разарванне мядзведзям, не палілі на вогнішчах. Верацярпімасць, ці, праўдзівей, дваяверства – і князя, і яго падданых – няраз дазваляла Усяславу набіраць войска ў суседніх балцкіх або вугра-фінскіх землях, дзе яшчэ маліліся старым багам.

Яраславічы ўпэўненасці ў перамозе не мелі, таму замест адкрытага бою спадзяваліся на хітрасць ды злачыннае ашуканства.

Праз чатыры месяцы ворагі сустрэліся зноў, цяпер каля Оршы. Усяслаў стаяў з дружынаю на правым дняпроўскім беразе, Яраслававы сыны – на левым. Кіеўскі князь прапанаваў развязаць спрэчку палюбоўна, можа, нават нагадаў Чарадзею, як дамовіліся на Судоме іх бацькі. Ізяслаў даў прысягу, што не ўчыніць полацкаму валадару ніякага ліха, і замацаваў яе прынародным цалаваннем крыжа.

Тым разам вешчая душа схібіла: нельга было верыць ні словам, ні крыжоваму цалаванню, і юных Усяславічаў на перамовы браць таксама нельга было. Абяцанняў Ізяслава хапіла датуль, пакуль Чарадзей з сынамі не пераплыў 10 ліпеня на чоўне раку ды не зайшоў без аховы ў шацёр да кіеўскага князя. Той махнуў рукой, наляцелі дружыннікі, і ўмомант вока трое Рагвалодавічаў ляжалі на доле, звязаныя вяроўкамі.

Колькі разоў каяўся Усяслаў за сваю даверлівасць па дарозе ў Кіеў і потым, у жудаснай земляной турме-порубе, куды яго кінулі, закаваўшы ў кайданы. Намеры Яраславічаў зразумелыя – згнаіць, звесці Рагвалодаў корань са свету, учыніць тое, што рабіў ды не скончыў Уладзімір з ваяводам Дабрынем. На літасць крывіцкі князь не спадзяваўся – ведаў які прыклад даў спадкаемцам сам Яраслаў Мудры: пасадзіў у поруб роднага брата Судзіслава, і сядзеў ён там чвэрць стагоддзя, пакуль не пачаў дыхаць на ладан. Толькі тады выпусцілі пляменнікі дзядзьку на божы свет, каб праз манаскі зарок вырваць адмову ад усякіх княжых правоў Такі, а мо і страшнейшы лёс чакаў і Рагвалодавічаў.

Вязніца – сырая яма, накрытая зверху ў тры накаты бярвёнамі з маленькім вакенцам, праз якое ледзьве точыцца паветра ды прасоўваюць палоннікам хлеб з вадою. Наперадзе безнадзейнасць, і, здаецца, лепей перагрызці зубамі жылы ды сплыць крывёю, чым ператварыцца ў лядачага старога і бачыць, як гасне жыццё ў сынах. Але князя трымала на гэтым свеце думка пра Бацькаўшчыну, якую рабавалі кіеўскія стаўленікі. Трымала і надзея на паганскіх багоў, з якімі Чарадзей ад нараджэння стараўся жыць у згодзе: не крыўдзіў вешчуноў не руйнаваў капішчаў, будаваў над Дзвіною свой хрысціянскі сабор ды здымаў званы з сабора ноўгарадскага.

Якому богу маліўся князь, у каго прасіў збавення ад палону – невядома. Аднак праз год вызваленне прыйшло.

У 1068 годзе на кіеўскую зямлю ўварваліся полаўцы. Яраславічы выйшлі насустрач і былі ўшчэнт разбітыя. «За грахі нашы наслаў Бог на нас паганых, і пабеглі рускія князі», – выводзіў летапісец, успамінаючы вераломства пад Оршаю.

Кіяне сабраліся на веча і запатрабавалі ад князя коней і зброі. Ізяслаў пабаяўся, што, перш чым ісці на полаўцаў падданыя расквітаюцца з ім самім. Вечавыя паслы вярнуліся ні з чым. У раз’юшаным чалавечым збоі ўсё часцей выгуквалі імя зняволенага ненавісным Ізяславам полацкага князя. Расійскі гісторык В. Тацішчаў адзначаў што кіяне пачалі дамагацца вызвалення Усяслава «яко искусного в войне» і патрабавалі адправіць яго «против неприятеля».

Палова натоўпу пабегла да поруба, другая рушыла на вялікакняжацкі двор. Кіеўскія баяры раілі свайму гаспадару паслаць верных людзей, каб падманам завабілі Усяслава да вакенца і працялі мячом. Ізяслаў не адважыўся – загадаў сядлаць коней.

«Людзі ж вызвалілі Усяслава з турмы на пятнаццаты дзень верасня, – сведчыць летапіс, – і праславілі яго пасярод княжага двара. Двор жа разрабавалі, безліч золата і срэбра ў манетах і злітках забраўшы». Ёсць падставы лічыць, што выбаўленню полацкага князя з вязніцы і абранню яго на велікакняжацкі пасад спрыяў ігумен Кіева-Пячорскага манастыра Феадосій. Вядома, што Чарадзей быў у прыязных дачыненнях і з адным з самых адукаваных людзей таго часу Антоніем Пячэрскім.

Яшчэ раз дадзім слова летапісцу, узгадаўшы перад тым падзеі лета 1067 года, калі полацкі князь прыехаў да Ізяслава на перамовы пад Оршу і быў захоплены ў палон. «Гэтым, – апавядае пра вызваленне Чарадзея летапіс, – Бог паказаў сілу крыжа, бо Ізяслаў цалаваў крыж, а пасля схапіў Усяслава. Таго ж выратаваў святы крыж, бо ў дзень Узвіжання Усяслаў уздыхнуўшы, сказаў: «О, святы крыжу! Я верыў у цябе, таму ты і выбавіў мяне з гэтай вязніцы». Бог жа паказаў сілу крыжа дзеля навукі зямлі Рускай, каб не пераступалі святога крыжа, пацалаваўшы яго; калі ж хто пераступіць, то і на зямлі будзе пакараны, і ў будучым прыме кару вечную. Вялікая сіла святога крыжа: крыжам бываюць пераможаныя сілы д’ябальскія, крыж князям у бітвах дапамагае і аберагае… Нічога не баяцца чэрці, толькі крыжа». Як мы пазней убачым, найбольш уважліва прачытае гэтыя словы Усяславава ўнучка Еўфрасіння.

Усяслаў Брачыславіч стаў вялікім кіеўскім князем. Адмерана на гэта яму было мала – усяго сем месяцаў Ды на тое ён і Чарадзей, каб за месяц паспяваць столькі, на што іншаму і года мала. Зрабіў з Кіева імклівы паход на Тмутаракань, набыў там коней, якіх не хапала дзеля адпору «паганым». Напрыканцы таго ж года полаўцы адчулі сілу новага кіеўскага ўладара і, разгромленыя, адступілі ў сваё Дзікае Поле. Можа, у тыя сем месяцаў Усяслаў і заслужыў у аўтара «Слова пра паход Ігаравы» пахвалу за дзяржаўны розум і справядлівасць: «Всеслав князь людем судяше, князем грады рядяше»?

Зрэшты, ён не збіраўся надоўга затрымлівацца на кіеўскім пасадзе. Чужы горад, ненадзейная дружына, варожае баярства. Адмовіліся плаціць даніну ноўгарадцы, касавурацца паўднёвыя князі. Збеглы Ізяслаў таксама не хацеў развітвацца з вотчынай і набліжаўся да Кіева з войскам цесця, польскага караля Баляслава. На каго Усяслаў мог разлічваць? Адно на просты люд, што абвясціў яго сваім валадаром.

Князь вёў дружыну на Ізяслава, а праз сотні вёрст яго ўладна клікалі званы полацкае Сафіі. Апрача іншых прычын вяртання Усяслаў бачыў небяспеку полацка-польскай вайны. Пад Белгарадам ён таемна ад кіянаў пакінуў войска і накіраваўся ў Полацк. Аўтар «Слова» сказаў пра тыя падзеі надзвычай вобразна:

 
Ha сёмым веку Траяна
кінуў жэрабя Усяслаў маўкліва на любую сваю абраную.
Ды хітрасцю асядлаў коней рана
і скочыў да горада Кіева,
і дакрануўся дзідаю да залатога прастола кіеўскага.
Скочыў ад іх лютым зверам
апаўночы з Белгорада, сінім воблакам ахінуўся.
 

Князь вяртаўся на радзіму, у сваю дзяржаву, якой прысягнуў на вернасць. Ён ведаў што трэба рыхтавацца да доўгай і зацятай барацьбы, што за незалежнасць давядзецца плаціць тысячамі жыццяў.

Павыколваўшы вочы ды пасцінаўшы галовы Чарадзеевым прыхільнікам, князь Ізяслаў з польскімі дружынамі рушыў з Кіева на Полацк. Усяслаў з купкаю найбліжэйшых прыдворных мусіў ратавацца ў фінскага племені водзь, адкуль, магчыма, паходзіла яго маці. Вадзякі былі паганцы, а таму прынялі князя-вешчуна гасцінна і далі яму войска дзеля паходу на Ноўгарад.

Крывіцкіх ваяроў Усяслаў пад рукою не меў а фінскія не вытрымалі націску ноўгарадцаў і пабеглі. Князь трапіў у палон, але адразу ж выйшаў на волю. Ноўгарад памятаў, як тры гады таму палачане рабавалі горад, як грузілі на калёсы сафійскія званы, ды пачуццё помсты перамог палітычны разлік. Нават гнаны і палонны, Чарадзей быў небяспечны вораг, бо за ім стаяла Полацкая дзяржава. Такога выгадней адпусціць – няхай ваюе з Кіевам.

I Чарадзей ваяваў На два гады знікшы з відавоку летапісцаў у 1074-м ён раптоўным ударам выгнаў з Полацка кіеўскага стаўленіка Святаполка.

Дзённы пераход коннага войска складаў тады паўсотні кіламетраў а калі ваяры ехалі ўлегцы, з запасным канём на повадзе, дык маглі за летні дзень дапясці з Віцебска да Полацка – прайсці ўдвая болей. Галоўнай вайсковаю сілай была конніца з княжых дружыннікаў На ўзбраенні яны мелі дзіды, мячы, вялікія шчыты-тарчы, на бліжні бой – сякеры, кісцяні, паліцы-шастапёры. Наперад у паходзе высылалі «старожы», што імкнуліся захапіць языка. Абавязкова дзейнічалі выведнікі. Воіны нярэдка мусілі рабіць масты і масцідь грэблі. Кальчугі, панцыры, шаломы – усё цяжкае ўзбраенне ўсходнеславянскія дружыны заўсёды везлі асобна і надзявалі толькі перад небяспекаю. У арсенале вайсковых хітрасцей былі засады, падманныя ўцёкі, несапраўдныя станы з яркімі вогнішчамі. Перад боем на адкрытым месцы войска шыхтавалася: пасярод стаяў галоўны полк, які называўся чало, па баках – крыжы. Адрозніць дружыны славянскіх князёў па знешнім выглядзе было цяжка, таму вялікая роля належала баявым харугвам і бунчукам.

Калі здабыць горад прыступам не ўдавалася, войска пачынала аблогу. Варожыя ўмацаванні абносілі тынам або будавалі астрог, за якім хаваліся лучнікі. Пад прыкрыццём іх стрэлаў абложнікі падцягвалі камнямётныя машыны – парокі. Камяні з іх (адзін такі снарад, выжыльваючыся, падымалі два чалавекі) ляцелі на паўтара палёта стралы. Камнямёты маглі стаяць і на сценах, што ў тыя часы былі зазвычай драўляныя. Наблізіўшыся да горада, абложнікі завальвалі роў хлудам ды ссечанымі дрэвамі. У зробленых парокамі праломах завязвалася рукапашная. Ваяры лезлі па драбінах угору, адтуль на іх ляцела бярвенне і камяні, лілася гарачая смала.

Праз колькі гадоў пасля выгнання Святаполка на Полацк пайшоў вайною вядомы ў гісторыі Уладзімір Манамах. гады князь чарнігаўскі і смаленскі. Ласы кавалак быў не па зубах, і ў наступным, 1078 годзе Манамах сабраў дружыны ўсіх паўднёвых княстваў паклікаўшы на падмогу ноўгарадцаў і палавецкую арду. I зноў адно аблізнуўся: Полацк выстаяў Адступаючы, ворагі палілі і рабавалі полацкія воласці. У бяссілай лютасці яны дазвання знішчылі крывіцкі горад Одрск, які так і не быў адбудаваны.

Усяслаў з Манамахам сутыкнецца яшчэ няраз. Той нападзе з полаўцамі на Менск і не пакіне там «ні чалядзіна, ні скаціны». Будуць і іншыя бітвы, але, калі ўсходнеславянскія князі збяруцца ў 1097 годзе на з’езд у Любечы, каб дамовіцца кожнаму трымаць «вотчину свою», Чарадзей не прыедзе. Ён не меў патрэбы нешта з некім дзяліць: ёсць дзяржава, дзе мірна жывуць хрысціяне і паганцы, ёсць войска, што абароніць княства ад любога ворага.

Не будзе палачанаў і на двух наступных княжацкіх з’ездах, што мелі на мэце захаваць хаця б выгляд адзінства Кіеўскай Русі – у 1101 годзе ў Віцічаве на Дняпры і ў 1103-м – «у адзіным шатры» на беразе Далобскага возера.

Непрыхаванай варожасцю да Полацка і яго князя дыхаюць радкі кіеўскіх летапісаў Не можа Кіеў заваяваць палачан, дык хоць выставіць іх зямлю кублом агіднае Богу нечысці. Пад 1092 годам з’яўляецца паведамленне пра страшныя дзівосы на берагах Палаты, якое трапіла потым у многія летапісы.

«У Полацку зусім благое прычынілася. Уначы на гарадскіх вуліцах чуліся як быццам енкі людскія, тупат ды конскае гігатанне. Гэта гойсала па горадзе д’яблава сіла. Хоць ніхто з палачанаў на ўласныя вочы не бачыў што там чыніцца, але хто выйдзе з хароміны ці проста вакно прачыніць, той хутка паміраў ад нябачнае раны, якую яму сваім уколам д’ябал зрабіў Калі ж пакінулі палачане ўначы выходзіць з харомінаў д’яблава сіла пачала ўдзень лютаваць. Сярод стогну, плачу і тупату каналі людзі ў Полацку і ў воласці. Нібыта цэлае войска д’яблава скакала па зямлі на конях сваіх, нябачнае вачам людскім, пакідаючы за сабою толькі сляды капытоў Тады і пачалі казаць у народзе: «Як мерцвякі б’юць палачанаў»».

Называецца гэты аповед «06 устрашениях и мечтах бесовских в Полотску при князе Всеславе» – відавочны намёк на прыхільнасць Чарадзея да паганства.

Прадоўжыць размову на гэтую тэму, адгарнуўшы невядомыя старонкі Усяславага жыцця і характару, дазваляе дакумент, які беларускі гісторык Марына Ліннікава нядаўна адшукала ў кнігасховішчы Маскоўскага цэнтральнага дзяржаўнага архіва старажытных актаў Знаходку можна назваць сенсацыяй. У рукапісе XVII стагоддзя даследчыца выявіла памылкова пераплецены туды аркуш з іншым тэкстам. Уявіце яе хваляванне, калі ўжо ў першым радку вока сустрэла імя вялікага князя Усяслава Брачыславіча.

Знойдзены тэкст складаецца з некалькіх дастаткова самастойных частак. У адной – «Аб радзе Усяслава» – невядомы аўтар апавядае пра дзівосную праяву ў месяцы, убачыўшы якую полацкі ўладар вельмі занепакоіўся і «склікаў сход вялікі з вешчуноў і святароў». Калі яны не здолелі разгадаць праявы, Усяслаў паслаў па зняволенага ў вежы чараўніка Мантыя. «Той жа казаў яму: «Княжа, пакляніся вызваліць мяне і я супакою адчай твой». Усяслаў кляўся і абяцаў: «Душы тваёй не ўчыню благога!» Пасля гэтага Мантый даў сваё тлумачэнне ўбачанаму на месяцы: князю пагражаюць ворагі, але іх чакаюць хуткая ганьба і ўцёкі. «Усяслаў узрадаваўся і тут жа загадаў схапіць яго ды зноў зачыніць у вежы і казаў: «Душы тваёй дапраўды не ўчыніў благога, адно толькі целу благое ўчыніў бо шкода ж для душы толькі ад граху ўсялякага – спакушэння д’ябальскага!»»

Другая гісторыя называецца «Аб закалоце Вадзілы». Там ідзе гаворка пра змову супроць Усяслава, што ўзнікла ў Полацку ў час эпідэміі чумы. На чале змоўшчыкаў стаў баярын Вадзіл, які ўзяўся вяртаць старыя звычаі – «слугаванне балванам ды бесаванне. I знепакоіў народ, манячы і гаворачы: «Усяслаў маладзён неразумны, і праклён багоў нашых на ім назаўсёды, бо верыць у таго раскрыжаванага…» I ўзброіў народ гарадскі і загнаў яго ў дворышча княскае. Вараг жа Эсцін з малым войскам лікам 99 адзін застаўся верны, і зачыніўся ў доме ягоным і пачаў бараніцца моцна… I не здолеў звадыяш той Вадзіл іх запалоніць і стаяў тры дні. А на чацвёрты дзень загадаў запаленыя стрэлы кідаць, і падпаліў дом Усяславаў. I была моцная гарачыня, ад якой пагінула шмат. Усяслаў жа Брачыславіч нейкім валхваваннем(І) той агонь дажджом патушыў»… Урэшце князева дружына перамагла, сам Чарадзей параніў Вадзіла і захапіў яго ў палон. Дванаццаці ўдзельнікам закалоту сцялі на торжышчы галовы. Іх жа правадыра Усяслаў «загадаў у кайданы жалезныя закаваць па руках і нагах ды пакласці драўлянае ярмо на шыю, ды прысудзіў яму вочы рваць і паходнямі паліць да смерці».

Завяршаецца гэты напоўнены трагічнымі падзеямі змрочны тэкст фрагментам «Аб прамудрасці»: «Калі ж прайшоў адзін год, быў Усяславу ўначы цяжкі сон. Бачыў ён тройчы дзеву-ваярку ў чорным воблаку, асветленую бліскавіцамі, са святым крыжам у правай руцэ. А потым перамянілася хмара і з’явіўся храм, і дзева ўвайшла туды і зачынілася».

Каб чытач адчуў «водар» арыгіналу, сказ, на якім абрываецца рукапіс, пададзім без перакладу: «И глас бысть страшен зело: «Се Софея, сиречь Премудрость…»»


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации