Текст книги "Таямніцы полацкай гісторыі"
Автор книги: Уладзімір Арлоў
Жанр: История, Наука и Образование
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 5 (всего у книги 31 страниц) [доступный отрывок для чтения: 10 страниц]
Пакуль ворагі скрыгаталі зубамі і выкрывалі будаўніка Сафіі ў бязбожнасці, крывіцкая зямля дасягнула вяршыні сваёй магутнасці. Абшарам Полацкае княства было роўнае такім тагачасным еўрапейскім дзяржавам, як герцагства Баварскае ці каралеўства Партугальскае. Апроч сталіцы яно налічвала васемнаццаць гарадоў: Віцебск, Браслаў Заслаўе, Усвят, Копысь, Менск, Орша, Лукомль, Лагойск, Друцк, Галацічаск, Барысаў, Стрэжаў, Некалач, Емянец, Одрск, Гарадзец і Крывіч-горад, які потым будзе называцца Вільняй. Улада Полацка пашыралася на ніжняе Падзвінне да самага Балтыйскага, або, як яго тады называлі, Варажскага мора. На землях, дзе жылі продкі сучасных латышоў стаялі гарады Герцыка і Куканос, якімі кіравалі полацкія васалы. Такім чынам, Полацкае княства мела выйсце да мора ці, іначай кажучы, было марской дзяржавай.
Унутраны запас стваральнай энергіі (вядомы гісторык і этнолаг Леў Гумілёў называе яе пасіянарнасцю) Полацкай дзяржавы быў настолькі магутны, што за адно XI стагоддзе яна дасягнула сваёй велічы: незалежная палітыка, ваенныя перамогі, эканамічны ўздым, высокі ўзлёт мастацтва… Усе спробы інкарпараваць княства ў склад Кіеўскай Русі заканчваліся правалам – і пры Уладзіміры, і пры яго нашчадках. Асобнае месца незалежнай Полацкай зямлі ва ўсходнееўрапейскай геапалітыцы сталася невырашальнай праблемаю для ўсіх «класічных» расійскіх гісторыкаў – ад Тацішчава да сучасных. Наша першая дзяржава ўпарта не клалася ў схему «адзінай старажытнай Русі», таму і ў падручніках, і ў манаграфіях на гэтую тэму Полацкае княства прыгадвалі ўскосна, а часам наогул не ўспаміналі.
Камусьці здаецца, што ўсё роўна гэта былі задворкі Еўропы. Авось візантыйскія імператары Камніны лічылі іначай. Як мяркуюць некаторыя гісторыкі, адзін з Камнінаў Аляксей I, маючы вялікі выбар, узяў шлюб з Усяслававай дачкою. Сваяцтва дому Рагвалодавічаў з візантыйскай дынастыяй мела, як мы ўбачым, далёкія палітычныя і культурныя вынікі.
Акрэсліўшы межы княства, падплывём Дзвіною да яго сталіцы.
3 адносна невялікіх гарадзішча і селішча Полацк ператварыўся ў буйны горад, дзе жыло блізу дзесяці тысяч чалавек. На дзядзінцы каля Сафійскага сабора падняўся княжы двор: высокі драўляны хорам на два паверхі з шырокай галерэяй-сенямі, са святліцамі і пачывальнямі, з палатай, у якой магло сесці за сталы не меней за сотню гасцей. Вакол хорама вольна стаялі дамы баяраў і купцоў будаваліся новыя храмы. (Полацк – адзін з сямі гарадоў Усходняй Еўропы, у якіх вядома дзесяць і болей помнікаў дойлідства XI–XII стагоддзяў) Гэтае высокае месца ў сутоку Дзвіны і Палаты пазней назавуць Верхнім замкам.
Тут жыла і дружына – галоўнае апірышча валадара. У вялікія паходы разам з дружынаю ішло народнае рушэнне (апалчэнне). Дзеля вайсковых патрэбаў князь трымаў запасы зброі і конскія табуны. Некалі кіеўскі Святаслаў меў тры тысячы кабыл і тысячу жарабцоў. Колькі коней білі капытамі ва Усяслававых стайнях, невядома, але лік, безумоўна, ішоў на сотні.
Дзядзінец з усіх бакоў абаранялі рэкі і роў Адна брама выводзіла адсюль на мост праз Палату, другая – у Вялікі пасад, за якім пачыналіся старадаўнія курганныя могілкі. Рамесны люд сяліўся пераважна на пасадах – Вялікім і Запалоцкім. Археолагі мяркуюць, што ўжо ў часы Усяслава вакол Запалоцця ішоў роў і дубальтовая сцяна-тын.
Палачане жылі ў хатах з адсечанага ў лесе адразу па мерцы хваёвага (радзей яловага) бярвення. Плошчаю тыя будынкі былі трохі меншыя за нашы сучасныя кватэры – ад 12 да 25 квадратных метраў Зруб стаяў на драўляных падкладах і часам меў прызбу. Падлогу рабілі з дошак. Палілі ў хаце па-чорнаму. Хлявы часта пераўзыходзілі памерамі чалавечае жытло. Пабудовы стаялі вельмі шчыльна, маленькія падворкі раздзяляліся адзін ад другога агароджаю з забітага ў зямлю колля. Вуліцы масцілі бёрнамі і драўлянымі плахамі. Сям-там трапляліся лазні: продкі таксама ўмелі цаніць асалоду ад распаранага бярозавага ці дубовага веніка.
Ад кожнае эпохі на зямлі, дзе жыве чалавек, застаецца свой слой, які археолагі называюць культурным. Слаі розных стагоддзяў маюць розную таўшчыню і розняцца колерам, захоўваюць адметныя рэчы. Гэты своеасаблівы летапіс нярэдка апавядае пражыццё продкаў болып і цікавей за летапіс сапраўдны. Таўшчыня такога «фаліянту» на Верхнім замку дасягае шасці метраў а пра тое, што там знойдзена, напісаныя дзесяткі кніг.
Археолагі падлічылі, што ў горадзе жылі майстры болып як шасцідзесяці спецыяльнасцей. Ганчары, бондары, шаўцы, краўцы, замочнікі, ткачы, меднікі, гарбары-кажамякі… Агароднікі будавалі гарадскія сцены, ладзейнікі – ладдзі і стругі. Жарнасекі выштукоўвалі з каменю жорны, з пясчаніку – вастрыльныя брускі, з мяккіх пародаў – абразкі ды крыжыкі. Касцярэзы рабілі грабяні, накладкі да калчанаў-тулаў, гузікі, шахматныя фігуркі. У разьбяроў вельмі цаніліся маржовыя іклы – так званы рыбін зуб. Князі дарылі яго адзін аднаму нароўні з конямі, сабалямі ды шкурамі барсаў і белых ваўкоў.
Далёка славіліся полацкія ювеліры. Былі сярод іх чаканшчыкі, якія маглі акаваць турыны рог срэбрам і выбіць на ім ратнікаў што змагаюцца з закутымі ў панцыры пачварамі. Былі спецыялісты па скані, чэрні, эмалі і зерні. На жаночую падвеску-колт памерам з пазногаць майстар мог налітаваць 325 металёвых зёрнаў Ювелірныя майстэрні забяспечвалі прыгажуняў аздобаю – бранзалетамі, пярсцёнкамі, скроневымі кольцамі. Папулярным упрыгожаннем былі лунніцы (падвескі ў выглядзе месяца). Простыя гараджанкі любілі насіць шкляныя бранзалеты – сінія, блакітныя, чорныя, зялёныя. Князёўны перад вяселлем замаўлялі залатыя колты з эмалямі, на якіх сядзелі на дрэве два паўліны – сімвал маладой пары. Дачка рамесніка цешылася просценькімі падвескамі. Пакладзе дзяўчо паміж дзвюма пластачкамі ўпрыгожання змочаны пахкім алеем кавалачак тканіны, і ніякай іншай парфумы ёй не трэба.
Хтосьці з полацкіх ювеліраў зрабіў князю Усяславу срэбны з пазалотаю сігнет (пярсцёнак з пячаткаю), які ў 1914 годзе знойдзе на дзвінскім беразе, капаючы чарвей, дзісенскі рыбак, мешчанін Сымон Рудак і які праз год Вацлаў Ластоўскі набудзе для будучага Беларускага музея ў Вільні.
Аднойчы на малюнку ў кнізе я ўбачыў тагачаснага палачаніна ў лазовых лапцях, і ўвесь давер да масцітага мастака імгненна выветрыўся. Абутак у гараджанаў дый у вяскоўцаў быў тады скураны, жаночы і дзіцячы вышывалі каляровымі ваўнянымі ніткамі. Адзенне, вядома, залежала ад становішча чалавека і яго дастатку. Убор князя і баярына цяжка ўявіць без плашча-карзна. Князь насіў высокія мяккія боты з сіняга, жоўтага ці чырвонага саф’яну і круглую шапку з футравай аблямоўкай.
Сучасныя модніцы могуць параўнаць сябе з княгіняю, якая выходзіла ў святочны дзень з хорама ў вышываных золатам чаравіках і ў дзвюх падпаясаных залатым пасам парчовых сукнях – кароткай верхняй і даўгой ніжняй. Верхняя мела шырокія рукавы, а ніжняя – вузкія з залатымі поручамі. Шыю песцілі шырокія каралі з каштоўных камянёў у валасах ззялі на сонцы залатыя або срэбныя колты з эмалямі і зерню.
Палачанкі ахвотна насілі бурштынавыя пацеркі, што, як верылі, спрыяла здароўю і дапамагала ад бяссоння. Раскапаўшы майстэрню старажытнага полацкага ювеліра, археолаг Сяргей Тарасаў знайшоў у ёй, апрача тыгляў пінцэтаў гірак ды іншага прычандалля, чатыры сотні кавалачкаў апрацаванага і «дзікага» бурштыну.
3 асаблівай павагай князь і яго акружэнне ставіліся да збройнікаў Ваяры почасту назіралі, як у агні нараджаецца меч. Вось клінок дайшоў да чырвонага калення, цяпер трэба яго загартаваць: можна ў вадзе, а лепей «у буесці» – падаць хутчэй конніку, што чакае ля кузні, і той паімчыць у поле, трымаючы меч лязом насустрач ветру.
Мячы (кошт аднаго быў прыблізна роўны кошту каня) мелі такую вастрыню, што імі галіліся. Броннікі рабілі кальчугі-броні з безлічы жалезных кольцаў (часам іх колькасць даходзіла да 60 тысяч), а яшчэ броні дашчаныя – з металёвых пластачак. Незаменныя былі на вайне даўгія цяжкія коп’і – дзіды і лёгкія, прызначаныя для кідання – суліцы. Годнае месца ў арсенале полацкіх ваяроў займалі аднаручныя і дзвюхручныя баявыя сякеры. Калі верыць «Слову пра паход Ігаравы», якраз яны адыгралі вырашальную ролю ў час штурму Ноўгарада дружынамі Усяслава Чарадзея.
Ішла слава пра полацкіх майстроў-лучнікаў На блізкай адлегласці ад стралы са сталёвым наканечнікам не ратавалі ні шчыты, ні кальчуга, ні панцыр. Нават праляцеўшы сотню метраў, такая страла лёгка прабівала дубовую дошку таўшчынёю з палец. Лук даставаў крокаў на 300–350. 3 ім паляўнічыя смела хадзілі на буйнога звера, а мімаходзь маглі сцяць гуся, качку або чаплю.
Паляванне служыла гараджанам не забаваю, а важнай часткаю гаспадаркі. Яно падзялялася на мясное (на зуброў, ласёў, аленяў, мядзведзяў, лебедзяў, гусей, цецерукоў) і футравае (на баброў лісіц, вавёрак, ваўкоў, собаляў, куніц). На звярыных сцежках капалі ямы, ладзілі сілкі. Дзікіх птушак лавілі так званымі перавесамі – нацягнутымі высока над зямлёю сеткамі. Пра багацце нашых лясоў за часам князя Усяслава можна меркаваць па тым, што ў XVI стагоддзі собалі на полацкім рынку яшчэ прадаваліся вязкамі па 40 штук, а гарнастаі – па 250.
Жыхары Полацка аралі вакол горада зямлю, сеялі жыта, ячмень, пшаніцу, авёс, грэчку, гарох, лён. На полацкіх гародах тысячу гадоў таму раслі капуста і рэпа, боб і мак, цыбуля, часнок, кроп. Продкі ведалі смак салёнага агурка і расолу. Прыліплае да дна бочкі агурочнае зернетка археолагі знайшлі ў земляным слоі XIII стагоддзя.
Адзін беларускі паэт напісаў гістарычны раман гіра эпоху Чарадзея. Яго героі, паскідаўшы кальчугі, сядзяць вакол вогнішча і цюмраць печаную ў прыску бульбу. Ім можна было б пазайздросціць, каб не адна акалічнасць: бульбу завезлі ў Еўропу з Амерыкі толькі ў XVI стагоддзі, а ў Беларусі наш цяперашні другі хлеб з’явіўся яшчэ гадоў праз дзвесце.
Увесну ў горадзе зацвіталі яблыневыя і вішнёвыя сады. У хлеўчуках рохкалі вепрукі, білі ў драўляныя даёнкі вострыя струменьчыкі сырадою, бляялі авечкі і мэкалі козы. Частка палачанаў кармілася з рыбарства. Рыбу лавілі нератам, брадніком, на кручок, білі восцямі. Калі яна ішла на нераст, на невялікіх рэчках рабілі закалоты: перагароджвалі рэчышча шчытна падагнанымі жардзінамі, а пакінуты праход закрывалі лазовымі мярэжамі.
У прыгарадных лясах ставілі борці. 3 калоды ў добры год бралі колькі карчагаў мёду. Галоўнымі канкурэнтамі бортнікаў былі, вядома, мядзведзі. Борці яны ведалі не горш, чым гаспадары, таму пад кожнаю, каб ласун не здолеў падабрацца да салодзенькага, вакол стаўбура ладзілі шырокі дашчаны шчыт – подкур.
Ласаваліся продкі не толькі мёдам, але і каўрыжкамі, пернікамі з макам, пірагамі з самым розным мясам, ад заечыны да мядзведзіны. Падчас варожае аблогі нядрэнна ішлі і каніна з сабачынай. Між іншым, хрысціянская царква забараняла есці «даўляніну» – мяса звяроў і птушак, што трапілі ў сіло або былі задушаныя сабакам, лоўчым сокалам ці ястрабам і не прырэзаныя чалавечай рукой.
На святочнай бяседзе хадзілі па застоліцы чары варанага перабрадзілага мёду. Пілі таксама мёд, настоены на перцы, прывезенае з поўдня вінаграднае віно, ячменнае піва і квас. Сёмую чару хмельнага зелля лічылі «богаўгнявіцельнай», бо пасля яе чалавекам завалодвалі нячысцікі і пачыналіся сваркі, лаянка і тузанне за валасы. Знаходзіліся, праўда, і тыя, што перабіралі меру. Да нас дайшлі апісанні тагачасных жлуктаў: «Ни се мертв, ни се жив, опухл и аки болван… налився аки мех до гортани, надомся (надзьмуўся) аки бочка, в ругание и посмех дав себе».
Горад любіў і ўмеў гандляваць. На торжышчы прапаноўвалі тавар тутэйшыя рамеснікі і сяляне. Кіеўскія купцы (яны трымаліся ў параўнанні з іншымі трохі фанабэрліва, ды ў Полацку на гэта ніхто не зважаў) прывозілі шкляныя вырабы, белы гліняны посуд з зялёнаю палівай. Яны ж вялі гандаль чарнаморскімі таварамі: віном, аліўкавым алеем, амфарамі. Багатыя гараджане з велікакняжацкага кола спыняліся каля прылаўкаў з візантыйскімі квяцістымі тканінамі, з усходнімі прыправамі і тонкімі шклянымі келіхамі.
Як сведчаць археалагічныя знаходкі, палачанін мог купіць на рынку грэцкія арэхі, грабяні з самшыту, што расце на каўказскіх схілах, сердалікавыя пацеркі з Сярэдняй Азіі. Знайшлі ў Полацку нават ракавінкі малюска каўры, радзіма якога – Індыйскі акіян. Чулася на торжышчы і нямецкая гаворка. 3 Заходняй Еўропы рамеснікі атрымлівалі волава, медзь і цыну. Першае месца ў полацкім імпарце колькі стагоддзяў займала соль, у экспарце – воск і футра.
Праведзеныя з дапамогаю рэнтгенаўскіх мікрааналізатараў даследаванні вырабаў полацкіх кавалёў паказалі, што мясцовае жалеза яны нярэдка спалучалі з якаснай сталлю з вострава Готланд, якая мела падвышанае ўтрыманне нікелю.
Разлічваліся срэбнымі зліткамі – грыўнямі. Грыўня дзялілася на 20 нагатаў або 50 кунаў. Конь, напрыклад, каштаваў дзве-тры грыўні. Плацілі таксама вязкамі футравіны.
Гаворачы пра гандаль, трэба ўспомніць і пра шляхі, па якіх ездзілі купцы ды іншыя падарожнікі.
Галоўнымі дарогамі былі водныя. Паблізу горада па Дзвіне снавалі невялікія выдлубаныя чаўны-аднадрэўкі. Са стаўбура вячыстае ліпы тым самым спосабам можна было зрабіць лодку, куды змяшчалася некалькі коней з людзьмі. Ішлі па рацэ важка наладаваныя таварам пласкадонныя стругі. Паўсотні ваяроў з рыштункам падымала ладдзя (яны хадзілі пад ветразем і на вёслах). Вялікія ладдзі з палубай і носам, аздобленым выразанай з дрэва звярынай ці птушынай галавой, зваліся насадамі. У сярэднявеччы на беларускіх рэках сустракаліся піраты, якіх называлі расколамі. (Ці не адтуль пайшло жаргоннае слаўцо «раскалоць»?)
Праз валокі, дзе гандлёвыя караваны пераходзілі з адной рачной сістэмы ў другую, судны перапраўлялі на катках і колах, а невялікія перавозілі на запрэжаных некалькімі конямі калёсах або валакушах. Ездзілі па рэках і на санях, але тыя лёгка беглі адно на пачатку зімы, пакуль завірухі не перагароджвалі ледзяную дарогу сумётамі.
На высокіх берагах і прыбярэжных узлобках усцяж Дзвіны будавалі «глядзені», адкуль вартавы ўдзень і ўначы сачыў ці не набліжаецца вораг. У выпадку небяспекі загараўся сігнальны агонь, які бачылі з суседняга дазору. Ланцужок агнёў хутка дабягаў да горада, і жыхары бралі ў рукі зброю. Адзін з такіх «глядзеняў» стаяў на ўзгорку каля вёскі Падкасцельцы, што ўвайшла цяпер у межы Наваполацка.
Ездзілі не толькі рэкамі. Сухаземныя шляхі вялі з Полацка ў Пскоў, Ноўгарад, Менск… Першымі дарожнымі знакамі былі засечкі на дрэвах, а ўзімку – высокія тычкі з жмутком саломы на макаўцы. Закінутая дарога праз нейкія тры дзесяткі гадоў бясследна знікала.
Рагвалодаў камень з-пад Оршы. Гравюра XIX ст.
У далёкае падарожжа купцы выпраўляліся абозамі па дваццаць – сорак падводаў, каб лягчэй было бараніцца ад лясных разбойнікаў За дзень абоз праходзіў разы ў тры меней, чым княжая дружына. Адлегласць крывічы вызначалі не толькі вёрстамі, але і даўнейшымі, нязвыклымі нам мерамі – пералётам стралы або попрышчам, у якім была тысяча крокаў.
Полацкія купцы мелі сваё ўласнае гандлёвае месца ў Кіеве – «у двора Брячиславля». Да 1159 года адносіцца паведамленне пра пачатак рэгулярнага гандлю Полацка з Брэменам. Разам са смаленскімі калегамі палачане мелі сваё прадстаўніцтва ў Рызе. 3 хронік вядома, што ў 1212–1234 гадах там ужо існаваў цэлы «крывіцкі» квартал з праваслаўнай царквой святога Міколы.
Горад за часамі Усяслава рабіўся значным агменем асветы. Княжых і баярскіх дзяцей манахі вучылі дома. Дзейнічала школа пры Сафійскім саборы. Нямала пісьменных людзей сустракалася і сярод простых гараджанаў. Пра гэта, між іншым, кажуць графіці – зробленыя чым-небудзь вострым надпісы на сценах старажытных будынкаў. Адзін наш зямляк у XII стагоддзі такім чынам увекавечыў сваё імя ў кіеўскай Сафіі: «Войнег писал Журягович полочянин».
Малюючы тагачаснае жыццё, нельга не сказаць пра вечавыя сходы, што віравалі побач з Сафійскім саборам. Полацкае веча было ў горадзе другой уладай. Князь узначальваў войска, кіраваў дзяржавай, раздаваў васалам землі з гарадамі. Веча вырашала пытанні вайны і міру, слала пасольствы, вяршыла найвышэйшы суд, ацэньвала дзейнасць князя. Некалі Брачыслаў Ізяславіч прыняў на службу варажскую дружыну Эймунда толькі са згоды вечавога сходу, які пастанавіў даць князю грошы на разлік з наймітамі. Веча мела права запатрабаваць ад уладара адказу за прайграную бітву і нават за перамогу, калі тая каштавала занадта дорага.
Паступова полацкае веча набярэ такую сілу, што пачне само запрашаць князёў на пасад (праўда, абавязкова з роду Рагвалодавічаў) і пазбаўляць іх улады, выганяючы з горада. Пасля Усяслава двоеўладдзе прывяло да таго, што вялікія князі полацкія жылі ўжо не каля муроў Сафіі, а за Дзвіною, у Бельчыцах. Галоўнай асобаю ў дзядзінцы стаў епіскап. Ад яго імя гэтаксама, як і ад імя князя, веча заключала дамовы, іх пячаткамі змацоўваліся дзяржаўныя дакументы. Летапісы паведамляюць, што ўлада ў Полацку ў XII стагоддзі належала трыццаці «мужам», або «старцам». Па сутнасці, Полацкая зямля была баярска-вечавай феадальнай рэспублікай з выбарным манархам.
Мяркуючы па тым, што Усяслаў Брачыславіч валадарыў 57 гадоў, яго дачыненням з вечам мог пазайздросціць любы князь.
Ніхто на гэтай зямлі не вечны. Мы пачыналі знаёмства з Чарадзеем радкамі «Слова пра паход Ігаравы», імі і закончым. Калі верыць «Слову», прыдворны паэт кіеўскага князя Баян склаў Усяславу такую прыказку:
Hi хітраму,
ні спрытнаму,
ні чарадзею дасціпнаму
суда Божага не мінуць.
Час гэтага суда надышоў для Усяслава ў 1101 годзе. Значнасць яго асобы ў славянскім свеце падкрэслівае надзіва дакладны запіс летапісца: «Памёр Усяслаў, князь полацкі, месяца красавіка на чатырнаццаты дзень, а дзевятай гадзіне дня, у сераду».
У 2007-м у Полацку быў урачыста адкрыты конны помнік найславуцейшаму з Рагвалодавічаў, створаны скульптарам Аляксандрам Прохаравым. Цяпер палачане мараць пра вуліцу імя Усяслава Чарадзея.
Усяслаў пакінуў на радаводным дрэве полацкіх уладароў магутную галіну. Апрача дачкі, дзякуючы якой у жылах візантыйскіх імператараў бегла крывіцкая кроў, ён меў шасцёра сыноў: Барыса-Рагвалода, Давыда, Глеба, Рамана, Святаслава-Георгія і Расціслава.
Адзінай моцнай рукі ў крывічоў ужо не было. Менск, Віцебск, Друцк, Лагойск робяцца сталіцамі ўдзельных княстваў, дзе кіруюць Усяславічы. Той, хто лічыць драбленне старажытнабеларускае дзяржавы праяваю яе слабасці, памыляецца. Падзел на асобныя княствы быў гістарычна непазбежны. Першаю на ўсходзе Еўропы на гэты шлях ступіла Полацкая зямля, што сведчыць пра больш высокую прыступку яе гістарычнага поступу.
Удзельныя княствы далі новы ўсплёск эканамічнага і духоўнага жыцця. Разам з тым падзел Полацкай зямлі зусім не азначаў страты ёю адзінства. У знешняй палітыцы Усяславічы выступалі заадно, хоць у «сямейных» справах іх інтарэсы нярэдка сутыкаліся, і тады брат падымаў меч на брата.
На пасад у Полацку пасля бацькавае смерці сеў старэйшы Чарадзееў сын Барыс-Рагвалод. Падвойныя імёны – тагачасная полацкая традыцыя: адно было спрадвечна славянскае, другое, пераважна грэцкае, давалі пасля хрышчэння.
Названы ў гонар легендарнага Рагвалода полацкі князь у 1102 годзе зрабіў паход на балцкае племя яцвягаў і, перамогшы іх, пабудаваў горад Барысаў.
Пра князя Барыса Усяславіча нагадвае сённяшнім палачанам і турыстам чырванаваты гранітны валун побач з Сафійскім саборам. Паабапал шасціканцовага крыжа можна разабраць высечаныя словы: «ХС. Ника. Ги(Госпадзі) помози рабю своему Борісу». Гэты каштоўны помнік эпіграфікі (навукі, што даследуе старажытныя надпісы) – звыклая частка краявіду Верхняга замка. Не ўсе ўжо і памятаюць, што з’явіўся ён тут усяго нейкіх пару дзесяткаў гадоў таму, а датуль амаль дзевяць стагоддзяў ляжаў за пяць вёрст ад горада ўніз па Дзвіне. У вясновую паводку камень хаваўся глыбока пад вадою, у сухое лета да яго падыходзілі, падкасаўшы порткі.
Жыхары Падкасцельцаў ды іншых вёсак, якія пакрысе паглынуў Наваполацк, называлі валун Барысам Хлебнікам і сцвярджалі, што дасвеццем на ім ляжыць бохан свежага хлеба. Такія аповеды аднойчы натхнілі нас, полацкіх хлапчукоў на начную экспедыцыю. Самае неверагоднае, што ў ранішнім тумане мы сапраўды ўбачылі на Барысе хлебны бохан. Трэба прызнаць, што ён нічым не розніўся з крамным, але таямніца яго з’яўлення так і засталася неразгаданая.
Сямідзесяцітонны камень выцягвалі на бераг і перавозілі з дапамогаю японскай тэхнікі. Некалькі газет адгукнуліся на падзею байкамі пра тое, што, не жадаючы аддаць гарадскую славутасць на ганьбаванне ордам хана Батыя, палачане ў свой час вырашылі ўтапіць Барысаў камень у Дзвіне. Як пасля гэтага продкі без усякай замежнай тэхнікі адвалаклі махіну яшчэ на пяць вёрст, «гісторыкі» маўчалі. Няўцям ім было і тое, што ніякія Батыевы орды пад Полацк ніколі не прыходзілі, як не было ў Беларусі і татара-мангольскага прыгнёту.
Полацкі Барысаў камень – не адзіны. Некалькі валуноў з пісьмёнамі захаваліся ў розных месцах былога Полацкага княства. У мінулым стагоддзі іх было блізу дзесятка, але адны ўзарвалі, другія звезлі. Той, што ляжаў пры левым беразе Дзвіны каля яе сутоку з рэчкай Павянушкай і меў надпіс «Сулиборь хрьст», у 1879 годзе адправілі ў археалагічны музей у Маскву.
У томе III «Живописной России» (Санкт-Пецярбург, 1882 г.) чытаем: «За пяць вёрстаў ад павятовага горада Дзісны, паблізу вёскі Накоўнікі, у Дзвіне, на сярэдзіне ракі, ляжыць шэрага колеру гранітны валун даўжынёю 5 з паловаю сажняў вышынёю 2,3 сажня і ў акружнасці 14 сажняў На ім высечаны крыж, па баках якога – надпіс: «Господй помозй рабу Твоему Борису»… За дзве вярсты ад яго амаль на сярэдзіне дзвінскага рэчышча ляжыць таксама Барысаў камень, памерамі буйнейшы за ўсе іншыя. Вышыня ягоная ад дна 3,5 сажня, даўжыня 5 1/2 сажня, акружнасць каля 24 сажняў. На пляскатай паверхні яго высечаны шасціканцовы крыж, па абодва бакі надпіс»…
Думкі гісторыкаў пра паходжанне Барысавых камянёў разыходзяцца. Ёсць меркаванне, што да прыняцця хрысціянства валуны былі паганскімі святынямі, і, высякаючы крыжы, полацкі валадар змагаўся супроць старой веры, а адначасна і ўвекавечваў сваё імя. Акадэмік Б. Рыбакоў звязвае з’яўленне князевых просьбаў аб Божай дапамозе са страшэнным голадам 1127–1128 гадоў калі снег ляжаў да траўня, мароз пабіў азіміну, людзі елі мох ды салому і ў суседнім з Полацкам Ноўгарадзе бацькі, каб уратаваць дзяцей ад галоднае смерці, задарма аддавалі іх у рабства.
Мікола Ермаловіч лічыць, што камяні – памяткі вайсковых дзеянняў полацкага князя, які напярэдадні паходаў прасіў ва Усявышняга перамогі. У 1102 годзе Бог паспрыяў яму разбіць яцвягаў, а праз чатыры гады, у паходзе на балцкае племя зямгалаў адвярнуўся ад палачанаў: «Победиша зимегалы Всеславича, всю братью і дружины убиша девять тысяч».
Старэйшы Чарадзееў сын памёр у 1128 годзе. Яго пахавалі ў Барысаглебаўскай царкве ў Бельчыцах. На тых, хто праводзіў Усяславіча ў апошні шлях, пазіралі з цудоўных фрэсак святыя Барыс і Глеб. Размалёўкамі гэтага храма вучоныя захапляліся яшчэ ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя. Тады ў Бельчыцах, там, дзе ў сённяшнім Полацку завулак Юбілейны, стаялі сцены або падмуркі чатырох старажытных храмаў Адзін з іх вельмі нагадваў цэрквы, што будавалі ў раннім сярэднявеччы ў Сербіі ды ў Балгарыі, а таксама ў Афонскім манастыры ў Грэцыі. Пастановаю Полацкага гарсавета комплекс Барысаглебаўскага манастыра ўзарвалі. Уладзе патрэбны быў матэрыял «строить новую жизнь». Разам з архітэктурнымі помнікамі і фрэскамі загінулі пахаванні Рагвалодавічаў у сутарэннях Пятніцкай царквы.
Летапісы не забываюць і астатніх сыноў Чарадзея.
Вядома, што Давыд Усяславіч у 1103 годзе хадзіў з паўднёварускімі князямі на полаўцаў.
У Менску сядзеў князь Глеб, наймацнейшая, здаецца, асоба ў тым пакаленні полацкай дынастыі. Ён, як і Усяслаў, мусіў ваяваць з Уладзімірам Манамахам. Змаганне скончылася для Полацка няўдала. У 1119 годзе Глеб трапіў у кіеўскі поруб, дзе некалі сядзеў у кайданах разам з бацькам. Гісторыя паўтарылася не да канца: паўстанне не вызваліла вязня, вярнуцца на Бацькаўшчыну яму не лёсіла. Калісьці Глеб пабудаваў у Кіева-Пячорскім манастыры трапезную і ахвяраваў манахам 600 грыўняў срэбра і 50 грыўняў золата. Чарнарызцы маліліся за князя, аднак ён падазрона хутка, не праседзеўшы ў порубе і года, сканаў.
Нягледзячы на расправу з менскім гаспадаром, Усяславічы і далей вялі сваю, незалежную ад Кіева палітыку. Як занатавана ў летапісе, «несупынна варагуюць паміж сабою ўнучаты Ізяслава і Яраслава, і меч трымаюць голы, да вайны гатовы».
1127 год адзначаны ў нашай гісторыі вялікім паходам на крывіцкую дзяржаву. Кіеўскі князь з хаўруснікамі наступалі адначасова з чатырох бакоў Да сталіцы іх войска, праўда, не дайшло – задаволіліся Лагойскам і Заслаўем ды прызнаннем палачанамі вяршэнства Кіева.
Падуладнасць Полацка доўжылася да наступнага года, пакуль вялікі кіеўскі князь Мсціслаў не прыслаў крывічам загаду ісці ў паход на полаўцаў Усяславічы не проста адмовіліся, а яшчэ і пакпілі з Мсціслава: «Ты с Боняком Шелудяком (зняважлівая мянушка палавецкага хана) здравствуйте оба и управляйтесь сами, а мы имеем дома что делать». Кіеўскі гаспадар «вельми оскорбяся» і адразу пасля вайны з качэўнікамі кінуў супроць нашчадкаў Чарадзея дружыны ўсіх паўднёварускіх земляў Пяцярых полацкіх князёў ворагам удалося захапіць у палон і завезці ў Кіеў Пасля паказальнага суда іх з жонкамі і дзецьмі адправілі ў Візантыю. Тады і нарадзілася беларуская прымаўка «Мсціслаў не аднаго сціснуў».
Візантыйскі кесар Іаан, да якога ў 1129 годзе прыбылі выгнаннікі, даводзіўся Рагвалодавічам сваяком, таму высылка была ганаровая. Крывіцкія князі не марнелі ў турмах, а займаліся звыклаю справай. Кесар паслаў іх на вайну з сарацынамі (арабамі), дзе палачане хутка вызначыліся вайсковым майстэрствам і атрымалі ўзнагароды.
Некаторыя сучасныя аўтары, спасылаючыся на неназваныя, на жаль, візантыйскія крыніцы, падаюць непасрэдна звязаную з высылкаю Рагвалодавічаў найцікавейшую гісторыю.
Калі ёй верыць, разам са сваякамі ў Візантыю трапіла ў 1129 годзе і народжаная ў апошнія гады жыцця Усяслава яго дачка Дабрадзея, у хрышчэнні Зоя. Мужчыны Рагвалодавічы ваявалі, а жанчыны і дзеці засталіся пры імператарскім двары, дзе і адбылася сустрэча Зоі з пляменнікам кесара і спадкаемцам трону Аляксеем. Ён быў на чатыры гады маладзейшы за Усяслаўну, але так захапіўся прыгажосцю і розумам палачанкі, што ўжо праз месяц пасля з’яўлення той у Канстанцінопалі павёў яе пад вянец.
Зоя нарадзіла дачку і, увайшоўшы ў імператарскую сям’ю, выславілася як выдатная лекарка, што ўратавала шмат безнадзейных хворых. Зайздрослівыя калегі і сёй-той з прыдворных спрабавалі абвясціць палачанку «чарадзейкаю», але тая знаходзілася пад надзейнай абаронаю мужа, дзякуючы якому па часе магла стаць імператрыцаю. Ды Аляксей Камнін памёр малады, Усяслаўна не паспела нарадзіць ад яго хлопчыка і ў выніку, паводле тагачасных візантыйскіх законаў была выключаная са спісу прэтэндэнтаў на імператарскі трон. Аплакаўшы мужа, яна не пайшла ў манастыр, а працягвала сваю лекарскую практыку і пакінула пасля сябе кнігу пад назваю «Мазі». Гэта быў першы ў Еўропе медыцынскі трактат, напісаны жанчынай. У ім досвед усходнеславянскай медыцыны спалучаўся з вучэннем вядомага ў тыя часы лекара Феафракта. 3 пяці частак кнігі чытач апрача рэцэптаў мазяў меў магчымасць атрымаць звесткі пра чатыры тыпы чалавечага тэмпераменту, пра лекавы масаж, гігіену шлюбу, догляд за немаўлятамі. Цяпер трактат асвечанай палачанкі нібыта захоўваецца ў бібліятэцы Медычы ў Фларэнцыі.
Пакуль Рагвалодавічы ваявалі з ворагамі Візантыі, кіеўскія намеснікі рабавалі Полацкую зямлю, хадзілі паходамі на яе мірных даннікаў секлі галовы гуслярам, што адважваліся спяваць пра подзвігі Чарадзея.
Трэці раз у гісторыі рабілася спроба звесці полацкую дынастыю са свету. I зноў – марна. Калі праз дзесяцігоддзе двое братоў Рагвалодавічаў вернуцца з высылкі на Бацькаўшчыну, тая ўжо будзе вызваленая ад захопнікаў Полацкае веча ў 1132 годзе выганіць з горада кіеўскага стаўленіка Святаполка і абвесціць князем Усяслававага ўнука Васільку, якому нейкім чынам удалося пазбегнуць выгнання.
Спадкаемцы князя-вешчуна ўзбагацілі радавод Рагвалодавічаў шматлікімі атожылкамі.
Князёўна Сафія, дачка князя менскага і полацкага Валадара, у 1157 годзе ўзяла шлюб з каралём Даніі Вальдэмарам I. Яе дзеці сядзелі на дацкім, шведскім і французскім тронах.
Нямала Чарадзеевых нашчадкаў увойдзе ў гісторыю. Але найбольшую славу прынясе Полацку пасля Усяслава яго ўнучка Еўфрасіння. Яна стане нябеснаю апякункаю Беларусі, а ў зямным жыцці будзе найадукаванейшай жанчынаю свайго часу ва ўсёй Еўропе, выдатнай асветніцай, якую параўнаюць з арлом, што, «лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду і да ўсходу і, нібы прамень сонечны, прасвятліў зямлю Полацкую».
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?