Электронная библиотека » Сяргей Балахонаў » » онлайн чтение - страница 5


  • Текст добавлен: 19 ноября 2018, 16:40


Автор книги: Сяргей Балахонаў


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 5 (всего у книги 13 страниц) [доступный отрывок для чтения: 4 страниц]

Шрифт:
- 100% +

А вось крыжакі ў адрозненні ад мангола-татараў чараўніцтва не прыймалі і дазвалялі сабе безразважныя рэйды, як за шэсць стагоддзяў перад тым рабілі остготы. Лівонскі храніст Балтазар Швейгер апавядае, што недзе ў 20-ыя гг. ХІІІ ст., з Рыгі ў полацкія землі быў адпраўлены атрад крыжацкіх навабранцаў. Выправа была не столькі ваенным паходам, колькі азнаямляльнай экскурсіяй. Яе маршрут праходзіў удалечыні ад ключавых аб’ектаў, якія звычайна цікавілі крыжацкіх агрэсараў. Верагодна, гэта рабілася дзеля таго, каб паказаць навічкам дзікасць краю, які трэба навярнуць у каталіцкую веру. І вось гэтыя горкія юнакі выпадкова прыехалі да таемнай лясной пасекі.

«Рыцары маладыя не разумелі толкам, што за відовішча адкрылася перад іх вачыма, – піша Швейгер. – Пасярод высокай і густой крапівы стаялі дамкі-калоды. Ад дамка да дамка хадзіў тубылец, апрануты ў дзіўныя шаты, і пасыпаў кожны дамок зямлёй». Крыжакі сталі міжвольнымі сведкамі магічнага рытуалу, які здзяйсняў пчаляр, каб засцерагчы пчолаў ад розных сурокаў, псоты і сіндрому нечаканага пералёту ў іншыя мясціны. Сведкі, агоўтаўшыся ад першага здзіўлення, вырашылі папужаць «тубыльца» і змусілі сваіх коней адначасова заіржаць. Пчаляр скалануўся ад неспадзяванага конскага іржання, але не настолькі, каб пачаць дрыжаць ці заікацца, як спадзяваліся немчыкі: «І павярнуўся да іх тубылец той, і кінуў пад капыты конскія жменю зямлі, што ў руках трымаў. Пачалося нешта неймавернае для сэрца хрысціянскага. Крапіва расступілася на ўсе бакі і паўстала вакол, быццам дрэвы карабельнага лесу. Вочы тубыльца свяціліся чырвоным агнём бясоўскім. З дамкоў-калод павыляталі пчолы і з’ядналіся міжсобку так, што ўтваралі сабой агромністую постаць чалавечую. Апантаны д’яблам падняў руку і сказаў вершнікам на сваёй гаворцы: «W tzuzij Medok ne suj Chabatok!». Пасля гэтых страшных словаў пчаліныя раі той самай постаццю рушылі на нашых навабранцаў і сталі пляжыць іх, як бы сапраўдны гігант пляжыў». Пасля выхаваўчага сеансу крапіва расступілася, а крыжакі паскакалі ў Рыгу. Зверхнікі Лівонскага Ордэна былі нямала здзіўленыя той акалічнасцю, што навабранцы, вярнуўшыся з Полаччыны, доўгі час на пытанне: «Што здарылася?» адказвалі па-крывіцку: «A trastze jeho wedaje!».[73]73
  Balthasar Shweiger. Chronica der Provinz Lyfflandt und das Maerchen „Keinohrhasen». Berlin, 1899. S. 114–117.


[Закрыть]
Пазней многія з гэтага атраду перабеглі да полацкіх князёў або літоўскіх кунігасаў.

У часы жорсткіх феадальных міжусобіц крывыя пчолы не здолелі перамагчы ўзаемную варажнечу князёў Старое Беларусі. Магчыма, гэта быў свядомы выбар захавальнікаў традыцый сакральнага пчалярства, і яны не дазвалялі раям крывых пчолаў умешвацца ў барацьбу, помсцячы за страту свайго ранейшага становішча. Інакш цяжка вытлумачыць, чаму пчаляры сталі спрыяць аб’яднанню нашай разарванай на шматкі Радзімы толькі з сярэдзіны ХІІІ ст. Тое, што заснавальнік Вялікага княства Літоўскага Міндоўг быў вылучэнцам сакральных пчаляроў, ускосна пацвярджаецца адной з формаў яго імя, якая сустракаецца ў першай вядомай на сёння згадцы пра яго на старонках «Галіцка-Валынскага летапісу» – Мидогъ.[74]74
  Грушевський М. Хронологія подій Галицько-Волинського літопису // Записки Наукового товариства ім. Шевченка. Львів, 1901. Т. 41. С.16.


[Закрыть]
Гэта нішто іншае, як перакручаны на пісьме варыянт мянушкі Мядок.

Фармаванне асновы будучага Вялікага княства Літоўскага адбывалася з выкарыстаннем крывых пчол. «Тайны летапісец вялікіх князёў літоўскіх» паведамляе, што ў аб’яднаўчых выправах Міндоўга амаль заўсёды ўдзельнічалі «исполины литовские, крывские, ятвяжские, якие конно ехали, а на спинах власных мевали борти з пчолами. Пчол оных везли, абы навертать всих до уму а разуму кревности».[75]75
  Тайный летописец Великих князей Литовских. Рукапіс з прыватнага збору гомельскага калекцыянера старасветчыны Стывенсана Я. П. Пагінацыя адсутнічае.


[Закрыть]
У некаторых выпадках замест «исполинов» (рэальных асілкаў, волатаў) выкарыстоўваліся фурманкі, якія складалі доўгі княскі абоз. Можна меркаваць, што крывыя пчолы значна палегчылі працэсы аб’яднання разрозненых балта-славянскіх земляў. Абрад далучэння да Вялікага княства Літоўскага спалучаў у сабе не толькі джаленне люду адмысловымі пчоламі, але і частаванне іхным мёдам. Звесткі пра гэта перажылі стагоддзі і бытавалі нават у XVIII ст. Напрыклад, у ацалелых фрагментах інтэрмедыі навучэнца Нясвіжскага езуіцкага калегіума Самуіла Беркута «За чаканнем мядоў» (1753 г.) сустракаецца наступны пасаж:

 
Товпа народу
Чакаець мьоду.
Да нешто довго
Нема Миндовга.[76]76
  Хвошчанка Н.Я. Інтэрмедыя як феномен беларускай культуры эпохі барока // Прекрасное барокко: Сборник статей. Павлоград, 2007. С. 42.


[Закрыть]

 

Цяжка сказаць, які сюжэт мела гэта інтэрмедыя. Але ясна, што галоўныя героі са святарным трымценнем чакалі ўдзелу ў мядова-пчаліным абрадзе.

Знаўцы і аматары гісторыі запярэчаць: а як жа крывавая барацьба Міндоўга з супернікамі? Безумоўна, была і яна. Але не варта яе перабольшваць, як гэта рабілася ў пазнейшых летапісах і хроніках. Крывавыя сутычкі адбываліся амаль выключна ў тых выпадках, калі пчалінае джаленне не давала ніякага эфекту. Рэч у тым, што сярод тагачасных эліт было модна злоўжываць сядзёрам мязговым – напоем, які гатаваўся на яблыках разладу і абавязкова настойваўся на адмысловым чарвячку марнаслаўя (летапісныя «червь тщеславия», «червяк славы порожней», «робак пыхи»).[77]77
  Ластоўскі В. Яблычныя чарвякі ў даўняй крыўскай гісторыі // Крывіч. 1927. № 9. С. 27.


[Закрыть]
Мяркуючы з нешматлікіх апісанняў, якія захаваліся ў гістарычных крыніцах, сядзёр мязговы ўяўляў з сябе гэткі яблычны джын-тонік з мякаццю (дакладны рэцэпт быў страчаны ў 1917 г.). Хто займаўся яго вырабам, дакладна невядома. У позняй «Кроніцы Рабрынкі» (XVII ст.) пра іх гаворыцца так: «Трункари, мистры деланья сидеру мязгкового от давних пор суть потужни окономы».[78]78
  Запаветныя беларускія летапісы і хронікі. Гомель-Маладзечна, 1998. С. 111.


[Закрыть]
Менавіта сядзёр мязговы справакаваў забойства Міндоўга і шматлікія звадкі пасля гэтага.

На пачатку XIV ст. звадкі ўнутры Вялікай Літвы часова перапыніліся. Не апошнюю ролю ў гэтым сыгралі зноў жа сакральныя пчаляры. Па першым часе ім даводзілася дзейнічаць самастойна, не маючы падтрымкі ад наступнікаў Міндоўга. Многія з пчаляроў пераапраналіся ў падарожных старцаў і рушылі ў розныя канцы краіны, тэрыторыя якой тады толькі афармлялася. Кожны з такіх старцаў, а іх было недзе 333 чалавекі, вёў з сабою па адным маленькім рою крывых пчол. Дарогай пчолы збіралі нектар, а начавалі ў мініяцюрнай борці, якую пераапрануты пчаляр выдаваў за музычны інструмент. Дакладней, гэта і быў спецыфічны музычны інструмент, у якім даводзілася жыць пчолам. Паводле адных крыніц ён меў назву «гудьбарска колода», а паводле іншых «короб певничский». У сваіх выправах сакральныя пчаляры ладзілі выступы перад простым людам і, калі атрымлівалася, перад баярамі. Яны гралі на сваіх калодах (якім чынам, невядома) і спявалі.[79]79
  Барок-Хвайніцкі С. Беларуская музычная традыцыя часоў станаўлення Вялікага княства Літоўскага. Беласток, 2005. С. 20–21.


[Закрыть]
Фрагмент такой песні захаваўся ў падарожных нататках венгерскага авантурыста таго часу Дзьёрдзя Міека:

 
Стал народ у нас хітёр.
Мёд не пьёт, а пьёт сідёр.
После онага сідра
Бьютса братіц і сістра,
Отрекаютса свойго
Неведомо для чого.
Толька наш кревіцке мёд
Всё до ладу доведёт.[80]80
  Méhek György. Kalandok az életemben. Budapest, 1956. P. 45. Кірылічная інтэрпрэтацыя тэксту.


[Закрыть]

 

Пчаляры рашуча крытыкавалі спажыўцоў сядзёра. Гэта была сапраўдная ідэалагічная барацьба. Таму «старцы» за свае песні іншым разам апыналіся ў лёхах удзельных князькоў, якія любілі пабалавацца сядзёрчыкам. У такіх выпадках не дапамагалі нават пчолы, якія ў пчалярскія выправы браліся з вядомай мэтай – вярнуць заблудных да «своевицы». Не зважаючы на цяжкасці, сакральныя пчаляры здолелі многае зрабіць. Нездарма ў часы вялікага князя Гедзіміна адзначаецца пашырэнне старабеларускай мовы.

Зрэшты, і самога Гедзіміна спачатку даводзілася пераконваць у слушнасці абранага шляху. Ускосным сведчаннем яго ўзаемадзеяння з пчалярамі з’яўляецца варыянт знакамітай легенды пра заснаванне Вільні. Згодна з ім Гедзімін прысніў, што на гары, якую называлі Крывая (ці Лысая), стаіць не вялікі жалезны воўк з выццём сотні ваўкоў унутры, а агромністы вулей, у якім гула «тысяча тысяч» пчол.[81]81
  Фривольский Л. Основание Вильно в легендах, преданиях, песнях. Санкт-Петербург, 1901. С. 89.


[Закрыть]
Магчыма, што ў даўнейшыя часы на Крывой гары знаходзіўся сакральны пчальнік. Краязнавец Цімур Нарбут, траюрадны пляменнік знакамітага гісторыка Тэадора Нарбута, увогуле сцвярджаў, што назва Вільні паходзіць не ад назвы ракі Вілія (Вялля), а ад слова «вулей» і мусіла б гучаць як Вульня.[82]82
  Избранные места из переписки Тимура Нарбута с Жюлем Верном // Lietuva ir Europa. XIX amžius. Vilnius, 1990. P. 129.


[Закрыть]
Так ці інакш, але перыяд валадарання Гедзіміна звязаны з аднаўленнем легальнага становішча сакральных пчаляроў, што цалкам стасуецца з тагачаснай палітыкай верацярпімасці. Праўда, апошнюю варта разумець найперш як раўнавагу паміж хрысціянскай царквой і сакральным пчалярствам.

Такая раўнавага з пэўнымі агаворкамі трымалася і пасля смерці Гедзіміна ў 1341 г., нягледзячы на ўнутрыпалітычны неспакой, звязаны з адсутнасцю легітымнасці вялікага князя Яўнута, які быў прыхільнікам сядзёра мязговага і добра паддаваўся маскоўскім уплывам, дарма што Масква на той час была ў жорсткай данніцкай залежнасці ад Залатой Арды. Калі ўлада ў Вялікай Літве перайшла да дуумвірату Альгерда і Кейстута, Яўнут спрабаваў хавацца ў Маскве. Гедзімінавічы мусілі адправіць адмысловую групу воінаў-пчаляроў, каб вырваць адтуль свайго нядбалага брата і вярнуць да «родных мядоў».

Пра гэтую выправу даволі падрабязна паведаміў маскоўскі летапісец па мянушцы Конь Дзялок: «До терема, там же беглый князько литовский Евнутько постоем стоял, приходили дивны люди от его стороны. Сказали, иже дар оному пресладкий принесли. Уведов то, Евнутько бежал в дальнюю светлицу и укрылся пацталом. Но люди оныя проникли дотуд, разбросав стражу всю по углам и каморам. Беглец литовский боялся зело гостей, бился чолом о сруб светлицы, восхохотамши под лавкою. А то ради лицедейства скоморошьего, абы гости онага Явнутьку юродивым и долбоклюем болезным вызнали. Но те не уверовали хитростям лицедейским. Приткнули Явнутьку к стенке, залили онаму в горло злаго меду литовского и нахлобучили на голову колоду с пщелами. «По Явнутьке и шапка», – рекл главен с пришлых дивных людей литовских. По тому всему Явнутька борзо переменился и возалкал страстно ко Литве своей повернуться. «Во змроку зиходкая зрада завабить клусней у виры. Ажиргаем и лататы», – молвил по-литовски оный и поторопился за пределы западныя бежати, князя московского за кров и хлеба кусок не взблагодаривши».[83]83
  Дьяк Конь Делок и его «Летопись». Сергиев Посад, 1912. С. 65–66.


[Закрыть]

Вялікі князь Альгерд рупліва працягваў працу па пераадоленню раздробленасці. Відаць, што ў гэтай працы выкарыстоўваўся багаты досвед міндоўгавых часоў. Прынамсі асобныя дакументы сведчаць, што паходнай кнігай Альгерда быў трактат «Як борздо и пліонно зъединочити размоитыя панствы удельныя», аўтарства якога прыпісваецца Міндоўгу.[84]84
  Заморский Ч. К вопросу о настольных книгах великих князей литовских // Эхо библиофила. 2006. Вып. 13. С. 32.


[Закрыть]
Кніга вельмі дапамагла. Акрылены поспехамі вялікалітоўскі гаспадар, нават не заўважыў, што ў сваіх мядова-пчаліных паходах выйшаў за межы Старое Беларусі. Калі ж апамятаўся, то было позна – вялікая частка украінскіх земляў і пэўная частка абшараў прылеглых да Паўночна-Ўсходняй Русі загаварыла па-беларуску. Гэта факт, засведчаны многімі помнікамі пісьменства, якія паходзяць з тых рэгіёнаў. Дарэчы, і першую, і другую з жонак Альгерда клікалі Ульянамі – Марыя Ульяна Яраслаўна Віцебская і Ульяна Аляксандраўна Цвярская, што было сугучна са словам «улей», якое стала для гаспадара сэрцу мілым.

Крывых пчолаў Альгерд выкарыстоўваў і падчас паходаў на Маскву 1368 г., 1370 г., 1372 г. Гэтыя падзеі ў Маскоўскім княстве атрымалі назву «Литовщина». Маскавіты, шмат начуўшыся пра літоўскіх пчол, панічна баяліся быць уджаленымі. Фармальна паходы Альгерда ажыццяўляліся ў падтрымку цвярскіх князёў, але рэальна вялікі князь літоўскі меў на мэце абеларусіць Маскву. Невыпадкова сярод баявых песняў вялікалітоўскіх ваяроў была і песня з наступнымі радкамі:

 
Коли наши борти въедуть в Москву,
Медом всих напоим.
Коли наши вульи въедуть в Москву,
Дело буде пчолам.[85]85
  Томбовский В. Песни времен «Литовщины»: боевой дух на службе феодальной идеологии // Новое историческое обозрение. 2007. С. 220.


[Закрыть]

 

Маскоўскі князь Дзмітры Іванавіч (будучы Дзмітры Данской) і аналітыкі з яго баярскага атачэння добра ўсведамлялі, чым можа скончыцца прыбыццё ў Маскву літоўскіх борцяў ці вулляў. Таму падчас кожнага паходу даводзілася нешта прыдумляць, каб выратаваць сябе ад крывых пчол. Калі адбываўся першы паход Альгерда, усе вёскі, што стаялі абапал дарогі на Маскву, загадам князя былі адселеныя. Іх жыхары, а таксама адмыслова прыгнаныя людзі з іншых маскоўскіх валасцей мусілі займацца тым, каб вакол дарогі на многія дзясяткі вёрст не засталося ніводнае кветачкі. Разлік быў такі, што крывым пчолам не ўдасца назбіраць нектару, новага мёду не будзе, стары мёд будуць вымушаныя спажыць самі ваяры, а пчолы проста памруць у пустэльных палях пад Масквой. Гэты план атрымаўся, крывыя пчолы сапраўды не змаглі дацягнуць да Масквы. Але яго здзяйсненне каштавала маскоўскаму двару немалых грошай. Гэта пры тым, што трэба было сплачваць даніну Залатой Ардзе. Таму падчас наступных паходаў Альгерда маскавіты выбіралі больш танныя спосабы процідзеяння.

У 1370 г. вялікалітоўскаму войску давялося прабірацца да Масквы праз дымную смугу – за два гады вакол дарогі нарасло шмат дзядоўніку, які людзі Дзмітрыя Іванавіча і падпалілі. Таксама вялікія лаўжы дзядоўніку дыміліся і за сценамі Крамля. Крывыя пчолы, як і іх звычайныя пабрацімы, вельмі кепска рэагавалі на горкі дым, што зноў выратавала маскоўскі рэжым ад беларусізацыі. Як сведчыць летапісец, акурат тады князь Дзмітры Іванавіч з палёгкай уздыхнуў і прамовіў фразу, што значна пазней стала класічнай: «И дым отечества нам сладок и приятен».[86]86
  Летопись Кирея Балычева. Москва, 1875. С. 195.


[Закрыть]
З тых жа часоў паходзіць дзеяслоў «ерепениться» (пачатковы варыянт – «репейниться» ад слова «репейник», то бок «дзядоўнік») у значэнні «сярдзіта ўпарціцца, пярэчыць».[87]87
  Даль В. Замечания по поводу нескольких слов, происхождение каковых имеет историческую подоплеку // Родная великорусская речь. 1870. № 20. С. 33.


[Закрыть]

У 1372 г. маскавіты збіраліся паўторна скарыстацца тактыкай «задымленай зямлі», аднак не ўлічылі, што літвіны да гэтага падрыхтаваліся. У трэцім паходзе Альгерда на Маскву крывых пчол везлі ў адмыслова дапрацаваных борцях з «сеткою рябою», якая магла фільтраваць дым. Да таго ж разам з вершнікамі рухалася некалькі спецыяльна пабудаваных крытых фурманак з зямлёй, дзе раслі кветкі. Даведаўшыся пра гэта, маскоўскія палітычныя эліты мусілі паспешліва шукаць іншы спосаб вырашэння праблемы. Дзмітры Іванавіч не пагрэбаваў звярнуцца па дапамогу да вядзьмаркі Сабачыхі Кусачай, якую тэрмінова прывезлі з мурамскіх лясоў, каб тая выклікала дождж. Невядома, якім чынам яе ўгаворвалі, але выкліканы ёю дождж атрымаўся такім моцным, што дарогі да Масквы жахліва раскулешыла, а ў раёне Любуцка, куды ўсё ж дабралася войска Вялікай Літвы, нават утварылася глыбачэзная ярына. Але крывых пчолаў ад дажджу ўдалося ўратаваць. Факт надта напалохаў маскоўскае войска, якое стаяла на процілеглым баку ярыны, што поўнілася бруднай вадой. Як толькі літвіны выпусцілі пчолаў на маскавітаў, апошнія ўлучна са сваім князем скочылі ў ярыну, каб толькі не быць уджаленымі. Тры дні ім давялося плёскацца ў бруднай вадзе, пакуль не пайшоў натуральны, нікім не замоўлены дождж. Войску Альгерда давялося адправіцца дахаты, а сам князь вырашыў адкласці беларусізацыю Масквы на няпэўны час.[88]88
  Летопись Кирея Балычева. Москва, 1875. С. 199.


[Закрыть]

У пчалярска-інтэграцыйнай працы не абыходзілася і без кур’ёзаў. Вялікі князь Альгерд ніяк не мог далучыць Калодзінскую воласць – княства без адміністрацыйнага цэнтра, якое знаходзілася ў вярхоўі Акі на левым яе беразе. Бераг з захаду быў адасоблены непралазнымі амшарамі, якія прынамсі двойчы спынялі Альгерда. Пра дзяржаўны лад Калодзінскай воласці ніхто нічога толкам не ведаў, бо там мала хто бываў. Нават узімку прабіцца туды было немагчыма з прычыны шматлікіх таросаў. Не ведаючы гэтага, Альгерд у адну са снежных зімаў паставіў сваё войска на «ірты» (лыжы) і паспрабаваў уварвацца туды. Ваяры ледзь «концы» (рукі і ногі) сабе не паламалі і толькі цудам не паразбівалі бочачкі з мёдам крывых пчолаў. Крыўдна было яшчэ і з-за таго, што пасярод таросаў стаяла пад сотню снегавікоў («балванов снежных») з намаляванымі нахабнымі ўсмешкамі.[89]89
  Летописная повесть о походах князя литовского Ольгерда в Верховские земли. Вятка, 1889. С. 29.


[Закрыть]

Непрыступнасць Калодзінскай воласці стала прадметам многіх гутарак між Альгердам і Кейстутам. Апошні ўспрымаў няўдачу брата з гумарам і перыядычна падсмейваўся, дарма што сам фармальна ўдзелу ў пашырэнні тэрыторыі дзяржавы не браў, займаючыся больш абаронай ад крыжацкай агрэсіі. Але у 1374 годзе ля муроў замка ў Троках, які быў рэзідэнцыяй Кейстута, з’явіўся адзінокі коннік у прасцяцкай вопратцы і пастукаў у браму. «Вой з охороны замковой испросил у прыбыша, чего той хотел. Прыбыш молвил, дей хотел бы с князем Кестутием говеный ряд докончати (заключыць дамову – С.Б.). Вой за словы таковыя ся угневал, прыбыша одураю сраки поменовал и волал, абы той от греха дале восвояси поскокал, пуги тугой на князевых стайнях не одержавши. Прыбыш не змилкнул, але вказал, што не по пуги тугия и языки охороны дурния прискакал суть, але говеный ряд у сим говняцким замку докончати. Вой со други свои от гневу превеликого выбегли за браму замковую, набити того прыбыша дерзкого возжелавши. «Зараз ты з замковым конюшим ряд докончаеш», – крычали вои. «До сраки кобылы сивой оного конюшего и вас з тым суполно! Мне надобно говняный ряд докончати!» – крычал прыбыш навзаем, зрынаючы охорону булдавой потужной у замковый ров. Часом тым по двору сам князь Кестутий ишол, крыки-волания усчул, за браму глянул да испросил: «Што за лихо?». «Не лихо, але староста волости не якой там суто Говнинской, але барзо славетной Колодинской, где сто пятнадзесят тысящ ульев пчол крэвских есть, приехал до сего зговняного замку, абы говеный ряд на долученя до Великого князства Литовского без серливой одволоки докончати», – поведал прыбыш. «И оныя дристуны не впустили сего зацнаго пана до брамы?» – з усмишкою молвил Кестутий, урозумевши свою вдачу».[90]90
  Decameron di Lithuania; албо Литуанский Десятиден, где кратко припадки вшелякие оповедаеть Иван Кособоцкий, котрый был за Витовта господаря часы: Рукапіс Новасібірскай абласной аб’яднанай універсальнай бібліятэкі. Інв. № 4591. С. 15.


[Закрыть]
Пасля гэтага смешнага інцыдэнту Калодзінская воласць на асаблівых умовах добраахвотна далучылася да Вялікай Літвы і доўгі час потым пастаўляла крывых пчол ды іх мёд на патрэбы гаспадарскага дома. Праўда, Альгерд быў трошкі незадаволены, што калодзінскі староста звярнуўся па заключэнне саюзу не да яго, а да Кейстута.

Здавалася, што Альгерд з дапамогаю крывых пчолаў здолеў пашырыць дзяржаву і кансалідаваць грамадства вакол старабеларускай мовы. Але гэта быў толькі частковы поспех, а перамога не вызначалася канчатковасцю. Сур’ёзная палітычная барацьба шуганула сінім полымем пасля Альгердавай смерці. Немалую ролю ў гэтым сыгралі добрыя ўраджаі яблык разладу, якія ішлі на выраб сядзёра мязговага. Селіван Дуравіцкі пісаў пра гэта ў сваёй лацінамоўнай паэме «Песні славы і няславы» (XVI ст.):

 
Як жа дурманам салодкім ад квецені майскай
Веяла ўсцяж, па-над княствам Вялікім Літоўскім лунала.
Радасць паненкам, якія вясной пакахалі.
Радасць панам, што пад восень шмат яблык здабылі на сёдзер.[91]91
  Ражкоўскі Д. Новыя адкрыцці ў лацінамоўнай паэзіі Беларусі XVI ст. // Латинский язык и культура Восточной Европы на порогое Нового времени. Москва, 2009. С. 172.


[Закрыть]

 

Альгердаў пераемнік князь Ягайла не змагаўся з сакральным пчалярствам, але вызначыўся тым, што ўвёў традыцыю мяшаць мёд крывых пчолаў з сядзёрам мязговым. «Ёрш Ягайлы», як назвалі гэтую мяшанку летапісцы, прыводзіў да цяжкіх наступстваў. Усе, хто спажываў «ёрш Ягайлы», пачыналі паводзіць сябе вельмі супярэчліва, кідаліся з адной крайнасці ў другую, плявалі на крэўнасць, размаўлялі на трасянцы, шукалі добрых сяброў там, дзе іх быць не магло. Акурат так паводзіў сябе сам Ягайла, гэтак жа паводзіліся і многія жыхары Вялікай Літвы. Яскравым прыкладам сярод апошніх можна назваць войта вёскі Гудзілавічы Менскай зямлі Яўсея Іграстага.

Паводле сведчанняў гістарычных крыніц Яўсей, пачаўшы ўжываць «ёрш Ягайлы», перастаў выконваць абяцанні, мог у літаральным сэнсе паставіць падножку любому аднавяскоўцу, нават цяжарнай жанчыне. Аднойчы са сваімі памагатымі ён разагнаў вяселле, спаслаўшыся на «претяжкий зовнутрешний стан» дзяржавы. Насамрэч становішча ў дзяржаве яго мала турбавала. Неяк з Менску па службовай лініі яму даслалі ліст, укладзены на тагачаснай беларускай мове. Яўсей той ліст парваў і сказаў ганцу: «Знай напшед, шчо я бэндю читати сии письмена, егда их складатимуть на истено руцким ензыку, како ув летописех князя Ярислейфа Мондрого».[92]92
  Редькин Х. Войт Евсей Играстый как архетип «несправедливого властителя» // Местное управление и самоуправление у восточных славян. Владимир, 2008. С. 149.


[Закрыть]

Войт спрабаваў завязаць добрыя адносіны з нячыстай сілай. Калі гэта не атрымалася, ён заявіў, што яму перашкодзіў пчаляр, і хацеў учыніць над ім расправу. Амаль уся вёска стала на абарону пчаляра. Вяскоўцы схапілі Яўсея, паскідалі з яго вопратку, абмазалі яго з галавы да пят мёдам і «меж домков пчолиных ускинули». Пчолы наджалілі яго так, ажно «шкура ся пуздырила», і ён прасіў ва ўсіх прабачэння. Але ўначы «лихаго седра мязковаго дунул крепко», ачуняў і падаўся ў пушчу. Там ён адшукаў «диких людей лесных, облику зверынаго з молотами и секирами каменными» (ці не ацалелых неандэртальцаў?) і прывёў у вёску, каб «свой лад устатковати». Пчаляр, які акурат вяртаўся ад сваёй дзяўчыны, трапіў «под роздыч» першым. «Дикия люди лесныя» забілі яго сваімі «прыладамі працы». Над вёскай навісла пагроза жудаснай масакры. Аднак пчолы, адчуўшы смерць пчаляра, хутка выбраліся з вулляў і імкліва паляцелі да месца злачынства. Разам з тым яны нейкім невядомым чынам сталі склікаць пчолаў «целой земли Менской». Перад Яўсеем і яго новаспечанымі сябрукамі паўстала шматмільённая пчаліная армада. «Дикия люди» спрабавалі біць сякерамі і малаткамі, але пасля аднаго ўдару тыя ператварыліся ў труху. «Пчол великое множство подняло оного нечистивого дешпота Евсея и лихих подлабузников пушчанских, абы занести всих у виры на колы», – паведамляе гістарычная крыніца.[93]93
  Летописная история о войте Евсее Играстом. Брянск, 2001. С. 14.


[Закрыть]
Болей Яўсея Іграстага і яго хеўру ніхто не бачыў.

На тле войта Яўсея вялікі князь Ягайла глядзіцца больш узважаным, нягледзячы на масу самых супярэчлівых дзеянняў. Калі ў звязку з Крэўскай уніяй паўстала пытанне пра пераезд у Кракаў, Ягайла прыхапіў з сабою некалькі борцяў з крывымі пчоламі, якія загадаў паставіць на тэрыторыі Вавеля. Менавіта адсюль і паходзіць часовая беларусізацыя польскага каралеўскага двара, пра якую так часта пішуць нашы сучасныя даследчыкі. Менавіта пасля знаёмства з крывымі пчоламі каралева Ядзвіга стала часцяком спяваць «Купалінку», а на рэдкія польскамоўныя звароты свайго мужа казала: «Ты поклич мя, позови».[94]94
  Кундалеўская Я. Да пытання аб «беларусізацыі» польскага каралеўскага двара пасля Крэўскай уніі // Культурное взаимодействие народов Восточной Европы в средние века. Санкт-Петербург, 2007. С. 222.


[Закрыть]

Польскія палітычныя эліты былі незадаволеныя. Яны зрабілі ўсё, каб крывая пасека з Вавелю ўрэшце знікла. Яны ж дамагаліся, каб Ягайла правёў хрысціянізацыю тых мясцінаў Вялікай Літвы, дзе на той час язычніцтва адкрыта пераважала. На загад Ягайлы былі высечаныя святыя гаі пад Вільняй, але сакральным пчалярам далі магчымасць правесці эвакуацыю борцяў яшчэ да пачатку высечкі. Разам з тым Ягайла часткова сам узначальваў місіянерскі аб’езд па язычніцкіх мясцінах. І як у свой час Міндоўг вёз у абозе крывых пчолаў і іх мёд, так следам за Ягайлам ехалі фурманкі з падарункамі для неафітаў. Сярод падарункаў былі не толькі белыя суконныя світкі, скураныя боты і грошы, але і бочкі з сядзёрам мязговым.

Людзі па-рознаму сустракалі Ягайлу і яго лекцыі аб сутнасці хрысціянскае веры. У адной з такіх выправаў знайшоўся адважны чалавек, які сказаў: «Міласцівы кароль, я асабіста згодзен з тым, што ўсе мы ўваскрэснем, але, убачыш, толку з гэтага аніякага не будзе». Гэта фраза стала амаль хрэстаматыйнай, але яе заўсёды падавалі вырванай з кантэксту, бо насамрэч смяльчак на тым не закончыў сваю прамову, а заявіў: «Князь Міндоўг падымецца і першым дасць кухталёў міласціваму каралю і за каншахты з ляхамі, і за мязговы сядзёр». Ягайла загадаў «адтрактаваць балбатлівага паганца» бізунамі, але той «рассыпаўся пчоламі», якія зляцелі прэч пад здзіўленыя позіркі манарха і ягонай світы.[95]95
  Kulczycki S. Chrzest Litwy: pogląd nowy // Христианизация восточных славян, балтов и фино-угров в контексте общеевропейской истории. Москва, 2005. С. 77.


[Закрыть]
Ясна, што такое «паганскае дзіва» у афіцыйных дакументах асабліва не афішавалася. Не афішаваліся і факты стыхійнага пратэсту супраць пашырэння сядзёру. Тым не менш, вядома, што ў 1402 годзе недалёка ад Маладзечна быў здзейснены напад на даўжэзны абоз, які вёз у Вільню бочкі з гэтым напоем. У выніку ўвесь груз быў знішчаны.

Відавочна, што ў сельскай мясцовасці сакральнае пчалярства працягвала трымаць вельмі моцныя пазіцыі. Да таго ж недасведчанаму воку было цяжка адрозніць крывыя борці і вуллі ад звычайных. Між іншым многія вёскі, звязаныя з захаваннем традыцый сакральнага пчалярства, мелі пэўныя асаблівасці планіроўкі. Размяшчэнне дамоў і гаспадарчых пабудоваў у вёсках здавалася бессістэмным толькі на першы погляд. Насамрэч планіроўка мела сістэму – з вышыні птушынага палёту вёска нагадвала пчаліныя соты, каля якіх віўся рой. Дый самі назвы вёсак гаварылі за сябе: Свята-Бортнікі, Крыўскія Борцічы, Мядоўка Наская, Старыя Мядовічы, Пчаліныя Крывічы ды іншыя. На жаль, за доўгі час бальшыня гэтых вёсак знікла, а тыя рэдкія, што захаваліся да нашага часу, даўно маюць вулічную планіроўку і саветызаваныя назвы.

У часы княжання Вітаўта фармальна назіралася панаванне каталіцкай царквы, якая кіравалася з Польшчы. Але рэальная карціна была больш стракатай, бо ў кожным намесніцтве, утвораным замест колішніх удзельных княстваў, абавязкова ствараліся пасекі крывых пчолаў. Нездарма Мікола Гусоўскі ў сваёй знакамітай паэме «Песня пра зубра» называў эпоху ўладарання Вітаўта «залатым векам». Сакральнае пчалярства, існуючы, па сутнасці, у паралельнай культурна-ідэалагічнай прасторы, не зазнавала пераследу і ўціску. У многіх мясцінах нашай тагачаснай краіны сталі амаль адкрыта спраўляць старажытны абрад пчалінай ініцыяцыі, як немаўлятаў, так і дарослых людзей. Іншым разам гэты абрад пракудлівым чынам спалучаўся з абрадам хрышчэння. Дапаўшы да беларушчыны, людзі зазнавалі праўдзівае шчасце. У гонар Вітаўта, які ўсталяваў такі парадак рэчаў, складаліся песні і хвалебныя оды:

 
Ідзе Вітаўт па вуліцы
А за ім лятуць пчаліцы
Слаўны князь Вітаўт,
Слаўны наш Пчаляру,
Слаўна нашае Пчалярства!
 

Або:

 
Слава Вітаўту літвіну,
Што вярнуў вальносць пчаліну.
Каб не Вітаўт наш літвін,
Гулі б пчолкі між купін.[96]96
  Черняховский М. Великий князь Витовт в литовском, белорусском, украинском и русском песенном фольклоре // Феномен исторической песни у народов Восточной Европы. Рязань, 2001. С. 51–52.


[Закрыть]

 

У апошнім разе, відавочна, маюцца на ўвазе балотныя купіны, то бок робіцца намёк на вымушанае паўпадпольнае існаванне сакральнага пчалярства ў ранейшыя часы.

Калі Вітаўт збіраўся каранавацца і прывячаў шматлікіх гасцей, ён меркаваў навярнуць многіх з іх у беларушчыну. Каб пераканацца ў гэтым, варта толькі зазірнуць у меню каранацыйнай гасціны, якое захавалася ў «Кроніцы Быхаўца»: «Y koli tyie hosty u welikoho kniazia Witolta byli, y kniaź weliki Witolt dostatok dawał im weliki, y wychożywało na nich obrokow na kożdy deń: medu syczenoho sem sot boczok, okrom muszkatel y win y małmazey, y innych pitey rozmaitych; a jałowic sem sot, baranow, weprow sem sot, żubrey po szestdesiat, łosey po stu, krome innych rozmaitych zweryn i innych mnohich mias y domowych potreb».[97]97
  Полное собрание русских летописей. Москва, 1975. Т. 32. С. 82–83. Пераклад на сучасную беларускую мову: «І даваў князь вялікі Вітаўт гасцям сваім утрыманне вялікае: выходзіла на іх аброкаў штодня: мёду сычонага па семсот бочак, апрача мушкатэлю, мальмазіі ды іншых напояў і він размаітых; ялавіц, бараноў, вепрукоў таксама па семсот, зуброў па шэсцьдзесят, ласёў па сто, апрача іншай рознай зверыны, многіх мясных ды іншых хатніх страў».


[Закрыть]
Пэўна ж нездарма ў пераліку напояў і страваў на першым месцы згадваецца «мёд сычоны». Але каранацыя з вядомых прычын так і не адбылася. Тыя, хто за час гасцявання паспеў абеларусіцца, раз’ехаліся па дамах, дзе без новай падпіткі беларушчына неўзабаве вычхнулася з іх.

Пасля смерці Вітаўта ў краіне насталі цяжкія часы. З 1432 па 1439 год палыхала вайна, якую гісторыкі называюць феадальнай грамадзянскай вайной. Часцей за ўсё яе характарызуюць як дынастыйную з істотнай прысутнасцю канфесійнага чынніка, вылучаюцца два бакі канфлікту – феадалы-каталікі на чале з Жыгімонтам Кейстутавічам і праваслаўныя феадалы на чале са Свідрыгайлам Альгердавічам, які сам быў каталіком. Аднак такую трактоўку вайны 1432–1439 гг. варта прызнаць павярхоўнай, касабокай і кульгавай. Ужо ў сярэдзіне XV ст. з гісторыі гэтай вайны была выкраслена трэцяя сіла – войска вялікага пчаляра Някраса.

Някрас збіраўся ўтаймаваць федальна-канфесійныя «ростыркі» і аб’яднаць Вялікую Літву пад сваёй уладай, усталяваўшы традыцыяналісцкі рэжым з апірышчам на сакральнае пчалярства. Яго ваяры, якіх ворагі празвалі джальнікамі, здзяйснялі раптоўныя напады на хаўруснікаў і Жыгімонта, і Свідрыгайлы. Але напады рабіліся не дзеля таго, каб забіць, а дзеля таго, каб вярнуць да «своевицы». Таму і ўзбраенне ў джальнікаў было незвычайным. Яны выкарыстоўвалі полыя мячы адмысловай канструкцыі, якія запаўняліся мёдам крывых пчолаў. Лязо такога мяча, удараючыся аб цела праціўніка, рабіла балючы, але не смяротны надрэз. Спрацоўваў хітры механізм, дзякуючы якому, у свежую крывавую рану трапляў мёд, і праціўнік імкліва страчваў разуменне каштоўнасці мэты сваёй барацьбы, пераходзячы на бок джальнікаў. Частыя выпадкі такіх пераходаў прымушалі ваяроў Жыгімонта і Свідрыгайлы шукаць спосабы ўмацавання даспехаў, каб пазбегнуць «заразы пчолиной», як гэта паміж іх называлася.[98]98
  Селезнев В. Третья сила в феодальной войне середины XV в. в Великом княжестве Литовском. Тверь, 2005. С. 15.


[Закрыть]

Прапагандысты абодвух князёў распускалі сярод свайго воінства чуткі, быццам удар джальніцкага мяча спрычыняецца да цяжкай немачы, калі пчолы ператвараюць цела параненага чалавека ў вулей. Гэта многіх страшыла, і ў сутычках з джальнікамі яны дэманстравалі выключную жорсткасць. Зрэшты, джальнікаў гэта не спыняла. У многія баі яны выходзілі не толькі з «мядовымі» мячамі, але і ў суправаджэнні крывых пчолаў. Так было пад Ашмянай, Наваградкам, Вільняй, Полацкам, Амсціславам і іншымі старабеларускімі гарадамі. Што Жыгімонт, што Свідрыгайла вельмі непакоіліся з прычыны гэтай усюдыіснасці трэцяй сілы ў грамадзянскай вайне. Пераймаліся яны і з-за ўласнай бяспекі. Ёсць звесткі, што ў абодвух князёў было па некалькі двайнікоў, каб заблытаць найперш джальнікаў. Самі ж князі апраналіся так, каб крый божа ніводная пчала не здолела дакрануцца да іх цела. Даходзіла да таго, што і адзін, і другі абмазваў свой твар глінай, днюючы і начуючы ў цяжкіх даспехах, улучна з шаломам на галаве. У 1435 годзе нехта з майстроў вынайшаў адмысловае паўпразрыстае забрала з адмыслова апрацаванага «бычога пуздыря», што трохі палегчыла ваенны быт варагуючых князёў.[99]99
  Толкиновский В.К. К проблеме реконструкции доспехов литовских воинов периода гражданской войны середины XV в. // Вооруженные силы Русского государства и Великого княжества Литовского в XIV–XVI вв. Москва, 1995. С. 72.


[Закрыть]

У часе грамадзянскай вайны паказала сябе і чацвёртая сіла – «потужни окономы» ці, як іх больш канкрэтна называюць тагачасныя дакументы, «трункари хытроумния». Яны амаль не ваявалі і адкрыта не займалі пазіцыю кагось з удзельнікаў унутрыдзяржаўнага канфлікту. Сваёй задачай у вайне яны бачылі толькі ўласнае абагачэнне. Таму бессаромна за немалыя грошы яны пастаўлялі сядзёр мязговы войскам, як Жыгімонта, гэтак і Свідрыгайлы. Трунакарам было выгодна, каб вайна цягнулася і далей. За гэта іх вельмі каралі джальнікі. У пераважнай бальшыні выпадкаў на трункароў не дзейнічалі ні мёд крывых пчол, ні самі пчолы. Таму па першым часе яны не баяліся сутычак з джальнікамі і чынілі тым зацяты супраціў. Калі джальнікі рабілі конны напад на абоз, якім перавозіўся сядзёр, трункары выпраўлялі групу сваіх найбольш падрыхтаваных і спрытных людзей, якія вешаліся коням на шыю ды залівалі ім у храпы той самы напой. Коні ад гэтага шалелі і імкліва скакалі прэч, адносячы сваіх наезнікаў, якія нічога зрабіць не маглі. Праз такі хітрык шмат джальнікаў загінула. У адказ на гэта вялікі пчаляр Някрас загадаў свайму войску змяніць тактыку. Напады на трункарскія абозы сталі рабіць або пешыя ваяры, або вершнікі, коні якіх мелі на храпах спецыяльную аснаду, што не дазваляла староннім людзям імі маніпуляваць. Да таго ж Някрас на пахаванні чарговых ахвяр трункароў заявіў: «Никоторой литости сидерастем тым!».[100]100
  Записки лазутчика русского Ивашки Сухобздуева о домашней литовской войне XV в. Екатеринбург, 1873. С. 13.


[Закрыть]
Пасля гэтага закліку джальнікі сталі не проста знішчаць бочкі з сядзёрам, як было і да таго, але абрынулі свой смертаносны гнеў і на саміх трункароў. Даволі часта апошніх папросту тапілі ў бочках з ненавідным напоем. За гэта іх Жыгімонт і Свідрыгайла па чарзе абвясцілі «выступцами панствовыми», то бок дзяржаўнымі злачынцамі.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации