Электронная библиотека » Уладзімір Арлоў » » онлайн чтение - страница 9


  • Текст добавлен: 16 ноября 2018, 18:40


Автор книги: Уладзімір Арлоў


Жанр: История, Наука и Образование


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 9 (всего у книги 31 страниц) [доступный отрывок для чтения: 10 страниц]

Шрифт:
- 100% +

У Смаленск паслы не паехалі. Смаленскі князь сам глядзіць, каб адарваць кавалак ад Полацкай зямлі, ад сваіх братоў-крывічоў Добра, калі ў спіну не ўдарыць. Затое ён, князь Валодша, моцна спадзяваўся на паўночных суседзяў.

Не з лёгкай душой, а заціснуўшы гонар у кулак, пісаў ён ім граматы. Ноўгарадцам і пскавічам нямецкія замкі на Дзвіне выгодныя: болып купцоў едзе да мора сухаземным шляхам цераз іх княствы. Пскоўскія ратнікі нават хадзілі купна з немцамі вайною на эстаў. Суседзі не разумелі, што нядоўга будуць багацець ад сваіх выгодаў. Рыцары паставяць на калені чудзь і пойдуць далей на ўсход. Прыспеў час забыць старыя крыўды і стаяць за свае рубяжы плячо ў плячо. Іначай палягуць паасобку, як дружына князя Ігара ў палавецкім стэпе. А выступаць трэба цяпер, калі рыжскі біскуп Альберт паехаў да папы і кесара разбіраць спрэчкі з мечаносцамі.

Валодша ўсміхнуўся, павесялеў Ён разумны, біскуп. Кожны раз, як едзе ў Нямеччыну, ён набірае сабе не толькі рыцараў, але і майстроў каб глыбей пусціць карані ў чужую зямлю. Нядаўна ён дазволіў лівам замест дзесяціны плаціць меру збожжа з аднаго каня. Цяпер лівы не паўстануць. Біскуп вельмі разумны, але здаралася аступацца і рыжскаму пугачу. Відаць, не раз гатовы быў кусаць сябе за локці, што заснаваў ордэн. Войска Альберта служыла яму толькі ад лета да лета, а потым, зарабіўшы адпушчэнне грахоў і ў жадобу парабаваўшы, крыжакі вярталіся на караблях дадому. Ён думаў, ордэн мечаносцаў памножыць яго моц. Але браты-рыцары, увабраўшыся ў дужасць, зрабіліся не памагатымі, а заклятымі ворагамі. Не першы год біскуп і ордэн грызуцца, як злыя сабакі за смачную костку. Некалі Альберт даваў ім траціну заваяванай зямлі, а цяпер ужо мечаносцы дакляруюць яму гэтую траціну, дый то на словах. Пакуль не замірыліся, пакуль няміласцівы да біскупа папа ў Рыме, і трэба біць псоў.

Ён загадаў паслам сказаць у Ноўгарадзе ды Пскове і пра тое, што не сёння, дык заўтра можа прыйсці на берагі Варажскага мора новы вораг. Угорскі кароль пусціў на свае землі рыцараў-тэўтонаў, што дагэтуль ваявалі з сарацынамі. Полацкія князі здавён маюць сярод купцоў верных людзей, якім наказана ў падарожжах дбаць не толькі аб добрым гандді, але мець вушы і вочы дзеля сілы і прышласці роднага гнязда. Летась купцы прывезлі вестку, што ляшскія князі просяць у тэўтонцаў падмогі супроць прусаў…

Чакаючы паслоў з адказам, Валодша цешыўся надзеяю, што адыдзе ў мінулае задаўненая варажнеча. У смелых думках ён бачыў як будзе сватаць за старэйшага сына Барыску дачку ноўгарадскага князя. Тады Полацк і Ноўгарад стаялі б на сваіх межах непарушна.

Праз месяц паслы вярнуліся з невясёлымі навінамі. Ноўгарадцы крычалі на вечы, што пойдуць ваяваць немцаў калі Полацк прышле назад званы, што Усяслаў Чарадзей з іх Сафіі зняў і на сваю павесіў Пскавічы таксама ўспомнілі, як іх Усяслававы палкі палілі. Як быццам Полацку няма чаго згадаць! Можа, і папусціўся б ён, адаслаў назад званы, але ж нічога добрага з гэтага не выйдзе. Адно што пасмяюцца ў Ноўгарадзе: маўляў, дазвання растрос Полацк былую славу і гонар.

Валодша ўжо даўно зразумеў: каб адолець біскупа, мала адной сілы. Ён стаў асцярожны. Калі маеш справу з Рыгаю, хітрасць – не загана. Ён добра памятае, як колькі гадоў таму нямецкія паслы выведалі яго задумы і таемна паслалі біскупу вестку аб зборах полацкага князя ў паход. Рыцары, што меліся адплываць за мора, нечакана засталіся ў Рызе. Ён так і не дазнаўся, каго з полацкіх моцных мужоў падкупілі немцы.

Пра новы паход ведаюць лічаныя людзі, а ўвесь Полацк гаворыць, што князь пойдзе ў набег на бязбожную літву. Хай мянцяць языкі – літоўскім князям-кунігасам не горай, чым яму, вядома, што гэта будзе за набег. Літоўцы ўмеюць трымаць язык за зубамі.

Чатыры гады, як у Полацка з Рыгаю вечны мір. Не, рыжскі біскуп не верыць, што ён, Валодша, скарыўся. Альберт, пэўна ж, разумее, што ён проста хоча выйграць час, і таму адкладваць паход далей не выпадае.

Вечны мір… Днямі ў Дзвіне ўтапілі двух выведнікаў-нямчынаў, якія труцілі полацкія студні. Сам князь таксама пабойваецца варожага зелля і падчас застоліцы заўсёды кідае ў сваю чару прывезены купцамі пярсцёнак з адмысловым каменем, ад якога атрута траціць сілу.

Не са сваёй волі нараджаецца чалавек, думаў лежачы без сну, князь. Але, калі прыйшоў ужо на свет, мусіць зразумець свой лёс і заўжды трымацца той невідочнай стралы, што ляціць цераз дні і гады, пазначаючы кожнаму яго шлях. Смерду трэба карміць гаспадара. Еўфрасіння жыла, каб сеяць зерне кніжнае навукі. А ён прыйшоў абараніць Полацкую зямлю. Надыдзе пара, і крыжакі зломяць сабе хрыбет.


Праз тыдзень Валодша прымаў у княжай палаце паслоў з Герцыкі.

Колькі гадоў таму, здабыўшы бліжэйшы ад Рыгі Куканос, біскуп Альберт на чале вялікага войска падступіў да Герцыкі, дзе сядзеў Усевалад з роду Рагвалодавічаў Крыжакі прыйшлі помсціць за вернасць Полацку, за тое, што Усеваладава дружына няраз шкуматала Лівонію. У набегі князь хадзіў зазвычай разам з аўкштайтамі, бо іх магутны кунігас Даўгерут даводзіўся яму цесцем. У Рызе ваяўнічага памежнага князя пабойваліся, а Герцыка ды Полацк любілі яго – не толькі за адвагу ў бітве, але і за часты шанцунак, за тое, што свяціла яму з неба шчаслівая зорка.

То яго ваяры знянацку з’явяцца пад самымі рыжскімі мурамі, захопяць гарадскі статак і двух лацінскіх святароў у прыдачу і беспакарана вернуцца ў свой удзел. То, надзеўшы нямецкія панцыры, без бою ўвойдуць у замак і палоняць тузін рыцараў і самога комтура. То як быццам ні з чога ні з якога загарацца сярод ночы нямецкія караблі ў гавані…


Пячатка Ордэна мечаносцаў


Відаць, і тады Усевалад верыў у сваю шчаслівую зорку, бо не зачыніўся ў замку, каб трываць аблогу, а вырашыў біцца ў полі. Аднак людзей у Альберта было болей, а паміж Усеваладавых вояў не кожны нават меў кальчугу. Разы са два герцыкскія ратнікі наляцелі на немцаў ды адпалі, як выжлы ад мядзведзя, і кінуліся бегчы назад да брамы. Услед за імі крыжакі ўварваліся ў горад і пачалі сеяць смерць. Праўда, князь з дружынаю і многімі мужамі прабіўся да стругаў і ўратаваўся за Дзвіной, але жанкі і дзеці трапілі ў палон. Два дні крыжакі рабавалі Герцыку, выганялі з хлявоў худобу, зносілі да княжага хорама золата, срэбра і пурпур. На трэці дзень, утапіўшы царкоўныя званы і пасекшы мячамі абразы, немцы падпалілі горад і берагам пагналі палон у Рыгу. Прывязаная да калёсаў са скарбам, басанож ішла разам з усімі і проставалосая Усеваладава жонка з дачкою на руках.

У чоўне-аднадрэўцы пераплыў раку адпушчаны палонны. Усевалад, ашчаперыўшы голаў сядзеў на краі бераговага ўрвішча і моўчкі гайдаўся з боку ў бок. Пушчанік перадаў словы біскупа Альберта. Калі князь хоча вярнуць жонку з дзіцем і палон, няхай адзін едзе ў Рыгу. Усевалад кінуўся на вестуна з мячом, ледзьве не ўчыніўшы смертазабойства.

Але князь мусіў утаймаваць свой гнеў і паехаць у варожае кубло. Перад рыцарамі, клірыкамі і купцамі ён назваў Альберта бацькам і перадаў яму Герцыку з зямлёй і вотчынамі, паабяцаўшы быць верным лацінскай царкве і не хадзіць з літоўцамі ў набегі. Зняважаны Усевалад ішоў адбудоўваць горад з палонам і трыма атрыманымі ад біскупа чужынскімі сцягамі.

Гаварыць з людзьмі з Герцыкі Валодша вырашыў сурова, хоць у душы і хаваў радасць. Князь ведаў: хай сабе і схіліў Усевалад галаву перад рыжскім біскупам, але ніколі ён не паставіць дружыну ў варожы строй, не ўчыніць крывіцкім мячам такой нязбыўнай ганьбы.

У княжую палату, дзе ў вясёлыя вечары збіралася бяседа на сто чараў зазірала сонца. Яно запальвала агнём медныя бляхі на каваных шчытах, што віселі на сценах, чаргуючыся з раскідзістымі рагамі аленяў і ласёў. Адсюль, з другога паверха, была відаць мураваная царква пад свінцовым крыццём і выцягнутыя ўсцяж вастраколу абымшэлыя дахі жылых клецяў, на якіх падчас аблогі стаялі абаронцы.

Размова з пасламі мне ўяўляецца прыкладна так.

– Ну, распавядайце, ці добра жывецца пад нагой у біскупа? Ці смачнейшы стаў ваш хлеб, ці саладзейшы мёд? – пачаў Валодша. На ім ладна сядзела сіняя світа з чырвонаю аблямоўкай і залатымі закаўрашамі, на нагах былі расшытыя срэбрам боты з чырвонай скуры.

– Не такія мы словы чуць хацелі, – глуха сказаў стары Усеваладаў ваявода.

– Не льюць міру духмяную ў паганы посуд. Можа, гэта не ваш князь рыжскага біскупа за роднага бацьку прызнаў? Можа, не ён прысягаў адкрываць Рызе ўсе намеры і палачанаў і літоўцаў?

– Ты, князь, не сядзеў на тым рубяжы. Твае жонка і дзіця не паміралі ад голаду, і немцы не кідалі ім, акі псам, скарынкі на зямлю. Але і ты падпісаў з біскупам вечны мір.

– Мір мірам, а лацінцаў братамі не зваў і, пакуль жывы, не назаву!


Святыя Канстанцiн i Алена. Каменны абразок XII ст. з Полацка


Пасланы біскупам святар і яго схіляў некалі прыняць новую веру. «Асвяці душу і розум ісціным законам Божым, – пранікнёна казаў красамоўны рыжанін, – і Бог прыспорыць табе і твайму каралеўству велічы і моцы». Пасля новага хрышчэння, абяцаў клірык, вучоны святар Генрых, што піша лівонскі летапіс, праславіць імя полацкага караля на ўвесь хрысціянскі свет. Валодша ўспомніў як адказаў тады: «Ад Адама і Евы да патопу, ад царства Саламонава да Аўгуста, ад страсці да ўваскрэсення – пра ўсё я ведаю і вучэння ад вас не прыму. Дасць Бог, здабуду славу ад іншага чыну».

– Не лацінец мой бацька! – усхапіўся з лавы Усеваладаў сын. – Па-старому моліцца! Рымская царква ўпусце стаіць! Вокны каменнем пабілі, а лацінскі поп у Рыгу ўцёк.

– Любіш бацьку, – пахваліў Валодша. – Толькі, княжыч, вокны ў пустой царкве біць – подзвіг невялікі.

– Дазволь мне слова сказаць, княжа, – устаў герцыкскі ваявода.

Валодша ў згодзе нахіліў голаў Ён ведаў, пра што скажа стары ваяка, і чакаў яго словаў, бо час ужо быў пакідаць папрокі і кпіны ды прыступацца да галоўнага.

– Як князь Усевалад біскупа слухае, ты чуў. Ад той самай пары ў Альберта не быў і на граматкі яго не адпісваў Ты пра вялікі пажар у Рызе знаеш. Нашы людзі з літоўцамі чырвонага пеўня пусцілі. Згарэла царква лацінскае Багародзіцы, згарэў дом біскупаў згарэла царква братоў-рыцараў I летась добра паслужыла Герцыка біскупу, калі пабілі рыцараў з Куканоса.

Валодша кіўнуў. Сапраўды, летась герцыкскія ваяры няблага адмыліся ад ганьбы ў чужынскай крыві, а за дзесяць знаных нямчынаў Рыга паслала багаты выкуп.

– Кажы, з чым цябе князь Усевалад прыслаў! – загадаў Валодша старому ваяводу.

– Жадалі і жадаем быці з Полацкам. А другі раз у Рыгу хочам з табой схадзіць. Ад Герцыкі пойдуць твае стругі купна з нашымі.

– Добра мовіў А пад якімі сцягамі ў паход пойдзеце? Пад тымі, што біскуп даў?

– Пад полацкімі! – апярэдзіў ваяводу княжыч.

– А ты якія весці прынёс? – загаварыў Валодша да старэйшыны аўкштайтаў што прыйшоў у Полацк разам з герцыкскімі пасламі.

– Тры леты мінула, як крыжакі схапілі кунігаса Даўгерута. Мы будзем помсціць, пакуль помнім яго імя.

I Усеваладавы людзі, і полацкі князь добра ведалі, як Даўгерут паехаў на перамовы з ноўгарадцамі і на зваротным шляху трапіў у палон да мечаносцаў. Звыклага да лясных разлогаў кунігаса пасадзілі ў каменную цэлю з кратамі заместа столі. Яму днямі не давалі вады, а калі ён засынаў вартавы калоў яго зверху дзідай. Сам ордэнскі магістр Волквін падпальваў Даўгеруту ў розных месцах валасы і бараду.

Вольналюбівы кунігас не стрываў здзекаў і забіў сябе.

– Мы аддаём нябожчыкаў агню, а немцы закапалі нашага князя, як сабаку. Даўгерут не трапіў на неба і нябачна блукае па нашай зямлі. Ён дае слабым сілу, а моцных робіць яшчэ мацнейшымі. Нашы ваяры прыйдуць да нямецкіх замкаў Мы кінулі дзіду ў раку. Гэта – вайна.

– Які знак паслаць вам, калі пайду на Рыгу? – усцешана спытаўся Валодша.

– Будзем сачыць твае караблі на Дзвіне.


Пачатак паходу князь прызначыў на травень, калі падсохнуць дарогі. У Полацк сабраліся палкі з удзелаў Пешыя ратнікі, прашчнікі і лучнікі павінны былі рухацца далей на плытах і стругах, конная дружына – сухазем’ем.

Адстаяўшы з дружынаю ютрань у Сафіі, вялікі князь Валодша першы ўзбег па сходах на княжы струг і павярнуўся тварам да Полацка. Бераг быў чырвоны ад шчытоў Травеньскае сонца грала на шаломах ратнікаў што стаялі пад шматкалёрнымі сцягамі і белымі харугвамі. Душу князя прасвятліла радасць, ён падумаў што чужынцы з крыжамі на плашчах ніколі не будуць гаспадарамі гэтай зямлі.

«Слава! Слава!» – крычаў бераг. Але не паспела аціхнуць над Дзвіною водгулле, як полацкі валадар на вачах княгіні, малалетніх сыноў Барыскі ды Глеба і ўсяго горада схапіўся аберуч за слямгу і пачаў асядаць на памост.

Так загадкава абарвалася жыццё князя Валодшы.

Летапісец рыжскага біскупа Генрых не насмеліўся запісаць у сваёй хроніцы, што полацкага князя пакарала неба. Відаць, біскуп сам страшыўся кары за грахі і не хацеў каб згадка пра іх дайшла да будучых пакаленняў.

У лета 6724-га, а паводле сучаснага летазлічэння, 1216-га, крыжакі дамагліся свайго. Абезгалоўленае войска ў паход не пайшло. Дарэмна ў вотчыне за Барысавым каменем грузілі на караблі грозныя катапульты. Дарэмна чакала герцыкская дружына.

Ужо ў год смерці полацкага князя вялікі атрад мечаносцаў і рыцараў біскупа Альберта напаў на Ноўгарадскую зямлю. Каб ударыць раптоўна, крыжакі пачалі вайну якраз на Каляды, а вялікі магістр перад гэтым адпусціў з дарамі дахаты палонных ноўгарадцаў. Праз колькі гадоў былы князь Куканоса Вячка загінуў у рукапашнай, баронячы ад крыжакоў горад Юр’еў цяперашні Тарту, дзе сёння імем адважнага князя з роду Рагвалодавічаў названая вуліца.

Аднак збылося не толькі благое. Спраўдзіліся і князевы надзеі. Не ўзяў сабе Барыска жонкі з Ноўгарада, але ноўгарадскі князь Аляксандр Яраславіч вянчаўся з Параскеваю, дачкой полацкага Брачыслава. Цяпер два княствы радніліся не так, як у часы Рагвалода і Рагнеды, не пад звон мячоў, а пад радасныя галасы царкоўных званоў. Разам з пасагам везла маладая княгіня абраз Багародзіцы, што прыслаў некалі ігуменні Еўфрасінні яе сваяк візантыйскі кесар Мануіл. Праўда, Аляксандр Яраславіч, якога яшчэ не звалі Неўскім, болып разлічваў не на цудадзейны абраз, а на сілу полацкіх палкоў.

У сечы на неўскіх берагах здабыў сабе вечную славу лоўчы князя Аляксандра палачанін Якаў Узброены адным мячом, ён бліскуча вытрымаў бой з некалькімі дзесяткамі рыцараў і заслужыў асабістую княжую пахвалу.

Мінулася яшчэ два гады, і побач з ноўгарадцамі і пскавічамі полацкія ратнікі, што разам з віцяблянамі складалі траціну ўсяго войска, насмерць стаялі каля Варонінага Каменя на Чудскім возеры. Пасля Лядовага пабоішча яны супольна гналі палонных тэўтонаў да Пскова, а адтуль павярнулі на радзіму, у Полацк.

У той дарозе, каля вясёлых вечаровых вогнішчаў старэйшыя векам дружыннікі неаднойчы згадвалі Валодшу. Палачане верылі, што князь бачыў усё з захмараных высяў і радуецца цяпер разам з імі.

(Дзякуючы некаторым аўтарам і вядомаму савецкаму кінафільму «Аляксандр Неўскі» сеча на Чудскім возеры шмат каму ўяўляецца грандыёзнай баталіяй, у якой былі знішчаныя тысячы нямецкіх рыцараў Не прымяншаючы значнасці Лядовага пабоішча для свайго часу, заўважым, аднак, што насамрэч страты крыжакоў былі адносна невялікія. Не варта, вядома, цалкам давяраць лівонскай Рыфмаванай хроніцы, якая паведамляе ўсяго пра 20 забітых і 6 палонных рыцараў Але і ноўгарадскія летапісцы (натуральна, схільныя перабольшваць страты непрыяцеля) вядуць гаворку толькі пра 400–500 палеглых і 50 палонных. Дзеля параўнання: у Грунвальдскай бітве нашых продкаў з войскам Тэўтонскага ордэна ў 1410 годзе, паводле большасці пісьмовых крыніц, крыжакі страцілі 40 тысяч забітымі і 15 тысяч – узятымі ў палон.)

Полацкія ваяры яшчэ няраз святкавалі перамогу над захопнікамі з захаду. Разам з літвой, латышамі і эстамі яны ўшчэнт разбілі крыжакоў ля возера Дурбэ ў 1260 годзе. Праз два гады палачане дапамаглі пскавічам і ноўгарадцам прыступам узяць Юр’еў Але гэта былі апошнія старонкі гісторыі магутнай Полацкай дзяржавы. Пад Юр’еў нашых продкаў вадзіў ужо не Рагвалодавіч, а літоўскі князь Таўцівіл.

Надыходзілі новыя часы. Нараджалася новая дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае.

Новая дзяржава

Першая палова XIII стагоддзя адзначаная з’яўленнем дзвюх варожых славянству сілаў: татараў на ўсходзе і Тэўтонскага ордэна на захадзе. Паміж імі і паднялася новая еўрапейская краіна. Яе стваральным ядром сталі землі, размешчаныя на сучасным абшары Беларусі, яе моваю – старабеларуская, яе гербам – старажытны беларускі сімвал «Пагоня», а першай сталіцаю – беларускі Наваградак. Прааналізаваўшы летапісы, гісторык Мікола Ермаловіч прыйшоў да высновы, што старажытная «летапісная» Літва знаходзілася ў Верхнім Панямонні, паміж Менскам і Наваградкам, Пінскам і Крэвам. Пра Літву менавіта на гэтым абшары пісаў і сярэднявечны польскі храніст Мацей Стрыйкоўскі, які адзначаў што яна «здаўна прыслугоўвала Наваградскаму княству».

Дзяржава хутка расла і рабілася агульным домам некалькіх народаў Першае найменне княства – Літоўскае – было яму ўжо цеснае, і афіцыйна яно пачало называцца Вялікім Княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім. Геаграфічна назва расшыфроўваецца так: Літоўскае – гэта паўночна-заходні абшар Беларусі і паўднёвы ўсход сённяшняй Літоўскай Рэспублікі (Літвы); Рускае – усходняя частка беларускіх і ўкраінскія землі; Жамойцкае – Жамойць, захад сучаснай Літвы. Замежны беларускі гісторык Леў Акіншэвіч, гаворачы пра дзяржаву нашых продкаў і яе нацыянальны характар, зазначаў што Вялікае Княства вяло ў XIV–XVI стагоддзях удалую палітыку, накіраваную на «задзіночанне вакол беларускае Вільні ўсіх галоўных частак усходнееўрапейскага цыклу». У сваёй вядомай працы «Пра «цывілізацыйныя асновы» беларускага гістарычнага працэсу» ён удакладняе гэтую думку наступным чынам: «Мы ведаем, што арганічным удзельнікам у дзяржаўным жыцці Літвы – Беларусі быў побач з беларускім і літоўскі народ, да іх пазней далучылася асноўная частка ўкраінскага жыхарства Прыдняпроўя, часткова і часова ўваходзілі сюды і часткі заходнерасійскіх княстваў Даўгі час віленскі князь быў найбольш магчымым кандыдатам на галаву вялікае ўсходнееўрапейскае імперыі, што лучыла ў сабе ўсю асноўную прастору Усходняе Еўропы».

Усіх, хто жыў у Княстве (а скарочана – проста ў Літве), незалежна ад нацыянальнасці ў сярэднявеччы звычайна называлі па дзяржаве. Для Масковіі і ў XIV, і ў XVII стагоддзях жыхары Беларусі былі літоўцамі або ліцвінамі. Так звалі полацкіх або менскіх купцоў, ліцвінамі для ўсходніх суседзяў былі Францішак Скарына і яго паслядоўнік Пятро Мсціславец. Войска, што няраз прыходзіла пад сцены Масквы і часта на 9/10 складалася з беларусаў расійскія летапісы таксама называлі літоўскім. 3 тае самае прычыны жыхары Маскоўскай Русі былі для нашых продкаў «маскавітамі», а пазней «маскалямі».

Прычым на працягу стагоддзяў не толькі суседнія народы мянавалі нас ліцвінамі, а Беларусь – Літвою. I дома, і трапляючы за мяжу, ураджэнцы Вялікага Княства таксама з гонарам называлі сябе ліцвінамі. «Радзіма Літва! Як здароўе, так ты дарагая…» – пачынае сваю паэму «Пан Тадэвуш» беларус па бацьку Адам Міцкевіч. Паэт мае на ўвазе родную Наваградчыну. Чытаючы ў 40-я гады XIX стагоддзя лекцыі ў Парыжскім універсітэце, ён, між іншым, казаў: «На беларускай мове, якую называюць русінскай альбо літоўска-русінскай, гаворыць каля дзесяці мільёнаў чалавек;[6]6
  Такую, на першы погляд, завышаную лічбу А. Міцкевіч называе зыходзячы з этнаграфічных межаў Беларусі, якія абдымалі амаль усю Смаленшчыну, Віленшчыну, Дзвіншчыну (землі, прылеглыя да сучаснага Даўгаўпілса), усходнюю частку Беласточчыны, некаторыя раёны цяперашніх Пскоўскай, Бранскай і Чарнігаўскай абласцей. Паглядзіце змешчаныя ў дасавецкіх выданнях карты, пачытайце дадзеныя ўсерасійскага перапісу насельніцтва 1897 года.


[Закрыть]
гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацаваная». Літвой зваў радзіму Кастусь Каліноўскі. За ліцвіна меў сябе першы прафесійны беларускі пісьменнік новага часу Вінцук Дунін-Марцінкевіч. Праўда, у XIX стагоддзі Літвою называлі ўжо толькі заходнія беларускія губерні, а ўсходнія – Смаленская, Магілёўская і Віцебская, куды ўваходзіла Полаччына, – зваліся Беларуссю.

Разам з тым славяне ў самім Вялікім Княстве Літоўскім часта мянавалі сябе «русінамі» або «рускімі». Вось чаму «рускім» зваўся заснаваны палачанамі ў Рызе гандлёвы двор, а Скарына друкаваў «Библию Руску». Уносячы яснасць, гуманіст XVI стагоддзя Сымон Будны пісаў пра славянскія народы так: «Рускія, маскавіты, сербы і іншыя славяне». Але былі выпадкі, калі не толькі чужаземцы, але і самі беларусы, як, напрыклад, асветнік Лаўрэн Зізаній, называлі нашу мову «літоўскай» або «літоўска-рускай».

Гэтая гісторыя з назвамі спрычынілася да вялікай блытаніны. Адны памыляюцца незнарок, другія – з выгодаю. Літоўскія гісторыкі любяць абвяшчаць сваім усё, што мела дачыненне да Вялікага Княства, якое да 1569 года (калі Украіна адышла да Полыпчы) было тэрытарыяльна найбуйнейшаю еўрапейскай дзяржавай. У віленскіх музеях мы са здзіўленнем даведваемся, што знакамітыя слуцкія паясы – вырабы «літоўскіх» рамеснікаў, што ў Полацку, Віцебску ды Оршы існавалі «літоўскія» друкарні і «літоўскія» тэатры, што ваявода Канстанцін Астрожскі і філосаф-атэіст Казімір Лышчынскі – таксама «літоўцы»… Любяць «памыляцца» і расійскія аўтары. Назваў маўляў Францішак Скарына сваю Біблію «рускай», дык які ж ён беларус?

Каб болей не блытацца, будзьма надалей памятаць, што Літва – гэта гістарычная назва беларускіх земляў.

Сярэднявечная Расійская дзяржава будзе называцца Масковіяй, а яе жыхарства – маскавітамі.

Колькі слоў пра «захоп Беларусі літоўскімі феадаламі». Летапісы неабвержна сведчаць, што амаль усе землі продкаў аб’ядналіся ў новай дзяржаве мірным шляхам, бо мелі ў гэтым вялікую зацікаўленасць: нікому не хацелася трапляць ні пад татараў ні пад крыжакоў А вось некаторыя балцкія землі нашы прапрапрадзеды мусілі сапраўды далучаць сілаю зброі. Такім чынам, заваёўнікамі былі якраз «заваяваныя».

Як дасціпна напісаў адзін расійскі вучоны, перамагла не Літва, а яе назва. Падобная, але болып трагічная гісторыя здарылася з балцкім племем прусаў Крыжакі заваявалі і цалкам анямечылі яго; створаная на тых землях нямецкая дзяржава стала называцца Прусіяй, а самі рыцары тэўтоны – прусамі.


Але што чынілася ў той час у Полацку?

У 1262 годзе полацкае веча прыняло ў горад літоўскага князя Таўцівіла – з далёкім разлікам, бо той меў моцны ўплыў у летапіснай (балцкай) Літве. Паганін Таўцівіл прыняў праваслаўе і ажаніўся з дачкою князя Брачыслава, што быў цесцем Аляксандра Неўскага. Названы пасля хросту Феафілам, полацкі валадар здзейсніў удалы паход на Юр’еў.

Полацк жыў надзеямі далучыць Літву і стаць аб’яднальнікам славянскіх і балцкіх земляў Яе вялікасць Гісторыя вырашыла іначай.

Час быў неспакойны, багаты на княжыя закалоты ды забойствы. Ад рук змоўшчыкаў у 1263 годзе загінуў заснавальнік Вялікага Княства, каранаваны ў 1253-м Міндоўг і «во всей земле Литовськой й Жемойти» пачаў уладарыць Транята. На Таўцівіла новы літоўскі гаспадар глядзеў як на аднаго з самых небяспечных ворагаў гатовага ў першы зручны момант заняць велікакняжацкі пасад. Найлепшым выйсцем з такога становішча кожны лічыў смерць суперніка.

Транята запрасіў Таўцівіла дзяліць Міндоўгаву спадчыну, цвёрда вырашыўшы, што нічога, апрача сталёвага клінка ў сэрца, госць не атрымае. Полацкі князь ехаў з вялікай баярскай світаю і таксама з намерам скончыць дзяльбу смяротным ударам. Полацкія баяры былі не супраць, але сярод іх знайшоўся здраднік Пракоп, што выдаў планы землякоў Траняту.

Таўцівіл развітаўся з жыццём, а полацкае пасольства, гатовае ўжо абвясціць свайго князя гаспадаром Літвы і Жамойці, у імгненне вока ператварылася з паважаных гасцей у палоннікаў Каб выбавіць знаных мужоў з няволі, палачане прынялі да сябе Транятавага стаўленіка.

Полацк прайграў. Страціўшы ў барацьбе з крыжакамі балцкія землі ўніз па Дзвіне і развітаўшыся з планамі падначаліць Літву, горад на нейкі час развітаўся і з галоўнай роляй у драме беларускай гісторыі.

Праз колькі месяцаў пасля гібелі Таўцівіла са смерцю сустрэўся і Транята. Па дарозе ў лазню, помсцячы за гаспадара, яго зарэзалі чацвёра Міндоўгавых стайнікаў Даведаўшыся пра гэта, палачане выгналі вернага Траняту князя Канстанціна і запрасілі Гердзеня.

Пачынаць ён мусіў з адрасаванай рыжскаму біскупу і ордэну граматы, дзе Полацк канчаткова адмаўляўся ад Латгаліі. Уладанні крыжакоў цяпер непасрэдна межавалі з крывіцкімі. Але Полацкая зямля, хоць і моцна аслабленая, усё адно заставалася паважнаю сілай. Таму наваградскі князь Войшалк, якому ўдалося заваяваць Літву, умела нацкоўваў на Полацк суседняга пскоўскага князя Даўмонта. Аднойчы, калі Гердзень быў у ад’ездзе, пскавічы напалі, захапілі багатую здабычу і паланілі княгіню Еўпраксію з двума сынамі. У наступным годзе Даўмонт прыйшоў ваяваць Полацк разам з ноўгарадцамі. Адбіваючы напад, князь Гердзень загінуў.

Палачане палічылі за лепшае жыць з Наваградкам у міры, што, па сутнасці, азначала ўваходжанне ў Вялікае Княства Літоўскае. Канчаткова Полацкая зямля стала яго часткаю ў 1307 годзе.

Полацк захаваў вялікую самастойнасць, якую літоўскія гаспадары шмат разоў падкрэслівалі пісьмовымі абяцаннямі «не рухаць старыны, не ўводзіць навіны». Напачатку становішча Полацкай зямлі ў новай дзяржаве нагадвала палітычны альянс. Дамова, што Вялікае Княства Літоўскае падпісала з Лівонскім ордэнам у 1338 годзе, называе полацкага князя, як і гаспадара ўсёй дзяржавы, каралём: «Гэты мір заключаны ў дзень усіх святых са згоды магістра і ландмаршала і многіх іншых дастойных і рады Рыжскай і са згоды караля Літвы і яго дзяцей і ўсіх ягоных баяраў і са згоды епіскапа полацкага і караля полацкага…».

Тры стагоддзі Полацк заставаўся найбуйнейшым горадам Вялікага Княства.

Прызнаннем ў дзяржаве асобага статусу крывіцкай зямлі былі свае ўласныя князі, якія звычайна даводзіліся блізкімі сваякамі самім гаспадарам (так афіцыйна мянавалі вялікіх князёў літоўскіх).

Полацкі валадар Васіль-Воін быў родным братам Гедыміна, пры якім у Вялікае Княства Літоўскае ўвайшлі ўжо амаль усе беларускія землі, а Наваградак саступіў ролю сталічнага места Вільні. Хто быў на экскурсіі ў сталіцы Літвы, чуў аповед, як Гедымін заснаваў горад пасля ўдалага палявання, убачыўшы ў сне велізарнага ваўка, а ў ім – сто іншых ваўкоў Пакліканы да князя паганскі вяшчун вытлумачыў сон так: на месцы, дзе выў магутны звер, павінен вырасці горад, якому наканавана зрабіцца сталіцаю Літвы і заслужыць у свеце вялікую славу. Легенда гэтая не толькі прыгожая, але і хітрая, бо на месцы Вільні ўжо трыста гадоў стаяў збудаваны палачанамі на заходняй мяжы свайго княства Крывіч-горад.


Пазней полацкі пасад заняў Гедымінаў унук Андрэй, сын вялікага князя літоўскага Альгерда.

Кожны з нас, безумоўна, штосьці чуў пра Івана Каліту, пра яго спадкаемца Івана Краснага ды іншых маскоўскіх князёў – збіральнікаў расійскіх земляў. Яно б, можа, і няблага, каб адначасова мы ведалі і гаспадароў сваёй дзяржавы, той, дзе жылі дзесяткі пакаленняў нашых продкаў.

Што мы чулі пра таго ж князя Альгерда?


Вялiкi князь лiтоўскi Альгерд. Гравюра XVI ст. з «Хронiкi Еўрапейскай Сарматыi» Аляксандра Гванiнi


Ці ведаем, што ён у два разы пашырыў межы Вялікага Княства, што пры ім наша мова зрабілася дзяржаўнай? На ўроках і універсітэцкіх лекцыях у 1970-я нам чамусьці не казалі, што ўзначаленае ім войска, дзе было шмат палачанаў у 1362 годзе разбіла на Сіняй Вадзе татараў і вызваліла ад іх прыгнёту Украіну.

Не казалі пра пераможныя паходы Альгерда на Маскву і пра тое, як ён адбіў шэсць крыжацкіх нападаў Як быццам гэты выдатны ваявода і мудры палітык трыццаць гадоў не кіраваў нашаю Бацькаўшчынай.

Згаданы раней Андрэй Полацкі – найстарэйшы з дванаццаці Альгердавых сыноў. Ён паспяхова ваяваў з Лівонскім ордэнам і пасля бацькавай смерці разлічваў заняць пасад у Вільні. Аднак вялікім князем стаў Ягайла, а Андрэй з дружынаю мусіў падацца ў Масковію да князя Дзмітрыя, якога неўзабаве назавуць Данскім.

Полацкім валадаром Ягайла прызначыў брата Скіргайлу. Прыязджаючы кіраваць у крывіцкую сталіцу, усе князі-балты мянялі веру на праваслаўе. Скіргайла, недаацаніўшы самапавагу палачанаў наважыў адступіць ад завядзёнкі і захаваў вернасць паганству. Скончылася гэта для яго вельмі сумна. Раз’ятраны збой полацкіх месцічаў прывязаў князя задам наперад да старой кабылы і пад свіст і агатуканне пагнаў яе да гарадской брамы. У Прыдзвінні яшчэ і цяпер можна пачуць прымаўку: «Паехаў, як Скіргайла з Полацка».

Зняважаны Альгердавіч вярнуўся з моцным войскам, якое разам з лівонскімі рыцарамі ўзяло Полацк у аблогу. Чатыры месяцы палачане адстойвалі родныя сцены і перамаглі. Навука была Скіргайлу на карысць: зноў прыехаўшы праз колькі гадоў у Полацк як велікакняжацкі намеснік, ён прыняў хрост пад праваслаўным імем Іван.

Барацьба з Ягайлам дапамагла Андрэю Полацкаму вызначыцца на Куліковым полі. Палітычныя варункі штурхалі Вялікае Княства Літоўскае да хаўрусу з Залатой Ардой. Хан Мамай атрымаў ад Ягайлы абяцанне падтрымаць татараў збройнай сілай. Андрэй стаў пад сцягі маскоўскага ўладара.

Войска Вялікага Княства Літоўскага спынілася за дваццаць вёрст ад Кулікова поля і на бітву не пайшло. Няварта гадаць, якой каляінаю пакацілася б гісторыя, каб Ягайла ўдарыў у спіну маскавітам. Зрабіць гэтага ён проста не мог, бо ваяры-беларусы не захацелі ісці супроць аднаверцаў, добра памятаючы, як білі ардынцаў на Сіняй Вадзе. Ну а палачане паспрыялі Дзмітрыю Данскому не стаяннем, а мячамі.

Андрэй Альгердавіч прывёў з сабою дзве тысячы полацкіх ратнікаў і ўзначаліў полк правай рукі – правы фланг маскоўскіх войскаў. Князь біўся ў адным шыхце са сваімі ваярамі. На шостай гадзіне сечы полк левай рукі і палова вялікага палка паказалі татарскім шаблям спіны. Правы фланг з палачанамі, хоць вакол яго і сціскаліся варожыя «абцугі», стаяў насмерць. Чаканне блізкай перамогі ўжо хмяліла Мамаю галаву, але тут у бітву ўступіў засадны полк. Палачане разам з тымі, хто выстаяў перайшлі ў наступ, «и побегоша татарсции полци, а хрисцианьсции полци за ними гоняюще, бьюща и секуща».

Добра, калі хоць траціна Андрэевай дружыны вярнулася дахаты. Аднак і на радзіме не кожны з гэтых ваяроў памёр сваёй смерцю. Андрэй па-ранейшаму варагаваў з Ягайлам. Марачы пра велікакняжацкі пасад, ён падпісаў дамову з крыжакамі, назваў, як некалі герцыкскі князь Усевалад, лівонскага магістра бацькам і дарагім сябрам і прызнаў сябе яго васалам. Крыжацкія мячы расчысцілі князю дарогу назад у Полацк, ды на кані яму давялося быць нядоўга. Андрэй быў разбіты і трапіў у вязніцу. Трымалі яго за кратамі на ўсякі выпадак далёка ад дзвінскіх берагоў, у Польшчы. Адтуль князя вызваліў ужо наступны гаспадар Вялікага Княства Літоўскага – Вітаўт.

Дзякуючы вялікім дзяржаўным амбіцыям Андрэя Альгердавіча, Полацкае княства дзесяць гадоў (1377–1387) афіцыйна праіснавала як Вялікае. Апрача самога Андрэя тытулам вялікага князя полацкага карысталіся яго сыны Міхаіл, Сямён і Іван.

Доўгае і бурнае жыццё найстарэйшы Альгердаў сын скончыў як і належыць рыцару, на полі бітвы. Вітаўтава войска ў 1399 годзе напаткала цяжкая параза ад татараў Доўга балявалі над ракой Ворсклай ваўкі і крумкачы. Пажываю ім былі целы паловы ўсіх воінаў Вялікага Княства і шасці дзесяткаў князёў.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации