Текст книги "Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы"
Автор книги: Алесь Карлюкевiч
Жанр: Языкознание, Наука и Образование
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 3 (всего у книги 26 страниц) [доступный отрывок для чтения: 9 страниц]
3 Віліі – вытокі
Вілейка – з тых гарадоў, што старажытнасць сваю, быццам самую дарагую каштоўнасць, уводзяць у сучасны свет, аберагаюць і нашчадкам прадстаўляюць як самае галоўнае багацце. I плён ад гэтага ёсць немалы. Мяркую па сваіх уражаннях ад сустрэч з вілейчукамі розных пакаленняў. Ёсць у мяне сябар Толя Наркевіч. Чалавек, для якога гісторыя і блізка не можа стаць прафесіяй. А вось пагаворыш з ім, закранеш вілейскую тэму – дасведчанасць гістарычнага кшталту так і выліваецца з яго, бы з крыніцы бясконцай. А што ўжо казаць пра сустрэчы ў самой Вілейцы!.. Уся яе гістарычная прастора невыпадковая, яна складваецца з той, здавалася б, простай работы, якую ладзяць у Вілейцы і раёне дасведчаныя краязнаўцы, музейшчыкі, чулыя да даўніны асветнікі.
Выпадкова сустрэў у Мінску на турыстычнай выставе вілейскіх музейшчыкаў Валянціну Лапко і Вольгу Коласаву. Пацікавіўся навінамі. Расказалі, шторыхтаваліся да экспедыцыі “Вілія і яе берагі. Па шляхах графа К. Тышкевіча праз 150 год”…Амаль цэлы месяц яна доўжылася – з 5 чэрвеня да 2 ліпеня. А пачалася ў вёсцы Каменка адкрыццём помніка з нагоды 150-годдзя Канстанціна Тышкевіча. Будзем спадзявацца, што праект стане традыцыйным.
А я ў чарговы раз задумаўся, колькі ж славутых суайчыннікаў звязана з Вілейшчынай. Колькі іх знічкамі адляцела ў вечнасць!.. Нават гетман украінскі Піліп Орлік паходжаннем з вілейскай вёскі Касута. Там усталяваны яму помнік.
Вілейка. 1916 г.
А ў фальварку Мар’янполле, які цяпер не існуе, Касцяневіцкай парафіі Вілейскага павета нарадзіўся паэт-дэмакрат Эдвард Жалігоўскі. Першыя свае вершы “Туга”, “З літоўскіх мелодый” ён падпісваў псеўданімам Антон Сава. У 1846 годзе Жалігоўскі надрукаваў антыпрыгонніцкую вершаваную драму “Іардан”. Улады ўжо пасля выдання забаранілі твор. У Пецярбургу польскі паэт-дэмакрат пазнаёміўся з Тарасам Шаўчэнкам. На адным з вечароў наш зямляк прачытаў верш “Да брата Тараса Шаўчэнкі”. А ў вялікага Кабзара неўзабаве з’явіўся верш “Наследаванне Эдварду Саве”. Жалігоўскі з’яўляецца і перакладчыкам твораў Шаўчэнкі на польскую мову. Памёр наш зямляк у Жэневе ва ўзросце 48 гадоў. Там і пахаваны. А ў Вілейцы ёсць вуліца Жалігоўскага. Калі мы ўжо павялі размову пра літаратараў – ураджэнцаў Вілейшчыны, то варта ўзгадаць імя пісьменніка Касьяна Вясёлага. З біяграфіі яго няшмат звестак дайшло да нашага часу. Вось што, у прыватнасці, піша пра літаратара кандыдат філалагічных навук Янка Саламевіч: “Сапраўднае прозвішча і імя Аўдзей Вікенцій Іосіфавіч… Нарадзіўся ў 1886 г. у вёсцы Губы Вілейскага раёна. Закончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1905), Віленскі настаўніцкі інстытут (1910). Працаваў у гарадскіх вучылішчах Вільні і Вілейкі. Удзельнік Першай сусветнай вайны, загінуў у канцы 1916 г. на руска-аўстрыйскім фронце ў Карпатах…” Касьян Вясёлы – аўтар апавяданняў, вершаў, допісаў, змешчаных у часопісе “Крестьянин”. Напісаў сацыяльна-бытавую драму “Не розумам сцяміў, а сэрцам”, якую часта ставілі самадзейныя тэатры Заходняй Беларусі і пасля смерці пісьменніка.
Хаця і нарадзіўся на Лагойшчыне, самым цесным чынам з Вілейшчынай звязаны і Змітрок Бядуля. У Даўгінаве жыла цётка будучага пісьменніка, і таму Самуіла адправілі на вучобу ў ешыбот, які працаваў у мястэчку. Частка тае навучальнай установы захавалася і да сённяшніх дзён, яна служыць мясцовым жыхарам як гаспадарчая пабудова. Праз тры гады, у 1902-м, Плаўнік развітаўся з кар’ерай рабіна. У вольныя хвіліны юнак заносіў у запісную кніжачку складзеныя ім вершы-гімны, прысвечаныя неіснуючай дзяўчынцы Мірыян. Гэтага хапіла для абвінавачвання яго ў здрадзе яўрэйству і выключэння з ешыбота. І працоўная біяграфія Змітрака Бядулі звязана на самым пачатку з Вілейшчынай: некаторы час ён працаваў настаўнікам у мястэчку Батурына. Цяпер – гэта невялікая вёсачка ў восем двароў на тэрыторыі Хаценчыцкага сельсавета.
У Вілейскай рускай гімназіі, пачынаючы з трэцяга класа, вучыўся паэт Максім Танк. У вёсцы Варонічы правяла сваё дзяцінства паэтэса Ганна Новік. Вось чый лёс прыняў на сябе ўсе калізіі суровага пераломнага часу. Мяркуйце самі. Нарадзілася ў 1914 годзе ў Аўгуставе былой Сувалкаўскай губерні (сучасная Польшча). У 1932 годзе скончыла сем класаў Куранецкай школы. Працавала батрачкай. Удзельнічала ў нацыянальна-вызваленчым руху. Неаднаразова арыштоўвалася. Два гады, з 1936 па 1938-ы, правяла ў зняволенні ў вілейскім астрозе. Як вызвалілі Заходнюю Беларусь, была абрана дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі. У Вялікую Айчынную – партызанская сувязная. Пасля вайны спрабавала набыць адукацыю ў Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Працавала старшынёй калгаса ў вёсцы Варонічы. Моцна хварэла. Займалася літаратурнай творчасцю. У 1961 годзе выдала вершаваны зборнік “Мае вёсны”. “Полымя” друкавала фрагменты яе аўтабіяграфічнай аповесці “Другая сустрэча”. Ліставалася з Максімам Танкам. Памерла Ганна Новік у 1997 годзе. Ужо пасля яе смерці вілейскія бібліятэкары выдалі невялікую кнігу яе творчай спадчыны.
Жыве і працуе на Вілейшчыне паэт Мікола Кутас. Калегі па працы дапамаглі яму – зараз творца загадвае бібліятэкай у вёсцы Суднікі – выдаць кніжачку вершаў “Перазвоны”. Ёсць там такія радкі:
Там, дзе Вілія змейкаю
Атачыла бары,
Месца клічуць Вілейкаю
3 дзён мінулых, старых.
…З размовы з музейшчыкамі ведаю, што экспедыцыя “Вілія і яе берагі” праходзіла быццам у святле той гісторыка-краязнаўчай памяці, што кнігай “Вілія і яе берагі” пакінуў нашчадкам граф Тышкевіч. Ёсць там і такія словы: “З Вілейкі адплывалі 10 чэрвеня ў 6 гадзін раніцы. Пан Янушэвіч зрабіў малюнак – від горада з боку ракі: убогія халупы, агароды. Вёска, горадам названая…” А сёння Вілейка – сапраўдны горад, сучасны раённы цэнтр са шматпавярховымі дамамі, з сур’ёзнымі прамысловымі прадпрыемствамі. І галоўнае – з людзьмі, якія ведаюць і шануюць сваю гісторыю ў самых розных яе праявах.
Святло Шагала і Пэна
Штораз збіраючыся ў Віцебск, узгадваю свайго знаёмага мастака Пятра Явіча. Ведаю, што ў яго была даўняя мара – пакінуць роднаму гораду напісаныя на працягу многіх дзесяцігоддзяў палотны. Віцебск – сапраўды горад мастакоў і паэтаў…
Пётр Максавіч Явіч, чые творы знаходзяцца не толькі ў музеях і галерэях Беларусі, а яшчэ і ў Траццякоўскай галерэі, – адзін з апошніх вучняў Юдэля Пэна, легендарнага віцебскага жывапісца, які заснаваў у горадзе на Дзвіне адмысловую мастацкую школу. Працавала прыватная школа-майстэрня Пэна ў 1898—1918 гадах. Звычайна мастак набіраў ад 10 да 25 дзетак. У праграму заняткаў уваходзілі маляванне з натуры, маляванне геаметрычных прадметаў, арнаментаў і гіпсавых фігур, работа на пленэры. У 1907 і 1914 гадах адбыліся выставы прац Ю. Пэна і яго вучняў. У школе займаліся Заір Азгур, Марк Шагал, Саламон Юдовін, Якаў Мінін… Вучні майстра, без якога нельга ўявіць гісторыю беларускага мастацтва, разышліся па ўсім свеце. І сярод іх першая зорка, канешне ж, – Марк Шагал. Многія віцебскія адрасы канца дзевятнаццатага – пачатку дваццатага стагоддзя звязаны з імем гэтай славутасці. А многія работы Шагала – партрэты Віцебска, няхай сабе і са сваімі прыдумкамі, фантазіямі, усё ж такі партрэты горада, якія мы адкрываем і на старых паштоўках. Вядомы нам па іх выявах Віцебск – гэта і Віцебск цэлага сузор’я мастакоў, якія авалодвалі азамі майстэрства ў мясцовым мастацкім вучылішчы. У розныя гады яно называлася па-рознаму. Прыкладам, скульптар Заір Азгур паспеў павучыцца і ў Віцебскім мастацка-праектным інстытуце, і ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. А выкладаў тады, у 1920-я, скульптуру ўраджэнец Санкт-Пецярбурга Міхаіл Аркадзьевіч Керзін. Пазней ён пакіне Віцебск, вернецца ўжо ў Ленінград. Але беларускі горад надоўга застанецца ў памяці Керзіна. Як і мастак пакіне ў Віцебску нямала сваіх слядоў. Дарэчы, і званне заслужанага дзеяча мастацтваў Керзіну прысвояць у Беларусі.
Віцебск. Гогалеўская вул.
Віцебск мастацкі – гэта і лёсы жывапісцаў, графікаў, скульптараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сцэнографаў Монаса Манасзона, Мікалая Міхалапа (гэта ён стварыў у Віцебскім тэхнікуме керамічнае аддзяленне ў 1925 годзе), Аляксандра Мазалёва, Залмана Марынгофа, Міхаіла Навумава, Віктара Лук’янава, Міхаіла Міхайлава, Валерыя Лябедзькі, Уладзіміра Напрэенкі, Наталлі Лісоўскай, Валерыя Магучага, Аляксандра Мядзвецкага, Віктара Міхайлоўскага, Яўгена Нікалаева, Альберта Някрасава, Васіля Несцярэнкі, Мікалая Образава, Аляксандра Падалінскага… Безліч імёнаў! Школа магутнага гарту! Не, нават некалькі школ! Пакаленні і пакаленні творцаў, якія прыйшлі ў вялікае мастацтва, пачынаючы з канца ХІХ стагоддзя, прыйшлі ў першай палове ХХ стагоддзя, прыйшлі ў 1950—1980-я гады. Па-рознаму склаўся лёс кожнага з гэтых рупліўцаў на ніве мастацтва. Але кожны, літаральна кожны са згаданых асоб трымаў у полі зроку, у сваім мастацкім светапоглядзе Віцебск. Малюючы сваіх “Плытагонаў”, відавочна, думаў пра горад свайго творчага сталення і народны мастак Беларусі Валянцін Волкаў. Ён выкладаў у Віцебску ў 1920-я… У 1925—1930 гадах вучыўся ў мастацкім тэхнікуме яго сын, славуты кніжны графік Анатоль Волкаў. Калі сустракаюся з Сяргеем Анатольевічам Волкавым – сынам і ўнукам вядомых майстроў, у нас часам заходзіць размова пра Віцебск, яго адметнасць у гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі.
– Нездарма ж і цяпер яшчэ мастацтвазнаўцы, аглядаючы творчую спадчыну Волкавых, пішуць пра Віцебск, – расказвае заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Сяргей Анатольевіч Волкаў. – Вось, калі ласка, цытую з артыкула Наталлі Жоглы: “Нямала графічных работ зрабіў і сын Валянціна Віктаравіча Анатоль Волкаў. Ён супрацоўнічаў з часопісам «Вожык», вядомы як цікавы плакатыст, ілюстратар. У экспазіцыі можна пазнаёміцца з яго выдатнымі партрэтамі дзяцей. Малюнкі дакладныя, востра схоплены партрэтныя рысы. Моцная школа малявання – спадчына бацькі і вынік навучання ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, ля вытокаў якога стаяў разам з М. Керзіным і В. Волкаў”.
А я дадаю ў нашу размову і тое, што старажытны горад хвалюе і Сяргея Волкава як графіка, кніжнага ілюстратара. Мастак пагаджаецца з такой высновай. У Віцебску ў другой палове 1920-х гадоў працаваў цікавы графік Зіновій Гарбавец. Выкладаў у мастацкім вучылішчы і педагагічным тэхнікуме. Стварыў цыкл гравюр на дрэве, прысвечаных гораду. Вядомыя архітэктурныя пейзажы Зіновія Гарбаўца – “Віцебск” і “Вадакачка ў Віцебску”, партрэт віцебскага мастацтвазнаўца І. Фурмана. У 1927 годзе пабачыла свет і кніга З. Гарбаўца “Гравюры на дрэве”. Калі ўжо зайшла размова пра 1920-я гады, то згаданы Марк Шагал, які пасля вядомых кастрычніцкіх падзей знаходзіўся пад уплывам рэвалюцыйных перакананняў, стварыў мастацкую школу “новага рэвалюцыйнага ўзору”. Яна дзейнічала ў 1919—1923 гады. Існаваў некаторы час пры школе і музей сучаснага мастацтва. Фонд налічваў больш за 120 твораў авангардысцкага характару – работы Д. Бурлюка, П. Канчалоўскага, М. Ларыёнава, Н. Альтмана і іншых майстроў “новай генерацыі”. Права на эксперымент, пошукі новага Віцебск адстойваў ва ўсе часы. У 1920—1923 гады дзейнічала арганізацыя “Сцвярджальнікі новага мастацтва”. Пройдуць дзесяцігоддзі – і ў Віцебску 1980—1990-х свае новыя праекты будзе рэалізоўваць арыгінальны мастак Аляксандр Дасужаў.
Развітваючыся з Віцебскам мастацкім, я думаю пра тое, што выдатным праектам узнаўлення гістарычнай памяці мог бы стаць альбом старых паштовак, дзе поруч з выявамі фатаграфічнага кшталту былі б паказаны мастакоўскія ўражанні пра Віцебск пачатку першай паловы ХХ стагоддзя. Чаму б і не?..
3 горада на Сожы
Шукальнікаў новых дарог і новых адкрыццяў нямала і сярод ураджэнцаў Гомеля. Вучоныя, мастакі, палітыкі, акцёры, пісьменнікі… Яны не толькі ўзбагацілі радзімую старонку сваімі здабыткамі, але і свету падарылі шмат новага і да іх нязведанага…
У 1888 годзе ў Гомелі нарадзіўся Аляксандр Уклонскі. Пройдуць дзесяцігоддзі – і ў энцыклапедычных фаліянтах яго назавуць выдатным савецкім і ўзбекскім геолагам, мінералогам, геахімікам. Вучоным, які ўнёс значны ўклад у даследаванне Сярэдняй Азіі. У 1901 годзе ён разам з бацькамі пераязджае ў Ташкент: Сяргея Уклонскага прызначаюць выкладчыкам ташкенцкай гімназіі. У 1908 годзе Уклонскі-малодшы паступае ў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Спецыялізацыяй абірае геалогію. Сярод настаўнікаў будучага вучонага – славуты У. Вярнадскі, які да 1912 года загадваў кафедрай мінералогіі. Пасля вучобы Уклонскага пакідаюць ва ўніверсітэце для падрыхтоўкі да прафесарскага звання. У 1920-м, калі савецкі ўрад арганізаваў першы ў Сярэдняй Азіі Туркестанскі ўніверсітэт, Уклонскі едзе ў Ташкент. У Расіі, у Маскве, застаецца жонка з трыма дзецьмі. Як паказаў час, раз’яднанне сям’і адбылося назаўжды… Аляксандр Сяргеевіч стварае ва ўніверсітэце кафедру мінералогіі і мінералагічны музей. На працягу амаль года працуе ў Афганістане кансультантам савецка-афганскай камісіі па пытаннях геалогіі. Адно з буйнейшых пытанняў, якім займаўся наш суайчыннік, – гэта тэарэтычнае палажэнне пра геахімію вады. Вучоны прапанаваў свой графічны метад адлюстравання характару вады. Распрацаваў таксама метад вызначэння розных варыянтаў генезісу вады, зыходзячы з яе хімічнага складу. За гэтыя працы па рэкамендацыі акадэмікаў У. Вярнадскага і А. Ферсмана Уклонскаму ў 1927 годзе прысвоілі званне прафесара. Аляксандр Сяргеевіч таксама напісаў падручнік “Мінералогія”, які неаднойчы перавыдаваўся. Сярод навуковых здзяйсненняў Уклонскага – і вылучаная ім арыгінальная мінералагічная гіпотэза ўзнікнення Зямлі. Памёр Уклонскі ў Ташкенце ў 1972 годзе. Між іншым, у 1957-м, калі акадэміку было амаль 70 гадоў, у яго нарадзіўся сын.
Гомель. Палац князя Паскевіча
На постсавецкай прасторы імя ўрача Аляксандра Залманава згадваюць не часта. А між тым, асоба нашага земляка (нарадзіўся ў Гомелі ў 1875 годзе, памёр у Парыжы ў студзені 1965) проста легендарная, прычым з самых розных пунктаў гледжання. Сёння многія палітыкі, цэлыя каралеўскія сем’і, зоркі шоу-бізнесу якраз лечацца па методыках доктара Залманава. Аляксандр Саламонавіч – стваральнік методыкі шкіпінарных ваннаў і вучэння пра капіляратэрапію. У 30 гадоў Залманаў меў ужо тры медыцынскія дыпломы. Адзін атрымаў у Маскве. Два – у Германіі. Урач, у якога за плячыма быў яшчэ і вопыт палітычнага зняволенага (за ўдзел у арганізацыі студэнцкіх хваляванняў), валодаў выключнай здольнасцю ставіць правільны дыягназ. Мог зрабіць гэта, толькі ўважліва паглядзеўшы на хворага. Як правіла, не памыляўся. Пацыенты, каб патрапіць у Расію да Залманава, перасякалі акіяны і межы. У час Першай сусветнай вайны Залманаў атрымаў званне генерала медыцынскай службы і пасаду начальніка санітарных цягнікоў. Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі нашага земляка запрашаюць на працу ў народны камісарыят аховы здароўя. Праз некаторы час даручаюць кіраўніцтва курортамі краіны. Дзякуючы намаганням Залманава, прымаецца закон, які забараняе будаўніцтва заводаў бліжэй за 15 кіламетраў ад горада. Аляксандра Саламонавіча заўважае правадыр усіх пакрыўджаных і прыгнечаных – і легендарны медык становіцца асабістым доктарам Леніна і Крупскай. У адным з лістоў праз гады Залманаў напіша: “У іх доме не было ліфта. Надзея Канстанцінаўна пакутавала на базедаву хваробу. Сэрца было пашырана, і мне каштавала многіх намаганняў, каб быў зроблены пад’ёмнік, бо падымацца ёй на трэці паверх было вель– мі складана. З цяжкасцю ўдалося мне адвезці Крупскую на адзін-адзіны месяц у дзіцячую санаторыю ў Сакольнікі. Пасля доўгіх згадванняў удавалася ўгаварыць Леніна пакатацца ў адкрытым аўтамабілі. Пацыент ён быў надзіва непаслухмяны. Абодва яны – і Ленін, і Крупская – былі не ў стане падоўгу лячыцца…” Аляксандр Саламонавіч у 1921 годзе скрушна выказаўся перад Леніным, што адчувае недахоп медыцынскіх ведаў. Правадыр пасадзейнічаў, каб Залманаў атрымаў пашпарт, неабходныя на дарогу сродкі і месца ў дыпламатычным вагоне. Назад Залманаў ужо не вярнуўся, хаця да канца свайго жыцця заставаўся ў замежжы грамадзянінам СССР.
У Гомелі канца XIX – пачатку XX стагоддзя пачыналіся і перасякаліся жыццёвыя дарогі не толькі вучоных, але і многіх літаратараў. У горадзе на Сожы ў лістападзе 1903 года нарадзілася Яўгенія Журбіна. Ужо ў 1930-я гады яна заявіла пра сябе як адзін з самых уважлівых да мастацка-публіцыстычных жанраў крытыкаў. У 1930-м выдала манаграфію “Фельетон у газеце”. У 1935 годзе Я. Журбіну прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. У 1950—1970-я гады да чытача прыйшлі такія кнігі ўраджэнкі Гомеля, як “Мастацтва нарыса” (1957), “Мастацтва фельетона” (1965) і інш.
На некалькі гадоў маладзей за Яўгенію Журбіну (нарадзіўся ў 1910 годзе) практык публіцыстычнай нівы Мікола Вішнеўскі. Доўгі час яго нарысы друкаваліся на старонках “Звязды”. І ў час Вялікай Айчыннай Вішнеўскі не пакідае журналістыку: займае пасаду начальніка цягніка-друкарні на Калінінскім фронце, затым служыць у газеце “За свабодную Беларусь”, працуе ў рэдакцыі сатырычнага лістка “Партызанская дубінка”.
Увогуле Гомель пачатку ХХ стагоддзя асабліва багаты на яркія імёны. У студзені 1905 года нарадзіўся Леў Шнірэльман, будучы геніяльны матэматык. У “Беларускай Энцыклапедыі” яму адведзена ўсяго 26 радкоў. Але і з іх відаць маштаб асобы. Ужо ў 22—24 гады Леў рашае самыя складаныя задачы, у тым ліку – і задачу А. Пуанкарэ аб трох геадэзічных. Даказвае тэарэму Борсука – Улама (цяпер яна называецца “тэарэмай Борсука – Улама – Шнірэльмана”). Даказвае і тое, што ўсялякі цэлы лік можа быць прадстаўлены ў выглядзе абмежаванай колькасці простых лікаў. У 1933 годзе Шнірэльмана абіраюць членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР. А ў 1938-м (тады геніяльнаму матэматыку споўнілася толькі 33!) Леў Генрыхавіч завяршае сваё жыццё самагубствам. Яшчэ праз два гады пабачыць свет напісаная ім у сааўтарстве з Л. Люстэрнікам манаграфія “Простыя лікі”.
Гомель літаратурна-мастацкі, Гомель навуковы – доўгая і бязмежная экскурсія па людскіх лёсах і біяграфіях. Цікавая і багатая на адкрыцці, на ўсведамленне прысутнасці гамяльчан, гомельскіх знічак ва ўсім свеце.
У пошуках гарадзенскіх знакамітасцяў
Вандроўкі па старажытнай Гародні, нататкі пра ўраджэнцаў горада, якія пакінулі пасля зямнога быцця выразны, сапраўды зоркавы след, могуць быць вельмі доўгімі.
Пачнём са знаёмства з Іванам Данілавічам Жангаловічам, які ў Расіі вядомы як адзін з заснавальнікаў касмічнай геадэзіі. Ён нарадзіўся ў Гродне 20 лютага 1892 года. У 1946-м Івану Данілавічу прысуджана ступень доктара фізіка-матэматычных навук. З 1920 па 1966 год працаваў у Інстытуце тэарэтычнай астраноміі Акадэміі навук СССР. Удзельнічаў у палярных экспедыцыях. Пакінуў працы па вывучэнні фігуры Зямлі, касмічнай геадэзіі, геафізіцы. Некаторы час займаў пасаду дырэктара астранамічнага інстытута, у 1943– 1966 гадах – намесніка дырэктара. Аўтар манаграфіі “Знешняе гравітацыйнае поле Зямлі і фундаментальныя пастаянныя, звязаныя з ім”. У гонар Жангаловіча названа малая планета.
Гродзенцы ва ўсіх сваіх пакаленнях былі ўважлівымі да навукі, асветніцтва. І ў ХІХ – на пачатку ХХ стагоддзя, у часіны, да якіх найболей прывязаны выявы старых беларускіх паштовак, – таксама. Прыкладам, у 1846 годзе ў Гродне нарадзіўся беларускі і рускі мовазнавец-славіст Ігнат Ігнатавіч Казлоўскі. Сярод найболей яркіх яго работ – кніга “Лёс народнай мовы ў Літве і на Жмудзі”, выдадзеная ў Вільні ў 1870 годзе. У гісторыю айчыннага жывапісу як мастак-баталіст увайшоў Януар Сухадольскі (нарадзіўся ў 1797 годзе). Першыя ўрокі жывапісу будучы майстар браў у знакамітага польскага мастака А. Брадоўскага. Што цікава: наш зямляк у якасці баталіста ўдзельнічаў у руска-іранскай вайне ў 1826—1828 гадах. Знаходзіўся пры штабе фельдмаршала І. Паскевіча. На заказ военачальніка стварыў цыкл карцін. У 1830—1831 гадах Сухадольскі ўдзельнічаў у паўстанні. Затым быў вымушаны эмігрыраваць. Жыў у Рыме. Калі прыйшла амністыя, вярнуўся на радзіму, дзе жыла сям’я. Па запрашэнні імператара Мікалая I паехаў у Пецярбург. Там атрымаў заказ на цыкл карцін пра батальныя сцэны Айчыннай вайны 1812 года.
Гродна. Сінагога.
Цяпер частка карцін славутага гарадзенца захоўваецца ў Гомельскім краязнаўчым музеі – якраз тыя работы, што былі створаны на заказ фельдмаршала І. Паскевіча.
Калі будзеце аглядаць на паштоўках Дварцовую плошчу, Губернатарскі дом, то ведайце: гэтыя гістарычныя фрагменты памяці былі вядомы і мастаку Льву Баксту (сапраўднае прозвішча – Розенберг). Нарадзіўся ён у Гродне ў 1866 годзе. Праўда, яшчэ малым разам з бацькамі пераехаў у Пецярбург. Калі закончыў гімназію, па парадзе скульптара М. Антакольскага, які быў даволі вядомай фігурай у рускім мастацтве ХІХ стагоддзя, паступіў у Пецярбургскую акадэмію мастацтваў. Праўда, доўга там не правучыўся. Некалькі гадоў працаваў кніжным ілюстратарам. Удзельнічаў у мастацкіх выставах.
Рэдка цяпер згадваецца імя Эміля Абрамавіча Абрамовіча, які нарадзіўся ў Гродне ў ліпені 1862 года. А між тым гэта – яркая асоба ў сацыял-дэмакратычным руху канца ХІХ стагоддзя. У 1884 годзе Эміль Абрамовіч стварыў гурток у Дэрпце, калі вучыўся там ва ўніверсітэце. Пасля пераязджае ў Вільню і актыўна займаецца рэвалюцыйнай прапагандай. Затым стварае гурток у Кіеве.
У 1892 годзе быў арыштаваны. Пасля турэмнага зняволення ў Кіеве, Санкт-Пецярбургу Абрамовіча выслалі ў Сібір, дзе ссыльны працаваў урачом. У 1912 годзе надрукаваны артыкул Абрамовіча ў “Правде” пра славуты Ленскі расстрэл рабочых. Памёр наш зямляк у Сібіры ў 1922 годзе.
У кагорце слаўных ураджэнцаў Гродна і тых, хто спрычыніўся да гісторыі горада, асаблівае месца займаюць рупліўцы на ніве прыгожага пісьменства. Згадаем некаторых з іх. У 1909 годзе нарадзілася празаік, дзіцячы пісьменнік Зінаіда Бандарына. I цяпер, праз паўвека пасля першага выдання, цікавасць у самага шырокага кола чытачоў, прынамсі, у тых, хто не раўнадушны да беларускага слова, выклікае яе аповесць “Ой, рана на Івана…” Ёмка, лаканічна і разам з тым па-майстэрску расказала пісьменніца пра маленства, юнацтва Янкі Купалы.
Васіль Быкаў пражыў у Гродне амаль трыццаць гадоў Многія свае вядомыя творы народны пісьменнік Беларусі напісаў менавіта тут. А Данута Бічэль-Загнетава, Міхась Васілёк, Юрка Голуб, Марыя Шаўчонак, Аляксей Пяткевіч, Вольга Іпатава, Аляксей Карпюк. .. У кожнага з іх – свая сувязь з Гродна. Не часта ў кантэксце гісторыі беларускай літаратуры згадваецца імя паэта Міхася Кар пенкі. Яно і зразумела: жыў у асноўным у Туркменіі, пісаў вершы на рускай мове, выдаваўся ў Ашхабадзе і Нукусе (Узбекістан). За журналісцкую руплівасць атрымаў званне заслужанага работніка культуры Туркменскай ССР. А вытокі, пачаткі яго літаратурнай работы – у Гродне. Першая паэтычная публікацыя – у Гродзенскай праўдзе”. Першыя ўрокі літаратурнага майстэрства браў у Міхася Васілька. I пісаць пачынаў на беларускай мове, калі яшчэ вучыўся ў Гродзенскім культурна-асветніцкім вучылішчы.
Не чужы для Гродна чалавек і паэтэса Аўгіння Кавалюк, якая сваё жыццё звязала з Расіяй: доўгі час жыла ў Санкт-Пецярбургу. А вучоны-кнігазнаўца Мікола Нікалаеў (ураджэнец Шчучына) часта наведваецца з Санкт-Пецярбурга ў Гродна, нават чытае лекцыі студэнтам мясцовага ўніверсітэта. Жаданне вяртання, жаданне жыць адным лёсам з Айчынай, роднай старонкай. I гэта ўпрыгожвае нашых землякоў. А цікавыя людзі, у сваю чаргу, упрыгожваюць сам горад.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?