Электронная библиотека » Уладзімір Арлоў » » онлайн чтение - страница 7


  • Текст добавлен: 16 ноября 2018, 18:40


Автор книги: Уладзімір Арлоў


Жанр: История, Наука и Образование


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 7 (всего у книги 31 страниц) [доступный отрывок для чтения: 10 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Полацкія фрэскі ўражваюць псіхалагічнай глыбінёй, эмацыянальнасцю. Цяжка пазбыцца пачуцця, што перад намі не твары святых, а партрэты зямных людзей. Асабліва хвалююць жаночыя вобразы. На такое набліжэнне да рэальнасці не адважваліся ні кіеўскія, ні ноўгарадскія майстры.

Затрымаемся каля святой на паўночна-заходнім гранёным слупе, што падтрымлівае хоры. Твар з дугападобнымі бровамі і вочы намаляваныя настолькі пранікнёна, з такой жыццёвай пераканаўчасцю, што міжволі ўзнікае думка: гэтая жанчына жыла сярод нас. Дапытлівы цвёрды позірк глыбокіх вачэй выпрабоўвае, выклікае на роздум пра годнасць чалавека і сэнс яго існавання. Нядзіва, што гэтую фрэску называюць партрэтам Еўфрасінні Полацкай. У кожным разе на мастака не магла не ўплываць цялесная і духоўная прыгажосць асветніцы і яе сясцёр.

Апошнім часам з прычыны неспрыяльнага тэмпературнага рэжыму фрэскі хутка самараскрываліся і разбураліся. На шчасце, у сабор прыйшлі мастакі-рэстаўратары на чале з Уладзімірам Ракіцкім. З’явілася надзея, што некалі мы ўбачым унікальныя размалёўкі ў іх спрадвечным харастве. Можа, да таго часу і сам храм верне сабе першапачатковае аблічча.

3 імем князёўны-ігуменні звязанае і з’яўленне на нашай зямлі абраза Божае Маці, вядомага як Адзігітрыя Полацкая.


Маці Божая Адзігітрыя Полацкая. ХІІ век.


Каб упрыгожыць сабор у заснаваным ёю мужчынскім манастыры, Еўфрасіння паслала свайго слугу Міхаіла (магчыма, ігумена) да візантыйскага імператара Мануіла Камніна і канстанцінопальскага патрыярха Хрысаверга. Пасланец вёз багатыя дарункі і грамату з просьбаю прыслаць абраз Багародзіцы Эфескай – адзін з трох, што яшчэ пры жыцці Дзевы Марыі намаляваў з яе першы хрысціянскі іканапісец апостал Лука.

(3 гэтае прычыны ён лічыцца апекуном мастакоў.)

Адпраўленыя імператарам у Эфес сто воінаў прынеслі абраз у Царгорад, адкуль пасля патрыярхавага багаславення ў саборы святой Сафіі рэліквію адаслалі Еўфрасінні.

«А яна, – сканчвае аповед пра гэтую падзею «Жыціе», – унёсшы абраз у царкву святой Багародзіцы, паставіла яго і аздобіла золатам і самацветамі, і ўстанавіла насіць яго кожны аўторак па цэрквах».

Візантыйскі падарунак – самая ранняя Адзігітрыя (у перакладзе з грэцкае – Пѵцяводная) на нашай зямлі. 3 такіх абразоў пачынаецца тое, што называюць мастацкай традыцыяй. Невыпадкова Адзігітрыю любілі маляваць беларускія іканапісцы розных стагоддзяў.

Наўрад у Полацк трапіў арыгінал старажытнага вобраза. Сапраўды, навошта патрыярху багаслаўляць твор самога апостала? Трэба пагадзіцца з гісторыкамі, якія сцвярджаюць, што гэта была зробленая візантыйскімі майстрамі копія, прычым не з Эфескай, а з Царгародскай Адзігітрыі. Ёсць звесткі, што ў 1239 годзе яе ўрачыста перанеслі ва Уваскрасенскую царкву горада Тарапца. Прычына шчодрага ахвяравання – вянчанне ў тым храме полацкай князёўны Параскевы з роду Рагвалодавічаў і князя Аляксандра Яраславіча, што неўзабаве атрымаў ганаровае найменне Неўскі. Паводле іншае версіі, Полацкая Адзігітрыя трапіла ў Тарапец падчас Лівонскае вайны XVI стагоддзя разам з чарніцамі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, што ратаваліся ад «православнейшего» цара Івана Грознага.

Цяпер рэліквія захоўваецца ў Рускім музеі Санкт-Пецярбурга. Адзігітрыя «хаваецца» пад пазнейшымі фарбамі. Убачыць абраз, якому малілася Усяславава ўнучка, можна з дапамогаю электронна-аптычных прыбораў у інфрачырвоным святле. На фотаздымку – поўная спакойнай высакароднасці і чысціні святая са спагадлівым тварам і мяккай пяшчотаю ў шырока расплюшчаных вачах. Можа, калінебудзь іх позірк зноў будзе сустракаць нас у адным з полацкіх храмаў?


Побач з імёнамі асветніцы Еўфрасінні і дойліда Іаана заўсёды ўзнікае трэцяе – Лазар Богша. Магчыма, у яго ювелірнай майстэрні юная Прадслава выбірала сабе аздобы, асцярожліва дакраналася да маленькіх тыгляў, захаплялася шматколернымі эмалевымі абразкамі. Зрабіўшыся ігуменняй, яна замовіла слыннаму майстру крыж дзеля прысланых з Царгорада і Ерусаліма хрысціянскіх рэліквій. Такі важны заказ ювелір мусіў выконваць пад наглядам ігуменні, якая, відаць, была аўтаркаю эскіза святыні і зробленага на ёй вялікага надпісу.

Еўфрасіння хацела мець так званы ўзвіжальны крыж, непасрэдна звязаны з вялікім хрысціянскім святам Узвіжання Крыжа Гасподняга. Гэты святочны дзень, як засведчыў летапісец, супаў з вызваленнем Усяслава Чарадзея ў 1068 годзе з кіеўскай вязніцы. Тым самым, лічыла асветніца, Бог паказаў магутную сілу крыжа і пакараў кіеўскага князя Ізяслава, што парушыў крыжовае цалаванне, падступна захапіўшы яе дзеда Усяслава Брачыславіча ў палон. Той незвычайнай падзеі полацкая ігумення і прысвяціла рэліквію.

Свой шэдэўр Богша стварыў у 1161 годзе.

Думаю, што наша нацыянальная святыня – сімвал хрысціянскай духоўнасці і старажытнай дзяржаўнасці беларусаў – вартая падрабязнага апісання.

Крыж мае шэсць канцоў-промняў што сімвалізуе створаны Богам за шэсць дзён свет.

Такая форма крыжа, дарэчы, ніколі не была на ўсходнеславянскіх землях пераважнай і найчасцей сустракалася на абшары, населеным продкамі сучасных беларусаў.

Вышыня рэліквіі каля 52 сантыметраў; даўжыня верхняе папярэчкі – 14, ніжняе – 21, таўшчыня – 2,5 сантыметры. Зверху і знізу дрэва закрывалі дваццаць дзве залатыя пласткі з каштоўнымі камянямі, арнаментамі і дваццаццю эмалевымі абразкамі, якія нічым не саступаюць сусветна вядомым візантыйскім эмалям.

На верхніх канцах крыжа майстар змясціў паясныя выявы Хрыста, Багародзіцы і Іаана Папярэдніка. У цэнтры ніжняга перакрыжавання – чацвёра евангелістаў: Іаан, Лука, Марк і Мацвей, на канцах – архангелы Гаўрыіл і Міхаіл. Унізе – патроны (нябесныя апекуны) заказчыцы і яе бацькоў: святыя Еўфрасіння Александрыйская, Георгій і Сафія. На адвароце размешчаныя выявы айцоў царквы Іаана Залатаслова, Васіля Вялікага, Грыгорыя Багаслова, апосталаў Пятра і Паўла, а таксама святых Стэфана, Дзімітрыя і Панцялеймана. Над кожным абразком часткова грэцкімі, часткова славянскімі літарамі зроблены надпіс.

У сярэдзіне крыжа ў пяці квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі: кавалачкі Крыжа Гасподняга з кроплямі Ісусавай крыві, драбок каменю ад дамавіны Багародзіцы, часткі мошчаў святых Стэфана і Панцялеймана ды кроў святога Дзімітрыя. 3 бакоў Богша абклаў дрэва дваццаццю срэбнымі з пазалотай пласткамі, а брыжы пярэдняга боку абвёў шнурком жэмчугу.

Найкаштоўнейшымі з пакладзеных у гнёзды хрысціянскіх рэліквій з’яўляліся часцінкі Святога Дрэва – крыжа, на якім, ратуючы чалавецтва, сустрэў смерць Ісус Хрыстос. Паводле задумы Еўфрасінні, святыня павінна была вечна «жыватварыць» душы палачанаў і ўсіх жыхароў роднай зямлі.

Крыж Еўфрасінні – яшчэ і каштоўны помнік нашага пісьменства. Кароткі надпіс каля мошчаў святога Панцялеймана паведамляе імя майстра: «Господи, помози рабоу своемоу Лазорю, нареченномоу Богъши, съделавъшемоу крьстъ сий црькви святаго Спаса и Офросиньи». На пазлачоных пластках выбіты вялікі тэкст з цікавымі гістарычнымі звесткамі. На беларускую мову ён перакладаецца так: «У лета 6669 (1161) кладзе Еўфрасіння святы крыж у сваім манастыры, у царкве святога Спаса. Дрэва святое бясцэннае, акова ж яго золата і срэбра, і камяні і перлы на 100 грыўняў, а да… [пропуск] 40 грыўняў. I хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць. Калі ж не паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён святой жыватворнаю Тройцаю ды святымі айцамі… і хай напаткае яго доля Юды, які прадаў Хрыста. Хто ж насмеліцца ўчыніць такое… валадар або князь, або епіскап ці ігумен, або іншы які чалавек, хай будзе на ім гэты праклён. Еўфрасіння ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыццё з усімі святымі…».

У першай частцы тэксту паведамляецца кошт каштоўных металаў і камянёў, што пайшлі на аздабленне крыжа. 40 грыўняў – мабыць, атрыманая Богшам плата. Гэта вялікія на той час грошы: прыкладна столькі плацілі за 8000 локцяў (4000 метраў) драўлянай мастоўкі або за паўтараста лісіных шкур. Лазар быў заможны і асабіста свабодны чалавек. Богша – яго першае, дадзенае да хрышчэння славянскае імя.



Змешчаны на крыжы заклён, безумоўна, дзейнічаў на сучаснікаў Еўфрасінні, але страх перад Божаю карай быў не ўсемагутны. Недзе ў канцы XII стагоддзя рэліквію вывезлі з Полацка смаленскія князі. Захапіўшы ў 1514 годзе старажытны крывіцкі Смаленск, вялікі князь Васіль III забраў крыж з кафедральнага Успенскага сабора ў Маскву. Смаленцы, дарэчы, ужо мелі копію святыні.

Пад 1563 годам Ніканаўскі летапіс паведамляе: «Когда же боголюбезный царь и великий князь (Іван Жахлівы. – У.А.) мысля итти на отступников хрестьянския веры на безбожную Литву, бе же тогда в его царской казне крест Полоцкий украшен златом и камением драгим». У час аблогі горада цар спыняўся паблізу пакінутага чарніцамі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Магчыма, тады, просячы ў неба перамогі, Іван Грозны і наказаў пакласці святыню на яе ранейшае месца. Мог ён зрабіць гэта і трохі пазней – калі замольваў грахі пасля ўчыненых у Полацку крывавых злачынстваў.

3 таго часу як храм Спаса воляю караля і вялікага князя Сцяпана Батуры перайшоў да езуітаў палачане захоўвалі крыж у Сафійскім саборы, што з канца XVI стагоддзя быў уніяцкім. Добра разумеючы ўплыў рэліквіі на вернікаў, айцы-езуіты распачалі судовы працэс, каб вярнуць крыж у Спасаўскую царкву. Галоўным іх аргументам стаў між іншым, старажытны надпіс. Ёсць сведчанні, што, прайграўшы суд, яны паспрабавалі атрымаць крыж хітрасцю. Аднойчы, калі на свята Узвіжання рэліквію выносілі на сярэдзіну храма, хтосьці падмяніў яе, паклаўшы на аналой падробку. Але вернікі заўважылі падлог і вярнулі святыню на месца.

Калі ў 1812 годзе Полацк на колькі месяцаў трапіў у рукі да французаў крыж захоўваўся ў сцяне Сафіі ў замураванай нішы.

Пасля аднаўлення праваслаўнага Спасаўскага сабора з’явілася магчымасць перанесці рэліквію туды, дзе ёй пакланялася сама Еўфрасіння. Полацкі архіепіскап Васіль Лужынскі, збіраючы ахвяраванні на патрэбы епархіі, зрабіў з крыжам падарожжа ў Маскву і ў Пецярбург. У Зімовым палацы беларускую святыню аглядаў Мікалай I. Існавала небяспека, што крыж застанецца ў імператарскіх зборах, але тым разам надпіс-заклён, відаць, падзейнічаў.

Гэта павінна было хоць неяк суцешыць архіепіскапа Васіля, бо Маскву ён пакідаў далікатна кажучы, не ў гуморы: усе сабраныя ва Успенскім саборы грошы ў полацкага ўладыкі забралі на карысць крамлёўскіх цэркваў.

23 траўня (ст. стылю) 1841 года хросны ход перанёс рэліквію з Сафійскага сабора ў храм Спаса. Крыж паклалі ў келлі, дзе асветніца пражыла свае апошнія гады.

У адным з беларускіх летапісаў – «Хроніцы Быхаўца» – ёсць згадка пра дачку полацкага князя Васіля Параскеву, якую абвясцілі ў Рыме святою пад імем Праксэды. Князёўна нібыта пастрыглася ў манастыр Спаса над Палатой і сем гадоў перапісвала кнігі. Потым прыехала ў Рым і жьша, аддана служачы Богу. Там памерла і была пахаваная, прычым у яе гонар пабудавалі царкву. Некаторыя гісторыкі лічаць гэтае летапіснае апавяданне каталіцкаю версіяй жыццяпісу Еўфрасінні. Захаваліся звесткі пра крыж з надпісам, што ў ім ёсць частка святога дрэва, падараванага Праксэдзе рымскім папам Аляксандрам IV. Гэты крыж-рэліквія быў копіяй Богшавага твора. Цяпер ён знаходзіцца ў Яраслаўска-Растоўскім музеі-запаведніку.


I зноў мы пераносімся ў нашае стагоддзе. Гэтага вымагае вартая дэтэктыўнага рамана адысея крыжа ў гады савецкай улады. Пакуль раман не напісаны, прапаную аматарам дэтэктываў колькі наступных старонак.

У 1921 годзе крыж святой Еўфрасінні рэквізавалі. Напрыканцы дваццатых гадоў мінулага стагоддзя пачынаецца знішчэнне беларускай інтэлігенцыі, раскручваецца махавік сталінскіх рэпрэсій. Тым трывожным часам дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея Вацлаў Ластоўскі ладзіць адмысловую экспедыцыю ў Полацк і перавозіць шэдэўр Лазара Богшы ў сталіцу рэспублікі.

17 студзеня 1927 года калегія народнага камісарыята асветы ў прысутнасці наркама Антона Баліцкага разгледзела пытанне «Аб перадачы Беларускаму дзяржаўнаму музею з Полацкага Сафійскага сабора карціны «Забойства Сьцяпана» («Укаменаванне святога Стэфана» славутага Сальватора Розы. – У.А.) і з Полацкага гарвыканкаму – крыжа Еўфрасіньні Полацкай».

21 лістапада 1929 года супрацоўнік аддзела фельд’егерскай сувязі паўнамоцнага прадстаўніцтва АДПУ па Беларускай вайсковай акрузе Лугаўцоў атрымаў ад начальства даверанасць «на право получения ценностей из Государственного Музея, для отправки таковых в гор. Могилев». Тым днём датаваны і акт аб перадачы крыжа.

Вацлаў Ластоўскі ўжо не працаваў дырэктарам музея, але нацыянальную рэліквію перадаваў фельд’егеру яшчэ за сваім подпісам: відаць, быў за яе асабіста адказны.

Цікава параўнаць гэты акт з вопісам крыжа, зробленым у канцы XIX стагоддзя сябрам рады Полацкага царкоўнага брацтва святаром Міхаілам Дуброўскім. Паводле яго, з дваццаці эмалевых абразкоў на крыжы няма аднаго, а пяць – пашкоджаныя. У 1929 годзе тры выявы святых ужо выламаныя, а трынаццаць – папсаваныя. 3 усіх каштоўных камянёў ацалелі два – аметыст і гранат. На месцы іншых засталіся пустыя гнёзды або з’явіліся кавалачкі каляровага шкла. На верхняй папярэчыне не хапала двух кавалкаў золата і дрэва.

На новым месцы крыж Еўфрасінні змясцілі ў музейную экспазіцыю, але наведнікі, асабліва жанчыны, перад святыняю маліліся і адбівалі паклоны. Напэўна, і з гэтай прычыны крыж перавезлі з музея ў былы зямельны банк, дзе ў 1930-я гады мясціліся абкам і гаркам партыі. Будынак меў адмысловы пакой-сейф з масіўнымі кратамі на вокнах і браняванымі дзвярыма таўшчынёю 15 сантыметраў за якімі былі яшчэ адны – кратаваныя. Менавіта там на пачатку вайны разам з іншымі найкаштоўнейшымі музейнымі экспанатамі захоўваўся крыж Еўфрасінні Полацкай. Паводле шырока растыражаванай афіцыйнай версіі, яго нібыта вывезлі на захад фашыстоўскія захопнікі.

Але ж Магілёў знаходзіўся за паўтысячы кіламетраў ад дзяржаўнае мяжы, і час дазваляў правесці эвакуацыю скарбаў Так узнікла думка, што рэліквія паехала тады на ўсход.

У 1960-я гады Магілёўскі абласны музей звярнуўся з запытам пра рэліквію ў Эрмітаж, адкуль прыйшоў адказ, што крыж Еўфрасінні Полацкай адразу па вайне прададзены на аўкцыёне ў Заходняй Еўропе ў калекцыю мільянераў Морганаў і цяпер у Нью-Ёрку. (Дарэчы, яшчэ ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя ў газетах з’яўляліся звесткі, быццам бальшавікі меліся прадаць крыж у Швецыю.)

У розныя часы пошукамі нацыянальнай святыні займаліся нашы вядомыя вучоныя Ееоргі Штыхаў і Адам Мальдзіс, журналіст Алесь Лукашук, першы міністр замежных справаў незалежнай Беларусі Пётр Краўчанка…

Рэліквію вырашыў пашукаць і супрацоўнік Эрмітажа Бебут Шаўкоўнікаў. Гэты прадпрымальны чалавек прыватна паехаў у ЗША, імкнуўся там пранікнуць у Морганаўскія зборы, але выявіў празмерны імпэт, трапіў на падазрэнне, і ў адзін цудоўны дзень некалькі маладзёнаў атлетычнага выгляду ветліва прапанавалі яму ўгамавацца. У адваротным выпадку яны не гарантавалі вяртання дадому. На жаль, дадаць да маіх слоў спадар Шаўкоўнікаў нічога не можа, бо ўжо пакінуў гэты свет.

Лёс крыжа святой Еўфрасінні не пакідаў абыякавай і беларускую дыяспару. У Нью-Ёрку мне давялося гутарыць з Антонам Шукялойцам, які ў свой час узначальваў Мінскі гістарычна-мастацкі музей. Ці не апынуўся крыж, як ходзяць чуткі, у Аўстраліі? Ці не разабралі яго, каб паасобку прадаць золата, срэбра і каштоўныя камяні з эмалямі?

Як мяркуе спадар Шукялойц, шэдэўр Лазара Богшы вывезлі на ўсход. Да яго даходзілі весткі, што крыж бачылі ў адным з маскоўскіх музеяў. Версія пра разбор крыжа на часткі малаверагодная, бо кошт яго золата і камянёў параўнаўча невялікі. Галоўная вартасць крыжа для яго магчымых гаспадароў у тым, што гэта – высокамастацкі твор.

У пошуках полацкага крыжа (сёння да іх падключаны і Інтэрпол) выкарыстоўваліся таксама нетрадыцыйныя сродкі кшталту зваротаў да вядомых экстрасэнсаў Трое з іх, у тым ліку і сусветна знакамітая балгарка Ванга, выказалі ўпэўненасць, што наша рэліквія цэлая і раней ці пазней будзе знойдзеная.

Калі? Можа, тады, калі мы, беларусы, будзем заслугоўваць вяртання свайго Жыватворнага крыжа?

У расследаванні загадкавай гісторыі крыжа Еўфрасінні нямала зрабіў супрацоўнік упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Магілёўскай вобласці Сяргей Багдановіч. У 1997 годзе газета «Рэспубліка» змясціла яго артыкул пад красамоўнаю назваю «I ўсё ж след вядзе на ўсход». Там выкладзеная найбольш верагодная, на думку С. Багдановіча, версія. Жыхар Магілёва Пётр Паддубскі ўпэўнены, што менавіта ён на пачатку вайны вывозіў на сваёй машыне музейныя каштоўнасці разам з крыжам святой Еўфрасінні на ўсход.

У разгар баёў за Магілёў вайсковаму шафёру Паддубскаму загадалі забраць з абкама партыі важны груз. Раніцою 13 ліпеня 1941 года Пётр пад’ехаў да патрэбнага будынку, і некалькі людзей у цывільным узяліся грузіць мяхі і пакункі. Найдаражэйшыя рэчы запакоўвалі ў акутую жалезам скрынку. Паддубскі памятае, як хтосьці з «грузчыкаў» усклікнуў: «Які крыж прыгожы!»

Наступнае раніцы невялікая аўтакалона спынілася на магілёўскай ускраіне, дзе ў кабіну да Паддубскага. сеў першы сакратар ЦК КПБ П. Панамарэнка. Далей машыны рухаліся па маршруце Магілёў – Горкі – Смаленск – Мажайск – Масква. Нямецкія самалёты не раз бамбілі іх, але катастрофы ўдалося пазбегнуць. Паводле словаў Паддубскага, у дарозе Панамарэнка часта паўтараў: «Каштоўнасці трэба давезці, што б ні здарылася». Праз два дні і дзве ночы машыны спыніліся на Ленінскіх гарах у Маскве каля ўпраўлення кадраў Чырвонай Арміі…


Аповед былога вайсковага шафёра ўскосна пацвярджаецца апублікаванымі ўспамінамі як самога П. Панамарэнкі, так і тагачаснага каменданта Магілёва I. Ваяводзіна.

Аднак дагэтуль ніводная з магілёўскіх рэліквіяў не знойдзеная. «Нельга выключыць, – піша С. Багдановіч, – што іх лёс можа быць звязаны з Эрмітажам альбо музейнымі сховішчамі Уфы і Самары, дзе знайшлі ў час вайны прытулак вывезеныя архівы абкама партыі. Словам, неабходнасць пошуку каштоўнасцей з магілёўскага збору на тэрыторыі Расіі відавочная».

Даючы інтэрв’ю газеце «Звязда» (19 чэрвеня 1997 г.), з думкаю магілёўскага калегі збольшага пагадзіўся і тагачасны кіраўнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі Генадзь Сенюкоў: «…можна меркаваць, што ўсе рэчы (з Магілёва. – У. А.) аселі дзе-небудзь у правінцыйным расійскім музеі ці архіве».

Пасля абвяшчэння незалежнасці ў Беларусі ўзнікла ідэя адраджэння вобраза крыжа святой Еўфрасінні – старажытнага сімвала святасці і дзяржаўнасці нашай зямлі. Прапанову аб сімвалічным вяртанні святыні падтрымаў у снежні 1992 года Першы сход беларусаў блізкага замежжа. Арганізатарам сходу было Згуртаванне беларусаў свету (ЗБС) «Бацькаўшчына» – грамадская арганізацыя, адным з накірункаў дзейнасці якой з’яўляецца вяртанне Беларусі яе нацыянальных скарбаў.

Менавіта «Бацькаўшчына» і ўзяла на сябе высакародны і няпросты абавязак выканаць волю беларускай грамады і стварыць крыж на вобраз і падабенства страчанай святыні найпадобнейшай Еўфрасінні. Гэты надзвычай складаны заказ Згуртаванне даручыла вядомаму беларускаму мастаку-ювеліру Міколу Кузьмічу. Распачатая праца была падтрыманая дзяржавай і атрымала багаславенне царквы.

«Бацькаўшчына» звярнулася да прадпрымальнікаў і грамадскасці з заклікам далучыцца да святой справы адраджэння вобраза Жыватворнага крыжа полацкай князёўны-ігуменні, а таксама Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, дзе захоўвалася рэліквія. Да ўвасаблення ідэі далучыліся беларусы з іншых краін. Сярод тых, хто зрабіў значны ўнёсак, – нашы суайчыннікі Анатоль Лук’янчык з ЗША і Мікола Сулкоўскі з Расіі. Найбольш сродкаў выдаткаваў на праект прадпрымальнік-беларус з сібірскага горада Сургута Анатоль Сілівончык.

Пяць гадоў доўжылася ахвярная праца. Майстар Мікола Кузьміч здзейсніў сапраўдны навуковы і творчы подзвіг, здолеўшы адрадзіць страчаную восем стагоддзяў таму старажытную тэхніку перагародкавай эмалі. У выніку намаганняў Беларускага экзархату крыж, створаны на ўзор узвіжальнага крыжа святой Еўфрасінні, мае ўсе тыя хрысціянскія рэліквіі, якія знаходзіліся ў яго старажытным правобразе. Таму можна сцвярджаць, што Беларусь атрымала не проста выдатны твор мастацтва, але і неацэнную сакральную каштоўнасць.

27 верасня 1997 года, на свята Узвіжання, вобраз крыжа святой Еўфрасінні быў урачыста вернуты ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, а 6 снежня хросны ход перанёс яго на спрадвечнае месца старажытнай святыні – у збудаваны на замову полацкай асветніцы Спасаўскі храм. (Пазней Мікола Кузьміч, якога гісторык Леанід Аляксееў назваў «сучасным Лазарам Богшам», створыць для крыжа стаўратэку (футарал), а ў 2007 годзе завершыць узнаўленне ракі для мошчаў найпадобнейшай Еўфрасінні.)

Напярэдадні вяртання вобраза святыні ў царкву Спаса Рада «Бацькаўшчыны» прыняла заяву, дзе гаварылася: «Верым, што адроджаны Крыж будзе ўмацоўваць нашу веру, уваскрашаць памяць, яднаць беларусаў незалежна ад іх канфесіі і палітычных поглядаў і дапаможа нам пабудаваць свабодны і заможны Беларускі Дом».

Згуртаванне беларусаў свету звярнулася да ўрада краіны з прапановаю надаць Дню памяці Еўфрасінні Полацкай (5 чэрвеня) статус агульнадзяржаўнага свята. Разам з тым удзельнікі адраджэння вобраза крыжа заўсёды падкрэслівалі неабходнасць працягваць пошукі аўтэнтычнай нацыянальнай святыні, каб урэшце вярнуць яе на Радзіму.

Згаданыя вышэй падзеі выклікалі хвалю цікавасці да гісторыі полацкага Крыжа з боку гісторыкаў, літаратараў і журналістаў Новыя даследаванні, архіўныя знаходкі, навуковыя гіпотэзы прывялі да з’яўлення ў 1998 годзе адразу двух прысвечаных нашай нацыянальнай святыні выданняў: на заказ Згуртавання беларусаў свету выйшла кніга «Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны», а экзархат Беларускай праваслаўнай царквы падрыхтаваў кнігу «Крест – красота Церкви». Іх можна разглядаць як сапраўдную энцыклапедыю, чытач якой знойдзе, бадай, усе вядомыя сёння звесткі пра крыж Еўфрасінні.


Ігумення Еўфрасіння ніколі не губляла сувязяў са знешнім светам. Падчас высылкі Рагвалодавічаў у Візантыю Усяславава ўнучка, укрыўшыся за манастырскімі сценамі, была своеасаблівым сцягам змагання палачанаў за незалежнасць.

У гістарычна-археалагічным запаведніку ў Ноўгарадзе можна ўбачыць пячатку Еўфрасінні, знойдзеную там на Рурыкавым гарадзішчы. Пячатка пацвярджае вялікую ролю князёўны-ігуменні ў палітычным жыцці княства. Праз веча яна ўплывала на запрашэнне ў Полацк князёў і на прызначэнне епіскапаў Са згоды Еўфрасінні ў 1132 годзе горад пазбавіў улады кіеўскага стаўленіка і абвясціў князем роднага брата ігуменні: «Полочане же рекше: «лишается нас» и выгнаша Святополка, а Василка посадиша Святославича».

Надзеленая ясным розумам і моцнай воляю, асветніца не магла стаяць убаку ад падзей 1151 года, калі полацкае веча адмовіла ў даверы Рагвалоду-Васілю. Апальнага князя выслалі ў Менск і трымалі ў няволі, а на яго месцы валадарыў запрошаны адтуль Расціслаў Глебавіч. Сеўшы ў сталічным Полацку, ён раздаў удзельныя княствы сынам ды братам і вёў палітыку, выгодную найперш Менску. Веча вырашыла, што князь здрадзіў полацкім інтарэсам. Праз сем гадоў верагодна, не без удзелу ігуменні палачане зноў захацелі бачыць на сваім пасадзе Рагвалода. Пра гэта пад 1158 годам падрабязна апавядае Кіеўскі летапіс: «Вялікі мяцеж быў тады ў горадзе сярод палачанаў бо шмат хто хацеў Рагвалода. Ледзьве ўгамаваў людзей Расціслаў адарыў шмат каго падарункамі, прыводзіў іх крыж цалаваць, а сам пайшоў з Усеваладам і з Валадаром, і з усімі братамі на Рагвалода пад Друцк. Рагвалод жа зачыніўся ў горадзе. I біліся моцна, і шмат з абодвух бакоў палегла. Дручане ж вельмі дакаралі братоў. I замірыліся Расціслаў з Рагвалодам, і цалавалі крыж адзін аднаму, і аддалі воласці Рагвалоду. I вярнуўся Расціслаў з братамі дамоў.

Таго ж лета ўчынілі змову палачане супроць князя свайго Расціслава Глебавіча і пераступілі праз крыжацалаванне, і паслалі пакрыёма да Рагвалода Барысавіча ў Друцк, кажучы яму: «Саграшылі мы перад Богам і перад табою, княжа наш, што пайшлі супроць цябе, і багацце ўсё тваё і твае дружыны парабавалі… Калі ж ты не прыпомніш нам усё тое… і крыж нам пацалуеш, то мы – людзі твае, а ты – наш князь. Расціслава ж схопім і аддамо табе ў рукі, і што захочаш, тое яму і ўчыніш». I Рагвалод прысягнуў палачанам на крыжы».

Замах на Расціслава прызначылі на дзень святога Пятра. Князя запрасілі на братчыну (пачостку) каля царквы старой Багародзіцы. Аднак папярэджаны некім Расціслаў надзеў пад святочны ўбор кальчугу і захапіў з сабою моцную ахову. Наступнага дня яго прыхільнікаў пазбівалі на вечы, а сам князь з дружынаю ўцёк і «многа зла створй волостй Полотьской, воюя й скоты, й челядь».

Усобіцы працягваліся з пераменным поспехам. Вялікія ахвяры прынесла ў 1162 годзе бітва полацкага Рагвалода з менскім Валадаром. Рагвалод марна спрабаваў пачаць сечу ўдзень. Менскае войска, болыпасць у якім складала літва, напала на палачанаў сярод ночы, што і вырашыла лёс перамогі. Шмат ваяроў палегла, яшчэ болей трапіла ў палон. Рагвалод ведаў што Полацк не даруе яму, і туды ўжо не вярнуўся.

На полацкі пасад сеў пляменнік Еўфрасінні Усяслаў Васількавіч. Ён мог толькі зайздросціць славе і магутнасці свайго аднайменніка Чарадзея. Менскі князь Валадар сабраў сілы і ў 1167 годзе разбіў Усяслава II. Веча прызнала пераможцу, але ўтрымацца ў сталіцы Полацкае зямлі ён не здолеў.

Паспрыяць Усяславу Васількавічу ўзяліся сваякі – віцебскі князь Давыд і смаленскі Раман. Спачатку на беразе Дзвіны сышліся дружыны Валадара і Давыда. Уначы ўсхадзіўся вецер, несупынна білі перуны. Літоўскія паганцы з Валадаравага войска ўгледзелі ў гэтым гнеў свайго вярхоўнага бога Пяркунаса і разбегліся па лясах. Тым разам вяртанне полацкага князя на пасад абышлося без крыві.

Еўфрасіння заўсёды прымала нягоды роднае зямлі блізка да сэрца. «Жыціе» кажа, што яна не хацела нікога бачыць ворагамі: «Ни князя со князем, ни бояри с боярином, ни служанина со служанином – но всех хотяше имети, яко едину душю».

Князёўна-ігумення дапамагла Усяславу II прыпыніць міжусобныя спрэчкі Рагвалодавічаў. У канцы яго валадарання шэсць полацкіх князёў разам хадзілі на Друцк і выгналі адтуль смаленскага стаўленіка.

Міратворчыя клопаты Еўфрасінні адлюстраваліся ў царкоўных спевах, створаных у яе гонар у XII стагоддзі: «Князем сродником друг на друга дерзающе подьяти мечь возбранила еси, яко оружие обоюдоостро словесем божим устрашающем…» Што нагадвае нам наказ асветніцы? Так, заклік аўтара «Слова пра паход Ігаравы»:

 
Яраславе і ўнукі вы ўсе Ўсяслава!
Апусціце ўжо сцягі свае,
Пахавайце мячы пашчарбаны, бо слава
Ужо дзедава вас не спаўе!
 

Таму і нарадзілася ў гісторыкаў думка, што невядомы геніяльны паэт і знакамітая палачанка– людзі аднаго кола і блізкіх перакананняў, магчыма, нават знаёмыя. Між іншым, яшчэ ў XIX стагоддзі няраз выказвалася меркаванне, што стваральнік «Слова» быў ураджэнцам ці жыхаром Полацкага княства. Нездарма ж так добра ведаў ён нашу гісторыю, падзеі якой шмат разоў згадваў у сваім неўміручым творы. Нездарма прысвяціў узнёслыя словы Усяславу Чарадзею.


На схіле жыцця Еўфрасіння вырашыла здзейсніць духоўны подзвіг паломніцтва ў Святую Зямлю. Брат Вячаслаў з іншымі сваякамі і ўсе палачане сабраліся ў Спасаўскім манастыры і прасілі ігуменню не пакідаць іх, але тая яшчэ раз паказала свой рашучы характар. «Не пакінуць вас хачу, а памаліцца за сябе і за вас», – сказала яна землякам на развітанне.

У той час у далёкія вандраванні – каб запабегчы бездарожжа – выпраўляліся зазвычай на пачатку зімы або раннім летам. Выехаўшы з Полацка неўзабаве па Калядах, увесну можна было дапясці межаў Візантыі.

Пасля свята Хрыстовага нараджэння вырушылі ў дарогу і полацкія паломнікі.

Еўфрасінню суправаджалі стрыечныя сястра Еўпраксія і брат Давыд. Спярша падарожнікі, напэўна, ехалі па рэках на санях, а потым – то сухазем’ем, то вадою, пераадольваючы за дзень 30–40 вёрст. Паўсюль ва ўсходнеславянскіх княствах славутую палачанку чакаў гасцінны прыём. На сваім шляху яна сустрэлася з імператарам Мануілам Камнінам, які ішоў вайною на вуграў (венграў). Кесар прыняў сваячку вельмі прыязна і «з вялікай пашанаю паслаў яе ў Царгорад». Там паломнікі наведалі сабор святой Сафіі, набылі залатое кадзіла, дарагія фіміямы і іншыя неабходныя ў Святых Мясцінах рэчы і, атрымаўшы ад патрыярха багаславенне, паехалі далей.

Сустрэча Еўфрасінні з імператарам Мануілам ставіць пад сумнеў агульнапрынятую дату паломніцтва і смерці святой (1173). Згаданы візантыйскі кесар апошні раз ваяваў з вуграмі ў 1167 годзе, прычым выйшаў у паход на Вялікдзень, 8 красавіка. Прыкладна тады яго дзяржавы дасягнулі і полацкія паломнікі. Еўфрасінніных пляменніц Вольгу і Кірыяну перад ад’ездам ігуменні пастрыгаў у манастыр уладыка Дыянісій, які стаў полацкім епіскапам пасля 1166 года. На аснове гэтых фактаў годам смерці святой Еўфрасінні можна лічыць 1167-ы. Менавіта гэтую дату падае том III «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі».

У канцы красавіка ігумення і яе спадарожнікі прыйшлі да ерусалімскіх муроў Еўфрасіння паслала слугу Міхаіла да патрыярха прасіць, каб ёй адчынілі браму, праз якую з боку Элеонскае гары калісьці ўвайшоў у горад у Вербную нядзелю Ісус Хрыстос. Цяжкасцей з дазволам не ўзнікла. Ерусалім належаў крыжакам, а валадарыў у ім кароль Амальрых I. Ён таксама мог даводзіцца полацкай князёўне сваяком – праз жонку французскага караля Генрыха I Ганну, якая была дачкою Яраслава Мудрага.

Еўфрасіння шчыра малілася і кадзіла з залатой кадзільніцы дарагімі фіміямамі каля труны Гасподняй. Пасяліўшыся ў манастыры святой Багародзіцы, асветніца прыходзіла да труны тры дні запар. На трэці дзень яна пакінула там кадзільніцу і іншыя залатыя дарункі і папрасіла Усявышняга, каб дазволіў ёй памерці ў святым горадзе, дзе адбылося збаўленне чалавечага роду.

У хуткім часе Еўфрасіння захварэла. Яна ўжо не змагла сама схадзіць на раку Ярдан, дзе хрысціўся Сын Божы, і паслала туды брата з сястрою і слуг. Тыя прынеслі гаспадыні ярданскае вады, і паломніца, падняўшыся з ложа, напілася і акрапіла сябе ёю, а потым зноў легла, просячы Госпада хутчэй узяць яе душу.

«Жыціе» апавядае, што Еўфрасінні быў пасланы анёл, які паведаміў што малітвы пачутыя і на небе ўжо чакаюць сустрэчы з ёю. На дваццаць чацвёрты дзень хваробы яна пачула блізкі скон, паклікала святара і, паспавядаўшыся і прыняўшы прычасце, аддала сваю душу Усявышняму.

Зямное жыццё асветніцы завяршылася.

«Давыд же и Евпраксия и с прочими спряташа тело ея честно». Пахаваўшы Еўфрасінню ў Феадосіевым манастыры святой Багародзіцы ў Ерусаліме, паломнікі павезлі журботную вестку ў Полацк.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации