Текст книги "Прыгоды ўдалага салдата Швейка"
Автор книги: Яраслаў Гашак
Жанр: Литература 20 века, Классика
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 7 (всего у книги 32 страниц) [доступный отрывок для чтения: 11 страниц]
На тыя дні прыпадае і Швейкаў візіт на сваю кватэру да сваёй старой служанкі пані Мюлер. У кватэры Швейк знайшоў стрыечную сястру пані Мюлер, якая са слязьмі паведаміла яму, што пані Мюлер была арыштавана ў той жа вечар, калі адвозіла Швейка ў войска. Старую кабету судзіў вайсковы суд, а з той прычыны, што нічога не маглі даказаць, то адвезлі ў канцэнтрацыйны лагер у Штэйнгоф. Ад яе ўжо прыйшоў невялікі ліст. Узяўшы гэтую сямейную рэліквію, Швейк прачытаў: «Мілая Ганначка! Нам тут вельмі добра, і мы ўсе здаровыя. У суседкі па ложку сыпны ёсць і чорная ш т ш У астатнім усё ў парадку. Яды нам хапае, і мы збіраем бульбяное на суп. Чула я, што пан Швейк ужо , дык ты як-небудзь даведайся, дзе ён ляжыць, каб пасля вайны мы маглі аздобіць яго магілу. Я забылася табе сказаць, што на гарышчы ў правым кутку ў скрынцы застаўся маленькі шчанюк фокстэр’ер. Вось ужо колькі тыдняў, як ён нічога не еў, з таго часу, як прыйшлі мяне . Дык я думаю, што ўжо позна, і сабачка пакінуў свет».
I праз увесь лісток – ружовы штэмпель: «Прагледжана цэнзурай. Імператарскі каралеўскі канцэнтрацыйны лагер Штэйнгоф».
– I сапраўды, сабачка быў ужо мёртвы! – усхліпвала стрыечная сястра пані Мюлер. – А свой пакой вы б і не пазналі. Там цяпер жывуць швачкі. Яны перарабілі яго ў дамскі салон. Па сценах усюды – моды, на вокнах – кветкі.
Стрыечная сястра пані Мюлер ніяк не магла супакоіцца. Усхліпваючы і румзаючы, яна, нарэшце, выказала здагадку, што Швейк уцёк з войска і цяпер хоча паклікаць на яе бяду і няшчасце. Пад канец яна загаварыла з ім як з несусветным авантурыстам.
– Смех, ды і толькі! – сказаў Швейк. – Гэта мне надта падабаецца. Дык каб ведалі, пані Кейржава, гэта чыстая праўда – я ўцёк. Але для гэтага я вымушаны быў забіць пятнаццаць вахмістраў і фельдфебеляў. Але толькі нікому пра гэта не кажыце…
I Швейк пайшоў са свайго дома, які так негасцінна яго сустрэў.
– Пані Кейржава, – аддаў ён апошнія распараджэнні, – у мяне ў пральні засталіся каўнерыкі і манішкі, дык вы іх забярыце, каб калі я вярнуся з войска, у мяне было ў што апрануцца ў цывільнае. I яшчэ наглядайце, каб у шафе ў маіх гарнітурах не завялася моль. I перадавайце прывітанне тым паненкам, што спяць на маёй пасцелі.
Потым Швейк зазірнуў у карчму «Ля келіха». Убачыўшы яго, пані Паліўцава заявіла, што піва яму не налье, бо ён, відаць па ўсім, дэзерцір.
– Мой муж, – пачала яна цягнуць старую гісторыю, – быў такі асцярожны, а сядзіць, бедачына, ні за што ні пра што. А некаторыя, уцёкшы з войска, разгульваюць на волі. Вас на мінулым тыдні зноў шукалі. А мы ж былі больш асцярожныя, чым вы, – закончыла яна сваю казань, – і ўсё ж нажылі сабе гора. Не кожнаму так шчасціць, як вам.
Пры гэтай размове быў пажылы чалавек, слесар са Сміхава, ён падышоў да Швейка і сказаў:
– Прашу вас, пане, пачакайце мяне на вуліцы, мне з вамі трэба пагаварыць.
На вуліцы ён разгаварыўся са Швейкам, якога пасля ляманту шынкаркі Паліўцавай палічыў дэзерцірам. Ён паведаміў, што ў яго ёсць сын, які таксама ўцёк з войска і цяпер знаходзіцца ў бабкі ў Ясеннай каля Ёзафава. I, не звяртаючы ўвагі на пратэсты Швейка, што ніякі ён не дэзерцір, слесар уціснуў яму ў руку дзесятку.
– Гэта вам на першыя часы, – сказаў ён, цягнучы Швейка за сабою ў вінны шынок на рагу, – я вам спачуваю, мяне вы не павінны баяцца.
Дадому Швейк вярнуўся позна ноччу. Фельдкурата яшчэ не было. Ён з’явіўся толькі на досвітку, пабудзіў Швейка і сказаў:
– Заўтра паедзем служыць палявую імшу. Згатуйце чорную каву з ромам… Не, лепей згатуйце грог.
Раздзел XI. Швейк з фельдкуратам едуць служыць палявую імшу
IПадрыхтоўка да забойства людзей заўсёды рабілася імем божым або імем нейкай іншай вышэйшай істоты, якую чалавецтва стварыла ў сваім ўяўленні.
Старажытныя фінікійцы перш чым перарэзаць горла палонніку, праводзілі ўрачыстае богаслужэнне – зусім гэтак жа, як праз некалькі тысячагоддзяў гэта рабілі новыя пакаленні, якія ўзнімаліся на вайну, каб агнём і мечам знішчаць сваіх непрыяцеляў.
Людаеды на Гвінейскіх астравах і ў Палінезіі перад тым як зжэрці ўрачыста сваіх палонных або такіх нікчэмных людзей, як місіянеры, падарожнікі, коміваяжоры розных гандлёвых фірм ці проста цікаўных, прыносяць спачатку ахвяры сваім багам, выконваючы пры гэтым самыя разнастайныя набажэнскія абрады. Паколькі да іх яшчэ не пранікла культура царкоўных рызаў, яны аздабляюць свае азадкі вянкамі са стракатых пёраў ляснога птаства.
Святая інквізіцыя перш чым спаліць сваю ахвяру, адпраўляла вялікае богаслужэнне, вялікую святую імшу з песняспевамі.
Пры пакаранні смерцю законапарушальніка заўсёды прымаюць удзел святары, сваёй прысутнасцю павялічваючы роспач вінаватага.
У Прусіі пастар падводзіў гаротніка пад сякеру, у Аўстрыі каталіцкі ксёндз – да шыбеніцы, у Францыі – пад гільяціну, у Амерыцы святар падводзіў да электрычнага крэсла, у Іспаніі – да крэсла з мудрагелістым прыстасаваннем для душэння, а ў Расіі рэвалюцыянераў да месца смяротнай кары суправаджаў барадаты поп і г. д. Пры гэтым усюды святары маніпуліравалі з распяццем, нібы хацелі сказаць: «Табе толькі адсякуць галаву, павесяць, задушаць, пусцяць на цябе пятнаццаць тысяч вольт, але гэта нішто ў параўнанні з тым, што павінен быў зазнаць Ён!»
Не абышлася без блаславення святароў і вялікая бойня – сусветная вайна. Палкавыя пастары ўсіх армій маліліся і служылі палявыя абедні за перамогу таго боку, чый хлеб елі. Святар паяўляўся пры пакараннях смерцю бунтаўшчыкоў у аўстрыйскай арміі і сярод чэшскіх легіянераў.
Нічога не змянілася з тых часоў, калі разбойнік Войцех, празваны «святым», арудуючы з мечам у адной руцэ і крыжам у другой, вынішчаў прыбалтыйскіх славян.
Ва ўсёй Еўропе людзі, як быдла, ішлі на бойню, куды іх поруч з разнікамі-імператарамі, каралямі, прэзідэнтамі і іншымі валадарамі і палкаводцамі гналі ксяндзы ўсіх веравызнанняў, бласлаўляючы і прыганяючы іх фальшыва прысягаць: «на зямлі, у паветры, на моры» і г. д.
Палявую імшу служылі двойчы: калі часць ад’язджала на баявыя пазіцыі і потым на фронце, напярэдадні крывавай разні, перад забіваннем людзей.
Памятаю, як у часе такой палявой імшы непрыяцельскі аэраплан патрапіў бомбай якраз у паходны алтар і ад фельдкурата не засталося нічога, апрача акрываўленых ануч. Потым пра яго пісалі як пра пакутніка, а тым часам нашы аэрапланы рыхтавалі гэткую ж славу фельдкуратам другога боку.
Мы з гэтага злосна жартавалі. На часовым крыжы, пад якім было пахавана тое, што засталося ад фельдкурата, наступным ранкам з’явілася такая эпітафія:
IIШто з намі быць магло, з табой ужо здарылася: Ты ласку божую прадказваў нам, расцяпінам, I ласка божая табе на плеш звалілася, Размазаўшы цябе да мокрай лапіны.
Швейк прыгатаваў дасканалы грог, значна лепшы за грог старых маракоў. Такі грог высока ацанілі б і піраты васемнаццатага стагоддзя.
Фельдкурат Ота Кац быў у захапленні.
– Дзе вы навучыліся гатаваць такі цудоўны напой? – спытаў ён.
– Яшчэ даўней, калі я вандраваў па свеце, – адказаў Швейк, – то ў Брэмене навучыўся ад аднаго заняпалага выпівохі-марака. Ён гаварыў, што грог павінен быць такі моцны, каб той, хто яго добра набярэцца, упаўшы ў мора, мог пераплыць канал ЛаМанш. А калі грог быў слабы, то патоне, як шчаня.
– Пасля такога грогу, Швейк, нам будзе добра служыць палявую імшу, – разважаў фельдкурат. – Я думаю, перад гэтым трэба будзе сказаць некалькі слоў на дарогу. Палявая імша – гэта вам не жартачкі. Гэта зусім не тое, што служыць імшу ў гарнізоннай турме або прачытаць казань тым недавяркам. Тут трэба мець галаву на плячах. Палявы алтар мы маем – складны, кішэннага фармату. О божа! – схапіўся ён за галаву. – Але ж мы і аслы! Ведаеце, куды я схаваў гэты складны ахвярнік? У канапу, якую мы прадалі.
– Ой, бяда, пане фельдкурат, – сказаў Швейк. – Праўда, я гэтага гандляра старой мэбляй ведаю, але пазаўчора сустракаю яго жонку, дык выяўляецца, што ён сядзіць за нейкую ўкрадзеную шафу, а наша канапа знаходзіцца ў аднаго настаўніка ў Вршовіцах. Будзе нам ліха з гэтым алтаром. Лепей за ўсё давайце дап’ём грог і пойдзем пашукаем гэты алтар, бо, я думаю, без яго служыць імшу нельга.
Нарэшце яны выйшлі. Ад заспанай жонкі гандляра старой мэбляй даведаліся пра адрас настаўніка з Вршовіц, новага ўласніка канапы. Фельдкурат праявіў незвычайны спрыт: ушчыпнуў яе за шчаку і паказытаў пад падбародкам.
У Вршовіцах у кватэры настаўніка, набожнага старога пана, іх чакала прыкрая неспадзяванка. Знайшоўшы ў канапе паходны алтар, стары ўявіў, што гэта воля божая, і падараваў алтар вршовіцкаму касцёлу, пакінуўшы за сабой права зрабіць на другім баку алтара надпіс: «Падаравана на хвалу і славу божую настаўнікам у адстаўцы Коларжыкам у лета ад нараджэння Хрыстова 1914».
– Гэта нас мала цікавіць, – заявіў фельдкурат. – Рэч вам не належала, і вы павінны былі аддаць яе ў паліцыю, а не ў якую-небудзь праклятую рызніцу!
– З-за гэтага цуда, – дадаў Швейк, – вы яшчэ можаце трапіць у пераплёт. Вы купілі канапу, а не алтар, які з’яўляецца вайсковай маёмасцю. Гэтая божая воля можа вам дорага абысціся! Не варта было ўважаць на анёлаў. Адзін чалавек са Згоржа таксама выараў з зямлі чашу для прычасця, якую нехта ўкраў і прыкапаў да пары да часу, пакуль гэтае святатацтва не будзе забыта, а той, што араў, таксама ўбачыў у сваёй знаходцы волю божую і, замест таго, каб чашу пераплавіць, панёс яе святару, – хоча, нібыта, падарыць яе ў касцёл. А святар падумаў, што святататніка прывялі да яго дакоры сумлення, і паслаў па старасту, а стараста – па жандараў, і селянін быў без усякай віны асуджаны за святатацтва, бо на судзе, спрабуючы апраўдацца, увесь час расказваў пра нейкага анёла ды яшчэ прыплёў і Панну Марыю, ну і атрымаў дзесяць гадоў. Будзе лепей, калі вы пойдзеце з намі да тутэйшага святара і дапаможаце нам вярнуць казённую маёмасць. Палявы алтар – гэта вам не кошка і не шкарпэтка, якія можна падараваць каму хочаш.
Няшчасны стары пан ад такіх размоў зусім разгубіўся і ўвогуле перастаў бараніцца, стараючыся як мага хутчэй апрануцца і хутчэй закончыць справу.
Вршовіцкі святар яшчэ спаў і, абуджаны стукам у дзверы, пачаў лаяцца, спрасонку падумаўшы, што яго клічуць кагосьці сабораваць.
– Не дадуць спакою з гэтым апошнім памазаннем, – бурчаў ён, неахвотна апранаючыся. – Собіць жа ім паміраць, калі чалавек толькі разаспаўся! I потым яшчэ таргуйся з імі аб цане.
Такім чынам, у пярэднім пакоі сустрэліся прадстаўнік бога ў вршовіцкіх цывільных католікаў, з аднаго боку, і прадстаўнік бога на зямлі пры вайсковым ведамстве – з другога. Увогуле ж гэта была спрэчка паміж цывільным і вайскоўцам. Калі парафіяльны святар заяўляў, што паходнаму алтару не след быць у канапе, то вайсковы сцвярджаў, што тым не менш не варта было яго пераносіць з канапы ў касцёл, куды ходзяць адны цывільныя.
Швейк рабіў пры гэтым розныя заўвагі, накшталт таго, што лёгка ўзбагачаць бедны касцёл за кошт казённай вайсковай маёмасці, прычым слова «бедны» ён як бы браў у двукоссе.
Нарэшце яны прайшлі ў рызніцу, і святар выдаў фельдкурату алтар пад распіску: «Прыняў палявы алтар, які выпадкова трапіў у храм у Вршовіцах. Фельдкурат Ота Кац».
Швейк удала ўпакаваў алтар на дрожкі, а сам сеў да рамізніка на козлы. З рамізнікам Швейк гутарыў пра вайну. Той аказаўся бунтаўшчыком і рабіў розныя намёкі аб перамогах аўстрыйскай арміі накшталт: «Вас у Сербіі, значыцца, добра аддубасілі» і гэтак далей.
Калі яны прыехалі на вучэбны пляц і падышлі да памоста з драўлянымі парэнчамі і сталом, на якім трэба было паставіць паходны алтар, выявілася, што фельдкурат забыўся пра міністранта. У час імшы фельдкурату заўсёды прыслужваў адзін пехацінец з палка, але яго нядаўна перавялі ў тэлефаністы і накіравалі на фронт.
– Малы клопат, пане фельдкурат, – сказаў Швейк, – з гэтым магу справіцца і я.
– А вы ўмееце міністраваць?
– Ніколі гэтага не рабіў, – адказаў Швейк, – але паспрабаваць можна. Цяпер вайна, а ў вайну людзі бяруцца за такія рэчы, якія ім раней і не сніліся.
Я ўжо неяк звяду разам бязглуздае «et cum spiritu tuo» з вашым «dominus vobiskum». I потым, я думаю, не так яно і цяжка хадзіць вакол вас, як кот вакол гарачай кашы, мыць вам рукі і наліваць з конаўкі віно.
– Добра, – згадзіўся фельдкурат, – толькі вады мне не налівайце. Лепей вы адразу наліце віна і ў другую конаўку. Зрэшты, я вам буду падказваць, калі ісці направа, калі налева. Калі я ціхенька свісну адзін раз – значыцца, направа, а два разы – налева. З малітоўнікам таксама асабліва цягацца не варта. Зрэшты, і гэта дробязі.
– Я нічога не баюся, пан фельдкурат, нават абавязкаў міністранта.
Федькурат меў рацыю, калі гаварыў, што ўсё гэта – дробязі. Усё ішло, як на мазаных колах. Прамова фельдкурата была кароткай.
– Салдаты! Мы сабраліся тут, каб перад ад’ездам на баявыя пазіцыі звярнуць свае сэрцы да бога і маліць яго дараваць нам перамогу і захаваць нас цэлымі і здаровымі. Не буду вас доўга затрымліваць і жадаю вам усяго найлепшага.
– Ruht! – скамандаваў стары палкоўнік на левым флангу.
Імша працягвалася роўна дзесяць хвілін. Тыя, хто быў бліжэй, вельмі здзіўляліся, чаму гэта ў часе імшы фельдкурат пасвіствае.
Швейк хутка засвоіў сігналы і заходзіў то на правы, то на левы бок алтара і не гаварыў нічога іншага, апрача «Et cum spiritu tuo». Гэта нагадвала скокі індзейцаў вакол ахвярнага каменя. Але ўвогуле падзея стварала добрае ўражанне і разганяла нуду пыльнага, сумнага вучэбнага пляца з алеяй слівавых дрэў на заднім плане і прыбіральнямі, смурод якіх замяняў містычны водар ладану ў гатычных храмах. Усе добра бавіліся. Афіцэры, акружыўшы палкоўніка, расказвалі анекдоты. Так што ўсё было ў поўным парадку. To тут, то там сярод салдат чулася: «Дай пацягнуць». I нібы струменьчыкі ахвярнага дыму, узнімаліся ў неба сіняватыя воблачкі дыму тытунёвага. Задымілі вайскоўцы ўсіх чыноў, калі ўбачылі, што закурыў сам палкоўнік.
Нарэшце, пачулася: «Zum Gebet!», узвіхрыўся пыл, і шэры квадрат ваенных мундзіраў укленчыў перад спартыўным кубкам, які надпаручнік Віцінгер выйграў у спаборніцтве па бегу на дыстанцыі Вена – Медлінг.
Кубак быў поўны, і кожная маніпуляцыя фельдкурата суправаджалася ўсеагульнымі ўхваламі.
– Во гэта глынуў дык глынуў! – неслася па радах. Абрад быў паўтораны двойчы. Потым пачулася яшчэ раз: «На малітву!», аркестр грымнуў «Божа, беражы імператара», затым было пастраенне і адыход.
– Збірайце манаткі, – сказаў Швейку фельдкурат, паказаўшы на паходны алтар, – трэба ж яшчэ ўсё развезці туды, дзе бралі.
Яны паехалі на тым жа рамізніку і сумленна вярнулі ўсё, апрача бутэлькі царкоўнага віна.
A калі ўжо прыехалі дадому, і замест таго, каб расплаціцца з няшчасным рамізнікам, адправілі яго ў каменданцкую ўправу за надта марудную язду, Швейк сказаў фельдкурату:
– Асмелюся спытаць, паяе фельдкурат, ці павінен міністрант быць таго самага вызнання, што і святар, якому ён прыслужвае?
– Вядома, – адказаў фельдкурат, – іначай імша будзе несапраўднай.
– Дык вось, пане фельдкурат, сталася вялікая памылка, – заявіў Швейк. – Я чалавек без вызнання. Не шанцуе мне, і ўсё тут.
Фельдкурат зірнуў на Швейка, памаўчаў хвіліну, потым, паляпаўшы яго па плячы, сказаў:
– Можаце дапіць тое царкоўнае віно, што засталося ў бутэльцы, і лічыце, што вы нанова ўступілі ў лона царквы.
Раздзел XII. Рэлігійны дыспут
Здаралася, што Швейк цэлымі дяямі не бачыў пастыра салдацкіх душ. Фельдкурат свае непасрэдныя абавязкі перамяжаў з папойкамі і надта рэдка прыходзіў дадому, а калі і прыходзіў, то ўвесь брудны і перапэцканы, як марцовы кот пасля прагулкі па стрэхах.
Вярнуўшыся дамоў, фельдкурат, калі ён яшчэ мог што-небудзь вымавіць, перад сном гутарыў са Швейкам на ўзвышаныя тэмы: пра духоўны экстаз і радасць мыслення, а часам нават спрабаваў гаварыць вершам, цытаваць Гейнэ.
Швейк адслужыў з фельдкуратам яшчэ адну палявую імшу ў сапёраў, куды памылкова быў запрошаны яшчэ адзін фельдкурат, былы настаўнік закона божага, надзвычай набожны чалавек. Ён надта здзіўлена зіркнуў на свайго калегу, калі той прапанаваў яму глынуць каньяку з Швейкавай пляшкі, якую ён заўсёды насіў на такія рэлігійныя цырымоніі.
– Неблагі каньяк, – падахвоціў калегу фельдкурат Ота Кац. – Выпіце і едзьце сабе дадому. Я ўжо сам тут усё ўладжу, бо мне трэба пабыць на свежым паветры, а то неяк галава баліць.
Набожны фельдкурат, пакруціўшы галавой, паехаў, а Кац, як заўсёды, бліскуча выканаў сваю ролю. На гэты раз ён ператварыў у божую кроў віно з содавай вадой, прычым кожнае трэцяе слова ў яго было «і гэтак далей» і «безумоўна».
– Салдаты! Сёння вы ад’язджаеце на фронт і гэтак далей. Звярніцеся ж сэрцамі вашымі да бога і гэтак далей. Безумоўна. Ніхто з вас не ведае, што з вамі будзе. Безумоўна. I гэтак далей.
Тым не менш палявая імша закончылася без усялякіх непрыемнасцей – хораша і весела. Сапёры пазабавіліся ад душы.
Калі Швейк з фельдкуратам дабраліся дамоў, высветлілася, што недзе па дарозе яны згубілі дараносіцу.
– Не мае значэння, – сказаў Швейк. – Першыя хрысціяне служылі святую імшу і без дараносіцы. Калі мы дадзім у газету аб’яву аб страце дараносіцы, то сумленны чалавек, які яе знойдзе, захоча ад нас узнагароды. Калі б гэта былі грошы, то наўрад ці хто вярнуў бы іх… Зрэшты, такія людзі яшчэ сустракаюцца. У нас у палку ў Будзеёвіцах служыў адзін салдат, добры хлапец, але прасцяк. Знайшоў ён неяк на вуліцы шэсцьсот крон і здаў ix у паліцыю. Нават у газетах пра яго пісалі, які ён сумленны чалавек. Але ж і сораму ён зведаў! Ніхто з ім і размаўляць не хацеў, усе яго ўнікалі. «Дурань ты, якое глупства зрабіў. За гэта ты ўсё жыццё саромецца будзеш, калі ў табе яшчэ кропля сумлення засталася». У яго была дзяўчына, дык і тая перастала з ім размаўляць. А калі ён прыехаў дамоў у водпуск, то яго сябры з-за гэтай гісторыі выкінулі яго ў час танцаў з карчмы. Хлопец пачаў сохнуць, браць усё да галавы і ўрэшце кінуўся пад поезд. А вось яшчэ. Аднойчы кравец з нашай вуліцы знайшоў залаты пярсцёнак. Людзі яго папярэджвалі, каб ён не аддаваў яго ў паліцыю, але яго было не ўгаварыць. У паліцыі сустрэлі яго надзвычай ласкава, маўляў, заява аб згубе залатога пярсцёнка з брыльянтамі ужо да іх паступіла. Але потым паглядзелі на камень ды і кажуць: «Чалавеча, дык гэта ж шкло, а не брыльянт. Колькі ж вам далі за брыльянт? Ведаем мы такіх сумленных знаходцаў». Урэшце высветлілася, што яшчэ адзін чалавек згубіў залаты пярсцёнак з фальшывым брыльянтам, нейкую там сямейную рэліквію. Але краўцу давялося ўсё ж адседзець тры дні, бо ён у дрэнным настроі дапусціў знявагу паліцыі. Законную ўзнагароду ён усё-такі атрымаў, дзесяць працэнтаў, гэта значыць, адну крону дзесяць гелераў – цана таму барахлу была усяго дванаццаць крон. Але кравец гэтую законную ўзнагароду шпурлянуў у твар уласніку пярсцёнка, той падаў у суд за знявагу асобы, і з краўца спагналі дзесяць крон штрафу. Пасля гэтага кравец усюды гаварыў, што з кожнага сумленнага чалавека за яго знаходку трэба браць дваццаць пяць крон штрафу, такіх, маўляў, трэба біць да пасінення і лупцаваць публічна, каб людзі ведалі, што рабіць у падобных выпадках. Думаю, што нашу дараносіцу ніхто назад не прынясе, хаця на ёй і ёсць з-заду палкавая пячатка. З вайсковымі рэчамі ніхто не захоча мець справу. Хутчэй закінуць у ваду, каб не было лішняга клопату… Учора ў шынку «Ля залатога вянка» разгаварыўся я з адным вайскоўцам, яму ўжо пяцьдзесят шэсць гадоў. Ён прыехаў у Новую Паку даведацца ў акруговай управе, чаму ў яго рэквізавалі брычку. Па дарозе назад, калі яго ўжо выкінулі з акруговай управы, ён прыпыніўся паглядзець на вайсковы абоз, які толькі што прыбыў і стаяў на плошчы. Нейкі малады чалавек – ён вёз кансервы для арміі – папрасіў яго на хвілінку пасцерагчы коней, ды болей і не прыйшоў. Калі абоз крануўся, майму знаёмаму давялося разам з усімі ехаць аж да Венгрыі, а ў Венгрыі ён сам папрасіў аднаго пачакаць каля воза, тым толькі і ўратаваўся, а то б і ў Сербію зацягнулі. Прыехаў хворы ад перапалоху і цяпер з вайсковымі справамі не хоча болей мець нічога агульнага.
Увечары прыйшоў да ix у адведкі набожны фельдкурат, той самы, які ранкам хацеў таксама служыць палявую імшу. Гэта быў фанатык, які імкнуўся кожнага чалавека наблізіць да бога. Яшчэ будучы выкладчыкам закона божага, ён развіваў рэлігійныя пачуцці ў дзяцей з дапамогай аплявух, і газеты часам пісалі пра яго нататкі з загалоўкамі накшталт: «Жорсткі законавучыцель» або «Законавучыцель, які раздае аплявухі». Але ён быў перакананы, што дзіця найлепей засвоіць катэхізіс толькі паводле сістэмы лупцоўкі розгамі. Набожны фельдкурат накульгваў на адну нагу – вынік сустрэчы з бацькам аднаго з вучняў. Законавучыцель надаваў аплявух яго сыну за тое, што шкаляр усумніўся ў існаванні святой тройцы. I атрымаў тры аплявухі, адну – за бога-айца, другую – за бога-сына і трэцюю – за святога духа. Сёння былы настаўнік закона божага прыйшоў наставіць свайго калегу Каца на правільны шлях. Ён пачаў з таго, што сказаў яму:
– Дзіўна, што я не бачу ў вас распяцця. Дзе вы моліцеся і дзе ваш малітоўнік?
Кац усміхнуўся.
– Малітоўнік у мяне на кухні. Швейк! Прынясіце яго сюды і адгарніце на трэцяй старонцы.
Швейк пайшоў на кухню, і адтуль пачулася – адно за адным – трохразовае бахканне – гэта ён адкаркоўваў бутэлькі.
Набожны фельдкурат быў ашаломлены, калі на стале з’явіліся тры бутэлькі.
– Гэта лёгкае царкоўнае віно, пане калега, – сказаў Кац. – Рыслінг, вельмі добрай якасці. На смак нагадвае мозельскае.
– Я ніць не буду, – упарта заявіў набожны фельдкурат. – Я прыйшоў абудзіць у вашай душы высокія пачуцці.
– Дык у вас жа, пане калега, перасохне ў горле, – сказаў Кац. – Выпіце, а я паслухаю. Я чалавек надта памяркоўны, магу выслухаць і чужыя погляды.
Набожны фельдкурат крыху адпіў і вытарашчыў вочы.
– Чартоўскі добрае віно, пане калега, ці не праўда? – спытаў Кац.
Фанатык цвёрда заявіў:
– Я заўважаю, што вы брыдка гаворыце.
– Прывычка, – адказаў Кац. – Часам нават лаўлю сябе на блюзнерстве. Швейк, наліце пану фельдкурату. Mary вас запэўніць, што лаюся таксама ў бога, у крыж, у неба і прычасце. Паслужыце ў войску столькі, як я, і вы насабачыцеся. Гэта зусім няцяжка, і нам, духоўным, усё надта блізка: неба, бог, крыж, прычасце. I гучыць прыгожа, і з прафесіяй звязана, праўда? Піце, пан калега!
Былы законавучыцель машынальна выпіў. Відаць было, што ён хоча нешта сказаць, але не можа – збіраецца з думкамі.
– Піце, пане калега, – працягваў Кац, – вышэй галаву, не сядзіце такі сумны, быццам праз пяць хвілін вас павінны павесіць. Піце, калега! Швейк, наліце пану фельдкурату каньяку, мне здаецца, што яму нядобра.
Ачуўшыся, набожны фельдкурат зашаптаў:
– Набажэнства – гэта разумовае разважанне… Хто не верыць у існаванне святой тройцы…
– Швейк, – перапыніў яго Кац, – наліце пану фельдкурату яшчэ чарку каньяку, хай ён апамятаецца. Раскажыце яму што-небудзь, Швейк.
– У Влашыме, асмелюся далажыць, паяе фельдкурат, – сказаў Швейк, – быў адзін святар. Калі яго былая эканомка ўцякла разам з сынком і грашыма, ён наняў сабе другую служанку. А гэты святар на старасці гадоў узяўся за вывучэнне святога Аўгусціна, якога прылічаюць да святых айцоў царквы, і дачытаўся да таго, што той, хто верыць у антыподаў, павінен быць пракляты. Паклікаў ён сваю служанку і кажа ёй: «Паслухайце, вы мне неяк сказалі, што ваш сын – слесар па рамонту машын, і што ён выехаў у Аўстралію. Значыцца, ён стаў антыподам, а святы Аўгусцін загадвае кожнага, хто верыць у антыподаў, праклясці. «Ойча, – узмалілася жанчына, – ды мой жа сын пасылае мне з Аўстраліі лісты і грошы». «Гэта насланнё д’ябла, – гаворыць на гэта пан святар. – Паводле святога Аўгусціна ніякай Аўстраліі не існуе. Гэта вас антыхрыст збівае з панталыку». У нядзелю ён яе на людзях пракляў і крычаў, што ніякай Аўстраліі не існуе. Так яго з касцёла і адвезлі ў вар’ятню. Туды шмат каму не пашкодзіла б. У манастыры урсулінак ёсць бутэлечка з малаком Панны Марыі, якім яна карміла Ісусіка, а ў сірацінцы пад Бенешавам, калі туды прывезлі святую лурдскую* ваду, тых сіротак прахапіў такі панос, што свет не бачыў.
У набожнага фельдкурата замітусілася ў вачах, і апамятаўся ён толькі пасля новай чаркі каньяку, які яму ўдарыў у галаву.
Прыжмурыўшы вочы, ён спытаў Каца:
– Вы не верыце ў бязгрэшнае зачацце Панны Марыі, не верыце, што палец святога Іаана Хрысціцеля, які захоўваецца ў піярыстаў, сапраўдны? А ўвогуле вы верыце ў бога? А калі вы не верыце, то чаму вы фельдкурат?
– Пане калега, – адказаў Кац, паблажліва ляпаючы яго па спіне, – пакуль дзяржава прызнае, што салдаты перш чым пайсці паміраць у баі, маюць патрэбу ў блаславенні божым, пасада фельдкурата з’яўляецца добра аплочваемым заняткам, пры якім не перапрацуешся. Мне гэта падыходзіць больш, чым бегаць па пляцы ці хадзіць на манеўры. Раней я атрымліваў загады ад начальства, а цяпер раблю што хачу. Я прадстаўнік таго, хто не існуе, і сам адыгрываю ролю бога. Калі не захачу каму-небудзь дараваць грахі, дык і не дарую, хоць бы мяне прасілі на каленях. Зрэшты, такіх знайшлося б чартоўскі мала.
– Люблю пана бога, – азваўся фельдкурат, пачынаючы ікаць, – вельмі люблю. Дайце мне трохі віна. Я пана бога шаную, – працягваў ён, – надта яго шаную і паважаю. Нікога так не паважаю, як яго!
Ён стукнуў кулаком па стале, аж бутэлькі падскочылі.
– Бог, – узвышаная незямная існасць, дасканалая ва ўсіх адносінах. Гэта сонечная з’ява, і ніхто мяне не зможа абвергнуць. I святога Ёзафа я шаную, усіх святых я шаную, апрача святога Серапіёна. У яго такое агіднае імя!
– Ён мог бы папрасіць аб змене імя, – заўважыў Швейк.
– I святую Людмілу люблю, і святога Бернарда, – працягваў былы настаўнік закона божага. – Ён выратаваў шмат падарожнікаў на Сен-Гатардзе. У яго на шыі бутэлька з каньяком, і ён адшуквае засыпаных снегам.
Забава атрымала новы накірунак, набожны фельдкурат пачаў плесці лухту.
– Дзетак я шаную, іх свята 28 снежня, а Ірада ненавіджу. Калі курыца спіць, дык свежых яек не чакай.
Ён засмяяўся і заспяваў: «Святы божа, святы моцны…», але адразу ж перапыніў свой спеў і, звяртаючыся да Каца, рэзка спытаў:
– Вы не верыце, што 15 жніўня свята Успення панны Марыі?
Забава была ў поўным разгары. З’явіліся яшчэ бутэлькі, і час ад часу чуўся голас Каца:
– Скажы, што не верыш у бога, бо не налью. Здавалася, што вяртаюцца часы праследавання першых хрысціян. Былы прапаведнік закона божага спяваў нейкую песню пакутнікаў рымскай арэны і галасіў:
– Веру ў пана бога і не адракуся ад яго! Забяры сваё віно! Mагу і сам па яго паслаць.
Нарэшце яго ўклалі ў ложак. Але перш чым заснуць, ён абвясціў, узняўшы правую руку, як для прысягі:
– Веру ў бога-айца, сына і святога духа! Прынясіце мне малітоўнік!
Швейк сунуў яму ў рукі першую, Якая трапіла пад руку, кнігу з тых, што ляжалі на начным століку гаспадара, і набожны фельдкурат заснуў з «Дэкамеронам» Бакача ў руцэ.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?