Текст книги "Таямніцы полацкай гісторыі"
Автор книги: Уладзімір Арлоў
Жанр: История, Наука и Образование
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 1 (всего у книги 31 страниц) [доступный отрывок для чтения: 10 страниц]
Уладзімір Арлоў
Таямніцы полацкай гісторыі
© Уладзімір Арлоў, 2015
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Прызнанне ў любові
Любоў да горада нагадвае каханне да жанчыны.
Гэта вялікае шчасце, калі недзе ёсць горад, які чакае цябе, каб затуліць крылом спакою і зрабіць мацнейшым. Горад, чыё імя ты часта паўтараеш у думках, як імя блізкага чалавека, шукаючы і заўсёды знаходзячы нейкі патаемны сэнс з усё новымі і новымі адценнямі: чуеш у ім то ціхамірнае цурчанне Палаты з яе расчасанымі плынню зялёнымі «русалчынымі косамі», то ваяўнічы поступ полацкіх палкоў, то вусцішны гуд полымя над абложанымі ворагам замкамі…
Любоў да горада – вялікая таямніца, у якой нялёгка прызнацца.
І ўсё ж я адважваюся зрабіць гэта. Маім прызнаннем будзе кніга, якую вы трымаеце ў руках.
Пра мой горад выйдзе яшчэ мноства кніг, але думаю, што напісаць адну з іх маю права і я. Бо радзільня, дзе з’явіўся на свет, месцілася на Верхнім замку, за нейкую сотню крокаў ад Сафійскага сабора, куды, як казала мама, выходзілі вокны палаты (значыцца, званіцы і крыжы святое Сафіі – маё, няхай сабе і неўсвядомленае, але першае ўражанне аб навакольным свеце). Бо нашай улюбёнаю дзіцячай гульнёй былі пошукі лёхаў, што ў сярэднявеччы выводзілі з полацкіх сабораў на другі бок Дзвіны. Бо, пачынаючы гадоў з сямі, мы з сябрамі натхнёна займаліся на дзвінскіх берагах археалагічнымі даследзінамі, і шчодрая рака пасля кожнае паводкі дарыла нам то старадаўнюю манету, то проста ржавыя жалязякі, якія здаваліся наканечнікамі дзідаў. Бо Дзвіна навучыла мяне плаваць і берагла, калі я, схаваўшы адзенне на беразе пад перакуленым чоўнам, упершыню пераплываў яе, не ведаючы, што тут, насупраць Сафійкі, – самая вірыстая мясціна. Бо на нашых дзіцячых вачах узрывалі Мікалаеўскі сабор, і мы ўжо разумелі, што чыніцца злачынства. Бо тут, у Полацку, я першы раз закахаўся, адсюль паехаў вучыцца на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, тут упершыню скакаў праз купальскае вогнішча і напісаў свае першыя вершы і апавяданні. Бо і цяпер у маёй мінскай кватэры мне часта здаецца ўранні: вось падыду да вакна, а за ім – зялёныя берагі і поўная, як вока, вясновая Дзвіна.
Бо Полацк – радзіма маёй душы.
Мне хочацца, каб чытаючы гэтую кнігу, вы пачулі і непараўнальны пах выцвілых пергаменаў, і гаману полацкага веча, і артылерыйскую кананаду часоў Напалеона… Каб, прачытаўшы яе, ніхто не моршчыў лоб, пакутліва ўспамінаючы, што яму вядома пра дойліда Іаана, ювеліра Лазара Богшу або князя Усяслава Чарадзея. Буду ўсцешаны, калі нехта з маіх чытачоў паспрабуе намаляваць сваё радаводнае дрэва, нехта захоча падняцца ў келлю святой Еўфрасінні, а нехта ўсамотніцца ў бібліятэцы ці ў архіве, збіраючыся раскрыць пакінутыя полацкай гісторыяй шматлікія таямніцы.
Гэта не падручнік і не навуковае даследаванне. У сваім аповедзе я буду забягаць наперад, у сучаснасць, і зноў вяртацца ў далёкія стагоддзі. Буду выказваць небясспрэчныя гіпотэзы і меркаванні.
Я не абяцаю, што скажу пра Полацк усё – на гэта не хопіць і сотні тамоў. Але я абяцаю вам сказаць шмат новага, знаёмага дагэтуль толькі вузкаму колу гісторыкаў. Абяцаю распавесці пра таямніцу крыжа Еўфрасінні і пра загадкавы лёс бібліятэкі Сафійскага сабора, пра Полацкі кадэцкі корпус і пра той час, калі Полацк быў сталіцай ордэна езуітаў…
У нашым мінулым праўдзівыя летапісы вельмі часта перапісвалі або падмянялі хлуслівымі хронікамі, складзенымі на загад тых, хто быў пры ўладзе. Таму не дайшоў да нас Полацкі леmanic. Таму асветнікі знаходзіліся ў чорных спісах цемрашалаў, а маскоўскія цары-тыраны абвяшчаліся нашымі вызваліцелямі. Праўдзівая гісторыя вяртаецца да нас толькі цяпер – уваскрашаючы наш гонар, даючы веру ў будучыню, зноў робячы беларусаў еўрапейскім народам.
У гарадоў, як і ў людзей, ёсць душы.
Нягледзячы на нягоды і ліхалецці, Полацк захаваў у сваёй душы чысціню і высакароднасць. Ён здольны вылечыць ад жыццёвай мітусні і прымусіць падумаць пра вечнае, успомніць, хто мы, адкуль і куды ідзём.
Калі хтосьці, загарнуўшы апошнюю старонку, палюбіць мой горад трошкі мацней, а хтосьці проста захоча прыехаць, каб упершыню пахадзіць па яго вуліцах, – буду ведаць, што дні, у якія я пісаў гэтую кнігу, пражытыя недарэмна.
Пачынаючы яе, яшчэ раз гляджу на старажытны полацкі герб над маім сталом. Пад чыстым блакітным небам плыве праз стагоддзі па дзвінскіх хвалях карабель з разгорнутымі ветразямі…
Аўтар выказвае шчырую падзяку
Кацярыне Вініцкай
Вітаўту Кіпелю
Сяргею Краўчуку
Жоржу і Лёлі Лапіцкім
Сяргею Рудакевічу
Алене і Міколу Сенькам
Тамары Стагановіч
Унукі Белабога
Колькі гадоў Полацку? Нядаўна споўнілася 1145, скажаце вы. Але пытанне зусім не такое простае, як здаецца. Летапісы ўпершыню згадваюць Полацк пад 862 годам, ад якога гісторыкі і вядуць адлік узросту бацькі беларускіх гарадоў Тым самым годам пазначаны першы запіс летапісца пра Кіеў Значыцца, у 1987-м абодва гарады-патрыярхі сустрэлі сваё афіцыйнае 1125-годдзе.
Палачане без вялікага розгаласу адсвяткавалі не надта круглыя ўгодкі, а вось Кіеў разам з усёй Украінаю ўрачыста адзначаў… пятнаццаць стагоддзяў сваёй гісторыі.
Не спяшайцеся абурацца самаўпраўствам паўднёвых суседзяў. Раскопкі паказалі, што на месцы сучаснай украінскай сталіцы людзі сапраўды жылі ўжо паўтары тысячы гадоў таму. Мы ж, беларусы, зноў засведчылі нашую празмерную сціпласць, бо мелі такія самыя падставы святкаваць 1500-годдзе Полацка.
На Верхнім замку археолагі знайшлі кераміку, вырабленую не пазней за V стагоддзе. Да таго ж часу адносіцца і згадка ісландскай «Сагі аб Дытрыку Бернскім» пра аблогу Полацка войскамі готаў якія былі хаўруснікамі славутага правадыра гунаў Атылы. Таму на будучых полацкіх юбілеях будзем мець на розуме, што насамрэч горад прынамсі на чатыры стагоддзі старэйшы.
А цяпер зазірнём у мінуўшчыну яшчэ глыбей.
Прыкладна за семсот гадоў да нашай эры бронзавы век на землях будучага Полацкага княства змяніўся на жалезны. У тую эпоху тут жылі балцкія плямёны. Паўтара тысячагоддзя таму, у часы Вялікага перасялення народаў сюды прыйшло з захаду магутнае славянскае племя крывічоў, што рассялілася ў вярхоўях Нёмана, Дзвіны, Дняпра і Волгі. Крывічы, што аселі вакол ракі Палаты і заснавалі названы па ёй горад, атрымалі найменне «палачане». (Доктар гістарычных навук Георгі Штыхаў лічыць, што «палачане» – назва жыхароў Полацкага княства, іначай кажучы, не этнонім, а палітонім.)
Апошнім часам пераважае меркаванне, што «крывічы» – гэта агульная назва вялікага саюза плямёнаў куды апрача полацкіх уваходзілі крывічы смаленскія і ізборскія. Звернем увагу на тое, што найстаражытнейшыя летапісы падзяляюць славян на дзве вялікія групы: у адных назва мае суфіксы «ан – ян» (паляне, дзераўляне, севяране, бужане), у другіх– «іч» (крывічы, дрыгавічы, радзімічы, вяцічы, люцічы). Летапісы паведамляюць, што назвы радзімічаў і вяцічаў паходзяць ад уласных імён князёў – Радзіма і Вяткі. Дрыгавічы мелі Драгавіта (Дрыгавіта), люцічы – Люта. Падобная аснова, найверагодней, закладзеная і ў назве крывічоў Іх родапачынальнікам або князем мог быць Крыў, імя якога перайшло пазней на цэлае аб’яднанне плямёнаў.
Ад крывічоў ідзе радавод беларускага народа, пачынаецца гісторыя нашай дзяржаўнасці і культуры. Беларускі гісторык, аўтар кнігі «Старажытная Беларусь» Мікола Ермаловіч, прааналізаваўшы першакрыніцы, археалагічныя, лінгвістычныя ды іншыя дадзеныя, прыйшоў да высновы: «Крывічы побач з дрыгавічамі адыгралі першаступенную ролю ў фармаванні беларускага народа. Яны, бясспрэчна, былі самым шматлікім усходнеславянскім племем. Пра гэта сведчыць тая вялікая прастора, на якой яны рассяліліся, а менавіта: ад верхняга (а магчыма, і сярэдняга) Панямоння да Кастрамскога Паволжа, ад Пскоўскага возера да верхняга Сожа і Дзясны». М. Ермаловіч падтрымаў і развіў гіпотэзу, упершыню прапанаваную ў 1920-я гады выдатным дзеячам беларускага адраджэння, пакутнікам нацыянальнай ідэі Вацлавам Ластоўскім. Паводле яго, да стварэння Полацкага княства існавала Вялікая Крывія – ад Заходняй Бярэзіны да ракі Дзітвы на поўдні і да Віліі на поўначы, уключаючы мясціны, дзе пазней выраслі Крэва і Вільня і дзе сканцэнтраваныя крывіцкія тапонімы.
Бясспрэчнае лідэрства крывічоў і іх нашчадкаў у нашай гісторыі сталася падставаю ўзнікнення полацка-крывіцкай канцэпцыі беларускай дзяржаўнасці і культуры. В. Ластоўскі абгрунтаваў яе на ўзроўні навуковай публіцыстыкі і мастацкай інтуіцыі. Філосаф Уладзімір Конан дасціпна заўважыў, што ідэя Вялікай Крывіі як архетыпу беларускай дзяржавы, культуры і мовы «прасвечваецца» ўжо праз назвы выдаванага Ластоўскім часопіса «Крывіч», а таксама яго славутых кніг «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» і «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі».
У прадмовах да сваіх «Сялянскіх песняў з-над Нёмна і Дзвіны» называў наш народ крывічамі, а мову і паэзію крывіцкай Ян Чачот. Яго пяру належаць працы «Крывіцкія прыказкі і прымаўкі», «Слоўнік крывіцкіх выразаў». Крывічамі лічылі сябе выдатны беларускі фалькларыст і лексіколаг Іван Насовіч (яго ўпершыню выдадзены ў 1870 годзе «Слоўнік беларускай мовы» павінен, на маю думку, мець на сваёй паліцы кожны наш літаратар) і маладзейшы сучаснік Насовіча Вайніслаў Казімір Савіч-Заблоцкі, болып вядомы па псеўданімах Гаўрыла Полацкі і Граф Суліма з Белай Русі.
У сённяшнім беларускім друку можна сустрэць цалкам сур’ёзныя прапановы назваць беларусаў крывічамі, а Беларусь перайменаваць у Крывію. Аднак будзем памятаць, што пэўнасці на гэты конт не меў нават сам Вацлаў Ластоўскі. У 1926 годзе ён пісаў: «Крывія, Русь, Літва – патройны вузел, трохпаверхі лябірынт, у якім блудзіла і дагэтуль блудзіць Hamae нацыянальнае «я»… Адыходзіць удаль, але не замірае імя «Крывія», «Крывічы»… Недзе ў мінуўшчыне, а такжа глыбока ў народнай сьвядомасьці жыве і пакутуе, чакаючы дня свайго ўваскрэшэньня, напаўмістычнае імя «Крывія», якому прызначана ў гісторыі народу замкнуць круг часу, быць ачышчаюшчым агнём, магічным дарожным знакам, гаючай і жывучай вадой Адраджэньня Народу».
Было б вялікай памылкаю спісваць «крыўскую тэорыю» ў архіў. Хіба яна – сярод жывых і сёння міфаў аб тым, што беларусы не мелі сваёй дзяржавы і культуры, – не сведчыць пра шматвяковую традыцыю нашай дзяржаўнасці? Хіба не прымушае даследчыкаў заглыбляцца ў беларускую гістарычна-культурную рэтраспектыву?
У курганах вакол Полацка часта знаходзяць уласцівыя старажытным балтам шырокія арнаментаваныя і звярынагаловыя бранзалеты. Цікавыя адкрыцці чакалі археолагаў каля полацкай вёскі Дзмітрыўшчына, дзе ў пахаваннях курганнага могільніку знойдзеныя тыпова латгальскія нагрудныя ўпрыгожанні.
Сустрэчы даўнейшых і новых жыхароў Прыдзвіння, пэўна ж, не заўсёды былі мірныя. Балты і славяне шмат чым розніліся між сабою, але існавала і тое, што іх аб’ядноўвала, – агульная паганская (язычніцкая) вера. Відаць, менавіта яна дазволіла паразумецца, ужыцца і ўрэшце на пачатку II тысячагоддзя н. э. зліцца ў адну этнічную супольнасць.
Гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, хто ж усё-такі беларусы – славяне з моцным дамешкам балцкай крыві ці аславяненыя балты, аднак у любым выпадку цяперашнія латышы і літоўцы даводзяцца нам кроўнымі братамі. Сведчанні гэтага – аднолькавыя сюжэты песняў і паданняў арнаменты, стравы, прылады працы, наміткі і фартухі ў народных строях. Дый старажытнае Купалле апрача беларусаў захавалі толькі латышы, у якіх яно называецца Ліго.
Дастаткова верагодным выглядае і меркаванне, што сам этнонім «крывічы» цесна звязаны з найвышэйшым балцкім вешчуном Крыве-Крывейтам. Сакральнасць самога кораня «крыў» яскрава выяўляецца ў этнаграфічных матэрыялах Падзвіння. Русальны тыдзень меў тут паралельную назву – «крывы». Найбольш спрыяльныя для варажбы калядныя вечары на Полаччыне і цяпер называюць не толькі святымі, але і крывымі, а ў запісаных тут этнографамі чарадзейных казках можна прачытаць, што «гаспадар быў вялікі змей-чараўнік, ды яшчэ крывы» або што «вядзьмак і ведзьма абавязкова маюць крывізну».
Землі, дзе неўзабаве пасля прыходу крывічоў вырас Полацк і пачала мацнець Полацкая дзяржава, былі вядомыя яшчэ старажытным грэкам і рымлянам.
Памятаеце міф пра Фаэтона?
Гожы юнак прасіў свайго бацьку, бога сонца Геліяса, дазволіць хоць адзін дзень пакіраваць сонечнаю калясніцай. Бацька згадзіўся з неахвотаю, і змрочныя прадчуванні яго не падманулі. Адчуўшы няўпэўненую юначую руку, вогненная запрэжка кінулася ўбок, напалоханы Фаэтон выпусціў лейцы, і коні панесліся, не разбіраючы дарогі – то ўзлятаючы высока ў неба, то летучы над самай зямлёю і неміласэрна палячы яе агнём.
Угневаны Зеўс паразіў няшчаснага Фаэтона маланкаю, і той упаў у далёкую ад роднага Алімпа раку Эрыдан. Сёстры, што прыйшлі на яго магілу, воляю багоў зрабіліся дрэвамі, іх слёзы падалі ў празрыстыя рачныя хвалі, цвярдзелі і ператвараліся ў бурштын, а плынь, як пісаў Авідзій, несла іх па залатым пяску да мора на ўборы рымскім прыгажуням.
Чаго я раптам узгадаў гэты міф? Ды з тае прычыны, што Эрыдан, які прыняў Фаэтонава цела, успаміналі яшчэ Гамер і яго вучань Гесіёд, пра «хуткаплынны Эрыдан» пісаў у паэме «Арганаўтыка» ў III стагоддзі да н. э. Апалон Радоскі, а нтмат паважных вучоных у XIX i XX стагоддзях сцвярджалі, шго Эрыдан – гэта нашая Дзвіна. Дарэчы, яна мела і іншыя старажытныя імёны: Рубон (адсюль і баявы кліч палачанаў з якім яны ішлі на ворагаў – «Рубон!») або Рудон, Дуна, а яшчэ Дзіна або Віна – так завецца рака ў некаторых скандынаўскіх сагах. У Палаты таксама было даўняе найменне – Турунт.
У прыліве шчырага патрыятызму беларускі краязнаўца Аляксей Сапуноў у канцы XIX стагоддзя пісаў што пра Дзвіну з большым правам, чым пра любую іншую раку свету, можна сказаць: яна нясе ў хвалях сваіх гісторыю і жыццё народа.
Ну а пакуль рака полацкай і беларускай гісторыі толькі пачынаецца. Нашы далёкія продкі будуюць на берагах Дзвіны і Палаты селішчы, аруць зямлю, палююць на зверыну, пакрысе асвойваюць усё болып складаныя рамёствы… Пра гэта мы, здаецца, збольшага ведаем са школьных падручнікаў Таму пагаворым падрабязней пра тое, чаго ў падручніках няма, што дасюль ахутана таямніцаю: якой была вера продкаў да прыходу хрысціянства.
Свет, дзе жылі тагачасныя палачане, быў густа населены вялікімі і малымі багамі ды бажкамі. Усюдыісны і наймагутнейшы з іх, творца жыцця, бог неба і ўсяго Сусвету меў некалькі імён – Сварог, Стрыбог, Святавід, але найчасцей яго называлі Родам. Ён апладняў зямлю і ўсё жывое, кіраваў вятрамі і нябеснымі з’явамі. Невыпадкова з імем гэтага бога звязана ў нашай мове столькі найважнейшых слоў і паняццяў: народ, радзіма, родзіч, продак, радавод, нараджэнне, прырода, ураджай, адраджэнне…
Роду падначальваліся астатнія багі нябеснай сферы, зямлі і падземнага свету. Пярун валадарыў над громам ды маланкамі і займаўся вайсковымі справамі. Дажбог, Ярьша, Каляда і Хорс былі багамі сонца. Яны даравалі цяпло, клапаціліся пра ўрадлівасць зямлі, дабрабыт людзей, апекаваліся над земляробамі і рамеснікамі. Ім дапамагаў таксама звязаны з сонцам бог ураджаю і дастатку Купала. Сонцава звястунка Дзянніца ўранні давала чалавеку сілу на новы дзень, а сама скакала на кані ў той бок, куды ўвечары спускаецца нябеснае свяціла, каб падрыхтаваць яму да ночы залаты човен. У ім сонца ляжа спаць, і човен паплыве па сінім моры да новага дня.
Пасланніцамі Рода былі рожаніцы – багіня кахання і вясновага абуджэння Лада і маці ўраджаю Мокаш. Поруч з Ладаю шчыравала вясёлая і спрытная тройца: апекуны закаханых Леля ды Палель, а з імі – Любіч, або Любчык, што мусіў давесці маладых каханкаў да вяселля.
Кожны стараўся жыць у згодзе з багіняю восеньскага ўраджаю Цёцяй. Гарэзлівы Пераплут падносіў чалавеку чару з хмельным мёдам і дарыў весялосць, а вогненны Жыжаль саграваў агнём і дапамагаў кавалям. Ад бога Тура залежала жыццё дзікіх звяроў і поспех на паляванні. Вялесу належаў падземны свет, але былі ў яго турботы і на зямлі – клопат пра свойскую жывёлу і дапамога пастухам. Ён вёў статак на пашу і вяртаў дадому.
Яшчэ бліжэй да штодзённага жыцця продкаў стаялі драбнейшыя багі. Добрымі духамі, што спрыялі чалавеку, бераглі яго ад напасці, былі берагіні. На жытнёвым полі хаваўся Жыцень. Ён любіў пераносіць каласы, а то і цэлыя снапы з палетка нядбайнай гаспадыні да руплівае суседкі. У вольную хвіліну на мяжы нівы і пашы ён мог перакінуцца словам з авечым духам Аўсенем.
Пра дамавікоў, лесавікоў русалак вы, магчыма, ведаеце болей за мяне, бо яны выявіліся ці не самымі жывучымі і, здаецца, сустракаюцца да сёння. Мая бабуля Прося з лясной вёскі непадалёку Полацка апавядала пра лесавіка амаль што як пра суседа: то цэлы дзень вадзіў яе з кашом баравікоў па лесе, то падаіў бабуліну казу, то перад Калядамі нахабна залез нанач у падпечча.
Існавалі духі, заўсёды настроеныя да людзей варожа. Яны засявалі каменнем поле, адбіралі ў кароў малако, пасылалі хваробы. Мара мучыла вусцішнымі снамі. Лядашчык пазбаўляў жыццёвае сілы. Бог холаду Зюзя імкнуўся замарозіць чалавека на зімовай дарозе і аддаць страхалюднаму Карачуну.
Як бачым, шчыльнасцю насельніцтва беларускі Алімп мог спрачацца з антычным. Нашы багі, гэтаксама як старажытнагрэцкія або рымскія, былі між сабою ў сваяцтве. Пярун лічыўся сынам вярхоўнага бога. У браты лёс паслаў яму жорсткага Зюзю. Замужам за Перуном была спагаддівая да людзей Жыва, якую памужу часта называлі Грамавіцаю. 3 ёю, багіняю жыцця і лета, звязаны цікавы міф, які варта падаць як узор беларускай дахрысціянскай міфалогіі. Калі ў час свайго зімовага панавання Зюзя мучыў людзей маразамі, Грамавіца сышла з нябёсаў на зямлю, каб нарадзіць сына Дажбога Хорса, якому наканавана было адолець Зюзю. Але той даведаўся пра Жывіны намеры, перакінуўся ў мядзведзя і разам з перамененымі ў ваўкоў злымі духамі – Завеямі пачаў ганяцца за ёю. Ратуючыся, Грамавіца ператварылася ў белую казу і схавалася ў кустоўі, дзе і нарадзіла Дажбога. Якраз таму калядоўшчыкі і водзяць з сабою «казу».
Гэты міф згадвае ў найцікавейшым дасціпным нарысе «Дахрысціянская вера нашых продкаў» вядомы рэлігійны дзеяч і гісторык айцец Леў Гарошка. Да ўжо знаёмых нам прадстаўнікоў беларускага язычніцкага пантэону айцец Гарошка дадае ў сваім даследаванні такіх каларытных і ўплывовых багоў, як Кон, што вызначаў долю ўсім і нават самім багам, як багіня надвор’я Пагода, як бог хмараў і непагадзі Пасвіст і багіня розуму Рада. Следам за імі ідуць злы бог хвароб Яшчар, яго прыяцелькі злыя духі ночы начніцы, якія перадалі сваё імя аднаму з відаў кажаноў дух віхур Падвей, магільны дух Копша (гэта пра яго прыказка кажа: «3 грашыма і Копшу дагодзіш»)…
Угневацца і жорстка пакараць за нейкую правіну мог і самы памяркоўны з багоў А паколькі стасункі між імі былі надзвычай складаныя, нечаканая бяда магла падпільнаваць і зусім невінаватага чалавека. Бог агню Жыжаль у сваёй падземнай кузні каваў зброю, каб нізрынуць з неба Перуна. Ён працаваў так зацята, што дол пераграваўся, трывала сухмень, загараліся лясы і тарфяныя балоты. Калі ж бог-каваль выходзіў з вогненнай кузні на зямлю, Пярун браўся кідаць у яго маланкі.
Наогул у свеце йпла няспынная барацьба шматаблічных Белабога і Чарнабога, якія ўвасаблялі святло і цемру, дабро і зло. У сярэдзіне жніўня штогод бывала залеўная ноч, калі неба разрывалі перуны, а бліскавіцы несупынна залівалі наваколле прывідным святлом. Гэтаю «рабінаваю», ці «вераб’інаю», ноччу ўсе добрыя духі ядналіся і вялі смяротны бой з сіламі цемры.
Каб жыць з багамі ў згодзе, іх трэба залагоджваць, маліцца за сябе і за блізкіх. Уранні продкі, просячы спрыяння, зазвычай прамаўлялі да ўсіх багоў адразу. Удзень маліліся Хорсу-сонцу. Увечары, пасля працы, прасілі Дажбога ацаніць пражыты дзень і даць кожнаму паводле заслуг. Паразумецца з нябеснымі і зямнымі валадарамі, не ўяўляючы іх саміх, было даволі цяжка, таму кожнага бога і бажка чалавечая фантазія надзяліла адметным абліччам.
Пярун – волат з сівымі або вогненна-рудымі кучарамі і барадой, які трымае ў руцэ лук і стрэлы маланкі. Час Перуновае ўлады доўжыўся ад першае да апошняе навальніцы, а потым бог спаў да будучай вясны. Ярыла – гожы юнак у белым уборы. Ён ездзіў на белым кані па нівах, аглядаў ярыну, спрыяў ураджаю, а яшчэ распальваў юр, цялесную жарсць, клапоцячыся пры гэтым пра нараджэнне дзяцей. Каб лацвей хавацца паміж каласоў, Жыцень меў маленькі расточак, ды яму трохі замінала даўжэзная сівая барада. Вадзянік таксама ганарыўся барадою, але ўжо зялёнай, як багавінне. Своеасаблівымі дублёрамі дамавікоў былі вужы, іх трымалі ў хаце і, адводзячы ад сям’і бяду, усяляк ім дагаджалі. Пра абліччы большасці іншых багоў нічога пэўнага сказаць цяпер нельга. Ад некаторых ацалелі адно загадкавыя імёны – Вышань, Крышань, Таўсень… Пагатоў імёны некаторых багоў продкі лічылі за лепшае ў пэўных абставінах проста не называць. Беларусы дагэтуль захавалі звычай не ўзгадваць перад сном чорта, а калі надарыцца ўсё ж успомніць у размове нячысціка, дык адразу дадаюць: «Не пры вас кажучы».
У запаленых хрысціянскімі святарамі вогнішчах бясследна загінулі паганскія запісы на дошках і бяросце, дзе былі і малітвы.
Зрэшты, існуе і іншы погляд на праблему. Вам, магчыма, даводзілася чуць пра «Кнігу Вялеса», якую прыхільнікі яе аўтэнтычнасці называюць Святым пісаннем славян. Кніга гэтая нібыта была выразаная на букавых дошчачках ноўгарадскімі вешчунамі ў IX стагоддзі і прысвечаная богу Вялесу, а знайшоў яе ў час грамадзянскай вайны белагвардзейскі палкоўнік Ізенбек. Пакрытыя старажытнымі пісьмёнамі драўляныя старонкі Вялесавай кнігі трапілі разам з яе ўладальнікам за мяжу, а ў гады Другой сусветнай вайны зніклі.
Трэба сказаць, што такі знаўца старажытнай славянскай культуры, як акадэмік Дзмітры Ліхачоў і іншыя аўтарытэты лічаць «Кнігу Вялеса» падробкай, ці, далікатней кажучы, містыфікацыяй. Здзейсненыя за апошнія гады шматлікія публікацыі кнігі і каментарыі да яе не пераканалі і мяне ў сапраўднасці гэтага помніка паганскіх часоў.
Але ў любым выпадку аўтар ці аўтары «Вялесавай кнігі» грунтоўна ведалі і адчувалі дахрысціянскі духоўны космас нашых продкаў.
Вось як, напрыклад, у вольным перакладзе на беларускую мову гучыць пачатак малітвы да Валадара Сусвету: «Кланяемся першаму табе, Род, і пяём табе вялікую славу. Хвалім цябе, пачынальнік усіх родаў чалавечых, Сварожа. Ты – крыніца вечная, што ніколі не замярзае, і хто п’е тую ваду, жыве, пакуль не трапіць на твае райскія лугі. Пяём песню табе, Святавідзе, бо ты ёсць святло, праз якое мы бачым гэты свет. Ты трымаеш моцна сонца і зоркі і даеш нам Яву, а беражэш ад Навы (смерці). Дык вырачымся злых думак і чыну злога і пойдзем дарогаю дабра…»
Пасля прамаўлялі да Перуна: «Кланяемся табе, Пяруне-грамавержац, што не стамляешся круціць кола жыцця і вядзеш нас дарогаю праўды да бітвы і да трызны па тых, што аддалі жывот свой за праўду і ідуць да жыцця вечнага, да палка Перуновага. Слава табе, гонар і суд воінаў што страляеш па ворагах нашых і адводзіць ад нас стрэлы іхнія. Слава табе, залатарунны, літасцівы і праўдзівы…»
Найпрасцей абвясціць гэтую рэканструкцыю паганскіх малітваў плёнам фантазіі. А мо не будзем спяшацца: а раптам у аўтара (няхай сабе ён – амаль што наш сучаснік) абудзілася памяць продкаў, і ён нічога не выдумляў, а проста ўспомніў?
Найбольш блізкія дачыненні з багамі продкі мелі на святы.
Пасля зімовага сонцастаяння Каляда прыбаўляла дні, і, хоць яшчэ трывалі лютыя маразы, пачыналася новае гадавое кола. Свята ў гонар Каляды было ці не самае вясёлае. Яго абрады дажылі ў Полацку да XIX стагоддзя. Па дварах і хатах хадзілі з песнямі калядоўшчыкі. Іх падхмеленая гаманкая грамада вадзіла з сабою «бусла», «мядзведзя» і галоўную дзейную асобу – «казу» або «казла» ў вывернутым кажусе, з рагамі і барадою-вяхоткай. Апошнімі гадамі такую каларытную сябрыну зноў можна сустрэць у калядныя дні на полацкіх ды наваполацкіх вуліцах. Каза ў продкаў увасабляла сонца, што памірала і ўваскрасала, пасылаючы зямлі ў новым годзе жыццядайную сілу і новы ўраджай. Таму калядны гурт і пяе:
Дзе каза хвастом,
Там жыта кустом.
Дзе каза рогам,
Там жыта стогам.
Другая палова Калядаў (з 1 да 6 студзеня) называлася Вялесавымі днямі. Лічылася, што ў гэты час чалавек лягчэй, чым калі-небудзь яшчэ, можа ператварыцца ў ваўка.
Вясновым святам гукання добрых духаў якія ажыўлялі зямлю пасля зімовага сну-нябыту, быў Вялікдзень, што пазней зліўся ў хрысціян са святым днём Хрыстовага ўваскрэсення. Паганскі каляндар меў святы маладых усходаў пачатку і заканчэння жніва.
У крывічоў захоўваліся старажытныя абрады, што ўзніклі ў часы татэмізму, калі кожны род выводзіў сваю гісторыю ад нейкага звера або птушкі. Адно такое свята, звязанае з шанаваннем мядзведзя, – камаедзіца – было вядомае ў полацкім наваколлі яшчэ ў XIX стагоддзі. Яго спраўлялі ў сакавіку, калі лясны гаспадар прачынаўся і выходзіў з бярлогі. На камаедзіцу гатавалі стравы, якія нібыта любіў спадар мядзведзь: камы з гарохавай мукі і аўсяны кісель – жур. Пасля святочнага полудня сяляне клаліся на палаткі і, пераймаючы касалапага «продка», пераварочваліся з боку на бок, просячы спрыяння і абароны. У гонар мядзведзя наладжвалі скокі ў вывернутых кажухах.
На самым пачатку чэрвеня святкавалі Ярылаў дзень. Ад раніцы прыбіралі стужкамі маладую бярэзінку, аздаблялі жытло маем. Потым выбіралі найпрыгажэйшую дзяўчыну, апраналі яе ў белыя строі, садзілі на каня і вазілі па паселішчы, спяваючы і водзячы вакол карагоды, што выконвалі ў паганцаў прыкладна такую ж ролю, як хросны ход у хрысціянаў На Ярылаву ноч прыпадала свята кахання, пра якое хрысціянскія аўтары пазней пісалі: «Отрокам осквернение, девам растление».
Ярыла «полю жыта радзіў людзям дзеці пладзіў». Ён меў схільнасць да жанчын і хмельных напояў. Яму мы абавязаныя такімі адметнымі беларускімі слоўцамі, як ярына, ярун, ярыцца. Хрысціянскім пераемнікам Ярылы стаўся святы Юры. Юр’е – адно з найбольш шанаваных сялянамі на Полаччыне і наогул у Беларусі святаў У гэты дзень упершыню пасля зімы выганялі на пашу скаціну, а гаспадар выпраўляўся аглядаць свае палеткі. Кожны з нас мае магчымасць самастойна спраўдзіць, ці насамрэч у гэты дзень пачынае куваць зязюля, а таксама праверыць мноства звязаных з Юр’ем народных прыкмет.
Ад Ярылы зусім мала заставалася да Купалы. Гэтае свята супадала з летнім сонцастаяннем; пасля яго нябеснае свяціла «паварочвалася», і дні рабіліся карацейшыя. Купаллю папярэднічаў русальны тыдзень, калі дзяўчаты вадзілі ў святых гаях карагоды, прыносілі крыніцам і рэкам ахвяры – найчасцей птушак. «Убогая куряти, яже на жертву идолам режутся, иныя в водах потопляемы суть», – паведамляе старажытны рукапіс.
Прыгожых дзяўчат абвівалі зялёнымі галінкамі і аблівалі вадой, выклікаючы дождж.
Каля вёскі Свяціда на беразе полацкага возера Янова вам і сёння пакажуць пагорак Валатоўку. Разам з урочышчам Камяні, што паблізу вёскі Бікульнічы на тым самым возеры, Валатоўка ўваходзіла ў комплекс тыпу Стоўнхендж,[1]1
Старажытная абсерваторыя (XIX ст. да н. э.) у Англіі. Сто валуноў, з якіх складаецца гэты мегалітычны помнік, зарыентаваныя на кропку, дзе 21 чэрвеня, у дзень летняга сонцастаяння, з’яўляецца сонца.
[Закрыть] дзе ў паганскія часы тутэйшыя жыхары святкавалі ўлетку сонцастаянне. Тут, за дваццаць кіламетраў на поўдзень ад Полацка, велізарныя валуны складаюць геаметрычную фігурѵ. якая дакладна арыентаваная па напрамках свету і сваімі контурамі нагадвае літару «П».
Аўтар кнігі «Маўклівыя сведкі мінуўшчыны» (Мінск. 1992) беларускі геолаг і краязнавец Эрнст Ляўкоў, які даследаваў культавыя камяні, вызначыў: валуны ў гэтай мясціне размешчаныя такім чынам, што, стоячы ў цэнтры фігуры, старажытны астраном толькі раз на год мог убачыць, як сонца сядае дакладна за Валатоўкаю. Гэта значыла, што ноч будзе найкарацейшаю, а наступны дзень – найдаўжэйшым.
3 нагоды сонцастаяння продкі запальвалі на Валатоўцы вогнішча ў гонар Купалы.
Пазней да купальскіх ігрышчаў хрысціянскія місіянеры прымяркуюць свята нараджэння Яна Хрысціцеля, або Янаў дзень, што святкуецца паводле грыгарыянскага календара 24 чэрвеня. Адсюль цалкам лагічна будзе вывесці паходжанне назвы возера, над якім у купальскую ноч і ў наш час загараюцца вогнішчы.
Яшчэ адну старажытную «абсерваторыю» палачан сёння можна пабачыць на возеры Дрысвяты за колькі кіламетраў ад аднайменнай вёскі, ва ўрочышчы Другая Камяніца. На паверхні цэнтральнага, амаль трохметровага ружаваташэрага валуна захавалася паглыбленне – ахвярнік. Вакол з поўдня і захаду паўколам ляжаць меншыя камяні-арыенціры, з дапамогаю якіх продкі вызначалі паганскія святы і дні, спрыяльныя для пачатку сельскагаспадарчых работ.
За маёй памяццю на поплаве бліз Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра яшчэ збіраліся на Купалле старыя палачанкі ў дастаных з куфраў вышываных кашулях і андараках. Сёння падрабязна пісаць пра гэтае спрадвечнае свята не мае сэнсу, бо яно вярнулася ў наша жыццё і зыркімі агнямі, што люструюцца ў спакойных водах Дзвіны і Палаты, і непаўторнымі чарадзейнымі абрадамі, гульнямі і песнямі. Скажу адно, што ў паганскай старажытнасці скласці купальскае вогнішча даручалі жанчыне – «Маладая маладзіца, раскладзі купальніцу!» – і нельга было, як цяпер, прыходзіць на свята ў любым адзенні. Перавагу аддавалі беламу колеру, асабліва важнымі лічыліся жаночыя галаўныя ўборы: апрача вянкоў з кветак і зеляніны дзяўчаты надзявалі блакітна-нябесныя наміткі. Маліліся Купалу, як і ўсім іншым паганскім багам, не толькі з чыстым духам, але і з чыстым целам.
Продкі лічылі купальскую ноч самым прыдатным часам шукаць скарб. Паблізу таго месца, дзе ён закапаны, з’яўляўся блакітны агеньчык. Але нават калі і пашанцуе знайсці падземнае багацце, завалодаць ім нялёгка, бо скарб звычайна загавораны: чым глыбей капаеш, тым глыбей ён хаваецца, а можа і зусім праваліцца ў бездань, адкуль зарагочуць страшнымі галасамі нячысцікі.
Існавала таксама павер’е, што ў гэтую чароўную ноч зямля разыходзіцца, каб скарбы прасохлі. Не здабыў багацця, дык, можа, хоць пабачыш, як у глыбачэзных правалах вісяць на ланцугах велізарныя катлы з золатам, срэбрам ды каштоўнымі камянямі.
Самае змрочнае і трагічнае свята Рода і Перуна прыпадала прыкладна на 20 ліпеня. Тут не было ні песняў, ні карагодаў Бог вымагаў крывавых ахвярапрынашэнняў – быкоў а часам і людзей (найверагодней, палонных ворагаў). Выбар ахвяраў быў вельмі адказным клопатам, яму прысвячаўся ўвесь папярэдні тыдзень. Якраз пачыналася жніво, і ў бога прасілі пагоддівых дзён. Каб засцерагчыся ад смяротных Перуновых стрэлаў, ставілі на будынках грамавы знак– круг з шасцю радыусамі. Адтуль, пэўна, і пайшоў у беларусаў звычай усцягваць на хату – пад буслянку – кола.
Дзеля размоў з валадарамі зямлі і неба продкі ладзілі паганскія бажніцы – капйпчы, дзе гарэлі непагасныя агні. Памяць пакаленняў данесла да нас звесткі, што палачане пакланяліся Перуну каля Валовага возера. (Магчыма, і назву сваю яно атрымала ад валоў чыёй крывёю залагоджвалі грознага бога.) Археолаг Сяргей Тарасаў які ўжо шмат гадоў даследуе Полацк, мяркуе, што вакол возера існаваў цэлы комплекс капішчаў Валовая азярына ацалела дасюль, і, як на маё адчуванне, нягледзячы на сучасны гарадскі краявід, атмасфера вакол яе густа настоеная на таямніцы.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?