Электронная библиотека » Уладзімір Арлоў » » онлайн чтение - страница 2


  • Текст добавлен: 16 ноября 2018, 18:40


Автор книги: Уладзімір Арлоў


Жанр: История, Наука и Образование


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 31 страниц) [доступный отрывок для чтения: 10 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Захавалася апісанне капішча ў гонар Перуна на памежных з Полацкам ноўгарадскіх землях. Па ім можна меркаваць і пра святыню на берагах Валовага возера: «Божышча гэтае мела выгляд чалавека з крэменем у руцэ, падобным да грамавой стралы. Каля яго і ўдзень, і ўначы, і ў залеву гарэла вогнішча з дубовых дроў Таго, хто не ўпільнуе святога агню-зніча і дазволіць яму патухнуць, чакала смерць».

Часам капішча нагадвала сапраўдную фартэцыю: недзе на ўзгорку ці на высокім беразе стаяў абведзены ровам вастракол, за якім – паўкола глыбока ўкапаных драўляных ідалаў-стодаў Калі даць волю ўяўленню, мы ўбачым іх суровыя цёмныя твары з водбліскамі святога вогнішча, падрыхтаваных да ахвяры быкоў з налітымі крывёю вачыма, звязаных палоннікаў і згуртаваны страхам і вераю натоўп, што прыцішана паўтарае словы малітвы.

Бажніцы далёкіх продкаў згадваюцца ў старажытных замовах і заклёнах: «А ў цёмным лесе стаіць гара высокая, там растуць дубы вячыстыя, там бяжыць вада цудоўная. А я ж тую ваду брала, балючае цела абмывала, піць давала…» На Полаччыне, як і ў іншых мясцінах Беларусі, і цяпер пачуеш такое прыслоўе: «У сасновым лесе – маліцца, у бярозавым – любіцца, у дубовым – волю каваць, у яловым – душу чорту прадаваць». Магчыма, тут намёк на тое, дзе якому богу маліліся паганцы.

Вядома, што дуб лічыўся дрэвам Перуна. Капішча багіні кахання Лады можна ўявіць якраз у сонечным бярозавым гаі. Ну а на сустрэчу з цёмнымі сіламі продкі сапраўды маглі прабірацца таемнымі сцежкамі паміж старых змрочных ялін з бародамі моху і лішаёў Сляды адразу некалькіх адкрытых небу паганскіх святыняў вы знойдзеце сёння пад Полацкам на маляўнічым Павульскім возеры.

Святымі ў продкаў лічыліся не толькі асобныя, найчасцей пракаветныя дрэвы, але і вялізныя камяні, многія з якіх мелі ўласныя імёны. Адзін з іх, Перуноў камень, ляжыць у густым лясным зарасніку паблізу вёскі Папялы цяперашняга Глыбоцкага раёна. Сёння вам пакажуць гэты валун толькі старыя людзі, ад якіх вы даведаецеся, што неглыбокі метровы раўчук, які праразае паверхню каменя, – справа чалавечых рук. Акурат на працягу гэтай лініі, за дзвесце крокаў ад валуна, калісьці рос вячысты дуб на некалькі абхватаў.

Лічылася, што камяні жывыя, што яны могуць расці, перасоўвацца на вялікія адлегласці, дапамагаць або шкодзіць людзям. Каб магічная сіла святых валуноў служыла чалавеку, продкі прыносілі ім разнастайныя ахвяры – ад пацеркаў, калі дзяўчаты прасілі сабе жаніха, да парася ці нават цяля, калі трэба была дапамога цяжкахвораму. На Полаччыне захаваліся паданні аб камянях-краўцах, на якія дастаткова было пакласці звечара кавалак палатна і сказаць, што трэба пашыць, каб на досвітку забраць дыхтоўна пашытую рэч.

Культ камянёў быў агульны для славян і ранейшага балцкага насельніцтва. Найбольш яскрава гэта выяўляецца ў паданнях пра гэтак званыя Чортавы камяні. Навукоўцы вылучаюць сем асноўных сюжэтаў гэтых паданняў прычым яны вядомыя толькі ў беларусаў, літоўцаў і латышоў Іначай кажучы, наш чорт – родны брат латышскага і літоўскага.

Кожны, мабыць, чуў паданні пра цэрквы, якія праваліліся пад зямлю. Гаворка, магчыма, ідзе яшчэ пра паганскія святыні, спаленыя ці зруйнаваныя на загад хрысціянскіх валадароў. Цэрквы часта будавалі на месцы ранейшых бажніц – каб больш надзейна сцерці памяць пра іх. Вельмі верагодна, што і наш Сафійскі сабор вырас на рэштках паганскага капішча: надта ж прыдатная мясціна. Калі будзеце каля Сафійкі, паспрабуйце ўбачыць, як выглядала тут усё за тысячу гадоў да нас. Мо так, як пяецца ў адной валачобнай песні?

 
А на той гары ды ляжаць брусся,
Ды ляжаць брусся цясовыя.
А на тым бруссі ды стаяць слупы,
Ды стаяць слупы маляваныя.
А на тых слупах ды вісяць катлы,
Ды вісяць катлы адліваныя.
А пад тымі катламі ды гараць агні,
Ды гараць агні ясненькія.
Ды гараць агні ясненькія,
Ды ідуць дымкі сіненькія.
Там сядзяць дзядкі сівенькія…
 

Цяпер самая пара сказаць пра гэтых сівенькіх дзядкоў, бо яны не проста дзядкі, а вешчуны, што непасрэдна гаварылі з багамі і прыносілі ім ахвяры. Летапісы называюць іх «волхвами» і «кудесниками».

Яны ведалі малітвы і любасныя багам песні. Ведалі заклёны ад засухі, ад чорнае немачы і ад сурокаў Умелі завіваць бараду Жыценю, перакідацца ў ваўкоў і нават рабіць зацьменні сонца і месяца. Сярод іх былі хмараганяльнікі і кобнікі, што прадказвалі падзеі і чалавечы лёс па палёце птушак. Былі варажбіты, якія чыталі будучыню па самых розных прыкметах: па «вухазвоне» або «куракліку», «варонаграі» ці мышыным піску. Кашчуннікі і баясловы складалі і выконвалі сказанні-кашчуны – пра падземнага караля, перамогу над цмокам, пра залатое гаспадарства цара-Сонца… Зялейнікі ведалі лекавыя травы – зёлкі. Чараўнікі займаліся магічнымі дзеяннямі з вадою і зёльнымі адварамі, дзеля чаго карысталіся адмысловаю пасудзінай – чараю, ад якой і атрымалі сваё найменне.

Вешчунамі за іх складанае і загадкавае майстэрства лічылі кавалёў, блізка знаёмых з Жыжалем і з самім Сварогам. Сапраўдным дзівам выглядала тое, як бясформенны кавалак жалеза ў руках у каваля ператвараўся ў сякеру, меч ці ў наканечнік дзіды. Пра гэтых майстроў казалі, што яны могуць закуць у кайданы нячыстую сілу, выкаваць чалавеку лёс. Менавіта каваль адужаў у паданнях Змея Гарыныча і прыкуў яго за язык.

У вялікай пашаноце жылі «хранильники». Яны рабілі і дапамагалі выбраць абярогі, што прыносілі здароўе, багацце і шчасце, бераглі чалавека ад невідочных злых духаў якія заўсёды чакалі зручнага моманту, каб высмактаць кроў або ўчыніць іншае ліха. Абярогамі былі зубы дзікіх звяроў пярсцёнкі, бурштынавыя пацеркі, бранзалеты, падвескі ў выглядзе качачак, сонца і месяца. Жыццё і ўрадлівасць сімвалізавалі падвескі-конікі, якія археолагі часта знаходзяць па ўсёй Беларусі. Рабілі абярогі і на ўзор побытавых рэчаў: грабянцоў лыжак, ключоў што «замыкалі» чалавека, не даючы падступіцца да яго злыдням.

Ад начніц, ваўкалакаў ды ўсіх нячысцікаў чалавечае жытло баранілі магічныя знакі, найперш розныя выявы сонца. Яно свяціла з дзіцячых зыбак, з прасніц, з карцоў, якімі чэрпалі ваду і хмельны мёд. Сонца мела шмат сімвалаў: кола, крыж, кола з кропкаю ці з крыжам. Знак бога Ярылы – шасціканцовы крыж з роўнымі папярэчынамі – сімвалізаваў вечнае жыццё: на зямлі і ў замагільным свеце. Берагла людзей і вышыўка на адзенні, дзе не было нічога выпадковага, усё – ад простага крыжыка да складанага ўзору – мела свой патайны сэнс. Абавязкова вышывалі каўняры, рукавы і падолы, бо якраз праз іх мерыліся падлезці да чалавечага цела нябачныя злыдні-крывасмокі.

Вяшчун звычайна жыў воддаль паселішча, у лясных нетрах, і, каб трапіць да яго, чалавек мусіў нацярпецца страху.

Вось выправілася ўвечары да чараўніка дзяўчына – прываражыць любага. 3 першых крокаў абступіла яе на лесавой сцяжыне тое, аб чым удзень і не думалася. Што там мільганула наперадзе светлым ценем? Ці не Мара выйшла з дзённых сховаў закоўваць сонных людзей страхам? А на гэтым пні трэба пакласці пачостку лесуну, бо іначай закруціць у лесе, зарагоча знянацку жудасным смехам, ад якога замярзае кроў у жылах. I тут, на кладцы праз рачулку, не спі. Плыве паміж дрэў халодны туманец – значыцца, вадзянік недзе паблізу: расклаў на дне сваё сцюдзёнае вогнішча і адганяе зялёнай барадою дым. Раптам абломіць кладку, ашчаперыць учэпістымі рукамі, зірне смяротным паглядам у вочы і пацягне ў вір?

Лес глухі, ногі патанаюць у моху, ірвецца з грудзей сэрца, а рука мацней сціскае касцяны конік-абярог. Ой, цяжка дапасці да вешчуна! Усе дрэвы, камяні ды сцежкі вакол яго хаціны загавораныя. Не ўнаравіш яму нечым – возьме з твайго следу зямлі, пакладзе ў торбачку ды высушыць, а разам з той зямлёю і ты высахнеш на трэску.

У вешчуновым прыстанку яшчэ страшней, чым у лесе. Гаспадара не відаць, адно на стале п’е з чарапка малако вялізны вуж. Ці не сам гэта гаспадар і ёсць? Нап’ецца ды перакінецца ў замшэлага дзядка з вострымі вачыма. А вунь на печы дзве пары нейчых вачэй свецяцца. I назад дарога начная чакае: зашуміць апоўначы знячэўку лес, вада ў возеры зробіцца без усякага ветру неспакойная, заплешчаў берагі…

3 сярэдзіны 1990-х гадоў гісторыкі з Полацкага дзяржаўнага універсітэта і цэнтра этнакасмалогіі «Крыўя» праводзяць у Прыдзвінні экспедыцыі, якія засведчылі: на Асвейшчыне, Расоншчыне і нават у блізкіх ваколіцах Полацка яшчэ жывуць людзі, што валодаюць таямнічай энергіяй і незвычайнымі здольнасцямі. Яны з поспехам лечаць хворых аднавяскоўцаў і жывёлу, значна лепей за дыпламаваных спецыялістаў ведаюць зёлкі і лекавыя ўласцівасці вады, дрэў каменю. Але сучасныя чараўнікі – нашчадкі старажытных вешчуноў – не вечныя. I можна толькі пагадзіцца з удзельнікам згаданых этнаграфічных экспедыцый маладым полацкім гісторыкам Уладзімірам Лобачам, які ў адным са сваіх артыкулаў піша, што будзе сапраўдным дзікунствам, калі мы абвесцім усё гэта цемрашальствам і не паспрабуем спасцігнуць сілу чароўнай крывіцкай крыніцы, што доўгі час жывіла наш народ.


Шмат неверагодна цікавага і, між іншым, карыснага могуць сказаць нам пра веру продкаў, іх глыбокую сувязь з прыродаю старыя звычаі і прыкметы.

Сабраўся, напрыклад, гаспадар ставіць хату. Дрэва на будоўлю ён пойдзе секчы, як месяц будзе ў ветаху. Толькі тады яно трывалае, ссечанае ж на маладзік хутка збуцвее, а нарыхтаванае на зменах месяцавых квадраў – паесць шашаль. Ні ў якім разе нельга браць дрэва, вывернутае бураю, бо яго паваліў нячысцік, каб разам з ім усяліцца ў новую хату. Трапіць у зруб бервяно з рыпучага дрэва – гаспадары будуць часта хварэць. Найлепей, лічылі продкі, нарыхтоўваць лес перад Вялікаднем, калі бяжыць вясновы сок і Дажбог з Ярьшам робяць драўніну наймацнейшаю.

Выбраўшы месца пад хату, гаспадар збіраў з чатырох палёў чатыры камяні, нёс іх у запазусе ля голага цела і клаў чатырохкутнікам, пазначаючы вуглы. Потым станавіўся пасярод і прасіў парады ў Рода. Засталіся камяні праз тры дні некранутыя – значыцца, выбар удалы.

Кладучы першы вянец зруба, уважліва сачылі, куды паляціць першая трэска: трапіць у сярэдзіну – будзе ў хаце жыццё заможнае. Паміж бёрнаў клалі сабраныя на Купалле зёлкі, а часам і жменю змеленай на новых жорнах мукі – каб злодзей, залезшы ў хату, не мог уцячы, пакуль не вернуцца гаспадары. Існавала і такая прыкмета: колькі разбурыў чалавек у маленстве птушыных гнёздаў столькі разоў мусіць ён на сваім вяку і хату мяняць.

Улазіны прымяркоўвалі да поўні. Напярэдадні яшчэ раз правяралі, ці не ўплішчыўся куды нячысцік. Найлепшым рэвізорам быў певень, спеў якога значыў што злыдняў у хаце няма.

I яшчэ, у адрозненне ад нас, продкі ніколі не будавалі жытла на чалавечых касцях. Адзін мой мінскі знаёмы расказваў як пакутаваў, пераехаўшы ў новую кватэру: не мог заснуць, усхопліваўся сярод ночы, бачыў у снах розныя жахі. Высветлілася, што дом паставілі на былых могілках.

Згаданы толькі што певень ва ўяўленні продкаў сімвалізаваў таксама мужчынскую сексуальную сілу. Дарэчы, зазначу, што ў параўнанні з іншымі славянскімі і неславянскімі народамі – нашымі блізкімі і далёкімі суседзямі – беларусы вельмі эратычныя. Шматлікія пацверджанні гэтаму можна знайсці ў расійскага гісторыка і фалькларыста, славутага збіральніка ўсходнеславянскіх казак Аляксандра Афанасьева, які адкрыў чытачам, што беларускі фальклор літаральна прасякнуты эратычнасцю. Прычыну, відаць, трэба шукаць у тым, што язычніцкае светаўспрыманне ў Беларусі, і асабліва на абшары Полацкай зямлі, цягам стагоддзяў паспяхова і мірна суіснавала з хрысціянствам. (Мы, між іншым, жывём ці не ў адзінай еўрапейскай краіне, дзе дахрысціянскія святы – Радаўніца і Дзяды – узаконеныя дзяржаўным календаром.)

Ну і паколькі зайшла гаворка на тэму, што да нядаўняга часу лічылася «непрыстойнай» (памятаеце сакраментальнае: «У нас сексу няма!»?), скажу колькі слоў пра старажытны культ фаласа, на які ў свой час «перахварэлі» ці не ўсе народы планеты, і нашы продкі не былі тут выключэннем.

На поўначы заселенага некалі палачанамі абшару, там, дзе цяперашні Гарадоцкі раён мяжуе з Расіяй, ляжыць прыгожае лясное возера Сеніца. Не кожны з жыхароў недалёкай вёскі Дорахі адважыцца сказаць незнаёмаму падарожніку, як завецца прыазёрны лес. Рэч у тым, што назва гэтая цалкам нецэнзурная. У лесе з цікавым найменнем і ў возеры людзі здавён знаходзяць мноства зробленых з цёмна-шэрага пескавіка фаласаў (яны і далі наваколлю адмысловую назву), найбольшы з якіх дасягаў 80 сантыметраў Гэта не што іншае, як сімвалы плоднасці і ўрадлівасці, звязаныя з культам Ярылы. Пра «цэлы шэраг беларускіх камянёў фалічнай формы» пісаў у першым выданні сваёй вядомай «Гісторыі рускай царквы» адзін са старэйшых беларускіх акадэмікаў Мікалай Нікольскі. (У пазнейшых выданнях пашчыравалі цнатлівыя цэнзары.)

Этнаграфічны і археалагічны матэрыял не дазваляе з пэўнасцю меркаваць, якіх рытуалаў вымагалі каменныя фаласы. Аднак згадаю, што валун Дзед, які стаў у Мінску на беразе Свіслачы, таксама выконваў фалічныя абавязкі. Нават на пачатку XX стагоддзя ён заставаўся месцам паломніцтва бясплодных жанчын, што сядалі на яго «голым месцам» і, закрыўшыся спадніцаю, прасілі падараваць дзіця. Варта, відаць, дадаць, што і добра знаёмая кожнаму нескладаная камбінацыя з трох пальцаў якую беларусы каларытна называюць дуляй, таксама з’яўляецца водгуллем даўнейшых фалічных рытуалаў Яе і сёння лічаць эфектыўным сродкам супроць благога вока і злых духаў.

Мноства элементаў дахрысціянскай ахоўнай магіі сканцэнтравана ў беларускім вясельным абрадзе. Седзячы за сталом на вытрыманым у спрадвечных традыцыях вяселлі, госці часам і не здагадваюцца, што сталі дзейнымі асобамі магічных рытуалаў народжаных у пракаветныя часіны. Хтосьці з дасведчаных людзей перад застоліцай абавязкова пакропіць святой вадой або абкурыць макам усе куты хаты. Адпрэчваючы злых духаў макам або льняным семем могуць абсыпаць хату і знадворку. Добра засцерагае ад нячысцікаў абведзенае касою кола і пастаўленыя навідавоку зубамі ўгору барана, вілы або граблі. Да вострых рэчаў-абярогаў якія павінны «злавіць» злыя сілы, належыць і грэбень, што дораць маладой. Хтосьці з кабетаў перад вяселлем сачыў каб шчыліны ў хаце і надворных будынінах былі пазатыканыя чартапалохам ці колкімі галінкамі агрэсту, і клаў маладому і маладой у кішэню па галоўцы часнаку. Ад сурокаў маладым уторквалі ў адзенне колькі іголак і шпілек. Надзейным сродкам лічацца таксама нож або нажніцы, убітыя ў стол, за. якім сядзіць вясельная пара. (У Прыдзвінні дагэтуль вераць, што калі кінуць нож у віхор, то можна забіць чорта, які яго круціць.)

На працягу ўсяго вяселля сурова забараняецца згадваць не толькі нячысцікаў але і смерць, назвы хвароб. Каб не нашкодзіць вясельнікам і не наклікаць бяду на будучае жыццё маладой сям’і, нельга гаварыць пра нябожчыкаў і наогул пра любыя няшчасці. Затое надзвычай карысны ўсеагульны смех застоліцы – ці не самы дзейсны сродак ад цёмных сілаў.

На жаль, няшмат хто захоўвае старажытную беларускую этыку паводзінаў у час хаўтураў Мая бабуля па маці (або, як казалі даўней, па кудзелі) Аўгіння вучыла нас, унукаў што, калі ўдзельнікі пахавання кіруюцца з могілкаў дадому, першымі абавязкова павінны ісці старыя. Дзяцей нельга было садзіць за жалобны стол. I наогул, паводзіны на памінках маглі шмат у чым вызначыць лёс родных і сяброў нябожчыка.


Як і іншыя народы свету, нашы прапрапрадзеды верылі ў ачышчальную моц агню і вады. Чароўную сілу мелі купальскае вогнішча i раса, купанне на світанку пасля купальскае ночы, калі сонца «грала» – разыходзілася на тры і зноў сыходзілася ў адно. Верылі і ў магію лічбаў 7 азначала чвэртку месяца, колькасць дзён у тыдні-«сядміцы». 4 – чатыры часткі сутак, чатыры пары года, чатыры бакі свету, што мелі сваю колеравую сімволіку. Сіняя або зялёная барва асацыявалася з захадам, белая – з усходам, чырвоная і чорная – з поўднем і поўначчу. 4 – гэта таксама чатыры пары жыцця: маладосць, сталасць, старасць і смерць, якім адпавядалі чырвоны, залаты, белы і чорны колеры. Штодзённай чорнай вопраткі продкі не насілі, бо гэты колер здавён успрымаўся як сімвал вядзьмарства, зла, тугі і смутку. Белы азначаў прыгажосць і духоўную чысціню; апрача таго, ён атаясамляўся з матчыным малаком і сімвалізаваў зямлю-карміцельку. Чырвоны здавён быў сімвалам агню і вечнага жыцця. Аб шанаванні гэтых колераў сведчыць наша народнае адзенне і сімволіка.

Магічны сэнс мелі таксама лічбы 9 і 12 – столькі месяцаў адпаведна жылі ў мацярынскім чэраве чалавечае дзіця і жарабя. Лічбу 7 звязвалі яшчэ з колькасцю зорак у Вялікім Возе (Вялікай Мядзведзіцы).


Прашчуры часта ўглядаліся ў бяздоннае начное неба. Зоркі былі знакамі людскіх душ. Прыйшло на свет дзіця, і запаліў Род ці багіня Жыва новую зорку, што будзе гарэць, пакуль не скончыцца нітка жыцця. Адляціць ад цела душа, і скоціцца з неба срэбная слязіна – знічка.

У гэтым беларускім слове схаванае імя паганскага бога пахавальнага агню Зніча. Ён прымаў нябожчыкава цела, а таксама неабходныя ў замагільным жыцці рэчы і ператвараў іх у попел. Сабраны з вогнйпча прах палачане клалі ў гліняныя гаршкі і хавалі ў доўгіх, падобных да абарончых валоў курганах. У адной такой магіле спачывалі парэшткі пятнаццаці-дваццаці крывічоў Пасля хаўтур заўсёды спраўляліся памінкі – «трызна» або «страва». Продкі разумелі, што найлепей ушанаваць памяць мёртвых можна паўнатою ўласнага жыцця.

Да нябожчыка прыляталі Жля і Карна, багіні тугі і пахавальнага плачу. Сама душа трымалася паблізу: глядзела, ці вельмі смуткуюць, слухала, што кажуць на памінках. Калі мала слёз ды гора, – яна раззлуецца і пачне помсціць, таму галасілі сваякі на ўсю шчырасць. Праводзілі чалавека ў іншы свет урачыста і жалобна, але да смутку развітання дамешвалася і радасць: нябожчык сустрэнецца з продкамі, наперадзе ў яго вечнае жыццё.

Крывічы верылі ў рай, што называўся выраем. Гэта казачна прыгожы, напоўнены птушынымі спевамі зялёны сад з павольна плыннаю ракой. У адрозненне ад хрысціянскага раю, які трэба заслужыць дабрачынным жыццём, паганскі чакаў кожнага. Пекла не існавала, продкі называлі сябе не рабамі ці слугамі божымі, а божымі родзічамі, Дажбогавымі ўнукамі. Аддёт душы (яе ўяўлялі маленькім двайніком чалавека) у вырай быў такі самы непазбежны, як сама смерць.

Можа, таму людзі ставіліся да скону без вялікага страху. Гэта адлюстравалася ў паэтычным параўнанні смерці з нявестаю. Як пяецца ў старадаўняй народнай песні, крывавая бітва – вясельная бяседа, а непрабудны сон у магіле – салодкая ноч на шлюбным ложы. Паміраючы ад ран, малады ваяр просіць перадаць родным, што пабраўся з другою жонкаю, а сасватаў іх востры меч ды калёная страла.

Разам з тым паміраць ніхто не спяшаўся, і кашчавую стараліся абыходзіць як найдалей. Яна ж нястомна пасылала да людзей сваіх спадарожніц і памочніц – ліхаманак. Дванаццаць страхотных, худых і вечна галодных крылатых сясцёр-ліхаманак жылі ў прыцемных сырых сутарэннях. Халадэча, асабліва зімовая, выганяла іх на зямлю, і яны шукалі прытулку ды спажывы ў цёплых чалавечых хацінах. Гора таму, хто не меў надзейнага абярога, не пакрапіў прынесенай ад вешчуна вадою дзвярныя вершнікі. Непрадбачлівы чалавек трапляў у кіпцюры да бязлітасных ліхадзеек, кожная з якіх мела сваё імя і мучьша хворага на свой капыл: Трасея трэсла, Агнея паліла жарам, Лядзея змушала калаціцца ад холаду, Гняцея гняла і адбірала смак да едзіва, Грудзея ўскоквала на грудзі, прымушаючы чалавека хрыпець і керхаць, Ілухея закладвала вушы, Ламея ламала косці і круціла сярэдзіну, Ілядзея не давала заснуць, прыводзіла з сабою нячысцікаў што пазбаўлялі чалавека розуму… Самая страшная – найстарэйшая сястра Навея. Калі яна завалодае хворым, усялякая надзея на паратунак знікне, і чалавек хутка ператворыцца ў нябожчыка – наўца.

Канчаткова забірала жыццё агідная багіня смерці Яга, з дзяцінства да дрыжыкаў знаёмая нам з чарадзейных казак. Той, хто хоць здалёк убачыць Ягу, страціць мову; той, да каго яна дакранецца, непазбежна памрэ. Кашчавая, як і Пярун, вымагала крывавых прынашэнняў. Аўтар выдадзенай у 1855 годзе ў Санкт-Пецярбургу кнігі «Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии» Міхаіл Без-Карніловіч сцвярджае, што побач са святыняю ў гонар Перуна на Валовай азярыне ў Полацку стаяла і капйпча Ягі. Гэтыя звесткі пацвярджае наш знакаміты гісторык, этнограф і археолаг XIX стагоддзя Адам Кіркор.

У хаўрусе з Ягою зазвычай дзейнічалі аднавокае Ліха, Кадук, Карачун, а яшчэ той самы казачны Кашчэй, вядомы ўсходнім славянам, мяркуючы па былінах і археалагічных знаходках з яго выяваю, не пазней чым з IX стагоддзя. Тысячу гадоў таму ў хатах над Палатою бабулі баялі ўнукам пра гэтую каларытную асобу амаль такія ж казкі, якія чулі ў дзяцінстве мы з вамі. Можна ўявіць, як бабуля садзіла малога на калені, брала касцяны грабянец-абярог і, чэшачы ўнучку заблытаныя кудзеры, перад казкаю загадвала загадку: «Цар Канстанцін гоніць коні цераз тын».

У тагачаснага Кашчэя было не толькі прозвішча – Бессмяротны, але і забытае цяпер імя па бацьку – Трыпятовіч. Сюжэт жа і герояў мы добра ведаем. Смелы ды зухаваты хлопец вызваляе з палону ў Кашчэя царэўну, аднак, каб перамагчы паганага, трэба знайсці яго смерць. Кашчэй адно прыкідваецца неўміручым: на дне мора ці на выспе сярод хваляў ляжыць скрыня, у скрыні – заяц, у зайцы – качка, у качцы – яйка, а ў яйку – нарэшце Кашчэева смерць. Шукаючы яе, юнак абавязкова патрапіць на гасціны да Бабы Ягі. Жыве тая ў вясёлай лясной мясціне, закіданай людскімі косткамі. Ягіна хаціна, абторканая дванаццаццю (відаць, па колькасці бабіных памагатых – ліхаманак) вастраколінамі, і на кожнай – па чэрапе, толькі адна пустая: чакае галаву самога героя. Апісанне сведчыць, што крыважэрная багіня смерці любіла ахвяры са сцятымі галовамі.


У 80-я гады IX стагоддзя кіеўскі князь Уладзімір Краснае Сонейка вырашыў упарадкаваць заблытаную нябесную іерархію і зрабіць веру падданых дзяржаўнай рэлігіяй. Яго воляю на дняпроўскай строме паблізу княжага хорама падняліся шэсць драўляных багоўкуміраў: Пярун, Хорс, Дажбог, Стрыбог, Мокаш і Сімаргл. Пра пяць першых мы ўжо казалі. Сімаргал вартаваў скарбы і ахоўваў святое дрэва жыцця, ад якога паходзяць усе расліны.

Полацк трапіў тады на нейкі час у залежнасць ад Кіева. Верныядзедаўскімтрадыцьшм, палачане, пэўнаж, не пагадзіліся з рэформаю, ды знешне мусілі падпарадкавацца.

Вярхоўным божышчам замест Рода князь абраў Перуна. У адпаведнасці з рангам ён меў на кіеўскім капішчы срэбную галаву з залатымі вусамі. Бог-грамавержац спрыяў княжай дружыне, яго імем ваяры прысягалі Уладзіміру. Воіна, які паміраў на полі бітвы ад ранаў, нябесны ўладар клікаў да сябе: «Хадзі, сыне, хадзі да палка майго Перуновага, да палка вечнага. Прытаміўся ты, і ноша на тваіх плячах цяжкая. Хадзі да палка майго, і ўбачыш там дзядоў і прадзедаў і яны ў радасці і вяселлі цябе ўбачаць. Плакалі яны дагэтуль па табе, а цяпер узрадуюцца, бо жыць ты будзеш вечна…» Ніхто тады не мог і падумаць, што зусім хутка з волі таго самага князя кіеўскіх куміраў назавуць акаяннымі, пасякуць і спаляць, а грознага Перуна скінуць у Дняпро, папярэдне намяўшы яму бакі доўбнямі.

На змену адным багам прыходзілі іншыя, аднак спрадвеку і ва ўсе часы палачане глыбока шанавалі продкаў Людзей, што перасяліліся ў вырай, незалежна ад веку, калі тое адбылося – у старасці або ў маленстве, – называлі дзядамі. Сустрэчы з імі ладзіліся колькі разоў на год.

Увесну хадзілі на магілы з ежаю і пітвом, каб падзяліцца з дзядамі радасцю сонечнае цеплыні і зямнога абуджэння. Замагільных гасцей звалі па імёнах, запрашаючы папіць-паесці разам з жывымі. Увосень дзядоў чакалі на гасціны дома: адчынялі вокны і дзверы і сядалі за стол з багатай пачосткаю. «Святыя дзяды, ляціце сюды!» – клікаў гаспадар, і ўсе чуйна прыслухоўваліся, каб не прапусціць прыходу невідочных гасцей. Пра іх з’яўленне паведамлялі павеў ветрыку, ціхае рыпенне дзвярэй, восеньская жамярыца, заляцелая ў вакно срэбная павуцінка.

Продкі верылі, што дзядоў можна ўбачыць, але дзеля гэтага трэба цэлы дзень не есці. Найсмялейшую ў доме дзяўчыну ці жанчыну з завязанымі вачыма саджалі на ўкапаны каля печы слуп. Адтуль яна намагалася «ўгледзець» гасцей і пазнаць іх у сваім уяўленні. Рызыкантка часта палохалася і ў непрытомнасці падала долу. Існаваў і іншы спосаб. Той, хто хацеў пабачыць душы продкаў мог выйсці ў сенцы і зірнуць у хату праз вакенца, прарэзанае над дзвярыма. Ахвочых знаходзілася няшмат, бо лічылася, што такога смельчака дзяды ў той самы год забяруць да сябе.

На стале дзядам ставілі адмысловыя міскі, сподачкі і кубкі. Гаспадары верылі, што невідочныя госці жывяцца параю, што падымаецца ад гарачых страў Калі тым часам да дому падыходзіў жабрак, дзедаўская пачостка даставалася яму, калі не – яе аддавалі «чыстым» свойскім жывёлінам – каню, карове, сабаку, кату або птушкам. Болей за ласункі дзяды любілі паважную гаворку з успамінамі пра іх. Калі застоліца сканчвалася, старэйшы ў хаце зноў загаворваў да самых дарагіх гасцей:

 
Есці – пад’елі,
Піць – напіліся,
Гонар і слава вам!
Цяпер скажыце нам,
Чаго вам трэба?
А лепей – ляціце ў неба!
 

Потым, у вечаровым сутонні, на магілах запальваліся агеньчыкі. Гэтак ушаноўвалі Зніча і нагадвалі пра неўміручасць душы. Дні сустрэч з продкамі так і зваліся – Дзяды. Беларусы спраўляюць мудрае паганскае свята і сёння.

Нашы далёкія родзічы ведалі тое, што цяпер паспяхова даказвае навука. Духоўная энергія папярэдніх пакаленняў не знікае – яна жывіць род і ўвесь народ, дазваляе яму выстаяць у найцяжэйшыя часіны. Таму мы і чуем гаючае ўзрушэнне каля старадаўніх сабораў і на палях славутых ратных перамогаў. Але дабратворны ўплыў гэтай энергіі адчувае не кожны, а толькі той, хто захаваў з продкамі «канал сувязі» – памяць пра іх.

Нядаўна ў Полацку з’явіўся новы арыгінальны помнік. У ім нарэшце ўвасобіўся даўні намер скульптара Алеся Шатэрніка стварыць вобразы заснавальнікаў горада – крывічоў.

Як быццам з чоўна самога Часу глядзяць на нас жанчына з хлопчыкам і суровыя ваяры – іхнія абаронцы. Чалавеку, знаёмаму з полацкай мінуўшчынай, каля гэтай скулыітурнай кампазіцыі адразу ўспамінаюцца імёны князя Рагвалода, княгіні Рагнеды і яе сына Ізяслава, якія стануць героямі наступнага раздзела кнігі.

Памяць пра іх, першых вядомых асобаў нашай пісанай тысячагадовай гісторыі, не сцерлася, не сплыла па Дзвіне ў невараць, і гэта робіць нас сёння мацнейшымі.


Дасягнуўшы паўналецця, юнакі-крывічане здавалі своеасаблівыя іспыты на мужчынскую сталасць. Ім трэба было пераплысці хуткую ды глыбокую раку, зрабіць доўгі пешы пераход праз пушчу, упаляваць тура, мядзведзя або зубра, распаліць у залеву вогнішча, а яшчэ – абавязкова расказаць супляменнікам пра сваіх продкаў да пятага калена. Хто не ведаў іх – не меў права звацца мужчынам. Такому чалавеку не давяралі, яго маглі наогул асудзіць на выгнанне, бо лічылася, што бяспамятны лёгка зробіцца здраднікам.

Ці шмат хто з нас, сённяшніх палачан, нашчадкаў крывічоў распавядзе пра свой род няхай не да пятага, а хоць бы да трэцяга пакалення?

Дык, можа, паспрабуем адрадзіць гэты звычай у нашых сем’ях?

Кім былі вашы дзяды, прадзеды? Якая памяць засталася ад іх?


Беражыце старыя дакументы. Занатуйце ацалелыя імёны, даты, усе звесткі пра свой род. Некалі гэтыя запісы будуць з гонарам працягваць вашы дзеці і ўнукі.

Сёння радавод шмат у каго можа атрымацца вельмі кароткім, але – паверце – усё адно адбудзецца дзіва: дзяды пачнуць дапамагаць вам.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации