Текст книги "Прыгоды ўдалага салдата Швейка"
Автор книги: Яраслаў Гашак
Жанр: Литература 20 века, Классика
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 9 (всего у книги 32 страниц) [доступный отрывок для чтения: 11 страниц]
Інстытут дзеншчыкоў мае надта старадаўняе паходжанне. Быццам бы яшчэ ў Аляксандра Македонскага быў свой дзяншчык. Але дакладна вядома, што ў эпоху феадалізму ў гэтай ролі выступалі збраяносцы рыцараў. Кім, напрыклад, быў Санча Панса для Дон Кіхота? Дзіўна, што да гэтага часу ніхто не напісаў гісторыю дзеншчыкоў. Мы б там прачыталі, што альмавірскі герцаг у час аблогі Таледа з галадухі з’еў свайго дзеншчыка нават без солі, пра што герцаг сам піша ў сваіх успамінах, паведамляючы, што мяса яго служкі было далікатнае, мяккае і сакавітае і на смак нагадвала нешта сярэдняе паміж курацінай і асляцінай.
У старой швабскай кнізе пра ваеннае майстэрства мы, паміж іншым, знаходзім парады дзеншчыкам. Старадаўні дзяншчык мусіў быць сумленны, набожны, дабрадзейяы, праўдзівы, сціплы, адважны, працавіты – карацей кажучы, узор чалавека. Наша эпоха шмат што змяніла ў характары гэтага тыпу. Сучасны дзяншчык звычайяа і не набожны, і не дабрадзейны, і не праўдзівы. Ён хлусіць, абдурвае свайго гаспадара і вельмі часта ператварае жыццё свайго начальніка ў сапраўднае пекла. Гэта ліслівы раб, які выдумляе самыя вераломныя фокусы, каб спаскудзіць жыццё свайму пану.
Сярод новага пакалення дзеншчыкоў ужо не знойдзеш такіх самаахвярных істот, якія дазвалялі б сваім панам з’есці сябе без солі, як гэта зрабіў шляхетны Фернанда, дзяншчык альмавірскага герцага. З другога боку, мы бачым, што камандзіры, змагаючыся не на жыццё, а на смерць са сваімі сучаснымі служкамі, ужываюць самыя розныя сродкі, каб утрымаць свой аўтарытэт. Часам справы даходзяць да своеасаблівага тэрору. У 1912 годзе ў Грацы праходзіў працэс, на якім выдатную ролю адыгрываў адзін капітан, які збіў да смерці свайго дзеншчыка. Капітан тады быў апраўданы, бо зрабіў гэта толькі два разы. На думку тых паноў, жыццё дзеншчыка не мела ніякай цаны. Дзяншчык – гэта толькі прадмет, часта нешта накшталт пудзіла для аплявух, раб, прыслужнік, папіхач. Не дзіўна, што такое становішча прымушае раба быць выкрутлівым і ліслівым. Яго пакуты на нашай планеце можна параўнаць толькі з перажываннямі хлопчыкаў-памочнікаў афіцыянтаў у рэстаранах у даўнія часы; у іх пачуццё добрасумленнасці выхоўвалі кухталямі ды выспяткамі.
Аднак бываюць і такія выпадкі, калі дзяншчык узвышаецца да ролі любімчыка і свайго начальніка, тады ён робіцца страшылішчам роты, а то і батальёна.
Усе унтэры стараюцца яго падкупіць, ён вырашае, каму і калі даць водпуск, ён можа пахадайнічаць, каб пры рапарце ўсё абышлося добра.
У час вайны гэтыя любімчыкі часта атрымлівалі вялікія і малыя медалі за мужнасць і адвагу.
У Дзевяноста першым палку я ведаў некалькі такіх. Адзін дзяншчык атрымаў вялікі сярэбраны медаль за тое, што ўмеў дасканала запячы ўкрадзеных ім гусей. Другога ўзнагародзілі малым сярэбраным за тое, што ён атрымліваў з дому багатыя харчовыя пасылкі, так што яго пан у час самага страшнага голаду напіхваўся так, што не мог хадзіць.
A прапанову аб узнагароджанні свайго дзеншчыка гэты начальнік абгрунтоўваў так: «За тое, што ў баях праявіў надзвычайную мужнасць і адвагу і, не зважаючы на небяспеку для жыцця, не адыходзіў ні на крок ад свайго камандзіра пад моцным агнём праціўніка».
A той у гэты час спусташаў у тыле куратнікі. Вайна змяніла адносіны паміж афіцэрам і дзеншчыком, і дзяншчык зрабіўся самай ненавіснай істотай сярод салдат. У яго заўсёды была цэлая банка кансерваў, тады як у камандзе банку дзялілі на пяцярых. Яго біклага была заўсёды напоўнена ромам ці каньяком, цэлы дзень гэтая жывёліна жавала шакалад, грызла салодкія афіцэрскія сухары, курыла сігарэты свайго гаспадара, пякла-смажыла цэлымі гадзінамі і насіла навюткую шчыгульненькую гімнасцёрку.
Дзяншчык быў у самых блізкіх зносінах з ардынарцам і шчодра дзяліўся з ім аб’едкамі са свайго стала і ўсімі выгодамі, якія меў сам. Да трыумвірату звычайна далучаўся і штабны пісар. Гэтая тройка, жывучы ў непасрэднай блізкасці да камандзіра, ведала аб усіх аперацыях і ваенных планах.
Гэты гурт быў заўсёды найлепш інфармаваны аб тым, калі што адбудзецца, бо малодшы сяржант знаўся з дзеншчыком. Калі дзяншчык гаварыў: «У дзве гадзіны трыццаць пяць хвілін будзем даваць драпака», то сапраўды роўна ў дзве гадзіны трыццаць пяць хвілін аўстрыйскія войскі пачыналі адрывацца ад непрыяцеля.
Дзяншчык быў у самых інтымных адносінах з палявой кухняй і з вялікай ахвотай аціраўся каля катла і заказваў сабе стравы, быццам сядзеў у рэстаране і выбіраў стравы з меню.
– Я люблю рабрынку, – гаварыў ён кухару, – а ты ўчора даў мне хвост. Ды пакладзі мне яшчэ ў поліўку кавалак пячонкі, ты ж ведаеш, што я селязёнку не жарў.
Незаменным быў дзяншчык у стварэнні панікі. У час бамбёжкі акопаў у яго душа заходзіла ў пяткі, у такіх выпадках ён аказваўся разам са сваімі і гаспадаровымі валізамі ў самым бяспечным бліндажы і хаваў галаву пад коўдру, каб яго не знайшоў артылерыйскі снарад. Тады ён хацеў толькі аднаго: каб яго афіцэра параніла і ён разам з ім трапіў у тыл як мага далей.
Паніку ён сеяў і сваім сакрэтнічаннем. «Здаецца, ужо збіраюць тэлефон», – паведамляў ён па сакрэту па аддзяленнях, і быў шчаслівы, калі мог потым сказаць: «Ужо сабралі».
Ніхто не любіў так адступаць, як ён. У гэтыя хвіліны ён забываў, што над яго галавой свішчуць снарады і шрапнель, ён нястомна прабіраўся з валізамі да штаба, дзе стаяў абоз. Ён любіў аўстрыйскі абоз і з вялікім задавальненнем з ім ездзіў. Калі не пашанцавала, мог задаволіцца і санітарнай двуколкай. Калі ж яму даводзілася ісці пешкі, то рабіў уражанне чалавека, зусім знясіленага. У такім выпадку ён кідаў валізы свайго пана ў акопах і цягнуў далей толькі сваю маёмасць.
Калі здаралася, што афіцэр ратаваўся ўцёкамі, каб не трапіць у палон, а дзяншчык у палон трапляў, то ён не забываў ні ў якім выпадку прыхапіць у палон і багаж свайго гаспадара. Багаж пераходзіў у яго маёмасць і тады ўжо ён бярог яго, як зрэнку ў воку.
Я ведаў аднаго палоннага дзеншчыка, які разам з іншымі ішоў пехатой ад Дубна* аж да Дарніцы пад Кіевам. Апрача сваёй кайстры і паходнага мяшка / свайго афіцэра, які пазбегнуў палону, у яго было яшчэ пяць розных куфэркаў, дзве коўдры і падушка, апрача нейкага ванзэлка, які ён нёс на галаве. Ды яшчэ скардзіўся, што два чамаданы ў яго ўкралі казакі.
Я ніколі не забуду гэтага чалавека, які так мардаваўся са сваім багажом па ўсёй’ Украіне. Гэта была жывая экспедытарская фурманка, і я да гэтага часу ніяк не магу вытлумачыць сабе, як ён мог усё гэта несці, валачыць столькі соцень кіламетраў і даехаць з усім гэтым дабром аж да Ташкента, пільна сцерагчы кожную рэч і – памерці на сваіх куфэрках ад сыпнога тыфу ў лагеры для ваеннапалонных.
Зараз дзеншчыкі раскіданы па ўсёй нашай рэспубліцы і расказваюць пра свае гераічныя ўчынкі. Яны, маўляў, штурмавалі Сакаль, Дубна, Ніш, Піяву*. Кожны з іх – Напалеон: «Я і кажу нашаму палкоўніку, каб ён затэлефанаваў у штаб, што можна пачынаць».
У сваёй большасці дзеншчыкі былі рэакцыянерамі, і салдаты іх ненавідзелі. Некаторыя дзеншчыкі даносілі, і для іх было пацехай, калі каго-небудзь з салдат потым вязалі.
Яны развіліся ў асаблівую касту. Іх эгаізм не ведаў меж.
ІІІНадпаручнік Лукаш быў тыповым кадравым афіцэрам адрахлелай аўстрыйскай манархіі. Кадэцкі корпус выхаваў з яго хамелеона: на людзях ён гаварыў па-нямецку, пісаў па-нямецку, але чытаў чэшскія кніжкі, а калі выкладаў у школе для вальнапісаных, дзе былі адны чэхі, то гаварыў ім канфідэнцыяльна: «Будзьма чэхамі, але ніхто не павінен пра гэта ведаць. Я – таксама чэх».
Ён лічыў чэшскі люд нейкай своеасаблівай тайнай арганізацыяй, ад якой лепей трымацца падалей.
Але ў астатнім ён быў чалавек добры: не баяўся начальства і на манеўрах, як яно і заведзена, клапаціўся пра сваю роту, заўсёды сачыў за яе размяшчэннем па стадолах і, часта плацячы са свайго небагатага жалавання, выстаўляў сваім салдатам бочку піва.
Любіў, калі салдаты на маршы спявалі песні. Яны павінны былі спяваць, ідучы на вучэнні і з вучэння. Ідучы побач са сваёй ротай, ён спяваў разам з салдатамі:
A як поўнач надышла,
Шыла вылезла з мяшка,
Жумтарыя бум!
Салдаты яго любілі, бо ён быў надзвычай справядлівы і не меў звычкі чапляцца.
Унтэры перад ім трэсліся. З самага лютага фельдфебеля ён за месяц вылепліваў сапраўднае ягнятка.
Накрычаць, праўда, ён мог, але ніколі не лаяўся, падбіраў словы і выразы.
– Бачыце, хлопча, – гаварыў ён, – я, сапраўды, не хацеў бы вас караць, але нічым не магу дапамагчы, бо ад дысцыпліны залежыць баяздольнасць арміі. Армія без дысцыпліны – гэта былінка пад ветрам. Калі ваш мундзір не ў парадку, а гузікі кепска прышыты альбо іх не хапае, то гэта значыць, што вы забываеце пра свае абавязкі ў адносінах да арміі. Можа, вам здаецца незразумелым, чаму вас саджаюць за тое, што ўчора пры аглядзе ў вас не хапала гузіка на гімнасцёрцы, такая дробязь, такое глупства, якога на цывільным шпаку і не заўважыш. Але ў войску такое занядбанне свайго выгляду цягне за сабой пакаранне. А чаму? Справа не ў тым, што ў вас не хапае гузіка, але ў тым, што вы мусіце прывыкнуць да парадку. Сёння вы не прышыеце гузік і, значыцца, пачынаеце лайдачыць. Заўтра вам падасца цяжкім разабраць і пачысціць вінтоўку, паслязаўтра вы забудзеце ў якой-небудзь карчме штык і ўрэшце засняце на пасту – а ўсё пачалося з таго, што вы з якогасьці няшчаснага гузіка пачалі весці жыццё лайдака. Вось так, хлопча. Таму я і караю вас, каб засцерагчы ад яшчэ больш цяжкай кары за які-небудзь выбрык, які вы маглі адпаліць у будучым, павольна, але пэўна забываючы свае абавязкі. Я вам даю пяць дзён арышту і жадаю, каб вы на хлебе і вадзе падумалі аб тым, што пакаранне – гэта не помста, а толькі сродак выхавання ў мэтах выпраўлення і паляпшэння пакаранага салдата.
Лукаш ужо даўно мог быць капітанам, але яму не дапамагала нават асцярожнасць у нацыянальным пытанні, бо ў адносінах да начальства ён вызначаўся прамалінейнасцю і ў службовых адносінах не цярпеў падлізвання.
У яго характары захоўваліся рысы селяніна з поўдня Чэхіі – ён нарадзіўся ў вёсцы, закінутай сярод цёмных лясоў і азёр.
Але калі да салдат ён быў справядлівы і ніколі да іх не чапляўся, то сваіх дзеншчыкоў ён ненавідзеў, бо трапляліся яму самыя нягодныя і подлыя, – так ужо яму не шанцавала на іх.
Ён не лічыў іх за салдат, біў іх па мордзе, даваў аплявухі і спрабаваў выхоўваць і словам, і справай. Ён беспаспяхова змагаўся з імі шмат гадоў, бесперастанку мяняў, і заўсёды канчалася тым, што ён уздыхаў: «Зноў мне трапілася подлая жывёліна». Дзеншчыкоў сваіх ён лічыў істотамі ніжэйшага гатунку.
Жывёлін Лукаш любіў незвычайна. У яго была гарцкая канарэйка, ангорская кошка і пінчар. Усе дзеншчыкі, якіх ён так часта мяняў, абыходзіліся з гэтымі жывёлінамі не лепей, чым надпаручнік Лукаш з імі самімі, калі яны ўчынялі якую-небудзь подласць.
Яны марылі голадам канарэйку, адзін з дзеншчыкоў выбіў ангорскай кошцы вока, пінчара хвасталі чым папала, як толькі ён трапляў пад руку, і нарэшце адзін з папярэднікаў Швейка адвёў небараку да скуралупа на Панкрац і загадаў яго знішчыць, не пашкадаваўшы на гэта дзесяць крон са сваёй кішэні. А надпаручніку потым проста паведаміў, што сабака збег на прагулцы. На другі дзень гэты дзяншчык ужо маршыраваў разам з ротай на пляцы.
Калі Швейк прыйшоў да Лукаша і заявіў, што прыступае да выканання сваіх абавязкаў, надпаручнік Лукаш правёў яго ў пакой і сказаў:
– Вас рэкамендаваў мне пан фельдкурат Кац, і спадзяюся, што вы не зганьбіце яго рэкамендацыі. У мяне ўжо быў тузін дзеншчыкоў, і ніводны з іх доўга не затрымаўся. Папярэджваю, што я строгі і бязлітасна караю за кожную подласць і хлусню. Я патрабую, каб вы заўсёды гаварылі толькі праўду і бясспрэчна выконвалі мае загады. Калі я скажу: «Скачыце ў агонь», то вы ў гэты агонь павінны скочыць, нават калі вам гэтага і не хацелася б. Куды гэта вы гледзіцё?
Швейк з цікавасцю пазіраў убок, на сцяну, дзе вісела клетка з канарэйкай, а, пачуўшы пытанне надпаручніка, утаропіў на яго свае добрыя вочы і адказаў мілым, дабрадушным голасам:
– Асмелюся далажыць, пан надпаручнік, гэта – гарцкая канарэйка.
Перапыніўшы такім чынам гаворку надпаручніка, Швейк выцягнуўся ва фронт і, не міргаючы, глядзеў яму проста ў вочы.
Надпаручнік хацеў сказаць што-небудзь рэзкае, але, разгледзеўшы бязвінны выраз твару Швейка, толькі вымавіў:
– Пан фельдкурат ахарактарызаваў вас як рэдкага дурня. Думаю, ён не памыліўся.
– Асмелюся далажыць, пан фельдкурат сапраўды не памыліўся. Калі я служыў у войску раней, мяне вызвалілі ад службы з-за ідыятызму, прычым ідыятызму хранічнага. Па гэтай прычыне нас адпусцілі з палка дваіх: мяне і яшчэ аднаго, капітана фон Каўніца. Той, прабачце, пан надпаручнік, калупаў пальцам левай рукі ў левай ноздры, а пальцам правай рукі – у правай. На вучэнні ён кожны раз строіў нас, як для цырыманіяльнага маршу, і казаў: «Салдаты… ээ… памятайце… ээ… што сёння серада, таму што заўтра будзе чацвер… ээ…»
Надпаручнік Лукаш паціснуў плячыма, не знаходзячы слоў, і пачаў хадзіць ад дзвярэй да процілеглага акна міма Швейка і назад, прычым Швейк рабіў «раўненне направа» і «раўненне налева», – гледзячы па тым, дзе знаходзіўся надпаручнік, – з такім анёльскім выглядам, што надпаручнік апусціў вочы і, гледзячы на дыван, сказаў без усялякай сувязі са Швейкавымі назіраннямі за дурным капітанам:
– Так! Каб у мяне ўсё было ў парадку і чысціні, і каб мне не хлусіць! Я люблю сумленнасць. Ненавіджу хлусню і буду караць без літасці. Вы мяне зразумелі?
– Так точна, пан надпаручнік, зразумеў. Няма нічога горшага, як калі чалавек хлусіць. Калі ўжо хто пачне брахаць, пішы прапала! У вёсцы каля Пелгржымава быў настаўнік Марак. I хадзіў ён да дачкі лесніка Шперы, а той загадаў яму перадаць, што калі ён будзе сустракацца ў лесе з яго дачкой, то ён, ляснік, усадзіць яму ў азадак зарад нарэзанага шчаціння з соллю. А настаўнік перадаў лесніку, што ўсё гэта – хлусня. Але аднаго разу, калі ён павінен быў сысціся з дзяўчынай, ляснік яго застаў і хацеў было пачаць абяцаную аперацыю, але настаўнік пачаў апраўдвацца тым, што ён збірае кветачкі, А другі раз адкручваўся тым, што нібыта ловіць жукоў для калекцыі. I чым далей, тым больш заблытваўся. Нарэшце, як след напалохаўшыся, прысягнуў, што хацеў толькі расставіць пасткі на зайцоў. Тут наш мілы ляснік яго спакаваў і адвёў на жандарскі ўчастак, а адтуль справа пайшла ў суд, і настаўнік ледзьве не быў пасаджаны. А калі б ён сказаў голую праўду, дык атрымаў бы толькі тое шчацінне з соллю. Я той думкі, што найлепей ва ўсім шчыра прызнацца, а калі ўжо чаго-небудзь навырабляў, то прыйсці і сказаць: «Асмелюся далажыць, я навырабляў вось таго і таго». А калі гаварыць наконт сумлення, то гэта цудоўная рэч, з ёю можна далёка зайсці. Гэта як на спаборніцтвах па хадзе: як толькі пачнеш махляваць і бегчы, дык тут жа сыходзіш з дыстанцыі. Так і здарылася з маім стрыечным братам. Як чалавека сумленнага, яго ўсюды паважаюць, ён сам сабой задаволены і адчувае сябе, як нованароджаны, калі, кладучыся спаць, можа сказаць: «Сёння я зноўку быў сумленным».
На працягу ўсёй гэтай доўгай прамовы надпаручнік Лукаш сядзеў у крэсле і, пазіраючы на боты Швейка, думаў: «Божа мой, я ж і сам часта пляту такую лухту. Розніца толькі ў форме, у якой я гэта падаю».
Загаварыўшы зноў, надпаручнік пералічыў Швейку ўсе яго абавязкі, прычым асабліва падкрэсліваў, што Швейк павінен быць верным слугой і нідзе нікому не гаварыць, што дзеецца дома.
– У мяне бываюць дамы, – прызнаўся ён. – Часам хто-небудзь з іх застаецца нанач, калі мне не трэба на другі дзень ісці на службу. У такіх выпадках вы будзеце прыносіць нам каву ў пасцель, але тады, калі я пазваню, разумееце?
– Так точна, разумею, пан обер-лейтэнант. Калі б я нечакана падышоў да пасцелі, то, пэўна, гэта магло б якой-небудзь даме быць непрыемным. Я сам аднойчы прывёў адну паненку дамоў, і мы з ёй надта добра бавілі час, калі мая служанка прынесла нам каву ў пасцель. Спалохаўшыся, служанка абліла мне кавай усю спіну ды яшчэ сказала: «Дай вам пан бог добрай раніцы!» Так што я ведаю, што трэба рабіць, калі начуе дама.
– Хораша, Швейк! З дамамі мы павінны паводзіць сябе выключна тактоўна, – сказаў надпаручнік, прыходзячы ў добры настрой, бо гаворка перайшла на прадмет, які запаўняў увесь яго вольны ад казармаў, пляцу і картаў час.
Жанчыны былі душой яго кватэры. Яны стваралі яму хатнюю ўтульнасць. Іх было некалькі тузінаў, і многія з іх за час свайго побыту стараліся аздобіць кватэру рознымі цацкамі-забаўкамі.
Надпаручнік Лукаш вёў шырокую карэспандэнцыю, завёў альбом фатаграфій сваіх каханак і калекцыю розных рэліквій, бо ў апошнія два гады пачаў праяўляць схільнасць да фетышызму. У яго было некалькі розных дамскіх падвязак, чатыры пары элегантных панталончыкаў з вышыўкай, тры празрыстыя, тонкія, далікатныя дамскія сарочкі, батыставыя сукенкі, нават адзін гарсэт і некалькі панчошак.
– Сёння ў мяне дзяжурства, – сказаў надпаручнік Швейку, – я прыйду дамоў толькі ноччу. Глядзіце тут за ўсім, прывядзіце ў парадак пакоі. Апошні мой дзяншчык за сваю. ляноту сёння з маршавай ротай адправіўся на фронт.
Аддаўшы яшчэ загады наконт канарэйкі і ангорскай кошкі, ён пайшоў, не прамінуўшы яшчэ раз у дзвярах прамовіць некалькі слоў пра сумленнасць і парадак.
Пасля яго адыходу Швейк прывёў кватэру ў найлепшы парадак, так што калі надпаручнік Лукаш прыйшоў уначы дамоў, Швейк мог спакойна адрапартаваць:
– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, усё ў парадку. Толькі вось кошка нарабіла брыдоты: зжэрла вашу канарэйку.
– Як?! – загрымеў надпаручнік.
– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, вось як. Я даўно ведаў, што кошкі не любяць канарэек і крыўдзяць іх. Дык я вырашыў пазнаёміць іх бліжэй і ў выпадку, калі б гэтая бестыя паспрабавала напракудзіць, надраць яе так, каб да смерці не забылася, як абыходзіцца з канарэйкамі. Ведаеце, я вельмі люблю жывёлін. У нашым доме жыве капялюшнік, дык ён так вымуштраваў сваю кошку, што яна спачатку зжэрла ў яго трох канарэек, а зараз ужо ніводнай не жарэ, і канарэйка можа на яе хоць сесці. Я таксама хацеў паспрабаваць, выцягнуў канарэйку з клеткі і даў яе кошцы панюхаць, а яна, гэткая шэльма, не. паспеў я апамятацца, адкусіла канарэйцы галаву. Не чакаў я ад яе такога хамства! Калі б гэта быў, пан обер-лейтэнант, нейкі верабей, а то ж такая прыгожанькая канарэйка, гарцкая! Я кошку вылаяў як мае быць, але, божа барані, пальцам яе не крануў, чакаў вас, як вы скажаце, што з ёй, пачварай, рабіць.
Расказваючы гэта, Швейк так прастадушна глядзеў надпаручніку ў вочы, што той, падступіўшы спачатку да яго з пэўным суровым намерам, адышоў, сеў у крэсла і спытаў:
– Паслухайце, Швейк, вы сапраўды такі ёлупень цара нябеснага?
– Так точна, пан обер-лейтэнант, – урачыста адказаў Швейк. – Мне з маленства не шанцуе. Я заўсёды хачу паправіць справы, каб усё было падобраму, і ніколі нічога з гэтага не выходзіць, апрача непрыемнасцей для мяне і для ўсіх навакольных. Я толькі хацеў іх абедзвюх пазнаёміць, каб яны прывыклі адно да аднаго. Хіба ж я вінаваты, што яна зжэрла канарэйку, і было па знаёмстве! Некалькі гадоў таму назад у гасцініцы «У Штупартаў» кошка зжэрла нават папугая за тое, што той яе перадражніваў і мяўкаў, як яна… А самі кошкі надта жывучыя! Калі загадаеце, пан обер-лейтэнант, каб я яе ўтрупяніў, то давядзецца яе прыстукнуць дзвярыма, іначай не сканае.
I Швейк з самым наіўным выглядам і мілай, дабрадушнай усмешкай пачаў распавядаць надпаручніку, якім чынам прыканчваюць кошак. Яго аповед, напэўна, давёў бы ўсё таварыства аховы жывёлы да вар’ятні.
Швейк пры гэтым праявіў такія прафесіянальныя веды, што надпаручнік Лукаш, забыўшыся на свой гнеў, спытаў яго:
– Дык вы, значыцца, умееце абыходзіцца з жывёлінамі? Любіце іх, спачуваеце ім?
– Больш за ўсё я люблю сабак, – сказаў Швейк, – бо гэта вельмі прыбытковы занятак для таго, хто ўмее іх прадаваць. Я гэтага не адолеў, бо заўсёды быў занадта сумленны, хаця і так пакупнікі скардзіліся, чаму я, маўляў, прадаў ім здыхляка замест чыстакроўнага здаровага сабакі. Як быццам усе сабакі павінны быць чыстакроўнымі і здаровымі! Ды яшчэ кожны патрабаваў радаслоўную, вось і даводзілася друкаваць гэтыя радаслоўныя і з якога-небудзь кошыржскага дварняка, што нарадзіўся дзе-небудзь у цагельні, рабіць самага пародзістага шляхціца з баварскай псярні Арміна фон Барнгейма. Але людзі былі задаволены, думаючы, што купілі пародзістага сабаку. А сабак, якія маглі б пра сябе сказаць: «Я чыстакроўнае стварэнне», – праўду кажучы, мала. Альбо матуля злыгалася з якім-небудзь мяшанцам, альбо бабуля, альбо татаў у яго было некалькі, і ад кожнага ён нешта атрымаў у спадчыну: ад аднаго – вушы, ад другога – хвост, яшчэ ад аднаго – поўсць на мордзе, ад чацвёртага – морду, ад пятага – крывыя ногі, а ў шостага ўзяў рост. А калі ў яго такіх татаў было штук дванаццаць, дык можаце сабе ўявіць, пан обер-лейтэнант, як такі сабачка выглядае. Купіў я аднойчы такога мяшанца, звалі яго Балабан, дык ён з-за сваіх татуляў атрымаўся такім агідным, што ўсе сабакі яго цураліся. Купіў я яго з літасці, што ён такі пакінуты. Дома ен увесь час сядзеў у кутку, усё сумаваў, я яго прадаў за пінчара. ‘Больш за ўсё прыйшлося папрацаваць, калі перафарбоўваў яго пад колер перцу з соллю. Потым ён са сваім гаспадаром трапіў у Маравію, і з таго часу я яго не бачыў.
Надпаручніка пачаў вельмі цікавіць гэты кіналагічны даклад, і Швейк мог бесперашкодна працягваць.
– Сабакі не могуць фарбавацца самі, як гэта робяць дамы, пра гэта павінен паклапаціцца той, хто хоча іх прадаць. Калі, да прыкладу, сабака. стары і сівы, а вы хочаце прадаць яго за шчанка-пярэзімка ці выдаяце такога дзядулю за дзевяцімесячнага, то лепш за ўсё купіце ляпісу, разбаўце і пафарбуйце сабаку ў чорны колер – будзе выглядаць як новы. Каб ён набыў сілу, карміце яго мыш’яком у конскіх дозах, а зубы начысціце наждачнай паперай, якой чысцяць іржавыя нажы. А перад тым, як весці яго прадаць, наліце яму ў горла слівавіцы, каб сабака быў весялейшы. Ён у вас адразу зробіцца бадзёры, жывы, будзе радасна брахаць і лезці да кожнага, як падпіўшы радца. А галоўнае вось што: з людзьмі, пан обер-лейтэнант, трэба гаварыць, і гаварыць да таго часу, пакуль пакупнік зусім не ачмурэе. Калі хто-небудзь хоча купіць балонку, а ў вас дома нічога, акрамя паляўнічага сабакі, няма, то вы павінны здолець загаварыць купца так, каб ён павёў з сабой замест балонкі паляўнічага сабаку.
– Я сам люблю сабак, – сказаў надпаручнік. – Вы, я бачу, добра ведаеце ўсе пароды сабак, вы б маглі за ім даглядаць. Якая парода, па-вашаму, лепей за ўсіх, я маю на ўвазе сабаку-сябе? Быў у мяне калісьці пінчар, але я не ведаю…
– Па-мойму, пан обер-лейтэнант, пінчар – вельмі мілы сабака. Не кожнаму, праўда, пінчар спадабаецца, бо шчаціністы, і валасы на мордзе такія каляныя, што сабака выглядае, як выпушчаны крымінальнік. Пінчары непрыгожыя, але прывабныя і прытым разумныя. Ведаў я аднаго…
Надпаручнік Лукаш паглядзеў на гадзіннік і перапыніў Швейка:
– Позна ўжо, мне трэба выспацца. Заўтра ў мяне зноў служба, а вы можаце цэлы дзень прысвяціць пошукам якога-небудзь пінчара.
Ён пайшоў спаць, а Швейк лёг на кухні на канапу і пачытаў яшчэ газету, якую надпаручнік прынёс з казармаў.
Раптам ён ускочыў: «Ледзьве не забыўся!» – і пайшоў у пакой да надпаручніка. Той моцна спаў. Швейк пабудзіў яго:
– Асмелюся далажыць, пан обер-лейтэнант, – я не атрымаў загаду наконт кошкі.
Надпаручнік, не прасынаючыся, павярнуўся на другі бок, прамармытаў: «Тры дні арышту!» – і заснуў зноў.
Швейк ціха выйшаў з пакоя, выцягнуў няшчасную кошку зпад канапы і сказаў ёй: «Тры дні арышту!» – і ангорская кошка палезла зноў пад канапу.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?