Электронная библиотека » Уладзімір Арлоў » » онлайн чтение - страница 10


  • Текст добавлен: 16 ноября 2018, 18:40


Автор книги: Уладзімір Арлоў


Жанр: История, Наука и Образование


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 10 (всего у книги 31 страниц) [доступный отрывок для чтения: 10 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Ратуючы сябе, баявыя таварышы пакінулі іх непахаванымі. Вусцішнае відовішча адкрывалася на месцы сечы праз колькі гадоў: безліч вымытых дажджамі чалавечых касцякоў.

Там, далёка ад роднай зямлі, трава прарасла і праз косці Андрэя Альгердавіча. У дзень, калі князь астатні раз бачыў сонца, яму ішоў семдзесят пяты год. Ён застаўся ў гісторыі як апошні полацкі князь. Пасля яго местам і Полацкай зямлёй кіравалі велікакняжацкія намеснікі.

У1504 годзе на абшарах колішняга княства ствараецца Полацкае ваяводства, найбольшымі гарадамі і мястэчкамі якога былі Дрыса, Дзісна, Ула, Асвея, Себеж, Ушачы, Бешанковічы, Лепель, Кублічы, Ветрына, Чашнікі, Лукомль і Глыбокае.


Я гляджу на старажытны герб – вершніка на ўздыбленым кані – і думаю, што любы іншы сімвал нашай сярэднявечнай дзяржавы выглядаў бы неяк недарэчна. У «Пагоні» адлюстравалася гераічная барацьба за існаванне, якую краіна вяла амаль несупынна. 3 сярэдзіны XV да сярэдзіны XVI стагоддзя Вялікае Княства Літоўскае адбіла 75 набегаў крымскіх татараў, што кожны раз выводзілі з сабою палон. (Да прыкладу, у 1506 годзе князь Міхал Глінскі, разбіўшы крымчакоў пад Клецкам, вызваліў сорак тысяч палонных беларусаў) Смяротная небяспека пагражала і з захаду. 3 канца XIII стагоддзя да 1410 года 150 разоў урываліся на абшары Княства крыжацкія войскі.

Ратных клопатаў хапала, вядома, і палачанам. На багаты гандлёвы горад прагна паглядала рыцарства Лівонскага ордэна, што быў прыбалтыйскай філіяй Тэўтонскага. У 1333 годзе пад Полацк заявіўся з войскам і флотам магістр Эбергард фон Мангейм. I тады, і праз год немцы вярталіся дадому, як той казаў шылам патакі хапіўшы. 1366,1375,1382,1386-ты – у гэтыя гады палачане зноў бараніліся ад крыжакоў, што рабавалі крывіцкія землі.

Полацкае рушэнне мужна білася ў 1348 годзе на рацэ Стрэве, дзе саракатысячнаму войску Вялікага Княства супраць стаялі рыцары з Нямеччыны, Чэхіі, Францыі і нават з Англіі. Каб адбіцца і выжыць, продкі заўсёды былі напагатове. Паводле ўсходнеславянскай традыцыі, пасля раптоўнага нападу мужчыны пеша і конна даганялі ворага, каб вызваліць палонных і паквітацца за забітых. Іначай кажучы, выпраўляліся ў пагоню. Так было яшчэ за Усяславам Чарадзеем, а ў 1387 годзе ў адрасаванай жыхарам Полацка ды іншых беларускіх земляў грамаце Ягайла пісаў: «У тым жа разе, калі давядзецца гнацца за ворагамі і непрыяцелямі нашымі, дык у гэтае сцігаванне, што па-народнаму завецца пагоняй, абавязаныя ісці не толькі рыцары, але і кожны мужчына, незалежна ад паходжання і багацця, абы ён здольны быў насіць зброю».

Трэба дадаць, што сімвалы «Пагоні» – белы конь і вершнік на ім – вельмі старажытныя і звязаныя з індаеўрапейскай міфалогіяй. 3 яе ў беларускія казкі прыйшоў сюжэт пра зялёныя лугі і запаведныя мурагі, на якіх пасецца белы жарабец. Ідучы змагацца са злом і пачварамі, людскі абаронца трапляе ў непраходную пушчу, дзе жывуць у хатцы на галявіне трое сівых дзядоў што ўвасабляюць продкаў Яны дапамагаюць герою злавіць і асядлаць чарадзейнага каня. Народны заступнік на кані меў агульныя рысы з паганскім богам Ярылам, а ў хрысціянскія часы пачаў у песнях і казках атаясамлівацца са святымі Юрыем і Міколам.

Упершыню летапісы паведамляюць пра «Пагоню» каля 1270 года: «Чалавек на кони з мечом, а то знаменуючы через той герб пана дорослого лет, хто бы мог боронити мечом Отчизны своее». У 1295-м вялікі князь Відень зрабіў «Пагоню» дзяржаўным сімвалам. Вось як гаворыцца пра гэта ў Густынскім летапісе: «Витен нача княжети над Литвою измысли себе герб и всему княству Литовскому печать: рыцерь збройны на коне з мечем, еже ныне наричут, Погоня»».

Адзін з першых расійскіх гісторыкаў В. Тацішчаў які карыстаўся і страчаным пазней Полацкім летапісам, сцвярджаў, што гербам Белай Русі спрадвеку быў вершнік з мячом. Найбольш раннія такія выявы, вядомыя сёння навукоўцам, знаходзіліся на пячатках Аляксандра Яраславіча Неўскага, што княжыў у 1236–1251 гадах у Ноўгарадзе. Пячаткі былі двайныя: на адным іх баку коннік трымаў дзіду, на другім – меч. З’яўленне ў Неўскага дадатковага герба ў выглядзе добра знаёмага нам сімвала археолаг Міхась Чарняўскі тлумачыць тым, што, ажаніўшыся ў 1239 годзе з полацкаю князёўнаю (каб мець моцных хаўруснікаў у барацьбе з нямецкімі і шведскімі рыцарамі), Аляксандр Яраславіч у якасці своеасаблівага пасагу ўзяў і жончын герб – крывіцкую полацкую «Пагоню», што было цалкам у традыцыях сярэднявечча.

Пры Ягайлу на шчыце гербавага конніка з’явіўся шасціканцовы крыж. Сваімі абрысамі ён нагадваў полацкую святыню, зробленую Лазарам Богшам для Еўфрасінні.

Згодна з законамі дзяржавы, герб змяшчаўся на пячатках паветаў (Выразаную з пясчаніку пячатку з «Пагоняй» археолагі знайшлі і ў Полацку.) Збройны вершнік упрыгожваў гарадскія брамы, вежы магістратаў і сцягі ваяводстваў Полацкае ваяводства, як высвятліў доктар гістарычных навук Міхась Ткачоў, атрымала спачатку жоўты штандар з «Пагоняй» на белым полі. Рыцар з узнятым мячом скакаў і на сцязе Вялікага Княства. У XVI стагоддзі гэты штандар меў выгляд палотнішча з пурпуровага або чырвонага ядвабу-кітайкі (кітайскага шоўку) з вышытымі на ім «Пагоняй» і Багародзіцай з немаўляткам. 3 баявым воклічам «Багародзіца! Памагай!» войска ішло ў бой, «Багародзіцу» спявалі ў самыя цяжкія хвіліны бітвы.


За часам князя Вiтаўта Вялiкае Княства Лiтоўскае, Рускае i Жамойцкае дасягнула найвышэйшай магутнасцi. Гравюра XVI ст. з «Хронiкi Еўрапейскай Сарматыi» Аляксандра Гванiнi


Канчаткова склаўшыся, герб дзяржавы выглядаў як пурпуровы шчыт з белым конным рыцарам. Пурпур лічыўся самым шляхетным колерам. Ён сімвалізава ўагонь, мужнасць, ваяўнічасць, ратную доблесць. Белы колер, што ў геральдыцы адпавядае срэбру, азначаў у вачах нашых продкаў ваду, чысціню, дабро, незалежнасць. Золата шасціканцовага крыжа на чырвоным шчыце было сімвалам жыцця, святла, надзеі і высакароднасці. Вось як пісаў у 1935 годзе пра «Пагоню» беларускі часопіс у Празе «Іскры Скарыны»: «Белы конь – гэта вобраз сілы, красы і здатнасці, гэта сымбаль адраджэньня і ўваскрэсеньня да новага жыцьця. Ваяка на белым кані – гэта сымбаль перамогі. Белая барва, як уяўленьне сьвятла, вельмі пашыраная на Беларусі, згэтуль, мабыць, паходзіць і яе назва – белая, чыстая, вольная, як сьвятло сонца».

Па ўсёй Еўропе ў XVI стагоддзі з’яўляюцца дзяржаўныя сцягі, колеравая гама якіх звычайна ўтваралася ад гербаў Прынцып быў такі: гербавая выява давала асноўную барву сцяга, а геральдычны шчыт – дадатковую. Срэбная «Пагоня» на чырвоным шчыце дала бел-чырвона-белы сцяг. Гаворка пра сэнс яго колераў будзе няпоўная, калі не сказаць пра іх сувязь з хрысціянскай сімволікай. Бел-чырвона-белыя стужкі вы маглі бачыць на адзенні маскоўскага патрыярха ды іншых праваслаўных іерархаў Белы колер сімвалізуе тут чыстую душу верніка, а чырвоны – слова праўды, пасеянае ў ёй праз пакуты і смерць Хрыста.


Ведаючы, якія сцягі натхнялі продкаў, пагаворым пра здабытыя пад імі перамогі.

Першае месца належыць тут, бясспрэчна, Грунвальдскай бітве.

Раніцою 15 ліпеня 1410 года на пагорках каля вёскі Грунвальд (у перакладзе – Зялёны Гай) сустрэліся дзве велізарныя сілы: найлепшае ў Еўропе, закутае з ног да галавы ў браню войска Тэўтонскага ордэна і злучаныя палкі-харугвы Вялікага Княства Літоўскага і Полыпчы.

Гаспадар Вітаўт прывёў сорак харугваў Трыццаць з іх, у тым ліку і полацкі полк на чале з ваяводам Іванам Нямірам, прыйшлі пад баявымі штандарамі з «Пагоняй». Харугвы мелі розную колькасць воінаў і налічвалі ад шасці дзесяткаў да шасці сотняў коп’яў. Кап’ём называлася баявая тройка: рыцар, збраяносец-парабак і лучнік. Полацк як найбуйнейшы горад Княства выставіў адну з самых вялікіх харугваў – не меней за паўтары тысячы ратнікаў.

Пад Грунвальдам з двух бакоў сышліся болып за сто тысяч воінаў Гісторыя еўрапейскага сярэднявечча такіх буйных бітваў ведае няшмат. Пра Грунвальд, пачынаючы з хронік і паэмы нашага лацінамоўнага паэта XVI стагоддзя Яна Вісліцкага, напісана столькі, што я ад гэтага ўстрымаюся. Незадаволеным раю пачытаць гістарычную аповесць Кастуся Тарасава «Пагоня на Грунвальд» або яго ж кнігу «Памяць пра легенды». На маю думку, менавіта там вы знойдзеце грунтоўную рэканструкцыю падзей. А наогул, дзякуючы гісторыкам і пісьменнікам, бітва абрасла рознымі небыліцамі. Прыклаў да гэтага руку і аўтар «Крыжакоў» Генрык Сянкевіч. Ён падхапіў і расквеціў словам выдумку (каб узвялічыць ролю польскага войска) свайго суайчынніка гісторыка Яна Длугаша пра разгром і ўцёкі з поля сечы Вітаўтавых палкоў.

Славу Грунвальда трэба справядліва дзяліць сярод усіх пераможцаў Не меней, а мо і болей за іншых заслужыла яе полацкая харугва. Палачане і віленцы прыкрывалі адыход пасечаных палкоў гетмана Пятра Гаштольда. Кожны біўся супроць пяці рыцараў князя Валенрода і амаль не меў надзеі выжыць. Палачане гераічна гінулі пад сваім сцягам, на якім паміж залатым (жыццё) і чорным (смерць) паляміляцела «Пагоня».

Я спрабаваў уявіць іх твары, іх перадсмяротныя словы, калі хадзіў па залаціста-зялёным грунвальдскім наваколлі 15 ліпеня 1990 года. Польшча і Літва адзначалі 580-ю гадавіну перамогі як нацыянальнае свята. На месца бітвы (яно ў Вармінска-Мазурскім ваяводстве) прыехалі сотні аўтобусаў прыляцелі тагачасныя прэзідэнт Полыпчы Войцех Ярузельскі і старшыня літоўскага парламента Вітаўтас Ландсбергіс.

Дзіва, што ўдалося прарвацца праз мяжу нашаму аўтобусу з маленькімі дэлегацыямі ад гарадоў – «удзельнікаў» бітвы. У параўнанні з літоўцамі нас прыехала жменька, але мы (дзякуй мастакам і гісторыку Міхасю Ткачову) прывезлі баявыя сцягі нашых грунвальдскіх харугваў чаго ніхто іншы зрабіць не здагадаўся. Польскія жаўнеры салютавалі нашым штандарам, а я, стоячы на месцы смерці вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгена, забітага адным з Вітаўтавых ваяроў, марыў пра час, калі ў Полацку з’явіцца вуліца, дзе на шыльдачках будзе напісана «Грунвальдская» або «Івана Няміры».

Не, не ўсе полацкія ратнікі палеглі пад дзвюхручнымі мячамі рыцараў Валенрода. Хтосьці з іх вывешваў на віленскіх вежах палонныя крыжацкія сцягі і адрэзаныя ў ворагаў бароды. А адзін з пераможцаў якому пашчасціла вярнуцца ў свой лясны і азёрны край, заснаваў вёску Грунвальд, што дагэтуль існуе ў Пастаўскім раёне.

Разгром Тэўтонскага ордэна ўратаваў беларусаў ад фізічнага вынішчэння, як гэта здарылася, напрыклад, са славянскімі плямёнамі бодрычаў і люцічаў, на чыіх былых землях пабудаваны Берлін. Грунвальд – сярод найгалоўнейшых падзей нашай гісторыі. Дзеля параўнання яшчэ раз нагадаю, што ў бітве на Чудскім возеры воінаў удзельнічала разоў у дзесяць меней, а забітых крыжакоў было пяцьсот супроць 40 тысяч вынішчаных пад Грунвальдам. (Яшчэ 15 тысяч былі захопленыя ў палон.)

Пасля бітвы ордэн настолькі аслаб, што да Першай сусветнай вайны нага ўзброенага немца на беларускія землі не ступала. Князь Вітаўт (у гісторыкаў ёсць версія, што ён устрымаўся ад канчатковага разгрому Ордэна, каб пакінуць той як супроцьвагу Полыпчы) бачыў сны пра каралеўскую карону, і пад канец жыцця яны ледзь не спраўдзіліся. Гаспадар Беларусі, Літвы, Жамойці і Украіны ўжо сабраў гасцей са сваіх уладанняў і з замежных краін. На ўрачыстасць была запрошаная і полацкая дэлегацыя. Пакуль з Рыма везлі карону і прывілей на каралеўскі тытул, князь з дваром і прыезджыя ад раніцы да вечара балявалі. Летапісец занатаваў: «И мешкали вси тыя гости у Великого князя Витовта сем недель, а оброку им выходило на стравы на кожный день по пяти сот бочок меду, по пяти сот яловиц, по пяти сот баранов, по пяти сот вепров, по сту зубров, а по сту лосей, а иных речей и чысла не было». Палачане сядзелі на гэтых шчодрых пачостках на ганаровым месцы і, прынамсі, дзесятак зуброў і сотню бараноў умялі. Чаканне, аднак, скончьшася нявесела: палякі перахапілі рымскіх паслоў рассеклі Вітаўтаву карону напалам і, як паведамляе беларуская «Хроніка Быхаўца», «приложили ко короне бискупа королевского, которая при замку Краковском у костеле святого Станислава есть».


Вялiкi магiстр Ульрых фон Юнгiнген, якi камандаваў армiяй тэўтонцаў у бiтве пад Грунвальдам i загiнуў ад рукi ваяра Вялiкага Княства Лiтоўскага. Гравюра XV ст.


Грунвальдская перамога заваявала Вялікаму Княству павагу еўрапейскага свету. Праз тры гады пасля разгрому тэўтонцаў у Беларусь прыехаў прапаведаваць сваё вучэнне найбліжэйшы паплечнік Яна Гуса магістр Геранім Пражскі. У Віцебск ён прыбыў па Дзвіне на караблях разам з князем Вітаўтам. На палымяныя Геранімавы казанні адгукаліся і сэрцы палачанаў.

Вацлаў Ластоўскі быў перакананы, што ў вядомым навуцы данясенні лацінскага манаха пра падарожжа Гераніма Пражскага ў Вялікае Княства зробленая памылка і пад згаданым там наведваннем «Плескава» трэба разумець прыезд не ў Пскоў як часам лічыцца, а ў Полацк, дзе высокі госць з Чэхіі «ўвайшоў у царкву тых русінаў і няверных у часе адправы дзеля пакланення абманным іх сакрамантам і, укленчыўшы, паў ніц перад гэтымі мнімымі сакрамантамі».

Калі пачаліся добра вядомыя нам з гісторыі сярэднявечча гусіцкія войны, чэхі прапанавалі Вітаўту стаць іх каралём. Той у 1422 годзе паслаў на дапамогу гусітам свайго пляменніка Жыгімонта Карыбутавіча з пяцітысячным беларускім войскам, каля паловы якога складалі праваслаўныя жыхары Прыдзвіння. Шмат хто з іх ваяваў побач з чэхамі болей за дзесяць гадоў, да трагічнай Ліпанскай бітвы, дзе былі канчаткова разгромленыя сілы табарытаў. (Між іншым, гусіцкая вера пусціла на беларускіх землях такія моцныя карані, што ў 1436 годзе дзеля барацьбы з ёю тут увялі інквізіцыю. Праўда, у нашай верацярпімай дзяржаве гісторыя адмерала інквізіцыі на існаванне ўсяго сорак тры гады.)

Тым часам на Бацькаўшчыне зноў лілася братняя кроў Вітаўт сышоў у магілу, і разгарэлася змаганне за віленскі пасад паміж князямі Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Полацкая зямля прызнала гаспадаром прыхільнага да праваслаўных Свідрыгайлу. Сюды ён і прыехаў збіраць сілы. Князя пагубіла жорсткасць: распраўляючыся з Жыгімонтавымі прыхільнікамі, ён спаліў на камені пад віцебскім замкам самога праваслаўнага мітрапаліта Герасіма. Дараваць гэтага палачане і віцябляне не маглі. Іх мячы адмаўляліся служыць такому гаспадару, і Свідрыгайлу непазбежна спасцігла доля ўцекача.

Вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч, які вечна азіраўся на Польшчу, таксама прынёс продкам мала радасці. Вестку пра яго забойства Полацк сустрэў з палёгкаю. Князя звялі са свету ў стылі той эпохі. У Трокі (цяперашні Тракай), дзе жыў гаспадар дзяржавы, прыйшоў абоз з трох сотняў вазоў на кожным з якіх хавалася ў сене пяць воінаў Жыгімонт, зачыніўшыся, маліўся ў замкавай капліцы. Па замку хадзіў князеў улюбёнец-мядзведзь, які «падказаў» змоўшчыкам, што рабіць. Адзін з іх пачаў драпаць на дзвярах пазногцямі, князь палічыў, што да яго просіцца касалапы, і павярнуў у замку ключ, пускаючы ў капліцу сваю смерць.


Княства спыніла націск тэўтонскіх рыцараў але сутыкнулася з не менш небяспечным ворагам на ўсходзе.

Вызваленне ад татарскага ярма, гэтай найвялікшай трагедыі расійскага народа, было толькі знешнім. Замест забытых дэмакратычных вечавых традыцый Масковія ўспадчыла дзяржаўную пабудову Арды і, па сутнасці, зрабілася яе адлюстраваннем. Тут мы бачым і жорсткае адзінаўладдзе, і сляпую падначаленасць «холопов государевых», і чынгісханаўскую ідэю ўлады над усім светам – «Два Рима пало, а Москва третий есть, а четвертому не быти». Усходні сусед абвяшчаў сябе спадкаемцам апошняга «истинно христианского царства» – Візантыі, а значыцца, выратавальнікам хрысціян ад усіх «паганых» і «раскольнікаў». Маскоўскія князі старанна падтрымлівалі байкі пра сваё паходжанне ад імператара Аўгуста. Свецкія і духоўныя ўлады не цярпелі ніякага іншадумства, душачы ўсякую свабодную і незалежную думку.

У татараў пазычылі і арганізацыю войска, і тактыку выпаленай чужой зямлі, і вайну не ўменнем, а колькасцю, і нялюдскія расправы з насельніцтвам сумежных дзяржаў.

Са старажытных часоў усходнія славяне мелі тры асноўныя дзяржаўныя і народаўтваральныя цэнтры: Кіеў Полацк і Ноўгарад (некаторыя даследчыкі гавораць нават пра самастойны ноўгарадскі этнас). Цяпер на паўночным усходзе ўзнік чацвёрты цэнтр, што ўвасобіўся ў Маскоўскай дзяржаве, якая з неверагоднай жорсткасцю знішчыць Ноўгарадскую рэспубліку, дзе захоўваліся дэмакратычныя вечавыя традыцыі.

Ужо напрыканцы XV стагоддзя Масква заявіла аб прэтэнзіях на Беларусь і Украіну, крывадушна называючы іх «искони русскими». Падставаю для вайны магло стаць усё, што заўгодна: напрыклад, нежаданне літоўскіх гаспадароў называць маскоўскіх князёў царамі. Полаччына, як усходні рубеж Вялікага Княства, няраз прымала на сябе першыя ўдары. Войны сталі амаль бесперапыннымі. Яны вяліся ў 1492–1494, 1500–1503, 1507–1508, 1512–1522 гадах.

У 1502 годзе ўсходнія суседзі спустошылі і спалілі ўсе вёскі паміж Віцебскам і Полацкам. Князь Васіль Шуйскі аддаў горад агню ў 1513-м. Наступны раз варожае войска з’явілася пад полацкімі сценамі праз два гады. У траўні 1518-га палачане зноў частавалі няпрошаных гасцей кіпячай смалой і варам. Замак ворагам узяць не ўдалося, але места гарэла, жанчыны галасілі над забітымі, а мужчыны давалі прысягу адпомсціць і ўспаміналі, як білі прыхадняў у верасні 1514 года пад Оршай.

Там наша войска здабыло адну з самых бліскучых перамогаў у сярэднявечнай ваеннай гісторыі. 35 тысяч продкаў на рэчцы Крапіўне ўшчэнт разбілі 80-тысячнае маскоўскае воінства Васіля III, што меў прыслоўе: «Пакуль конь мой хадзіць будзе і меч секчы, не дам спакою Літве».

Князь быў хвалько: захапіўшы старажытны беларускі Смаленск, ён загадаў ваяводам «войскі літоўскія і польскія з каралём да Масквы, як быдла пугамі, прыгнаць». Каля Оршы выйшла іначай: беларуская конніца пяць вёрст гнала і высякала ашалелых ад страху заваёўнікаў. Целы забітых загацілі Крапіўну, і рачулка выйшла з берагоў Загінула 40 тысяч непрыяцельскіх ратнікаў у палон трапілі дзесяць ваяводаў.

Гэтую бітву можна ўбачыць на жывапісным палатне невядомага мастака XVI стагоддзя ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. На дзідах беларускіх воінаў – бел-чырвона-белыя сцяжкі.

У гонар перамогі былі пабудаваныя храмы святой Тройцы і святога Міколы, што і цяпер стаяць на вуліцы Дзіджоі ў Вільні. А выйграў бітву пад Оршай гетман Канстанцін Асгрожскі, праслаўлены палкаводзец Вялікага Княства, які перамагаў у шасцідзесяці сечах. Ён жа, па сутнасці, спыніў набегі татараў Раней яны даходзілі нават да Полацка, які ў 1508 годзе спалілі. Разам з татарскай конніцай палілі полацкія прадмесці і ўмацаванні ў 1519-м маскоўскія ваяводы Гадуноў-Ялецкі і Засекін.

У выніку такіх дзеянняў расла варожасць да агрэсіўных усходніх князёў-дэспатаў Нашы продкі пачыналі сумнявацца: ці сапраўды там жывуць іх аднаверцы – праваслаўныя хрысціяне? Збудаваўшы сваім коштам віленскую Траецкую царкву, пераможца Васіля III загадаў зрабіць у ёй гэткі надпіс: «В лето 1514 церковь сю созда Константин Острожский, гетман Великого Княжества Литовского, в память победы под Оршею над врагом и супостатом веры христианское, православное, князем Московским».

М. Карамзін у сваёй «Истории государства Российского» пісаў што войскі Вялікага Княства яшчэ «ніколі не атрымлівалі такой славутай перамогі над расіянамі». Пра бітву на Крапіўне ведала ўся Еўропа: яе вывучалі як прыклад бліскучых пераможных дзеянняў малалікай арміі супроць значна большай збройнай сілы праціўніка. Гетмана Астрожскага называлі другім Ганібалам ці Сцыпіёнам, а яго ваяроў часта параўноўвалі з мужнымі воінамі антычнай Македоніі.

Каб выстаяць на мяжы дзяржавы, Полацк мусіў увесь час клапаціцца пра надзейнасць абароны. У 1517 годзе гарадскія ўмацаванні асабіста аглядаў вялікі князь літоўскі Жыгімонт Казіміравіч. Сцяной з вежамі былі абведзеныя не толькі Верхні замак і Запалоцце, але і неўмацаваны раней Вялікі пасад. Высокага госця вадзіў па месце трэці па ліку полацкі ваявода Пятро Гаштольд. Двума першымі былі Станіслаў Глябовіч і Альбрэхт Гаштольд, чацвёртым – Пятро Станіслававіч Кішка, пятым – Ян Юр’евіч Глябовіч. Пасля яго на ваяводства заступіў Станіслаў Давойна, якому лёс рыхтаваў сустрэчу з войскам Івана Грознага.

Пры шостым ваяводзе ў 1552 годзе адбылася рэвізія места Полацкага, дакументы якой дайшлі да нашага часу.

Горад дзяліўся тады на шэсць пасадаў або канцоў Побач з замкам– Вялікі пасад з 771 мяшчанскім дворышчам. На правым беразе Палаты – Запалоцкі з 191 дваром. Насупроць Сафійскага сабора на Дзвіне тады быў востраў даўжынёю каля вярсты, дзе вакол манастыра Іаана Прадцечы стаяў 151 двор Астроўскага пасада. Чацвёрты, Якіманскі, налічваў 269 гаспадарак. Пяты, на рэчцы Бяльчанцы, называўся Слабадскім (103 двары). Самы малы – на трыццаць двароў – Крыўцоў пасад быў таксама ў Задзвінні, на берагах Крыўцовай ручаіны. Паміж Верхнім замкам і Вялікім пасадам знаходзілася прыстань.

Дзякуючы рэвізіі захавалася для гісторыі колькі назваў тагачасных полацкіх вуліц – Вялікая, Пятроўская, Ільінская, Падольная, Пятніцкая і завулкаў – Андронаў і Узнясенскі. На гэтых вузкіх і няроўных вулках стаялі прысадзістыя, крытыя гонтай або саломаю дамы з невялічкімі вокнамі.

Замак быў рублены з хваёвага бярвення і налічваў дзевяць вежаў паміж якімі ішлі дубальтовыя сцены. Іх рабілі са злучаных між сабою зрубаў, накшталт тых, што рыхтуюць на будаўніцтва хаты, але болып доўгіх. Гарадская сцяна атрымлівалася перагароджанай на шмат клетак, што называліся гараднямі. У час рэвізіі полацкі замак меў 204 гарадні. Болыпасць з іх была засыпаная зямлёй і каменнем, а ў пустых знаходзіліся склады вайсковага прыпасу, харчу і памяшканні для абаронцаў. Дах у гарадзён – з тоўстых бёрнаў з дашчаным крыццём. Там ставілі гарматы і ўзброеную варту.

У сутоку Дзвіны і Палаты падымалася Усценская вежа. Яна мела даўней уздымны мост на ланцугах. Палата была зусім не такая, як сёння, – кату па пятў; яшчэ ў гады майго дзяцінства ў ёй нярэдка танулі.

Зайшоўшы ў замак праз браму Усценскае вежы, рэвізоры рушылі налева. Праз тры гарадні стаяла другая вежа, рубленая, як і астатнія, у тры сцяны, за ёю, праз сорак дзве гарадні, – трэцяя, яшчэ праз шаснаццаць – чацвёртая… Пятая вежа звалася Міхайлаўскай, шостая – Багародзіцкай. Назваў сёмай і восьмай, брама якой выходзіла на мост у Вялікі пасад, «рэвізія» не дае. Дзевятая – Сафійская. Памеры вежаў лягчэй уявіць, калі ведаеш, што на перабудову адной з іх перад прыездам рэвізораў нарыхтавалі 1200 бярвёнаў і 300 брусоў.

Вышыню вежы мелі розную – ад двух да трох з паловаю сажняў.[7]7
  Сажань роўны тром аршынам, або 2,134 м.


[Закрыть]
Каб ворагі не маглі падпаліць іх знізу, пабудову вышэй чалавечага росту абкладвалі дзёрнам. Пазней, у гады Лівонскае вайны, на Верхнім замку паўстала магутная мураваная вежа, вядомая пад назваю Каралеўскай, або Краснай.

Удоўжкі вежы былі прыблізна па пяць сажняў гарадні – па тры. Такім чынам, абнесеныя ровам і валам замкавыя ўмацаванні цягнуліся на 660 сажняў (1400 метраў). Агульная ж даўжыня гарадскіх сцен складала на той час 2249 сажняў або 4,8 кіламетра.

У замку стаяў гаспадарскі палац, а пры ім – шэсць дамоў на падклецях. Адзін дом са святліцай, каморай і сенцамі з ганкам месціўся проста на замкавай сцяне. Палац меў таксама стайню, пякарню, кузню, піўніцу і лазню. Каля галоўнай брамы ў «каралеўскай клеці» захоўвалі запасы зброі і збожжа. Полацкі епіскап жыў побач з мурамі святой Сафіі. Дамоў духоўных асобаў налічвалася 21, княжых і шляхецкіх – 65, мяшчанскіх – 44. Тамсама ў замку знаходзіліся рэзідэнцыя ваяводы і драўляная турма. А яшчэ – пяць цэркваў і два манастыры: Уваскрасенскі і Пятроўскі.

Астрог вакол Вялікага пасада і Запалоцця, як паведамляе «рэвізія», рублены з дубу. Рабідь і рамантаваць яго мусілі ўсе палачане. Яны ж будавалі чатыры вежы і сорак замкавых гарадзён. Астатнія ўмацаванні ставіла жыхарства Полацкага ваяводства.

«Полацк на Дзвіне – месца драўлянае, вялікае, шырокае, парканамі ды густымі астрогамі абгароджанае. Замак у ім з дрэва, але добра ўмацаваны прыродаю і выгодамі месца. Абведзены ён наўкола сценамі ды вежамі». Такім убачыў наш горад у сярэдзіне XVI стагоддзя італьянец Аляксандр Гваніні, які служыў ротмістрам у войску Вялікага Княства Літоўскага.


За полацкімі сценамі людзі жылі не толькі вайсковымі клопатамі – гандлявалі і займаліся рамяством, судзіліся, спраўлялі радзіны, пілі на памінках…

Полацк быў адным з найбуйнейшых еўрапейскіх гарадоў: блізу ста тысяч жыхароў Ён вёў бойкі гандаль, у якім галоўным партнёрам і канкурэнтам колькі стагоддзяў заставалася Рыга. У пераліку прывазных тавараў – сукно з Англіі, Францыі і Фландрыі, галандскае і вестфальскае палатно, соль, жалеза, медзь, волава, цына, селядцы, піва і віно, прыправы. Наша зямля прапаноўвала Еўропе воск, футра, сала, мачтавы лес і дзёгаць, лён і пяньку, збожжа і хмель… Тры разы на год па два тыдні ў горадзе віравалі кірмашы, куды з’язджаліся сотні купцоў з Вялікага Княства і суседніх краін. Нямецкія гандляры з Ганзейскага марскога хаўрусу захоўвалі тавар у сутарэннях збудаванай імі ў Полацку мураванай царквы святога Пятра.

Яшчэ лепей усведамляеш багацце і значнасць Полацка ў Вялікім Княстве, калі даведваешся, што гандлёвага мыта тут на пачатку XVI стагоддзя збіралі ў 25 разоў болей, чым, напрыклад, у таксама немалой Гародні.

Шматлікія дамовы горада з Рыгай абвяшчалі Дзвіну і сухаземныя дарогі ўсцяж яе вольным гандлёвым шляхам. Праўда, рыжане нярэдка не выпускалі нашых купцоў у мора, і тады Полацк не дазваляў канкурэнтам падымацца па рацэ. Звычайна гарадам удавалася ўрэшце паразумецца, і цяжка наладаваныя двухпалубныя полацкія стругі (такі карабель падымаў ад шасці да дванаццаці тысяч пудоў) выходзілі ў балтыйскія хвалі, кіруючыся ў бок Каралеўца (Кёнігсберга), Гданьска і паўночна-нямецкіх гарадоў.

У гандлёвых пагадненнях нязменна падкрэслівалася, што ні з лівонскага, ні з літоўскага боку ніякіх мытных межаў няма. Да драбніц распісваўся парадак карыстання мерамі і вагамі. Прывазную соль узважвалі тымі самымі гірамі, што і прадаваны немцам воск. Уступаючы ў пасаду, важнікі мусілі цалаваць крыж і прысягаць, што не будуць чапаць шалі рукамі і не пойдуць на іншыя хітрыкі. У змацаванай пячаткамі полацкага князя Глеба і епіскапа Грыгорыя дамове з лівонскім магістрам і Рыгаю гаварылася: «А вести чистый воск без подсады, без смолы, без сала, как верх, тако й спод». Нягледзячы на такія засцярогі, і сярод нашых продкаў і сярод немцаў знаходзілася, трэба прызнаць, нямала махляроў Да воску дамешвалі сала, пясок, гарох і жалудовую муку, хавалі ў ім камяні і кавалкі жалеза. Нямецкі купец не набываў васковага круга, папярэдне не абстукаўшы яго і не пракалоўшы. Са свайго боку палачане наракалі, што прывезенае сукно ў сярэдзіне сувоя горшае, а селядцовыя бочкі меншыя, чым дамоўлена, дый на дне селядцы драбнейшыя і нясмачныя.

Спрэчкі паміж двума гандлёвымі гарадамі няраз разбіраў сам Вітаўт. «Шаноўныя, разумныя і мудрыя людзі, – звяртаўся ён у 1397 годзе да рыжскай гарадской рады. – Калі вашых купцоў затрымалі ў Полацку, дык спытайцеся ў свайго магістра, чаму ён напаў на палачанаў Мы ж паведамляем вам, што, калі палачанам у хуткім часе не заплацяць за страты, можа стацца, што гэтыя вашы купцы ды іхнія тавары ніколі не вернуцца». Праз два гады вялікі князь пісаў у Рыгу не менш ветліва: «Любасныя нашы сябры! Раней мы сурова каралі тых, хто паслаў вам няякасны тавар, пазбаўляючы гэтых людзей тавару, а калі яны будуць чыніць такое надалей, мы пакараем іх пазбаўленнем жыцця, чаго і ад вас чакаем». Да 1405 года адносіцца паведамленне пра нямецкі «двор» у Полацку. У наступным годзе князь Вітаўт даў немцам дазвол пабудаваць у горадзе каталідкую царкву са свірнамі для тавараў.

Лёгкі на пад’ём Вітаўт часта ездзіў па дзяржаве. Дні за тры ён мог з Вільні дапяць да Полацка. Гадоў сто таму мясцовыя жыхары яшчэ называлі старажытную дарогу з Полацка на Вільню праз Бяздзедавічы і Чортаў мост Вітаўтавым шляхам. Імя гаспадара, за якім Вялікае Княства дасягнула найвышэйшай магутнасці, захаванае і ў назве ўрочышча Вітаўтаў Камень, што знаходзіцца ў лясных ваколіцах Варонечскага возера цяперашняга Лепельскага раёна. Ва ўрочышчы да 1844 года ляжаў валун, у верхняй частцы якога былі выдзяўбаныя шэсць паглыбленняў накшталт талерак. У тых мясцінах Адам Кіркор запісаў паданне, згодна з якім на адметным камені палуднаваў вялікі князь Вітаўт, калі ў 1426 годзе хадзіў здабываць замак Варонеч. А валун тамтэйшыя сяляне так і называлі – Вітаўтавы талеркі.

Горад быў навідавоку, і высокія госці наведваліся туды часта. На пачатку мінулага стагоддзя яшчэ паказвалі Альгердаў шлях: з Полацка праз рэчку Ушачу, маёнтак Бяздзедавічы, паўз Мядзведжае возера, на Чортаў мост і Баханькову гару ў накірунку на Глыбокае і далей, на Вільню.

У 1470 годзе ў Полацку прымаў пскоўскіх паслоў вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір Ягайлавіч. На схіле дзён гэты манарх сярод іншых дзяржаўных справаў займаўся, між іншым, скаргаю маскоўскіх паслоў на зухаватага полацкага купца Лукаша Скарыну. У часе памежнай вайны 1492 года з Масковіяй бацька будучага першадрукара супольна з Пракопавым сынам Гапонам Пасадніковічам учыніў напад на купецкі абоз і ў якасці трафея прывёз у Полацк тавары нейкага купца з Вялікіх Лукаў «на сорок рублев».

У іменным паказніку да выдадзенага ў 1882 годзе ў Пецярбургу першага тома «Памятников дипломатических сношений древней России с державами иностранными» пазначана выключна канкрэтна: «Скорина Лукьян, купец полотский; грабит москвичей». Але згаданае вышэй здарэнне на велікалуцкім гасцінцы выглядае дзіцячым свавольствам у параўнанні з апісаным у тым самым гістарычным зборніку нападам маскавітаў на віленскага мешчаніна Багдана Онкава (аднаго з мецэнатаў Ф. Скарыны), якога «на лутцкой дорозе розбили, листы у него отняли… в одном листу четыреста коп широких грошей, а в другом листу пять сот коп грошей, полтораста рублев денег готовых, чара серебряна позолочена, ложка, святость…». Дарэчы, таксама ў пасольскіх дакументах пералічваюцца назвы тагачасных полацкіх валасцей: «Мошники, Дрыса, Освия, Нещорда, Лисна, Непоротовичи, Вербилова Слобода, Кубок, Вязьмо, Клино, Ситняны, Себеж, Замошье».

Праз чвэрць стагоддзя пасля візіту гаспадара Казіміра горад сустракаў на шляху ў Вільню заручоную нявесту вялікага князя Аляксандра маскоўскую князёўну Алену. Гэта яна ледзь не загіне потым пад нагамі ў зубра, калі на каралеўскім паляванні паранены звер кінецца крышыць памост з гледачамі, – і з гэтае прычыны трапіць у славутую паэму Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». У Полацку маскавітка слухала палудніцу ў святой Сафіі і бавіла час са знакамітымі месцічамі. Жонка полацкага шляхціча Івана Зіноўева з дочкамі паднесла госці «две камки (узорыстыя ядвабныя тканіны. – У.А.) бургскія с золотом», за што тая літасціва дазволіла ўсім з сабою пацалавацца.

Внимание! Это не конец книги.

Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации