Текст книги "Чужая бацькаўшчына"
Автор книги: Вячаслаў Адамчык
Жанр: Литература 20 века, Классика
Возрастные ограничения: +12
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 8 (всего у книги 25 страниц) [доступный отрывок для чтения: 8 страниц]
Пасля гэтага сюды, на станцыю, ведраўцы не патыкалiся. Пiльнуючыся падхватнай работы, з ранiцы да вечара каля невялiкага, пабеленага, з вострым чарапiчным дахам вакзала, каля станцыйных складоў i заваленай дзеравам рампы тулялiся адны дубатоўцы.
На дварчанскай станцыi штатнымi грузчыкамi былi толькi двое татараў, братоў Кулемiных, ды пры сiндыкаце, да якога належалi пакгауз i склад – даўнейшая нямецкая бойня ў канцы Дварчан, сталую работу мелi: дварчанскi паляк Вунгер, дубатоўскi Платон Верамей ды верасаўскi Сяргей Рэпка.
Сёння ў сiндыкат прыйшло ажно чатыры вагоны цэменту, i работы павiнна было хапiць усiм – i сталым, i падзённым грузчыкам.
Падбiваючы полы стракатай, падпяразанай шырокiм паскам ясёнкi i расставiўшы кароткiя рукi, сюды подбегам iшоў сiндыкацкi загадчык, чырвоны, з тлустымi, абвiслымi шчокамi Давыдоўскi. З-пад яснай, у цёмную клетку, збiтай набакiр кепкi лезлi кудзеркi сiвых, як дзiчка-воўна на благой авечцы, валасоў.
Разам з iм сiгаў цыбаты, у даўгаватым, па каленi, паўшубку з цыгейкавым каўняром станцыйны вагаўшчык.
Прыжмурваючыся ад ружаватага з пазалочаным абадком сонца, што ўсё вiсела за дэпо, забэрсаўшыся, як у сетцы, у чорным галлi старога явара, грузчыкi глядзелi на Давыдоўскага i ўсе разам, уцяўшы галовы ў плечы, чакалi, што скажа ён.
– Ого, сiла ёсць, – пакаўзнуўся ён на высушанай, з белаватым лядком лужыне.
– Сiла ёсць, абы была работа, – пацёр пасiнелыя рукi Восiп, i вока яго пачало хавацца недзе пад века.
– Вi чуеце, што ён кажа, га? Вi чуеце? – Давыдоўскi злавiў i кiнуў наводлiў рэдзенькую, што набегла пад носам, кроплю. – Каб ты, Ёська, здароў быў, каб ты!
Засмяяўся адзiн толькi вагаўшчык, паказваючы жоўтыя ад курыва зубы. Дубатоўцы маўчалi.
– Так сколека тут вас? – Давыдоўскi ўсадзiў руку ў адтапыраную, абшморганую кiшэнь ясёнкi, забразгаў ключамi.
– Усiх разам восем чалавек, – сказаў i кiнуў у разяўлены рот сухую крошку хлеба Платон Верамей.
– Восем, восем, больш не просiм, – пакручваючы на тоўстым, нiбы ўджаленым, пальцы звязак ключоў i неяк коса, нiбы пятамi ўперад, ставячы ногi, Давыдоўскi пайшоў на другi бок пакгауза.
За iм, унурыўшыся, пацягнулiся ўсе грузчыкi.
Каля пакгауза, упiраючыся шырокiмi бакамi ў выступ падлогi, стаялi чатыры кароткiя вагоны, зпад задняга, што не меў ручнога тормаза, тырчалi сырыя драўляныя калодкi.
– Так сколека, кажаш, – падняўшыся па дашчаных сходах на выступ падлогi, перапытаў Давыдоўскi i павярнуў усыпаную сiвымi стручкамi патылiцу, вызiраючы Платона Верамея.
– Усiх разам восем, – адазваўся за Верамея Вунгер.
– Ага, значыць, восем, – прыплюшчыў адно вока Давыдоўскi, i рот у яго разявiўся. – Тады двух пойдуць чысцiць цыстэрну. Дзе гэты наш Рэпка? Га?
– Тутака я, – аказаўся Сяргей, задзiраючы голаў i спатыкаючыся на сходах.
– Ты чуеш што?
– Што? – Рэпка ссунуў чорныя, што зраслiся над пераноссем, бровы.
– Трэба пачысцiць цыстэрну. Ты чуеш што? Вунь тую, што ўчора была з бензiнай.
– Ну чую, чую… Каго толькi ўзяць яшчэ?
– Ну каго, Ёсiпа, каго?
– Чаму гэта мяне? – азваўся недзе з-заду ўсiх Восiп. – Сколека там заробiш?
– Сколека дам, толека i заробiш, – парыпваючы выступам падлогi, Давыдоўскi падышоў да першага вагона, там ужо, збiраючыся зразаць пломбу, вагаўшчык нешта запiсваў у кнiжачку з ружаватымi квiтамi.
– Ну, Восiп, iдзём, iдзём. Чаго азiраешся, як баран на гавечку. – Сяргей Рэпка абышоў вагоны i, прыгнуўшыся, скочыў на шпалы.
Восiп, як голуб, зiрнуў адным вокам унiз i вярнуўся назад, на сходы.
– Гэй вы, – крыкнуў Вунгер, калi Восiп схаваўся за вагонамi. – Люк!.. Нiжнi люк не забудзьцеся адчынiць!
За вагонамi нiхто не азваўся.
– Вот афэрмы.
– Пашлi дурнога, а за iм другога, – плюнуў Вунгер.
– Ну што яны, маленькiя, цi што, – зломкам жалеза Платон Верамей поркаўся ў шчылiне, каб зрушыць з месца распламбаваныя дзверы вагона.
Прытаптаўшы пры сцяне верхнюю адзежу i кiнуўшы туды торбы з полуднем, дубатоўцы дружна падскочылi да яго i з крыкам: «Опля! Яшчэ раз – разам!» – адсунулi цяжкiя, на жалезных колцах, дзверы. З вагона запахла цёплым сухiм цэментам – у шырокай пройме дзвярэй шарэлi роўненька i аж пад самы дах складзеныя папяровыя мяхi.
Большы тут за ўсiх Платон сцягнуў зверху шапаткi пляскаты мех. На шырокую спiну Вунгера, што ўжо стаяў, сагнуўшыся i выцягнуўшы назад тоўстыя, кароткiя рукi, закурыўся сiваваты, як попел, цэмент.
– Гэй, не лезь раней бацькi ў пекла! Дай склад адкрыю! – закрычаў Давыдоўскi, адкiдваючы завалу i расчыняючы шырокiя, на дзве палавiны, дзверы.
Услед за Вунгерам у цемнаваты пакгауз сунулiся дубатоўцы. Прыгнуўшыся, сапучы ад натугi, асцярожна пераступалi цераз парог – няслi, трымаючы спадыспаду рукамi, па два пляскатыя мяхi. Твар у iх чырванеў, на шыi выступалi, надуваючыся тоўстымi вяроўкамi, жылы, некаторых пахiствала ад цяжару.
– I куды яны рвуцца, куды? – цiснуўся ў вузкiм праходзе мiж новых сiненькiх арфаў i махаў кароткiмi рукамi Давыдоўскi, падымаючы з бэлек вераб’ёў, што з адчайным цвiрканнем ляцелi ў другi канец пакгауза.
– Сюды, сюды нясi, – паказаў ён у пусты, за арфамi, кут.
Грузчыкi, прысядаючы, асцярожна спускалi з плячэй мяхi. Вунгер першым скiнуў свае, браў iх, як падушкi, за абодва рагi, нёс перад сабою ў зацярушаны поцемкам кут, складаў адзiн на адзiн.
Грузчыкi, выдыхнуўшы з сябе той дух, што спiраў грудзi, вольна выпроствалi спiны i, нацягнуўшы глыбей на галаву шапку, звесiўшы доўгiя рукi, iшлi назад.
– Гэй, давай-давай, варушыся, адры тваю качана, – пырскаў смяшком з вагона Платон Верамей.
– Не падганяй, бо не вельмi паедзеш, – ганарыста агрызалiся грузчыкi.
– Не аднеквайся, давай-давай!
Грузчыкi зноў адзiн за адным падыходзiлi да вагона, станавiлiся спiною i нагiналiся, выцягнуўшы назад тоўстыя з патрэсканымi далонямi рукi.
Асiплым, пракураным голасам там, у пакгаузе, пачынаў спяваць Вунгер:
Ты мне мувiла, жэ замонж не пуйдзеш,
А тэраз з iнным шлюб взенла…
– Во, чуеш, ён, мусiць, iзноў успомнiў жонку таго каляяжа, – сцягваў верхнiя мяшкi i жмурыўся, каб не запарушыць вочы, Платон Верамей.
– Эх, мувен пану, кавал рэпы! Персi, як цясто на макарон! – гукнуў з цемнаты пакгауза Вунгер.
– Гы-гы-гы, а ты ўжо i памацаў, – зарагатаў нехта з грузчыкаў.
– Для хцонцэго нiц труднэго.
– Хi-хi, га-га, – душылiся ад смеху грузчыкi.
– I чаго вас дрэчыць, чаго? Дайце паслухаць, вунь нешта чалавек крычыць, – Давыдоўскi, прыклаўшы да вуха далонь i схiлiўшы набок голаў, падбег на край падлогi.
Сюды, да пакгауза, падняўшы ўгору абедзве рукi i трасучы iмi, бег i крычаў нешта той самы чалавек у чорнай рагатыўцы.
– I што ён крычыць? Вы чуеце, што ён крычыць? – Давыдоўскi азiрнуўся на грузчыкаў.
Выцiраючы ад цэменту сухiя рукi, яны падыходзiлi ўжо сюды, дзе стаяў Давыдоўскi. Нейкi ўжо насцярожаны, з вытрашчанымi вачмi, з вагона выскачыў Платон Верамей – на яго пляскатай з выгнутым брылём кепцы, на грудзях, на зморшчаных рукавах старога шарачковага пiнжака бялеў пыл.
– I што там такое? – высунуўся з пакгауза i прыпёрся адным плячом да вушака Вунгер.
– Хлопцы вашы вуньдзека, хлопцы!.. – падбегшы сюды, задыхнуўся чыгуначнiк у чорнай з лакiрованым брылём рагатыўцы.
– Што хлопцы, ну што? – затрос абедзвюма рукамi Давыдоўскi.
– Задушылiся ў цыстэрнi…
– Перахрысцiся, чалавек, што ты кажаш!
– Ну, – засоп задыханы чыгуначнiк i выцер рукою белы пад рагатыўкаю лысаваты лоб. – Вунь аднаго ўжо дасталi.
Грузчыкi раптоўна змянiлiся з твару, падцялi губы, апускалi, хаваючы адзiн ад аднаго, вочы.
– Ну што? Што стаiмо? – Платон Верамей зверавата азiрнуўея на ўсiх i першым скочыў з выступу падлогi, з рыжае раскалмачанае галавы ў яго звалiлася i лягла дагары, паказаўшы чорнае ад поту дно, кепка. Ён скоранька падхапiў яе.
Дубатоўцы адзiн за адным скакалi на тлустую ад мазуту зямлю мiж рэек. Прысядалi i хваталiся адною рукою, каб не звалiлася кепка. Астатнiм злазiў, задзiраючы стракатую ясёнку, тоўсты, няспрытны Давыдоўскi. Платон Верамей ужо бег пуцямi туды, да нiзкага прысадзiстага склада з абсмоленым блiшчастым дахам, дзе за чырвоненькiмi вагонамi, за доўгаю, наладаванаю белымi сырымi дошкамi платформаю стаяла цыстэрна. Там вiлiся стракатаю хмаркаю патрывожаныя галубы.
– Гэй, стой, поезд вунь! – крыкнуў Верамею чыгуначнiк у рагатыўцы, зiркаючы то на чорны паравоз, што высунуўся з-за пераезднае будкi, аглушыўшы ўсё раптам нiзкiм грукатам, то на Верамея, што бег, высока паднiмаючы ногi i пераскокваючы цераз рэйкi.
На стрэлках суха, як церлi жалеза аб жалеза, завiшчалi колы, паравоз, здаецца, аж хiснула ўбок – па рэйках пайшоў тугi звон. З паравоза высунуўся мурзаты з белымi зубамi машынiст, трымаючы ў руцэ драцяны абруч жэзла. На вагоны з цэментам, на бляшаны, ужо мутнаваты, як вада ўвосень, дах пакгауза падаў клубкамi белы з жоўцю дым.
Перад грузчыкамi, мiльгаючы вялiкiмi чырвонымi коламi, праляцеў чорны паравоз, дыхнуў распараным цяплом i мазутам, мяккаю багнаю загойдалася тугая зямля.
Угiнаючы на стыках рэйкi, затахкалi, замiльгалi дзвюма дзiрачкамi чорныя ад мазуту колы вагонаў. Грукат закладваў вушы.
Ганяючы вецер, ляцелi, злiвалiся ў адзiн цёмна-карычневы бясконцы пас вагоны. Не спыняючыся, поезд мiнаў станцыю.
Нарэшце пас абарваўся, раптоўна адсланiўшы перад вачыма свет. Пахiстваючыся, з цяжкiм жалезным грукатам паляцеў астатнi вагон. У тамбуры, пад доўгiм застрэшкам, курчыўся, хаваючы, як у муфту, у рукавы свае скачанелыя рукi, кандуктар.
Грузчыкi пачалi перабягаць гэтыя, яшчэ, здаецца, гарачыя, выкатаныя да сiвага алавянага бляску рэйкi, у якiх ныў тугi грукат i звон.
Астаўшыся ад усiх, соп i блытаўся ў доўтiх полах ясёнкi распараны, змакрэлы Давыдоўскi.
Каля цыстэрны ўжо стаяў палахлiвы, як на пажары, галас. Растрывожаным мурашнiкам варушылася купка нейкiх чужых, што збеглiся сюды, людзей.
Перабiраючы рукамi тонкiя пруты жалезных драбiнцаў, на цыстэрну лез Платон Верамей. У адкрытым люку хавалася ўжо нечая зiмовая, з зашпiленымi наверсе вушкамi, кепка.
– Стой, куды лезеш! Стой, кажу! – задыхнуўся ад крыку Давыдоўскi i, ужо не могучы бегчы, прыцiшыў хаду – трымаўся абедзвюма рукамi за грудзi. – Люк нiжнi адчынi, люк!..
– Адчынiлi даўно… Чаго ён там? – нехта са злосцю аказаўся з купкi. – Схадзiў, бачыш, па розум… Трэба было гаварыць iм!
Купка расступiлася. Сапучы адзiн аднаму ў плечы гарачаю параю, задзiраючы галовы, дубатоўцы шылiся туды, блiжай да цыстэрны, дзе на тлустай, выгаранай ад мазуту зямлi, у неглыбокай, даўгаватай, як начоўкi, ямцы, падвярнуўшы галаву i ўпiраючыся цеменем у шпалу, выпручваўся, дзёр абцасамi тлусты пясок, выгiнаў спiну, як хацеў з-пад некага выцерабiцца, зжоўклы ў твары, страшны, з перакошаным ротам даўганосы Восiп.
Рукi яго з растапыранымi пальцамi выцягвалiся i дрыжалi, як дрыжаць i выцягваюцца лапкi ў падбiтай насмерць пташкi. З кутка рота, пенячыся бурбалкамi, iшла слiна.
– Паветра яму дай, паветра, – разводзячы локцямi дубатоўцаў, да Восiпа лез Вунгер.
– Ага, гэта ж як чад…
– А што, i праўда…
Вунгер укленчыў, з сухiм трэскам разлупiў у Восiпа на грудзях паркалёвую ў жоўтыя выцвiлыя пасачкi рубашку, загаляючы худыя, сiнявата-белыя з чорным пушком грудзi.
Восiп пачаў раптам неяк вянуць, згортвацца, як сыры лiст на агнi, захлiпаючыся, хроп. У нерухомых жаўтаватых зрэнках чах нежывы бляск.
Вунгер злавiў яго вялiкую руку, знайшоў вышай костачкi пульс, паслухаў, пакруцiў галавою i падняўся, абцiраючы з каленяў пясок:
– Гэты ўсё… гэты ўжо гатоў.
Падцiнаючы губы, грузчыкi моўчкi саплi. Чулi, як мурашкамi па спiне казычацца холад.
– Хлопцы, а гэты жывы, яшчэ жывы! – з люка цыстэрны высунуўся i схаваўся зноў руды, пабiты воспаю твар татарына Кулемiна.
– Няўжо? – на зямлi заварушылiся, пачалi падбягаць да чорнай смярдзючай цыстэрны – ад яе ўдушлiва пахла бензiнам.
– Во, пульс яшчэ б’ецца! – глуха, як з глыбокае ямы, закрычаў Кулемiн.
– Цягнi ж скарэй! – стоячы на жалезных, прыробленых да цыстэрны драбiнцах, у люк пераважыўся, усунуў голаў Верамей. Цi то ад страху, цi то ад пруткасцi, ногi ў яго дробненька калацiлiся.
– Пад пахi вазьмi, цi чуеш? Пад пахi!
– Хлопчыкi, памажэце ж iм, хлопчыкi!.. – за драбiнцы чапляўся, не дастаючы кароткаю нагою да нiжняе ляскi, тоўсты Давыдоўскi.
Усунуўшыся глыбей у люк i згубiўшы там сваю кепку, Платон Верамей выцягнуў наверх ужо звялага, з абвiслаю галавою Сяргея Рэпку.
Да цыстэрны кiнулiся, замiнаючы адзiн аднаму, i стаўклiся, як бяспамятныя з гарачкi, дубатоўцы.
Трымаючыся адною рукою за драбiнцы, а другою абхапiўшы Сяргея Рэпку, як нясуць, абхапiўшы, пад пахаю тоўсты сноп, Платон Верамей спускаўся да зямлi. На Рэпку задзiраўся шарачковы пiнжак з чырвонаю радзюжнаю падкладкаю, з порткаў выязджала палатнятая згамтаная сарочка, паказваючы сiняе вышэй клуба цела.
Падступаючыся, выцягнуўшы ўгору рукi, дубатоўцы падхвацiлi Рэпку i ўсе разам, збiўшыся з хады, паняслi яго далей ад Восiпа, на рудаватую, як зайцава поўсць, траву.
З перапалоханым дзiвам за iмi беглi, шастаючы нагамi па высушанай замаразкам чэзлай траве, i цесна абступалi iх пазбяганыя адусюль чужыя людзi.
– I чаго вы ўсе працеся туды, чаго? – з цыстэрны вылез i крычаў ужо чырвоны, сп’янелы ад удушлiвага бензiнавага духу татарын Кулемiн. – Вот, скажы ты, дзiва знайшлi! Каб доктара хоць паклiкалi.
Некаторыя прыпынiлiся, пачалi азiрацца.
– Дзе ж той дохтар жыве, дзе?
– На Касцельнай!.. Пятроўскi вунь!..
– I проўда ж!
– Я збегаю, я, – з купкi выбег дробны, год шаснаццацi, з заечай чырвонай губою, хлопец.
– Ага, збегай, сынок, ага, – замахаў абедзвюма кароткiмi рукамi Давыдоўскi.
Угнуўшыся, высока падкiдваючы абцасы, хлопец абмiнуў цыстэрну, пераскочыў iржавыя тут, у тупiку, рэйкi i схаваўся за рогам дашчанага склада, падняў з даху стракатую хмару галубоў. З усяе моцы ляпаючы тугiмi, як макраватымi, крыллямi, галубы паднялiся ўгору, з мяккiлi шумам паплылi, робячы шырокi круг, коса завярнулi назад, але не селi. Перапалохаўшы, iх зноў паднiмаў угору тонкi бабскi крык. З блiзкае вулiцы, што была за чыгуначнымi складамi, сюды збягалiся задыханыя, устрывожаныя мяшчане. Нехта нёс, разлiваючы, у палiваным белым кубку ваду.
– Ах, божачка, што з iмi? – бабы навальвалiся на чужыя плечы, дыхалi гарачынёю ў вуха, глядзелi, як Вунгер трос, узяўшы за плечы, i ўжо не мог адтрасцi Сяргея Рэпку.
– I з чаго ж гэта, га?
– Як з чаго? – трохi паварочваў назад голаў – збоку былi вiдаць пукатае карае вока i добра не выгаленая бародаўка на шчацэ – чалавек у чорнай рагатыўцы. – Чысцiлi цыстэрну, а там яшчэ газ ад бензiну быў. Люк трэба было адкрыць – праветрыць, а яны палезлi абсэсам…
– Няхай крые бог! А я i не ведала, што бензiна – гэтакая атрута.
– Дзiва што, як чад.
– А-яй-яй-яй!
Чыгуначнiка ўжо абступiлi, цiснулi, каб паслухаць, тыя, хто толькi прыскочыў сюды.
– То чаму ж не ратавалi? – чалавек у доўгай суконнай бурцы, падвязанай жоўтым путам, паторкаў ялаўцовым пужальнам у сваю кепку – падсунуў яе вышай на лоб.
– Ага, скажаш, – абярнуўся да яго чыгуначнiк у вострай i зашмальцаванай з-заду рагатыўцы. – Такi газ… Усунься, не ведаючы. Добра, што грузчыкi блiзка былi ды вунь зналi, што трэба нiжнi люк адкрыць. А то ж дастаў бы ты iх? Скажаш…
Людзi круцiлi галовамi i цiха адыходзiлi ад чыгуначнiка, лезлi ў цесны круг, што самкнуўся над нябожчыкамi.
Восiпа таксама прынеслi ўжо сюды, на гэтую сухую белаватую траву ў счарнелых калiвах палыну i нiзкага крываўнiку. Вострая, трохi раздвоеная Восiпава барада з нявыгаленым худым падбародкам задралася ўгору. Каля вуха, займаючы мочка, разыходзiлася, паўзла па пашчэнку цёмна-лiловая пляма. З твару не сыходзiла i ўжо камянела зацятая пакута. Поруч, падкурчыўшы каленi i неяк нядобра падагнуўшы руку, цiха, як у салодкiм ранiшнiм сне, застыў Сяргей Рэпка. У кутку яго пасiнелых, падцятых губ тлеў прыхаваны смех – здаецца, Сяргей пасмiхваўся яшчэ з доўгага Восiпава носа.
Апусцiўшы звялыя, сiвыя ад цэменту рукi, каля iх стаяў Вунгер, утрапёнымi вачыма глядзеў недзе на чырванаватую скалмачаную нагамi траву, на жаўтлява-зялёны здратаваны мох, што заняўся тут пад самую восень.
– Вады можа дайце, – сказала, працiснуўшыся сюды, у цесны круг, баба з палiваным кубкам.
Вунгер павярнуў голаў, зiркнуў на яе адным вокам i нiчога не сказаў.
– Што з тае ўжо вады, – Платон Верамей жменяю прыгладзiў жаўтаватыя, рэдзенькiя над лобам валасы i раптам заморгаў чырвонымi векамi, засоп носам i, не выцiраючы слёз, пашыўся з круга: – Трэба ж iсцi сем’ям наказаць…
– Шапку не забудзьцеся, шапку! – апомнiўся i крыкнуў, падступаючыся i гледзячы цераз чужыя галовы, Вунгер.
Людзi заварушылiся. Сюды ўжо, разводзячы адною рукою цесны круг, а ў другой трымаючы тоўсты, як куфэрак, сакваяж, цiснуўся немалады распаўнелы доктар з белаю, клiнком, бародкай. На яго вастраватым носе паблiсквала высокая дужка пенснэ.
XII
На старым абымшэлым крыжы, што стаяў перад вёскаю, вецер бэрсаў i рваў аб’еханы кужэльны ручнiк.
З яснаватай, прарэзанай у навале цяжкiх хмар шчылiны дыхала азыраватым холадам. На падсушаную замаразкам зямлю драбнюткiм макам церушыўся поцемак. Глыбокая, як вада ў патоп, цемната залiвала равы i лагчыны. На балоце гiнуў i тапiўся ў ёй малады сiняваты алешнiк.
Чарнела, злiваючыся з рудою раллёю, зялёная рунь на грудах. Толькi нявыбеленым палатном слалася чэрствая пясчаная дарога. Вецер дзёр на ёй i гнаў у вёску сухi горкi пясок – здаецца, яго паднiмала, вырываючыся i б’ючыся адным крылом, вялiкая падбiтая птушка.
На стрэхах гумнаў i хат шапацела распэтланая, задраная пукамi салома. Тугою распасцёртаю радзюжкаю бухаў каля вуглоў вецер. Навобмацак гроб каля плота з сухой травы, з кустоў пруткага голага бэзу паскручванае ў трубку сатлелае лiсце, з шоргатам гнаў па ўкамянелай вулiцы.
На старых бярэзiнах цякло i шумела, нiбы вада ў застаўках, доўгае вецце. У вiлаватых клёнаў трашчалi, адколваючыся ад крохкага камля, цяжкiя лапы.
У нiзкiх, паўсяданых у чарнату хатах моргаў палахлiвы агонь, на шкляных газоўках, што стаялi пры комiне, хiсталiся чырванаватыя стужкi курнага полымя.
Ляпалi закурэлыя чыгунныя юшкi, звонячы, сыпалiся на iх адлушчаная цэгла i цвёрдая, як жарства, сажа.
– Божа лiтасцiвы, якая бура! – уздыхалi бабы, седзячы на лаве пры печы i скубучы наўздагад каструбаватую кудзелю. Пстрыкаючы верацёнамi, старалiся хоць прыхваткам папрасцi пачынак.
Мужчыны сядзелi ўнурыўшыся, напрацаваныя за дзень на малацьбе, драмалi пры стале, падпёршы рукою шчаку.
Толькi дзецi, дзеразуючыся на печы, пiшчалi, як разгуляныя сярод ночы мышы, – яны, мусiць, як чулi, так i забылiся пра тую страшную весць, што прыйшла сёння ў Верасава разам з гэтым ветрам.
Яшчэ перад полуднем прывёз яе Iмполеў брат Платон, прыехаўшы ў Верасава на дамскiм ровары з угнутаю рамай i мiгатлiвай, як вясёлка, сетачкаю над заднiм колам.
Спынiўся каля самае першае i найблiзшае ад шашы Лiтаваравай хаты – на надворку быў якраз Бронiк, нязвыкла для чужога вока, трымаючы ў левай руцэ сякеру i высунуўшы з перакрыўленага рота ружовы кончык языка, сек дровы.
Не злазячы з сядла, Платон узяўся адною рукою за шарую штыкецiну старога, абсыпанага лiшаём плота i, не павiтаўшыся, спытаў:
– Скажыце, а дзе тутака Рэпкi жывуць?
Лiтавар яшчэ секануў ляўшою па тоўстым алехавым палене, раскалоў яго наўскасяк i падняў свой гарбаваты, спушчаны да губы нос.
– Пытаеце, Рэпкi? – i, выцягнуўшы шыю, паказаў гэтым доўгiм пад малою кепкаю носам туды, дзе збоку вёскi, за рудым поплавам, за смугою маладога алешнiку, на грудах, чарнелi, як напрадвеснi гной, кучы Прылуцкiх хутароў. – Вунь там, на хутарох, яны.
Сцiскаючы пад барадою незавязаную суконную хустку, з сяней высунулася старая Лiтаварыха, спытала шапялявым ад бяззубага рота голасам:
– А нашто яны вам?
– Пытаеш?.. Трэба чалавеку, – Лiтавар са злосцю ўбiў у лагчынку падзёўбанае калоды цяжкую з гарбатым тапарышчам сякеру.
– Бяда з iхнiм Сяргеем прылучылася, – сказаў i адвярнуўся, каб схаваць свае вочы, Платон Верамей.
– Ах, лiха! Што ж такое?
– Задушыўся Сяргей… Палез чысцiць цыстэрну, а там бензiн быў…
– Матка найсвенша, каторы ж гэта?
– Ну старшы iхнi! Каторы, каторы… – перакрывiў мацеру Бронiк Лiтавар.
– Гэта той, што табе голаў расквасiў?
– I што ты да чаго гаворыш! – зморшчыўся Бронiк i пераступiў цераз горбу ружаватых алехавых дроў.
Платон адапхнуўся рукою ад плота, зарыпеў тугiм ланцугом, заварочваючы на вузенькую, выплесканую нагамi сцежку.
I калi ў раўку, што аддзяляў Лiтавараву хату ад вёскi, зазвiнеў, недзе наскочыўшы на каменьчык, яго ровар i схавалася белаватая, абцярушаная цэментам кепка, Лiтавар зноў упiкнуў мацеру:
– Вот не ведаеш, дзе ўваткнуць свой язык.
– А што ж я такое сказала?.. Бо й проўда…
Бронiк са злосцю папхнуў незашчэпленыя веснiкi i, усунуўшы рукi ў кiшэнi, пайшоў да Мондрых – дзверы ў iхнiм гумне былi адчыненыя. Адтуль чуўся нiзкi глухi грукат – бiлi недзе па неразвязаных снапах, палажыўшы новы пасад. Бахбахбах – малацiлi ўзасаб тры цапы: мужчынам, пэўна, памагала Алеся.
Бронiк Лiтавар паслухаў гэты бесперабойны вясёлы ляскат цапоў, што аддаваўся за вугламi чужых будынкаў, i зайшоў у закуранае пылам гаркаватае гумно, каб расказаць нечаканую i страшную весць.
Адсюль, з гумна, яна, трохi перайначаная, распаўзлася, як прусакi ў цемнаце, па ўсiм Верасаве, прыдумляючы i дакладваючы сваё, усе сталi гаварыць, што Давыдоўскi знарок паслаў у тую «шасцерню» Сяргея Рэпку.
Цяпер па вёсцы гэтую чутку насiла, забягаючы з хаты ў хату, Ваўчкова Вольга, як i заўсёды, распэтланая, з пасiнелымi ад холаду лыткамi, у старым незашпiленым кажушку з абцёртаю апухаю i вышмарганымi да чорнага бляску поламi нiжэй кiшэняў.
Задыхаючыся ад ветру i чуючы, як ён цячэ ў рукавы, студзiць сцёгны пад лёгкаю паркалёваю сукенкаю, шыецца вострым холадам праз незашпiлены кажух да грудзей, Вольга абышла адзiн канец вёскi i вярнулася ў свой. Спатыкаючыся ў нiзкай чарнаце, дабегла да Корсакаў: у хаце пад столлю свяцiла лямпа, за спацелымi падвойнымi вокнамi быў чуваць дзявочы голас i смех – дзяўчаты, мусiць, пазбiралiся на прадзiва.
Вольга пастаяла на глухiм надворку, не рашаючыся зайсцi ў хату – успомнiла, як надоечы прыходзiў да яе сварыцца за Мiцю стары Корсак, – i каля хлявоў i гумнаў выйшла на другую вулiцу.
Тут у хатах яшчэ не было агню, толькi з-пад наеханага каўпака Пытлевай страхi глядзелi жоўтыя вокны. Недзе там ляпалi аб дубовае шула i звiнелi зашчапiцай веснiкi. Гайдаючы цяжкае акованае вядро, рыпеў у цемнаце журавель. Вольга аж збiлася з хады, успомнiўшы ўчарашняе.
Учора зранку, прыбегшы сюды, пад калодзеж, з двума пустымi вёдрамi, Вольга ўбачыла на другi бок плота старога Пытля – падпiльнаваўшы яе з акна, ён, мусiць, скоранька выбег на двор i стаяў у доўгай, не ўвабранай у порткi сарочцы, босы i без свае авечае шапкi на лысай галаве.
– Вады не дам! – сказаў ён цераз плот, прытоптваючы абедзвюма рукамi доўгiя, стрыжаныя «пад гаршчок» валасы.
– Чаго вы, дзядзько? – Вольга прыгнулася, знiмаючы з плячэй каромысла, каб схаваць свае вочы.
– Яна пытае яшчэ чаго? А зводы хто носiць, хто абмаўляе з пят да галавы?
Вольга i без гэтага дагадалася, што да Пытля дайшла тая чутка цi мо праўда, якую яна расказвала стрэчным i папярэчным бабам, што меншая Пытлева дачка Даня, дальбог, сама бачыла, хусткаю ўкручвае ды ўцiскае жывот, каб не было пазнаць, што яна тоўстая. Бо гэта ж яе з дварчанскае сушнi, дзе Даня рабiла кожную восень, чысцiла машынкаю яблыкi, падвозiў дадому Конi Грах – кажуць, нейкi татарын цi грэк, што з яўрэем напалам трымаў гэтую сушню.
А Вольга знарок, быццам нiчога не ведаючы, здзiвiлася:
– Што вы, дзядзько, кажаце?
– А што чуеш. I пайшла, сучка, вон!.. Iдзi пабрашы яшчэ, а вады не дам.
– А за што я трыннi жала, га? – Вольга паставiла пустыя вёдры, выпрасталася i закрычала мацней: – За што? Каб ты захлiснуўся сваёю вадою, каб цябе ёю астатнi разок памылi!
Блiснуўшы аблыселаю макаўкаю галавы, Сымон Пыцель схаваўся ў сенях, а Вольга, стоячы з пустымi вёдрамi, крычала ў Сымонавы вокны, завешаныя белымi памярэжанымi фiранкамi:
– Гэта ж я тры дзянёчкi жала, каб цябе зжала якое лiха. Во, палец парэзала, яшчэ нарасць не сышла.
Вольга выставiла руку i азiрнулася, цi бачыць хто яшчэ: у цёмных сухаватых шыбах суседнiх хат раставалi невыразныя здалёк твары – цiкаўныя бабы адыходзiлiся ад вокнаў.
Задраўшы голаў, Вольга яшчэ закрычала ў сляпыя суседнiя вокны:
– Во паглядзеця, людцэ добрыя, ён вады мне не дае!.. То няхай сплоцiць за тыя тры дзянёчкi! А воду я знайду за такую плату! Параблю людзям i знайду…
Але вады Вольга так i не набрала, прыйшлося iсцi ў другi канец вёскi да Залахчынавых – калодзеж быў там пры самым балоце, вада з яго пахла гразёю, гнiлым аерам, як з завонi.
Цяпер, зiркнуўшы на журавель, што вiсеў на вiлаватай бабе – укапаным слупе, – як нейкая вялiкая камарова нага, на вокны Пытлевай хаты – там на белых фiранках мiльгаў, варушыўся нечы цень, – Вольга прыспешыла хаду i, чуючы, як у вушах шумiць гэты моцны ледзяны вецер, скiравала да Мондрых. Яе брала цiкавасць паглядзець на Алесiных малацьбiтоў. Цi ж праўду кажуць у вёсцы, што з адным з iх – маладым i надта харошым – Алеся злюбiлася.
За плотам шумеў, шоргаў аб частаколiны голы вiшаннiк. У мiтуслiвай цемнаце гародчыка звiнелi пустымi галоўкамi ссохлыя кветкi. Шастаючы, як папераю, вецер мёў па надворку, закручваў у горбачку сухое лiсце.
Прытоптваючы нагамi гэта шапаткое чуткае лiсце, Вольга незнарок устрывожыла заядлую сучачку. I тая забурчала, недзе шчэрачы зубы i дзеручыся пад падрубу.
Стулiўшыся ад ветру, што дзьмуў сюды, на ганак, вострым скразняком, Вольга ўчула, як з хаты ў сенi завiшчалi не змазаныя на завесах дзверы i Алеся прытупнула на сучачку:
– Пайшла вон! Абы чалавек да парога, так яе ўжо разбiрае нейкая халера.
Вольга пайшла на жаўтлявую яснасць у пройме дзвярэй i ў хаце ўжо сказала, нагнуўшыся i тручы рукамi настылыя каленi:
– Ну i халадэча, ну i вятрыска.
– I проўда ж, дзе вы бачылi, – азвалася на яе голас старая Мондрыха, што сядзела на лаве над кошыкам, абiраючы i плюхаючы ў саган з вадою картоплi.
– Гэта ж заўсёды так, калi чалавек павесiцца цi памрэ, – зiркнула Вольга на чужых у хаце людзей – што скажуць яны.
Адзiн з iх, немалады ўжо, з чубком натапыраных на лысаватай галаве валасоў, з няголенымi паўпаданымi шчокамi, паплёўваючы на рукi, вiў дратву, зачапiўшы яе за цвiк на слупку печы, другi – малады, чарнявы, гарбаносы, як баран, – сцiснуўшы мiж калень, тачыў трохкантным напiльнiкам сякеру, сыпаў сабе на порткi сiвенькую парахню жалезных апiлак.
– Чорт душу забраў, а цяпер радуецца, скача, – сказаў стары малацьбiт, качаючы наслiненымi далонямi распушчаны кутасiк канапель.
– Цi чулi ж? Дак кажуць, што той Давыдоўскi знарок паслаў Сяргея ў гэтую шасцерню, – Вольга ўсё не спускала вока з маладога малацьбiта.
– Няўжо? – паднялася на лаве старая, вытрасаючы з фартуха ў кошык лупiны.
– Дальбог! – пабажылася Вольга.
– Можа, выдумляюць… – стары малацьбiт шмаргануў рукою па звiтай дратве.
– Ды чаго ўжо людзi не прыкладуць, – Алеся зайшла i стала мiж Вольгай i Iмполем, засланiла яго ад Вользiных зяркатых вачэй.
Толькi нямая, цiха седзячы на лаве, лушчыла ў жоўты палiваны збаночак з сухiх струкоў шарую фасолю ды Iмполь, не ўмешваючыся ў гутарку, шоргаў напiльнiкам па затупленай сякеры.
– Мая ты любко, чаго цяперашнiм часам не бывае, – Вольга нахiлiла голаў, каб яшчэ з-за Алесiнага пляча глянуць на Iмполя, але стрэлася з прыжмуранымi Алесiнымi вачмi, учула, як тая сапе, раздзьмуўшы злыя ноздры, i сумелася:
– Ой, забавiлася я, мае ж удома без вячэры сядзяць.
Шморгнуўшы кажухом аб вушак, адчынiла дзверы, але, мусiць, убачыла, як блiскае зялёнымi вачмi ў цемнаце сяней заядлая сучачка, i ўскочыла ў хату. Крыва засмяялася:
– Дальбог, укусiць!
– Не, яна ўжо не чэпiць, – зняўшы з цвiка дратву, да дзвярэй падышоў стары малацьбiт, наводмаш папхнуў iх рукою i патрос у сенi жоўтым абкураным пальцам: – Сцiхнi, кажу табе.
Вольга прашмыгнула праз сенцы на двор, прыпынiлася за веснiкамi, абвыкаючы да цемнаты, перабiрала ў памяцi: да каго яна яшчэ не схадзiла.
Душу яе, як вада слiзкi зялёны камень, аблiвала радасць, што будуць гаварыць пра смерць Сяргея Рэпкi ў вёсцы цяпер так, як расказала яна. I Вольга не чула нi сораму, нi брыдкасцi, а толькi радасць: ёй нават верылася самой у тое, што яна выдумляла.
На грудку за неглыбокiм, па берагi залiтым цемнатою ровам прыплясканымi каўпакамi стрэх паднiмалiся Лiтаваравы будынкi. Вольга ў Лiтавараў яшчэ не была.
Абцягваючы падняты купал сукенкi, пабегла туды. Пад пахi, як пташку на распасцёртых крыллях, яе паднiмаў тугi вецер. Пад нагамi бэрсалася густая цемната. Шарэла, выплываючы, як утопленая крыга з цёмнае вады, сухая пясчаная вулiца.
Каля застрэшка Мондравай хаты шастаў саломаю, густа шумеў, як у сухiм троснiку, вецер. Забiваў Вользе дух, як малое дзiця, што не ведае яшчэ брыдкасцi, паднiмаў на ёй сукенку, аблiваў холадам сцёгны.
Сярод вулiцы нешта раптам зачарнелася, нiбы паднiмаўся п’яны. У Вольгi абмякла сэрца, яна адскочыла ўбок i раптам засмяялася сама з сябе – пазнала той пляскаты з выдзеўбленым умшэлым крыжыкам камень, што ляжаў тут на вулiцы напроцi Мондрых. I каб не ведала, што ён тут ёсцека, але ж уночы ўсё, як нанава, бачыш…
Завярнула з дарогi, абмацваючы нагамi сцежку, што паднiмалася на грудок да Лiтаваравага плота, i зноў самлела ад страху. Злiваючыся з цемнатою, нехта папраўдзе iшоў сюды – заскрыгаталi на ржавых завесах веснiкi.
– Ой, хто гэто? – каб перамагчы свой страх, спытала Вольга.
– Гэта я… Не бойся! – голас быў Лiтавараў.
– Ой, начысто перапалохаў, – паспакайнела Вольга.
– А ты ўжо такая баязлiвая, – ён заступiў ёй дарогу.
– Дальбог, вунь каменя i таго спалохалася, – яна распазнала яго белаваты ў цемнаце твар.
– Ну? – Лiтавар, распасцёршы рукi, злавiў яе, прыцiснуў да сябе, засоп недзе каля вуха: – I нiц сабе выходзiць?..
– Не чапiсё… Цi табе дзевак нiмашука?
– З бабамi латвей… Дзеўка покуль рассмакуецца…
– А за Корсакаваю наймiчкаю, нябось, бегаеш?..
– Бо цябе рэдка калi зловiш.
– Не гавары абы-што, – Вольга выкруцiлася з яго рук, паўзiралася ў густы, збэрсаны ветрам поцемак, зашаптала: – Цi чуеш, нехта як плача?
– Дзе?
– Як на шашы сяроўна…
Лiтавар насцярожыўся, кашлянуў i таксама пачаў слухаць.
Недзе здалёк, з-за Лiтаваравай хаты, быў чуваць заглушаны, разарваны ветрам плач.
– Мо Рэпкавага Сяргея вязуць? – Вользiн голас залекацеў i ад холаду, i ад нечаканае здагадкi.
Топячыся па самыя пахi ў глыбокай цемнаце, Лiтавар высунуўся з-за невысокага плота на ледзяны вецер, прыгнуўся, узiраючыся на шашу. Пад мiгатлiвымi, разарванымi сеткамi бярозавага вецця варушылася фурманка, на бiтых каменнях ляскаталi колы. Захлёбваўся ад ветру сплаканы кабечы голас:
– А сыночак мой, а дзiцятка маё, а чаму ж ты маўчыш, а чаму ж ты слова не абмовiш?..
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?