Текст книги "Прыгоды ўдалага салдата Швейка"
Автор книги: Яраслаў Гашак
Жанр: Литература 20 века, Классика
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 1 (всего у книги 32 страниц) [доступный отрывок для чтения: 11 страниц]
Яраслаў Гашак
Прыгоды ўдалага салдата Швейка
Прадмова
Вялікая эпоха патрабуе вялікіх людзей. Жывуць на свеце сціплыя, нікому не вядомыя героі, якія не здабылі сабе ні славы Напалеона, ні хоць бы радка ў гісторыі. Але пры ўважлівым аналізе іх слава адсунула б у цень нават славу Аляксандра Македонскага. У наш час на вуліцах Прагі вы можаце напаткаць бедна апранутага чалавека, які і сам не здагадваецца, якое месца ён займае ў гісторыі новай, вялікай эпохі. Ён сціпла ідзе сваёй дарогаю, нікога не турбуючы, і яго не турбуюць журналісты просьбамі аб інтэрв’ю. Калі б вы спыталі, як яго прозвішча, ён адказаў бы проста і сціпла: «Я – Швейк».
I сапраўды, гэты ціхі, сціплы чалавек у паношанай вопратцы і ёсць той стары ўдалы салдат Швейк, мужны герой, імя якога яшчэ за аўстрыйскім часам было на вуснах усіх грамадзян Чэшскага каралеўства і слава якога не згасне і ў рэспубліцы.
Я вельмі люблю ўдалага салдата Швейка і, распавядаючы пра яго прыгоды ў час сусветнай вайны, перакананы, што вы ўсе будзеце сімпатызаваць гэтаму непрызнанаму герою. Ён не падпаліў храма ў Эфесе, як гэта зрабіў шаленец Герастрат для таго, каб трапіць у газеты і школьныя чытанкі.
I гэтага зусім дастаткова.
АЎТАР
Частка І. У тыле
Раздзел I. Уварванне ўдалага салдата Швейка ў сусветную вайну
– Слухайце, забілі нашага Фердынанда, – сказала Швейку яго служанка.
Швейк некалькі гадоў таму назад, пасля таго як ваенна-медыцынская камісія канчаткова прызнала яго ідыётам, пакінуў вайсковую службу і цяпер жыў з продажу сабак, брыдкіх беспародных мяшанцаў, якім ён прыдумляў фальшывыя радаслоўныя.
Апрача таго, ён быў хворы на раматус і ў гэтую хвіліну якраз мазаў калені ападэльдокам.
– Якога Фердынанда, пані Мюлер? – спытаў Швейк, не перастаючы масіраваць калені. – Я ведаю двух Фердынандаў. Адзін быў служкам у фармацэўта Прушы і аднойчы, памыліўшыся, выпіў бутэльку нейкай вадкасці для росту валасоў; ды ведаю яшчэ Фердынанда Кокашку, што падбірае на вуліцах сабачыя кучкі. Абодвух ніколькі не шкада.
– Не, васпан мой, пана эрцгерцага Фердынанда, таго, што жыў у Конапішце, такога тоўстага, набожнага…
– Ежыш Марыя! – ускрыкнуў Швейк. – Вось табе маеш! I дзе ж гэта з ім, панам эрцгерцагам, сталася?
– Прыстукнулі яго ў Сараеве. Быццам бы з рэвальвера. Ён там ехаў са сваёй эрцгерцагіняй у аўтамабілі.
– Вось бачыце, пані Мюлер, у аўтамабілі! О, такі пан можа сабе гэта дазволіць. Відаць, нават не падумаў, што такая язда аўтамабілем можа кепска закончыцца. Да таго ж, у Сараеве! А Сараева, пані Мюлер, – у Босніі… Гэта, напэўна, падкопы туркаў – не варта было нам адбіраць у іх Боснію і Герцагавіну. Дык вось яно як, пані Мюлер. Эрцгерцаг, значыцца, ужо аддаў богу душу. Доўга пакутаваў?
– Пан эрцгерцаг быў гатоў адразу, васпан. Вядома, з рэвальверам жарты кароткія. Нядаўна ў нас, у Нуслях, адзін пан забаўляўся рэвальверам, дык перастраляў усю сям’ю ды яшчэ дворніка, які прыйшоў паглядзець, хто там страляе на чацвёртым паверсе.
– Ёсць такія рэвальверы, пані Мюлер, што хоць трэсні, з яго не стрэліш. I такіх сістэм – безліч. Але ж для пана эрцгерцага, напэўна, купілі што-небудзь найлепшае. Магу пабіцца аб заклад, пані Мюлер, што той чалавек, які страляў, з такой нагоды і прыадзеўся як мае быць. Вядома, страляць у эрцгерцага – надта цяжкая праца. Гэта зусім не тое, што браканьеру стрэліць у лесніка. Тут галоўнае ў тым, як да яго падабрацца. Да такога вяльможы ў лахманах не падыдзеш. Тут мусіш ісці ў цыліндры, каб цябе да пары да часу не схапіў паліцэйскі.
– Ды, кажуць, ён там не адзін быў.
– Гэта само сабой, пані Мюлер, – сказаў Швейк, заканчваючы масаж калена. – Калі б вы, да прыкладу, хацелі забіць пана эрцгерцага або пана імператара, дык абавязкова з кім-небудзь параіліся б. Галава добра, а дзве лепш. Адзін параіць адно, другі – другое, і «справа пойдзе на лад», як пяецца ў нашым гімне. Галоўнае – пранюхаць момант, калі такі магнат паедзе міма. Гэта акурат так, як з тым панам Люкені, што праткнуў нашу нябожчыцу Альжбету* напільнікам. Памятаеце, ён яшчэ з ёй пагульваў. Вось і вер потым людзям! З таго часу ніводная імператрыца не ходзіць гуляць. I гэта яшчэ чакае многіх. Вось убачыце, пані Мюлер, яшчэ дабяруцца да рускага цара і царыцы, а можа, не прывядзі бог, і да пана імператара, калі пачалі з дзядзькі*. У яго, старога чалавека, ворагаў болей, чым у Фердынанда. Нядаўна ў карчме адзін пан сказаў, што надыдзе час, і ўсе гэтыя імператары пасыплюцца адзін за адным, і ім нават дзяржаўная пракуратура не дапаможа. Потым выявілася, што гэтаму пану няма чым плаціць за піва, і карчмар вымушаны быў выклікаць паліцыю, за што ён заляпіў карчмару аплявуху, а паліцэйскаму – дзве. Потым яго адвезлі ў кашы, каб ачомаўся*. Такія вось, пані Мюлер, у нас справы. Значыцца, яшчэ адна страта для Аўстрыі. Калі я служыў у войску, дык адзін пехацінец застрэліў капітана. Зарадзіў стрэльбу і пайшоў у канцылярыю. Там сказалі, што ў канцылярыі яму рабіць няма чаго, а ён усё даводзіў, што конча павінен гаварыць з капітанам. Капітан выйшаў і пазбавіў яго водпуску з казармы, а ён узяў стрэльбу і – бах яму проста ў сэрца! Куля прабіла пана капітана навылёт ды яшчэ нарабіла шкоды ў канцылярыі: раскалола пляшку з чарнілам, і яно заліло службовыя паперы.
– I што было таму салдату? – счакаўшы хвіліну, спытала пані Мюлер, калі Швейк ужо апранаўся.
– Павесіўся на падцяжках, – сказаў Швейк, чысцячы свой кацялок. – А падцяжкі былі не ягоныя, ён іх пазычыў у турэмнага стоража. Сказаў, што ў яго, нібыта, штаны не трымаюцца. Не чакаць жа яму, пакуль яго расстраляюць. Яно ж, пані Мюлер, вядома, у каго ў такім становішчы галава не пойдзе кругам. Стоража разжалавалі і ўляпілі шэсць месяцаў. Але ён іх недаседзеў – уцёк у Швейцарыю і зараз там служыць прапаведнікам у нейкай царкве. Сумленных людзей сёння мала, пані Мюлер. Я думаю, што і пан эрцгерцаг Фердынанд у тым самым Сараеве памыліўся ў тым чалавеку, які яго застрэліў. Убачыўшы таго пана, ён, пэўна, падумаў, што гэта прыстойны чалавек, бо прывячае яго. А той тым часам яго – бах! Адну ўсадзіў ці некалькі?
– У газетах пішуць, васпан, што пан эрцгерцаг быў як рэшата. Той выпусціў у яго ўсе патроны.
– Гэта робіцца вельмі хутка, пані Мюлер. Страшэнна хутка. Для такой справы я купіў бы браўнінг: выглядае нібы цацка, але за дзве хвіліны можна перастраляць з яго дваццаць эрцгерцагаў, усё роўна, ці худых, ці тоўстых. Зрэшты, між намі кажучы, пані Мюлер, у тоўстага пана эрцгерцага трапіць было лягчэй, чым у худога. Можа, памятаеце, як у Партугаліі падстрэлілі іхняга караля*? Таксама быў надта тоўсты. Вы ж разумееце, кароль худы не будзе. Ну, я пайду ў шынок «Ля келіха», і калі прыйдуць па таго тэр’ера, за якога я ўжо ўзяў задатак, то скажыце, што я трымаю яго на псярні ў вёсцы, што нядаўна падрэзаў яму вушы і пакуль яны не загояцца, перавозіць яго нельга, бо застудзіцца. Ключ аддайце брамніцы.
У шынку «Ля келіха» сядзеў толькі адзін наведнік – агент тайнай паліцыі Брэтшнайдэр. Шынкар Палівец мыў падносы, і Брэтшнайдэр марна спрабаваў завязаць з ім сур’ёзную размову.
Палівец быў вядомы грубіян, кожнае другое слова ў яго было «азадак» або «дзярмо». Але пры гэтым ён быў чалавек начытаны і ўсім раіў пачытаць, што напісаў на гэты конт Віктор Гюго, калі расказваў, як адказала старая напалеонаўская гвардыя англічанам у бітве пры Ватэрлоо*.
– Неблагое лета ў нас сёлета, – распачаў сур’ёзную гаворку Брэтшнайдэр.
– Цана ўсяму гэтаму дзярмо! – адказаў Палівец, укладваючы падносы на паліцу.
– У Сараеве нам здорава насалілі! – са слабай надзеяй вымавіў Брэтшнайдэр.
– У якім «Сараеве»? – перапытаў Палівец. – У нусельскай карчме? Там кожны дзень бойка. Адно слова – Нуслі!
– У баснійскім Сараеве, пане шынкар. Там застрэлілі эрцгерцага Фердынанда. Што вы на гэта скажаце?
– Я ў такія справы не лезу. З такімі справамі хай яны ўсе пацалуюць мяне ў азадак, – ветліва адказаў пан Палівец, закурваючы люльку. – Умяшаешся ў такую справу, і можаш лёгка скруціць сабе галаву. Я дробны гандляр. Калі да мяне прыходзіць чалавек, заказвае піва, я яму і наліваю. А нейкае там Сараева, палітыка або нябожчык эрцгерцаг – гэта не для нас, гэта Панкрацам* пахне.
Брэтшнайдэр замоўк і расчаравана агледзеў пусты шынок.
– Тут некалі вісеў партрэт пана імператара, – праз хвіліну загаварыў ён зноў. – Якраз там, дзе цяпер люстра.
– Так-так, вы праўду кажаце, – адказаў пан Палівец, – вісеў. Ды толькі на яго мухі паскудзілі, дык я занёс яго на гарышча. Ведаеце, яшчэ хто-небудзь займее ахвоту зрабіць на гэты конт заўвагу, і могуць быць непрыемнасці. На якое ліха мне гэта патрэбна?
– У Сараеве, напэўна, вельмі брыдка было, пан шынкар?
На гэтае хітрае пытанне, пастаўленае проста ў лоб, пан Палівец адказаў надзвычай асцярожна:
– Так, у гэты час у Босніі і Герцагавіне страшэнная гарачыня. Калі я там служыў, дык нашаму обер-лейтэнанту даводзілася класці лёд на галаву.
– У якім палку вы служылі, пане шынкар?
– Я такіх дробязей не помню, я ніколі не цікавіўся такой брыдотай, – адказаў пан Палівец. – Я ўвогуле чалавек не цікаўны. Залішняя цікаўнасць толькі на шкоду.
Тайны агент Брэтшнайдэр канчаткова замоўк, і яго пахмурны твар ажывіўся толькі з прыходам Швейка, які, увайшоўшы ў шынок, заказаў сабе піва, заўважыўшы:
– У Вене сёння таксама жалоба.
У вачах Брэтшнайдэра засвяцілася надзея, і ён хутка прамовіў:
– У Канопішці вывесілі дзесяць чорных сцягоў.
– А павінна быць дванаццаць, – сказаў Швейк, адпіўшы з куфля.
– Чаму вы думаеце, што дванаццаць? – спытаў Брэтшнайдэр.
– Для роўнага ліку – тузін. Так лягчэй лічыць, ды і на тузін дзешавей выходзіць, – адказаў Швейк.
Запанавала цішыня, якую парушыў сам Швейк, уздыхнуўшы:
– Дык, значыцца, ён ужо там, ля трона божага, дай яму божа вечны спачын! Нават не дачакаўся, пакуль стане імператарам. Калі я служыў у войску, дык адзін генерал упаў з каня і моцна пабіўся. Хацелі яму дапамагчы, уссадзіць на каня, паглядзелі, а ён – мёртвы. А чакаў павышэння – цаляў у фельдмаршалы. Здарылася гэта з ім на аглядзе войск. Гэтыя агляды ніколі не даводзяць да дабра. Відаць, і ў Сараеве быў нейкі агляд. Памятаю, як на адным такім аглядзе ў мяне не хапіла дваццатага гузіка на мундзіры. За гэта мяне пасадзілі на два тыдні ў адзіночку. I два дні я, нібы той Лазар, быў звязаны «казлом»*. Што ж, у войску павінна быць дысцыпліна. Іначай ніхто ні на кога не зважаў бы. Наш обер-лейтэнант Макавец заўсёды нам гаварыў: «Дысцыпліна, ёлупні, неабходная рэч, без яе вы, як малпы, на дрэвы палезеце. А вайсковая служба вас, ёлупні, у людзі выведзе!» I хіба ж не праўда? Уявіце сабе парк, скажам, на Карлавай плошчы, і на кожным дрэве па адным салдаце без усякай дысцыпліны. Гэта мяне вельмі палохае.
– У Сараеве, – гнуў сваё Брэтшнайдэр, – гэта ўсё справа рук сербаў.
– Памыляецеся, – адказаў Швейк. – Гэта зрабілі туркі. З-за Босніі і Герцагавіны.
I Швейк выказаў свой погляд на знешнюю палітыку Аўстрыі на Балканах: туркі ў 1912 годзе прайгралі вайну з Сербіяй, Балгарыяй і Грэцыяй; яны хацелі, каб Аўстрыя ім дапамагала, а калі гэта ў іх не атрымалася, застукалі Фердынанда.
– Ты туркаў любіш? – звярнуўся Швейк да шынкара Паліўца. – Ты любіш гэтых нехрышчоных сабак, га? Не любіш жа?
– Для мяне кожны наведнік госць, хоць бы і турак, – сказаў Палівец. – Мы, гандляры, палітыкай не займаемся. Заплаці за піва, сядзі ў шынку і вярзі, што хочаш, – такое ў мяне правіла. Ці нашага Фердынанда забіў чэх ці турак, католік ці магаметанін, анархіст ці младачэх*, – мне ўсё роўна.
– Добра, пан шынкар, – прагаварыў Брэтшнайдэр, зноў пачынаючы траціць надзею, што каго-небудзь з гэтых двух удасца падлавіць на слове, – але ж прызнайце, што гэта вялікая страта для Аўстрыі.
Замест шынкара адказаў Швейк:
– Вядома, страта, што тут гаварыць. Страшэнная страта. Фердынанда не заменіш якім-небудзь асталопам. Толькі яму трэба было б быць яшчэ таўсцейшым.
– Што вы хочаце гэтым сказаць? – пажвавеў Брэтшнайдэр.
– Што хачу сказаць? – ахвотна перапытаў Швейк. – Вось што. Калі б ён быў таўсцейшы, то яго ўжо даўно хапіў бы паралюш, яшчэ калі ён у Канопішці ганяў баб, якія ў яго маёнтку збіралі галлё і грыбы, і не давялося б яму паміраць такой ганебнай смерцю. Падумаць толькі – дзядзька імператара, а яго прыстукнулі! Гэта ж ганьба, ва ўсіх газетах пішуць! У нас у Будзеёвіцах некалькі гадоў назад на базары ўсчалася невялікая бойка і пракалолі аднаго гандляра жывёлаю, нейкага Бржэціслава Людвіка. А ў яго быў сын Багуслаў, дык той куды б ні прыйшоў прадаваць парасят, ніхто ў яго ніколі нічога не купляў. Ды кожны, бывала, скажа: «Гэта сын таго, што на базары праткнулі, таксама, відаць, добры круцель». Дык, ведаеце, дайшоў да таго, што ў Крумлаве скочыў з моста ў Влтаву, а потым прыйшлося яго выцягваць, прыйшлося ўваскрашаць, прыйшлося ваду з яго выпампоўваць, а ўсё ж давялося яму сканаць на руках у лекара пасля таго, як той нешта яму ўпырснуў. – Дзіўныя ў вас параўнанні, – шматзначна сказаў Брэтшнайдэр, – спачатку вы гаворыце пра Фердынанда, а потым пра гандляра быдлам.
– Зусім не дзіўныя, – пачаў апраўдвацца Швейк. – Крый мяне божа, каб я хацеў каго-небудзь з кім-небудзь параўноўваць! Пан шынкар мяне ведае. Праўда ж, я нікога ні з кім не параўноўваў? Я толькі не хацеў бы быць у скуры ўдавы эрцгерцага. Што яна цяпер будзе рабіць? Дзеці – сіроты, маёнтак у Канопішці – без гаспадара. Выходзіць зноў за якога-небудзь эрцгерцага? Які толк? Паедзе з ім зноў у Сараева і зробіцца ўдавой другі раз… Вось некалі ў Зліве каля Глубокай жыў адзін ляснік з надта брыдкім прозвішчам – Піндзюр. Браканьеры яго застрэлілі, і засталася пасля яго ўдава з двума дзеткамі. Праз год яна выйшла замуж зноў за лесніка, Пепіка Шаўлавага з Мыдлавар, яго таксама ўходалі. Выйшла ў трэці раз – і зноў. жа за лесніка і кажа: «Трэцім разам – лепшым часам. Калі і цяпер не пашанцуе, дык і не ведаю, што рабіць». Ну, вядома, і гэтага прыстукнулі, а ў яе ад гэтых леснікоў было ўжо шасцёра дзяцей. Пайшла яна ў Глубокую, у канцылярыю князя, пабедавала там, што няма ў яе шчасця з леснікамі, і ёй там сасваталі Яраша, вартаўніка сажалкі, з Ражыц. I – што вы скажаце! – утапілі і яго ў час лоўлі рыбы! I ад яго ў яе ўжо двое дзяцей. Потым яна выйшла за канавала з Воднян, дык той аднойчы ўначы цюкнуў яе сякераю і добраахвотна здаўся паліцыі. Калі потым яго ў Пісеку пры акруговым судзе вешалі, ён укусіў святара ў нос і заявіў, што наогул ні аб чым не шкадуе, а таксама сказаў нешта агіднае пра пана імператара.
– А вы не ведаеце, што ён пра яго сказаў? – з надзеяй у голасе спытаў Брэтшнайдэр.
– Гэтага я вам сказаць не магу, гэтага яшчэ ніхто не адважваўся паўтарыць. Але словы былі, відаць, настолькі жахлівыя, што адзін з чыноўнікаў, які пры гэтым быў, з’ехаў з глуздоў, і яго да сённяшняга дня трымаюць у ізаляцыі, каб шыла не выйшла з мяшка. Гэта была не звычайная знявага пана імператара, як бывае па п’янцы.
– А як зневажаюць пана імператара па п’янцы? – спытаў Брэтшнайдэр.
– Прашу вас, панове, пагаварыць пра нешта іншае, – не сцярпеў шынкар Палівец. – Я, ведаеце, гэтага не люблю. Хто-небудзь потым набрэша, а чалавеку адны непрыемнасці.
– Як зневажаюць пана імператара па п’янцы? – перапытаў Швейк. – Усяляк. Напіцеся, загадайце зайграць вам аўстрыйскі гімн і самі ўбачыце, чаго нагаворыце. Навыдумляеце пра пана імператара столькі, што калі б толькі палова была праўда, хапіла б яму ганьбы на ўсё жыццё. А ён, стары дзядуля, дальбог, гэтага не заслужыў. Заўважце: сына Рудольфа ён страціў у раннім веку, у поўнай мужчынскай моцы, жонку Альжбету праткнулі напільнікам, потым страціў брата Яна Орта*, а брата – мексіканскага імператара – застрэлілі ў нейкай цытадэлі каля сцяны*. Цяпер зноў, на схіле веку, падстрэлілі дзядзьку. Гэта ж трэба мець жалезныя нервы. I пасля ўсяго гэтага згадае пра яго які-небудзь п’янчуга і пачне языком мянціць. Калі цяпер што-небудзь грымне, пайду добраахвотнікам і буду служыць пану імператару, пакуль мяне не разарве якой бомбай!
Швейк грунтоўна сербануў з куфля і працягваў:
– Вы думаеце, пан імператар усё гэта так пакіне? Вы яшчэ мала яго ведаеце. Вайна з туркамі абавязкова павінна быць. «Забілі майго дзядзьку, дык я заеду вам у морду! * Будзе вайна як піць даць. Сербія і Расія нам у гэтай вайне дапамогуць. Будзе разня!
Швейк у хвіліну свайго прароцтва быў чароўны. Яго прастадушны ўсмешлівы твар натхнёна ззяў, як поўня. I ўсё яму зараз было проста і ясна.
– Можа стацца, – працягваў ён маляваць будучыню Аўстрыі, – што на нас у выпадку вайны з Турцыяй нападуць немцы, бо немцы і туркі – супольнікі. Гэта такія паскуднікі, якіх свет не бачыў. Але мы можам хаўрусаваць з Францыяй, якая з семдзесят першага года точыць зубы на Германію. I ўсё пойдзе, як па мазаных колах. Вайна будзе, і больш я вам нічога не скажу.
Брэтшнайдэр устаў і ўрачыста прамовіў:
– Больш вам нічога гаварыць і не трэба. Выйдзіце са мной на калідор, я вам нешта скажу.
Швейк выйшаў за тайным агентам у калідор, дзе яго чакаў невялікі неспадзяванак: яго сусед па століку паказаў яму арла* і заявіў, што Швейк арыштаваны і ён неадкладна адвядзе яго ў паліцэйскую ўправу. Швейк паспрабаваў вытлумачыць, што пан, напэўна, памыляецца, бо ён нічым не правініўся і не вымавіў ніводнага слова, якое магло б каго-небудзь зняважыць.
Аднак Брэтшнайдэр заявіў, што ў сапраўднасці Швейк учыніў некалькі злачынстваў, сярод якіх мела месца і дзяржаўная здрада.
Потым абодва вярнуліся ў шынок, і Швейк сказаў Паліўцу:
– Я выпіў пяць куфляў піва і з’еў рагалік з сасіскай. Дай мне яшчэ чарку слівавіцы, і я пайду, бо мяне арыштавалі.
Брэтшнайдэр нейкі час пазіраў на Паліўца, потым паказаў арла і яму і спытаў:
– Вы жанаты?
– Так.
– А ці можа ваша жонка замест вас весці гандаль у час вашай адсутнасці?
– Можа.
– Тады ўсё ў парадку, пан шынкар, – весела сказаў Брэтшнайдэр. – Паклічце сюды вашу жонку і перадайце ёй усе справы. Увечары за вамі прыедзем.
– Не бяры да галавы, – суцяшаў шынкара Швейк. – Я арыштаваны ўсяго толькі за дзяржаўную здраду.
– А я за што? – бедаваў пан Палівец. – Я ж быў такі асцярожны!
Брэтшнайдэр усміхнуўся і з выглядам пераможцы сказаў:
– За тое, што вы сказалі, быццам на пана імператара паскудзілі мухі. Вам гэтага пана імператара выб’юць з галавы.
Швейк пакінуў шынок «Ля келіха» ў суправаджэнні агента тайнай паліцыі. Калі яны выйшлі на вуліцу, Швейк, зазіраючы яму ў твар, са сваёй дабрадушнай усмешкай спытаў:
– Мне сысці з ходніка?
– Навошта?
– Я думаю, калі я арыштаваны, то не маю права ісці па ходніку.
Уваходзячы ў браму паліцэйскай управы, Швейк зазначыў:
– Добра прабавілі час! Вы часта бываеце ў шынку «Ля келіха»?
У той час, калі Швейка вялі ў канцылярыю паліцыі, у шынку «Ля келіха» пан Палівец перадаваў справы сваёй заплаканай жонцы, на свой лад яе суцяшаючы:
– Не плач, не хліпай! Што яны могуць мне зрабіць за абгаджаны партрэт пана імператара?
Такім вабным, прынадным чынам уступіў у сусветную вайну ўдалы салдат Швейк. Гісторыкаў будзе цікавіць, як мог ён так далёка зазірнуць у будучыню. Калі пазней сітуацыя разгарнулася інакш, чым ён меркаваў «Ля келіха», то мы павінны мець на ўвазе, што ён не атрымаў нават азоў дыпламатычнай адукацыі.
Раздзел II. Удалы салдат Швейк у паліцэйскай управе
Замах у Сараеве напоўніў паліцэйскую ўправу шматлікімі ахвярамі. Іх прыводзілі адну за адной, і стары інспектар у канцылярыі, дзе прымалі арыштаваных, дабрадушна гаварыў ім:
– Гэты Фердынанд вам бокам выйдзе!
Калі Швейка замкнулі ў адной са шматлікіх камер другога паверха, ён знайшоў там кампанію з шасці чалавек. Пяцёра з іх сядзелі наўкол стала, а ў кутку на ложку, цураючыся іх, сядзеў шосты – мужчына сярэдняга ўзросту.
Швейк пачаў распытваць аднаго за адным, за што яны сядзяць. Ад тых пяці, што сядзелі ўкруг стала, ён атрымаў амаль адяолькавыя адказы:
– З-за Сараева.
– З-за Фердынанда.
– З-за гэтага забойства эрцгерцага.
– За Фердынанда.
– За тое, што ў Сараеве кокнулі пана эрцгерцага. Шосты, які трымаўся ўбаку ад астатніх, сказаў, што ён не хоча мець з імі нічога агульнага, каб яго ні ў чым такім не западозрылі, бо ён сядзіць тут усяго толькі за спробу забойства голіцкага селяніна з мэтай крадзяжу.
Швейк падсеў да грамады змоўшчыкаў, якія ўжо ў дзесяты раз апавядалі адзін аднаму, як трапілі сюды.
Усе, апрача аднаго, былі схоплены або ў карчме, або ў шынку, або ў кавярні. Выключэннем быў надзвычай тоўсты пан у акулярах, з заплаканымі вачамі, якога арыштавалі ва ўласным доме, бо за два дні да замаху ў Сараеве ён плаціў «У Брэйшкі» па рахунку за двух сербскіх студэнтаў-тэхнікаў і, звыш таго, быў заўважаны дэтэктывам Брыксі п’яным у таварыстве тых жа студэнтаў у «Манмартры» на Ржэцезавай вуліцы, дзе, як арыштаваны сам пацвердзіў у пратаколе сваім подпісам, таксама расплочваўся за іх.
На папярэднім следстве ў паліцэйскай управе на ўсе пытанні ён верашчаў адну і тую ж стэрэатыпную фразу:
– У мяне крама пісьмовых тавараў!
На што атрымліваў гэткі ж стэрэатыпны адказ:
– Гэта для вас не апраўданне.
Невысокі пан, якога заграблі ў карчме, быў выкладчыкам гісторыі і расказваў карчмару гісторыю розных замахаў. Яго ўзялі якраз у той момант, калі ён заканчваў псіхалагічны аналіз замахоўцаў словамі:
– Ідэя замаху простая, як калумбава яйка.
– Гэтак жа, як і тое, што вас чакае Панкрац, – дапоўніў яго вывад паліцэйскі камісар на допыце.
Трэці змоўшчык быў старшынёй дабрачыннага таварыства ў Годкавічках «Дабралюб». У дзень замаху «Дабралюб» ладзіў у садзе гулянне з канцэртам. Прыйшоў жандарскі вахмістр і запатрабаваў, каб удзельнікі свята разыходзіліся, бо Аўстрыя ў жалобе, на што старшыня «Дабралюба» прастадушна адказаў:
– Пачакайце хвілінку, пакуль дайграюць «Гэй, славяне»*.
Цяпер ён сядзеў, звесіўшы галаву, і бубніў:
– У жніўні перавыбары прэзідыума праўлення. Калі да таго часу я не вярнуся дадому, можа здарыцца, што мяне не выберуць. А я старшынюю ўжо дзесяты год! Такой ганьбы я не перажыву!
Дзіўную штуку ўрэзаў нябожчык Фердынанд з чацвёртым арыштантам, чалавекам адкрытага характару і бездакорнай сумленнасці. Цэлых два дні ён пазбягаў якой бы там ні было гаворкі пра Фердынанда і толькі вечарам у кавярні за мар’яжам ён, б’ючы жалудовага караля казырнай бубновай сямёркай, сказаў:
– Сем куль, як у Сараеве!
У пятага, які, паводле ягонага ж прызнання, сядзеў «за тое, што ў Сараеве кокнулі пана эрцгерцага», яшчэ сёння валасы ад жаху стаялі дуба і была ўскалмачана барада, так што яго галава нагадвала стаеннага пінчара. Ён быў арыштаваны ў кавярні, дзе не прамовіў ніводнага слова, нават не чытаў газет, у якіх пісалі пра забойства Фердынанда; ён сядзеў за сталом ў поўнай адзіноце, як раптам да яго падсеў нейкі пан, і хутка спытаў:
– Вы чыталі пра гэта?
– Не чытаў.
– А ведаеце пра гэта?
– Не ведаю.
– А ведаеце, пра што пішуць?
– Не ведаю і не цікаўлюся.
– Але ж усё гэта павінна было вас зацікавіць.
– Не ведаю, што там павінна было б мяне зацікавіць. Я выкуру сігару, вып’ю некалькі куфляў піва, павячэраю. А газет я не чытаю. Газеты хлусяць. Навошта мне яшчэ нервавацца.
– Значыцца, вас не цікавіць нават гэтае забойства ў Сараеве?
– Мяне ўвогуле не цікавяць ніякія забойствы – ні ў Празе, ні ў Вене, ні ў Сараеве ці ў Лондане. На тое ёсць розныя ўстановы, суды і паліцыя. Калі каго заб’юць, то так яму і трэба. Ці можна ж быць такім цюхцяем, каб даць сябе забіць?
Гэта былі яго апошнія словы. З гэтага часу ён праз кожныя пяць хвілін толькі голасна паўтараў:
– Я не вінаваты! Я не вінаваты!
Гэтыя словы ён паўтараў і ў браме паліцэйскай управы, іх ён будзе паўтараць і тады, калі яго павязуць у пражскі крымінальны суд, і з гэтымі ж словамі ён увойдзе ў сваю турэмную камеру.
Выслухаўшы ўсе гэтыя страшныя змоўніцкія гісторыі, Швейк палічыў, што будзе дарэчы высветліць вязням усю безнадзейнасць іх становішча.
– Кепскія нашы справы, – пачаў ён сваё суцяшальнае слова. – Гэта няпраўда, быццам вам, усім нам, нічога за гэта не будзе. Навошта ж тады паліцыя, як не для таго, каб караць нас за наш доўгі язык? Калі ўжо надышоў такі небяспечны час, што страляюць у эрцгерцагаў, то няма чаго здзіўляцца, што цябе вядуць у паліцыю. Усё гэта дзеля бляску, каб Фердынанду перад пахаваннем зрабіць рэкламу. Чым болей нас тут збяруць, тым лепей для нас, бо нам будзе весялей. Калі я служыў у войску, пасадзілі ў нас неяк палову роты. А колькі невінаватых людзей бывае асуджана – і не толькі ў войску, але і грамадзянскімі судамі! Памятаю, аднойчы асудзілі жанчыну за тое, што задушыла сваіх нованароджаных двайнят. Хоць яна і бажылася, што не магла яна задушыць двайнят, бо ў яе нарадзілася толькі адна дзяўчынка, якую ёй удалося задушыць зусім бязбольна, яе ўсё-такі асудзілі за забойства дваіх дзяцей. Або возьмем, да прыкладу, таго бязвіннага цыгана з Забегліц, што ў калядную ноч узламаў крамку дробнага тавару. Ён кляўся, што зайшоў пагрэцца, але гэта яму не дапамагло. Калі ўжо трапіў у лапы правасуддзя, справы дрэнь. Але што зробіш? Трэба ўсё-такі прызнаць, што не ўсе людзі такія паганцы, як мы часам мяркуем. Але як сёння адрозніш прыстойнага чалавека ад прахвоста, асабліва ў такі сур’ёзны час, калі нават Фердынанда цюкнулі? У нас таксама, калі я служыў у войску ў Будзеёвіцах, застрэлілі неяк сабаку ў лесе за вучэбным пляцам. А сабака быў капітанаў. Калі капітан пра гэта даведаўся, то выклікаў нас усіх, пастроіў і кажа: «Хай выйдзе наперад кожны дзесяты». Я, само сабой, аказаўся дзесятым. Сталі мы па стойцы «смірна» і «не маргні». Капітан ходзіць наўкола нас і гаворыць: «Вы нягоднікі! Нікчэмнікі! Паганцы! Гіены плямістыя! Усіх бы вас за гэтага сабаку ў адзіночку! Пасячы вас на кавалкі! Перастраляць! Нарабіць з вас адбіўных катлет! Ведайце, літасці не будзе, усіх на два тыдні ўпяку ў казармы!» Бачыце, тады гаворка ішла толькі пра маленькага сабачку, а цяпер жа пра самога эрцгерцага. Тут трэба нагнаць такога страху, каб жалоба была як мае быць.
– Я не вінаваты, я не вінаваты! – паўтараў ускудлачаны чалавек.
– Ісус Хрыстос быў таксама невінаваты, – сказаў Швейк, – а яго ўсё-такі ўкрыжавалі. Нідзе ніхто ніколі не зважаў на лёс бязвіннага чалавека «Maul halten und weiter dienen», як чаўплі нам у войску. Так яно найлепей і спакойней.
Швейк лёг на ложак і спакойна заснуў.
Тым часам прывялі двух новенькіх. Адзін з іх быў басніец. Ён хадзіў па камеры, скрыгаў зубамі і праз кожнае слова мацюкаўся. Яго мучыла думка, што ў паліцэйскай управе згубіцца яго латок з таварам. Другі навічок быў шынкар Палівец, які, убачыўшы свайго знаёмага Швейка, пабудзіў яго і трагічным голасам усклікнуў:
– I я ўжо тут!
Швейк сардэчна паціснуў яму руку і сказаў:
– Шчыра рады. Я ведаў, што той пан стрымае слова, калі паабяцаў, што па вас прыйдуць. Такая акуратнасць – рэч добрая.
Аднак пан Палівец заўважыў, што такая акуратнасць гроша меднага не варта, і ціха спытаў Швейка, ці не злодзеі астатнія арыштаваныя: яму як гандляру гэта магло пашкодзіць. Швейк яму растлумачыў, што ўсе, апрача аднаго, які пасаджаны за спробу забойства селяніна з Голіц, адносяцца да іх гурту – сядзяць з-за эрцгерцага.
Пан Палівец пакрыўдзіўся і сказаў, што ён тут не з-за нейкага недапечанага эрцгерцага, а з-за самога пана імператара. Усе зацікавіліся, і ён расказаў, як мухі запаскудзілі пана імператара.
– Запэцкалі мне яго, шэльмы, – закончыў ён аповед пра свае нягоды, – і вось давялі мяне да крыміналу. Я гэтым мухам не дарую, – прыгразіў ён.
Швейк зноў было ўлёгся прыдрамнуць, але спаў нядоўга – па яго прыйшлі, каб адвесці на допыт.
Падымаючыся па лесвіцы ў трэці аддзел на допыт, Швейк без нараканняў нёс свой крыж на Галгофу, нават не заўважаючы свайго пакутніцтва. Убачыўшы надпіс: «Пляваць на лесвіцы забараняецца», ён папрасіў у вартавога дазволіць плюнуць у плявальніцу і, ззяючы сваёй прастакаватасцю, увайшоў у канцылярыю са словамі:
– Добры вечар вам усім, людзі добрыя! Замест адказу нехта даў яму пад рэбры і падштурхнуў да стала, за якім сядзеў пан з халодным службовым выразам твару. Ён крыважэрна зірнуў на Швейка і сказаў:
– Не стройце з сябе дурня.
– Нічога не зробіш, – сур’ёзна адказаў Швейк. – Мяне вызвалілі ад вайсковай службы за ідыятызм. Спецыяльная камісія афіцыяльна прызнала мяне ідыётам. Я афіцыяльны ідыёт.
Пан з тварам злачынцы заскрыгаў зубамі.
– Здзейсненыя вамі ўчынкі, у якіх вас абвінавачваюць, сведчаць аб тым, што ў вас галава варыць.
I ён тут жа пералічыў Швейку цэлы шэраг розных злачынстваў, пачынаючы дзяржаўнай здрадай і канчаючы знявагай яго вялікасці і членаў пануючага дома. У цэнтр гэтай процьмы злачынстваў была пастаўлена ўхвала забойства эрцгерцага Фердынанда, адкуль адгаліноўвалася новая гронка злачынстваў, сярод якіх зырка зіхацела падбухторванне да бунту, паколькі ўсё гэта адбывалася ў грамадскім месцы.
– Што вы на гэта скажаце? – пераможна спытаў пан з лютым выразам твару.
– Мнагавата, – бязвінна адказаў Швейк. – Што задужа – нездарова.
– Вось бачыце, вы самі прызнаяце…
– Я прызнаю ўсё. Строгасць павінна быць, без яе ніхто нікуды б не дайшоў. Я, калі служыў у войску…
– Маўчаць! – гаркнуў паліцэйскі камісар на Швейка. – Гаварыце толькі тады, калі вас запытаюць! Разумееце?
– Яшчэ б не разумець, – сказаў Швейк. – Асмелюся далажыць, разумею і ўсё, што вы маеце ласку сказаць, магу ўцяміць.
– З кім маеце зносіны?
– Ca сваёй служанкай, ваша міласць.
– А ці маеце каго знаёмага ў мясцовых палітычных колах?
– А як жа, паночку, маю. Купляю вячэрні выпуск «Нацыянальнай палітыкі», «сучку»*.
– Вон! – зароў на Швейка пан са зверскім выразам твару.
Калі Швейка выводзілі з канцылярыі, ён сказаў:
– Дабранач, ваша міласць.
Вярнуўшыся ў сваю камеру, Швейк паведаміў астатнім, што гэткі допыт толькі смех адзін.
– Трохі там на вас накрычаць, а пад канец выганяць. Раней, – працягваў Швейк, – бывала горш. Я некалі чытаў у адной кнізе, што абвінавачаныя, каб давесці сваю бязвіннасць, павінны былі хадзіць па распаленым жалезе і піць расплаўлены свінец. А калі і пасля гэтага не сазнаваліся, то насоўвалі на ногі іспанскія боты і падымалі на дыбу або падсмальвалі бакі пажарнай паходняй, як гэта зрабілі са святым Янам Непамуцкім*. Той, нібыта, галасіў пры гэтым так, быццам яго нажом рэзалі, і не пераставаў верашчаць да таго часу, пакуль яго не скінулі з Элішчынага моста*. Такіх прыкладаў безліч. А потым чалавека чвартавалі або саджалі на кол дзе-небудзь каля Музея. А калі асуджанага проста кідалі ў склеп, каб замарыць голадам, то ён адчуваў сябе так, нібы нанава нарадзіўся. Цяпер сядзець у турме – адна прыемнасць, – нахвальваў вязніцу Швейк. – Ні табе чвартавання, ні іспанскіх ботаў, ложкі маем, стол маем, лаўкі маем, адзін на адным не сядзім, поліўку атрымліваем, хлеб даюць, збан вады прынясуць, прыбіральня пад носам. Ва ўсім відзён прагрэс. Праўда, трохі далекавата хадзіць на допыт – аж па трох лесвіцах падымацца на паверх вышэй, але затое на лесвіцах чыста і жыццё віруе: аднаго вядуць сюды, другога – туды, і маладых, і старых, і мужчын, і жанчын. Радуешся, што ты, прынамсі, тут не адзін. Кожны спакойна ідзе сваёй дарогай, і не даводзіцца баяцца, што ў канцылярыі яму скажуць: «Мы тут параіліся, і заўтра вы будзеце расчвартаваны або спалены, паводле вашага ўласнага выбару». Вядома, гэта быў бы цяжкі выбар! I я думаю, панове, што шмат хто з вас у такі момант проста аслупянеў бы. Так, цяпер умовы змяніліся на нашу карысць.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?