Электронная библиотека » Уладзімір Арлоў » » онлайн чтение - страница 8


  • Текст добавлен: 16 ноября 2018, 18:40


Автор книги: Уладзімір Арлоў


Жанр: История, Наука и Образование


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 8 (всего у книги 31 страниц) [доступный отрывок для чтения: 10 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Ёсць пэўныя падставы меркаваць, што якраз Еўпраксія-Звеніслава магла быць аўтаркаю «Жыція» або мець да яго стварэння непасрэднае дачыненне. Па-першае, шмат якія эпізоды жыцця асветніцы ўбачаныя і пераказаныя надта ж пажаночы (напрыклад, плач князя Святаслава ці сустрэча Прадславы ў манастыры яе цёткаю-ігуменняй). Па-другое, найбольш падрабязная частка «Жыція» прысвечаная паломніцтву, у якім улюбёная сястра (памятаеце: «як адна душа ў двух целах») была спадарожніцаю святой.

Неўзабаве пасля смерці полацкай паломніцы Святой Зямлі пачалі пагражаць магаметане. У 1187 годзе, рыхтуючыся да прыступу Ерусаліма, султан Саладзін за выкуп дазволіў хрысціянам пакінуць горад разам са сваімі рэліквіямі. Як велізарны скарб усходнеславянскія манахі везлі з сабою раку (своеасаблівы куфар, дзе захоўваюцца святыя мошчы) з нятленнымі парэшткамі Еўфрасінні.

Калі верыць паданню, манахі меліся перанесці святыню адразу ў Полацк, але гэтаму перашкодзіла адвечная варажнеча кіеўскіх і полацкіх князёў Мошчы перадалі ў славуты Пячорскі манастыр, дзе ў падземным храме Звеставання Найсвяцейшай Багародзіцы рэліквіі давялося спачываць болып за сем стагоддзяў. На радзіме грымелі войны, занепадаў і зноў адраджаўся Спасаўскі манастыр, а тут панаваў вечны спакой. Вечка срэбнай ракі было адчыненае і прымацаванае да сцяны, парэшткі найпадобнейшай Еўфрасінні – закрытыя покрывам; у галавах вісеў абраз святой, і гарэла непагасная лампадка.

Першыя спробы перанесці мошчы заступніцы Беларусі ў родны горад адбыліся ў цараванне імператара Аляксандра II. Пра гэта хадайнічалі жыхары Полацка, а потым, у 1864 годзе, ад імя насельніцтва трынаццаці воласцяў Полацкага павета і, ведама ж, са сваімі мэтамі – душыцель нацыянальна-вызваленчага паўстання Кастуся Каліноўскага граф Мураўёў-«вешальнік». Пасля трэцяга хадайніцтва полацкага епіскапа Савы ў 1871 годзе ў Спасаўскі манастыр была ўрачыста перанесеная малая частачка мошчаў – сярэдні палец правай рукі.

Наступныя просьбы Пецярбург нязменна адхіляў а пры Аляксандры III палачанам наогул забаранілі звяртацца з гэтай прычыны ў вышэйшыя інстанцыі. Духоўная і свецкая ўлады царскае Расіі былі супраць вяртання рэліквіі, бо ведалі, што, паводле векавой традыцыі, Еўфрасінню Полацкую шанавалі як сваю святую і прыхільнікі гвалтоўна скасаванай Уніі. Насмеліўся на аўгусцейшы дазвол толькі Мікалай II.

У красавіку 1910 года Кіеў развітваўся з полацкай князёўнаю. На другі дзень Вялікадня ў падземным храме Звеставання прайшло ўсяночнае набажэнства. Назаўтра святыню пераклалі ў новую кіпарысавую раку і вынеслі да тысяч багамольцаў Жыхары горада запоўнілі вуліцы і схілы пагоркаў галубцы і дахі дамоў Уздоўж дарогі з Пячорскай лаўры да Дняпра стаялі вайсковыя шыхты.

Мошчы і асобы, якія іх суправаджалі, падарожнічалі на трох дзяржаўных параходах. У насавой частцы аздобленага кветкамі, маем і сцягамі флагмана флатыліі стаяла капліца з люстранымі вокнамі, абапал яе – дзве залатыя харугвы. Раку з мошчамі паставілі пад балдахінам на карме сляпуча белага карабля.

Флатылія з мошчамі прайшла па Д няпры ад Кіева да Оршы 695 вёрст, паўсюль сустраканая сціжмамі вернікаў Асабліва маляўніча яна выглядала ўначы, калі на берагах, ля самае вады, гарэлі зыркія вогнішчы, параходы мігцелі агеньчыкамі сотняў свечак, якія адбіваліся ў люстрах капліцы, а на макаўцы фокслямгі флагманскага карабля ззяў крыж.

3 Оршы да Полацка мошчы святой везлі сухазем’ем. Пра яе сустрэчу ў родным горадзе прэса пісала: «Преподобная мать, княжна Евфросиния вернулась! Вернулась при звоне колоколов, при торжественном пении пасхальных стихов; по пути, усыпанному руками юных полочанок зеленью и весенними цветами, среди коленопреклоненных тысяч народа… Встреча святых мощей произошла в двух верстах от города, за Витебской заставой, у железнодорожного виадука, где была устроена увитая зеленью и украшенная национальнымй флагами сень с возвышением…

Около трех часов дня от градского Николаевского собора, собравшись и устроившись на корпусном плацу, пред историческим величественным памятником событий 1812 года, двинулся крестный ход от всех полоцких церквей и монастырей с многочисленным духовенством во главе с четырьмя епископами и в сопровождении великого князя Константина Константиновича».

Пад перазвон усіх гарадскіх званоў рэліквію змясцілі спачатку ў кафедральным Мікалаеўскім саборы. 22 траўня па дарозе да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ўрачыстая працэсія расцягнулася на дзве вярсты.

Аб тым, якое значэнне надавалі пераносу мошчаў святой Еўфрасінні царскія ўлады, сведчыць і ўдзел у хросным ходзе каралевы Грэцыі Вольгі Канстанцінаўны і вялікай княгіні Лізаветы Фёдараўны, роднай сястры царыцы.

23 траўня 1910 года, у дзень памяці святой,[5]5
  Паводле новага стылю дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай святкуецца 5 чэрвеня.


[Закрыть]
яе нятленныя парэшткі вярнуліся ў Спасаўскі сабор. Іх чакала абкладзеная срэбрам кіпарысавая рака, зробленая ў візантыйскім стылі на ахвяраванні вернікаў. Рака каштавала велізарныя на той час грошы – 12 тысяч рублёў.


Звычайна мошчы святых выяўляюць цудадзейную сілу. Пра адно з дзівосаў расказаў 25 траўня 1910 года ў «Полоцком листке» старэйшы лекар кадэцкага корпуса доктар медыцыны А. Мансветаў.

У Спасаўскім манастыры жыла чарніца, якая хварэла на верад страўніка і праз цяжкія нутраныя крывацечы і крывавыя ваніты так знясілела, што ўжо амаль не падымалася з ложка. Доктар страціў усякую надзею выратаваць хворую: цела было ў пролежнях, а боль сунімалі наркотыкамі. Калі ў манастыр прыбылі мошчы, сёстры, выконваючы просьбу хворай, прывялі яе ў храм, дзе яна пацалавала святой Еўфрасінні руку. Пасля гэтага манашка адчула такі прыліў сілаў што здолела падняцца і ісці без чужой дапамогі. У чарговы візіт доктар Мансветаў сустрэў пацыентку на двары і не даў веры вачам: учарашняя хворая падбегла да яго з радаснаю ўсмешкаю на вуснах. Лекар прызнаецца, што ў гэтым выпадку сутыкнуўся са з’яваю, якая выходзіць за межы чалавечага разумення.

Манастырская хроніка тых часоў на жаль, не захавалася. Магчыма, Еўфрасіння працягвала чыніць дзівосы, але з няўмольнасцю навальнічнае хмары ўжо насоўвалася іншая эпоха.


Пасля 1917 года, калі пачалася бязлітасная вайна супроць рэлігіі, святыя мясціны і рэліквіі зазналі на сабе варварства і здзекі новае ўлады. Драма не абмінула і Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр.

Люты 1919-га. Народны камісарыят юстыцыі РСФСР, куды ў той час уваходзіла Віцебская губерня з Полацкам, выдае пастанову аб арганізаваным «выкрыцці» мошчаў цудатворцаў па ўсёй краіне.

У 1922 годзе ў Полацку адбылося злачыннае ўскрыццё дамавіны з мошчамі святой Еўфрасінні. (Першы раз іх зняважылі ў красавіку 1920-га ў Аўраміеўскім манастыры г. Растова Яраслаўскай губерні, у які святыню разам з крыжам Лазара Богшы і іншымі манастырскімі каштоўнасцямі эвакуявалі ў 1915-м у сувязі з набліжэннем фронту.) Уяўленне пра атмасферу, у якой гэта адбывалася, дае змешчаны ў канцы пратакола ўскрыцця зварот камісіі «атэістаў» да жыхароў Полацка: «Тов. крестьяне, крестьянки, рабочие и работницы, красноармейцы и рабочекрест. молодежь. Запомните духовенству их вековой обман. Научная экспертиза актом ликвидировала таковой, но монахини, попы и монахи, пользуясь невежеством и темнотой истеричных старух и ненормальных кликуш, будут и в дальнейшем через них сеять черное зло… Разоблачайте их темные дела. Гоните от себя подальше! Долой невежество, попов и монахинь! Да здравствует свет и разум человека». (Правапіс і стыль змагароў за «свет и разум» захаваныя.)

Пасля ўскрыцця мошчы адправілі на атэістычную выставу ў Маскву, адтуль – у Віцебск, дзе іх дэманстравалі ў краязнаўчым музеі. За год да гэтага ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры рэквізавалі ўсе каштоўнасці і сярод іх срэбную раку, у якой ляжала святыня.

У нямецкую акупацыю, калі былі зноў адчыненыя храмы і адноўленыя манастыры, віцябляне перанеслі нятленныя парэшткі з музея ў Свята-Пакроўскую царкву. У кастрычніку 1943 года яны вярнуліся ў Полацк. Рабілася гэта з дазволу і з дапамогаю акупацыйных уладаў якія, вядома, мелі свой разлік.

Непасрэдны ўдзельнік тых падзей пісьменнік Юрка Віцьбіч у сваёй выдадзенай у Нью-Ёрку ў 1975 годзе кнізе «Мы дойдзем!» прыгадваў:

«Позьнім вечарам зь Віцебска ў Полацак прыйшоў вагон з мошчамі сьв. Еўфрасіньні… Наступным днём адбылося перанясенне мошчаў з Сафійскага сабору ў царкву Спаса… Па старадаўнім звычаі дарожку да царквы выслалі льняной тканінаю».

3 таго часу мошчы князёўны-ігуменні спачываюць у Спасаўскім храме.


Палачане прызналі сваю асветніцу святой яшчэ восем стагоддзяў таму. Аўтар яе «Жыція» скончыў свой твор натхнёным хваласпевам: «Якою мовай, братове, уславіць мне светлую памяць найблажэннейшай нявесты Хрыстовай Еўфрасініі! Была яна памочніца пакрыўджаным, зажураным суцяшэнне, распранутым адзенне, хворым наведанне, ці, проста кажучы, – для ўсіх была ўсім. Еўфрасіння сэрца сваё ўспойвала Божаю мудрасцю. Еўфрасіння – незвядальная кветка райскага саду. Еўфрасіння – арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду да ўсходу і, нібы прамень сонечны, прасвятліў зямлю Полацкую. Тым жа, братове, пахваляецца Селунь аб святым Дзімітрыі, а Вышгарад – пакутнікамі Барысам і Глебам; я ж пахваляюся: шчасны ты, горадзе Полацку, што ўзрасціў парастак такі – найпадобнейшую Еўфрасінню».

Выглядае верагодным, што адна з першых пачала дабівацца кананізацыі сястры Еўдакія-Гардзіслава, якая пасля скону Еўфрасінні ўзначаліла манастыр. 3 гэтай мэтаю яна магла ліставацца з Кірылам Тураўскім, што ўжо заняў епіскапскую кафедру і меў вялікі ўплыў у царкоўных колах.

Да паловы XVI стагоддзя Полацк быў галоўным духоўным цэнтрам беларускіх земляў. Адсюль шанаванне князёўны-ігуменні пашыралася па ўсёй Беларусі. Паступова святая Еўфрасіння стала ў свядомасці вернікаў нябеснаю заступніцай – патронкаю не толькі Полацка, але і ўсёй Бацькаўшчыны. На гэтую ролю прэтэндавалі таксама іншыя святыя – Казімір (сын вялікага князя літоўскага і караля Казіміра IV), Параскева Полацкая, Андрэй Баболя (закатаваны ў 1657 годзе царскімі казакамі на Беларусі каталіцкі місіянер). Народная памяць зрабіла свой выбар.

Расійская праваслаўная царква не спяшалася шырока прызнаваць найпадобнейшую Еўфрасінню, бо ёй пакланяліся уніяты. Варожасцю царскіх уладаў да уніі, якая захоўвала нацыянальную самабытнасць беларусаў тлумачыцца, пэўна, і знікненне створанага ў 1839 годзе мастаком Токаравым родам з Бешанковічаў абраза Еўфрасінні, прызначанага для полацкага Сафійскага сабора. На абразе святая была намаляваная на поўны рост, у левай руцэ трымала крыж, а праваю паказвала на карону і мантыю – знакі княжацкае ўлады.

Сёння акрамя шматлікіх праваслаўных абразоў полацкай асветніцы яе выявы можна ўбачыць на размалёўках падземнай царквы Звеставання ў Кіева-Пячорскай лаўры, на фрэсках кіеўскага Уладзімірскага сабора (аўтарства апошніх належыць В. Васняцову).

У 1997 годзе ў Навасібірску быў асвечаны намаляваны ў мясцовых традыцыях абраз найпадобнейшай Еўфрасінні, якая цяпер лічыцца і патронкаю беларусаў Сібіры.


На пачатку XX стагоддзя ў друку прамільгнулі звесткі, што полацкая князёўна была кананізаваная папам Грыгорыем X на другім Ліёнскім саборы ў 1274 годзе. Гэты факт не пацвярджаецца дакументальна, але, паводле даўняе традыцыі, Еўфрасінню прызнае святою і каталіцкая царква. У сучасных літургічных выданнях для католікаў усходняга абраду (уніятаў) яна ўпісаная ў календары на адпаведным месцы.

Такім чынам, сёння найпадобнейшую Еўфрасінню Полацкую разам з праваслаўнымі беларусамі глыбока шануюць іх браты-католікі. Патронка Беларусі дае духоўную падтрымку і нашым суайчыннікам за мяжою.

У беларускай дыяспары існуе культ святой Еўфрасінні. Яе імем назвалі першы замежны беларускі праваслаўны прыход, заснаваны ў нямецкім горадзе Рэгенсбургу. Беларусы, што апынуліся там у лагеры перамешчаных асобаў, за адзін месяц збудавалі сабе храм, прысвяціўшы яго полацкай ігуменні. Пры царкве быў створаны хор, якім кіраваў выдатны кампазітар, аўтар музыкі да нашага духоўнага гімна «Магутны Божа» Мікола Равенскі.

Паблізу Нью-Ёрка, у горадзе Саўт-Рывэр, штат Нью-Джэрсі, знаходзіцца яшчэ адна беларуская царква ў гонар Еўфрасінні. Яна стаіць на ўзгорку каля аўтамагістралі. Кожную нядзелю і ў святы з далёкага і блізкага наваколля з’язджаюцца туды старыя, маладыя і зусім маленькія беларусы, каб памаліцца, пачуць роднае слова і адчуць сябе часцінкаю Бацькаўшчыны.

Беларускі праваслаўны прыход Еўфрасінні Полацкай існуе і ў сталіцы Вялікабрытаніі.

На Захадзе неаднаразова друкаваліся іконы святой, выходзілі прысвечаныя ёй даследаванні. Адным з першых была кніга айца Льва Гарошкі «Сьвятая Еўфрасіня-Прадслава. Ігуменя манастыра сьв. Спаса ў Полацку, патронка Беларусі», што пабачыла свет у 1949 годзе ў Парыжы.

Беларуская дыяспара годна адзначыла 800-годдзе завяршэння зямнога шляху нашай нябеснай заступніцы. Мастак Алег Махнюк намаляваў новую ікону асветніцы, выдадзеную потым літаграфічным спосабам, а вядомы венгерскі скульптар Пол Вінчэ стварыў на заказ нашага суайчынніка гісторыка і калекцыянера Міхася Белемука вытанчаны срэбны абразок з барэльефам святой.

Іконы святой Еўфрасінні ў замежжы былі напісаныя таксама беларускімі мастакамі Лідзіяй Каліноўскай (для царквы ў Рэгенсбургу), Змітром Чайкоўскім, Верай Кубраўцовай. Адметныя вобразы полацкай ігуменні стварылі ў сваіх жывапісных і графічных працах Івонка Шыманец-Сурвіла, Уладзімір Шыманец, Галіна Русак, Тамара Стагановіч.

А першым беларускім праваслаўным храмам у Паўночнай Амерыцы стала царква Еўфрасінні Полацкай у канадскім горадзе Таронта. Набажэнства ў ёй упершыню адбылося 25 сакавіка 1950 года, у дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Аднаго разу мне давялося паказваць Полацк беларускаму спеваку з Нью-Ёрка Багдану Андрусішыну, або проста Данчыку, і яго маці, спадарыні Юлі. Пакуль мая жонка Валянціна гатавала да сустрэчы гасцей полацкія дранікі з «душамі», мы на заканчэнне экскурсіі завіталі ў Спасаўскую царкву. Да вячэрні было яшчэ далёка, аднак, даведаўшыся, што госці са Злучаных Штатаў, стараста царкоўнае рады Таццяна Храпавіцкая дазволіла і агледзець храм, і падняцца ў келлю князёўны-ігуменні. Ну а пасля таго, як стараста пачула пра царкву нашай святой каля Нью-Ёрка, госці атрымалі ў падарунак вялізны пакунак прасвірак.


Сёння паміж католікамі і праваслаўнымі ў Беларусі часам узнікаюць непаразуменні. Агульная для гэтых канфесій святая, Еўфрасіння Полацкая як бы закліканая паяднаць іх, прынесці ўсім мір, згоду і ўзаемапавагу. У зацверджанай рымскім папам малітве за беларускі народ гаворыцца: «Цябе, Прачыстая Багародзіца і наша нябесная Маці, просім: прычыніся за намі, а ты, святая Еўфрасіння Полацкая – патронка Беларусі, ды ўсе святыя заступнікі Беларускага народу, апякуйцеся намі, каб мы сталіся народам святым, што выконвае волю Божую і сваё пасланство, каб прычыніліся да агульнага дабра тут, на зямлі, а ў прышлым жыцці атрымалі вечнае шчасце, і Табе, прадвечнаму Валадару, прыносілі славу, чэсць і паклон на векі вечныя. Амін».

Еўфрасіння высока ўзнялася над сваёй эпохай. Яе прыклад натхняў Францішка Скарыну, Васіля Цяпінскага, Сімяона Полацкага…

Часы мяняюцца, і зорка Еўфрасінні на небасхіле народнай памяці ззяе ўсё ярчэй і ярчэй. Беларускія гісторыкі, пісьменнікі, мастакі разам з царквою вярнулі святое імя ў наш культурны і духоўны кантэкст. Наогул жа літаратура пра жыццё і подзвігі Еўфрасінні налічвае болып за чатырыста назваў на беларускай, лацінскай, польскай, нямецкай, англійскай, украінскай, царкоўнаславянскай, расійскай ды іншых мовах. Колькасць кніг і артыкулаў няўхільна расце. На маім стале ляжыць атрыманы з ЗША часопіс з публікацыяй пра лёс мошчаў святой. Часопіс, дарэчы, называецца «Полацак», а выходзіў ён па-беларуску ў амерыканскім горадзе Кліўлендзе, дзе ёсць беларускі культурны цэнтр – зноў жа з назваю «Полацак».

Пералік літаратурных твораў, прысвечаных святой Еўфрасінні, дойліду Іаану, Лазару Богшу, заняў бы ў гэтай кніжцы добрую старонку.

Сярод свецкіх партрэтаў святой вылучаюцца палотны жывапісцаў Аляксея Марачкіна і Нінэль Шчаснай, графічныя аркушы Арлена Кашкурэвіча. У тэхніцы габелена вобраз Еўфрасінні стварыў Сымон Свістуновіч. Яе імя ўзнікае ў памяці, калі бачыш адухоўленыя скульптуры старажытных палачанак Алеся Шатэрніка.

У 1992-м, напярэдадні святкавання 1000-годдзя прыходу на беларускія землі хрысціянства, у Полацку з’явілася вуліца святой Еўфрасінні. Яна вядзе да заснаванага асветніцаю манастыра, які кожны дзень сустракае паломнікаў і турыстаў.

Палачане даўно марылі пра помнік сваёй выдатнай суайчынніцы. У 2000 годзе гэтая мара здзейснілася. Святая Еўфрасіння яшчэ раз – у бронзе – вярнулася ў родны горад і цяпер вітае ўсіх, хто кіруецца ад Сафійскага сабора ў бок Спасаўскага манастыра. Скульптар Ігар Голубеў убачыў найславуцейшую палачанку велічнай і мудрай, поўнай чалавечай годнасці і духоўнай сілы. Яшчэ раней I. Еолубеў стаў аўтарам помніка асветніцы, які знаходзіцца ў сталіцы нашай краіны, у скверы Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Хочацца верыць, што ў будучыні ў Полацку з’явяцца і помнікі славутым сучаснікам Еўфрасінні – дойліду Іаану і ювеліру Лазару Богшу, а таксама Гардзіславе-Еўдакіі і Звеніславе-Еўпраксіі – сёстрам і паплечніцам князёўны-ігуменні, што працягвалі яе справу. Яны маглі б стаць суладнай часткаю архітэктурна-ландшафтнай прасторы Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра або Верхняга замка.

Ужо колькі гадоў у маёй душы не заціхае водгулле глыбокага хвалявання, перажытага ў тыя хвіліны, калі пад скляпеннямі Сафійскага сабора, дзе калісьці знайшла прытулак юная Еўфрасіння, гучалі спевы, напісаныя ў гонар асветніцы восем стагоддзяў таму.

 
Придете, любомудрении,
песнями богокрасными воспоимо достохвалнии
и смиреннии. Ефросинии всечесней…
 

Прыдзіце, любамудрыя, у храм найпадобнейшай. Пакланіцеся яе мошчам, паглядзіце ў яе вочы на фрэсцы. Падыміцеся ў келлю святой, дзе так узнёсла думаецца пра вечнасць Хараства, пра чалавечае прызначэнне на гэтай зямлі.

Смерць князя Валодшы

Малітвы Еўфрасінні за родны Полацк, яе парады князю Усяславу Васількавічу не пайшлі марна. Пасля смерці князёўны Бацькаўшчына, няхай і нядоўга, але пажыла ў спакоі і міры. Аціхлі ўсобіцы, аднавілася адзінства Полацкай зямлі. Хоць яна ўжо была падзеленая на добры тузін удзельных княстваў агульныя інтарэсы гуртавалі іх у магутны ваенны і палітычны хаўрус.

Калі ў Друцку сеў смаленскі стаўленік, шэсць полацкіх князёў зрабілі ў 1180 годзе пераможны паход і вярнулі горад пад уладу Усяслава II. У злучаным войску разам з крывічамі ішла літва і ваяры з падуладнага Полацку племя ліваў што жыло на ўзбярэжжы Варажскага мора.

Літва была хаўруснікам моцным, а таму і ненадзейным. Праз пяць гадоў полацкі князь у баі з ёю загінуў і ў Бельчыцкі княжы хорам прыйшоў новы гаспадар, малодшы Усяславаў брат, якога дагэтуль і ў навуковай, і ў мастацкай літаратуры называлі Уладзімірам. Ні раней, ні пазней Уладзіміраў у полацкай дынастыі не было. Чаму – растлумачыць няцяжка, варта толькі згадаць крывавае Рагнедзіна вяселле. Рагвалодавічы не давалі сынам імя заклятага ворага.

Адкуль жа тады пайшло гуляць па кнігах нялюбаснае палачанам княжае імя? 3 напісанай па-лацінску «Хронікі Лівонй», якая называе полацкага ўладара каралём Вальдэмарам, што заўсёды перакладалі як «князь Уладзімір». У сваім даследаванні «Старажытная Беларусь» Мікола Ермаловіч давёў: напраўду «караля Вальдэмара» звалі Валодшам.

Валодша займаў полацкі пасад трыццаць гадоў і ўвесь гэты час мусіў змагацца з новым смяротна небяспечным ворагам – рыцарамі-крыжакамі. На пачатку 1216 года ён рыхтаваўся да вялікага паходу на Рыгу.


Валодшу не спалася.

Думна было ў князевай галаве, неспакойна на сэрцы. Уваччу яшчэ стаяла гаворка з пасламі, у зацішнай пачывальні як быццам гучалі іх галасы.

– Наша неба не сіняе, як мора і азёры, – гаварыў чудскі старэйшына, – а чорнае ад хаўтурных вогнішчаў. Крыжакі забілі столькі ваяроў, што я ўжо не памятаю, хто жывы, а хто склаў галаву. Нашы жанчыны выплакалі вочы, а мужчынам ад частых трызнаў мёд здаецца горкім, а піва – салодкім.

Першыя паслы з Чудскай зямлі прыйшлі ў Полацк на Вадохрышча, у самыя лютыя маразы, калі мядзведзь пераварочваецца ў берлагу на другі бок. На мірныя паселішчы эстаў наляцелі немцы з атрадамі перавернутых у новую веру ліваў Мужчын забівалі на месцы, а жанчын, дзяцей і гавяду гналі ў Лівонію. Дзесяць дзён эсты адбіваліся ў замку, а на адзінаццаты, калі з абложнае вежы нямецкія латнікі з лукаў і прашчаў перабілі палову абаронцаў мусілі скарыцца: пусцілі ў замак лацінскага святара і аддалі немцам у закладнікі сыноў сваіх старэйшын. Паслы прасілі полацкага князя ісці на Рыгу, а самі абяцалі паўстаць і цясніць вайной ліваў і летаў.

Новыя паслы скардзіліся, што суддзі, якіх шлюць немцы ў скораныя землі, дбаюць не пра справядлівасць, а пра сваё багацце. Эсты не хочуць плаціць дзесяціну, не хочуць карміць святароў і хадзіць з немцамі на вайну, каб потым цярпець помсту ад суседзяў.

Чудзіны зноў прасілі ў Полацка падмогі.

Ён, Валодша, прыняў іх ласкава, ад сваіх ранейшых слоў не адмаўляўся, аднак не гэтых паслоў ён чакаў.


Выява старажытнай «Пагонi» на пячатцы князя Аляксандра Неўскага


На поўню наплыла хмара, і ў вакне князь бачыў толькі вогнішча з чорнымі постацямі ваяроў са зменнай начной варты. Але ён ведаў што вунь там, праваруч, падняты на ноч мост цераз роў там і там – вялізныя, укапаныя ў зямлю медныя катлы для вару, які пальецца на галовы тым, хто адважыцца напасці на Бельчыцы. Харчу і вайсковых запасаў у складах хопіць хоць на два гады аблогі. Ды ўсё гэта не магло развеяць нялёгкіх князевых дум.

Валодша прачыніў вакно, і ў спачывальню пацёк волкі начны халадок з лёгкім пахам дыму.

Трыццаць гадоў носіць ён гэтыя думы ў сабе, трыццаць гадоў яны падпільноўваюць яго, каб у адну з начэй зноў прыціснуць сэрца каменем-жарнавіком, і з кожным годам камень гэты робіцца цяжэйшы і цяжэйшы. Але мудра пісана ў кнігах: «Хто, рабуючы чужое, будуе на тым дом свой, той складае яго на лёдзе. Прыйдзе вясна, і сплыве дом за мора».

Неразумна ўсё жыццё вінаваціць сябе, але хіба забудзеш, што калісьці як дарагіх гасцей прымаў людзей з чорнымі душамі, якія ў сэрцы сваім хацелі пагібелі і яму, і ўсёй Полацкай зямлі.

У тое ж лета, як ён сеў на полацкі пасад, у горад прыйшоў па Дзвіне разам з брэменскімі купцамі першы лацінскі манах. Быў ён у падшытай ветрам, лапленай сутане і выгляд меў такі, быццам ніколі не еў уволю хлеба.

У княжым хораме заморскі госць трымаўся цішэй за халопа, толькі бесперастанку маліўся і праз тлумача прасіў аднаго: дазволу прапаведаваць слова Божае ў падуладнай полацкаму князю зямлі ліваў.

Полацку здавён не надта рупіла, што яго даннікі моляцца не ў цэрквах, а ў святых гаях і дубровах; іх багі любілі мяса аленяў і тураў а найлепшым пачастункам была ім кроў палонных чужынцаў Але ён, Валодша, даў манаху згоду, бо полацкія купцы казалі, што маюць добры гандаль у Брэмене і Любеку. Мала таго, на адвітанне ён адарыў ціхмянага госця кунамі і вавёрыцамі са сваіх клецяў.

Там, дзе Дзвіна сканчвае шлях да мора, манах Мейнард паставіў царкву і пачаў хрысціць ліваў паводле лацінскага абраду. Увёўшы лівам у вушы, што хоча абараніць іх ад набегаў, ён прывёз нямецкіх муралёў і збудаваў замак. Хутка замак стаяў ужо і ў суседнім Гольме, а ціхмяны манах стаў біскупам. Даніна ў тую пару ішла ў Полацк яшчэ па-ранейшаму спраўна, як і дзвесце гадоў дагэтуль, аднак ён, князь, разумеў, што замкі бароняць не ліваў, а немцаў. Усё часцей ён думаў, што памыліўся і за памылку гэтую давядзецца плаціць вялікай крывёю.

Яго пабойванні спраўдзіліся скора. Стары біскуп Мейнард памёр, а новы да полацкага князя ўжо не паехаў Прыкрываючыся Божым словам, немцы сталі адбіраць у ліваў зямлю. Папа ў Рыме ўжо абвясціў адпушчэнне грахоў усім, хто нашые крыж і пойдзе служыць у біскупава войска на беразе Варажскага мора. Полацкія купцы прывезлі навіну, што папа і нямецкі кесар прыраўнялі паход у Лівонію да крыжовых паходаў у Палесціну.

Праўда, новаму біскупу Бертальду сонца свяціла тут нядоўга. У бітве спалоханы конь занёс яго ў гушчу ліваў; двое схапілі ненавіснага крыжака за рукі, а трэці працяў яго дзідаю. Выведнікі данеслі, што пасля біскупавай смерці лівы доўга мыліся ў лазнях, змываючы там, а потым у дзвінскіх водах хрышчэнне. Яны пілі хмельны мёд, зрывалі з дрэваў укрыжаванні і пускалі іх на плытах у мора. Але ён прыняў гэтыя навіны без вялікай радасці, бо ведаў што рыцары вернуцца.

Яны вярнуліся, і з году ў год іх караблі падымаліся па Дзвіне ўсё вышэй і ўжо даходзілі да падуладных яму, Валодшу, гарадоў Куканоса і Герцыкі, дзе сядзелі крывіцкія князі…

Можна ўявіць, як знадворку, недзе за блізкай сцяной цёмнага бору, завухаў пугач, як князь перахрысціўся на абраз з кволым агеньчыкам лампадкі. Пугач падаў голас акурат тады, калі ён падумаў пра біскупа Альберта. Валодша раптам зразумеў што яны падобныя: рыжскі валадар і гэтая вушастая птушка з такою самаю, як у Альберта, круглай галавой і вялікімі слепаватымі вачыма. Князю зрабілася ніякавата, яму здалося, што загадкавае начное стварэнне можа невідочна заляцець у спачывальню і падслухаць яго пакрыёмыя думкі. Ён міжволі ўспомніў пра ваяроў што гэтаю парой за пяць пералётаў стралы адсюль стаяць варту пад старым дубам у лесе і ў прыдзвінскіх зарасніках алешніку Там выходзяць наверх лёхі, што пачынаюцца з княжага двара: адна – якраз пад яго спачывальняй.

Пугач зарагатаў зноў і князь зачыніў вакно на зашчапку, адразу адчуўшы на душы палёгку.

Не, ён не баяўся Альберта. Цяпер ён хацеў засцерагчыся ад тых таемных сіл, што ўладараць у глухую начную часіну і могуць умяшацца ў любую чалавечую справу. Што да рыжскага біскупа, дык Валодша ведаў: далей ім двум на берагах Дзвіны не жыць. Застанецца нехта адзін: або ён, вялікі князь полацкі, або гэты пугач з чалавечым абліччам.

Валодша думае пра біскупа так даўно і так шмат, што часта ў яго з’яўляецца дзіўнае і, відаць, грахоўнае жаданне хоць на дзень, на гадзіну самому стаць Альбертам, атрымаць яго розум і сэрца. Тады ён здолеў бы вызнаць гэтую душу, уведаў бы, што біскуп мысліць пра яго, полацкага караля Вальдэмара.

Няўжо рыжскі пугач смяецца з яго? Так, смяяцца ёсць з чаго. Дагэтуль амаль заўсёды выйграваў ён, Альберт. Але біскуп ніколі не мог лічыць сябе поўным пераможцам. Нават тады, пад Гольмам, у дзень ганьбы полацкага войска.

I цяпер, праз дзесяць гадоў, князь не можа прыгадаць той паход спакойна. Аднекуль з глыбіні падымаецца і туманіць розум цёмнае воблака лютасці, ад якой самі сабой сціскаюцца кулакі.

Ён ізноў бачыць недаступныя шэрыя вежы Гольма. Лучнікі з полацкага войска не даюць немцам і носа выткнуць зза каменных зубцоў. Першая страла яшчэ не сустрэлася з зямлёй ці варожым панцырам, а наўздагон кожны лучнік паспявае паслаць яшчэ тры. Але немцы паставілі балісты і пачалі кідаць на табар абложнікаў камяні і цяжкія бёрны. Тады ён загадаў таксама збудаваць абложныя машыны. Палоннаму рыцару абяцалі жыццё, калі навучыць рабіць балісту.

Як абложнікі выцягнулі з лесу свае катапульты, у Гольме стала так ціха, нібы ўсім немцам заняло мову. Аднак палачане радаваліся рана.

Здаецца, усё было як належыць – і даўгія асверы, і цяжкія супрацьвагі, і трывалыя кашы, куды кладуць камяні, ды, калі ратнікі напялі вяроўкі і разам стрэлілі з усіх пяці балістаў, двухпудовыя камлыгі паляцелі не цераз замкавыя сцены, а ў другі бок, акурат туды, дзе стаяла гатовае да прыступу полацкае войска. Пятнаццаць ратнікаў былі забітыя на месцы, а тут яшчэ каменны град пасыпаўся з замка, брама расчынілася, і немцы пайшлі на вылаз. Ён, князь, даў знак адысці, і тае ж хвілі з неба гахнуў камень і забіў пад ім каня. Раць ужо кінулася да выратавальнага лесу. Рыцары несліся на яго з думкаю, што кароль Вальдэмар у іх руках, а ён стаяў з аголеным мячом і рыхтаваўся як найдаражэй аддаць жыццё. Але малады дружыннік на скаку павярнуў каня, і той выратаваў іх абодвух ад вернае смерці.

Назаўтра ганцы ад ліваў паведамілі, што на моры паказаліся караблі, і ён зняў аблогу. Так закончыўся той паход, аднак і тады рыжскі біскуп не перамог.

I не пераможа ніколі.

Хай, прыйшоўшы на падмогу Куканосу, ён, Валодша, застаў на месцы горада галавешкі, бо князь Вячка пасля лютай сечы з крыжакамі мусіў падпаліць сваю дзедзіну і ісці з дружынаю ў свет. Хай ездзіў на паклон у Рыгу князь Усевалад з Герцыкі. Хай ужо не ідзе ў Полацк даніна ад ліваў і летаў. Ён загадаў сваім людзям не мець літасці ні да смердаў, што будуць хаваць хлеб, ні да баяраў, калі нехта думае адседзецца за дубовымі вотчыннымі сценамі. Хто бунтуе – або галаву з плячэй, або ланцуг у вязніцы на княжым двары. I так будзе з кожным, хто пойдзе супраць яго волі, бо не павінны пусцець збройні, свірны і мядушы ў Бельчыцах. Бо Полацку цяпер, як ніколі, трэба адзінства.

Ён, князь Валодша з роду Рагвалодавічаў не пусціў і не пусціць немцаў на крывіцкія землі. Не пусціць, пакуль за плячыма веча, а яно стаіць за яго ўжо трыццаць летаў і будзе стаяць, пакуль жывы. I баяры, і епіскап не пойдуць супраць, бо гораду і княству трэба моцны абаронца.

Неспадзявана яму прыгадаліся дзвінскія парогі вышэй Віцебска. Раку перагарадзілі там вялізныя каменныя валы, але яна, не могучы перапілаваць іх, не здаецца – паволі падымаецца на вал, абрываецца ўніз, творачы вадаспад, і зноў б’е ў камень, зацята точыць яго і ўсё ж праразае сабе вузкі ды глыбокі ход скрозь парог і ляціць з шалёнай хуткасцю, неўтаймоўна і пераможна. Гэтае змаганне ракі і парогаў што назаўсёды запала яму ў памяць, цяпер, у бяссонную ноч, прынесла нейкую палёгку.

За біскупам – кесар, папа, нямецкія гарады, але за ім, князем Валодшам, – зямля яго прадзедаў За ім – купцы і рукамеслы люд, за ім – цёмныя смерды з вотчын і глухіх весяў За ім – пастаўленая вялікім князем Усяславам Сафія і кніжная мудрасць, сабраная ў манастырах і цэрквах. Калі б чужынцы прыйшлі ў полацкія храмы, калі б яны пачалі паліць кнігі і на свой капыл выпраўляць летапісы, продкі ўсталі б са сваіх магіл і ўзбунтавалася б сама зямля. Праўда – за ім, князем, а не за крыжакамі.

Рогат пугача пачуўся ўжо зусім блізка, але гэтым разам Валодша не перахрысціўся.

Хутка паплывуць уніз па рацэ полацкія стругі. У яго вотчыне за Барысавым каменем стаяць дзесяць балістаў таемна зробленыя на ўзор тых, што князь Вячка некалі адбіў у крыжакоў і прыслаў у Полацк. Цяпер камяні не паляцяць у сваіх. I войска ў яго будзе не такое, як калісьці.

Яшчэ ў студзені, пасля першых чудскіх паслоў ён на радзе з самымі вернымі баярамі наважыў збіраць сілу. Па езджых дарогах і звярыных сцежках ён адправіў пасланцоў у літоўскія лясы, дзе гараць знічы на капішчах Пяркунаса, да земіголы і ў балотную краіну кураў якія ідуць на бітву, закрыўшыся белымі шчытамі, і адсякаюць сваім параненым галовы, каб пазбавіць іх ад пакутаў Ён паслаў людзей да дручанаў і лагажанаў, у Менск і Віцебск…


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации