Электронная библиотека » Сяргей Балахонаў » » онлайн чтение - страница 2


  • Текст добавлен: 19 ноября 2018, 16:40


Автор книги: Сяргей Балахонаў


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 2 (всего у книги 13 страниц) [доступный отрывок для чтения: 4 страниц]

Шрифт:
- 100% +

Мой родны кіт

Многім з нас даводзілася чуць у маленстве чарадзейныя казкі, дзе між іншых сюжэтных хадоў выплывала “чудо-юдо рыба-кит” і паглынала якога-кольвек “святорусского богатыря” – зазвычай галоўнага героя ўсяго апавядання. На першых часах апошняга мы вельмі а вельмі шкадавалі. Але разам са сталеннем і навяртаннем у беларушчыну кожны з нас адзначыў нечаканы парадокс: літасці і шкадавання да “богатыря” станавілася вобмаль, а вось чуласці і прыязнасці да таямнічай істоты “рыбы-кит” станавілася шторазу болей. Прычыну гэтага можна растлумачыць адно звярнуўшыся да феномену рыбы-кіт у беларускім гістарычным кантэксце.

Наяўныя гістарычныя матэрыялы, на жаль, не даюць магчымасці сцвердзіць пэўна, які ж разнавід іхтыяфаўны хаваецца пад эпічным “псеўданімам” рыба-кіт. Рэшткаў гэтай рыбы археолагі ніяк не могуць выявіць, што і не дзіўна, калі зірнуць на народную традыцыю: беларускі народ цягам доўгіх вякоў шанаваў рыбу-кіт, а ловы яе былі стродка забароненыя. Таму кіт-рыбы жылі і паміралі ў сваіх вірах па рэках і азёрах зямлі беларускай, дзе і спачываюць іх практычна няўлоўныя для пераважна сухапутных даследнікаў парэшткі.

Пры канцы 1980-х гг. у рэчышчы Сажа ля вусця ярыны Кіеўскі спуск, што падзяляе розныя часткі даўняга Гомія (ХІІ-ХІІІ стст.), вяліся работы па паглыбленні дна ракі. Поруч з тэхнічным грунтам на паверхню былі ўзнятыя шматлікія рэчы часоў Сярэднявечча. Пясок вывозіўся ў зону будоўлі ва ўрочышча Мельнікаў Луг, скуль паспалітыя, незаангажаваныя ў археалагічную навуку, месцічы расцёглі па хатах на сувеніры найцікавейшыя прадметы. З апісанняў тых знаходак вядомыя і тоўстыя рыбіны косткі да 2–3 метраў у даўжыню. Відавочна, што ідзецца тутака пра парэшткі “кит-рыбы грозной”, якая колькі стагоддзяў запар бараніла ад вайсковых экспедыцыяў рачны шлях да Гомія. Як сведчыць пратограф “Повести временных лет”, кіеўскі князь Алег у сярэдзіне 80-х гг. ІХ ст. адправіў водным шляхам у зямлю радзімічаў войска на чале з ваяводам Свенельдам Рыбіным Пузыром.

На баявых ладдзях воі паплылі ўверх па Дняпры, а потым завярнулі ў Сож. Блізу таго месца, дзе ў Сож уліваецца рачулка Церуха кіеўскіх ваякаў прыпаткала неспадзеўка. “Но внезапу с реки Турухань выпливше кит-рыба грозна и поглатише сейчас же всю рать, не оставише ни весла, ни чресла”, – халаднакроўна паведаміў летапісец. Гэты выпадак надоўга адпудзіў кіеўскіх агрэсараў ад спробаў заваяваць радзімічаў. Таму нават праз стагоддзе пасля гэтага інцыдэнту новая вайсковая выправа была зладжаная сухапутна. У паўзабытай сёння рытарычнай паэме “Слово о плъку Хвоста Влъчего” (ХІ ст.) падкрэсліваецца зматываванасць менавіта пешага паходу, “убо у радимецей на реце Серюкан кит-рыба злом булькает”.

Рыба-кіт вялася ў водах па ўсёй Беларусі, і часцяком уяўлялася іншаземцамі за ліха. Нездарма ладны адцінак часу кіеўскім і наўгародскім хрысціянскім прапаведнікам місія ў беларускія землі ўяўлялася немагчымай, ці прынамсі занадта небяспечнай для здароўя. У адным з кіеўскіх “Изборников” (ХІІ ст.) захавалася наступная даволі злосная рэмарка нейкага Лявона Келара з гэтай нагоды: “Народ их хотя крещен бысть, но опять, аки псы живяху. Кромь же обиташе в водех их пакость непреходящя, а кит-рыба наипаче в сим, ибо благостников приходящих емлет зело”. Страх той быў зусім небеспадстаўным.

На пачатку ХІХ ст. у глухой безназоўнай палескай вёсачцы, жыхары якой палічылі збіральніка фальклору Антона Надзеждзіна за “лазутчика князей киевских”, быў занатаваны дужа архаічны верш (песня), што імаверна сягае яшчэ ятвяжскіх часоў. У вершы апавядаецца пра “бэсстужу дэтыну Міну”, які пагарджаў паганскімі звычаямі, асабліва не шанаваўшы вадаёмы. Універсальны для еўрапейскіх народаў кастрацыйны сюжэт набыў тут нечаканае зместавае ўвасабленне:

 
Міна в езеро сюсяты взявся,
Враз в водэ колэмут начався —
Княжэ Кіт-рыба рaка послав,
Кеб ен в того Міны сюсель отняв…
 

Магчыма, што гэткія выпадкі не былі адзінкавымі, і прыхадні (а напару і тутэйшыя здраднікі), ахопленыя гарачкай кастрацыйнага комплексу, набылі сталую фобію да беларускае кіт-рыбы.

Рыба-кіт пастаянна супрацьстаяла агрэсіўным праявам. Царкоўны дзеяч ВКЛ Рыгор Цамблак (ХІV ст.) падкрэсліваў гэтую асаблівасць: “Кит-рыбе не токма Землю тримати, а и зломыслячих всих велми вряжати”. На жаль гістарычныя крыніцы данеслі да нас толькі невялічкую частку звестак пра гэткія “вразы” зламыснікам з боку валадара беларускіх вод.

У 1433 г. канкурэнты князя Свідрыгайлы ў чародны раз паспрабавалі прыбраць яго з палітычнае арэны. Найманыя забойцы рушылі ў лагер няўгоднага палітыка, які месціўся блізу сутокаў Бярэзіны і Ольсы. Свідрыгайла па сваёй даўняй завядзёнцы начаваў у намёце, каторы ладзіўся пасярод ракі на адмысловым плыце з прыспушчаным у ваду цяжарам (каб не сплысці!). Найміты чорнымі ценямі неўпрыкмет абмінулі ахову на беразе і плыўмака рушылі да княскага намёта. “A byla u kniazia Szwitrygajly kit-ryba, w kotoroj welmi sia kochal, – гаворыцца ў т. зв. “Кроніцы Бышыка”, – a onaja barzo pilnowala bezpeczenstwo jeho, i hetych zbrodnew dwoch prokoltnula w czrewo swoje, aby za kawednosc skarac strogo”.

Значную ролю рыба-кіт адыграла і ў знакамітай бітве на рацэ Крапіўне 1514 г. між войскамі ВКЛ і Масковіі. У летапіснай “Аповесці пра Канстанціна Астрожскага”, не прымяншаючы вайсковага генія гетмана Вялікай Літвы, аддаецца належнае і кіт-рыбе. “И як пришел славный а великий гетман… к реке Днепр, под Оршу – город каменный, и обачил, иж нелегко будеть переити путь водный – Крапивну-речку, – паведамляе летапісец, – то як муж богобоязный…ся примчал до церкви и, опавши на колени, молитву Богу вчинил. А прислал Бог на знак зычливости ку Ойчине нашей рыбу-кит великую (была бо симболем Христа), и загатила она речулку тую телом своим, по нему вои юж яко по броде переишли. И так спешливо на поли великим оршанским противко московитов сшиковалися”.

Варыянт знанай народнай песні пацвярджае звесткі летапісца: масква, уцякаючы, праклінае Крапіўну:

 
Бадай ты рэчка сто лет высыхала,
Як нашу славу кіт-рыба скусала…
 

Маскавітам неаднакроць даводзілася трываць падобныя напады падчас чарговых войнаў з ВКЛ.

У вусны мужнай беларускай жанчыны з т. зв. “Размовы літвінкі а маскаля” (1589 г.) невядомы аўтар уклаў катэгарычныя словы: “Не при, москале, яко жаба на корч, до нас, а погатовю до вод наших, бо вынерне кит, то ест велерыб великий а страшный, на згубу твою, губою шевелячы”. Між тым з маскоўскімі “гасцямі” здараліся і троху неардынарныя выпадкі, як прыкладам 11 верасня 1655 г. пад Слуцкам. Як паведамляе расійскі ваявода Аляксей Трубяцкой, адзін з маскоўскіх воінаў “поглощен был неведомой рыбищей литовской, коя исчезла неизловимо в водах премутных, а чрез осьм годин виленских (!? – С.Б.) возвернулась на гладь водную и мерзопакастно изрыгнула оного Ивашку на твердь брежную. И преобразился сей весьма нежданно, ибо, сабель бросил оземь да принял, не мешкая, предательскую веру унитскую, облачился в литовский жупан бесовский да стал белорусския похабныя словесы глаголить: «Я нарядился тут, чтоб вас москалей руками голыми душити»”.

Не ўсе, аднак, іншаземцы наракалі на рыбу-кіт. Прыкладам, немец Эрнст Вільгельм Тэадор фон Катцэнямэр, які вандраваў па Беларусі ў 1596 г. апісаў наступны казус: “28-га ліпеня выехалі з Мастоў; паўз Нёман рушылі; ад спёкі ў вадзе ратаваўся, не здымаючы вопраткі; талер цэлы згубіў, дык мусіў потым галяком ныраць пад смех, што дзеўкі ў полі пачалі. Праважатыя літвіны моўчкі сядзелі на конях нерухома ў сваіх гэтых жупанах і футравых шапках, якія носяць ад світання да змяркання круглы год. Я нырцаваў аж покуль ня згледзілася мне ў вадзе морда вялікая лыпатая. Ледзьве не захлынуўся. На бераг уцёк. А была то кіт-рыба, якая вярнула мне талер мой у пенязі літоўскія разменены”.

Як ужо згадвалася вышэй, паспаліты люд забараняў сабе лавецтва кіт-рыбы. Шляхта ж, а асабліва магнаты, наагул пагардліва ставіліся да рыбалкі як да “нізкага занятку” і аддавалі перавагу паляванню. У часы ж позняга барока, калі магнатэрыя стала навыперадкі міжсобку пахваляцца цікавосткамі сваіх палацаў, рыба-кіт сталася аб’ектам іхных хцівых інтарэсаў.

Князь Міхал Мацкевіч, пераймаючы Караля Радзівіла ўсталяваў у адной з залаў свайго палаца (на Полаччыне) замест звыклай усім столі акварыумы, куды між іншым памясціў і паланёную рыбу-кіт. Як апавядае ў сваім “Аксамітным дыярыюшы” нехта Стэфан Спелаборак, 22 чэрвеня 1771 г. падчас “рэдуты” (баль-маскарад) выдарылася трагедыя: “Маючы кансаляцыю ў танцах і гульнях, ніхто не меў прэтэкстаў да апрахензіі. Таму жадны чалавек не звізыяваў, што столя дэтэрмінаваныя трэшчыны трыбутавала, а после саўсім дэструктуравалася. Аскалепкі і рыбная жыўнасць з magna aqua хлынулі на галовы ўсяе рэдуты. Мо’ абышлося б малым неўкантэнтаваннем, каб не велярыб, які многіх вагою цела спрэсаваў, а шчэ слізгацеў у агульным тумульце ды хапаў зяпай кажнага, не знаючы дыфэрэнцыі. Спэктаваць гэтую карціну дызграцыі і крывавага рэсантымэнту не можна было без авэрсіі і ўвадначас кумпасіі да бедных афяраў”.

Васямнаццатае стагоддзе для Беларусі сканчалася драматычна – даўнія супастаты па кавалачку далучалі беларускія землі да сваёй імперыі. Ішло паўстанне пад зверхнасцю Тадэя Касцюшкі. Расійскія войскі, наступаючы паўстанцам на пяты, элементарна помсцілі за ўсе свае старыя крыўды, атрыманыя ў нашай краіне. Французская газета “Le Grande Bleu” ад 25 жніўня 1794 г. распавядала сваім чытачом пра падзеі лета таго ж года на Беларусі: “Расійскія барбары працягваюць уціхамірваць прасветленых літоўскіх дзікуноў. Ля мястэчка Смаргоні адбыўся жахлівы, як для здаровага еўрапейскага глузду, інцыдэнт. Расійскія жаўнеры перакрылі рэчку Вілія грубымі сеткамі, каб вылавіць у такі спосаб нейкую тутэйшую агромністую рыбу, якой яшчэ даўнейшыя літоўскія паганцы пакланяліся і за святарную шанавалі. Рыба была жорстка сеткаю спутаная. Цэлы гарнізон вывалак яе на ўзбярэжжа, дзе без прамаруды быў зачытаны смяротны прысуд, і рыбу расстралялі за пасабленне мяцежнікам”.

Імаверна, што падобныя дзеі адбываліся па ўсёй Беларусі, бо згадак пра рыбу-кіт у ХІХ ст. мы спатыкаем усяго з жабіны прыгаршчы. Як і раней кіт-рыбы дапамагалі свайму народу. У чэраве кіт-рыбы на Беларусь дастаўляліся забароненыя ўрадам Расійскай імперыі выданні твораў нашага слыннага земляка Адама Міцкевіча. У чарнавых накідах паэта да верша “Exegi munimentum” пра гэта ёсць непасрэдная згадка:

 
mimo carskich gróźb, na złość strażnikom ceł,
Przemyca w Litwę kit tomiki moich dzieł.
 

Цікава, што замест польскага “wieloryb” Міцкевіч свядома ўжыў беларускае слова “kit”.

Паводле досыць няпэўных звестак (згадка у паперах Вацлава Ластоўскага успамінаў паўстанца Якуба Мікалаёнка) у чэраве нёманскай кіт-рыбы беларускія рэвалюцыйныя дэмакраты на чале з Канстанцінам Каліноўскім таілі нелегальную друкарню, сіламі каторай выдавалася “Mużyckaja Prauda” (1862–1863 гг.). Гэтыя факты не маглі застацца нязнанымі для расійскіх уладаў. Пасля задушэння паўстання 1863–1864 гг. было вырашана дашчэнту зніштожыць валадара беларускіх рэк і азёр, карыстаючы з варункаў ваеннага становішча. Усе тутэйшыя губернатары атрымалі адпаведнага кшталту цыркулярныя рэскрыпты. Аднак, баючыся народных хваляванняў з тае нагоды, расійскія ўлады маскіравалі акцыі знішчэння пад дрэнажныя работы, выдаленне каменных парогаў і г.д. і да т. п.

Відавочна, што на пачатак ХХ ст. усе кіт-рыбы Беларусі былі зніштожаныя. Прынамсі пэўных звестак пра тое мы сёння не маем. У рукапісе альбомнага верша з аўтабіяграфічнымі элементамі, які належыць аўтарству Францішка Багушэвіча, расказваецца пра рачную прагулку 20 ліпеня 1897 г. з Вільні ў Коўню і між іншага адзначаецца:

 
Сабраўшыся на тры чоўна,
Веславалі мы да Коўна,
Праз тры дні і праз тры ночы
Дождж мачыў, а вецер ў вочы!
Кіта-рыбу не чапалі —
Звычай даўні паважалі…
 

Гэта ці не апошняя пісьмовая прыгадка пра валадара беларускіх водаў. Відавочна, мы не маем тут справу адно з паэтычным прыёмам. Хутчэй за ўсё Ф. Багушэвіч традыцыйным для сваёй творчасці спосабам, намякаючы, прыбівае іржавымі цвікамі да ганебнае дошкі праваднікоў імперскае палітыкі ў Беларусі.

2003 г.

Язык да ківі дапытае

У часе братавага вяселля мне адкрылася вялікая таямніца. На кухні бацькоў толькі-толькі выкупленай нявесты за пару хвілін да ад’езду ў ЗАГС давялося прапусціць па чароднай (ці не пятай ад рання) “маленечкай” ды ўлупіць пару лусцікаў. Сярод апошніх прыкметным быў і гастранамічны шык кулінарнае моды апошніх гадоў: батон з маслам і скрылёчкамі ківі. Дружка маладога зацеміў: “Старажытная беларуская страва”. Усе толькі пасмяяліся і шчасліва забыліся на гэты, нібыта, жарт. Я ж дастаў сабе з таго новы “адлом мазгоў”, як на тутэйшым слэнгу называюць стан блізкі да кагнітыўнага дысанансу, і пастанавіў ўсур’ёз заняцца высвятленнем старажытнасці традыцыі ківі ў гісторыі нашай Бацькаўшчыны.

Ужо ў рэштках зарубінецкай керамікі IV–V стст. сярод засохлых зернейкаў злакавых выяўляліся і драбнюткія бубкі прадстаўніка роду актынідыя – ківі. У пластах банцараўскай археалагічнай культуры гэтыя знаходкі яшчэ больш частыя. Падобныя факты ніколі не афішаваліся, бо падрывалі міфы бальшавіцкіх ідэолагаў пра спрадвечную беднасць беларускага краю. Чыста палітычнаю крамолаю магло стаць прызнанне таго, што ў дафеадальным 7 ст. жыхары Беларусі ўжывалі ківі, тады, як грамадзяне слаўнай БССР не маглі пабачыць у свабодным продажы хаця б апельсінаў ці бананаў. Нават класавы падыход не даваў камуністам помачы. Нельга было прыпісаць ужыванне ківі адно вышэйшым пластам зарубінецка-банцараўскага грамадства, бо давялося б карэктаваць усю савецкую гістарычную навуку аб тых часах.

Галоўным апірышчам гістпартаўскіх поглядаў пра той перыяд было паведамленне Пракопа Кесарыйскага (IV ст.), з якога вынікала, што тагачасныя славяне (балта-славяне?) не кіраваліся адным чалавекам, але спакон вякоў трывалі ў народапраўстве. Гэта, аднак, не перашкодзіла “кампетэнтным органам” адчыкрыжыць у таго ж Пракопа надта важкі момант (аднаўляем у квадратных дужках): “Яны (нашы прашчуры – С.Б.) ушаноўваюць і рэкі, і німфаў, і ўсялякіх дэманаў, прыносяць ім усім ахвяры і з дапамогаю гэных ахвяраў варожаць, [а самі ж вараць сабе сочыва з ківі і ядуць проста з гаршчкоў]”. У поўным “Стратэгіконе” Псэўдамаўрыкія (VІ ст.) чытаем пра славян “верхняга Барысфена”, то бок Дняпра: “У іх мноства размаітай жывёлы і зерня, якое складаецца ў скірды, а злашча проса і полба. Ядуць, бывае, і ківі. Адкуль бяруць – розуму не дабяру”.

Магчыма, ківі было складнікам нейкай язычніцкай стравы, а назва самае ягады табуявалася, назапашвала розныя псеўданімы, як гэта было з паганскімі багамі. Ёсць падставы меркаваць, што памянёнае сочыва з ківі не было простым джэмам ці канфіцюрам, а своеасабліва згатаванай п’янкой масай, на аснове якой гатаваліся рознага кшталту напоі. Якраз адсюль паходзіць троху састарэлае, прынамсі ў літаратурнай беларускай мове, слова “ківацца”, то бок хістацца, сёрбнуўшы лішку незвычайнага морсу. Пацверджанне таму знаходзім у архаічным беларускім фальклоры. Так у часе эратычнай зімовай гульні “Жаніцьба Цярэшкі” спявалася такая “наруглівая” прыпеўка:

 
Ай, бяда, мая бяда,
Далі мне п’янога дзяда.
Ідзець, дак ківаецца,
Мо’а ў ківі знаецца.
 

Цяжкасці з выясненнем краіны-экспарцёра ківі ў Беларусь тлумачацца тым, што ніякага экспарту не было. Ківі вырошчваліся тут, напрыклад, у полацкіх падзямеллях. Самыя нетры зямлі крыўскай давалі той неацэнны скарб. Нельга скідваць з рахункаў імавернасць таго, што крывічы са сваімі супольнікамі заснавалі горад Кіеў, як эксперыментальную базу па вырошчванню ківі. І толькі ў пазнейшыя часы гэтай базаю авалодалі паляне, а за імі і варагі, якія слаба зналіся ў ківіводстве і амаль дашчэнту занядбалі гэтую галіну сельскай гаспадаркі. Але яшчэ доўга памяць пра даўнейшыя кіеўскія часы жыла ў народзе, бо і сёння на ўсходзе Беларусі можна пачуць прымаўку: “Язык да ківі дапытае”.

Палачане, памятаючы пра свае колішнія садочкі ў Кіеве, вялі з “маткай гарадоў рускіх” зацятае змаганне. Варажскай дынастыі, якая ў “стольном градзе” атайбавалася, надта ж карцела паспытаць небывалай у Скандынавіі ягады. “На седьмом веце Трояни връже Всеслав жребий о девицю себе любу… и скочи к грядам киви и дотчеся стружием злата стола киевскаго”, – чытаем у Шырынкоўскім спісе “Слова пра паход Ігараў”. Гэта дае падставы цвердзіць, летапісны “поруб”, дзе нібыта цягам колькіх месяцаў 1068–1069 гг. быў зняволены Ўсяслаў Чарадзей, быў насамрэч не турмою, а падземнай дзялянкай ківі. Няўмекі “руськия” князі прымушалі слыннага палачаніна аднавіць сад, які апошні раз даваў ураджай, відаць, яшчэ за часы Рагнеды Рагвалодаўны. Яна ў Кіеве апынулася з ведамай, але няслушна інтэрпрэтаванай гісторыкамі прычыне. Усяслаў жа, як вядома, пры першай-лепшай магчымасці даў з Кіева драпака (дарэчы на аднарогу), пакінуўшы ўраджай несабраным.

Між тым рознага памеру дзяляначкі ківі размяшчаліся ўва многіх куткох Беларусі. На выяўленых нядаўна ў Гомелі рэштках кляновай граматы (з кары клёна) ясна чытаецца: “Оже еси продал черепье, а купи ми, добро творя, киви на шест гривен”. Дакумент датуецца ХІІ ст. З таго ж часу паходзіць касцяны абразок з Магілёва, дзе адлюстраваныя святыя Барыс і Глеб у вобразе вершнікаў. І той і другі на правай руцэ трымаюць нешта эліпсоіднае, пакрытае поўсцю. Суправодны цяжкачытэльны надпіс тлумачыць: “Св[ят]ыя Б[о]р[и]с [и] Гл[е]б. Киви для П[е]р[у]на”. Лішні раз бачым мы добрае сведчанне заблытанасці рэлігійнае свядомасці жыхароў тагачаснае Беларусі: хрысціянскія святыя ўручаюць ягады паганскаму боству.

У Заслаўі ў культурным пласце ХІІІ ст. была знойдзена шахматная фігурка ў выглядзе ківі. Знаходка нідзе не экспануецца, бо першаадкрывальнікі лічаць яе часткай набору жорсткаэратычных шахмат ананімнага заслаўскага вычварэнца. “Мнозии ищуть да не обращуть. Инии жь и искати не пробують”, – можна прывесці з гэтай нагоды словы невядомага полацкага кніжніка таго часу.

Пад Мазыром яшчэ перад апошняй нямецкай вайною ляжаў вялікі камень-камлыга, якую тутэйшы люд называў не інакш як кіў-камень. З адзінага вядомага апісання (насценгазета Бабчынскага педтэхнікума “Чырвоны ахеолёг і краявед” ад 5 кастрычніка 1928 г.) вынікае, што кіў-камень (d=5 м) быў укрыты без парадку размешчанымі барозначкамі (даўжынёю ў 6–8 см) рукачыннага паходжання. Паспрабуйце ўявіць падобных памераў ківі, і уцяміце, што мазырскі камень быў прысвечаны менавіта гэтаму плоду.

Сакрэты ківіводства не дасталіся забыццю і ў эпоху Вялікага княства Літоўскага. Ягада па-ранейшаму значным чынам уплывала на грамадскую свядомасць. Нездарма сярод зафіксаваных у пісьмовых крыніцах ХIII – пачатку XVI ст. імёнаў старадаўніх літвінаў з зайздроснай рэгулярнасцю сустракаюцца і вельмі выразныя: Ківімонт, Ківігайла, Ківейка. “Тайны летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, паведамляе, што князь Міндоўг “завсюды по лазни не толко медок до споживы брал”, але яшчэ захапляўся і “варивцем з киви и зиолак, бо то велми ку силе мужеской надобне было”. Чаму ж тады мы дзівімся з таго, што сямідзесяцігадоваму вялікаму князю спатрэбілася “умыкати” чужую жонку?!

Згодна з тым жа гістарычным дакументам вялікі князь Альгерд у адказ на маскавіцкую дыпламатычную правакацыю (праз пасла перадалі агонь ды шаблю, грозячыся такім чынам вайною) прыбыў разам з войскам на Вялікдзень пад Маскву. Прыбыццё гэтае зрынула Дзмітрыя Іванавіча ў жахоты. Калі іншыя кронікі цвердзяць, што гаспадар літвінаў і русінаў падараваў свайму калегу і апаненту велікоднае яйка, то “Тайны летапісец” адзначае інакшае: “И уручил Олкгирд Деметрию не яйце пасхальное, але киви литовское, чим оного князя злякал, бо николи того яблока не бачил а мнемал, иже речь с чаровництвом вязаная”. Ясна, што ніякага чараўніцтва там не было.

Прысутнічала ківі і на стале вялікага князя Вітаўта, што надта ўражвала іншаземных гасцей. Адзін з такіх, “влох” (італіец) Джакама Абламіні, згадваў у сваіх мемуарах (1450 г.): “У рутэнскага князя Віторыё, што тады валадарыў Літваніяй, на сталах еміны было покатам, асабліва мяснога. Адылі подзіў усіхны спаклікалі вялізманыя пасудзіны з ківі – той ягады, каторую нават папеж гады ў рады смакуе. Відовішча усіх узрушыла і падкрэсліла годнасць Віторыё як валадара вартага быць каралём”.

Што да спамянутых на пачатку гэтага артыкула бутэрбродаў, дык кволая намінка на іх адносіцца да мяжы ХV—ХVІ ст. Гетман Канстанцін Астрожскі, характарызуючы тагачасную палітыку Масковіі ў дачыненні да ВКЛ, трапна адцеміў: “Хочуть киви а булку изъести, масла не улизнувши”. Беспасярэдні ж рэцэпт гэтае закускі прысутнічае ў рукапісным зборніку “Потравы вшеляки ку беседам панским” (1596 г.): “Бери ломоть хлеба бялэго, умасти оный маслом коровим, а по версе кронжки от киви положь. Будешь ядати, нихто за ушшу не отволочит, а звлаще после горилки”.

Нельга, аднак, думаць, што ківі ўжываліся толькі асобнымі сацыяльнымі групамі. У той ці іншай ступені гэта ягада была даступная ўсім. У старабеларускай студэнцкай песні (не пазней канца ХVІІ ст.) ёсць такія характэрныя радкі:

 
Вусы ў піве,
Вусны ў ківі.
Каб шчэ й дзеўку
На пасцельку.
 

У гарадскім рамансе сярэдзіны ХVІІІ ст. з т. зв. “Курніцкага сшытку” лірычная гераіня ўздыхае аб страчанай прыхільнасці да яе з боку былога каханка:

 
Мілы быў ігрывы
І дарыў мне ківі.
А прайшло каханне —
Не дае й бульбянік.
 

У інвентары вёскі Шарсцін (сучасны Веткаўскі раён) 1609 г. адзначаецца, што сяляне выконвалі для пана Ленскага не толькі традыцыйныя павіннасці, але яшчэ і “кивийное”. Паводле дакумента прыгонныя мусілі “з дыму кождого в осень по 25 киви побритых сплатити”. Пан Ленскі або быў задужа далікатным і грэбаваў першасным выглядам спелае ягады, або ўяўляў з сябе зацятага прыгонніка, якому – хлебам не кармі! – дай толькі памучаць сацыяльныя нізы.

У попісах маёмасці астравецкага кляштара дамініканаў (1639 г.) сярод іншага наяўнага на той час за ягонымі мурамі правіянту згадваюцца “дзесят фасок – з бочку виленскую кожная – з варивом киви”. Праваслаўны святар Нікадзім, звяртаючыся з казанню да магілёўцаў (блізу 1683 г.), выславіўся: “Аще горелицы крякнеш, буде безплоден ден. Аще же киви снедеш – получный, лепый и много для здравия приятный”. Пра карыснасць ягады для здароўя айцец не падманваў, хоць пэўна і ведаў пра якое здароўе вядзецца.

І ў “Лякарствах дамовых” (1619), і ў “Доме лячэння” (1625), якія амаль цалкам парывалі з сярэднявечнымі псеўдамедычнымі прыдумкамі, фігуруе рэцэптура шматлікіх узвараў з ківі ў спалучэнні з іншымі інгрэдыентамі (арэхамі, смятанай, яечным бялком). Рэкамендавалася таксама простае ўжыванне ягады, бо “дапамагае барза канец дзяржаць на пагатове”. Лексіка сведчыць, што аўтар “Дома лячэння” быў знаёмы з паўлегальнымі “Арыстотелевыми вратами”. Сімяон Полацкі досыць стрымана азываўся аб ахвотніках спажываць ківі, папераджаючы такіх:

 
Похоть киви – не грех есть, но в ней ся сладити
И слабосилье воли – грех есть приложити.
 

Але не царква і яе паасобныя дзеячы прычыніліся да поўнага занядбання ў нас ківіводства. Так ужо сталася ў гісторыі беларускай, што многае добрае і пазітыўнае скончылася пры канцы ХVІІІ ст. пасля “воссоединения” з Расіяй. Падобна адбылося і з ківі. Яшчэ за доўга да падзелаў Рэчы Паспалітай лёс ківі быў вырашаны ў Полацку. Ліпеньскім вечарам 1705 г. пасля вядомага інцыдэнту ў Сафійскім Саборы расійскі манарх Пётр І ласаваўся тутэйшымі прысмакамі. З’еў і пару бутэрбродаў з ківі, а маленькае зернейка ад ягады прыліпла дзесьці ў царскім горле. “Зачали его императорское величество кашлять зело, – распавядае ў сваім дзённіку адзін з тагачасных целаахоўнікаў цара Мікіта Павелін, – вплоть до того страшен был кашель оный, иже пришлося Петра Алексеича скамеечкой дубовой по спине звездошити”. Угневаны імператар зараз жа загадаў зніштажаць, дзе патрапяцца, агародчыкі ківі. А потым наагул запавеціў рабіць гэта ж і сваім наступнікам.

Пераемнікі Пятра старанна выконвалі ягоны наказ, змагаючыся з “чертовой ягодой подземной, коя из литвина богатыря лихого творит”. Таму пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на беларускіх абшарах разам з руйнаваннем замкаў ды земляных умацаванняў адбывалася разбурэнне ўсяго, што толькі магло нагадаць расійцам пра тую ягаду. Калі за часы Аляксандра І апамяталіся, захацеўшы частавацца таннымі беларускімі пладамі ківі, было ўжо надта позна ратаваць справу. Даўняя галіна беларускае гаспадаркі спыніла сваё існаванне. І толькі спарадычна народная памяць давала знаць пра ківі. У адным са спісаў “Энеіды навыварат” упамінаюцца “мязгі і ківі рашаты”. У 1857 г. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у лісце да Ўладзіслава Сыракомлі хваліўся, што сканчае новую вершаваную аповесць “Век з ківі векаваць”. Лёс гэтага твора невядомы. Пэўную інфармацыю ўжо за савецкім часам меў Вацлаў Ластоўскі. У 1927 г. ён прапанаваў увесці ў кампазіцыю новага герба БССР заміж канюшыны ягады ківі. Але нават такая памяркоўная прапанова, бо рэальна Ластоўскі хацеў бачыць гербам Беларусі “Пагоню”, была адхілена як контррэвалюцыйная і нацыяналістычная.

Гісторыя з ківі на Беларусі і сёння замоўчваецца. Толькі гурт N.R.M у 1996 г. голасам Лявона Вольскага з горыччу адцеміў: “У нашай краіне няма бананаў і ківі” (слухай “Песню падземных жыхароў”). Дык давайце ж, спажываючы ківі, штораз нагадваць сабе і сваім субяседнікам пра беларускую традыцыю гэтай прыўкраснай ягадкі!

2003 г.

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации