Текст книги "Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік)"
Автор книги: Сяргей Балахонаў
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 4 (всего у книги 13 страниц) [доступный отрывок для чтения: 4 страниц]
Ці не самы апошні раз бацяна-фенікса беларусам давялося бачыць у сярэдзіне 80-х гг. XX ст. 26 красавіка 1986 г. адбыўся выбух на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Радыеактыўныя аблокі вецер гнаў у бок Масквы. Савецкае кіраўніцтва прыняло рашэнне развярнуць аблокі, каб зняць імаверную пагрозу для саюзнай сталіцы. Лётчыкі, што засталіся жывымі пасля гэтай спецаперацыі, пазней апавядалі пра агромністую птушку, што паглынала аблокі. «Было очень страшно от осознания непонятности происходившего. Нам ведь толком что к чему не объяснили, – успамінаў лётчык Клім Алегаў, – тем более пришлось ужаснуться, видя, как эта птица пожирала тучи, словно старалась опередить нас». Нельга забыць таго наймацнейшага патрыятычнага парыву, з якім птушка фенікс імкнулася захінуць сваю родную зямлю ад жудаснай бяды. Ці выжыла яна пасля гэтага, мы не ведаем. Вельмі хочацца верыць, што яна і да сёння жыве ў гушчарах Палесся, дзе не ступае нага чалавека. Жыве і гоіць свае раны, каб урэшце зноў з’явіцца ў нашым небе, даводзячы свету сваю і нашу неўміручасць.
2004 г.
«Пчолачкі гудуць…», або Кароткая гісторыя крыўскага сакральнага пчалярства
У 1855 г. краязнавец Павел Шпілеўскі у часопісе «Зори Замоскворечья» апублікаваў даволі дзіўную беларускую легенду. Сам аўтар публікацыі называў яе народнай прыпавесцю («простонародная притча»). Згодна з легендай, калі першыя беларусы жылі ў раі, Бог пасадзіў недалёка ад іх жытла два сады. І ў адным, і ў другім садзе раслі яблыні і грушы. Аднак у першым гэта былі дзічкі, а ў другім акультураныя («гойныя») дрэвы з сакавітымі салодкімі пладамі. Дрэвы ў абодвух садах выраслі вельмі хутка, бо «як жэ ж іначэй? Бог віць саджаў». Першых беларусаў Бог адразу папярэдзіў, што ў ніводзін сад яны не павінны «тачыць насоў». Акрамя папярэджання, Ён абгарадзіў кожны сад высокім парканам. Але як толькі сады «ўвабраліся ў красу і сілу» беларусам стала мутарна – «так пладоў божых паспытаць хацелі». Спачатку дужа баяліся, але потым асмеліліся пайсці ў сад, дзе раслі дзічкі. Яны разважылі, што «калі Бог угневаецца і стане на іх сварыцца, так за дзічкі яго гнеў і сварка будзе меншаю, ніж за салодкія яблыкі і грушы». Беларусы з цяжкасцю перабраліся праз паркан, назрывалі кіславатых пладоў і наеліся імі, ажно ледзь дыхалі і мучыліся ад «джагі» (пякоткі). У такім стане Бог і заспеў іх. Ён не праяўляў вонкава свой гнеў і не лаяўся на бедакоў. Але сказаў: «Як вы панадзіліся ў дзічкі, дык адцеперся самі будзеце такімі, бытта гестыя дрэвы». Не, Бог не ператварыў беларусаў у дзічкі фізічна, але зрабіў іх дзічкамі свядомаснымі. І ад тых часоў, падводзіць рысу легенда, «беларусам, каб душа іх слодыччу і сакавітасцю беларушчыны напоўнілася, трэба рабіць прышчэпку».[43]43
Шпилевский П. Бог в простонародной белорусской притче // Зори Замоскворечья. 1855. № 5. С. 55–57.
[Закрыть]
Ні ў тэксце легенды, ні ў каментарах да публікацыі не тлумачыцца, якая прышчэпка патрэбна беларусам-дзічкам, каб адчуць сябе сапраўднымі беларусамі. Не зусім зразумела таксама паходжанне легенды. Ва ўступным слове Павел Шпілеўскі месцам запісу называе вёску Мамутовічы, «лежащую в бескрайних красотах с отрочества милого Белорусского края». Між тым у каментарах пэўныя моўныя асаблівасці легенды ён называе «характерными для народных говоров окрестностей Слонима». Але каля Слоніма вёскі з назвай Мамутовічы ў ХІХ ст. не было. Відавочна, што Шпілеўскі нешта недагаворваў або папросту сам стварыў стылізацыю пад народную легенду.
У кожным разе і сюжэт, і агульны каштоўнасны пасыл гэтага твору ўражваюць сваёй сімволікай і глыбокім сэнсам. Апроч таго, што тут ці не ўпершыню ў нашай гісторыі ўжываецца паняцце «беларушчына», твор вельмі востра ў алегарычнай форме адлюстроўвае адно з выклятых пытанняў беларускай ідэі: пытанне мовы і этнічнай свядомасці. Гэта тое самае пытанне, якое ў правакацыйнай форме ў 2009 г. паставіў перад чытачамі свайго блога тульскі беларус Уладзімір Васькоў: «Ужо прыкладна 450 гадоў намаганні зрабіць беларускую мову «роўнай сярод роўных» ні да чаго ні прывялі. Як не хацелі людзі ў сваёй масе на ёй пісаць, так і не хочуць. Цікава, ці зменіцца нешта ў бліжэйшыя 50 гадоў? Ці мы апошнія з магікан?».[44]44
Васькоў Ул. Ужо прыкладна 450 гадоў… // http://palivac.livejournal.com/254959.html
[Закрыть] Гэта тое самае пытанне, якое ў 1891 г. ставіў перад чытачамі сваёй «Дудкі беларускай» Францішак Багушэвіч: «Божа ж мой, Божа! Што ж мы за такія бяздольныя. Якаясь маленькая Булгарыя – са жменя таго народу – якіясьці Харваты, Чэхі, Маларосы… маюць па-свайму пісаныя і друкованыя ксёнжачкі і газэты, і набожныя, і смешныя, і слёзныя, і гісторыйкі, і баячкі; і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць, а ў нас як бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць па-свойму, дык, можа б, і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што «піша па-мужыцку», і як дурня абсмяялі б!».[45]45
Багушэвіч Ф. Творы. Мн., 1991. С. 16.
[Закрыть]
І сёння, і сто гадоў таму, і ў часы Паўла Шпілеўскага, не зважаючы на розны маштаб пашыранасці беларускай мовы, пытанне застаецца адным і тым жа: які імпульс змушае раптоўна навяртацца (або вяртацца) у беларушчыну інертных, схільных падпадаць пад староннія культурныя ўплывы жыхароў Беларусі?
Загадка прышчэпкі беларускасці заставалася да нядаўняга часу не толькі неразгаданай, але і слаба прыкметнай у дыскурсе беларускай ідэі. Сучасны культуролаг Панас Сівабародзька лічыць, што прышчэпка з легенды Шпілеўскага, гэта адно вобраз парадаксальнага збегу грамадска-палітычных, сацыяльна-эканамічных і рэлігійна-культурных абставін, у выніку якога частка беларусаў губляе сваю інертнасць і падатлівасць староннім уплывам. Доктар медыцынскіх навук Альберт Зёлкін мяркуе, што ў легендзе зашыфравана праблема недахопу ёду ў арганізмах беларусаў. На яго думку, маторамі беларускага руху заўжды былі тыя ўраджэнцы Беларусі, якія спажывалі шмат ёдаўтрымальных прадуктаў: «Недарма асноўная маса нашых адраджэнцаў паходзіла са шляхты – шляхта мела больш магчымасцяў сілкавацца прадуктамі, якія ўтрымліваюць ёд». Рэдактар газеты «Х-схроны» уфолаг, Аскольд Мянжынскі сцвярджае, што прышчэпку з легенды трэба ўспрымаць амаль літаральна. «Беларускі праект – гэта толькі частка вялікага эксперымента, які ставіць магутная іншапланетная цывілізацыя, – заяўляе ён. – Па невядомым крытэру іншапланетнікі абіраюць жыхароў Беларусі, дастаўляюць іх ў сакрэтныя лабараторыі на адной з касмічных станцый, змяняюць фармат іх свядомасці і потым вяртаюць назад. Большасць з тых, хто прайшоў праз гэта, нічога не памятае і спрабуе растлумачыць свой зварот да беларушчыны нейкімі рацыянальнымі довадамі, якія пераважна выглядаюць досыць смешна».[46]46
Беларуская прышчэпка для тутэйшай дзічкі: круглы стол 29 лютага 2008 г. // Новая Атлантида. 2008. № 1. С. 18–31.
[Закрыть]
Як бачна, разбежка ў меркаваннях вельмі шырокая. Аднак пры ўсёй павазе да аўтараў ніводная з гэтых версій пры ўважлівым звароце да гістарычных крыніц не вытрымлівае ніякай крытыкі. Зрэшты, перш, чым выкласці свой добра абгрунтаваны і падмацаваны сур’ёзнай крыніцавай базай пункт гледжання, хацеў бы ўзгадаць пэўную гісторыю з уласнага дзяцінства. У пачатку 1980-х гг., на схіле брэжнеўскай эпохі, калі я быў маленькім чатырохгадовым жэўжыкам, са мной здарылася бяда. Было гэта ў вёсцы Гарысты Веткаўскага раёна. Падчас цётчынага вяселля я з кімсьці шлындаў па вясковых вулках і ўрэшце апынуўся на чыёйсьці прысядзібнай пасецы. Мне ўпершыню давялося бачыць пчаліныя хаткі. Я зачаравана глядзеў на вуллі і на мітусню пчолаў на прылётных дошках каля ляткоў. Дзіцячая прага да эксперыментаў спарадзіла недаравальнае жаданне наступіць на пчаліную мітусню нагой. Ніхто ж не папярэдзіў, што так рабіць нельга. Пчолы наляцелі на мяне, і я на сваёй малечай скуры спазнаў, як яны «боронять ульев своих».
Боль і шок выцерлі з маёй памяці ўсё, што адбывалася са мной адразу пасля пчалінай атакі. Але напэўна акурат тады я назваў абаронцаў вулляў няправільнымі пчолкамі («Няправільныя пчолкі наторкалі іголкі», – неяк так сказаў я). Цяжка меркаваць, паўстала гэтая характарыстыка ў маёй галаве цалкам самастойна ці пад уплывам культавага савецкага мульціка пра мядзведзя Віні-Пуха і яго сяброў. Аднак з вышыні сённяшніх гадоў я ўпэўнена кажу, што тады выпадкова прайшоў адмысловую ініцыяцыю праз джаленне сапраўды спецыфічных беларускіх пчолаў – тую самую прышчэпку беларушчыны з легенды Шпілеўскага.[47]47
Балахонаў С. Звышнатуральнае пачуццё // http://budzma.org/projects/belarus/syarhyey-balakhonaw-irracyyanalnaye-pachuccyo.html
[Закрыть] Мне даўно здавалася, што нешта з гэтым джаленнем не так. Але толькі нядаўнія архіўныя і букіністычныя знаходкі пацвердзілі мае самыя смелыя здагадкі.
Вядомая даследчыца Серафіма Скрыдлеўская здолела адшукаць фрагменты барочнага раману пачатку XVIII ст., стылізаванага пад дзённікавыя запісы сярэдняга беларускага шляхціца. Захаваўся і загаловак гэтага ўнікальнага твору – «Дыярыуш о деях размоитых пана Михала Винярскага-Пуховскаго а вшеляких другах онаго, суполный реестр яковых велекроть надалей пререкается». Нават павярхоўнае знаёмства з гэтымі фрагментамі дае магчымасць сцвердзіць, што аўтар кнігі «Віні-Пух» Алан Аляксандр Мілн быў не проста знаёмы са старабеларускім раманам (ці нейкім яго спісам), але і пазычыў з яго многія пасажы, набор персанажаў, перамяніўшы, што праўда, бальшыню вобразаў з чалавечых на звярыныя: Віні-Пух (Winnie-the-Pooh) – Міхал Вінярскі-Пухоўскі, Свінчо (Piglet) – Ян Багуслаў Свінка, Тыгра (Tigger) – Палямон Рысінскі, Трусік (Rabbit) – Юры Дзямід Караль Трусевіч, Крыстафер Робін (Christopher Robin) – Крыштаф Радзівіл. Пакідаючы адмыслоўцам праблему далейшага высвятлення паралеляў між гэтымі творамі, прапаную звярнуцца да цікавага ўрыўку, які тычыцца няправільных пчолаў (у Мілна – the wrong sort of bees).
Дазволю сабе працытаваць даволі абсяжны кавалак старабеларускага тэксту з пэўнымі арфаграфічнымі і сінтаксічнымі праўкамі. Міхал Вінярскі-Пухоўскі захацеў мёду дзікіх пчол і ўскараскаўся на высознае дрэва, у дупле якога пчолы жылі. Седзячы на галіне, ён стаў беспаспяхова ўдаваць з сябе хмару, якая зачапілася за вяршаліну. Асцерагаючыся пчолаў, Міхал папрасіў свайго сябра Крыштафа Радзівіла чытаць малітву на дождж. Вось жа: «Пан Крыштоф не ведал оной молитвы, але ж барздо скемил, што требо робити, и зачал спевати: «Богародзицо, дзевице, богославена Марыя! У твекго сына, кгосподзина матко зволена – Марыя! Зычы ж нам, спусти ж нам переливных дощов!». Бчолы стали ся поводить еще боле дивным обычаем, и я мусел теж распочати спев:
Над Литвою хмары хмурно ходять,
«Баяров» скачуть, карагоды водять,
Карты раскладають, у фараона гуляють,
Древы хистають, за голье ся чепляють.
Бчолы, як дотоле гудбарыли велми дивно. Колькидзесят оных вылетели з дупла и оточыли мя з усих строн. Една ж з онаго роя села мне на кирпу и уджалила боляче, што я ледва стрывал того глума а здирства. А стрывал я катованье тое, бо дуже ся устрашыл, же бчолы ся накинут и переджгуть мя грешнаго всего чысто. Я крыкнул до пана Крыштофа, даючи ему зведомье, же бчолы, кторыя оточыли мя, крывыя бчолы суть. И же се пчолы, кторыя мед крывый вычварають. Пан Крыштоф постал в подиве немалом. Я хотел был злезти долу, але убоялся. Волал пану Крыштофу, абы той з мушкета люб ручницы стрелил и перебил галину, на кторой я восседал. В превеликих сумненьях пукнул друг мой ласкавый ажно з гаковницы, мало не вынес мне стегна полову. Я заляментовал, а бчолы крывыя стали мя джалити люто. Пан Крыштоф пукнул з гаковницы еще раз, перебил галину и дал мне ратунку од тых бчол крывых».[48]48
Дыярыуш о деях размоитых пана Михала Винярскага-Пуховскаго. Прыватная бібліятэка Серафімы Скрыдлоўскай. Пагінацыя адсутнічае.
[Закрыть]
Як бачна, у старабеларускім тэксце пчолы называюцца «бчолы крывыя». Інтэрпрэтаваць гэта можна не толькі ў сэнсе «няправільныя», «няслушныя», але і ў значэнні «тыя, што звязаныя з крывамі (крэвамі), крывіччынай». Верагоднасць такога сэнсу Мілн (ці невядомы нам пасярэднік) чыста выпусціў з пад увагі. Між тым аўтар «Дыярыуша» у своеасаблівым пралогу падкрэсліў: «А был бы дыярыуш оный па-полску албо навет лациною списаный, кабы не бчол крывых покусы, завдяки кторым я, грешная душа, до своевицы ся повернул». Безумоўна, пададзены эпізод і прызнанне аўтара лягчэй за ўсё трактаваць як барочныя вымудры. Аднак на сённяшні момант ёсць усе падставы сцвярджаць, што «крывыя бчолы» былі рэальнасцю не толькі XVIII ст., але і іншых часоў – як ранейшых, гэтак і больш позніх.
Першыя згадкі пра крывых пчол (будзем іх так называць дзеля зручнасці) сягаюць у сівую мінуўшчыну. Відаць, што яны існавалі ўжо ў VI ст. да н. э. і выкарыстоўваліся нашымі далёкімі продкамі неўрамі як сродак абароны ад чужынцаў. Вядома, што неўры з шэрагам іншых народаў нашай часткі Еўропы адмовіліся дапамагаць скіфам у ваенным канфлікце з персідскім валадаром Дарыем: «Калі б вы раней не зрабілі крыўды персам і не пачалі ваяваць з імі, тады б мы ўважылі вашу просьбу слушнай і з ахвотай дапамаглі б вам. Аднак вы без нашай дапамогі ўварваліся ў зямлю персаў і валодалі ёю, пакуль боства патурала гэтаму. Цяпер жа ж боства спрыяе ім, і персы жадаюць адплаціць вам гэтак жа».[49]49
Герадот. История. Ленинград, 1972. С. 213.
[Закрыть] Аднак персідскія войскі ў сваім пераследзе скіфаў не зважалі на тое, хто з народаў стаў скіфскім хаўруснікам, а хто не. Калі даваць веры «бацьку гісторыі» Герадоту, то персы здолелі застрашыць неўраў і прымусілі іх адступіць на поўнач. Але малавядомы сёння Герадот Малодшы (або ў памылковым сярэднявечным напісанні – Герадзот)[50]50
Традыцыя называе яго пазашлюбным сынам Герадота (верагодна, ад жанчыны з племені будзінаў). Герадот Малодшы ўсё свядомае жыццё імкнуўся выпраўляць бацькавы памылкі. У часе адной са спрэчак з нагоды інтэрпрэтацыі падзеяў паходу Дарыя І на Вялікую Скіфію ён выкрыкнуў Герадоту: «Бацька, ты тут не адзін!».
[Закрыть] аспрэчваў слушнасць такога апісання падзей: «Застрашыўшы андрафагаў, персы скіраваліся ў зямлю неўраў, мяркуючы і там пасеяць досыць страху. Аднак набліжаючыся да Неўрыды, яны ўбачылі шчыльную сцяну, якая дзіўна гула. Пра гэтае дзіва ніхто з праваднікоў раней не паведамляў. Персы наважыліся падыйсці бліжэй і былі моцна ўражаны ўбачаным відовішчам: памянёную сцяну ўтварала незлічоная колькасць пчолаў. І Дарый, і яго дарадцы згадалі, што неўры слылі чараўнікамі, а цяпер пераканаліся ў гэтым на ўласныя вочы. Калі здарылася, што некаторыя пчолы ўджалілі некалькіх воінаў, то ўсе зразумелі, што пчолы няпростыя, бо, уджаліўшы, не паміралі, а працягвалі лятаць і пагрозліва гусці. Але і гэты цуд не быў цудам у параўнанні з тым, што ўджаленыя персідскія воіны раптоўна для ўсіх пераходзілі на гаворку неўраў, звяртаючыся да пчолаў: «Ні баі сін, ісмі драўгу» («Νί βάί ςίη, ίςμί δράυγυ»). Гэта азначае: «Не бойся, я – друг». Разумеючы, што перайсці пчаліную сцяну без шкоды для войска немагчыма, персы вырашылі пакінуць неўраў у спакоі».[51]51
Цыт. паводле: Свербинский Х. Страсти вокруг Геродота Младшего // Вестник исторических древностей. Москва, 2000. Вып. 25. С. 77–78.
[Закрыть]
Старажытнарымскі гісторык Аней Салюстый Крэбс, які жыў на мяжы старой і новай эры, сцвярджаў, што беглы гладыятар, які ўзначаліў найбуйнейшае ў гісторыі Рымскай дзяржавы паўстанне рабоў (І ст. да н. э.), паходзіў не з Фракіі, а з Неўрыды – «тых земляў, адкуль бярэ пачатак Данапрыс (Danapris)», то бок Дняпро. Паводле яго сведчання Спартак «шанаваў пчалінага бога сваёй радзімы» і часта прыгадваў «чароўны мёд, пчолаў Неўрыды, які саладзіў вусны яго супляменнікаў, робячы іх мову найпрыгажэйшай у свеце». Апошняя тэза вельмі раздражняла Анея Салюстыя і ён характарызаваў яе як «праяву неўтаймоўнай барбарскай пыхі». Аднак не зважаючы на падкрэслена халоднае стаўленне да Спартака, рымскі гісторык усё ж стараўся быць аб’ектыўным у падачы фактаў. Паміж іншага ён прывёў і іншыя словы Спартака, калі той звяртаўся да рабоў-паўстанцаў: «Будзьма, як пчолы маёй далёкай радзімы! Джальма ворага і не памірайма! Джальма ворага двойчы, тройчы і не памірайма!».[52]52
Полное собрание документов и материалов о восстании Спартака. Санкт-Петербург, 2008. Т. 2. С. 88–89.
[Закрыть] Дарэчы, Аней Салюстый называў і сапраўднае імя Спартака – Znaidenius, што можа цалкам адпавядаць фальклорнаму беларускаму «Знайдзён», пацвярджаючы вылучную архаічнасць казачнага вобраза Івана Знайдзёна.[53]53
Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік. Мінск, 2004. С. 418.
[Закрыть]
Выбітны рымскі пісьменнік, навуковец і дзяржаўны дзеяч Магн Аўрэлій Касіядор у сваёй працы «Гісторыя готаў» (першая трэць VI ст.) паведамляў пра остгоцкага караля Вінітара (у іншых крыніцах – Віцімір), які ўладарыў у IV ст. і вызначыўся войнамі супраць антаў. Сярод народаў, якія ў рымскай традыцыі называліся антамі, былі і жыхары тагачасных беларускіх абшараў. Акурат яны і патрапілі пад удар войскаў Вінітара, які не верыў, што «месца гарадоў займаюць у іх балоты і лясы». Аднак нашы продкі «доўга ўхіляліся ад бітвы, завабліваючы остготаў углыбкі сваёй краіны». «Вінітар усцешана вёў сваё войска па іх землях, – чытаем у Касіядора. – Кароль остгоцкі быў пэўны, што перамога ім ужо здабытая, таму не адразу зразумеў, што яго зацягнулі ў пастку. На шляху остгоцкага войска не было ніводнага горада ці хаця б нават котлішча. Войска імчала следам за ворагам і ўрэшце апынулася на полі бітвы, якім стала агромністая лясная паляна. Ці не ва ўсіх вакольных дрэвах былі дуплы, дзе жылі страшныя анцкія пчолы. Вінітар і яго ваяры адразу не скемілі, што за гуд стаіць над мясцовасцю, думаючы, што гэта меланхалічныя спевы ворага, асуджанага на паразу. Але неўзабаве з’явіліся шматлікія пчаліныя раі і напалі на войска остгоцкага караля. Уджаленыя ваякі перакідваліся на бок антаў, гатовыя ваяваць супраць свайго нядаўняга ўладара. Вінітар гэта зразумеў і паспяшаўся ўратавацца ўцёкамі, бо станавіцца ласкавым братам анцкага правадыра Божа ніяк не жадаў».[54]54
Материалы, относящиеся к истории древних готов. Москва, 1888. С. 96.
[Закрыть]
Разам з невялічкім атрадам Вінітар здолеў уцячы і пазбег пчаліных джалаў. Фактычная параза яго вельмі засмуціла і ён склаў план помсты: новы паход быў прызначаны на зімовы час, калі пчолы спяць, а «анты святкуюць свае календы». У святочную пару нашы продкі і былі заспетыя знянацку новым остгоцкім войскам, якое «біла ўсіх ад мала і да веля, а найбольш тых, хто крычаў песні пра пчол». Остготы перамаглі. Але нават і тады нейкая частка іх войска «перавярнулася ў антаў, неабачліва паспытаўшы напояў, зробленых з мёду страшных анцкіх пчол». Для агульнага застрашэння Вінітар загадаў спаліць некалькі лясоў, у дуплах дрэў якіх зімавалі пчолы. Борці з адрэзкаў бярвён, якія належалі асабіста правадыру Божу, былі ўтопленыя ў Данапрысе, дзе адмыслова для гэтага высеклі вялізныя палонкі. Самога правадыра, а таксама 70 старэйшын, сярод каторых меліся і пчаляры, остготы распялі на ліпах.[55]55
Там сама. С. 97.
[Закрыть]
Відавочна, што чужынцам не аднойчы даводзілася сустракацца на землях старажытнай Беларусі з такой пагрозай, як крывыя пчолы. Таму звесткі пра іх хоцькі-няхоцькі траплялі ў тагачасны працы, прысвечаныя вайне і ваеннай справе. Візантыйскі гісторык Пракопій Кесарыйскі ў кнізе «Вайна з готамі» (VI ст.) пісаў пра нашых продкаў: «Ідучы ў бой, большасць з іх рушыць на ворагаў са шчытамі і дроцікамі ў руках, панцыраў жа яны ніколі не апранаюць. Некаторыя з іх не носяць ні хітонаў, ні балахонаў, а адны толькі порткі з шырокім поясам, і ў такім выглядзе сягаюць на бітву з ворагамі. Не з прычыны глупства ўласнага робяць так, а таму, што за імі маса пчол незвычайных, якія заўжды дапамогуць у бітвах».[56]56
Хрэстаматыя па гісторыі сярэдневякоўя / Пад. рэд. Стасюлевіча Я., Байкоўскага К. Мінск, 1950. С. 293–294.
[Закрыть]
Падобнае знаходзім і ў «Стратэгіконе» Псеўда-Маўрыкія (VI ст.): «Змагацца са сваімі ворагамі яны любяць у месцах, парослых густым лесам, у цяснінах, на абрывах. З выгодай для сябе выкарыстоўваюць засады, раптоўныя атакі, хітрасці, вынаходзячы і ўдзень, і ўначы мноства разнастайных спосабаў. Дасведчаныя вельмі ў выкарыстанні баявых пчолаў, якія больш нідзе, апрача вярхоўяў Барысфену, не вядуцца. Невядома, ці тыя пчолы самі такімі нараджаюцца, ці іх адмыслова выхоўваюць у ваярскім духу. Зрэшты, апошняе здаецца чыстай казкай, як і тое, што пчаляры знаюцца ў чараўніцтве».[57]57
Стратегикон Псевдо-Маврикия. Ростов-на-Дону, 2004. С. 95–96.
[Закрыть] Тое, што Псеўда-Маўрыкію здавалася казкай, для нашага краю было пракаветнай традыцыяй. Паводле народных уяўленняў пчаляры валодалі звышнатуральнымі (знахарскімі, чарадзейскімі) здольнасцямі. Іх занятак успрымаўся як пастаянная камунікацыя з «тагасветным», якая здзяйснялася з дапамогай пчолаў.[58]58
Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік. Мінск, 2004. С. 400.
[Закрыть]
На жаль, з найстаражытнейшых крыніцаў нельга даведацца пра іншае прызначэнне крывых пчолаў, акрамя абароны ад чужынскай агрэсіі. Самая ранняя пісьмовая звестка пра іх выкарыстанне ў рытуальных мэтах звязваецца з Х ст. У асобных спісах «Хронікі» Рэгінона Латарынгскага згадваецца «нялюдскі паганскі звычай», які быў уласцівы «крывітэнам» (criviteni). «Гэтыя крывітэны не хрысцяць сваіх немаўлят, але нясуць да пчаляра, каб той акунуў дзіцятка ў цэбры з мёдам. Пасля таго малое кладзецца ў адмысловую гушкалку і пакідаецца сам-насам з роем дзікіх пчол. Пакуль хаця б адна пчала не ўджаліць дзіця, яго бацькам не вяртаюць. Пчолы ў іх адметныя: джалячы каго-небудзь, не паміраюць. Крывітэны лічаць, што такі дзікунскі звычай умацуе ў дзецях паганскую веру, прышчэпіць любоў да Крыўі (Crivia) і яе вычварнай гаворкі. Узімку, калі пчолы спяць, дзетак толькі акунаюць у мёдзе, і бацькі ў сваёй паганскай аблудзе нясцерпна чакаюць вясны, каб аддаць сыночка ці дачушку пад пчаліныя джалы. Брыдка, калі хрысціянскія прапаведнікі трапляюць пад уплыў такіх баек і ахвотна гукаюць пчол выйсці са спячкі», – паведамляе Рэгінон.[59]59
Все списки «Хроники» Регинона из Лотарингии. Екатеринбург, 1999. С. 45.
[Закрыть]
Існаванне падобнага кшталту звычаю пацвярджаецца звесткамі з беларускага фальклору. Вось, напрыклад, адна з архаічных радзінных песень, што была занатавана ў Падняпроўі ў канцы ХІХ ст.:
Схематычныя рысункі, у якіх распазнаюцца вобразы пчолаў і дзіцяці, раз-пораз сустракаюцца на аскепках керамікі і асобных ужытковых прадметах банцараўскай археалагічнай культуры V–VIII стст., якая ахоплівала практычна ўсю тэрыторыю Беларусі ў сучасных яе межах. Магчыма, з узгаданым звычаем звязана прымаўка: «Свае пчолкі не чыняць болькі».[61]61
Сказаў, як звязаў. Прыказкі і прымаўкі зямлі беларускай. Мінск, 1988. С. 111.
[Закрыть]
Шкадаванне Рэгінона Латарынгскага з нагоды дакранання хрысціянскіх прапаведнікаў да крыўскай традыцыі цалкам зразумелае. Па ўсім відаць, што не адзін місіянер, трапіўшы на старабеларускія землі, падпадаў пад уплывы тутэйшай традыцыі. Манах Адам Брэменскі ў «Дзеях першасвятароў Гамбургскай царквы» (бл. 1075 г.), не называючы імёнаў, агулам прыгадаў місіянераў ІХ—Х стст., якія «зракліся веры хрысціянскай, пакаштаваўшы мёду крывіцкага».[62]62
Адам Бременский. Деяния первосвященников Гамбургской церкви. Расширенная версия. Москва, 2002. С. 305.
[Закрыть] Каталіцкі святар Гемальд, аўтар «Славянскай хронікі» (ХІІ ст.), з абурэннем прыводзіў факт: адзін нямецкі прапаведнік у Х ст. настолькі паддаўся «ілжывай веры крывіцкіх бортнікаў», што «пісьмо на радзіму напісаў па-крывіцку», а ў яго родным горадзе «не знайшлося ніводнага чалавека, апроч палоннага люціча, які б здолеў разабраць сэнс напісанага».[63]63
Цыт. паводле: Ластоўскі В. Да пытання прыгадкі крыўскасці ў «Славянскай кроніцы» Гельмольда // Крывіч. 1927. № 9. С. 18.
[Закрыть]
Нават у часы, калі пачалася паступовая хрысціянізацыя беларускіх земляў, кіеўскія царкоўнікі з вялікай падазронасцю ставіліся да сваіх полацкіх калегаў. У кіеўскіх храмах і манастырах забаранялі нават дакранацца да зборніка афарызмаў «Полотьска пчела» (ХІ ст.), хаця зместам ён, напэўна, мала чым адрозніваўся ад кіеўскага аналагу. Прычынай для забароны называлася тое, што палачане, нібыта, дадавалі ў чарніла і выкарыстоўвалі для змочвання старонак «мед лукавыи пчел злыих своих, егоже благочестныя слуги церкви не должныа ни вкушать, ни обонять».[64]64
Семенович Г. Политические предрассудки и церковь Киевской Руси // Славянский изборник. Киев, 1990. С. 44.
[Закрыть] Паводле ўскосных звестак забарону наклаў асабіста мітрапаліт кіеўскі Кірыла Грэк пасля таго, як адзін са служак Дзесяціннай царквы ў Кіеве пасля чытання «Полацкай пчалы» пачаў у часе царкоўнай службы спяваць не псалмы, а «всяко еретичьство о пчелах, иже храмы строят». Падобна, што гаворка пра вядомую і ў наш час народную песню зімовага цыкла:
Цікава, што Кірыла Грэк у сваёй забароне спасылаўся на аўтарытэт візантыйскага імператара Канстанціна VІІ Барвовароднага.
Канстанцін VІІ Барвовародны ў дадатках да свайго трактату «Аб кіраванні імперыяй» (Х ст.) папярэджваў, што сярод монаскілаў (лодкі-даўбёнкі), на якіх «русы» прыходзяць у Канстанцінопаль, варта асцерагацца лодак крывіцкага паходжання: «Крывітэіны, якія пастаўляюць монаскілы ў Кіёву, любяць хітраваць: вырабляюць іх часта са старых дрэваў, дзе жылі пчолы. А якія ў іх землях пчолы яшчэ базілеўс Маўрыкій з асцярогай пісаў. І хоць ад Крывіі да Кіёвы і ад Кіёвы да Канстанцінопаля шлях вельмі доўгі, трэба ўлічваць небяспеку, якую могуць таіць у сабе монаскілы з Крывіі. Мяркуем, што ва ўсёй Рамейскай імперыі не знойдзецца такога вар’ята, які б добраахвотна захацеў зрабіцца крывічом».[66]66
Константин Багрянородный. Приложение к трактату «Об управлении империей». Москва, 1991. С. 54.
[Закрыть] Калі сам імператар мусіў звяртаць увагу на падобныя рэчы, то праблема магла стаяць сапраўды вельмі востра. З іншага боку выглядае даволі пацешна, што ўладар не самай апошняй дзяржавы тагачаснага свету клапаціўся пра тое, каб нехта з яго падданых не загнаў сабе пад скуру крывіцкую стрэмку.
Між іншым, ёсць падставы меркаваць, што ў Візантыі пра асаблівасці крывіцкага сакральнага пчалярства ведалі даволі шырокія пласты жыхарства. У адным з візантыйскіх зборнікаў анекдотаў ХІ ст. знаходзім наступнае: «Мядзведзь выйшаў да ракі на вадапой. Прагнаўшы смагу, убачыў гіпапатама. Як убачыў яго, дык утаропіўся, нібыта забыўся пра ўсё на свеце. Стаяў так цэлы дзень. Гіпапатаму ад такой увагі зрабілася няёмка і ён урэшце спытаў: «Чаго пазіраеш, пане?». Мядзведзь яму на гэта: «Тваімі б вуснамі, васпане, ды мядком пачаставацца б!». «Тае бяды! Вусны я табе пазычу. А мёду за ракой у крывічоў возьмеш», – ахвотна адказаў гіпапатам».[67]67
Сказки, притчи, мудрые изречения и анекдоты Византийской империи в переложении на великорусский язык. Москва, 1909. С. 77.
[Закрыть] Напэўна, візантыйцам было неверагодна смешна ўяўляць крыўскамоўнага мядзведзя з гіпапатамавымі вуснамі. Дарэчы, вобраз такога мядзведзя быў адлюстраваны на адным з мазаічных аздабленняў парфірнай залы імператарскага палаца ў Канстанцінопалі.
Пашырэнне хрысціянства на нашых землях прыводзіла да сутыкнення з язычніцкай культурнай традыцыяй. Згаданы вышэй выпадак з «Полацкай пчалой» з’яўляецца, хутчэй, выключэннем, чым правілам. Крыўскае сакральнае пчалярства разглядалася пашыральнікамі новай рэлігіі ў адным шэрагу з ідалапаклонствам, ахвярапрынашэннямі, адзначэннем язычніцкіх святаў. Развядзенне крывых пчолаў рабілася ўсё больш складаным заняткам. Адкрытае адпраўленне абраду далучэння нованароджаных да традыцыі паступова станавілася праблематычным. Але поўнага занядбання традыцыі так і не адбылося. Тое, што раней было яўным, спакваля пераходзіла ў разрад прыхаванага, існага паралельна хрысціянскай культуры.
Пра няпростыя стасункі сакральнага пчалярства з хрысціянствам сведчыць, напрыклад, народная легенда «Царкоўка», занатаваная ў пачатку ХХ ст. у вёсцы Хоўбні Горацкага павета. У ёй апавядаецца, як у «даўнія-прадаўнія часы» пасварыліся поп Кузьма і пчаляр Лявон. Прычынай іх сваркі стала тое, што поп «угаварыў-умалёгаў цара Ладыслава» падпісаць свой «царскі вуказ», якім загадвалася на месцы пасекі Лявонавай «паставіць царкоўку дубовую». Пчаляр «вуказу» падпарадкаваўся, пасеку перанёс «кудысь за балота», але на папа «закалец меў» (таіў зло). Поп, атрымаўшы жаданае, не перастаў «гадзіць» пчаляру: «то балота падпаліць, то гаць разбурыць». Пчаляр, як сказалі б сёння, рабіў асіметрычныя адказы: падсылаў да папа пчолаў, падкідваў яму бочку з мёдам, але ўсё дарэмна. Толькі пчолы падляцелі джаліць Кузьму, як «ударыў траскучы мароз пасярод лета». Толькі поп збіраўся сербануць мёду з Лявонавай бочкі, як у хату забегла «сівая кабыла», перакуліла пасудзіну, пабіла яе капытамі, «дый яшчэ і яблыкаў конскіх у разліты мёд накідала». Тады пчаляр праз іншага чалавека ахвяраваў царкве воску. З воску служкі вырабілі свечкі, якія не толькі «задурманілі» прыхаджан, але і «царкоўку спалілі». Легенда не паведамляе пра падзеі пасля пажару, не робіць ніякіх высноў і не дае маральных ці іншых ацэнак персанажам, але дае даследчыкам вялізнае поле для інтэрпрэтацый.[68]68
Попелковский З. Белорусская легенда «Царкоўка» как исторический источник // Вопросы источниковедения. 2001. № 4. С. 12–25.
[Закрыть]
Сыход сакральнага пчалярства ў падполле спрычыніўся да аслаблення абароназдольнасці дзяржаўных утварэнняў Старой Беларусі. Калі ў Х—ХІ ст. большасць ваенных паразаў нашых продкаў адбывалася ўзімку (фактычная, а не каляндарная зіма) – у час сну крывых пчолаў, то ў наступныя стагоддзі ворагі сталі наважвацца прыходзіць на нашы землі і ў цёплыя паравіны года, ведаючы, пра адсутнасць ранейшай колькасці пчаліных рэзерваў старабеларускіх войскаў. Аднак і ў невялікай сваёй колькасці крывыя пчолы дапамагалі адужаць непрыяцеля. У адной з легенд тураўскага Палесся расказваецца пра чужынскага князя Казлабарода, які захапіў горад Галацічаск, запраторыў у астрог тамтэйшага ўладара Багуміла, каторы акурат збіраўся жаніцца на прыгажуні Святохне. Казлабарод забраў яе за нявесту і адправіўся вянчацца. Але паколькі не ведаў дарогу да царквы, то (увага!) пераблытаў з ёю пчаліны вулей, дзе быў «пераджалены з галавы да пят» і «з галавы да пят нашым стаў», адмовіўся ад шлюбу, вызваліў князя Багуміла з астрогу, пайшоў разам з ім супраць іншых чужынцаў, якія гразіліся вайною.[69]69
Легенды роднай Тураўшчыны – вады жывой глыток. Тураў, 2003. С. 33.
[Закрыть]
У быліне «Русские богатыри и Лихо Одноглазое» (запісана ў Кіжах у ХІХ ст.) згадваецца пасека ў «пределах литовских», дзе «беда приключилась» з «воинством русским», якое з «напущенья Лиха Одноглазого» раптам «путь свой и дорогу перепутали».
И приехали все воины, все русские
Во густые чащи, во дубовые,
Средь которых пасека сокрытая
Со пчелиной шайкою разбойничьей,
Со пчелиной шайкою кривичьскою,
Как кривичьскою, то тако ж и литовскою.
И познали да все воины, все русские,
Что попали вдруг туда, где зла немеренно
И достали все мечи свои булатные,
И подняли булавы свои огромные.
Только что тем пчелам до оружия!
Нипочем тем пчелам все оружие!
Искусали злые пчелы войско русское.
Донельзя изжалили проклятые.
Покривились от укусов свято-воины,
Политвились от укусов свято-русские.
Не искали они боле путь свой истинный,
А пошли дорогою кривичскою
Побрели дорогою литовскою
Под крыло Менеска да разбойника.[70]70
Эх, былины-былинушки! Сборник. Ленинград, 1988. С. 64.
[Закрыть]
Як бачым, для невядомага аўтара быліны, паняцці «крывіцкі» і «літоўскі» з’яўляліся тоеснымі. Што тычыцца Мянеска, то захавалася паданне, дзе ён мае пэўнае дачыненне да крывых пчолаў. Згодна з паданнем у адно лета, калі Мянеск быў яшчэ зусім малады, пчолы зрабілі так шмат мёду, што ён выліваўся на зямлю і запаўняў сабою лагчыны, утвараючы азярцы. Адно з утвораных азёр было вельмі вялікім, і Мянеск «дзеля свайго зухвальства» нырнуў у мёд і стаў купацца, а як «адныраў ды адкупаўся, то стаў непрыступны і для мяча, і для стралы, і для іншага ўсякага ўзбраенства». Аднак зухвалец не заўважыў лісток ляшчыны, які прыклеіўся яму на карак. Той лапічак застаўся на яго целе адзіным паражальным месцам. Як і ў іншых вядомых гісторыях з падобным сюжэтам, у гэтай легендзе Мянеск завяршае свой жыццёвы шлях праз тое, што «страла лютага ворага – немца-крыжака ці татарына – лучыла яму ў карак». Цікава, што гаворачы пра ранейшыя выпадкі пагрозы карку Мянеска, паданне згадвае «пчолку-крывічолку», якая сядала на шыю зухвальцу і тым самым змушала яго рушыць з месца, што было дастатковым, каб варожая страла праляцела міма. У апошні ж раз «пчолка-крывічолка» не дапамагла, бо «стаялі халады, завеі, снежань».[71]71
Шанкевіч Ст. Паданьні пра Мянеска // З гісторыі Бацькаўшчыны. Мюнхэн, 1956. С. 13.
[Закрыть] У паданні яўнае змяшэнне гістарычнай храналогіі, калі сучаснікамі міфічнага заснавальніка Менска становяцца крыжакі і мангола-татарскія заваёўнікі. Аднак і ў гэтым храналагічным награмаджэнні магчыма разгледзіць некаторыя супадзенні з гістарычнымі рэаліямі.
Як вядома, мангола-татары за рэдкім выняткам абмінулі старабеларускія землі. Аднак, напрыклад, Гомій быў імі захоплены і спалены блізу 1239 г., а ў сярэдзіне ХІІІ ст. яны амаль дайшлі да Менску (легендарная бітва пад Крутагор’ем). Ёсць падставы меркаваць, што гэтыя падзеі адбыліся ў часе эксперыментальных наскокаў мангола-татарскіх войскаў, якія выпрабоўвалі адмысловыя сродкі супраць крывых пчолаў. «Гомійскі летапісец», якім яшчэ ў XVIII ст. меў шчасце карыстацца расійскі гісторык Васілій Тацішчаў, паведамляе, што «татарове пришедше под Гомий, имали у обозе своим Болдуна-колдуна, тобто чаровника». Чараўнік Балдун быў узяты імі ў выправу невыпадкова: «Паны вси татарськия зведомье о пчелах наших имали а не хотели жодной повтраты войска свойго тут достати. А того ради чаровник вышпоменованый заклял чарами власными пчел наших, иже повренулися вси ув ос и в землю нашу ся закопали».[72]72
Избранные фрагменты утраченных восточнославянских летописей. Хабаровск, 1998. С. 172.
[Закрыть] Верагодна, што аналагічным чынам была нейтралізавана абарона і ў часе паходу мангола-татараў на Менск. Праўда, пад Крутагор’ем яны ўсё адно былі спыненыя. Цікава, што ўяўленне пра заклён як спосаб ператварэння пчол у восаў захавалася ў народнай традыцыі надоўга.
Внимание! Это не конец книги.
Если начало книги вам понравилось, то полную версию можно приобрести у нашего партнёра - распространителя легального контента. Поддержите автора!Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?